VII. ГОЛУБ ВЫХОДЗІЦЬ НА СПАТКАННЕ З ВУЖОМ


Сервіз і срэбра сямейства Ленцкіх прадалі, і нават ювелір прынёс ужо пану Тамашу грошы, за вылічкай амаль ста пяцідзесяці рублёў камісійных і за пасярэдніцтва. Нягледзячы на гэта, графіня Яанна не перастала любіць панну Ізабэлу, наадварот, энергія і самаахвярнасць тае пры продажы каштоўнасцяў абудзілі ў сэрцы старое дамы новую хвалю сваяцкіх пачуццяў. Яна не толькі ўгаварыла панну Ізабэлу прыняць у падарунак прыгожы ўбор, не толькі штодня наведвала яе або запрашала да сабе, але нават (што было знакам нечуванае ласкі!) дала ёй свой экіпаж на ўсю Вялікую Сераду.

– Праедзься, анёлку, па горадзе, – казала графіня, цалуючы пляменніцу, – і купі, што табе трэба з дробязяў. Толькі глядзі, каб падчас квесты была прыгожаю... такою прыгожаю, як толькі адна ты можаш... прашу цябе.

Панна Ізабэла нічога не адказала, але яе позірк і тое, як яна паружавела, дазвалялі здагадацца, што яна ўсёю душою згодная выканаць жаданне цёткі.

У Вялікую Сераду роўна аб адзінаццатай гадзіне раніцы панна Ізабэла ўжо сядзела ў адкрытым экіпажы побач з неразлучнай сваёй спадарожніцай – паннай Фларэнтынай. У Алеях веяла веснавым ветрыкам, які разносіў той адмысловы свежы водар, што звястуе распусканне пупышак на дрэвах і з’яўленне пралесак. Бурыя траўнікі злёгку зазелянелі, а сонца так грэла, што пані раскрылі парасоны.

– Цудоўны дзень, – уздыхнула панна Ізабэла, гледзячы на неба з белымі сям-там аблачынкамі.

– Куды ясная паненка загадае ехаць? – спытаў лёкай, зачыняючы дзверкі каляскі.

– У краму Вакульскага, – з нервовай паспешлівасцю адказала панна Ізабэла.

Лёкай ускочыў на козлы, і сытыя гнядыя коні рушылі велічнай рыссю, пырхаючы і ўскідваючы галовамі.

– Чаму да Вакульскага, Бэла? – спытала крыху здзіўленая панна Фларэнтына.

– Хачу купіць сабе парыжскія пальчаткі, пару флаконаў парфумы...

– Гэта можна знайсці і ў іншым месцы.

– Хачу туды, – суха адказала ёй панна Ізабэла.

У апошнія дні яе мучыў дзіўны непакой, які аднойчы ўжо яна зазнала ў жыцці. Колісь за мяжою, у заалагічным садзе яна ўбачыла ў адной з клетак вялізнага тыгра, той спаў каля самых кратаў, і частка галавы ды адно вуха вытыркалася вонкі.

Убачыўшы гэта, панна Ізабэла адчула непераадольнае жаданне схапіць тыгра за вуха. Ад смуроду з клеткі ёй рабілася моташна, магутныя лапы звера выклікалі ў яе невымоўны жах, але яна адчувала, што павінна хоць дакрануцца да тыгрынага вуха.

Гэтая дзіўная спакуса ёй самой здалася небяспечнаю і нават недарэчнаю. Яна перамагла сябе і пайшла далей, аднак праз некалькі хвілін вярнулася. Ізноў адышла. Агледзела суседнія клеткі і пастаралася думаць пра нешта іншае. Дарэмна. Вярнулася назад. Хоць тыгр ужо не спаў ды вуркатаў, аблізваючы свае страшныя лапы, панна Ізабэла падбегла да клеткі, прасунула руку – а сама спалатнела, затрэслася – і дакранулася да яго вуха.

Праз момант яна засаромелася сваёй неразважлівасці, але разам з тым адчула і вострае задавальненне, знаёмае людзям, што ў важнай справе прыслухаюцца да голасу інстынкту.

Сёння ў ёй абудзілася падобнае жаданне.

Яна пагарджала Вакульскім, сэрца яе млела ад падазрэння, што гэты чалавек мог заплаціць за яе сервіз даражэй, чым той быў варты, але яна ўсё ж адчувала непераадольнае жаданне ўвайсці ў краму, зірнуць Вакульскаму ў вочы і заплаціць яму за нейкія дробныя рэчы менавіта тымі грашыма, якія яна атрымала ад яго. Страх ахопліваў яе ад думкі пра сустрэчу з ім, але невытлумачальнае прадчуванне штурхала наперад.

На Кракаўскім прадмесці яна яшчэ здалёк убачыла шыльду: “Я. Мінцаль і С. Вакульскі”, а ў будынку побач – новую, яшчэ недафарбаваную краму на пяць вокнаў з люстранымі шыбамі[70]. Каля яе завіхаліся майстры і работнікі: адны знутры праціралі шыбы, іншыя фарбавалі і пакрывалі пазалотаю дзверы ды карнізы, астатнія прыладжвалі да вітрын вялікія медныя бар’еры.

– Што за крама тут будуецца? – спытала яна ў панны Фларэнтыны.

– Хіба, для Вакульскага. Я чула, што ён перабіраецца ў большае памяшканне.

“Для мяне гэтая крама!” – падумала панна Ізабэла і скамячыла ў руках пальчаткі.

Экіпаж спыніўся, лёкай саскочыў з козлаў і дапамог паням выйсці. Але, калі ён разнасцежыў дзверы ў краму Вакульскага, панна Ізабэла раптам адчула такую слабасць, што ў яе ногі падкасіліся. Было імгненне, калі яна нават хацела вярнуцца ў экіпаж ды ўцякаць адсюль, аднак авалодала сабою і з высока ўзнятай галавою ўвайшла.

Пан Жэцкі стаяў ужо пасярод крамы і, паціраючы рукі, нізка ёй кланяўся. У глыбіні пан Лісецкі, пагладжваючы сваю выпешчаную бародку, мяккімі і поўнымі годнасці рухамі паказваў бронзавыя кандэлябры нейкай даме, якая сядзела на крэсле, кволы Клейн выбіраў кіёк панічу, які пры з’яўленні панны Ізабэлы спрытна ўзброіўся ў пенснэ, а Мрачэўскі, выпраменьваючы пах геліятропу, спапяляў позіркамі і раніў штылетамі сваіх вусікаў двух чырванашчокіх паненак, якія суправаджалі даму і разглядалі аксесуары для туалетнага століка.

Справа ад дзвярэй, пры канторцы, схіліўшыся над рахункамі, сядзеў Вакульскі.

Калі панна Ізабэла ўвайшла, паніч, што выбіраў кіёк, паправіў на шыі каўнерык, паненкі пераглянуліся, пан Лісецкі на паўслове спыніў свой ветлівы аповед пра стылі кандэлябраў, не змяняючы, аднак, ветлівае паставы, а дама, што слухала яго лекцыю, цяжка павярнулася на крэсле. На момант у краме запанавала ціша, якую сваім пявучым кантральта парушыла панна Ізабэла.

– Ці знойдзем мы тут пана Мрачэўскага?..

– Пане Мрачэўскі!.. – паклікаў пан Ігнацы.

Мрачэўскі ўжо стаяў побач з паннай Ізабэлай, зачырванелы, як вішня, пахкі, як кадзіла, са схіленым чалом, як ніклая трысцінка.

– Мы прыехалі, каб купіць у пана пальчаткі.

– Нумарок пяць з паловаю, – абвясціў Мрачэўскі, ужо трымаючы скрыначку, якая злёгку дрыжэла ў яго руках пад уплывам позірку панны Ізабэлы.

– А вось і не… – засмяялася панна. – Пяць і тры чвэрці... Пан ужо забыўся!..

– Пані, ёсць рэчы, якія ніколі не забывацца. Аднак, калі пані загадае падаць пяць і тры чвэрці, – рады служыць – з надзеяй, што хутка пані зноў зробіць нам гонар сваім наведваннем. Бо пальчаткі пяць і тры чвэрці, – дадаў ён і ціха ўздыхнуў, падсоўваючы да яе іншыя скрыначкі, – безумоўна, спаўзуць з ручак…

– Геній! – шапнуў пан Ігнацы, падміргваючы Лісецкаму, які пагардліва паварушыў вуснамі.

Дама, што сядзела на крэсле, зноў павярнулася да кандэлябраў, дзве паненкі – да туалетнага століка з аліўкавага дрэва, паніч у пенснэ зноў пачаў выбіраць кіёк – і ў краме ўсё пайшло сваім парадкам. Толькі ўзрушаны Мрачэўскі лётаў угору ды ўніз па драбінцы, высоўваў шуфляды, выцягваў усё новыя і новыя скрыначкі і пераконваў панну Ізабэлу па-польску і па-французску, што ёй ніяк нельга насіць іншых пальчатак, апрача нумара пяць з паловаю, ані ўжываць іншае парфумы, апрача сапраўднага Аткінсана, ані ўпрыгожваць свой столік нейкімі іншымі дробязямі, апрача парыжскіх.

Вакульскі гэтак схіліўся над канторкаю, што на ілбу ў яго набрынялі жылы, і працягваў лічыць:

“29 ды 36 – гэта 65, ды 15 – будзе 80, ды 73 – будзе... будзе...”

Тут ён перапыніў падлікі і спадылба зірнуў у бок панны Ізабэлы, якая размаўляла з Мрачэўскім. Абое стаялі да яго бокам, і ён убачыў, што крамнік не зводзіць палымяных вачэй з панны Ізабэлы, на што яна адказвае непрыхаванаю ўсмешкаю і позіркам ласкавага заахвочвання.

“29 ды 36 – гэта 65, ды 15...” – лічыў Вакульскі, але раптам пяро ў яго пальцах з трэскам зламалася. Не падымаючы галавы, ён дастаў з шуфляды новае, і ў гэты ж момант невядома якім чынам з падлікаў вынікла пытанне: “І мне яе кахаць? Недарэчасць! Цэлы год я пакутаваў на нейкую хваробу мазгоў, а здавалася мне, што закахаўся... 29 ды 36... 29 ды 36... Ніколі б не падумаў, што яна можа быць мне аж так нецікавая... Як яна глядзіць на гэтага асла… Ну несумненна, калі гэтая асоба какетнічае нават з крамнікамі, дык ці не робіць яна таго ж з лёкаямі ды фурманамі!.. Упершыню я адчуваю спакой... О, Божа! А я ж так прагнуў яго...”

У краму ўвайшло яшчэ некалькі пакупнікоў, да якіх неахвотна звярнуўся Мрачэўскі, павольна завязваючы пакункі.

Панна Ізабэла наблізілася да Вакульскага і, паказваючы ў яго бок парасонам, выразна прамовіла:

– Флора, заплаці, будзь ласкавая, гэтаму пану. Мы вяртаемся дадому.

– Каса тут, – паспяшаўся Жэцкі, падбягаючы да панны Фларэнтыны.

Ён узяў у яе грошы, і абое адышлі ў глыб крамы.

Панна Ізабэла павольна падсунулася да самае канторкі, за якою сядзеў Вакульскі. Твар яе быў без крывінкі. Здавалася, выгляд гэтага чалавека дзейнічае на яе гіпнатычна.

– Ці з панам Вакульскім я размаўляю?

Вакульскі прыўзняўся і абыякава адказаў:

– Гатовы служыць пані.

– Гэта ж пан купіў наш сервіз і срэбра? – запыталася яна глухім голасам.

– Я, пані.

Тут панна Ізабэла завагалася. Праз момант, аднак, яе твар ізноў паружавеў. Яна працягвала:

– Напэўна, пан прадасць гэтыя рэчы?

– Дзеля гэтага я іх і купіў.

Панна Ізабэла пачырванела мацней.

– Пакупнік з Варшавы? – распытвала яна.

– Я прадам гэтыя рэчы не тут, а за мяжою. Там... мне заплацяць больш, – дадаў ён, бо заўважыў у яе вачах сумнеў.

– Пан спадзяецца на добры прыбытак?

– Я і купіў іх, каб атрымаць прыбытак.

– Таму і бацька мой не ведае, што гэтае срэбра апынулася ў пана? – спытала яна іранічна.

У Вакульскага здрыгануліся вусны.

– Я купіў срэбра і сервіз у ювеліра. Таямніцы з гэтага я не раблю. Трэціх асоб у справу не ўмешваю, бо гэтак не робіцца ў камерцыі.

Нягледзячы на рэзкасць яго адказаў, панна Ізабэла ўздыхнула з палёгкаю. Нават вочы яе крыху пацямнелі і страцілі злы бляск.

– А калі б мой бацька перадумаў і пажадаў выкупіць гэтыя рэчы, за які кошт пан бы іх прадаў?

– За той, за які купіў... Зразумела, з налічэннем адсоткаў – прыкладна... ад шасці да васьмі гадавых...

– І пан адмовіўся б ад спадзяванага прыбытку?.. Чаму ж гэта?.. – не дала яна дагаварыць.

– Бо гандаль, пані, засноўваецца не на спадзяваных прыбытках, а на няспынным абароце наяўнага капіталу.

– Да пабачэння і... дзякуй пану за тлумачэнні, – сказала панна Ізабэла, бо заўважыла, што яе спадарожніца ўжо заплаціла.

Вакульскі пакланіўся і зноў сеў за сваю кнігу.

Калі лёкай забраў пакункі і пані селі ў экіпаж, панна Фларэнтына з папрокам прамовіла:

– Ты размаўляла з гэтым чалавекам, Бэла?..

– Так, і не шкадую. Ён хлусіў, але...

– Што значыць гэтае “але”? – з трывогай спытала панна Фларэнтына.

– Не пытайся ў мяне... нічога не кажы мне, калі не хочаш, каб я заплакала на вуліцы...

Пасля кароткае паўзы яна дадала па-французску:

– Зрэшты, можа, я і нядобра зрабіла, што прыехала сюды, але... мне ўсё адно!..

– Я мяркую, Бэла, – сказала яе спадарожніца, з гонарам падціскаючы вусны, – што табе трэба пагутарыць з бацькам або з цёткаю.

– Ты хочаш сказаць, – перапыніла яе панна Ізабэла, – што я павінна пагутарыць з маршалкам альбо з баронам? На гэта заўсёды будзе час, а цяпер мне яшчэ не стае адвагі.

Размова абарвалася. Яны ў маўчанні вярнуліся дадому. Панне Ізабэле цэлы дзень немагчыма было дагадзіць.

Пасля таго, як панна Ізабэла пайшла з крамы, Вакульскі зноў узяўся за рахункі і беспамылкова склаў два доўгія слупкі лічбаў. А палове на трэцюю ён спыніўся ды зноў падзівіўся, як спакойна стала ў яго на душы. Адкуль раптам гэтая абыякавасць пасля цэлага году ліхаманкавай разгубленасці і нуды ўперамешку з выбухамі шаленства? Каб нейкага чалавека нечакана з бальнае залы перанесці ў лес або з задушлівай вязніцы – на шырокі зялёны поплаў, дык не зазнаў бы ён іншых адчуванняў і не было б большым ягонае здзіўленне.

“Відавочна, цэлы год я пакутаваў на нейкае частковае замарачэнне розуму, – думаў Вакульскі. – Не было небяспекі, не было ахвяры, на якую б я не пайшоў дзеля гэтае асобы, але варта было мне яе ўбачыць – і ўсё прайшло...

А як яна размаўляла са мною! Колькі было пагарды да нікчэмнага купца... “Заплаці гэтаму пану!..” Дзіўныя гэтыя свецкія дамы: любы лайдак, шулер, нават злодзей, абы меў высакароднае прозвішча – пасуе ім у кампанію, нават каб тварам ён быў падобны не да роднага бацькі, а да матчынага лёкая. Але купец – гэта парый… Зрэшты, што мне да таго! Хай сабе гніюць у спакоі!”

Ён падлічыў яшчэ адзін слупок, не зважаючы на тое, што робіцца ў краме.

“Адкуль яна ведае, – думаў ён далей, – што я купіў срэбра і сервіз?.. А як яна дапытвалася, ці не заплаціў я больш, чым яны вартыя! З задавальненнем ахвяраваў бы я ім гэтыя фамільныя дробязі. Я мушу быць удзячны ёй да смерці. Каб не гэтая апантанасць, дык не нажыў бы я маёнтку і спарахнеў бы за канторкаю. А цяпер, можа, і маркотна мне будзе без гэтага жалю, без роспачы і надзеі... Недарэчнае жыццё!.. Ганяемся за зданню, якую кожны носіць ва ўласным сэрцы, і толькі калі яна адтуль знікне, бачым, што было гэта вар’яцтвам... Ну ніколі б не падумаў, што існуюць такія цудоўныя лекі. Гадзіну таму я быў атручаны, а цяпер – такі спакойны і ў той жа час нібы спустошанасць, нібы ўцякла мая душа і пуста стала ўсярэдзіне, засталіся толькі скура ды вопратка. Што я зараз буду рабіць? Чым буду жыць?.. Хіба, паеду на выставу ў Парыж[71], а потым у Альпы...”

У гэты момант да яго крадком падышоў Жэцкі і ціха сказаў:

– А Мрачэўскі зух! Хіба, не? Як ён умее размаўляць з кабетамі!

– Як распешчаны кліентамі цырульнік, – адказаў Вакульскі, не адрываючы позірк ад кнігі.

– Нашы кліенткі зрабілі яго такім, – адказаў стары крамнік.

Але ён заўважыў, што перашкаджае гаспадару, і адышоў. Вакульскі зноў задумаўся. Незнарок ён зірнуў на Мрачэўскага і раптам заўважыў, што маладзён мае нешта асаблівае ў твары.

“Так, – думаў ён, – пустальга. Мо таму і падабаецца кабетам”.

Яму смешнымі здаваліся і позіркі панны Ізабэлы, якімі яна адорвала маладога прыгажуна, і ўласныя мары, якія сёння так нечакана развеяліся.

Раптам ён здрыгануўся, бо пачуў імя панны Ізабэлы і заўважыў, што ў краме няма ніводнага пакупніка.

– Ну, але сёння ўжо пан не таіўся са сваімі амурамі, – з маркотнаю ўсмешкаю казаў Клейн Мрачэўскаму.

– Бо як жа яна на мяне глядзела, проста – ах!.. – уздыхнуў Мрачэўскі, прыціскаючы адну руку да грудзей, а другою падкручваючы вусікі. – Не сумняюся, – працягваў ён, – што праз некалькі дзён атрымаю ад яе духмяную цыдулку. Потым – першае спатканне, потым: “Дзеля пана я грэбую прынцыпамі свайго выхавання”, а потым: “Ці не пагарджаеш ты мною?” Нейкі момант яна вельмі прывабная, затое потым чалавек нажывае вялікія клопаты...

– Навошта, пан, хлусіш! – спыніў яго Лісецкі. – Ведаем мы залётніц пана: завуцца Мацільдамі, якіх пан прываблівае порцыяй смажаніны ды куфлем піва.

– Мацільды – на кожны дзень, а дамы – на святы. Але Іза будзе самым вялікім святам. Даю слова гонару, не сустракаў я кабеты, якая б так пякельна дзейнічала на мяне... Ну, але ж і яна да мяне горнецца!

Грукнулі дзверы, і ў краму ўвайшоў немалады ягамосць з сівою галавою. Ён пажадаў бірульку да гадзінніка, але крычаў і стукаў кіем так, нібы збіраўся скупіць усе японскія вазы.

Вакульскі не варухнуўся, слухаючы, як выхваляецца Мрачэўскі. У яго з’явілася адчуванне, нібы на галаву і на грудзі яму апускаўся нейкі цяжар.

– Урэшце, мяне гэта не датычыць, – шапнуў ён сам сабе.

Пасля сівога ягамосця ў краму ўвайшла дама, якая жадала парасон, а за ёю – пан сярэдняга веку, які хацеў купіць капялюш, потым – паніч, якому патрэбны быў партсігар, нарэшце тры панны, з якіх адна патрабавала пальчаткі Шольца[72], менавіта Шольца, таму што іншых яна не носіць.

Вакульскі закрыў кнігу, павольна падняўся з крэсла і ўзяў з канторкі капялюш, накіроўваючыся да выхаду. Яму было цяжка дыхаць, і чэрап нібы расколваўся.

Пан Ігнацы заступіў яму дарогу.

– Сыходзіш? Можа, зазірнеш у новую краму? – запытаўся ён.

– Нікуды я не зазірну, стаміўся, – адказаў Вакульскі, не гледзячы таму ў вочы.

Калі ён выйшаў, Лісецкі крануў Жэцкага за плячо.

– Чаго гэта стары, нібы чорная хмара? – ціха спытаў ён.

– Ну, – адказаў пан Ігнацы, – зрушыць з месца такую справу, як маскоўская, гэта не жартачкі. Дзіва што.

– А нашто ён за яе браўся?

– На тое, каб было з чаго плаціць нам болей, – сувора адказаў пан Ігнацы.

– Дык няхай пачынае хоць сотню новых спраў, нават у Іркуцку, абы штогод павялічваў заробак, – сказаў Лісецкі. – Я не супраць. Але, на маю думку, ён да сябе не падобны, асабліва сёння. Жыды, панове, жыды, – дадаў ён, – як пранюхаюць пра ягоныя праекты, дык дадуць яму жыцця!

– Якія жыды...

– Жыды, кажу я, жыды!.. Яны ўсё трымаюць у сваіх руках і не дапусцяць, каб ім упоперак дарогі стаў нейкі Вакульскі, не жыд і нават не мэхэс[73].

– Вакульскі будзе мець справы са шляхтаю, – адказаў Ігнацы, – і там ёсць капіталы.

– Хто ведае, што горш: жыд або шляхціц, – кінуў мімаходзь Клейн і ўзняў бровы з вельмі гаротным выглядам.


Загрузка...