XXVII. ЛЯСЫ, РУІНЫ І ЧАРЫ


Яны рушылі.

Барон, як звычайна, шаптаўся з нарачонаю. Старскі нястрымна заляцаўся да Вансоўскае, якая, што дзівіла Вакульскага, прымала гэта досыць зычліва, а Ахоцкі правіў чацверыком. Тым разам, аднак, яго фурманскаму энтузіязму перашкаджала суседства панны Ізабэлы, да якое ён штохвіліны паварочваўся.

“Забаўны птах гэты Ахоцкі! – думаў Вакульскі. – Мне кажа, што ад аргументаў паны Ізабэлы яму хоць вушы затыкай, а цяпер толькі з ёю і размаўляе… Вядома, ён хацеў мяне знеахвоціць…”

І настрой у яго зрабіўся вельмі змрочны, бо ён быў ужо амаль пэўны, што Ахоцкі закаханы ў панну Ізабэлу, і што з гэтакім канкурэнтам няма чаго і змагацца.

“Малады, прыгожы, здольны… – думаў ён. – Яна б не мела вачэй, хіба, або розуму, каб, абіраючы паміж ім і мною, не аддала перавагі яму… Але і ў такім выпадку я мусіў бы прызнаць яе высакародную натуру, бо ёй падабаецца Ахоцкі, а не Старскі. Бедны барон, а яшчэ больш бедная яго нарачоная, якая гэтак відавочна зачараваная Старскім. Трэба мець зусім пустую галаву і сэрца…”

Ён глядзеў на восеньскае сонца, шэрую пожню ды на валоў, запрэжаных у плугі, якія аралі на ўзгорку, і поўны глыбокага смутку ў душы ўяўляў сабе хвіліну, калі зусім ужо страціць надзею і саступіць месца пры панне Ізабэле Ахоцкаму.

“Што ж рабіць?.. Што ж рабіць, каля яна яго абрала… На сваю бяду ўбачыў яе…”

Яны заехалі на ўзгорак, перад імі адкрыўся далягляд – некалькі вёсак, лес, рака і мястэчка з касцёлам.

Брычка хісталася.

– Цудоўны краявід! – выгукнула пані Вансоўская.

– Як з паветранага балону, якім кіруе пан Ахоцкі, – дадаў Старскі, трымаючыся за парэнчы.

– Пан лятаў на балоне? – запыталася панна Феліцыя.

– На балоне пана Ахоцкага?..

– Не, на сапраўдным…

– На жаль, не! Ні на якім я не лятаў, – уздыхнуў Старскі. – Але зараз мне здаецца, што лячу і на вельмі кепскім.

– Пан Вакульскі, пэўна, лятаў, – прамовіла тонам глыбокага пераканання панна Феліцыя.

– Але, Фэля, у чым ты яшчэ пачнеш падазраваць пана Вакульскага! – папракнула яе пані Вансоўская.

– Сапраўды, я лятаў… – адказаў Вакульскі.

– Пан лятаў?... Ах, як добра! – закрычала панна Феліцыя. – Няхай нам пан раскажа…

– Лятаў пан?.. – азваўся з козлаў Ахоцкі. – Тпру!.. Няхай пан пачакае з апавяданнем, я зараз.

Ён кінуў лейцы фурману, хоць яны ў гэты момант якраз з’язджалі з гары, саскочыў з козлаў і праз момант сеў у брычку насупраць Вакульскага.

– Лятаў пан?.. – паўтарыў ён. – Дзе?.. Калі?..

– У Парыжы, але на прывязаным балоне. Паўвярсты ўгару, якое гэта падарожжа, – адказаў крыху збянтэжаны Вакульскі.

– Няхай пан працягвае… Павінна быць досыць грандыёзнае відовішча?.. Што пан адчуваў?.. – пытаўся Ахоцкі. Ён дзіўна змяніўся, вочы ў яго пашырыліся, твар пачырванеў. Гледзячы на яго, цяжка было сумнявацца, што ў гэты момант яму не ў галаве панна Ізабэла.

– Гэта павінна быць неверагодна прыемна… Кажы, пан… – упарта прасіў ён і трос Вакульскага за калена.

– Краявід, сапраўды, цудоўны, – адказаў Вакульскі. – Бо далягляд аддаляецца на некалькі дзясяткаў вёрст, і ўвесь Парыж з ваколіцамі выглядае, як рэльефная мапа. Але падарожжа нецікавае, можа, першы раз, хіба…

– А ўражанні якія?..

– Дзіўныя. Чалавек мяркуе, што ён сам паляціць угару, і раптам бачыць, што не ён, а зямля хутка аддаляецца ў яго з-пад ног. Гэты падман такі нечаканы і прыкры, што… хочацца выскачыць…

– Што ж яшчэ?... – налягаў Ахоцкі.

– Другое дзіва – далягляд, які пастаянна застаецца на вышыні вачэй. У выніку зямля выглядае ўвагнутай, як вялізная глыбокая міса.

– А людзі?.. Дамы?..

– Дамы бачацца, як скрыначкі, трамваі – як вялікія мухі, а людзі – як чорныя кроплі, што хутка бягуць у розных кірунках, цягнучы за сабою доўгія цені. Наогул, гэта падарожжа поўнае неспадзяванак.

Яны даехалі ўжо да лесу, а за імі – і воз з дзвюма служанкамі. Пані ўзялі сабе па кошыку.

– А цяпер дамы разам са сваімі кавалерамі – усе ў розныя бакі! – скамандавала пані Вансоўская. – Пане Старскі, папярэджваю, настрой у мяне сёння выключны. А што гэта значыць, калі ў мяне выключны настрой, ведае пан Вакульскі, – дадала яна з нервовым смяшком. – Пан Ахоцкі, Бэля, калі ласка, у лес, і не паказвайцеся, пакуль… не назбіраеце поўныя кошыкі рыжыкаў… Фэля!..

– Я пайду з Міхалінкаю ды Асяю! – хутка адказала панна Феліцыя, пазіраючы на Вакульскага, нібы ён быў ворагам, супраць якога неабходна ўзброіцца двума служанкамі.

– Ну, хадзем жа, кузіне, – звярнулася да Ахоцкага панна Ізабэла, бо ўсё таварыства рушыла ўжо ў лес. – Але вазьмі мой кошычак і сам збірай рыжыкі, бо мне, прынамсі, гэта не цікава.

Ахоцкі ўзяў у яе кошык і кінуў яго на воз.

– Нашто мне вашы рыжыкі! – адказаў ён пахмурна. – Я страціў два месяцы на рыбалцы, на грыбах, забаўленнем дам ды на падобнай лухце… Іншыя гэтым часам ляталі на балоне… Я збіраўся ў Парыж, але старшынёва гэтак настойвала, каб я ў яе адпачыў… І добра адпачыў… Здурнеў дарэшты… Ужо нават і думаць перастаў пра нешта сур’ёзнае… страціў здольнасці… Гэх! Не чапляйцеся вы да мяне з вашымі рыжыкамі… Аж зла не хапае!..

Ён махнуў рукою, потым запхнуў рукі ў кішэні і пайшоў у лес са звешанаю галавою, нешта мармычучы сабе пад нос.

– Добры таварыш! – азвалася з усмешкаю панна Ізабэла да Вакульскага. – Гэтак будзе ўжо з ім да канца вакацыяў… Я была ўпэўненая, што сапсуецца ў яго настрой, як толькі Старскі згадаў балон…

“Дабраславёныя балоны! – падумаў Вакульскі. – Такі канкурэнт не з’яўляецца небяспечным…”

У гэты момант ён адчуў, што любіць Ахоцкага.

– Я перакананы, – звярнуўся ён да панны Ізабэлы, – што кузін пані зробіць вялікае адкрыццё. Хто ведае, ці не станецца гэта эпохаю ў гісторыі чалавецтва… – дадаў ён, думаючы пра праекты Гейста.

– Пан гэтак мяркуе? – досыць абыякава запыталася панна Ізабэла. – Можа быць… Кузін часам дэманструе нявыхаванасць, бывае, гэта яму пасуе, але часам ён нудны, і гэта не пасуе нават вынаходнікам. Калі я гляджу на яго, дык прыгадваецца мне адна гісторыйка пра Ньютона. Быў гэта, падобна, вельмі вялікі чалавек, праўда, пане?.. Але што ж, калі аднойчы, седзячы з паненкаю, ён узяў яе за руку і… ці пан паверыць?.. пачаў чысціць сваю люльку яе малым пальцам!.. Ну, калі да гэтага даводзіць геніяльнасць, дзякуй, але я не жадаю геніяльнага мужа!.. Пройдземся крыху па лесе, добра, пане?

Кожнае слова панны Ізабэлы лагодзіла сэрца Вакульскага, як кропля мёду.

“Дык ёй падабаецца Ахоцкі (бо каму ж ён не падабаецца), але яна не выйдзе за яго!..”

Яны ішлі вузкай сцежкай паміж двух узлескаў: направа былі дубы і букі, а злева – хвоі.

Паміж хвоямі час ад часу мільгаў чырвоны шалік пані Вансоўскае або белая накідка панны Эвеліны. У адным месцы дарога раздвойвалася, і Вакульскі хацеў збочыць, але панна Ізабэла стрымала яго:

– Не, не, – сказала яна, – туды мы не пойдзем, бо страцім з вачэй усю кампанію, а для мяне лес толькі тады прыгожы, калі я бачу ў ім людзей. Тады я разумею яго… Няхай пан зірне… Праўда, гэта частка падобная на вялізны касцёл?.. Гэты шэраг хвояў – калоны, там – бакавы неф, а тут – вялікі алтар. Бачыць пан, бачыць?.. Вось засвяціла сонца з-за галінаў, як у гатычным акне. Якая разнастайнасць! Тут мае пан дамскі будуар, а гэтыя нізкія кусцікі – гэта зэдлікі. Нават люстра ёсць, якое засталося пасля нядаўняга дажджу… А тут вуліца, праўда?.. Крыху крывая, але вуліца… А там ужо рынак або пляц… Ці бачыць пан усё гэта?

– Бачу, калі мне пані паказвае, – з усмешкаю адказаў Вакульскі. – Трэба, аднак, мець вельмі паэтычную фантазію, каб заўважыць гэтае падабенства.

– Праўда?.. А я заўсёды думала, што я празаічная…

– Можа, пані яшчэ не мела магчымасці адкрыць усе свае таленты, – адказаў Вакульскі, незадаволены набліжэннем панны Феліцыі.

– Што гэта? Панства не збірае рыжыкі? – здзівілася панна Феліцыя. – Цудоўныя рыжыкі, іх гэтак шмат, што нам не хопіць кошыкаў і давядзецца сыпаць проста ў брычку. Даць табе, Бэля, кошык?..

– Дзякуй, не!

– А пану?

– Не ведаю, ці здолеў бы я адрозніць рыжык ад мухамора?

– Цудоўна! – закрычала панна Фэля. – Не спадзявалася я ад пана гэткага адказу… Усё скажу бабулі і папрашу, каб не дазволіла есці рыжыкі, прынамсі, тыя, што я назбірала.

Яна кіўнула галавою і адышла.

– Абразіў пан Феліцыю, – сказала панна Ізабэла. – Гэта нядобра… Яна да пана гэткая спагадлівая.

– Панне Феліцыі падабаецца збіраць рыжыкі, а мне цікавей слухаць лекцыю пані пра лес.

– Мяне гэта вельмі цешыць, – адказала злёгку зачырванелая панна Ізабэла, – але я ўпэўненая, што хутка надакучыць пану мая лекцыя. Бо для мяне не заўсёды лес прыгожы, часам ён здаецца мне жахлівым. Каб я тут апынулася адна – дакладна, не бачыла б ані вуліц, ані касцёлаў, ані будуараў. Адну мяне лес палохае. Ён перастае быць дэкарацыяй, а пачынае быць нечым такім, чаго я не разумею і чаго баюся. Галасы птушак нейкія дзікія, часам падобныя да раптоўнага балеснага крыку, а часам да рогату, нібыта я насмелілася прыйсці да монстраў. Тады кожнае дрэва падаецца мне жывою істотаю, якая хоча схапіць мяне сваімі галінамі і задушыць, кожная зёлка здрадліва стараецца аплесці мне ногі, каб ужо не выпусціць… А ва ўсім вінаваты кузін Ахоцкі, які тлумачыў мне, што прырода створаная не для чалавека… Паводле ягонай тэорыі, усё кругом жывое і ўсё жыве дзеля сябе…

– Ён мае рацыю, – ціха прамовіў Вакульскі.

– Як? Дык і пан у гэта верыць? Дык, паводле пана, гэты лес не прызначаны на карысць людзям, а мае нейкі свой уласны інтарэс, не горшы за наш?..

– Я бачыў пушчы, у якіх чалавек не з’яўляўся гадамі, аднак яны буялі…

– Ах, няхай пан гэтак не кажа!.. Гэта прыніжэнне чалавечае вартасці, неадпаведнае нават Святому Пісанню. Бог жа аддаў людзям зямлю, каб яны на ёй жылі, а расліны і жывёл – на спажыванне…

– Карацей кажучы, паводле пані, прырода павінна служыць людзям, а людзі – класам прывілеяваным і тытулаваным?.. Не, пані. І прырода, і людзі жывуць сваім жыццём, і толькі тыя маюць права валодаць імі, хто мае больш сілы і больш працуе. Сіла і праца з’яўляюцца адзінымі прывілеямі на свеце. Часта бывае, што тысячагадовыя, але спарахнелыя дрэвы падаюць пад сякерамі каланістаў, але, нягледзячы на гэта, у прыродзе не здараецца ніякага перавароту. Сіла і праца, пані. Не тытул і не паходжанне…

Панна Ізабэла была незадаволеная.

– Тут пан можа мне гаварыць, што хоча, – сказала яна. – Тут я паверу ва ўсё, бо навокал бачу толькі панскіх хаўруснікаў.

– Ці яны ніколі не стануць хаўруснікамі пані?!

– Не ведаю… можа… Я гэтак часта цяпер чую пра іх, што некалі здолею паверыць у іх сілу.

Яны выйшлі на паляну перад пагоркам, парослым крывымі хвоямі. Пана Ізабэла села на пень ссечанага дрэва, а Вакульскі – непадалёк ад яе на зямлю.

У гэты момант на ўскрайку паляны з’явілася пані Вансоўская са Старскім.

– Ці не хочаш, Бэля, – закрычала яна, – узяць сабе гэтага кавалера?

– Пратэстую! – азваўся Старскі. – Панна Ізабэла цалкам задаволеная сваім таварышам, а я – сваёй таварышкай…

– Гэта так, Бэля?

– Так, так! – закрычаў Старскі.

– Няхай будзе так… – паўтарыла панна Ізабэла, гледзячы ў зямлю і нешта крэслячы парасонам.

Пані Вансоўская і Старскі зніклі на ўзгорку, панна Ізабэла ўсё больш нецярпліва круціла парасонам. У Вакульскага кроў пульсавала ў скронях, як звон. Маўчанне ўжо зацягнулася, першая азвалася панна Ізабэла:

– Амаль год таму былі мы ў гэтым месцы ў верасні на маёўцы… Было каля трыццаці чалавек з суседства… Вось там палілі вогнішча…

– Пані было весялей, чым сёння?

– Не. Я сядзела на гэтым самым пні, і было мне неяк сумна… Нечага мне бракавала… І, што са мною вельмі рэдка здараецца, думала: што ж будзе праз год?..

– Дзіўна!.. – ціха прамовіў Вакульскі. – Я таксама прыблізна год таму стаяў з абозам у лесе, але ў Балгарыі… Я думаў, ці буду жывы праз год і…

– І пра што яшчэ?

– Пра пані.

Панна Ізабэла неспакойна паварушылася і крыху збляднела.

– Пра мяне?.. – перапытала яна. – Хіба ж пан мяне ведаў?..

– Так. Я ведаю пані ўжо некалькі гадоў, але здавалася мне часам, што ведаю пані цэлыя стагоддзі… Час моцна расцягваецца, калі мы пра некага думаем няспынна, наяве і ў сне…

Яна паднялася з пня, нібы жадаючы ўцякаць. Вакульскі таксама падняўся.

– Няхай пані прабачыць, калі я міжвольна пакрыўдзіў пані. Можа, паводле пані, такія, як я, не маюць права думаць пра пані?.. Нават гэткая забарона магчымая ў вашым свеце. Але я належу да іншага… У маім свеце папараць і мох гэтак жа маюць права глядзець на сонца, як хвоі або… грыбы. Таму няхай мне пані проста скажа, можна або няможна мне думаць пра пані? На сёння не жадаю я нічога болей.

– Я пана амаль не ведаю, – прамовіла відавочна заклапочаная панна Ізабэла.

– Я таксама сёння нічога не ведаю. Пытаюся толькі, ці не лічыць пані за абразу для сябе, што я думаю пра пані, нічога іншага – толькі думаю. Я ведаю меркаванне класа, у якім выхавалася пані, пра такіх людзей, як я, і разумею: тое, што я кажу ў гэты момант, можна назваць залішняй смеласцю. Дык няхай мне пані скажа наўпрост, калі аж такая існуе паміж намі няроўнасць, я пакіну свае старанні спадабацца пані… Паеду сёння або заўтра без ценю прэтэнзіі, наадварот, цалкам вылечаны.

– Кожны чалавек мае права думаць… – адказала панна Ізабэла, якая бянтэжылася ўсё больш.

– Дзякую пані. Гэтымі словамі дала мне пані зразумець, што ў яе вачах я не стаю ніжэй за Старскіх, маршалкаў ды ім падобных… Я разумею, што нават пры такой умове магу яшчэ не заслужыць прыхільнасці пані… Да гэтага вельмі далёка… Але я ведаю, прынамсі, што ўжо маю чалавечыя правы, і што пані будзе з гэтага часу ацэньваць мае ўчынкі, а не тытулы, якіх у мяне няма.

– Пан жа, прынамсі, шляхціц і, як кажа старшынёва, не горшы за Старскіх ды Заслаўскіх…

– Так, калі пані жадае, я шляхціц, нават лепшы за шмат каго з тых, якіх я сустракаю ў салонах. На бяду, я яшчэ і купец.

– Ну, купцом можна быць, а можна і не быць, гэта залежыць ад пана… – ужо смялей адказала панна Ізабэла.

Вакульскі задумаўся.

У гэты момант у лесе пачалі гукаць ды склікаць, і праз некалькі хвілін уся кампанія са слугамі, кашамі ды рыжыкамі ўжо сабралася на палянцы.

– Вяртаемся дадому, – скамандавала пані Вансоўская, – бо мне гэтыя рыжыкі ўжо абрыдлі, і час абедаць.

Некалькі наступных дзён мінулі для Вакульскага надзвычай дзіўна. Каб у яго запыталіся, чым яны былі для яго, напэўна, ён адказаў бы, што гэта быў шчаслівы сон, тая пара ў жыцці, дзеля якое, можа, прырода і стварыла чалавека.

Абыякавы назіральнік мог бы назваць гэткія дні аднастайнымі і нават нуднымі. Ахоцкі хадзіў пахмурны і з ранку да вечара або клеіў, або запускаў арыгінальнае формы лятаўцы. Пані Вансоўская з паннай Феліцыяй чыталі або шылі рызы для мясцовага пробашча. Старскі са старшынёвай і баронам гулялі ў карты.

Гэткім чынам, Вакульскі і панна Ізабэла не толькі засталіся самі па сабе, але мусілі быць пастаянна разам.

Яны хадзілі па парку, часам па полі, сядзелі пад стогадоваю ліпаю на падворку, але часцей плавалі на чоўне па сажалцы. Ён веславаў, яна час ад часу крышыла печыва лебедзям, якія ціха плылі за імі. Не адзін падарожны затрымаўся на гасцінцы за сажалкаю, каб паглядзець на незвычайную кампазіцыю, якую яны ўтваралі: белы човен, а ў ёй пара, і побач два белыя лебедзі з крыламі, паднятымі, як ветразі.

Пазней Вакульскі не мог нават прыгадаць, пра што яны размаўлялі ў гэтыя хвіліны. Часцей маўчалі. Раз яна запыталася ў яго, як слімакі плаваюць пад вадою. Другі раз – чаму аблокі маюць гэткую разнастайную афарбоўку. Ён тлумачыў, і тады здавалася яму, што ўсю прыроду ад зямлі да неба ён бярэ ў ахапак і кладзе ёй пад ногі.

Аднаго дня яму прыйшло ў галаву, што ён кінуўся б у ваду і памёр, дабраслаўляючы яе, каб яна загадала.

Падчас гэтых прагулак па вадзе, а таксама падчас шпацыраў у парку і заўсёды, калі яны былі разам, ён адчуваў нейкі нязмерны спакой, нібы ўся яго душа і ўся зямля ад усходніх да заходніх ускраін поўнілася цішынёю, у якой нават тарахценне павозкі, брэх сабакі або шэлест галін гучалі вельмі меладычна. Яму здавалася, што ўжо ён не ходзіць, а плавае ў акіяне містычнага ачмурэння, што ўжо ён не думае, не адчувае, не прагне, а толькі кахае. Гадзіны міналі, як маланкі, якія запальваліся і гаслі на далёкім небасхіле. Толькі была раніца, а ўжо поўдзень, ужо вечар і ноч, поўная бяссоння і ўздыханняў. Часам ён думаў, што суткі падзеленыя на дзве няроўныя часткі: дзень, які мінае вокамгненна, і ноч, якая доўжыцца, як вечнасць для грэшнікаў.

Аднаго дня паклікала яго да сябе старшынёва.

– Сядай, пане Станіславе, – сказала яна. – Што ж, добра ты ў мяне бавішся?

Ён здрыгануўся, як чалавек, якога абудзілі.

– Я?.. – перапытаў ён.

– Няўжо нудзішся?

– За год гэткае нуды я аддаў бы жыццё.

Старая паківала галавою.

– Гэтак часам здаецца, – адказала яна. – Я не ведаю, хто там напісаў, што чалавек толькі тады шчаслівы, калі навокал сябе бачыць тое, што носіць у сабе… Але я кажу, няважна, чаму шчаслівы, абы ім быў… Прабачыш мне, калі я абуджу цябе?..

– Калі ласка, пані, – адказаў ён і міжвольна збялеў.

Старшынёва глядзела на яго, як і раней, ды злёгку ківала галавою.

– Ну, але не бойся, што я абуджу кепскімі навінамі. Буджу я цябе звычайным чынам. Думаў ты нешта пра тую цукроўню, якую раяць мне тут паставіць?

– Яшчэ не…

– Нічога пільнага. Але на дзядзьку зусім ужо ты забыўся. А ён, бедачына, ляжыць непадалёк адсюль, за тры мілі, у Заслаўлі… Можа, паехалі б вы туды заўтра. Наваколле прыгожае, руіны замка… Маглі б вельмі прыемна прабавіць час і нешта з тым каменем надмагільным зрабіць.

– Ведаеш што, – дадала яна і ўздыхнула, – перадумала я. Не трэба разбіваць камень каля замка. Пакінь яго на месцы, толькі загадай выбіць на ім гэтыя радкі: “Мясціны, дзе гулялі мы з табою…”[223] Ведаеш?..

– О, так, ведаю…

– Каля замка ходзіць больш людзей, чым на могілках, хутчэй прачытаюць і, можа, задумаюцца пра апошнюю мяжу ўсяго на гэтым свеце, нават кахання…

Вакульскі выйшаў ад старшынёвай устрывожаны. “Што значыць гэтая размова?..” – падумаў ён, але, на шчасце, спаткаў панну Ізабэлу, якая ішла ў бок сажалкі, і забыўся на ўсё.

На другі дзень усё таварыства, і праўда, паехала ў Заслаўле. Міналі яны лясы, зялёныя пагоркі, яры з жоўтымі схіламі. Наваколле было прыгожае, яшчэ лепшае было надвор’е, але Вакульскі нічога не бачыў, занураны ў смутныя думкі… Ён ужо не быў сам-насам з паннаю Ізабэлаю, як яшчэ ўчора, нават сядзеў у брычцы не побач з ёю, а насупраць панны Феліцыі, а горш за ўсё… Але ўжо тое яму толькі здалося, і ён нават смяяўся ў душы са сваіх падазрэнняў. Яму здалося, што Старскі неяк дзіўна паглядзеў на панну Ізабэлу, і тая ўся зачырванелася.

“Ах, глупства, – думаў ён, – навошта ёй мяне ашукваць!.. Ёй – мяне! Калі я нават не нарачоны”.

Ён пастараўся пазбавіцца сваіх падазрэнняў, і толькі прыкра яму было, што Старскі сядзіць побач з паннаю Ізабэлаю. Але толькі крыху…

“Ну, прынамсі, не забараню ж я ёй, – думаў ён, – сядаць з тым, з кім яна хоча. І не буду прыніжацца да рэўнасці, бо, як бы там ні было, а гэта подлае пачуццё, і часцей за ўсё неабгрунтаванае… Зрэшты, каб яны са Старскім хацелі абменьвацца чулымі позіркамі, дык не рабілі б гэтага так яўна. Вар’ят з мяне…”

Праз пару гадзін яны былі ўжо на месцы.

Заслаўле, некалі мястэчка, а цяпер ціхая вёска, стаіць у нізіне сярод заліўных лугоў. Апроч касцёла і даўняе ратушы, усе будынкі аднапавярховыя, драўляныя і старыя. Пасярод рынку, а хутчэй, пляца ў выбоінах ды калдобінах, высозная гара смецця і студня пад дзіравым дахам, які падтрымліваюць чатыры слупы.

З нагоды шабасу рынак быў пусты, а ўсе крамкі замкнёныя.

У паўднёвым баку за вярсту ад мястэчка ўздымаліся ўзгоркі. На адным з іх стаялі руіны замка: дзве шасцікутныя вежы, на адной з якіх буяла пустазелле, а на другой вырасла купа дубоў.

Калі падарожнікі спыніліся на рынку, Вакульскі выйшаў, каб пабачыцца з пробашчам, а Старскі пачаў камандаваць.

– Дык мы, – сказаў ён, – паедзем брычкаю да тых дубоў і з’ядзім тое, што Бог даў, а кухары прыгатавалі. Брычка вернецца сюды па пана Вакульскага.

– Дзякуй, – адказаў Вакульскі. – Я не ведаю, колькі тут давядзецца затрымацца, дык лепш прайдуся пешкі. Зрэшты, мне яшчэ трэба падыйсці да руін…

– І я з панам, – азвалася панна Ізабэла. – Я хачу зірнуць на любімы камень старшынёвай… – дадала яна ціха. – Прашу даць мне знак, як пан там будзе.

Брычка ад’ехала, Вакульскі зайшоў на плябань і за чвэрць гадзіны вырашыў справу. Пробашч запэўніў яго, што ніхто ў горадзе не будзе мець прэтэнзій, калі на замкавым камені з’явіцца нейкі надпіс, абы не быў ён блюзнерскім або бязбожным… А калі пробашч даведаўся, што гаворка пра памятку па нябожчыку капітане Вакульскім, якога ён ведаў асабіста, дык паабяцаў, што сам зоймецца гэтым.

– Ёсць тут нейкі Венгелек, рукасты, прайдзісвет: і каваль крыху, і цясляр, дык, можа, ён здолее выбіць на камені тое, што трэба. Зараз я па яго пашлю.

Хвілін праз пятнаццаць з’явіўся Венгелек, хлопец гадоў дваццаці з лішкам. Твар у яго быў вясёлы і кемлівы. Калі ён пачуў ад слугі ксяндза, што ёсць магчымасць зарабіць, дык прыбраўся ў шарачковы сурдут з кароткім станам і поламі да зямлі ды шчодра намазаў сабе валасы лоем.

Вакульскі спяшаўся скончыць справу, таму ён развітаўся з пробашчам і пайшоў з Венгелькам да руін.

Калі яны зайшлі ўжо за рагатку, зачыненую ў той дзень, Вакульскі спытаў у хлопца:

– Ці добра ты ўмееш пісаць, браце?

– Авой! Мне з суду не раз давалі перапісваць, хоць почырк у мяне і не надта. А тыя вершы, што пан эканом з Атроча пісаў дачцэ лесніка, гэта мая работа. Ён толькі купляў паперу і яшчэ не заплаціў мне сорак грошай за пісанне. А на вензелі не забываўся…

– І на камені здолееш напісаць?

– Калі не выпуклыя літары, а выбітыя… Што тут не здолець? Я нават на жалезе напісаў бы, нават на шкле, ды літарамі, якімі хочаш: прапіснымі, друкаванымі, нямецкімі, жыдоўскімі… Гэта ж я тут, не хвалячыся, усе шыльды намаляваў у мястэчку.

– І таго кракавяка, што вісіць над шынком?

– Няўжо ж.

– І дзе ж ты бачыў гэткага кракавяка?

– У пана Звольскага ёсць фурман з кракаўскіх, дык я на яго глядзеў.

– І ўбачыў, што ён мае абедзве нагі левыя?

– Прашу прабачэння, але людзі з правінцыі глядзяць не на ногі, а на бутэльку. Як убачыць хто з іх бутэльку ды кілішак, дык ужо не схібіць – проста да Шмуля трапіць.

Увішны хлопец усё больш падабаўся Вакульскаму.

– Ты не жанаты яшчэ? – спытаў ён.

– Не. З такою, што ходзіць у хустцы, я не ажанюся, а тая, што ў капелюшы, мяне не захоча.

– А што ж ты робіш, калі няма шыльдаў для малявання?

– О, пане, то тое, то сёе, а ўвогуле – нічога. Раней займаўся цяслярствам, не ўгнацца было за мною. За нейкіх пару гадоў адклаў тысячу рублёў. Але пагарэў летась, і з таго часу не магу ачомацца. Дрэва, варштаты – дымам пайшло. Быў гэткі пажар, што самыя цвёрдыя напільнікі расплавіліся, як смала. Калі ўбачыў я пажарышча, дык аж плюнуў ад злосці, а сёння мне і сліны той шкада…

– Адбудаваўся, маеш варштат?

– Гэ, пане!.. Паставіў я ў агародзе халупу, нібы хляўчук, каб матцы было дзе есці зварыць, але варштаты… На гэта ж трэба рублёў з пяцьсот, пане, гатоўкі, слова гонару, як мне Бог мілы… Гэта ж колькі гадоў бацьку нябожчыку давялося пагараваць, пакуль ён паставіў хату ды сабраў рыштунак.

Яны набліжаліся да руін. Вакульскі разважаў.

– Слухай, Венгелек, – сказаў ён нарэшце, – падабаешся ты мне. Я пабуду ў гэтай ваколіцы (ён ціха ўздыхнуў) яшчэ з тыдзень… А калі добра выб’еш мне надпіс на камені, на нейкі час вазьму цябе ў Варшаву… Там пагляджу, чаго ты варты, і… можа, знойдуцца твае варштаты.

Хлопец схіляў галаву з боку на бок, прыглядаючыся да Вакульскага. Яму чамусьці падумалася, што гэта можа быць вельмі заможны пан, нават з такіх паноў, якіх Бог пасылае, часам, каб яны апекаваліся людзьмі беднымі, і – зняў шапку.

– Чаго ж ты стаў? Накрый галаву… – сказаў Вакульскі.

– Перапрашаю пана… можа, я не так што сказаў?.. Але ў нас, пане, гэткіх паноў не бывае… Падобна, бывалі некалі даўней… Нават бацька-нябожчык казаў, што сам бачыў пана, які ўзяў у Заслаўлі сірату і зрабіў з яе вялікую пані, а ягамосці пакінуў столькі грошай, што пабудавалі за іх новую званіцу…

Вакульскі ўсміхаўся, пазіраючы на заклапочаную міну хлопца ды з дзіўным адчуваннем думаў, што яго даходу за адзін год хапіла б, каб ашчаслівіць больш за сто такіх вось, як гэты…

“Грошы, сапраўды, вялікая сіла, толькі трэба ўмець іх выкарыстаць…”

Яны падышлі ўжо да таго пагорка, на якім было замчышча, калі з суседняга пагорка пачуўся голас панны Феліцыі:

– Пане Вакульскі, мы тут!..

Вакульскі падняў вочы і ўбачыў паміж дубамі вогнішча, вакол якога сядзела заслаўская кампанія. За некалькі крокаў ад іх хлопец-буфетчык і пакаёўка ставілі самавар.

– Няхай пан пачакае мяне, я іду да пана! – загукала панна Ізабэла, падымаючыся з дывана.

Старскі падскочыў да яе.

– Я правяду кузіну, – сказаў ён.

– О, дзякуй, я сама спушчуся, – адказала панна Ізабэла, адпрэчваючы яго рухам рукі.

Потым яна пайшла ўніз па стромкаму схілу з такой грацыяй, нібы гэта былі прысады ў парку.

“Нягоднік я са сваімі падазрэннямі!” – падумаў Вакульскі.

У гэты момант здалося яму, што нейкі таямнічы голас загадвае зрабіць выбар паміж тысячамі такіх, як Венгелек, якім неабходна дапамога, і адной кабетаю, якая спускалася з гары.

“Я ўжо зрабіў выбар,” – падумаў Вакульскі.

– Але на замчышча мне самой не падняцца, мусіць пан даць мне руку, – сказала панна Ізабэла, калі параўнялася з Вакульскім.

– Можа, панства пажадае ісці лепшаю дарогаю, – азваўся Венгелек.

– Вядзі!

Яны абышлі гару і пачалі ўзбірацца наверх па высахлым рэчышчы раўчука.

– Які дзіўны колер маюць гэтыя камяні, – заўважыла панна Ізабэла пра вапняк у бурых плямах.

– Жалезная руда, – растлумачыў Вакульскі.

– О, не, – запярэчыў Венгелек. – Гэта не руда, гэта кроў…

Панна Ізабэла адхіснулася.

– Кроў?.. – паўтарыла яна.

Яны стаялі на вяршыні пагорка, ад рэшты кампаніі іх закрывала напалову разбураная сцяна. З гэтага месца відаць было замкавы дзядзінец, зарослы цярноўнікам ды барбарысам. Пад адною з вежаў ляжаў, прывалены да сцяны, вялізны кавалак граніту.

– Вось гэты камень, – сказаў Вакульскі.

– А, гэты… Хацела б я ведаць, як яго сюды зацягнулі... – прамовіла панна Ізабэла і звярнулася да Венгелька: – Мой чалавеку, што вы казалі пра кроў?

– Гэта даўняя гісторыя, – адказаў Венгелек. – Яшчэ мой дзед яе апавядаў… Зрэшты, тут усе яе ведаюць.

– Распавядзіце, – настойвала панна Ізабэла. – Сярод руін мне вельмі падабаецца слухаць легенды. Над Рэйнам іх шмат…

Яна зайшла на дзядзінец, асцярожна мінаючы цярністыя кусты, ды прысела на камень.

– Раскажыце гісторыю пра гэту кроў…

Венгелек ані кроплі не збянтэжыўся ад гэтае прапановы, наадварот, ён усміхнуўся і пачаў:

– У даўнія часы, калі яшчэ дзядуля мой лавіў птушак у дубах, па тых камянях, што мы ішлі, цякла вада. Цяпер яна тут толькі ўвесну або пасля моцнага дажджу, але ў маленстве майго дзядулі не высыхала цэлы год. У гэтым месцы быў струмень.

На дне струменя яшчэ ў дзядулевым маленстве ляжаў вялікі камень, нібы хто дзірку ім хацеў заткнуць. І праўда, была там дзірка, уласна, нават акно ў падзямелле, дзе схаваныя былі вялікія скарбы, якіх ніхто на свеце не бачыў. А сярод таго дабра на ложку з чыстага золата спіць панна, можа, нават нейкая графіня, надта прыгожая і багата ўбраная. Кажуць, што за адны аздобы ў яе валасах можна было купіць усе землі ад Заслаўля да Атроча.

А тая панна спіць вось з-за якое справы: нехта ўсадзіў ёй залатую шпільку ў галаву – можа, свавольства, а можа, і з нянавісці. Бог іх там ведае. Гэтак яна спіць і не абудзіцца да таго часу, пакуль хто тую шпільку ёй з галавы не выцягне, а потым з ёю не ажэніцца. Але гэта небяспечна, бо там, пад зямлёю, скарбы і самую панну пільнуюць розныя страшыдлы. А якія яны, мне добра вядома, бо пакуль мая хата не згарэла, хаваў я адзін зуб – з кулак. Гэты зуб дзядуля тут знайшоў (праўду кажу, не маню). А калі зуб быў, як кулак (бо я ж яго бачыў і ў руках трымаў), дык ужо галава мусіла быць, як печ, а туша, хіба, як стадола… Дык ваяваць з такім было цяжка, а ён жа не адзін, іх жа шмат. Таму самы смелы чалавек, хоць бы яму і надта спадабалася тая панна, а яшчэ больш яе дабро, не меў адвагі спусціцца ў падзямелле, каб яго там не ўгрызла нешта…

– Пра тую панну і пра тыя скарбы, – правіў далей Венгелек, – ведалі людзі здаўна, бо два разы на год – на Вялікдзень і на Святога Яна – адсоўваўся камень, што ляжаў на дне струменя, і хто стаяў тады над вадою, мог зазірнуць у прорву і ўбачыць тыя дзівосы.

Аднаго Вялікадня (дзядулі яшчэ на свеце тады не было) прыйшоў сюды, да замка, малады каваль з Заслаўля. Стаў ён над струменем і думае: “А што, каб паказаліся мне тыя скарбы?.. Зараз жа палез бы туды, нават у шчыліну, напхаў бы поўныя кішэні, і ўжо не пакутаваў б, раздуваючы мяхі”. Ледзьве ён так падумаў, аж раптам адсоўваецца камень, і бачыць каваль мяхі грошай, місы з чыстага золата і столькі дарагое адзежы, як на кірмашы…

Але спачатку ўгледзеў ён панну, якая спала, а была яна гэткая прыгожая, як казаў дзядуля, што каваль аслупянеў. Яна спала, і слёзы ў яе цяклі, а калі сляза падала ёй на кашулю ці на ложак, ці на падлогу, адразу ж замянялася на каштоўны камень. Спала яна і стагнала ад болю з-за шпількі, і кожны раз, як яна застогне, на дрэвах над струменем зашамаціць лісце ад жалю, што яна так пакутуе.

Ужо каваль наважыўся лезці ў падзямелле, але час мінуў, дык камень зноў закрыўся, аж струмень забулькатаў.

З таго часу мой каваль месца сабе не знаходзіў. Работа валілася ў яго з рук. Куды ні зірне, бачыць кругом той струмень, як шыбу, а за ёю – панну, у якой слёзы цякуць. Аж высах увесь, бо нешта трымала яго ўвесь час за сэрца распаленымі абцугамі. Вядома, зачаравала яна яго.

Калі туга ўжо стала зусім невыносная, пайшоў ён да аднае бабы, што зналася на зёлках, даў ёй срэбнага рубля і просіць парады.

– Анягож! – кажа баба. – Што тут парадзіш? Трэба дачакацца Святога Яна, а тады, як камень адсунецца, мусіш лезці ў прорву. Калі выцягнеш у панны з галавы шпільку, яна абудзіцца. Ажэнішся з ёю і будзеш вялікім панам, якога свет не бачыў. Толькі на мяне тады не забудзься, што я табе добра парадзіла. І яшчэ запомні: калі цябе жахі аточаць і пачнеш баяцца, зараз жа перахрысціся і бяжы з імем Божым… Уся штука ў тым, каб не спалохацца, зло не мае сілы над чалавекам, які не баіцца.

– А скажы ты мне, – пытаецца каваль, – як пазнаць, што чалавека страх даймае?..

– Хочаш ведаць?.. – кажа баба. – Ну дык ідзі да прорвы, а як вернешся, памятай пра мяне.

Два месяцы хадзіў каваль да струменя, а за тыдзень да Святога Яна ўжо і зусім адтуль не вяртаўся, толькі чакаў. І дачакаўся. У самы поўдзень камень адваліўся, і мой каваль з сякераю ў руцэ скочыў у яму.

Што там толькі (казаў дзядуля) вакол яго не дзеялася, валасы дыбарам на галаве ўстаюць. Бо атачылі яго гэткія пачвары, што іншы памёр бы, каб толькі зірнуў на іх. Былі там (казаў дзядуля) кажаны, вялікія, як сабакі, але яны толькі махалі над ім крыламі. А то загарадзіла яму дарогу рапуха, вялізная, як вось гэты камень. То змяя спавіла яму ногі, а варта было кавалю выцяць яе, як змяя заенчыла чалавечым голасам. Былі ваўкі, гэткія злосныя, што аж пена ў іх з пысы цякла і раптам выбухала полымем ды выпальвала дзіркі ў скале.

Усе гэтыя пачвары лезлі яму на карак, хапалі за сурдут, за рукавы, але аніводная не насмельвалася яму нічога зрабіць. Бо яны бачылі, што каваль не баіцца, а ад таго, хто не баіцца, зло ўцякае, як цень ад чалавека. “Загінеш тут, каваль,” – крычалі страхі, але ён толькі сціскаў сякеру ў руцэ і… перапрашаю, гэтак ім адказваў, што сорамна мне тут панству паўтарыць…

Дабраўся, нарэшце, мой каваль да залатога ложка, куды ўжо пачвары не мелі ходу, а стаялі навокал ды толькі зубамі шчоўкалі. Ён адразу ж убачыў у галаве панны залатую шпільку, схапіў яе і выцягнуў да паловы…

Аж кроў паказалася… А панна цоп яго рукою за сурдут і як закрычыць, як загалосіць:

– Навошта мне так балюча робіш, чалавеку!..

Вось тады каваль спалохаўся… Задрыжаў ён, і рукі ў яго апусціліся. Страхам толькі гэта і трэба было. Адзін з самаю вялікаю пашчаю падскочыў да каваля і гэтак яго цапнуў зубамі, што кроў пырснула праз акно і папляміла камяні, якія панства на ўласныя вочы бачыла. Але пры гэтым шэльма выламала сабе зуб, вялізны, як кулак, які пазней мой дзядуля знайшоў у струмені.

З таго часу камень заваліў уваход у падзямелле, і ніхто ўжо яго знайсці яго не можа. Струмень высах, а панна засталася ў прорве, напалову абуджаная. Плача яна цяпер гэтак голасна, што часам і я, і пастухі на лугах чуюць. І плакацьме яна векі вечныя.

Венгелек скончыў. Панна Ізабэла апусціла галаву і канцом парасона выводзіла нейкія знакі на друзе. Вакульскі не смеў зірнуць на яе.

Пасля працяглага маўчання ён звярнуўся да Венгелька:

– Цікавая твая гісторыя… Але скажы мне, як ты мяркуеш узяцца за выбіванне надпісу?

– Але ж я не ведаю, што трэба выбіць.

– Праўда.

Вакульскі дастаў нататнік і аловак, нешта напісаў і аддаў хлопцу.

– Усяго чатыры радкі! – сказаў Венгелек. – Праз тры дні, пане, будзе гатова… На гэтым камені можна выбіць, бадай, літары аж у цалю… Авой, забыўся шнурок, каб памераць. Я спушчуся, пане, да фурмана, можа, мне дасць… Зараз вярнуся.

Венгелек збег з пагорка. Панна Ізабэла зірнула на Вакульскага. Была яна бледная і ўзрушаная.

– Што гэта за радкі?.. – спытала яна і працягнула руку.

Вакульскі падаў ёй лісток, яна пачала чытаць напаўголаса:

“Мясціны, дзе гулялі мы з табою,


Дзе нашы мроі, слёз святло пад вязам


Да скону дзён застануцца са мною,


Бо толькі там з табой навек мы разам”.

Скончыла яна шэптам. Вусны ў яе дрыжалі, у вачах стаялі слёзы. Хвіліну яна камячыла лісток у пальцах, потым павольна павярнула галаву. Паперчына ўпала на зямлю…

Вакульскі апусціўся на калена, каб падняць, а потым даткнуўся да сукенкі панны Ізабэлы і, ужо не ведаючы сам, што ён робіць, схапіў яе за руку.

– Ты абудзішся, мая каралеўна… – прамовіў ён.

– Не ведаю… можа, – адказала яна.

– Гэй!.. Гэй!.. – загукаў знізу Старскі. – А хадзіце ўжо сюды, панства, бо абед астыне…

Панна Ізабэла выцерла слёзы і хутка пайшла з руінаў. За ёю ішоў Вакульскі.

– Што ж вы, панства, гэтак доўга там рабілі? – рагатаў Старскі, падаючы руку панне Ізабэле, якая паспешліва прыняла яе.

– Слухалі мы незвычайную гісторыю!.. – адказала панна Ізабэла. – Сапраўды, ніколі я не думала, што ў гэтым краі могуць існаваць падобныя легенды і што могуць іх гэтак цікава расказваць простыя людзі… А што ж ты дасі нам на абед, кузіне? Ах, гэта выключны хлапец!.. Папрасіце яго, каб ён і вам паўтарыў…

На Вакульскага ўжо не рабіла прыкрага ўражання, што панна Ізабэла ідзе са Старскім пад руку, што абапіраецца на яго, нават какетнічае з ім. Узрушэнне, сведкам якога ён быў, і адно нязначнае яе слоўца развеяла ўсе ягоныя страхі. Апанаваў яго спакойны роздум, і ён перастаў зважаць не толькі на Старскага, але на ўсё таварыства.

Ён памятаў, што падняўся на ўзгорак пад дубы, нешта там еў са смакам, быў вясёлы, гаваркі і нават крыху жартаваў з паннаю Феліцыяй. Але пра што там гутарылі?.. Пра што ён сам распавядаў? Ён не памятаў…

Заходзіла сонца, на небе паказаліся хмары, і Старскі загадаў слугам скласці посуд, кашы і дываны, а паням збірацца.

Яны селі ў брычку ў тым самым парадку, што і раней. Атуліўшы Эвеліну шалем, барон нахіліўся да Вакульскага і прашаптаў з усмешкаю:

– Яшчэ хоць дзень пабудзеш, пан, у гэткім настроі, як сёння, і закружыш галовы ўсім паням.

– Ну што ж!.. – паціснуў плячыма Вакульскі.

Ён сеў у канцы брычкі, насупраць панны Феліцыі. Ахоцкі размясціўся побач з фурманам, і яны паехалі.

Неба спахмурнела, цемра насоўвалася ўсё хутчэй. Але ў брычцы было вельмі весела, дзякуючы сварцы пані Вансоўскае з Ахоцкім, які і думаць забыўся на свае лятаўцы ды, перакінуўшы ногі праз козлы, павярнуўся да таварыства. Раптам, запальваючы папяросу, ён шоргнуў запалкаю і асвятліў брычку, а, галоўнае, Старскага.

У гэты момант Вакульскі рэзка адхіснуўся. Нешта нібы прамільгнула перад яго вачыма.

“Не можа быць!.. – падумаў ён. – Я зашмат выпіў…”

Пані Вансоўская пырснула кароткім смяшком, але адразу ж авалодала сабою і прамовіла:

– Што ж гэта за арыгінальны спосаб сядзець так, пане Ахоцкі!.. Фу, заўтра мусіць пан адмольваць грахі!.. Ах, нягоднік, ён жа хутка паставіць ногі некаму на калені… Адвярніся, пан, зараз жа, бо загадаю фурману, каб пакінуў пана сярод дарогі…

У Вакульскага халодны пот выступіў на лбе, але ён паціснуў плячыма і падумаў: “Здалося… здалося… што за глупства…”

І нечалавечым намаганнем волі ён адагнаў, нарэшце, падазрэнні. Зноў да яго вярнуўся добры гумор, і ён завёў вельмі вясёлую гутарку з пані Вансоўскаю.

А калі позна ўночы вярнуліся ў Заславак, ён заснуў як забіты, і нават снілася яму нешта забаўнае.

Назаўтра, калі перад сняданнем Вакульскі выйшаў на шпацыр, першая асоба, якую ён спаткаў на дзядзінцы, была пакаёўка панны Ізабэлы. Яна несла сукенкі, а за ёю хлопец цягнуў куфар.

“Што гэта?.. – падумаў ён. – Сёння ж нядзеля, дык, хіба, не паедзе… Яна не можа паехаць у нядзелю… Зрэшты, сказала б пра гэта мне сама або старшынёва…”

Ён пайшоў да сажалкі, прабег па ўсім парку, нібы жадаючы развеяць дарогаю кепскія прадчуванні. Дарэмна. Прычапілася да яго думка, што панна Ізабэла можа з’ехаць. Ён стараўся заглушыць яе і заглушыў настолькі, што яна ўжо не бачылася яму ясна, а толькі дзесьці ў глыбіні душы крыху непакоіла.

Калі ён прыйшоў на сняданак, яму здалося, што старшынёва павітала яго больш чула, чым звычайна, што ўсе паводзяцца больш урачыста, што панна Феліцыя не спускае з яго вачэй і пазірае нібы з дакорам. Пасля сняданку яму здалося, што старшынёва падала нейкі знак пані Вансоўскай.

“Відавочна, я хворы,” – падумаў ён.

Але праз момант ён паздаравеў, бо панна Ізабэла паведаміла, што жадае прайсціся па парку.

– Мае хто з панства ахвоту ісці са мною? – запыталася яна.

Вакульскі ўскочыў з крэсла, іншыя працягвалі сядзець. Такім чынам, у садзе ён апынуўся сам-насам з паннаю Ізабэлаю, і зноў вярнуўся да яго той спакой, які ён меў зазвычай ў яе прысутнасці.

На сярэдзіне алеі панна Ізабэла азвалася:

– Вельмі шкада мне будзе Заслаўка…

“Шкада?..” – падумаў Вакульскі.

А яна хутка працягвала:

– Я ўжо мушу ехаць. Цётка пісала яшчэ ў сераду, каб я вярталася, але старшынёва не паказала ліст і затрымала мяне. Але ўчора прыбыў пасланец…

– Заўтра пані паедзе?.. – спытаў Вакульскі.

– Сёння, пасля сняданку… – адказала яна і апусціла галаву.

– Сёння!.. – паўтарыў ён.

Яны якраз праходзілі паўз плот, за якім на дзядзінцы фальварка стаяла каляска, тая самая, якой прыехала панна Ізабэла. Нават фурман ужо запрагаў коней. Але на Вакульскага ані навіна, ані падрыхтоўка да ад’езду не зрабілі гэтым разам уражання.

“Ну што ж, – думаў ён. – Хто прыехаў, павінен паехаць… Гэта натуральна…”

Нават дзівіў яго гэты спакой.

Яны прайшлі яшчэ нейкіх пару дзясяткаў крокаў пад схіленымі над іх галовамі галінамі, і раптам апанавала яго страшэнная роспач. Яму здавалася, каб у гэты момант пад’ехала па панну Ізабэлу каляска, ён кінуўся б пад колы і не дазволіў бы ёй ехаць. Няхай бы яго раздушыла, і няхай бы ўжо скончыліся яго пакуты.

Але прыйшла, аднак, новая хваля спакою, і Вакульскі зноў дзівіўся, адкуль у яго бяруцца гэткія несур’ёзныя думкі. Панна Ізабэла мае права ехаць, калі хоча, куды хоча і з кім хоча…

– Доўга яшчэ пані забавіцца ў вёсцы? – запытаўся ён.

– Найбольш – месяц.

– Месяц!.. – паўтарыў ён. – А праз месяц, прынамсі, можна мне будзе наведаць панства?..

– О, так, вельмі просім… – адказала яна. – Мой бацька – вялікі прыяцель пана.

– А пані?

Яна пачырванела і маўчала.

– Не адказвае пані… – сказаў Вакульскі. – Пані нават не здагадваецца, якое дарагое мне кожнае яе слова, якіх я так мала чуў… І вось сёння ад’язджае пані, не пакідаючы мне нават ценю надзеі…

– Можа, час гэта зробіць, – ціха адказала яна.

– Няхай бы зрабіў! У кожным разе, я нешта скажу пані. Бачыць пані, у жыцці можна спаткаць людзей больш вясёлых за мяне, больш галантных, з тытуламі, нават з маёнткам большым за мой… Але гэткае адданасці, як мая, бадай, пані не знойдзе. Бо калі каханне можна мераць сілаю пакутаў, дык такога, як маё, можа, не было яшчэ на свеце.

І я не маю нават права вінаваціць у гэтым каго-небудзь. Лёс вінаваты. Бо якімі ж дзіўнымі дарогамі вёў ён мяне да пані! Колькі гора мусіла зазнаць грамадства, пакуль я, бедны хлопец, змог атрымаць адукацыю, якая сёння дазваляе мне размаўляць з пані. Якім збегам акалічнасцяў трапіў я ў тэатр, дзе першы раз пабачыў пані? А маёнтак, які я маю, ці не стаўся вынікам цуду?..

І калі сёння я думаю пра гэтыя рэчы, здаецца мне, што яшчэ да нараджэння было мне наканавана сустрэцца з пані. Каб мой бедны дзядзька не кахаў у маладосці і не памёр самотны, я б сёння не знаходзіўся ў гэтым месцы. І не дзіва, што і сам я, замест бавіцца з кабетамі, як робяць іншыя, унікаў іх і амаль свядома чакаў аднае пані…

Панна Ізабэла крадком выцерла слёзы… Вакульскі, не гледзячы на яе, працягваў:

– І цяпер, калі я быў у Парыжы, было перада мною дзве дарогі. Адна вяла да вялікага адкрыцця, якое можа змяніць дзеі ўсяго свету, а другая – да пані. Я выракся першае, бо прыкаваны нябачным ланцугом: надзеяю, што пані мяне пакахае. Калі гэта магчыма, я абіраю шчасце з пані замест самае вялікае славы, але без пані. Бо слава – гэта той жэтон, за які ўласнае шчасце мы ахвяруем іншым. Але калі я памыляюся, дык адна пані можа зняць з мяне закляцце. Скажы толькі, што не маеш і ніколі не будзеш мець нічога да мяне і… Я вярнуся туды, дзе, можа, адразу мусіў застацца. Зрабіць мне так?.. – запытаўся ён і ўзяў яе за руку.

Яна не адказала нічога…

– Дык застаюся… – прамовіў ён праз момант. – Я буду цярплівы, а пані сама дасць мне знак, што спраўдзіліся мае надзеі.

Яны вярнуліся ў дом. Панна Ізабэла была крыху не такая, як заўсёды, але жвава гаманіла з усімі. Да Вакульскага зноў вярнуўся спакой. Роспачы, што панна Ізабэла з’язджае, ужо не было. Ён казаў сабе, што ўбачыць яе праз месяц, і гэтага пакуль было досыць.

Пасля снядання пад’ехала каляска, пачалося развітанне. На ганку панна Ізабэла шапнула пані Вансоўскай:

– Магла б ужо, Казя, і не мучыць гэтага бедачыну.

– Каго ж гэта?

– Свайго цёзку.

– А, Старскага. Пабачым.

Панна Ізабэла падала руку Вакульскаму.

– Да пабачэння! – ціха сказала яна са значэннем у голасе.

Паехала. Усё таварыства стаяла на ганку і глядзела ўслед калясцы, якая спачатку аддалялася, потым павярнула за сажалкаю і знікла за пагоркам, а потым зноў паказалася і, нарэшце, засталася ад яе толькі хмарка залатога пылу.

– Цудоўны дзень, – сказаў Вакульскі.

– О, вельмі пагодны, – адказаў Старскі.

Пані Вансоўская з-пад апушчаных павек пахмурна назірала за Вакульскім.

Паволі ўсе разышліся. Вакульскі застаўся адзін. Ён зайшоў у свой пакой, але той падаўся яму вельмі пустым, потым хацеў ісці ў парк, але нешта яго туды не пускала… Потым падалося яму, што панна Ізабэла яшчэ павінна быць у палацы, і ён ніяк не хацеў паверыць, што яна паехала, што яна ўжо за мілю ад Заслаўка, і кожнае імгненне аддаляе яе ад яго.

“Аднак паехала! – ціха прамовіў ён. – Паехала, і што?..”

Ён пайшоў на сажалку і глядзеў на белы човен, вакол якога блішчала вада, аж сляпіла вочы. Раптам адзін з лебедзяў, што плаваў каля берага, заўважыў яго, распусціў крылы ды з шумам падляцеў да чоўна.

І толькі ў гэты момант ахапіў Вакульскага такі смутак, такі невымерны і нязбыўны смутак, нібы расставаўся ўжо ён з самім жыццём…

Засяроджаны на сваіх горкіх перажываннях, Вакульскі не надта бачыў, што дзеецца вакол яго. Але пад вечар ён заўважыў, што заслаўскае таварыства вярнулася з парку паніклае. Панна Феліцыя зачынілася з паннаю Эвелінаю ў яе пакоі, барон быў раздражнёны, а Старскі – іранічны і нахабны.

Пасля абеду паклікала Вакульскага да сябе старшынёва. Старая відавочна таксама была нечым раззлаваная, але старалася гэтага не паказваць.

– Думаў, пане Станіславе, пра тую цукроўню? – запыталася яна, нюхаючы свой флакон, што было знакам узрушанасці. – Падумай пра гэта, прашу цябе, і паразмаўляй са мною, бо мне абрыдлі ўжо гэтыя плёткі…

– Пані нечым усхваляваная? – спытаў Вакульскі.

Яна махнула рукою.

– Гэх! Хваляванне… Хацела б я, каб ужо ці здзейсніўся гэты мар’яж Эвеліны з баронам, ці каб сарваўся… Або няхай едуць ад мяне ці яны абое, ці Старскі… Усё адно…

Вакульскі апусціў галаву і маўчаў, здагадваючыся, што заляцанні Старскага да нарачонае барона мусілі ўжо прыняць больш яўную форму. Але што яму было да таго?

– Дурніцы гэтыя панны, – зноў праз момант прамовіла старшынёва. – Ім здаецца, як зловяць сабе багатага мужа ды яшчэ прыгожага каханка ў дадатак, дык ужо маюць усё, што трэба ў жыцці… Дурніцы. Не ведаюць, што збрыдне ім і стары муж, і пусты каханак, што раней ці пазней кожная захоча апынуцца побач з сапраўдным чалавекам. А калі трапіцца такі, на бяду, дык што яна яму дасць?.. Ці прыгажосць, якую прадала, ці сэрца, зганьбаванае з гэтакімі вось старскімі?..

І падумаць толькі, амаль кожная з іх мусіць прайсці падобную школу, пакуль разбярэцца ў людзях. А да таго, нават каб і трапіўся ёй самы высакародны з людзей, яна не можа яго ацаніць. Абірае старога багацея або нахабнага лайдака, у іх таварыстве марнуе жыццё, і некалі захочацца ёй пачаць нанова… А звычайна ўжо позна і марна!..

– А найбольш мяне дзівіць, – працягвала яна, – тая акалічнасць, што ў падобных ляльках не разбіраюцца мужчыны. Для ніводнае кабеты, пачынаючы ад Вансоўскае і сканчаючы маёй пакаёўкай, няма сакрэту, што ў Эвеліне не абудзіўся яшчэ ані розум, ані сэрца. Усё ў ёй спіць… А барон, тым часам, бачыць у ёй боства і ачмурэў да гэткае ступені, што думае, нібы яна яго кахае!

– Чаму ж пані не асцеражэ яго? – глуха азваўся Вакульскі.

– Не варта. Гэта не дапаможа… Ці ж я не давала яму зразумець, што Эвеліна – толькі сапсаванае дзіця і лялька на сённяшні дзень? Можа, некалі з яе нешта і вырасце, а цяпер… Акурат Старскі ёй і пасуе.

Яна памаўчала і дадала:

– Што ж, падумаеш пра цукроўню?.. Загадай заўтра засядлаць каня ды праедзь сам па палетках, а яшчэ лепш – з Вансоўскаю… Гэта кабета вартая, павер мне…

Вакульскі пайшоў ад старшынёвай устрывожаны.

“Што яна сказала, – думаў ён, – пра барона і Эвеліну?.. Ці яна не асцерагае мяне?.. Бо Старскі, хіба, заляцаецца не толькі да панны Эвеліны. Што там было ў брычцы?.. Ах, лепш бы ў лоб сабе стрэліць…”

Але ён апамятаўся.

“У брычцы, – думаў ён, – мне альбо здалося, альбо гэта факт. Калі здалося, дык пакрыўдзіў бы я нявінную, а калі факт… Ну, дык, прынамсі, я не буду супернікам гэтага аперэтачнага спакусніка і не ахвярую жыцця здрадлівай кабеце. Яна можа круціць раманы з кім хоча, але нельга ашукваць чалавека, адзіным злачынствам якога ёсць толькі тое, што ён кахае… Трэба з’язджаць з гэтай Капуі[224] і брацца за працу. У лабараторыі Гейста я пражыву лепшае жыццё, чым у салонах…”

Увечары каля дзявятае зайшоў да яго ў пакой барон, яго было не пазнаць. Спачатку жартаваў і рагатаў, а потым перахапіла ў яго дыханне, ён упаў на крэсла і праз момант прамовіў:

– Як пан мяркуе, шаноўны пане Вакульскі, часам, я думаю, не паводле ўласнага досведу, бо мая нарачоная вельмі высакародная кабета… але часам, думаю, што кабеты, бывае, падманваюць нас…

– Так, здараецца…

– Можа, гэта не іх віна, – працягваў барон. – Трэба, аднак, прызнаць, часам яны дазваляюць баламуціць сябе спрытным інтрыганам…

– О, дазваляюць.

Барона калаціла, аж зубы ў яго момантамі стукалі. Ён памаўчаў і запытаўся:

– Ці не мяркуе пан, аднак, што варта было б прыняць супраць гэтага меры?..

– Якім чынам?..

– Хоць бы не даваць магчымасці кабеце бачыцца з інтрыганамі…

Вакульскі гучна зарагатаў.

– Можна кабету вызваліць ад інтрыганаў, але ці можна вызваліць яе ад уласных інстынктаў?.. Хіба пан можа даць рады, калі той, хто ў вачах пана толькі баламут ці інтрыган, для яе – самец таго самага гатунку, што і яна сама?..

Паступова апанаваў яго шалёны гнеў. Ён хадзіў па пакоі і казаў:

– Якую барацьбу можна весці з законамі прыроды, паводле якіх сука, хоць і найлепшае пароды, не пойдзе з ільвом, а толькі з сабакам? Пастаў пан перад ёю самых высакародных звяроў, але яна адмовіцца ад іх усіх дзеля сабак… І цяжка гэтаму дзівіцца, бо яны ж адпавядаюць яе гатунку…

– Дык, паводле пана, няма рады? – спытаў барон.

– На сёння – ніякае, а некалі будзе. Шчырасць у чалавечых дачыненнях і вольны выбар. Калі кабеце не трэба будзе ані ўдаваць кахання, ані какетнічаць з усімі, тады яна адразу адсуне тых, хто ёй не падабаецца, і пойдзе за тымі, хто адпавядае яе густу. Тады не будзе ані ашуканых, ані ашуканцаў. Стасункі будуць упарадкаваныя натуральным чынам.

Калі барон пайшоў, Вакульскі лёг у ложак. Ён не спаў усю ноч, але супакоіўся.

“Якія ў мяне прэтэнзіі да панны Ізабэлы? – думаў ён. – Яна ж не казала, што кахае мяне, а дала мне ледзьве цень надзеі, што гэтак можа некалі стацца. Усё як мае быць, бо яна ж мяне амаль не ведае. Што за падазрэнні лезуць мне ў галаву!.. Старскі?.. Але ж яна хоча сасватаць яго пані Вансоўскай, дык, хіба, не збіраецца круціць з ім раман. Старшынёва?.. Старшынёва любіць панну Ізабэлу, яна сама мне пра гэта казала, зрэшты, загадала мне сюды прыехаць… Маю час. Пазнаёмлюся з ёю бліжэй, і калі яна мяне пакахае, буду шчаслівы ды спакойны. Калі не – вярнуся да Гейста. На ўсялякі выпадак прадам камяніцу і краму, пакіну суполку гандлю з Расіяй. Гэта дасць мне каля ста тысяч рублёў штогод, а ёй не будзе рызыкі зрабіцца галантарэйнаю купчыхаю”.

Назаўтра пасля першага снядання ён загадаў засядлаць каня і паехаў нібы агледзець наваколле. Бяздумна ён збочыў на дарогу, якою ўчора ехала каляска панны Ізабэлы і дзе, здавалася яму, яшчэ відаць былі сляды колаў… Потым, таксама машынальна, павярнуў ў бок лесу, куды яны нядаўна ездзілі ў грыбы. У гэтым месцы яна смяялася, тут размаўляла з ім, тут аглядала ўсё навокал…

Падазрэнні, гнеў – усё знікла.

Замест іх паліўся ў сэрца яму жаль гэткім тонкім струменем, як сляза, і гэткім пякучым, як нязгасны агонь…

У лесе ён злез з каня і вёў яго за цуглі.

Вось сцежка, якою яны ішлі тады разам, але яна выглядае ўжо неяк іначай. Гэта частка лесу мусіла быць падобнаю да касцёла, а сёння – ані следу падабенства. Шэра і ціха навокал. Чуваць толькі крумканне варон, якія якраз пралятаюць над лесам, і голас спалоханае вавёркі, якая драпаецца на дрэва і скавыча, як сабачаня.

Вакульскі дайшоў да паляны, дзе яны размаўлялі з паннай Ізабэлай, знайшоў нават той пень, на якім яна сядзела. Усё тут, як і было, а яе няма… На кустах ляшчыны жоўкне лісце, з хвояў звешваецца смутак, як павуцінне. Гэткі няўлоўны, а гэтак яго аблытаў!

“Якая бязглуздзіца, – думаў ён, – рабіцца залежным ад аднае чалавечае істоты! Я ж толькі дзеля яе працаваў, пра яе думаў, ёю жыву. Горш за тое, дзеля яе я пакінуў Гейста… Ну, але што лепшае меў бы я ў Гейста? Быў бы гэткі самы залежны, як сёння, толькі замест прыгожае кабеты маім гаспадаром быў бы стары немец. І гэтак жа працаваў бы, нават больш цяжка, з тою толькі розніцай, што сёння я працую дзеля свайго шчасця, а тады працаваў бы дзеля шчасця іншых, якія тым часам жылі б у сваё задавальненне, толькі за мой кошт.

Зрэшты, ці маю права я наракаць? Год таму я ледзь наважваўся марыць пра панну Ізабэлу, а сёння ўжо я з ёю знаёмы, нават шукаю яе ўзаемнасці… Ці я сапраўды яе ведаю?.. Яна скамянелая арыстакратка, ну, але не бачыла яшчэ нічога на свеце… У яе паэтычная душа ці, можа, яна толькі ўдае гэта… Какетка яна, так, але і гэта зменіцца, калі пакахае мяне… Словам, не ўсё так кепска, а праз год…”

У гэты момант конь павярнуў галаву і заіржаў. Адказала яму ў глыбіні лесу іншае ржанне і тупат капытоў. Неўзабаве ў канцы сцежкі паказалася амазонка, у якой Вакульскі пазнаў пані Вансоўскую.

– Гэй, гэй! – закрычала яна са смехам, саскочыла з каня і аддала повад Вакульскаму.

– Навяжы яго, пан, – сказала яна. – Ах, як я добра ўжо ведаю пана!.. Пытаюся гадзіну таму ў старшынёвай, дзе Вакульскі? “Паехаў па палетках, пашукаць месца пад цукроўню”. Акурат! – думаю я. – Ён паехаў у лес марыць. Загадала падаць сабе каня і вось – знаходжу пана, які сядзіць на пні, а ў самога ліхаманка… Ха-ха-ха!..

– Гэтак смешна я выглядаю?

– Не! Па мне, дык пан не выглядае смешна, але, як бы гэта сказаць?.. Нечакана. Я ўяўляла сабе пана зусім іначай. Калі мне сказалі, што пан купец, які ў дадатак хутка разбагацеў, я падумала: купец?.. Дык ён прыехаў у вёску або пашукаць панну з добрым пасагам, або здабыць у старшынёвай грошай на нейкае прадпрыемства”.

У любым выпадку я меркавала, што пан – чалавек халодны, разважлівы, які ходзіць па лесе і лічыць дрэвы, а на неба не глядзіць, бо яно не дае працэнтаў… Тым часам, што ж я бачу?.. Сярэднявечнага рамантыка, які ўцякае ў лес, каб уздыхаць і шукаць сляды мінулага тыдня, сляды яе ног! Вернага рыцара, які кахае да смерці адну кабету, а да іншых ставіцца, як дзікун. Ах, пане Вакульскі, як гэта смешна… як недалікатна!..

– Пані ўжо скончыла? – холадна запытаўся Вакульскі.

– Ужо… Цяпер пан скажа сваё слова?..

– Не, пані. Я прапаную вяртацца дадому.

Пані Вансоўская залілася яркай чырванню.

– Прашу прабачэння, – сказала яна, беручы каня за аброць, – ці не думе пан, што я гэтак кажу пра каханне пана, каб самой выйсці за пана?.. Маўчы, пан… Пагаворым сур’ёзна. Быў момант, калі мне пан падабаўся, быў і ўжо мінуў. Але нават каб не мінуў, нават каб памірала ад кахання да пана, што, вядома, не здарыцца, бо я не страціла ні сну, ні апетыту, я не пайшла б за пана, чуе пан… Хоць бы мяне прымушалі. Я не змагла б жыць з чалавекам, які кахае іншую кабету гэтак, як пан. У мяне зашмат гонару на тое. Верыць мне пан?

– Так!

– Добра. І калі сёння я крыху пакпіла з пана, дык гэта толькі зычлівасць. Імпануе мне жарсць пана, я хачу, каб пан быў шчаслівы, і таму кажу: пазбаўся, пан, сярэднявечнага трубадурства ў сабе, бо ў нас ужо дзевятнаццатае стагоддзе, кабеты ўжо іншыя, не такія, як пан іх сабе ўяўляе, пра гэта ведаюць нават дваццацігадовыя хлопцы.

– Якія ж яны?

– Прыгожыя, мілыя, любяць дурыць вам галаву, а кахаюць не больш, чым гэта прыносіць ім задавальнення. На драматычнае каханне не згодзіцца аніводная, прынамсі, не кожная… Мусіла б яна ўшчэнт знудзіцца любошчамі, каб шукаць драматычнага каханка.

– Карацей кажучы, намякае пані, што панна Ізабэла…

– О, ніякіх намёкаў на панну Ізабэлу, – жвава запратэставала пані Вансоўская. – Ёсць у ёй матэрыял на добрую кабету, і той, каго яна пакахае, будзе шчаслівы. Калі, аднак, пакахае!.. Дапамажы мне, пан, сесці на каня…

Вакульскі падсадзіў яе, і сам сеў на каня. Пані Вансоўская была ўсхваляваная. Неякі час яна ехала наперад моўчкі, раптам павярнулася і сказала:

– Яшчэ адно слова. Я ведаю людзей лепш, чым пан думае, і… баюся, пана чакае расчараванне. Дык вось, калі б гэта раптам здарылася, прыгадай сабе маю параду: не рабі нічога пад уплывам пачуццяў, а дай час. Шмат што выглядае горш, чым ёсць у сапраўднасці.

“Шатан!” – прамармытаў Вакульскі. Усё паплыло ў яго перад вачыма, усё заслала крывавым туманам.

Яны ехалі далей, ужо нічога не кажучы адзін аднаму. Калі вярнуліся ў Заславак, Вакульскі пайшоў да старшынёвай.

– Заўтра я паеду, – сказаў ён. – А цукроўню няхай пані не ставіць.

– Заўтра… – паўтарыла старая. – А што ж будзе з каменем?

– Вось менавіта. З дазволу пані я паеду ў Заслаўле. Пагляджу, што там з каменем. Зрэшты, маю там яшчэ адну справу.

– Так. Едзь з Богам… Няма чаго табе тут рабіць. А ў Варшаве заходзь да мяне. Я вярнуся разам з графіняю і Ленцкімі…

Увечары зайшоў да яго Ахоцкі.

– Ліха на яго! – вылаяўся ён. – Гэтак хацеў з панам пагутарыць пра розныя рэчы… Але што ж, як пан увесь час быў з бабамі, а цяпер едзеш…

– Не любіш, пан, кабет? – усміхнуўся Вакульскі. – Можа, добра і робіш!..

– Не тое, каб не любіў. Але з таго часу, як пераканаўся, што свецкія дамы не адрозніваюцца ад пакаёвак, я абіраю пакаёвак.

– Усе без выключэння бабы, – правіў ён далей, – гускі, нават самыя разумныя з іх. Учора, напрыклад, я паўгадзіны тлумачыў Вансоўскай, якая карысць можа быць ад кіравання паветранымі балонамі. Расказваў пра тое, што знікнуць межы, пра братэрства народаў, пра магутны прагрэс цывілізацыі… Яна так глядзела мне ў вочы, што ніякіх сумневаў не было – усё разумее. А толькі я спыніўся, яна і пытаецца: “Пане Ахоцкі, а чаму пан не жэніцца?..” Чуў, пан?!

Вядома, яшчэ палову гадзіны я выкладаў ёй, што і ў думках не маю жаніцца, што я не ажаніўся б ані з паннаю Феліцыяй, ані з паннаю Ізабэлай, ані нават з ёю. Да д’ябла! Навошта мне жонка, якая б таўклася па маёй лабараторыі ў сваёй сукенцы з доўгім хвастом, цягала мяне на шпацыры, на візіты, у тэатры… Далібог, я не ведаю ніводнае кабеты, ад няспыннае прысутнасці якое я не з’ехаў бы з глузду за паўгода.

Ён змоў і хацеў ужо ісці.

– Хвілінку, – сказаў Вакульскі. – Калі пан вернецца ў Варшаву, няхай пан да мяне зойдзе. Магчыма, я паведамлю пану навіну пра вынаходніцтва, якое насамрэч можа палову жыцця забраць, але… спадабаецца пану.

– Паветраныя балоны?.. – запытаўся Ахоцкі і вочы ў яго загарэліся.

– Нешта яшчэ лепшае. Дабранач.

На другі дзень каля полудня Вакульскі пакінуў дом старшынёвай. Праз некалькі гадзін ён быў ужо ў Заслаўлі. Наведаў пробашча і загадаў Венгельку збірацца ў дарогу, у Варшаву. Пасля гэтага пайшоў на руіны замку.

На камені ўжо былі выбітыя чатыры радкі верша. Вакульскі прачытаў іх некалькі разоў і затрымаў позірк на словах:

“Да скону дзён застануцца са мною…”

“А калі не?..” – прашаптаў ён.

Ад гэтае думкі апанавала яго роспач. У той момант было ў яго адно толькі жаданне: каб зямля разышлася пад нагамі і пахавала яго разам з гэтымі руінамі, з гэтым каменем, з гэтым надпісам…

Калі ён вярнуўся ў мястэчка, коні былі ўжо накормленыя, каля фурманкі стаяў Венгелек з зялёнаю скрынкаю.

– А ці думаў ты, калі вернешся назад? – спытаў у яго Вакульскі.

– Калі Бог дасць, пане, – адказаў Венгелек.

– Сядай.

Вакульскі забраўся ў каляску, і яны рушылі. Здалёк старая кабета перахрысціла іх на дарогу. Венгелек заўважыў яе і зняў шапку.

– Няхай мама застаецца здаровая!.. – закрычаў ён з козлаў.




Загрузка...