Ад Вялікадня панна Ізабэла часта думала пра Вакульскага, і ва ўсіх гэтых роздумах дзівіла яе пэўная акалічнасць: чалавек гэты бачыўся ёй штораз іначай.
Панна Ізабэла мела шматлікія знаёмствы і добра ўмела даваць характарыстыкі людзям. Дык вось, да гэтае пары кожны з яе знаёмых меў нейкую ўласцівасць, якая дазваляла сцісла ахарактарызаваць яго адным словам. Князь быў патрыётам, яго адвакат – спрытнюгам, граф Ліціньскі ўдаваў з сябе англічаніна, яе цётка была ганарыстай, старшынёва – добрай, Ахоцкі – дзіваком, а Кшэшоўскі – карцёжнікам. Словам, кожны чалавек – нейкая вартасць або недахоп, часам заслуга, часцей, тытул або маёнтак – з галавой, рукамі, нагамі і апрануты больш ці менш модна.
Толькі ў Вакульскім сутыкнулася яна не проста з новаю асобаю, а з невядомаю з’яваю. Немагчыма было вызначыць яго адным словам і нават сотняю сказаў. Быў ён не падобны ні да каго, а калі, наогул, і можна было яго з чымсьці параўнаць, дык, хіба, з нейкім краем, які не праедзеш за дзень, дзе ёсць раўніны і горы, лясы і лугі, воды і пустыні, вёскі і гарады. І дзе з туману на самым небакраі выступаюць яшчэ нейкія няясныя перспектывы, не падобныя ўжо ні да адной з вядомых рэчаў. Яна неўразумела задавалася пытаннем: ці гэта толькі гульня ўзрушанае фантазіі, ці, сапраўды, гэта істота звышчалавечая, прынамсі, пазасалонная?
Тады яна пачала парадкаваць свае ўражанні.
Першы раз яна зусім яго не бачыла, адчувала толькі набліжэнне нейкага вялізнага ценю.
Быў нехта, які кінуў некалькі тысяч рублёў на дабрачыннасць і на прытулак яе цёткі, потым нехта гуляў з яе бацькам у карты ў рэсурсе і кожны дзень прайграваў, потым быў нехта, які выкупіў вэксалі яе бацькі (можа, гэта не Вакульскі?..), пасля – яе сервіз, а потым даставіў розныя рэчы на ўпрыгожанне Труны Гасподняе.
Тым некім быў зухаваты нуварыш, які ўжо год як не спускаў з яе вачэй у тэатрах і на канцэртах. Быў гэта цынічны дзікун, які дарабіўся маёнтку на сумнеўных спекуляцыях з мэтаю купіць сабе рэпутацыю ў людзей, а яе, панну Ізабэлу Ленцкую – у яе бацькі!..
З тае пары яна памятала толькі ягоную груба высечаную фігуру, чырвоныя рукі і шорсткае абыходжанне, якое ў параўнанні з ветлівасцю іншых купцоў выглядала нязносным, а на фоне веераў, сакваяжаў, парасонаў, кійкоў ды іншае галантарэі – проста смешным. Гэта быў хітры і нахабны купчык, які ў сваёй краме рабіў выгляд міністра ў адстаўцы. Быў ён гнюсны, нават да смерці ненавісны, бо наважыўся дапамагаць ім: купіў сервіз і прайграваў у карты бацьку.
Яшчэ сёння, думаючы пра гэта, панна Ізабэла пачынала драпаць і камячыць на сабе сукенку. Часам яна кідалася на шэзлонг, біла па ім кулакамі і шаптала:
– Нікчэмнік!.. Нікчэмнік!..
Ужо адна перспектыва той нядолі, у якую занепадала іх сям’я, выклікала роспач. А што казаць, калі нехта ўлез за заслону яе самых патаемных сакрэтаў і насмельваўся бінтаваць яе раны, якія яна хацела б схаваць ад самога Бога. Яна ўсё магла прабачыць, апроч гэтага ўдару, які атрымала па сваім гонары.
Тут дэкарацыі раптам змяніліся. Выступіў іншы чалавек, які без ценю сумневаў заявіў ёй, што купіў іх сервіз, каб зарабіць на ім. Значыць, ён адчуваў, што раны панны Ізабэлы Ленцкай гаіць нельга, а каб ён нават гэта і зрабіў, дык не толькі не шукаў бы розгаласу або ўдзячнасці, але не наважыўся б і думаць пра гэта.
Той самы чалавек выгнаў з крамы Мрачэўскага, які меў нахабства без пашаны пра яе выказацца. Дарэмна ворагі панны Ізабэлы – барон і баранеса Кшэшоўскія – заступаліся за гэтага маладзёна, дарэмна закінула за яго слова цётка-графіня, якая мала калі дзякавала і яшчэ менш калі прасіла. Вакульскі не саступіў… Але адно слова яе, панны Ізабэлы, перамагло непераадольнага чалавека, ён не толькі адступіў ад свайго рашэння, але нават даў Мрачэўскаму лепшую пасаду. Не робіцца гэтакіх саступак кабеце, якую не шануюць.
Шкада толькі, што амаль адразу ж у яе паклонніку азваўся сапраўдны нуварыш, які кінуў на квесце цэлы скрутак паўімперыялаў. Ах, як гэта было па-купецку!.. І як ён ані слова не разумее па-англійску, нават уяўлення не мае пра мову, гэтак модную цяпер!..
Трэцяя фаза. Яна пабачыла Вакульскага ў салоне цёткі на першы дзень Вялікадня і заўважыла, што ён на галаву вышэйшы за ўсіх у таварыстве. Арыстакраты самі імкнуліся пазнаёміцца з ім, а ён, гэты брутальны нуварыш, адрозніваўся ад іх, як агонь ад дыму. Хадзіў ён там нязграбна, але ўпэўнена, нібы салон быў яго неаспрэчнаю ўласнасцю, і са змрочным выглядам слухаў кампліменты, якія гучалі з усіх бакоў. Потым паклікала яго да сябе самая важная з матрон, старшынёва, і праз некалькі хвілін размовы горка заплакала… Няўжо гэты нуварыш з чырвонымі рукамі?
Раптам панна Ізабэла зразумела, што Вакульскі мае незвычайны твар. Рысы выразныя і дакладныя, кароткія валасы натапыраныя нібы ад гневу, невялікія вусы і бародка, манументальная фігура, позірк ясны і праніклівы… Каб гэты чалавек замест крамы меў зямельную ўласнасць – быў бы вельмі прывабным, каб нарадзіўся князем – быў бы велічна прыўкрасным. Ва ўсякім разе, нагадваў бы Тросці, палкоўніка стральцоў, і, сапраўды, скульптуру гладыятара-пераможцы.
Тым часам ад панны Ізабэлы аддаліліся амаль усе.
Праўда, старыя паны яшчэ засыпалі яе кампліментамі пра яе прыгажосць і элегантнасць, затое маладыя, асабліва тытулаваныя ды заможныя, ставіліся да яе з прахалодаю і стрымана, а калі яна, стомленая ад адзіноты і банальнасцяў, крыху жывей да некага з іх азывалася, дык той пазіраў на яе з яўным страхам, нібыта баяўся, што яна схопіць яго за карак і зараз жа пацягне да алтара.
Салоннае жыццё панна Ізабэла любіла да смерці, сысці з яго магла толькі ў магілу, але з кожным годам, а нават месяцам, яна ўсё больш пачынала пагарджаць людзьмі, бо не разумела, як кабету гэткае прыгажосці, дабрыні і выхавання свет пакідаў толькі з-за таго, што яна засталася без грошай!..
“Што за людзі, Божа міласэрны!..” – шаптала яна не раз, пазіраючы з-за фіранак на каляскі фарсуноў, якія, праязджаючы, старанна адварочвалі галовы ад яе вокнаў, каб не кланяцца. Няўжо яны мяркуюць, што яна глядзіць на іх?..
Але, сапраўды, яна глядзела на іх!
Тады гарачыя слёзы набягалі ёй на вочы, яна кусала ад злосці прыгожыя вусны і аж рвала шнуркі, засланяючы вокны фіранкамі.
“Што за людзі!.. Што за людзі!..” – паўтарала яна, саромеючыся сама перад сабою ўжыць у дачыненні да іх нейкі больш востры эпітэт, бо яны ж належалі да свету. Нікчэмнікам, паводле яе ўяўлення, можна было назваць толькі Вакульскага.
У давяршэнне здзеку, з усяе колішняе фалангі лёс пакінуў ёй толькі двух прыхільнікаў. Наконт Ахоцкага ў яе не было ілюзій, бо ён больш займаўся нейкаю лятальнаю махінай (што за трызненне!), чым ёю. Затое заставаліся пры ёй, зрэшты, не надта набіваючыся, маршалак і барон. Гледзячы на маршалка, яна згадвала асмаленага кныра, якога ёй здаралася бачыць у мясных фургонах на вуліцы. А барон здаваўся ёй падобным да нядубленай скуры, цэлыя стосы якіх можна было бачыць на вазах. Абодва яны складалі на сёння адзінае яе атачэнне, нават яе крылы, калі яна была, як казалі, анёлам!.. Жахлівая камбінацыя гэтых двух старцаў пераследавала панну Ізабэлу і ўдзень, і ўночы. Часам ёй здавалася, што яна загінула і пры жыцці ўжо зазнала пекла.
У гэткія хвіліны як тапелец, які скіроўвае свой позірк да святла на далёкім беразе, панна Ізабэла думала пра Вакульскага. І ў бязмежжы горычы ёй рабілася крыху лягчэй, бо яна ведала, што шалее за ёю, аднак, чалавек незвычайны, пра якога было шмат размоваў у таварыстве. Тады прыгадваліся ёй знакамітыя падарожнікі або разбагацелыя амерыканскія прамыслоўцы, што доўгія гады цяжка працавалі ў шахтах і якіх ёй паказвалі здалёк у парыжскіх салонах.
“Бачыць пані таго, – шчабятала якая-небудзь графінька, нядаўна выпушчаная з кляштара, схіляючы веер у пэўным кірунку, – бачыць пані таго пана, які выглядае, як фурман омнібуса? Гэта, падобна, нейкі вялікі чалавек, які нешта адкрыў, толькі я не ведаю што: залатую жылу ці Паўночны полюс… Нават не памятаю, як яго імя, але мяне запэўніваў адзін маркіз з акадэміі, што гэты пан жыў дзесяць гадоў на полюсе… Не! Ён жыў пад зямлёю… Страшны чалавек!.. Я б на ягоным месцы памерла ад жаху… І пані таксама памерла б?”
Каб Вакульскі быў гэткім падарожнікам ці хоць гарняком, які зарабіў свае мільёны, пражыўшы дзесяць гадоў пад зямлёю! А ён быў толькі купцом, у дадатак – галантарэйным!.. Не разумеў нават па-англійску, увесь час выяўляўся ў ім нуварыш, які ў маладосці прыслужваў гасцям у рэстаране. Гэткі чалавек, самае большае, мог быць добрым дарадцам, нават бясцэнным прыяцелем (у кабінеце, калі няма гасцей). Нават… мужам, бо здараюцца з людзьмі страшныя няшчасці. Але каханкам… Ну, гэта было б проста смешна… Калі трэба, дык самыя арыстакратычныя дамы купаюцца ў гразевых ваннах, але бавіцца ў гразі мог бы толькі вар’ят.
Чацвёртая фаза. Панна Ізабэла некалькі разоў спаткала Вакульскага ў Лазенках і нават зрабіла ласку адказаць на яго паклоны. Паміж зялёных дрэў і побач са скульптурамі гэты дзікун зноў выглядаў іначай, чым за прылаўкам крамы. Каб жа ён валодаў кавалкам зямлі з паркам, палацам, сажалкаю!.. Нуварыш, праўда, але, падобна, шляхціц, пляменнік афіцэра… Побач з маршалкам ды баронам выглядае як Апалон. Арыстакратыя ўсё больш гаворыць пра яго, а тыя раптоўныя слёзы старшынёвае?..
Апроч таго, старшынёва яўна прадэманстравала сваю прыхільнасць да Вакульскага перад сваёй прыяцелькаю графіняю і яе пляменніцаю, паннаю Ізабэлаю. Доўгія шпацыры з цёткаю па Лазенках былі гэткія нудныя, а гамонка пра моду, прытулкі і праекты свецкіх шлюбаў гэтак надакучыла, што панна Ізабэла нават крыху шкадавала, што Вакульскі не падыдзе і чвэрць гадзінкі не паразмаўляе з імі. Велікасвецкай асобе цікава паразмаўляць з гэткімі людзьмі. Панне Ізабэле падаваліся забаўнымі, напрыклад, сяляне, бо ў іх была своеасаблівая мова і логіка.
Хоць… галантарэйны купец, які, да таго ж, ездзіць ва ўласнай калясцы, можа і не быць гэткім забаўным, як селянін…
Як бы там ні было, а для панны Ізабэлы не стала прыкраю неспадзяванкаю, калі яна пачула пэўнага дня ад старшынёвай, што тая едзе з ёю і з цёткаю ў Лазенкі і што не праміне там Вакульскага.
– Мы нудзімся, дык няхай ён нас забавіць, – сказала старая.
А калі а першай яны ўязджалі ў парк, старшынёва з асабліваю ўсмешкаю звярнулася да панны Ізабэлы:
– Маю прадчуванне, што недзе тут мы яго спаткаем…
Панна Ізабэла паружавела і пастанавіла зусім не размаўляць з Вакульскім, а, прынамсі, глядзець да яго звысоку, каб ён нічога не нафантазіраваў. Пра каханне, вядома, у гэтым “фантазіраванні” не магло быць і згадкі. Панна Ізабэла, аднак, не жадала нават сяброўскае зычлівасці.
“І агонь бывае прыемны, асабліва зімою, – думала яна, – але… на адлегласці”.
А Вакульскага ў Лазенках тым часам не было.
“Як, ён не чакаў? – задавалася пытаннем Ізабэла. – Хіба, захварэў…”
Яна не дапускала думкі, каб Вакульскі меў нейкую больш пільную справу, чым пабачыцца з ёю. На выпадак яго спазнення яна вырашыла не толькі паставіцца да яго высакамерна, але нават паказаць яму сваё незадавальненне.
“Калі пунктуальнасць, – думала яна, – з’яўляецца ветлівасцю каралёў, дык ужо для купцоў яна павінна быць абавязкам!..”
Прайшла палова гадзіны, гадзіна, дзве – трэба было ўжо вяртацца дадому, а Вакульскі не прыходзіў. Нарэшце пані селі ў карэту: графіня абыякавая, як заўсёды, старшынёва крыху расхваляваная, а панна Ізабэла разгневаная. Яе абурэнне не зменшылася, калі ўвечары бацька сказаў ёй, што пасля полудня ён быў на сесіі ў князя, дзе Вакульскі прадставіў праект грандыёзнае гандлёвае суполкі і выклікаў сапраўднае захапленне ў знуджаных магнатаў.
– Я даўно прадчуваў, – завяршыў пан Ленцкі, – што з дапамогаю гэтага чалавека вызвалюся ад сямейнае апекі і зноў стану тым, кім мушу быць!
– Але на суполку, тата, патрэбныя грошы, – заўважыла панна Ізабэла, злёгку паціскаючы плячыма.
– Таму якраз я і дазваляю прадаць нашу камяніцу. Праўда, даўгі забяруць шэсцьдзясят тысяч, але застанецца яшчэ, сама мала – сорак.
– Цётка казала, што за камяніцу ніхто не даць больш за шэсцьдзясят…
– Ах, цётка!.. – абурыўся пан Тамаш. – Яна заўжды кажа так, каб напалохаць мяне або прынізіць. Шэсцьдзясят тысяч дае Кшэшоўская, якая ўтапіла б нас у лыжцы вады… мяшчанка!.. Але, вядома, цётка ёй падтаквае, бо тут ідзе пра мой дом, пра маё становішча…
Ён пачырванеў і засоп, але, не жадаючы гневацца пры дачцэ, пацалаваў яе ў лоб і пайшоў у свой кабінет.
“А можа, бацька мае рацыю?.. – думала панна Ізабэла. – Можа, ён сапраўды больш практычны за ўсіх тых, хто гэтак сувора яго асуджае? Бацька ж якраз першы і разгледзеў гэтага… Вакульскага… Але які нахабнік гэты чалавек! Не прыйшоў у Лазенкі, хоць старшынёва, дакладна, мусіла яго ангажаваць. Зрэшты, можа гэта і лепш: як бы мы выглядалі, каб нехта са знаёмых спаткаў нас на шпацыры з галантарэйным купцом!”
Некалькі дзён панна Ізабэла з усіх бакоў чула пра Вакульскага. У салонах з языка не сыходзіла яго прозвішча. Маршалак прысягаў, што Вакульскі мусіць паходзіць са старажытнага роду, а барон, знаўца мужчынскае прыгажосці (сам ён па паўдня праводзіў каля люстэрка), сцвярджаў, што Вакульскі “зусім… зусім…” Граф Саноцкі гатовы быў пайсці ў заклад, што гэта першы разумны чалавек у краі, граф Ліціньскі абвяшчаў, што гэты купец належыць да тыпу англійскіх прамыслоўцаў, а князь толькі паціраў рукі ды ўсміхаўся, кажучы: “Ага!”.
Нават Ахоцкі, калі наведаў днямі панну Ізабэлу, расказаў ёй, што яны з Вакульскім былі на шпацыры ў Лазенках.
– Пра што ж вы размаўлялі?.. – запыталася яна здзіўлена. – Не пра лятальныя ж машыны…
– А! – задуменна прамовіў кузін. – Вакульскі, хіба, адзіны чалавек у Варшаве, з якім можна пра гэта паразмаўляць. Вось цікава…
“Адзіны разумны… адзіны купец… адзіны, які можа пагутарыць з Ахоцкім? – думала панна Ізабэла. – Што ж гэта за чалавек насамрэч? Ах! Я ведаю…”
Ёй здавалася, што яна разгадала Вакульскага. Гэта амбітны спекулянт, які, жадаючы ўбіцца ў салоны, задумаў ажаніцца з ёю, збяднелаю паннаю знакамітага роду. Не было ў яго іншае мэты, калі ён стараўся спадабацца яе бацьку, графіні-цётцы і ўсёй арыстакратыі. А варта было яму пераканацца, што і без яе ўціснецца ён да вялікіх паноў, дык раптам астыла ягонае каханне і… нават не прыйшоў у Лазенкі!
“Яго можна павіншаваць, – казала яна сама сабе. – Мае ўсе якасці, патрэбныя для кар’еры: нябрыдкі, здольны, энергічны, а галоўнае, бессаромны і нікчэмны… Сапраўды, гэтыя нуварышы апярэджваюць нас нават у няшчырасці… Які нягоднік!”
Абураная, яна хацела ўжо загадаць Мікалаю, каб той не пускаў Вакульскага на парог салону… не далей за кабінет гаспадара, калі той прыйшоў бы да іх па справе. Але калі прыгадала, што Вакульскі і не напрошваўся да іх, пачырванела ад сораму.
Раптам яна даведалася ад пані Мэлітан пра чарговы канфлікт барона Кшэшоўскага з жонкаю, і што тая купіла ў яго кабылу за восемсот рублёў, але, відаць, верне яе, бо праз некалькі дзён – скачкі, а барон нарабіў шмат закладаў.
– Можа, гэта нават памірыць барона з баранесаю, – заўважыла пані Мэлітан.
– Ах, нічога б я не пашкадавала, каб барон не атрымаў сваю кабылу і прайграў усе заклады!.. – не стрымалася тады панна Ізабэла.
А праз некалькі дзён яна пад вялікім сакрэтам даведалася ад панны Фларэнтыны, што барон не атрымаў сваю кабылу, бо яе купіў Вакульскі…
Гэта было яшчэ таямніцаю ад усіх, бо калі панна Ізабэла пайшла з візітам да цёткі, дык пачула якраз, што графіня радзіцца са старшынёвай, як памірыць панства Кшэшоўскіх з дапамогаю гэтае кабылы.
– Нічога не выйдзе, – засмяялася панна Ізабэла. – Барон не атрымае сваю кабылу.
– Закладзёмся? – абыякава запыталася графіня.
– Хіба, калі выйграю ў цёткі гэты бранзалет з сапфірамі…
Цётка згадзілася, у выніку чаго і сама графіня, і панна Ізабэла былі моцна зацікаўленыя скачкамі.
Быў момант, калі панна Ізабэла спалохалася, бо пачула, што барон дае Вакульскаму чатырыста рублёў адступнога, і граф Ліціньскі ўзяўся ўлагодзіць справу. У салоне графіні нават шапталіся, што Вакульскі не з-за грошай, а дзеля графа мусіць згадзіцца на гэта. І тады панна Ізабэла падумала: “Згодзіцца, калі ён хцівы нуварыш, а калі не згодзіцца, дык…”
Яна не мела адвагі скончыць гэтую фразу. Выручыў яе Вакульскі. Ён не прадаў кабылу, а сам выставіў яе на бегавую дарожку.
“Ён не такі ўжо і нікчэмнік”, – падумала яна тады.
І пад уплывам гэтае высновы размаўляла з Вакульскім на скачках вельмі ласкава.
Але нават за гэтую хвілінную зычлівасць панна Ізабэла дакарала сябе:
“Навошта яму ведаць, што нас цікавіць ягоны ўдзел у скачках?.. Не больш, чым іншых. А навошта я сказала яму, што ён “павінен выйграць”? І што азначаў ягоны адказ: “выйграю, калі пані пажадае”? Ён ужо забываецца, хто я. Але нічога! Бо з-за некалькіх ветлівых слоў Кшэшоўскі захварэе ад злосці”.
Кшэшоўскага панна Ізабэла ненавідзела. Некалі ён заляцаўся да яе, а калі яна яго адпрэчыла, помсціў ёй. Яна ведала, што за вочы ён называў яе векавухаю, якая выйдзе за ўласнага лёкая. Гэтага было даволі, каб памятаць яму ўсё жыццё. Але барону мала было гэтай няшчаснай фразы, ён нават з ёю самой абыходзіўся цынічна, кпіў з яе старых залётнікаў, намякаючы на збядненне яе сям’і. Тады і панна Ізабэла, нібы няўзнак, прыгадвала ягоную жонку, з якой ён ажаніўся з-за грошай, але нічога не мог вырваць у яе з рук, што выклікала між імі зацятую, часам нават і прыкрую, вайну.
Скачкі былі для панны Ізабэлы днём трыумфу, а для барона – паразы і сораму. Ён, праўда, прыехаў на поле і ўдаваў, што яму вельмі весела, але ў сэрцы яго бушаваў гнеў. А калі ён убачыў, як Вакульскі ўсё – і ўзнагароду, і грошы за каня – аддаў у рукі панне Ізабэле, зусім страціў панаванне над сабою, падбег да каляскі і ўчыніў скандал.
Для панны Ізабэлы абразлівыя позіркі барона і тое, што ён адкрыта назваў Вакульскага яе паклоннікам, было страшным ударам. Забіла б барона, каб добра выхаванай кабеце можна было сабе гэта дазволіць. Яе пакуты былі тым больш дакучлівыя, што графіня і вухам не павяла на гэты выбух, старшынёва была заклапочаная, а бацька нават не азваўся, бо даўно ўжо лічыў Кшэшоўскага вар’ятам, якога не варта чапаць, а трэба ставіцца да яго паблажліва.
У гэты момант (калі ўжо цікаўныя пачалі пазіраць на іх з іншых калясак) на дапамогу панне Ізабэле прыйшоў Вакульскі. І ён не толькі спыніў нараканні барона, а вызваў яго на двубой. У гэтым ніхто не сумняваўся. Старшынёва шчыра спалохалася за свайго фаварыта, а графіня заўважыла, што Вакульскі не мог паступіць іначай, бо барон, калі падыходзіў да каляскі, штурхануў яго і не папрасіў прабачэння.
– Скажыце мне, – узрушана пытала старшынёва, – ці варта страляцца за такую драбязу? Усім жа вядома, які Кшэшоўскі няўважлівы і недарэчны… Лепшым доказам тое, што ён тут нагаварыў…
– Гэта праўда, – азваўся пан Тамаш, – але ж Вакульскі не абавязаны гэта ведаць, а нагадаць яму трэба.
– Памірацца! – заўважыла графіня і загадала ехаць дадому.
Менавіта тады панна Ізабэла зрабіла найгоршае злачынства супраць сваіх правілаў і… красамоўна паціснула Вакульскаму руку.
Аж да самых рагатак яна не магла сабе гэтага дараваць.
“Як можна было зрабіць нешта падобнае?.. Што такі чалавек можа падумаць?..” – ганіла яна сама сябе. Але раптам абудзілася ў ёй пачуццё справядлівасці, і яна мусіла прызнаць, што гэты чалавек – не абы-які.
“Каб зрабіць мне прыемнасць (бо ён дакладна не меў іншых прычын), падставіў барону падножку і купіў каня… Усё, што выйграў (моцны доказ бескарыслівасці), аддаў на прытулак ды яшчэ ў мае рукі (барон гэта бачыў). А галоўнае, нібы пачуўшы мае думкі, выклікаў яго на двубой… Ну, цяперашнія двубоі завяршаюцца звычайна шампанскім, але барон мае магчымасць пераканацца, што не такая я і старая… Не, у гэтым Вакульскім нешта ёсць… Шкада толькі, што ён галантарэйны купец. Прыемна было б мець гэткага паклонніка, каб… каб займаў іншае становішча ў свеце”.
Дома панна Ізабэла расказала панне Фларэнтыне пра падзеі на скачках, а праз гадзіну ўжо і думаць пра іх забыла. А калі бацька позна ўночы паведаміў ёй, што Кшэшоўскі абраў секундантам графа Ліціньскага, які безумоўна жадае, каб барон перапрасіў Вакульскага, панна Ізабэла пагардліва скрывіла вусны.
“Шчаслівы чалавек!– думала яна. – Мяне абражаюць, а ў яго будуць прасіць прабачэння. Я, калі б хто пры мне абразіў каханую, не даравала б. А ён, вядома, прабачыць…”
У ложку, калі яна ўжо пачала засынаць, нечакана прыйшла ў галаву ёй новая думка:
“А калі Вакульскі не прыме прабачэнняў?.. Гэты ж самы граф Ліціньскі дамаўляўся з ім пра кабылу, але не дамогся свайго!.. Ах, Божа, што мне лезе ў галаву”, – заўважыла яна, паціскаючы плячыма, і заснула.
Назаўтра да абеду бацька, яна сама і панна Фларэнтына былі пэўныя, што Вакульскі памірыўся з баронам, нават не магло быць іначай. Толькі пад вечар пан Тамаш выбраўся ў горад і вярнуўся на абед моцна ўстрывожаны.
– Што здарылася, тата? – запыталася ў яго панна Ізабэла, здзіўленая выразам яго твару.
– Фатальная гісторыя! – адказаў пан Тамаш, падаючы на скураны фатэль. – Вакульскі не прыняў прабачэнняў, а яго секунданты паставілі жорсткія ўмовы.
– І калі гэта… – спытала яна ўжо цішэй.
– Заўтра, яшчэ да дзявятае, – адказаў пан Тамаш і выцер пот з ілба. – Фатальная гісторыя, – працягваў ён. – Сярод нашых супольнікаў паніка, бо Кшэшоўскі страляе дасканала… А калі той чалавек загіне, мае разлікі нічога нявартыя. Страціў бы я правую руку… адзінага мажлівага выканаўцу маіх планаў… Яму аднаму мог бы даверыць капіталы і ўпэўнены, што меў бы не менш за восем тысяч рублёў у год… Лёс карае мяне не на жарт!..
Паганы настрой гаспадара дома кепска паўплываў на ўсіх, і абед застаўся няз’едзеным. Пасля абеду пан Тамаш зачыніўся ў кабінеце і хадзіў там з кутка ў куток, што было прыкметаю надзвычайнага хвалявання.
Панна Ізабэла таксама пайшла ў свой кабінет і, як звычайна ў хвіліны ўзрушанасці, легла на шэзлонг. Апанавалі яе змрочныя думкі.
“Нядоўгі быў мой трыумф, – думала яна. – Кшэшоўскі сапраўды добра страляе… Калі заб’е адзінага чалавека, які сёння заступаецца за мяне, дык што? Двубой – гэта, насамрэч, варварскі перажытак. Бо Вакульскі (гледзячы на яго з маральнага боку), больш варты за Кшэшоўскага, аднак… можа загінуць!.. Апошні чалавек, на якога спадзяецца мой бацька”.
Тут азвалася ў панне Ізабэле пыха.
“Ну, бацьку майму ласкі Вакульскага не трэба. Ён даверыў бы таму свой капітал, забяспечыў бы пратэкцыю, а той плаціў бы працэнты… Усё ж шкада яго…”
Яна прыгадала іх колішняга старога дварэцкага, які служыў у іх трыццаць гадоў, якога яна вельмі любіла і давярала яму. Можа, Вакульскі ім з бацькам заступіў бы нябожчыка, а ёй – вартага даверу разумнага дарадцу, і – загіне!..
Яна нейкі час паляжала з заплюшчанымі вачыма, без думак, потым пачалі складацца ёй у галаве нечувана дзіўныя камбінацыі.
“Якое цікавае супадзенне! – думала яна. – Заўтра будуць біцца з-за яе двое людзей, якія яе смяротна абразілі: Кшэшоўскі сваімі злоснымі кпінамі, а Вакульскі – ахвярамі, якія насмеліўся рабіць дзеля яе. Яна ўжо яму амаль прабачыла і пакупку сервіза, і тыя вэксалі, і тыя прайграныя яе бацьку ў карты грошы, на якія некалькі тыдняў жылі яны ўсе… (Не, яшчэ яму не прабачыла, і не прабачу ніколі!..) Але нават адно тое, што за яе, абражаную, заступілася Божая справядлівасць... І хто заўтра загіне? Можа, абодва. У любым выпадку, той, хто наважыўся панне Ізабэле Ленцкай ахвяраваць грашовую дапамогу. Такі чалавек, як і каханак Клеапатры, жыць не можа…”
Яна думала пра гэта і заходзілася ад плачу. Шкада ёй было адданага слугі, а можа, і дарадцу, вартага даверу, але яна скаралася перад выракам Божае Ласкі, якая не прабачае абразы панны Ленцкае.
Каб Вакульскі мог у гэтую хвіліну зазірнуць у яе душу, дык ён уцёк бы ад страху і адразу ж вылечыўся б ад сваёй маніі.
А панна Ізабэла не спала цэлую ноч. Стаяла ў яе перад вачыма карціна нейкага французскага мастака, на якой быў намаляваны двубой. Пад купаю зялёных дрэў двое апранутых у чорнае мужчын цалялі адзін у аднаго з пісталетаў.
Потым (чаго ўжо не было на карціне) адзін з іх упаў, бо куля трапіла яму ў галаву. Гэта быў Вакульскі. Панна Ізабэла нават не пайшла на яго пахаванне, каб не выдаць сваёй узрушанасці. Але ўночы некалькі разоў плакала. Шкада ёй было гэткага незвычайнага нуварыша, гэткага надзейнага нявольніка, які свае злачынствы перад ёю акупіў смерцю за яе.
Заснула яна толькі а сёмай раніцы і спала каменным сном да паўдня. Пасля дванаццаці абудзіў яе таропкі стук у дзверы спальні.
– Хто там?
– Я, – радасна адказаў бацька. – Вакульскі ацалеў, барон паранены ў твар!
– Так?
У яе была мігрэнь, дык яна праляжала ў ложку да чатырох. Яна была задаволеная, што барон паранены, і дзівілася, што аплаканы ёю Вакульскі не загінуў.
Устала яна гэтак позна, што перад абедам выбралася толькі на кароткі шпацыр па Алеях.
Від яснага неба, прыгожых дрэваў, птушак і вясёлых людзей зацёр сляды яе начных мрояў, а калі яшчэ яе заўважылі і павіталіся з ёю з некалькіх калясак, што праязджалі побач, дык у сэрцы яе ажыла радасць.
“Аднак пан Бог ласкавы, – думала яна, – што пакінуў жывым чалавека, які можа быць нам прыдатны. Бацька гэтак разлічвае на яго, і ў мяне расце давер да яго. Наколькі менш было б у маім жыцці расчараванняў, каб мела я разумнага і энергічнага прыяцеля”.
Слоўца “прыяцель” не спадабалася ёй. Прыяцелем панны Ізабэлы мог быць чалавек, які, сама мала, меў зямлю. А галантарэйны купец пасаваў толькі на ролю дарадцы або распарадчыка.
Калі яна вярнулася дадому, адразу ўбачыла, што бацька ў цудоўным настроі.
– Ведаеш, – звярнуўся ён да яе, – я быў з віншаваннямі ў Вакульскага. Варты чалавек, сапраўдны джэнтльмен! Ужо ён і забыўся на двубой, нават, здаецца, шкадуе барона. Няма рады, шляхетная кроў дае пра сябе знаць, незалежна ад становішча…
А потым, калі яны з дачкою прайшлі ў кабінет і ён пару разоў зіркнуў у люстэрка, дадаў:
– Ну, скажы ты мне, ці можна не верыць у Ласку Божую? Смерць таго чалавека была б для мяне цяжкім ударам. І вось я выратаваны! Ты мусіш пазнаёміцца з ім бліжэй, і тады пабачым, хто выйграе: князь са сваім славутым адвакатам ці я з Вакульскім. Як ты думаеш?
– Я думала якраз тое самае хвіліну таму, – адказала панна Ізабэла, здзіўленая падабенствам іх з бацькам думак. – Татусь абавязкова мусіць мець пры сабе здольнага чалавека, якому можна давяраць.
– Які, у дадатак, сам горнецца да мяне, – дадаў пан Тамаш. – Кемлівы чалавек! Ён якраз разумее, што больш у яго шанцаў нешта зрабіць і лепшая будзе рэпутацыя, калі ён дапаможа падняцца старажытнаму роду, чым сам будзе лезці наперад. Вельмі разумны чалавек, – паўтарыў пан Тамаш. – Хоць ён на нейкі час і прывёў у захапленне князя і ўсю арыстакратыю, але да мяне, аднак, ён ставіцца з найбольшаю прыязнасцю. І не пашкадуе, варта мне толькі вярнуць сваё становішча…
Панна Ізабэла разглядала фігуркі, якія ўпрыгожвалі пісьмовы стол, і думала, што бацька, аднак, крыху памыляецца, мяркуючы, што Вакульскі горнецца да яго. Але яна не выпраўляла яго памылку, а, наадварот, прызнавала, што варта крыху бліжэй пазнаёміцца з гэтым купцом і прабачыць яму яго становішча ў грамадстве. Адвакат… купец… гэта ж амаль тое самае. А калі адвакат можа быць даверанай асобай князя, чаму ж… купец (ах, як усё ж безгустоўна!) не можа стаць даверанай асобай сям’і Ленцкіх?
Рэшту дня, вечар і некалькі наступных дзён прайшлі для панны Ізабэлы вельмі прыемна. Уражвала яе, аднак, тая акалічнасць, што за гэты кароткі час яе наведала больш людзей, чым раней за месяц. Здаралася, што гадзінамі яе нядаўна пусты салон быў поўны шуму, гаманы і смеху, аж мэбля, якая ўжо добра адпачыла, дзівілася гэтаму тлуму, а на кухні шапталіся, што пан Ленцкі, мусіць, атрымаў нейкія вялікія грошы. Нават дамы, якія яшчэ на скачках не пазнавалі панны Ізабэлы, прыйшлі цяпер да яе з візітамі, а маладыя людзі, хоць і не прыходзілі, але пазнавалі яе на вуліцы і кланяліся ёй з пашанаю.
І ў пана Тамаша бывалі цяпер госці. Наведаў яго граф Саноцкі, напрамілы бог упрошваючы, каб Вакульскі перастаў нарэшце бавіцца скачкамі ды двубоямі, а заняўся суполкаю. Быў граф Ліціньскі і расказваў дзівосы пра джэнтльменства Вакульскага. Але, галоўнае, ужо некалькі раз прыязджаў князь з просьбаю да пана Тамаша, каб Вакульскі, не зважаючы на выпадак з баронам, не адступаўся ад арыстакратыі і памятаў пра няшчасны край.
– І няхай кузін, – закончыў князь, – пераканае яго адмовіцца ад двубояў. Гэта лішняе. Гэта пасуе маладым людзям, а не сур’ёзным і шаноўным абывацелям.
Пан Тамаш быў у захапленні, асабліва думаючы, што ўсе гэтыя авацыі ён чуе напярэдадні продажу дома. Яшчэ год таму падобная перспектыва палохала людзей.
“Пачынаю вяртаць належнае мне становішча”, – прамармытаў пан Тамаш і раптам азірнуўся. Яму здалося, што за спінаю стаіць Вакульскі. Дык для супакаення ён два разы паўтарыў:
“Узнагароджу яго… узнагароджу… можа быць упэўнены ў маёй падтрымцы”.
Праз тры дні пасля двубою Вакульскага панне Ізабэле прынеслі каштоўную скрыначку і ліст, які яе ўзрушыў. Яна пазнала почырк барона.
“Каханая кузінка! Калі ты перастанеш дакараць мяне маёй няшчаснай жаніцьбай, я ўзамен дарую табе заўвагі пра маю жонку, якая ўжо мне самому дапякла. А як матэрыяльны сімвал міру, які мы заключаем назаўсёды, дасылаю табе зуб, што выбіў мне сваім стрэлам Вакульскі, здаецца, за маё смелае выказванне на скачках. Запэўніваю цябе, каханая кузінка, што гэта той самы зуб, якім я цябе дагэтуль грыз і ўжо ніколі больш грызці не буду. Можаш выкінуць яго на сметнік, але скрыначку май ласку захаваць на памяць. Прымі гэтую дробязь ад чалавека трохі зараз хвараватага, але павер – не найгоршага, і буду спадзявацца, што некалі забудзеш маю недарэчную зласлівасць.
З прызнаннем у любові і глыбокай пашане, кузін Кшэшоўскі.
Р. S. Калі мой зуб не выкінеш праз акно, дык прышлі мне яго назад, каб я мог падараваць яго маёй незабыўнай жонцы. Яна будзе мець повад для засмучэння на некалькі дзён, што, падобна, рэкамендавана бедачыне дактарамі. А той пан Вакульскі вельмі прыемны і выхаваны чалавек. І прызнаюся, я сардэчна яго палюбіў, хоць ён гэтак скалечыў мяне”.
У каштоўнай скрыначцы, сапраўды, знаходзіўся зуб, закручаны ў бібулу.
Панна Ізабэла трохі падумала і адпісала барону. У сваім лісце ў вельмі зычлівых словах яна паведаміла, што ўжо не гневаецца і прымае скрыначку, а зуб з належнаю пашанаю адсылае гаспадару.
Тут ужо нельга было сумнявацца, што толькі дзякуючы Вакульскаму барон мірыўся з ёю і прасіў прабачэння. Панна Ізабэла ў замілаванні ад гэтага свайго трыумфу адчула да Вакульскага нешта падобнае да ўдзячнасці. Яна зачынілася ў кабінеце і стала марыць.
Яна марыла, што Вакульскі прадасць сваю краму і купіць зямлю, але застанецца кіраўніком гандлёвае суполкі, якая прыносіць вялікі прыбытак. Уся арыстакратыя прымае яго ў сябе, а яна, панна Ізабэла, зрабіла яго сваім вартым даверу дарадцам. Ён аднавіў іх маёнтак і ўзняў яго да былое велічы, ён выконваў усе яе прыхамаці, ён рызыкаваў сабою кожны раз, калі было трэба. Ён, нарэшце, знайшоў ёй мужа, які адпавядаў бы слаўнаму дому Ленцкіх.
Усё гэта ён рабіў, бо кахаў яе ідэальным каханнем, больш за ўласнае жыццё. І адчуваў сябе абсалютна шчаслівым, варта ёй было ўсміхнуцца яму, зычліва зірнуць на яго або за нейкую выключную заслугу сардэчна паціснуць яму руку. А калі пан Бог даў ёй дзяцей, ён шукаў ім гувернёраў і настаўнікаў, памнажаў іх маёнтак і, нарэшце, калі яна памерла (тут слёзы набеглі на прыгожыя вочы панны Ізабэлы), ён застрэліўся на яе магіле… Не! З-за далікатнасці, якую яна ў ім развіла, ён застрэліўся на некалькі магіл далей.
Прыход бацькі спыніў яе фантазіі.
– Падобна, пісаў табе Кшэшоўскі? – пацікавіўся пан Тамаш.
Дачка паказала яму на ліст, што ляжаў на стале, побач з залатою скрыначкай. Пан Тамаш круціў галавою, чытаючы ліст, і нарэшце прамовіў:
– Як заўсёды – вар’ят, хоць і добры хлапец. Але… Вакульскі, сапраўды, аказаў табе паслугу: перамагла ты смяротнага ворага.
– Я думаю, тата, што варта было б таго пана запрасіць некалі на абед… Хацелася б пазнаёміцца з ім бліжэй.
– Якраз пра гэта ўжо некалькі дзён я і збіраўся цябе прасіць!.. – адказаў узрадаваны пан Тамаш. – Не варта занадта прытрымлівацца этыкету ў адносінах да гэтак патрэбнага чалавека.
– Вядома, – згадзілася панна Ізабэла, – нават з надзейнымі слугамі дазваляем мы сабе крыху фамільярнасці.
– Схіляю галаву перад тваім розумам і тактоўнасцю, Бэла!.. – выгукнуў пан Тамаш і ў захапленні пацалаваў яе спачатку ў руку, а потым у лоб.