Пан Тамаш Ленцкі з адзінаю дачкою Ізабэлай і кузінаю паннай Фларэнтынай не жыў ва ўласнай камяніцы, а здымаў кватэру з васьмі пакояў паблізу алеі Уяздоўскае[54]. Быў там салон на тры акны, яго асабісты кабінет, кабінет дачкі, спальня для яго, спальня для дачкі, пакой сталовы, пакой для панны Фларэнтыны і гардэробная, не ўлічваючы кухні і пакояў для прыслугі, якая складалася са старога камердынера Мікалая, яго жонкі, што была за кухарку, і пакаёўкі Анусі.
Памяшканне было вельмі добрае – сухое, цёплае, прасторнае, светлае, з мармуровымі сходамі, газам, электрычнымі званкамі і водаправодам. Кожны пакой, паводле неабходнасці, або спалучаўся з іншымі, або ствараў замкнёную прастору. Урэшце, была дастатковая колькасць мэблі – ані мала, ані многа, і ўся яна радавала вока выгодаю і прастатою, а не кідкімі аздобамі. Буфет абуджаў у таго, хто яго бачыў, пачуцце ўпэўненасці, што срэбра з яго не знікне, ложак выклікаў думкі пра бяспечны адпачынак для тых, хто яго заслужыў, на стол можна было шмат чаго паставіць, на крэсла сесці без боязі, што яно зломіцца, у фатэлі – марыць.
Кожны, хто сюды ўваходзіў, мог свабодна рухацца, можна было не баяцца зачапіць нешта або нешта пашкодзіць. Чакаць гаспадара не было нудна, бо вакол былі рэчы, вартыя, каб на іх глядзелі. Разам з тым, выгляд гэтых рэчаў, зробленых не ўчора і здольных служыць некалькім пакаленням, настройваў на нейкі ўрачысты лад.
У гэты паважны фон добра ўпісваліся жыхары.
Пану Тамашу Ленцкаму было за шэсцьдзясят, ён быў прысадзісты, паўнакроўны. Насіў невялікія сівыя вусы, а валасы такога самага колеру зачэсваў уверх. Ён меў шэрыя разумныя вочы, роўную паставу і энергічную хаду. На вуліцы яму саступалі дарогу, а простыя людзі казалі: вось, мусіць, пан з паноў.
Сапраўды, пан Ленцкі налічваў у сваім родзе цэлыя шэрагі сенатараў. Яго бацька меў яшчэ мільёны, і сам ён у маладосці – тысячы. Пазней, аднак, частку маёнтка паглынулі палітычныя падзеі[55], рэшту – падарожжа па Еўропе і велікасвецкае жыццё. Бо пана Тамаша да 1870 года прымалі ў французскім двары, а пазней – у венскім ды італьянскім. Віктар Эмануіл[56], зачараваны прыгажосцю ягонай дачкі, рабіў яму гонар сваім сяброўствам і нават хацеў надаць яму тытул графа. Дык нічога дзіўнага, што пасля смерці вялікага караля пан Тамаш два месяцы насіў на капелюшы жалобную стужку.
Апошнія некалькі гадоў пан Тамаш не выязджаў з Варшавы, бо грошай было ўжо занадта мала, каб ззяць пры дварах. Затое ягоны дом стаў цэнтрам прыцягнення для ўсяго вышэйшага свету, і гэтак было да моманту, пакуль не разышлася пагалоска, што пан Тамаш пражыў не толькі ўвесь свой маёнтак, але і пасаг панны Ізабэлы.
Першымі адкаснуліся кандыдаты ў жаніхі, за імі – дамы, у якіх былі брыдкія дочкі, а з рэштаю пан Тамаш разарваў стасункі сам і абмежаваўся выключна сваяцкімі сувязямі. Але, калі ён заўважыў, што і тут пачалі ставіцца да яго з прахалодаю, дык зусім адмовіўся ад таварыства, і нават, чым выклікаў абурэнне шмат каго з шаноўных асоб, як уласнік дома ў Варшаве запісаўся да Купецкае рэсурсы[57]. Хацелі яго там выбраць за старшыню, але ён не згадзіўся.
А ягоная дачка па-ранейшаму наведвала пачцівую графіню – удаву графа Караля – і некалькіх яе сябровак, што зноў спарадзіла пагалоску, быццам пан Тамаш яшчэ мае грошы, а разарваў ён сувязі з таварыствам часткова з-за свайго дзівацтва, а часткова, каб спраўдзіць сяброў і выбраць мужа для дачкі, які кахаў бы яе не за пасаг.
Дык ізноў вакол панны Ленцкае пачаў збірацца тлум кавалераў, а на століку ў яе салоне – стосы візітак. Гасцей, аднак, не прымалі, што, зрэшты, не выклікала сярод іх моцнага абурэння, бо разышлася трэцяя па чарзе пагалоска, нібыта камяніца Ленцкага выстаўленая на аўкцыён.
Гэтым разам у велікасвецкім таварыстве ўзнікла замяшанне. Адны сцвярджалі, што пан Тамаш – скончаны банкрут, іншыя гатовыя былі прысягнуць, што ён прыхаваў частку грошай, каб забяспечыць шчасце адзінай дачцэ. Кандыдаты ў жаніхі ды іхнія бацькі апынуліся ў пакутлівай няпэўнасці. Дык, каб нічым не рызыкаваць, але нічога і не страціць, яны ўшаноўвалі панну Ізабэлу без залішняга заангажавання і паціху пакідалі свае візіткі, молячы Бога, каб іх выпадкам не запрасілі, пакуль сітуацыя не высветліцца.
Візітаў у адказ пан Тамаш, безумоўна, не рабіў. Апраўдвалася гэта ягонай эксцэнтрычнасцю і смуткам па Віктару Эмануілу.
Удзень пан Тамаш шпацыраваў па Алеях, а вечарамі гуляў у віст у рэсурсе. Фізіяномія яго заўсёды была такая спакойная, а пастава гэткая ганарыстая, што кавалеры ягонай дачкі зусім ужо не ведалі, што і думаць. Разважныя – чакалі, але больш смелыя зноў пачалі адорваць яе пяшчотнымі позіркамі, ціха ўздыхаць або з трымценнем паціскаць ёй руку, на што панна адказвала з ледзяной, а часам і з пагардлівай абыякавасцю.
Панна Ізабэла была незвычайна прыгожаю кабетаю. Усё ў ёй было арыгінальна і дасканала. Рост – вышэй за сярэдні, вельмі зграбныя формы, пышныя светлыя валасы з попельным адценнем, носік прамы, вабныя вусны, зубы, як перлы, рукі і ногі ўзорнае прыгажосці. Асабліва ўражвалі яе вочы, часам цёмныя і летуценныя, часам з вясёлымі іскрынкамі, а часам блакітныя і халодныя, як лёд.
Дзівоснаю была яе міміка. Калі яна гаварыла, дык гаварылі яе вусны, бровы, ноздры, рукі, уся яе пастава, а больш за ўсё яе вочы, праз якія, здавалася, яна хоча пераліць сваю душу ў слухача. А калі сама слухала, здавалася, што яна хоча выпіць душу з апавядальніка. Яе вочы ўмелі галубіць, песціць, плакаць без слёз, маглі спапяляць і працінаць холадам. Часам здавалася, што яна, зачараваная, ужо абаўе некага рукамі і пакладзе яму галаву на плячо, але калі шчаслівец раставаў ад асалоды, яна раптам выконвала нейкі рух, які папярэджваў: схапіць яе немагчыма, бо яна або ўцячэ, або адапхне кавалера, або загадае лёкаю выставіць яго за дзверы…
Цікаваю з’яваю была душа панны Ізабэлы.
Каб у яе нехта шчыра запытаўся: што такое гэты свет і што такое яна сама? – дык яна несумненна адказала б, што свет – гэта зачараваны сад, поўны дзівосных замкаў, а яна сама – багіня або німфа, вымушаная жыць у цялеснай форме.
Панна Ізабэла з калыскі жыла ў свеце прыгожым, і не толькі звышчалавечым, але – звышнатуральным. Спала яна на пуховых пярынах, апраналася ў ядваб ды гафт, сядзела на мяккай разной мэблі з эбену або палісандру, піла з крышталю, ела са срэбра і парцаляны, каштоўнай, як золата.
Для яе не існавалі часіны году, толькі вечная вясна, поўная лагоднага святла, жывых кветак і водару. Не існавалі гадзіны дня, бо бывала так, што яна па некалькі месяцаў клалася спаць а восьмай раніцы, а абедала а другой ночы. Не існавалі геаграфічныя асаблівасці, бо ў Парыжы, Вене, Рыме, Берліне ці Лондане знаходзіліся тыя самыя людзі, былі тыя самыя звычаі, такая самая мэбля і нават тыя самыя стравы: суп з водарасцяў Ціхага акіяну, вустрыцы з Паўночнага мора, рыба з Атлантыкі або з Міжземнага мора, дзічына з розных краін, садавіна з усіх частак свету. Для яе не існавала нават сілы цяжару, бо крэсла ёй падсоўвалі, посуд падавалі, саму яе па вуліцы вазілі, на сходах падтрымлівалі, уверх узносілі.
Вуаль хавала яе ад ветру, карэта – ад дажджу, сабалінае футра – ад холаду, парасон і пальчаткі – ад сонца. І так жыла яна дзень за днём, месяц за месяцам, год за годам, не толькі над людзьмі, а нават над законамі прыроды. Два разы трапляла яна ў страшную буру, раз – у Альпах, другі – на Міжземным моры. Дранцвелі ад жаху самыя адважныя, але панна Ізабэла са смехам прыслухоўвалася да грукату скал, што крышыліся на друз, да таго, як трэсла іх карабель, нават не дапускаючы думкі пра небяспеку. Прырода проста наладзіла ёй прыгожае відовішча з перуноў, камянёў і марское бездані, як раней паказала месяц над Жэнеўскім возерам або сонца, што выбліснула з-за хмар над Рэйнскім вадаспадам. Тое ж самае, зрэшты, робяць механікі ў тэатрах, і нават нервовых дам гэтага не палохае.
Гэты свет вечнае вясны, дзе шамацеў ядваб, раслі толькі дрэвы, ўпрыгожаныя разьбою, а гліна была па-мастацку распісаная, гэты свет меў сваё адмысловае насельніцтва. Паўнавартаснымі ягонымі жыхарамі былі прынцэсы і прынцы, графіні і графы, вельмі радавітая і багатая шляхта абодвух палоў. Былі там яшчэ замужнія кабеты і жанатыя мужчыны ў ролях гаспадынь і гаспадароў дамоў, матроны, якія сачылі за дасканаласцю манер і захаваннем традыцый, старыя паны, якія займалі лепшыя месцы за сталом, сваталі і дабраслаўлялі моладзь ды гулялі ў карты. Былі таксама біскупы, заступнікі Бога на зямлі, высокія чыноўнікі, прысутнасць якіх ахоўвала свет ад грамадскіх непарадкаў і землятрусаў, і, нарэшце, дзеці, малыя херувімы, пасланыя з неба для таго, каб дарослыя маглі ладзіць кіндэрбалі.
Сярод сталага насельніцтва зачараванага свету з’яўляўся часам звычайны смяротны, які на крылах славы здолеў узбіцца ажно на вяршыню Алімпу. Звычайна быў гэта які-небудзь інжынер, які злучаў акіяны або свідраваў ці нават будаваў Альпы. Быў нейкі капітан, які ў вайне з дзікунамі страціў сваю каманду, а сам, увесь паранены, ацалеў дзякуючы каханню мурынскае прынцэсы. Быў падарожнік, які быццам бы адкрыў нейкую новую частку свету, карабель якога разбіўся каля бязлюднае выспы, і сам ён ці не пакаштаваў чалавечыны?
Бывалі там, нарэшце, славутыя мастакі і, галоўнае, натхнёныя паэты, якія пісалі ў альбомы князёўнам прыгожыя вершы, якім дазвалялася безнадзейна закахацца і ўвекавечыць вабноты сваіх жорсткіх багінь спачатку ў газетах, а потым у асобных томіках, надрукаваных на веленевай паперы.
Усё гэтае насельніцтва, сярод якога асцярожна рухаліся лёкаі ў ліўрэях, абшытых галунамі, кампаньёнкі, убогія кузінкі і кузіны, што прагнулі лепшых пасадаў, – усё гэтае насельніцтва святкавала вечнае свята.
У поўдзень пачынаўся абмен візітамі альбо наведванне крамаў. Бліжэй да вечара надыходзіў час для таго, каб бавіцца: перад абедам, падчас абеду і пасля абеду. Потым пара ўжо было ехаць на канцэрт або ў тэатр, каб там убачыць іншы штучны свет, дзе героі рэдка калі елі і працавалі, затое няспынна размаўлялі паміж сабою, дзе здрадлівасць кабет была прычынаю вялікіх катастроф і дзе каханак, забіты мужам у пятым акце, на другі дзень уваскрасае з мёртвых у першым акце, каб рабіць тыя самыя памылкі і размаўляць сам з сабою так, што асобы побач з ім яго не чуюць. Пасля тэатра зноў усе збіраліся ў салонах, дзе слугі разносілі халодныя і гарачыя напоі, нанятыя артысты спявалі, маладзіцы слухалі апавяданні зраненага капітана пра мурынскую прынцэсу, панны гутарылі з паэтамі пра роднасць душ, старэйшыя паны выкладалі інжынерам свае погляды на інжынерную справу, а дамы сярэдняга веку намёкамі і позіркамі змагаліся за падарожніка, які еў чалавечыну. Потым пачыналася вячэра; тады раты елі, страўнікі ператраўлялі, а чаравікі размаўлялі пра пачуццёвасць ледзяных сэрцаў і пра летуценнасць цвярозых галоў. А потым – раз’язджаліся, каб у сне сапраўдным набрацца сілы для сну жыцця.
Па-за гэтым чарадзейным светам быў яшчэ іншы свет – звычайны.
Пра яго існаванне ведала панна Ізабэла і нават любіла аглядаць яго з акна карэты, вагона або ўласнага пакоя. У такой рамцы і з такое адлегласці ён падаваўся маляўнічым і нават сімпатычным. Бачыла яна сялян, якія павольна аралі зямлю, вялікія вазы, якія цягнулі заезджаныя коні, хлопцаў, якія разносілі садавіну і гародніну, старога, які тоўк каменне на шашы, пасланцаў, што спяшаліся некуды, прыгожых і надакучлівых гандлярак кветкамі, сям’ю – з бацькі, таўстухі маці і чацвярых дзяцей, якія парамі трымаліся за рукі, фарсуна з ніжэйшае сферы, які ехаў, смешна разваліўшыся на брычцы, часам – пахаванне. І яна казала сабе, што той свет, хоць і ніжэйшы, – прыгожы. Ён нават больш прыгожы, чым на лубачных малюнках, бо рухаецца і змяняецца штохвілінна.
І яшчэ ведала панна Ізабэла, як у аранжарэях – кветкі, а на вінаградніках – вінаград, гэтак і ў тым, ніжэйшым свеце, растуць патрэбныя ёй рэчы. Адтуль паходзіць яе верны Мікалай і Ануся, там робяць мяккія фатэлі, парцаляну, крышталь і фіранкі, там нараджаюцца палацёры, абіўшчыкі, садоўнікі і паненкі, якія шыюць сукенкі. Аднойчы яна загадала, каб яе завялі ў кравецкую майстэрню пры краме, і ёй здалося вельмі цікавым тое, што яна там убачыла: дзясяткі майстрых кроілі, фастрыгавалі і ўкладалі на манекенах фалды ўбораў. Яна была ўпэўненая, што гэта спраўляе ім вялікую прыемнасць, бо тыя паненкі, якія здымалі з яе мерку альбо прымяралі сукенку, былі заўсёды такія ўсмешлівыя і надта стараліся, каб строй добра ёй пасаваў.
І яшчэ ведала панна Ізабэла, што на тым – звычайным – свеце трапляюцца людзі няшчасныя. Дык кожнаму жабраку, які б яе ні напаткаў, яна загадвала даваць па некалькі злотых, а спаткаўшы аднойчы знясіленую маці з белым, як воск, дзіцём пры грудзях, яна аддала ёй сваю бранзалетку. І брудных дзяцей, якія прасілі міласціну, яна адорвала цукеркамі і цалавала з пабожным пачуццем. Здавалася ёй, што ў кім-небудзь з тых бедачын, а можа і ў кожным з іх, прытаіўся Хрыстос, які стаў ёй на дарозе, каб даць магчымасць здзейсніць добры ўчынак.
Наогул, да людзей з ніжэйшага свету яна мела зычлівае сэрца. Ёй прыгадваліся словы Святога Пісання: “У поце чала свайго працаваць будзеш”. Відавочна, яны моцна зграшылі, калі іх пакаралі працаю, але ж такія, як яна, анёлы не маглі не спачуваць іх лёсу. Такія, як яна, для якой найбольшаю працаю было націснуць на электрычны званок або аддаць загад.
Раз толькі ніжэйшы свет зрабіў на яе магутнае ўражанне.
Аднойчы, гэта было ў Францыі, яна наведвала металургічны завод. З’язджаючы з гары, дзе пад ясным сінім небам заставаліся лясы і лугавіны, яна ўбачыла ўнізе прорву, з якое падымаліся хмары чорнага дыму і клубы пары, і адкуль чуўся глухі грукат, скрыгатанне і сапенне машын. Потым яна ўбачыла печы, падобныя да вежаў сярэднявечных замкаў, якія дыхалі полымем, магутныя колы, што круціліся з хуткасцю бліскавіц, аграмадныя рыштаванні, якія самі рухаліся па рэйках, струмені распаленага дабяла жалеза і напаўголых работнікаў, падобных да бронзавых статуй з панурымі позіркамі. Над усім гэтым – крывавае зарыва, гул колаў, енкі мяхоў, грукат молатаў і нецярплівыя ўздыхі катлоў. А пад нагамі быццам ад страху дрыжэла зямля.
Тады ёй падалося, што з вышыняў шчаслівага Алімпа яна сышла ў безнадзейную прорву Вулкана, дзе цыклопы куюць перуны, якія могуць зруйнаваць сам Алімп. Ёй успомніліся легенды пра бунтоўных волатаў, пра канец гэтага прыгожага свету, у якім яна жыла, і першы раз яе, багіню, перад якой схілялі галовы маршалкі і сенатары, ахапіла трывога.
– Гэта страшныя людзі, тата, – ціха сказала яна бацьку.
Бацька маўчаў, толькі мацней прыціснуў яе локаць.
– Але кабетам яны нічога кепскага не зробяць?
– Так, нават яны, – адказаў пан Тамаш.
У тую ж хвіліну панне Ізабэле стала сорамна, што яна непакоіцца толькі за кабет, таму яна хуценька дадала:
– А калі нам, дык і вам не зробяць яны нічога кепскага…
Але пан Тамаш усміхнуўся і паківаў галавою. У той час шмат размоў было пра блізкі канец старога свету, і пан Тамаш сам глыбока адчуваў гэта, бо надзвычай цяжка стала атрымліваць грошы ад упаўнаважаных.
Наведванне фабрыкі стала важным момантам у жыцці панны Ізабэлы. З містычным пачуццём яна чытала вершы свайго далёкага кузіна Зыгмунта[58], і ёй здавалася, што цяпер яна пабачыла ілюстрацыю да “Нябоскае камедыі”. З тае пары ёй часта мроілася на змярканні, што на сонечнай гары, адкуль яе каляска з’язджала да фабрыкі, стаяць Акопы Святое Тройцы[59], а ў той даліне, поўнай дыму і пары, лагер бунтаўнікоў-дэмакратаў, гатовых у любы момант кінуцца на штурм і разбурыць яе прыгожы свет.
Толькі цяпер яна зразумела, як горача любіць тую сваю духоўную айчыну, дзе крыштальныя жырандолі замяняюць сонца, дываны – зямлю, статуі і калоны – дрэвы. Тую другую айчыну, што аб’ядноўвае арыстакратыю ўсіх народаў, раскошу ўсіх эпох і самыя лепшыя дасягненні цывілізацыі.
І гэта ўсё павінна было абрынуцца, знікнуць, распасціся!.. Юныя рыцары, якія спяваюць з такім натхненнем, танцуюць з такой грацыяй, выходзяць на двубоі з усмешкаю і гатовы скакаць у ваду на сярэдзіне возера па згубленую кветку?.. Павінны знікнуць і мілыя сяброўкі, што адорвалі яе гэткай пяшчотаю, апавядалі ёй гэтулькі дробных таямніц, седзячы ля яе ног, або, калі былі далёка, пісалі ёй такія доўгія-доўгія лісты, у якіх экзальтацыі спадарожнічала надта сумнеўная арфаграфія?
А гэтыя добрыя слугі, якія са сваімі панамі абыходзяцца так, нібы прысягнулі ім у вернасці, паслушэнстве і любові ажно да скону? А гэтыя мадысткі, якія заўсёды вітаюць яе з усмешкаю, ніколі не забываюцца на самыя дробныя дэталі яе туалета і ведаюць усё пра яе трыумфы? А гэтыя прыгожыя коні, якія так ляцяць, што і ластаўка магла б пазайздросціць, а гэтыя сабакі, разумныя і адданыя, як людзі, а гэтыя сады, дзе чалавечая рука ўзнесла пагоркі, ажывіла струмені, прыгожа сфармавала кроны дрэваў?.. І гэта ўсё магло б некалі знікнуць?..
Ад гэтых роздумаў у панны Ізабэлы з’явіўся на твары новы выраз – лагоднага смутку, які рабіў яе яшчэ прыгажэйшай. Казалі, што яна ўжо цалкам расквітнела.
Разумеючы, што вялікі свет з’яўляецца вышэйшым светам, панна Ізабэла паступова даведалася, што на гэтыя вышыні можна ўзбіцца і ўпэўнена на іх трымацца толькі з дапамогаю двух крылаў: нараджэння і маёнтка. А нараджэнне і маёнтак прыналежаць пэўным абраным сем’ям так, як кветка і плод апельсіна – апельсінаваму дрэву. Таксама вельмі верагодна, што добры Бог, калі бачыць дзве душы з прыгожымі прозвішчамі, з’яднаныя таямніцаю сакраманту, памнажае іх даходы і пасылае ім на выхаванне анёлка, які працягвае славу роду сваёю цнотаю, добрым выхаваннем і прыгажосцю. З гэтага вынікае абавязак быць абачлівым пры заключэнні шлюбу, на чым добра знаюцца старыя пані і пачцівыя паны. Галоўнае – удалы падбор прозвішчаў і маёнткаў. Каханне ж, не тое апантанае, пра якое мараць паэты, але сапраўднае хрысціянскае, з’яўляецца толькі пасля сакраманту, і яго абсалютна дастаткова, каб жонка ўмела прыгожа прэзентавацца дома, а муж – з годнасцю суправаджаць яе ў свеце.
Так было даўней і было добра, паводле адназначнага меркавання ўсіх матрон. Сёння на гэта забыліся і стала кепска: звычайнай справаю стаў мезальянс, і занепадаюць вялікія роды.
“І няма шчасця ў шлюбе”, – ціха дадавала панна Ізабэла, якой маладыя замужнія кабеты ўжо паведамілі не адзін сакрэт сямейнага жыцця.
З-за гэтых апавяданняў у яе нават з’явілася моцная агіда да замужжа і лёгкая пагарда да мужчын.
Муж у шлафроку, які пазяхае пры жонцы, цалуе яе, а сам пры гэтым працягвае курыць цыгару, ад якога часта можна пачуць: “Адчапіся ад мяне” альбо проста: “Дурніца!..” – гэты муж, які падымае дома крык з-за новага капелюша, а па-за домам траціць грошы на экіпажы для акторак, гэта ўвогуле нецікавае стварэнне. А горай за ўсё, што кожны з іх перад шлюбам быў палкім закаханым, марнеў, калі доўга не бачыў свае пані, заліваўся чырванню, калі яе сустракаў, і нават не адзін абяцаў застрэліцца ад кахання.
Дык у свае васямнаццаць гадоў панна Ізабэла тэрарызавала мужчын сваёй халоднасцю. Калі Віктар Эмануэль пацалаваў ёй аднойчы руку, яна ўпрасіла бацьку, каб у той самы дзень яны з’ехалі з Рыму. У Парыжы сватаўся адзін заможны французскі граф, дык адказала яму, што яна полька і за чужаземца не выйдзе. Падольскага магната яна адштурхнула фразаю, што аддасць сваю руку толькі таму, каго пакахае, і што на гэта яшчэ не падобна, а прапанову нейкага амерыканскага мільянера збыла смехам.
Такія паводзіны на колькі гадоў утварылі вакол панны пустку. Ёю захапляліся і кахалі, але здалёк, бо ніхто не хацеў рызыкаваць і быць з’едліва адрынутым.
Калі ўражанне агіды крыху мінула, панна Ізабэла зразумела, што шлюб трэба прыняць такім, якім ёсць. Яна была ўжо рашуча настроеная выйсці замуж, з умоваю, праўда, каб будучы спадарожнік жыцця падабаўся ёй, меў ладнае прозвішча і адпаведны маёнтак. Вядома, трапляліся ёй людзі прыгожыя, багатыя, з тытуламі, але, на няшчасце, аніводзін не адпавядаў усім тром умовам адразу, дык прамінула яшчэ некалькі гадоў.
Нечакана разышлася вестка пра кепскі маёмасны стан пана Тамаша і – з цэлага легіёна залётнікаў – засталося панне Ізабэле толькі двое сур’ёзных – адзін барон і адзін маршалак, багатыя, але старыя.
Тады панна Ізабэла заўважыла, што ў вялікім свеце абсоўваецца ў яе пад нагамі зямля, і вырашыла зменшыць патрабаванні. Але і барон, і маршалак, нягледзячы на сваю заможнасць, абуджалі ў ёй гэткую неадольную агіду, што яна адкладала рашэнне з дня на дзень. Тым часам пан Тамаш разарваў сувязі з вялікім светам. Маршалак, не дачакаўшыся адказу, паехаў у вёску, а засмучаны барон – за мяжу, і панна Ізабэла засталася ў поўнай самотнасці. Праўду кажучы, яна ведала, што кожны з іх вернецца на першы яе покліч, але – якога выбраць?.. Як пазбыцца моташнасці?.. А галоўнае, ці варта гэтак ахвяраваць сабою, маючы ўсё ж нейкую надзею, што грошы з’явяцца, і што тады яна зноў зможа выбіраць. Тады ўжо яна не памыліцца, ведаючы, як цяжка жыць па-за таварыствам салонаў…
Была адна рэч, якая надта спрыяла, каб ёй лёгка было выйсці замуж па разліку. А менавіта: панна Ізабэла ніколі не была закаханаю. Віною тут быў яе халодны тэмперамент, вера, што ў шлюбе можна абысціся без паэтычных дадаткаў і, нарэшце, ідэальнае каханне, самае дзіўнае, пра якое калі-небудзь чулі.
Убачыла яна некалі ў адной з мастацкіх галерэй скульптуру Апалона і была гэтак уражаная, што купіла сабе прыгожую копію ды паставіла ў кабінеце. Яна сузірала яго цэлымі гадзінамі, думала пра яго і… хто ведае, колькі пацалункаў сагрэла рукі і ногі мармуровага боства?.. І стаўся цуд: пешчаны закаханаю кабетаю, камень ажыў. Калі аднае ночы яна заснула ў слязах, несмяротны спусціўся са свайго п’едэсталу і прыйшоў да яе ў лаўровым вянку на галаве, яснеючы містычным бляскам.
Ён сеў на край ложка, доўга пазіраў на яе вачыма, з якіх праглядала вечнасць, а потым сціснуў яе ў моцных абдымках і пацалункамі белых вуснаў асушаў слёзы ды студзіў гарачку.
З гэтага часу адведзіны сталі частымі, і калі яна млела ў ягоных абдымках, ён, бог святла, шаптаў ёй таямніцы неба і зямлі, якіх да гэтае пары не выказаць было на мове смяротных. І з любові да яе ён справіў яшчэ большы цуд, бо ў ягоным боскім абліччы па чарзе сталі ўвасабляцца ідэалізаваныя рысы тых людзей, якія чым-небудзь яе ўразілі.
Раз ён быў падобны да памаладзелага гераічнага генерала, які выйграў бітву і, седзячы на кані, пазіраў на некалькі тысяч палеглых ваяроў. Другі раз нагадваў твар славутага тэнара, якому кабеты кідалі пад ногі кветкі, а мужчыны выпрагалі ягоных коней з каляскі. Іншы раз ён быў вясёлым і прыгожым прынцам аднаго з самых старажытных каралеўскіх дамоў; іншы раз – адважным пажарным, які за выратаванне трох асобаў з полымя на шостым паверсе атрымаў ордэн Ганаровай Легіі[60], іншы раз быў знакамітым мастаком, які здзіўляў свет багаццем свае фантазіі, а іншы раз – гандальерам з Венецыі або цыркавым атлетам незвычайнае прыгажосці і сілы.
Кожны з гэтых людзей на нейкі час займаў таемныя думкі панны Ізабэлы, па кожным з іх яна паціху ўздыхала, добра разумеючы, што з той ці іншай прычыны кахаць яго не можа, але боства спраўляла так, што кожны з іх з’яўляўся ў ягоным абліччы ў яе напаўрэальных марах. І ад тых спатканняў вочы панны Ізабэлы набывалі новы выраз – нейкае незямное задуменнасці. Часам глядзелі яны некуды па-за людзьмі і па-за светам, а калі яшчэ яе попельныя валасы ўкладаліся на чале гэтак дзіўна, нібы іх развеяў нейкі таямнічы подых, дык тым, хто глядзеў на яе, здавалася, што яны бачаць перад сабою анёла або святую.
Год таму ў адзін з такіх момантаў убачыў панну Ізабэлу Вакульскі. З таго часу ягонае сэрца не ведала спакою.
Амаль у той самы час пан Тамаш разарваў велікасвецкія сувязі і на знак сваіх рэвалюцыйных паводзінаў запісаўся ў Купецкую рэсурсу. Там ён гуляў у віст з колісь пагарджанымі гарбарамі, шчотачнікамі і дыстылятарамі, направа і налева вяшчаючы, што арыстакратыя не павінна замуроўвацца ў сваёй выключнасці, а павінна быць авангардам адукаванага мяшчанства і праз яго – народа. Адказваючы на гэта ўзаемнасцю, гордыя цяпер гарбары, шчотачнікі і дыстылятары мелі ласку прызнаваць пана Тамаша за адзінага арыстакрата, які зразумеў свае абавязкі ў дачыненні да краіны і сумленна іх выконвае. Яны маглі б дадаць: выконвае іх штовечар ад дзявятае да поўначы.
І пакуль пан Тамаш гэтак цягнуў ярмо абавязкаў, панна Ізабэла марнавалася ў самоце і цішыні сваіх прыгожых пакояў. Не раз, бывала, Мікалай даўно ўжо драмаў у сваім фатэлі, панна Фларэнтына, заткнуўшы вушы ватаю, моцна спала, а ў пакой панны Ізабэлы сон не мог завітаць, бо яго не пускалі ўспаміны. Тады яна зрывалася з ложка і, апранутая ў лёгкі шлафрочак, цэлымі гадзінамі хадзіла па салоне, дзе дыван глушыў яе крокі, і святла было ўсяго з двух скупых вулічных ліхтароў.
Яна хадзіла, а ў вялікім пакоі таўкліся яе сумныя думкі, і бачыла яна асобаў, якія тут некалі бывалі. Вось дрэмле старая княгіня, а тут дзве графіні радзяцца з прэлатам, ці можна ахрысціць дзіця ружоваю вадою. Тут цэлы рой маладых людзей скіроўвае на яе свае тужлівыя позіркі або ўяўным холадам імкнецца абудзіць яе цікавасць, а там гірлянда паненак, што песцяць яе вачыма, захапляюцца ёю або зайздросцяць. Поўна святла, шолахаў, размоў, большасць з якіх, як матылі вакол кветак, кружыць вакол яе прыгажосці. Побач з ёю ўсё блякла: іншыя кабеты былі яе фонам, а мужчыны – нявольнікамі.
І ўсё мінула!.. Сёння ў гэтым салоне халодна, цёмна і пуста… Тут толькі яна і невідочны павук смутку, які заўсёды засноўвае шэраю сеткаю тыя мясціны, дзе былі мы шчаслівыя і адкуль шчасце ўцякло. Ужо ўцякло!.. Панна Ізабэла моцна сціскала рукі, каб стрымацца ад слёз, якіх яна саромелася нават на адзіноце і ўночы.
Усе яе пакінулі, за выключэннем графіні, а тая, маючы кепскі настрой, прыходзіла сюды і, рассеўшыся на канапе, уздыхала ды пачынала правіць:
– Так, дарагая Бэла, мусіш прызнаць, што нарабіла ты памылак, якіх няможна дараваць. Я не кажу пра Віктара Эмануіла, бо гэта быў мімалётны капрыз караля – крыху ліберальнага, які, зрэшты, меў даволі шмат даўгоў. Дзеля такіх адносін трэба мець больш… не скажу такту, але – досведу, – працягвала графіня, сціпла апускаючы вочы. – Але ўпусціць ці, калі хочаш, адштурхнуць графа Сент-Аўгуста, гэта ўжо – даруй!.. Чалавек малады, заможны… ужо нямала! ды яшчэ з такою кар’ерай!.. Цяпер ён якраз узначальвае адну з дэпутацый да Святога Айца і напэўна атрымае дабраславенне на ўсю сям’ю, ну а граф Шамбор[61] называе яго cher cousin…[62] Ах, Божа!
– Думаю, цётачка, што засмучацца гэтым ужо позна, – заўважыла панна Ізабэла.
– Хіба я хачу цябе засмучаць, беднае дзіця! І без таго чакаюць цябе ўдары, вытрываць якія дапаможа толькі глыбокая вера. Напэўна ж ты ведаеш, што бацька страціў усё, нават рэшту твайго пасагу?
– Ці ж я дам тут рады?
– А толькі ты, аднак, не толькі можаш даць рады, але павінна, – казала графіня з націскам. – Маршалак, праўда, не Адоніс, ну, але… Калі б нашыя абавязкі было так лёгка выконваць, дык не было б і заслугаў. Зрэшты, Божа мой, хто ж нам забараняе мець у глыбіні душы які-небудзь ідэал, думка пра які салодзіць самыя цяжкія хвіліны? Нарэшце магу цябе запэўніць, становішча прыгожае кабеты, якая мае старога мужа, не найгоршае. Усе ёю цікавяцца, гавораць, з пашанаю ставяцца да яе ахвярнасці, і, зноў жа, стары муж менш патрабавальны за мужа ў сярэднім веку…
– Ах, цётачка…
– Толькі без экзальтацыі, Бэла! Табе не шаснаццаць гадоў, і на жыццё ты мусіш глядзець сур’ёзна. Няможна, перадусім з-за нейкае антыпатыі, ахвяраваць дабрабытам бацькі ды той жа Флоры і вашых слуг. Урэшце, падумай, колькі ты, маючы такое шляхетнае сэрцайка, магла б зрабіць дабра, каб распараджалася значным маёнткам.
– Але ж, цётачка, маршалак гідкі. Яму патрэбна не жонка, а нянька, каб выцірала сліну.
– Я не настойваю на маршалку, дык барон…
– Барон яшчэ старэй, ён фарбуецца, румяніцца, і ў яго нейкія плямы на руках.
Графіня паднялася з канапы.
– Не хачу цябе пераконваць, мая дарагая, я не сваха. Гэтым займаецца пані Мэлітан. Я толькі нагадваю, што твайго бацьку чакае катастрофа.
– Але ж мы маем камяніцу.
– Якую прададуць найпазней пасля Яна ды так, што нават сума твайго пасагу прападзе.
– Чаму? Дом, які каштаваў сто тысяч, прададуць за шэсцьдзясят?..
– Ён не варты больш, бо бацька пераплаціў за яго. Я ведаю гэта ад будаўнічага, ён аглядаў яго па даручэнні Кшэшоўскае.
– Дык, зрэшты, маем сервіз… срэбра... – абурылася панна Ізабэла, сціскаючы рукі.
Графіня некалькі разоў пацалавала яе.
– Дарагое, каханае дзіця, – казала яна і ўсхліпвала, – чаму ж гэта ўласна мне трэба гэтак раніць тваё сэрца!.. Дык слухай… У бацькі ёсць яшчэ даўгі па вэксалях, нейкіх пару тысяч рублёў. Вось тыя даўгі… ты слухаеш?.. тыя даўгі нехта скупіў… некалькі дзён таму, у канцы сакавіка. Мы мяркуем, што гэта зрабіла Кшэшоўская…
– Што за нікчэмнасць! – прашаптала панна Ізабэла. – Але няма чаго гаварыць пра яе… Каб заплаціць некалькі тысяч рублёў, дастаткова майго сервіза і срэбра.
– Яны каштуюць значна больш, але хто сёння купіць такія дарагія рэчы?
– Усё ж я паспрабую, – узрушана казала панна Ізабэла. – Папрашу пані Мэлітан, яна мне дапаможа…
– Падумай, аднак, ці не шкада табе гэтых прыгожых памятак.
Панна Ізабэла засмяялася.
– Ах, цётачка… Мне вагацца паміж продажам сябе і сервізу?.. Забраць нашу мэблю я ні за што не дазволю… Ах, гэтая Кшэшоўская… гэты выкуп вэксаляў… якая брыдота!
– Ну, можа, яшчэ і не яна.
– Дык, хіба, знайшоўся нейкі новы непрыяцель, горшы за яе.
– Можа, гэта цётка Ганарата, – супакойвала яе графіня, – ці я ведаю? Можа, яна хоча дапамагчы Тамашу, але каб той адчуў пагрозу. Ну, заставайся здаровая, маё каханае дзіця, adieu…
На гэтым скончылася размова на польскай мове, густа перасыпаная французскаю, што рабіла яе падобнаю да твару ў рабацінні.