Наш Сашуля
урачысты,
тварык мые i вішчыць:
— Ура! Чысты!
Я вячысты,
грандыёзны, як скульптура!
Тата хмуры:
— А скульптура
бога рымскага Амура
непамытаю маўчыць.
I пакуль, сыночак Саша,
з яго лба не знікне сажа, —
«Дзякую» табе не скажа,
будзе за табой сачыць.
Ты памый яго — i з ім
Рым пабачыш, пілігрым.
— Лепш паедзем, тата, ў Крым.
Багдановіч там, Максім.
У далёкай Ялце
пастаю на варце,
«Дзякую!» яму скажу.
Урачыста паслужу:
верш Паэту напішу!