Пані Мэлітан прайшла суровую школу жыцця, у якой навучылася нават ігнараваць агульнапрынятыя меркаванні.
У маладосці яна ад усіх чула, што прыгожая і добрая паненка і без пасагу мае шанец усё ж выйсці замуж. Была яна добрая і прыгожая, але замуж не выйшла. Пазней яна чула, таксама ад усіх, што адукаваную настаўніцу любяць выхаванцы і шануюць іх бацькі. Была яна адукаваная і нават здольная настаўніца, але, нягледзячы на гэта, выхаванцы ёй назалялі, а іхнія бацькі з яе кпілі ад першага сняданку і да вячэры. Яшчэ яна чытала шмат раманаў, і ў кожным даводзілася, што закаханыя князі, графы і бароны – людзі высакародныя, а ўзамен за сэрца яны маюць звычку аддаваць бедным настаўніцам руку. Неяк і яна аддала сваё сэрца маладому ды шляхетнаму графу, але – не атрымала ягонае рукі.
Яна ўжо мела больш за трыццаць гадоў, калі выйшла замуж за стараватага гувернёра Мэлітана, з адною толькі мэтаю, каб маральна падтрымаць чалавека, які паціху співаўся. Але малады пасля жаніцьбы піў больш, чым да жаніцьбы, а жонку, якая падтрымлівала яго маральна, здаралася, перыў кіем.
Калі ён памёр, падобна, на вуліцы, пані Мэлітан спачатку правяла яго на могілкі і пераканалася, што той надзейна закапаны, а потым узяла сабе сабаку, бо – зноў жа – ад усіх чула, што сабака – гэта самая ўдзячная істота. Сапраўды, ён і быў удзячным, пакуль не ашалеў ды не пакусаў служанку, ад чаго сама пані Мэлітан цяжка захварэла.
Паўгода ляжала яна ў шпіталі, у асобным пакоі, самотная і забытая сваімі выхаванцамі, іх бацькамі і графамі, якім яна аддавала сэрца. Часу падумаць хапала. А калі яна выйшла адтуль – зблажэлая, састарэлая, з пасівелымі і рэдкімі валасамі – ізноў усе кругом загаварылі, што хвароба змяніла яе да непазнавальнасці.
– Паразумнела, – адказвала пані Мэлітан.
Не была яна ўжо настаўніцаю, але рэкамендавала настаўніц, не думала сама пра замужжа, але сватала маладыя пары, нікому не аддавала свайго сэрца, але спрыяла спатканням закаханых у сябе дома. А з тае прычыны, што ўсе і за ўсё мусілі ёй заплаціць, дык было ў яе трохі грошай, на якія яна і жыла.
Напачатку новае кар’еры была яна змрочная і нават цынічная.
– Ксёндз, – казала яна некаторым у даверлівай размове, – мае прыбыткі са шлюбаў, я – з заручын. Граф… бярэ грошы за спрыянне ў спароўванні коней, я – за спрыянне ў тым, каб спазналіся людзі.
З часам, аднак, яна стала больш стрыманая на язык, а, здаралася, і маралізавала, бо заўважыла, што агучванне агульнапрынятых меркаванняў і поглядаў уплывае на павелічэнне даходаў.
Пані Мэлітан здаўна ведала Вакульскага. А з-за таго, што яна любіла публічныя відовішчы і мела звычку сачыць за ўсім, што робіцца навокал, дык вельмі хутка заўважыла, як набожна пазірае Вакульскі на панну Ізабэлу. На гэтае адкрыццё яна толькі паціснула плячыма. Якая была ёй справа да галантарэйнага купца, закаханага ў панну Ленцкую? Каб ён упадабаў сабе нейкую багатую купцоўну або дачку фабрыканта, пані Мэлітан мела б матэрыял для сватаўства. А так!..
Але ж калі Вакульскі вярнуўся з Балгарыі і прывёз капітал, пра які апавядалі цуды, пані Мэлітан сама закінула слова пра панну Ізабэлу, прапануючы свае паслугі. І паўстала маўклівая дамова: Вакульскі шчодра плаціў, а пані Мэлітан збірала для яго розную інфармацыю пра сям’ю Ленцкіх і пра знаёмых ім асобаў з вышэйшага свету. Яе стараннямі Вакульскі нават набыў вэксалі Ленцкага і срэбра панны Ізабэлы.
З гэтае нагоды пані Мэлітан прыйшла да Вакульскага дадому, каб павіншаваць.
– З розумам бярэшся, пан, за справу, – сказала яна. – Праўду кажучы, ад срэбра і сервізу мала будзе карысці, але скупіць вэксалі Ленцкага – гэта шэдэўр… Відаць купца!..
Пачуўшы гэткую пахвалу, Вакульскі адчыніў стол, пашукаў там і дастаў некалькі вэксаляў.
– Яны? – запытаўся ён і даў паглядзець пані Мэлітан.
– Так. Каб мне такія грошы!.. – адказала яна, уздыхаючы.
Вакульскі ўзяў паперыны і разадраў іх.
– Відаць купца?.. – спытаў ён.
Пані Мэлітан дапытліва зірнула на яго і, ківаючы галавою, прамармытала:
– Шкада пана.
– Чаму ж гэта, хацеў бы я ведаць?..
– Шкада пана, – паўтарыла яна. – Я сама кабета і ведаю, што кабет здабываюць не ахвярамі, а сілаю.
– Сапраўды?
– Сілаю прыгажосці, здароўя, грошай…
– Розуму… – дадаў Вакульскі ёй у тон.
– Не так розуму, як кулака, – працягвала пані Мэлітан са з’едліваю ўсмешкаю. – Я добра ведаю, на што здольны наш пол, і не раз мела выпадак паспачуваць мужчынскай наіўнасці.
– Што да мяне, дык няхай пані не турбуецца.
– Думаеш, пан, не спатрэбіцца? – спытала яна, гледзячы яму ў вочы.
– Літасцівая пані, – адказаў Вакульскі, – калі панна Ізабэла такая, як мне здаецца, дык, можа, яна мяне некалі ацэніць. А калі яна не такая, расчаравацца я заўсёды паспею…
– Зрабі гэта хутчэй, пане Вакульскі, зрабі хутчэй, – прамовіла пані Мэлітан, падымаючыся з крэсла. – Бо, павер мне, лягчэй выкінуць тысячы з кішэні, чым адну прывязанасць з сэрца. Асабліва, калі тая ўжо пусціць карані. І не забудзься, пан, – дадала яна, – добра ўладкаваць мой капіталік. Не разадраў бы ты некалькі тысяч, каб ведаў, як цяжка іх часам бывае зарабіць.
У маі і ў чэрвені візіты пані Мэлітан сталі больш частымі, што трывожыла Жэцкага, які падазраваў змову. І ён не памыляўся. Была змова, але супраць панны Ізабэлы. Зводніца дастаўляла Вакульскаму важную інфармацыю, але тычылася тая толькі панны Ізабэлы, а менавіта: яна паведамляла, у якія дні графіня выбіраецца са сваёю пляменніцаю на шпацыр у Лазенкі.
Тады пані Мэлітан забягала ў краму і, забяспечыўшы сабе ўзнагароду ў выглядзе нейкае драбязы коштам у некалькі або і некалькі дзясяткаў рублёў, называла Жэцкаму дзень і гадзіну.
Незвычайны гэта быў час для Вакульскага. Як толькі ён даведваўся, што заўтра пані будуць у Лазенках, дык ужо напярэдадні губляў раўнавагу. Справамі ўжо не займаўся, быў раздражнёны, здавалася яму, што час стаіць на месцы і тая раніца ніколі не настане. Ноч мінала ў дзікіх мроях, часам напалову ў сне, напалову наяве ён шаптаў: “Што ж гэта такое?.. Нічога ж няма!.. Ах, якое з мяне быдла…”
Але раніцаю ён баяўся зірнуць у акно, каб не ўбачыць хмары на небе, і зноў да паўдня час яму цягнуўся так, што ў гэтых межах ён мог бы змясціць цэлае сваё жыццё, атручанае цяпер жахлівай горыччу.
“Ці можа быць гэта каханнем?..” – пытаўся ён у роспачы.
З гарачкі ён загадваў запрагаць ужо апоўдні ды ехаў. Кожную хвіліну яму здавалася, што насустрач едзе, ужо вяртаючыся, каляска графіні, або яго коні, якія аж цуглі рвалі, бягуць занадта павольна.
У Лазенках ён выскокваў з каляскі і шыбаваў да става, дзе звычайна шпацыравала графіня, якая любіла карміць лебедзяў. Прыходзіў ён заўчасна і таму падаў дзесьці на лаўку, заліты халодным потам, ды сядзеў там нерухома, з вачыма, скіраванымі ў бок палаца, забываючыся пра ўсё на свеце.
Нарэшце ў канцы алеі паказаліся дзве жаночыя фігуры, чорная і шэрая. Вакульскаму кроў бухнула ў галаву.
“Яны!.. Ці ж спыняць яны мяне?..”
Ён падняўся з лаўкі і пайшоў ім насустрач, як лунацік, амаль не дыхаючы. Так, гэта панна Ізабэла, яна вядзе цётку і пра нешта з ёю размаўляе.
Вакульскі глядзіць на яе і думае:
“Ну і што ж у ёй надзвычайнага?.. Кабета, як усе іншыя… Здаецца, няма чаго з-за яе вар’яцець…”
Ён пакланіўся, пані пакланіліся ў адказ. Ідзе далей, не паварочваючы галавы, каб не выдаць сябе. Нарэшце ён азіраецца: абедзве пані зніклі сярод зеляніны.
“Вярнуся, – думае ён, – пагляджу яшчэ раз… Не, няможна!”
І ён адчувае ў гэту хвіліну, што бліскучая вада ў ставе прыцягвае яго з непераадольнаю сілаю.
“Ах, каб ведаць, што смерць – гэта забыццё… А калі гэта не так?.. Не, у прыродзе няма міласэрнасці… Хіба можна ў беднае чалавечае сэрца ўліваць гэткую бязмерную тугу і не даваць нават пацяшэння, што смерць – гэта небыццё?”
Амаль у той самы час графіня казала панне Ізабэле:
– Усё больш і больш пераконваюся, Бэла, што грошы не даюць шчасця. Гэты Вакульскі зрабіў цудоўную, як для яго, кар’еру, але – што з таго? Ужо не займаецца крамаю, а нудзіцца ў Лазенках. Заўважыла, які ў яго панылы твар?
– Панылы? – перапытала панна Ізабэла. – Мне ён здаецца перадусім смешным.
– Я гэтага не прыкмеціла, – здзівілася графіня.
– Дык… непрыемным, – паправілася панна Ізабэла.
Вакульскі не меў адвагі выйсці з Лазенак. Ён хадзіў па другім беразе става і здалёк прыглядаўся да шэрае сукенкі, якая мільгала сярод дрэваў. Толькі праз нейкі час ён заўважыў, што прыглядаецца ажно да дзвюх шэрых сукенак і да трэцяе – блакітнае, і што аніводная з іх не належыць панне Ізабэле.
“Дурань несусветны,” – падумаў ён.
Але лягчэй ад гэтага не стала.
Аднаго дня, у першай палове чэрвеня, пані Мэлітан дала знаць Вакульскаму, што заўтра апоўдні панна Ізабэла будзе на шпацыры з графіняй і – са старшынёвай. Гэта дробная акалічнасць магла мець вельмі важнае значэнне. Бо Вакульскі ад таго незабыўнага Вялікадня некалькі раз наведаў старшынёву і ўпэўніўся, што старая вельмі зычліва да яго ставіцца. Звычайна ён слухаў яе аповеды пра даўнія часы, размаўляў з ёю пра свайго дзядзьку, яны нават дамовіліся пра надмагілле для яго. Невядома, якім чынам у гэтае абмеркаванне ўблыталася імя панны Ізабэлы ды так нечакана, што Вакульскі не здолеў схаваць узрушанасці, твар яго змяніўся, голас зрабіўся глухі.
Старая прыклала пенснэ да вачэй, прыгледзелася да Вакульскага і спытала:
– Ці мне здаецца, ці панна Ленцкая неабыякавая табе?
– Я амаль не ведаю яе… Размаўляў з ёю адзін раз у жыцці, – збянтэжана апраўдваўся Вакульскі.
Старшынёва задумалася і, ківаючы галавою, шапнула:
– Ага…
Вакульскі развітаўся з ёю, але гэтае “ага…” запала яму ў душу. У любым выпадку ён быў пэўны, што старшынёва не вораг яму. І вось, не прайшло і тыдня пасля тае размовы, як ён даведаўся, што старшынёва едзе з графіняю ды паннаю Ізабэлай на шпацыр у Лазенкі. Няўжо яна даведалася, што пані часам сустракаюць яго там?.. А можа, яна хоча іх зблізіць?..
Вакульскі зірнуў на гадзіннік, была трэцяя гадзіна дня.
“Дык тая раніца, – падумаў ён, – праз гадзін… дваццаць чатыры… Не, не так… Праз колькі ж гэта?..”
Ён не мог падлічыць, колькі гадзін міне ад сённяшняе трэцяе да заўтрашняе першае. Яго ахапіў непакой, абедаць ён не стаў, фантазія ляцела наперад, але цвярозы розум стрымліваў яе.
“Пабачым, што будзе заўтра. А раптам дождж або каторая з паняў захварэе?”
Ён выбег на вуліцу і, блукаючы без мэты, паўтараў:
“Ну, пабачым, што будзе заўтра… А можа, яны не спыняць мяне?.. Зрэшты, панна Ізабэла – прыгожая панна, дапусцім, нават надзвычай прыгожая, але толькі панна, не звышнатуральная з’ява. Тысячы таксама вельмі нябрыдкіх ходзяць па свеце, ды і я не збіраюся трымацца зубамі за адну спадніцу. Адштурхне мяне?.. Добра! Дык з яшчэ большым імпэтам кінуся ў абдымкі іншае…”
Увечары ён пайшоў у тэатр, але выседзеў там толькі да канца першага акта. Ізноў туляўся па горадзе, і крок у крок ішла за ім думка пра заўтрашні шпацыр і цьмянае прадчуванне, што заўтра ён наблізіцца да панны Ізабэлы.
Мінула ноч. Ранак. А дванаццатай ён загадаў запрагаць каляску. Напісаў цыдулку ў краму, што прыйдзе пазней, і падраў, надзяваючы, пару пальчатак. Нарэшце ўвайшоў слуга.
“Коні гатовыя!” – мільганула ў Вакульскага.
Ён працягнуў руку па капялюш.
– Князь!.. – абвясціў слуга.
У Вакульскага пацямнела ў вачах.
– Прасі.
Князь увайшоў.
– Дзень добры, пане Вакульскі, – прывітаўся ён. – Пан некуды едзе? Напэўна, на склады або на чыгунку. Але нічога не атрымаецца. Я арыштую пана і забяру да сябе. Буду нават такі няветлівы, што закватарую ў калясцы пана, бо сваёй сёння я не ўзяў. Аднак я ўпэўнены, што пан мне ўсё прабачыць з увагі на цудоўныя навіны.
– Зробіць князь ласку прысесці?
– На хвілінку. Няхай пан толькі ўявіць сабе, – працягваў князь сядаючы, – што я так назаляў нашым панам-братам… Ці добра я сказаў?.. Так іх пераследаваў, пакуль некаторыя не паабяцалі мне прыйсці і паслухаць праект панскае суполкі. Зараз жа я пана забіраю ці, хутчэй, забіраюся разам з панам і едзем да мяне.
Вакульскі адчуў нешта падобнае да таго, што адчувае чалавек, які з вялікае вышыні грымнуўся грудзямі аб зямлю.
Збянтэжанасць яго не засталася незаўважанай, князь усміхнуўся, прыпісваючы гэта радасці ад свайго візіту і запрашэння. Яму нават у галаву не прыйшло, што Вакульскаму больш важны можа быць шпацыр у Лазенках, чым усе князі і суполкі разам.
– Дык можам ісці? – спытаў князь, падымаючыся з фатэля.
Імгнення бракавала Вакульскаму, каб сказаць, што ён не паедзе і не жадае ніякіх суполак. Але ў той самы момант праскочыла ў яго думка:
“Шпацыр – гэта дзеля мяне, суполка – дзеля яе”.
Ён узяў капялюш і паехаў з князем. Яму здавалася, што каляска едзе не па бруку, а па ягоных уласных мазгах.
“Кабет не здабываць ахвярамі, а толькі сілаю, бадай, кулака…” – прыгадаў ён словы пані Мэлітан. Пад уплывам гэтага афарызма ён хацеў схапіць князя за каўнер ды выкінуць сярод вуліцы. Але гэта працягвалася ўсяго адно імгненне.
Князь, які непрыкметна назіраў за ім, бачыў, што Вакульскі то чырванее, то ледзь не зелянее, і думаў:
“Не спадзяваўся я, што спраўлю такую прыемнасць гэтаму пачціваму Вакульскаму. Так, трэба заўсёды падаваць руку новым людзям…”
У таварыскім коле князя называлі заўзятым патрыётам, амаль шавіністам, па-за таварыствам ён цешыўся рэпутацыяй аднаго з найлепшых абывацеляў. Ён вельмі любіў гаварыць па-польску, і нават змест яго французскіх прамоваў тычыўся публічных спраў.
Ён быў арыстакратам з галавы да пят: душою, сэрцам, крывёю. Ён верыў, што кожнае грамадства складаецца з двух матэрыялаў: звычайнага тлуму і абраных. Звычайны тлум быў творам прыроды і мог паходзіць нават ад малпаў, як гэта, насуперак Святому Пісанню, сцвярджаў Дарвін. Але класы абраныя мелі нейкі вышэйшы пачатак і паходзілі калі не ад багоў, дык, прынамсі, ад іх крэўных, такіх герояў, як Геркулес, Праметэй, у горшым выпадку – Арфей.
У князя быў прыяцель у Францыі – граф (моцна закрануты дэмакратычнаю заразаю), які кпіў з незямнога паходжання арыстакратыі.
– Мой кузіне, – казаў ён, – я мяркую, ты добра не ўяўляеш таго, што тычыцца родаў. Якія вялікія роды? Гэта тыя, у каго продкі былі гетманамі, сенатарамі, ваяводамі, або, па-цяперашняму, маршалкамі, раднымі ці прэфектамі дэпартаментаў. Ну, а мы ж такіх паноў ведаем, нічога ў іх няма надзвычайнага… Валэндаюцца, п’юць, гуляюць у карты, заляцаюцца да кабет, робяць даўгі – як рэшта смяротных, якія, часам, бываюць разумнейшыя за іх.
У князя на твары з’яўляліся чырвоныя плямы.
– Ці давялося табе, кузіне, – адказаў ён, – спаткаць калі-небудзь прэфекта або маршалка з выразам такое велічы, якую мы бачым на партрэтах нашых продкаў?..
– Што ж у гэтым дзіўнага, – рагатаў закрануты заразаю граф. – Мастакі надавалі партрэтам выраз, пра які і сніць не мог арыгінал, падобна, як геральдысты ды гісторыкі апавядалі пра іх казачныя легенды. Усё гэта падман, мой кузіне!.. Гэта толькі дэкарацыі і касцюмы, якія з аднаго Войтка робяць князя, а з іншага – парабка. У сапраўднасці і адзін, і другі толькі марныя акцёры.
– На глум, кузіне, няма рады! – злаваўся князь і ўцякаў.
Ён бег да сябе, клаўся на шэзлонг, закладаў за галаву рукі і, гледзячы ў столь, бачыў, як рухаліся па ёй постаці нялюдскага росту, сілы, адвагі, розуму, бескарыслівасці. Гэта былі продкі яго і графа, толькі вось граф адракаўся ад іх. Няўжо ў ім быў нейкі дамешак крыві?..
Тлумам звычайных смяротных князь не толькі не пагарджаў, але, наадварот, быў зычлівы, нават сутыкаўся з ім і цікавіўся яго патрэбамі. Ён уяўляў сябе адным з тых Прамятэяў, што маюць ганаровы абавязак дастаўляць на зямлю гэтым бедным людзям агонь з неба. Зрэшты, рэлігія загадвала яму прыхільна ставіцца да драбнаты, і князь пунсавеў ад думкі, што большасць таварыства стане некалі перад Божым Судом, не маючы такога кшталту заслугаў.
Дык каб самому ўнікнуць гэткага сораму, ён наведваў і нават збіраў у сябе дома розныя сесіі, выдаткоўваў па дваццаць пяць і па сто рублёў на розныя публічныя акцыі, а перадусім няспынна турбаваўся пра няшчаснае становішча краю і кожную сваю прамову сканчаў фразаю:
– Бо, панове, дбайма найперш пра тое, каб адрадзіць наш няшчасны край…
І пасля гэтых слоў ён адчуваў, як з сэрца ў яго спадае нейкі цяжар, тым большы, чым больш было слухачоў або чым больш грошай ён выдаткаваў.
Сабраць сесію, заахвоціць да дзейнасці і пакутаваць –няспынна пакутаваць з-за долі няшчаснага краю – вось, паводле ягонага меркавання, быў абавязак грамадзяніна. Каб у яго, аднак, запытацца, ці пасадзіў ён калі дрэва, цень ад якога бараніў бы людзей і зямлю ад спёкі, або ці прыняў ён калі з дарогі камень, які нявечыць коням капыты, ён бы шчыра здзівіўся.
Ён адчуваў і мысліў, прагнуў і пакутаваў – за мільёны. Толькі нічога ніколі не зрабіў ён карыснага. Яму здавалася, што няспыннае хваляванне за лёс усяго краю мае невымерна большую вартасць, чым узяць ды выцерці нос смаркатаму дзіцяці.
У чэрвені фізіяномія Варшавы ўвачавідкі мяняецца. Пустыя да гэтага гатэлі запаўняюцца і даражэюць, на шматлікіх будынках з’яўляюцца абвесткі: “Здаюцца апартаменты з мэбляю на некалькі тыдняў”. Усе брычкі занятыя, усе пасланцы некуды бягуць. На вуліцах, у парках, у тэатрах, у рэстаранах, на выставах, у крамах і магазінах дамскіх строяў з’яўляюцца постаці, якія не спаткаць тут у іншы час. Гэта мажныя і асмуглыя мужчыны ў сініх з казырком шапках, у вялізных чаравіках, у цесных пальчатках, у касцюмах вымыслу правінцыйнага краўца. Іх суправаджаюць грамадкі дам, якія не адзначаюцца прыгажосцю або варшаўскім шыкам, а таксама гэткія ж грамадкі цельпукаватых разявакаў дзяцей, ад якіх патыхае здароўем.
Адны з вясковых гасцей прыязджаюць сюды з воўнаю на кірмаш, другія – на скачкі, іншыя – каб паглядзець на воўну і на скачкі, тыя – дзеля спаткання з суседзямі, ад якіх дома аддзяляе іх нейкая вярста дарогі, гэтыя – каб асвяжыцца ў сталіцы мутнаю вадою ды пылам, а нехта пакутуе некалькі дзён у дарозе, сам не ведаючы навошта.
Падобным з’ездам скарыстаўся князь, каб зблізіць Вакульскага з землеўласнікамі.
Князь на другім паверсе свайго палаца меў вялікія ўласныя пакоі. Частка з іх – кабінет гаспадара, бібліятэка і курыльня – былі месцам мужчынскіх сходаў, на якіх князь прадстаўляў свае або чужыя праекты, што тычыліся публічных спраў. Здаралася гэта па некалькі разоў на год. Апошняя веснавая сесія нават была прысвечаная пытанню шрубавых суднаў на Вісле, пры гэтым вельмі выразна акрэсліліся тры партыі. Першая – з князя і яго асабістых прыяцеляў – патрабавала гэтых суднаў, а другая, мяшчанская, прызнаючы, у прынцыпе, прыгажосць праекту, лічыла яго, аднак, несвоечасовым, і не хацела даваць на гэта грошы. Трэцяя партыя складалася толькі з двух асобаў: аднаго тэхніка, які сцвярджаў, што шрубавыя судны не могуць плаваць па Вісле, і аднаго глухаватага магната, які на ўсе звароты, скіраваныя да яго кішэні, адказваў так:
– Прашу гучней, бо я нічога не чую.
Князь з Вакульскім прыехалі а першай, а праз чвэрць гадзіны пачалі сыходзіцца і з’язджацца іншыя ўдзельнікі сесіі. Князь вітаў кожнага ласкава і нязмушана, прадстаўляў ім Вакульскага, а потым падкрэсліваў госця ў спісе запрошаных вельмі доўгім і вельмі чырвоным алоўкам.
Адным з першых гасцей быў пан Ленцкі, ён адвёў Вакульскага ўбок і яшчэ раз распытаў яго пра мэту і сэнс суполкі, да якое гарнуўся ўжо ўсёй душою, але за клопатамі не мог запомніць ніякіх падрабязнасцяў пра яе. Тым часам іншыя панове прыглядаліся да чужынца і напаўголаса абмяркоўвалі яго.
– Мацак! – шапнуў таўсматы маршалак, падміргваючы ў бок Вакульскага. – Шчаціна на галаве, як у кабана, грудзіна – падаю да ног! Вока пільнае… Гэты б на паляванні быў нястомны!
– І твар, пане… – дадаў барон з фізіяноміяй Мефістофеля. – Чало, пане, вус, пане… малая гішпанка, пане… Зусім, пане… зусім… Рысы крыху, пане… але наогул, пане…
– Пабачым, які ён будзе ў справе, – дадаў крыху прыгорблены граф.
– Увішны, рызыкоўны, тэк, – азваўся, нібы са студні, другі граф, які сядзеў выпрастаны на крэсле, насіў вялікія фаварыты і парцалянавымі вачыма глядзеў проста перад сабою, як англічанін з “Journal Amusant”[125].
Князь прыўзняўся з фатэля і адкашляўся, сход прымоўк, дзякуючы чаму ўсе пачулі канец апавядання маршалка:
– Глядзім мы на лес, а тут нешта пішчыць пад капытамі. Уяві сабе, васан дабрадзей, хорт, ідучы пры конях на прывязі, задушыў у разоры русака!..
Пры гэтых словах маршалак пляснуў вялізнай далонню па сцягне, з якога мог бы выкраіць сабе сакратара і ягонага памочніка.
Князь кашлянуў другі раз, маршалак збянтэжыўся і вялізнаю шаўковаю насоўкаю абцёр спатнелы лоб.
– Шаноўныя панове, – пачаў князь. – Наважыўся я патурбаваць шаноўных паноў у пэўнай… надта важнай справе публічнай, якая, як мы ўсе гэта адчуваем, павінна заўсёды стаяць на варце нашых публічных спраў… Хацеў сказаць… нашых ідэяў… то бок…
Князь, падобна, сумеўся, але хутка авалодаў сабою і працягваў:
– Гаворка пра спра… то бок, пра план, а хутчэй… праект стварэння суполкі для спрыяння ў гандлі…
– Збожжам, – падаў голас нехта з кутка.
– Уласна кажучы, – працягваў князь, – гаворка не пра гандаль збожжам, а…
– Акавітаю, – паспешліва падказаў той самы голас.
– Але ж, не!.. Пра гандаль, а хутчэй, пра спрыянне ў гандлі паміж Расіяй і замежжам таварамі, ну… таварамі… Бо наш горад адпавядае, каб стаць цэнтрам гэтакага…
– А што ж гэта за тавары? – запытаўся прыгорблены граф.
– Прафесійныя падрабязнасці мае ласку растлумачыць нам пан Вакульскі, чалавек… чалавек прафесійны, – закончыў князь. – Памятайма, аднак, панове, пра абавязкі, якія на нас накладае клопат пра справы публічныя і гэты няшчасны край…
– Далібог, зараз жа даю дзесяць тысяч рублёў!.. – выгукнуў маршалак.
– На што? – спытаў граф, які ўдаваў аўтэнтычнага англічаніна.
– Якая розніца! – важна адказаў маршалак. – Я пастанавіў пакінуць у Варшаве пяцьдзясят тысяч рублёў, дык няхай дзесяць пойдзе на дабрачынныя мэты, бо каханы наш князь цудоўна гаворыць!.. Разумна і з сэрцам, далібог…
– Перапрашаю, – азваўся Вакульскі, – але гаворка не пра дабрачынную суполку, а пра суполку, якая забяспечыць прыбыткі.
– Во як!.. – азваўся прыгорблены граф.
– Тэк!.. – пацвердзіў граф-англічанін.
– Які там прыбытак з дзесяці тысяч! – запярэчыў маршалак. – З торбаю давялося б ісці пад Вострую Браму[126] з гэтакімі прыбыткамі.
Прыгорблены граф выбухнуў:
– Прашу слова ў абмеркаванні пытання: ці маем мы права грэбаваць малымі прыбыткамі! Гэта нас нішчыць! Гэта, панове… – крычаў ён, стукаючы пазногцем у парэнчу фатэля.
– Граф, – далікатна спыніў яго князь, – пан Вакульскі мае слова.
– Тэк!.. – падтрымаў яго граф-англічанін і пачухаў свае буйныя фаварыты.
– Дык просім шаноўнага пана Вакульскага, – пачуўся новы голас, – каб тую публічную справу, якая нас усіх тут сабрала ў гасцінным доме князя, ён меў ласку прадставіць нам з уласцівай яму яснасцю і змястоўнасцю.
Вакульскі паглядзеў на таго, хто надзяляў яго яснасцю і змястоўнасцю. Гэта быў славуты адвакат, прыяцель і правая рука князя; ён любіў выказвацца красамоўна, адбіваючы такт рукою і прыслухоўваючыся да ўласных выслоўяў, якія заўсёды знаходзіў адметнымі.
– Толькі каб усім было зразумела, – буркнуў нехта з кутка, занятага шляхтаю, што ненавідзела магнатаў.
– Як вядома панам, – пачаў Вакульскі, – Варшава з’яўляецца гандлёваю станцыяй паміж Еўропаю заходняй і ўсходняй. Тут збіраецца і праходзіць праз нашы рукі частка тавараў французскіх і нямецкіх, прызначаных у Расію, з чаго мы маглі б мець пэўны прыбытак, каб наш гандаль…
– Не знаходзіўся ў руках жыдоў, – пачулася з боку стала, пры якім сядзелі купцы і прамыслоўцы.
– Не, – адказаў Вакульскі. – Прыбытак можа быць тады, калі б наш гандаль быў самавіты.
– З жыдамі не можа быць самавітага…
– Сёння, аднак, – перапыніў адвакат князя, – шаноўны пан Вакульскі дае нам магчымасць замяніць старазаконны капітал хрысціянскім…
– Пан Вакульскі сам далучае жыдоў да гандлю, – прагучаў закід апанента з купецкага стану.
Стала ціха.
– Тое, як я вяду свае справы, нікога не тычыцца, – працягваў Вакульскі. – Я паказваю панам шлях, як наладзіць гандаль Варшавы з замежжам, што з’яўляецца першай паловаю майго праекта і адной з крыніц даходу для краёвага капіталу. Другая крыніца – гэта гандаль з Расіяй. Там ёсць тавары, патрэбныя нам і танныя. Суполка, якая б імі занялася, магла б мець ад пятнаццаці да дваццаці працэнтаў гадавых з укладзенага капіталу. На першае месца ставім тканіны…
– Гэта азначае падрываць нашу прамысловасць, – пачуўся голас апанента з купецкае групы.
– Мяне не цікавяць фабрыканты, а толькі спажыўцы… – адказаў Вакульскі.
Купцы і прамыслоўцы пачалі шаптацца між сабою, незадаволена пазіраючы на Вакульскага.
– Вось і дабраліся мы да публічнага інтарэсу!.. – узрушаным голасам выгукнуў князь. – Пытанне паўстае такое: ці праекты шаноўнага пана Вакульскага карысная з’ява дзеля краю? Пане мецэнаце, – звярнуўся князь да адваката, адчуваючы патрэбу ў ягонай падтрымцы ў гэткай крыху клапатлівай сітуацыі.
– Шаноўны пан Вакульскі, – пачаў прамаўляць адвакат, – няхай мае ласку з уласцівай яму грунтоўнасцю растлумачыць нам: ці дастаўка тых тканін аж з гэткай далечыні не прынясе стратаў нашым фабрыкам?
– Найперш, – сказаў Вакульскі, – гэтыя нашы фабрыкі з’яўляюцца не нашымі, а нямецкімі…
– Ого! – выгукнуў апанент з групы купцоў.
– Я гатовы, – працягваў Вакульскі, – зараз жа пералічыць фабрыкі, дзе ўся адміністрацыя і ўсе работнікі з лепшым заробкам – немцы, дзе капітал нямецкі і кіраўнічая рада знаходзіцца ў Нямеччыне, дзе, нарэшце, наш работнік не мае магчымасці павысіць сваю кваліфікацыю, а з’яўляецца парабкам, які мала зарабляе, трывае кепскае абыходжанне і, у дадатак, яшчэ германізаваны…
– Гэта істотна! – заўважыў прыгорблены граф.
– Тэк… – прашаптаў англічанін.
– Далібог, адчуваю ўзрушанасць, слухаючы! – гучна прамовіў маршалак. – Ніколі б не падумаў, што падобная размова можа выклікаць гэтулькі эмоцый… Я хутка вярнуся…
І ён патупаў з кабінета, ажно падлога ўгіналася пад нагамі.
– Ці ёсць патрэба называць прозвішчы? – запытаўся Вакульскі.
Група купцоў і прамыслоўцаў прадэманстравала ў гэты момант довад рэдкае абачлівасці, не дамагаючыся прозвішчаў. Адвакат ускочыў з фатэля, замахаў рукамі і гучна прапанаваў:
– Мяркую, што нам не варта больш затрымлівацца на мясцовых фабрыках, а трэба вярнуцца да нашага пытання. Цяпер шаноўны пан Вакульскі няхай мае ласку з уласцівай яму вобразнасцю растлумачыць: якую пазітыўную карысць з яго праекту будзе мець…
– Наш няшчасны край, – закончыў князь.
– Мяркуйце самі, панове, – сказаў Вакульскі, – каб локаць майго паркалю каштаваў толькі на два грошы танней, чым цяпер, дык на кожным мільёне купленых тут локцяў насельніцтва зэканоміла б дзесяць тысяч рублёў…
– Што там нейкія дзесяць тысяч рублёў?! – задаўся пытаннем маршалак, які ўжо вярнуўся ў кабінет, але яшчэ не зарыентаваўся, пра што гаворка.
– Гэта шмат… вельмі шмат! – выгукнуў прыгорблены граф. – Калі навучымся шанаваць даходы на грош…
– Тэк… Пенс з’яўляецца бацькам гінеі, – дадаў граф, стылізаваны пад англічаніна.
– Дзесяць тысяч рублёў, – працягваў Вакульскі, – гэта фундамент дабрабыту – сама мала – дваццаці сям’яў.
– Кропля ў моры, – буркнуў адзін з купцоў.
– Але ёсць яшчэ адна акалічнасць, – казаў далей Вакульскі, – якая, праўда, тычыцца толькі капіталістаў. У маім распараджэнні тавараў на тры-чатыры мільёны рублёў штогод…
– Падаю ў ногі! – прашаптаў маршалак.
– Гэта не мой маёнтак, – патлумачыў Вакульскі, – мой значна сціплейшы…
– Падабаюцца мне такія! – прамовіў прыгорблены граф.
– Тэк… – дадаў англічанін.
– Гэтыя тры мільёны рублёў складаюць мой асабісты крэдыт і прыносяць мне вельмі малы працэнт, як пасярэдніку, – тлумачыў Вакульскі. – Аднак магу паведаміць, што пры замене крэдыту гатоўкаю прыбытак склаў бы ад пятнаццаці да дваццаці працэнтаў, а можа, і больш. Гэта можа зацікавіць тых паноў, хто трымае грошы ў банках пад нізкі працэнт. Грошы маюць у сваім абароце іншыя і атрымліваць з іх даходы. Дык я прапаную панам магчымасць непасрэднага іх выкарыстання і павелічэння ўласных даходаў. Я скончыў.
– Дасканала! – выгукнуў прыгорблены граф. – Аднак, ці не можна даведацца больш падрабязнасцяў?
– Іх я магу паведаміць толькі маім супольнікам, – адказаў Вакульскі.
– Я гатовы, – адказаў прыгорблены граф і падаў яму руку.
– Тэк, – дадаў псеўда-англічанін, працягваючы Вакульскаму два пальцы.
– Мае панове! – азваўся лысы мужчына з групы шляхты, якая ненавідзела магнатаў. – Гаворыце вы тут пра гандаль паркалем, які нас зусім не цікавіць… Але, панове!.. – працягваў ён слёзным тонам, – мы маем тут збожжа ў засеках, мы маем тут акавіту на складах, на якой нажываюцца пасярэднікі гэткім чынам, што… аж слоў не хапае… нягодным…
Ён азірнуўся навокал. Група шляхты, якая пагарджала магнатамі, пачала яму апладзіраваць.
Твар князя ўжо не проста прамяніўся сціплаю радасцю, а ззяў бляскам сапраўднага натхнення.
– Але ж, панове! – загукаў ён. – Сёння мы абмяркоўваем гандаль тканінамі, а заўтра і паслязаўтра хто ж забароніць нам парадзіцца наконт іншых пытанняў? Дык я прапаную…
– Далібог, цудоўна гаворыць каханы наш князь, – закрычаў маршалак.
– Слухайма… слухайма! – падтрымаў яго адвакат, старанна дэманструючы, як ён намагаецца не даваць волі свайму захапленню.
– Дык, панове, панове, – працягваў узрушаны князь, – прапаную яшчэ наступныя сесіі: адну – у справе гандлю збожжам, другую – у справе гандлю акавітай…
– А крэдыт для землеўласнікаў? – запытаўся нехта з непрымірымае шляхты.
– Трэцюю – у справе крэдыту для землеўласнікаў, – згадзіўся князь. – Чацвёртую…
Тут ён запнуўся.
– Чацвёртую і пятую, – падхапіў адвакат, – прысвецім разгляду агульнае эканамічнае сітуацыі…
– Нашага няшчаснага краю, – скончыў князь ужо ледзь не са слязьмі на вачах.
– Панове! – голасна выгукнуў адвакат і выцер нос, акцэнтуючы сваю расчуленасць. – Ушануйма нашага гаспадара, знакамітага абывацеля, найшляхетнейшага з людзей…
– Дзесяць тысяч рублёў, далібог!.. – закрычаў маршалак.
– …уставаннем! – хутка скончыў адвакат.
– Брава!.. Няхай жыве князь!.. – загучалі воклічы пад акампанемент тупату ног і грукату крэслаў.
Група шляхты, што пагарджала арыстакратыяй, крычала гучней за ўсіх.
Князь пачаў абдымаць сваіх гасцей, зусім ужо не пануючы над сваёй узрушанасцю; яму дапамагаў адвакат, які цалаваў кожнага, а сам, не саромеючыся, плакаў. Некалькі чалавек акружыла Вакульскага.
– Уступаю з пяццюдзесяццю тысячамі рублёў на пачатак, – казаў згорблены граф. – А праз год… пабачым…
– Трыццаць, пане… трыццаць тысяч рублёў, пане… Вельмі, пане… вельмі! – дадаў барон з фізіяноміяй Мефістофеля.
– І я трыццаць тысяч… тэк! – дадаў граф-англічанін, ківаючы галавою.
– А я дам у два… у тры разы больш, чым… каханы князь. Далібог! – сказаў маршалак.
Некалькі апанентаў з купецкае групы таксама падышлі да Вакульскага. Яны маўчалі, але іх позіркі былі ў сто разоў больш красамоўныя, чым словы.
Следам за імі наблізіўся да Вакульскага чалавек малады, мізэрны, з рэдзенькаю бародкаю і несумненнымі прыкметамі заўчаснае спарахнеласці. Вакульскі сустракаў яго на розных прадстаўленнях, зрэшты, і на вуліцы, калі таго везлі самыя хвацкія рамізнікі.
– Я – Марушэвіч, – сказаў выпетраны малады чалавек, лагодна ўсміхаючыся. – Прабачыць пан, што я прадстаўляюся гэтак бесцырымонна і, у дадатак, маю просьбу…
– Слухаю пана.
Маладзён узяў Вакульскага пад руку і павёў да вакна, кажучы:
– Адразу выкладваю карты на стол, з такімі людзьмі, як пан, нельга іначай. Я бедны, у мяне добрыя памкненні, і я хацеў бы знайсці занятак. Пан стварае суполку, ці не мог бы я працаваць пад кіраўніцтвам пана?
Вакульскі ўважліва глядзеў на яго. Прапанова, якую ён чуў, неяк не пасавала да лядашчага выгляду і неспакойнага позірку маладзёна. Вакульскі адчуў антыпатыю, але запытаўся:
– А што пан умее? Якая ў пана спецыяльнасць?
– Спецыяльнасці я, бачыць пан, яшчэ не выбраў, але ў мяне вялікія здольнасці і магу заняцца чым заўгодна.
– А на які заробак пан разлічвае?
– Тысячу… дзве тысячы рублёў… – адказаў заклапочаны маладзён.
Вакульскі міжвольна паківаў галавою.
– Я сумняюся, – адказаў ён, – што ў нас будуць пасады, якія адпавядаюць панскім патрабаванням. Няхай пан, аднак, зойдзе калі-небудзь да мяне.
Пасярэдзіне кабінета прыгорблены граф пачаў прамаўляць.
– Такім чынам, шаноўныя панове, – казаў ён, – у прынцыпе мы ўступаем у суполку, якую прапанаваў пан Вакульскі. Справа гэта, падаецца, добрая, і цяпер неабходна толькі абмеркаваць падрабязнасці і скласці акт. Дык запрашаю паноў, якія жадаюць быць удзельнікамі, да мяне заўтра ўвечары а дзявятай…
– Буду ў цябе, каханы граф, далібог, – азваўся таўстун маршалак, – і, можа, яшчэ прывяду табе колькі ліцвінаў, ну, але скажы мне, чаму мы павінны ўваходзіць у купецкія суполкі?.. Няхай бы ўжо самі купцы…
– Хоць бы таму, – горача адказаў граф, – каб не казалі, што мы нічога не робім, толькі стрыжэм купоны…
Князь папрасіў слова.
– Зрэшты, – сказаў ён, – мы маем у планах яшчэ дзве суполкі: для гандлю збожжам і акавітай. Хто не захоча належаць да аднае, можа належаць да другое… Апроч таго, запросім шаноўнага пана Вакульскага, каб ён пажадаў удзельнічаць і ў іншых нашых нарадах…
– Тэк!.. – пацвердзіў граф-англічанін.
– І з уласцівым яму талентам меў ласку асвятляць пытанні, – скончыў адвакат.
– Я не ўпэўнены, што буду ў гэтых пытаннях карысны панам, – адказаў Вакульскі. – Меў, праўда, я дачыненні са збожжам і акавітаю, але гэта было ў выключных умовах. Важная там была колькасць і хуткасць дастаўкі, а не кошт… Я не знаюся, зрэшты, на тутэйшым гандлі збожжам.
– Будуць знаўцы, шаноўны пане Вакульскі, – супакоіў яго адвакат. – Яны прадставяць дэталі справы, якія пан меў бы ласку толькі ўпарадкаваць і растлумачыць з уласцівай яму геніяльнасцю…
– Просім… вельмі просім!.. – закрычалі графы, а за імі – яшчэ гучней – шляхта, што ненавідзела магнатаў.
Была ўжо пятая гадзіна, і прысутныя пачалі разыходзіцца. У гэты момант Вакульскі заўважыў, як з дальніх пакояў ідзе да яго пан Ленцкі ў таварыстве маладога чалавека, якога ён ужо бачыў побач з паннаю Ізабэлаю падчас квесты і на свянцоным у графіні. Паны спыніліся каля яго.
– Дазволь, пане Вакульскі, – звярнуўся да яго Ленцкі, – прадставіць табе пана Юльяна Ахоцкага. Наш кузін… трохі арыгінал, але…
– Я даўно ўжо хацеў пазнаёміцца і пагутарыць з панам, – сказаў Ахоцкі, паціскаючы руку.
Вакульскі моўчкі глядзеў на яго. Маладому чалавеку не было яшчэ і трыццаці, і ён, сапраўды, меў незвычайную фізіяноміяю. Здавалася, што ў яго рысы Напалеона першага, зацененыя воблакам рамантычнасці.
– У які бок пан накіроўваецца? – спытаў малады чалавек Вакульскага. – Магу пана суправаджаць.
– Навошта пану турбавацца…
– О, у мяне досыць часу, – адказаў малады чалавек.
“Чаго ён ад мяне хоча?” – падумаў Вакульскі, а ў голас прамовіў:
– Можам пайсці ў бок Лазенак…
– Чаму не, – згадзіўся Ахоцкі. – Я вярнуся яшчэ на момант, каб развітацца з князем, і даганю пана.
Ледзьве ён адышоў, як падхапіў Вакульскага адвакат.
– Віншую пана з поўным трыумфам, – сказаў ён напаўголаса. – Князь літаральна закаханы ў пана, абодва графы і барон таксама… Яны арыгіналы, як пан заўважыў, але маюць добрыя намеры… Хацелі б нешта рабіць, маюць нават розум і адукацыю, але… энергіі не хапае!.. Хвароба волі, пане: цэлы клас ёю заражаны… Усё маюць: грошы, тытулы, пашану, нават поспех у кабет, дык няма чаго ўжо і жадаць. Дык не маючы гэтае спружыны, пане Вакульскі, мусяць яны быць прыладаю ў руках людзей новых і амбітных… Мы, пане, мы яшчэ шмат чаго жадаем, – дадаў ён яшчэ цішэй. – Іх шчасце, што натрапілі на нас…
Вакульскі не адказваў яму ні слова, таму ў адваката закралася думка, што ён мае справу з вельмі дасведчаным дыпламатам, і ў душы ён ужо пашкадаваў, што быў занадта шчыры.
“Зрэшты, – думаў адвакат, скоса пазіраючы на Вакульскага, – хоць бы нават ён і пераказаў князю нашу размову, што з таго?.. Скажу, што хацеў яго выпрабаваць…”
“У якіх амбіцыях ён мяне падазрае?..” – сам сабе задаваў пытанне Вакульскі.
Ён развітаўся з князем, паабяцаў з гэтае пары бываць на ўсіх сесіях, выйшаў на вуліцу і адаслаў каляску дадому.
“Чаго ж трэба ад мяне гэтаму пану Ахоцкаму?” – думаў ён падазрона. – Ясна, што цікавіць яго панна Ізабэла… Можа, ён намерваецца адстрашыць мяне?.. Ёлупень… Калі яна яго кахае, дык не трэба яму і слова казаць, я сам адыду… Але, калі яна яго не кахае, дык няхай сцеражэцца, спрабуючы прыбраць мяне з дарогі… Здаецца, я гатовы зрабіць капітальную бязглуздзіцу ў жыцці, вядома, з-за панны Ізабэлы. Абы ён не трапіў пад руку, шкода хлопца…”
У браме пачуліся хуткія крокі, Вакульскі павярнуў галаву і ўбачыў Ахоцкага.
– Пан чакаў? Перапрашаю! – сказаў малады чалавек.
– Пойдзем у бок Лазенак? – спытаў Вакульскі.
– Чаму не.
Нейкі час яны ішлі моўчкі. Малады чалавек быў задумлівы. Вакульскі расцвелены.
Ён пастанавіў адразу ўхапіць быка за рогі.
– Пан з’яўляецца блізкім кузінам панства Ленцкіх? – запытаўся ён.
– Крыху роднімся, – адказаў малады чалавек. – Маці мая была Ленцкая, – прамовіў ён іранічна, – але бацька ўсяго толькі Ахоцкі. Гэта моцна аслабляе сямейныя сувязі… Пана Тамаша, які мне дзядзька па матчынай лініі, я не ведаў бы да сённяшняга дня, каб ён не страціў маёнтак.
– Пані Ленцкая вельмі вытанчаная асоба, – заўважыў Вакульскі, гледзячы проста перад сабою.
– Вытанчаная? – паўтарыў Ахоцкі. – Лепш няхай пан скажа: багіня! Калі я размаўляю з ёю, мне здаецца, што яна магла б запоўніць усё маё жыццё. Каля яе я адчуваю спакой і забываюся пра тугу, што не адпускае мяне. Але што ж!.. Я не здолеў бы сядзець пры ёй днямі ў салоне, а яна са мною – у лабараторыі…
Вакульскі спыніўся сярод вуліцы.
– Пан займаецца фізікай ці хіміяй?.. – запытаўся ён здзіўлена.
– Ах, чым я толькі не займаюся!.. – адказаў Ахоцкі. – Фізіка, хімія і тэхналогія… Зрэшты, я скончыў прыродазнаўчы факультэт ва ўніверсітэце і механічны ў політэхнічным… Займаюся ўсім патроху, чытаю і працую з раніцы да ночы, але – не раблю нічога. Удалося мне крыху палепшыць мікраскоп, сканструяваць нейкую новую хімічную батарэю, нейкую там лямпу…
Здзіўленне Вакульскага расло.
– Дык пан якраз той Ахоцкі – вынаходнік?..
– Я, – пацвердзіў малады чалавек. – Ну, але што з таго?.. Нічога істотнага. Як падумаю, што ў дваццаць восем гадоў я гэтак мала паспеў зрабіць, дык упадаю ў роспач. Хочацца мне тады паразбіваць усё ў маёй лабараторыі ды кінуцца ў вір салоннага жыцця, куды мяне стараюцца ўцягнуць, альбо – стрэліць сабе ў лоб… Батарэя Ахоцкага альбо электрычная лямпа Ахоцкага… Якое глупства!.. Рвацца некуды з самага дзяцінства і спыніцца на нейкай лямпе – гэта жахліва… Пражыць ледзь не палову жыцця і не знайсці нават следу таго шляху, якім хацелася б ісці – няма рады!..
Малады чалавек змоўк, яны былі ўжо ў Батанічным садзе, таму ён зняў капялюш. Вакульскі ўважліва назіраў за ім і зрабіў новае адкрыццё. Малады чалавек, хоць і выглядаў элегантна, але зусім не быў франтам, нават, здавалася, ён не клапаціўся пра свой выгляд. Валасы былі растрапаныя, гальштук крыху перакошаны, гузік на камізэльцы незашпілены. Можна было здагадацца, што нехта пільна сочыць за яго бялізнаю і гардэробам, з якім сам ён, аднак, абыходзіцца нядбала, і менавіта гэта нядбальства, якое праяўлялася надзіва шляхетным чынам, надавала яму своеасаблівую прывабнасць. Рухі яго былі нязмушаныя, бязладныя, але прыгожыя. Гэткая ж прыгожая была ў яго манера глядзець, слухаць, а хутчэй, не слухаць, і нават – губляць капялюш.
Яны падняліся на ўзгорак, з якога відаць было студню, празваную “кругляком[127]”. Навокал шпацыравала мноства люду, але Ахоцкага гэта не бянтэжыла і ён, паказаўшы капелюшом на адну з лавак, працягваў:
– Я неаднойчы чытаў, што шчаслівы той чалавек, у якога вялікія амбіцыі. Гэта няпраўда. Бо ў мяне якраз занадта вялікія імкненні, аднак яны робяць мяне смешным і адштурхоўваюць блізкіх людзей. Зірні, пан, на тую лаўку… Тут у пачатку чэрвеня, увечары, дзесьці а дзясятай гадзіне сядзелі мы з кузінкаю і паннаю Фларэнтынай. Свяціў месяц і нават салаўі яшчэ спявалі. Настрой у мяне быў рамантычны. Нечакана кузінка запыталася: “Ведаеш, кузіне, астраномію?” – “Крыху”. – “Дык скажы мне, якая гэта зорка?” – “Не ведаю, – адказаў я, – але адно дакладна, што ніколі мы не трапім на яе. Чалавек прымацаваны да зямлі, як вустрыца да скалы…” У гэты момант, – працягваў далей Ахоцкі, – абудзілася мая ідэя, ці нават манія… пра лятальныя машыны. А з-за таго, што калі думаю, я мушу хадзіць, дык я ўстаў з лаўкі і без развітання пайшоў ад кузінкі!.. На другі дзень панна Флора назвала мяне грубіянам, пан Ленцкі – арыгіналам, а кузінка цэлы тыдзень не хацела са мной размаўляць… І каб яшчэ нешта прыдумаў, дык не, абсалютна нічога. Хоць, здавалася, я мог паклясціся, што не паспею спусціцца з пагорка да студні, як народзіцца ў маёй галаве, прынамсі, прыкладны эскіз лятальнае машыны… Глупства якое, праўда?..
“Дык яны тут сядзяць вечарамі ў святле месяца, слухаючы салаўёў?... – падумаў Вакульскі і адчуў страшны боль у сэрцы. Панна Ізабэла ўжо кахае Ахоцкага, а калі яшчэ не кахае, дык толькі з-за ягоных дзівацтваў… Ну і слушна… прыгожы чалавек і незвычайны…”
– Натуральна, – правіў сваё Ахоцкі, – я і слова не сказаў пра гэта сваёй цётцы, якая мае звычку кожны раз, калі прышпільвае мне нейкую запінку, паўтараць: “Каханы Юлік, пастарайся спадабацца Ізабэле, бо гэта жонка акурат для цябе… Разумная і прыгожая, адна яна вылечыла б цябе ад тваіх трызненняў…” А я думаю сабе тым часам, што гэта за жонка для мяне?.. Каб, хаця, магла быць мне памочніцай, дык не бяды… Але хіба ж яна пакіне салон, каб сядзець у лабараторыі? Мае рацыю – гэта адпаведнае для яе атачэнне, птушка патрабуе паветра, рыба – вады… Ах, які цудоўны вечар!.. – дадаў ён праз момант. – Я сёння гэткі ўзрушаны, як ніколі. Але… што з панам такое, пане Вакульскі?
– Крыху стаміўся, – адказаў Вакульскі. – Можа б мы прыселі, хоць вось тут…
Яны ўселіся на схіле пагорка, на мяжы з Лазенкамі. Ахоцкі абапёр бараду на калені і глыбока задумаўся. Вакульскі глядзеў на яго з дзіўным адчуваннем: захапленне мяшалася з нянавісцю.
“Прастакаваты ці хітры?.. Навошта ён усё гэта мне расказвае?” – думаў Вакульскі.
Але мусіў прызнаць, што балбатня Ахоцкага мела тыя самыя адзнакі шчырасці і няўважлівасці, што і ягоныя рухі ды, зрэшты, усё ягонае аблічча. Яны спаткаліся ўпершыню, і ўжо Ахоцкі размаўляў з ім так, нібы яны былі знаёмыя з дзяцінства.
“Трэба скончыць з гэтым”, – сказаў сабе Вакульскі і глыбока ўздыхнуў перад тым, як запытацца:
– Дык пан жэніцца, пане Ахоцкі?..
– Хіба, каб звар’яцеў, – прабурчаў малады чалавек, паціскаючы плячыма.
– Як?.. Кузінка ж падабаецца пану?
– І нават вельмі, але гэтага не дастаткова. Я б ажаніўся з ёю, каб меў пэўнасць, што ўжо нічога ў навуцы не зраблю…
У сэрцы Вакульскага разам з нянавісцю і захапленнем бліснула радасць. У гэты момант Ахоцкі пацёр лоб, нібы абуджаны са сну, і, пазіраючы на Вакульскага, раптам сказаў:
– Але, але… Я і забыўся, што маю важнае пытанне да пана…
“Чаго ён хоча?..” – падумаў Вакульскі, уражаны сур’ёзным позіркам свайго канкурэнта і нечаканаю зменаю тону. Здавалася, што гэта гаворыць зусім іншы чалавек.
– Хачу задаць пану пытанне… не… два пытанні, вельмі асабістыя, а можа, нават і недалікатныя, – казаў Ахоцкі. – Не абразіцца пан?..
– Слухаю, – адказаў Вакульскі.
Каб ён ужо стаяў на эшафоце, дык не было б у яго гэткага страшнага адчування, як у гэту хвіліну. Ён быў упэўнены, што гаворка пра панну Ізабэлу, і якраз тут вырашыцца ягоны лёс.
– Пан быў прыроднікам? – спытаў Ахоцкі.
– Так.
– І ў дадатак прыроднікам-энтузіястам. Я ведаю, праз што давялося пану прайсці, і даўно шаную пана за гэта… Апроч таго, я нават больш скажу… Цягам апошняга году нават сама згадка пра тыя цяжкасці, якія пераадольваў пан, дадавала мне сілы… Я казаў сабе: зраблю хоць тое, што гэты чалавек, а як не маю такіх перашкодаў, дык – пайду і далей за яго…
Вакульскі слухаў і думаў, што ён трызніць, або гэта размова з вар’ятам.
– Адкуль пан гэта ведае?.. – запытаўся ён у Ахоцкага.
– Ад доктара Шумана.
– Ах, ад Шумана. Але пра што мы гаворым?..
– Зараз скажу, – адказаў Ахоцкі. – Пан быў прыроднікам-энтузіястам і… урэшце кінуў пан займацца навукаю. Дык вось, у колькі гадоў аслабеў запал пана?..
Вакульскі адчуў, нібы яму абухом далі па галаве. Пытанне было гэткае прыкрае і неспадзяванае, што ён не мог адразу не толькі знайсці адказ, але нават сабрацца з думкамі.
Ахоцкі паўтарыў, пільна ўзіраючыся ў свайго таварыша.
– У колькі гадоў?.. – перапытаў Вакульскі. – У мінулым годзе… Цяпер мне сорак шосты год…
– Такім чынам, у мяне, пакуль я зусім астыну, яшчэ пятнаццаць гадоў наперадзе. Гэта дадае мне крыху адвагі… – нібы супакоіў сябе Ахоцкі.
Праз нейкую хвіліну ён дадаў:
– Гэта было адно пытанне, а зараз – другое, але няхай пан не абразіцца. У колькі гадоў мужчыны робяцца абыякавымі да кабет?..
Другі ўдар. Быў момант, калі Вакульскі хацеў схапіць маладзёна за горла і задушыць. Аднак ён схамянуўся і адказаў з лёгкаю ўсмешкаю:
– Мяркую, што кабеты ніколі не перастаюць цікавіць… Наадварот, з кожным годам яны робяцца ўсё даражэй…
– Кепска! – ціха прамовіў Ахоцкі. – Ну, пабачым, хто мацнейшы.
– Кабеты, пане Ахоцкі.
– Як каму, пане, – запярэчыў малады чалавек, зноў глыбока задумваючыся.
І ён загаварыў, нібы сам з сабою.
– Кабеты – важная рэч. Я быў закаханы ўжо, зараз… колькі ж гэта… Чатыры, шэсць… сем, так – сем разоў… Адымае гэта шмат часу і выклікае роспачныя думкі… Дурата адна гэтае каханне… Пазнаёмішся, закахаешся, пакутуеш… Потым нуда або здрада… Потым знойдзеш новую кабету, больш дасканалую за іншых, а яна робіць тое самае, што і менш дасканалыя… Ах, які ж нягодны жывёльны від гэтыя бабы… Бавяцца намі, хоць мазгі іх абмежаваныя, і не ў стане яны нас разумець… Ну, праўда, і тыгр можа бавіцца чалавекам… Подлыя, але прывабныя… Годзе пра іх!.. А тым часам, калі ўжо апануе раз чалавекам ідэя, дык не пакідае яго і не здраджвае ніколі…
Ён паклаў руку на плячо Вакульскаму і, гледзячы яму ў вочы нейкім дзіўным адсутным позіркам, запытаўся:
– Але ж думаў пан некалі пра лятальныя машыны?.. Не пра кіраванне балонамі, што лягчэй за паветра, бо гэта глупства, але пра палёт машыны цяжкай, наладаванай і акаванай, як браняносец?.. Пан разумее, які б здарыўся пераварот у свеце пасля гэткага вынаходніцтва? Няма крэпасцяў, войска, межаў… Знікаюць народы, затое ў надземных пабудовах прыходзяць на свет істоты, падобныя на анёлаў або старажытных багоў… Ужо асвоілі мы вецер, цяпло, святло, маланку… Дык ці не мяркуеш, пан, што надышла і нам самім пара вызваліцца з аковаў цяжару?.. Гэтая ідэя адпавядае духу часу… Іншыя ўжо працуюць над ёю, мяне яна толькі што захапіла, але цалкам… Што мне цётка з яе парадамі і правіламі добрага тону!.. Што мне жаніцьба, кабеты, а нават і мікраскопы, батарэі ды электрычныя лямпы?.. Ашалею, або… прыпну чалавецтву крылы…
– А каб пан іх нават і прыпнуў, дык што?.. – запытаўся Вакульскі.
– Слава, якой не дасягнуў яшчэ аніводзін чалавек, – адказаў Ахоцкі. – Гэта мая жонка, гэта мая кабета… Бывай здаровы, пане, мушу ісці…
Ён паціснуў Вакульскаму руку, збег з пагорка і знік паміж дрэваў.
На Батанічны сад і на Лазенкі ўжо западаў змрок.
“Вар’ят ці геній?.. – прашаптаў Вакульскі, адчуваючы, што сам страціў раўнавагу. – А калі геній?..”
Ён падняўся і пайшоў у глыбіню саду сярод людзей, якія тут шпацыравалі. Яму здавалася, што над пагоркам, з якога ён уцёк, уздымаецца нейкая святая жудасць.
Па Батанічным садзе было не прайсці, на кожнай сцежцы – тлум наведнікаў, што рухаўся калонамі, кампаніямі ці, прынамсі, шэрагамі, а кожная лаўка ўгіналіся пад сціжмаю целаў. Вакульскаму перашкаджалі ісці, наступалі на ногі, штурхалі локцямі. Смех і людская гамана чуліся з усіх бакоў. Уздоўж алеі Уяздоўскае пад сцяною Бельведэрскага парку, пад агароджаю з боку шпіталя, на самых глухіх, нават непраходных сцежках – паўсюль было тлумна і весела. Чым большая цемра ахінала прыроду, тым больш раення і шуму рабілася сярод людзей.
“Ужо не хапае мне месца на свеце,” – прашаптаў ён.
Перайшоў у Лазенкі і тут знайшоў трохі больш спакою. На небе заіскрылася некалькі зорак, з Алеі далятаў гоман натоўпу, ад става цягнула вільгаццю. Часам над галавою ў яго пралятаў шумны хрушч або ціха мільгаў кажан, у глыбіні парку жаласна ціўкаў нейкі птах, дарэмна зазываючы таварыша, па ставе далёка разносіўся плюскат вёслаў і смех маладых кабет.
Перад сабою ён заўважыў маладую пару, яны туліліся адзін да аднаго і шапталіся. Саступілі яму дарогу і схаваліся ў цень дрэваў. Яго ахапіла крыўда і жаданне пакпіць з іх.
“Вось яны, шчаслівыя закаханыя! – падумаў ён. – Шэпчуцца і ўцякаюць, як злодзеі… Добра ўпарадкаваны гэты свет, хіба не?.. Хацеў бы я ведаць, ці не было б лепш, каб валодаў ім Люцыфер?.. А каб заступіў мне дарогу які злачынца ды забіў мяне ў гэтым кутку?..”
І ён уяўляў сабе, які прыемны мусіць быць холад нажа, убітага ў гарачае ад запалення сэрца.
“На бяду, – уздыхнуў ён, – сёння ўжо няможна забіваць іншых, толькі сябе можна. Абы раз, і гатова. Ну!..”
Згадка пра гэткую надзейную магчымасць уцячы супакоіла яго. Паступова ён упадаў у нейкі ўрачысты настрой, здавалася яму, што надыходзіць момант, калі ён павінны падвесці рахунак сумлення або агульны баланс жыцця.
“Каб я быў найвышэйшым суддзёю, – думаў ён, – і ў мяне запыталіся, хто варты панны Ізабэлы: Ахоцкі ці Вакульскі, дык я мусіў бы прызнаць, што Ахоцкі… На васямнаццаць гадоў маладзейшы за мяне (васямнаццаць гадоў!..) і гэтакі прыгожы… У дваццаць восем гадоў скончыў два факультэты (я ў ягоным узросце толькі пачынаў вучыцца…) і ўжо зрабіў тры адкрыцці (я ніводнага!). І, апроч таго, гэта чаша, у якой выспявае вялікая ідэя… Дзіўная гэта штука: лятальная машына, але факт, што ён знайшоў геніяльную і адзіна магчымую зыходную кропку. Лятальная машына мусіць быць цяжэй, а не лягчэй, як балон, за паветра, бо ўсё, што ў сапраўднасці лятае, пачынаючы ад мухі і заканчваючы вялізным сцярвятнікам, цяжэй за паветра. У яго правільная зыходная пазіцыя і творчы розум, што ён даказаў, бадай, сваім мікраскопам і лямпаю, дык хто ж ведае, ці не атрымаецца ў яго збудаваць і лятальную машыну? А ў такім разе ён будзе больш значнаю для чалавецтва асобаю, чым Ньютан і Напалеон разам узятыя… І мне з ім спаборнічаць?.. А калі паўстане пытанне, хто з нас павінны адысці, ці ж буду я вагацца?.. Якое ж гэта пекла, сказаць сабе, што сваю нікчэмнасць я мушу ахвяраваць чалавеку, па-сутнасці, гэткаму ж, як і я, смяротнаму, падатнаму на хваробы і памылкі і, у дадатак, – гэткаму наіўнаму… Бо гэта яшчэ смаркач, чаго ён мне толькі не нагаварыў?..”
Дзіўнае супадзенне. Калі Вакульскі быў крамнікам у бакалейнай краме, ён марыў пра перпетуум мобіле, машыну, якая рухалася б сама сабою. Але калі ён трапіў у Падрыхтоўчую Школу і даведаўся, што гэткая машына – недарэчнасць, тады ягоным самым таемным і палкім жаданнем было знайсці спосаб кіравання балонамі. Тое, што для Вакульскага было толькі фантастычным ценем, які блукаў па фальшывых сцежках, у Ахоцкага прыняло ўжо форму практычнага пытання.
“Якое вераломства лёсу! – думаў ён з горыччу. – Двое людзей маюць амаль тыя самыя памкненні, толькі адзін нарадзіўся на васямнаццаць гадоў раней, а другі – пазней, адзін – у галечы, а другі – у дастатку, адзін не змог узбіцца на першы паверх ведаў, а другі лёгкім крокам прайшоў два паверхі… Яго не сапхнуць з дарогі палітычныя буры, як мяне, яму не перашкодзіць каханне, да якога ён ставіцца, як да забавы, у той час як для мяне – хто шэсць гадоў правёў у пустэчы – гэтае пачуцце з’яўляецца небам і збавеннем… Больш нават!.. Ну і ён трыумфуе нада мною ва ўсім, хоць у мяне, прынамсі, тыя самыя адчуванні, тая самая свядомасць сітуацыі, а працаваць мне давялося дакладна больш…”
Вакульскі добра ведаў людзей і часта параўноўваў сябе з імі. Але куды ён ні трапляў, кругом выглядаў крыху лепшым за іншых. Ці як крамнік, які праводзіў ночы над кніжкаю, ці як студэнт, які праз нэндзу ішоў да ведаў, ці як жаўнер пад дажджом куляў, ці як выгнаннік, які ў засыпанай снегам халупе займаўся навукаю – заўсёды ў яго душы была ідэя, што сягала на некалькі гадоў наперад. Іншыя жылі з дня на дзень, дзеля свайго страўніка або кішэні.
І вось ён спаткаў чалавека, вышэйшага за сябе, вар’ята, які хоча будаваць лятальныя машыны!..
“А ў мяне сёння ці няма ідэі, на якую працую ўжо год: займеў капітал, дапамагаю людзям і прымушаю іх шанаваць сябе?..”
“Так, але каханне – гэта асабістае пачуццё, усе заслугі, якія яму спадарожнічаюць, падобныя да рыб, падхопленых вірам марскога цыклону. Каб на свеце знікла адна кабета, а ў табе – памяць пра яе, чым бы ты стаў?.. Звычайным капіталістам, які ад нуды гуляе ў карты ў рэсурсе. А тым часам Ахоцкі мае ідэю, якая заўсёды будзе цягнуць яго наперад, хіба што розум яго прытупіцца…”
“Добра, а калі ён нічога не зробіць і замест таго, каб збудаваць лятальную машыну, трапіць у вар’ятню?.. А я тым часам, насамрэч, нешта зраблю. Мікраскоп, батарэя ці нават электрычная лямпа, пэўна, не больш значаць, чым сотні людзей, якім я забяспечваю існаванне. Дык адкуль жа ўва мне гэтая ультрахрысціянская пакора?.. Хто што зробіць – яшчэ невядома. Я ўжо сёння чалавек дзеяння, а ён жыве марамі… Пачакайма з год…”
Год! Вакульскі здрыгануўся. Яму здалося, што ў канцы шляху, названага годам, ён бачыць бяздонную прорву, якая ўсё зацягвае ў сябе, але застаецца пустая…
“Дык нішто… нішто!..”
Інстынктыўна ён агледзеўся навокал. Быў у глыбіні лазенкаўскага парку, на нейкай сцежцы, да якое не далятаў водгалас вуліцы. Нават у верхавінах вялізных дрэваў панавала цішыня.
– Якая цяпер гадзіна? – запытаў нечакана хрыплы голас.
– Гадзіна?..
Вакульскі правёў рукою па твары. Са змроку вынырнуў нейкі чалавек у лахманах.
– Калі ветліва пытаюць, дык ветліва трэба і адказваць, – сказаў чалавек і падышоў бліжэй.
– Забі мяне, дык сам убачыш, – адказаў Вакульскі.
Чалавек у лахманах адступіў. Злева ад сцежкі відаць было некалькі людскіх ценяў.
– Дурні! – закрычаў Вакульскі, ідучы наперад. – У мяне залаты гадзіннік і пару соцень рублёў гатоўкаю… Бараніцца я не буду, ну!..
Цені схаваліся паміж дрэваў, а нехта сцішана прамовіў:
– Гэткія, хай на яго ліха, узыходзяць там, дзе іх не сеялі…
– Быдла!.. Баязліўцы!.. – крычаў Вакульскі ў нейкай беспрытомнасці.
У адказ затупалі ногі ўцекачоў.
Вакульскі сабраўся з думкамі.
“Дзе гэта я?.. Але, у Лазенках, толькі ў якім месцы?.. Трэба ісці ў другі бок…”
Ён павярнуў некалькі разоў і ўжо сам не ведаў, куды ідзе. Сэрца раптам закалацілася, халодны пот выступіў на лбе; першы раз у жыцці ён баяўся ночы і таго, што заблукаў…
Некалькі хвілін ён бег невядома куды, задыхаючыся, дзікія думкі віравалі ў яго галаве. Нарэшце злева ён убачыў мур, а далей – будынак.
“Ага, аранжарэя…”
Потым ён дайшоў да нейкага мастка, спыніўся і, абапёршыся на парэнчы, думаў:
“Дык да чаго я дайшоў?.. Небяспечны супернік… разладжаныя нервы… Здаецца, што ўжо сёння я мог напісаць апошні акт гэтае камедыі!..”
Простая сцежка давяла яго да става, а потым да лазенкаўскага палацу. Праз дваццаць хвілін ён быў на алеі Уяздоўскай і сеў у брычку, якая праязджала побач, а праз чвэрць гадзіны быў ужо ва ўласнай кватэры.
Пабачыўшы ліхтарні і вулічны рух, ён павесялеў, нават усміхнуўся і прашаптаў:
“Што ж гэта за фантазіі?.. Нейкі Ахоцкі… самазабойства!.. Ах, дурата… Прынамсі, я трапіў да арыстакратыі, а што будзе далей, пабачым…”
Калі ён увайшоў у кабінет, слуга падаў яму ліст, які на яго ўласнай паперы напісала пані Мэлітан.
– Тая пані была тут два ражы, – сказаў надзейны слуга. – Раж а пятай, другі раж а вошмай…