XII. ВАНДРОЎКІ ПА ЧУЖЫХ СПРАВАХ


Вакульскі павольна адкрываў ліст пані Мэлітан, прыгадваючы нядаўнія падзеі. Яму здавалася, што ў неасветленым кутку кабінета ён яшчэ бачыць цёмны гушчар парку, цені галадранцаў, якія заступілі яму дарогу, а потым пагорак за студняй, дзе Ахоцкі дзяліўся з ім сваімі задумамі. Але варта было скіраваць позірк на святло, як імглістыя вобразы зніклі. Ён бачыў лямпу з зялёным абажурам, стос папер, бронзавыя фігуркі на стале, і яму пачынала здавацца, што Ахоцкі са сваімі лятальнымі машынамі і яго ўласная роспач былі толькі сном.

“Які ён геній? – казаў сабе Вакульскі. – Звычайны фантазёр!.. І панна Ізабэла гэткая самая кабета, як іншыя… Выйдзе за мяне – добра, не выйдзе – дык, прынамсі, не памру.”

Ён разгарнуў ліст і чытаў:

“Пане! Важная навіна: праз некалькі дзён прададуць камяніцу Ленцкіх, і адзіным пакупніком будзе баранеса Кшэшоўска, іх кузінка і непрыяцелька. Я дакладна ведаю, што яна заплаціць за дом не больш за шэсцьдзясят тысяч рублёў, і ў такім выпадку частка пасагу панны Ізабэлы ў суме трыццаці тысяч рублёў прападзе. Момант вельмі зручны, бо панна Ізабэла мусіць абіраць паміж галечаю і шлюбам з маршалкам, дык яна згодзіцца на кожную іншую камбінацыю. Спадзяюся, што гэтым разам не змарнуеш, Пан, магчымасць, як вэксалі Ленцкага, якія падраў на маіх вачах. Памятай, пан, кабетам гэтак падабаецца, каб іх сціскалі ў абдымках, што дзеля ўзмацнення эфекту трэба іх часам прытаптаць нагамі. Чым хутчэй, пан, гэта зробіш, тым больш пэўнасці, што яна цябе пакахае. Памятай, пан!..

Зрэшты, можаш, пан, справіць Бэле невялікую прыемнасць. Барон Кшэшоўскі вымушаны быў прадаць уласнай жонцы сваю любімую кабылу, якая днямі будзе ўдзельнічаць у скачках і на якую ён вельмі разлічваў. Наколькі мне вядома, Бэла была б шчыра рада, каб ні ў барона, ні ў яго жонкі не было гэтае кабылы ў дзень скачак. Барону было б сорамна, што ён прадаў кабылу, а баранеса моцна пашкадавала б, каб кабыла ў выпадку перамогі прынесла даход некаму іншаму. Вельмі далікатная справа гэтыя велікасвецкія інтрыгі, але паспрабуй, пан, іх выкарыстаць. Магчымасць ёсць, бо, наколькі я чула, нейкі Марушэвіч, прыяцель абаіх Кшэшоўскіх, збіраецца прапанаваць пану купіць гэту кабылу. Памятай, пан, кабеты робяцца нявольніцамі толькі тых, хто здолее іх моцна трымаць і дагаджаць іх капрызам.

Сапраўды, пачынаю верыць, што нарадзіўся пан пад шчасліваю зоркаю. Са шчырай прыхільнасцю.

А. М.”

Вакульскі глыбока ўздыхнуў: абедзве навіны былі важныя. Ён другі раз перачытаў ліст, дзівячыся шорсткаму стылю пані Мэлітан і ўсміхаючыся з заўвагаў, якія яна рабіла пра свой пол. Моцна трымаць людзей ці акалічнасці – гэта было ў натуры Вакульскага, усё і ўсіх хапаў бы ён за карак, за выключэннем панны Ізабэлы. Яна адна была істотаю, якой ён хацеў пакінуць поўную свабоду ў дачыненні да сябе, калі не панаванне.

Міжвольна ён зірнуў убок: слуга стаяў у дзвярах.

– Ідзі спаць, – загадаў яму.

– Жараж пайду, толькі быў тут яшчэ пан, – адказаў слуга.

– Які пан?

– Пакінуў віжытку, ляжыць на стале.

На стале ляжала візітка Марушэвіча.

– Ага!.. Што ж гэты пан казаў?

– Ён нібы, каб што, дык нічога не кажаў. Толькі пытаўся: калі пан бывае дома? А я скажаў: а дзявятай рана, і тады ён скажаў, што прыйдзе жаўтра а дзясятай, на хвіліну, хіба.

– Добра. Дабранач.

– Падаю ў ногі, будзе пан ласкавы.

Слуга выйшаў, Вакульскі адчуваў сябе цалкам ацверазелым. Ахоцкі і лятальныя машыны здрабнелі ў яго вачах. З’явілася гэткая ж энергія, як тады, калі ён ехаў у Балгарыю. Тады ён ехаў па грошы, а цяпер меў магчымасць патраціць частку дзеля панны Ізабэлы. Пяклі яго словы з ліста пані Мэлітан: “апынулася паміж галечаю і шлюбам з маршалкам…” Дык вось, ніколі не апынецца яна ў такім становішчы… А вызваліць яе не нейкі там Ахоцкі з дапамогаю сваёй машыны, а ён… Адчуваў у сабе такую моц, што каб столь з двума паверхамі над ім абрынулася ў гэтую хвіліну, дык ён, пэўна, утрымаў бы.

Ён дастаў са стала свой нататнік і пачаў лічыць:

“Скакавая кабыла – дробязь… Патрачу не больш за тысячу рублёў, з якіх частка, прынамсі, вернецца… Дом 60 000, пасаг панны Ізабэлы 30 000, разам 90 000 срэбраных рублёў. Нічога… Усяго траціна майго маёнтку… Як бы там ні было, а за дом мне вернецца 60 000 ці нават больш… Ну!.. Трэба ўгаварыць Ленцкага, каб тыя 30 000 даверыў мне, буду плаціць яму 5000 рублёў гадавых дывідэндаў… Хіба, хопіць ім? Каня аддам берэйтару, няхай зоймецца падрыхтоўкаю да скачак… А дзясятай будзе ў мяне Марушэвіч, аб адзінаццатай паеду да адваката… Грошы вазьму пад восем працэнтаў – 7200 рублёў гадавых, – і маю пэўных пятнаццаць працэнтаў… Ну і дом нешта прыносіць… А што скажуць нашыя супольнікі?.. Ат!.. Надта мяне гэта цікавіць! У мяне 45 000 рублёў гадавых, паменшае на 12 – 13 000 рублёў, застанецца 32 000 рублёў… Жонцы маёй нудзіцца не давядзецца… Цягам году пазбаўлюся гэтае камяніцы, хоць бы нават са стратаю 30 000 рублёў… Зрэшты, гэта не страта, гэта яе пасаг…”

Поўнач. Вакульскі пачаў распранацца. Пад уплывам ясна акрэсленае мэты яго напятыя нервы адпусціла. Ён патушыў святло, лёг і, гледзячы, як вецер калыша фіранкі ў адчыненым акне, заснуў каменным сном.

Устаў ён а сёмай раніцы гэткі бадзёры і радасны, што гэта не засталося па-за ўвагаю слугі, які пачаў сноўдацца па пакоі.

– Ты нешта хочаш? – запытаўся Вакульскі.

– Я – нічога. Хіба, калі пан мае ласку, стораж хоча, але не наважваецца прасіць, каб пан патурбаваўся патрымаць дзіця на хрост.

– А!.. А ён пытаўся ў мяне, ці трэба было мне яго дзіця?

– Не пытаўся, бо пан быў тады на вайне.

– Ну, добра. Буду ягоным кумам.

– Дык, можа, падараваў бы мне пан чапер штары шурдут, бо як жа я пайду на хрэсьбіны?

– Добра, вазьмі ўжо сурдут.

– А папраўка?..

– О, дурань, не назаляй мне… Загадай паправіць, толькі я не ведаю, што там папраўляць…

– Бо я хацеў бы, калі пан мае ласку, акшамітны каўнер.

– Прышый сабе аксамітны каўнер ды ідзі да д’ябла.

– Чалкам без патрэбы гневаецца пан, бо, прынамсі, гэта ж дзеля панскага гонару, не майго, – адказаў слуга і грукнуў дзвярыма, выходзячы.

Ён адчуваў, што ў пана надзвычай лагодны настрой.

Вакульскі апрануўся і з кубкам гарбаты сеў за рахункі. Пасля таго, як скончыў, напісаў дэпешу ў Маскву пра асігнацыі на сто тысяч рублёў і другую – да агента ў Вене, каб той прытрымаў некаторыя замовы.

На некалькі хвілін раней за дзясятую прыйшоў Марушэвіч. Малады чалавек выглядаў яшчэ больш зблажэлым і збянтэжаным, чым учора.

– З дазволу пана, – прамовіў Марушэвіч пасля некалькіх прывітальных слоў, – я адразу кладу карты на стол… У мяне ёсць арыгінальная прапанова…

– Гатовы выслухаць нават самую арыгінальную…

– Пані баранеса Кшэшоўская (я прыяцель баронскае пары), – працягваў выпетраны маладзён, – прагне прадаць скакавую кабылу. Я адразу падумаў, што пан пры ягоных сувязях, можа, хацеў бы мець такога каня… Ёсць вялікі шанец перамогі, бо, апроч яе, на скачках пабягуць толькі два жарабцы, яны значна слабей…

– Чаму ж пані баранеса сама не выстаўляе гэту кабылу?

– Яна?.. Яна да смерці ненавідзіць скачкі!

– Навошта ж яна купіла скакавую кабылу?

– З дзвюх прычын, – адказаў малады чалавек. – Спачатку барон, якому неабходныя былі грошы на сплату ганаровага доўгу, заявіў, што застрэліцца, калі не дабудзе васьмісот рублёў, нават і за сваю любімую кабылу, а па-другое, баранеса не жадае, каб яе муж браў удзел у скачках. Дык яна купіла кабылу, але бедачына аж захварэла ад сораму і роспачы і хацела б пазбыцца яе любым коштам.

– А менавіта?

– Восемсот рублёў, – адказаў малады чалавек і апусціў вочы.

– Дзе знаходзіцца конь?

– У манежы Мілера.

– А дакументы?

– Вось яны, – ужо весялей адказаў маладзён і дастаў пачак паперак з бакавое кішэні сурдута.

– Можам разлічыцца адразу? – запытаўся Вакульскі, праглядаючы паперы.

– Так.

– Пасля абеду пойдзем паглядзець каня?

– О, вядома…

– Няхай пан піша распіску, – сказаў Вакульскі і дастаў са стала грошы.

– На восемсот?.. Вядома!.. – казаў малады чалавек.

Ён схапіў паперу, пяро і пачаў пісаць. Вакульскі заўважыў, што ў маладзёна крыху дрыжаць рукі, і ён мяняецца з твару.

Распіска была напісана як належыць. Вакульскі паклаў восем сторублёвак і схаваў паперы. Праз хвіліну малады чалавек, па-ранейшаму збянтэжаны, пакінуў кабінет. А збягаючы па сходах, ён думаў:

“Я нягоднік, так, нягоднік… Але ж праз пару дзён я аддам бабе дзвесце рублёў і скажу, што далажыў іх Вакульскі, калі разгледзеў вартасці каня. Зрэшты, яны не сустракаюцца, ані барон з жонкаю, ані гэты… купчык з імі… Распіску загадаў напісаць… Бач ты яго! Адразу відаць гандляра і нуварыша… О! Страшна я пакараны за сваю легкадумнасць…”

Аб адзінаццатай Вакульскі выйшаў на вуліцу з намерам наведаць адваката.

Толькі ён дайшоў да брамы, як адразу тры рамізнікі, угледзеўшы светлае паліто і белы капялюш, адначасна рушылі коней. Адзін уехаў другому дышлем у брычку з адкрытым верхам, а трэці, які хацеў іх абмінуць, ледзь не скалечыў грузчыка, што валок цяжкую шафу. Усчаўся гармідар, заляскаталі пугі, засвісталі паліцыянты, збегліся разявакі і ў выніку двое самых гарачых рамізнікаў самі сябе на ўласных брычках павезлі ва ўчастак.

“Паганая прыкмета, – падумаў Вакульскі і раптам стукнуў сабе па лбу. – Добрая справа! Іду да адваката, каб той купіў мне дом, а сам не ведаю ані як той дом выглядае, ані дзе ён знаходзіцца”.

Ён вярнуўся дадому і ў капелюшы на галаве ды з кійком пад пахаю пачаў гартаць каляндар. На шчасце, ён чуў, што дом Ленцкіх[128] знаходзіцца дзесьці ў ваколіцах Алеі Ерусалімскае, аднак мінула некалькі хвілін, пакуль ён знайшоў вуліцу і патрэбны нумар.

“Добра выглядаў бы я перад адвакатам! – думаў ён, спускаючыся сходамі. – Аднаго дня ўгаворваю людзей, каб яны даверылі мне свае капіталы, а ў наступны – купляю ката ў мяшку. Ясна, што адразу скампраметаваў бы або сябе, або… панну Ізабэлу”.

Ён сеў у брычку, што праязджала побач, і загадаў павярнуць на Алею Ерусалімскую. На рагу вылез і пайшоў пешкі ў адну з папярочных вуліц.

Дзень быў пагодны, неба амаль без аблокаў, брук без пылу. Вокны ў дамах былі адчыненыя, некаторыя з іх якраз мылі. Свавольны вецер матляў спадніцы пакаёвак, і можна было заўважыць, што варшаўскай прыслузе лягчэй наважыцца памыць вокны на чацвёртым паверсе, чым уласныя ногі. Шмат з якіх памяшканняў чуліся гукі фартэп’яна, з многіх падворкаў – катрынкі або манатонныя зазыванні пясочнікаў, шчотачнікаў, старызнікаў ды ім падобных прадпрымальнікаў. Сям-там у браме пазяхаў вартаўнік у блакітнай кашулі, па сярэдзіне вуліцы бегалі сабакі, малыя дзеці бавіліся тым, што дзерлі кару з маладых каштанаў, у якіх яшчэ нават не пацямнела светла-зялёная лістота.

Наогул, вуліца выглядала чыстай, ціхай і вясёлай. У канцы яе віднеў нават край далягляду і купа дрэў, але той вясковы пейзаж, неўласцівы Варшаве, ужо пачалі закрываць рыштаванні і цагляная сцяна.

Ідучы па правым ходніку, Вакульскі заўважыў злева, амаль на сярэдзіне вуліцы, дом, надзвычай жоўтага колеру. У Варшаве надта шмат жоўтых дамоў, гэта, хіба, самы жоўты горад пад сонцам. Але гэтая камяніца выглядала яшчэ жаўцей за іншыя, і на выставе жоўтых рэчаў (якой мы некалі, пэўна, дачакаемся) атрымала б першую ўзнагароду.

Вакульскі падышоў бліжэй і пераканаўся, што не толькі ён звярнуў увагу на гэту незвычайную камяніцу, нават сабакі тут часцей, чым на нейкім іншым будынку, пакідалі свае візітоўкі.

“Ліха на яго! – шапнуў ён, – здаецца, гэта той самы дом…”

Гэта якраз і была камяніца Ленцкіх.

Ён пачаў разглядаць яе. Дом быў чатырохпавярховы, меў пару жалезных балконаў, і кожны паверх быў пабудаваны ў іншым стылі. Затое ў архітэктуры брамы панаваў толькі адзін матыў, а менавіта – веер. Верхняя частка мела форму раскладзенага веера, якім магла б абмахвацца дапатопная волатка, на абодвух створах брамы былі вялікія каваныя прастакутнікі, таксама ўпрыгожаныя па кутах да паловы адкрытымі веерамі. Але самым каштоўным упрыгожаннем брамы былі размешчаныя пасярэдзіне яе створаў дзве рэльефныя плешкі цвікоў, але гэткіх вялікіх, нібы імі брама была прыбітая да камяніцы, а камяніца да Варшавы.

Сапраўдным дзівам была падваротня з вышчарбленым насцілам, але затое з вельмі маляўнічымі пейзажамі на сценах. Было на ім гэтулькі ўзгоркаў, лясоў, скал і ручаін, што жыхары дома смела маглі не ездзіць на лецішчы.

Падворак, акружаны з усіх бакоў трохпавярховымі афіцынамі, выглядаў, як дно вялізнае студні, поўнай пахаў. На кожным рагу былі дзверы, а на адным – ажно двое дзвярэй, пад акном вартаўніка знаходзіўся сметнік і водаправодная калонка.

Вакульскі мімаходзь зазірнуў у шкляныя дзверы галоўнага ўвахода. Лесвіца, падобна, была вельмі брудная, затое побач была ніша, а ў ёй – німфа са збанком над галавою і з адбітым носам. Па тым, што збанок меў малінавую афарбоўку, твар німфы – жоўтую, грудзі – зялёную, а ногі – блакітную, можна было здагадацца: німфа стаіць насупраць акна з рознакаляровымі шыбкамі.

“Бач ты!..” – буркнуў сабе пад нос Вакульскі тонам, які не сведчыў пра надта моцнае захапленне.

У гэты момант з правае афіцыны выйшла прыгожая кабета з малою дзяўчынкаю.

– Калі ласка, мама, ці пойдзем мы ўжо ў парк? – запыталася дзіця.

– Не, дзіцятка. Зараз пойдзем у краму, а ў парк – пасля абеду, – адказала пані вельмі прыемным голасам.

Была гэта высокая шатэнка з шэрымі вачыма і правільнымі рысамі твару. Яны сустрэліся позіркамі з Вакульскім, і дама запунсавела.

“Дзе я бачыў яе?” – падумаў Вакульскі, выходзячы з брамы на вуліцу.

Дама азірнулася, але адразу адвярнулася, бо заўважыла, што ён глядзіць на яе.

“Так, – прыгадаў ён, – я бачыў яе ў красавіку ў касцёле, а пазней – у краме. Жэцкі нават спрабаваў звярнуць на яе маю ўвагу і казаў, што ў яе прыгожыя ногі. Сапраўды, ладныя”.

Ён вярнуўся ў браму і пачаў чытаць спіс жыхароў.

“Што?! Баранеса Кшэшоўская на трэцім паверсе!.. Што, што?! Марушэвіч у левай афіцыне на другім?.. Цікавае супадзенне. Чацвёрты паверх – студэнты… Але хто ж гэта прыгажуня? Правая афіцына, другі паверх – Ядвіга Місевіч, пенсіянерка, і Гэлена Стаўская з дачушкаю. Відаць, яна”.

Ён зайшоў на падворак і агледзеўся. Амаль усе вокны былі адчыненыя. У тыльнай афіцыне на доле была пральня, пад шыльдаю “парыжская”, з чацвёртага паверха чуўся стукат шавецкага малатка, ніжэй, на карнізе, буркавала пара галубоў, а з трэцяга паверха тае ж афіцыны ўжо некалькі хвілін чуліся размераныя гукі фартэп’яна, і вісклівае сапрана выводзіла гаму:

– А!.. а!.. а!.. а!.. а!.. а!.. а!.. а!..

Высока ўгары, на чацвёртым паверсе, Вакульскі пачуў гучны мужчынскі бас:

– О! Яна зноў прыняла кусіну…[129] Ужо з яе саліцёр лезе… Марысю, хадзі да нас…

Адначасова з вакна на другім паверсе з крыкам высунулася галава кабеты:

– Марысю!.. Зараз жа вяртайся дадому… Марысю!..

“Слова даю, гэта і ёсць пані Кшэшоўская”, – прашаптаў Вакульскі.

У гэты момант ён пачуў выразнае цурчанне: з чацвёртага паверха паліўся струмень вады, які трапіў на выхіленую галаву пані Кшэшоўскае, а потым паплыў па падворку.

– Марысю, хадзі да нас… – гукаў бас.

– Злыдні!.. – закрычала ў адказ пані Кшэшоўская, задзіраючы твар дагары.

Новы струмень вады лінуў з чацвёртага паверха і прымусіў яе змоўкнуць. Адначасова высунуўся малады чалавек з чорнаю шчацінаю на твары і, калі заўважыў, як адхіснулася пані Кшэшоўская, закрычаў прыгожым басам:

– Ах, гэта пані дабрадзейка!.. Моцна перапрашаю…

Адказам яму былі спазматычныя жаночыя рыданні з кватэры пані Кшэшоўскае.

– Вой, гора мне… Клянуся, той злыдзень нацкаваў на мяне гэтых шыбенікаў… Аддзячыў мне, што выцягнула яго з галечы!.. Што купіла яго каня!..

Тым часам на доле прачкі пралі бялізну, на чацвёртым паверсе шавец стукаў малатком, а на трэцім – гучала фартэп’яна і разносілася вісклівая гама:

– А!.. а!.. а!.. а!.. а!.. а!.. а!.. а!..

“Вясёлы дом, нічога не скажаш…”, – прамармытаў Вакульскі, атрасаючы кроплі вады, якія трапілі яму на рукаў.

Ён выйшаў з падворка на вуліцу і яшчэ раз агледзеў нерухомасць, уладальнікам якое збіраўся стаць, потым павярнуў на Алею Ерусалімскую. Тут ён узяў рамізніка і паехаў да адваката.

У пачакальні адваката ён застаў пару жыдкоў у лапсердаках і старую кабеціну з хусткаю на галаве. Праз адчыненыя дзверы з левага боку відаць былі шафы, запоўненыя актамі, тры практыканты нешта хутка пісалі, і сядзела некалькі наведнікаў з вашэцяў[130], з якіх у аднаго была фізіяномія крымінальніка, а ў астатніх – вельмі панылыя.

Стары лёкай з сівымі вусамі і недаверлівым позіркам зняў з Вакульскага паліто і запытаўся:

– У вяльможнага пана справа доўгая?

– Кароткая.

Ён правёў Вакульскага ў залу направа.

– Як адрэкамендаваць?

Вакульскі падаў візітоўку і застаўся адзін. Мэбля ў зале была абцягнутая аксамітам, як у вагонах першага класа, стаяла там некалькі аздобленых шафаў з кнігамі ў шыкоўных пераплётах, якія выглядалі, нібы іх ніхто не чытаў, а на стале ляжала некалькі ілюстраваных часопісаў і альбомаў, якія, здаецца, гарталі вельмі часта. У адным кутку залы стаяла гіпсавая скульптура багіні Феміды з масянжовымі вагамі і каленямі ў плямах.

– Пан мецэнат просіць!.. – прамовіў слуга праз прыадчыненыя дзверы.

У кабінеце славутага адваката мэбля была абцягнутая карычневаю скураю, на вокнах былі карычневыя заслоны, а на шпалерах – карычневыя ўзоры. Сам гаспадар быў апрануты ў карычневы сурдут і трымаў у руцэ вельмі доўгі чубук, які заканчваўся зверху бурштынам у фунт вагою ды з пёркам.

– Я быў упэўнены, што сёння шаноўны пан завітае да мяне, – сказаў адвакат, падсоўваючы Вакульскаму фатэль на колцах і папраўляючы нагою дыван, які крыху закасаўся. – Карацей кажучы, – працягваў ён, – мы можам разлічваць на нейкія трыста тысяч рублёў укладаў у нашай суполцы. А што неўзабаве пойдзем да натарыуса і што гатоўку збяром да апошняга гроша, дык тут пан можа разлічваць на мяне…

Усё гэта ён казаў, выразна вылучаючы больш важныя словы, паціскаючы Вакульскаму руку і скоса назіраючы за ім.

– А, так… суполка!.. – паўтарыў Вакульскі, сядаючы. – Гэта справа тых паноў, колькі яны збяруць гатоўкі.

– Ну, заўсёды капітал… – пачаў было адвакат.

– У мяне ён і без суполкі ёсць.

– Доказ даверу…

– Хопіць мне ўласнага.

Адвакат змоўк і паспешліва пачаў смактаць люльку.

– Маю просьбу да мецэната, – праз момант сказаў Вакульскі.

Адвакат утаропіўся ў яго, жадаючы адгадаць, што за просьба. Бо ад гэтага залежала манера слухаць. Аднак нічога пагрозлівага ён не ўгледзеў, і ягоная фізіяномія прыняла выраз сур’ёзнае, але сардэчнай зычлівасці.

– Я хачу купіць камяніцу, – працягваў Вакульскі.

– Ужо?.. – запытаўся мецэнат, падымаючы бровы і нахіляючы галаву. – Віншую, віншую… Гандлёвы дом нездарма называецца домам… Камяніца для купца, як стрэмя для вершніка: тады ён больш упэўнена пачуваецца. Гандаль, які не абапіраецца на гэткім рэальным фундаменце, якім з’яўляецца дом, гэта ўсяго толькі дробны гандаль. Пра якую ж камяніцу гаворка, калі ўжо пан ласкавы зрабіць мне гонар сваім даверам?

– Днямі павінен быць выстаўлены на аўкцыён дом пана Ленцкага…

– Я ведаю, – адказаў адвакат. – Сцены, наогул, трывалыя, сталярку варта было б паступова замяніць, паблізу парк… Баранеса Кшэшоўская дае не больш за шэсцьдзясят тысяч рублёў, канкурэнтаў, пэўна, не будзе, дык найдаражэй, за шэсцьдзясят тысяч рублёў і купім.

– А хоць і за дзевяноста тысяч, нават і больш, – удакладніў Вакульскі.

– Навошта?.. – аж падскочыў адвакат. – Баранеса за межы шасцідзесяці тысяч не выйдзе, дамы ніхто сёння не купляе… Зусім някепскі інтарэс…

– Мне ён будзе добры нават і за дзевяноста тысяч.

– Але лепш за шэсцьдзясят пяць тысяч…

– Я не хачу абіраць майго будучага супольніка.

– Супольніка?.. – выгукнуў адвакат. – Але ж шаноўны пан Ленцкі скончаны банкрут, толькі шкоды нарабіў бы пан, каб заплаціў яму некалькі лішніх тысяч рублёў. Я ведаю, як глядзіць на гэта ягоная сястра, графіня… Калі пан Ленцкі застанецца без гроша за душою, яго прыгожая дачка, якую мы ўсе любім, выйдзе за барона альбо за маршалка…

Вочы Вакульскага гэтак шалёна бліснулі, што адвакат змоўк. Ён глядзеў на яго і разважаў… Раптам стукнуў сябе па лбе.

– Шаноўны пан вырашыў аддаць дзевяноста тысяч рублёў за гэтую халупу?.. – спытаў ён.

– Так, – глуха адказаў Вакульскі.

– Ад дзевяноста адняць шэсцьдзясят… пасаг панны Ізабэлы… – прамармытаў адвакат. – Ага!..

Фізіяномія і ўся яго пастава змяніліся непазнавальна. Ён пыхнуў са свайго вялізнага бурштыну хмараю дыму, адкінуўся ў фатэлі і, жэстыкулюючы ў бок Вакульскага, пачаў гаварыць:

– Мы разумеем адзін аднаго, пане Вакульскі. Прызнаюся, што яшчэ пяць хвілін таму я падазраваў цябе сам не ведаю ў чым, бо намеры твае чыстыя. Але цяпер, павер мне, маеш ува мне толькі чалавека зычлівага і… саюзніка.

– Цяпер ужо я пана не разумею, – ціха прамовіў, апускаючы вочы, Вакульскі.

У адваката на твары выступіла густая чырвань. Ён пазваніў, увайшоў слуга.

– Нікога сюды не пускаць, пакуль я не паклічу, – загадаў ён таму.

– Слухаю пана мецэната, – адказаў пануры лёкай.

Яны зноў засталіся ўдваіх.

– Пане… Станіславе, – пачаў адвакат. – Пан ведае, што такое наша арыстакратыя і тыя, хто вакол яе круціцца?.. Гэта пара тысяч чалавек, якія смокчуць сілы з усяго краю, прагульваюць грошы за мяжою, прывозяць адтуль найгоршыя заганы, заражаюць імі здаровы яшчэ нібы сярэдні клас і самі гінуць без ратунку: эканамічна, фізічна і маральна. Каб прымусіць іх да працы, каб скрыжаваць з іншымі слаямі, дык можа… быў бы нейкі сэнс, бо гэта арганізмы больш субтыльныя за нашыя. Разумее пан… скрыжаваць, але… але не выкідаць на падтрымку іх па трыццаць тысяч рублёў. Вось у скрыжаванні я гатовы дапамагаць пану, а каб змарнаваць трыццаць тысяч, – не!..

– Я не разумею пана, – ціха адказаў Вакульскі.

– Разумееш, толькі не давяраеш мне. Гэта добрая якасць – недаверлівасць, дык лячыць ад яе пана я не буду. Толькі так табе скажу: Ленцкі-банкрут можа стаць… крэўным нават купца, а тым больш – купца-шляхціца. Але Ленцкі з трыццаццю тысячамі ў кішэні!..

– Пане мецэнаце, – спыніў яго Вакульскі, – ці згодзіцца пан ад майго імя ўдзельнічаць у аўкцыёне таго дому?

– Буду ўдзельнічаць, але звыш таго, што пані Кшэшоўская, дам не болей некалькіх тысяч. Прабач, пан Вакульскі, але сам сабе падымаць кошт я не буду.

– А калі знойдзецца трэці пакупнік?..

– Калі так, дык не пакіну яму шанцаў, каб дагадзіць панскаму капрызу…

Вакульскі падняўся.

– Дзякуй пану, – сказаў ён, – за шчырыя словы. Пан мае рацыю, але і я маю сваю рацыю… Грошы прынясу пану заўтра, а зараз – да пабачэння…

– Шкада мне пана, – адказаў адвакат, паціскаючы яму руку.

– Чаму ж гэта?

– Таму, пане, што той, хто жадае здабыць, мусіць перамагчы, прыціснуць праціўніка, а не карміць яго з уласнае спіжарні. Робіш памылку, якая цябе, хутчэй, адсуне, чым наблізіць да мэты.

– Памыляецца пан.

– Рамантык!.. Рамантык!.. – некалькі раз паўтарыў адвакат з усмешкаю.

Вакульскі выбег з дому адваката і загадаў рамізніку везці ў бок вуліцы Электаральнае. Ён быў раззлаваны, што адвакат адкрыў ягоную таямніцу і крытыкаваў ягоныя метады. Ясна, што калі хто хоча здабыць, дык мусіць прыціснуць праціўніка, але тут здабычаю мела быць панна Ізабэла!..

Выйшаў ён перад марнаю з выгляду крамкаю, над якою вісела чорная шыльды з жаўтлявым надпісам: “Кантора вэксаляў[131] і латарэі С. Шлянгбаўма”.

Крама была адчыненая, за прылаўкам, абабітым бляхаю і аддзеленым ад публікі драцяною сеткаю, сядзеў стары сівабароды жыд з лысаю галавою і сівой барадою, нібы прылепленай да “Кур’ера”.

– Дзень добры, пане Шлянгбаўм! – прывітаў яго Вакульскі.

Жыд падняў галаву і ссунуў акуляры з ілба на вочы.

– Ах, гэта пан дабрадзей?.. – адказаў ён, паціскаючы яму руку. – Што гэта, ужо і пану спатрэбіліся грошы?..

– Не, – адказаў Вакульскі, апускаючыся на плеценае крэсла перад прылаўкам. А з-за таго, што яму было ніякавата адразу тлумачыць, навошта ён прыйшоў, запытаўся:

– Што чуваць, пане Шлянгбаўм?

– Кепска! – адказаў стары. – Пачалі пераследаваць жыдоў. Можа, так і трэба. Калі нам будуць даваць выспятка, пляваць на нас і здзекавацца, дык можа тады апамятаюцца маладыя жыдкі, як мой Генрых, якія паапраналіся ў сурдуты ды не трымаюцца сваёй рэлігіі.

– Хто вас пераследуе?

– Пан хоча доказаў?.. – запытаўся жыд. – Мае пан доказ нават у гэтым “Кур’еры”. Я некалі паслаў ім шараду. Пан разгадвае шарады?.. Паслаў такую:

Першае і другое – гэта жывёла з капытамі,

Першае і трэцяе – аздоба дамскае галавы,

Усё разам на вайне страшна гоніць,

Няхай Пан Бог ад гэтага бароніць.

Пан ведае, што гэта такое? Першае і другое – гэта ка-за, першае і трэцяе – гэта ко-кі, а ўсё разам – гэта ка-за-кі. І хоча пан ведаць, што яны мне адпісалі?.. Зараз…

Ён узяў “Кур’ер” і пачаў чытаць:

– “Адказы рэдакцыі. Пану В. В. Вялікая энцыклапедыя Аргельбранда”… Не тое… “Пану Матыльку. Фрак апранаецца”… Не тое… А, вось! “Пану С. Шлянгбаўму. Панская палітычная шарада непісьменная”. Калі ласка, што тут палітычнага? Каб я напісаў шараду пра Дызраэлі або пра Бісмарка, гэта была б палітыка, а казакі, прынамсі, не палітыка, а войска.

– Але які ж у гэтым пераслед жыдоў? – спытаў Вакульскі.

– Зараз скажу. Пан сам мусіў бараніць ад пераследу майго Генрыха, я ўсё ведаю, хоць і не ён мне расказаў. А цяпер пра шараду. Калі я паўгода таму занёс маю шараду пану Шыманоўскаму, дык ён мне сказаў: “Пане Шлянгбаўм, мы гэтую шараду друкаваць не будзем, але я пану раю, няхай пан лепш шарады піша, чым працэнты бярэ”. А я кажу: “Пане рэдактар, калі мне пан дасць столькі за шарады, колькі я маю з працэнтаў, дык я буду пісаць”. А пан Шыманоўскі на гэта: “У нас, пане Шлянгбаўм, няма столькі грошай, каб за панскія шарады плаціць”. Гэта сказаў сам Шыманоўскі, чуе пан? Ну, і яны мне сёння пішуць у “Кур’еры”, што гэта палітычна і непісьменна!.. Яшчэ паўгода таму іншая гаворка была. А што сёння друкуюць газеты пра жыдкоў!..

Вакульскі, пакуль слухаў гісторыі пра пераслед жыдоў, узіраўся ў сцяну, на якой вісела латарэйная таблічка, і барабаніў пальцамі па прылаўку. Думкі яго былі занятыя нечым іншым, яго адольвалі сумненні.

– Па-ранейшаму займаешся шарадамі, пане Шлянгбаўм? – спытаў ён.

– Што я!.. – адказаў стары жыд. – Але ў мяне, пане, ёсць унучак, Генрыкаў сын, якому яшчэ толькі дзевяць гадоў, і няхай пан толькі паслухае, які ён мне на мінулым тыдні ліст прыслаў. “Дзядуля, – піша ён, той малы Міхась, – мне трэба такая рэч:

Першае значыць дол, другое – пярэчанне,

А ўсё разам – картовае адзенне.

А як дзядуля адгадае, – пісаў ён, Міхась, – дык няхай мне дзядуля прышле шэсць рублёў на гэтую картовую справу”. Я расплакаўся, пане Вакульскі, калі прачытаў. Бо той першы – гэта спод, а пярэчанне – гэта ні, а ўсё разам – сподні. Я плакаў, пане Вакульскі, што такое мудрае дзіця з-за ўпартасці Генрыка ходзіць без портак. Але я яму адпісаў: “Мой даражэнькі, я вельмі задаволены, што ты навучыўся, як дзед, складаць шарады. А каб ты яшчэ навучыўся і ашчаднасці, дык я табе на тое картовае адзенне дасылаю толькі чатыры рублі. І калі ты будзеш добра вучыцца, я табе пасля вакацый спраўлю такую шараду:

Першае па-нямецку значыць вусны, другое – гадзіна.

Купляецца дзіцяці, калі яно ў гімназію паступае”.

Гэта значыць mund-ur. Пан адразу здагадаўся, пане Вакульскі?

– Дык уся панская сям’я бавіцца шарадамі? – заўважыў Вакульскі.

– Не толькі мая, – адказаў Шлянгбаўм. – У нас, пане, у жыдоў нібы, калі моладзь збярэцца, дык яны не бавяцца, як у панства, аднымі танцамі, кампліментамі, уборамі ды рознымі дрындушкамі, але яны або лічаць нешта, або гартаюць вучоныя кніжкі ды адзін аднаму здаюць іспыт або разгадваюць шарады, рэбусы, шахматныя задачы. У нас няспынна заняты розум, і таму жыды маюць розум, і таму, няхай пан не абразіцца, яны ўвесь свет заваююць. У панства ўсё робіцца праз сардэчную гарачку і праз вайну, а ў нас толькі розумам ды цярплівасцю.

Апошнія словы ўразілі Вакульскага. Ён жа якраз здабываў панну Ізабэлу розумам і цярплівасцю… Крыху лягчэй стала яму на сэрцы, ён перастаў вагацца і раптам сказаў:

– У мяне ёсць да пана просьба, пане Шлянгбаўм.

– Панская просьба для мяне азначае загад, пане Вакульскі.

– Я хачу купіць дом Ленцкага…

– Ведаю яго, ён пойдзе за шэсцьдзясят з нечым тысяч рублёў.

– Я хачу, каб ён пайшоў за дзевяноста тысяч, і мне трэба нехта, хто б падымаў цану на аўкцыёне да гэтае сумы.

Жыд вырачыў вочы.

– Як?.. Пан хоча заплаціць на трыццаць тысяч рублёў даражэй? – запытаўся ён.

– Так.

– Перапрашаю, але я не разумею. Бо каб гэта дом самога пана прадавалі, а Ленцкі хацеў яго купіць, тады пан меў бы інтарэс падбіваць цану. Але як пан купляе, дык пан мае інтарэс зніжаць цану…

– Маю інтарэс заплаціць даражэй.

Стары патрос галавою і праз момант загаварыў:

– Каб я пана не ведаў, дык падумаў бы, што пан робіць кепскі інтарэс, але я пана ведаю, дык я сабе думаю, што пан робіць… дзіўны інтарэс. Пан не толькі закопвае ў муры гатоўку і траціць на тым з дзесяць працэнтаў штогод, але яшчэ хоча пан заплаціць на трыццаць тысяч рублёў больш… Пане Вакульскі, – дадаў ён, беручы яго за руку, – не рабі, пан, гэткае бязглуздзіцы. Я пана прашу… Стары Шлянгбаўм пана просіць…

– Павер, пан, што мне гэта акупіцца…

Жыд раптам стукнуў сабе пальцам у лоб. Бліснулі ў яго вочы і зубы белыя, як перлы.

– Ха-ха!.. – зарагатаў ён. – Ну, які я ўжо стары, што адразу не сцяміў… Пан пану Ленцкаму дасць трыццаць тысяч рублёў… а той пану паспрыяе, можа, на сто тысяч рублёў… Git!..[132] Я пану дам ліцытанта, які за пятнаццаць рублікаў падаб’е кошт дому. Вельмі прыстойны пан, католік, толькі яму нельга даваць vadium[133] у рукі… Я пану дам яшчэ шляхетных кабет, што таксама за дзесяць рублікаў будуць падбіваць… Я магу даць яшчэ пару жыдкоў, па пяць рублікаў… Зладзім такі аўкцыён, што пан можа заплаціць за той дом хоць сто пяцьдзясят тысяч і ніхто не здагадаецца, у чым тут справа…

Вакульскаму было трохі прыкра.

– У любым выпадку справа павінна застацца паміж намі, – сказаў ён.

– Пане Вакульскі, – адказаў жыд урачыста, – я думаю, што пану не трэба было гэтага казаць. Панскі сакрэт – гэта мой сакрэт. Пан заступіўся за майго Генрычка, пан не пераследуе жыдоў…

Яны развіталіся і Вакульскі вярнуўся дадому. Там ён застаў ужо Марушэвіча, з якім паехаў у райтшуле[134], каб агледзець купленую кабылу.

Райтшуле складалася з двух злучаных паміж сабою будынкаў, якія разам утваралі нешта кшталту кукарды. У круглай частцы знаходзіўся манеж, у простакутнай – стайні.

Калі Вакульскі з Марушэвічам увайшлі, там якраз адбываўся ўрок верхавое язды. Чацвёра паноў і адна дама ездзілі цугам уздоўж сцен манежу, а пасярэдзіне стаяў дырэктар – мужчына з тварам вайскоўца, у сіняй куртцы, белых штанах у абцяжку і высокіх ботах са шпорамі. Быў гэта пан Мілер, ён камандаваў вершнікамі, дапамагаючы сабе доўгаю пугаю, якою час ад часу падсцёбваў каня за кепскія манеўры, але ж крывіўся пры гэтым вершнік. Вакульскі мімаходзь заўважыў, што адзін з паноў, які ездзіў без страмён, трымаючы правую руку за спінаю, мае міну круцяля, другі – ніяк не можа ўладкавацца паміж шыяю ды крупам каня, а чацвёрты выглядае так, нібы гатовы злезці і ніколі ў жыцці не практыкавацца больш у выездцы. Толькі дама ў амазонцы ездзіла смела і ўпэўнена, што Вакульскага навяло на думку, быццам няма на свеце для кабеты пазіцыі нязручнай або небяспечнай.

Марушэвіч пазнаёміў свайго спадарожніка з дырэктарам.

– Я ўжо чакаў паноў і гатовы служыць. Пане Шульц…

Прыбег пан Шульц, малады бландзін, таксама апрануты ў сінюю куртку і яшчэ больш высокія боты і цесныя штаны. З вайсковым паклонам ён узяў у рукі сімвал дырэктарскае ўлады, і Вакульскаму давялося пераканацца, што Шульц, нягледзячы на свой малады век, больш энергічна валодае бічом, чым сам дырэктар. Бо другі пан ажно сыкнуў, а чацвёрты пачаў нежартоўную сварку.

– Пан, – звярнуўся дырэктар да Вакульскага, – я прымаю кабылу барона з усім неабходным: сёдламі, гунькамі і гэтак далей?..

– Вядома.

– У такім выпадку пан мне павінны шэсцьдзясят рублёў за стайню, за якую мне пан Кшэшоўскі не заплаціў.

– Няма выйсця.

Яны ўвайшлі ў стойла, светлае, як пакой, нават аздобленае дыванамі, не надта, праўда, каштоўнымі. Яслі былі новыя і поўныя, драбіна таксама, на доле ляжала свежая салома. Але пільнае дырэктарскае вока заўважыла нейкую неахайнасць, бо ён крыкнуў:

– Што ж гэта за парадкі такія, пане Ксавэры, сто пар д’яблаў!.. Ці ў панскай спальні гэтаксама кансервуюцца падобныя рэчы?

Другі памочнік дырэктара паказаўся толькі на момант. Ён зазірнуў, знік і з калідора закрычаў:

– Войцэх!.. Сто тысяч д’яблаў… Зараз жа прыбяры, бо ўсё гэта я загадаю пакласці табе на стол…

– Стафан! Халера… – пачуўся трэці голас і брыдкаслоўе, – Калі ты мне хоць раз яшчэ, сабачае насенне, у гэткім выглядзе стайню пакінеш, дык я загадаю табе пазбіраць усё зубамі…

Адначасова пачулася некалькі тупых удараў, нібы кагосьці схапілі ды выцялі галавою аб сцяну. Праз акно стайні Вакульскі ўбачыў дзецюка з металічнымі гузікамі на куртцы, які выскачыў на падворак па мятлу і, шукаючы яе, мімаходзь даў у лоб разяватаму жыдку. Як прыродніку Вакульскаму цікава было назіраць гэту новую форму закону захавання энергіі, дзе гнеў дырэктара гэткім своеасаблівым шляхам абрынуўся ажно на істоту, што знаходзілася па-за райштуле.

Тым часам дырэктар загадаў вывесці кабылу на калідор. Гэта была прыгожая жывёліна на тонкіх ножках, з малою галоўкаю і вачыма, якія глядзелі дасціпна і жвава. Кабылка на хаду павярнулася да Вакульскага і абнюхала яго, фыркаючы, нібы бачыла ў ім гаспадара.

– Ужо прызнала пана, – сказаў дырэктар. – Няхай пан дасць ёй цукру… Прыгожая кабыла!..

Кажучы гэта, ён дастаў з кішэні кавалак бруднае субстанцыі, якая патыхала тытунём. Вакульскі даў гэта кабыле, яна без вагання ўзяла.

– Іду ў заклад на пяцьдзясят рублёў, што яна выйграе!.. – прапанаваў дырэктар. – Згодны, пан?

– Вядома, – адказаў Вакульскі.

– Выйграе абавязкова. Я дам дасканалага жакея, і сам навучу яго, як весці. Але каб яна заставалася ў барона Кшэшоўскага, дык няхай мяне пярун заб’е, прывалаклася б яна трэцяю да фінішу. Зрэшты, я нават не трымаў бы яе ў стайні…

– Дырэктар яшчэ не можа супакоіцца, – далікатна ўсміхнуўся Марушэвіч.

– Супакоіцца!.. – выгукнуў дырэктар, чырванеючы ад злосці. – Ну, няхай пан Вакульскі мяркуе, ці магу я падтрымліваць стасункі з чалавекам, які расказвае пра мяне, што я прадаў у Любельску каня з колерам!..[135] Гэткія рэчы не забываюцца, – крычаў ён усё гучней, – не забываюцца, пане Марушэвіч! І каб граф не залагодзіў скандал, пан Кшэшоўскі меў бы сёння кулю ў сцягне… Я прадаў каня, што меў колер!.. Каб нават давялося ад сябе дакласці сто рублёў, кабыла выйграе… Нават, каб здохла… Пераканаецца пан барон… Конь меў колер!.. Га-га-га! – дэманічна зарагатаў дырэктар.

Пасля агледзін кабылы панове пайшлі ў канцылярыю, дзе Вакульскі разлічыўся, прысягаючы сабе ніколі не гаварыць ні пра якога каня, што ў таго колер. Развітваючыся, ён запытаўся:

– Ці згадзіўся б пан дырэктар выставіць гэтую кабылу на скачкі ананімна?

– Будзе зроблена.

– Але…

– О! Няхай пан не хвалюецца, – адказаў дырэктар, паціскаючы яму руку. – Для джэнтльмена сціпласць – галоўная рыса. Спадзяюся, што і пан Марушэвіч…

– О!.. – пацвердзіў Марушэвіч і гэтак затрос галавою ды рукамі, што ў захаванні таямніцы, пахаванай у яго грудзях, нельга было сумнявацца.

Вяртаючыся паўз манеж, Вакульскі зноў пачуў, як стрэліла пуга, пасля чаго чацвёрты пан зноў пачаў сварку з намеснікам дырэктара.

– Гэта нахабства, мой пане!.. – крычаў чацвёрты. – Адзежына на мне трэсне…

– Вытрымае, – флегматычна адказаў пан Шульц, шчоўкаючы пугаю ў бок другога пана.

Вакульскі выйшаў з райтшуле.

Калі ён ужо развітаўся з Марушэвічам і сеў у брычку, яму ў галаву прыйшла нечаканая думка:

“Калі гэта кабыла выйграе, дык панна Ізабэла пакахае мяне…”

І ён раптам павярнуў назад. Яшчэ хвіліну таму абыякавая яму жывёліна стала сімпатычнаю і цікаваю.

Уваходзячы другі раз у стайню, ён зноў пачуў характэрны гук удару чалавечае галавы аб сцяну. І якраз з суседняга стойла выскачыў моцна зачырванелы стаенны хлопец Стафан з валасамі, закручанымі ў гэтакі віхор, нібы толькі што з іх нехта дастаў руку, і адразу за ім паказаўся фурман Войцэх, які выціраў аб куртку нібы запэцканыя пальцы. Вакульскі даў старэйшаму тры рублі, а малодшаму – рубель і абяцаў ім у будучым прэмію, абы кабыла была добра дагледжаная.

– Буду яе, пане, даглядаць лепш, чым уласную жонку, – паабяцаў Войцэх з нізкім паклонам. – Але і стары, здаецца, яе не пакрыўдзіць… На скачках, пане, заблішчыць кабылка, як шкельца…

Вакульскі ўвайшоў у стойла і з чвэрць гадзіны аглядаў кабылу. Непакоіла яго далікатнасць яе ножак, і ён сам уздрыгваў, калі бачыў дрыжыкі, што прабягалі па яе аксамітнай скуры, бо баяўся, што яна можа захварэць. Потым ён абняў яе за шыю, а калі тая паклала яму на плячо сваю галаву, пацалаваў яе і прашаптаў:

– Каб ты толькі ведала, што ад цябе залежыць!.. Каб толькі ведала…

З таго часу па некалькі разоў на дзень ён ездзіў у манеж, карміў кабылу цукрам і песціў яе. Ён адчуваў, што ў ягоным цвярозым розуме пачало ўкараняцца нейкае цемрашальства. Добраю прыкметаю ён лічыў, калі кабыла радасна вітала яго. Але калі была сумная, трывога ціснула яму сэрца. Дык ужо па дарозе да манежу ён казаў сабе: “Калі заспею яе вясёлаю, дык мяне панна Ізабэла пакахае”.

Часам абуджаўся ў ім голас розуму, тады апаноўвала яго злосць і пагарда да самога сябе.

“Як жа так? – думаў ён. – Ці маё жыццё мусіць залежаць ад капрызу аднае кабеты?.. Ці не знайду я сотні іншых?.. Хіба ж пані Мэлітан не прапаноўвала пазнаёміць мяне з трыма ці чатырма гэткімі ж прыгожымі?.. Зрэшты, да д’ябла, мушу апрытомнець!..”

Але замест таго, каб апрытомнець, ён усё больш траціў разважлівасць. У хвіліны прасвятлення яму здавалася, што на зямлі засталіся яшчэ, хіба, чарадзеі, і што адзін з іх пракляў яго. Тады ён трывожна казаў сабе:

“Я ўжо не такі, як быў… Я раблюся нейкім іншым чалавекам… Здаецца, нехта падмяніў мне душу!..”

Часам ізноў гучаў у ім голас прыродніка і псіхолага:

“Вось, – шаптаў яму гэты голас аднекуль з глыбінь мозгу, – вось як помсціць прырода за гвалт над яе законамі. Змоладу грэбаваў ты сэрцам, кпіў з кахання, прадаўся мужам старой кабеце, а цяпер – маеш!.. За доўгія гады зэканомлены капітал пачуццяў вяртаецца табе з працэнтамі…”

“Добра, – думаў ён, – але ў такім выпадку я мусіў бы стаць распуснікам, чаму ж думаю толькі пра яе адну?”

“Ліха яго ведае, – адказваў апанент. – Можа, менавіта гэтая кабета найлепш пасуе табе. Можа, сапраўды, як кажа легенда[136], душы вашы стваралі некалі – вякі таму – адзінае цэлае?..”

“Дык і яна мусіла б мяне кахаць… – казаў сабе Вакульскі. А потым дадаваў: – Калі кабыла выйграе на скачках, будзе гэта знакам, што панна Ізабэла мяне пакахае… Ах! Стары дурань, вар’ят, да чаго ты дайшоў?..”

За некалькі дзён перад скачкамі прыйшоў да яго з візітам граф-англічанін, з якім яны пазнаёміліся падчас сесіі ў князя.

Пасля звыклага прывітання наструнены граф сеў на крэсла і сказаў:

– Я з візітам і па справе – тэк!.. Ці можна?..

– Да паслуг графа.

– Барон Кшэшоўскі, – працягваў граф, – кабылу якога набыў пан, зрэшты, зусім законна – тэк – асмельваецца ласкава прасіць пана, каб пан яе саступіў. Кошт не мае значэння… Барон нарабіў шмат закладаў… Прапануе тысячу дзвесце рублёў.

У Вакульскага выступіў халодны пот: каб ён прадаў кабылу, у панны Ізабэлы магла б з’явіцца пагарда да яго.

– А калі і ў мяне ёсць надзеі на гэту кабылу, пане граф?.. – адказаў ён.

– У такім выпадку мае пан слушнае першынства, тэк, – працадзіў граф.

– Значыць, пытанне вырашанае, – сказаў Вакульскі з паклонам.

– Ці тэк?.. Мне вельмі шкада барона, але ў пана большыя правы.

Ён устаў з крэсла, як аўтамат на спружынах, і пасля развітання дадаў:

– Калі ж да натарыуса, дарагі пане, з нашаю суполкаю?.. Я паразважаў і далучаюся з пяццюдзесяццю тысячамі рублёў… Тэк!

– Гэта ўжо залежыць ад паноў.

– Вельмі б мне хацелася бачыць гэты край квітнеючым і таму, пане Вакульскі, мае пан маю прыхільнасць і пашану, тэк, нягледзячы на клопаты, якія робіць пан барону. Тэк, я быў пэўны, што пан саступіць яму каня…

– Не магу…

– Разумею пана, – згадзіўся граф. – Шляхціц, хоць бы і ў скуры прамыслоўца, вылазіць з яе пры кожнай нагодзе. Дык прашу прабачыць мне маю смеласць, пан ёсць перадусім шляхціцам, ды яшчэ ў англійскім выданні, якім кожны з нас быць павінны.

Пасля моцнага поціску рукі ён выйшаў. Вакульскі прызнаў у душы, што гэты арыгінал, які ўдае марыянетку, валодае шмат якімі станоўчымі якасцямі.

“Так, – падумаў ён, – з гэтымі панамі больш прыемна мець справу, чым з купцамі. Яны сапраўды злепленыя з іншае гліны…”

А потым ён дадаў:

“Чаго дзівіцца, што панна Ізабэла пагарджае гэтакім, як я, калі яна выхавалася сярод такіх, як яны… Ну, але што яны робяць на свеце і дзеля свету?.. Шануюць людзей, якія могуць даць пятнаццаць працэнтаў з іх капіталу… Гэта яшчэ не заслуга”.

“Да ліха! – прамармытаў ён і шчоўкнуў пальцамі. – Адкуль жа ім вядома, што я купіў кабылу?.. Ад пані Кшэшоўскае за пасярэдніцтвам Марушэвіча… Зрэшты, я сам занадта часта бываю ў манежы, мяне там ведаюць усе слугі… Гэх! Пачынаю ўжо рабіць глупствы, раблюся неасцярожны… Адразу не падабаўся мне гэты Марушэвіч…”


Загрузка...