Аднойчы ўвечары, адразу пасля восьмай гадзіны, пайшоў я да тых паняў. Пані Стаўская ў дальнім пакоі, як звычайна, давала ўрок нейкім паненкам, а пані Місевічова з Гэлюняй… зноў жа, як звычайна, сядзелі пры акне. Цяжка мне зразумець, што яны там маглі бачыць упоцемку, але што іх усе бачылі, гэта пэўна. Гатовы нават закласціся: пані баранеса ў адным са сваіх цёмных пакояў сядзіць з ларнеткаю ды назірае, што робіцца на другім паверсе, бо тут ралеты, як заўсёды, не былі апушчаныя.
Дык стаў я за фіранкаю, каб хоць мяне тая пачвара не бачыла, і проста з моста пытаю пані Місевічову:
– Без абразы, пані дабрадзейка, але чаму пані гэтак любяць сядзець пры вокнах?.. Гэта нядобра…
– Скразнякоў я не баюся, – адказала шаноўная дама, – а мне гэта вельмі падабаецца. Уяві сабе, пане, якое Гэлюня зрабіла адкрыццё. Вокны часам свецяцца ў такім парадку, што складаецца з іх нейкая літара… Гэлюня, – звярнулася яна да дзіцяці, – а ці няма там зараз якое літаркі?..
– Ёсць, бабуля, і нават дзве. Ёсць Н, і ёсць Т.
– Праўда! – пацвердзіла старая. – Ёсць Н і ёсць Т. – Няхай пан сам зірне.
Я паглядзеў і, сапраўды, насупраць нас былі асветленыя два акны на чацвёртым паверсе, тры – на другім і два – на першым, і гэткім чынам стваралася “Н”. А ў апошняй афіцыне пяць вокнаў чацвёртага паверху, адно трэцяга, адно другога ды яшчэ адно першага, таксама асветленыя, стваралі “Т”.
– Дзякуючы гэтым вокнам, пане, – працягвала бабуля, – хоць і не часта складаюцца з іх літаркі, Гэлюня зацікавілася алфавітам. Як яна цешыцца, калі ўдаецца ёй скласці з асветленых вокнаў нейкі знак. Таму мы і не апускаем ралеты ўвечары.
Паціснуў я плячыма, бо як забараняць дзяўчаці глядзець у акно, калі ёй гэта такая забава!
– Як жа не глядзець у акно, – уздыхнула пані Місевічова, – калі гэта наша адзіная прыемнасць. Хіба мы бываем дзе? Хіба бачымся з кім?.. З таго часу, як Людвічак з’ехаў, абарваліся нашы сувязі з людзьмі. Для адных мы занадта бедныя, для іншых – падазроныя…
Яна выцерла вочы насоўкаю і працягвала:
– О, Людвічак кепска зрабіў, што з’ехаў. Каб яго нават у турму пасадзілі, дык хутка прызналі б невінаватым, і зноў былі б мы разам. А цяпер ён Бог ведае дзе, а Стаўская… Кажа пан, каб не мы выглядалі ў акно! А яна ж, бядачка, няспынна чакае, прыслухоўваецца і прыглядаецца, ці Людвічак не вяртаецца, ці, можа, хоць ліст ад яго будзе. Варта каму шпарка прайсці па дзядзінцы, яна адразу – да акна, спадзяецца паштальёна. А калі здарыцца паштальёну завітаць да нас (нам, пане Жэцкі, вельмі рэдка прыходзяць лісты), паглядзеў бы тады пан на Гэленку!.. Мяняецца яна з твару, бялее, дрыжыць…
Я і слова ўжо не мог сказаць, а старая перадыхнула ды працягвала:
– Я сама люблю сядзець пры акне, асабліва ў добрае надвор’е, калі чыстае неба, бо тады паўстае мне ў памяці мой нябожчык муж, як жывы…
– Так, – ціха прамовіў я, – пані нагадвае пра яго неба, дзе ён знаходзіцца цяпер.
– Не толькі таму, пане Жэцкі, – запярэчыла яна. – Што ён на небе, я ведаю, бо куды мог трапіць гэткі рахманы чалавек? Але, калі я гляджу на неба і на сцяну гэтае камяніцы, адразу прыгадваецца мне шчаслівы дзень нашага шлюбу… Нябожчык Клеменс тады апрануты быў у сіні фрак ды жоўтыя нанкавыя штаны, дакладна такога колеру, як наша камяніца… О, пане Жэцкі, – заплакала старая, – павер мне, што такім, як мы, акно часта замяняе тэатр, канцэрт і знаёмствы. Бо што мы яшчэ бачым!
Не здолею апісаць, як маркотна мне зрабілася, калі з-за нейкага там сядзення пры акне давялося выслухаць гэтакую драму… Раптам у другім пакоі зашамацела. Вучаніцы пані Стаўскае скончылі ўрок і збіраліся дадому, а іх цудоўная настаўніца ашчаслівіла мяне сваім з’яўленнем.
Вітаючыся з ёю, я заўважыў, што рукі ў яе былі халодныя, а на боскім твары – стомленасць і смутак. Але яна адразу заўсміхалася мне. (Бясцэнны анёл! Нібы яна здагадвалася, што яе салодкая ўсмешка на цэлы тыдзень асвятляе мне цемру жыцця.)
– Мама ўжо расказала пану, які мы сёння мелі гонар? – спытала пані Стаўская.
– А, праўда, я і забылася… – азвалася пані Місевічова.
Дзве паненкі ў гэты момант зрабілі рэверанс і выйшлі. Мы засталіся адны, нібы ў сямейным коле.
– Можа пан сабе ўявіць, – пачала расказваць пані Стаўская, – зрабіла нам сёння візіт баранеса… Я спачатку аж спалохалася, бо ў яе, гаротніцы, не надта прыемная знешнасць: бледная, заўсёды ў чорным, і позірк нейкі такі… Але яна адразу раззброіла мяне, бо, калі ўбачыла Гэлюню, дык са слязьмі ўпала перад ёю на калені ды загаласіла: “Гэткая ж была і мая небарака, ды ўжо няма яе!..”
Непамысна мне зрабілася, калі я гэта пачуў, але, не жадаючы палохаць пані Стаўскую, я не наважыўся падзяліцца сваімі прадчуваннямі, а толькі спытаў:
– І чаго яна хоча ад пані?
– Яна прыйшла прасіць, каб я дапамагла ўпарадкаваць яе бялізну, сукенкі, карункі, словам – увесь гардэроб. Яна спадзяецца, што хутка да яе вернецца муж, і хоча тое-сёе асвяжыць, тое-сёе дакупіць. Але, як сама кажа, бракуе ёй густу, дык звярнулася да мяне па дапамогу і абяцае плаціць па два рублі за тры гадзіны працы.
– І што пані?
– Божа, што ж мне было рабіць?.. Вядома, я згадзілася з удзячнасцю. Праўда, гэта часовы занятак, але ён вельмі дарэчы, бо я страціла адзін з урокаў музыкі (нават не ведаю чаму), а гэта пяць злотых за гадзіну…
Я ўздыхнуў, бо мільганула здагадка, што прычынаю страты ўрока мог быць ананімны ліст, у пісанні якіх пані Кшэшоўскай не было роўных. Але не сказаў нічога. Ці ж мог я параіць пані Стаўскай, каб яна адмовілася ад двух рублёў дзённага заробку?
Ой, Стаху, Стаху!.. Чаму б табе не ажаніцца з ёю?.. Убілася табе ў галаву тая панна Ленцкая!.. Каб не давялося табе шкадаваць.
З таго дня, як толькі прыходзіў я да маіх шаноўных прыяцелек, пані Стаўская падрабязна расказвала, як яны ладзяць з баранесай Кшэшоўскаю. Яна бывае там штодня і, вядома, замест трох працуе пяць, а то і шэсць гадзін за тыя ж самыя два рублі.
Пані Стаўская вельмі паблажлівая кабета, але, паводле яе нязначных заўваг, у мяне склалася ўражанне, што яе дзівілі ды прыкра ўражвалі і памяшканне баранесы, і ўвесь лад яе жыцця.
Перадусім баранеса зусім не карыстаецца сваімі прасторнымі апартаментамі. Салон, будуар, спальня, сталовы пакой, пакой барона – у поўным запусценні. Мэбля і люстры закрытыя чахламі, на месцы раслін, якія былі там раней, тырчаць адны дубцы або ў вазонах з нейкаю парахнёю замест зямлі зусім нічога няма, а на каштоўных аздобах ляжыць пыл. Харчуецца яна таксама Бог ведае як, часам па некалькі дзён запар не маючы ніякае гарачае стравы, бо на гэткі вялікі дом трымае толькі адну служанку, якую ганіць распусніцаю ды зладзейкаю.
Калі пані Стаўская запыталася ў яе, ці не сумна ёй жыць у гэтакай пустэчы, тая адказала:
– Што ж мне рабіць, беднай сіраціне і амаль удаве? Хіба калі майго вартага асуджэння мужа добры Бог натхніць, каб ён раскаяўся ў сваім бясчынстве ды вярнуўся да мяне, можа, тады крыху зменіцца маё жыццё самотніцы. І як я магу меркаваць з прадчуванняў ды сноў, якія неба пасылае мне пасля маіх гарачых малітваў, муж мой мусіць вярнуцца з дня на дзень, бо ўжо ні грошай, ні крэдыту няма ў таго непапраўнага шаленца…
Пані Стаўскай падумалася тады, што лёс барона па вяртанні можа аказацца вельмі незайздросны.
Асобы, якія наведвалі баранесу, таксама не выклікалі сімпатыі ў пані Стаўскае. Часцей за ўсё бывалі ў яе нейкія старыя, брыдкія кабеты, з якімі ў вітальні яна паўшэптам вяла гутаркі пра свайго мужа. Часам з’яўляўся Марушэвіч або нейкі адвакат у аблезлым футры. Гэтых паноў баранеса прымала ў сталовым пакоі, але падчас размовы плакала і сварылася гэтак гучна, што чуваць было на ўвесь дом.
На нясмелае пытанне пані Стаўскае, чаму яна не жыве ў згодзе з раднёю, баранеса адказала:
– З якою, каханая пані? Я ўжо не маю нікога, а каб нават і мела, не магла б прымаць у сябе людзей гэткіх хцівых і ардынарных. А сям’я майго мужа выракаецца мяне, бо я не шляхетнага паходжання; зрэшты, гэта не перашкодзіла ім выдурыць у мяне не менш за дзвесце тысяч рублёў. Пакуль я пазычала ім на вечнае карыстанне, яны яшчэ трымаліся дыпламатычна, але калі я разгледзелася, дык парвалі са мною ўсе стасункі. Яны якраз і падвучылі майго няшчаснага мужа, каб ён наклаў арышт на мае грошы… О, колькі я перажыла з-за гэтых людзей! – дадала яна і заплакала.
Адзіным пакоем (паводле расповеду пані Стаўскае), у якім баранеса бавіла цэлыя дні, быў пакойчык яе памерлае дачушкі. Гэта вельмі смутны і дзіўны куточак, бо ўсё там засталося так, як было пры жыцці нябожчыцы. Стаіць там ложачак, на якім кожныя некалькі дзён мяняецца пасцель, ды шафка з вопраткаю, якая гэтак жа часта вытрэсваецца і чысціцца ў салоне, бо выносіць на двор гэтыя святыя памяткі баранеса не дазваляе. Стаіць там малы столік з кніжкамі і сшыткам, разгорнутым на той старонцы, дзе беднае дзіця напісала апошні раз: “Найсвяцейшая Панна, змі…” І, нарэшце, ёсць там паліца з лялькамі – малымі ды вялікімі, з іх пасцелькамі ды апранахамі.
Пані Стаўская якраз у гэтым пакойчыку цыруе карункі і ядвабныя сукенкі, якіх у баранесы шмат. “Ці давядзецца ёй яшчэ прыбірацца ў іх?” – думае пані Стаўская.
Аднаго дня баранеса запыталася ў пані Стаўскае, ці ведае тая Вакульскага. І, хоць атрымала адказ, што пані Гэлена ледзьве знаёмая з ім, пачала прасіць:
– Каханая пані зробіць мне вялікую ласку, сапраўднае дабрадзейства, калі заступіцца за мяне перад тым панам у вельмі важнай для мяне справе. Я хачу купіць гэту камяніцу і даю ўжо дзевяноста пяць тысяч рублёў, а ён упарта жадае сто тысяч. Знішчыць хоча мяне гэты чалавек!.. Няхай пані скажа яму, што ён мяне заб’е… што наклікае на сваю галаву кару Божую за гэткую хцівасць… – крычала ўжо і плакала баранеса.
Пані Стаўская, вельмі збянтэжаная, адказала баранесе, што ніяк не можа размаўляць пра гэта з Вакульскім.
– Я не ведаю яго… Ён толькі адзін раз быў у нас… Зрэшты, якое права я маю ўмешвацца ў гэтыя справы?
– О, пані мае над ім уладу, – адказала баранеса. – Але, калі пані не жадае выратаваць мяне ад пагібелі – воля Божая… Дык няхай пані хоць выканае свой хрысціянскі абавязак ды скажа гэтаму чалавеку, як прыхільна я да пані стаўлюся…
Пані Стаўская пасля гэтых слоў адразу ўстала з крэсла, каб выйсці. Але баранеса кінулася ёй на шыю і гэтак перапрашала, гэтак маліла прабачыць, што ў высакароднае пані Гэлены слёзы набеглі на вочы, і яна засталася.
Сваё апавяданне пані Стаўская скончыла пытаннем, больш падобным да просьбы:
– Дык пан Вакульскі не хоча прадаць гэтую камяніцу?
– Чаму не? – адказаў я сярдзіта. – Прадасць і камяніцу, прадасць і краму… Усё прадасць…
Моцная чырвань заліла твар пані Стаўскае. Яна адвярнула сваё крэсла ад лямпы і ціха спытала:
– Чаму?
– Хіба я ведаю? – адказаў я з тым жорсткім задавальненнем, якое спраўляе нам мучыць бліжніх. – Хіба я ведаю?.. Кажуць, хоча ажаніцца…
– Ага, – азвалася пані Місевічова. – Кажуць нешта пра пані Ленцкую.
– Гэта праўда?.. – ціха спытала пані Стаўская.
Раптам яна прыціснула руку да грудзей, нібы ёй не хапала паветра, і выйшла ў другі пакой.
“Вось дык маеш, – падумаў я, – бачыла яго адзін раз і ўжо млее”.
– Не ведаю, навошта яму гэта жаніцьба, – звярнуўся я да пані Місевічовай, – ён, бадай, нават не падабаецца кабетам.
– Авой, што пан кажа, пане Жэцкі! – абурылася старая. – Гэта ён не падабаецца кабетам?
– Ну, ён жа не прыгажун…
– Ён?.. Але ж ён надзвычай прыгожы чалавек!.. Якая постаць, які высакародны твар, а якія вочы!.. Пан, мабыць, не разумее, пане Жэцкі. А я прызнаюся (бо мне можна ў маім веку), хоць і бачыла я шмат прыгожых мужчын (Людвічак таксама быў вельмі сімпатычны), але такога, як Вакульскі, бачу ўпершыню. Ён і сярод сотняў будзе заўважны…
Дзівіла мяне гэткае захапленне. Хоць я і згодны, што Стах робіць вельмі прыемнае ўражанне, але каб аж так… Зрэшты, я не кабета!
Калі а дзясятай гадзіне развітваўся я са сваімі дамамі, пані Стаўская была вельмі сумная і не падобная да сябе. Яна скардзілася, што баліць галава. Які асёл гэты Стах! Гэткая кабета закахалася ў яго з першага позірку, а ён, вар’ят, уганяецца за паннаю Ленцкаю. Ці ёсць які парадак на гэтым свеце?
Каб жа я быў панам Богам… Але навошта пустая балбатня.
Кажуць нешта пра каналізацыю Варшавы. Быў нават у нас князь, каб запрасіць Стаха на нараду па гэтым пытанні. А пасля таго, як яны пагаманілі пра каналізацыю, зайшла гаворка пра камяніцу. Я прысутнічаў пры гэтым і ўсё добра памятаю.
– Ці праўда (прашу прабачэння, што пытаю пра такія рэчы), ці праўда, пане Вакульскі, што за свой дом пан хоча ад баранесы Кшэшоўскае сто дваццаць тысяч?..
– Няпраўда, – адказаў Стах. – Я хачу сто тысяч і не саступлю.
– Баранеса дзівачка, істэрычка, але… няшчасная кабета, – кажа князь. – Яна хоча купіць гэты дом таму, па-першае, што ў ім памерла яе каханая дачушка, а па-другое, каб забяспечыць рэшту грошай, бо яе муж прывык іх мантачыць… Дык, можа, пан крыху саступіў бы ёй. Гэта так прыгожа – рабіць дабро няшчасным!.. – скончыў князь і ўздыхнуў.
Прызнаюся, хоць я ўсяго толькі крамнік, але здзівіла мяне гэткая дабрачыннасць за чужы кошт. Стах адчуў гэта яшчэ мацней, бо адказаў цвёрда:
– Дык з-за таго, што барон мантачыць грошы, а яго жонка хоча набыць мой дом, я мушу страціць некалькі тысяч рублёў. З якое рацыі?
– Ну, я не хацеў абразіць пана, – сказаў князь, паціскаючы Вакульскаму руку. – Усе мы жывём сярод людзей, яны нам дапамагаюць у патрэбе, дык і мы маем адносна іх нейкія абавязкі.
– Мне наўрад ці хто дапамагае, а перашкаджае шмат хто, – адказаў Стах.
Развіталіся яны вельмі холадна. Я заўважыў, што князь быў незадаволены.
Дзіўныя людзі! Мала ім, што Вакульскі стварыў суполку гандлю з імперыяй і даў ім магчымасць зарабляць па пятнаццаць працэнтаў ад іх капіталаў, дык яны яшчэ хочуць, каб па іх рэкамендацыі ён падараваў баранесе некалькі тысяч рублёў…
Але якая прайдзісветка гэтая баба, і куды толькі яна не дапяла!.. Бо ўжо быў у Стаха нават нейкі ксёндз з рэлігійнаю перасцярогаю, каб той прадаў баранесе камяніцу за дзевяноста пяць тысяч. Але Стах адмовіўся, дык хутка, відаць, пачуем, што ён бязбожнік.
Цяпер час апавесці пра галоўную падзею, і зраблю я гэта з хуткасцю маланкі.
Калі я зноў увечары зайшоў да пані Стаўскае (было гэта ў той дзень, калі прыйшоў да ўлады імператар Вільгельм, пасля гісторыі з Набілінгам), калі я прыйшоў туды, маё боства, гэта бясцэнная кабета, была ў цудоўным настроі ды ў захапленні ад… баранесы!
– Ці можа пан уявіць, – сказала яна, – якая гэта пані Кшэшоўская, нягледзячы на свае дзівацтвы, высакародная кабета? Яна заўважыла, што мне сумна без Гэлюні, і прапанавала, каб я заўсёды брала Гэлюню з сабою на тыя пару гадзін.
– На тыя шэсць гадзін за пару рублёў… – удакладніў я.
– Не. Насамрэч, не шэсць, а нейкія чатыры… Гэлюня бавіцца там цудоўна. Хоць і няможна ёй нічога чапаць, але як яна разглядае цацкі нябожчыцы…
– Аж такія прыгожыя там цацкі? – спытаў я, складаючы ўжо ў думках пэўны план.
– Цудоўныя! – з ажыўленнем расказвала пані Стаўская. – Асабліва адна вялікая лялька з цёмнымі валасамі, а калі націснуць ёй вось тут… пад гарсэтам… – дадала яна і пачырванела.
– Ці не ў жывоцік, з дазволу пані? – перапытаў я.
– Так, – паспешліва адказала яна. – Тады лялька міргае вачыма і кажа “мама”! Ах, якая яна забаўная, мне б самой такую хацелася. Завецца яна Мімі. Калі Гэлюня ўбачыла яе першы раз, дык склала рукі і знерухомела, як статуя. А калі пані Кшэшоўская яшчэ прымусіла ляльку загаварыць, дык Гэлюня аж закрычала: “Ах, мама, якая яна прыгожая, якая яна разумная! Ці можна мне пацалаваць яе ў тварык?”
І пацалавала яе ў насок лакіраванага чаравічка.
З тае пары яна нават у сне гаворыць пра тую ляльку, а ледзь прачнецца, адразу пачынае збірацца да пані баранесы і ўжо гатова там бясконца стаяць перад лялькаю з рукамі, складзенымі, як на малітву.
– Сапраўды, – ціхім голасам скончыла свой аповед пані Стаўская (Гэлюня гуляла ў другім пакоі), – якім шчасцем было б купіць ёй гэткую ляльку…
– Пэўна, гэта вельмі дарагая цацка, – заўважыла пані Місевічова.
– Што ж, мама, што яна дарагая. Хто ведае, ці змагу я даць ёй калі-небудзь столькі шчасця, колькі сёння – адна лялька, – адказала пані Стаўская.
– Здаецца мне, – сказаў я, – што ў нас знойдзецца менавіта такая лялька. І каб пані зрабіла ласку прыйсці ў краму…
Я не смеў прапанаваць прэзент, бо разумеў, як рада будзе маці сама справіць дзіцяці радасць.
Гэлюня, хоць і размаўлялі мы прыцішанымі галасамі, пачула, відаць, што гаворым пра ляльку, ды прыбегла ў пакой з зіхоткімі вачыма. Каб заняць яе іншым, я запытаўся:
– Што ж, падабаецца табе, Гэлюня, пані баранеса?
– Так сабе, – адказала дзіця, прыхінаючыся да маіх каленяў ды пазіраючы на маці. (Божа мілы, чаму я не яе бацька?)
– А размаўляе яна з табою?
– Няшмат. Раз толькі распытвала, ці надта песціць мяне пан Вакульскі?
– Так?.. І што ж ты ёй сказала?
– Я сказала, што не ведаю, які гэта пан Вакульскі. А тады пані баранеса кажа… Вой, як гучна цікае ў пана гадзіннік. Я хачу паглядзець.
Дастаў я гадзіннік і падаў яго Гэлі.
– Што ж пані баранеса кажа? – пытаюся.
– Пані баранеса кажа: “Як гэта ты не ведаеш, які пан Вакульскі? Гэта ж той, што бывае ў вас з тым рас… распустам Жэцкім…” Ха-ха-ха!.. Пан распуста… Няхай мне пан пакажа гадзіннік у сярэдзіне…
Зірнуў я на пані Стаўскую. Яна была гэтак уражаная, што нават не зрабіла Гэлюні заўвагу.
Пасля гарбаты з пустымі булачкамі (бо служанка сказала, што масла сёння няможна было дастаць), развітаўся я з шаноўнымі дамамі, прысягаючы сабе, што на месцы Стаха не прадаў бы баранесе камяніцу танней, чым за сто дваццаць тысяч рублёў!
Тым часам гэтая ведзьма, выкарыстаўшы ўсе свае пратэкцыі ды баючыся, каб Вакульскі не падняў цану або нават не прадаў камяніцу каму іншаму, наважылася купіць яе за сто тысяч рублёў.
Падобна, яна моцна раз’юшылася, некалькі дзён была ў істэрыцы, біла служанку, у натарыяльнай канторы лаялася на свайго адваката, але падпісала акт пакупкі.
Некалькі наступных дзён пасля продажу нашай камяніцы было ціха.
Ціха ў тым сэнсе, што не чуваць было баранесы, а толькі яе кватаранты прыходзілі да нас з прэтэнзіямі.
Першы прыбег шавец, той, з чацвёртага паверху афіцыны, і плакаў, што новая гаспадыня падняла яму кватэрную плату на трыццаць рублёў у год. Мне паўгадзіны давялося тлумачыць, што нас гэта не тычыцца, тады ён выцер вочы, скрывіўся і развітаўся са мною гэткімі словамі:
– Пан Вакульскі, відаць, не мае Бога ў сэрцы, каб прадаць дом таму, хто крыўдзіць людзей!..
Ці чулі, панства, нешта падобнае?..
На другі дзень з’явілася гаспадыня парыжскае пральні. Аксамітны салоп, шмат годнасці ў рухах і яшчэ больш рашучасці ў фізіяноміі.
Сядае яна ў фатэль і азіраецца, нібы мае намер купіць у краме некалькі японскіх ваз, а потым пачынае:
– А, дзякуй пану!.. Купіў пан камяніцу ў ліпені, а прадаў у снежні, рыхтык толькі дзеля гандлю, не папярэджваючы нікога…
Наліваецца яна чырванню і правіць далей:
– Сёння тая цюхцяйка адправіла да мяне нейкага драба з адмоваю ў памяшканні. Не ведаю, што ёй у галаву стрэліла, бо я плачу рэгулярна… А яна мне адмаўляе, гэтая шалашоўка, ды яшчэ цень кідае на маю пральню… Кажа, што мае панны да студэнтаў ходзяць. Лжэ і думае… Яна сабе думае, што я сярод зімы знайду новае памяшканне… што выеду з дому, да якога прызвычаіліся мае кліенты… А я ж магу страціць на гэтым тысячы рублёў, хто мне іх верне?..
Мяне то ў жар, то ў холад кідала, калі я слухаў гэту казань, што прылюдна прамаўлялася моцным кантральта. Ледзь зацягнуў я бабу да сябе і ўпрасіў, каб за шкоды і страты падавала на нас у суд.
Праз пару гадзін пасля бабы – бух! – забягае студэнт, той барадаты, які прынцыпова не плаціць за кватэру.
– А, як, пан, маешся? – кажа. – Ці праўда, што тая д’яблава дачка Кшэшоўская купіла ў вас дом?
– Праўда, – кажу я, перакананы, што гэты ўжо, хіба, будзе мяне біць.
– Ліха з ім!.. – кажа барадаты і шчоўкае пальцамі. – Гэткім добрым гаспадаром быў той Вакульскі (P.S. Стах не бачыў ад іх ані гроша за кватэру) і прадаў дом… Дык Кшэшоўская можа выгнаць нас з халупы?
– Гм, гм… – толькі і адказаў я.
– І выганіць, – уздыхнуў ён. – Ужо быў у нас нейкі смаркач з загадам, каб мы вымяталіся… Але трасцы! Не зрушаць нас з месца без суду, а калі зрушаць… Пацешым увесь дом. Развітваюся з панам.
“Ну, – думаю, – хоць гэты не мае да нас прэтэнзій. Аднак здаецца, сапраўды, яны гатовыя пацешыць баранесу…”
Нарэшце, на наступны дзень прыходзіць Вірскі.
– Ведаеш, калега, – кажа ён узрушана, – звольніла мяне баба з пасады, ужо я не радца, і загадала, каб да Новага года з’ехаў.
– Вакульскі ўжо падумаў пра пана, – кажу я. – Атрымаеш пасаду ў суполцы гандлю з імперыяй.
І гэтак, слухаючы адных, супакойваючы іншых ды абнадзейваючы трэціх, неяк вытрымаў я першую атаку. Зразумела было, што баранеса лютуе сярод жыхароў, як Тамерлан, і я моцна непакоіўся за прыгожую і беззаганную пані Гэлену.
У другой палове снежня гляджу – адчыняюцца дзверы і ўваходзіць пані Стаўская. Прыгожая, як ніколі (яна заўсёды прыгожая, і калі вясёлая, і калі заклапочаная). Глядзіць яна на мяне сваімі чароўнымі вачыма і ціха кажа:
– Ці пакажа мне пан тыя лялькі?
Не адна лялька, а нават тры падобныя, даўно ўжо былі падрыхтаваныя, але я гэтак збянтэжыўся, што нейкі час не мог іх знайсці. Смеху варты гэты Клейн са сваімі мінамі, ён гатовы падумаць, што я закахаўся ў пані Стаўскую.
Нарэшце, выцягнуў я скрынку з трыма вялікімі лялькамі: брунеткаю, бландзінкаю і шатэнкаю. У кожнай – сапраўдныя валасы, кожная, калі ёй націснуць на жывоцік, заплюшчвае вочы і выдае гук, які пані Стаўскае гучыць як “мама”, Клейну – як “тата”, а мне – як “угу”…
– Якая прыгажосць, – кажа пані Стаўская, – але, сапраўды, мусяць яны вельмі дорага каштаваць…
– Калі ласка, пані, – адказваю я, – гэта тавар, якога мы хочам пазбыцца, дык можам саступіць яго вельмі танна. Зараз я схаджу па гаспадара…
Стах працаваў за шафамі, але як толькі я паведаміў яму, што тут пані Стаўская і чаго яна прыйшла, ён кінуў рахункі ды выйшаў у краму ў цудоўным гуморы. Я нават заўважыў, што ён глядзіць на пані Стаўскую гэтак прыхільна, нібы яна зрабіла на яго моцнае ўражанне. Ну, прынамсі, хоць зараз… дзякуй Богу.
Гандаль ёсць гандаль, і мы патлумачылі пані Гэлене, што ляльку, як тавар няякасны, які не знаходзіць пакупнікоў, можам аддаць за тры рублі: бландзінку або брунетку.
– Вазьму гэтую, – паказала яна на шатэнку, – бо яна дакладна такая, як у баранесы. Гэля будзе ў захапленні.
Калі дайшло да аплаты, пані Стаўскую зноў апанавалі сумневы, ёй здавалася, што такая лялька мусіла каштаваць не менш за пятнаццаць рублёў, і толькі сумеснымі намаганнямі – мяне, Вакульскага і Клейна – удалося нам пераканаць яе, што мы, калі бяром нават тры рублі, застаёмся яшчэ ў выйгрышы.
Вакульскі вярнуўся да сваіх заняткаў, а я спытаў у пані Гэлены, што новага ў доме, і як цяпер яна ладзіць з баранесаю.
– Ужо ніяк, – адказала яна і пачырванела. – Пані Кшэшоўская зрабіла мне сцэну, бо яна мусіла заплаціць сто тысяч за камяніцу, а я не дапамагла ёй з пратэкцыяй у пана Вакульскага, ну і гэтак далей, дык я… развіталася з ёю і ўжо ніколі больш да яе не пайду. Вядома, яна адмовіла нам у кватэры з Новага года.
– А ці заплаціла яна пані?
– Ах, – уздыхнула пані Стаўская і выпусціла з рук муфту, якую Клейн паспяшаўся падняць.
– Значыць, не?
– Не… яна сказала, што ў яе цяпер няма грошай, і яна не ўпэўненая, ці дакладныя мае падлікі.
Пасмяяліся мы з пані Стаўскаю з дзівацтваў баранесы ды развіталіся, поўныя надзеі на лепшае. А калі яна выходзіла, Клейн адчыніў ёй дзверы гэтак галантна, што адно з двух: або ён ужо лічыць яе нашаю гаспадыняю, або сам закахаўся ў яе. Палена дурное!.. Ён таксама жыве ў доме баранесы і заходзіць часам да пані Стаўскае, але падчас візітаў сядзіць гэтакі смутны, што Гэлюня аднойчы спытала ў бабулі: ці не прымаў пан Клейн сёння рыбін тлушч?.. Фантазёр! І яму думаць пра гэткую кабету…
А зараз апішу трагедыю, якая выклікае ў мяне такі гнеў, што аж дыхаць цяжка, калі яе прыгадваю.
Напярэдадні Калядаў 1878 г. сяджу я ў краме, а тут пасля абеду атрымліваю ад пані Стаўскае ліст, каб увечары прыйшоў да іх. Почырк мяне ўразіў, бо прыкметная была ўзрушанасць, дык я падумаў: можа, яна атрымала вестку пра мужа.
“Пэўна, вяртаецца, – падумаў я. – І трасца ж не возьме гэтых прапашчых мужоў, якія праз столькі гадоў гатовыя раптам апамятацца”.
Пад вечар прыбягае Вірскі, задыханы і збянтэжаны, цягне мяне ў мае пакоі, замыкае дзверы і проста ў футры кідаецца ў фатэль ды кажа:
– Ведаеш, пан, чаго ўчора Кшэшоўская сядзела ў Марушэвіча да паўночы?..
– Да паўночы ў Марушэвіча?..
– Так, ды яшчэ з тым сваім лотрам адвакатам. Прайдзісвет Марушэвіч угледзеў са сваіх вокнаў, што пані Стаўская апранае ляльку, дык баранеса пайшла да яго з ларнеткаю, каб спраўдзіць…
– І што? – пытаю я.
– А тое, што ў баранесы некалькі дзён таму прапала лялька нябожчыцы дачкі, і цяпер гэтая вар’ятка падазрае пані Стаўскую…
– У чым?
– У крадзяжы лялькі!..
Я перажагнаўся.
– Смех дый годзе, пане, лялька ў нас купленая…
– Я ведаю, – адказаў ён. – Але сёння а дзявятай пані баранеса прыйшла з паліцыянтам да пані Стаўскае, загадала забраць ляльку і напісаць пратакол. Ужо пайшла скарга ў суд.
– Ашалеў ты, пане Вірскі! Лялька ж у нас…
– Я ведаю, ведаю, але што з таго, бо ўжо скандал, – кажа Вірскі. – Горш за ўсё (вядома гэта ад паліцыянта), што пані Стаўская, не жадаючы, каб Гэлюня пачула пра ляльку, спачатку не хацела яе паказваць, прасіла, каб гаварылі цішэй, а потым заплакала… Паліцыянт сам не ведаў, што рабіць, бо баранеса не сказала, навошта цягне яго ў кватэру пані Стаўскае. Але як нарабіла ведзьма крыку: “Яна абакрала мяне! Лялька знікла ў той самы дзень, калі Стаўская апошні раз была ў мяне… Арыштуйце яе, бо я ўсім маёнткам адказваю за слушнасць скаргі!..” Тады паліцыянт забраў ляльку ва ўчастак і запрасіў з сабою пані Стаўскую… Скандал, страшны скандал…
– А вы што? – закрычаў я, раз’юшаны.
– Мяне не было дома. Служанка пані Стаўскае яшчэ пагоршыла справу, калі на ўсю вуліцу пачала сварыцца на паліцыянта, і сядзіць, праўда, за гэта ў арышце. А гаспадыня парыжскае пральні, каб паддобрыцца да баранесы, сварылася на пані Стаўскую… Адно добра, пачцівыя студэнты вылілі на галаву баранесе гэткую брыдоту, што век бы не падумаў…
– Але ж суд!.. Але ж справядлівасць!.. – крычаў я.
– Суд пані Стаўскую апраўдае, – сказаў ён. – Гэта ясна. Але што скандал, дык скандал… Прапала бедная кабета. Ужо сёння адправіла яна сваіх вучаніц і сама не пайшла на ўрокі. Равуць разам з маткаю.
Вядома, не чакаючы закрыцця крамы (цяпер гэта здараецца са мною ўсё часцей), пабег я да пані Стаўскае, нават узяў брычку.
Дарогаю прыйшла мне ў галаву добрая думка: расказаць усё Вакульскаму, да якога я вырашыў заехаць, не ведаючы нават, ці ён дома, бо той часта цяпер адбывае службу ў панны Ленцкае.
Вакульскі быў у сябе, але нейкі засмучаны. Жаніхоўства, відавочна, не ішло яму на карысць. Калі ж я распавёў, што здарылася з пані Стаўскаю, пра баранесу і пра ляльку, дык дзяцюк ажывіўся, падняў галаву і з’явіўся ў яго вачах бляск. (Я не раз заўважаў, што найлепшыя лекі ад нашых уласных клопатаў – гэта чужая бяда.)
Ён выслухаў мяне ўважліва (уласныя смутныя думкі неяк выветрыліся ў яго з галавы) і сказаў:
– Зух-баба з гэтае баранесы… Але пані Стаўская можа спаць спакойна, справа ясная, як божы дзень. Не першая яна стала ахвяраю чалавечае подласці!
– Добра табе гэтак казаць, – запярэчыў я, – бо ты мужчына, а перадусім маеш грошы… Тым часам яна, гаротніца, у выніку гэтага скандалу ўжо страціла ўсе ўрокі, хутчэй, сама ад іх адмовілася. Дык як цяпер ёй жыць?..
– А! – стукнуў сябе па лбе Вакульскі. – Я і не падумаў пра гэта…
Ён прайшоўся па пакоі (і моршчыў пры гэтым лоб), штурхануў крэсла, пабарабаніў пальцамі па шыбе і раптам спыніўся перада мною.
– Добра! – кажа ён. – Едзь да тых паняў, а я буду там праз гадзіну. Здаецца мне, зладзім мы справу з пані Мілер…
Я зірнуў на яго з любасцю. Пані Мілер страціла нядаўна мужа, гэткага ж, як і мы, галантарэйнага купца, а ўвесь ягоны маёнтак, крама і крэдыт былі ў залежнасці ад Вакульскага. Дык я ўжо амаль здагадваўся, што Стах зробіць для Стаўскае…
Бягу я тады рыссю на вуліцу, бухаюся ў брычку, еду, нібы тры лакаматывы цягнуць, і ўрываюся, як кангрыўская ракета[226], да тае прыгожае, тае шляхетнае, тае няшчаснае, тае ўсімі пакінутае пані Гэлены. Грудзі ў мяне поўняцца вясёлымі воклічамі і, адчыняючы дзверы, я хачу ўжо закрычаць: “Смех, пані, дый годзе!..” Але як толькі ўвайшоў, дык увесь мой добры гумор застаўся за парогам.
Бо ўявіце сабе, што я там убачыў. У кухні – Марыяна з абвязанаю галавою і апухлым тварам – несумненны доказ, што была яна сёння ва ўчастку. У печы не гарыць, посуд пасля абеду не памыты, самавар халодны, а каля апухлае бядачкі сядзяць вартаўнічка, дзве служанкі ды малочніца, і твары ва ўсіх, як на хаўтурах.
Мароз прадраў мяне па скуры, але ўваходжу ў салон.
Амаль тое ж відовішча. Пасярэдзіне ў фатэлі сядзіць пані Місевічова, таксама з абвязанаю галавою, а вакол яе – пан Вірскі, пані Вірская, гаспадыня парыжскае пральні, якая зноў пасварылася з баранесаю, і яшчэ некалькі дам, якія размаўляюць напаўголасу, затое шморгаюць носам на цэлую актаву вышэй, чым у звычайных абставінах.
Словам, атмасфера, як у рымскіх катакомбах, твары збялелыя або зжаўцелыя, вочы заплаканыя, насы чырвоныя. Толькі Гэлюня так-сяк трымаецца. Сядзіць яна пры фартэп’яне са сваёю старой лялечкай і яе рукамі час ад часу стукае па клавішах, кажучы:
– Ціха, Зосю, ціха, не іграй, бо ў бабулі галава баліць.
Дадайце да гэтага яшчэ цьмянае святло лямпы, якая копціць, і… адчыненыя ралеты, дык кожны зразумее, якія пачуцці мяне ахапілі.
Пабачыўшы мяне, пані Місевічова пачала выліваць, хіба, апошні ўжо запас слёз.
– Ах, але ж прыйшоў, шляхетны пане Жэцкі… Не саромеешся бедных кабет зганьбаваных?.. Ох, не цалуй жа мне рукі!.. Няшчасная наша сям’я… Нядаўна Людвічак быў пад падазрэннем, а цяпер і да нас дайшла чарга… Мусім з’ехаць адсюль, хоць на край свету… У мяне пад Чанстаховам ёсць сястра, туды і паедзем бедаваць да скону…
Я шапнуў Вірскаму, каб той далікатна выправіў адсюль гасцей, і падышоў да пані Стаўскае.
– Лепш бы мне не жыць… – адказала яна на прывітанне.
Прызнаюся, за тыя некалькі хвілін, якія я тут знаходзіўся, ахапіла мяне поўнае здранцвенне. Прысягнуў бы нават, што пані Стаўская, яе матка і нават прысутныя тут прыяцелькі сапраўды зганьбаваныя, і што ўсім нам не застаецца нічога іншага, як толькі памерці. Прага смерці не перашкодзіла мне, аднак, паправіць лямпу, якая курэла і брудзіла пакой далікатнаю, але вельмі чорнаю сажаю.
– Ну, мае пані, – рашуча азваўся Вірскі, – пойдзем ужо, бо пан Жэцкі мусіць пагутарыць з пані Стаўскаю.
Дамы, у якіх спагадлівасць не аслабіла цікаўнасці, заявілі, што і яны могуць з намі пагутарыць. Але Вірскі гэтак рашуча пачаў падаваць ім салопы, што прысаромленыя небаракі пацалавалі пані Стаўскую, пані Місевічову, Гэлюню і пані Вірскую (я ўжо баяўся, каб не пачалі яны цалаваць крэслаў) ды, нарэшце, хацелі ўжо ісці, але пачалі і Вірскіх прымушаць ісці разам з імі.
– Як сакрэт, дык сакрэт, – сказала самая разважлівая з іх. – Панства таксама тут не патрэбныя.
Пачалася новая атака развітанняў, цалаванняў ды суцяшэнняў, і ледзь яны выкаціліся за парог усёю хеўраю, яшчэ і тут працягваючы свае цырымоніі. Ат гэтыя бабы!.. Часам я думаю, што пан Бог толькі на тое стварыў Еву, каб спаскудзіць Адаму жыццё ў раі.
Засталіся мы, нарэшце, у сямейным коле, але салон быў ужо такі закуродымлены ды прасякнуты смуткам, што я страціў апошнюю энергію. Жаласным голасам папрасіў я пані Стаўскую, каб дазволіла мне адчыніць фортку, і не стрымаўся, каб не нагадаць тонам вымовы пра неабходнасць зачыняць ралеты, хоць бы ўжо надалей.
– Памятае пані, – звярнуўся я да пані Місевічовае, – як я папярэджваў пра гэтыя ралеты?.. Каб яны былі зачыненыя, пані Кшэшоўская не магла б віжаваць, што ў паняў тут робіцца.
– Праўда, але хто ж мог падумаць? – адказала пані Місевічова.
– Гэткае ўжо наша шчасце, – ціха дадала пані Стаўская.
Сеў я ў фатэль, счапіў пальцы так, што косці затрашчалі, і з роспачнаю пакораю слухаў жальбы пані Місевічовай пра тую ганьбу, якая валіцца на іх сям’ю ўжо некалькі гадоў запар, пра смерць, якая з’яўляецца канцом людскіх пакутаў, пра нанкавыя штаны пана Місевіча і пра мноства падобных рэчаў. Не мінула і гадзіны, як я ўжо не сумняваўся, што справа з лялькаю скончыцца нейкім масавым самагубствам, а я, канаючы ў нагах пані Стаўскае, насмелюся прызнацца ёй у каханні.
Потым нехта моцна пазваніў у дзверы з боку кухні.
– Паліцыянт! – крыкнула пані Місевічова.
– Пані прымаюць? – запытаўся нехта ў Марыяны гэтакім упэўненым голасам, што мне адразу стала лягчэй.
– Прыйшоў Вакульскі, – сказаў я пані Стаўскай і падкруціў вус.
На цудоўным твары пані Гэлены паказалася чырвань, падобная на пяшчотны пялёстак ружы на снезе. Боская кабета!.. Чаму я не Вакульскі?.. Вось тады б…
Увайшоў Стах. Пані Гэлена паднялася яго прывітаць.
– Не пагарджае пан намі?.. – спытала яна даўкім голасам.
Вакульскі са здзіўленнем зірнуў ёй у вочы і… два разы, раз за разам – каб я так здаровы быў – два разы пацалаваў ёй у руку. А сведчаннем таму, што зрабіў ён гэта з пяшчотаю, была адсутнасць звычайнага ў такіх выпадках цмокання.
– Ах, дык прыйшоў, шляхетны пан Вакульскі, не саромеешся няшчасных зганьбаваных кабет?.. – завяла, не ведаю ўжо які раз, сваю прывітальную прамову пані Місевічова.
– Прашу прабачэння, – спыніў яе Вакульскі, – пані, сапраўды, у прыкрым становішчы, але я не бачу прычын адчайвацца. Праз некалькі тыдняў справа высветліцца, і тады ўжо давядзецца ўпадаць у роспач, але не паням, а той вар’ятцы баранесе. Як ты, Гэлюня? – дадаў ён, цалуючы дзяўчынку.
Голас яго быў такі спакойны і ўпэўнены, а паводзіны гэткія нязмушаныя, што пані Місевічова перастала енчыць, а пані Стаўсакая трохі жвавей зірнула на мяне.
– Дык што ж нам рабіць, шаноўны пане Вакульскі, які не стаў пагарджаць… – зноў пачала была пані Місевічова.
– Трэба чакаць суду, – не даў ёй працягваць Вакульскі. – Трэба даказаць у судзе, што пані баранеса хлусіць, абвінаваціць, у сваю чаргу, яе самую ў паклёпніцтве і, калі яна пойдзе ў вязніцу, не дараваць ёй аніводнае гадзіны. Нейкі месяц, праведзены ў турме, пойдзе ёй на карысць. Зрэшты, я ўжо гаварыў з адвакатам, ён заўтра прыйдзе да паняў.
– Бог цябе паслаў, пане Вакульскі!.. – ужо сваім звычайным голасам выгукнула пані Місевічова, зрываючы з галавы хустку.
– Я прыйшоў сюды па больш важнай справе, – сказаў Стах, звяртаючыся да пані Стаўскае (карцела яму, відаць, хутчэй развітацца, гэтаму ёлупню!). – Пані адмовілася ад сваіх урокаў?
– Так.
– Няхай пані адмовіцца ад іх раз і назаўсёды. Гэта цяжкая і малааплатная праца. Няхай пані зоймецца гандлем.
– Я?
– Так, пані. Умее пані лічыць?
– Я вучылася бухгалтэрыі… – ціха прамовіла пані Стаўская.
Яна была гэтак узрушаная, што аж села.
– Цудоўна. Тут на мяне звалілася яшчэ адна крама разам з яе гаспадыняю, удавою. Але капітал амаль цалкам належыць мне, дык я мушу мець там свайго чалавека, і лепш, каб гэта была кабета, з увагі на гаспадыню крамы. Дык ці згодзіцца пані на месца касіркі з заробкам… пакуль што семдзесят рублёў у месяц?
– Чуеш, Гэленка? – звярнулася да дачкі пані Місевічова з адчаем на твары.
– Пан гатовы даверыць касу мне, падсуднай… – прамовіла пані Стаўская і заплакала.
Аднак хутка абедзве дамы супакоіліся, а праз паўгадзіны мы ўжо пілі гарбату і не толькі гаманілі, але нават жартавалі…
Вакульскі гэта справіў… Адзіны на свеце чалавек! І як яго не любіць! Праўду кажучы, можа, і ў мяне было б гэткае ж добрае сэрца, толькі не стае мне нейкае драбязы… паўмільёна рублёў, як у каханага Стаха.
Адразу пасля Божага нараджэння ўладкаваў я паню Стаўскую ў краму да пані Мілер, якая прыняла новую касірку вельмі сардэчна і паўгадзіны чаўпла мне, які Вакульскі шляхетны, разумны, прыемны… Як ён выратаваў краму ад банкруцтва, а яе і дзяцей – ад жабрацтва, і як бы добра было, каб такі чалавек ажаніўся.
Гуллівая кабетка на свае трыццаць пяць гадоў!.. Не паспела аднаго мужа завезці на Павонзкі, а ўжо (руку б даў адсячы) другі раз гатова выскачыць замуж. Вядома, за Вакульскага. Далібог, ужо палічыць немагчыма, колькі гэтых баб уганяецца за Вакульскім (ці за ягоным багаццем).
А пані Стаўская тым часам захапляецца ўсім: і пасадаю з такім заробкам, якога яна ніколі не мела, і новаю кватэраю, якую зняў для яе Вірскі.
Сапраўды, ніштаватая кватэрка. Маюць яны цяпер вітальню, кухню, водаправод і каналізацыю, тры ўтульныя пакойчыкі, а яшчэ – агародчык. Растуць у ім пакуль тры высахлыя кійкі ды ляжыць кучка цэглы, але пані Стаўская ўяўляе сабе, як ператворыць яго за лета ў рай. Рай, які можна накрыць насоўкаю!..
Год 1879 пачаўся перамогаю англічан у Афганістане, якія пад камандаваннем генерала Робертса ўвайшлі ў Кабул. Пэўна, соус “кабул” падаражэе!.. Але Робертс хват! Без аднае рукі, а б’е афганцаў, аж пер’е ляціць… Хоць такім дзікунам даць дыхту няцяжка, а паглядзеў бы я на цябе, пане Робертс, як бы ты даў рады з венгерскаю пяхотаю!..
У Вакульскага таксама была пасля Новага года баталія з тою суполкаю, якую ён заклаў для гандлю з імперыяй. Думаю, яшчэ адна нарада – і разгоніць ён сваіх супольнікаў на ўсе чатыры бакі. Што за дзіўныя людзі, хоць і спрэс інтэлігенцыя: прамыслоўцы, купцы, шляхта, графы! Ён аб’яднаў іх у суполку, а яны лічаць яго ворагам гэтае суполкі, а ўсе заслугі прыпісваюць сабе. Ён дае ім сем працэнтаў за паўгода, а яны яшчэ касавурацца ды хацелі б зменшыць заробкі працаўнікам.
А тыя каханыя працаўнікі, бараніць якіх гэтак кідаецца Вакульскі!.. Чаго толькі яны не нагаворваюць на яго, нават абзываюць яго эксплуататарам (NB: у нас найбольшыя заробкі ды прэміі!), а як яны адзін аднаму ямы капаюць…
Са смуткам заўважаю я, што з пэўнага часу сярод нашых людзей расквітнелі невядомыя раней звычкі: менш працаваць, гучна наракаць і паціху заводзіць інтрыгі ды пляткарыць. Але што мне да чужых спраў…
А цяпер з надзвычайнаю хуткасцю скончу аповед пра трагедыю, якая не магла пакінуць абыякавым аніводнае шляхетнае сэрца.
Я ўжо паспеў забыцца на той ганебны іск пані Кшэшоўскае да тае нявіннае, тае чыстае, тае цудоўнае пані Стаўскае, як ў канцы студзеня грымнулі над нашаю галавою два перуны: вестка пра тое, што ў Вятлянцы[227] выбухнула чума, і позва ў суд Вакульскаму ды мне на заўтра. У мяне ногі здзервянелі, і гэта здзервяненне падымалася ўсё вышэй – ад пятак да каленяў, потым да страўніка, імкнучыся, вядома, да сэрца. Думаю: “Чума гэта або паралюш?..” Але Вакульскі прыняў позву гэтак абыякава, што і я абнадзеіўся.
Вось іду я ўвечары, усё гэтак жа поўны надзеі, да тых паняў ужо на новую іх кватэру, як раптам чую – пасярод вуліцы бжык-бжык, бжык-бжык!.. О, раны Боскія, гэта ж арыштантаў вядуць!.. Якое страшнае супадзенне…
Авой, якія ж маркотныя думкі апанавалі мяне: “А калі суд не паверыць нам (бо памылкі ж таксама здараюцца) і тую шляхетную кабету кінуць у вязніцу, хоць на тыдзень, хоць на адзін дзень, тады што?.. Яна гэтага не перажыве, і я таксама… А каб і перажыў, дык дзеля таго толькі, каб бедная Гэлюня не засталася без апекі…”
Так! Я мушу жыць. Але што гэта будзе за жыццё!..
Заходжу я да тых дам… Зноў бязладдзе! Пані Стаўская сядзіць збялелая на ўслончыку, а ў пані Місевічовай галава абвязаная хусткаю, змочанай у растворы ад галаўнога болю. Смярдзіць старая камфарай і лямантуе:
– О, шляхетны пане Жэцкі, ты не саромеешся няшчасных, зганьбаваных кабет… Уяві сабе, якая бяда: заўтра суд над Гэленкаю… Падумай толькі, што будзе, калі суд памыліцца і засудзіць няшчасную кабету ў арыштанткі?.. Але супакойся, Гэленка, будзь адважная, Бог цябе, хіба, не пакіне… Хоць уночы сёння мела я жахлівы сон…
(Яна мела сон, я спаткаў арыштантаў… Не абыдзецца без катастрофы).
– Але што гэта! – кажу я. – Справа наша надзейная, нібы золата, выйграем…
І, каб скіраваць думкі пані Місевічовай на іншае, дадаў:
– Зрэшты, што тая справа, калі горшае дзеецца – чума…
– Чума?.. Тут?.. У Варшаве?.. А што, Гэленка, не казала я! Ааа! Усе загінем!.. Гэта ж падчас чумы кожны зачыняецца ў сваім доме… харч падаюць на кіях… трупы сцягваюць у яму крукамі…
Ууу… Бачу, разышлася старая не на жарт, дык, каб спыніць яе разважанні пра чуму, я зноў нагадаў пра суд, на што тая каханая пані адказала мне доўгаю прамоваю пра ганьбу, якая пераследуе іх сям’ю, пра магчымае зняволенне пані Стаўскае ды пра тое, што распаяўся самавар…
Карацей кажучы, апошні вечар перад працэсам, калі гэтак неабходна было падбадзёрыцца, апошні той вечар мінуў у нас у размовах пра чуму і смерць ды пра ганьбу і крымінал. У галаве ў мяне пачало шумець, і калі я апынуўся на вуліцы, дык аж не ведаў, куды мне ісці: налева ці направа.
На другі дзень (справа павінна была пачацца а дзясятай) ужо а восьмай гадзіне паехаў я да маіх паняў і не заспеў іх дома. Усе пайшлі да споведзі: маці, дачка, унучка і кухарка, – ды лучыліся з Богам да паловы на дзясятую, а я, гаротнік (гэта ж быў студзень), шпацыраваў на марозе перад брамаю і думаў:
“Добрая справа! Спозняцца яны ў суд, калі яшчэ не спазніліся, суд выдасць завочны вырок і, вядома, не толькі асудзіць пані Стаўскую, але яшчэ палічыць яе ўцякачкаю ды разашле загад схапіць яе… Гэтак з бабамі!..”
Нарэшце, усе чацвёра прыйшлі разам з Вірскім (няўжо і гэты набожны чалавек хадзіў сёння да споведзі?), і ў двух брычках паехалі мы ў суд: я з пані Стаўскаю і Гэлюняй, а Вірскі – з пані Місевічовай і кухаркай. Шкада, што не пабралі з сабою яшчэ чыгункі, самавар ды прымус!.. Перад будынкам суду стаяла ўжо каляска Вакульскага, у якой ён прыехаў разам з адвакатам. Яны чакалі нас на прыступках гэткіх брудных, нібы прайшоў па іх батальён пяхоты, і твары ў іх былі абсалютна спакойныя. Я гатовы нават паспрачацца, што гутарылі яны пра нешта зусім іншае, а не пра пані Стаўскую.
– О, шаноўны пане Вакульскі, ты не саромеешся бедных кабет, зганьбаваных… – завяла было пані Місевічова.
Але Стах падаў ёй руку, адвакат – пані Стаўскай, Вірскі ўзяў за ручку Гэлюню, а я – у пары з Марыянаю – увайшлі мы да міравога суддзі.
Зала нагадала мне школу: суддзя сядзеў на ўзвышэнні, нібы на прафесарскай кафедры, а насупраць яго ў двух шэрагах лавак размяшчаліся ўдзельнікі працэсу і сведкі. У гэты момант гэтак жыва паўсталі мне ў памяці маладыя гады, што міжволі кінуў вокам я ў бок печы, упэўнены, што ўбачу слугу з дубцамі ды лаўку, на якой нас лупцавалі. Ад узрушэння ледзь не закрычаў: “Больш ніколі ў жыцці, пане прафесар!..” Але своечасова апамятаўся.
Пачалі мы ўсаджваць нашых дам на лаўкі і паспрачаліся з гэтае нагоды з жыдкамі, якія, як мне пазней растлумачылі, з’яўляюцца самымі нястомнымі слухачамі судовых спраў пра крадзяжы ды ашуканства. Знайшоў я месца і пачцівай Марыяне, якая ўселася з такою мінай, нібы мела намер перахрысціцца і адмовіць пацеры.
Вакульскі, наш адвакат і я размясціліся на першай лаўцы побач з ягамосцем у падраным паліто і з падбітым вокам, на якога нядобра пазіраў адзін з паліцыянтаў.
“Пэўна, зноў нейкае непаразуменне з паліцыяй,” – падумалася мне.
Раптам я аж рот разявіў ад здзіўлення, бо перад кафедраю міравога суддзі ўбачыў цэлую грамаду вядомых мне асобаў. Налева ад стала – пані Кшэшоўская, яе нахабны адвакат і той прайдзісвет Марушэвіч, а з правага боку – два студэнты. Адзін з іх вызначаўся надта зношаным мундзірам і балбатлівасцю, а другі меў яшчэ больш зношаны мундзір, каляровы шалік на шыі і твар без адзінае крывінкі, нібы ён быў эмігрантам з пахавальнае цырымоніі.
Прыгледзеўся я да яго лепей. Так, гэта ён, той самы чэзлы маладзён, які падчас першага візіту Вакульскага да пані Стаўскае скінуў селядзец на галаву баранесе. Каханы хлапчына!.. Але ж не даводзілася мне ніколі раней бачыць гэтакую сухарэбрыну…
У першую хвіліну я падумаў, што паміж тымі прыемнымі маладымі людзьмі ды баранесай адбываецца працэс уласна з-за селядца. Але хутка пераканаўся, што справа іншая, а менавіта – пані Кшэшоўская, як гаспадыня дому, хоча выгнаць сваіх самых непрымірымых ворагаў, а таксама і самых вялікіх даўжнікоў, якія не плацяць за кватэру.
Справа паміж баранесай і маладымі людзьмі дайшла ўжо да кульмінацыі.
Адзін са студэнтаў, ладны дзяцюк з вусікамі ды фаварытамі, перавальваючыся з наскоў на абцасы, расказваў нешта суддзі. Пры гэтым яго правая рука выконвала плаўныя рухі, а левая звабліва падкручвала вус, далёка адстаўляючы мезенец, упрыгожаны пярсцёнкам без вочка.
Другі малады чалавек пахмурна маўчаў і хаваўся за калегу. У яго паставе я адзначыў пэўную асаблівасць: ён прытуліў абедзве рукі да грудзей, а далоні трымаў так, нібы была там кніжачка ці абразок.
– Дык як вас завуць, панове? – спытаў суддзя.
– Малескі, – з паклонам адказаў уладальнік фаварытаў, – і Паткевіч, – годным рухам паказаў ён на свайго пахмурнага таварыша.
– А дзе трэці пан?
– Яму няможацца, – сарамліва адказаў пан Малескі. – Гэта наш сусед па пакоі. Зрэшты, ён вельмі рэдка жыве з намі.
– Як гэта вельмі рэдка? Дзе ж ён сядзіць днямі?
– Ва ўніверсітэце, у анатамічцы, часам, у сталоўцы.
– А ўночы?
– Пра гэта я магу паведаміць пану суддзі толькі сам-насам.
– А дзе ж ён прапісаны?
– О, прапісаны ён у нашым доме, бо не хацеў рабіць уладам клопату, – з мінаю лорда растлумачыў Малескі.
Суддзя звярнуўся да пані Кшэшоўскае:
– Што ж, пані па-ранейшаму не хоча трымаць гэтых паноў?
– Ні за што на свеце! – заенчыла пані баранеса. – Цэлымі начамі галёкаюць, тупацяць, спяваюць, свішчуць… Няма аніводнае служанкі ў доме, якую б яны не зазвалі да сябе. А, Божачкі! – закрычала яна, павярнуўшы галаву.
Суддзя здзівіўся гэтаму воклічу, а я не… Бо я бачыў, як пан Паткевіч, не аднімаючы рук ад грудзей, раптам пусціў вочы пад лоб, а ніжнюю сківіцу адваліў так, што зрабіўся падобны на нябожчыка, які застаўся стаяць. Твар і ўся яго пастава, сапраўды, маглі спалохаць нават здаровага чалавека.
– Найгорш, што гэтыя паны льюць праз акно нейкія вадкасці…
– На пані?– зухавата спытаў пан Малескі.
Баранеса пасінела ад злосці, але змоўчала. Прызнацца ёй было сорамна.
– Яшчэ што?
– Але горш за ўсё (з-за гэтага я нават захварэла на нервы), што гэтыя панове па некалькі разоў на дзень стукаюць мне ў акно чэрапам…
– Панове гэтак робяць? – запытаўся суддзя.
– Маю гонар растлумачыць пану суддзі, – адказаў Малескі з паставаю чалавека, які збіраецца танцаваць менуэт. – Нам прыслужвае вартаўнік, які жыве ўнізе, дык, каб не цягацца туды-сюды на чацвёрты паверх, узялі мы доўгі шнур, падвешваем на яго, што трапіцца пад руку (часам, здараецца, і чэрап), ды… стукаем яму ў акно. – скончыў ён гэткім саладжавым тонам, што цяжка было ўявіць, як можна спалохацца гэткага далікатнага стуку.
– Авой, Божа!.. – зноў крыкнула баранеса і затрэслася.
– Вядома, хворая кабета, – прамармытаў Малескі.
– Я не хворая! – закрычала баранеса. – Паслухай мяне, пане суддзя!.. Я не магу глядзець на таго другога… бо ён увесь час крывіць твар, як нябожчык… Я нядаўна страціла дачку!.. – скончыла яна са слязьмі.
– Слова гонару, у гэтай пані галюцынацыі, – прамовіў Малескі. – Хто тут падобны на нябожчыка?.. Паткевіч?.. Гэткі прыгажун!..
З гэтымі словамі ён выцягнуў наперад чэзлага калегу, які… у гэты момант ці не пяты ўжо раз удаваў мерцвяка.
У зале выбухнуў смех, суддзя, каб уратаваць свой гонар, зашыўся ў паперы і пасля доўгае паўзы сурова заявіў, што рагатаць тут нельга і кожны, хто парушыць парадак, будзе пакараны штрафам.
Карыстаючыся агульным замяшаннем, Паткевіч тузануў калегу за рукаў ды панура зашаптаў:
– Што ж ты, свіння Малескі, кпіш з мяне ў публічным месцы?
– Бо ты прыгажун, Паткевіч. Кабеты шалеюць за табою.
– Дык гэта не з-за таго… – прамармытаў Паткевіч ужо спакайней.
– Калі панове заплацяць дванаццаць рублёў і пяцьдзясят капеек за студзень месяц? – спытаў суддзя.
Пан Паткевіч гэтым разам паказаў чалавека, у якога бяльмо на левым воку і ўся левая частка твару спаралізаваная. А пан Малескі глыбока задумаўся.
– Калі б мы, – сказаў ён праз хвіліну, – маглі застацца да вакацыяў, дык… Але так!.. Няхай пані баранеса забярэ ў нас мэблю.
– Ах, нічога ўжо я не хачу, нічога… Толькі выбірайцеся, панове! Не прэтэндую нават на плату за кватэру! – закрычала баранеса.
– Як гэта кабета кампраметуе сябе, – прашаптаў наш адвакат. – Цягаецца па судах, бярэ гэткага мярзотніка за дарадцу…
– Але мы маем да пані прэтэнзіі за шкоды і страты! – азваўся Малескі. – Ці чуў хто, каб гэтаю парою выганяць прыстойных людзей з кватэры?.. Каб мы нават і знайшлі сабе памяшканне, дык будзе яно такое паганае, што двое з нас, прынамсі, захварэюць на сухоты і памруць…
Пан Паткевіч, напэўна, каб надаць большае вагі гэтым словам, пачаў варушыць вухам ды скураю галавы, што выклікала ў зале новую хвалю весялосці.
– Першы раз бачу нешта падобнае! – сказаў наш адвакат.
– Гэткую справу? – спытаў Вакульскі.
– Не, каб чалавек гэтак варушыў вухам. Артыст!..
Суддзя тым часам напісаў і пачаў чытаць вырок, паводле якога панове Малескі і Паткевіч былі асуджаныя заплаціць дванаццаць рублёў і пяцьдзясят капеек за кватэру і вызваліць памяшканне да 8 лютага.
Тут здарылася нешта надзвычайнае. Пан Паткевіч, пачуўшы вырок, гэтак узрушыўся, што твар яго пазелянеў, і ён самлеў. На шчасце, падаючы, ён трапіў у абдымкі пана Малескага, іначай мог бы моцна вытнуцца, небарака.
Вядома, у зале загучалі спагадлівыя галасы, кухарка пані Стаўскае заплакала. Жыдкі пачалі паказваць пальцам на баранесу і гергетаць. Заклапочаны суддзя спыніў паседжанне, кіўнуў Вакульскаму (адкуль ён яго ведаў?) і пайшоў у свой пакой, а два паліцыянты амаль вынеслі на руках беднага маладзёна, які гэтым разам сапраўды нагадваў нябожчыка.
У калідоры, калі паклалі яго на лаву, а нехта з прысутных закрычаў, што трэба лінуць на яго вады, хворы раптам ускочыў і гучна сказаў:
– Ну, ну, толькі без дурных жартаў…
Пасля чаго сам апрануў паліто, энергічна нацягнуў галёшы і лёгкім крокам выйшаў з суда, пакідаючы ўдзельнікаў працэсу і сведак у здзіўленні.
У гэты момант падышоў да нашае лаўкі нейкі судовы чыноўнік і ціха сказаў Вакульскаму, што суддзя запрашае яго на сняданне. Стах выйшаў, а пані Місевічова пачала рабіць мне роспачныя знакі, просячы да сябе.
– Езус! Марыя! – пачала яна. – Не ведаеш, пан, навошта суддзя паклікаў гэтага найшляхетнейшага з людзей?.. Пэўна, хоча сказаць яму, што прапала Гэленка!.. О, у гэтае непачцівае баранесы мусяць быць вялікія сувязі… Ужо адну справу яна выйграла, відаць, будзе тое самае і з Гэленкай… Ах, я бедная ды няшчасная! Ці няма ў цябе, пане Жэцкі, кропляў ад нерваў?
– Пані кепска?
– Яшчэ не, хоць тут вельмі душна… Але я страшна баюся за Гэленку… Раптам яе засудзяць, дык яна самлее і можа памерці, калі мы хутка не вернем яе да прытомнасці… Як думаеш, каханы пане, можа, варта было б мне кінуцца суддзі ў ногі ды ўпрошваць яго?
– Але ж, пані, гэта лішняе… Наш адвакат казаў, што баранеса і хацела б, напэўна, забраць скаргу, ды ўжо позна.
– Але ж мы саступім! – выгукнула старая.
– О, шаноўная пані, што не, то не, – адказаў я крыху раздражнёна. – Або мы выйдзем адсюль апраўданыя, або…
– Памром, хочаш сказаць? – не дала мне скончыць старая. – Авой, не кажы гэтак… Пан не ведае, як прыкра ў маім веку чуць пра смерць…
Я пакінуў усхваляваную старую і падышоў да пані Стаўскае.
– Як пачуваецца пані?
– Выдатна! – адказала яна рашуча. – Яшчэ ўчора я страшна баялася, але пасля споведзі стала мне лягчэй, а як прыйшла сюды, адчуваю сябе зусім спакойна.
Я паціснуў ёй руку доўга… доўга… так, як паціскаюць толькі тыя, хто сапраўды кахае, і пабег да свае лаўкі, бо Вакульскі, а за ім і суддзя вярнуліся ў залу.
Сэрца ў мяне бухала, як молат. Я агледзеўся. Пані Місевічова з заплюшчанымі вачыма відавочна малілася, пані Стаўская была бледная, але рашуча настроеная, пані баранеса скубла свой салоп, а наш адвакат пазіраў у столь і стараўся не пазяхаць.
У гэты момант Вакульскі таксама азірнуўся на пані Стаўскую і няхай мяне д’яблы возьмуць, калі я не заўважыў у яго вачах выразу замілавання, які рэдка там быў заўважны!..
Яшчэ пару такіх працэсаў, і я ўпэўнены, што закахаўся б ён насмерць.
Суддзя пару хвілін нешта пісаў, а калі скончыў, абвясціў прысутным, што зараз будзе разглядацца справа Кшэшоўскае супраць Стаўскае пра крадзеж лялькі.
І ён паклікаў бакі працэсу і сведак на сярэдзіну.
Я стаяў побач з лаўкамі дык пачуў размову дзвюх кумак. Малодшая, з чырванню на твары, тлумачыла старэйшай:
– Вось, бачыць пані, тая красуня скрала ў тае пані ляльку…
– Было там на што спакусіцца!..
– Уга! Не кожнаму прасы красці …
– Гэта пані скрала прас, – азваўся ззаду грубы голас. – Не той злодзей, хто забірае сваю ўласнасць, а той, хто дае пятнаццаць рублёў задатку і ўжо думае, што купіў…
Суддзя пісаў і пісаў, а я прыгадваў тую прамову, што склаў учора на абарону пані Стаўскае і на зганьбаванне баранесы. Але змяшаліся мне ўсе словы ў галаве, дык я пачаў разглядацца па зале.
Пані Місевічова працягвала ціха маліцца, а Марыяна, якая сядзела за ёю, плакаць. У пані Кшэшоўскае твар зрабіўся шэры, яна прыкусіла вусны і апусціла вочы, але з кожнае складкі яе адзення праглядала злосць… Каля яе стаяў Марушэвіч, утаропіўшыся ў падлогу, а за ім – служанка баранесы, гэткая спалоханая, нібы яе збіраліся весці на эшафот…
Наш адвакат змагаўся з пазяханнем.
Вакульскі сціснуў кулакі, а пані Стаўская аглядала ўсіх па чарзе з гэткім лагодным спакоем, што я, каб быў скульптарам, узяў бы яе за мадэль статуі звінавачанае нявіннасці.
Потым, нягледзячы на пратэсты Марыяны, Гэлюня выбегла на сярэдзіну, схапіла маці за руку і ціха запыталася:
– Мама, а чаму гэты пан загадаў сюды прыйсці?.. Я нешта на вушка скажу: пэўна, мама не слухалася і цяпер мусіць стаяць у кутку…
– Падвучаная!.. – сказала чырванатварая кумка старэйшай.
– Каб пані гэтак здаровая была, – прамармытаў за ёю грубы голас.
– Сам, пан, будзь здаровы маёю крыўдаю… – злосна адказала кумка.
– А пані сканае ў сутаргах, і будуць у пекле прасаваць цябе маімі прасамі, – адказаў ёй антаганіст.
– Ціха! – голасна азваўся суддзя. – Што пані Кшэшоўская можа паведаміць у гэтай справе?
– Выслухай мяне, пане суддзя! – выступіла наперад і пачала дэкламаваць пані баранеса. – Ад памерлага дзіцяці засталася мне самая дарагая памятка – лялька, якая вельмі падабалася вось гэтай пані і яе дачцэ, – паказала яна на пані Стаўскую і яе дачку.
– Абвінавачаная бывала ў пані?
– Так, я наймала яе для шыцця…
– Але нічога ёй не заплаціла! – выгукнуў з канца залі Вірскі.
– Ціха! – утаймаваў яго суддзя.
– У той дзень, калі я гэту пані звольніла, – працягвала баранеса, – прапала ў мяне лялька. Я думала, памру, гэтак было мне шкада, і адразу падазрэнне на яе ўпала… Прадчуванні мае спраўдзіліся, бо праз некалькі дзён мой прыяцель, пан Марушэвіч, убачыў з акна, што гэта пані (якая жыве насупраць яго) трымае ў руках маю ляльку і пераапранае яе ў іншую сукенку, каб не пазналі.
Тады я пайшла да яго з маім праўным дарадцам і праз ларнетку ўбачыла, што, сапраўды, гэта мая лялька ў тае пані. Дык на другі дзень пайшла я да яе, забрала ляльку, якую пан бачыць тут на стале, і падала скаргу.
– А пан Марушэвіч упэўнены, што гэта тая лялька, якая была ў пані Кшэшоўскае?
– Якраз… уласна кажучы… пэўнасці не маю.
– Дык навошта пан Марушэвіч сказаў пра яе пані Кшэшоўскай?
– Уласна… я не ў тым значэнні…
– Не хлусі, пан! – закрычала баранеса. – Ты прыбег да мяне і рагатаў, кажучы, што Стаўская скрала ляльку, і гэта на яе вельмі падобна…
Марушэвіч змяніўся з твару, у яго выступіў пот, і ён нават пачаў пераступаць з нагі на нагу, што з’яўляецца доказам, хіба, вялікае скрухі.
– Мярзотнік, – прамармытаў Вакульскі досыць гучна.
Я заўважыў, аднак, што гэта заўвага не падбадзёрыла Марушэвіча. Наадварот, здавалася, ён яшчэ больш разгубіўся.
Суддзя звярнуўся да служанкі пані Кшэшоўскае:
– У вас была гэта лялька?
– Не ведаю, якая… – ціха адказала запытаная.
Суддзя паказаў ёй ляльку, але служанка маўчала, толькі міргала ды заломвала рукі.
– Ах, гэта Мімі!.. – закрычала Гэлюня.
– О, пані суддзя! – крыкнула баранеса. – Дачка сведчыць супраць маці…
– Ты ведаеш гэту ляльку? – спытаў суддзя ў Гэлюні.
– О, ведаю!.. Дакладна гэткая ж была ў пані ў тым пакойчыку…
– Гэта тая?
– О, не. Не тая… У той была шэрая сукенка і чорныя чаравічкі, а ў гэтай карычневыя чаравічкі!..
– Ну, так, – прамармытаў суддзя і паклаў ляльку на стол. – Што скажа пані Стаўская?
– Я купіла гэту ляльку ў краме пана Вакульскага…
– І колькі ж пані заплаціла за яе?.. – прашыпела баранеса.
– Тры рублі.
– Ха-ха-ха! – зарагатала баранеса. – Гэта лялька каштуе пятнаццаць…
– Хто прадаў пані гэту ляльку? – запытаўся суддзя ў Стаўскае.
– Пан Жэцкі, – адказала яна і пачырванела.
– Што скажа пан Жэцкі?..
Вось і настаў час для маёй прамовы. Сяк-так я пачаў:
– Шаноўны суддзя!.. З балесным здзіўленнем даводзіцца мне… Гэта значыць… бачу, пан, перад сабою трыумф злосці і гэта… пакрыўджаную…
Раптам мне перасохла ў горле так, што і слова ўжо не мог я вымавіць. На шчасце, азваўся Вакульскі:
– Жэцкі толькі прысутнічаў пры пакупцы, а ляльку прадаў я.
– За тры рублі? – спытала баранеса, і ў яе, як у яшчаркі, бліснулі вочы.
– Так, за тры рублі. Гэта тавар з дэфектам, якога мы пазбываемся.
– А ці прадаў бы пан гэту ляльку за тры рублі і мне таксама? – усё выпытвала баранеса.
– Не! Пані я ўжо ніколі і нічога не прадам у сваёй краме.
– Які пан мае доказ, што лялька купленая ў яго краме? – запытаўся суддзя.
– Вось, вось! – закрычала баранеса. – Якія доказы?..
– Ціха! – утаймаваў яе суддзя.
– Дзе пані купіла сваю ляльку? – спытаў у баранесы Вакульскі.
– У Лесера.
– Дык у нас ёсць доказ, – сказаў Вакульскі. – Гэтыя лялькі я прыводжу з-за мяжы па частках: асобна галовы, асобна тулавы. Няхай пан суддзя адпора галаву і пашукае ўнутры мой фірменны знак.
Пані баранеса занепакоілася.
Суддзя ўзяў у рукі ляльку, якая нарабіла гэтулькі звады, і сваім чыноўніцкім сцізорыкам разрэзаў ёй спачатку станік, а потым пачаў старанна адпорваць галаву ад тулава. Здзіўленая Гэленка спачатку прыглядалася да гэтай аперацыі, а потым ціха звярнулася да маці:
– Мама, навошта гэты пан распранае Мімі? Яна ж будзе саромецца…
Раптам яна зразумела, што адбываецца, і гучна заплакала, хаваючы твар у складках сукенкі пані Стаўскае:
– Ах, мама, навошта ён яе рэжа?.. Гэта страшна баліць!.. Мама, мама, я не хачу, каб Мімі рэзалі…
– Не плач, Гэлюня. Мімі будзе здаровая і яшчэ прыгажэйшая, – супакойваў яе Вакульскі, узрушаны не менш за Гэленку.
Тым часам галава Мімі звалілася на паперы. Суддзя зазірнуў унутр і падаў яе пані баранесе са словамі:
– Ну, няхай пані прачытае, што там напісана?
Баранеса прыкусіла вусны і маўчала.
– Дык няхай пан Марушэвіч уголас прачытае, што там?
– Ян Мінцаль і Станіслаў Вакульскі… – прабубніў Марушэвіч.
– Значыць, не Лесер?
– Не.
Увесь гэты час служанка баранесы паводзіла сябе вельмі дзіўна: яна чырванела, бялела, хавалася сярод лавак…
Суддзя скоса пазіраў на яе і, нарэшце, сказаў:
– Цяпер панна хай нам скажа, што здарылася з лялькаю. Толькі прашу казаць праўду, бо пастаўлю панну пад прысягу.
Тая з жахам схапілася за галаву, падбегла да стала і паспешліва адказала:
– Лялька разбілася, пане…
– Тая ваша лялька, пані Кшэшоўскае?..
– Тая…
– Ну хай разбілася ў яе галава, а рэшта дзе?
– На падстрэшку, пане… Авой, што са мною будзе!
– Нічога з паннаю не будзе, горш было б, каб не сказала праўду. А пані ісціца чуе, што адбылося?
Баранеса апусціла вочы і склала крыжам рукі на грудзях, як пакутніца.
Суддзя пачаў пісаць. Ягамосць, што сядзеў на другой лаўцы (вядома, прасавальшчык), азваўся да дамы з чырвоным тварам:
– А што, украла?! Бачыш, пані, як плявузгаць? Га?..
– Калі кабета прыгожая, дык і з крымінальнае справы выграбецца, – сказала чырванатварая дама сваёй суседцы.
– Але пані не выграбецца… – прамармытаў прасавальшчык.
– Дурань пан!..
– Пані яшчэ дурнейшая…
– Ціха! – закрычаў суддзя.
Загадана было ўсім устаць, і пачулі мы вырок, які ў поўнай меры апраўдваў пані Стаўскую.
– Зараз, – сказаў суддзя, скончыўшы чытаць, –пані можа падаць скаргу пра абгавор.
Ён спусціўся ў залу, паціснуў руку пані Стаўскай і дадаў:
– Мне вельмі прыкра, што я пані судзіў, і мне вельмі прыемна, што магу павіншаваць.
У пані Кшэшоўскае пачаліся спазмы, а дама з чырвоным тварам уздыхнула і сказала сваёй суседцы:
– На ладны тварык і суддзя квапіцца… Але дачакаюцца яны апошняга суду!
– Халера!.. Яна яшчэ і блюзнерыць… – прамармытаў прасавальшчык.
Пайшлі мы да выхаду. Вакульскі падаў руку пані Стаўскай, з якой пайшоў наперад, а я асцярожна павёў па брудных сходах паню Місевічову.
– Я ж казала, што ўсё гэтак і скончыцца, – запэўнівала мяне старая. – А пан не верыў.
– Я не верыў?..
– Так, хадзіў пан, як атручаны… Езус! Марыя… А гэта што такое?
Апошнія яе словы тычыліся чэзлага студэнта, які разам са сваім таварышам чакаў перад брамаю, відавочна, пані Кшэшоўскую і, мяркуючы, што тая ўжо ідзе, зрабіў выгляд нябожчыка перад… пані Місевічовай!.. Але ўбачыў, што памыліўся, дык засаромеўся і пабег наперад.
– Паткевіч, стой, яны ўжо ідуць… – закрычаў пан Малескі.
– Ідзі да д’ябла! – крыкнуў пан Паткевіч. – Заўсёды мяне кампраметуеш.
Але ён пачуў крокі ў браме, вярнуўся ды яшчэ раз паказаў нябожчыка… Вірскаму!..
Гэта ўжо канчаткова адбіла ахвоту ў маладых людзей, і яны, вельмі злосныя, рушылі дадому па розных баках вуліцы.
Але, калі мы на брычках іх дагналі, дык яны ізноў ішлі разам і пакланіліся нам вельмі галантна.