XIX. ПЕРШАЯ ПЕРАСЦЯРОГА


Была гадзіна дня, калі пан Ігнацы з пачуццём сораму і трывогі падышоў да крамы. Навошта ён змарнаваў гэтулькі часу?.. Якраз у пару найбольшага наплыву пакупнікоў! А раптам яшчэ і бяда якая здарылася! І што за радасць у спёку бадзяцца па вуліцах, глытаючы пыл і смурод разагрэтага асфальту?!

Сапраўды, дзень быў надзвычай спякотлівы і сонечны: ходнікі і каменныя сцены дыхалі гарачынёю, да бляшаных шыльдаў і жалезных слупоў нельга было дакрануцца, ад зыркага святла ў пана Ігнацы слязіліся вочы і чорныя мухі мігцелі перад вачыма.

“Каб я быў панам Богам, – думаў ён, – дык палову ліпеньскае спёкі пакінуў бы на снежань…”

Раптам ён зірнуў на вітрыну ўласнае крамы, якую якраз мінаў, і аслупянеў. Вітрына ўжо другі тыдзень была не абноўленая! Тая самая бронза, маёліка, вееры, тыя самыя нэсэсэры, пальчаткі, парасоны і цацкі!.. Ці бачыў хто падобнае нядбальства?!

“Але ж і нягоднік я! – прамармытаў ён. – Нядаўна напіўся, сёння бадзяюся… Да д’ябла пойдзе лаўка, як амэн у пацерах…”

Толькі ўвайшоў ён у краму, няпэўны, дзе адчувае большы цяжар – у нагах ці на сэрцы, як падхапіў яго Мрачэўскі. Быў ён ужо падстрыжаны па-варшаўску, расчасаны і наадэкалонены, як раней, і паводле ўласнага жадання абслугоўваў гасцей крамы, хоць сам быў госцем ды яшчэ з гэткіх далёкіх краёў. Мясцовыя панове надзівіцца на яго не маглі.

– Пабойся ж Бога, пане Ігнацы, – загаманіў ён. – Я тры гадзіны чакаю пана! Вы ўсе тут ад рук адбіліся…

Ён узяў яго пад руку і, не зважаючы на здзіўленыя позіркі пакупнікоў, зацягнуў пана Жэцкага ў кабінет, дзе стаяла каса.

Тут ён папхнуў на крэсла ссівелага на сваёй пасадзе крамніка, сам стаў перад ім з заламанымі рукамі, як роспачны Герман перад Віялетай[159], і пачаў:

– Вось што, пане… Я ведаў, што варта мне з’ехаць, дык усёй справе гамон, але не думаў, што так хутка… Тое, што пан не сядзіць у краме – няважна, нічога з ёю не зробіцца. Але выбрыкі старога – гэта проста скандал!..

Здавалася, што ад здзіўлення ў пана Ігнацы бровы залезуць на макаўку галавы.

– Перапрашаю!.. – узняўся быў ён з крэсла.

Але Мрачэўскі прытрымаў яго на месцы.

– Перапра…

– Няхай пан хвілінку памаўчыць! – спыніў яго наадэкалонены дзяцюк. – Пан хоць ведае, што тут робіцца?.. Сузін сёння ўночы едзе ў Берлін паглядзець на Бісмарка, а потым – у Парыж на выставу. Абавязкова, чуе пан? Абавязкова ўгаворвае Вакульскага ехаць з ім. А той дур…

– Пане Мрачэўскі!.. Як пан насмеліўся…

– Я ад нараджэння ўжо смелы, а Вакульскі – вар’ят!.. Сёння я даведаўся, нарэшце, праўду… Пану вядома, колькі стары мог бы зарабіць на гэтай справе ў Парыжы з Сузіным? Не дзесяць, а пяцьдзясят тысяч рублёў, пане Жэцкі!.. І той асёл не толькі не хоча сёння ехаць, але яшчэ кажа, што не ведае, калі паедзе. Ён не ведае, а Сузін можа чакаць з тою справаю ўсяго некалькі дзён.

– Што ж Сузін?.. – ціха спытаў заклапочаны ўжо пан Ігнацы.

– Сузін?.. Злуецца. А горш за тое, крыўдзіцца. Кажа, што Станіслаў Пятровіч ужо не той, што раней, не лічыцца з ім… Словам, скандал! Пяцьдзясят тысяч рублёў прыбытку і дармовае падарожжа. Ну, няхай пан сам скажа, хіба на такіх умовах нават святы Станіслаў Костка не паехаў бы ў Парыж?..

– Пэўна! – прамармытаў пан Ігнацы. – Дзе ж Стах… гэта значыць Вакульскі? – дадаў ён, падымаючыся з фатэля.

– Ён зараз сядзіць у пакоях пана і складае рахункі для Сузіна. Пабачыш, пан, чаго вам будуць каштаваць гэтыя фіглі.

Дзверы кабінету прыадчыніліся, і на парозе з’явіўся Клейн з лістом у руцэ.

– Лёкай Ленцкіх прынёс старому, – сказаў ён. – Можа, пан яму аддасць, бо нешта сёння ён злы, як д’ябал…

Пан Ігнацы ўзяў у рукі блакітны канверт, аздоблены незабудкамі, але завагаўся: ісці ці не. Тым часам Мрачэўскі зазірнуў яму праз плячо і ўбачыў адрас.

– Ліст ад Бэльці! – выгукнуў ён. – Анягож!

Ён зарагатаў і выскачыў з кабінету.

“Д’ябал! – прамармытаў пан Ігнацы. – Няўжо ўсе плёткі – праўда?.. Дык ён з-за яе выдаткоўвае на камяніцу дзевяноста тысяч і адмаўляецца ад пяцідзесяці, абяцаных Сузіным?.. Разам – сто сорак тысяч рублёў!.. А каляска, а скачкі, а дабрачыннасць?.. А! Яшчэ ж той Росі, на якога панна Ленцкая пазірае гэтак горача, як жыд на дзесяць прыказанняў!.. Уга! Схаваю я лепш у кішэню ўсе гэтыя цырымоніі…”

Ён зашпіліў сурдут на ўсе гузікі пад самую шыю, выпрастаўся і пайшоў з лістом да сябе дадому. Тут ён заўважыў раптам, што крыху рыпяць яго чаравікі, і адчуў нейкую палёгку.

У пакоі пана Ігнацы за сталом над паперамі сядзеў Вакульскі без сурдута і камізэлькі ды нешта пісаў.

– А! – выгукнуў ён, калі ўбачыў Жэцкага. – Ты не гневаешся, што я распараджаюся тут, як дома?

– Гаспадар цырымоніцца! – іранічна азваўся пан Ігнацы. – Вось ліст ад… тых… Ленцкіх.

Вакульскі зірнуў на адрас, спехам разарваў канверт і чытаў… чытаў… Раз, другі, трэці перачытваў ён ліст. Жэцкі корпаўся ў шуфлядах. А калі заўважыў, што гаспадар ужо скончыў чытанне і задумліва абапёр галаву на рукі, ён суха спытаў:

– Едзеш сёння ў Парыж з Сузіным?

– І не думаю.

– Я чуў, што гэта нейкая важная справа… Пяцьдзясят тысяч рублёў…

Вакульскі маўчаў.

– Дык паедзеш заўтра або паслязаўтра, бо, падобна, Сузін мае намер пачакаць цябе пару дзён?

– Я не ведаю яшчэ, калі паеду.

– Гэта кепска, Стаху. Пяцьдзясят тысяч рублёў – вялікія грошы, шкода іх страціць… Калі даведаюцца, што ты не скарыстаўся гэткім выпадкам…

– Скажуць, што я звар’яцеў, – скончыў Вакульскі.

Ён зноў памаўчаў і нечакана азваўся:

– А каб у мяне быў больш важны абавязак, чым зарабіць пяцьдзясят тысяч?..

– Палітычны? – ціха спытаў Жэцкі з трывогаю ў вачах, але з усмешкаю на вуснах.

Вакульскі падаў яму ліст.

– Прачытай, – сказаў ён, – і пераканайся, што ёсць рэчы, лепшыя за палітыку.

Пан Ігнацы крыху завагаўся, але ўзяў ліст у рукі і толькі пасля паўторнага загаду Вакульскага пачаў чытаць:

“Вянок цудоўны, і я наперад ад імя Росі дзякую пану за гэты падарунак. Асабліва ўдала атрымалася гэта непрыкметнае размяшчэнне смарагдаў сярод залатых лісткоў. Пан мусіць абавязкова прыехаць да нас заўтра на абед, каб мы параіліся пра развітанне з Росі, а таксама пра наша падарожжа ў Парыж. Учора тата паведаміў, што мы едзем і не пазней, як праз тыдзень. Вядома, мы паедзем разам, бо без мілага таварыства пана падарожжа страціла б для мяне палову сваёй вартасці. Дык да пабачэння. Ізабэла Ленцкая”.

– Я не разумею, – прамовіў пан Ігнацы і абыякава кінуў ліст на стол. – Дзеля таго, каб падарожнічаць з паннаю Ленцкаю ды каб радзіцца пра прэзенты яе… яе аматарам, не кідаюць у гразь па пяцьдзясят тысяч… калі не болей…

Вакульскі прыўзняўся з канапы і, абапіраючыся рукамі на стол, запытаўся:

– А каб я хацеў кінуць дзеля яе ўвесь маёнтак у гразь, дык што?

Жылы набрынялі ў яго на лбу, грудзі хадзілі ходырам, аж уздымалася кашуля. У вачах запалаў той самы агонь, які ўжо бачыў Жэцкі падчас двубою з баронам.

– Дык што?.. – паўтарыў Вакульскі.

– Дык нічога, – спакойна адказаў Жэцкі. – Давялося б толькі прызнаць, што я памыліўся, не ведаю ўжо каторы раз у жыцці…

– У чым?

– Цяпер – у табе. Я думаў, што чалавек, які гатовы на смерць і... на абгаворы, каб набыць капітал, ідзе на гэта дзеля нейкіх агульных мэтаў…

– Адчапіцеся ж вы ад мяне з гэтым вашым агулам!.. – закрычаў Вакульскі і грукнуў кулаком па стале. – Што я рабіў дзеля яго, я ведаю, але… што ён зрабіў дзеля мяне? Ці скончыцца калі-небудзь патрабаванне ахвяр, якія не даюць мне ніякіх правоў?.. Я, нарэшце, хачу хоць раз зрабіць нешта дзеля сябе… У мяне ўжо мазалі ў вушах ад тых фраз, якім ніхто не верыць… Уласнае шчасце – гэта сёння мой абавязак… іначай… у лоб сабе стрэліць, як няма нічога наперадзе, апроч нейкіх фантастычных павіннасцяў. Тысячы лайдачаць, а адзін у адносінах да іх мае абавязкі! Ці чуў хто гэткую несусвеціцу?

– А авацыі Росі – гэта не павіннасць? – запытаўся пан Ігнацы.

– Я раблю гэта не дзеля Росі…

– Толькі, каб дагадзіць кабеце… Ведаю… З усіх ашчадных – гэта каса самая рызыкоўная, – адказаў Жэцкі.

– Будзь асцярожны!.. – прашыпеў Вакульскі.

– Скажы, лепш, быў… Табе здаецца, што ты першы вынайшаў каханне. Ведаю яго і я. Гэх! Некалькі гадоў я быў закаханы, як паўдурак, а тым часам мая Элаіза[160] круціла раманы з іншымі. Божа мілы!.. Колькі мне каштавала кожнае іх пераміргванне, якое я заўважаў… Дайшло да таго, што яны ў мяне на вачах ужо абдымаліся. Павер мне, Стаху, я не такі прасцяк, як усе думаюць. Шмат чаго я бачыў у жыцці і прыйшоў да высновы, што зашмат сэрца мы ўкладаем у гульню пад назваю каханне!

– Ты так кажаш, бо яе не ведаеш, – пахмурна заўважыў Вакульскі.

– Кожная з іх выключная, пакуль нам карак не скруціць. Я і праўда не ведаю тую, але ведаю іншых. Каб заваёўваць кабет, трэба быць досыць нахабным і досыць бессаромным, – дзве якасці, якіх ты не маеш. І таму я перасцерагаю цябе: не рызыкуй занадта, бо цябе абскачуць, калі яшчэ не абскакалі. Ніколі я табе гэтага не казаў, праўда? Нават не падобна было, што я здольны на гэткую філасофію… Але я адчуваю, што пагражае табе небяспека, дык паўтараю: сцеражыся! І ў паганую забаву не ангажуй сэрца, каб не аплявалі яго табе дзеля першага-лепшага прахвоста. Бо тады, кажу я табе, дазнае чалавек гэткіх прыкрых уражанняў, што… лепш бы яму не дажыць да гэтага!..

Вакульскі, седзячы на канапе, сціскаў кулакі, але маўчаў. У гэты момант пастукаліся ў дзверы і паказаўся Лісецкі.

– Пан Ленцкі жадае бачыць пана. Можна яму сюды ўвайсці? – запытаўся крамнік.

– Няхай пан просіць… – адказаў Вакульскі, спехам нацягваючы камізэльку і сурдут.

Жэцкі ўстаў з крэсла, са смуткам пахітаў галавою і выйшаў са свайго жытла.

“Я ведаў, што кепска, – прамармытаў ён ужо ў сенцах, – але не ведаў, што аж так…”

Ледзь Вакульскі паспеў апрануцца, як увайшоў пан Ленцкі, а за ім – пасыльны крамы. Пан Тамаш меў наплыўшыя крывёю вочы і сінія плямы на твары. Ён упаў на фатэль, адкінуў галаву і цяжка дыхаў. Пасыльны стаяў у парозе з заклапочанаю мінай і, перабіраючы пальцамі металічныя гузікі сваёй ліўрэі, чакаў загадаў.

– Прабач, пане Станіславе, але… прашу вады з лімонам… – ледзь чутна прамовіў пан Тамаш.

– Содавай, вады, лімон, цукар… Бягом! – загадаў Вакульскі пасыльнаму.

Пасыльны гэтак крутануўся, што аж шаргануў сваімі вялікімі гузікамі аб вушак.

– Нічога, – казаў пан Тамаш з усмешкаю. – Кароткая шыя, спёка, хваляванне… Крыху адпачну…

Устрывожаны Вакульскі зняў з яго гальштук і расшпіліў кашулю. Потым ён намачыў ручнік адэкалонам, які знайшоўся на стале Жэцкага, і з клапатлівасцю сына абцёр хвораму твар, карак ды галаву.

Пан Тамаш паціснуў яму руку.

– Ужо мне лепш… Бог заплаціць… – а потым ён ціха дадаў: – Падабаешся ты мне ў гэтай ролі сястры міласэрнасці. Бэла не здолела б зрабіць гэта больш далікатна… Ну, яна створаная на тое, каб ёй служылі…

Пасыльны прынёс сіфон і лімон. Вакульскі зрабіў ліманад і напаіў пана Тамаша, у якога паступова пачалі знікаць сінія плямы з твару.

– Ідзі да мяне дадому, – сказаў Вакульскі пасыльнаму, – і загадай запрагаць коней. Няхай пад’едуць да крамы.

– Каханы… каханы ты… – казаў пан Тамаш, моцна сціскаючы яго руку і з удзячнасцю пазіраючы на яго пачырванелымі вачыма. – Я нязвыклы да гэткае клапатлівасці, бо Бэльця на такіх рэчах не знаецца.

Няўмельства панны Ізабэлы апекавацца хворымі зрабіла непрыемнае ўражанне на Вакульскага. Але не больш, чым на момант.

Паволі пан Тамаш акрыяў. Густы пот выступіў у яго на лбе, голас набраў моцы, і толькі сетка чырвоных жылак у вачах сведчыла яшчэ пра мінулы ўдар. Ён нават прайшоўся па пакоі, расправіў плечы і пачаў:

– А… ты і ўявіць не можаш, пане Станіславе, як я сёння раззлаваўся. Ці паверыш? Дом мой прадалі за дзевяноста тысяч!..

Вакульскі здрыгануўся.

– Я быў упэўнены, – працягваў Ленцкі, – што вазьму хоць тысяч сто дзесяць… У судовай зале казалі, я сам чуў, што камяніца вартая ста дваццаці тысяч… Але што ж, калі заманулася купіць яе жыду, паганаму ліхвяру, таму Шлянгбаўму… Паразумеўся з канкурэнтамі ды, хто ведае, ці не з адвакатам маім таксама, і – страціў я дваццаць або трыццаць тысяч…

Цяпер Вакульскі выглядаў на апаплексічнага, але маўчаў.

– А я гэтак ужо палічыў, – правіў сваё Ленцкі, – што з пяцідзесяці тысяч ты мне дасі тысяч дзесяць гадавых. На ўтрыманне дома трэба мне тысяч шэсць ці восем, дык рэшты хапіла б нам з Бэльцяю штогод выязджаць за мяжу. Я нават абяцаў дзіцяці, што праз тыдзень мы паедзем у Парыж… Акурат! Шасці тысяч рублёў ледзьве хопіць на жабрацкае існаванне, а пра падарожжы і думаць забудзь. Нягодны жыд… Нягоднае грамадства, якое гэтак угінаецца перад ліхвярамі, што баіцца змагацца з імі нават на аўкцыёне… А што мне баліць найболей, скажу я табе, дык тая акалічнасць, што за тым клятым Шлянгбаўмам, можа, хаваецца нейкі хрысціянін, нават арыстакрат…

Яго голас зноў пачаў перарывацца і зноў на твары выступі барвовыя плямы. Ён упаў на крэсла і папіў вады.

– Нягоднікі!.. Нягоднікі!.. – шаптаў ён.

– Няхай пан супакоіцца, – сказаў Вакульскі. – Колькі мне пан дасць гатоўкі?

– Я прасіў адваката нашага князя (бо мой адвакат – лайдак), каб ён забраў належную мне суму і аддаў табе, пане Станіславе… Усе трыццаць тысяч. А як ты абяцаеш мне дваццаць працэнтаў, дык я маю шэсць тысяч рублёў штогод на ўсе выдаткі. Нэндза, галеча!..

– Грошы пана я магу ўкласці ў лепшую справу, – адказаў Вакульскі. – Будзе пан мець дзесяць тысяч штогод…

– Як ты кажаш?..

– Так, трапілася мне выключная аказія.

Пан Тамаш ускочыў з фатэля.

– Збаўца… дабрадзей!.. – казаў ён узрушана. – Ты самы высакародны з людзей… Але, – адступіў ён на крок і расклаў рукі, – ты сам на гэтым не траціш?..

– Я? Я ж купец.

– Купец!.. Скажы гэта каму іншаму!.. – закрычаў пан Тамаш. – Дзякуючы табе, я пераканаўся, што слова купец сёння сінонім велікадушнасці, далікатнасці, гераізму… Высакародны!..

І ён кінуўся на шыю Вакульскаму, ледзь не плачучы.

Вакульскі трэці раз пасадзіў яго ў фатэль, і ў гэты момант пастукаліся ў дзверы.

– Прашу.

Убег Генрык Шлянгбаўм, сам белы, вочы ў яго гарэлі. Ён стаў перад панам Тамашам і, кланяючыся яму, сказаў:

– Пане, я – Шлянгбаўм, сын якраз таго “нягоднага” Шлянгбаўма, ліхвяра, на якога пан гэтак лаяўся ў краме пры маіх калегах і пакупніках…

– Пане… не ведаў… гатовы задаволіць… а, найперш, перапрашаю… Гэта ад засмучэння, – казаў сам не свой пан Тамаш.

Шлянгбаўм супакоіўся.

– Калі ласка, пане, – адказаў ён, – замест таго, каб даваць мне сатысфакцыю, няхай пан паслухае, што я скажу. Навошта мой бацька купіў дом пана? Гэта сёння не важна. Але што ён пана не ашукаў, я магу даказаць. Бацька зараз жа верне гэты дом пану за дзевяноста тысяч… Я нават больш скажу, – узвысіў ён голас, – пакупнік аддасць яго пану за семдзясят…

– Генрык!.. – прамовіў Вакульскі.

– Я ўсё сказаў, развітваюся з панам, – сказаў Шлянгбаўм.

Ён нізка пакланіўся пану Тамашу і выйшаў з пакоя.

– Што за прыкры фарс! – азваўся праз момант пан Тамаш. – Сапраўды, я сказаў у краме некалькі горкіх слоў пра старога Шлянгбаўма, але, прысягаю, я не ведаў, што ягоны сын тут… Ён верне мне дом за семдзясят тысяч, а сам аддаў за яго дзевяноста… Бач ты!.. Што скажаш, пане Станіславе?

– Можа, дом і праўда варты толькі дзевяноста? – нясмела адказаў Вакульскі.

Пан Тамаш пачаў зашпільваць гузікі і папраўляць гальштук.

– Дзякуй табе, пане Станіславе, – казаў ён, – і за дапамогу, і за тое, што займаешся маімі справамі… Што за фарс з гэтым Шлянгбаўмам!.. Але… але… Бэльця просіць цябе заўтра на абед… Грошы забярэш у адваката нашага князя, а што да працэнтаў, якія будзеш мець ласку…

– Выплачу іх наперад за паўгода.

– Я табе вельмі ўдзячны, – працягваў пан Тамаш, цалуючы яго ў абедзве шчакі. – Ну, да пабачэння, да заўтра… І не забудзься пра абед.

Вакульскі правёў яго праз падворак да брамы, дзе ўжо чакала каляска.

– Страшная спёка, – казаў, з цяжкасцю ўсаджваючыся, пан Тамаш Вакульскаму, які яму дапамагаў. – Што за фарс з тымі жыдамі?.. Заплаціў дзевяноста тысяч, а гатовы аддаць за семдзясят… Смеху варта… слова гонару!

Коні рушылі ў бок алеі Уяздоўскае.

Па дарозе дадому пан Тамаш быў нібы ачмурэлы. Ён не адчуваў спёкі, а толькі агульную слабасць ды шум у вушах. Былі моманты, калі яму здавалася, што кожным вокам ён бачыць іначай, або абодвума – бачыць горш. Ён скурчыўся ў кутку каляскі, ківаючыся ад кожнага штуршка, як п’яны.

Думкі і ўражанні блыталіся ў яго дзіўным чынам. То яму здавалася, што ён аблытаны сеткаю інтрыг, з якой вызваліць яго можа толькі Вакульскі. Або што ён цяжка хворы, і толькі Вакульскі здольны яго даглядаць. Або што ён памрэ і пакіне збяднелую дачку, ад якое ўсе адвярнуліся, і паклапаціцца пра яе мог бы толькі Вакульскі. Нарэшце, ён падумаў, як добра мець уласную каляску, гэткую ж зручную і лёгкую, як тая, на якой ён едзе, і каб ён папрасіў, дык Вакульскі падараваў бы яе яму.

“Страшная спёка!” – прамармытаў пан Тамаш.

Коні спыніліся перад домам, пан Тамаш выйшаў, фурману нават не кіўнуў і адразу пайшоў наверх. Ён ледзь валок цяжкія ногі, а калі трапіў у свой кабінет, упаў у фатэль, не здымаючы капелюша і гэтак застаўся сядзець, чым моцна здзівіў слугу, які палічыў за лепшае паклікаць паненку.

– Відаць, весткі добрыя, – звярнуўся ён да панны Ізабэлы, – бо ясны пан нешта… нібы крыху таго…

Панна Ізабэла, якая з удаванай абыякавасцю, але з моцным непакоем чакала бацьку ды вынікаў аўкцыёну, пайшла ў кабінет настолькі хутка, наколькі гэта дазвалялі правілы добрага тону. Бо яна ніколі не забывалася, што панне з яе прозвішчам нельга паказваць жывыя пачуцці нават пры пагрозе банкруцтва. Але яе панаванне над сабою не падманула Мікалая, які па чырвоных плямах на твары здагадаўся, якая яна ўзрушаная, і ён яшчэ раз ціха паўтарыў:

– О! Добра ўсё, мусіць, бо ясны пан… таго…

Панна Ізабэла наморшчыла прыгожы лоб і бразнула дзвярыма кабінета. Яе бацька ўсё яшчэ сядзеў з капелюшом на галаве.

– Што, тата? – з лёгкім незадавальненнем запыталася яна, зазіраючы яму ў пачырванелыя вочы.

– Бяда… галеча!.. – адказаў пан Тамаш і марудным рухам зняў капялюш. – Страціў трыццаць тысяч рублёў…

Панна Ізабэла збялела і апусцілася на скураны шэзлонг.

– Нягоднік жыд, ліхвяр, настрашыў канкурэнтаў, перакупіў адваката і…

– Дык мы ўжо нічога не маем?.. – прашаптала яна.

– Чаму нічога?.. У нас трыццаць тысяч рублёў, а з іх дзесяць тысяч рублёў працэнтаў… Высакародны той Вакульскі!.. Каб ты ведала, як ён сёння мною апекаваўся…

– Навошта яму было апекавацца?

– У мяне быў невялікі ўдар ад гарачыні ды хвалявання.

– Які ўдар?..

– Кроў ударыла мне ў галаву… Але ўжо прайшло… Нягоднік жыд… ну, але Вакульскі, кажу табе, гэта нешта звышчалавечае…

Ён заплакаў.

– Тата, што з табою?.. Я пайду па лекара… – выгукнула панна Ізабэла і ўкленчыла перад фатэлем.

– Нічога, нічога… супакойся… Я падумаў толькі, каб я памёр, дык Вакульскі – гэта адзіны чалавек, якому мог бы даверыць…

– Не разумею…

– Ты хацела сказаць, што не пазнаеш мяне, праўда? Дзівіць цябе, што я твой лёс мог бы даверыць купцу? Але бачыш… калі ў няшчасці адны згаварыліся супраць нас, а іншыя пакінулі нас, ён паспяшаўся на дапамогу, можа, нават жыццё мне ўратаваў… Мы, гіпертонікі, часам надта блізка аціраемся а смерць… Дык пакуль ён са мною няньчыўся, я падумаў, хто б сумленна мог паклапаціцца пра цябе? Бо ні Яанна, ні Гартэнзія, ніхто… Толькі багатыя сіроты знаходзяць апекуноў…

Панна Ізабэла заўважыла, што да бацькі паволі вяртаюцца сілы, і ён ужо лепш валодае сабою. Яна паднялася з каленяў ды прысела на шэзлонг.

– Дык, тата, якую ж ролю прызначаеш ты гэтаму пану? – спытала яна халодна.

– Ролю?.. – ён уважліва паглядзеў на яе. – Ролю… дарадцы… сябра дому… апекуна… Апекуна таго маёнтачка, які табе застаўся…

– О, з гэтага пункту гледжання я даўно ўжо яго ацаніла. Гэта чалавек энергічны і адданы нам… Зрэшты, гэта няважна… – дадала яна праз момант. – А як, тата, скончылася справа з камяніцаю?

– Я ж табе кажу, латруга жыд даў дзевяноста тысяч, дык нам засталося трыццаць. А як пачцівы Вакульскі будзе плаціць мне з гэтае сумы дзесяць тысяч… Трыццаць тры працэнты, уяві сабе.

– Як гэта трыццаць тры? – перапыніла яго панна Ізабэла. – Дзесяць тысяч – гэта дзесяць працэнтаў…

– Што ты! Дзесяць ад трыццаці – гэта значыць трыццаць тры працэнты. Працэнт жа азначае: pro cent – “за сто”, разумееш?

– Не разумею, – адказала панна Ізабэла і страсянула галавою. – Я разумею, што дзесяць – значыць дзесяць, зрэшты, калі на купецкай мове дзесяць называецца трыццаць тры, дык няхай так і будзе.

– Бачыш, ты не разумееш. Зараз я табе растлумачу, але я гэтак стаміўся, што трэба мне крыху падрамаць…

– Можа, паслаць па лекара? – спытала панна Ізабэла, падымаючыся.

– Барані Божа!.. – гучна прамовіў пан Тамаш, махаючы рукамі. – Каб я бегаў па лекарах, дык, пэўна, даўно б ужо памёр…

Панна Ізабэла больш не настойвала, яна пацалавала бацьку ў руку і ў лоб ды задуменна пайшла да сябе ў будуар.

Непакой, які мучыў яе ўжо некалькі дзён – як скончыцца аўкцыён? – развеяўся без следу. Яны маюць яшчэ дзесяць тысяч рублёў гадавых і трыццаць тысяч рублёў гатоўкі?.. Дык можна ехаць на Парыжскую выставу, потым, можа, у Швейцарыю, а на зіму – зноў у Парыж. Не! На зіму яны вернуцца ў Варшаву, каб ладзіць прыёмы ў сябе, як раней. А калі знойдзецца нейкі заможны чалавек, не стары і не брыдкі (не такі, як барон ці маршалак, брр!..), нарэшце, не нуварыш і не дурань… (ну, неразумным хай сабе будзе, у іх таварыстве разумны толькі Ахоцкі, ды і той дзівак!)… калі знойдзецца гэткі кандыдат у мужы, панна Ізабэла наважыцца нарэшце…

“Дзіўны тата з тым Вакульскім!” – падумала панна Ізабэла, праходжваючыся па сваім кабінеце.

“Вакульскага мне ў апекуны!.. Вакульскі можа быць вельмі добрым дарадцам, упаўнаважаным, зрэшты, апекуном маёнтка… Але тытул апекуна можа насіць толькі князь, хоць бы наш кузін і даўні сябра сям’і!..”

Яна хадзіла па пакоі з кутка ў куток са скрыжаванымі на грудзях рукамі, і раптам ёй стукнула ў галаву: чаго гэта бацька сёння так расчуліўся гэтым Вакульскім?.. З дапамогаю якой чарадзейнае сілы гэты чалавек, што стаў ужо сваім ва ўсім яе атачэнні, адолеў апошні бар’ер – бацьку?.. Яе бацька, пан Тамаш Ленцкі, плакаў… Ён, з вачэй якога пасля смерці маці не ўпала аніводнае слязінкі…

“Мушу, аднак, прызнаць, што ён вельмі добры чалавек, – падумала яна. – Росі не быў бы гэтак задаволены Варшаваю, каб не старанні Вакульскага. Ну, але ж маім апекуном, нават у самым кепскім выпадку, ён не будзе… Што да маёнтка, дык менавіта – няхай ім кіруе, але апекуном!.. Бацька, відаць, зусім саслабеў, калі дадумаўся да падобнае камбінацыі…”

А шостай вечара панна Ізабэла, якая была ў салоне, пачула званок, а потым – сярдзіты голас Мікалая з вітальні:

– Я ж казаў заўтра прыходзіць, бо сёння пан хворы.

– А што мне рабіць, калі пан, як мае грошы, дык хворы, а як стане здаровы, дык не мае грошай?.. – адказаў іншы голас з лёгкаю картавасцю.

У гэты момант у вітальні зашамацела жаночая сукенка, і пачуўся голас панны Фларэнтыны, якая казала:

– Ціха!.. Дзеля Бога, ціха!.. Няхай пан Шпігельман прыйдзе заўтра… Пану Шпігельману вядома ж, што грошы ёсць…

– Якраз таму я сёння і прыходжу ўжо трэці раз. А заўтра прыйдуць іншыя, і мне зноў чакай…

Кроў ударыла ў галаву панне Ізабэле, якая, сама добра не разумеючы, што робіць, нечакана выйшла ў вітальню.

– Што тут такое? – запыталася яна ў панны Фларэнтыны.

Мікалай паціснуў плячыма і на дыбачках пайшоў у кухню.

– Гэта я тут, панна графіня… Давід Шпігельман, – адказаў дробны чалавечак з чорнаю барадою і ў чорных акулярах. – Я да пана графа прыйшоў па невялікай справе…

– Каханая Бэла… – пачала было панна Фларэнтына, выказваючы намер вывесці кузінку.

Але панна Ізабэла адвяла яе рукі і, калі ўбачыла, што кабінет бацькі вольны, загадала ўвайсці туды Шпігельману.

– Пачакай, Бэла, што ты робіш?.. – стрымлівала яе панна Фларэнтына.

– Я хачу даведацца, нарэшце, праўду, – прамовіла панна Ізабэла.

Яна зачыніла дзверы, села ў фатэль і, пазіраючы ў акуляры Шпігельмана, запыталася:

– Якая справа ў пана да майго бацькі?

– Перапрашаю, панна графіня, – адказаў жыд з паклонам, – гэта невялічкая справа. Я толькі хачу атрымаць свае грошы.

– Колькі?

– Назбіраецца, можа, з восемсот рублёў…

– Атрымае пан заўтра.

– Перапрашаю, панна графіня, але я ўжо паўгода кожны тыдзень атрымліваю толькі гэтае “заўтра”, а не бачу ані працэнтаў, ані капіталу.

Панна Ізабэла адчула, што няма чым дыхаць, сэрца ў яе затахкала. Але яна авалодала сябою.

– Пан жа ведае, што мой бацька атрымаў трыццаць тысяч рублёў… Апроч таго (казала яна, сама не ведаючы навошта), мы будзем мець дзесяць тысяч штогод… Грошы пана не прападуць. Пан гэта разумее, спадзяюся?

– Адкуль дзесяць? – спытаў жыд і смела падняў галаву.

– Як гэта, адкуль? – адказала яна абурана. – Працэнты з нашага капіталу…

– З трыццаці тысяч?.. – перапытаў жыд і ўсміхнуўся, мяркуючы, што яго дураць.

– Так.

– Перапрашаю, панна графіня, – іранічна адказаў Шпігельман, – я даўно займаюся грашыма, але такога працэнту ніколі не сустракаў. З трыццаці тысяч пан граф можа мець тры тысячы пры вельмі няпэўнай іпатэцы. Але што мне… Мая справа вярнуць свае грошы. Бо як заўтра прыйдуць іншыя, дык яны зноў будуць лепшыя за Давіда Шпігельмана, а калі пан граф рэшту аддасць на працэнты, дык мне давядзецца чакаць год…

Панна Ізабэла ўскочыла з фатэля.

– Я пана запэўніваю, што заўтра атрымаеш грошы! – выгукнула яна ганарліва.

– Слова? – спытаў жыд, з прыемнасцю разглядаючы яе.

– Слова даю, што заўтра вы ўсе атрымаеце належнае… Усе. І да апошняга гроша!

Жыд пакланіўся да зямлі і, адступаючы назад, выйшаў з кабінета.

– Пагляджу, як панна графіня стрымае слова… – прамовіў ён на парозе.

Стары Мікалай зноў быў у вітальні і з такою грацыяй адчыніў дзверы перад Шпігельманам, што той ужо з лесвіцы закрычаў:

– Чаго пан гэтак расхадзіўся, пане камердынер?

Збялелая ад гневу панна Ізабэла пабегла ў спальню бацькі. Дарогу ёй заступіла панна Фларэнтына.

– Супакойся, Бэла, – прасіла яна, складаючы рукі, – бацька гэтакі хворы…

– Я запэўніла гэтага чалавека, што ўсе даўгі будуць заплачаны, і яны мусяць быць заплачаны… Нават каб нам давялося адмовіцца ад паездкі ў Парыж…

Пан Тамаш у пантофлях і без сурдута павольна праходжваўся па спальні, калі ўвайшла дачка. Яна заўважыла, што бацька выглядае вельмі мізэрна, што ў яго апушчаныя плечы, абвіслыя сівыя вусы і апухлыя павекі, што ён згорбіўся, як старац. Але гэтае назіранне ўтрымала яе толькі ад рэзкасці, а не ад намеру ўсё высветліць.

– Перапрашаю цябе, Бэла, што бачыш мяне ў гэтакім негліжэ… Што здарылася?..

– Нічога, тата, – адказала яна стрымана. – Быў тут нейкі жыд…

– Ах, пэўна, той Шпігельман… Дакучлівыя яны, халера, як камары ў лесе!.. – выгукнуў пан Тамаш, хапаючыся за галаву. – Няхай заўтра прыходзіць.

– Менавіта, ён прыйдзе ды… іншыя…

– Добра… вельмі добра… Я даўно ўжо збіраўся разлічыцца з імі… Ну, дзякуй Богу, крыху адпусціла спёка…

Панну Ізабэлу непакоіла абыякавасць бацькі і ягоны кепскі выгляд. Ёй здавалася, што з раніцы ён састарэў на некалькі гадоў. Яна села на крэсла, безуважна абвяла пакой вачыма і спытала:

– Шмат ім тата павінны?

– Няшмат… Драбяза… Некалькі тысяч рублёў…

– Гэта тыя даўгі, пра якія казала цётка, што іх нехта выкупіў?..

Пан Ленцкі спыніўся сярод пакоя, шчоўкнуў пальцамі ды выгукнуў:

– А каб іх!.. Пра тыя я насмерць забыўся…

– Дык у нас больш даўгоў?..

– Так… Так… Крыху больш… Мяркую, тысяч пяць або дзесяць… Я папрашу пачцівага Вакульскага, каб ён з гэтым разабраўся…

Панна Ізабэла міжвольна здрыганулася.

– Шпігельман кажа, – прамовіла яна праз момант, – што з нашай сумы нельга атрымаць дзесяць тысяч рублёў працэнтаў. Найбольш – тры тысячы, і тое на вельмі няпэўнай іпатэцы.

– Ён мае рацыю – на іпатэцы нельга, але гандаль не іпатэка… Гандаль можа даваць трыццаць ад трыццаці… Але… адкуль гэта Шпігельман ведае пра нашы працэнты? – запытаўся пан Тамаш крыху насцярожана.

– Гэта я сказала яму выпадкова, – растлумачыла панна Ізабэла і пачырванела.

– Шкада, што ты яму сказала… вельмі шкада!.. Пра такія рэчы лепш не казаць…

– Што тут кепскага? – ціха спытала яна.

– Кепскага?.. Ну, нічога кепскага, Божа… Але заўсёды лепш, калі людзі не ведаюць ні крыніцы даходу, ні які ён… Барон ды і сам маршалак не мелі б рэпутацыі мільянераў і філантропаў, каб іх сакрэты былі ўсім вядомыя…

– Чаму так, тата?

– Ты яшчэ дзіця, – прамовіў крыху заклапочаны пан Тамаш. – Ты ідэалістка… мне не хацелася цябе ўразіць… Але ж ты разумніца. Барон, заўваж, мае нейкія справы з ліхвярамі, а заможнасць маршалка – гэта, у асноўным, шчасце пагарэльца, ну… і крыху гандаль быдлам падчас севастопальскае вайны…

– Дык вось якія яны, прэтэндэнты на маю руку… – прашаптала панна Ізабэла.

– Гэта нічога не значыць, Бэля!.. У іх ёсць грошы і вялікі крэдыт, а гэта галоўнае, – супакойваў яе пан Тамаш.

Панна Ізабэла страсянула галавою, нібы жадаючы адагнаць прыкрыя думкі.

– Дык мы, тата, не паедзем у Парыж?

– Чаму, дзіця маё, чаму?..

– Калі тата заплаціць пяць або шэсць тысяч тым жыдам…

– А! Не бойся. Я папрашу Вакульскага, каб ён выстараўся мне патрэбную суму пад пяць або сем працэнтаў, і мы будзем плаціць нейкіх рублёў чатырыста гадавых. Ну, а маем жа мы дзесяць тысяч.

Панна Ізабэла апусціла галаву, яна ціха вадзіла пальцамі па стале і думала.

– Тата, – запыталася яна праз пару хвілін, – ты не баішся Вакульскага?..

– Я?.. – крыкнуў пан Тамаш і ўдарыў сабе кулаком у грудзі. – Я баюся Яанны, Гартэнзіі, нават нашага князя і, зрэшты, усіх іх разам, але не Вакульскага. Каб ты бачыла, як ён сёння абціраў мяне адэкалонам… А з якою трывогаю ён пазіраў на мяне!.. Гэта самы шляхетны чалавек, якога я сустракаў у жыцці… Тут не ў грашах справа, ён на мне нажывацца не хоча, яму патрэбна сяброўства… Бог мне яго паслаў, ды яшчэ ў такую хвіліну, калі… калі я пачынаю адчуваць, што набліжаецца старасць, а можа… і смерць…

Пры гэтых словах у пана Тамаша задрыжалі павекі, з-пад якіх зноў выкацілася некалькі слязінак.

– Тата, ты хворы!.. – закрычала спалоханая панна Ізабэла.

– Не, не!.. Гэта спёка, хваляванне і, галоўнае… расчараванне ў людзях. Падумай толькі, ці прыйшоў хто да нас сёння?.. Ніхто. Бо яны думаюць, што мы ўжо ўсё страцілі… Яанна баіцца, каб я не прыйшоў да яе пазычаць на заўтрашні абед… Тое самае і барон, і князь… Яшчэ барон, калі даведаецца, што засталося ў нас трыццаць тысяч, прыйдзе сюды… з-за цябе. Бо падумае: каб і ажаніўся з табою без пасагу, дык не давялося б яму траціцца на мяне… Але супакойся, варта ім пачуць, што ў нас дзесяць тысяч рублёў гадавых, усе яны вернуцца, і ты зноў, як раней, будзеш каралеваю ў сваім салоне… Божа, які я сёння знерваваны!.. – казаў пан Тамаш, выціраючы слёзы з вачэй.

– Я пашлю па лекара, тата?..

Бацька задумаўся.

– Няхай ужо заўтра, заўтра… Можа, само пройдзе да заўтра…

У гэты момант пастукаліся ў дзверы.

– Хто там?.. Што там?.. – спытаў пан Тамаш.

– Пані графіня прыехала, – пачуўся з калідора голас панны Фларэнтыны.

– Яася?! – радасна здзівіўся пан Тамаш. – Ідзі ж да яе, Бэльця… Я мушу крыху прыадзецца… Магу закласціся, што яна ўжо ведае пра трыццаць тысяч… Ідзі ж, Бэля… Мікалай!..

Ён замітусіўся па спальні, збіраючы сваю вопратку, а тым часам панна Ізабэла выйшла да цёткі, якая ўжо чакала ў салоне.

Графіня, убачыўшы панну Ізабэлу, адразу кінулася да яе з абдымкамі.

– Які Бог добры, – загаманіла яна, – што паслаў вам гэтулькі шчасця! Падобна, Тамаш узяў за камяніцу дзевяноста тысяч, і твой пасаг ацалеў?.. Хто б мог падумаць…

– Бацька, цётачка, спадзяваўся ўзяць больш, і толькі нейкі жыд, пакупнік, перашкодзіў канкурэнтам, – адказала трохі кранутая за жывое панна Ізабэла.

– Ах, дзіця маё, ты яшчэ не пераканалася ў непрактычнасці бацькі. Ён можа выдумляць, што дом варты мільёнаў, а я тым часам ведаю ад людзей кампетэнтных, што варты ён не больш за семдзясят з нечым тысяч. Прынамсі, камяніцы апошнім часам штодня прадаюцца на аўкцыёне, дык вядома, колькі якая каштуе. Зрэшты, няма тут пра што казаць, бацька няхай думае, што яго ашукалі, а ты, Бэля, маліся за здароўе таго жыда, які даў дзевяноста тысяч… Дарэчы, ты ведаеш, што Казік Старскі вярнуўся?

Твар панны Ізабэлы запунсавеў.

– Калі і адкуль? – спытала яна крыху сарамліва.

– Цяпер з Англіі, а раней быў у Кітаі. Як заўсёды – прыгажун. Ён едзе да бабкі, якая, здаецца, пакідае яму маёнтак.

– Гэта па суседстве з цётачкаю?

– Менавіта пра гэта я і хацела пагаварыць. Ён з гэткаю цікавасцю распытваў пра цябе, дык я, мяркуючы, што ты ўжо вылечылася, хіба, ад сваіх капрызаў, параіла яму заўтра вас наведаць.

– Як добра!.. – узрадавалася панна Ізабэла.

– Вось бачыш!.. – адказала графіня, цалуючы яе. – Цётка заўсёды думае пра цябе. Гэта выдатная партыя, усё можа атрымацца, бо Тамаш мае капіталік, якога павінна яму хапіць, а Казік чуў, што цётка Гартэнзія не забылася на цябе ў сваім тастаменце. Ну, я падазраю, што Старскі мае трохі даўгоў. Але таго, што яму застанецца ад маёнтка бабкі, ды з тым, што ты можаш атрымаць у спадчыну ад Гартэнзіі, павінна вам на нейкі час хапіць. А пазней – пабачым. Ён яшчэ мае дзядзьку, ты маеш мяне, дык дзецям вашым галеча не пагражае.

Панна Ізабэла моўчкі пацалавала руку цёткі. У гэту хвіліну яна была гэткая прыгожая, што графіня схапіла яе і са смехам пацягнула да люстэрка, кажучы:

– Вось, калі ласка, заўтра гэтак жа выглядай, дык сама пераканаешся – у сэрцы Казіка адкрыюцца зарубцаваныя раны. Шкада, што ты яго адпрэчыла тады!.. Было б у вас сёння больш на сто або і на сто пяцьдзясят тысяч рублёў… Уяўляю, колькі грошай бедны хлапчына мусіў траціць ад роспачы. Але, але… Гэта праўда, што вы з бацькам едзеце ў Парыж?

– Збіраемся.

– Калі ласка, Бэля, – папрасіла цётка, – не рабі гэтага. Бо я хачу прапанаваць вам правесці канец лета ў мяне. І ты мусіш гэта зрабіць, з увагі на Старскага. Ты ж разумееш, што малады хлапец у вёсцы будзе нудзіцца, марыць. Вы зможаце бачыцца штодня, і будуць спрыяльныя ўмовы прывязаць яго да сябе, нават… абавязаць…

Панна Ізабэла залілася чырванню і апусціла прыгожую галаву.

– Цётачка, – прашаптала яна.

– Ах, дзіця маё, толькі не баўся са мною ў дыпламатыю. Панна ў тваім веку ўжо павінна выйсці замуж і, галоўнае, не паўтараць ранейшых памылак. Казік – цудоўная партыя. Ён не надакучыць табе занадта хутка, ну… а каб і надакучыў, дык… ужо будзе мужам, таму на шмат якія рэчы мусіў бы глядзець паблажліва, як і ты. Дзе бацька?

– Бацьку трохі нездаровіцца…

– Божа мілы!.. Хіба, занадта ўзрушыла яго неспадзяванае шчасце…

– Бацька захварэў, бо якраз разгневаўся на таго жыда…

– Вечна ў яго нейкія ілюзіі! – адказала графіня і паднялася з канапы. – Зазірну да яго на хвілінку абмеркаваць вашы вакацыі. А што да цябе, Бэля, дык я спадзяюся, ты здолееш выкарыстаць момант.

Пасля паўгадзіннае таемнае нарады з панам Тамашам графіня развіталася з пляменніцай і яшчэ раз параіла падумаць пра Старскага.

Не было і дзявятай, як пан Тамаш, насуперак сваім звычкам, лёг спаць, а панна Ізабэла паклікала да сябе ў пакой кузінку Фларэнтыну, каб пагаварыць.

– Ведаеш, Флора, – пачала яна, укладваючыся напаўлежачы ў шэзлонгу, – вярнуўся Казік Старскі і заўтра збіраецца прыйсці да нас.

– А!.. – вырвалася ў панны Фларэнтыны, нібы ёй было гэта вядома. – Дык ён ужо перастаў злавацца? – спытала яна.

– Пэўна… Зрэшты, я не ведаю… – усміхнулася панна Ізабэла. – Цётка кажа, што ён гэтакі ж прыгажун…

– І не вылазіць з даўгоў… Але ў каго сёння іх няма!

– Што б ты сказала, Флора, каб…

– Каб ты за яго выйшла?.. Вядома, павіншавала б вас абаіх. Але што скажа барон, маршалак, Ахоцкі і, галоўнае, Вакульскі?..

Панна Ізабэла рэзка паднялася.

– Дарагая мая, чаму ты зноў думаеш пра гэтага… Вакульскага?..

– Я пра яго не думаю, – адказала панна Фларэнтына, пальцы якой скублі тасьму сукенкі, – я толькі прыгадала, што ты сама казала яшчэ ў красавіку… што гэты чалавек больш за год пераследуе цябе сваімі позіркамі, што асочвае з усіх бакоў…

Панна Ізабэла засмяялася.

– А, я ўспомніла!.. Сапраўды, мне так здавалася… Цяпер, аднак, калі я з ім пазнаёмілася крыху лепш, я бачу, што ён не належыць да тае катэгорыі людзей, якіх трэба баяцца. Ён таемна закаханы ў мяне, гэта праўда, але гэтак жа ён будзе закаханы нават тады, калі я выйду за… замуж… Такім закаханым, як Вакульскі, дастаткова позірку, поціску рукі…

– Ты ўпэўненая?

– Абсалютна. Зрэшты, я пераканалася: тое, што я прымала за сілкі, тлумачыцца карысцю. Бацька пазычае яму трыццаць тысяч рублёў і, хто ведае, ці не былі ўсе ягоныя захады скіраваныя на гэта…

– А калі не? – запыталася панна Фларэнтына, працягваючы скубці тасьму сваёй сукенкі.

– Дарагая мая! – абурылася панна Ізабэла. – Навошта табе псаваць мне настрой?

– Ты сама казала, што тыя людзі ўмеюць цярпліва чакаць, расстаўляць сілкі, нават усім рызыкаваць і парушаць усе нормы…

– Але не Вакульскі.

– Успомні барона.

– Барон абразіў яго публічна.

– А цябе перапрасіў.

– Ах, Флора, прашу цябе, не назаляй мне!.. – раззлавалася панна Ізабэла. – Ты з купчыка робіш дэмана, можа, таму што… гэтулькі страцілі мы на камяніцы… што бацька хворы і што… Старскі вярнуўся…

Панна Фларэнтына памкнулася была нешта сказаць, але стрымалася.

– Дабранач, Бэля, – прамовіла яна. – Можа, і маеш ты рацыю…

І яна выйшла.

Цэлую ноч панне Ізабэле сніўся Старскі, як яе муж, Росі – як першы платанічны каханак, Ахоцкі – як сябра, а Вакульскі – як фінансавы дарадца. А дзясятай раніцы разбудзіла яе панна Фларэнтына і паведаміла, што прыйшоў Шпігельман ды яшчэ нейкі жыд.

– Шпігельман?.. Ах, праўда!.. Я і забылася на яго. Скажы, каб зайшоў пазней… Ці ўстаў тата?

– Устаў гадзіну таму. Я ўжо сказала яму пра жыдоў, і ён просіць, каб ты напісала ліст Вакульскаму…

– Навошта?

– Каб ён меў ласку прыйсці апоўдні і заплаціць па рахунках тым жыдам.

– Сапраўды, нашы грошы ў Вакульскага, – прамовіла панна Ізабэла. – Але мне лепш не пісаць яму пра такія рэчы. Напішы ты, Флора, ад імя бацькі… Вось тут папера на маім стале…

Панна Фларэнтына пачала пісаць ліст, а панна Ізабэла – апранацца. Паведамленне пра жыдоў падзейнічала на яе, як халодная вада, а думка пра Вакульскага занепакоіла.

“Дык мы насамрэч не можам абысціся без гэтага чалавека?.. – пытала яна сама ў сябе. – Ну, калі ў яго нашы грошы, дык, вядома, ён мусіць плаціць нашы даўгі…”

– Папрасі, каб ён прыйшоў як мага хутчэй… Бо калі гэтых абрыдлых жыдоў заспее ў нас Старскі…

– Ён даўно ўжо знаёмы з імі лепш за нас, – ціха сказала панна Флора.

– Усё ж гэта жахліва. Ты не ўяўляеш сабе, якім тонам размаўляў учора са мною той… той…

– Шпігельман, – падказала панна Фларэнтына. – О, гэта рызыкант…

Яна запячатала ліст і пайшла з ім у вітальню, каб выправіць жыдоў, якія яшчэ чакалі там. Панна Ізабэла ўкленчыла перад алебастраваю фігуркаю Маці Божае і пачала прасіць, каб пасланец застаў Вакульскага дома, каб Старскі не сутыкнуўся ў іх з жыдамі.

Алебастравая Маці Божая пачула просьбы панны Ізабэлы, бо праз гадзіну пасля снядання Мікалай уручыў ёй тры лісты.

Адзін быў ад цёткі, графіні. Яна паведамляла, што сёння паміж другою і трэцяю гадзінамі на кансіліум да бацькі прыйдуць лекары, а Казік Старскі ад’язджае сёння ўвечары і можа зайсці да іх у любы момант.

“Памятай жа, дарагая Бэльця, – заканчвала свой ліст цётка, – ты мусіш зрабіць усе, каб хлапец думаў пра цябе і ў дарозе, і ў вёсцы, куды вы з бацькам праз некалькі дзён прыедзеце. Я ўжо пастаралася, і ў Варшаве ён не пабачыў аніводнае панны. І ў вёсцы таксама не спаткае (апроч цябе, душа мая) аніводнае кабеты. Хіба сваю бабку, пачцівую старшынёву, ды яе малацікавых унучак”.

Панна Ізабэла злёгку скрывіла вусны, ёй не падабаўся гэты прымус.

– Цётка гэтак мяне пратэжыруе, – звярнулася яна да панны Фларэнтыны, – нібы я ўжо безнадзейная… Не падабаецца мне гэта!

І прыгажосць Казіка Старскага крыху прыгасла для яе.

Другі ліст быў ад Вакульскага, які паведамляў, што будзе да паслугаў а першай гадзіне.

– Калі ты загадала прыйсці жыдам, Флора?

– У гадзіну.

– Дзякуй Богу! Абы ў гэты час не завітаў да нас Старскі, – прамовіла панна Ізабэла і ўзяла ў рукі трэці ліст. – Які знаёмы почырк… Чый жа гэта, Флора?

– Ты не пазнаеш? – зірнула на канверт панна Фларэнтына. – Кшэшоўскае…

Ад гневу твар панны Ізабэлы пачырванеў.

– Ах, праўда! – выгукнула яна і кінула ліст на стол. – Прашу цябе, Флора, адпраў гэта назад і наверсе напішы: “не чытанае”. Чаго яна хоча, гэта пачварная кабета!..

– Ты лёгка можаш даведацца, – ціха прамовіла панна Фларэнтына.

– Не, не і… не!.. Я не жадаю ніякіх лістоў ад гэтае нязноснай бабы… Пэўна, зноў нейкія зласлівыя абгаворы, бо нічога іншага яна не піша… Прашу цябе, Флора, зараз жа адпраў гэты ліст і… Або, зрэшты, зірні, што яна там піша… Апошні раз прыму яе крамзолі…

Панна Фларэнтына паволі распячатала канверт і пачала чытаць. Паступова цікаўнасць на яе абліччы саступала месца здзіўленню, а потым і збянтэжанасці.

– Не варта мне гэтага чытаць, – ціха сказала яна і аддала ліст панне Ізабэле.

“Дарагая панна Ізабэла! – пісала баранеса. – Каюся, бо сваім ранейшым абыходжаннем я магла заслужыць непрыязь Пані і выклікаць гнеў міласэрнага Бога, які гэтак апякуецца Вамі. Таму я бяру назад усе свае словы, падаю ніцма перад Табою, дарагая Пані, і малю, каб прабачыла мне. Бо ці не доказ ласкі Неба – гэты Вакульскі, пасланы Вам? Чалавек гэткі ж недасканалы, як і ўсе іншыя, стаў прыладаю ў руцэ Найвышэйшага, каб пакараць мяне, а Вас узнагародзіць. Бо мала таго, што параніў у двубоі майго мужа (якому таксама няхай Бог прабачыць усе прыкрасці, якія ён мне зрабіў), але яшчэ і набыў камяніцу, у якой згасла маё каханае дзіцятка, і, пэўна, загадае мне больш плаціць за арэнду. А Вы не толькі бачыце маё гора, але і атрымалі на дваццаць тысяч рублёў больш, чым была вартая камяніца.

У адказ на маю скруху, дарагая Пані, май ласку выстарацца ў вяльможнага Вакульскага (які, не ведаю за што, гневаецца на мяне), каб ён прадоўжыў са мною кантракт на далейшыя гады і каб ягоныя празмерныя патрабаванні не выгналі мяне з таго дому, дзе мая адзіная дачка скончыла сваё жыццё. Рабіць гэта, аднак, належыць асцярожна, бо Вакульскі, з прычын невядомых мне, не жадае, каб пра яго набытак гаварылі. Ён не толькі выкарыстаў ліхвяра Шлянгбаўма замест таго, каб самому (як сумленнаму чалавеку) купіць камяніцу, дык яшчэ, жадаючы заплаціць на дваццаць тысяч больш, прывёў у суд падстаўных аўкцыянераў. Навошта такая таямнічасць? Вам гэта лепш ведаць, панства, бо вы ўжо, пэўна, размясцілі ў яго свой капіталік. Невялікі ён, праўда, але, дзякуючы ласцы Божай (гэткай відавочнай) і ўсім вядомай абаротлівасці Вакульскага, прынясе ён, пэўна, добрыя працэнты, якія залагодзяць Панству прыкрасць іх ранейшага існавання. Звяртаючыся да сэрца дарагое Пані і пакідаючы нашы ранейшыя дачыненні на суд несумненнае справядлівасці Божае, застаюся заўсёды верная, хоць і пагарджаная, ваша кузінка ды ўкленчаная слуга.

Кшэшоўская”.

Чытаючы, панна Ізабэла збялела, як папера. Яна ўстала з-за стала, склала ліст і замахнулася, нібы з намерам шпурнуць яго некаму ў твар. Раптам яна спалохалася і хацела нібы ўцячы ці паклікаць каго, але абдумалася і пайшла да бацькі.

Пан Ленцкі ў пантофлях і палатняным шлафроку ляжаў на канапе і чытаў “Кур’ер”. Ён вельмі чула прывітаў дачку, а калі тая села, уважліва паглядзеў на яе і спытаў:

– Ці ў пакоі мала святла, ці мне здаецца, што паненка не ў гуморы?..

– Нешта мне неспакойна на душы.

– Я заўважыў. Гэта ад спёкі. А ты павінна сёння, – дадаў ён і паківаў пальцам, – павінна сёння, жартаўніца, добра выглядаць, бо той Казік, як казала мне ўчора твая цётка, кавалер…

Панна Ізабэла маўчала, бацька правіў сваё:

– Праўда, хлопец трохі баламут, лётае па свеце, мае крыху даўгоў, але – малады, прыгожы, ну і шалее за табою. Яанна спадзяецца, што старшынёва затрымае яго ў вёсцы на некалькі тыдняў, а ты ўжо мусіш пастарацца з астатнім… І ведаеш, можа, някепска было б… Прозвішча добрае… маёнтак сякі-такі назбіраецца з розных кавалкаў… Да таго ж, чалавек ён свецкі, усе яго прымаюць, нават герой у нейкім сэнсе, калі праўда, што ён абплыў увесь зямны шар.

– Я атрымала ліст ад Кшэшоўскае, – спыніла яго панна Ізабэла.

– О! Што ж тая вар’ятка піша?

– Яна піша, што наш дом купіў не Шлянгбаўм, а Вакульскі, і што выкарыстаў падстаўных аўкцыянераў, каб даць за яго на дваццаць тысяч рублёў больш, чым той быў варты.

Яна з цяжкасцю прамаўляла гэта, з трывогаю пазіраючы на бацьку, бо баялася яго рэакцыі. Але пан Тамаш толькі прыўзняўся на канапе і шчоўкнуў пальцамі:

– Чакай!.. Чакай!.. Ведаеш, гэта можа быць праўдай…

– Як! – ускочыла з крэсла панна Ізабэла. – Дык ён насмеліўся б нам падараваць дваццаць тысяч, а тата гэтак спакойна гаворыць пра тое?..

– Спакойна, бо каб я пачакаў з продажам, дык узяў бы не дзевяноста, а сто дваццаць тысяч…

– Але ж чакаць мы не маглі, бо камяніцу выставілі на аўкцыён…

– Вось! Мы не маглі чакаць і страцілі, а Вакульскі можа чакаць і нажыўся.

Панне Ізабэле пасля гэтае заўвагі стала крыху спакайней.

– Дык тата не бачыць ніякага дабрадзейства з ягонага боку?! Бо ўчора тата так гаварыў пра Вакульскага, нібы адчуваў сябе ў яго ўладзе…

– Ха-ха-ха!.. – зарагатаў пан Тамаш. – Ты цудоўная… бясцэнная. Учора я быў трохі ўсхваляваны, нават моцна, і… што ж… што ж… набраў сабе ў галаву… А сёння… Ха-ха-ха! Нават калі Вакульскі і пераплаціў за камяніцу. Ён жа купец, ён разумее, што і за колькі купляць. Страціць на адным, заробіць на іншым. Чаго мне крыўдаваць, што ён удзельнічае ў аўкцыёне маёй уласнасці… Хоць можна падазраваць нейкі нячысты інтарэс у выкарыстанні Шлянгбаўма, напрыклад…

Панна Ізабэла сардэчна абняла бацьку.

– Так, – згадзілася яна. – Тата мае рацыю. Я не ўсё разумела. Выкарыстанне жыдоў падчас куплі – найлепшы доказ: гэты пан, гуляючы ў прыязнасць, робіць свае справы…

– Вядома! – пацвердзіў пан Тамаш. – Хіба ты не можаш зразумець такую простую рэч? Ён, можа, і някепскі чалавек, але ж купец… купец!..

У вітальні разлёгся гучны званок.

– Гэта, пэўна, ён. Я выйду, тата, і пакіну паноў сам-насам.

Яна выйшла са спальні бацькі, але ўбачыла, што ў вітальні замест Вакульскага ажно тры жыды, якія гучна спрачаліся з Мікалаем ды паннай Фларэнтынаю. Яна ўцякла ў залу, а ў галаве круцілася: “Божа! Чаму ж ён не ідзе…”

У сэрцы яе бушавала бура пачуццяў. Панна Ізабэла, калі падтаквала бацьку, разумела, аднак, што гэта няпраўда: Вакульскі не зарабіў на камяніцы, а страціў, і ўсё толькі дзеля таго, каб паправіць іх фатальнае становішча. І, прызнаючы гэта, яна адчувала нянавісць:

“Нягоднік! Нягоднік! – шаптала яна. – Як ён наважыўся…”

Тым часам у вітальні жыды ўсчалі сапраўдную сварку з паннаю Фларэнтынаю. Яны заявілі, што не скрануцца з месца, пакуль не атрымаюць грошы, што панна графіня дала ім учора слова… А калі Мікалай пачаў выпіхваць іх за дзверы, пачалі сварыцца на яго:

– Гэта разбой!.. Гэта ашуканства!.. Грошы панства браць умеюць і ўмеюць казаць тады: мой каханы пане Давід!.. А як трэба…

– Што тут робіцца? – пачуўся ў гэты момант новы голас.

Жыды сцішыліся.

– Што тут такое? Што пан тут робіць, пане Шпігельман?

Панна Ізабэла пазнала голас Вакульскага.

– Я – нічога… Кланяюся ў ногі вяльможнаму пану… Мы па справе да пана графа… – апраўдваўся зусім іншым тонам гэткі крыклівы хвіліну таму Шпігельман.

– Загадалі нам панства прыйсці сёння па грошы, – патлумачыў іншы жыд.

– Сама панна графіня дала ўчора слова, што сёння з намі ўсімі разлічацца да апошняга гроша…

– Гэтак і будзе, – спыніў яго Вакульскі. – Я – упаўнаважаны пана Ленцкага, і сёння а шостай разлічуся з вамі ў сваёй канторы.

– Справа не пільная… Чаго вяльможнаму пану гэтак турбавацца…– адказаў Шпігельман.

– Прашу прыйсці а шостай да мяне, а Мікалай няхай нікога тут па справах не прымае, пакуль пан хворы.

– Разумею, вяльможны пане!.. А пан наш чакае ў спальні, – сказаў Мікалай.

І, калі Вакульскі пайшоў, ён выпхнуў жыдоў за парог са словамі:

– Пайшлі, пархатыя!.. Прэч!

– Ну!.. Ну!.. Чаго пан гэтак злуецца?.. – бурчэлі моцна збянтэжаныя жыдкі.

Пан Тамаш прывітаў Вакульскага ўзрушана, рукі ў яго крыху дрыжалі, а галава трэслася.

– Ну, бачыш, – казаў ён, – што гэтыя жыды вырабляюць… Галганы гэткія!.. Прыходзяць дадому… палохаюць мне дачку…

– Я загадаў ім прыйсці а шостай у маю кантору і, з дазволу пана, я разлічуся з імі. Ці вялікая сума? – спытаў Вакульскі.

– Драбяза, не вартая ўвагі… Тысяч пяць-шэсць рублёў…

– Пяць-шэсць тысяч? – перапытаў Вакульскі. – Яны ўтрох гэтулькі пазычылі пану?

– Не. Ім я павінны каля двух тысяч, можа, крыху болей… Але, скажу табе, пане Станіславе (бо гэта нейкая авантура!) нехта ў сакавіку выкупіў мае даўнія вэксалі. Хто? Я не ведаю. Аднак хачу быць гатовы на ўсялякі выпадак.

Твар Вакульскага пасвятлеў.

– Няхай пан, – параіў ён, – разлічваецца з даўгамі ў адпаведнасці з тым, як будуць з’яўляцца крэдыторы. Сёння збудзем тых, у каго больш даўнія вэксалі. Дык гэта разам ад двух да трох тысяч?..

– Так, так… Ну, але, калі ласка, пане Станіславе, што за фатальны лёс!.. Ты даеш мне за паўгода пяць тысяч… Ці меў ласку прынесці грошы?

– Вядома.

– Вельмі табе ўдзячны. Што за фатальны лёс, якраз у той час, як мы Бэльцяю і… з табою сабраліся ехаць у Парыж, жыды выдзіраюць у мяне з рук дзве тысячы! Вядома, з Парыжам нічога не атрымаецца.

– Чаму? – спытаў Вакульскі. – Я выплачу належную суму, і пан можа не чапаць сваіх працэнтаў. Смела можаце ехаць у Парыж.

– Бясцэнны!.. – выгукнуў пан Тамаш, кідаючыся да яго з абдымкамі. – Бо бачыш, мой дарагі, – дадаў ён, крыху супакоіўшыся, – я тут думаў, ці не мог бы ты мне знайсці пазыку, каб заплаціць даўгі жыдам, так… на сем, шэсць працэнтаў…

Вакульскі ўсміхнуўся з фінансавае наіўнасці пана Тамаша.

– Што ж, – сказаў ён, не ў стане стрымаць весялосці, – будзе пан мець пазыку. Жыдам мы аддамо нейкія тры тысячы рублёў, а пан будзе плаціць працэнты… Колькі пан хоча?

– Сем… шэсць…

– Добра, – згадзіўся Вакульскі. – Пан будзе плаціць сто восемдзясят рублёў працэнтаў, а капітал застанецца некрануты.

Пан Тамаш ужо невядома які раз заміргаў, з-пад павек зноў выкацілася пару слязінак.

– Высакародны, шляхетны!.. – казаў ён, абдымаючы Вакульскага. – Бог цябе паслаў…

– Мяркуе пан, што я мог зрабіць іначай?.. – ціха прамовіў Вакульскі.

Пачуўся стук. Увайшоў Мікалай і паведаміў, што прыйшлі лекары.

– Ага!.. – выгукнуў пан Тамаш. – Гэта сястра прыслала мне тых паноў. Божа! Ніколі я не лячыўся, а сёння… Прашу цябе, пане Станіславе, ідзі цяпер да Бэлі… Мікалай, паведамі паненцы пра пана Вакульскага.

“Вось мая ўзнагарода… Маё жыццё!..” – падумаў Вакульскі, ідучы за Мікалаем. У вітальні ён сустрэў двух знаёмых яму лекараў і горача рэкамендаваў ім заапекавацца панам Тамашам.

У салоне яго чакала панна Ізабэла. Яна была крыху бледная, але ад гэтага яшчэ больш прыгожая. Ён павітаўся з ёю і вясёлым тонам пачаў гаварыць:

– Я вельмі рады, што пані спадабаўся вянок для Росі.

Ён спыніўся. Яго ўразіў асаблівы выраз твару панны Ізабэлы, якая пазірала на яго крыху здзіўлена, нібыта бачыла першы раз у жыцці.

Хвіліну абое маўчалі, нарэшце, панна Ізабэла страсянула нейкую пылінку з шэрае сукенкі і спытала:

– Дык гэта пан купіў нашу камяніцу?

Яна прымружыла вочы і пільна глядзела на яго.

Вакульскі быў гэтак здзіўлены, што ў першы момант яму заняло мову. Яму здавалася, што раптам у яго спыніўся працэс мыслення. Ён збялеў, потым пачырванеў, нарэшце, апрытомнеў і адказаў прыцішаным голасам:

– Так. Я купіў.

– Навошта пан падставіў жыдоў на аўкцыёне?

– Навошта?.. – перапытаў Вакульскі, пазіраючы на яе, як спалоханае дзіця. – Навошта?.. Я, пані ведае, купец і… гэткае ўкладанне капіталу магло б зашкодзіць майму крэдыту…

– Пан даўно ўжо цікавіцца нашымі справамі. Мне здаецца, у красавіку… так, у красавіку купіў пан наш сервіз... – усё тым жа тонам працягвала панна Ізабэла.

Гэты тон ацверазіў Вакульскага, ён узняў галаву і суха адказаў:

Панства можа выкупіць у мяне сервіз у любы момант.

Цяпер панна Ізабэла апусціла вочы. Вакульскі заўважыў гэта і зноў збянтэжыўся.

– Дык навошта пан гэта зрабіў? – спытала яна ціха. – Чаму пан гэтак нас… пераследуе?

Можна было падумаць, што яна заплача. Вакульскі страціў апошняе панаванне над сабою.

– Я панства пераследую?! – прамовіў ён не сваім голасам. – Дзе вы знойдзеце слугу… не!… сабаку… больш адданага за мяне?.. Я два гады ўжо толькі і думаю, як прыбраць у вас з дарогі кожны каменьчык…

У гэты момант пазванілі. Панна Ізабэла здрыганулася. Вакульскі змоўк.

Мікалай адчыніў дзверы ў салон і абвясціў:

– Пан Старскі.

Адразу ж на парозе з’явіўся мужчына сярэдняга росту, зграбны, асмуглы, з невялікімі фаварытамі і вусікамі ды крышку пляшывы. Фізіяномію ён меў вясёлую і, адначасова, іранічную. З парога ён пачаў:

– Як жа я рады, кузінка, што магу зноў цябе прывітаць!..

Панна Ізабэла моўчкі падала яму руку, моцная чырвань заліла яе твар, а ў вачах з’явілася летуценнасць.

Вакульскі адступіў да століка ў кутку. Панна Ізабэла прадставіла паноў:

– Пан… Вакульскі… Пан Старскі…

Прозвішча Вакульскага было вымаўлена так, што Старскі злёгку кіўнуў галавою і сеў да яго бокам. Вакульскі, у сваю чаргу, падсеў да маленькага століка ля сцяны і пачаў гартаць альбом.

– Кузін, падобна, вяртаецца з Кітая? – запыталася панна Ізабэла.

– Зараз – з Лондана, і мяне не пакідае ўражанне, што я яшчэ на караблі, – адказаў Старскі, які досыць выразна калечыў польскае вымаўленне.

Панна Ізабэла пачала гаварыць па-англійску.

– Я спадзяюся, што кузін гэтым разам забавіцца ў краі даўжэй.

– Гэта будзе залежаць… – таксама па-англійску адказаў Старскі і вачыма паказаў на Вакульскага. – Хто гэта?

– Упаўнаважаны майго бацькі. Ад чаго будзе залежаць?..

– Думаю, кузінцы не варта пытацца, – усміхнуўся малады чалавек. – Гэта будзе залежыць ад шчодрасці маёй бабкі…

– Цудоўна… А я спадзявалася на камплімент…

– Падарожнікі не гавораць кампліментаў, бо яны ведаюць, што на кожнай геаграфічнай шыраце кампліменты дыскрэдытуюць мужчыну ў вачах кабеты.

– У Кітаі зрабіў кузін гэта адкрыццё?

– У Кітаі, у Японіі, а перадусім у Еўропе.

– І збіраецца пан карыстацца гэтым прынцыпам у Польшчы?

– Паспрабую. І, калі дазволіш, кузінка, у тваім таварыстве. Бо, падобна, нам разам давядзецца правесці вакацыі. Так?

– Прынамсі, гэтак хочуць цётка і бацька. Але якая мне радасць будзе з таго, што кузін пачне практыкавацца ў сваіх этнаграфічных адкрыццях.

– Гэта толькі помста з майго боку.

– Ах, дык вайна?.. – запыталася пана Ізабэла.

– Сплата даўніх даўгоў можа прывесці да згоды.

Вакульскі з гэткаю ўвагаю разглядаў альбом, што жылы набрынялі яму на лбу.

– Але помста не вядзе да згоды, – адказала панна Ізабэла.

– Не помста, а толькі напамін, што я крэдытор кузінкі.

– Дык гэта я мушу плаціць даўнія даўгі?.. – засмяялася панна Ізабэла. – А кузін не марнаваў часу ў падарожжы.

– Хацеў бы я не змарнаваць яго на вакацыях, – адказаў Старскі, са значэннем зазіраючы ёй у вочы.

– Гэта будзе залежаць ад метадаў помсты, – прамовіла панна Ізабэла і зноў запунсавела.

– Ясны пан просіць пана! – прамовіў Мікалай, які з’явіўся на парозе салона.

Размова спынілася. Вакульскі закрыў альбом, устаў з крэсла, пакланіўся панне Ізабэле і Старскаму ды павольна пайшоў следам за слугою.

– Гэты пан не разумее па-англійску? Ён не абразіцца, што мы не размаўлялі з ім? – спытаў Старскі.

– О, не, – адказала панна Ізабэла.

– Тым лепш, бо мне здалося, яму не даспадобы наша таварыства.

– Вось ён і пакінуў яго, – абыякава заўважыла панна Ізабэла.

Ужо ў другім пакоі Вакульскі звярнуўся да Мікалая:

– Прынясі мой капялюш з залы.

Мікалай узяў капялюш і панёс яго ў спальню пана Тамаша. У вітальні ён пачуў, як Вакульскі, аберуч сціскаючы галаву, шэпча:

– Божа міласэрны!..

Калі Вакульскі ўвайшоў у пакой пана Тамаша, лекараў там ужо не было.

– Ну, уяві сабе, – жвава загаманіў пан Ленцкі, – які фатум!.. Кансіліум забараніў мне ехаць у Парыж і пад пагрозаю смяротнага пакарання загадаў ехаць у вёску. Слова гонару, не ведаю, дзе схавацца ад гэтае спёкі. Але і на цябе яна таксама дзейнічае, бо ты неяк змяніўся… Горача тут, праўда?

– О, так. З дазволу пана, – сказаў Вакульскі, выцягваючы з кішэні тоўсты пакет, – я аддам грошы.

– Э… сапраўды…

– Тут пяць тысяч рублёў. Працэнты да паловы студзеня. Няхай пан мае ласку палічыць. А тут распіска.

Пан Ленцкі некалькі раз пералічыў стос новых сторублёвак і падпісаў дакумент. Потым ён адклаў пяро і сказаў:

– Добра. Гэта адно… А цяпер, што тычыцца даўгоў…

– Сума ад двух да трох тысяч рублёў, якую пан вінны жыдам, будзе сёння выплачаная…

– Але я прашу цябе, пане Станіславе, я не хачу задарма… Прашу, каб ты вельмі дакладна адлічыў сабе працэнты…

– Ад ста дваццаці да ста васьмідзесяці рублёў гадавых.

– Так, так… – падтакваў пан Тамаш. – Але, каб… але каб спатрэбілася мне яшчэ нейкая сума, дык магу я звярнуцца да цябе?

– Другую палову працэнтаў атрымае пан у палове студзеня, – адказаў Вакульскі.

– Я гэта ведаю. Але, бачыш, пане Станіславе, каб спатрэбілася мне частка майго капіталу… Не задарма, разумееш… Я ахвотна заплачу працэнты…

– Шэсць? – удакладніў Вакульскі.

– Так, шэсць… сем.

– Не, пане. Пану капітал прыносіць трыццаць тры працэнты гадавых, дык я не магу пазычаць пад сем…

– Добра. У такім выпадку хай застаецца мой капітал, але… бачыш… можа ў мяне, аднак, нешта здарыцца…

– Забраць свой капітал пан можа нават у сярэдзіне студзеня наступнага году.

– Барані Божа!.. Я свой капітал не забяру ў цябе нават праз дзесяць гадоў…

– Але я ўзяў капітал пана толькі на год…

– Як?.. Чаму?.. – ад здзіўлення пан Тамаш вырачыў вочы.

– Таму, што я не ведаю, што будзе праз год. Не кожны год справы ідуць аднолькава добра.

– А, дарэчы, – прамовіў пан Тамаш праз хвіліну прыкрага маўчання, – у горадзе кажуць, што гэта ты, пане Вакульскі, купіў мой дом?..

– Так, пане, я купіў дом. Але праз паўгода я магу пану адступіць яго на карысных умовах.

Пан Ленцкі адчуў, як чырванее ў яго твар. Не жадаючы, аднак, паказваць сваю паразу, ён вяльможным тонам запытаўся:

– І колькі б ты хацеў адступнога, пане Вакульскі?..

– Ніколькі. Аддам пану за дзевяноста тысяч, нават… магу танней…

Пан Тамаш на крок адступіў, развёў рукі, потым упаў у свой вялікі фатэль, і зноў некалькі слязінак пабегла па яго твары.

– Сапраўды, пане Станіславе, – казаў ён, злёгку хліпаючы, – я бачу, што найлепшыя стасункі… могуць сапсаваць грошы… Ці ж я злуюся на цябе, што ты купіў гэты дом?.. Ці папракаю цябе?.. А ты размаўляеш са мною, нібы абразіўся.

– Перапрашаю пана, – спыніў яго Вакульскі. – Гэта праўда, я крыху ўсхваляваны… Пэўна, з-за спякоты…

– О, пэўна! – выгукнуў пан Тамаш, падымаючыся з фатэля і паціскаючы яму руку. – Дык… прабачым адзін аднаму непрыемныя словы… Я на цябе не гневаюся, бо ведаю… што такое спёка…

Вакульскі развітаўся з ім і зайшоў у салон. Старскага ўжо там не было, панна Ізабэла сядзела адна. Яна паднялася, калі ўбачыла яго, твар яе быў ужо больш пагодны.

– Пан сыходзіць?

– Якраз зайшоў развітацца.

– А пра Росі пан не забудзецца? – спытала яна з лёгкаю ўсмешкаю.

– О, не. Я распараджуся, каб аддалі яму вянок.

– Пан не сам яго ўручыць?.. Чаму?..

– Сёння ўночы я еду ў Парыж, – адказаў Вакульскі.

Ён пакланіўся і выйшаў.

Хвіліну панна Ізабэла пастаяла ў задуменні, потым пабегла ў пакой бацькі.

– Што гэта, тата? Вакульскі развітаўся са мною вельмі холадна і сказаў, што сёння ўночы ён едзе ў Парыж.

– Што?.. Што?.. Што?.. – закрычаў пан Тамаш, хапаючыся за галаву. – Ён насамрэч абразіўся…

– Ах… праўда!.. Я нагадала яму пра пакупку нашае камяніцы…

– Хрысце!.. Што ж ты нарабіла?! А… усё прапала… Цяпер я разумею… Вядома, ён абразіўся… Ну, але хто мог думаць, што ён гэтакі крыўдлівы?.. А нібы звычайны купец!..


Загрузка...