Страла немінучасці


І

Мама, мама,

які нешчаслівы

ваш сын!

Калі вы

мяне нарадзілі,

вам гаварылі:

на што вы яго

на свет прывялі!

... на што тады

салаўямі сады

былі абсыпаны?

... на што тады бэз

ліловым ветрам лез

у калыску сына?

... і жанчыны з нашай студні

вядзерцам, як асіліць,

нядзелю ў свае будні

насілі і насілі?

І вяз і бярозы

так грацыёзна

на што тады

хадзілі ля вокан?!

ІІ

А ты жыла! З якою мукай,

з якой надзеяй з дня ў дзень

Сябе ты ўсю пералівала ўнукам!

Як пелікан

сваёй крывёй

карміла ты дзяцей!

ІІІ

Цяпер стаю, як крыж пахілы,

над затравелаю яе магілай.

О, каб ва ўдзячнасці маёй я мог

яе дзяўчынаю падняць адтуль жывой!

Бо шчасце быць на свеце нешчаслівым!

Загрузка...