IX. КЛАДКІ, НА ЯКІХ СУСТРАКАЮЦЦА ЛЮДЗІ РОЗНЫХ СФЕРАЎ


Раніцай у Вялікую Пятніцу Вакульскі прыгадаў, што сёння і заўтра графіня з паннаю Ізабэлаю квястуюць у касцёле.

“Трэба пайсці ды нешта даць, – падумаў ён і дастаў з касы пяць залатых паўімперыялаў. – Зрэшты, – засумняваўся ён, – даслаў жа я ім дываны, механічных птушак, катрынку і нават фантан... Гэтага, хіба, досыць дзеля выратавання аднае душы. Не пайду”.

Удзень, аднак, ён ужо ўпікаў сябе: можа, графіня чакае яго, дык нядобра будзе не з’явіцца або даць усяго пяць паўімперыялаў. Ён дастаў з касы яшчэ пяць, склаў усе разам і загарнуў у бібулу.

“Але ж там, – нагадаў ён сабе, – будзе панна Ізабэла, а ёй нельга ахвяраваць дзесяць паўімперыялаў”.

Ён разгарнуў свой скрутак, даклаў яшчэ дзесяць залатых манет і зноў задумаўся: “Ісці або не ісці?..”

“Не, – сказаў ён, – не буду я ўдзельнічаць у гэтай кірмашовай дабрачыннасці”.

Ён кінуў скрутак з манетамі ў касу і ў пятніцу не пайшоў у касцёл.

Але ў Вялікую Суботу справа ўбачылася яму ўжо зусім іначай.

“Ашалеў! – дакараў ён сябе. – Калі не пайду ў касцёл, дык дзе ж я яе яшчэ ўбачу?.. Калі не грашыма, дык чым змагу прыцягнуць яе ўвагу? Вар’яцею...”

Але ён усё яшчэ вагаўся, і толькі а другой па абедзе, калі Жэцкі загадаў ужо зачыняць краму, бо быў перадсвяточны дзень, Вакульскі ўзяў з касы дваццаць пяць паўімперыялаў ды рушыў у бок касцёла[85].

Аднак адразу ён не ўвайшоў туды, яго нібы нешта стрымлівала. Ён і хацеў убачыць панну Ізабэлу, і ў той жа час баяўся гэтага, і саромеўся сваіх паўімперыялаў.

“Шпурнуць груду золата!.. Як эфектна ў цяперашні папяровы час і – як гэта выдае нуварыша... Ну, але што рабіць, калі яны менавіта грошай чакаюць?.. Можа, нават мала гэтага...”

Ён хадзіў вуліцаю насупраць касцёла туды і назад і не мог адарваць ад яго вачэй.

“Ужо іду. Зараз... яшчэ хвілінку... Што ж такое са мною!..” – думаў ён, бо адчуваў, што яго разадраная душа няздольная нават на такую простую рэч без ваганняў.

Цяпер ён успомніў, як даўно ўжо не быў у касцёле.

“Калі ж гэта?.. На шлюбе – раз... на пахаванні жонкі – два...”

Але і ў адным, і ў другім выпадку ён не ўсведамляў добра, што дзеецца вакол яго, дык цяпер глядзеў на касцёл як на нешта цалкам для сябе новае.

“Навошта гэты велізарны гмах з вежамі замест комінаў, дзе ніхто не жыве, а толькі спачывае прах даўно памерлых?.. Навошта змарнавана гэтулькі месца і каменю? Дзеля каго ўдзень і ўночы паляць тут святло, дзеля чаго збіраецца тут людскі натоўп?..

На рынак ідуць па харч, у краму – па тавары, у тэатр – дзеля забавы, але навошта сюды?..”

Ён міжволі параўноўваў дробныя фігуркі вернікаў, што стаялі ля касцёла, з вялізнымі памерамі самое святыні, і яму прыйшла да галавы нечаканая думка. Падобна, як працавалі некалі на зямлі магутныя сілы, уздымаючы з роўнядзі мацерыкоў горныя ланцугі, гэтак валодала чалавецтва і іншай невымернаю сілаю, якая ўзнесла падобнага кшталту будынкі. Гледзячы на гэткія гмахі, можна было меркаваць, што ў нетрах нашае планеты жылі волаты, а выдзіраючыся наверх, узбурвалі яны зямную кару, і сляды таго руху захаваліся ў выглядзе вялізных пячораў.

“Куды яны рваліся? У іншы, падобна, вышэйшы свет. Калі марскія прылівы даводзяць, што месяц – гэта не ілюзорны бляск, а рэальная рэчаіснасць, дык чаму б гэтым дзіўным будынкам не пацвердзіць рэальнасці іншага свету?.. Няўжо яны з меншаю сілаю прыцягваюць да сабе людскія душы, чым месяц – марскія хвалі?”

Ён зайшоў у касцёл, і адразу яго ўразіла новае відовішча. Некалькі жабракоў і жабрачак прасілі міласціну, за якую Пан Бог узнагародзіць літасцівых у будучым жыцці. Адны вернікі цалавалі ногі ўкрыжаванага рымлянамі Хрыста, іншыя, упаўшы на калені, уздымалі ўгору рукі і вочы, нібы сузіралі незямныя явы. У прыцемку касцёла гарэла некалькі дзясяткаў свечак у срэбраных кандэлябрах. Тут і там на падлозе святыні відаць былі невыразныя людскія цені, распасцёртыя ніцма альбо нізка схіленыя да зямлі, нібы каб схаваць ад старонніх вачэй сваю пакорлівую веру. Гэтыя нерухомыя целы наводзілі таго, хто іх бачыў, на думку, што на момант іх пакінулі душы – уцяклі ў нейкі лепшы свет.

“Я разумею цяпер, – падумаў Вакульскі, – чаму наведванне касцёлаў умацоўвае веру. Тут усё так арганізавана, каб нагадваць пра вечнасць”.

Ад засяроджаных на малітве вернікаў яго позірк скіраваўся да святла. І ён убачыў расстаўленыя па святыні сталы, накрытыя дыванамі, на іх – падносы, поўныя банкнотаў, срэбра і золата, а вакол іх у зручных крэслах сядзелі дамы ў шаўках, аксаміце і пер’ях у атачэнні разняволеных маладых людзей. Самыя набожныя, пастукваючы, запрашалі рабіць ахвяраванні, і ўсе гаманілі ды бавіліся, як на раўце.

Вакульскаму здавалася, што ён у гэты момант бачыць перад сабою тры светы. Адзін (даўно зніклы з твару зямлі), той, што маліўся і ў гонар Усявышняга ўзводзіў велічныя будынкі. Другі, пакорлівы і ўбогі, таксама ўмеў маліцца, але будаваў ужо толькі халупы. І трэці, які сабе мураваў палацы, але ўжо забыўся на малітву, а божыя дамы ператварыў у месцы спатканняў, падобна як бесклапотныя птушкі ўюць гнёзды і спяваюць песні на магілах герояў.

“А хто ж я, чужы ім усім?..”

“Можа, ты – тое вочка ў жалезным рэшаце, праз якое я прапушчу іх усіх, каб аддзяліць зярняты ад мякіны...” – адказаў яму нейкі голас.

Вакульскі агледзеўся. “Галюцынацыі хворай свядомасці”. Адначасова пры чацвёртым стале ў глыбіні касцёла ён убачыў графіню і панну Ізабэлу. Абедзве таксама сядзелі каля падноса з грашыма і трымалі ў руках кніжкі, пэўна, малітоўнікі. За крэслам графіні стаяў лёкай у чорнай ліўрэі.

Вакульскі пайшоў да іх, турбуючы ўкленчаных ды абмінаючы іншыя сталы, дзе адчайна стукалі, каб прыцягнуць яго ўвагу. Ён наблізіўся да падноса, пакланіўся графіні і паклаў свой скрутак імперыялаў.

“Божа, – падумаў ён, – як недарэчна я мушу выглядаць з гэтымі грашыма”.

Графіня адклала кнігу.

– Вітаю цябе, пане Вакульскі, – сказала яна. – Ведаеш, я ўжо думала, што ты не прыйдзеш, і, прызнаюся, было мне нават трохі прыкра.

– Я казала, цётачка, што ён прыйдзе ды яшчэ з мяшком золата, – па-англійску азвалася панна Ізабэла.

Графіня пачырванела, на ілбе ў яе паказаліся кроплі поту. Словы пляменніцы яе спалохалі, бо яна падумала, што Вакульскі можа разумець па-англійску.

– Прашу, пане Вакульскі, – хутка прамовіла яна, – прысядзь тут на хвіліну, бо наш дэлегат[86] адлучыўся некуды... Дазволь, я пакладу твае імперыялы наверсе, каб прысароміць тых паноў, што лічаць за лепшае марнаваць грошы на шампанскае...

– Але няхай бы цётачка не хвалявалася, – ізноў па-англійску заўважыла панна Ізабэла. – Ён дакладна не разумее...

Гэтым разам і Вакульскі пачырванеў.

– Бэла, – урачыста звярнулася да яе графіня, – пан Вакульскі... які так шчодра адорвае нашых сірот...

– Я чула, – адказала панна Ізабэла па-польску, апускаючы павекі на знак прывітання.

– Пані графіня, – з крыху камічнай інтанацыяй сказаў Вакульскі, – жадае пазбавіць мяне ўзнагароды на тым свеце, калі хваліць мае ўчынкі, якія, зрэшты, я мог здзейсніць і дзеля выгады.

– Я здагадвалася пра гэта, – ціха прамовіла панна Ізабэла па-англійску.

Графіня ледзь не самлела, адчуваючы, што Вакульскі мог адгадаць сэнс слоў яе пляменніцы, нават не ведаючы аніводнае мовы.

– Можаш, пане Вакульскі, – з ліхаманкавай паспешлівасцю сказала яна, – можаш лёгка заслужыць узнагароду на тым свеце, хоць бы... прабачаючы крыўды...

– Я заўсёды іх прабачаю, – адказаў ён трохі здзіўлена.

– Дазволь, пане, заўважыць, што не заўсёды, – працягвала графіня. – Я старая кабета і твая прыяцелька, пане Вакульскі, – дадала яна з націскам, – дык зрабі мне пэўную саступку...

– Чакаю загаду пані.

– Нядаўна пан звольніў аднаго з вашых… служачых, нейкага Мрачэўскага...

– За што ж гэта? – запыталася раптам панна Ізабэла.

– Не ведаю, – адказала графіня. – Здаецца, з-за разыходжання ў палітычных перакананнях або за нешта падобнае...

– Дык у таго маладога чалавека ёсць перакананні?.. – гучна прамовіла панна Ізабэла. – Як цікава!

Яна сказала гэта так насмешліва, што Вакульскі адчуў, як у яго сэрцы знікае антыпатыя да Мрачэўскага.

– Справа не ў перакананнях, пані графіня, – адказаў ён, – а ў нетактоўных заўвагах наконт асобаў, якія наведваюць нашу краму.

– Можа, гэтыя асобы самі паводзяцца нетактоўна, – заўважыла панна Ізабэла.

– Ім можна, яны плацяць за гэта, – спакойна адказаў Вакульскі. – Нам – не.

Твар панны Ізабэлы запунсавеў. Яна ўзяла малітоўнік і пачала чытаць.

– Але, як бы там ні было, дазволь пераканаць цябе, пане Вакульскі, – працягвала графіня. – Я ведаю маці гэтага хлопца, і, павер мне, прыкра бачыць яе роспач...

Вакульскі задумаўся.

– Добра, – сказаў ён. – Я дам яму пасаду, але ў Маскве.

– А ягоная бедная маці?.. – нагадала графіня з просьбаю ў голасе.

– Дык павялічу яму заробак... на дзвесце... на трыста рублёў, – адказаў ён.

Тут да стала падышлі дзеці, якім графіня пачала раздаваць абразкі. Вакульскі ўстаў і, каб не перашкаджаць графіні ў яе набожным занятку, падышоў да панны Ізабэлы.

Панна Ізабэла падняла вочы ад кніжкі і, гледзячы на Вакульскага неяк асабліва, запыталася:

– Пан ніколі не мяняе сваіх рашэнняў?

– Не, – адказаў ён, але адразу апусціў вочы.

– А каб я папрасіла за гэтага маладога чалавека?..

Вакульскі зірнуў на яе здзіўлена.

– У такім разе, я адказаў бы, што пан Мрачэўскі страціў пасаду, бо неналежным чынам выказваўся пра асобаў, якія зрабілі яму гонар, размаўляючы з ім крыху ласкавей... Калі ж, аднак, пані загадвае...

Цяпер панна Ізабэла апусціла вочы, моцна збянтэжаная.

– А!.. Зрэшты, мне ўсё адно, дзе будзе жыць гэты малады чалавек. Хай сабе і ў Маскву едзе.

– Туды і паедзе, – сказаў Вакульскі. – Маё шанаванне паням, – дадаў ён, кланяючыся.

Графіня падала яму руку.

– Дзякуй, пане Вакульскі, што не забыў пра нас, і прашу да мяне на свянцонае. Вельмі цябе прашу, пане Вакульскі, – дадала яна са значэннем.

Раптам, заўважаючы нейкі рух у сярэдзіне касцёла, яна звярнулася да лёкая:

– Ідзі ж, мой Ксавэры, да пані старшынёвай і прасі пазычыць нам каляску. Скажы, што ў мяне конь закульгаў.

– На які час яснавяльможная пані загадае?

– Так... гадзінкі праз паўтары... Праўда, Бэла, мы даўжэй не выседзім?

Лёкай накіраваўся да стала пры ўваходзе.

– Дык да заўтра, пане Вакульскі, – сказала графіня. –Сустрэнеш у мяне шмат знаёмых. Будзе некалькі паноў з дабрачыннага таварыства...

“Ага!” – падумаў Вакульскі, развітваючыся з графіняй. Ён адчуваў у гэты момант да яе такую ўдзячнасць, што гатовы быў ахвяраваць на прытулак, якім яна апекавалася, палову свайго капіталу.

Панна Ізабэла злёгку кіўнула яму і зноў паглядзела нейкім, як яму здалося, асаблівым позіркам. А калі Вакульскі знік у прыцемку касцёла, яна звярнулася да графіні:

– Цётачка какетнічае з гэтым панам. Аёй!.. Цётачка, гэта робіцца падазроным...

– Твой бацька мае рацыю, – адказала графіня, – гэты чалавек можа быць карысным. Зрэшты, за мяжою такія знаёмствы паўсюдна прынятыя ў свеце.

– А калі б ад гэтага знаёмства ў яго закружылася галава? – спытала панна Ізабэла.

– Гэтым ён давёў бы, што мае слабую галаву, – адрэзала графіня і ўзялася за малітоўнік.

Вакульскі не выйшаў з касцёла, а збочыў у неф недалёка ад дзвярэй. Каля самае Труны Гасподняе стаяла ў куце пустая спавядальня, якраз насупраць стала графіні. Вакульскі ўвайшоў туды, прычыніў дзверцы і, сам нябачны, пачаў глядзець на панну Ізабэлу.

Яна трымала ў руках малітоўнік, час ад часу пазіраючы на касцельныя дзверы. На яе твары была стомленасць і нуда. Зрэдчас да століка падыходзілі дзеці па абразкі, некаторым панна Ізабэла сама падавала іх такім рухам, нібы хацела сказаць: “Ах, калі ж гэта скончыцца!..”

“І ўсё гэта робіцца не з набожнасці і не з любові да дзяцей, а дзеля розгаласу і дзеля таго, каб выйсці замуж, – падумаў Вакульскі. – Ну і я, – дадаў ён, – нямала раблю дзеля розгаласу і дзеля жаніцьбы. Добры гэты свет! Замест таго, каб проста запытацца: «Кахаеш мяне ці не кахаеш?» альбо: «Хочаш мяне ці не хочаш?» – я выкідаю сотні рублёў, а яна гадзінамі нудзіцца, манернічае і ўдае верніцу.

А каб яна адказала, што не кахае мяне? Ва ўсіх гэтых цырымоніях ёсць і добры бок: яны даюць людзям час і магчымасць пазнаць адно аднаго.

Аднак дрэнна, калі не разумееш ані слова па-англійску... Сёння я ведаў бы, што яна пра мяне думае, бо я ўпэўнены: яна пра мяне казала цётцы. Трэба навучыцца...

Або ўзяць такую цацку, як каляска... Каб у мяне была каляска, я мог бы адвезці яе з цёткаю дадому, і вось яшчэ адзін вузельчык паміж намі... Так, каляска мне ў любым выпадку спатрэбіцца. Гэта лішняя тысяча выдаткаў у год, але што рабіць… Я мушу быць гатовы да ўсяго.

Каляска... англійская мова... больш за дзвесце рублёў на адну квесту!.. І гэта раблю я, нягледзячы на сваю пагарду... А ўласна, на што ж тады мне траціць грошы, як не на тое, каб дамагацца шчасця? Што мне да нейкіх тэорый пра эканомію, калі баліць мне сэрца?..”

Плынь яго думак перапыніла маркотная механічная мелодыя. Гэта грала музычная скрынка. Потым зашчабяталі штучныя птушкі, а калі яны змаўкалі, чулася ціхае цурчанне фантана, шэпты малітваў і ўздыханні вернікаў.

У нефе, пры спавядальні, пры капліцы з Труною Гасподняю відаць былі ўкленчаныя постаці. Некаторыя на каленцах падпаўзалі да распяцця і, пацалаваўшы яго, клалі на паднос медзякі, выцягнутыя з завязанае насоўкі.

У глыбіні капліцы, у струмені святла, ляжаў сярод кветак белы Хрыстос. Вакульскаму здавалася, што ў мігатлівым ззянні свечак твар яго ажывае, выраз яго мяняецца, робіцца то суровым, то літасцівым і ласкавым.

Калі катрынка грала “Лючыю з Ламермура” або калі з сярэдзіны касцёла чуўся звон манет і воклічы па-французску, аблічча Хрыста цямнела. А калі да распяцця набліжаўся нейкі бедачына і жаліўся Укрыжаванаму, Хрыстос размыкаў мёртвыя вусны і ў суправаджэнні плюскату фантана пасылаў яму сваё дабраславенне ды суцяшэнне...

“Дабраславёныя рахманыя... Дабраславёныя жабракі духам...”

Да падноса падышла дзяўчына з моцна нарумяненым тварам. Яна паклала срэбраную дваццацікапеечную манету, але не насмельвалася дакрануцца да крыжа. Тыя, што кленчылі побач, з непрыяззю пазіралі на яе аксамітны каптанік і яркі капялюш. Але калі Хрыстос прашаптаў: “Хто з вас без граху, той няхай першы кіне ў яе камень”, – яна ўпала на падлогу і пацалавала яму ногі, як некалі Марыя Магдалена.

“Дабраславёныя тыя, што прагнуць праўды... Дабраславёныя, што плачуць...”

З глыбокім хваляваннем узіраўся Вакульскі ў натоўп, пагружаны ў касцельную цемру, які з такой цярпліваю вераю ўжо васямнаццаць стагоддзяў чакае здзяйснення божых запаветаў.

“Калі ж гэта будзе!..” – падумаў ён.

“Пашле Сын Чалавечы анёлаў сваіх, і яны збяруць усе злыбеды і тых, хто чыніць беззаконне, як збіраюць пустазелле і паляць яго ў агні”.

Ён міжволі зірнуў на сярэдзіну касцёла. Насупраць пры стале драмала графіня, а панна Ізабэла пазяхала, пры іншым стале тры незнаёмыя яму дамы рагаталі, слухаючы балбатню нейкага франта.

“Іншы свет!.. Іншы свет!.. – думаў Вакульскі. – Што за фатальнасць пхае мяне ў той бок?”

Тут побач са спавядальняю спынілася, а потым апусцілася на калені маладая жанчына. Яна была густоўна апранутая, з ёю была малая дзяўчынка.

Вакульскі прыгледзеўся і ўбачыў, што яна незвычайна прыгожая. Асабліва ўразіў выраз яе твару, нібыта яна прыйшла да Труны Гасподняе не з малітваю, а пра нешта запытацца або паскардзіцца.

Яна перажагналася, але заўважыла паднос і дастала мяшэчак з грашыма.

– Ідзі, Гэленка, – ціха звярнулася яна да дзяўчынкі, – пакладзі гэта на паднос і пацалуй Пана Езуса.

– Няхай мама скажа, куды пацалаваць.

– У ручку і ў ножку…

– І ў тварык?

– У тварык нельга.

– А, чаго там...

Дзяўчынка падбегла да падноса і схілілася над крыжам.

– А вось, мама, – выгукнула яна, вяртаючыся, – я пацалавала, і Езус нічога не сказаў.

– Гэленка, мусіш паводзіць сябе прыстойна, – сказала маці. – Лепш укленчы і адмаўляй пацеры.

– Якія малітвы адмаўляць?

– Тры разы “Ойча наш” і тры разы “Багародзіцу”...

– Так шмат?.. А я такая маленькая...

– Тады адну “Багародзіцу”... Толькі ўкленчы... Глядзі вось туды...

– Ужо гляджу. “Багародзіца панна, цешся...” Мама, гэта птушачкі спяваюць?

– Штучныя птушачкі. Гавары малітву.

– Як гэта штучныя?

– Спачатку скончы малітву.

– Калі я не памятаю, дзе спынілася...

– Дык паўтарай за мною: “Багародзіца панна, цешся...”

– “... у час смерці нашай. Аман”, – скончыла дзяўчынка. – А з чаго робяць штучных птушачак?

– Гэленка, цішэй, бо я цябе не пацалую больш, – ціха сказала засмучаная маці. – Вазьмі кніжку і разглядай малюнкі, як мучылі Госпада нашага Хрыста.

Дзяўчынка ўселася з кніжкаю на прыступках спавядальні і сцішылася.

“Якое мілае дзіця! – думаў Вакульскі. – Каб было маё, дык да мяне, здаецца, зноў вярнулася б душэўная раўнавага, якую я трачу з дня на дзень. І маці – цудоўная кабета. Якія валасы, профіль, вочы... Моліць Бога, каб уваскрэсла шчасце... Прыгожая і няшчасная, відаць, удава.

Вось каб сустрэць мне яе год таму.

Ці ёсць які парадак на гэтым свеце?.. За крок адзін ад аднаго знаходзяцца двое няшчасных: адзін шукае кахання і сям’і, а другая, падобна, змагаецца з нэндзаю і пакутуе без апекі. Кожны з іх мог бы знайсці ў іншым тое, чаго шукае, але ім не наканавана сустрэцца... Адна прыходзіць маліць Бога аб літасці, іншы выкідае грошы дзеля свецкіх сувязяў. Хто ведае, ці некалькі сотняў рублёў не былі б цэлым шчасцем гэтай кабеце? Але ёй не атрымаць гэтых грошай, у наш час Бог не слухае малітвы прыгнечаных.

А каб, аднак, даведацца, хто яна?.. Можа, удалося б ёй неяк дапамагчы. Чаму б не спраўдзіцца ўзнёслым запаветам Хрыста няхай і праз пасярэдніцтва гэтакага недавярка, як я, раз набожныя занятыя іншым?”

Раптам Вакульскаму стала горача... Да століка графіні падышоў элегантны малады чалавек і паклаў нешта на паднос. Пры яго з’яўленні панна Ізабэла паружавела, і вочы яе набылі той асаблівы выраз, які заўсёды так уражваў Вакульскага.

Па запрашэнні графіні малады чалавек сеў у той самы фатэль, на якім толькі што сядзеў Вакульскі, і пачалася жвавая гамонка. Вакульскі не чуў яе зместу, але яму здавалася, што ў ягонай свядомасці нібы агнём нехта выпальвае гэтае аблічча. Каштоўны дыван, срэбраны паднос, завалены грашыма з імперыяламі наверсе, два падсвечнікі, дзесяць запаленых свечак, графіня ў глыбокай жалобе, малады чалавек, што не адводзіць вачэй ад панны Ізабэлы, і яна – вясёлая і шчаслівая. Аніводная дробязь не засталася незаўважанай, нават тое, што водбліскі ад полымя свечак у графіні былі на шчоках, у маладога чалавека – на кончыку носа, а ў панны Ізабэлы – у вачах.

“Ці кахаюць яны адзін аднаго? – думаў ён. – Дык чаму ж ім не пабрацца?.. Можа, у яго няма сродкаў?.. Але, у такім разе, чаму яна так на яго глядзіць?.. Падобныя позіркі яна кідала сёння на мяне. Праўда, панна перад шлюбам павінна мець некалькі альбо і цэлы дзясятак кавалераў ды вабіць іх усіх, каб... прадацца таму, хто дасць больш!”

Вярнуўся дэлегат. Графіня паднялася з фатэля, тое самае зрабілі панна Ізабэла ды прыгожы малады чалавек, і яны ўтраіх з моцным шамаценнем рушылі да дзвярэй, спыняючыся каля іншых столікаў. Маладзёны, што былі там за асістэнтаў, горача віталі панну Ізабэлу, а яна кожнага адорвала тым самым – абсалютна тым самым! – ад якога траціў розум Вакульскі – позіркам. Нарэшце стала ціха: графіня з паннай Ізабэлай пакінулі касцёл.

Вакульскі апрытомнеў і азірнуўся. Прыгожай пані з дзіцём ужо не было.

“Як шкада!..” – ціха прамовіў ён і адчуў, як сэрца злёгку сціснулася.

На доле ля крыжа ўсё яшчэ кленчыла маладая дзяўчына ў аксамітным каптаніку і яркім капелюшы. Калі яна падняла вочы на асветленую Труну, на яе нарумяненых шчоках таксама нешта заблішчала. Яна яшчэ раз пацалавала ногі Хрысту, цяжка паднялася і выйшла.

“«Дабраславёныя, якія плачуць...» Няхай жа хоць табе, прынамсі, памерлы Хрыстос спраўдзіць свой запавет”, – падумаў Вакульскі і выйшаў следам за ёю.

На дзядзінцы ён убачыў, яе дзяўчына раздае міласціну старцам. І яму люта забалела ад думкі, што з дзвюх кабет, з якіх адна жадае прадаць сябе за вялікія грошы, а другая ўжо прадалася за кавалак хлеба, – тую другую, зганьбаваную, нейкі вышэйшы трыбунал можа прызнаць лепшаю і больш чыстаю.

На вуліцы ён дагнаў яе і спытаў:

– Куды ты ідзеш?

На твары ў яе відаць былі сляды слёз. Яна падняла на Вакульскага млявы позірк і адказала:

– Магу пайсці з панам.

– Гэтак ты кажаш?.. Дык хадзем.

Яшчэ не было і пятае гадзіны, быў белы дзень, некалькі мінакоў азірнулася на іх.

“Трэба быць апошнім дурнем, каб рабіць нешта падобнае, – думаў Вакульскі ды ішоў у бок крамы. – Скандалу я не баюся, але д’ябал ведае, што лезе мне ў галаву? Апостальства? Верх ідыятызму! Зрэшты, мне ўсё адно: я толькі выканаўца чужое волі”.

Ён увайшоў у браму дома, дзе знаходзілася крама, і павярнуў да кватэры Жэцкага. Дзяўчына ішла за ім. Пан Ігнацы быў дома і, убачыўшы неверагодную пару, ад здзіўлення замахаў рукамі.

– Ці можаш ты выйсці на пару хвілін? – спытаў яго Вакульскі.

Пан Ігнацы нічога не адказаў. Ён узяў ключ ад тыльных дзвярэй крамы і выйшаў з пакоя.

– Удваіх? – ціха спытала дзяўчына, вымаючы шпількі з капелюша.

– Прашу прабачэння, – перапыніў яе Вакульскі. – Толькі што, мая пані, ты была ў касцёле, праўда?

– Пан мяне бачыў?

– Ты малілася і плакала. Скажаш мне, чым былі выкліканыя твае слёзы?

Дзяўчына здзівілася, але паціснула плячыма і адказала:

– Хіба пан – ксёндз, каб гэта пытацца?

Яна ўважліва паглядзела на Вакульскага і дадала:

– Гэх! Абы галаву дурыць... Жартаўнік!

І памкнулася было выйсці, але Вакульскі затрымаў яе.

– Пачакай. Ёсць нехта, хто хацеў бы дапамагчы табе, дык не спяшайся і адказвай шчыра.

Яна зноў прыгледзелася да яго. Раптам вочы яе заблішчэлі, а твар пачырванеў.

– Ведаю, – выгукнула яна. – Мусіць, пан ад таго старога пана!.. Ён колькі разоў ужо абяцаў узяць мяне да сабе... Ён вельмі багаты? Дзіва што... У калясцы раз’язджае і ў тэатры сядзіць у першым шэрагу.

– Паслухай, – спыніў яе Вакульскі, – адкажы мне, чаго ты плакала ў касцёле?

– А бо, бачыць пан... – пачала дзяўчына і стала распавядаць такую цынічную гісторыю пра нейкія сваркі з гаспадыняй, што, слухаючы яе, Вакульскі змяніўся з твару.

– Вось жывёліна! – ціха прамовіў ён.

– Я пайшла да Труны Гасподняе, – працягвала дзяўчына, – думала крыху развеяцца. Дзе там! Як успомніла пра старую, дык у мяне аж слёзы ад злосці пацяклі. Стала я прасіць Бога, каб або старую хвароба якая задушыла, або мне вырвацца неяк ад яе. І, відаць, пачуў мяне Бог, калі гэты пан хоча мяне забраць.

Вакульскі сядзеў нерухома. Нарэшце ён спытаў:

– Колькі табе гадоў?

– Усім кажу, што шаснаццаць, а так – дзевятнаццаць.

– Хочаш сысці адтуль?

– Хоць у пекла! Так яны мне абрыдзелі... Ды толькі...

– Што?

– Пэўна, нічога не атрымаецца... Сёння я сыду, а пасля святаў вернуць ды яшчэ так паквітаюцца, што зноў тыдзень буду качацца хворая, як пасля Калядаў.

– Не вернуць.

– Акурат! У мяне ж доўг...

– Вялікі?

– Ого!.. Рублёў з пяцьдзясят. Не ведаю нават, адкуль такі ўзяўся, бо за ўсё ўдвая плаціць даводзіцца... Але ёсць… У нас так заўсёды... А яшчэ як пачуюць, што той пан мае грошы, дык скажуць, што я іх абакрала, ды налічаць колькі захочуць.

Вакульскі адчуваў, што адвага пакідае яго.

– Скажы мне: ці згодная ты працаваць?

– А што трэба рабіць?

– Навучышся шыць.

– Не, гэта марная справа. Я ж была ўжо ў швейнай майстэрні. Але на восем рублёў у месяц не пражывеш. Зрэшты, я вартая яшчэ, каб і не абшываць нікога.

Вакульскі падняў галаву.

– Дык ты не хочаш адтуль сыходзіць!

– Хачу!

– Тады вырашай зараз жа. Альбо возьмешся за працу, бо задарма ніхто хлеба не есць...

– Няпраўда, – перапыніла яна. – Той жа стары пан нічога не робіць, а грошы мае. Ён мне сам не раз казаў, што ўжо і я ніякага клопату ведаць не буду...

– Ні да якога старога ты не пойдзеш, а пойдзеш да сясцёр святое Магдалены. Альбо вяртайся туды, адкуль прыйшла.

– Манашкі мяне не прымуць. Трэба доўг заплаціць і мець паруку.

– Усё будзе ўладжана, калі пойдзеш.

– Як жа я да іх пайду?

– Я дам табе ліст, ты яго адразу ж занясеш і сама застанешся там. Хочаш ці не?

– Гэх! Няхай пан дасць ліст... Пабачу, як там будзе.

Яна села і пачала разглядаць пакой.

Вакульскі напісаў ліст, растлумачыў, куды ісці, а ў канцы сказаў:

– Што пасееш, тое і пажнеш. Будзеш сумленная і працавітая, будзе табе добра, а калі не выкарыстаеш гэты шанец, рабі, што хочаш. Можаш ісці.

Дзяўчына засмяялася.

– Гэта ж старая ашалее ад злосці... Так ёй і трэба... Ха-ха! Але... можа, пан мяне надурыў?

– Ідзі, – паказаў ёй Вакульскі на дзверы.

Яна яшчэ раз пільна паглядзела на яго, паціснула плячыма і выйшла.

Амаль адразу, як яна пайшла, з’явіўся пан Ігнацы.

– Што гэта за знаёмства такое? – спытаў ён незадаволена.

– Сапраўды, – задуменна адказаў Вакульскі. – Не сустракаў яшчэ я гэткае жывёліны, хоць ведаю розных жывёл.

– У адной Варшаве іх тысячы, – сказаў Жэцкі.

– Я ведаю. Змаганне з імі нічога не дае, бо ўвесь час з’яўляюцца новыя. Адгэтуль выснова: рана ці позна грамадства павінна перабудавацца ад падмурка да самага верху. Альбо згніе.

– Ага!.. – прамармытаў Жэцкі. – Я пра гэта здагадваўся.

Вакульскі развітаўся з ім. Ён адчуваў сябе як хворы ў гарачцы, якога аблілі ледзяною вадою.

“Аднак, пакуль грамадства перабудуецца, – думаў ён, – я бачу, што абшар маёй філантропіі моцна зменшыцца. Цэлага маёнтка не хапіла б мне, каб цывілізаваць нялюдскія інстынкты. Мне лепш квестаркі, што пазяхаюць, чым пачвары, якія моляцца ды плачуць у касцёле”.

Вобраз панны Ізабэлы паўстаў перад ім яшчэ ў большым, чым раней, бляску. Кроў біла яму ў скроні, і ён дакараў сябе ў душы, што мог параўноўваць яе з падобнаю істотаю.

“Не, лепш выкідаць грошы на каляскі ды коней, чым на падобныя... няшчасці!”

У Велікодную нядзелю Вакульскі ў нанятай брычцы пад’ехаў да дому графіні. Убачыў ён тут доўгі шэраг экіпажаў, надта разнастайных паводле рангу. Былі там фарсістыя кабрыялеты, у якіх раз’язджала залатая моладзь, і звычайныя брычкі, якія наймалі на некалькі гадзін адстаўныя чыноўнікі, старыя карэты са старымі коньмі ў старой збруі ды з лёкаямі ў зашмальцаваных ліўрэях, і новыя, наўпрост з Вены каляскі, пры якіх былі лёкаі з кветкамі ў бутаньерках, а фурманы трымалі пры боку пугу на манер маршалкоўскае булавы. Не было недахопу і ў фантастычных казачках, апранутых у шаравары гэткае шырыні, нібы якраз там змясцілі сваю пыху іх гаспадары.

Вакульскі адзначыў таксама, што ў гэтай кампаніі фурманы вялікіх паноў трымаліся з надзвычайнаю годнасцю, фурманы банкіраў рваліся наперад, за што на іх лаяліся, а рамізнікі былі самыя кемлівыя. Фурманы найманых калясак трымаліся асобна, пагарджаючы рэштаю, якая і сама грэбавала імі.

Калі Вакульскі ўвайшоў у вестыбюль, сівы швейцар з чырвонаю стужкаю нізка пакланіўся яму і адчыніў дзверы ў гардэроб, дзе джэнтльмен у чорным фраку зняў з яго паліто. У гэты момант перад ім з’явіўся Юзаф, лёкай графіні, які добра ведаў Вакульскага, бо насіў нядаўна з яго крамы ў касцёл катрынку і механічных птушак.

– Ясна пані чакае, – прамовіў Юзаф.

Вакульскі дастаў з кішэні пяць рублёў і сунуў яму, адчуваючы, што паводзіць сябе, як парвеню.

“Ах, які я дурны, – падумаў ён. – Не, я не дурны. Я толькі нуварыш, які тут павінен плаціць кожнаму і на кожным кроку. Ну, але выратаванне блудніц абыходзіцца даражэй”.

Ён падымаўся мармуровымі сходамі, аздобленымі кветкамі, а перад ім – Юзаф. На першым паверсе Вакульскі не здымаў капялюш, на другім – зняў яго, не ведаючы, слушна ён робіць ці не.

“Зрэшты, да кожнага з іх я мог бы ўвайсці ў капелюшы на галаве”, – сказаў ён сам сабе.

Юзаф, нягледзячы на свой узрост, узбег па прыступках, як лань, і дзесьці знік, а Вакульскі застаўся адзін, не ведаючы, куды ісці і да каго азвацца. Гэта доўжылася нейкую хвіліну, але Вакульскі паспеў закіпець ад гневу.

“Якімі ж бар’ерамі ўмоўнасцяў яны абгарадзіліся, а? – падумаў ён. – А... каб мог я ўсё гэта скрышыць!..”

І на момант яму здалося, што паміж ім і гэтым высокашаноўным светам вытанчаных манер адбудзецца непазбежная сутычка, у якой альбо свет гэты рухне, альбо сам ён загіне.

“Добра, хай я загіну... Але пакіну па сабе памяць!..”

“Пакінеш прабачэнне і літасць”, – шапнуў яму нейкі голас.

“Няўжо я аж такі нікчэмны?”

“Не, ты аж такі шляхетны”.

Ён схамянуўся, перад ім стаяў пан Тамаш Ленцкі.

– Вітаю, пане Станіслаў, – сказаў той з уласцівай яму велічнасцю. – Вітаю яшчэ больш горача таму, што тваё наведванне супала з вельмі прыемнаю сямейнаю падзеяй...

“Ці не заручыны панны Ізабэлы?” – падумаў Вакульскі, і ў яго пацямнела ў вачах.

– Уяві сабе, пане, што з выпадку твайго наведвання... Чуеш, пане Станіслаў?.. З выпадку твайго візіту я памірыўся з пані Яаннай, маёй сястрой... Але пан збляднеў!.. Сустрэнеш тут шмат знаёмых… Не думай, што арыстакратыя такая страшная...

Вакульскі страпянуўся.

– Пане Ленцкі, – холадна адказаў ён, – мой намёт пад Плеўнаю наведвалі і большыя паны. І яны былі са мною гэткія ветлівыя, што зараз мне не так проста ўзрушыцца ад прысутнасці нават тых значных асобаў, якіх… я не сустрэну ў Варшаве.

– А!.. – выціснуў з сябе пан Тамаш і пакланіўся яму. Вакульскі здзівіўся.

“Які ліслівец! – мільганула яму ў галаве. – І я... я!.. меў бы цырымоніцца з гэткімі людзьмі?..”

Пан Ленцкі ўзяў яго пад локаць і вельмі ўрачыста ўвёў у першы салон, дзе знаходзіліся адны мужчыны.

– Бачыш, пане, вось граф... – пачаў пан Тамаш.

– Я ведаю, – адказаў Вакульскі і дадаў у думках: “Вінен мне рублёў трыста...”

– Банкір... – тлумачыў быў далей пан Тамаш, але не паспеў ён вымавіць прозвішча, як банкір сам паспяшаўся да іх.

Пасля прывітання з Вакульскім ён сказаў:

– Пабойся Бога, пане, з Парыжу страшна прыспешваюць нас з гэтымі бульварамі. Ці пан адказаў ім?

– Я хацеў спачатку паразмаўляць з панам, – прамовіў Вакульскі.

– Дык сустрэнемся дзе-небудзь. Калі пан бывае дома?

– Цяжка сказаць загадзя, я лічу найлепшым сам зайсці да пана.

– Дык прыходзь, пане, да мяне ў сераду, разам паснедаем і дамовімся нарэшце.

Яны развіталіся. Пан Тамаш яшчэ больш далікатна прыціснуў локаць Вакульскага.

– Генерал... – пачаў ён ізноў.

Генерал, які ўбачыў ужо Вакульскага, працягнуў яму руку, і яны прывіталіся, як старыя знаёмыя.

Пан Тамаш рабіўся ўсё больш і больш сардэчны да Вакульскага, са здзіўленнем заўважаючы, што галантарэйны купец знаёмы з самымі вядомымі ў горадзе асобамі, і не знаёмы ён толькі з тымі, хто, маючы тытул або багацце, не абцяжарваў сябе якой-небудзь дзейнасцю.

На ўваходзе ў другі салон, дзе было некалькі дам, іх сустрэла графіня. Паблізу круціўся лёкай Юзаф.

“Расставілі пікеты, каб нуварыш не скампраметаваўся, – падумаў Вакульскі. – Вельмі міла з іх боку, але...”

– Як жа я рада, пане Вакульскі, – сказала графіня, забіраючы яго ў пана Тамаша. – Як я рада, што пан выканаў маю просьбу... Тут якраз знаходзіцца асоба, якая прагне пазнаёміцца з панам.

У першым салоне з’яўленне Вакульскага выклікала сенсацыю.

– Генерал, – звярнуўся да яго граф, – графіня пачынае прымаць у сябе галантарэйных купцоў. Гэты Вакульскі...

– Ён такі самы купец, як я і як пан, – адказаў генерал.

– Скажы, князь, – казаў іншы граф, – як сюды трапіў гэты Вакульскі?

– Яго запрасіла гаспадыня, – адказаў князь.

– Я не маю прадузятасці да купцоў, – працягваў граф, – але гэты Вакульскі падчас вайны займаўся пастаўкамі і нажыў на гэтым капітал...

– Так, так... – не даў яму скончыць князь. – Звычайна падобнага кшталту капіталы падазроныя, але за Вакульскага я паручуся. Графіня размаўляла са мною, а я запытаўся ў афіцэраў, што былі на вайне, у тым ліку і ў свайго пляменніка. Дык вось пра Вакульскага ўсе ў адзін голас кажуць, што пастаўкі, у якіх ён браў удзел, заўсёды былі добрасумленныя. Нават салдаты, атрымліваючы добры хлеб, казалі, што, мусіць, яго пяклі з мукі Вакульскага. Скажу графу больш, – працягваў князь, – Вакульскі, які сваёй сумленнасцю звярнуў увагу самых высокіх асобаў, неаднаразова атрымліваў вельмі панадлівыя прапановы. Сёлета ў студзені прапаноўвалі яму дзвесце тысяч рублёў толькі за шыльду дзеля пэўнага прадпрыемства, і ён адмовіўся...

Граф усміхнуўся і сказаў:

– Меў бы больш на дзвесце тысяч рублёў...

– Меў бы, але не быў бы тут сёння, – адказаў князь, кіўнуў графу і адышоў.

– Стары вар’ят, – пагардліва прамармытаў граф услед князю.

У трэцім салоне, куды ўвайшоў з графіняю Вакульскі, быў буфет з мноствам розных па велічыні столікаў, пры якіх сядзелі запрошаныя – па два, па тры, а дзе і па чатыры. Некалькі лёкаяў разносілі стравы і віно, а кіравала імі панна Ізабэла, якая, відавочна, падмяняла гаспадыню дома. На ёй была светла-блакітная сукенка і буйны жэмчуг на шыі. Яна была такая прыгожая, і такімі велічнымі былі яе рухі, што варта Вакульскаму было зірнуць на яе, як ён скамянеў.

“Нават марыць пра яе не магу...” – у роспачы падумаў ён.

У гэтую хвіліну ён заўважыў у аконнай нішы маладога чалавека, які ўчора быў у касцёле, а цяпер самотна сядзеў пры маленькім століку і не зводзіў вачэй з панны Ізабэлы.

“Вядома, ён кахае яе!” – падумаў Вакульскі, і яму здалося, што на яго нібы падзьмула магільным холадам.

“Я загінуў!”

Гэта доўжылася некалькі секунд.

– Бачыць пан тую старую кабету, што сядзіць паміж біскупам і генералам? – спытала графіня. – Гэта старшынёва[87] Заслаўская, лепшая мая сяброўка, яна жадае абавязкова пазнаёміцца з панам. Пан яе вельмі зацікавіў, – працягвала графіня з усмешкай. – Дзяцей у яе няма, толькі дзве прыгажуні ўнучкі. Няхай пан зробіць добры выбар!.. А пакуль прыгледзься да яе, і, калі тыя паны адыдуць, я пана прадстаўлю. А… князь!..

– Вітаю пана, – звярнуўся князь да Вакульскага. – Кузіна дазволіць?..

– Калі ласка, – адказала графіня. – Вось тут, панове, вольны столік... Я вас на хвіліну пакіну...

Яна адышла.

– Прысядзем, пане Вакульскі, – прапанаваў князь. – Выдатная нагода, бо ў мяне да пана важнае справа. Уяві сабе, пан, што панскія праекты выклікалі вялікі пярэпалах сярод нашых фабрыкантаў мануфактуры... Здаецца, я слушна сказаў: мануфактуры?.. Яны сцвярджаюць, што пан хоча загубіць нашу прамысловасць... Няўжо канкурэнцыя, якую пан стварае, такая ім небяспечная?..

– Я карыстаюся значным крэдытам у маскоўскіх фабрыкантаў, прыблізна да трох, нават да чатырох мільёнаў рублёў, – адказаў Вакульскі. – Але я не ведаю яшчэ, як у нас пойдуць іх тавары...

– Страшная... страшная лічба! – ціха прамовіў князь. – Ці не здаецца пану, што яна ўяўляе сапраўдную небяспеку нашым фабрыкам?

– Не, пане. Я бачу, што яна толькі крыху зменшыць іх каласальныя прыбыткі, што мяне, зрэшты, не турбуе. Мая справа клапаціцца пра ўласныя прыбыткі і пра танныя тавары дзеля пакупнікоў, а мае якраз і будуць танней.

– Але ці думаў пан пра гэта з пункту гледжання свайго грамадзянскага абавязку?.. – спытаў князь, сціскаючы яго руку. – Нам ужо так мала засталося чаго губляць...

– Мне здаецца, што наш грамадзянскі абавязак якраз і ў тым, каб даць пакупнікам больш танны тавар ды ліквідаваць манаполію фабрыкантаў, звязаных з намі толькі тым, што яны нажываюцца на нашых спажыўцах і працаўніках.

– Пан так лічыць?.. Я не падумаў пра гэта. Зрэшты, мяне не цікавяць фабрыканты, але край, наш край, няшчасны край...

– Што я магу вам прапанаваць, панове? – нечакана звярнулася да іх панна Ізабэла.

Князь і Вакульскі падняліся.

– Якая ты прыгожая сёння, кузіна! – сказаў князь і ўзяў яе за руку. – Мне, шчыра кажучы, шкада, што я не мой уласны сын... Хоць, можа, гэтак і лепш! Бо калі б ты мне адмовіла, а гэта вельмі верагодна, я быў бы вельмі няшчасны... Ах, прашу прабачэння, – спахапіўся ён. – Дазволь, кузіна, прадставіць табе пана Вакульскага. Актыўны чалавек і актыўны грамадзянін... табе гэтага даволі, праўда?..

– Я ўжо мела прыемнасць... – ціха прамовіла панна Ізабэла, адказваючы на паклон.

Вакульскі зазірнуў ёй у вочы і ўбачыў там гэтакі спалох, гэтакі сум, што душу яго зноў ахапіў адчай.

“Навошта я прыйшоў сюды?” – падумаў ён.

Ён зірнуў у бок акна і ўбачыў маладога чалавека, які ўсё яшчэ самотна сядзеў над некранутаю страваю з прыкрытымі рукою вачыма.

“Ах, навошта мне, няшчаснаму, было прыходзіць сюды...” – думаў Вакульскі, адчуваючы такі боль, нібы з яго абцугамі выдзіралі сэрца.

– Можа, пан хоць віна дазволіць падаць? – спытала панна Ізабэла, здзіўлена гледзячы на яго.

– Што пані загадае, – машынальна адказаў ён.

– Мы павінны бліжэй пазнаёміцца, пане Вакульскі, – казаў князь. – Пану варта зблізіцца з нашым асяроддзем, у якім, павер, ёсць разумныя галовы і высакародныя сэрцы, але... бракуе ініцыятывы...

– Я нуварыш, у мяне няма тытула... – адказаў Вакульскі, каб хоць што-небудзь сказаць.

– Наадварот, пане. Маеш... адзін тытул – праца, другі – сумленнасць, трэці – здольнасці, чацвёрты – энергія... Менавіта гэтыя тытулы неабходныя нам дзеля адраджэння нашага краю. Дай нам іх, і мы прымем пана як… брата.

Да іх падышла графіня.

– Дазволіць князь?.. – прамовіла яна. – Пане Вакульскі...

Яна падала яму руку, і яны накіраваліся да старшынёвай.

– Гэта пан Станіслаў Вакульскі, пані, – звярнулася графіня да старой, апранутай у цёмную сукенку з дарагімі карункамі.

– Сядай, калі ласка, – паказала старшынёва на крэсла побач з сабою. – Станіславам цябе клічуць, так? А з якіх жа ты Вакульскіх?..

– З тых... нікому не знаных, – адказаў ён, – а менш за ўсё, мусіць, пані.

– А ці не служыў твой бацька ў войску?

– Бацька не, а дзядзька служыў.

– А дзе ж ён служыў, не памятаеш?.. І ці не Станіславам яго звалі?

– Так, Станіславам. Ён быў паручнікам, а потым капітанам у сёмым лінейным палку...

– У першай брыгадзе другое дывізіі, – дадала старшынёва. – Бачыш, дзіця, не такі ты мне і нязнаны... Ці жыве ж ён яшчэ?

– Не, памёр пяць гадоў таму.

У старшынёвай задрыжалі рукі. Яна адкрыла маленькі флакончык і панюхала.

– Памёр, кажаш?.. Вечны яму спакой!.. Памёр... А ці не засталася табе пасля яго якая-небудзь памятка?

– Залаты крыжык...

– Так, залаты крыж... І больш нічога?

– Яшчэ мініяцюра, яго партрэт, пісаны на слановай косці ў 1828 годзе.

Старшынёва ўсё часцей падносіла да носу флакончык, і рукі ў яе трэсліся ўсё мацней.

– Мініяцюра... – паўтарыла яна. – А ці ведаеш ты, хто яе маляваў?.. І больш нічога не засталося?

– Быў нейкі пачак папераў і яшчэ адна мініяцюра...

– Што ж з імі цяпер? – дапытвалася старшынёва з усё большым хваляваннем.

– Гэтыя рэчы дзядзька за некалькі дзён да смерці ўласнаручна апячатаў і загадаў пакласці разам з ім у дамавіну.

– Ох... ох!.. – застагнала старая і горка заплакала.

У зале замітусіліся. Падбегла ўстрывожаная панна Ізабэла, за ёю – графіня, яны ўзялі старшынёву пад рукі і асцярожна павялі ў дальнія пакоі. Усе позіркі скіраваліся на Вакульскага, госці пачалі шаптацца.

Калі Вакульскі заўважыў, што ўсе глядзяць на яго і пра яго гавораць, ён збянтэжыўся. Аднак, каб паказаць прысутным, што гэта своеасаблівая папулярнасць яго не абыходзіць, ён выпіў адзін за адным два кілішкі віна, якія стаялі перад ім, і толькі потым спахапіўся, што адзін з іх належаў генералу, а другі – біскупу.

“Але ж добра ўладзіў! – думаў ён. – Яшчэ скажуць, што я знарок пакрыўдзіў старую, каб выпіць віно яе суседзяў...”

Ён падняўся з намерам сысці, і яму стала горача пры думцы, што давядзецца прадэфіляваць праз два салоны, у якіх чакаюць яго бізуны позіркаў і шэпты. Але князь заступіў яму дарогу са словамі:

– Відаць, пан гутарыў са старшынёвай пра даўно мінулыя дні, калі аж да слёз дайшло. Я адгадаў, праўда?.. Але вернемся да нашае размовы, якую нам перапынілі: ці не думае пан, што варта было б заснаваць у краі польскую фабрыку танных тканін?..

Вакульскі адмоўна пакруціў галавою.

– Я сумняюся, што гэта атрымаецца, – сказаў ён. – Што думаць пра вялікія фабрыкі тым, каму бракуе адвагі на дробныя нават удасканаленні на тых фабрыках, якія ўжо ёсць…

– А менавіта?..

– Я кажу пра млыны, – працягваў Вакульскі. – Праз некалькі гадоў нам давядзецца везці сюды ўжо і муку, бо нашы млынары не хочуць замяніць жорны валамі.

– Першы раз чую!.. Сядзем тут, – пацягнуў яго князь у вялікую нішу. – Раскажы, пане, у чым тут справа.

У салонах у гэты час вялося ажыўленае абмеркаванне.

– Нейкая загадкавая фігура гэты пан, – казала па-французску дама ў дыяментах даме са страусавым пер’ем. – Я ўпершыню бачыла старшынёву ў слязах.

– Вядома, амурная гісторыя, – адказвала дама з пер’ем. – У кожным разе, хтосьці злосна пажартаваў з графіні і са старшынёвае, запрашаючы гэтага ягамосця.

– Пані дапускае, што...

– Я ў гэтым упэўненая, – адказала дама, паціскаючы плячыма. – Няхай пані, зрэшты, сама зірне. Манеры нікуды не вартыя, але які твар, які гонар!.. Шляхетнае крыві не схаваеш нават пад лахманамі...

– Неверагодна, – казала дама ў дыяментах. – Бо і гэты яго маёнтак, нібыта зароблены ў Балгарыі...

– Вядома. Гэта таксама тлумачыць, чаму старшынёва, пры яе заможнасці, гэтак мала траціць на сябе.

– І князь вельмі з ім ласкавы...

– Даруй, але ці не замала?.. Варта толькі зірнуць на іх абодвух...

– Мне здаецца, што падабенства ані следу...

– Так і ёсць, але... гэты гонар, упэўненасць... Якая нязмушаная гутарка...

За іншым столікам радзілася трое паноў.

– Ну, графіня здзейсніла дзяржаўны пераварот, – казаў брунет з чупрынаю.

– І ўдала. Гэты Вакульскі крыху нязграбны, але ў ім нешта ёсць, – адказаў сівы пан.

– І ўсё ж купец...

– Чым жа купец горшы за банкіра?

– Галантарэйны купец, гандлюе партманетамі, – упарціўся брунет.

– А нам здараецца гандляваць гербамі... – заўважыў трэці, дробны дзядок з сівымі бакенбардамі.

– Ён яшчэ захоча знайсці сабе жонку ў нашым коле...

– Тым лепш для паненак.

– Я і сам аддаў бы дачку за яго. Чалавек ён, кажуць, прыстойны, заможны, пасаг не прагуляе...

Каля іх шпарка прайшла графіня.

– Пане Вакульскі, – паклікала яна, скіроўваючы веер у кірунку нішы.

Вакульскі паспяшаўся да яе. Яна падала яму руку, і яны разам выйшлі з салона. Пакінутага князя адразу атачылі мужчыны, некаторы прасілі, каб ён пазнаёміў іх з Вакульскім.

– Варта, варта, – казаў задаволены князь. – Такога чалавека яшчэ не было ў нашым асяроддзі. Калі б мы раней пазналіся з такімі людзьмі, доля нашага няшчаснага краю была б іншаю.

Гэта пачула панна Ізабэла, якая ў гэты момант праходзіла праз салон, і збляднела. Да яе падышоў малады чалавек з учарашняе квесты.

– Стамілася, пані? – спытаў ён.

– Крыху, – адказала яна з сумнаю ўсмешкаю. – Мне прыйшло да галавы дзіўнае пытанне, – дадала яна пасля кароткае паўзы, – ці я таксама здолела б змагацца?..

– З сэрцам? – спытаў ён. – Не варта...

Панна Ізабэла паціснула плячыма.

– О, якое сэрца! Я думаю пра сапраўдную барацьбу з моцным супернікам.

Яна паціснула яму руку і выйшла з салону.

Вакульскі ішоў следам за графіняю праз доўгі шэраг пакояў. У адным з іх, далёка ад гасцей, гучаў раяль і чуліся спевы. Калі яны ўвайшлі туды, Вакульскага ўразіла цікавае відовішча. Нейкі маладзён граў на раялі, поруч стаялі дзве вельмі прыгожыя дамы, адна з іх удавала, што грае на скрыпцы, а другая – на кларнеце, і пад гэтую музыку танцавала некалькі пар, дзе быў усяго адзін кавалер.

– Ой, дурасліўцы! – паўшчувала іх графіня.

Яны адказалі выбухам смеху, не спыняючы свае забавы.

За гэтым пакоем была лесвіца, па якой яны пачалі падымацца.

– Вось бачыш, пане, якая наша арыстакратыя, – казала графіня. – Замест таго, каб сядзець у салоне, схаваліся сюды і сваволяць.

“І добра зрабілі!” – падумаў Вакульскі.

Яму здалося, што гэтыя людзі жывуць прасцей і весялей, чым надзьмутае мяшчанства ці шляхта, якая ўдае з сябе арыстакратаў.

Наверсе, у крыху зацемненым пакоі, дзе не чуваць было шуму, сядзела ў фатэлі старшынёва.

– Я пакіну вас, – сказала графіня. – Пагаманіце тут, а я мушу вяртацца.

– Дзякуй табе, Яанна, – адказала старшынёва. – Сядай жа, прашу, – звярнулася яна да Вакульскага.

І калі яны засталіся ўдваіх, яна працягвала:

– Нават не здагадваешся, колькі ты абудзіў успамінаў.

Раптам Вакульскі сцяміў, што гэтую даму звязвала нешта з ягоным дзядзькам. Яго апанавала трывожнае здзіўленне.

“Дзякуй Богу, – падумаў ён, – што я законны сын сваіх бацькоў”.

– Кажаш, дзядзька твой памёр... – пачала старая. – Дзе ж яго, небараку, пахавалі?

– У Заслаўлі, дзе ён і жыў, калі вярнуўся з эміграцыі[88].

Старшынёва зноў паднесла насоўку да вачэй.

– Праўда?.. Ах я няўдзячная!.. Ты ж бываў у яго?.. Ён табе нічога не распавядаў… нікуды цябе не вадзіў?.. Бо там, на гары, разваліны замка, праўда? Стаяць жа яны яшчэ?

– Якраз туды дзядзька штодня хадзіў на шпацыр, і мы з ім гадзінамі праседжвалі на вялікім камені...

– Няўжо?.. Я ведаю гэты камень; мы, бывала, усё сядзелі там удваіх і глядзелі то на раку, то на хмаркі, што праплывалі міма ды знікалі, нібы вучылі нас, што гэтак жа беззваротна мінае шчасце... Цяпер я гэта зразумела. А студня ў замку засталася? І яна гэткая ж глыбокая?

– Вельмі глыбокая. Толькі дабрацца да яе цяжка, бо ўваход завалены друзам. Але дзядзька паказаў мне яе.

– Ведай жа, – працягвала старшынёва, – што мы, развітваючыся з ім у апошні раз, падумалі: ці не лепш нам кінуцца ў тую студню? Ніхто б нас там не знайшоў, і засталіся б мы навек разам. Вядома, шалёная маладосць...

Яна выцерла вочы і казала:

– Вельмі... вельмі я кахала яго, ды і ён, думаю, мяне крыху... калі так пра ўсё памятаў. Толькі ён быў бедным афіцэрам, а я, на бяду, была багатая, а ў дадатак яшчэ ў блізкім сваяцтве з двума генераламі. Вось нас і разлучылі... А можа, мы былі залішне цнатлівымі... Але ціха, ціха! – дадала яна праз смех і слёзы. – Такое можна казаць кабеце толькі на сёмым дзясятку.

Спазмы перашкодзілі ёй гаварыць. Яна панюхала свой флакончык і пачала зноў пасля кароткае паўзы:

– Бываюць страшныя злачынствы на свеце, але, можа, самае страшнае – забіць каханне. Колькі гадоў прайшло, ледзь не паўстагоддзя. Усё ў мінулым: багацце, тытулы, маладосць, шчасце... Адзін толькі жаль у сэрцы не знік і застаўся назаўжды, і, кажу табе, ён гэтакі ж свежы, нібы адбылося ўсё толькі ўчора. Ах, каб не вера ў іншы свет, дзе, падобна, узнагародзяць нас за ўсе крыўды, хто ведае, ці не праклялі б мы жыццё, ці не занядбалі б усе ўмоўнасці... Але ты не зразумееш мяне, у вас, цяперашніх, галовы больш моцныя, а сэрцы халадней за нашыя.

Вакульскі сядзеў і глядзеў у падлогу. Нешта душыла яго, грудзі рваліся на часткі. Ён упіўся пазногцямі ў далоні і толькі чакаў, каб хутчэй сысці адгэтуль, каб не чуць жальбаў, што вярэдзілі яго самыя балесныя раны.

– А ці ёсць у небаракі які-небудзь помнік на магіле? – спытала старшынёва праз хвіліну.

Вакульскі пачырванеў. Яму ніколі не прыходзіла да галавы, што мёртвым, акрамя магільнага пагорка, трэба яшчэ нешта.

– Няма, – сказала старшынёва, бо заўважыла ягоную збянтэжанасць. – Не тое мяне дзівіць, дзіця маё, што ты не парупіўся пра надмагільную пліту, а сабе прабачыць не магу, што забыла я пра чалавека.

Яна задумалася і раптам паклала яму на плячо сваю сухую і дрыготкую руку ды прамовіла прыцішаным голасам:

– Маю да цябе просьбу... Абяцай, што выканаеш...

– Абавязкова, – адказаў Вакульскі.

– Дазволь мне паставіць яму помнік. Толькі сама я паехаць туды не магу, дык ты мне дапаможаш. Вазьмі з сабой каменячоса, хай расколе камень, ведаеш, той, на якім мы сядзелі на гары побач з замкам, і няхай адну палову паставіць на яго магілу. Заплаці колькі трэба, а я табе аддам грошы разам з вечнаю маёй падзякаю. Ці зробіш?

– Зраблю.

– Добра, дзякуй табе... Думаю, яму больш прыемна будзе спачываць пад каменем, што быў сведкам нашых размоў і нашых слёз. Ох, цяжка ўспамінаць... А надпіс ведаеш які зрабі? Калі мы расставаліся, ён напісаў мне некалькі радкоў з Міцкевіча. Ты, пэўна, чытаў іх:

Вось цень – калі ён падае здалёку,

То болей долы чарнатою пляміць.

Так воблік мой: чым далей з відавоку,

Тым болей ён тваю туманіць памяць[89].

Ох, як праўдзіва гэта!.. І тую студню, што магла нас злучыць, хацела б я ўвекавечыць нейкім чынам...

Вакульскі здрыгануўся, узіраючыся кудысьці, вочы яго пашырыліся.

– Што з табою? – запыталася старшынёва.

– Нічога, – адказаў ён і ўсміхнуўся. – Смерць зазірнула мне ў вочы.

– Не дзіва, яна кружляе вакол мяне, старое, дык і тыя, хто побач, могуць бачыць яе. Ці зробіш, што я прашу?

– Так.

– Прыходзь жа да мяне пасля святаў і... наведвай мяне. Можа, і пасумаваць крыху давядзецца, але, можа, і я, нямоглая, яшчэ буду карысная табе. А зараз ідзі ўжо, ідзі...

Вакульскі пацалаваў ёй у руку, яна некалькі раз пацалавала яго ў галаву. Потым націснула кнопку званка. З’явіўся лёкай.

– Правядзі пана ў салон, – сказала яна.

Вакульскі быў адурманены. Не бачыў дарогі перад сабою, не думаў пра размову са старшынёвай. Ён адчуваў, нібы трапіў у нейкі лабірынт прасторных пакояў, старадаўніх партрэтаў, ціхіх крокаў і няўлоўнага водару. Вакол была каштоўная мэбля, людзі надзвычайнае далікатнасці, якая яму і не снілася, і над усім гэтым, як паэма, усплывалі ўспаміны старое арыстакраткі, прасякнутыя ўздыханнямі ды слязьмі.

“Што ж гэта за свет? Што за свет?..”

Аднак яму нечага бракавала. Ён хацеў яшчэ хоць раз зірнуць на панну Ізабэлу.

“Ну, у салоне я ўбачу яе...”

Лёкай адчыніў дзверы ў салон. Ізноў усе галовы павярнуліся ў ягоны бок, размовы спыніліся, нібы адляцела птушыная чарада. Настала хвіліна цішы, усе глядзелі на Вакульскага, а ён нікога не бачыў і толькі ліхаманкава шукаў вачыма светла-блакітную сукенку.

“Тут яе няма”, – падумаў ён.

– Вы толькі гляньце, як ён не робіць ласкі нават заўважаць вас, – ціха пасмейваючыся, прамовіў дзядок з сівымі бакенбардамі.

“Яна павінна быць у іншым салоне”, – казаў сабе Вакульскі.

Ён убачыў графіню і падышоў да яе.

– Што ж, скончылі вашу канферэнцыю? – спытала графіня. – Якая мілая асоба пані старшынёва, праўда?.. Яна вялікая прыяцелька пана, аднак не большая, чым я. Зараз я пана прадстаўлю... Пан Вакульскі, – сказала яна, спыняючыся каля дамы ў дыяментах.

– А я адразу да справы, – прамовіла дама, пазіраючы на яго фанабэрыста. – Нашым сіроткам патрэбна некалькі штук палатна...

Графіня злёгку пачырванела.

– Усяго некалькі?.. – перапытаў Вакульскі і зірнуў на дыяменты фанабэрыстае дамы, вартыя некалькіх сотняў штук самага тонкага палатна. – Пасля святаў, – дадаў ён, – я буду мець гонар даслаць палатно графіні...

Ён пакланіўся, збіраючыся адыйсці.

– Пан хоча пакінуць нас? – спытала ўжо крыху стомленая графіня.

– Але ж гэта дзікун! – казала тым часам дама ў дыяментах сваёй прыяцельцы са страусавым пер’ем.

– Я развітаюся, пані графіня, і дзякую за гонар, які пані мела ласку мне аказаць... – сказаў Вакульскі, цалуючы руку гаспадыні.

– Толькі да пабачэння, пане Вакульскі, праўда?.. У нас будзе шмат агульных спраў.

І ў другім салоне не было панны Ізабэлы. Вакульскі занепакоіўся: “Мне ж неабходна ўбачыць яе... Хто ведае, калі яшчэ давядзецца сустрэцца...”

– А, пан! – загукаў князь. – Я ўжо ведаю, у якую змову ўступілі вы з панам Ленцкім. Таварыства гандлю з Усходам. Выдатная ідэя! Мусіце і мяне прыняць... Нам трэба бліжэй пазнаёміцца... – а з-за таго, што Вакульскі маўчаў, ён дадаў: – Я нудны, пане Вакульскі, так? Але пан не можа адмовіцца, вы мусіце зблізіцца з намі, пан і падобныя да пана людзі. І разам пойдзем. Вашы фірмы – тыя ж гербы, нашы гербы – тыя ж фірмы, якія гарантуюць добрасумленнасць у справах...

Яны паціснулі адзін аднаму рукі, і Вакульскі нешта адказаў, але што? Ён не памятаў. Яго неспакой узмацніўся, дарэмна ён шукаў панну Ізабэлу.

“Яна, хіба, далей”, – падумаў ён і з трывогаю накіраваўся ў апошні салон.

Па дарозе яго перахапіў пан Ленцкі, дэманструючы надзвычайную сардэчнасць.

– Пан ужо сыходзіць? Дык да сустрэчы, дарагі пане Вакульскі! Пасля святаў у мяне першае паседжанне, і пачнём з Богам.

“Няма яе!” – думаў Вакульскі, развітваючыся з панам Тамашам.

– А ведае пан, – ціха працягваў Ленцкі, – што пан зрабіў фурор. Графіня ад радасці месца не знаходзіць, князь толькі пра пана і гаворыць... А яшчэ гэты выпадак са старшынёвай... Ну... проста выдатна! І марыць нельга было пра лепшы дэбют...

Вакульскі ўжо стаяў на парозе. Ён яшчэ раз шклянымі вачыма агледзеў салон і выйшаў з адчаем у сэрцы.

“Можа, варта было б вярнуцца і развітацца з ёю?.. Бо яна ж замяняла гаспадыню дома...” – вагаўся ён, павольна спускаючыся па сходах.

Раптам ён здрыгануўся, бо пачуў, як у галерэі зашалясцела сукенка.

“Яна...”

Ён павярнуў галаву і ўбачыў даму ў дыяментах.

Хтосьці падаў яму паліто. Вакульскі выйшаў на вуліцу, пахіснуўшыся, як п’яны.

“Што мне да бліскучага поспеху, калі яе няма?”

– Коні пана Вакульскага! – закрычаў з ганку швейцар, з глыбокаю пашанаю заціскаючы ў кулаку трохрублёўку. Слёзы ў вачах і хрыплаваты голас сведчылі, што гэты грамадзянін нават на сваім адказным пасту аддаў належную пашану першаму дню Вялікадня.

– Коні пана Вакульскага!.. Коні Вакульскага!.. Вакульскі, пад’язджай! – пераказвалі адзін аднаму фурманы.

Сярэдзінаю Алей[90] павольна рухаліся дзвюма калонамі каляскі і брычкі: да Бельведэра[91] і ад Бельведэра. Нехта пазнаў Вакульскага і пакланіўся яму з каляскі.

– Калега! – прашаптаў Вакульскі і пачырванеў.

Нарэшце падалі ягоную павозку; спачатку ён хацеў сесці, але перадумаў.

– Вяртайся, браце, дадому, – сказаў ён фурману і даў яму на піва.

Брычка рушыла да цэнтра горада, а Вакульскі змяшаўся з натоўпам і накіраваўся ў бок пляца Уяздоўскага. Ён ішоў павольна, разглядаючы тых, што ехалі. Шмат каго ён ведаў асабіста. Вось рымар, які пастаўляе яму скураныя вырабы, ён едзе на прагулку са сваёй тоўстаю, як бочка цукру, жонкаю і даволі прыгожанькаю дачкою, якую яму хацелі сватаць. Вось сын мясніка, які ў колішнюю краму Гопфера дастаўляў вяндліну. Вось багаты цясляр са шматлікім сямействам. Удава вінароба, у якой таксама нямала грошай і якая таксама не супраць аддаць сваю руку Вакульскаму. Вось гарбар, там два крамнікі з мануфактурнае крамы, а там кравец мужчынскага адзення, муляр, ювелір, пекар, а вось і ягоны канкурэнт, – галантарэйны купец у звычайнай брычцы.

Большасць з іх не заўважала Вакульскага, сёй-той кланяўся, а былі такія, што рабілі выгляд, быццам не бачаць яго і толькі з’едліва пасміхаліся. З усяе гэтае грамады купцоў, прадпрымальнікаў і рамеснікаў, якія былі яму роўняю, а некаторыя з іх былі нават багацейшыя за яго і больш вядомыя ў Варшаве, толькі ён быў сёння на свянцоным у графіні. Ніхто з іх, толькі ён!..

“Мне неверагодна шанцуе, – думаў ён. – За паўгода я нажыў ладны маёнтак, праз некалькі гадоў магу мець мільён... Нават раней... Сёння ўжо я атрымаў доступ у арыстакратычныя салоны, а праз год?.. Многім з тых, з кім я толькі што сустрэўся ў графіні як роўны, сямнаццаць гадоў таму мне давялося б слугаваць у краме, і я не слугаваў ім толькі таму, хіба, што ніхто з іх туды не заходзіў. З каморкі пры краме – у будуар графіні. Гэтак скочыць!.. Ці не занадта хутка я рухаюся?” – адчуў ён няясную трывогу ў сэрцы.

Ён выйшаў на прасторны пляц Уяздоўскіх. У паўднёвай яго частцы ладзілі забавы для простага люду. Бразгатанне катрынак, гучанне труб і гоман шматтысячнага натоўпу накрылі Вакульскага, нібы хвалі паводкі. Перад сабою, як на далоні, ён бачыў доўгі шэраг арэляў, якія лёталі туды і назад, нібы маятнікі з гіганцкім размахам. Потым другі шэраг – каруселі з рознакаляровымі паласатымі дашкамі. Потым трэці – зялёныя, жоўтыя і чырвоныя буданы з жахліва размаляванымі шыльдамі ля ўваходаў, адкуль то высоўваліся, то знікалі пярэстыя блазны і велізарныя лялькі. У цэнтры пляца стаялі два высокія слупы, на якія якраз караскаліся ахвочыя займець танны гарнітур і гадзіннік за пару рублёў.

Сярод гэтых, спехам зробленых брудных пабудоў, варушыўся вясёлы людскі натоўп.

Вакульскаму прыгадаліся дзіцячыя гады. Якою смачнаю здавалася яму, вечна галоднаму хлапчуку, булка з сардэлькаю! Як ён уяўляў сябе вялікім ваяром, варта было сесці на карусельнага коніка! Якую шалёную радасць зазнаваў ён, узлятаючы на гушкалцы пад самае неба! Якою салодкаю была думка, што і сёння ён вольны, і заўтра таксама – упершыню за цэлы год. А з чым можна параўнаць упэўненасць, што сёння ён ляжа спаць а дзясятай і заўтра ўстане, калі захоча, можа, таксама а дзясятай. Дванаццаць гадзін запар у ложку!

“І гэта я быў? Я?.. – дзівіўся ён. – Няўжо мяне так цешылі рэчы, якія выклікаюць зараз агіду?.. Столькі шчаслівых гарапашнікаў бавіцца навакол, а я, багатыр, што я маю?.. Трывогу і нуду, нуду і трывогу... Цяпер, калі я мог бы мець усё, пра што марыў калісьці, у мяне няма нічога, бо ранейшыя жаданні згаслі. А я так верыў у сваё незвычайнае шчасце!..”

У гэтае імгненне тлум выбухнуў шматгалосым крыкам. Вакульскі апрытомнеў і ўбачыў на версе слупа чалавечую постаць.

“Ага, пераможца!” – сказаў ён сам сабе, ледзь утрымліваючыся на нагах пад націскам натоўпу, які пёр наперад, пляскаў у ладкі, крычаў “віват”, паказваў на героя пальцам, пытаўся, як яго завуць. Здавалася, што ўладальніка гарнітура зараз на руках панясуць па вуліцах, і раптам – запал астыў. Людзі запавольваліся, пачалі нават спыняцца, воклічы сталі заціхаць, нарэшце змоўклі зусім. Герой аднаго імгнення саслізнуў зверху і праз некалькі хвілін быў забыты.

“Перасцярога мне!” – падумаў Вакульскі, выціраючы пот з ілба.

Пляц і вясёлы тлум зусім ужо абрыдзелі яму. Ён павярнуў назад.

Па Алеі ўсё яшчэ цягнуліся брычкі і карэты. У адной з іх Вакульскі ўгледзеў светла-блакітную сукенку.

“Панна Ізабэла?..”

У яго закалацілася сэрца.

“Не, не яна”.

Далёка наперадзе заўважыў ён прыгожы жаночы твар і зграбную фігуру.

“Яна?.. Не. Навошта ёй тут быць?”

Так мінуў ён Алею, Аляксандраўскі пляц, Новы Свят, увесь час віжуючы кагосьці і ўвесь час падманваючыся.

“Дык вось яно, маё шчасце? – думаў ён. – Што даступна, таго я не жадаю, а рвуся да таго, што не даецца ў рукі. Няўжо гэта і ёсць шчасцем?.. Хто ведае, ці смерць аж такое зло, як уяўляюць сабе людзі”.

І ўпершыню засумаваў ён па моцным беспрабудным сне, якога не патрывожаць ані жаданні, ані надзеі.

У гэты самы час панна Ізабэла, вярнуўшыся ад цёткі дадому, ледзь не з парога гучна паведаміла панне Фларэнтыне:

– Ведаеш, ён быў на прыёме!

– Хто?

– Ну, гэты... Вакульскі...

– Чаму ж яму не быць, калі яго запрасілі? – здзівілася панна Фларэнтына.

– Але ж гэта нахабства. Гэта нечувана! І яшчэ, уяві сабе, цётка зачараваная ім, князь ледзь не вешаецца яму на шыю, і ўсе разам лічаць яго знакамітасцю... Чаму ты маўчыш?..

Панна Фларэнтына сумна ўсміхнулася.

– Мне гэта вядома. Герой сезона... Зімою быў у гэтай ролі пан Казімір, а гадоў з пятнаццаць таму... нават я, – ціха дадала яна.

– Але ж не забывай, хто ён! Купец. Купец!..

– Дарагая Бэла, – адказала панна Фларэнтына, – я памятаю сезоны, калі мы захапляліся нават цыркачамі. Мінецца і гэта.

– Баюся я гэтага чалавека, – прашаптала панна Ізабэла.


Загрузка...