Tessera hospitalis

Ніне Мацяш


Чым я магу дапамагчы табе, мой дружа,

У хвіліне той, якую адчуваеш,

Што прыйшла і што апошняй...

І нямаш ніякага ні кола, ні саломіны ад блізкіх,

Ні ад чужых — ста лекараў, філосафаў і багасловаў,

Ні ад іншага чаго жывога,

Ні прадметаў, што слухмяна зыркаюць у тую

Страшную шчыліну быту, у якую

Загадаў перш ім глядзець,

Сам будучы ячшэ няпэўным парасткам жыцця квітнелага,

І з палачкай зялёнай у руцэ

Усё бег далінай марафонскай без затрымкі

Так безразважна! — І сёння ты, яшчэ радасцяю

Пераможцы акрылены, не бачыш,

Яшчэ не разумееш як бы, што вось прыбег...

Малодшы духам, я перадам таму,

Хто следам і за мною

Таксама без аглядкі бегчы будзе,

Зноў малодшаму, за нас абодвух,

Жарынку памяці — не болей, аб тваёй прысутнасці

Пад сонцам ў свеце чалавечым —

Добрым, сонечным заўжды

І бескарысным маладым мужчыне.

Так буду паўтараць, бо ты і быў такім,

Спагадліва-разумным у сваіх мыслях пра сябе —

Хоць у паводзінах з людзьмі і рэзкі быў,

Злапамятны і крыўдзіў шмат каго,

Слабейшых ад сябе найперш,

Сабе прыпісваючы ў злосці слабасць.

Ды Бог табе суддзя — і мне!

Такое нашае быццё!

Яно нас ловіць ў сець сваіх нікчэмных рэчаў

І, як рыбіну папаласкаўшы хвілю

У жывой вадзе-жывіцы, без злосці выкідае

З утульнай тоні на сухі, зрудзелы бераг.

Прабач... У параўнанні гэтакім

Спадручна-нескладаным

Шукаю нейкай дапамогі я

Свайму нялётнаму ўяўленню...

Перад абліччам вечарэючым тваім,

Перад маўклівым звонам вечнаты,

Перад тым болем, што баліць усё прасцей,

Я дзякую, што — як табою я — быў мною ты.

Загрузка...