XIII. ВЕЛІКАСВЕЦКІЯ ЗАБАВЫ


Нарэшце надышоў дзень скачак, пагодны, але не гарачы, якраз такі, як трэба. Вакульскі быў на нагах ужо а пятай рана і адразу ж паехаў праведаць сваю кабылу. Яна прыняла яго досыць абыякава, але была ў парадку, а пан Мілер поўны аптымізму.

– Што, – рагатаў ён, торгаючы Вакульскага за плячо. – Загарэўся пан, га?.. Абудзіўся ў пану спартсмен!.. Мы, пане, увесь час скачак у гарачцы жывем. Наш заклад пра пяцьдзясят рублёў трывае, га?.. Яны ўжо нібы ў мяне ў кішэні, мог бы пан зараз жа мне іх аддаць.

– Аддам з найвялікшым задавальненнем, – адказаў Вакульскі, а сам думаў: “Ці выйграе кабыла?.. Ці панна Ізабэла пакахае мяне?.. Ці не здарыцца чаго?.. А калі кабыла зломіць нагу?..”

Ранішнія гадзіны цягнуліся, нібы запрэжаныя валамі. Вакульскі на хвілінку ўсяго завітаў у краму, не змог з’есці абед, потым пайшоў у Саскі парк, несупынна думаючы: ці кабыла выйграе і ці панна Ізабэла яго пакахае?.. Аднак ён перамог сябе і выехаў з дому толькі а пятай.

У алеі Уяздоўскай было ўжо гэтак цесна ад калясак і брычак, што месцамі даводзілася рухацца вельмі павольна, а пры рагатцы ўтварыўся сапраўдны затор, і яму давялося чакаць з чвэрць гадзіны, пакутуючы ад нецярплівасці, пакуль нарэшце каляска не выехала на Макатоўскія палі.

На павароце Вакульскі выхіліўся і праз смугу жаўтаватага пылу, які густа асядаў яму на твар і на вопратку, пачаў аглядаць поле скачак. Пляц падаваўся яму сёння бясконцым і непрыемным, нібы над ім лунаў прывід няпэўнасці. Далёка перад сабою ён бачыў доўгі шнур людзей, што стаялі паўколам, якое пастаянна абрастала новымі грамадкамі.

Нарэшце, ён дабраўся да месца і зноў прайшло з дзесяць хвілін, пакуль слуга вярнуўся з касы з білетам. Каляску акружыў натоўп бясплатных гледачоў, і Вакульскаму здавалася, што ў шматгалосай гамане ўсе размовы толькі пра яго кабылу і кпіны з купца, які бавіцца скачкамі.

Нарэшце каляску прапусцілі ў сярэдзіну кола. Вакульскі саскочыў на зямлю і пашыбаваў да свае кабылы, стараючыся ўдаваць абыякавага гледача.

Пасля доўгіх пошукаў ён знайшоў яе на сярэдзіне поля для скачак, а пры ёй паноў Мілера і Шульца, а таксама жакея з тоўстаю цыгараю ў зубах, у жоўтай з блакітным шапцы і ў паліто, накінутым на плечы. Кабыла яго на вялізным полі сярод незлічонага тлуму падалася яму гэткаю малою і лядашчаю, што ў роспачы ён хацеў ужо ўсё кінуць і вярнуцца дадому. Але фізіяноміі паноў Мілера і Шульца яснелі надзеяй.

– Нарэшце пан тут! – загаманіў дырэктар манежа і паказаў вачыма на жакея. – Пазнаёмлю паноў. Пан Юнг, славуты ў краі жакей. Пан Вакульскі.

Жакей прыклаў два пальцы да жоўта-блакітнае шапкі, дастаў другой рукою з роту цыгару і цыркнуў праз зубы слінаю.

Вакульскі падумаў, што такога худога і нізкарослага чалавечка ён яшчэ ніколі ў жыцці не бачыў. А сам пры гэтым заўважыў, што жакей аглядае яго як каня – ад ілба да пятаў, ды гэтак сукае нагамі, нібы намерваецца сесці і праехаць на ім.

– Хай пан пацвердзіць, пане Юнг, ці ж мы не выйграем? – запытаўся дырэктар.

– Вох! – адказаў жакей.

– Тыя два кані някепскія, але наша кабыла знакамітая, – працягваў дырэктар.

– Вох! – паўтарыў жакей.

Вакульскі адвёў яго ў бок і сказаў:

– Калі выйграем, буду пану вінны пяцьдзясят рублёў звыш дамоўленага.

– Вох! – адказаў жакей, уважліва зірнуў на Вакульскага і дадаў: – Пан – чыстакроўны спартсмен, але пан яшчэ ў гарачцы. Праз год будзе пан спакайней.

Ён зноў цыркнуў слінаю на даўжыню каня і пайшоў у бок трыбуны, а Вакульскі, пасля таго як развітаўся з панамі Мілерам ды Шульцам і папесціў кабылу, вярнуўся да свае каляскі.

Цяпер ён пачаў шукаць панну Ізабэлу.

Ён прайшоў уздоўж доўгага ланцуга калясак, прыглядаючыся да коней, да слуг, заглядаючы пад парасоны дам, але панны Ізабэлы не ўбачыў.

“Можа, не прыедзе,” – падумаў ён, і здалося яму, што ўвесь гэты пляц, поўны людзей, западае разам з ім пад зямлю. Нашто было выкідаць гэтулькі грошай, калі яе тут не будзе! А можа, пані Мэлітан, старая інтрыганка, падманула яго разам з Марушэвічам?..

Ён падняўся на прыступкі, што вялі на трыбуну суддзяў, і пачаў азірацца навокал. Дарэмна. Калі спускаўся, загарадзілі яму дарогу двое паноў, яны стаялі спінамі, і адзін з іх, высокі, з характэрнымі рысамі спартсмена, узрушана гаварыў другому:

– За дзесяць гадоў я па вушы начытаўся, як бэсцяць нас за збытак, і хацеў быў ужо выправіцца ды прадаць стайню. Тым часам бачу, што чалавек, які ўчора дарабіўся маёнтку, сёння выстаўляе каня на скачкі… І нашы маралісты, калі атрымаецца, зробяць тое самае?.. Дык вось, я таксама не выпраўлюся, не прадам стайню, не…

Яго таварыш, які раптам заўважыў Вакульскага, крануў прамоўцу, і той спыніўся на паўслове. Карыстаючыся момантам, Вакульскі хацеў іх абмінуць, але высокі пан затрымаў яго.

– Перапрашаю, – крануў ён свой капялюш, – што я дазволіў сабе рабіць гэткія заўвагі… Я – Ужасіньскі…

– З прыемнасцю слухаў іх, – адказаў з усмешкаю Вакульскі, – бо ў душы я кажу сабе тое самае. Зрэшты, я ўдзельнічаю ў скачках першы і апошні раз у жыцці.

Яны з высокім спартсменам падалі адзін аднаму рукі, і той, калі Вакульскі ўжо адышоў на пару крокаў, буркнуў:

– Хвацкі мужык…

Вакульскі, нарэшце, купіў праграму і з пачуццём нейкага сораму прачытаў, што ў трэцім забегу ўдзельнічае кабыла Султанка ад Аліма і Клары, якая належыць Х. Х. Скача на ёй жакей Юнг у жоўтай куртцы з блакітнымі рукавамі. Узнагарода – трыста рублёў, а калі конь выйграе, ён на месцы будзе прададзены.

“З глузду з’ехаў”, – прамармытаў Вакульскі, накіроўваючыся ў бок галерэі. Ён спадзяваўся, што панна Ізабэла там, і ўжо намерваўся адразу ж вярнуцца дадому, калі яе там не знойдзе.

Апанавалі яго чорныя думкі. Кабеты падаваліся яму брыдкімі, іх каляровыя строі дзівачнымі, іх какецтва жахлівым. Мужчыны былі няўклюднымі, натоўп прастацкі, музыка вісклівая. Пакуль ён падымаўся на галерэю, было яму гідка ад рыпення прыступак і парэпаных сцен з бруднымі падцёкамі ад дажджу. Знаёмыя яму кланяліся, кабеты яму ўсміхаліся, і ўсе кругом шапталі: “Зірні, зірні!..” Але ён ні на што не зважаў. Спыніўся ён на самым версе галерэі і па-над стракатым шумным натоўпам узіраўся праз ларнетку на дарогу, ажно да рагаткі, бачачы толькі хмары жоўтага пылу.

“Што гэтая галерэя робіць цэлы год?” – думаў ён. І яму здалося, што на спарахнелых лавах засядаюць тут кожную ноч усе памерлыя банкруты, поўныя раскаяння какоткі, розныя лайдакі ды прайдзісветы, якіх выгналі нават з пекла, і пры смутным бляску зорак назіраюць яны за скачкамі шкілетаў тых коней, што паздыхалі на гэтых бегавых дарожках. Здавалася яму, што ён у гэту хвіліну нават бачыць перад сабою збуцвелыя строі і чуе прытхласць.

Абудзілі яго воклічы натоўпу, званок і апладысменты… Гэта скончыўся першы заезд. Раптам ён кінуў позірк на дарогу і ўбачыў, як за агароджу заязджае карэта графіні, у якой была сама графіня побач са старшынёвай, а спераду – пан Ленцкі з дачкою.

Вакульскі сам не заўважыў, як ён збег з галерэі і як увайшоў у кола. Некага ён штурхануў, нехта пытаўся ў яго пра білет… Ён імкнуўся наперад і адразу наскочыў на карэту. Лёкай графіні пакланіўся яму з козлаў, а пан Ленцкі выгукнуў:

– Вось і пан Вакульскі!..

Вакульскі прывітаўся з панямі. Старшынёва са значэннем сціснула яго руку, а пан Ленцкі спытаў:

– Ці сапраўды пане Станіславе купіў кабылу Кшэшоўскага?

– Так.

– Ну, ведаеш, забаўна ты паддзеў яго і маёй дачцэ справіў неспадзяванку.

Панна Ізабэла з усмешкаю павярнулася да яго:

– Я пайшла з цёткаю ў заклад, – сказала яна, – што барон не ўтрымае свае кабылы да скачак, і выйграла, а другі раз паспрачалася з пані старшынёвай, што кабыла выйграе…

Вакульскі абышоў карэту і наблізіўся да панны Ізабэлы, якая працягвала:

– Насамрэч, мы прыехалі толькі на гэты заезд: пані старшынёва і я. Бо цётка ўдае, што яе злуюць скачкі… Ах, пане, павінны пан выйграць…

– Калі пані пажадае, выйграю, – адказаў Вакульскі, пазіраючы на яе з захапленнем…

Ніколі яна не здавалася яму такой прыгожай, як зараз, у гэтым сваім парыве. Ён нават не марыць не мог, каб яна гэтак ласкава размаўляла з ім.

Ён паглядзеў на прысутных. Старшынёва была вясёлая, графіня ўсміхалася, пан Ленцкі ззяў. Лёкай графіні на козлах ішоў у заклад з фурманам, што Вакульскі выйграе. Навокал віравала радасць і весялосць. Радаваўся натоўп, галерэя, каляскі. Кабеты ў рознакаляровых строях былі прыгожыя, як кветкі, і жвавыя, як птушкі. Музыкі гралі фальшыва, але хвацка, коні іржалі, спартсмены спрачаліся, гандляры расхвальвалі сваё піва, апельсіны і пернікі. Радавалася сонца, неба і зямля, а ў Вакульскага з’явілася гэткае дзіўнае адчуванне, што ўсіх і ўсё ён хацеў бы схапіць у абдымкі.

Адбыўся другі заезд, музыка зноў зайграла. Вакульскі пабег да трыбуны, а спаткаўшы Юнга, які з сядлом пад пахаю якраз вяртаўся з вагаў, ціха сказаў яму:

– Пане Юнг, мусім выйграць… Сто рублёў звыш умовы… Нават калі кабыла здохне…

– Вох!.. – прастагнаў жакей, гледзячы на яго з выразам суровага здзіўлення.

Вакульскі загадаў, каб яго каляска пад’ехла бліжэй да графіні, і вярнуўся да паняў. Уразіла яго, што каля іх нікога не было. Маршалак і барон, праўда, наблізіліся да іх каляскі, але, холадна прынятыя паннай Ізабэлай, хутка адышлі. Толькі маладыя людзі кланяліся здалёк і не затрымліваліся.

“Разумею, – падумаў Вакульскі. – Астудзіла іх пыл навіна пра аўкцыён дома. А цяпер, – звярнуўся ён у думках да панны Ізабэлы і пазіраючы на яе, – пераканайся сама, хто насамрэч цябе кахае, а не твой маёнтак”.

Зазванілі на трэці забег. Панна Ленцкая паднялася з сядзення, а на твары ў яе выступіла чырвань.

Паблізу ад яе з мінаю знуджанага чалавека праехаў Юнг на Султанцы.

– Будзь спрытнаю! Ты – красуня!.. – крыкнула ёй панна Ізабэла.

Вакульскі ўскочыў у сваёй калясцы і адкрыў ларнетку. Ён гэтак засяродзіўся на заездзе, што на момант нават выпусціў з віду панну Ізабэлу. Секунды расцягваліся яму ў гадзіны, здавалася, што ён злучаны з трыма коньмі, што рыхтаваліся да старту, і што кожны іх нязначны рух ён адчувае ўсім целам. Яму здавалася, што яго кабыла недастаткова гарачая, што Юнг занадта нядбалы. Да яго даляталі абрыўкі размоваў:

– Юнг возьме…

– Але… Зірні, пан, на таго гнядога…

– Даў бы дзесяць рублёў, каб Вакульскі выйграў… Заткнуў бы графаў за пояс…

– Кшэшоўскі ашалеў бы…

Званок. Тры коні з месца рушылі ў галоп.

– Юнг першы…

– Нічога…

– Ужо прайшлі паварот…

– Першы паварот, а гняды ўжо за ім…

– Другі… Зноў вымкнуўся…

– Але гняды ідзе…

– Пунсовая куртка ззаду…

– Трэці паварот… Але ж Юнг на іх не зважае…

– Гняды даганяе…

– Гляньце!.. Гляньце!.. Пунсовы пераганяе гнядога…

– Гняды апошні… Прайграў пан…

– Пунсовы пераганяе Юнга…

– Не дагоніць, ужо пасылае каня…

– Але… Але… Брава, Юнг!.. Брава, Вакульскі!.. Кабыла бяжыць, як вада!.. Брава!..

– Брава!.. Брава!..

Званок. Юнг выйграў. Высокі спартсмен узяў кабылу за аброць, падвёў да трыбуны суддзяў і загукаў:

– Султанка!.. Жакей Юнг!.. Гаспадар ананім…

– Які ананім?!. Вакульскі… Брава, Вакульскі!.. – выбухнуў натоўп.

– Гаспадар пан Вакульскі! – паўтарыў высокі спартсмен і адправіў каня на аўкцыён.

Натоўп з шалёным энтузіязмам вітаў Вакульскага. Аніводзін забег яшчэ гэтак не ўзрушаў гледачоў, яны цешыліся, што варшаўскі купец пабіў двух графоў.

У гэты момант прыбег высокі спартсмен.

– Пане Вакульскі, – сказаў ён, – вось грошы. Трыста рублёў – узнагарода, а восемсот – за кабылу, якую я купіў…

Вакульскі з пачкам банкнотаў павярнуўся да панны Ізабэлы:

– Ці дазволіць пані, каб я ў яе рукі склаў гэтае ахвяраванне на прытулак?

Панна Ізабэла прыняла пачак з усмешкаю і мілым позіркам…

Тут нехта штурхануў Вакульскага. Гэта быў барон Кшэшоўскі. Зялёны ад злосці ён падышоў да каляскі і па-французску звярнуўся да панны Ізабэлы:

– Цешуся, кузінка, што твае паклоннікі трыумфуюць… Прыкра мне толькі, што за мой кошт… Вітаю паняў! – дадаў ён, кланяючыся графіні і старшынёвай.

Твар графіні спахмурнеў, пан Ленцкі збянтэжыўся, панна Ленцкая пабляднела. Барон нярвова паправіў пенснэ, якое спадала ў яго з носа, і працягваў, не зводзячы вачэй з панны Ізабэлы:

– Гэтак… Мне асабліва шанцуе на аматараў кузінкі…

– Бароне, – з перасцярогаю звярнулася да яго старшынёва.

– Я ж нічога кепскага… Кажу толькі, што мне шанцуе на…

Вакульскі, які стаяў ззаду, таргануў яго за плячо.

– На адно слова, пане, – сказаў ён.

– Ах, гэта пан, – адказаў барон, узіраючыся ў яго.

Яны адышлі ў бок.

– Пан мяне штурхануў, пане бароне…

– Вельмі перапрашаю…

– Мне гэтага недастаткова…

– Ці не сатысфакцыі пан хоча? – запытаўся барон.

– Менавіта.

– У такім выпадку, я да паслугаў, – сказаў барон, шукаючы візітоўку. – Ах, халера! Не ўзяў з сабою візітовак… Можа, пан мае нататнік з алоўкам?..

Вакульскі падаў яму візітоўку і нататнік, у якім барон напісаў свой адрас і прозвішча, не прамінуўшы зрабіць росчырк.

– Мне будзе прыемна, – дадаў ён, кланяючыся Вакульскаму, – разлічыцца за маю Султанку.

– Пастараюся задаволіць пана барона.

Яны абмяняліся самымі ветлівымі паклонамі і разышліся.

– Сапраўды, скандал! – прамовіў засмучаны пан Ленцкі, які бачыў гэты абмен ветлівасці.

Разгневаная графіня загадала ехаць дадому, не чакаючы сканчэння скачак. Вакульскі ледзьве паспеў вярнуцца да каляскі і развітацца з дамамі. Да таго, як коні рушылі, панна Ізабэла выхілілася і, падаючы Вакульскаму канцы пальцаў, ціха прамовіла:

Merci, monseur

Вакульскі аслупянеў ад радасці. Ён застаўся яшчэ на адзін забег, нічога не бачачы навокал, а ў перапынку з’ехаў.

Проста са скачак Вакульскі паехаў да Шумана.

Доктар сядзеў каля адчыненага акна ў падраным шлафроку на ваце і ўносіў папраўкі ў трыццацістаронкавую этнаграфічную брашурку, на напісанне якое спатрэбіліся тысячы назіранняў і чатыры гады жыцця. Гэта было даследаванне пра колер і форму валасоў насельнікаў Польскага Каралеўства. Вучоны доктар уголас сцвярджаў, што гэтая праца разыдзецца не больш чым у некалькіх дзясятках экземпляраў, але паціху загадаў надрукаваць чатыры тысячы асобнікаў і быў упэўнены ў другім выданні.

Апроч кпінаў над сваім улюбёным заняткам і нараканняў, што ён нікога не цікавіць, у глыбіні душы Шуман быў перакананы, што ў цывілізаваным свеце няма чалавека, які б у найвышэйшай ступені не быў зацікаўлены пытаннем колеру валасоў і таго, як даўжыня суадносіцца таўшчынёю. Менавіта ў гэтую хвіліну ён вырашаў, ці не варта было б напачатку даследавання напісаць афарызм: “Пакажы мне свае валасы, і я скажу, хто ты”.

Калі Вакульскі ўвайшоў да яго ў пакой і, стомлены, упаў на канапу, доктар пачаў пра набалелае:

– Што за прафаны гэтыя карэктары… У мяне тут некалькі сотняў лічбаў з трыма знакамі пасля коскі, і ўяві сабе, у палове з іх – памылкі… Яны думаюць, што нейкая тысячная або нават сотая частка міліметра нічога не значыць, і не ведаюць, дылетанты, што якраз там самае галоўнае. Хай мяне д’яблы, каб у Польшчы было магчыма калі не адкрыццё, дык хоць друкаванне лагарыфмічных табліц. Добры паляк пацее ўжо пры другім знаку пасля коскі, пры пятым у яго пачынаецца гарачка, а сёмы забівае яго, нібы апаплексічны ўдар… А што ў цябе чуваць?

– Маю двубой, – адказаў Вакульскі.

Доктар ускочыў з крэсла і гэтак хутка падбег да канапы, што полы шлафрока разляцеліся ў бакі і зрабілі яго падобным на кажана.

– Што?.. Двубой?.. – крыкнуў ён, і вочы яго бліснулі. – І можа, ты думаеш, што я пайду з табою ў ролі лекара?.. Буду глядзець, як двое дурняў страляюць адзін аднаму ў лоб, і, можа, давядзецца яшчэ каторага перавязваць?.. І не падумаю ўмешвацца ў гэтае блазнаванне!.. – крычаў ён, хапаючыся за галаву. – Зрэшты, я не хірург і ўжо даўно не займаюся медыцынаю…

– Дык і не будзеш ты лекарам, будзеш секундантам.

– А… Гэта іншая справа, – адказаў доктар спакойна. – З кім жа?..

– З баронам Кшэшоўскім.

– Добра страляе! – буркнуў доктар. – З-за чаго?

– Штурхануў мяне на скачках.

– На скач… а што ты рабіў на скачках?

– Выстаўляў каня і нават атрымаў прыз.

Шуман стукнуў сябе па патыліцы і раптам падняў павекі Вакульскага ды пачаў пільна вывучаць яго вочы.

– Думаеш, я звар’яцеў? – запытаўся Вакульскі.

– Яшчэ не. Гэта жарт ці сур’ёзна? – удакладніў ён праз момант.

– Зусім сур’ёзна. Не жадаю ніякае згоды і прашу пра самыя жорсткія ўмовы.

Доктар вярнуўся да свайго стала, сеў, абапёр галаву на рукі, падумаў і сказаў:

– Спадніца, так?.. Нават пеўні б’юцца толькі…

– Шуман… сцеражыся!.. – глухім голасам перасцярог яго Вакульскі, выпростваючыся на канапе.

Доктар зноў уважліва на яго паглядзеў.

– Дык вось ужо як... – прамармытаў ён. – Добра. Буду тваім секундантам. Маеш растаўчы галаву, растаўчы пры мне, можа, змагу дапамагчы нечым…

– Прышлю зараз табе Жэцкага, – сказаў Вакульскі, паціскаючы яму руку.

Ад доктара ён пайшоў у сваю краму, хутка перамовіўся з панам Ігнацы, вярнуўся дадому і паклаўся спаць раней за дзясятую. Яго ільвіная натура патрабавала моцных уражанняў, толькі тады яго душа, што пакутавала ад жарсці, знаходзіла раўнавагу.

На другі дзень а пятай пасля абеду Жэцкі з Шуманам ужо ехалі да графа-англічаніна, які быў секундантам Кшэшоўскага. Абодва прыяцелі Вакульскага дарогаю маўчалі, азваўся раз толькі пан Ігнацы:

– І што доктар наконт гэтага?..

– Тое, што ўжо казаў, – буркнуў Шуман. – Набліжаемся да пятае дзеі. Гэта або канец энергічнага чалавека, або пачатак цэлага шэрагу недарэчнасцяў…

– Найгоршых, бо палітычных, – удакладніў Жэцкі.

Доктар паціснуў плячыма і адвярнуўся. Пан Ігнацы з яго вечнаю палітыкаю падаваўся яму невыносным.

Граф-англічанін чакаў іх у таварыстве іншага джэнтльмена, які не адрываў позірку ад аблокаў за акном і праз кожныя некалькі хвілін з цяжкасцю стараўся нібы нешта пракаўтнуць. Выраз твару яго быў няўважлівы, а ў сапраўднасці ён быў адметным чалавекам – паляўнічым на ільвоў і знаўцам егіпецкае старажытнасці.

Сярод кабінета графа-англічаніна стаяў стол, накрыты зялёным сукном, і вакол яго – чатыры крэслы з высокімі спінкамі, на стале ляжалі чатыры аркушы паперы, чатыры алоўкі, два пяры і чарніліца, гэткая вялікая, быццам прызначаная на бясконцыя паседжанні.

Калі ўсе паселі, граф пачаў казаць:

– Калі ласка, панове, – сказаў ён, – барон Кшэшоўскі прызнае, што мог штурхануць пана Вакульскага, бо ён быў усхваляваны, тэк. У выніку чаго, па нашым патрабаванні…

Тут граф зірнуў на свайго таварыша, які з урачыстаю мінаю нешта пракаўтнуў.

– Па нашым патрабаванні, – працягваў граф, – барон гатовы… перапрасіць нават у пісьмовай форме пана Вакульскага, якога мы ўсе шануем, тэк… Што вы наконт гэтага, панове?

– У нас няма паўнамоцтваў рабіць якія б там ні было крокі да замірэння, – адказаў Жэцкі, у якім азваўся былы венгерскі афіцэр.

Вучоны-егіптолаг вырачыў вочы і пракаўтнуў два разы запар.

На твары графа мільганула здзіўленне, але ён адразу ж апанаваў яго і прамовіў сухім і ветлівым тонам:

– У такім выпадку паслухаем, якія будуць умовы.

– Няхай панове маюць ласку іх паведаміць, – сказаў Жэцкі.

– О, вельмі просім паноў, – сказаў граф.

Жэцкі адкашляўся.

– У такім выпадку насмелюся прапанаваць… Праціўнікі становяцца за дваццаць пяць крокаў адзін ад аднаго, робяць па пяць крокаў наперад…

Тэк.

– Пісталеты наразныя з мушкамі… Стрэлы да першае крыві… – скончыў Жэцкі цішэй.

Тэк.

– Час – заўтра раніцай, калі гэта магчыма…

Тэк.

Жэцкі пакланіўся, не падымаючыся з крэсла. Граф узяў аркуш паперы і пры агульным маўчанні напісаў пратакол, які Шуман адразу перапісаў. Абодва дакументы былі падпісаныя, і праз няпоўныя тры чвэрці гадзіны справа вырашаная. Секунданты Вакульскага развіталіся з гаспадаром і яго таварышам, які зноў засяродзіўся на разглядванні аблокаў.

Ужо на вуліцы Жэцкі звярнуўся да Шумана:

– Вельмі прыемныя гэтыя людзі з арыстакратыі…

– Хай іх д’яблы возьмуць!.. Няхай вас усіх д’яблы возьмуць з вашымі бязглуздымі забабонамі!.. – крычаў доктар, махаючы кулаком.

Вечарам пан Ігнацы падрыхтаваў пісталеты і зайшоў да Вакульскага. Той быў адзін і піў гарбату. Жэцкі наліў сабе і сказаў:

– Бачыш, Стасю, гэта людзі з вялікім гонарам. Барон, а ён, як ты ведаеш, вельмі безуважны, гатовы прынесці табе свае прабачэнні…

– Ніякіх прабачэнняў.

Жэцкі змоўк. Ён піў гарбату і паціраў лоб. Пасля доўгае паўзы ён прамовіў:

– Вядома, ты паклапаціўся пра справы… на выпадак…

– Нічога са мною не здарыцца, – гнеўна адказаў Вакульскі.

Пан Ігнацы пасядзеў яшчэ з чвэрць гадзіны моўчкі. Гарбата была нясмачная яму, галава балела. Ён дапіў шклянку, зірнуў на гадзіннік і выйшаў з пакоя прыяцеля са словамі:

– Заўтра выязджаем а палове на сёмую раніцы.

– Добра.

Калі пан Ігнацы пайшоў, Вакульскі сеў да стала, напісаў на аркушы для лістоў некалькі радкоў і паклаў у канверт з адрасам Жэцкага. Здавалася яму, што ён усё яшчэ чуе непрыемны голас барона: “Цешуся, кузінка, што трыумфуюць твае паклоннікі… Прыкра мне толькі, што за мой кошт…”

А куды б ён ні зірнуў, паўсюль бачыў прыгожы твар панны Ізабэлы, пунсовы ад сораму.

У сэрцы яго кіпела глухое шаленства. Ён адчуваў, што рукі яго робяцца як жалезныя брускі, а цела набірае гэткае неверагоднае цвёрдасці, што, хіба, няма такое кулі, якая б не адскочыла ад яго. Мільганула яму ў галаве слова “смерць”, і ён усміхнуўся. Ён ведаў, што смерць не нападае на адважных, яна толькі становіцца насупраць іх, як злы сабака, і глядзіць зялёнымі вачыма: ці не змружаць яны павекі.

У тую ноч, як, зрэшты, і ў кожную іншую, барон гуляў у карты. Марушэвіч таксама быў у клубе і нагадваў яму пра двубой і а першай, і а другой, каб той ішоў спаць, бо раніцаю яго разбудзяць а сёмай. Безуважны барон адказваў: “Зараз! Зараз!..”, але прасядзеў ажно да трэцяе, пакуль адзін з яго партнёраў не заявіў:

– Баста, бароне! Паспі хоць пару гадзін, бо будуць трэсціся рукі і спудлуеш.

Гэтыя словы, а яшчэ больш тое, што партнёры выйшлі з-за століка, ацверазілі барона. Ён вярнуўся з клуба дадому і загадаў свайму камердынеру Канстанты абудзіць яго а сёмай рана.

– Ясны пан, пэўна, робіць нейкае глупства!.. – буркнуў абражаны слуга. – Што яшчэ такое?.. – пытаўся ён, злосна распранаючы барона.

– А, блазан! – абурыўся барон. – Ты мяркуеш, што я буду табе нешта тлумачыць? У мяне двубой, ясна?.. Бо мне гэтак хочацца. А дзясятай раніцы буду страляцца з нейкім шаўцом ці цырульнікам, зразумеў?.. Можа, ты мне забароніш?..

– А няхай ясны пан страляецца нават са старым д’яблам! – адказаў Канстанты. – Толькі хацеў бы я ведаць, хто па вэксалях яснага пана заплаціць? А за кватэру… на гаспадарку?.. З-за таго, што ясны пане кожны квартал мае цікаўнасць да Павонзак, гаспадар насылае на нас натарыусаў, і я баюся, каб нам з голаду не памерці… Добрая служба!..

– Пайшоў прэч!.. – закрычаў барон і, схапіўшы чаравік, шпурнуў яго ў камердынера, які адскочыў. Чаравік трапіў у сцяну і ледзьве не зваліў бронзавую фігурку Сабескага.

Паквітаўшыся з адданым слугою, барон лёг у ложак і задумаўся пра сваё гаротнае становішча.

“Дажыўся! – уздыхаў ён. – Каб мець двубой з купчыкам! Калі я яго падстрэлю, дык буду, як той паляўнічы, што выйшаў на мядзведзя, а забіў селяніну цельную карову. Калі ён мяне падстрэліць, атрымаецца, нібы мяне перацягнуў пугаю фурман брычкі. Калі абодва спудлуем… Не, мусім жа страляцца да крыві. Хай мяне затопчуць, а лепш бы перапрасіць таго асла, нават у канцылярыі натарыуса, апрануўшы на гэту ўрачыстасць фрак і белы гальштук. Ах, подлы ліберальны час!.. Мой бацька загадаў бы гэткага зуха наставіць на розум на сваёй псярні, а я мушу даваць яму сатысфакцыю, нібы сам цынамонам гандлюю… Хай бы ўжо і прыйшла тая дурная сацыяльная рэвалюцыя, якая вынішчыць або нас, або лібералаў…”

Ён пачаў засынаць, і яму мроілася, што Вакульскі яго забіў. Ён бачыў, як ягоны труп два пасыльныя нясуць у кватэру жонкі, як жонка млее і кідаецца яму на акрываўленыя грудзі… Як яна выплачвае ўсе яго даўгі, асігнуе тысячы рублёў на пахаванне і… як ён паўстае з мёртвых ды забірае тыя тысячы рублёў сабе на дробныя выдаткі…

Шчаслівая ўсмешка зайграла на змарнелым твары барона, і ён заснуў, як дзіця.

А сёмай ледзьве дабудзіліся яго Канстанты з Марушэвічам. Барон ніяк не хацеў уставаць, а мармытаў, што лепш няхай яго заб’юць і зняславяць, чым ён падымецца гэтак рана. Толькі від графіна з халоднай вадою вярнуў яго ў прытомнасць. Барон ускочыў з ложка, выцяў Канстанты, насварыўся на Марушэвіча і пакляўся ў душы, што Вакульскага заб’е.

Але калі ўжо апрануты ён выйшаў на вуліцу, дзе было цудоўнае надвор’е, і калі прыйшло яму ў галаву, што бачыць світанак, нянавісць да Вакульскага аслабла, і ён пастанавіў толькі прастрэліць таму нагу.

“Ага!.. – думаў ён. – Стрэлю, а ён будзе кульгаць да канца жыцця і расказваць: гэту смяротную рану я атрымаў у двубоі з баронам Кшэшоўскім!.. Дажыўся… Што яны нарабілі, каханыя мае секунданты?.. Калі ўжо нейкі купчык гвалтам хоча страляць у мяне, дык хай страляе, прынамсі, як я іду на шпацыр, а не на двубоі… Жахлівае становішча!.. Уяўляю сабе, як мая дарагая жонка будзе апавядаць, што я б’юся з купцамі…”

Пад’ехалі каляскі. У адну сеў барон з графам-англічанінам, у другую – маўклівы егіптолаг з пісталетамі і хірургам. Рушылі ў бок Бялянаў, а праз некалькі хвілін паімчаў за імі лёкай барона, Канстанты, у брычцы. Адданы слуга лаяўся на чым свет стаіць і кляўся, што ўдвая заплаціць яму пан за гэту прагулку. Быў ён, аднак, устрывожаны.

У бялянскім ляску барон і трое яго таварышаў знайшлі партыю праціўніка і двума групамі пайшлі на бераг Віслы. Доктар Шуман быў злы, Жэцкі суровы, Вакульскі пахмурны. Барон, паціраючы сваю рэдкую бараду, пазіраў на яго і думаў: “Ён, пэўна, добра харчуецца, гэты купчык. Я ў параўнанні з ім выглядаю, як аўстрыйская цыгара побач з быком. Каб мяне д’яблы забралі, калі я не стрэлю гэтаму блазну ў галаву або… зусім не буду страляць… Гэтак будзе найлепш…”

Але ён зноў прыгадаў, што двубой павінны быць да першае крыві. Тады барон раззлаваўся і канчаткова вырашыў забіць Вакульскага на месцы.

“Раз і назаўсёды адвучыць гэтых лыкаў[137] выклікаць нас,” – казаў сабе барон.

За нейкі дзясятак крокаў ад яго Вакульскі, як маятнік, хадзіў паміж дзвюма хвоямі. Цяпер ён не думаў пра панну Ізабэлу, ён слухаў птушынае шчабятанне, ад якога кіпеў лес, і плюскат Віслы, якая падмывала бераг. На фоне гукаў спакойнага шчасця прыроды дзіўна гучала шчоўканне затвораў пісталетаў ды трэск куркоў. У Вакульскім абудзіўся драпежнік, увесь свет знік з яго вачэй, а застаўся толькі адзін чалавек, барон, труп якога ён меў прывалачы да ног абражанае панны Ізабэлы.

Паставілі іх да бар’ера. Барон быў усё яшчэ заклапочаны, бо не ведаў, што зрабіць з купчыкам, і канчаткова вырашыў прастрэліць яму руку. На твары Вакульскага адбівалася гэткая дзікая заядласць, што здзіўлены граф-англічанін падумаў: “Тут, бадай, не кабыла і не штурханіна на скачках!..”

Егіптолаг, які дагэтуль маўчаў, скамандаваў. Праціўнікі паднялі пісталеты і рушылі. Барон прыцэліўся Вакульскаму ў правую ключыцу і, апускаючы пісталет, далікатна прыціснуў курок. У апошні момант ссунулася яму пенснэ, пісталет схібіў на волас, выстрал – куля праляцела на цалю ад пляча Вакульскага.

Барон прыкрыў твар пісталетам і, гледзячы з-пад яго думаў: “Не трапіць гэты асёл… Мерыцца ў галаву…”

Раптам ён адчуў моцны ўдар у скронь, зашумела яму ў вушах, чорныя птахі паляцелі перад вачыма… Ён выпусціў з рукі зброю і ўкленчыў…

– У галаву!.. – крыкнуў нехта.

Вакульскі кінуў пісталет на зямлю і адышоў ад бар’ера. Усе пабеглі да барона, які стаяў яшчэ на каленях і, замест таго, каб паміраць, пранізліва крычаў:

– Неверагодны выпадак! Маю дзюрку ў твары, зуб выбіты, а кулі не відно… Не праглынуў жа я яе…

Тады егіптолаг падняў і старанна агледзеў пісталет барона.

– А!.. – выгукнуў ён. – Усё ясна… Куля – у пісталет, а затвор – у сківіцу… Пісталет сапсаваны; вельмі цікавы стрэл…

– Ці задаволены пан Вакульскі? – спытаў граф-англічанін.

– Так.

Хірург перавязаў твар барону. З-за дрэваў прыбег спалоханы Канстанты.

– А што?! – гаварыў ён. – Я ж казаў, дайграецца ясны пан.

– Маўчы, блазан!.. – прашапяляў барон. – Едзь зараз жа да пані баранесы і скажы кухарцы, што я цяжка паранены…

– Прашу праціўнікаў падаць адзін аднаму рукі, – урачыста прамовіў граф-англічанін.

Вакульскі падышоў да барона і паціснуў яму руку.

– Добры стрэл, пане Вакульскі, – з цяжкасцю казаў барон, моцна паціскаючы яму руку. – Дзівіць мяне, што чалавек з прафесіяй пана… Але, можа, гэта абражае пана?..

– Зусім не!

– Дык вось, што чалавек з прафесіяй пана, вельмі, зрэшты, шаноўнай, гэтак добра страляе… Дзе маё пенснэ?.. Ах, тут… Пане Вакульскі, прашу на адно слова…

Ён абапёрся на руку Вакульскага і адышоў з ім на некалькі крокаў у бок лесу.

– Я знявечаны, – казаў барон, – выглядаю, як старая малпа з флюсам. Другога скандалу з панам я б не хацеў, бо бачу, што пану шанцуе… Дык скажы мне, пан: за што я, уласна, стаў калекам?.. Хіба не за тое, што штурхануў… – дадаў ён, зазіраючы ў вочы.

– Абразіў пан кабету… – ціха адказаў Вакульскі.

Барон адступіў на крок.

– Ах!.. C’est çа[138], – прамовіў ён. – Разумею… Яшчэ раз перапрашаю пана, а там… ведаю, што мне трэба зрабіць…

– І пан мне прабач, бароне, – адказаў Вакульскі.

– Драбяза… Калі ласка… Нічога, – казаў барон, кранаючы яго за плячо. – Не застануся, хіба, знявечаным, а што да зуба… Дзе мой зуб, доктар?.. Прашу загарнуць яго ў паперку… А што да зуба, дык даўно ўжо трэба было паставіць сабе новыя. Не паверыш, пане Вакульскі, якія ў мяне папсаваныя зубы…

Усе развіталіся цалкам задаволеныя. Барон дзівіўся, дзе чалавек такой прафесіі навучыўся так страляць, граф-англічанін больш, чым калі-небудзь, быў падобны да марыянеткі, а егіптолаг зноў пачаў назіраць за аблокамі. А ў другой партыі – Вакульскі быў задуменны, Жэцкі захоплены адвагаю і ветлівасцю барона, і адзін Шуман быў злосны. Толькі калі карэта з’ехала з горкі пры кляштары камедулаў, доктар зірнуў на Вакульскага і прабубніў:

– Вось быдла! І я на гэтакіх блазнаў не напусціў паліцыю...

Праз тры дні пасля дзіўнага двубою Вакульскі сядзеў, зачыніўшыся ў кабінеце з нейкім панам Вільямам Колінсам. Слуга, які даўно ўжо быў заінтрыгаваны гэтымі канферэнцыямі, што адбываліся па некалькі разоў на тыдзень, выціраў пыл у прылеглым пакоі і час ад часу прыкладаў то вока, то вуха да дзіркі для ключа. Ён бачыў на стале нейкія кніжкі, бачыў, як ягоны гаспадар нешта піша ў сшытку, чуў, як госць задае Вакульскаму нейкія пытанні, на якія той адказвае часам гучна, а часам ціха і нясмела… Але пра што гэтая незвычайная размова, лёкай здагадацца не мог, бо размова адбывалася на чужой мове.

“Дык жа гэта ні па-нямечку, – мармытаў слуга, – бо я ж ведаю, як трэба па-нямечку: bite majn Her… І ні па-францушку, бо яны не кажуць: mąsie, bążur, lendi[139] І ні па-жыдоўшку, і ні па якаму… Дык па якому? Мусіць штары камбінаваць нейкую fain шпекуляцыю, калі гаворыць так, што сам д’ябал яго не ражумее… і шупольніка знайшоў… Каб на яго халера!..”

Раптам празвінеў званок. Пільны слуга на дыбачках адбег ад дзвярэй кабінета, шумна зайшоў у вітальню і праз хвіліну пастукаўся да пана.

– Чаго ты хочаш? – нецярпліва запытаўся Вакульскі, высоўваючы галаву з дзвярэй.

– Прыйшоў той пан, што ўжо ў нас бываў, – адказаў слуга, стараючыся зазірнуць у кабінет. Але апроч сшытка на стале і рудых фаварытаў на твары пана Колінса, не ўбачыў нічога асаблівага.

– Чаму ж ты не сказаў, што мяне няма дома? – гнеўна спытаў Вакульскі.

Жабыўся, – зморшчыў лоб і махнуў рукою слуга.

– Прасі яго, асёл, у пакой, – сказаў Вакульскі і бразнуў дзвярыма кабінету.

Хутка ў пакоі з’явіўся Марушэвіч. Ён і быў збянтэжаны, але яшчэ больш збянтэжыўся, калі ўбачыў, што Вакульскі вітае яго непрыязна.

– Перапрашаю… можа, я перашкаджаю… можа, які важны занятак…

– Абсалютна нічым я ў гэты момант не заняты, – пахмурна адказаў Вакульскі і злёгку пачырванеў.

Марушэвіч заўважыў гэта. Ён быў упэўнены, што ў кватэры або нешта адбываецца, або знаходзіцца кабета. Гэта надало яму адвагі, якую, зрэшты, ён заўсёды меў у дачыненні да людзей, нечым заклапочаных.

– Я толькі хвілінку займу шаноўнаму пану, – ужо смялей казаў мізэрны малады чалавек, ветліва памахваючы кійком і капелюшом.

– Слухаю, – сказаў Вакульскі, імпэтна сеў у фатэль і паказаў госцю на другі.

– Я прыйшоў перапрасіць дарагога пана, – з афектацыяй казаў Марушэвіч, – што не магу быць карысным пану ў справе аўкцыёну дома панства Ленцкіх…

– А пан адкуль ведае пра аўкцыён?.. – не на жарт здзівіўся Вакульскі.

– Не здагадваецца пан? – развязна спытаў прыемны малады чалавек, у якога злёгку торгалася вока з-за таго, што бракавала нахабства. – Не здагадваецца дарагі пан?.. Гэта той пачцівы Шлянгбаўм…

Раптам ён змоўк, нібы заканчэнне фразы захрасла яму ў горле, і рукі – левая з кійком, а правая з капелюшом – апалі на парэнчы фатэлю. Вакульскі нават не варухнуўся, толькі ўтаропіў у яго свой ясны позірк. Цішком ён назіраў за хваляваннем на твары Марушэвіча, быццам паляўнічы, які сочыць, як па нерушы скачуць палахлівыя зайцы. Ён прыглядаўся да маладзёна і думаў:

“Ах, дык гэта якраз той пачцівы католік, якога Шлянгбаўм наймае на аўкцыён за пяцьдзясят рублікаў, але не раіць даваць яму vadium у рукі?.. Ого! І калі браў восемсот рублёў за кабылу Кшэшоўскае, дык быў ён нейкі збянтэжаны… Ага! І навіну пра тое, што я набыў кабылу, ён разнёс… Служыць адразу двум гаспадарам: барону і яго жонцы… Так, але ён зашмат ведае пра мае справы… Шлянгбаўм быў неасцярожны…”

Гэтак разважаў Вакульскі і спакойна глядзеў на Марушэвіча. А мізэрны малады чалавек, да таго ж вельмі нервовы, круціўся пад ягоным позіркам, як галубок перад вачыма змяі-акулярніцы. Спачатку ён трохі збляднеў, потым хацеў зачапіцца позіркам за нейкі нейтральны прадмет, які дарэмна шукаў на столі ды на сценах пакоя, і нарэшце, змакрэлы да халоднага поту, адчуў, як яго блукаючы позірк бяссільна трапляе ва ўладу Вакульскага. Здавалася яму, што пахмурны купец абцугамі схапіў ягоную душу, і ён не можа супраціўляцца. Дык яшчэ разы два крутануў галавою і нарэшце аддана ўтапіўся ў позірку Вакульскага.

– Пане, – прамовіў ён соладка, – я бачу, што мушу гуляць з панам адкрытымі картамі… Дык скажу адразу…

– Няхай пан не турбуецца, пане Марушэвіч. Я ўжо ведаю, што мне трэба ведаць.

– Бо пан дабрадзей пад уплывам ілюзій, выкліканых плёткамі, ужо склаў пра мяне непрыхільнае меркаванне… А я тым часам, слова гонару, маю самыя лепшыя схільнасці…

– Няхай пан будзе ўпэўнены, пане Марушэвіч, што мае меркаванні не грунтуюцца на плётках.

Ён падняўся з фатэля і пачаў глядзець у іншы бок, што дазволіла Марушэвічу крыху ўтаймаваць пачуцці. Малады чалавек хутка развітаўся з Вакульскім, выйшаў з кватэры і паімчаў па сходах, думаючы: “Ну, ці чуў хто?! Нейкі крамнік будзе рабіць на мяне ўражанне! Быў момант, слова гонару, хацелася мне выцяць яго кіем… Дзікун, слова гонару… Гатовы падумаць, што я баюся яго, слова гонару… О, Божа, як цяжка караеш мяне за легкадумнасць!.. Падлюкі-ліхвяры насылаюць на мяне каморніка, праз пару дзён мушу заплаціць ганаровы доўг, а гэты купчык, гэты лайдак!.. Хацеў бы я толькі ведаць, што яму прымроілася, чаго ён навыдумляў пра мяне?.. Нічога ўжо не трэба… Але, слова гонару, ён, мусіць, некага забіў, бо такога позірку не можа мець чалавек прыстойны. Вядома, нядаўна ж ён ледзь не забіў Кшэшоўскага. Ах, нахабнік!.. Ён меў нахабства гэтак глядзець на мяне… на мяне, Богам клянуся!..”

Нягледзячы на гэта, назаўтра ён зноў прыехаў з візітам да Вакульскага, а калі не заспеў яго дома, дык загадаў рамізніку ехаць да крамы.

У краме яго прывітаў пан Ігнацы, які гэтак шырока раскінуў перад ім рукі, нібы ўсю краму прапаноўваў яму. Але ўнутраны голас падказваў старому крамніку, што гэты госць не купіць нічога, што каштавала б даражэй за пяць рублёў, і хто ведае, ці не загадае запісаць сабе на рахунак.

– Пан Вакульскі?.. – спытаў Марушэвіч, не здымаючы капелюша.

– Хутка будзе, – адказаў пан Ігнацы з нізкім паклонам.

– Што значыць хутка?..

– Сама позна праз чвэрць гадзіны, – адказаў Жэцкі.

– Я пачакаю. Загадай, пан, вынесці рубель рамізніку, – казаў малады чалавек, лена падаючы на крэсла. Ногі, сапраўды, не трымалі яго ад хвалявання, што стары крамнік можа не загадаць вынесці рубель рамізніку. Але Жэцкі распараджэнне выканаў, хоць кланяцца ўжо госцю перастаў.

Праз некалькі хвілін увайшоў Вакульскі.

Марушэвіч, убачыўшы ненавісную фігуру купчыка, зазнаў гэткія супярэчлівыя пачуцці, што не толькі забыўся, што казаць, але нават пра што думаць. У памяці засталося толькі, што Вакульскі завёў яго ў кабінет у глыбіні крамы, дзе стаяла жалезная каса, і ён не мог зразумець, чаго больш адчувае пры выглядзе Вакульскага: знявагі або пагарды. Пазней ён прыгадаў, што стараўся схаваць гэтае ўражанне за вытанчанай ветлівасцю, якая нават у яго ўласных вачах выглядала прыніжанасцю.

– Да паслугаў пана, – сказаў Вакульскі, калі яны селі.

Марушэвіч не змог заўважыць моманту гэтага перамяшчэння ў прасторы, але ён пачаў гаварыць, злёгку запінаючыся:

– Я хацеў бы шаноўнаму пану даць довад зычлівасці… Пані баранеса Кшэшоўская, як пан ведае, хоча купіць дом панства Ленцкіх… Дык вось, яе муж, барон, наклаў вета на пэўную частку яе сродкаў, без якіх пакупка не можа адбыцца… Вось… сёння… барон часова мае дробныя клопаты… Не стае яму… не стае яму тысячы рублёў… хацеў бы пазычыць… бо… бо, разумее пан, не зможа энергічна супрацьстаяць волі жонкі…

Марушэвіч выцер з ілба пот, убачыўшы, што Вакульскі зноў пачаў дапытліва глядзець на яго.

– Дык гэта барону патрэбныя грошы?

– Так, – хутка адказаў малады чалавек.

– Тысячу рублёў я не дам, хіба, трыста… чатырыста… І распіску мне ад барона.

– Чатырыста, – міжвольна паўтарыў малады чалавек і таропка дадаў: – Праз гадзіну прывязу распіску ад барона… Пан тут будзе?

– Буду.

Марушэвіч выйшаў з кабінета і праз гадзіну, сапраўды, вярнуўся з распіскаю ад барона Кшэшоўскага. Вакульскі прачытаў дакумент, паклаў яго ў касу і ўзамен даў Марушэвічу чатырыста рублёў.

– Барон пастараецца як мага хутчэй… – мармытаў Марушэвіч.

– Нічога пільнага, – адказаў Вакульскі. – Падобна, барон хворы?

– Так… крыху… Заўтра або паслязаўтра выязджае… Верне як мага хутчэй…

Вакульскі развітаўся з ім нядбалым рухам галавы.

Малады чалавек хутка выскачыў з крамы, нават забыў аддаць Жэцкаму рубель, які пазычыў на рамізніка. На вуліцы ён з палёгкаю ўздыхнуў, і ў галаве яго закруціліся думкі: “Ах, паганы купчык!.. Хапіла нахабства даць мне чатырыста рублёў замест тысячы… Божа, як сурова караеш мяне за легкадумнасць… Каб мне толькі адыграцца, слова гонару, шпурну яму гэтыя чатырыста ды тыя дзвесце… Божа, як нізка я ўпаў…”

Прыгадаліся яму кельнеры ў рэстаранах, маркеры пры більярдзе і швейцары ў гатэлях, у якіх ён таксама рознымі спосабамі здабываў грошы. Але аніводзін з іх не падаваўся яму гэткім ненавісным і вартым пагарды, як Вакульскі.

“Слова гонару, – думаў ён, – я сам улез яму ў брыдкія лапы… Божа, як караеш мяне за легкадумнасць…”

А Вакульскі, калі Марушэвіч пайшоў, быў задаволены.

“Здаецца мне, – думаў ён, – што гэта махляр, якіх пашукаць, і які выкрутлівы. Хацеў атрымаць у мяне пасаду, але сам яе знайшоў: сочыць за мною і даносіць, каму трэба. Мог бы нарабіць мне клопатаў, каб не гэтыя чатырыста рублёў, якія ён узяў, я ўпэўнены, па фальшывай распісцы. Кшэшоўскі пры ўсіх сваіх дзівацтвах ды лайдацтве чалавек сумленны… (Ці лайдак можа быць сумленным?..) У кожным разе, не стаў бы ён пазычаць у мяне грошы на свае справы ці з-за капрызаў жонкі…”

Яму стала прыкра, ён апусціў галаву на рукі і з заплюшчанымі вачыма маракаваў: “Што ж я раблю?.. Свядома дапамагаю махляру красці. Каб я сёння памёр, дык грошы тыя мусіў бы вярнуць Кшэшоўскі… Не, гэта Марушэвіч пайшоў бы ў астрог… Ну, гэтага яму не мінуць…”

Хутка агарнуў яго яшчэ горшы песімізм.

“Чатыры дні таму я ледзь не забіў чалавека, сёння іншаму збудаваў мост у вязніцу і ўсё гэта дзеля яе за адно merci… Ну, дзеля яе таксама я зарабіў маёнтак, даю працу сотням людзей, памнажаю багацце краю… Чым жа я быў бы без яе? Дробным галантарэйным купцом. А сёння гаворыць пра мяне ўся Варшава. Анягож!.. Кавалак вугалю рухае карабель, які нясе сотні людзей, а каханне рухае мною. А калі яно спаліць мяне, што застанецца толькі жменя попелу?.. О Божа, які нэндзны гэты свет… Мае рацыю Ахоцкі. Кабета – паганая жывёліна: бавіцца тым, чаго нават зразумець не можа…”

Ён быў гэтак паглыблены ў сваю балесную медытацыю, што не пачуў, як адчыніліся дзверы ў пакой і пачуліся хуткія крокі. Апрытомнеў ён толькі ад дотыку чыёйсьці рукі. Павярнуў галаву і ўбачыў мецэната з вялікай папкаю пад пахаю ды змрочным выразам на твары.

Вакульскі ўскочыў, збянтэжаны, пасадзіў госця ў фатэль, а славуты адвакат абапёрся на стол і, хутка паціраючы сабе карак, прамовіў прыцішаным голасам:

– Пане… пане… пане Вакульскі! Каханы пане Станіславе!.. Што ты… што ты творыш, пан дабрадзей?.. Пратэстую… пярэчу… складаю апеляцыю на вяльможнага пана Вакульскага, легкадумнага пана Станіслава, які з хлопца на пабягушках стаў вучоным і меўся рэфармаваць нам замежны гандаль. Пане… пане Станіславе – гэтак няможна!

Кажучы гэта, ён цёр сабе карак і моршчыўся, нібы наеўся хініну.

Вакульскі апусціў вочы і маўчаў, адвакат казаў далей:

– Дарагі пане, адным словам, кепска. Граф Саноцкі, памятае яго пан, той прыхільнік ашчаджаць кожны грош, хоча зусім выйсці з суполкі. А ведае пан, чаму? З дзвюх прычын: найперш з-за таго, што бавішся, пан, скачкамі, ды яшчэ і абходзіш яго. Разам з панскаю кабылаю скакаў і яго конь ды прайграў. Граф вельмі раззлаваны і бурчыць: “Якога д’ябла мне траціць грошы? Каб даваць купцам магчымасць спаборнічаць са мною і хапаць узнагароды ў мяне з-пад носу?..”

– Дарэмна я пераконваў яго, – працягваў адвакат пасля кароткае паўзы, – што скачкі таксама з’яўляюцца гэткім жа добрым інтарэсам, як і кожны іншы, а нават яшчэ лепшым, бо за некалькі дзён на васьмістах рублях зарабіў пан трыста, але граф адразу заткнуў мне рот:

“Вакульскі, – сказаў ён, – усю выйграную за каня суму аддаў дамам на прытулак, і, апроч таго, Бог ведае, колькі ён заплаціў Юнгу ды Мілеру…”

– Дык мне нават гэтага рабіць нельга! – не стрымаўся Вакульскі.

– Можна, пане, можна, – соладка дазволіў славуты адвакат. – Можна рабіць, але калі пан гэта робіць, дык толькі паўтарае чужыя грахі, якія, зрэшты, іншыя ўмеюць рабіць значна лепш. Але ні я, ні князь, ні тыя графы не дзеля таго зблізіліся з панам, каб слухаць старыя казкі, а дзеля таго, каб ты паказаў нам новыя шляхі.

– Дык няхай выходзяць з суполкі, – буркнуў Вакульскі, – я іх не цягну…

– І выйдуць, – сказаў адвакат, махаючы рукою, – зрабі, пан, яшчэ хоць адну памылку…

– Нібы я іх гэтак шмат нарабіў!..

– Не, пан – проста цуд, – злаваўся адвакат. – А хоць ведае пан, што казаў граф Ліціньскі, той нібы-англічанін, той “тэк”?.. Ён казаў: “Вакульскі – гэта гатовы джэнтльмен, страляе як Німрод[140], але які з яго кіраўнік купецкае справы? Бо сёння ён кіне мільёны ў прадпрыемства, а заўтра выкліча некага на двубой і паставіць усё пад удар…”

Вакульскі аж адсунуўся разам з фатэлем. Гэты папрок нават не прыходзіў яму ў галаву. Мецэнат, заўважыўшы такое ўражанне, вырашыў каваць жалеза, пакуль гарачае.

– Дык калі не жадаеш, каханы пане Станіславе, сапсаваць гэтак добра пачатую справу, спыніся. А перадусім не купляй камяніцу Ленцкіх. Бо калі ўкладзеш у яе дзевяноста тысяч рублёў, даруй, але суполка развеецца, як дым з люлькі. Людзі, як пабачаць, што ты змяшчаеш столькі грошай пад шэсць або сем працэнтаў, страцяць веру ў тыя працэнты, якія ты ім абяцаў, а нават… Разумееш?.. Яны гатовыя падазраваць…

Вакульскі ўскочыў.

– Не жадаю я ніякіх суполак!.. – крыкнуў ён. – Не жадаю нічые ласкі, хутчэй, гэта я сам раблю яе іншым. Хто мне не давярае, няхай праверыць усё… няхай пераканаецца, што не было ніякае містыфікацыі, але – не будзе ўжо ён маім супольнікам. Графы і князі не маюць манаполіі на фантазію… У мяне свае фантазіі, і мне не падабаецца, каб мне заміналі…

– Паволі… паволі… супакойся, каханы пане Станіславе, – улагоджваў яго адвакат, усаджваючы назад у фатэль. – Дык не адмаўляешся ад пакупкі?..

– Не. Тая камяніца больш для мяне значыць, чым суполка з панамі ўсяго свету.

– Добра, добра… Дык, можа б, на нейкі час падставіў замест сябе некага. У скрайнім выпадку, нават я гатовы пазычыць табе імя, а пра забеспячэнне ўласнасці не трэба клапаціцца. Галоўнае, не адштурхнуць людзей, якія ўжо ёсць. Арыстакратыя, калі рассмакуе публічныя справы, можа, уцягнецца, а праз год, праз палову года станеш, пан, і намінальным гаспадаром камяніцы. Што, згода?

– Няхай так, – згадзіўся Вакульскі.

– Так, – пацвердзіў адвакат, – так будзе лепш. Каб пан сам купіў той дом, дык апынуўся б у фальшывым становішчы нават у адносінах да панства Ленцкіх. Нам звычайна не падабаюцца тыя, каму дастаецца нешта пасля нас, гэта адно. А другое – хто дасць гарантыю, што не пачалі б у іх галовах ўяўляцца розныя камбінацыі?.. Пачнуць думаць: купіў ён задорага або затанна?.. Калі задорага, дык як смее рабіць нам ласку, а калі затанна, дык тады – нажываецца на нас…

Апошніх слоў адваката Вакульскі амаль не чуў, захоплены ўжо ўласнымі думкамі, якія апанавалі яго яшчэ мацней, калі госць выйшаў.

“Дык, – казаў ён сабе, – адвакат мае рацыю. Людзі пра мяне гавораць і нават асуджаюць, але робяць гэта ў мяне за спінаю, таму я нічога не ведаю. Да сённяшняга дня я не зважаў на некаторыя акалічнасці. Ужо з тыдзень купцы, з якімі ў мяне справы, маюць кіслыя міны, а праціўнікі трыумфуюць. У краме таксама нешта дзеецца… Ігнацы ходзіць маркотны, Шлянгбаўм задуменны. Лісецкі стаў яшчэ больш бурклівы, чым раней, нібы дапускае, што я хутка згарну інтарэс. У Клейна засмучаны від (сацыяліста злуюць скачкі і двубоі), а франт Зэмба ўжо пачынае круціцца каля Шлянгбаўма… Можа, ён чуе ў ім будучага гаспадара крамы?.. Ах, даражэнькія вы мае!..”

Ён выйшаў з кабінета і кіўком паклікаў Жэцкага за сабою. Стары крамнік, сапраўды, быў не падобны да сябе і не глядзеў свайму кіраўніку ў вочы.

Вакульскі паказаў яму на крэсла, а сам пару раз прайшоўся па цесным пакоі і запытаўся:

– Стары!.. Скажы праўду, што пра мяне гавораць?

Жэцкі развёў рукі.

– Ах, Божа, што гавораць…

– Кажы як ёсць, – заахвочваў яго Вакульскі.

– Як ёсць?.. Добра. Адны кажуць, што пачынаеш вар’яцець…

– Брава!..

– Іншыя, што… рыхтуеш нейкую авантуру…

– А каб іх…

– А ўсе разам, што збанкрутуеш, і вельмі хутка.

– Каб іх яшчэ раз… – паўтарыў Вакульскі. – А ты, Ігнацы, сам што думаеш?

– Я думаю, – без вагання адказаў той, – што ўлез ты ў нейкую магутную авантуру… з якое цэлым не выйдзеш… Хіба, калі адступіш своечасова, на што, зрэшты, павінна хапіць табе розуму…

Вакульскі выбухнуў гневам.

– Не адступлю! – выгукнуў ён. – Чалавек, які пакутуе ад смагі, не адступіць ад крыніцы. Калі маю загінуць, дык загіну, але нап’юся… Чаго вы хочаце ад мяне?.. Змалку жыў, як птах у сілках: у слугах, у турмах, а хоць бы і ў тым няшчасным шлюбе, у які прадаўся… А сёння, калі выраслі ў мяне крылы, гергечаце на мяне, як хатнія гусі на дзікага, які рвецца ляцець… Што мне нейкая там крама або суполка!.. Я хачу жыць так, як хачу…

У гэты момант нехта пастукаўся ў дзверы кабінета. Увайшоў Мікалай, слуга Ленцкага, з лістом. Вакульскі ліхаманкава схапіў ліст, разарваў канверт і прачытаў:

“Шаноўны Пане! Дачка мая абавязкова жадае бліжэй пазнаёміцца з Панам. Воля кабеты святая, дык я прашу Пана заўтра да нас на абед (а шостай), і нават не спрабуй, Пан, шукаць адгаворак. Прашу прыняць запэўніванні ў шанаванні.

Т. Ленцкі”.

Вакульскі адчуў такую слабасць, што мусіў сесці. Прачытаў ліст другі, трэці, чацвёрты раз… Нарэшце ён апрытомнеў і адпісаў пану Ленцкаму, а Мікалаю даў пяць рублёў.

Пан Ігнацы тым часам на пару хвілін выбег у краму і вярнуўся да Вакульскага, калі Мікалай ужо выйшаў на вуліцу. У працяг папярэдняй размовы ён сказаў:

– Заўсёды, аднак, каханы Стаху, трэба добра агледзецца, што да чаго, дык, можа, і сам адступіш…

Вакульскі, ціха пасвістваючы, насунуў капялюш і, абапёршыся на плячо старога прыяцеля, адказаў яму:

– Паслухай. Каб мне зямля разышлася пад нагамі… разумееш?.. Каб мне неба мела зваліцца на галаву, я не адступлю, разумееш?.. За такое шчасце аддам жыццё…

– За якое шчасце?.. – спытаў Ігнацы.

Але Вакульскі ўжо выйшаў праз тыльныя дзверы.


Загрузка...