Лясное возера


Чаму ў жвіроўні вечнасці

Затрымаліся часу стрэлкі

Перад зенітам поўдня —

Нібыта боязна чакаючы кагось,

Хто меў з’явіцца вось,

Ды не з’яўляецца ў тым чалавечым пекле.

Па той бок, там, калосяцца жыта

І воды з мёртвых лечаць,

І галавастых шчасця сысуноў

Штодня выводзяць прамяністыя кабеты.

А тут — перамяшчэнне душ адно

Ў цырульна-сцішаным паветры.

Шкілеты іх на могільніках гаманяць,

Апраткі чорным болем свецяць.

Як возера лясное, над якім

Вісіць бяссмертнікам Кашчэй,

Не мрэ і не жыве зачараваны край

Аблакітненых вачэй —

Ні хваль на ім перастваральных,

Ні ў тонях вадакрутаў хоць бы паўжывых...

Рукой дрыжачай я кладу, Айчына,

На твар твой свята-светлыя крыжы.

Загрузка...