Схавай ты, вежа, i мяне
за шэры загрудак:
пачуць бы, як ускалыхне
вякі Наваградак...
Маўчаць каменні i гара,
хоць i варушацца...
Няхай раскрыліцца зара
з чырвонай ружыцы, —
каб нашу памяць
кветка-звон
у шлях паклікала,
каб ведаў кожны маладзён:
зямля — вялікая;
зямля вялікая, у нас
зямля высокая,
i нашы вежы ў добры час
люлялі сокалаў.
Адкуль ідзём? Ад баразны,
з малога каліва...
Няма наваградскай сцяны,
i замак спалены?
Затое мы — саюз вякоў
жывучай спадчыны...
Наваградак — ты меч бацькоў,
ты песня матчына.