XXXII. ЯК ПАЧЫНАЮЦЬ АДКРЫВАЦЦА ВОЧЫ


Доктар Шуман сядзеў пры лямпе з зялёным абажурам і ўважліва праглядаў стос папераў.

– Што ж? – спытаў Жэцкі. – Доктар зноў крукам сядзіць над валасамі?.. Уга, колькі лічбаў! Нібы крамныя рахункі.

– Гэта рахункі і ёсць, з вашае крамы і вашае суполкі, – адказаў Шуман.

– А дзе пан іх узяў?

– Маю і ўсё. Шлянгбаўм просіць даверыць яму мой капітал. І я лічу, што шэсць тысяч гадавых лепш за чатыры тысячы, дык гатовы выслухаць яго прапановы. Але я не люблю дзейнічаць усляпую, дык запатрабаваў лічбы. Ну і бачу, зладзім мы справу.

Жэцкі быў здзіўлены.

– Мне і ў галаву не прыходзіла, – сказаў ён, – каб пан мог займацца падобнымі рэчамі.

– Дурны быў, – адказаў доктар і паціснуў плячыма. – На маіх вачах Вакульскі разбагацеў, Шлянгбаўм багацее, а я ўрос у зямлю, нібы камень, сяджу на сваіх капейках. Хто не рухаецца наперад, таго абскачуць.

– Але ж не панская гэта справа – варочаць грашыма!..

– Чаму ж не мая? Не кожны можа быць паэтам або героем, але кожнаму трэба грошы, – казаў Шуман. – Грошы – гэта спіжарня самае высакароднае сілы ў прыродзе – чалавечае працы. Гэта той сезам, перад якім адчыняюцца ўсе дзверы, той абрус, на якім заўжды ёсць абед, тая лямпа Аладзіна, якую можна пацерці і адразу мець усё, чаго прагнеш. Чароўныя сады, багатыя палацы, прыгажунь каралеў, надзейных слуг і гатовых да ахвяр сяброў – усё можна мець за грошы…

Жэцкі падціснуў вусны.

– Не заўсёды меў пан гэткае меркаванне, – сказаў ён.

Tempora mutanter et nos mutamur in illis[230] – спакойна адказаў доктар. – Я дзесяць гадоў змарнаваў на даследаванне валасоў, выдаткаваў тысячу рублёў, каб надрукаваць брашуру ў сто старонак, і… аніводзін сабака не ўспомніць ні пра яе, ні пра мяне. Паспрабую наступныя дзесяць гадоў прысвяціць грашовым аперацыям і наперад ведаю, што будуць мяне любіць і шанаваць. Абы меў салон ды экіпаж…

Хвіліну яны памаўчалі, пазіраючы ў розныя бакі. Шуман быў пахмурны, а Жэцкаму было крыху няёмка.

– Я хацеў, – азваўся ён нарэшце, – пагутарыць з панам пра Стаха…

Доктар нецярпліва адсунуў паперы.

– Што я тут дапамагу? – прамармытаў ён. – Гэта невылечны рамантык, які ўжо не паразумнее. Ён фатальна рухаецца да знішчэння як матэрыяльнага, гэтак і маральнага, як вы ўсе і ваша сістэма.

– Якая сістэма?..

– Ваша, польская сістэма…

– А якую доктар паставіць замест яе?

– Нашу, жыдоўскую…

Жэцкі аж падскочыў на крэсле.

– Яшчэ месяц таму пан называў жыдоў пархатымі?..

– Бо яны пархатыя. Але сістэма іх магутная, яна трыумфуе, у той час як ваша банкрутуе.

– А на што яна абапіраецца, гэта сістэма?

– На розуме, які вылучыўся з жыдоўскае масы і ўзбіўся да вяршынь цывілізацыі. Вазьмі, пан, Гейнэ, Бернэ, Ласаля, Маркса, Ротшыльда, Блайхрэдэра, і ўбачыш новыя сусветныя шляхі. Гэта жыды іх праклалі: гэтыя пагарджаныя, гнаныя, але цярплівыя ды геніяльныя.

Жэцкі пацёр вочы, яму здавалася, што гэта сон наяве. Нарэшце праз хвіліну ён прамовіў:

– Прабач, доктар, але… ці не жартуе пан з мяне?.. Яшчэ паўгода таму я чуў ад пана зусім іншае…

– Паўгода таму, – незадаволена адказаў Шуман, – чуў пан пратэсты супраць старых парадкаў, а сёння чуеш новую праграму. Чалавек не малюск, які гэтак прырос да свае скалы, што толькі нажом яго можна аддзерці. Чалавек глядзіць навокал, разважае, робіць высновы і ў выніку адмаўляецца ад даўніх ілюзій, калі пераконваецца, што гэта ілюзіі… Але ні пан гэтага не разумее, ні Вакульскі… Усе вы банкруты, усе… Шчасце, што ваша месца займаюць свежыя сілы.

– Я зусім пана не разумею.

– Зараз, пан, зразумееш, – усё больш гарачыўся доктар. – Вазьмі, пан, сям’ю Ленцкіх, што яны рабілі? Змарнавалі маёнтак. І бацька, і сын, у якога засталося ў выніку трыццаць тысяч, выратаваных яму Вакульскім, ды прыгожая дачка ў якасці кампенсацыі стратаў.

А што ў той час рабілі Шлянгбаўмы? Грошы. Збіраў іх дзед і бацька, а сын, нядаўна яшчэ сціплы крамнік, праз год будзе верхаводзіць ва ўсім нашым гандлі. І яны гэта разумеюць, бо стары Шлянгбаўм яшчэ ў студзені напісаў шараду:

“Першае па-нямецку азначае вужаку, другое – расліну, усё ўгору пнецца…” І адразу ж мне растлумачыў, што гэта значыць: Шлянг-Баўм[231]. Кепская шарада, але спраўная работа – зарагатаў доктар.

Жэцкі апусціў галаву. Шуман правіў далей:

– Вазьмі, пан, князя, што ён робіць? Уздыхае над “гэтым няшчасным краем” і ўсё. А пан барон Кшэшоўскі? Заклапочаны, як завалодаць жончынымі грашыма. А барон Дальскі? Сохне ад страху, што здрадзіць яму жонка. Пан Марушэвіч палюе на пазыкі, а калі не ўдаецца пазычыць, махлюе. А Старскі сядзіць пры бабе, якая ўжо канае, каб падсунуць ёй на подпіс тастамент, складзены паводле яго жадання.

Іншыя паны – большыя і меншыя – прадчуваюць, хіба, што з рук Вакульскага пяройдзе ўсё да Шлянгбаўма, дык ужо робяць таму візіты. Не ведаюць, бедныя, што ён працэнтаў на пяць, не менш, паменшыць іх даходы… А самы разумны з іх, Ахоцкі, замест таго, каб удасканальваць свае электрычныя лямпы, думае пра лятальныя машыны. Уга!.. Здаецца, ужо некалькі дзён запар радзяцца яны з Вакульскім на гэту тэму. Свой свайго пазнаў: адзін рамантык другога рамантыка…

– Ну ўжо Стаха, хіба, няма чым доктару папікаць, – незадаволена спыніў яго Жэцкі.

– Нічым, апроч таго, што ніколі не займаўся ён сваёю справай, а заўсёды ганяўся за марамі. Як быў крамнікам, дык хацеў стаць вучоным, а як пачаў вучыцца, пастанавіў выбіцца ў героі. Капітал зарабіў не таму, што быў купцом, а таму, што згубіў галаву ад панны Ленцкае. А на сённяшні дзень, калі ўжо амаль дамогся яе, зрэшты, вельмі гэта сумнеўна, пачаў радзіцца з Ахоцкім… Слова гонару, я не разумею, пра што фінансісту размаўляць з гэтакім Ахоцкім?.. Лунацікі!..

Жэцкі ўшчыкнуў сябе за нагу, каб не ўзарвацца ад абурэння.

– Да ведама пана, – азваўся ён праз момант, – прыйшоў я сюды па справе, якая тычыцца не толькі Вакульскага, але і кабеты… Кабеты, пане Шуман. А ўжо супраць іх пану, хіба, няма чаго сказаць.

– Вашы кабеты не лепшыя за вашых мужчын. Вакульскі праз дзесяць гадоў мог быць мільянерам і ўплывовым чалавекам у гэтым краі, але звязаў свой лёс з паннаю Ленцкаю, і ў выніку прадаў краму, якая прыносіла вялікі даход, пакіне суполку, не горшую за краму, а потым пусціць на вецер усё, што мае. Або той Ахоцкі… Іншы на яго месцы ўжо працаваў бы над электрычным асвятленнем, раз удалося яму зрабіць вынаходніцтва. Тым часам ён валэндаецца па Варшаве з тою ладнаю пані Вансоўскаю, для якой добры танцор больш значыць, чым найвялікшы вынаходнік.

Жыд зрабіў бы іначай. Каб быў электратэхнікам, дык знайшоў бы сабе такую кабету, што сядзела б з ім у майстэрні або гандлявала электрычнасцю. А каб быў фінансістам, як Вакульскі, не закахаўся б, засляпіўшы вочы, а шукаў бы заможную жонку. Зрэшты, мог бы ўзяць і бедную ды прыгожую, але тады мусіў бы мець працэнт з яе знешнасці. Яна займалася б яго салонам, бавіла гасцей, усміхалася б уладарным, заводзіла раманы з самымі ўладарнымі, словам, як магла, дбала б пра інтарэсы фірмы, замест таго, каб нішчыць.

– І наконт гэтага паўгода таму пан меў іншае меркаванне, – заўважыў Жэцкі.

– Не паўгода, а дзесяць гадоў запар. Анягож! Я труціўся пасля смерці нарачонае, але гэта яшчэ адзін аргумент супраць вашае сістэмы. Сёння аж скура шэрхне, як падумаю, што мог альбо памерці, ліха ведае за што, альбо ажаніцца з кабетаю, якая змарнавала б мне маёнтак.

Жэцкі падняўся з крэсла.

– Дык цяпер, – сказаў ён, – ідэал пана – Шлянгбаўм.

– Не ідэал, а дзелавы чалавек.

– Які прынёс рахункі крамы…

– Мае права, бо з ліпеня ён будзе ўласнікам.

– А тым часам дэмаралізуе калег, сваіх будучых крамнікаў?..

– Ён іх выганіць!..

– І гэты панскі ідэал, калі прасіў Стаха даць яму працу, ужо тады думаў, як прыбраць да рук нашу краму?

– Ён не прыбірае, ён купляе! – закрычаў доктар. – Можа, пан хацеў, каб крама прапала, каб не знайшлося пакупніка?.. І хто з вас разумнейшы: пан, што за столькі гадоў службы не мае нічога, ці ён, які цягам году здабывае гэткую фартэцыю, нікому, варта заўважыць, не робячы крыўды, ды плаціць Вакульскаму гатоўкаю?..

– Можа, пан, і маеш рацыю, але неяк мне гэта не даспадобы, – прамармытаў Жэцкі, ківаючы галавою.

– Пану не даспадобы, бо пан належыць да такіх, што думаюць, нібы людзі, як камяні, без руху мусяць зарастаць мохам на адным месцы. Для пана Шлянгбаўмы заўсёды павінны быць крамнікамі, Вакульскія – заўсёды гаспадарамі, а Ленцкія – заўсёды яснавяльможнымі… Не, пане! Грамадства, як кіпень: што ўчора было ўнізе, сёння імкнецца ўгару…

– А заўтра зноў ападае ўніз, – скончыў Жэцкі. – Дабранач, доктар.

Шуман паціснуў яму руку.

– Загневаўся, пан?

– Не… Толькі не веру я ў абагаўленне грошай.

– Гэта пераходны стан.

– А хто пану паручыцца, што рамантызм Вакульскіх або Ахоцкіх не пераходны стан? Лятальная машына – нібы рэч смешная, але толькі нібы. Я ведаю тое-сёе пра яе вартасці, бо не адзін год тлумачыў мне гэта Стах. А каб такому, напрыклад, Ахоцкаму ўдалася яе збудаваць, дык задумайся, пан, што прынесла б свету большую карысць: умельства Шлянгбаўмаў ці рамантызм Вакульскіх ды Ахоцкіх?

– Пустое, – спыніў яго доктар. – Я на тое вяселле ўжо не траплю.

– Але, каб пан трапіў, мусіў бы, хіба, ужо трэці раз змяніць свае погляды.

Доктар зарагатаў.

– Ну, што ж зробіш, – сказаў ён. – А якая справа была ў пана да мяне?

– Тае беднае Стаўскае… Яна сапраўды закахалася ў Вакульскага…

– Гэ!.. Ужо ў гэта пан мог бы мяне і не ўблытваць, – фыркнуў доктар. – Пакуль адны ўзбагачаюцца ды ўбіраюцца ў сілу, а іншыя банкрутуюць, ён дурыць мне галаву амурнымі справамі нейкае пані Стаўскае. Не трэба было гуляцца ў свата!..

Жэцкі пайшоў ад доктара гэткі прыгнечаны, што нават пакінуў без увагі брутальнасць яго апошніх слоў.

Толькі на вуліцы ён спахапіўся і адчуў крыўду на Шумана.

“Вось яно, жыдоўскае сяброўства!” – прамармытаў ён.

Вялікі пост не быў гэтакі нудны, як баяліся ў модным свеце.

Спачатку наканаваннем Божым паднялася вада ў Вісле, што дало нагоду для публічнага канцэрту 2 сакавіка ў Вялікім тэатры[232] і некалькіх прыватных вечарын з музыкай і дэкламацыяй. Потым у цыкле публічных лекцый, ладжаных Таварыствам земляробчых калоній, выступіў пэўны лектар з Кракава, надзея арыстакратычнае партыі, паслухаць якога сабралася найлепшае таварыства. Потым была паводка ў Сегедзе[233], што зноў мела наступствам збор сродкаў. Сабралі іх, праўда, мала, затое мітусні ў салонах было шмат. У доме графіні наладзілі нават аматарскі спектакль, дзе сыгралі дзве п’есы на французскай мове і адну – на англійскай.

Ва ўсіх гэтых філантрапічных мерапрыемствах панна Ізабэла брала актыўны ўдзел. Бывала на канцэртах, рупілася ўручэннем букета навукоўцу з Кракава, выступала ў жывых карцінах у ролі анёла літасці ды іграла ў п’есе Мусэ “З каханнем не жартуюць”. Панове Навіньскі, Мальбарг, Рыдзеўскі і Печаркоўскі закідалі яе кветкамі, а пан Шастальскі прызнаўся некалькім дамам, што, хутчэй за ўсё, яшчэ сёлета давядзецца яму скончыць жыццё самагубствам.

Калі разышлася чутка пра намер самазабойства, пан Шастальскі зрабіўся героем раўтаў, а панна Ізабэла атрымала мянушку “жорсткае”. Калі паны сыходзілі гуляць у віст, дамам пэўнага веку спраўляла вялікае задавальненне з дапамогаю дасціпных манеўраў звесці разам панну Ізабэлу ды Шастальскага. З неверагодным спачуваннем прыглядаліся яны праз ларнеткі да пакутаў маладога чалавека і бавіліся, нібы на канцэрце. Злавала іх толькі панна Ізабэла, бо яны бачылі, як яна цешыцца прывілеямі свайго становішча і кожным рухам ды позіркам паказвае: зірніце, гэта мяне ён кахае, з-за мяне ён няшчасны!..

Вакульскі часам бываў у гэтых таварыствах, бачыў ларнеткі дам, накіраваныя на Шастальскага ды панну Ізабэлу, нават чуў, нібы гул восаў, абгаворы, але нічога не разумеў. Зрэшты, на яго ніхто не звяртаў увагі пасля таго, як стала вядома, што ён сур’ёзны прэтэндэнт.

– Няшчаснае каханне выклікае значна большую цікавасць, – шапнула раз панна Жэжухоўская пані Вансоўскай.

– Хто ведае, дзе тут сапраўднае няшчаснае каханне, нават трагічнае!.. – адказала пані Вансоўская, пазіраючы на Вакульскага.

Праз чвэрць гадзіны панна Жэжухоўская запатрабавала пазнаёміць яе з Вакульскім, а цягам наступнае чвэрці – паведаміла яму (з апушчанымі вачыма), што, паводле яе меркавання, найпрыгажэйшая роля кабеты ў тым, каб гаіць зраненыя сэрцы, якія пакутуюць моўчкі.

Аднойчы ў канцы сакавіка Вакульскі прыйшоў да панны Ізабэлы і заспеў яе ў цудоўным настроі.

– Якая навіна! – выгукнула яна, вітаючы яго нязвыкла радасна. – Ці ведае пан, што прыязджае знакаміты скрыпач Малінары?

– Малінары? – перапытаў Вакульскі. – А! Я бачыў яго ў Парыжы.

– Пан гэтак холадна яго згадвае? – здзівілася панна Ізабэла. – Пану не спадабалася, як ён іграе?

– Магу прызнацца пані, я нават не заўважыў, як ён іграе.

– Гэта немагчыма!.. Няўжо пан не чуў? Пан Шастальскі (ну, але ён заўсёды перабольшвае) сказаў, што толькі слухаючы Малінары мог бы памерці без шкадавання. Пані Выўратніцкая захопленая ім, а пані Жэжухоўская мае намер зладзіць раўт у гонар яго.

– Як мне здаецца, гэта даволі пасрэдны скрыпач.

– Але ж, пане!.. Пан Рыдзеўскі і пан Печарскі мелі магчымасць бачыць яго альбом, складзены з адных толькі рэцэнзій… Пан Печаркоўскі кажа, што гэты альбом падаравалі Малінары аматары. Дык усе еўрапейскія рэцэнзенты называюць яго геніяльным.

Вакульскі паківаў галавою.

– Я бачыў яго ў зале, дзе самыя дарагія месцы каштавалі два франкі.

– Гэта немагчыма, гэта, хіба, не ён… Ён атрымаў ордэн ад Святога Айца, персідскі шах надаў яму тытул… Пасрэдныя скрыпачы не маюць гэтакіх адзнак.

Вакульскі са здзіўленнем глядзеў на расчырванелы твар і ззяючыя вочы панны Ізабэлы. Гэтыя аргументы былі такімі моцнымі, што ён засумняваўся ва ўласнай памяці і сказаў:

– Можа быць.

Але на панну Ізабэлу яго абыякавасць да мастацтва зрабіла прыкрае ўражанне. Яна спахмурнела і да канца дня размаўляла з Вакульскім досыць холадна.

“Дурань я! – падумаў ён, калі сыходзіў. – Вечна сапсую ёй настрой. Калі яна меламанка, дык для яе святатацтва маё меркаванне пра Малінары…”

І ўвесь наступны дзень ён горка дакараў сябе, што не разумее мастацтва, што ён гэткі прастакаваты, недалікатны, нават не шануе панну Ізабэлу.

“Гэта ж ясна, – казаў ён сам сабе, – што знакаміты той скрыпач, які на яе робіць уражанне, а не той, які мне падабаецца. Трэба быць нахабнікам, каб выказваць гэткія безапеляцыйныя меркаванні, пагатоў я, відаць, не ацаніў яго…”

Яму стала сорамна.

На трэці дзень ён атрымаў кароценькі ліст ад панны Ізабэлы, якая пісала:

“Павінен пан дапамагчы мне пазнаёміцца з Малінары, але гэта абавязкова, абавязкова… Я абяцала цётцы, што ўгавару яго зайграць у яе прытулку, дык пан разумее, як мне гэта важна”.

У першы момант Вакульскаму здалося, што збліжэнне з геніяльным скрыпачом будзе адной з самых цяжкіх задач, якія яму даводзілася вырашаць. На шчасце, ён прыгадаў, што мае знаёмага музыканта, які не толькі завёў знаёмства з Малінары, але хадзіў за ім, як цень, і праседжваў у таго днямі.

Калі ён падзяліўся сваім клопатам з музыкантам, той спачатку вырачыў вочы, потым зморшчыў бровы, нарэшце, пасля доўгага роздуму, адказаў:

– О, гэта цяжка, вельмі цяжка, але дзеля пана пастараемся. Толькі я мушу падрыхтаваць яго, настроіць на адпаведны лад… І ведае пан, як мы зробім?.. Няхай пан заўтра прыйдзе ў гатэль а першай, я там буду на сняданні. Тады няхай пан непрыкметна пакліча мяне праз слугу, а я ўжо выстараюся для пана аўдыенцыю.

Гэтыя перасцярогі і тон, якімі яны былі зробленыя, прыкра здзівілі Вакульскага, але ў прызначаны час ён прыйшоў у гатэль.

– Пан Малінары тут? – запытаўся ён у швейцара.

Швейцар, чалавек знаёмы, адправіў памочніка наверх, а сам завёў гутарку з Вакульскім:

– Вось, вяльможны пане, як тлумна стала ў гатэлі праз таго італьянца!.. Ідуць, як да цудоўнага абраза, а найбольш кабеты…

– Ажно так?!

– Так, вяльможны пане. Гэткая найперш прысылае яму ліст, потым – букет і, нарэшце, сама прыходзіць пад вуаллю, бо думае, што ніхто яе не пазнае… Слугам на смех, пане!.. Ён і не кожную яшчэ прымае, хоць некаторыя даюць лёкаю аж тры рублі. Але часам, пад настрой, бярэ хлапчына яшчэ два нумары ў розных канцах калідора, і ў кожным іншую весяліць… Заядлы, халера…

Вакульскі зірнуў на гадзіннік. Мінула ўжо хвілін дзесяць, дык ён не стаў больш чакаць, развітаўся са швейцарам і пайшоў па сходах, адчуваючы, як закіпае ад гневу.

“Бач ты, шарамыга! – думаў ён. – Але ж і кабеткі – добрыя штучкі…”

Яго дагнаў задыханы памочніка швейцара.

– Пан Малінары, – сказаў ён, – загадаў прасіць, каб ясны пан хвілінку пачакаў…

Вакульскі ледзь не даў пасланцу па карку, але стрымаўся і… пайшоў далей.

– Ясны пан сыходзіць?.. Што мне сказаць пану Малінары?..

– Скажы яму, каб… Разумееш?

– Скажу, ясны пане, але ён не зразумее, – адказаў задаволены лёкай.

А сам пабег да швейцара:

– Хоць адзін знайшоўся, які раскусіў гэтага шчанюка італьянца… Гіцаль! Нос задзірае, а пакуль збярэцца даць чалавеку дзесяць капеек, дык тры разы ў руках пакруціць… Лягавая сука нарадзіла гэткага вырадка… Гніляк, прайдзісвет, капернік[234]

На момант Вакульскі адчуў крыўду на панну Ізабэлу. Як можна захапляцца чалавекам, якога нават гатэльная прыслуга на смех падымае!.. Як можна запісвацца ў доўгую чаргу аматарак… Зрэшты, як можна было прымушаць яго, каб ён шукаў знаёмства з гэткім лінялым блазнам!..

Але ён хутка супакоіўся. Яму прыйшла ў галаву слушная думка, што панна Ізабэла не ведае Малінары і проста трапіла пад уздзеянне яго славы.

“Яна пазнаёміцца з ім і супакоіцца, – падумаў ён. – Але служыць за пасярэдніка я не буду”.

Калі Вакульскі вярнуўся дадому, ён заспеў у сябе Венгелька, які чакаў ужо гадзіну.

Хлопец выглядаў па-варшаўску, але крыху зблажэў.

– Схуднеў, збляднеў, – сказаў Вакульскі, разглядаючы яго. – Лайдачыш, ці што?..

– Не, пане, я хварэў дзесяць дзён. Нейкая скула выскачыла ў мяне на шыі, аж доктар мяне парэзаў. Але ўчора ўжо вярнуўся да працы.

– Трэба табе грошы?

– Не, пане. Я хацеў толькі пагаварыць пра вяртанне ў Заслаўле.

– Карціць табе. А навучыўся нечаму?

– Авой! І ў слесарстве трохі, і ў цяслярстве… Кошыкі навучыўся прыгожыя… таксама і крэсліць. А нават каб і маляваць давялося, дык таксама…

Кажучы гэта, ён кланяўся, чырванеў і круціў у руках шапку.

– Добра, – праз хвіліну азваўся Вакульскі. – На інструмент атрымаеш шэсцьсот рублёў. Хопіць? А калі ты хочаш вяртацца?

Хлопец пачырванеў яшчэ больш і пацалаваў Вакульскага ў руку.

– Бо яшчэ, прашу прабачэння, з ласкі панскае хацеў бы ажаніцца… Толькі я не ведаю…

Ён пачухаў патыліцу.

– З кім жа? – запытаўся Вакульскі.

– З тою паннаю Марыянаю, што жыве ў фурмана Высоцкага. Я таксама жыву ў тым доме, толькі наверсе.

“Хоча ажаніцца з маёю магдаленкаю?” – здзівіўся Вакульскі.

Ён прайшоўся па пакоі і спытаў:

– А добра ты ведаеш панну Марыяну?

– Як не ведаць? Прынамсі, бачымся па тры разы на дзень, бывае. У нядзелю або я ў яе сяджу цэлы дзень, або мы разам – у Высоцкіх.

– Ну, так. Але ці ведаеш ты, што яна рабіла год таму?

– Ведаю, пане. Як толькі я, дзякуючы пану, прыехаў сюды, Высоцкая і кажа мне: “Глядзі, маладзён, бо яна была гуляшчая…” Дык з першага дня я ведаў, што за яна. Мяне яна не зводзіла.

– І як жа сталася, што ты хочаш з ёю ажаніцца?

– Бог ведае, пане, як яно сталася. Я нават спачатку насміхаўся з яе, і як хто ішоў па вуліцы, казаў: “Пэўна, і гэта знаёмы панны Марыяны, бо панна не з аднае печы хлеб ела”. А яна нічога, толькі апусціць галаву і круціць сваю машынку, аж тая раве, аж іскры ёй у твар ляцяць.

Пазней заўважыў я, што нехта цыруе мне бялізну, дык на Божае Нараджэнне купіў ёй за дзесяць грошай парасон, а яна мне – шэсць хустак паркалёвых з маімі літарамі. А Высоцкая кажа: “Трымайся далей, маладзён, ад гэтае шалахвосткі!..” Дык я і думак пра яе не дапускаў, хоць, каб не была яна абы-якая, дык яшчэ на запусты[235] ажаніўся б.

А якраз на Папялец[236] Высоцкі ўзяў ды расказаў мне, як гэта з ёю здарылася, з паннай Марыянай. Наняла яе нейкая пані ў аксаміце ў служанкі, ну і мела яна службу, не давядзі Божа! Толькі наважыцца яна ўцячы, як яе ловяць ды кажуць: “Або сядзі тут, або аддадзім цябе ў арышт за крадзеж”. “Што ж я ўкрала?” – пытае яна. “Нашы даходы, гадаўка!” – крычаць яны. Гэтак бы і сядзела яна (апавядаў Высоцкі) аж да суднага дня, каб пан Вакульскі яе не ўбачыў у касцёле. Выкупіў і выратаваў.

– Далей расказвай, – азваўся Вакульскі, бо ўбачыў, што Венгелек завагаўся.

– Падумалася мне тады, – працягваў Венгелек, – што ніякая гэта не распуста, а гора горкае. І пытаюся я ў Высоцкага: “Ажаніўся б пан з паннай Марыянай?” “Мне і з адною бабаю ўтрапенне,” – кажа ён. “Але каб пан Высоцкі быў у кавалерскім стане, дык як?” “Гэ, – кажа ён, – не маю ўжо я ахвоты да кабет”. Бачу, не хоча стары гаварыць, і гэтак пачаў яго ўпрошваць, што ўрэшце той сказаў: “Не ажаніўся б, бо не меў бы ўпэўненасці, што старыя звычкі ў ёй не азавуцца. Кабета, як добрая, дык добрая, але ўжо як разбэсціцца, дык нібы д’ябал робіцца”.

Тым часам, на пачатку святога посту наслаў Пан Бог міласэрны мне гэткую балесную скулу, што мусіў я ляжаць дома, а доктар яшчэ мяне і парэзаў. І пачала тут панна Марыяна да мяне хадзіць: ложак перасцеле, рану мне апратае… Доктар казаў, што каб не яе дагляд, дык і за тыдзень бы яшчэ не выкачаўся. Аж злосць мяне разбірала, асабліва як быў у гарачцы. Дык аднаго дня і кажу ёй: “Навошта панна Марыяна гэтак турбуецца?.. Панна думае, што я ажанюся, а я не здурнеў, каб такую ўзяць, што дзесяцярых абслугоўвала…”

А яна нічога, толькі апусціла галаву і слёзы кап… кап…

“Я ж разумею, – кажа, – што пан Венгелек са мною не ажаніўся б…”

Аж я, за перапрашэннем, ледзь не самлеў ад жалю, як гэта пачуў. І тады ж кажу Высоцкай: “Ведае, пані Высоцкая, можа, я з паннаю Марыянай ажанюся…”

А яна на гэта: “Не нарабі шкоды сабе і людзям, бо…”

– Не магу гаварыць, – спыніўся раптам Венгелек, зноў цалуючы Вакульскаму ў руку.

– Кажы смела.

– “Бо, – кажа пані Высоцкая, – каб ты ажаніўся з паннаю Марыянай, дык ці не было б гэта абразаю пану Вакульскаму за ягоную ласку ўсім нам… Хто ведае, можа, панна Марыяна да яго ходзіць…”

Вакульскі стаў перад ім.

– Гэтага ты баішся? – спытаў ён. – Даю табе слова гонару, я ніколі не бачуся з тою паннаю.

Венгелек уздыхнуў з палёгкаю.

– Вось і дзякуй Богу. Бо, па-першае, не смеў бы я стаць у пана на дарозе за яго дабрыню, а па-другое…

– Што па-другое?

– Тое, пане, што ў сваёй распусце яна не вінаватая, гэта гора, злыя людзі яе пакрыўдзілі. Але каб цяпер яна, плачучы нада мною хворым, сама да вяльможнага пана бегала, дык была б шэльма, горшая за сабаку шалёнага, якога толькі забіць застаецца, каб людзей не кусаў.

– Дык як? – запытаўся Вакульскі.

– Што ж! Ажанюся пасля святаў, – адказаў Венгелек. – Яна ж за чужыя грахі пакутаваць не павінна. Не з уласнае волі…

– Маеш яшчэ якую справу?

– Ужо не.

– Дык бывай здаровы, а перад шлюбам зайдзі да мяне. Яна атрымае пяцьсот рублёў пасагу, ну і што трэба з бялізны ды ў гаспадарцы.

Венгелек пайшоў ад яго вельмі ўзрушаны.

“Вось логіка простых сэрцаў! – падумаў Вакульскі. – Пагарда да граху, міласэрнасць да няшчасця”.

Прастадушны мешчанін у яго вачах вырас да пасланца спрадвечнае справядлівасці, які зганьбаванай кабеце прынёс спакой і прабачэнне.

У канцы сакавіка ў панства Жэжухоўскіх адбыўся вялікі раўт з Малінары. Вакульскі таксама атрымаў запрашэнне, напісанае прыгожаю рукою панны Жэжухоўскае.

Прыбыў ён досыць позна, якраз у той момант, калі маэстра паддаўся на ўгаворы і згадзіўся ашчаслівіць слухачоў канцэртам уласнае кампазіцыі. Адзін з мясцовых музыкаў сеў за фартэп’яна, каб акампанаваць яму, другі прынёс маэстра скрыпку, трэці падрыхтаваўся пераварочваць ноты, чацвёрты стаў ззаду з намерам падкрэсліваць жэстыкуляцыяй ды мімікай самыя прыгожыя або складаныя моманты.

Нехта папрасіў прысутных сцішыцца, дамы паселі паўколам, мужчыны пасталі за іх крэсламі, канцэрт пачаўся.

Вакульскі паглядзеў на скрыпача і перадусім заўважыў пэўнае падабенства паміж ім і Старскім. Малінары меў гэткія ж невялічкія фаварыты, яшчэ меншыя вусікі і гэтакі ж выраз знуджанасці на твары, які вылучае людзей, што карыстаюцца поспехам у прыгожага полу. Граў ён добра і выглядаў прыстойна, але відаць было, што роля паўбога, ласкавага да сваіх вернікаў, даўно яму звыклая.

Час ад часу скрыпка азывалася гучней, музыкант, што стаяў за спінаю маэстра, рабіў захопленую міну, а па зале пралятала шапаценне. Сярод урачыста настроеных мужчын, а таксама заслуханых, задумлівых, летуценных або напаўсонных дам Вакульскі заўважыў твары кабет, на якіх быў незвычайны выраз. Галовы іх былі пажадліва адкінутыя, шчочкі палалі, вочы блішчалі, раскрытыя вусны дрыжалі, нібы пад уплывам нейкага наркотыку.

“Страх, што робіцца! – падумаў Вакульскі. – Што за хворыя індывідуумы ўпрагаюцца ў трыумфальную каляску гэтага пана…”

Потым ён зірнуў у той бок, дзе сядзела панна Ізабэла, і мароз прабег у яго па скуры… Яна была ачмурэлая і поўная жарсці яшчэ больш за іншых. Ён не верыў уласным вачам.

Маэстра граў з чвэрць гадзіны, але Вакульскі не чуў ужо аніводнае ноты. Абудзілі яго толькі працяглыя і гучныя апладысменты. Потым ён зноў нібы страціў адчуванне рэальнасці, але выдатна бачыў, як Малінары шапнуў нешта на вуха пану Жэжухоўскаму, як пан Жэжухоўскі ўзяў яго пад руку і – прадставіў панне Ізабэле.

Яна залілася чырванню і прывітала яго позіркам захаплення, для якога няма слоў. Тым часам ужо запрашалі на вячэру, дык маэстра падаў ёй руку і павёў у сталовы пакой. Яны прайшлі побач з Вакульскім, Малінары нават зачапіў яго локцем, але гэтак яны былі занятыя сабою, што панна Ізабэла не звярнула на яго ўвагі. Потым учацвярых яны селі пры адным століку: пан Шастальскі з паннаю Жэжухоўскаю і Малінары з паннаю Ізабэлаю. Было відаць, што разам ім вельмі добра.

Вакульскаму зноў здалося, што з вачэй у яго спадае заслона, за якою ён бачыць зусім іншы свет і зусім іншую панну Ізабэлу. Але ў той самы момант ён адчуў гэткае галавакружэнне, гэтак сціснула грудзі і затрымцелі нервы, што ўцёк у вітальню, а адтуль – на вуліцу, баючыся, што зараз зусім страціць розум.

“Божа міласэрны! – прашаптаў ён, – здымі ж з мяне гэты праклён…”

За некалькі крокаў ад Малінары пры маленькім століку сядзела пані Вансоўская з Ахоцкім.

– Мая кузіна пачынае мне ўсё менш падабацца, – прамовіў Ахоцкі, пазіраючы на панну Ізабэлу. – Бачыла пані?..

– Ужо гадзіну назіраю, – адказала пані Вансоўская. – Мне здаецца, што і Вакульскі нешта заўважыў, бо нешта з ім дзеецца. Шкада мне яго.

– О, за Вакульскага няхай пані будзе спакойная. Праўда, сёння ён пацярпеў паразу, але варта яму апрытомнець… Гэтакіх веерам не заб’еш.

– Дык можа здарыцца драма…

– Ніякае, – запярэчыў Ахоцкі. – Людзі з магутнымі пачуццямі толькі тады ў небяспецы, калі не маюць рэзерву…

– Кажа пан пра тую пані… як жа яе… Ста… Стар?..

– Божа барані. Там нічога няма і ніколі не было. Зрэшты, для закаханага мужчыны іншая жанчына не з’яўляецца рэзервам.

– А што ж?

– Вакульскі мае выдатны розум і ведае пра цудоўнае адкрыццё, якое, насамрэч, здольнае зменіць свет…

– І пан таксама ведае пра яго?

– У агульных рысах. Бачыў і доказ, толькі падрабязнасцяў я не ведаю. Прысягаю, – у запале працягваў Ахоцкі, – што дзеля такое справы можна ахвяраваць нават дзясяткам каханак!

– Дык і мною пан ахвяраваў бы? Няўдзячны…

– А хіба пані мая каханка? Я ж не лунацік.

– Але ж закаханы пан у мяне?

– Можа, яшчэ так, як Вакульскі ў Ізабэлу?.. І не блізка… Хоць у любы момант я гатовы…

– У любы момант пан кепска выхаваны. Але… тым лепш, што не закаханы.

– І нават ведаю, чаму лепш. Пані сама ўздыхае па Вакульскім.

Пані Вансоўскую заліла чырвань, яна збянтэжылася так, што веер упаў на падлогу. Ахоцкі падняў яго.

– Я не жадаю іграць камедыю, – сказала яна праз момант. – Цікавіць ён мяне так, што… я раблю ўсё магчымае, каб ён атрымаў Бэлу, бо… яе кахае гэты шаленец…

– Прысягаю, што сярод знаёмых мне дам пані – адзіная кабета, сапраўды нечага вартая… Але досыць пра гэта. З таго часу, як я даведаўся, што Вакульскі кахае Бэлу (і як жа ён яе кахае!), мая кузіна робіць на мяне дзіўнае ўражанне. Даўней я лічыў яе выключнаю, а цяпер здаецца мне яна звычайнаю, даўней – узнёслаю, а цяпер – прыземленаю… Але гэта толькі момантамі, і я папярэджваю, што магу памыляцца.

Пані Вансоўская ўсміхнулася.

– Падобна, – сказала яна, – як толькі мужчына скіроўвае позірк на кабету, шатан насоўвае яму ружовыя акуляры.

– Часам здымае.

– Але не абыходзіцца баз пакутаў, – адказала пані Вансоўская. – Ведаеш, пан, мы ж амаль кузіны, дык пяройдзем на ты…

– Дзякуй вялікі!

– Чаму?

– Я не збіраюся быць каханкам пані.

– Я прапаную пану сяброўства.

– Менавіта. Якраз той масток, па якім…

У гэты момант пана Ізабэла раптам паднялася ад свайго століка і падышла да іх. Была яна моцна ўзрушаная.

– Ты пакідаеш маэстра? – спытала пані Вансоўская.

– Але ж ён бесцырымонны! – прамовіла панна Ізабэла тонам, у якім чулася абурэнне.

– Я вельмі рады, кузіна, што ты гэтак хутка зразумела гэтага палішынеля, – азваўся Ахоцкі. – Можа, пані прысядзе да нас?

Але панна Ізабэла кінула на яго суворы позірк, загаварыла з Мальбаргам, які якраз наблізіўся да іх, і пайшла ў залу.

На парозе яна з-пад веера зірнула на Малінары, які весела гутарыў з паннаю Жэжухоўскаю…

– Здаецца мне, пане Ахоцкі, – сказала пані Вансоўская, – пан хутчэй стане нашым Капернікам, чым навучыцца абачлівасці! Як можна было ў прысутнасці Ізабэлы назваць гэтага пана палішынелем?

– Але ж яна назвала яго бесцырымонным…

– Тым не менш, яна зацікаўленая ім.

– Прашу без жартаў. Калі яна не цікавіцца чалавекам, які яе абагаўляе…

– Дык якраз і будзе цікавіцца абыякавым да яе.

– Прага да вострых соусаў – сведчанне кволага здароўя, – заўважыў Ахоцкі.

– Хто тут здаровая! – сказала пані Вансоўская і пагардліва агледзелася наўкола. – Падай мне, пан, руку і пойдзем у салон.

Пераходзячы з пакоя ў пакой, яны спаткалі князя, які вельмі прыхільна павітаўся з пані Вансоўскаю.

– Як вяльможнаму князю Малінары?.. – спытала яна.

– Мае вельмі ладны тон… Вельмі…

– І мы будзем прымаць яго ў сябе?

– О, так… у вітальні…

Праз пару хвілін досціп князя абляцеў усе пакоі… Пані Жэжухоўская з нагоды раптоўнае мігрэні мусіла пакінуць гасцей.

Калі пані Вансоўская, спыняючыся, каб паразмаўляць са знаёмымі, нарэшце, дабралася разам з Ахоцкім да салона, яна ўбачыла панну Ізабэлу, якая ўжо сядзела побач з Малінары.

– Хто з нас меў рацыю? – спытала яна і ўдарыла веерам Ахоцкага. – Бедны Вакульскі!

– Запэўніваю пані, ён не такі бедны, як панна Ізабэла.

– Чаму?

– Калі кабеты кахаюць толькі тых, хто іх ігнаруе, дык мая кузіна вельмі хутка будзе шалець за Вакульскім

– Скажа яму пан?.. – абурылася пані Вансоўская.

– Ніколі! Я ж, прынамсі, яго сябра, і гэта накладае на мяне абавязак не папярэджваць. А як мужчына, далібог, адчуваю, што калі паміж мужчынам і кабетаю пачынацца гэткая барацьба…

– Дык прайграе мужчына.

– Не, пані. Прайграе кабета, і падчыстую. Кабеты таму і нявольніцы паўсюдна, што горнуцца да тых, хто іх ігнаруе.

– Не блюзнер, пан.

У гэты час Малінары загаварыў з пані Выўратніцкаю, дык пані Вансоўская падышла да панны Ізабэлы, узяла яе пад руку, і яны пачалі праходжвацца па салоне.

– Аднак памірылася з гэтым бесцырымонным тыпам? – спытала пані Вансоўская.

– Ён перапрасіў мяне, – адказала панна Ізабэла.

– Гэтак хутка? А ці паабяцаў ён выправіцца?

– Я паклапачуся, каб у гэтым не было патрэбы.

– Быў тут Вакульскі, – сказала пані Вансоўская, – і неяк раптоўна пайшоў.

– Даўно?

– Калі селі вячэраць. Ён нават стаяў у дзвярах.

Панна Ізабэла зморшчыла бровы.

– Мая Казя, – сказала яна, – я разумею, пра што ты. Дык вось, заяўляю раз і назаўсёды, я не збіраюся дзеля Вакульскага выракацца таго, што мне падабаецца. Замуства не можа быць вязніцаю, а мне менш, чым каму іншы, пасуе роля вязня.

– Маеш рацыю. Але хіба дзеля капрызу можна цвяліць гэтакія пачуцці?

Панна Ізабэла збянтэжылася.

– Дык што мне рабіць?

– Гэта ўжо ад цябе залежыць. Ты яшчэ не звязаная з ім…

– Так!.. Разумею… – усміхнулася панна Ізабэла.

А пан Малінары разам з панам Навіньскім стаялі тым часам ля вакна і праз маноклі разглядалі абодвух дам.

– Прыгожыя кабеты! – уздыхнуў пан Малінары.

– І якія розныя, – дадаў пан Навіньскі. – Якую б пан абраў?

– Абодвух.

– А я – Ізабэльку, а потым… Вансоўскую.

– Як яны туляцца адна да аднае… як усміхаюцца!.. Усё, каб нас пацвяліць. Спрытныя кабеткі.

– А па сутнасці, яны адна адну ненавідзяць.

– Ну, прынамсі, не ў гэты момант, – запярэчыў пан Навіньскі.

Да паняў, якія працягвалі праходжвацца, падышоў Ахоцкі.

– Кузін таксама ў змове супраць мяне? – спытала панна Ізабэла.

– У змовы я не ўступаю. Магу з пані весці толькі адкрытую вайну.

– Адкрытую вайну? З пані?.. Што гэта значыць? Войны вядуцца з мэтаю заключэння карыснага міру!

– У мяне іншая сістэма.

– Так?.. – прамовіла панна Ізабэла з усмешкаю. – Дык я гатова паспрачацца, што кузін першы складзе зброю, бо лічу, што вайна ўжо пачалася.

– Прайграеш, кузіна, нават на тых пазіцыях, дзе разлічваеш на поўную перамогу, – урачыста адказаў Ахоцкі.

Панна Ізабэла спахмурнела.

– Бэля, – ціха паклікала яе графіня, якая праходзіла побач, – едзем дадому.

– Дык Малінары паабяцаў?.. – таксама ціха спытала панна Ізабэла.

– Я і не прасіла яго, – ганарыста адказала графіня.

– Чаму, цётачка?..

– Ён зрабіў кепскае ўражанне.

Каб панне Ізабэле сказалі, што з-за Малінары памёр Вакульскі, у яе вачах вялікі скрыпач нічога б не страціў. Але навіна, што ён зрабіў кепскае ўражанне, непрыемна закранула яе.

Яна развіталася з артыстам вельмі холадна, амаль пыхліва.

Хоць знаёмства іх доўжылася ўсяго некалькі гадзін, Малінары жыва зацікавіў панну Ізабэлу. Калі позна ўвечары яна вярнулася дадому і зірнула на свайго Апалона, ёй здалося, што мармуровы бажок мае нешта агульнае з паставаю і рысамі твару скрыпача. Яна аж пачырванела, бо прыгадала, што статуэтка надта часта змяняе сваё аблічча. У адзін з момантаў з’явілася падабенства нават з Вакульскім. Але яе супакоіла думка, што сённяшняя змена – апошняя, што яе ранейшыя сімпатыі былі памылковыя, што Апалон не мог сімвалізаваць нікога іншага, а толькі Малінары.

Яна не магла заснуць, у яе сэрцы змагаліся спрэчныя пачуцці: гнеў, страх, цікаўнасць і нейкая расчуленасць. Часам, нават абуджалася здзіўленне, калі яна прыгадвала сабе нахабства скрыпача. У першых жа словах ён паведаміў, што яна самая прыгожая кабета, якую ён бачыў, а ідучы з ёю на вячэру, юрліва туліўся да яе пляча і гаварыў пра каханне. А падчас вячэры, не зважаючы на прысутнасць Шастальскага ды панны Жэжухоўскае, гэтак упарта шукаў пад сталом яе руку, што… Што ж было ёй рабіць?..

З гэткім гвалтоўным выбухам пачуццяў ёй ніколі яшчэ не даводзілася сутыкацца. Ён і праўда, мусіць, пакахаў яе з першага позірку: шалёна, да смерці. Ці ж ён, нарэшце, не шапнуў ёй (што нават прымусіла яе выйсці з-за стала), нібы ён без развагаў аддаў бы жыццё за пару дзён, праведзеных з ёю.

“Як ён рызыкаваў, кажучы такое?” – падумала панна Ізабэла. Ёй не прыйшло ў галаву, што самае большае, чым ён рызыкаваў – гэта пакінуць таварыства яшчэ да сканчэння вячэры.

“Якія пачуцці!.. Якая жарсць!..” – паўтарала яна сама сабе.

Два дні панна Ізабэла не выходзіла з дому і нікога не прымала. На трэці дзень ёй пачало здавацца, што Апалон, па-ранейшаму падобны да Малінары, момантамі нагадвае Старскага. У гэты ж дзень пад вечар яна прыняла паноў Рыдзеўскага і Печаркоўскага, якія распавялі ёй, што Малінары ад’язджае з Варшавы, што ён настроіў супраць сябе ўсё таварыства, што яго альбом з рэцэнзіямі – падман, бо непрыхільная крытыка ў ім не змешчана.

Нарэшце, яны заявілі, што гэткі пасрэдны скрыпач і паспаліты чалавек толькі ў Варшаве мог пачуць падобныя авацыі.

Панна Ізабэла абурылася і нагадала пану Печаркоўскаму, што не хто іншы, як ён, хваліў артыста. Пан Печаркоўскі не згадзіўся і спаслаўся на прысутнага тут пана Рыдзеўскага ды адсутнага Шастальскага, якія мусілі пацвердзіць, што Малінары з першае хвіліны не выклікаў у яго даверу.

Наступныя два дні панна Ізабэла лічыла вялікага артыста ахвяраю зайздрасці. Яна пераконвала сябе, што толькі ён заслугоўвае яе спачування, і яна ніколі яго не забудзе.

Тым часам пан Шастальскі даслаў ёй букет фіялак, і панна Ізабэла не без дакораў сумлення заўважыла, што Апалон патроху робіцца падобны да Шастальскага, а Малінары хутка знікае з памяці.

Амаль праз тыдзень пасля канцэрту, калі яна поцемку сядзела ў сваім пакоі, перад вачыма ў яе паўстаў даўно забыты вобраз. Здавалася ёй, што разам з бацькам яна з’язджае каляскаю з нейкае гары ў даліну, напоўненую хмарамі дыму ды пары. З хмараў высунулася вялізная рука, якая трымала карту. Пан Тамаш пазіраў на яе з трывожнаю цікавасцю. “З кім бацька гуляе?..” – падумала яна. У гэты момант наляцеў вецер і сярод туману паказаўся твар Вакульскага, гэткі ж вялізны.

“Год таму была ў мяне гэткая ж уява, – сказала сабе панна Ізабэла. – Што гэта значыць?..”

І яна раптам прыгадала, што Вакульскі не быў у іх ужо тыдзень.

Пасля раўту ў панства Жэжухоўскіх Вакульскі вярнуўся да сябе ў дзіўным настроі. Атака шаленства мінула і саступіла месца апатычнаму спакою. Вакульскі не спаў цэлую ноч, але гэта не турбавала яго. Ён ляжаў ціха, ні пра што ні думаў, а толькі з цікаўнасцю прыслухоўваўся да бою гадзінніка. Першая… другая… трэцяя…

На наступны дзень ён устаў позна і да паўдня толькі і рабіў, што піў гарбату ды прыслухоўваўся да гадзінніка. Адзінаццатая… дванаццатая… першая… Як нудна!..

Хацеў пачытаць, але лянотна было ісці ў бібліятэчны пакой па кніжку, дык ён лёг на шэзлонг і пачаў разважаць пра тэорыю Дарвіна.

“Што такое натуральны адбор? Гэта вынік барацьбы за выжыванне, у якой гінуць істоты, якія не маюць пэўных здольнасцяў, а перамагаюць больш здольныя. Якая найважнейшая здольнасць? Ці не палавая цяга? Не. Страх смерці. Істоты, якія б не баяліся смерці, мусілі б даўно загінуць. Каб чалавека не спыняла боязь смерці, гэтая самая разумная жывёліна не цягнула б кайданоў жыцця. У старажытнай індыйскай паэзіі ёсць згадкі пра існаванне людское расы, якая меней за нас ненавідзела смерць. Ну і раса тая загінула, а яе нашчадкі сталі або нявольнікамі, або аскетамі.

А што гэта такое – нянавісць да смерці? Вядома, інстынкт, які палягае на ілюзіях. Ёсць такія, што гідзяцца мышэй, абсалютна нявінных стварэнняў, або нават суніц, гэтакіх смачных. (Калі гэта я еў суніцы?.. Ага летась, у канцы верасня, у Заслаўку. Забаўныя мясціны ў тым Заслаўку. Цікава, ці яшчэ жывая старшынёва і ці адчувае яна агіду да смерці?..)

Бо што гэта такое – баяцца смерці?.. Падман! Памерці – гэта не быць нідзе, нічога не адчуваць і не думаць ні пра што. У колькіх жа месцах мяне зараз няма? Няма мяне ў Амерыцы, няма ў Парыжы, на Месяцы, няма мяне нават у маёй краме, і гэта мяне не трывожыць. А пра колькі рэчаў я не думаў яшчэ хвіліну таму і пра колькі не думаю зараз? Думаю я толькі пра адну нейкую рэч, а не думаю пра мільярд іншых, нават нічога не ведаю пра іх, і гэта мяне не хвалюе.

Дык якая непрыемнасць мне ў тым, што, не быўшы ў мільёне месцаў, а толькі ў нейкім адным, не думаючы пра мільярд рэчаў, а толькі пра адну, я перастану быць і ў тым адным месцы і думаць пра адну тую рэч?.. Сапраўды, баяцца смерці – гэта самая смешная ілюзія, якой ужо столькі стагоддзяў падпарадкуецца чалавецтва. Дзікуны баяцца перуна, гуку агнястрэльнае зброі, нават люстэрка, а мы, нібы цывілізаваныя, баімся смерці!..”

Ён устаў, паглядзеў у акно і з усмешкаю пачаў назіраць за людзьмі, якія некуды беглі, кланяліся адзін аднаму, суправаджалі дам. Ён назіраў, як яны мітусяцца і непакояцца, як стараюцца быць галантнымі мужчыны і няспынна какетнічаюць кабеты, як абыякава глядзяць на ўсё фурманы і высільваюцца коні, ды пераконваўся, што ўсё гэта жыццё, поўнае трывог і клопатаў, з’яўляецца капітальнай бязглуздзіцай.

Гэтак праседзеў ён цэлы дзень. Назаўтра прыйшоў Жэцкі і нагадаў, што сёння першага красавіка і пану Ленцкаму трэба заплаціць дзве тысячы пяцьсот рублёў працэнтаў.

– А, праўда, – адказаў Вакульскі. – Завязі яму…

– Я думаў, што ты сам завязеш.

– Не хочацца мне.

Жэцкі пакруціўся па пакоі, кашлянуў і, нарэшце, сказаў:

– Пані Стаўская нешта замаркоцілася. Можа, ты б яе наведаў?

– А, праўда, даўно ўжо я не быў у яе. Увечары пайду.

Пасля гэткага адказу Жэцкі не стаў затрымлівацца. Ён вельмі цёпла развітаўся з Вакульскім, зайшоў у краму па грошы, потым сеў у брычку і загадаў ехаць да пані Місевічовае.

– Я забег на хвілінку, бо трэба зрабіць адну справу, – радасна паведаміў ён. – Ведае пані? Стах будзе сёння… Здаецца мне (але кажу пані гэта ў найвялікшым сакрэце), што Вакульскі ўжо канчаткова парваў з Ленцкімі.

– Няўжо? – сказала пані Місевічова, складаючы рукі.

– Я амаль упэўнены, але… развітваюся з пані… Стах будзе сёння ўвечары…

Сапраўды, Вакульскі быў увечары і, што больш важна, пачаў бываць кожны вечар. Прыходзіў ён досыць позна, калі Гэлюня ўжо спала, а пані Місевічова ішла ў свой пакой, і бавіў па некалькі гадзін з пані Стаўскаю. Звычайна ён маўчаў і слухаў яе расповеды пра краму Мілеравай або гарадскія навіны. Сам ён азываўся рэдка і казаў афарызмы, якія нават не мелі сувязі з папярэдняю размоваю.

Раз ён сказаў без усялякай нагоды:

– Чалавек, як начны матыль, саслепу рвецца да агню, хоць яму балюча, і хоць згарыць ён там. Робіць гэта, аднак, пакуль не апрытомнее. І гэтым адрозніваецца ён ад начнога матыля…

“Ён кажа пра панну Ленцкую!..” – падумала пані Стаўская, і сэрца ў яе закалацілася.

Іншым разам ён апавёў ёй дзіўную гісторыю.

– Я чуў пра двух сяброў, адзін з якіх жыў у Адэсе, а другі – у Табольску. Не бачыліся яны некалькі гадоў і вельмі засумавалі адзін па адным. Нарэшце, табольскі сябра, які ўжо не мог вытрываць, пастанавіў зрабіць неспадзяванку адэскаму і, не папярэджваючы яго, паехаў у Адэсу. Не заспеў, аднак, таго дома, бо той таксама засумаваў і паехаў у Табольск…

Справы перашкодзілі ім сустрэцца на зваротным шляху. Пабачыліся яны толькі праз некалькі гадоў і ведае пані, што выявілася?

Пані Стаўская падняла на яго вочы.

– Абодва яны, шукаючы адзін аднаго, у той самы дзень спыніліся ў Маскве ў тым самым гатэлі, нават у суседніх нумарах. Лёс часам кпіць з людзей…

– У жыцці, хіба, не часта гэтак здараецца, – прашаптала пані Стаўская.

– Хто ведае, хто ведае?.. – адказаў Вакульскі.

Ён пацалаваў яе ў руку і выйшаў у задуменні.

“З намі так не будзе!..” – падумала яна, моцна ўзрушаная.

Вечарамі, бываючы ў пані Стаўскае, Вакульскі быў адносна бадзёры, крыху еў і размаўляў. Але рэшта дня прамінала ў апатыі. Есці яму не хацелася, ён толькі піў шмат гарбаты, справы закінуў, не пайшоў на квартальнае паседжанне суполкі, нічога не чытаў і нават ні пра што не думаў. Яму здавалася, што сіла, якую ён не мог акрэсліць, выкінула яго за арбіту ўсялякіх спраў, надзей, жаданняў, і яго жыццё, падобнае да нежывога аб’екта, лунае ў пустэчы.

“Зрэшты, я не застрэлюся, – думаў ён. – Каб хоць збанкрутаваў, а так... Пагарджаў бы сабою, каб змяла мяне са свету спадніца… Трэба было заставацца ў Парыжы… Хто ведае, ці ўжо не меў бы я зброі, якая раней ці пазней вынішчыць монстраў з чалавечым тварам.”

Жэцкі, здагадваючыся, што з ім дзеецца, заходзіў у розны час і спрабаваў пагутарыць з ім. Але ні надвор’е, ні гандаль, ні палітыка не цікавілі Вакульскага. Раз толькі ён ажывіўся, калі пан Ігнацы згадаў, што Мілерава пачала тыраніць пані Стаўскую.

– Чаго ж яна хоча?

– Можа, зайздросціць, што ты бываеш у пані Стаўскае, што плаціш ёй добры заробак.

– Мілерава, хіба, супакоіцца, – сказаў Вакульскі, – калі я аддам краму Стаўскай, а самую яе зраблю касіркаю.

– Пабойся Бога!.. – закрычаў спалоханы Жэцкі. – Загубіш пані Стаўскую.

Вакульскі захадзіў па пакоі.

– Маеш рацыю. Але калі бабы сварацца, трэба іх разнімаць… Угавары Стаўскую, каб яна заклала сваю краму, а мы забяспечым яе грашыма. Я адразу так думаў, а цяпер бачу, што не варта адкладаць.

Пан Ігнацы, вядома, адразу пабег да сваіх паняў і паведаміў ім важную навіну.

– Не ведаю, ці можна прымаць гэтую ахвяру? – азвалася заклапочаная пані Місевічова.

– Якая ж гэта ахвяра? – выгукнуў Жэцкі. – Выплаціце нам усё цягам некалькіх гадоў і баста. Як пані мяркуе?.. – спытаў ён у пані Стаўскае.

– Зраблю так, як захоча пан Вакульскі. Загадае мне адчыніць краму, адчыню, загадае застацца ў Мілеравай, застануся.

– Але ж, Гэленка!.. – адрэагавала яе маці. – Падумай, як рызыкоўна казаць такія рэчы. Шчасце, што не чуе нас ніхто чужы.

Пані Стаўская змоўкла, яшчэ больш палохаючы пані Місевічову, якая вельмі баялася безапеляцыйнасці дачкі, гэткай лагоднай і згодлівай раней.

Пэўнага дня Вакульскі, ідучы вуліцаю, спаткаў карэту пані Вансоўскае. Ён пакланіўся ёй і без мэты ішоў далей, але дагнаў яго слуга.

– Ясная пані просіць…

– Што з панам робіцца? – закрычала прыгожая ўдоўка, калі Вакульскі падышоў да каляскі. – Сядай жа, пане, праедземся Алеямі.

Ён сеў, і яны паехалі.

– Што гэта? – працягвала пані Вансоўская. – Выгляд у пана жахлівы, ужо амаль дзесяць дзён не быў у Бэлы… Ну, кажы, пан, хоць што-небудзь!..

– Няма чаго мне сказаць. Я не хворы і не думаю, каб панне Ізабэле былі патрэбныя мае візіты.

– А калі патрэбныя?

– Ніколі не меў я гэтакіх ілюзій, а сёння менш, чым калі-небудзь.

– Ну, ну… мой пане… пагаворым адкрыта. Пан раўнівец, а гэта прыніжае мужчыну ў вачах кабеты. Зазлаваў пан на Малінары…

– Памыляецца пані. Я ў такой ступені не раўнівы, што не перашкаджаю панне Ізабэле абіраць паміж мною і Малінары. Ведаю, прынамсі, што ў гэтым выпадку маю роўныя з ім правы.

– О, пане, гэта ўжо занадта! – прысароміла яго пані Вансоўская. – Што ж гэта, беднай кабеце, калі зробіць ласку кахаць яе нехта з вас, нельга ўжо і размаўляць з іншымі?.. Не спадзявалася я, каб такі чалавек, як пан, меў гэткае ж стаўленне да кабеты, як у гарэме. Зрэшты, што пана турбуе?.. Каб нават Бэла какетнічала з Малінары, дык што?.. Гэта было ўсяго адзін вечар і скончылася гэткім пагардлівым развітаннем з боку Бэлы, што аж прыкра было глядзець.

Прыгнечанасць пакінула Вакульскага.

– Пані дабрадзейка, не будзем удаваць, што мы не разумеем адно аднаго. Пані ведае, што для мужчыны, які кахае, кабета – святыня, алтар. Слушна ці няслушна, але гэта так. І вось, калі першы-лепшы авантурнік набліжаецца да гэтае святыні, як да крэсла, і абыходзіцца з ёю, як з крэслам, а святыня ледзьве не ў захапленні ад падобнага трактавання, тады… разумее пані?.. Пачынаем дапускаць, што гэты алтар, сапраўды, усяго толькі крэсла. Ясна я выказаўся?..

Пані Вансоўская адкінулася на падушкі каляскі.

– О, пане, аж занадта ясна!.. А што сказаў бы пан, каб какецтва Бэлы было толькі нявіннаю помстаю, хутчэй перасцярогаю?..

– Каму адрасаванаю?

– Пану. Хіба пан не заняты ўвесь час пані Стаўскаю?..

– Я?.. Хто так сказаў?..

– Дапусцім, відавочцы – пані Кшэшоўская, пан Марушэвіч…

Вакульскі схапіўся за галаву.

– І пані верыць у гэта?

– Не, бо запэўніў мяне Ахоцкі, што нічога там няма. Але ці супакоіў хто Бэлу, і ці паверыла яна, гэта ўжо іншая справа.

Вакульскі схапіў яе за руку.

– Дарагая пані, – ціха прамовіў ён, – бяру назад свае словы пра Малінары… Прысягаю пані, што я шаную панну Ізабэлу і вельмі шкадую, што гэтак неразважліва выказваўся… Цяпер я бачу ганебнасць свайго ўчынку…

Ён быў гэтакі ўзрушаны, што пані Вансоўскай стала яго шкада.

– Ну, ну, – прамовіла яна, – няхай пан супакоіцца і не перабольшвае… Слова гонару (хоць кабеты, падобна, не маюць гонару), запэўніваю пана, што наша размова застанецца паміж намі. Зрэшты, я ўпэўненая, Бэла і сама прабачыла б пану яго нястрыманасць. Гэта было несправядліва, але… закаханым прабачаецца і не такая несправядлівасць.

Вакульскі пачаў цалаваць ёй у абедзве рукі, але яна іх вырвала.

– Прашу без заляцанняў да мяне, бо для закаханае кабеты мужчына з’яўляецца алтаром… А цяпер вылазь, пан. Ідзі вось туды, да Бэлы і…

– І што, пані?

– І прызнай, што я ўмею выконваць абяцанні.

Яе голас задрыжаў, але Вакульскі гэтага не заўважыў. Ён выскачыў з карэты і пабег да камяніцы, дзе жылі Ленцкія і каля якое яны якраз спыніліся.

Калі Мікалай адчыніў яму дзверы, ён загадаў паведаміць пра сябе панне Ленцкай. Яна была адна і прыняла яго адразу, зачырванелая і збянтэжаная.

– Так даўно не быў пан у нас, – сказала яна. – Ці не быў пан хворы?..

– Горш, пані, – адказаў ён стоячы. – Я моцна абразіў пані без прычыны…

– Пан – мяне?..

– Так, пані. Я абразіў пані падазрэннем. Я быў, – казаў ён прыглушаным голасам, – я быў на канцэрце ў панства Жэжухоўскіх… І пайшоў адтуль, нават не развітаўшыся з пані… Не хачу болей пра гэта гаварыць… Толькі разумею, што пані мае права не прымаць мяне, як чалавека, не здольнага ацаніць пані… Насмеліўся падазраваць…

Панна Ізабэла глыбока зазірнула яму ў вочы, працягнула руку і сказала:

– Прабачаю… няхай пан сядае.

– Няхай пані не спяшаецца з прабачэннем, бо гэта можа абудзіць ува мне надзею…

Яна задумалася.

– Божа, што ж мне рабіць?.. Няхай ужо мае пан надзею, калі гэта для пана так важна…

– І гэта пані кажа, пані Ізабэла?

– Гэтак, відаць, было прызначана, – адказала яна з усмешкаю.

Ён з жарсцю пацалаваў ёй у руку, якую яна не бараніла, потым адышоў да акна і нешта зняў з шыі.

– Няхай пані прыме гэта ад мяне, – сказаў ён і падаў ёй залаты медальён на ланцужку.

Панна Ізабэла з цікавасцю пачала яго разглядаць.

– Дзіўны прэзент, праўда? – працягваў Вакульскі, адчыняючы медальён. – Бачыць пані гэтую бляшку, лёгкую, як павуцінка? Але гэта каштоўнасць, якое няма ні ў адной скарбніцы свету, гэта зярнятка вялікага адкрыцця, здольнага змяніць чалавецтва. Хто ведае, ці не народзяцца з гэтае бляшкі паветраныя караблі. Але гэта няважна… Аддаючы яе пані, я ўручаю разам і сваю будучыню…

– Дык гэта талісман?

– Амаль. Дзякуючы гэтай рэчы, я гатовы быў выехаць з краю ды ўвесь маёнтак і рэшту жыцця прысвяціць новай працы. Яна магла аказацца пустою стратаю часу, але думка пра яе была адзінаю саперніцаю пані. Адзінаю… – паўтарыў ён з націскам.

– Збіраўся пан пакінуць нас?

– Нават яшчэ сёння раніцою. Таму і аддаю пані гэты амулет. З гэтае хвіліны, апроч пані, няма ўжо мне іншага шчасця на свеце. Засталася мне толькі пані або смерць.

– Калі так, я бяру пана ў няволю, – прамовіла панна Ізабэла і павесіла медальён сабе на шыю, а закладаючы яго ў станік, яна апусціла вочы і пачырванела.

“Які я нягоднік, – падумаў Вакульскі. – І гэткую кабету я падазраваў… Ах, нікчэмнік…”

Калі ён вярнуўся ў краму, дык так ззяў, што пан Ігнацы амаль спалохаўся.

– Што з табою? – спытаў ён.

– Павіншуй мяне. Я нарачоны панны Ізабэлы.

Але Жэцкі замест таго, каб віншаваць, моцна збялеў.

– Я атрымаў ліст ад Мрачэўскага, – сказаў ён праз момант. – Сузін, як ты ведаеш, яшчэ ў лютым выправіў яго ў Францыю.

– І што?.. – перапыніў яго Вакульскі.

– Вось, піша мне з Ліёну, што Людвік Стаўскі жывы і знаходзіцца ў Алжыры, але пад прозвішчам Эрнэста Валтэра. Падобна, гандлюе віном. Год таму нехта яго бачыў.

– Спраўдзім, – адказаў Вакульскі і няспешна занатаваў адрас.

З таго часу кожны вечар ён праводзіў у панства Ленцкіх, нават атрымаў запрашэнне заўсёды абедаць у іх.

Праз некалькі дзён прыйшоў да яго Жэцкі.

– Што, стары! – выгукнуў Вакульскі. – Як там князь Люлю?.. Яшчэ гневаешся на Шлянгбаўма, што наважыўся купіць краму?..

Стары крамнік пахітаў галавою.

– Пані Стаўская, – сказаў ён, – ужо не ў Мілеравай… Прыхварэла… Кажа пра ад’езд з Варшавы… Можа, зайшоў бы ты да іх?..

– Праўда, варта зайсці, – адказаў ён, паціраючы лоб. – Ты размаўляў з ёю пра краму?

– Чаму ж не. Нават пазычыў ёй тысячу дзвесце рублёў.

– Са сваіх сціплых зберажэнняў?.. Чаму было не пазычыць у мяне?..

Жэцкі нічога не адказаў.

А другой гадзіне дня Вакульскі паехаў да пані Стаўскае. Яна моцна зблажэла, яе чароўныя вочы былі вельмі маркотныя і здаваліся яшчэ большымі.

– Што гэта, – спытаў Вакульскі, – я чуў, што пані хоча з’ехаць з Варшавы?

– Так, пане… Муж вернецца, магчыма… – адказала яна глухім голасам.

– Мне Жэцкі казаў, і я, з дазволу пані, пастараюся спраўдзіць тую інфармацыю…

Пані Стаўская заплакала.

– Пан гэткі добры да нас, – прашаптала яна. – Няхай жа пан будзе шчаслівы.

У той самы час пані Вансоўская была з візітам у панны Ізабэлы і даведалася, што Вакульскі стаў яе жаніхом.

– Нарэшце… – прамовіла пані Вансоўская. – Я думала, ты ніколі не наважышся.

– Дык вось табе прыемная неспадзяванка, – адказала панна Ізабэла. – У кожным разе, гэта ідэальны муж: багаты, неардынарны, а перадусім чалавек з галубіным сэрцам. Ён не толькі не раўнівы, але нават перапрашае за свае падазрэнні. Гэта мяне канчаткова раззброіла… У сапраўднага кахання завязаныя вочы. Чаму ты маўчыш?

– Думаю…

– Пра што?

– Вось пра што. Калі ён гэтак ведае цябе, як ты яго, дык вы зусім незнаёмыя.

– Тым больш прыемны будзе мядовы месяц.

– Зычу…


Загрузка...