Нейк сталася, што я паіў каня.
Ажурнай цеплынёй ляжала сонейка на грыве.
Ціш стрыглі вушы палахліва,
Хоць яблыкі вачэй былі ў агнях.
Мы з ім жылі не як браты,
Таму, пакуль я даставаў вады
І наліваў з чарпальнай кадзі
Ў ягонае напойнае вядро,
Атласам губ мяне ён гладзіў
І яблыкаў сваіх наводзіў мікраскоп
На кучму валасоў і на загар плячэй
Ды асабліва ў гузікі маіх вачэй.
Праз іх, відаць, там бліскалі й яму агні —
І жорны мозгу разлічалі свята й будні,
Што я налью яму вады з ягонай студні
Ў ягоную пасудзіну, ў ягонай цішыні...
Як на вадзе мінае ўсё, як на агнях!
Няма даўно высокай постаці каня,
Той студні ўжо даўно няма
Ні сонейка таго. Вядома — і мяне няма.