II. КІРАВАННЕ СТАРОГА КРАМНІКА


Пан Ігнацы ўжо дваццаць пяць гадоў жыў у пакойчыку пры краме. За гэты час крама змяняла гаспадароў і падлогу, шафы і шыбы ў вокнах, абсяг дзейнасці і персанал, але пакой пана Жэцкага заўсёды заставаўся такі самы. На той самы падворак выходзіла тое ж смутнае акенца, на тых жа кратах якога вісела павуцінне, хіба таксама дваццаціпяцігадовае даўніны, і дакладна налічвала чвэрць стагоддзя фіранка, некалі зялёная, а цяпер лінялая ад тугі па сонцу.

Пад вакном стаяў той самы чорны стол, абабіты сукном, некалі таксама зялёным, а цяпер ужо проста брудным. На ім – вялізная чорная чарніліца побач з вялізнай чорнай пясочніцай, на гэтай жа падстаўцы – пара медных падсвечнікаў для лоевых свечак, якімі ўжо ніхто не карыстаўся, і сталёвыя шчыпцы, якімі ўжо ніхто не абцінаў кнаты. Жалезны ложак з пляскатым матрацам, над ім – ніколі не ўжываная дубальтоўка, пад ім – футарал з гітараю, які нагадваў дзіцячую труну; абабітая скураю вузкая канапка, два крэслы, таксама абабітыя скураю, вялікі бляшаны таз і малая шафка цёмна-вішнёвага колеру – гэткая была мэбліроўка пакою, які з-за свае даўжыні і вечнага змроку здаваўся больш падобным да магілы, чым да жытла.

Гэтак жа, як і пакой, не змяніліся за чвэрць стагоддзя і звычкі пана Ігнацы.

Ранкам прачынаўся ён заўсёды а шостай; хвіліну прыслухоўваўся, ці ходзіць гадзіннік, які ляжаў побач на крэсле, і глядзеў на стрэлкі, якія стваралі простую лінію. Яму хацелася ўстаць паволі, без рэзкіх рухаў, але адубелыя ногі і закарчанелыя рукі не надта яго слухаліся, дык ён зрываўся з ложка і ўжо з сярэдзіны пакоя шпурляў на яго свой начны каўпак, а сам бег да печы, дзе стаяў вялікі таз, у якім ён мыўся з галавы да ног, і пры гэтым іржаў ды пырхаў, як чыстакроўны стары конь, якому прымроіліся скачкі.

Падчас рытуалу расцірання калматымі ручнікамі ён задаволена аглядаў свае худыя лыткі ды зарослыя грудзі і мармытаў: “Ну, але я раздабрэў”.

У гэты час звычайна саскокваў з канапкі стары пудзель Ір з выбітым вокам і, моцна атросшыся, пэўна, з рэшты сну, скробся ў дзверы, за якімі чуваць было стараннае раздзьмухванне самавару. Пан Жэцкі, працягваючы спехам апранацца, выпускаў сабаку, вітаўся са слугою, даставаў з шафы імбрычак, блытаўся ў петлях, зашпільваючы манжэты, выбягаў на падворак, каб зірнуць, якое надвор’е, апарваўся гарачаю гарбатаю, расчэсваўся, не гледзячы ў люстэрка, і а палове на сёмую быў гатовы.

Абмацаўшыся, ці ёсць у яго на шыі гальштук, а ў кішэні гадзіннік і партманетка, пан Ігнацы даставаў з шуфлядкі вялікі ключ і, крыху прыгорблены, урачыста адчыняў тыльныя дзверы крамы, абабітыя жалезнаю бляхаю. Разам са слугою яны ўваходзілі, запальвалі некалькі газовак і, пакуль слуга падмятаў падлогу, пан Ігнацы, начапіўшы на нос пенснэ, праглядаў у нататніку спіс спраў на сённяшні дзень.

“Аддаць у банк восемсот рублёў, ага… Выслаць у Люблін тры альбомы, тузін партманетаў… Так!.. Перавод у Вену на тысячу дзвесце гульдэнаў… Забраць груз з чыгункі… Спагнанне рымару, што не даслаў валізы… Драбяза!.. Напісаць Стасю ліст… Драбяза…”

Скончыўшы чытаць, ён запальваў яшчэ некалькі газовак і ў гэтым асвятленні аглядаў тавары ў вітрынах і шафах.

“Запінкі, шпількі, партманеты… добра… Пальчаткі, вееры, гальштукі… на месцы… Кійкі, парасоны, сакваяжы… Тут альбомы, нэсэсэры… Сапфіравага колеру ўчора прадалі, а як жа!.. Падсвечнікі, чарніліцы, прэс-пап’е… Парцаляна… Цікава, навошта павярнулі гэты вазон?.. Пэўна… Не, не пабіты… Лялькі з валасамі, тэатр, карусель… Трэба заўтра паставіць у акне карусель, бо фантан ужо надакучыў. Драбяза!.. Амаль восьмая… Гатовы паспрачацца: Клейн прыйдзе першы, а Мрачэўскі – апошні. Чаго тут дзівіцца? Спазнаўся з нейкаю гувернанткаю і ўжо ўзяў ёй нэсэсэр у крэдыт ды па зніжаным кошце… Вядома… Абы не пачаў купляць без зніжак і без рахункаў…”

Гэтак ён бубніў сабе пад нос і крыху прыгорблены, з рукамі, закладзенымі ў кішэні, хадзіў па краме, а следам за ім – ягоны пудзель. Гаспадар сям-там затрымліваўся і разглядаў нешта з рэчаў, сабака тады садзіўся на падлогу і чухаўся задняй лапай у густых кудлах, а шэрагамі выстаўленыя ў шафе лялькі – малыя, сярэднія і вялікія, чарнявыя і бялявыя – пазіралі на іх мёртвымі вачыма.

Рыпнулі дзверы ў сенцах, і з’явіўся пан Клейн, кволы крамнік з маркотнаю ўсмешкаю на пасінелых вуснах.

– А што! Я ж ведаў, што прыйдзеш, пан, першы. Добры дзень, – сказаў пан Ігнацы. – Тушы святло, Павел, і адчыняй краму.

Слуга выбег цяжкаю рыссю і закруціў газ. Праз хвіліну заскрыгаталі завалы, застукалі засаўкі і ў краму ўвайшоў дзень, адзіны госць, які ніколі не падводзіць купца. Жэцкі сеў пры канторцы пад акном. Клейн стаў на сваё звычайнае месца ля парцаляны.

– Гаспадар яшчэ не вяртаецца, не было пану ліста? – запытаўся Клейн.

– Чакаю яго ў сярэдзіне сакавіка, самае позняе – праз месяц.

– Калі яго не затрымае новая вайна.

– Стась… пан Вакульскі, – паправіўся Жэцкі, – напісаў мне, што вайны не будзе.

– Курс, аднак, падае, а сёння я чытаў, што англійскі флот увайшоў у Дарданелы.

– Нічога. Вайны не будзе. Зрэшты, – уздыхнуў пан Ігнацы, – што нам тая вайна, у якой не бярэ ўдзел Банапарт.

– Кар’ера Банапартаў ужо скончылася.

– Праўда?.. – іранічна ўсміхнуўся пан Ігнацы. – А дзеля каго Мак-Магон з Дзюкро рыхтавалі ў студзені дзяржаўны пераварот?.. Вер мне, пане Клейн, банапартызм – гэта сіла!..

– Ёсць мацнейшая за яе.

– Якая? – абурыўся пан Ігнацы. – Можа, рэспубліка Гамбэты[14]?.. Можа, Бісмарк?..

– Сацыялізм… – шапнуў кволы крамнік, хаваючыся за парцаляну.

Пан Ігнацы паправіў, каб лепш трымалася, пенснэ і прыўзняўся ў сваім фатэлі, нібы жадаючы адным махам разбурыць новую тэорыю, якая не адпавядала ягоным поглядам, але гэты намер сапсавала з’яўленне другога крамніка, з бародкаю.

– А, маё шанаванне пану Лісецкаму! – звярнуўся гаспадар да яго. – Халодны дзень сёння, праўда? Якая ж гэта гадзіна ў горадзе, бо мой гадзіннік, мусіць, спяшаецца. Яшчэ, хіба, і чвэрці на дзявятую няма?..

– Як дасціпна!.. Панскі гадзіннік заўсёды спяшаецца раніцаю і позніцца ўвечары, – пахмурна азваўся Лісецкі, абціраючы заінелыя вусы.

– Гатовы паспрачацца: пан учора на прэферансе быў.

– Вядома. Можа, пан думае, што я круглымі суткамі гатовы цешыцца адно вашаю галантарэяй ды панскаю сівізною?

– Ну, мой пане, па мне, дык лепш быць крыху ссівелым, абы не лысым, – абурыўся пан Ігнацы.

– Дасціпна!.. – сыкнуў пан Лісецкі. – Мая лысіна, калі яе хто і бачыць, дык гэта толькі сумная спадчыннасць, а панская сівізна і бурклівы характар – гэта ўжо адзнакі старасці, якую… хацеў бы я шанаваць.

У краму ўвайшоў першы пакупнік: кабеціна ў салопе і хустцы на галаве, якая пажадала медную плявальніцу… Пан Ігнацы пакланіўся ёй вельмі нізка і прапанаваў крэсла, а пан Лісецкі на хвіліну знік за шафамі і ўручыў пакупніцы поўным годнасці жэстам жаданую рэч. Потым ён напісаў кошт плявальніцы на квітку, падаў яго праз плячо Жэцкаму і пайшоў за прылавак з выглядам банкіра, які ахвяраваў на дабрачыннасць некалькі тысяч рублёў.

Спрэчка пра сівізну і лысіну была спынена.

Толькі каля дзявятае ўвайшоў, а дакладней, уварваўся ў краму пан Мрачэўскі, бялявы прыгажун дваццаці з нечым гадоў з вачыма, як зоркі, вуснамі, як каралі, вусікамі, як атручаныя штылеты. Ён убег, цягнучы за сабою ад парогу духмяную хвалю, і гучна загаманіў:

– Слова гонару, ужо, мусіць, палова на дзясятую. Я ветрагон, я абібок, ну, нягоднік я, але што рабіць, калі маці ў мяне захварэла, і мусіў я шукаць лекара. Быў у шасцярых…

– Ці не ў тых, якім носіш, пан, нэсэсэры? – запытаўся Лісецкі.

– Нэсэсэры?.. Не. Наш доктар не прыняў бы нават шпількі. Шляхетны чалавек… Праўда, пане Жэцкі, што ўжо палова на дзясятую? Спыніўся мой гадзіннік.

– Зараз будзе дзя-вя-та-я... – адказаў з асаблівым націскам пан Ігнацы.

– Толькі дзявятая?.. Ну хто б падумаў! А я ж планаваў, што прыйду сёння ў краму першы, раней за пана Клейна…

– Каб сысці яшчэ да васьмі, – заўважыў пан Лісецкі.

Мрачэўскі ўтаропіўся на яго сваімі блакітнымі вачыма, у якіх намалявалася невымоўнае здзіўленне.

– Адкуль пан ведае?.. – прамовіў ён. – Ну, слова гонару, гэты чалавек валодае прарочымі здольнасцямі! Якраз сёння, слова гонару… мушу быць у горадзе яшчэ да пачатку сёмае, хоць памры, хоць звальняйся…

– Няхай пан з гэтага і пачне, – выбухнуў Жэцкі, – і будзе пан вольны яшчэ да адзінаццатае, нават у гэтую ж хвіліну, пане Мрачэўскі. Пан павінны быць графам, а не крамнікам, і я дзіўлюся, чаму пан адразу не абраў сабе такую прафесію. Тады б заўсёды ставала часу, пане Мрачэўскі. Анягож!

– Ну, але ж і пан у ягоныя гады лётаў за спаднічкамі, – азваўся Лісецкі. – Нашто ўжо тут мараль чытаць.

– Ніколі не лётаў! – крыкнуў Жэцкі і грукнуў кулаком па канторцы.

– Хоць раз прагаварыўся, што ўсё жыццё быў недарэкам, – прамармытаў Лісецкі ў бок Клейна, які ўсміхнуўся, надта высока падымаючы бровы.

У краму ўвайшоў другі пакупнік і пажадаў галёшы. Да яго падскочыў Мрачэўскі.

– Галёшыкі жадае шаноўны пан? Які памер, можна запытацца? Ага, шаноўны пан, відаць, не памятае! Не ў кожнага стае часу думаць пра памер уласных галёшаў, гэта ўжо наш клопат. Шаноўны пан дазволіць памераць?.. Няхай шаноўны пан зробіць ласку прысесці на зэдлік. Павел! Прынясі ручнік, здымі пану галёшы і вытры абутак…

Убег Павел з анучаю і кінуўся пакупніку ў ногі.

– Але ж, пане, але ж перапрашаю!.. – апраўдваўся ачмурэлы пакупнік.

– Калі ласка, – сакатаў Мрачэўскі, – гэта наш абавязак. Здаецца, гэтыя будуць якраз, – казаў ён, падаючы пару счэпленых ніткаю галёшаў. – Дасканала. Выглядаюць цудоўна. У шаноўнага пана такая дасканалая нага, што з памерам ніяк не памылішся. Шаноўны пан жадае, пэўна, літаркі. Якія мусяць быць літаркі?..

– L. P., – буркнуў пакупнік, адчуваючы, што топіцца ў хуткай плыні красамоўства ветлівага крамніка.

– Пане Лісецкі, пане Клейн, прымацуйце, зрабіце ласку, літаркі. Шаноўны пан загадае спакаваць старыя галёшы? Павел! Паабцірай галёшы і закруці ў бібулу. А можа шаноўны пан не жадае цягаць за сабою непатрэбшчыну? Павел, кінь галёшы ў скрыню… Плаціць два рублі пяцьдзясят капеек[15]… Галёшы з літаркамі ніхто шаноўнаму пану не падменіць, бо прыкра было б знайсці замест новага тавару дзіравыя зноскі… Два рублі пяцьдзясят капеек у касу з гэтым квітком. Пане касір, пяцьдзясят капеек рэшты шаноўнаму пану.

Перш чым пакупнік ачомаўся, ён быў абуты ў галёшы, атрымаў рэшту і з нізкімі паклонамі выпраўлены за дзверы. Пакупнік пастаяў з хвіліну на вуліцы, няўцямна пазіраючы ў шыбу, з-за якое Мрачэўскі адорваў яго салодкімі ўсмешкамі ды гарачымі позіркамі. Нарэшце махнуў рукою і пайшоў далей, разважаючы, відаць, што ў іншай краме за галёшы без літарак заплаціў бы дзесяць злотых[16].

Пан Ігнацы павярнуўся да Лісецкага і пахітаў галавою, паказваючы сваё здзіўленне і захапленне. Мрачэўскі, які краем вока заўважыў гэта, падбег да Лісецкага і гучна зашаптаў таму:

– Няхай пан зірне толькі, ці ж стары наш не падобны ў профіль да Напалеона ІІІ?[17] Нос... вус... гішпанка…

– Да Напалеона, калі той пакутаваў ад каменя ў нырках, – адказаў Лісецкі.

На гэты досціп пан Ігнацы закапыліў губу. Мрачэўскі ўвечары быў адпушчаны раней за сёмую, а назаўтра ў прыватным дзённіку Жэцкага з’явілася прысвечаная яму нататка: “Быў на «Гугенотах»[18] у восьмым радзе партэра з нейкаю Матыльдаю…???”

На суцяшэнне сабе той мог бы сказаць, што ў гэтым самым дзённіку маюць пра сябе нататкі і двое ягоных калегаў, апроч таго, інкасатар, пасыльныя і нават слуга Павел. Адкуль Жэцкі ведаў такія падрабязнасці жыцця сваіх працаўнікоў? Гэта была таямніца, якую ён нікому не адкрываў.

Апоўдні, а першай, здаўшы касу Лісецкаму, якому, нягледзячы на бясконцыя спрэчкі, ён найбольш давяраў, пан Ігнацы хаваўся ў сваім пакойчыку, каб з’есці абед, прынесены з рэстарацыі. У той самы час сыходзіў і Клейн, а вяртаўся ў краму а другой. Потым яны разам з Жэцкім заставаліся ў краме, а Лісецкі і Мрачэўскі ішлі на абед. А трэцяй ізноў усе былі на месцы.

А восьмай увечары краму зачынялі, крамнікі разыходзіліся і Жэцкі заставаўся адзін. Ён падбіваў рахункі за дзень, спраўджваў касу, занатоўваў, што трэба зрабіць заўтра, і прыгадваў: ці ўсё было зроблена з запланаванага на сёння. За кожную занядбаную справу ён плаціў доўгім бяссоннем і тужлівымі развагамі: пра банкруцтва крамы, пра канчатковы заняпад дынастыі Напалеонаў і пра тое, што ўсе надзеі, якія ён меў у жыцці, нічога не былі вартыя.

“Усё прапала! Гінем без ратунку,” – уздыхаў ён і круціўся на цвёрдым ложку.

Калі дзень быў удалы, пан Ігнацы быў задаволены. Тады перад сном ён чытаў гісторыю консульства і імперыі[19], газетныя выразкі з апісаннем італьянскае вайны 1859 года[20] або, што здаралася радзей, выцягваў з-пад ложка гітару ды граў на ёй “Марш Ракачы[21], падпяваючы сумнеўным тэнарам.

Потым сніў ён шырокія венгерскія раўніны, сінія і белыя лініі войска ў хмарах дыму… Назаўтра бываў ён змрочны і скардзіўся, што баліць галава.

Прыемным днём была для яго нядзеля, калі ён вырашаў, як будуць выглядаць на наступным тыдні вітрыны, і займаўся іх аздабленнем.

На ягоную думку, вокны служылі не толькі каб дэманстраваць тое, чым гандлюе крама, але яны мусілі яшчэ і прыцягваць увагу мінакоў: або моднымі рэчамі, або прыгожай іх выкладкай, або нейкімі фіглямі. Правая вітрына вабіла раскошаю; тут ставілася звычайна нейкая бронзавая статуэтка, парцалянавая ваза, будуарны столік з усёю сервіроўкаю, навакол – альбомы, падсвечнікі, партманеты, вееры разам з кійкамі, парасонамі і безліччу іншае элегантнае драбязы. А сярэдзіну левае вітрыны, дзе былі гальштукі, пальчаткі, галёшы ды парфума, займалі цацкі, часцей за ўсё – рухомыя.

Здаралася, што падчас гэтага самотнага занятку ў старым крамніку абуджалася дзіця. Тады ён даставаў і расстаўляў на стале ўсе механічныя цацкі. Быў там мядзведзь, які караскаўся на слуп, быў певень, які кукарэкаў, і спрытная мыш; цягнік рухаўся па рэйках, цыркавы блазан скакаў на кані, падымаючы над сабою другога блазна, і некалькі пар кружылася ў вальсе пад гукі невыразнае музыкі. Пан Ігнацы накручваў усе гэтыя фігуркі і адначасова пускаў іх рухацца. А калі певень пачынаў спяваць, лапочучы жалезнымі крыламі, нежывыя пары – кружыцца, штохвіліны спатыкаючыся і затрымліваючыся, калі алавяныя пасажыры цягніка, што ехаў без мэты, пачыналі здзіўлена пазіраць на яго, і ўвесь гэты лялечны свет у дрыготкім газавым асвятленні фантастычна ажываў, стары крамнік, успёршыся на локці, ціха пасмейваўся і мармытаў:

– Хе-хе-хе! Куды гэта вы едзеце, вандроўнікі?.. Нашто ты вярэдзіш сабе карак, акрабаце?.. Чаго вам абдымацца, танцоры?.. Скончыцца завод і пойдзеце вы ўсе назад у шафу. Бязглуздзіца, адна бязглуздзіца!.. А вам, каб вы ўмелі думаць, гэта здавалася б нечым важным!..

Пасля такога ці падобнага маналогу ён спехам збіраў цацкі і пачынаў неспакойна хадзіць па пустой краме, а за ім – ягоны брудны сабака.

“Бязглуздзіца гандаль… бязглуздзіца палітыка… бязглуздзіца выправа ў Турцыю… бязглуздзіца ўсё жыццё, пачатку якога мы не памятаем, а канца не ведаем… Дзе ж праўда?..”

А з-за таго, што падобныя меркаванні ён выказваў часам уголас і на людзях, яго лічылі дзіваком, а шаноўныя пані, якія мелі дачок на выданні, не аднойчы казалі:

– Вось што робіцца з мужчынам, калі ён застаецца старым кавалерам!

З дому пан Ігнацы выходзіў рэдка і ненадоўга ды звычайна абмяжоўваўся тымі вуліцамі, на якіх жылі ягоныя калегі або работнікі крамы. Тады ягоная цёмна-зялёная альгерка[22] або табачнага колеру сурдут, шэрыя нагавіцы з чорнымі лампасамі і выцвілы цыліндр, а перадусім ягоная нясмеласць прыцягвалі агульную ўвагу. Пан Ігнацы гэта ведаў і на шпацыры выходзіў з вялікаю неахвотаю. Ён лічыў за лепшае запаліць свечку, пакласціся на ложак і цэлымі гадзінамі глядзець у сваё закратаванае акно, за якім відаць была шэрая сцяна суседняга дома, упрыгожаная адзіным, таксама закратаваным, акенцам, а на ім, бывала, стаяў гарнушак з маслам або вісела заечая тушка.

Але чым менш ён выходзіў з дому, тым часцей марыў пра нейкае далёкае падарожжа – у вёску альбо за мяжу. Усё часцей ён сніў зялёныя палі і цёмныя лясы, па якіх блукаў, бы прыгадваючы маладосць. Паволі абудзілася ў ім глухая туга па тых краявідах, і ён пастанавіў: адразу пасля вяртання Вакульскага з’ехаць некуды на цэлае лета.

– Хоць раз перад смерцю, але на некалькі месяцаў, – казаў ён калегам, якія невядома чаго ўсміхаліся з гэтых праектаў.

Па ўласнай волі адасобіўшыся ад людзей і ад прыроды, занураны ў імклівы, але вузкі вір гандлёвых інтарэсаў, ён адчуваў моцную патрэбу пагутарыць з кімсьці. А з-за таго, што адным ён не давяраў, іншыя самі не хацелі яго слухаць, а Вакульскага не было, дык размаўляў ён сам з сабою і – у найвялікшым сакрэце – пісаў дзённік.


Загрузка...