Саспелі нічыйныя грушы і слівы
Ды падаюць ў жухла-старую травіцу.
І дзэнькае сонцава струнка шчымліва.
Птушыныя душы пяюць над крыніцай
Кантаты расстання й вяртання канцоны —
Глыткоў пяць паветра, глыточак вадзіцы.
Макрынкі вісяць у завойцы лісцёўнай.
Дзе шчэплены шчэпкі змуршэлых галін,
Свеціцца многа чароўных свяцёлак.
Бязмэтна прасторай шасціць парыжэлы прамень.
Патайна знікаюць будоўлі рахманых раслін,
І кожная ноч рассцілае на дзень
Свой усё новы дыван-габелен.
І зноў жа паўторыцца ў садзе
І паданне груш, і паданне сліў!
Толькі мне ўжо не бачыць вясны салаўіна-шчаслівай.
Дык на што ў белым свеце ты, восень, дагнала мяне?