...?...


Пан Жэцкі сапраўды недамагаў. Паводле ўласнага меркавання, з-за таго, што не было чаго рабіць, а паводле Шумана, з-за хваробы сэрца, якая раптоўна ўзнікла і досыць хутка прагрэсіравала пад уплывам нейкіх трывог.

Заняткаў у яго было няшмат. Раніцаю ён прыходзіў у краму, колішнюю Вакульскага, а цяпер Шлянгбаўма, але бавіўся там, пакуль не было крамнікаў, а галоўнае – пакупнікоў. Бо пакупнікі – невядома чаму – пазіралі на яго, як на нейкае дзіва, а крамнікі, якія ўсе цяпер, за выключэннем пана Зэмбы, былі старазаконныя, не толькі не аказвалі яму шацунку, да якога ён прызвычаіўся, а нават, не зважаючы на заўвагі Шлянгбаўма, былі з ім няветлівыя.

Пры такім стане рэчаў пан Ігнацы ўсё часцей думаў пра Вакульскага. Не таму, што баяўся нейкае бяды, а вось так сабе.

Раніцаю, а шостай, ён думаў: ці ўстае Вакульскі, ці яшчэ ў гэты час спіць, і дзе ён – у Маскве ці, можа, паехаў ужо з Масквы і набліжаецца да Варшавы? Апоўдні ён прыгадваў сабе той час, калі амаль не было дня, каб Стах не абедаў з ім. А ўвечары, асабліва кладучыся ў ложак, казаў сабе: “Пэўна, Стах у Сузіна… Дык час на п’янку!.. А можа, вяртаецца ў Варшаву і ўладкоўваецца ў вагоне спаць…”

А як толькі прыходзіў у краму (рабіў ён гэта па некалькі разоў на дзень, нягледзячы на незычлівасць крамнікаў ды абрыдлівую дагодлівасць Шлянгбаўма), заўсёды думаў, што пры Вакульскім было тут, аднак, іначай.

Палохала яго, але не так, каб моцна, тое, што Вакульскі нічога не паведамляў пра сябе. Але ён лічыў гэта чарговым дзівацтвам і думаў: “Не такі ахвотнік ён быў пісаць і здаровы, а што казаць, калі цяпер ён такі прыгнечаны. Ат, бабы, бабы!..”

У той дзень, калі Шлянгбаўм купляў мэблю і каляску Вакульскага, пан Ігнацы злёг у ложак. Не таму, што было шкада, бо каляска і старая мэбля былі рэчамі абсалютна непатрэбнымі, але таму, што гэтак усё скупляецца толькі тады, калі чалавек ужо памёр.

“Ну а Стах, дзякуй Богу, жывы і здаровы!..” – казаў ён сам сабе.

Аднойчы ўвечары, калі пан Ігнацы сядзеў у шлафроку ды разважаў, як ён арганізуе краму Мрачэўскага на зайздрасць Шлянгбаўму, ён пачуў працяглы званок і гучныя воклічы за дзвярыма.

Слуга, які ўжо клаўся спаць, адчыніў.

– Пан дома? – спытаў голас, знаёмы Жэцкаму.

– Пан хворы.

– Дзе там хворы!.. Хаваецца ад людзей…

– Можа, пане радца, мы дарэмна турбуем… – азваўся іншы голас.

– Дзе там турбуем! Хто не хоча, каб яго турбавалі дома, няхай у шынок ходзіць…

Жэцкі падняўся з фатэля, і ў той жа міг з’явіліся ў дзвярах яго спальні радца Вянгровіч і агент Шпрот… За імі маячыла нейкая кудлатая галава і твар не надта чысты.

– Не хоча ісці гара да Магаметаў, дык Магаметы прыйшлі да гары!.. – загукаў радца. – Пане Жэцкі… пане Ігнацы!.. Што васпан вырабляе?.. З таго ж часу, калі мы апошні раз з панам бачыліся, адкрылі мы новы гатунак піва… Пастаў тут, каханы, і зайдзі заўтра, – дадаў ён, звяртаючыся да мурзатага кудлача.

На гэты заклік кудлаты чалавек у доўгім фартуху паставіў побач з умывальнікам кош даўгаватых бутэлек і тры куфлі. Потым ён знік, нібы істота з туману і паветра, а не цела вагою дзвесце фунтаў.

Пан Ігнацы здзівіўся, убачыўшы даўгаватыя бутэлькі, але ў гэтым здзіўленні не было і ценю прыкрасці.

– На міласць Боскую, што з панам робіцца? – загаварыў зноў радца, раскідваючы рукі, нібы хацеў абняць увесь свет. – Гэтак даўно не быў пан з намі, што Шпрот нават забыўся, як ты выглядаеш, а я падумаў, што набраўся заразы ты ад свайго прыяцеля, ад таго, што мае бзік…

Жэцкі спахмурнеў.

– Дык вось сёння, – правіў радца, – калі ў спрэчцы пра таго прыяцеля пана я выйграў у Дэклеўскага кош піва новае маркі, кажу Шпроту: а ведаеш што, возьмем піва ды пойдзем да старога, можа, хлапчына акрыяе духам… Што ж, нават не запрашаеш нас сесці?..

– Але ж прашу, прашу, – адказаў Жэцкі.

– І столік ёсць… – казаў радца, разглядаючы пакой, – і месца, бачу, зацішнае. Гэ! Мы сюды можам спаўзацца да хворага на адведзіны кожны вечар… Шпрот, дабудзь, сынку, адкаркоўнік ды бярыся за шклатару… Няхай пачцівы гаспадар пазнаёміцца з новай маркай…

– Які ж заклад выйграў пан радца? – спытаў Жэцкі, фізіяномія якога зноў пачала праясняцца.

– Заклад пра Вакульскага. Бачыш, пан, было так. Яшчэ летась у студзені, калі Вакульскі цягаўся па Балгарыі, я сказаў Шпроту, што пан Станіслаў – вар’ят, што ён збанкрутуе і кепска скон+чыць… А сёння, уяві сабе, Дэклеўскі даводзіць, што гэта ён сказаў!.. Вядома, пайшлі мы ў заклад на кош піва, Шпрот вырашыў спрэчку на маю карысць, і вось мы ў цябе…

Падчас гэтага тлумачэння пан Шпрот паставіў на стол тры куфлі і адкаркаваў тры бутэлькі.

– Зірні толькі, пане Ігнацы, – казаў радца, падаючы яму поўны куфель, – колер старога мёду, пена, як смятана, а смак шаснаццацігадовае дзяўчыны. Пакаштуй… Які смак і які прысмак! Каб заплюшчыў вочы, дык прысягнуў бы, што гэта эль… О!.. бачыш?.. Я б сказаў, што перад такім півам варта рот прапаласкаць. Скажы цяпер сам, даводзілася табе піць нешта падобнае?..

Жэцкі выпіў паўкуфля.

– Добрае, – сказаў ён. – Чаму ж, аднак, прыйшло пану радцу ў галаву, што Вакульскі збанкрутаваў?

– Бо ніхто ў горадзе іначай не гаворыць. Бо чалавек грашавіты, з клёпкамі ў галаве, які нікога не прыкончыў, не ўцякае з гораду Бог ведае куды…

– Вакульскі паехаў у Маскву.

– Байкі!.. Гэтак ён вам сказаў, каб сляды замесці. Але сам сябе выкрыў, калі нават грошай выракся…

– Чаго выракся?.. – спытаў ужо разгневаны пан Ігнацы.

– Тых сваіх грошай, якія ў банку, а перадусім у Шлянгбаўма… Гэта ж разам складае больш за дзвесце тысяч рублёў… Хто такую суму пакідае без распараджэння, проста выкідае на сметнік, дык той або вар’ят, або… нарабіў нечага такога, што баіцца платы прычакаць… Ва ўсім горадзе суцэльнае абурэнне супраць гэтага… гэтага… нават імя яго называць не хачу…

– Радца, забываешся!.. – закрычаў Жэцкі.

– Розум траціш, пане Ігнацы, заступаючыся за гэткага чалавека, – закрычаў у адказ радца. – Падумай! Паехаў ён па грошы куды?.. На вайну турэцкую… На вайну турэцкую! Ці разумееш ты значэнне гэтых слоў? Там зарабіў капітал, але якім чынам?.. Якім чынам можна за паўгода зарабіць паўмільёна рублёў?..

– Бо меў у абароце дзесяць мільёнаў рублёў, – адказаў Жэцкі, – дык нават менш зарабіў, чым мог…

– Але чые ж гэта былі мільёны?

– Сузіна… купца… яго прыяцеля…

– Вось!.. Але няважна, хай сабе ў гэтым выпадку не зрабіў ён ніякага паскудства… Што ж, аднак, за справы былі ў яго ў Парыжы, а пазней у Маскве, дзе ён таксама шмат зарабіў?.. А прыгожа было нішчыць краёвую прамысловасць, каб даць васямнаццаць працэнтаў дывідэндаў кучцы арыстакратаў толькі дзеля таго, каб уплішчыцца да іх?.. А прыгожа прадаваць суполку жыдам і, нарэшце, уцякаць, пакідаючы тысячы людзей у галечы або няпэўнасці?.. Робіць гэтак добры абывацель і чалавек пачцівы?.. Ну, пі, пане Ігнацы!.. – закрычаў ён і стукнуў сваім келіхам аб ягоны. – Нашае кавалерскае!.. Пане Шпрот, пакажы, на што здольны… не зняслаўся пры хворым…

– Годзе!.. – азваўся доктар Шуман, які ўжо некалькі хвілін стаяў на парозе, не здымаючы капелюша. – Годзе!.. А што, панове, вы агенты бюро пахавальных паслуг, што гэткім чынам майго пацыента рыхтуеце?.. Казімір! – загукаў ён слугу. – Выкінь гэтыя бутэлькі ў сенцы… А паноў прашу развітацца… Шпіталь, хоць і на адну асобу, гэта не шынок… Гэтак пан выконвае мае парады?.. – звярнуўся ён да Жэцкага. – Пан, маючы парок сэрца, будзе ладзіць мне тут папойкі?.. Можа, яшчэ дзевак сабе паклічаце?.. Дабранач панам… – сказаў ён радцу і Шпроту. – І няма чаго ладзіць мне тут піўнуху, бо я абвінавачу вас у забойстве…

Панове радца Вянгровіч і агент Шпрот выбраліся гэтак хутка, што, каб не густы дым ад іх цыгар, можна было б падумаць, што нікога ў пакоі і не было.

– Адчыні акно! – загадаў слугу доктар. – Авой, авой, – іранічна зірнуў ён на Жэцкага. – Твар у чырвоных плямах, вочы блішчаць, пульс такі, што на вуліцы чуваць…

– Чуў пан, што ён казаў пра Стаха?.. – спытаў Жэцкі.

– Мае рацыю, – адказаў Шуман. – Увесь горад так гаворыць, хоць яны і памыляюцца, называючы Вакульскага банкрутам, бо ён толькі паўдурак таго тыпу, які я назваю польскімі рамантыкамі.

Жэцкі глядзеў на яго амаль спалохана.

– Не глядзі на мяне так, – спакойным голасам працягваў Шуман. – Лепш падумай, ці не маю я рацыі. Гэты чалавек ніколі ў жыцці, бадай, не дзейнічаў свядома… Пакуль быў крамнікам, думаў пра вынаходніцтвы і пра ўніверсітэт. Калі паступіў ва ўніверсітэт, пачаў бавіцца ў палітыку. Пазней, замест таго, каб узбагачацца, стаў вучоным ды вярнуўся сюды голы і босы, і каб не Мінцлёва, памёр бы з голаду… Нарэшце, пачаў рабіць грошы, але не як купец, а як закаханы ў панну, якая за шмат гадоў займела сталую рэпутацыю шалахвосткі. Дык мала таго, ужо маючы ў руках і панну, і маёнтак, кінуў усё, і дзе ён цяпер, чым займаецца?.. Скажы мне, пан, калі ты такі разумны… Паўдурак, скончаны паўдурак! – казаў Шуман, махаючы рукою. – Чыстакроўны польскі рамантык, што вечна шукае нечага па-за рэальнасцю…

– Ці паўторыць гэта доктар у вочы Вакульскаму, калі той вернецца? – спытаў Жэцкі.

– Я сто разоў яму гэта казаў, а калі больш ужо не скажу, дык толькі таму, што ён не вернецца…

– Чаго яму не вярнуцца… – прашаптаў Жэцкі і спалатнеў.

– Не вернецца, бо ці галаву складзе недзе, калі апрытомнее, ці нейкую новую ўтопію сабе знойдзе… Хоць бы вынаходніцтвы таго містычнага Гейста, які мусіць быць патэнтаваным вар’ятам.

– А доктар ніколі не ганяўся за ўтопіямі?

– Так, але я рабіў гэта ачмурэлы, пажыўшы сярод вас. Ачомаўся своечасова, і гэта акалічнасць дазваляе мне дакладна дыягназаваць падобныя хваробы… Ну, здымай, пан, шлафрок. Паглядзім на вынікі вечара, праведзенага ў вясёлым таварыстве…

Ён паслухаў Жэцкага, загадаў яму зараз жа класціся ў ложак, і ніколі больш не ператвараць сваю кватэру ў шынок.

– Пан таксама ўзор рамантыка, адно толькі, што ў пана было менш магчымасцяў рабіць глупствы, – скончыў доктар.

Пасля гэтага ён пайшоў, пакінуўшы Жэцкага ў вельмі панылым настроі.

“Балбатня твая мне больш зашкодзіць, чым тое піва”, – падумаў Жэцкі, а праз хвіліну ціха прамовіў:

– А Стах хоць слоўца мог, аднак, напісаць… Бо ліха яго ведае, што лезе ў галаву…

Прыкуты да ложка пан Ігнацы пякельна нудзіўся.

Дык для забівання часу невядома які ўжо раз перачытваў гісторыю консульства ды імперыі або думаў пра Вакульскага.

Аднак абодва гэтыя заняткі замест таго, каб супакойваць, хвалявалі яго… Гісторыя нагадвала яму цудоўныя дзеі аднаго з найвялікшых трыумфатараў, на дынастыі якога Жэцкі грунтаваў сваю веру ў будучыню свету, і гэта дынастыя ў яго на вачах упала ад дзіды зулуса. А роздумы пра Вакульскага прыводзілі да высновы, што каханы сябра і гэткі незвычайны чалавек сама мала быў на шляху да нейкага маральнага банкруцтва.

– Столькі хацеў зрабіць, столькі мог зрабіць і нічога не зрабіў!.. – паўтараў пан Ігнацы са смуткам у сэрцы. Каб хоць напісаў, дзе ён і якія планы мае… Каб хоць паведаміў, што жывы!..

Бо ўжо нейкі час пераследавалі пана Жэцкага няясныя, але злавесныя прадчуванні. Прыгадваўся яму сон, калі пасля прадстаўлення Росі прымроілася, што Вакульскі скочыў за паннаю Ізабэлаю з вежы ратушы. То зноў успамінаў ён незразумелыя, але нічога добрага не абяцаючыя словы Стаха: “Хацеў бы я згінуць сам і знішчыць усе сляды свайго існавання!..”

Як лёгка падобнае зычэнне можа спраўдзіцца ў чалавека, які кажа толькі тое, што адчувае, і ўмее выконваць тое, што сказаў!..

Штодзённыя адведзіны доктара Шумана зусім не дадавалі аптымізму і аж знудзілі яго нязменным прыпевам: “Сапраўды, трэба быць або суцэльным банкрутам, або вар’ятам, каб пакінуць гэтулькі грошай у Варшаве, не даць ніякага распараджэння наконт іх і нават не паведаміць, дзе ён сам!..”

Жэцкі спрачаўся з ім, але ў душы прызнаваў ягоную рацыю.

Аднойчы доктар прыйшоў да яго ў нязвыклы час – а дзясятай раніцы. Шпурнуў капялюш на стол і гучна абвясціў:

– А што, не меў я рацыі, што гэта паўдурак?!

– Што ж здарылася?.. – спытаў пан Ігнацы, ужо ведаючы, пра каго гаворка.

– Здарылася тое, што ўжо тыдзень як гэты вар’ят паехаў з Масквы і… здагадайся, пан, куды?..

– У Парыж?..

– Дзе там!.. Паехаў у Адэсу, адтуль мае намер кіравацца ў Індыю, з Індыі – у Кітай і Японію, а пазней праз Ціхі акіян – у Амерыку… Я разумею, падарожжа вакол свету, сам бы яму раіў, але каб не напісаць ані слова, пакінуць у Варшаве на волю лёсу людзей зычлівых і дзвесце тысяч рублёў, тут, далібог, трэба мець у моцнай ступені развіты псіхоз…

– Адкуль гэтыя навіны? – спытаў Жэцкі.

– З надзейнае крыніцы. Ад Шлянгбаўма, якому надта важныя планы Вакульскага. Ён жа мусіць напачатку кастрычніка выплаціць яму сто дваццаць тысяч рублёў… Ну а каб каханы Стась у лоб сабе стрэліў ці памёр ад залатое ліхаманкі… Разумее пан?.. Тады маглі б мы або ўвесь капітал загрэбці, або, прынамсі, круціць яго паўгода без працэнтаў… Пан ужо, хіба, добра прыгледзеўся да Шлянгбаўма? Ён жа мяне… мяне хацеў ашукаць!

Доктар бегаў па пакоі і гэтак махаў рукамі, нібы ў яго самога пачынаўся псіхоз. Раптам ён затрымаўся перад панам Ігнацы, зірнуў яму ў вочы і схапіў за руку.

– Што… што… што? Пульс болей за сто?.. Была ў пана сёння гарачка?..

– Яшчэ не.

– Як гэта не?.. Я ж бачу…

– Не варта ўвагі, – адказаў Жэцкі. – А хіба Стах зрабіў бы нешта падобнае?..

– Той наш даўні Стах, нягледзячы на свой рамантызм, хіба, не зрабіў бы, але гэты пан Вакульскі, закаханы ў яснавяльможную панну Ленцкую, здольны на ўсё… Ну і як бачыш, пан, ён і робіць, што можа…

Пасля таго візіту доктара пан Ігнацы сам прызнаў, што яму нядобра.

“Смешна было б, – думаў ён, – якраз цяпер з зямлёю ажаніцца. Уга! Здаралася гэта і з лепшымі за мяне… Напалеон І… Напалеон ІІІ… Малы Люлю… Стах… Ну, што ж Стах?.. Ён зараз у Індыю едзе…”

У задуменні ён устаў з ложка, апрануўся як належыць і пайшоў у краму, чым выклікаў заклапочанасць Шлянгбаўма, які ведаў, што пану Ігнацы забаронена падымацца.

Затое назаўтра было яму горш, дык суткі адляжаў, а потым зноў на пару гадзін прыйшоў у краму.

– Што ён сабе думае? Гэта ж крама, а не трупярня… – сказаў адзін з старазаконных крамнікаў пану Зэмбе, які з уласцівай яму шчырасцю прызнаў досціп дасканалым.

У палове верасня наведаў пана Жэцкага Ахоцкі, які на некалькі дзён прыехаў з Заслаўка.

Калі пан Ігнацы пабачыў яго, дык павесялеў.

– Што ж пана прывяло сюды?.. – выгукнуў ён, абдымаючы любімага ўсімі вынаходніка.

Але Ахоцкі бы пахмурны.

– Нічога іншага, як клопаты! – адказаў ён. – Ці ведае пан, што памёр Ленцкі?..

– Бацька тае… тае?.. – здзівіўся пан Ігнацы.

– Тае… тае!.. І нават ці не з-за яе самое…

– У імя Айца і Сына… – перажагнаўся Жэцкі. – Колькі ж людзей мае намер звесці ў магілу гэтая кабета?.. Бо, наколькі я ведаю, а напэўна і для пана гэта не таямніца, што і Стах трапіў у бяду толькі з-за яе…

Ахоцкі паківаў галавою.

– Можа мне пан расказаць, што сталася з Ленцкім?.. – пацікавіўся пан Ігнацы.

– Гэта не сакрэт, – адказаў Ахоцкі. – Напачатку лета папрасіў рукі панны Ленцкае маршалак…

– Той… той?.. Бацькам маім мог быць, – заўважыў Жэцкі.

– Можа, таму панна і згадзілася, прынамсі, не адмовіла. Дык стары сабраў свае манаткі, што там засталося ў яго пасля дзвюх жонак, і прыехаў у вёску да графіні… да цёткі панны Ізабэлы, у якой яна жыла разам з бацькам…

– Ашалеў.

– Здаралася гэта і з разумнейшымі за яго, – працягваў Ахоцкі. – Тым часам, нягледзячы на тое, што маршалак лічыўся ўжо жаніхом, панна Ізабэла часцяком, а пазней нават і штодня, ездзіла ў таварыстве аднаго інжынера да руін старога замка ў Заслаўлі… Казала, што гэта ратуе яе ад нуды…

– І маршалак нічога?

– Маршалак, вядома, маўчаў, але кабеты пераконвалі панну, што гэтак рабіць нягожа. А ў яе на ўсё адзін адказ: “Маршалак павінен радавацца, што я выйду за яго, а выйду я не дзеля таго, каб адмаўляцца ад таго, што мне падабаецца…”

– І пэўна, маршалак заспеў іх на гарачым у тых руінах? – заўважыў Жэцкі.

– І-і-і… не!.. Ён нават туды не зазіраў. А каб і зазірнуў, дык упэўніўся б, што панна Ізабэла брала з сабою наіўнага інжынерыка толькі дзеля таго, каб у яго прысутнасці сумаваць па Вакульскім…

– Па Ва-куль-скім?..

– Прынамсі, так здагадваліся, – казаў Ахоцкі. – Тады ўжо я сам ёй зрабіў заўвагу, што ў таварыстве аднаго закаханага нягожа сумаваць па іншым. Але яна адказала мне, паводле свайго звычаю: “Няхай радуецца, што я дазваляю яму глядзець на сябе…”

– Асёл гэты інжынер!..

– Не аж такі, бо, нягледзячы на ўсю сваю наіўнасць, ён абдумаўся і адмовіўся раз і назаўсёды ездзіць з паннаю Ізабэлаю смуткаваць у руіны. Адначасова і маршалак, які раўнаваў да інжынера, адмовіўся ад жаніхоўства ды з’ехаў на Літву гэтак дэманстратыўна, што ў панны Ізабэлы ды графіні здарыліся прыпадкі, а пачцівы Ленцкі і хаўкнуць не паспеў – памёр ад апаплексічнага ўдару…

Калі Ахоцкі скончыў апавядаць, ён абхапіў галаву рукамі і зарагатаў.

– Падумаць толькі, – дадаў ён, – што гэткая кабета столькіх людзей з розуму зводзіла…

– Але ж гэта пачвара!.. – выгукнуў Жэцкі.

– Не. Яна нават не дурніца і някепская, па сутнасці, толькі… такая, як тысячы іншых з яе атачэння.

– Тысячы?..

– На жаль!.. – уздыхнуў Ахоцкі. – Уяві сабе, пан, клас людзей забяспечаных або нават багатых, якія добра харчуюцца, але няшмат робяць. Чалавеку трэба нейкім чынам траціць энергію, дык калі ён не працуе, кідаецца ў распусту, прынамсі, займаецца казытаннем нерваў… Але і да распусты, і да казытання нерваў неабходныя кабеты – прыгожыя, элегантныя, дасціпныя і цудоўна выхаваныя, а хутчэй, выдрэсіраваныя якраз дзеля гэтага… Гэта ж іх адзіная кар’ера…

– І панна Ізабэла запісалася ў іх шэрагі?..

– Гэта значыць, яе запісалі… Прыкра мне казаць гэта, але кажу пану, каб ведаў, якая кабета стала на шляху Вакульскага…

Размова перапынілася. Праз нейкі час Ахоцкі ўзнавіў яе пытаннем:

– Калі ён вяртаецца?

– Вакульскі?.. – перапытаў пан Ігнацы. – Ён жа паехаў у Індыю, Кітай, Амерыку…

Ахоцкі ўпаў на крэсла.

– Гэта немагчыма! – выгукнуў ён, але падумаў і дадаў: – Хоць…

– Можа, пану нешта падказвае, што ён туды не паехаў? – спытаў Жэцкі прыцішаным голасам.

– Нічога. Толькі дзівяць мяне ягоныя раптоўная рашэнні… Калі я быў тут апошні раз, ён абяцаў мне дапамагчы ў адной справе… Але…

– І абавязкова дапамог бы той даўні Вакульскі. А гэты новы забыў не толькі пра справы пана… Нават пра ўласныя…

– Што ён з’едзе, можна было здагадацца, але не падабаецца мне гэткая раптоўнасць. Пісаў ён пану?..

– Ані літаркі. І анікому, – адказаў стары крамнік.

Ахоцкі ківаў галавою.

– Мусіла гэтак стацца.

– Чаму гэта мусіла?.. – выбухнуў Жэцкі. – Што ж ён, банкрут ці лайдак?.. Гэтакая крама, суполка! Хіба ж гэта дробязі? А хіба не мог ён ажаніцца з кабетаю прыгожаю, шляхетнаю…

– Знайшлося б шмат гэткіх кабет, – горача падтрымаў яго Ахоцкі. – Усё так, але не для чалавека з яго характарам…

– Як пан гэта разумее? – падахвоціў яго Жэцкі, якому слухаць пра Вакульскага было прыемна, нібы пра каханку. – Як пан гэта разумее?.. Пан быў блізка знаёмы з ім?.. – пытаў ён настойліва, і вочы ягоныя блішчалі.

– Пазнацца з ім лёгка, бо быў гэта чалавек шырокае душы.

– Вось менавіта!.. – азваўся Жэцкі, адбіваючы пальцамі рытм і пазіраючы на Ахоцкага, як на ікону. – Што, аднак, пан разумее пад шырокаю душою? Прыгожа сказана!.. Але растлумач, пан, каб было ясна!..

Ахоцкі ўсміхнуўся.

– Бачыць пан, – сказаў ён, – людзі дробнае душы дбаюць толькі пра ўласныя справы, не сягаюць думкаю па-за дзень сённяшні і баяцца ўсяго нязнанага. Абы наедна ды ўлежна… А гэтакі дзяцюк, як ён, клапоціцца пра жыццё тысяч, глядзіць, бывае, на некалькі гадоў наперад, і кожная рэч невядомая і незразумелая прыцягвае яго неадольным чынам. Гэта нават не з’яўляецца заслугай, а толькі змушанасць. Як жалеза несвядома рухаецца за магнітам або пчала лепіць свае соты, так і гэты гатунак людзей кідаецца на вялікія ідэі і нязвыклую працу…

Жэцкі сціснуў яго за абедзве рукі і дрыжаў ад узрушанасці.

– А Шуман, – сказаў ён, – прамудры доктар Шуман кажа, што Стах вар’ят, польскі рамантык.

– Дурань гэты Шуман са сваім жыдоўскім рэалізмам! – адказаў Ахоцкі. – Ён нават не здагадваецца, што цывілізацыю стварылі не мяшчане, не спекулянты, а якраз такія вар’яты… Каб розум абмяжоўваўся толькі імкненнем да зыску, дык людзі да сённяшняга дня заставаліся б малпамі…

– Святыя словы… Цудоўна сказана!.. – паўтараў крамнік. – Але растлумач, пан, якім чынам чалавек, падобны да Вакульскага, мог… кінуцца ў гэткія вось… авантуры?..

– Але, пане, я дзіўлюся толькі, што гэта так позна здарылася!.. – адказаў Ахоцкі, паціскаючы плячыма. – Мне ж вядома ягонае жыццё, і я знаю, што гэты чалавек задыхаўся тут з дзяцінства. Ён меў навуковыя аспірацыі, але не было магчымасці іх ажыццявіць, меў вялікія грамадскія памкненні, але ўсё, за што браўся, руйнавалася… Нават з-за тае марнае суполкі, якую ён стварыў, займеў на сваю галаву адны прэтэнзіі ды нянавісць…

– Маеш, пан, рацыю!.. Маеш, пан, рацыю!.. – паўтараў Жэцкі. – А яшчэ тая панна Ізабэла…

– Так, яна магла яго супакоіць. Шчасліваму чалавеку лягчэй пагадзіцца з атачэннем, і ён скарыстаў бы сваю энергію там, дзе гэта ў нас магчыма. Але… схібіў з ёю…

– А што далей?..

– Ці ж я ведаю?.. – ціха прамовіў Ахоцкі. – Сёння падобны ён да вывернутага дрэва. Калі знойдзе свой грунт – а ў Еўропе можна яго знайсці – і калі мае яшчэ энергію, дык па вушы ўлезе ў нейкую працу і насамрэч, ці не пачне жыць… А калі ўжо вычарпаў ён запас жыццёвых сіл, што таксама ў яго веку магчыма…

Жэцкі прыклаў палец да вуснаў.

– Ціха… ціха!.. – спыніў ён Ахоцкага. – Стах мае энергію… О, мае!.. Ён яшчэ выплыве… выплы…

Ён адышоў да акна, прыхінуўся галавою да рамы і захліпаў.

– Гэткі я хворы, – казаў ён, – гэткі нямоглы… Бо ў мяне, падобна, парок сэрца… Але гэта мінецца… мінецца… Толькі чаму ён гэтак уцякае… хаваецца… не піша?..

– Ах, як я ўсё гэта разумею, – выгукнуў Ахоцкі, – гэту агіду дарэшты зруйнаванага чалавека да ўсяго, што нагадвае яму мінулае!.. Уяві сабе, пан, калі я здаваў у гімназіі іспыт на атэстат сталасці, дык мусіў за пяць тыдняў прайсці курс лацінскае і грэчаскае мовы ажно за сем класаў, бо не хацелася мне раней гэта вучыць. Ну і неяк выкруціўся на іспыце, але давялося папацець, аж перапрацаваўся.

З тае пары не толькі не магу глядзець на кніжкі лацінскія або грэчаскія, але нават думаць пра іх. А тады не мог нават бачыць школьны будынак, унікаў калегаў, якія працавалі разам са мною, нават мусіў выехаць з таго памяшкання, дзе вучыўся дзень і ноч. Доўжылася гэта некалькі месяцаў, і я не супакоіўся, пакуль… Ведаеш, пан, што я зрабіў? Кінуў у печ усе падручнікі грэчаскія ды лацінскія і спаліў гэту заразу! Курэла з гадзіну, а калі нарэшце я загадаў высыпаць попел на сметнік, паздаравеў! Хоць і цяпер яшчэ калоціцца мне сэрца, як бачу грэчаскія літары або лацінскія выключэнні: panis, piscis, crinis...[257] Ааа… якая брыда…

– Не дзівіся, пан, – скончыў ён, – што Вакульскі ўцякае адсюль аж у Кітай… Няспынныя пакуты могуць давесці чалавека да шаленства… Хаця ж і гэта мінае…

– А сорак шэсць гадоў, пане?.. – спытаў Жэцкі.

– А моцны арганізм?.. А магутны розум?.. Ну, але я загаварыўся… Каб мне пан не хварэў болей…

– Што, можа, пан ад’язджае?..

– Аж у Пецярбург, – адказаў Ахоцкі. – Мушу дапільнаваць тастамент нябожчыцы Заслаўскае, які хоча зняпраўдзіць удзячная радня. Буду там ці не да канца кастрычніка.

– Як толькі я атрымаю вестку ад Стаха, зараз жа пану перакажу. Толькі прышлі мне, пан, адрас.

– І я пану паведамлю, як дапытаюся нечага… Хоць і сумняюся… Да пабачэння!..

– Хуткага вяртання…

Размова з Ахоцкім падбадзёрыла пана Ігнацы. Падобна было, што старому крамніку дадалося сілы пасля гутаркі з чалавекам, які не толькі разумеў каханага Стаха, але і шмат у чым нагадваў яго.

“Ён быў такі самы, – думаў Жэцкі. – Энергічны, бадзёры, апроч таго, поўны ідэальных памкненняў…”

Можна сказаць, з таго дня пачалося выздараўленне пана Ігнацы. Ён пачаў уставаць з ложка, потым шлафрок змяніў на сурдут, завітваў у краму і нават часта выходзіў на вуліцу. Шуман захапляўся эфектыўнасцю свайго лячэння, дзякуючы якому хвароба сэрца затрымалася ў развіцці.

– Што будзе далей, – казаў ён Шлянгбаўму, – невядома. Але факт, што ўжо некалькі дзён старому лепш. Вярнуўся да яго апетыт і сон, а перадусім знікла апатыя. З Вакульскім было гэтаксама.

А насамрэч Жэцкага жывіла надзея, што раней ці пазней атрымае ён ліст ад свайго Стаха.

“Ён, можа, у Індыі ўжо, – думаў ён. – Дык у канцы верасня мушу мець вестку… Ну, спазненне ў такіх выпадках з’ява нярэдкая, але за кастрычнік адказваю галавою…”

Сапраўды, у вызначаны тэрмін прыйшлі весткі пра Вакульскага, але вельмі дзіўныя.

Аднойчы вечарам у канцы верасня наведаў пана Ігнацы Шуман і са смехам сказаў:

– Пабач, пане, як той паўдурак насмяшыў людзей. Арандар з Заслаўка казаў Шлянгбаўму, што фурман нябожчыцы старшынёвай бачыў нядаўна Вакульскага ў заслаўскім лесе. Апісваў нават, як той быў апрануты, на якім кані ехаў…

– Магчыма! – жвава згадзіўся пан Ігнацы.

– Фарс!.. Дзе Крым, а дзе Рым, дзе Індыя, а дзе Заславак? – адказаў доктар. – Пагатоў амаль у гэты ж час іншы жыдок, які гандлюе вугалем, зноў жа, бачыў Вакульскага – у Дамбраве… І нават больш, нібы даведаўся, што Вакульскі купіў у аднаго дарожніка-п’яніцы два дынамітныя набоі… Ну, ужо гэткую лухту пан бараніць не будзе?..

– Але што б гэта магло значыць?..

– Нічога. Відавочна, Шлянгбаўм мусіў абвесціць узнагароду сярод жыдоў, калі даведаецца нехта з іх пра Вакульскага, дык кожны цяпер будзе заўважаць Вакульскага ці не ў мышынай нары… І святы рубель творыць празорцаў!.. – закончыў доктар з іранічнаю ўсмешкаю.

Жэцкі мусіў прызнаць, што чуткі не мелі сэнсу, а тлумачэнне іх Шуманам было цалкам рацыянальнае. Нягледзячы на гэта, ён стаў больш непакоіцца за Вакульскага.

Непакой, аднак, змяніўся сапраўднаю трывогаю, калі яўным стаў факт, які не пакідаў сумневаў. І вось які: у першы дзень кастрычніка адзін з натарыусаў паклікаў да сябе пана Ігнацы і паказаў яму акт, складзены Вакульскім перад ад’ездам у Маскву. Гэта быў фармальны тастамент, у якім Вакульскі распарадзіўся пакінутымі ў Варшаве грашыма, з якіх семдзесят тысяч расейскіх рублёў ляжалі ў банку, а сто дваццаць тысяч расейскіх рублёў – у Шлянгбаўма.

Для людзей чужых гэта распараджэнне было яшчэ адным доказам вар’яцтва Вакульскага. Жэцкаму, аднак, здалося яно вельмі лагічным. Распарадчык запісаў аграмадную суму – сто сорак тысяч расейскіх рублёў – Ахоцкаму, дваццаць пяць тысяч расейскіх рублёў – Жэцкаму, дваццаць тысяч расейскіх рублёў Гэленцы Стаўскай. Апошнія пяць тысяч расейскіх рублёў ён раздзяліў паміж сваімі даўнімі слугамі або ўбогімі знаёмымі. З гэтае сумы атрымалі па пяцьсот рублёў: Венгелек, сталяр з Заслаўля, Высоцкі, фурман з Варшавы, і другі Высоцкі, яго брат, чыгуначнік са Скернавіц.

Вакульскі шчыра прасіў абдараваных, каб тыя прынялі ад яго, як ад памерлага, а натарыуса абавязаў не агалошваць акт да першага кастрычніка.

Сярод людзей, якія ведалі Вакульскага, пачаліся размовы, папаўзлі плёткі, не было недахопу і ў інсінуацыях ды абразах… А Шуман у размове з Жэцкім выказаў гэткую думку:

– Пра распараджэнне наконт пана я даўно ведаў… Ахоцкаму ён даў амаль мільён злотых, бо адкрыў у ім такога самага вар’ята… Ну, і прэзент для дачушкі прыгажуні пані Стаўскае я разумею, – усміхнуўся ён. – Адно мяне інтрыгуе…

– Што ж менавіта? – спытаў Жэцкі, падціскаючы вусны.

– Адкуль сярод абдараваных узяўся гэты чыгуначнік Высоцкі?.. – закончыў Шуман.

Ён занатаваў яго імя і прозвішча ды пайшоў у задуменні.

Вялікі непакой турбаваў Жэцкага, што магло стацца з Вакульскім, чаму ён распарадзіўся спадчынаю, і чаму зрабіў гэта як чалавек, што думае пра блізкую смерць… Але тут здарыліся выпадкі, якія абудзілі ў пана Ігнацы іскру надзеі альбо да пэўнай ступені растлумачылі дзіўныя паводзіны Вакульскага.

Перадусім Ахоцкі, якому паведамілі пра дар, не толькі адразу ж адказаў з Пецярбурга, што прымае яго і ўсю гатоўку хоча мець у пачатку лістапада, але яшчэ забяспечыў сабе ў Шлянгбаўма працэнт за месяц кастрычнік.

Апроч таго, ён напісаў Жэцкаму ліст з пытаннем: ці не даў бы той са свайго капіталу дваццаць адну тысячу рублёў гатоўкаю замест сумы, якая будзе выплачвацца яму на Святога Яна з грошай, што Ахоцкі мае на іпатэцы вясковага маёнтка.

“Вельмі залежыць мне, – закончыў ён свой ліст, – каб усё, што я маю, было ў маіх руках, бо ў лістападзе абавязкова мушу паехаць за мяжу. Растлумачу гэта пану пры асабістай размове…”

“Чаго ён надумаў ехаць за мяжу і чаго забірае ўсе грошы?.. – пытаў сам у сябе Жэцкі. – Чаму, нарэшце, адкладае тлумачэнні да сустрэчы?..”

Вядома, ён згадзіўся на прапанову Ахоцкага. Яму здавалася, што ў гэтым раптоўным ад’ездзе і таямнічасці ёсць нешта аптымістычнае.

“Хто ведае, – думаў ён, – ці паехаў Стах у Індыю са сваёю паловай мільёна?.. Можа, яны з’едуцца з Ахоцкім у Парыжы, у таго дзівака Гейста. Нейкія металы… нейкія балоны… Відавочна, яны хочуць трымаць усё ў сакрэце, прынамсі, да часу…”

Але ўсе яго разлікі сапсаваў Шуман, які пры нейкай нагодзе паведаміў:

– Даведваўся я ў Парыжы пра таго слаўнага Гейста, бо думаў, можа, Вакульскі хоча ў яго атабарыцца. Ну, але Гейст, некалі вельмі здольны хімік, цяпер ужо скончаны вар’ят… Уся акадэмія рагоча з яго ідэяў!..

Кпіны акадэмікаў з Гейста моцна пахіснулі надзеі Жэцкага. Ужо хто-хто, але французская акадэмія здольная была ацаніць вартасць тых металаў ці балонаў… А калі мудрагелі вырашылі, што Гейст вар’ят, дык ужо Вакульскаму, хіба, не было чаго там рабіць.

“Куды ж ён, у такім выпадку, паехаў? – падумаў Жэцкі. – Уга! Вядома, паехаў у падарожжа, бо тут яму было невыносна… Калі Ахоцкі мусіў з’ехаць з кватэры, у якой надакучыла яму толькі грэчаская граматыка, дык Вакульскі тым больш мог з’ехаць з горада, дзе яму гэтак дапякала кабета… І каб толькі яна адна!.. Ці быў на свеце чалавек, якога бэсцілі больш за яго?..

Але чаму ён склаў гэты амаль тастамент ды яшчэ намякаў на сваю смерць?..” – разважаў пан Ігнацы.

Сумневы развеяў візіт Мрачэўскага. Малады чалавек неспадзявана прыехаў у Варшаву і прыйшоў да Жэцкага з заклапочаным выглядам. Гаварыў ён неахвотна, а ў канцы даў зразумець, што пані Стаўская вагаецца: прыняць або не прыняць дар Вакульскага, і яму самому гэты дар здаецца падазроным…

– Што за дзяцінства, мой каханы!.. – абурыўся пан Ігнацы. – Вакульскі запісаў ёй ці Гэльцы дваццаць тысяч рублёў, бо падабалася яму кабета. А падабалася яна, бо ў яе доме знаходзіў ён спакой у самы цяжкі для сябе час… Ты ведаеш, што ён кахаў панну Ізабэлу?..

– Ведаю, – крыху спакойней адказаў Мрачэўскі, – але ведаю і тое, што пані Стаўская мела да Вакульскага слабасць…

– Дык што ж… Сёння для нас усіх Вакульскі амаль памёр, і Бог ведае, ці ўбачым мы яго яшчэ…

Твар Мрачэўскага пасвятлеў.

– Гэта праўда, – сказаў ён. – Гэта праўда!.. Пані Стаўская можа прыняць грошы ад памерлага, а мне няма чаго баяцца ўспамінаў пра яго…

І ён пайшоў вельмі задаволены, што Вакульскі ўжо, магчыма, нежывы.

“Стах меў рацыю, – думаў пан Ігнацы, – калі зрабіў запісы ў гэткай форме. Менш клопатаў абдараваным, а перадусім гэтай пачцівай пані Гэлене…”

У краме Жэцкі бываў не кожны дзень, і адзіным яго заняткам, дарэчы, бясплатным, было выкладанне тавараў у вітрынах, што ён звычайна рабіў уночы з суботы на нядзелю. Стары крамнік вельмі любіў займацца гэтым выкладаннем, а Шлянгбаўм сам прасіў яго ў спадзеве, што пан Ігнацы змесціць у яго свой капітал пад невысокі працэнт.

Але і тых рэдкіх адведзінаў хапала пану Ігнацы, каб упэўніцца, што ў краме адбыліся грунтоўныя змены да горшага. Тавары, хоць і мелі добры выгляд, былі кепскія, праўда, і кошт іх крыху зменшыўся, а крамнікі па-хамску трактавалі пакупнікоў і дазвалялі сабе дробныя злоўжыванні, якія прыкмячаў Жэцкі. Два новыя інкасатары дайшлі, нарэшце, да таго, што скралі сто з нечым рублёў.

Калі пан Ігнацы загаварыў пра гэта са Шлянгбаўмам, дык пачуў у адказ:

– Прашу прабачэння, пане, пакупнікі не ацэняць добрага тавару, ім падавай танны… А што да крадзяжу, дык гэта кругом здараецца. Дзе, зрэшты, узяць іншых людзей?

Хоць Шлянгбаўм і казырыўся, але сам баяўся, а Шуман кпіў з яго неміласэрна.

– Праўда ж, пане Шлянгбаўм, – казаў доктар, – каб у краі засталіся адны жыды, давялося б нам ісці з торбамі! Бо адны б нас стараліся адурыць, а іншыя не паддаваліся на нашы хітрыкі…

Маючы шмат вольнага часу, пан Ігнацы падоўгу разважаў і дзівіўся, што цэлымі днямі шукае цяпер адказы на пытанні, якія даўней нават не прыходзілі яму ў галаву.

“Чаму наша крама заняпала?.. – пытаўся ён у сябе. – Бо гаспадарыць у ёй Шлянгбаўм, а не Вакульскі. А чаму не гаспадарыць Вакульскі?.. Бо, як казаў Ахоцкі, Стах задыхаўся тут з дзяцінства і, нарэшце, мусіў уцячы на вольны прастор…”

І ён прыгадаў найбольш важныя моманты жыцця Вакульскага. Калі той хацеў вучыцца, яшчэ як крамнік Гопфера, яго паднялі на смех. Калі паступіў ва ўніверсітэт, пажадалі ад яго ахвярнасці. Калі вярнуўся ў край, нават працы яму не знайшлося. Калі зарабіў капітал, усе пачалі яго падазраваць, а калі закахаўся, дык кабета, якую ён абагаўляў, здрадзіла яму самым нягодным чынам.

“Трэба прызнаць, – сказаў сабе пан Ігнацы, – што пры такіх умовах ён паступіў найлепшым чынам…”

Але, калі абставіны выпхнулі Вакульскага за мяжу, чаму крама перайшла ў спадчыну Шлянгбаўму, а не хоць бы яму самому, Жэцкаму?..

Бо ў яго, у Жэцкага, ніколі і ў думках не было мець уласную краму. Ён змагаўся за венграў або чакаў, калі Напалеоны перабудуюць свет. І што ж сталася? Свет не палепшаў, Напалеоны пагінулі, а гаспадаром крамы зрабіўся Шлянгбаўм.

“Жах, колькі марнуецца ў нас добрых людзей, – думаў ён. – Кац пульнуў сабе ў лоб, Вакульскі з’ехаў, Клейн – Бог ведае дзе, Лісецкі мусіў вымятацца, бо і яму не было тут месца”.

Падобныя медытацыі выклікалі ў пана Ігнацы згрызоты сумлення, пад уплывам якіх пачаў вымалёўвацца сякі-такі план на будучыню…

“Аб’яднаюся, – казаў ён сабе, з пані Стаўскаю ды Мрачэўскім. Яны маюць дваццаць тысяч рублёў, я – дваццаць пяць тысяч, дык за гэткія грошы можам супольна адчыніць добрую краму, нават пад бокам у Шлянгбаўма…”

Гэты праект захапіў яго так, што ён нават адчуў сябе здаравей. Праўда, усё часцей даваў знаць боль у плячах і даймала задышка, але ён не зважаў на гэта…

“Паеду падлячыцца, нават і за мяжу, – думаў ён, – пазбудуся гэтае паганае задышкі ды вазьмуся за работу… Што ж, толькі Шлянгбаўму багацець тут у нас?..”

Ён ужо нават адчуваў сябе маладым і бадзёрым, хоць Шуман не раіў яму выходзіць на вуліцу ды забараняў хвалявацца.

Сам доктар, аднак, часта забываўся на ўласны рэцэпт.

Раз ён прыйшоў да Жэцкага раніцаю і быў такі ўзрушаны, што нават не заўважыў адсутнасці гальштука на сваёй шыі.

– Ведаеш, пан, – гучна абвясціў ён, – цікавыя рэчы даведаўся я пра Вакульскага!..

Пан Ігнацы паклаў на стол нож і відэлец, бо якраз еў біфштэкс з брусніцамі, і адчуў, як забалела ў плячах.

– Што здарылася? – спытаў ён слабым голасам.

– Стасік проста малайчына!.. – сказаў Шуман. – Знайшоў я таго чыгуначніка Высоцкага ў Скернавіцах, распытаў яго, і ведаеш, пан, што адкрылася?

– Адкуль жа я магу ведаць?.. – спытаў Жэцкі, якому на момант пацямнела ў вачах.

– Уяві сабе, пан, – казаў узбуджаны Шуман, – што… гэтае быдла… гэтая жывёліна… тады ў маі, калі ехаў з Ленцкімі ў Кракаў, кінуўся ў Скернавіцах пад цягнік!.. Высоцкі яго выратаваў…

– Э!.. – прамармытаў Жэцкі.

– Нічога не э! Так і было. Дык я бачу, што каханы Стасічак у дадатак да рамантызму меў яшчэ манію самазабойства… На ўвесь свой маёнтак пайшоў бы ў заклад, што ён ужо нежывы!..

Раптам доктар змоўк, бо заўважыў, як страшна змяніўся твар пана Ігнацы. Ён спалохаўся, амаль на руках занёс таго на ложак і даў сабе слова ніколі больш не кранаць гэтага пытання.

Але лёс распарадзіўся іначай.

У канцы кастрычніка паштальён аддаў Жэцкаму ліст на імя Вакульскага.

Ліст быў з Заслаўля, почырк каравы.

“Няўжо ад Венгелька…” – падумаў пан Ігнацы і адкрыў канверт.

“Вяльможны пане! – пісаў Венгелек. – У першых словах дзякуем вяльможнаму пану за памяць пра нас і за тыя пяцьсот рублёў, якімі нас вяльможны пан зноў абдараваў, і за ўсё дабрадзейства, якое мелі мы з шчодрае рукі пана, дзякуем. Маці мая, жонка мая і я… Па-другое, усе мы трое пытаемся, як жывецца-можацца вяльможнаму пану, і ці пан шчасліва вярнуўся дадому. Пэўна, так і ёсць, бо іначай не паслаў бы нам пан свайго цудоўнага падарунка. Толькі жонка мая вельмі непакоіцца за вяльможнага пана і начамі не спіць, яна хацела нават, каб я сам у Варшаву ехаў. Вядома, кабета.

Бо ў нас, вяльможны пане, у верасні, у той самы дзень, калі вяльможны пан дарогаю да замка спаткаў маю маці на картоплях, здарылася вялікае здарэнне. Толькі маці вярнулася з поля і ставіла вячэру, аж у замку два разы гэтак страшна грымнула, нібы пярун, а ў мястэчку шыбы задрыжалі. У маці гарнушак выпаў з рук, і яна зараз жа да мяне: “Ляці да замка, бо там, можа, бавіцца яшчэ пан Вакульскі. Каб хаця бяды не нарабілася”.

Я і паляцеў зараз жа.

Хрысце Пане! Ледзь я пазнаў гару. З чатырох сцен замка, якія яшчэ моцна трымаліся, засталася толькі адна, а тры разляцеліся на друз. Камень, на якім мы год таму выбілі верш, разбіты не менш, чым на дваццаць кавалкаў, а ў тым месцы, дзе была заваленая студня, утварыўся дол, і друзу насыпалася, нібы ў стадолу. Я думаю, гэтыя муры самі абваліліся ад старасці, але маці кажа, што гэта, можа, каваль нябожчык, той, пра якога я вяльможнаму панству расказваў, гэтакі жарт учыніў.

Нікому не кажучы, што вяльможны пан ішоў тады да замка, цэлы тыдзень пераграбаў я той друз: ці, барані Божа, не здарылася бяды. І толькі калі нічагусенькі там не знайшлося, усцешыўся я так моцна, што на тым месцы стаўлю святы крыж, цалкам дубовы, не фарбаваны, каб была памяць, як вяльможны пан у бяду не трапіў. Але жонка мая, па жаночай звычцы, непакоіцца… Дык таму я пакорна малю вяльможнага пана, каб даў нам знаць пра сябе, што жывы і здаровы…

Ксёндз пробашч гэтакі парадзіў мне выразаць надпіс на крыжы: “Non omnis moriar...”[258]

Каб людзі ведалі, што хоць стары замак – памятка даўніх часоў – і рассыпаўся на кавалкі, але ж ён не загінуў цалкам, і яшчэ нямала засталося, каб пабачылі нават нашы ўнукі…”

– Дык Вакульскі быў у краі!.. – усцешана выгукнуў Жэцкі і паслаў па доктара, запрашаючы прыйсці зараз жа.

Менш як праз чвэрць гадзіны з’явіўся Шуман. Два разы прачытаў ён ліст і са здзіўленнем пазіраў на павесялелы твар пана Ігнацы.

– Што доктар скажа?.. – трыумфальна спытаў Жэцкі.

Шуман здзівіўся яшчэ мацней.

– Што я скажу?.. – паўтарыў ён. – Сталася тое, што я прадказваў Вакульскаму яшчэ перад яго выездам у Балгарыю… Гэта ж ясна, Стах забіўся ў Заслаўлі.

Жэцкі ўсміхнуўся.

– Але ж падумай, пане Ігнацы, – казаў доктар, з цяжкасцю стрымліваючы хваляванне. – Падумай, бачылі яго ў Дамброве, як купляў набоі, потым бачылі яго ў ваколіцах Заслаўка, а потым, нарэшце, у самім Заслаўлі. Думаю, што ў замку нешта адбылося паміж ім і тою… тою грахаводніцаю… Бо ён нават мне раз сказаў, што хацеў бы праваліцца скрозь зямлю. Гэтак глыбока, як студня заслаўская…

– Каб ён хацеў забіцца, мог зрабіць гэта раней… Зрэшты, і пісталета хапіла б, навошта дынаміт, – адказаў Жэцкі.

– Дык і забіваўся ж… Але да апошняе цалі была гэта апантаная бестыя, дык пісталета яму было мала… Яму лакаматыў падавай, каб загінуць… Самазабойцы бываюць пераборлівыя, я ведаю!..

Жэцкі круціў галавою і ўсміхаўся.

– Дык што, да д’ябла, сам пан пра гэта думае?.. – злосна закрычаў Шуман. – Ці маеш іншую нейкую гіпотэзу?..

– Маю. Стаха вярэдзілі ўспаміны пра той замак, дык ён хацеў яго знішчыць, як Ахоцкі знішчыў грэчаскую граматыку, калі перапрацаваўся. Гэта яшчэ і адказ той панне, якая, падобна, штодня ездзіла тужыць да тых камянёў…

– Але ж гэта дзяцінства!.. Саракагадовы чалавек не можа рабіць вучнёўскіх учынкаў…

– Пытанне тэмпераменту, – адказаў Жэцкі спакойна. – Адны адсылаюць назад усе памяткі, а ён сваю высадзіў у паветра… Шкада толькі, не было тае Дульсінеі сярод камянёў.

Доктар задумаўся.

– Апантаная бестыя!.. Але дзе ж ён падзеўся, калі жывы?..

– Якраз цяпер ён вандруе з лёгкім сэрцам. А не піша, бо мы ўжо, відаць, усе яму абрыдлі… – цішэй скончыў пан Ігнацы. – Зрэшты, каб ён там загінуў, застаўся б нейкі след…

– Што ж, не даў бы слова, што пан не мае рацыі, хоць я ў гэта не веру, – прамармытаў Шуман.

Ён сумна пахітаў галавою і працягваў:

– Рамантыкі мусяць вымерці. Як ні круці. Цяперашні свет не для іх… Не засталося ўжо ніякіх таямніц, дык не верым мы ні ў кабет, падобных да анёлаў, ні ў ідэалы. Хто гэтага не разумее, мусіць загінуць або добраахвотна сысці…

– Але які стыльны чалавек!.. – скончыў ён. – Памёр, прывалены рэшткамі феадалізму… Загінуў, аж зямля здрыганулася… Цікавы тып, цікавы…

Раптам ён схапіў капялюш і выбег з пакоя з мармытаннем:

– Вар’яты!.. Вар’яты!.. Увесь свет заразілі б сваёй апантанасцю…

Жэцкі па-ранейшаму ўсміхаўся.

“Хай мяне д’яблы забяруць, – казаў ён сам сабе, – калі я не маю рацыі адносна да Стаха!.. Сказаў панне adieu! і паехаў… Вось і ўвесь сакрэт. Як вернецца Ахоцкі, даведаемся праўду…”

Ён быў у гэткім добрым гуморы, што выцягнуў з-пад ложка гітару, настроіў струны і пад акампанемент зацягнуў:

Вясна абуджаецца ў нашым краі,

Салоўкі ёй песнямі служаць;

У гаі зялёным, каля ручаю

Квітнеюць дзве пекныя ружы.

Востры боль у грудзях нагадаў, што яму нельга стамляцца.

Але ён адчуваў прыліў энергіі.

“Стах, – думаў ён, – узяўся за нейкую важную працу, Ахоцкі едзе да яго, дык і я мушу паказаць, на што здольны… Прэч мары!..

Напалеоны ўжо свет не палепшаць, і ніхто яго не палепшыць, калі і далей мы будзем паводзіць сябе, як лунацікі… Аб’яднаюся з Мрачэўскімі, выклічу Лісецкага, знайду Клейна і яшчэ пабачым, пане Шлянгбаўм, ці адзін ты разумны… Да ліха, што тут цяжкага – зарабіць грошай, калі раптам заманецца?

Ды з такім капіталам, ды з такімі людзьмі!..”

У суботу ўвечары, пасля таго, як разышліся экспэдэнты, пан Ігнацы ўзяў у Шлянгбаўма ключ ад тыльных дзвярэй крамы, каб аформіць вітрыну на наступны тыдзень.

Ён запаліў лямпу, з дапамогаю Казіміра дастаў з аднае вітрыны жардзінерку і дзве саксонскія вазы, а на іх месца паставіў японскія вазы і старарымскі столік. Потым адправіў слугу ісці спаць, бо любіў у самотнасці раскладаць дробныя рэчы, асабліва механічныя цацкі. Ён не хацеў, каб чалавек ведаў, што сам ён ахвочы пабавіцца крамнымі цацкамі.

Як звычайна, гэтак і цяпер, ён дастаў іх, расставіў на прылаўку і завёў усе разам. Тысячны раз у жыцці слухаў ён мелодыі музычных табакерак і глядзеў, як мядзведзь караскаецца на слуп, як шкляная вада круціць кола млыну, як кот гоніцца за мышшу, як танцуюць кракавяк, а жакей галопам скача на кані.

І, гледзячы на рухі мёртвых фігур, тысячны раз у жыцці паўтараў:

– Марыянеткі!.. Усе марыянеткі!.. Здаецца ім, нібы робяць, што хочуць, а робяць толькі тое, што загадае спружына, гэткая ж сляпая, як і яны самі…

Калі крыва пушчаны жакей паваліўся на танцораў, пан Ігнацы пасмутнеў.

“Даць шчасця адзін аднаму яны няздольныя, а зруйнаваць чужое жыццё ўмеюць гэтак жа добра, як людзі…”

Раптам ён пачуў шоргат. Зірнуў у глыбіню крамы і ўгледзеў там чалавечую фігуру, што вылазіла з-пад прылаўка.

“Злодзей?” – мільганула яму ў галаве.

– Вельмі перапрашаю, пане Жэцкі, але… я зараз вярнуся… – азвалася цемнатварая фігура з чорнымі валасамі, потым кінулася да дзвярэй, адчыніла іх і знікла.

Пан Ігнацы прыкіпеў да фатэля, рукі сталі цяжкія, ногі адняліся. Толькі сэрца калацілася, як трэснуты звон, а ў вачах сцямнела.

“Якога д’ябла мне палохацца? – прашаптаў ён. – Гэта ж той… той Ісідор Гутморген… тутэйшы крамнік… Вядома, нешта якраў і ўцёк… Але чаго я спалохаўся?...”

Тым часам Ісідор Гутморген пасля працяглае адсутнасці вярнуўся ў краму, што яшчэ больш здзівіла Жэцкага.

– Адкуль тут пан узяўся?.. Што пану трэба?.. – спытаў яго пан Ігнацы.

Пан Гутморген меў вельмі збянтэжаны выгляд. Ён, як вінаваты, звесіў галаву і, перабіраючы пальцамі па прылаўку, сказаў:

– Перапрашаю, пане Жэцкі, але пан, можа, думае, што я нешта скраў?.. Няхай пан мяне абшукае…

– Але што тут пан робіць? – спытаў Жэцкі.

Ён хацеў падняцца з фатэля і не мог.

– Мне пан Шлянгбаўм загадаў застацца сёння на ноч…

– Навошта?

– Бо, пане Жэцкі… з панам прыходзіць сюды той Казімір… дапамагаць… Дык пан Шлянгбаўм загадаў мне пільнаваць, каб той чаго не вынес… Але мне блага нешта зрабілася, дык… Я пана вельмі перапрашаю…

Жэцкі ўжо падняўся.

– Ах вы шчанюкі!.. – закрычаў ён раз’юшана. – Гэта мяне вы лічыце злодзеем?.. За тое, што я ў вас задарма працую?..

– Перапрашаю, пане Жэцкі, – пакорліва казаў Гутморген, – але… навошта пан задарам працуе?..

– Няхай вас мільён д’яблаў раздзярэ!.. – крыкнуў пан Ігнацы.

Ён выбег з крамы і старанна замкнуў дзверы на ключ.

“Пасядзі ж там да раніцы, калі табе блага!.. Ды яшчэ памятку пакінь свайму гаспадару,” – прамармытаў ён.

Пан Ігнацы не мог заснуць усю ноч. А як яго кватэра была праз сенцы ад крамы, дык а другой гадзіне ён пачуў нясмелы стук з крамы і прыглушаны голас Гутморгена, які прасіўся:

– Пане Жэцкі, няхай пан адчыніць… Я зараз жа вярнуся…

Хутка, аднак, усё сціхла.

“О, галганы! – думаў Жэцкі і круціўся на ложку. – Гэта вы на мяне глядзіце, як на злодзея… Ну пачакайце ж!..”

А дзявятай раніцы ён пачуў, як Шлянгбаўм вызваліў Гутморгена, а потым загрукаў яму ў дзверы. Аднак не азваўся, а калі прыйшоў Казімір, загадаў, каб той ніколі не пускаў Шлянгбаўма.

“Перабяруся адсюль, – казаў ён сабе, – бадай, пасля Новага года… Нават каб давялося жыць на паддашку або ў гатэльным нумары… Мяне зрабілі злодзеем!.. Стах давяраў мне тысячы, а гэтая пачвара трасецца над сваім тандэтным таварам…”

Апоўдні ён напісаў два доўгія лісты: адзін да пані Стаўскае, з прапановаю вярнуцца ў Варшаву і супольна з ім адчыніць краму, другі – да Лісецкага, пытаючыся, ці не захацеў бы той заняць у іх пасаду…

Пакуль ён пісаў ды перачытваў лісты, зласлівая ўсмешка не сыходзіла ў яго з твару.

“Уяўляю сабе міну Шлянгбаўма, – думаў ён, – калі ў яго пад носам з’явяцца канкурэнты. Хе-хе-хе!.. Мяне загадаў пільнаваць… Дажыўся! Распанеў блазан… Хе-хе-хе!..”

У гэты момант ён зачапіў рукавом пяро, якое ўпала са стала на падлогу. Жэцкі нахіліўся, каб падняць яго, і раптам адчуў нечаканы боль у грудзях, нібы хто прабіў лёгкія вострым ножыкам. На момант сцямнела ў вачах, і ён адчуў млоснасць, дык, не падымаючы пяра, ён з фатэля перайшоў на шэзлонг і прылёг.

“Буду апошнім ёлупам, – думаў ён, – калі праз пару гадоў Шлянгбаўм не выберацца назад на свае Налеўкі… Дурань стары з мяне!.. Турбаваўся пра Банапарта, пра ўсю Еўропу, а тым часам пад бокам дробны спекулянт гэтак увабраўся ў сілу, што загадвае пільнаваць мяне, як злодзея… Ну, але будзе навука на ўсё жыццё… Перастанеце ўжо называць мяне рамантыкам ды фантазёрам…”

Нешта нібы захрасла ў яго левым лёгкім.

“Астма?.. – прамармытаў ён. – Мушу сур’ёзна лячыцца. Іначай праз пяць-шэсць гадоў стану калекам… Ах, каб паклапаціўся я пра гэта гадоў дзесяць таму!..”

Ён прыкрыў вочы, і здавалася яму, што ўсё яго жыццё, ад хвіліны цяперашняе ажно да дзяцінства, разгорнутае перад ім у выглядзе панарамы, уздоўж якое ён плыве ў надзіва спакойным руху… Нязвыкла было толькі, што кожная карціна, якую ён мінаў, сціралася з памяці назаўсёды, і ўжо ніяк не мог ён прыгадаць таго, на што глядзеў хвіліну раней. Вось абед у гатэлі Еўрапейскім з нагоды адкрыцця новае крамы… Вось старая крама, а ў ёй панна Ленцкая размаўляе з Мрачэўскім… Вось ягоны пакой з закратаваным акном, куды толькі што ўвайшоў Вакульскі, які вярнуўся з Балгарыі…

“Хвілінку… а што я бачыў перад гэтым…” – думаў ён.

Вось сутарэнне Гопфера, дзе ён пазнаёміўся з Вакульскім… А вось поле бою, дзе блакітны дым падымаецца над лініямі сініх ды белых мундзіраў… А вось стары Мінцаль сядзіць у фатэлі і торгае за шнурок казака, што вісіць у акне…

“Ці я сапраўды гэта бачыў, ці ўсё гэта толькі сніў?.. Божа міласэрны…” – прашаптаў ён.

Цяпер здавалася яму, нібы ён малы хлопец і ў той час, калі бацька гутарыць з панам Рачкам пра імператара Напалеона, ён уцёк на паддашак і праз круглае акенца глядзіць на Віслу ў бок Прагі… Паступова, аднак, вобраз прадмесця затуманіўся ў яго перад вачыма і засталося толькі акенца. Спачатку было яно вялікае, як міса, а потым зменшылася да памераў срэбранае манеты…

З усіх бакоў адначасова ахоплівала яго забыццё і цемра, а хутчэй, непраглядная чарната, сярод якое толькі гэта акенца свяціла, нібы зорка з няспынна гаснучым бляскам.

Нарэшце, і гэта апошняя зорка згасла…

Можа, ён убачыў яе зноў, але ўжо не над зямным гарызонтам.


- - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - --


А другой гадзіне прыйшоў слуга пана Ігнацы Казімер. Ён прынёс кош талерак і пачаў з грукатам расстаўляць іх на стале, а калі пабачыў, што пан не абуджаецца, загукаў:

– Калі ласка, пане, абед астыне…

А як пан Ігнацы і тады не паварушыўся, Казімер падышоў да шэзлонга ды паклікаў:

– Калі ласка, пане…

Раптам ён адступіў, выбег у сенцы і загрукаў у тыльныя дзверы крамы, дзе быў яшчэ Шлянгбаўм ды адзін з крамнікаў.

Шлянгбаўм адчыніў дзверы.

– Чаго ты хочаш? – злосна спытаў ён слугу.

– Калі ласка, пане… З нашым панам нешта здарылася…

Шлянгбаўм асцярожна ўвайшоў у пакой, зірнуў на шэзлонг і таксама адступіў…

– Бяжы па доктара Шумана!.. – загадаў ён. – Я не хачу сюды заходзіць…

У гэты час у доктара быў Ахоцкі і расказваў таму, што ўчора раніцаю вярнуўся з Пецярбурга, а апоўдні правёў на венскі цягнік сваю кузіну, панну Ізабэлу Ленцкую, якая паехала за мяжу.

– Уяві сабе, пане, – скончыў ён, – яна ідзе ў кляштар!..

– Панна Ізабэла?.. – не даў веры Шуман. – Што ж гэта, яна мае намер нават Пана Бога спакушаць, ці толькі шукае адпачынку пасля турботаў, каб больш пэўным крокам пайсці замуж?

– Не чапай ты яе… Незвычайная яна кабета… – ціха сказаў Ахоцкі.

– Усе яны здаюцца нам незвычайнымі, – незадаволена адказаў доктар, – пакуль мы не ўпэўнімся, якія яны дурніцы пустагаловыя… Можа, пра Вакульскага пан нешта чуў?..

– А! Менавіта… – адказаў Ахоцкі, але раптам стрымаўся і змоўк.

У гэты момант з’явіўся Казімір з крыкам:

– Пане доктар, нешта сталася з нашым панам. Хутчэй, пане!

Шуман сарваўся з месца, а разам з ім і Ахоцкі. Яны селі ў брычку і паімчалі да дома, дзе жыў Жэцкі.

У браме заступіў ім дарогу Марушэвіч з моцна заклапочаным выразам на твары.

– Ну, уяві сабе, пан, – звярнуўся ён да доктара, – я гэткую важную меў да яго справу… Гаворка пра мой гонар… А ён узяў ды памёр!

Доктар і Ахоцкі разам з Марушэвічам увайшлі ў кватэру Жэцкага. У першым пакоі быў ужо Шлянгбаўм, радца Вянгровіч і агент Шпрот.

– Каб піў брагу, – казаў Вянгровіч, – да ста гадоў бы дажыў. А так…

Шлянгбаўм заўважыў Ахоцкага і схапіў яго за руку:

– Пан дакладна хоча забраць грошы на гэтым тыдні?

– Так.

– Чаму ж гэтак спешна?..

– Бо я з’язджаю.

– Надоўга?

– Можа, назаўсёды, – рэзка адказаў той і пайшоў за доктарам у пакой, дзе ляжаў нябожчык.

За імі на дыбачках увайшлі астатнія.

– Што робіцца! – азваўся доктар. – Гэтыя гінуць, вы з’язджаеце… Хто ж тут урэшце застанецца?..

– Мы!.. – адначасова адказалі Марушэвіч са Шлянгбаўмам.

– У людзях недахопу не будзе… – дадаў радца Вянгровіч.

– Недахопу не будзе… але пакуль ідзіце адсюль, панове! – крыкнуў доктар.

Уся кампанія з абурэннем выйшла ў вітальню. Засталіся толькі Шуман з Ахоцкім.

– Зірні на яго, пан… – сказаў доктар, паказваючы на нябожчыка. – Гэта апошні рамантык!.. Як яны сыходзяць… як яны сыходзяць…

Ён патузаў сябе за вус і адвярнуўся да вакна.

Ахоцкі ўзяў халодную руку Жэцкага і нахіліўся, нібы хацеў нешта шапнуць таму на вуха. Раптам у бакавой кішэні памерлага ён заўважыў беражок ліста Венгелька і машынальна прачытаў накрэсленыя вялікімі літарамі словы:

“NON OMNIS MORIAR…”

– Маеш рацыю… – сказаў ён нібы сам сабе.

– Я маю рацыю?.. – спытаў доктар. – Даўно ведаю.

Ахоцкі маўчаў.


Загрузка...