MIША ПІША САЧЫНЕННЕ

Маладое пакаленне

прагулялася ў Нясвіж.

А цяпер у школе ціш.

Кожны піша сачыненне.

Міша — пра палац, аздобу,

пра шляхетную асобу

з імем гучным — Радзівіл.

Піша Міша з усіх сіл.

А старання тут замала.

У гісторыі завалы:

мала знаем пра князёў.

Нам расказвалі пра пушчы,

пра зуброў i завідушчых

за жардзянікам ласёў.

Чулі ў школе пра грамілаў

i грабежнікаў зямлі.

Да магутных Радзівілаў

нас нядаўна падвялі.

Канцлеры i фалькларысты,

мецэнаты, песняры...

Княжы род быў ганарысты

i пыхлівы пры двары.

Міша піша пра ваяку

пад мянушкай Геркулес.

Пісар наш! Прымі падзяку:

ты за частакол пралез.

Гетманам наперарэз

церабі зглушэлы лес!

Загрузка...