Пачатак красавіка – гэта тая пара года, што служыць пераходам ад зімы да вясны. Снег ужо растаў, але яшчэ не відно зеляніны. Дрэвы чорныя, траўнікі шэрыя і неба шэрае: яно падобнае да мармуру са срэбнымі і залацістымі прожылкамі.
Пятая гадзіна надвячорку. Панна Ізабэла сядзіць у сваім кабінеце і чытае новы раман Заля “Une page d'amour”[63]. Чытае яна няўважліва, штохвілінна падымае вочы, глядзіць у акно і думае нешта такое: галіны дрэваў чорныя, а неба шэрае. Зноў чытае, разглядае кабінет і зноў абыякава адзначае, што блакітная абіўка мэблі і яе блакітны шлафрочак маюць нейкае шэрае адценне, а фестоны белае фіранкі падобныя да вялікіх ледзяшоў. У тую ж хвіліну яна забывае, пра што думала, і пытае сама ў сябе: “Пра што гэта я думала? А, праўда, пра велікодную квесту... ”[64] І раптам з’яўляецца жаданне праехацца ў карэце, але адразу ж ёй робіцца крыўдна, што неба гэткае шэрае, а залацістыя прожылкі на ім такія вузенькія... Мучыць яе нейкае трымценне, нейкае няяснае чаканне, але яна сама не разумее, чаго чакае: ці каб хмары разышліся, ці каб увайшоў лёкай і падаў ліст з запрашэннем на велікодную квесту. Ужо так мала часу засталося, а яе яшчэ не клікалі.
Яна зноў чытае раман, той раздзел, калі ў зорную ноч пан Рамбо рамантаваў паламаную ляльку малое Жанны. Элен залівалася слязьмі ад беспрычыннае тугі, а абат Жуў раіў ёй, каб выйшла замуж. Панна Ізабэла адчувае гэтую тугу і, хто ведае, каб у той момант на небе паказаліся зоркі замест хмар, ці не заплакала б яна гэтаксама, як Элен. Ужо так мала дзён засталося да квесты, а яе не клічуць. Тое, што паклічуць, яна ведае, але чаго яны марудзяць?..
“Бывае, што кабеты, якія, здаецца, так горача шукаюць Бога, – гэта няшчасныя істоты, сэрца якіх поўнае жарсці. Яны ідуць у касцёл, каб там абагаўляць мужчыну,” – казаў абат Жуў.
“Пачцівы абат, як ён стараўся супакоіць гэтую няшчасную Элен!” – думае панна Ізабэла і раптам адкладае кніжку. Абат Жуў нагадаў ёй, што яна ўжо два месяцы гафтуе пас для касцельнага званка і яшчэ не скончыла. Яна падымаецца з фатэля і падсоўвае да акна столік з пяльцамі, скрыначкаю рознакаляровага ядвабу і ўзорам, потым развінае пас і пачынае рупліва вышываць на ім ружы і крыжы. Пад уплывам працы ў сэрцы абуджаецца надзея. Хто гэтак, як яна, служыць касцёлу, той не можа быць забыты падчас велікоднае квесты. Яна выбірае ядвабную нітку, зацягвае яе ў іголку і шые далей. Вока бегае ад узору да гафту, рука ходзіць угору-ўніз, а ў думках пачынае нараджацца пытанне пра касцюм на квесту і ўбор на Вялікдзень. Гэтае пытанне хутка забірае ўсю яе ўвагу, туманіць вочы і затрымлівае руку. Сукня, капялюш, накідка і парасон – усё павінна быць новае, а ўжо так мала часу засталося, і не толькі нічога не замоўлена, але нават не абрана!..
Тут яна прыгадвае, што яе сервіз і срэбра ўжо ў ювеліра, што нават знайшоўся нейкі пакупнік, і сёння або заўтра яго прададуць. Панна Ізабэла адчувае, як сціскаецца сэрца, бо ёй шкада сервізу і срэбра, але робіцца крыху лягчэй, калі яна згадвае пра квесту і новыя строі. Трэба, каб яны былі вельмі прыгожыя, але якія?..
Яна адсоўвае пяльцы і са століка, на якім ляжаць Шэкспір, Дантэ, альбом еўрапейскіх славутасцяў, а таксама некалькі часопісаў, бярэ “La Moniteur de la Mode” ды пачынае гартаць з найвялікшаю засяроджанасцю. Вось убор для абедаў, вось веснавыя ўборы паненкам, паннам, сталым кабетам, маладзіцам ды іх маткам, а вось сукні на візіты, прыёмы, шпацыры, вось шэсць новых капелюшоў рознае формы, з дзясятак тканін, мноства колераў… Што ж тут абраць? Божа!.. Не варта прымаць рашэнне без папярэдняе нарады з паннай Фларэнтынай і з мадысткаю…
Панна Ізабэла незадаволена адкладае модны часопіс і ўладкоўваецца ў шэзлонгу напаўлежачы. Рукі, складзеныя як на малітву, яна абапірае на парэнчы, галаву схіляе на рукі, і глядзіць на неба летуценнымі вачыма. Квеста на Вялікі Тыдзень, новыя ўборы, хмары на небе – усё мяшаецца ў яе галаве, але верх бярэ шкадаванне сервізу і лёгкі сорам за тое, што прадае яго.
“Ах, нічога!” – кажа яна сама сабе і зноў прагне, каб хмары разышліся хоць на хвіліну. Але хмары наплываюць яшчэ больш, а ў сэрцы ўзмацняюцца туга, сорам і непакой. Позірк яе падае на столік каля шэзлонга і на малітоўнік, апраўлены ў слановую косць. Панна Ізабэла бярэ ў рукі кнігу і паволі, старонка за старонкаю, пачынае шукаць малітву “Acte de résignation”[65], знаходзіць яе і пачынае чытаць:
“Que votre nom soit béni à jamais, bien qui avez voulu m’éprover par cette peine”[66]. Пакуль яна чытае, неба святлее, а пры апошніх словах: “…et d’attendre en paix votre divin secours”[67] – хмары разыходзяцца, і паказваецца лапік яснае сінечы. Кабінет панны Ізабэлы напаўняецца святлом, а душа яе – спакоем. Цяпер яна ўжо не сумняваецца, што малітва пачутая, і ў яе будзе самы прыгожы ўбор ды самы лепшы касцёл для квесты.
У гэты момант дзверы кабінета ціха адчыняюцца. На парозе з’яўляецца панна Фларэнтына – высокая, апранутая ў чорнае, нясмелая – яна трымае двума пальцамі ліст і ціха кажа:
– Ад пані графіні.
– Ах, гэта з нагоды квесты, – адказвае панна Ізабэла з чароўнаю ўсмешкаю. – Ты цэлы дзень не заходзіла да мяне, Флора.
– Не хачу табе перашкаджаць.
– Нудзіцца?.. – пытае панна Ізабэла. – Хто ведае, ці не весялей было б нам нудзіцца ў адным пакоі.
– Ліст… – кажа нясмелая асоба ў чорнай сукенцы і працягвае яго панне Ізабэле.
– Я ведаю, пра што ён, – спыняе яе панна Ізабэла. – Пасядзі трохі ў мяне і, калі не справіць гэта табе клопату, прачытай мне гэты ліст.
Панна Фларэнтына нясмела сядае ў фатэль, далікатна бярэ са століка ножык і з вялікаю асцярожнасцю разразае канверт. Яна кладзе на столік ножык, потым – канверт, разгортвае паперу і ціхім меладычным голасам чытае ліст, напісаны па-французску:
“Дарагая Бэла! Прабач, што звяртаюся ў справе, вырашаць якую маеце права толькі ты і твой бацька. Я ведаю, дарагое дзіця, што ты пазбываешся сервізу і срэбра, бо сама, зрэшты, мне пра гэта казала. Ведаю я таксама і тое, што знайшоўся пакупнік, які прапануе вам пяць тысяч рублёў, а гэта, паводле майго меркавання, мала, хоць у цяперашні час цяжка спадзявацца на большае. Пасля размовы, аднак, наконт гэтага з Кшэшоўскаю, я пачынаю непакоіцца, каб цудоўныя фамільныя каштоўнасці не перайшлі ў нявартыя іх рукі.
Мне б хацелася гэта прадухіліць, дык я прапаную табе, калі згодзішся, тры тысячы рублёў пазыкі пад заклад памянёнага сервізу і срэбра. Мяркую, што цяпер лепш яму захоўвацца ў мяне, калі твой бацька мае такія клопаты. Забраць зможаш, калі захочаш, а ў выпадку маёй смерці нават не трэба будзе вяртаць пазыку.
Я не навязваюся, а толькі прапаную. Разваж, як табе лепш, але перадусім падумай пра наступствы.
Наколькі я цябе ведаю, табе балюча было б пачуць, што нашыя фамільныя каштоўнасці ўпрыгожваюць стол нейкага банкіра або сталі часткаю пасагу ягонае дачкі.
Дасылаю табе тысячу пацалункаў.
Яанна.
Р. S. Уяві сабе, якое шчасце напаткала мой прытулак. Учора, калі я была ў краме гэтага славутага Вакульскага, дык закінула слоўца пра невялікае ахвяраванне сіротам. Спадзявалася на якія рублёў дзесяць-дваццаць, а ён, ці паверыш? ахвяраваў мне тысячу, літаральна – тысячу рублёў, ды яшчэ сказаў, што не наважыўся б скласці меншае сумы ў мае рукі. Некалькі такіх Вакульскіх, і, адчуваю, што ў старасці я зрабілася б дэмакраткаю”.
Панна Фларэнтына прачытала ліст і баялася падняць ад яго вочы. Нарэшце яна наважылася і паглядзела: панна Ізабэла сядзела ў шэзлонгу збялелая са сціснутымі рукамі.
– Што скажаш, Флора? – запыталася яна праз хвіліну.
– Я думаю, – ціха адказала тая, – што пані графіня ў пачатку ліста трапна вызначыла магчымасць свайго ўдзелу ў гэтай справе.
– Якая знявага! – прашаптала панна Ізабэла, нервова пастукваючы рукою па шэзлонгу.
– Знявага ў тым, каб прапанаваць тры тысячы рублёў пад заклад срэбра, і гэта ў той час, калі нехта чужы прапануе пяць тысяч… Іншай я не бачу.
– Як яна ставіцца да нас… Мы, хіба, сапраўды ўсё страцілі…
– Але ж, Бэла!.. – ажывілася панна Фларэнтына. – Якраз гэты прыкры ліст і даводзіць, што не страцілі ўсяго. Хоць цётка і паказвае нязносны характар, але яна ўмее ашчаджаць гора. Калі б вам пагражала галеча, вы б знайшлі ў ёй спагадлівую і далікатную суцяшальніцу.
– Дзякуй, абыдуся.
– І баяцца няма чаго. Заўтра мы атрымаем пяць тысяч рублёў, якіх хопіць на гаспадарчыя выдаткі на паўгода… ці хоць на квартал. Праз некалькі месяцаў…
– Прададуць з аўкцыёну нашу камяніцу…
– Звычайная фармальнасць, вось і ўсё. Нават на карысць вам, бо цяпер камяніца толькі абцяжарвае. Ну, і па цётцы Гартэнзіі ты атрымаеш у спадчыну каля ста тысяч рублёў. Зрэшты, – дадала пасля паўзы панна Фларэнтына, падымаючы бровы, – я таксама не ведаю, што і думаць, бо ў твайго бацькі магло застацца яшчэ шмат грошай. Усе так мяркуюць…
Панна Ізабэла прыўзнялася ў шэзлонгу і ўзяла панну Фларэнтыну за руку.
– Флора, – сказала яна ціха, – каму ты гэта кажаш?.. Дык ты і праўда лічыш мяне за паненку на выданні, якая нічога не бачыць і нічога не разумее?.. Думаеш, я не ведаю, – скончыла яна яшчэ цішэй, – што ўжо цэлы месяц грошы на ўтрыманне дому ты пазычаеш у Мікалая…
– Можа, бацька якраз і хоча гэтага…
– Можа, ён хоча таксама, каб ты кожную раніцу падкладала яму некалькі рублёў у партманетку?
Панна Фларэнтына зірнула ёй у вочы і паківала галавою.
– Ты шмат ведаеш, – адказала яна, – але не ўсё. Ужо два тыдні, можа, дзён з дзесяць, я бачу, што ў бацькі пачало з’яўляцца рублёў па пятнаццаць…
– Дык ён бярэ напавер…
– Не. Бацька ніколі не пазычае ў горадзе. Кожны крэдытор прыходзіць з грашыма сюды і ў яго кабінеце атрымлівае распіску пад працэнты. Табе гэта невядома было.
– Дык адкуль жа ў яго грошы?
– Я не ведаю. Бачу, што ёсць, і чую, што яны заўсёды ў яго былі.
– Чаму ж ён тады дазваляе прадаваць срэбра? – упарта дапытваецца панна Ізабэла.
– Можа, хоча пазлаваць радню.
– А хто выкупіў ягоныя вэксалі?
Панна Фларэнтына развяла рукі.
– Не Кшэшоўская выкупіла іх, – адказала яна, – гэта я ведаю дакладна. Дык, альбо цётка Гартэнзія, альбо…
– Альбо?
– Альбо сам бацька. Ты ж ведаеш, чаго ён толькі не зробіць, каб растрывожыць радню, а потым пасмяяцца…
– Навошта ж яму мяне, нас трывожыць?
– Ён думае, што ты спакойная. Дачка мусіць цалкам давяраць бацьку.
– Ах, так!.. – ціха прамовіла панна Ізабэла і задумалася.
Апранутая ў чорнае кузіна павольна паднялася з фатэля і ціхенька выйшла.
Панна Ізабэла ізноў пачала глядзець на свой пакой, які падаўся ёй выцвілым, на чорныя галіны, якія хісталіся за вакном, на пару вераб’ёў, якія шчабяталі, магчыма, пра пабудову гнязда, на неба, якое зрабілася аднастайна шэрым без адзінае яснае прожылкі. У яе памяці ізноў абудзіліся пытанні пра квесту і новыя ўборы, але яны здаліся ёй такімі дробнымі і такімі ледзьве не смешнымі, што, думаючы пра гэта, яна злёгку паціснула плячыма.
Непакоілі яе іншыя пытанні: можа, сапраўды, аддаць сервіз графіні, і – адкуль у бацькі грошы? Калі ён меў іх і раней, дык навошта дазволіў пазычаць у Мікалая?.. А калі не меў, дык якая крыніца цяперашніх ягоных прыбыткаў?.. Калі яна аддасць сервіз і срэбра цётцы, дык страціць магчымасць прадаць за добрыя грошы, а калі прадасць за пяць тысяч, дык фамільныя каштоўнасці, сапраўды, могуць трапіць у нявартыя рукі, як і пісала графіня.
Раптам гэтая плынь думак была перарваная: яе чуйнае вуха ўлавіла гукі з дальніх пакояў. Гэта былі мужчынскія крокі: размераныя, спакойныя. У салоне іх крыху прыглушаў дыван, у сталовым пакоі гук узмацніўся, а ў яе спальні – прыцішыўся, нібы нехта ступаў на пальцах.
– Прашу, тата, – азвалася панна Ізабэла, калі пачула стук у дзверы.
Увайшоў пан Тамаш. Яна прыўзнялася на шэзлонгу, але бацька не дазволіў ёй устаць. Ён абняў яе, пацалаваў у галаву і, перад тым як сесці каля яе, кінуў вокам у вялікае люстра на сцяне. Угледзеў там свой прыгожы твар, сівыя вусы, беззаганны цёмны жакет, адпрасаваныя штаны – быццам толькі што ад краўца – і ўпэўніўся, што ўсё добра.
– Я чуў, – сказаў ён дачцэ з усмешкаю, – што паненка атрымлівае карэспандэнцыю, якая псуе ёй настрой.
– Ах, тата, каб ты ведаў, якім тонам загаварыла цётка…
– Відавочна, тонам асобы, хворай на нервы. Ты за гэта не павінна на яе крыўдаваць.
– Каб толькі крыўда. Я баюся, што яна мае рацыю, і што наша срэбра сапраўды можа трапіць на стол нейкага банкіра.
Яна прытулілася галавою да бацькавага пляча. Пан Тамаш міжволі зіркнуў у невялікае люстэрка на століку і адзначыў, што яны разам у гэтую хвіліну ствараюць вельмі прыгожую кампазіцыю. Асабліва выразны быў кантраст паміж трывогаю на твары дачкі і ягоным уласным спакоем. Ён усміхнуўся.
– Сталы банкіраў!.. – паўтарыў ён. – Срэбра нашых продкаў бывала ўжо на сталах татараў, казакоў, бунтаўнікоў сялян, і гэта не толькі не зашкодзіла нашаму гонару, але нават прынесла славу. Хто змагаецца – той рызыкуе ўсё страціць.
– Трацілі з-за вайны і на вайне, – заўважыла панна Ізабэла.
– А цяпер няма вайны?.. Змянілася толькі зброя: замест касы або ятагана змагаюцца рублём. Яанна добра гэта разумела, калі прадавала не сервіз, а спадчынную сядзібу, або калі загадала разабраць на пабудову пуні руіны замку.
– Дык мы пераможаныя!.. – ціха прамовіла панна Ізабэла.
– Не, дзіця, – запярэчыў пан Тамаш і выпрастаўся. – Мы толькі цяпер пачынаем трыумфаваць і, бадай, ці не гэтага баіцца мая сястра і яе групоўка. Яны так моцна заснулі, што іх палохае кожная праява жыццёвае сілы, кожны мой адважны крок, – дадаў ён нібы сам сабе.
– Твой, тата?
– Так. Яны думалі, што я буду прасіць у іх дапамогі. Сама Яанна ахвотна зрабіла б мяне сваім павераным. А я падзякаваў ім за пенсію і зблізіўся з мяшчанствам. Тыя людзі сталі паважаць мяне, і гэта турбуе нашых. Яны спадзяваліся, што я сыду на другі план, а бачаць, што магу выйсці на першы.
– Ты, тата?
– Я. Маўчаў дагэтуль, бо не меў адпаведных выканаўцаў. А цяпер я знайшоў такога, што зразумеў мае ідэі, і пачынаю дзейнічаць.
– Хто ж гэта? – запыталася панна Ізабэла, здзіўлена пазіраючы на бацьку.
– Нейкі Вакульскі, купец, жалезны чалавек. З яго дапамогаю я збяру нашае мяшчанства, арганізую таварыства гандлю з Усходам і гэтак падыму прамысловасць…
– Ты, тата?
– І тады пабачым, хто выйдзе наперад, хоць бы падчас магчымых выбараў у гарадскую раду…
Панна Ізабэла слухала гэта з вялікімі вачыма.
– А ці той чалавек, – прамовіла яна ціха, – пра якога ты гаворыш, тата, не авантурыст, не аферыст які-небудзь?..
– Дык ты яго не ведаеш? – спытаў пан Тамаш. – Ён, між іншым, адзін з нашых купцоў.
– Краму я ведаю, вельмі багатая, – казала панна Ізабэла задуменна. – Ёсць там стары крамнік, які выглядае крыху дзівакавата, але ён надзвычай ветлівы… Ах, здаецца, некалькі дзён таму я пабачыла і гаспадара… Падобны да дзікуна…
– Вакульскі дзікун?.. – здзівіўся пан Тамаш. – Ён сапраўды трымаецца крыху нацягнута, але вельмі далікатны.
Панна Ізабэла страсянула галавою.
– Непрыемны чалавек, – адказала яна жвава. – Цяпер я прыгадала… Калі была ў аўторак у краме, дык спытала ў яго, колькі каштуе веер. Трэба было бачыць, як ён зірнуў на мяне! Нічога не адказаў, а толькі выцягнуў сваю вялізную чырвоную руку да крамніка (досыць элегантнага хлопца) і злосна прабурчаў: пане Мараўскі ці Мрачэўскі (я ўжо не памятаю), пані пытаецца пра кошт веера. А… нецікавага знайшоў тата супольніка!.. – засмяялася панна Ізабэла.
– Шалёнай энергіі чалавек, жалезны чалавек, – адказаў пан Тамаш. – Яны такія. Ты іх пабачыш, бо я збіраюся арганізаваць дома некалькі нарадаў. Усе арыгіналы, але гэты самы арыгінальны.
– Тата збіраецца прымаць гэтых паноў?..
– Мушу парадзіцца з некаторымі з іх. А што да нашых, – дадаў ён, гледзячы дачцэ ў вочы, – магу цябе запэўніць, калі яны даведаюцца, хто ў мяне бывае, дык ніхто не праміне ўжо нашага салону.
У гэты момант увайшла панна Фларэнтына і запрасіла на абед. Пан Тамаш падаў руку дачцэ, і яны ўтраіх перайшлі ў сталовы пакой, дзе ўжо стаяла супніца, а побач – Мікалай, апрануты ў фрак з шырокім белым гальштукам.
– Рассмяшыла мяне Бэла, – сказаў пан Тамаш, звяртаючыся да кузіны, якая налівала суп. – Уяві сабе, Флора, што Вакульскі зрабіў на яе ўражанне дзікуна. Ты ведаеш яго?
– Хто ж цяпер не ведае Вакульскага, – адказала панна Фларэнтына і падала Мікалаю талерку для пана. – Ну, ён не выглядае элегантна, але робіць уражанне…
– Пня з чырвонымі рукамі, – зарагатала панна Ізабэла.
– Ён мне нагадвае Тросці, памятаеш, Бэла, таго палкоўніка ў Парыжы, – сказаў пан Тамаш.
– А мне статую гладыятара ў момант трыумфу, – меладычна прамовіла панна Фларэнтына. – Памятаеш, Бэла, таго ў Фларэнцыі – з узнятым мячом? Твар суровы, нават дзікі, але прыгожы.
– А чырвоныя рукі?.. – спытала панна Ізабэла.
– Ён адмарозіў іх у Сібіры, – са значэннем сказала панна Фларэнтына.
– Што ж ён там рабіў?
– Пакутаваў за парывы маладосці, – адказаў пан Тамаш. – Гэта можна яму прабачыць.
– Ах, дык ён герой!..
– І мільянер, – дадала панна Фларэнтына.
– І мільянер? – перапытала панна Ізабэла. – Я пачынаю верыць, што тата зрабіў добры выбар, прымаючы яго супольнікам. Хоць…
– Хоць?.. – паўтарыў бацька.
– Што скажуць у свеце пра гэтую суполку?
– Хто мае сілу ў руках, у таго свет ля ног.
Мікалай якраз падаваў паляндвіцу, як з вітальні пачуўся званок. Стары слуга выйшаў і праз хвіліну вярнуўся з лістом на срэбным, а можа, і пасярэбраным падносе.
– Ад пані графіні, – паведаміў ён.
– Табе, Бэла, – сказаў пан Тамаш, які ўзяў ліст. – Дазволь мне пракаўтнуць гэтую новую пілюлю замест цябе.
Ён распячатаў ліст, пачаў яго чытаць і са смехам падаў яго панне Ізабэле.
– Вось, – выгукнуў ён, – уся Яанна ў гэтым лісце. Нервы, адны нервы!..
Панна Ізабэла адсунула ад сябе талерку і з непакоем прабегла ліст вачыма. Паступова яе твар праяснеў.
– Слухай, Флора, – сказала яна, – бо гэта цікава, што піша цётка:
“Дарагая Бэла! Забудзь, анёлак, пра мой папярэдні ліст. Зрэшты, мяне зусім не абыходзіць твой сервіз, а калі будзеш ісці замуж, знойдзем табе іншы. Але мне галоўнае, каб ты квеставала толькі са мною, і менавіта пра гэта я збіралася напісаць табе ў папярэднім лісце, а не пра сервіз. Бедныя мае нервы! Калі не хочаш іх дарэшты расстроіць, дык мусіш згадзіцца на маю просьбу.
Труна Гасподняя ў нашым касцёле будзе цудоўная. Мой пачцівы Вакульскі дае фантан, штучных птушак, катрынку, якая будзе граць адны класічныя рэчы і шмат дыванаў. Гозэр[68] дашле кветкі, аматары наладзяць канцэрт – арган, скрыпка, віяланчэль і спевы. Я ў захапленні, але калі б сярод усіх гэтых цудаў не было цябе, я б захварэла. Дык згода?.. Абдымаю і цалую цябе тысячу разоў, з любоўю, цётка Яанна.
Postscriptum. Заўтра едзем у краму замовіць табе веснавы касцюм. Памерла б, каб ты яго не прыняла”.
Панна Ізабэла ззяла. Гэты ліст быў ажыццяўленнем усіх яе надзей.
– Вакульскі непараўнальны! – рагатаў пан Тамаш. – Штурмам здабыў Яанну, якая не толькі не будзе выгаворваць мне за супольніка, але гатовая нават змагацца за яго са мною.
Мікалай падаў куранят.
– Ён мусіць, аднак, быць геніяльным чалавекам, – заўважыла панна Фларэнтына.
– Вакульскі?.. Ну не, – запярэчыў пан Тамаш. – Гэта чалавек шалёнае энергіі, але што тычыцца таленту камбінавання, дык я не скажу, каб ён ім валодаў.
– Мне здаецца, ён даводзіць гэта.
– Усё даводзіць толькі яго энергію, – адказаў пан Тамаш. – Здольнасць да камбінавання, геніяльны розум пазнаецца па іншым, хоць бы… па картачнай гульні. Я з ім даволі часта гуляю ў пікету, дзе неабходна камбінаваць. У выніку я прайграў нешта ад васьмі да дзесяці рублёў, а выйграў каля сямідзесяці, хоць і не запісваюся ў геніі! – дадаў ён сціпла.
Панна Ізабэла выпусціла відэлец. Яна збялела і схапілася за галаву з ціхім стогнам: “А!.. А!..”
Бацька і панна Фларэнтына падхапіліся з крэслаў.
– Што з табою, Бэла?.. – устрывожана запытаўся пан Тамаш.
– Нічога, – адказала яна, падымаючыся з-за стала. – Мігрэнь. Ужо гадзіну я адчуваю, як яна пачынаецца… Гэта нічога, тата…
Яна пацалавала бацьку ў руку і пайшла ў свой пакой.
– Раптоўная мігрэнь мусіла б зараз жа і суняцца, – сказаў пан Тамаш. – Ідзі да яе, Флора. Я ненадоўга выйду ў горад, бо мушу пабачыцца з некалькімі асобамі, але вярнуся рана. А ты паклапаціся пра яе, каханая Флора, я прашу цябе пра гэта, – працягваў пан Тамаш са спакойнаю фізіяноміяй чалавека, без загаду або просьбы якога нічога добрага не можа дзеяцца на свеце.
– Зараз я пайду да яе, толькі ўпарадкую тут усё, – адказала панна Фларэнтына, якой лад у доме быў справаю больш важнаю, чым мігрэнь, чыя б яна не была.
Ужо змрок агарнуў зямлю… Панна Ізабэла зноў адна ў сваім кабінеце. Яна ўпала на шэзлонг і прыкрыла рукамі вочы. З-пад каскаду тканіны, якая сплывала аж да падлогі, вытыркнуўся яе вузкі пантофель ды край панчохі, але гэтага ніхто не бачыць, і яна сама гэтага не заўважае. У гэтую хвіліну яе душу зноў апаноўвае гнеў, крыўда і сорам. Цётка яе перапрасіла, яна будзе квеставаць у самым лепшым касцёле, і ў яе будзе самы прыгожы ўбор, але, нягледзячы на ўсё, яна няшчасная… Яе адчуванні падобныя да тых, калі б у салоне, поўным людзей, яна, увайшоўшы, раптам заўважыла на сваім новым уборы вялізную тлустую пляму брыдкага колеру, нібы сукня запэцкалася дзесьці на кухонных сходах. Ад гэтай агіднай думкі ёй робіцца моташна.
Якое жахлівае становішча!.. Ужо месяц яны пазычаюць ва ўласнага лёкая, і ўжо каля дзесяці дзён яе бацька на свае дробныя выдаткі выйграе грошы ў карты… Выйграваць можна, панове выйграюць тысячы, але – не на асноўныя патрэбы, і перадусім не ў купцоў. Ах, каб можна было, яна б кінулася бацьку ў ногі і маліла не гуляць з гэтымі людзьмі, прынамсі, цяпер, калі ў іх такое цяжкае матэрыяльнае становішча. Праз некалькі дзён, калі атрымае грошы за свой сервіз, яна сама ўручыць бацьку некалькі сотняў рублёў, і папросіць прайграць іх таму пану Вакульскаму, каб аддзячыў яму яшчэ больш шчодра, чым яна сама аддзячыць Мікалаю за іхнія даўгі.
Але ці можна ёй гэтак рабіць і нават казаць пра гэта бацьку?..
“Вакульскі?.. Вакульскі?.. – шэпча панна Ізабэла. – Хто ж такі гэты Вакульскі, што сёння так нечакана паказаўся ёй з розных бакоў, у розных постацях. Якія ў яго справы з цёткаю, з бацькам?..”
І тут яна прыгадвае, што ўжо некалькі тыдняў чуе пра гэтага чалавека. Нейкі купец нядаўна ахвяраваў пару тысяч рублёў на дабрачыннасць, але яна забылася: гандлюе той дамскімі строямі ці футрамі. Потым казалі, што таксама нейкі купец падчас балгарскае вайны зарабіў шмат грошай, толькі яна не звярнула ўвагі, ці зарабіў шавец, у якога яна замаўляе чаравікі, ці яе цырульнік? А цяпер ужо ёй робіцца ясна, што той купец, які даў грошы на дабрачыннасць, і той, які зарабіў цэлы капітал – гэта адна асоба, што гэта якраз той Вакульскі, які яе бацьку прайграе ў карты і якога цётка, вядомая сваёй ганарлівасцю графіня, называе: “Мой пачцівы Вакульскі!..”
Яна нават прыгадвае сабе твар гэтага чалавека, які ў краме не пажадаў размаўляць з ёю, а толькі панура глядзеў, схаваўшыся за вялізныя японскія вазоны. Як ён на яе глядзеў…
Аднойчы ў парыве свавольства яна разам з паннай Фларэнтынай зайшла ў цукерню на кубачак шакаладу. Яны селі пры століку ля вакна, за якім сабраліся малыя галадранцы. Дзеці глядзелі на яе, на шакалад і на пірожныя з засяроджанай прагнасцю галодных звяркоў, і гэты купец гэтак жа на яе глядзеў.
Дрыжыкі прабеглі па скуры панны Ізабэлы. І ён можа стаць супольнікам яе бацькі?.. Супольнікам у якой справе?.. Як яе бацьку прыйшло ў галаву ствараць нейкае гандлёвае таварыства, выдумляць нешта такое, пра што ён ніколі раней нават не марыў?.. Ён хоча з дапамогаю мяшчанства стаць наперадзе арыстакратыі, хоча, каб яго абралі ў гарадскую раду, якой не было і няма?..
Але ж гэты Вакульскі, сапраўды, нейкі ці аферыст, ці махляр, якому патрэбна гучнае прозвішча дзеля шыльды. Бывалі такія выпадкі. Колькі ж цудоўных прозвішчаў нямецкае ды венгерскае шляхты ўблыталася ў вір гандлёвых аперацый, яна нават не разумее якіх, ды і бацька, хіба, не больш за яе.
Ужо зусім сцямнела. На вуліцы запаліліся ліхтары, іх святло трапляла ў кабінет панны Ізабэлы, малюючы на столі раму вакна і складкі фіранкі. Гэта нагадвала крыж на ясным фоне, які паволі засланяе хмара.
“Дзе гэта я бачыла такі крыж, такую хмару і святло?..” – задумалася панна Ізабэла. Яна пастаралася прыгадаць краявіды, што давялося бачыць, і ёй пачало нешта мроіцца.
Ёй здавалася, што яна едзе каляскаю па нейкай знаёмай мясцовасці. Наваколле нагадвае вялізны пярсцёнак, які ствараюць лясы і зялёныя горы, а яе каляска знаходзіцца на беразе пярсцёнка і з’язджае ўніз. А ці з’язджае яна? Бо нікуды не набліжаецца і ні ад чаго не аддаляецца, нібы стаіць на месцы. Але ўсё ж з’язджае, бо пра гэта сведчыць сонечны водбліск на лакіраванай паверхні каляскі, які, торгаючыся, паволі ссоўваецца назад. Зрэшты, чуваць ляскатанне… Гэта ляскатанне брычкі на вуліцы?.. Не, гэта грукочуць машыны, якія працуюць дзесьці ў глыбіні гэтага пярсцёнка з гор і лясоў. Відно там, унізе, нават нібы возера чорнага дыму і белае пары, ахопленае рамаю зеляніны.
Цяпер панна Ізабэла заўважае бацьку, ён сядзіць каля яе і ўважліва разглядае свае пазногці, час ад часу кідаючы вокам на краявід. Каляска па-ранейшаму стаіць на беразе пярсцёнка нібы нерухома, толькі водбліск сонца на лакіраваных дзверцах паволі пасоўваецца назад. Гэты ўяўны спачын або, можа, таемны рух надта непакоіць панну Ізабэлу. “Мы едзем ці стаім?” – пытае яна ў бацькі. Але бацька нічога не адказвае, нібы не заўважае яе. Ён разглядае свае дагледжаныя пазногці і часам кідае позірк на наваколле…
Потым (каляска па-ранейшаму трасецца і чуваць ляскатанне колаў) з глыбіні возера, поўнага чорнага дыму і белае пары, вынырвае да поясу постаць нейкага чалавека. У яго коратка стрыжаныя валасы, смуглявы твар, які нагадвае Тросці, палкоўніка стральцоў (а можа, гладыятара з Фларэнцыі?), і вялізныя чырвоныя рукі. Апрануты ён у засмоленую кашулю з падкасанымі вышэй локця рукавамі. У левай руцэ, прыціснутай да грудзей, у яго карты, раскінутыя веерам, а ў правай, узнятай над галавою, ён трымае адну карту, відавочна, каб кінуць яе на сядзенне каляскі. Рэшта постаці губляецца сярод дыму.
“Што ён робіць, тата?” – пытае спалоханая панна Ізабэла.
“Гуляе са мною ў пікету”, – адказвае бацька, які таксама трымае ў руках карты.
“Але ж гэта страшны чалавек, тата!”
“Нават такія не робяць нічога кепскага кабетам,” – адказвае пан Тамаш.
Толькі цяпер панна Ізабэла заўважае, што чалавек у кашулі глядзіць на яе нейкім асаблівым позіркам, па-ранейшаму трымаючы карту над галавою. Клубы дыму і пары ў даліне момантамі закрываюць ягоную расшпіленую кашулю ды суровае аблічча, хаваюць яго, ужо няма яго. Толькі сярод дыму пабліскваюць ягоныя вочы, а па-над дымам -- аголеная да локця рука. І карта.
“Што значыць гэтая карта, тата?” – пытае яна бацьку.
Але бацька спакойна глядзіць ва ўласныя карты і нічога не адказвае, быццам не бачыць яе.
“Калі ж мы нарэшце выедзем адсюль?..”
Але, хоць каляска трасецца, а сонца, якое адбіваецца ў дзверках, пасоўваецца назад, па-ранейшаму пад нагамі возера дыму, занураны ў ім чалавек, ягоная рука над галавою і – карта.
Панну Ізабэлу ахоплівае нервовая ўзбуджанасць, яна ліхаманкава стараецца засяродзіць думкі, напружвае памяць, каб адгадаць, што значыць карта, якую трымае гэты чалавек.
Ці гэта грошы, якія той прайграў яе бацьку ў пікету? Хіба, не. Можа, гэта ахвяраванне таварыству дабрачыннасці? І гэта не тое. Можа, тая тысяча рублёў, якую ён даў на цётчын сіроцкі прытулак, ці, можа, гэта чэк на фантан, птушак і дываны для ўпрыгожання Труны Гасподняе?.. Таксама не, нішто з гэтага яе не трывожыла б.
Паступова панну Ізабэлу апаноўвае жах. Можа, гэта вэксалі яе бацькі, якія нядаўна нехта выкупіў?.. Тады, як толькі атрымае грошы за срэбра і сервіз, яна сплаціць гэты доўг у першую чаргу і будзе вольная ад такога крэдытора. Але чалавек, ахутаны дымам, працягвае глядзець ёй у вочы і карты не кідае. Дык, можа... Ах!..
Панна Ізабэла зрываецца з шэзлонга, чапляцца ў цемры за пуфік і дрыжачымі рукамі звоніць. Яна звоніць другі раз – нікога няма, дык выбягае ў вітальню і ў дзвярах спатыкае панну Фларэнтыну. Тая хапае яе за руку і са здзіўленнем пытаецца:
– Што з табою, Бэла?..
Святло ў вітальні крыху вяртае панну Ізабэлу да прытомнасці. Яна ўсміхаецца.
– Прынясі, Флора, лямпу ў мой пакой. Тата дома?
– Хвіліну таму выехаў.
– А Мікалай?
– Зараз вернецца, ён пайшоў аддаць ліст пасланцу. Табе галава баліць мацней? – пытаецца панна Фларэнтына.
– Не, – усміхаецца панна Ізабэла. – Я задрамала, і нешта мне прымроілася.
Панна Фларэнтына бярэ лямпу, і яны разам з кузінаю ідуць у яе кабінет. Панна Ізабэла сядае на шэзлонг, закрывае рукою вочы ад святла і кажа:
– Ведаеш, Флора, я вырашыла не прадаваць сваё срэбра чужым. Сапраўды, можа трапіць Бог ведае ў чые рукі. Прысядзь, будзь ласкавая, да майго стала ды напішы цётцы, што… я прымаю яе прапанову. Няхай яна пазычыць нам тры тысячы рублёў і няхай возьме сервіз і срэбра.
Панна Фларэнтына глядзіць на яе ўражаная і нарэшце адказвае:
– Гэта немагчыма, Бэла.
– Чаму?
– Чвэрць гадзіны таму я атрымала ліст ад пані Мэлітан, што срэбра і сервіз ужо купілі.
– Ужо? Хто іх купіў? – крычыць панна Ізабэла, хапаючы кузіну за руку.
Панна Фларэнтына збянтэжаная.
– Здаецца, нейкі купец з Расіі... – адказвае яна, але чуваць, што кажа няпраўду.
– Ты нешта ведаеш, Флора!.. Прашу цябе, скажы!.. – угаворвае яе панна Ізабэла. На вочы ёй набягаюць слёзы.
– Зрэшты, я табе скажу, толькі захавай гэта ў сакрэце ад бацькі, – просіць кузіна.
– Дык хто?.. Ну, хто ж купіў?..
– Вакульскі, – адказвае панна Фларэнтына.
У панны Ізабэлы вочы імгненна высыхаюць, набіраючы сталёвага бляску. Яна з гневам адпіхвае кузіну, перамервае крокамі свой кабінет, нарэшце сядае ў фатэль насупраць панны Фларэнтыны. Гэта ўжо не спалоханая і знерваваная красуня, а велікасвецкая дама, што збіраецца вынесці прысуд некаму са слуг або нават прагнаць прэч.
– Скажы мне, кузіна, – пытаецца яна прыгожым кантральта, – што за смешную змову задумалі вы супраць мяне?
– Я?.. Змова?.. – паўтарае панна Фларэнтына, прыціскаючы рукі да грудзей. – Не разумею цябе, Бэла…
– Так. Ты, пані Мэлітан і гэты… забаўны герой… Вакульскі…
– Я і Вакульскі?.. – паўтарае панна Фларэнтына. На гэты раз яе здзіўленне такое шчырае, што немагчыма не паверыць.
– Дапусцім, што ты не сярод змоўшчыкаў, – працягвае панна Ізабэла, – але нешта ведаеш…
– Пра Вакульскага я ведаю тое, што і ўсе. У яго ёсць крама, у якой мы купляем, ён зарабіў вялікія грошы на вайне…
– А пра тое, што ён уцягвае тату ў гандлёвую суполку, ты не чула?
Выразныя вочы панны Фларэнтыны робяцца яшчэ большыя.
– Бацьку твайго ўцягвае ў суполку?.. – перапытвае яна, паціскаючы плячыма. – У якую ж суполку можна яго ўцягнуць?..
І ў той жа момант яна спалохалася сваіх слоў…
Панна Ізабэла не можа больш сумнявацца ў яе невінаватасці. Яна зноў некалькі разоў прайшлася па кабінеце, рухаючыся, нібы львіца ў клетцы, і нечакана спытала:
– Скажы мне, прынамсі, што ты думаеш пра гэтага чалавека.
– Я – пра Вакульскага?.. Нічога я пра яго не думаю, апроч, хіба, што ён шукае папулярнасці і сувязяў.
– Дык дзеля папулярнасці ён ахвяраваў тысячу рублёў на сірот?
– Пэўна. Даў жа ён удвая больш на дабрачыннасць.
– А навошта ён купіў мой сервіз і срэбра?
– Напэўна, каб прадаць з прыбыткам, – адказала панна Фларэнтына. – У Англіі за такія рэчы добра плацяць.
– А навошта… выкупіў вэксалі таты?
– Адкуль ты ведаеш, што гэта ён? З гэтага ён не меў бы аніякае выгады.
– Нічога я не ведаю, – ліхаманкава перабіла яе панна Ізабэла, – але ўсё прадчуваю, усё разумею… Гэты чалавек хоча наблізіцца да нас…
– Ужо, прынамсі, пазнаёміўся з бацькам, – заўважыла панна Фларэнтына.
– Дык ён да мяне хоча наблізіцца!.. – выбухнула панна Ізабэла. – Я зразумела гэта па…
Сорамна ёй было дадаць: “Па ягоным позірку”.
– Ці не ставішся ты да яго з прадузятасцю, Бэла?..
– Не. Тое, што я адчуваю цяпер, не прадузятасць, хутчэй, яснабачанне. Ты нават не ўяўляеш сабе, як даўно я ведаю гэтага чалавека, дакладней, як даўно ён мяне пераследуе. Цяпер я прыгадваю, што ўжо год таму не было паказу ў тэатры, не было канцэрта, лекцыі, на якой бы я не спаткала яго, і толькі сёння гэтая… недарэчная фігура здалася мне страшнаю…
Панна Фларэнтына ажно адсунулася разам з фатэлем і ціха прамовіла:
– Дык ты дапускаеш, што ён бы насмеліўся…
– Захапіцца мною?.. – са смехам не дала ёй дагаварыць панна Ізабэла. – Гэта я нават і не падумала б яму забараняць. Я не такая наіўная і не такая прытворна-сціплая, каб не бачыць, што падабаюся… Божа мой! нават слугам… Некалі мяне гэта злавала, як тыя жабракі на вуліцах, што не даюць нам праходу, або стукаюцца ў дзверы ці пішуць лісты з просьбамі дапамагчы. Але цяпер мне сталі зразумелыя словы Збаўцы: “Каму шмат дадзена, ад таго шмат жадаць будуць”.
– Зрэшты, – дадала яна, паціскаючы плячыма, – мужчыны так бесцырымонна адорваюць нас сваім замілаваннем, што я не толькі не здзіўляюся, калі бачу іх заляцанні або дзёрзкія позіркі, але, наадварот, дзіўлюся, калі іх няма. Калі ў салоне нехта не гаворыць мне пра свае пачуцці і пакуты, або не маўчыць панура, паказваючы яшчэ большыя пачуцці і пакуты, або не дэманструе мне ледзяной абыякавасці – адзнаку самых моцных пачуццяў і пакутаў, тады я адчуваю, што мне нечага не стае, быццам я забылася веер або насоўку… О, я іх ведаю! Усіх гэтых донжуанаў, паэтаў, філосафаў, герояў, усе гэтыя чуллівыя, бескарыслівыя, зламаныя, рамантычныя або моцныя душы… Ведаю ўвесь гэты маскарад і запэўніваю цябе, што добра баўлюся. Ха-ха-ха!.. Якія яны смешныя…
– Я не разумею цябе, Бэла… – сказала панна Фларэнтына і развяла рукі.
– Не разумееш?.. Дык ты, хіба, не кабета.
Панна Фларэнтына выказала было рухам сваю нязгоду, але разам і сумнеў.
– Паслухай, – не дала ўставіць ёй слова панна Ізабэла. – Ужо год як мы страцілі сваё становішча ў свеце. Не пярэч, гэта так, мы гэта ведаем. Мы цяпер зруйнаваныя.
– Перабольшваеш…
– Ах, Флора, не суцяшай мяне і не падманвай!.. Хіба ты не чула падчас абеду, што нават тыя пару дзясяткаў рублёў мой бацька выйграе ў карты ў…
Панну Ізабэлу аж закалаціла, калі яна казала гэта. Яе вочы блішчалі, на твары з’явіліся чырвоныя плямы.
– І вось у такі момант з’яўляецца гэты... купец, набывае нашыя вэксалі, наш сервіз, аблытвае майго бацьку і цётку, інакш кажучы – на мяне з усіх бакоў расстаўляе сеткі, як паляўнічы на дзічыну. Гэта ўжо не маркотны кавалер, не залётнік, якога можна адпрэчыць, гэта... заваёўнік!.. Ён не ўздыхае, а ўціраецца ў ласку да цёткі, звязвае па руках і нагах бацьку, а мяне жадае захапіць сілаю альбо прымусіць, каб я сама здалася... Ты разумееш, якая гэта подласць?
Панна Фларэнтына спалохалася.
– У такім разе, ёсць вельмі простае выйсце. Раскажы...
– Каму і што?.. Цётцы, якая гатова падтрымаць гэтага пана, абы прымусіць мяне выйсці замуж за маршалка?.. Або, можа, апавесці пра гэта бацьку, каб напалохаць яго і паскорыць катастрофу? Я зраблю толькі адно: не дазволю бацьку ўступаць у нейкія там суполкі, хоць бы мне давялося ўпасці яму ў ногі, хоць бы давялося... забараніць яму ў імя нябожчыцы маці...
Панна Фларэнтына глядзіць на яе з захапленнем:
– Праўду кажучы, Бэла, – ты перабольшваеш. Пры тваёй энергіі ды геніяльнай прадбачлівасці...
– Ты не ведаеш гэтых людзей, а я бачыла іх падчас працы. У іхніх руках сталёвыя рэйкі гнуцца, як дубцы. Гэта страшныя людзі. Яны здольныя дзеля сваіх мэтаў прывесці ў рух усе зямныя сілы, пра якія мы нават не ведаем. Яны здольныя ламаць, завабліваць у пастку, поўзаць, рызыкаваць усім і нават – цярпліва чакаць...
– Ты кажаш гэтак, бо начыталася раманаў.
– Я кажу паводле сваіх адчуванняў, якія папярэджваюць… крычаць, што гэты чалавек дзеля таго ездзіў на вайну, каб дамагчыся мяне. І ледзьве ён вярнуўся, як асачыў мяне з усіх бакоў... Але няхай сцеражэцца! Ён жадае мяне купіць? Добра, няхай купляе!.. Ён пераканаецца, што я вельмі дорага каштую… Ён жадае злавіць мяне ў сіло?.. Хай расстаўляе яго… але я выслізну, нават у абдымкі маршалка... Божа мой! Я нават не здагадвалася, якая глыбокая прорва, у якую мы падаем, пакуль не ўбачыла гэткае дно. З салонаў Квірыналу[69] – у галантарэйную краму... Гэта нават не падзенне, гэта – ганьба.
Яна села ў шэзлонг, закрыла твар рукамі і заплакала.