XV. ЯК ЧАЛАВЕЧУЮ ДУШУ МУЧЫЦЬ ЖАРСЦЬ, А ЯК РОЗУМ


Атрымаўшы ад пана Ленцкага запрашэнне на абед, Вакульскі выбег з крамы на вуліцу. Цесны пакой душыў, а размова з Жэцкім, калі крамнік перасцерагаў і павучаў яго, здалася надзвычай недарэчнаю. Смех дый годзе, каб спарахнелы кавалер, у якога адно крама ды Банапарты ў галаве, дакараў яго апантанасцю!..

“Што ж я раблю кепскага, – думаў Вакульскі, – калі кахаю?.. Можа, крыху і позна, але ніколі ў жыцці не дазваляў я сабе гэтае раскошы. Кахаюць мільёны людзей, увесь свет, здольны да пачуццяў, жыве каханнем, чаму ж мне аднаму можа быць яно забаронена? А калі гэта заканамерна ў прынцыпе, дык заканамерна і ўсё тое, што я раблю. Хто хоча ажаніцца, мусіць мець грошы, – дык і я займеў грошы. Мусіць ён наблізіцца да выбранніцы – я таксама наблізіўся. Мусіць клапаціцца пра яе дабрабыт і бараніць ад непрыяцеляў, – я раблю і тое, і другое. А ў гэтым сваім імкненні да шчасця ці ж я пакрыўдзіў каго? Ці занядбаў я свае абавязкі ў дачыненні да грамадства і бліжніх?.. Ах, гэтыя каханыя бліжнія, гэтае грамадства, якое ніколі не клапацілася пра мяне і ставіла мне на шляху адны перашкоды, затое няспынна чакае ахвяр з майго боку… Але тое, што яны называюць апантанасцю, якраз і штурхае мяне да выканання нейкіх уяўных абавязкаў. Каб не гэта, дык сядзеў бы я зараз, нібы моль, у кніжках, і сотні людзей не мелі б працы. Чаго ж яны ад мяне хочуць?” – злосна пытаў ён сам у сябе.

Праходка па свежым паветры супакоіла яго, ён пайшоў далей Алеямі Ерусалімскімі і павярнуў да Віслы. Абвеяў яго рэзкі ўсходні вецер і абудзіў тыя няясныя адчуванні, якія выклікаюць у памяці ўспаміны дзяцінства. Здавалася яму, што ён зноў тое дзіця з Новага Святу, і што зноў ён чуе штуршкі і хвалі маладое крыві. Ён усміхнуўся пясочніку[141], што вёз свой тавар нягеглым конікам у доўгай скрыні, а падобная да ведзьмы жабрачка падалася яму вельмі мілай бабулькаю. Цешыў яго фабрычны шум, і хацелася яму пагаманіць з грамадкаю цудоўных мальцаў, якія пасталі ў шэраг на прыдарожным пагорку і шпурлялі камяні ў жыдоў, што праходзілі побач.

Ён старанна адганяў думкі пра сённяшні ліст і пра заўтрашні візіт да Ленцкіх, ён хацеў захаваць цвярозасць розуму, але ўзрушанасць брала верх.

“Чаму яны мяне запрасілі? – задаваўся ён пытаннем, адчуваючы ўнутранае трымценне. – Панна Ізабэла хоча са мною пазнаёміцца… Але ж, так! Яны даюць мне зразумець, што я магу ажаніцца!.. Яны ж не сляпыя і не ідыёты, каб не заўважыць, што са мною дзеецца ў яе прысутнасці…”

Яго закалаціла, аж зашчоўкалі зубы, і тады азваўся прыглушаны розум.

“Хвілінку. Ад першага абеду і першага візіту яшчэ вельмі далёка да сапраўднага знаёмства. А з тысячы сапраўдных знаёмстваў хіба адно вядзе да сватаўства. З дзесяці сватанняў хіба адно сканчаецца згодаю, і нават з тых яшчэ хіба ўсяго палова прыводзіць да шлюбу, які мае ледзьве адзін шанец супраць дваццаці тысяч… Ясна ці няясна?”

Вакульскі мусіў прызнаць, што ясна. Каб кожнае знаёмства вяло да шлюбу, кожная кабета мусіла б мець добры дзясятак мужоў, кожны мужчына – добры дзясятак жонак, ксяндзы не паспявалі б усіх перажаніць, і свет ператвараўся б у адзін вялікі шпіталь вар’ятаў. А ён, Вакульскі, не толькі не быў яшчэ добрым знаёмым панны Ленцкае, а ўсяго толькі меўся неўзабаве пазнаёміцца з ёю.

“Што ж я маю, – пытаўся ён, – пасля балгарскае небяспекі ды тутэйшых скачак і двубояў?..”

“Маеш болей шанцаў, – растлумачыў розум. – Год таму меў, можа, адну сотую або адну дваццацімільённую долю праўдападобнасці, што ажэнішся з ёю, а праз год можаш мець ужо адну дваццацітысячную…”

“Праз год?.. – паўтарыў Вакульскі і зноў дыхнула на яго нечым студзёным і суровым. Але ён не паддаўся і спытаў: – А калі панна Ізабэла пакахае мяне альбо ўжо пакахала?..”

“Спачатку варта было б ведаць, ці панна Ізабэла здольная кахаць каго-небудзь…”

“Хіба ж яна не кабета?”

“Бываюць кабеты з маральным дэфектам, не здольныя кахаць нікога і нічога, апроч сваіх мімалётных капрызаў, гэткія ж бываюць і мужчыны. Загана, не горшая за слепату, глухату або паралюш, толькі менш прыкметная”.

“Дапусцім…”

“Добра, – не сунімаўся голас, у якім Вакульскаму чулася з’едлівасць доктара Шумана, – каб тая панна наогул здольная была некага кахаць, дык паўстае другое пытанне: ці пакахае яна цябе?”

“Зрэшты, не такі ўжо я і агідны”.

“Няўжо? Якраз такім агідным і можаш ты быць. Як самы прыўкрасны леў агідны карове або арол – гусі. Бачыш, я нават кажу табе кампліменты: параўноўваю з ільвом ды арлом, якія, нягледзячы на ўсе іх вартасці, выклікаюць жах у самак іншага віду. Таму ўнікай самак не свайго віду…”

Вакульскі апрытомнеў і агледзеўся. Ён быў ужо непадалёк ад Віслы, побач з драўлянымі свірнамі, і фурманкі з дарогі запарушвалі яго чорным пылам. Ён хутка павярнуў у горад і заняўся развагамі пра сябе.

“Ува мне ёсць два чалавекі, – казаў ён. – Адзін цалкам разумны, а другі – вар’ят. І хто з іх пераможа?.. Ат!.. Чаго мне клапаціцца пра гэта. Але што рабіць, калі возьме верх той, разумны? Як жахліва валодаць гэткім вялікім капіталам пачуццяў, каб скласці яго самцы іншага віду: карове, гусі ці нечаму яшчэ горшаму?.. Якое прыніжэнне пацяшацца з трыумфу нейкага быка ці гусака і ў той жа час плакаць над уласным сэрцам, гэтак балесна раздзёртым, гэтак балесна растаптаным?.. Ці варта жыць далей, калі яно так?”

І ад гэтае думкі Вакульскі адчуў прагу смерці, але каб ані парэшткаў, ані попелу ад яго не засталося на гэтай зямлі.

Паступова, аднак, ён супакоіўся і, вярнуўшыся дадому, пачаў ужо цалкам рацыянальна абдумваць пытанне: апрануць яму на заўтрашні абед фрак ці сурдут?.. Альбо ці не здарыцца да заўтра нечага неспадзяванага, што зноў перашкодзіць яму наблізіцца да панны Ізабэлы? Потым ён яшчэ падлічыў апошнія гандлёвыя абароты, даслаў некалькі тэлеграм у Маскву і Пецярбург ды напісаў, нарэшце, ліст старому Шлянгбаўму з прапановаю, каб той пазычыў яму сваё прозвішча для пакупкі камяніцы Ленцкіх.

“Мецэнат мае рацыю, – думаў ён. – Лепш купіць гэты дом пад чужою шыльдаю. Іначай яны маглі б падазраваць мяне ў жаданні нажыцца на іх ці, яшчэ горш, што я раблю ім ласку!”

Аднак пад прыкрыццём гэтае заклапочанасці бушавала бура. Розум крыкам крычаў, што заўтрашні абед нічога не значыць і нічога не абяцае. А надзея ціха-ціха шаптала: можа, ён каханы, а можа, будзе ім некалі.

Але ціха… так ціха, што Вакульскі з пільнаю ўвагаю мусіў прыслухоўвацца да яе шэпту.

Наступны дзень, вельмі важны для Вакульскага, не быў адзначаны нічым асаблівым ні ў Варшаве, ні ў прыродзе. Тут і там курэў вулічны пыл, узняты мётламі вартаўнікоў, брычкі то перліся напралом, то марудзілі без прычыны, а бясконцая плынь мінакоў цягнулася ў адзін і ў другі бок, хіба толькі для таго, каб не спыняўся гарадскі рух. Пад сцены дамоў ціснуліся абадранцы – згорбленыя, з рукамі, схаванымі ў рукавы, нібы гэта быў не чэрвень, а студзень. Часам сярэдзінаю вуліцы праязджаў сялянскі воз з бляшанымі збанамі, якім правіла ўвішная баба ў сінім каптане з чырвонаю хусткаю на галаве.

Усё гэта раенне мела месца паміж двума доўгімі сценамі, утворанымі рознакаляровымі камяніцамі, над якімі ўздымаліся высокія фасады святынь. А на абодвух канцах вуліцы, нібы вартаўнікі, што пільнуюць горад, стаялі два помнікі. З аднаго боку – кароль Жыгімонт[142], які, схіляючыся ў бок бернардынаў, відавочна, хацеў нешта паведаміць мінакам, а з другога боку – нерухомы Капернік з нерухомым глобусам у руцэ, які павярнуўся спінаю да сонца, што выходзіла раніцаю з-за дома Карася, падымалася над палацам Таварыства сяброў навукі[143] і хавалася за дом Замойскіх, нібы аспрэчваючы афарызм: “Стрымаў сонца, зрушыў зямлю”. Вакульскі, які ў гэтым кірунку якраз глядзеў з уласнага балкона, міжвольна ўздыхнуў, прыгадваючы, што адзінымі вернымі сябрамі астранома засталіся грузчыкі ды палацёры, не надта абазнаныя, як вядома, у заслугах Каперніка.

“Усяе радасці, – думаў Вакульскі, – што ў нейкіх кніжках называюць яго гонарам нацыі!.. Працаваць дзеля шчасця – гэта я разумею, але працаваць дзеля фікцыі, якая завецца грамадствам ці славаю, за гэта ўжо не ўзяўся б. Грамадства няхай само пра сябе клапоціцца, а слава… Што мне замінае думаць, што ў мяне ўжо ёсць слава, напрыклад, на Сірыусе? А Капернік жа сёння не ў лепшым становішчы адносна зямлі, і гэтак жа яго хвалюе статуя ў Варшаве, як мяне піраміда на нейкай там Везе ў сузор’і Ліры!.. Тры стагоддзі славы аддам я за хвіліну шчасця і дзіўлюся толькі сваёй неразважлівасці, што некалі думаў іначай”.

Нібы ў адказ на свае думкі ён заўважыў на другім баку вуліцы Ахоцкага. Гэты маньяк ішоў павольна з апушчанаю галавой і рукамі ў кішэнях.

Звычайны збег акалічнасцяў глыбока ўзрушыў Вакульскага, і на момант ён нават паверыў у праўдзівасць прадчуванняў ды з радасным здзіўленнем падумаў: “Ці не прадвяшчае мне гэта, што ён будзе мець славу Каперніка, а я – шчасце?.. Будуй жа ты свае лятальныя машыны, толькі пакінь мне сваю кузінку!.. Але адкуль гэта прымхлівасць у мяне?! – апамятаўся ён праз момант. – Я і прымхі!”

Як бы там ні было, але надта падабалася яму ідэя, што Ахоцкі будзе мець несмяротную славу, а ён – жывую панну Ізабэлу. На сэрцы стала лягчэй. Ён нават пакпіў з сябе, хоць адчуваў, што з’явілася больш упэўненасці і адвагі.

“Можна дапусціць, – казаў ён, – што ўсе мае захады скончацца тым, што яна адпрэчыць мяне… Ну і што? Слова гонару, адразу ж вазьму ўтрыманку і ў тэатры буду садзіцца з ёю паблізу ложы панства Ленцкіх. Дабрадзейка пані Мелітан, а можа, і гэты… Марушэвіч знойдуць мне кабету з падобнымі рысамі твару (за колькі тысяч ці дзясяткаў тысяч рублёў нават і гэта можна знайсці). З ног да галавы абвіну яе карункамі, абсыплю брыльянтамі, і тады пабачым, ці не паблякне побач з ёю панна Ізабэла. Няхай ідзе тады замуж хоць за маршалка, хоць за барона”.

Але думка пра замужжа панны Ізабэлы выклікала ў яго гнеў і роспач. У гэты момант захацелася яму наладаваць увесь свет дынамітам ды высадзіць у паветра. Але ён зноў апрытомнеў:

“Ну, і што рабіць, калі пажадае яна выйсці замуж?.. Не! Нават каб пажадала мяняць каханкаў: раз – майго крамніка, іншым разам – нейкага афіцэра, потым – фурмана або лёкая… Няма рады!..”

Шанаванне свабоды іншае асобы было ў яго гэткім моцным, што адступала перад гэтым нават яго манія.

“Што ж рабіць?.. Што ж рабіць?.. – паўтараў ён і сціскаў рукамі гарачую галаву.

На гадзінку зайшоў ён у краму, нешта там зрабіў і вярнуўся дадому. А чацвёртай слуга дастаў яму з камоды бялізну, і прыйшоў цырульнік, каб пагаліць ды расчасаць.

– Што чуваць, пане Фітульскі? – запытаўся ён у цырульніка.

– Нічога, а будзе яшчэ горш. Берлінскі кангрэс думае, як задушыць Еўропу, Бісмарк – як задушыць кангрэс, а жыды – як да рэшты нас абабраць… – адказаў малады майстар, прыгожы, як херувім, і зграбны, нібы ўцёк са старонак кравецкага часопісу.

Ён завязаў Вакульскаму ручнік на шыі і, з бліскавічнай хуткасцю намыльваючы яму твар, працягваў:

– У горадзе, пане, ціха да часу, а так нічога. Я ўчора быў у кампаніі на Саскай Кемпе, але што, пане, за арыгінальная моладзь!.. Пасварыліся двое падчас танцаў, і хай пан уявіць сабе… Галоўку крыху вышэй, s’il vous plait[144]

Вакульскі падняў галаву крыху вышэй і ўбачыў, што ягоны аператар носіць залатыя запінкі на вельмі брудных манжэтах.

– Пасварыліся падчас танцаў, – працягваў франт, пабліскваючы брытваю перад вачыма кліента, – і прашу сабе ўявіць, што цаляючы адзін аднаму ў вока, яны зачапілі даму! Нарабілася шуму… двубой… Мяне, вядома, выбралі за секунданта, і сёння якраз ламаў я сабе галаву, што рабіць, бо маю толькі адзін пісталет, як паўгадзіны таму прыходзіць да мяне вінаваты і кажа, што ён не дурань, каб страляцца, дык абражаны можа даць яму здачы, але каб толькі адзін раз… Галоўку направа, s’il vous plait… Ну, каб пан ведаў, як я быў абураны (паўгадзіны таму), схапіў фацэта за яго галерэю, каленам – у антрэсоль, і – прэч! За дзверы. Хто з такім блазнам будзе страляцца, n’est-ce pas?[145] Цяпер налева, s’il vous plait.

Ён скончыў галіць і абмыў Вакульскаму твар, а потым ахінуў яго апранахаю, падобнаю да смяротнай кашулі асуджанага, і працягваў:

– Але нешта не заўважаў я ніколі ў пана ані следу кабеты, хоць прыходжу я ў розны час…

Ён узяў у рукі грэбень, шчотку і пачаў часаць.

– …прыходжу ў розны час, а вока, пане, у мяне на гэткія рэчы… ого!.. Але ж, каб хоць дзе беражок спаднічкі мільгануў, ці чаравічак, ці стужачка! А мне ж нават у аднаго каноніка здарылася раз угледзець гарсэт, праўда, ён знайшоў яго на вуліцы і хацеў ананімна адаслаць у рэдакцыю. А ў афіцэраў, пане, асабліва ў гусараў!.. (Галоўку ўніз, s’il vous plait…) Канец свету! У аднаго, пане, я спаткаў ажно чатырох маладых дам і ўсе – усміхаліся… З таго часу, слова гонару, я заўсёды кланяюся яму на вуліцы, хоць ён ад маіх паслуг адмовіўся і вінны мне пяць рублёў. Але, пане, калі за крэсла на канцэрт Рубінштэйна заплаціў я шэсць рублёў, хіба шкада мне пяці на такога віртуоза… Можа, крыху падчарніць валасы, je suppose que oui?[146]

– Дзякуй, не, – адмовіўся Вакульскі.

– Я так і думаў, – уздыхнуў цырульнік. – Шаноўны пан без усялякіх прэтэнзій, а гэта нядобра!.. Я ведаю пару балерынак, якія ахвотна сышліся б з панам. Слова гонару, варта! Фігуры цудоўныя, мускулатура дубовая, бюст, як матрац на спружынах, у кожным руху – грацыя, і зусім не надмерныя патрабаванні, прынамсі, пакуль маладыя. Бо кабета, пане, чым яна старэйшая, тым больш дарагая, дык пэўна таму нікога і не цягне да шасцідзесяцігадовых, бо няма ўжо ім цаны. Ротшыльд бы збанкрутаваў!.. А новенькай пакладзе пан тысячы тры рублікаў на год, дасць пару прэзентаў, і будзе яна пану верная… Ах, гэтыя кабеткі!.. Навярэдзіў я сабе крыж з-за іх, але не трымаю на іх зла…

Ён скончыў сваё мастацтва, пакланіўся, паводле ўсіх канонаў галантнасці, і з усмешкаю выйшаў. Гледзячы на яго фанабэрыстую міну і партфель, у якім ён насіў шчоткі ды брытвы, можна было падумаць, што гэта міністэрскі чыноўнік.

Пасля таго, як за ім зачыніліся дзверы, Вакульскі і хвіліны не думаў пра маладых ды малапатрабавальных балерынак. Яго займала значна больш важнае пытанне, змест якога зводзіўся да двух слоў: фрак ці сурдут.

“Калі апрану фрак, дык буду падобны на франта, які пільнуецца этыкету, а ён мяне абсалютна не абыходзіць. А калі апрану сурдут, гэта можа Ленцкіх абразіць. Зрэшты, калі раптам будзе там хто чужы… Няма рады, калі ўжо я наважыўся на гэткія выбрыкі, як каляска ды скакавы конь, дык і фрак трэба апранаць!”

Гэтак разважаючы, ён пасміхаўся з тае прорвы дзівацтваў, у якую папіхала яго знаёмства з паннаю Ізабэлаю.

“Ах, стары мой Гопфер! – казаў ён. – Мае ж вы ўніверсітэцкія ды сібірскія калегі, ці хто з вас мог уявіць, каб займалі мяне падобныя пытанні?..”

Ён апрануў фрачны гарнітур і, стаўшы перад люстэркам, адчуў задавальненне. Гэты строй дасканала пасаваў да яго атлетычнае фігуры.

Коні чакалі ўжо з чвэрць гадзіны, і была палова на шостую. Вакульскі накінуў лёгкае паліто і выйшаў з дому. У каляску ён садзіўся вельмі бледны і вельмі спакойны, як чалавек, што вырушыў насустрач небяспецы.


Загрузка...