…І паехаў!.. Пан Станіслаў Вакульскі, славуты арганізатар суполкі транзітнага гандлю, славуты кіраўнік фірмы з чатырохмільённым абаротам, паехаў у Парыж, як першы-лепшы паштальён у Мілосну… То казаў (мне самому), што не ведае, калі паедзе, а на другі дзень – шах-мах – і ўжо яго няма.
З’еў густоўны абед у яснавяльможных Ленцкіх, выпіў кавы, пакалупаўся ў зубах і – ходу. Дзіва што! Пан жа Вакульскі не абы-які крамнік, што мусіць жабраваць у начальства адпачынак раз на колькі гадоў. Пан Вакульскі – капіталіст, мае каля шасцідзесяці тысяч рублёў гадавога даходу, запанібрата з графамі ды князямі, б’ецца на двубоях з баронамі ды едзе куды хоча і калі хоча. А вы, мае нанятыя работнічкі, пільнуйце справу. За гэта вы маеце заробак і дывідэнды.
І гэта купец?! Балаган, кажу я вам, такое купецтва!..
Ну, можна ехаць і ў Парыж, і нават спехам, але не ў такі час. Тут, пане, кангрэс берлінскі наварыў піва. Тут, пане, Англія – за Кіпр, Аўстрыя – за Боснію… Італьянцы крычаць напрамілы Бог: “Дайце нам Трыест, бо кепска будзе…” Тут чую ўжо, пане, што ў Босніі кроў льецца раўчукамі, і (дай Бог жніво скончыць) вайна грымне яшчэ да зімы, як амэн у пацерах… А ён тым часам дае нырца ў Парыж!..
Ш-ш!.. ?.. …Чаго ён так раптоўна з’ехаў у Парыж?.. На выставу?.. Што яму тая выстава! А можа, па справе, якую ён мае з Сузіным?.. Цікава, што гэта за справы, на якіх можна займець пяцьдзясят тысяч прыбытку, вось так – раз гатова?.. Яны мне кажуць пра вялікія машыны на нафту, або на чыгунку, або на цукровы завод... Але, анёлкі вы мае, замест гэткіх надзвычайных машын ці не едзеце вы па звычайныя гарматы?.. Францыя, як бачыш, возьмецца за грудкі з Нямеччынай… Малы Напалеонак нібы сядзіць у Англіі, але з Лондана да Парыжа бліжэй, чым з Варшавы да Замосця…
Гэй!.. Пане Ігнацы, не спяшайся ты са сваімі меркаваннямі пра пана В. (у такіх выпадках лепш не вымаўляць прозвішча цалкам), не асуджай яго, бо можаш выставіць сябе на смех людзям. Тут рыхтуецца нейкая вялікая інтрыга: той пан Ленцкі, што некалі бываў у Напалеона ІІІ, той нібы акцёр Росі, італьянец… (італьянцы гвалтам патрабуюць Трыест…), той абед у панства Ленцкіх перад самым ад’ездам, купля камяніцы…
Што панна Ленцкая прыгожая, дык прыгожая, але яна, прынамсі, толькі кабета, і з-за яе ўчынкі Стаха не былі такія безразважныя… У гэтым ёсць нейкая п… (у такіх выпадках лепш ужываць скароты). У гэтым ёсць нейкая вялікая П…
Ужо амаль два тыдні мінула, як з’ехаў бедны хлапец, можа, і назаўсёды… Лісты піша кароткія, сухія, пра сябе нічога не паведамляе, а мяне гэтакі адольвае сум, што, далібог, бывае, месца сабе не знаходжу. (Ну, хіба, не з-за яго, а такі маю характар.)
Я памятаю, як ён з’язджаў. Краму мы ўжо зачынілі, і якраз пры гэтым століку піў я гарбату (Іру нешта нядобрыцца), а тут раптам заходзіць у пакой лёкай Стаха:
– Гаспадар просіць! – гукнуў ён праз парог і ўцёк.
(Гэткі галган бессаромны, гэткі гультая кавалак!.. Трэба бачыць, з якою мінаю стаў ён у дзвярах і заявіў: “Пан просіць”. Быдла.)
Хацеў я прабраць яго: “Блазан ты гэтакі, твой гаспадар – толькі табе гаспадар”, – але той ужо паляцеў на злом галавы.
Я хутчэй дапіў гарбату, наліў Іру трохі малака ў сподачак і пайшоў да Стаха. Гляджу, а лёкай яго ў браме гарэзуе адразу з трыма дзявухамі. Ну, думаю, гэтакі жарабец і з чатырма ўправіўся б, хоць… (З тымі кабетамі д’ябал ладу не дабярэ. Узяць пані Ядвігу – худзенькая, маленькая, нібы эфірная ўся, а ўжо трэці муж пры ёй у сухотніка ператварыўся.)
Падымаюся я наверх. Дзверы кватэры не замкнёныя, а Стах пры святле лямпы сам пакуе чамаданы. Цюкнула мне ў галаву нешта.
– Куды? – пытаюся я.
– Еду ў Парыж, – адказвае ён.
– Учора казаў, што так хутка не выберашся…
– А, учора…
Адышоў ён ад чамадана, падумаў хвіліну і дадаў асаблівым тонам:
– Яшчэ ўчора… я памыляўся…
Гэтыя словы прыкра мяне ўразілі. Я ўважліва прыгледзеўся да Стаха і дзіву даўся. Ніколі б не падумаў, што чалавек нібы здаровы, прынамсі, не паранены, мог гэтак змяніцца за пару гадзін. Твар шэры, вочы запалі, выгляд нейкі здзічэлы…
– Адкуль жа гэткая нечаканая перамена… у планах? – спытаў я, хоць і адчуваў: не пра тое пытаюся, што хацеў бы ведаць.
– Мой каханы, – адказаў ён, – хіба ж ты не ведаеш, як часта адно слова мяняе планы і нават людзей… а не тое што – цэлая размова! – дадаў ён шэптам.
Працягваючы пакавацца ды збіраць розныя рэчы, ён выйшаў у залу. Мінула хвіліна – не вяртаецца, дзве… не вяртаецца… Я зазірнуў у прыадчыненыя дзверы і ўбачыў: стаіць ён, трымаючыся за спінку крэсла і застылым позіркам глядзіць у вакно.
– Стаху…
Ён страпянуўся і, вяртаючыся да свайго занятку, спытаў:
– Чаго ты хочаш?
– Што з табою?
– Нічога.
– Даўно я не бачыў цябе такім.
Ён усміхнуўся і адказаў:
– Відаць, з таго часу, калі дантыст кепска выдзіраў мне зуб, да таго ж – здаровы…
– Дзіўна мне бачыць гэтыя твае зборы, – сказаў я. – Можа, ты маеш мне што сказаць…
– Сказаць?.. А, праўда… У банку ў нас каля ста дваццаці тысяч рублёў, дык грошай вам хопіць… Далей… Што далей?.. – пытаўся ён у самога сябе. – Ага!.. Сакрэту з таго, што купіў камяніцу Ленцкіх, я ўжо не раблю. Наадварот, трэба схадзіць туды і ўзяць кватэрную плату, гэткую ж, як і раней была. Пані Кшэшоўскай можаш падняць на які дзясятак рублёў, няхай пазлуецца. Але бедных не прыціскай… Жыве там нейкі шавец, нейкія студэнты. Бяры з іх, колькі дадуць, абы плацілі ў тэрмін.
Ён зірнуў на гадзіннік, убачыў, што мае трохі часу, дык лёг на шэзлонг і ляжаў моўчкі, з рукамі пад галавою і прыкрытымі вачыма. Шкода было глядзець на яго.
Я сеў у нагах і сказаў:
– Што з табой, Стаху?.. Скажы мне, што з табою. Я ведаю, што не дапамагу нічым, але, бачыш… Згрызота – яна, як труцізна, добра было б яе пазбавіцца…
Сташак зноў усміхнуўся (як мне не падабаюцца гэтыя яго крывыя ўсмешкі) і праз хвіліну адказаў:
– Я памятаю (даўнія гэта падзеі), як сядзеў у адным памяшканні з нейкім франтам, і быў ён надзіва шчыры. Дзяліўся сакрэтамі пра сваю сям’ю, пра свае дачыненні з кабетамі, пра свае перамогі, а потым – вельмі ўважліва слухаў, што са мною здарылася. Ну, і добра гэтым скарыстаўся…
– Што гэта значыць?.. – спытаў я.
– Гэта значыць, мой стары, што калі я ад цябе не хачу чуць ніякіх прызнанняў, дык і сам не жадаю іх рабіць.
– Дык гэтак ты, – закрычаў я, – разумееш даверлівую размову са старым прыяцелем?
– Супакойся, – адказаў ён, падымаючыся з канапы. – Гэта для пансіянерак… Мне, зрэшты, няма ў чым прызнавацца нават табе. Як я стаміўся!.. – прамармытаў ён і пацягнуўся.
Нарэшце, прыйшоў яго лайдак лёкай, узяў рэчы Стаха і паведаміў, што коні стаяць перад домам. Селі мы ў каляску, Стах і я, але дарогаю на чыгунку не замянілі ні слова. Ён пазіраў на зоркі ды пасвістваў, а мне здавалася, што еду я, хіба, на пахаванне.
На Венскім вакзале пераняў нас доктар Шуман.
– Едзеш у Парыж? – спытаў ён Стаха.
– А ты адкуль ведаеш?
– О, я ўсё ведаю. Нават і тое, што ў гэтым жа цягніку едзе пан Старскі.
Стах здрыгануўся.
– Што ён за чалавек? – запытаўся ў доктара.
– Гультай, банкрут… як, зрэшты, усе яны, – адказаў Шуман. – Ну, і экс-прэтэндэнт…
– Мне ўсё роўна.
Шуман нічога не адказаў, толькі зіркнуў з-пад ілба.
Пачуліся званкі ды свісткі. Падарожныя палезлі ў вагоны. Стах паціснуў нам рукі.
– Калі вяртаешся? – запытаўся доктар.
– Хацеў бы… ніколі, – адказаў Стах і сеў у пустое купэ першага класа.
Цягнік рушыў. Доктар у задуменні глядзеў, як аддаляліся агні, а я… ледзьве не заплакаў…
Калі возныя пачалі ўжо зачыняць уваход на перон, я ўгаварыў доктара пашпацыраваць па Алеях Ерусалімскіх. Ноч была цёплая, неба чыстае, я нават не памятаю, каб бачыў на ім калі-небудзь гэтулькі зорак. Прыгадалася мне, як Стах казаў, што ў Балгарыі часта глядзеў на зоркі, дык (смешная ідэя!) і я пастанавіў кожны вечар глядзець цяпер на неба. (Можа, сапраўды, на нейкім з мігатлівых свяцілаў сустрэнуцца нашы позіркі або думкі, і ён не будзе адчуваць сябе гэткім самотным, як тады?)
Раптам (не ведаю нават чаму) з’явілася ў мяне падазрэнне, што неспадзяваны ад’езд Стаха мае сувязь з палітыкай. Дык захацелася мне распытаць Шумана, і вырашыў я пад’ехаць бачком:
– Здаецца мне чамусьці, што Вакульскі… нібы закаханы?..
Доктар затрымаўся на ходніку, абапёрся на свой кіёк і зарагатаў так, што аж пачалі на яго азірацца.
– Ха-ха-ха!.. Пан толькі цяпер зрабіў гэткае грандыёзнае адкрыццё?.. Ха-ха-ха!.. Падабаецца мне гэты стары!..
Недарэчны жарт. Але я стрываў і адказаў:
– Зрабіць гэта адкрыццё лёгка могуць нават людзі… з меншым, чым у мяне, досведам (тут, здаецца, я крыху ўеў яго). Але я асцярожны ў сваіх дапушчэннях, пане Шуман… Зрэшты, мне і ў галаву не прыходзіла, каб гэткая звычайная рэч, як каханне, магла вырабляць з чалавекам падобныя рэчы.
– Памыляешся, стары, – адказаў доктар і махнуў рукою. – Каханне – рэч звычайная для прыроды, нават, калі хочаш, для Бога. А вашая бязглуздая цывілізацыя, заснаваная на рымскіх прынцыпах, даўно ўжо мёртвых і закапаных, а таксама на каталіцызме, на трубадурах, на аскетызме, на каставасці ды падобных глупствах, з натуральнага пачуцця зрабіла… ведаеш што?.. зрабіла нервовую хваробу!.. Вашае нібы каханне рыцарска-касцельна-рамантычнае, насамрэч, з’яўляецца паскудным гандлем, заснаваным на падамне, якое справядліва караецца пажыццёвымі галерамі пад назваю шлюб… Бяда, аднак, таму, хто на падобны кірмаш прыносіць сэрца… Колькі гэта забірае часу, высілкаў, здольнасцяў, авой! нават жыцця… Мне гэта добра вядома, – працягваў ён, задыхаючыся ад гневу, – бо хоць я і жыд, і застануся ім да канца жыцця, але выхоўваўся я, аднак, сярод вашых, нават заручаны быў з хрысціянкаю… Ну, і гэтак нам паспрыялі ў нашых намерах, гэтак чула апекаваліся намі ў імя рэлігіі, маральнасці, традыцыі і ўжо не ведаю нават чаго, што яна памерла, а я спрабаваў атруціцца… Я, гэтакі мудры ды лысы!..
Ён зноў спыніўся пасярод ходніка.
– Павер мне, Ігнацы, – скончыў ён хрыпла, – нават сярод звяроў не знойдзеш такога паганага гатунку, як людзі. Ва ўсёй прыродзе самец належыць той саміцы, якой ён падабаецца і якая яму падабаецца. Сярод быдла няма ідыётаў. А ў нас? Я жыд, дык мне нельга кахаць хрысціянку… Ён купец, дык не мае права на дачку графа… А ты, як не маеш грошай, дык увогуле не маеш права ні на адну кабету… Подлая ваша цывілізацыя!.. Лепш было мне загінуць, але прывалены яе друзам…
Мы ўсё яшчэ ішлі ў бок рагатак[161]. Падняўся вільготны вецер і ўжо некалькі хвілін дзьмуў нам проста ў твар, на захадзе збіраліся хмары, якія закрывалі зоркі. Ліхтарні трапляліся ўсё радзей. Зрэдчас па Алеі туркатала брычка і абдавала нас нябачным пылам, познія мінакі беглі дадому.
“Будзе дождж!.. Стах ужо недзе каля Градзіска,” – падумаў я.
Доктар нізка насунуў капялюш ды злосна маўчаў. Мне рабілася ўсё больш маркотна, можа, з-за таго, што хутка цямнела. Я б нікому і ніколі гэтага не сказаў, але мне часам прыходзіла думка, што Стах… сапраўды, ужо і думаць не думае пра палітыку, бо з галавою патануў ў фалдах сукенкі тае панны. Здаецца, я нават казаў яму нешта падобнае, і ягоны адказ не зменшыў маіх падазрэнняў.
– Хіба гэта магчыма, – пачаў я, – каб Вакульскі зусім забыў пра грамадскія справы, пра палітыку, пра Еўропу…
– З Партугаліяй, – дадаў доктар.
Гэткі цынізм абурыў мяне.
– Пан кпіць, – сказаў я. – Але хіба можна запярэчыць, што Стах мог стацца нечым большым, чым няшчасны закаханы ў панну Ленцкую. Ён быў грамадскі дзеяч, а не нейкі там нягеглы ўздыхальнік…
– Мае пан рацыю, – згадзіўся доктар, – але што з таго? Паравая махіна, прынамсі, не млынок на каву, гэта вялікая махіна. Але варта заржавець у ёй аднаму малому колку, і яна ператвараецца ў непатрэбную старызну, нават небяспечную. Вось і ў Вакульскім ёсць падобнае кола, якое ржавее і псуецца…
Вецер усё мацнеў. Мне запарушыла пяском вочы.
– І адкуль на яго гэта навала? – азваўся я. (Але нядбалым тонам, каб Шуман не падумаў, што я хачу нешта выпытаць.)
– Тут і характар Стаха, і створаныя цывілізацыяй нормы, – адказаў доктар.
– Характар?.. Ніколі не быў ён падкі на каханне.
– Таму і прапаў, – працягваў Шуман. – Цэнтнеры снегу, падзеленыя на сняжынкі, толькі запарушыць зямлю і не пашкодзяць ніводнае травінкі. Але цэнтнеры снегу, збітага ў лавіну, разбураюць жытло і забіваюць людзей. Каб Вакульскі кожны тыдзень кахаў іншую, дык быў бы падобны да пончыка, меў вольныя думкі і шмат карыснага мог зрабіць на свеце. Але ён, як скнара, збіраў капітал пачуццяў, ну і бачым вынік гэтае ашчаднасці. Каханне тады прыгожае, калі мае лёгкасць матылька, а калі пасля доўгае летаргіі яно абудзіцца, як тыгр, дык барані Божа ад гэткае пацехі! Адна справа добры апетыт, а зусім іншая – калі кішкі марш іграюць…
Хмараў усё большала, мы павярнулі назад ужо амаль ад самых рагатак. Я падумаў, што Стах мусіць быць каля Руды Гузоўскае.
А доктар правіў сваё, усё больш хвалюючыся, усё мацней махаючы кіем:
– Ёсць гігіена жытла і адзення, гігіена харчавання і працы, якой не прытрымліваюцца ніжэйшыя класы, і ў гэтым прычына павышанай смяротнасці, прычына кароткага жыцця і выраджэння. Але ёсць таксама і гігіена кахання, якой не толькі не прытрымліваюцца, а, наадварот, якую гвалцяць адукаваныя класы, і гэта з’яўляецца адной з прычын іх заняпаду. Гігіена патрабуе: “Еж тады, калі хочацца!”, але насуперак гэтаму безліч правілаў хапае нас за полы з віскатам: “Нельга!.. Будзеш есці тады, калі мы табе дазволім, калі выканаеш такія і такія ўмовы, вызначаныя маральнасцю, традыцыямі, модаю…” Трэба прызнаць, што тут найбольш адсталыя грамадствы апярэдзілі самыя прагрэсіўныя, а хутчэй, іх адукаваныя класы.
І звярні ўвагу, пане Ігнацы, у якой згодзе між сабою працуюць на абалваньванне людзей і дзіцячы пакой, і салон, і паэзія, і проза, і драма. Загадваюць табе шукаць ідэалы, самому быць ідэальным аскетам і не толькі выконваць, але нават ствараць нейкія штучныя ўмоўнасці. А які вынік?.. Мужчына, бо яго звычайна менш дрэсіруюць, робіцца здабычаю кабеты, якую толькі і робяць, што дрэсіруюць. І вось што атрымліваецца: насамрэч цывілізацыяй кіруюць кабеты!
– Хіба гэта кепска? – спытаў я.
– Да д’ябла! – выгукнуў доктар. – Ці ты, пан Ігнацы, не заўважыў, што калі мужчына з духоўнага пункту гледжання з’яўляецца мухаю, дык кабета – яшчэ горшая муха, бо пазбаўленая лап і крылаў. Выхаванне, традыцыі, можа, нават і спадчыннасць, якія нібы робяць з яе істоту вышэйшую, робяць з яе істоту пачварную. І гэты нікчэмны вырадак – са скрыўленымі ступакамі, з пераціснутым тулавам, з неразвітымі мазгамі – мае абавязак выхоўваць будучыя пакаленні чалавецтва! Што ён ім прышчэпіць?.. Ці вучацца дзеці працаваць, каб зарабіць на кавалак хлеба? Не, яны вучацца прыгожа трымаць нож і відэлец. Ці вучацца яны разумець людзей, з якімі давядзецца жыць? Не, яны вучацца падабацца ім з дапамогаю адпаведных грымас і паклонаў. Ці вучацца яны бачыць рэальныя факты, ад якіх залежыць наша шчасце і няшчасце? Не, яны вучацца заплюшчваць вочы на факты і марыць пра ідэалы. Наша мяккасць у жыцці, наша непрактычнасць, гультайства, дагодлівасць і тая жахлівая бязмозгасць, якая вякамі гняце чалавецтва, – гэта вынік педагогікі, створанай кабетамі. Зноў жа, нашы кабеты – гэта плод клерыкальна-феадальна-паэтычнае тэорыі кахання, знявага гігіены і здаровага сэнсу.
У галаве мне шумела ад высноваў доктара, а ён тым часам шыбаваў наперад, як шалёны. На шчасце, бліснула маланка і ўпалі першыя кроплі дажджу, дык балбатлівы прамоўца раптам апрытомнеў, ускочыў у першую ж брычку і загадаў везці яго дадому.
Стах быў ужо, пэўна, каля Рогава. Ці здагадваўся ён, што мы яго з языка не спускалі? А сам, бедачына, што ён адчуваў, калі адна бура бушавала ў яго над галавою, а другая, можа, яшчэ мацней – у сэрцы?
Аёй! Якая залева, якая кананада перуноў… Скручаны ў клубок Ір праз сон слаба пабрэхвае, калі грыміць, а я кладуся ў ложак і накрываюся адною прасціною. Гарачая ноч. Пане Божа, апякуйся тымі, хто ў падобную ноч з гора ўцякае за мяжу.
Часта бывае дастаткова дробязі, каб рэчы старыя, як людскія грахі, паказаліся нам у новым святле.
Я, напрыклад, ведаю Стары горад з дзяцінства, і заўсёды мне здавалася, што ён цесны і брудны. Але калі паказалі мне ў якасці каштоўнасці адзін са старадаўніх будынкаў (ды яшчэ ў “Ілюстраваным штотыднёвіку”[162]), я раптам заўважыў, што Стары горад прыгожы… З тае пары хаджу туды, прынамсі, раз на тыдзень і не толькі адкрываю штораз новыя асаблівасці, але яшчэ і дзіўлюся, што не заўважаў іх раней.
Гэтак жа і з Вакульскім. Я ведаю яго не менш за дваццаць гадоў і заўсёды думаў, што ён прыроджаны палітык. Галавою б паручыўся, што Стах нічым іншым не займаецца, апроч палітыкі. Але двубой з баронам і авацыі Росі абудзілі ў мяне падазрэнні, што ён, можа, закахаўся. А пасля размовы з Шуманам я перастаў у гэтым сумнявацца.
Зрэшты, гэта лухта, бо і палітык можа закахацца. Вось Напалеон І кахаў усіх без разбору, а трос усю Еўропу. Напалеон ІІІ таксама меў шмат каханак, і я чуў, што ягоны сын удаўся ў бацьку ды знайшоў ужо сабе нейкую англічанку.
Дык калі слабасць да кабет не кампраметуе Банапартаў, чаго мне папікаць гэтым Вакульскага?..
І якраз калі я гэтак разважаў, здарыўся адзін выпадак, які нагадаў мне падзеі амаль дваццацігадовае даўніны, а самога Стаха прадставіў у іншым святле. Ох, ён не палітык, ён – нехта зусім іншы, я нават не магу гэтага добра ўсвядоміць.
Мне здаецца часам, што ён – чалавек, пакрыўджаны грамадствам. Але… маўчу!.. Грамадства нікога не крыўдзіць… Каб раптам перасталі ў гэта верыць, дык Бог ведае, колькі б пасыпалася прэтэнзій. Можа, нават ніхто ўжо не займаўся б палітыкай, а толькі думаў бы, як паквітацца з бліжнімі. Дык лепш не кранаць гэтых пытанняў. (Які я стаў гаваркі пад старасць, а ўсё не пра тое, пра што хацелася б сказаць.)
Дык вось, аднойчы ўвечары п’ю я ў сябе гарбату (Ір увесь час нейкі асалавелы), аж адчыняюцца дзверы і нехта ўваходзіць. Гляджу: постаць мажная, твар наліты, нос чырвоны, галава сівая. Прынюхаўся: пахне ў пакоі нібы віном і цвіллю.
“Гэты шляхціц, – думаю я, – або нябожчык, або кіпер…[163] Бо ні ад каго іншага не несла б прытхласцю.”
– Да д’ябла! – дзівіцца прыбыш. – Гэтак ты ўжо заганарыўся, што людзей не пазнаеш?..
Працёр я вочы. Але ж гэта жывы Махальскі, кіпер Гопфера!.. Разам былі мы ў Венгрыі, пазней тут, у Варшаве, але ўжо гадоў з пятнаццаць не бачыліся, бо ён жыве ў Галіцыі, дзе па-ранейшаму – кіпер.
Вядома, павіталіся мы як родныя браты – раз, другі і трэці…
– Калі ты прыехаў? – пытаюся я.
– Сёння раніцаю, – адказвае ён.
– І дзе ж ты бадзяўся да гэтае пары?
– Заехаў на Дзеканку[164], але было мне гэтак тужліва, што адразу пайшоў у склеп да Лесіша…[165] Гэта, пане, склеп!.. Жыві ды радуйся…
– Што ж ты там рабіў?
– Трохі дапамагаў старому, а так – сядзеў. Няма дурных бадзяцца па горадзе, калі ёсць такі склеп.
Вось праўдзівы кіпер даўняе загартоўкі!.. Не цяперашні франт, які пойдзе лепш на танцы, чым будзе, шэльма, сядзець у склепе. І нават у склеп цягне свае лакіркі… Гіне Польшча з такім паганым купецтвам!
Слова за слова, прасядзелі мы да гадзіны ночы. Махальскі пераначаваў у мяне і а шостай рана зноў паімчаў да Лесіша.
– Што ты будзеш рабіць пасля абеду? – пытаюся я ў яго.
– Пасля абеду зайду да Фукера[166], а на ноч вярнуся да цябе, – адказаў ён.
Быў ён з тыдзень у Варшаве. Начаваў у мяне, а дняваў у склепах.
– Павесіўся б, – кажа ён, – каб цэлы тыдзень давялося мне швэндацца па вуліцах. Штурханіна, спёка, пыл!.. Сабачае жыццё. Нялюдскае.
Здаецца мне, ён перабольшвае. Бо хоць і мне лепш у краме, чым на Кракаўскім прадмесці, аднак крама – гэта не склеп. Дзіваком стаў хлапец на гэтым сваім кіперстве.
Вядома, пра што ж нам было размаўляць з Махальскім, як не пра даўніну ды не пра Стаха? І гэткім чынам паўстала ў мяне перад вачыма гісторыя яго маладосці, нібы здарылася гэта ўчора.
Памятаю (быў гэта год 1857, можа, 58), зайшоў я раз да Гопфера, у якога працаваў Махальскі.
– А дзе пан Ян? – пытаюся я ў слугі.
– У склепе.
Спускаюся я ў склеп. Бачу, гарыць лоевая свечка, мой пан Ян злівае леварам[167] віно з бочкі ў бутэлькі, а ў нішы відны нейкія дзве постаці: сівы стары ў светлым сурдуце са стосам папер на каленях і малады хлапец з коратка стрыжанымі валасамі ды разбойніцкаю фізіяноміяй. Гэта быў Стах Вакульскі і яго бацька.
Я ціха сеў (бо Махальскі не любіў, каб яму перашкаджалі пры зліванні віна), а сівы чалавек у светлым сурдуце манатонна даводзіў гэтаму дзецюку:
– Навошта ты марнуеш грошы на кніжкі?.. Мне давай, бо як давядзецца спыніць працэс – пішы прапала. Не кніжкі цябе выцягнуць з таго прыніжэння, у якое ты трапіў, а толькі працэс. Калі я выйграю і вернем мы дзедаў маёнтак, тады ўсе ўспомняць, што Вакульскія – старая шляхта і нават знойдзецца радня… У мінулым месяцы ты дваццаць злотых усадзіў на кніжкі, а мне акурат столькі не хапіла на адваката… Кніжкі! Адны кніжкі… Нават, каб стаў разумны, як Саламон, пакуль будзеш у краме, заўсёды будуць табою пагарджаць, хоць ты і шляхціц, а твой дзед па матцы быў кашталянам[168]. А калі я выйграю працэс, калі перабяромся мы ў вёску…
– Пойдзем адсюль, бацька, – буркнуў хлапец, зіркаючы на мяне з-пад ілба.
Стары, паслухмяны, як дзіця, завязаў свае паперы ў чырвоную хустку і пайшоў за сынам, які мусіў падтрымліваць яго на сходах.
– Што гэта за арыгіналы? – пытаюся я ў Махальскага, які скончыў ужо работу і прысеў на ўслончык.
– А! – махнуў ён рукою. – Старому клёпак у галаве не стае, а хлапец здатны. Завецца Станіслаў Вакульскі. Спрытны, шэльма.
– Зрабіў нешта? – пытаю я.
Махальскі зняў пальцамі нагар са свечкі, каб ясней гарэла, наліў мне кілішак віна і пачаў апавядаць:
– Ён тут у нас ужо чатыры гады. Да крамы або да склепа не надта… Але механік!.. Зрабіў гэткую машыну, што пампуе ваду з долу ўгару, а з гары лье на кола, якое якраз і рухае помпу. Гэткая машына можа круціцца і пампаваць да канца свету, але нешта ў ёй наперакос пайшло, дык рухалася яна толькі чвэрць гадзіны. Стаяла там, наверсе, у сталовым пакоі, і заваблівала гасцей да Гопфера, але ўжо з паўгода нешта ў ёй зламалася.
– Які хвацкі!.. – кажу я.
– Ну, яшчэ не аж такі, – адказаў Махальскі. – Быў тут адзін прафесар з рэальнага вучылішча, агледзеў ён помпу і сказаў, што яна нікуды не вартая, але хлопец здольны і мусіць вучыцца. З таго часу маем мы судны дзень у краме. Вакульскі заганарыўся, з гасцямі няветлівы, толькі і глядзіць, каб пакімарыць удзень, бо ўночы вучыцца і пачаў кніжкі купляць. А бацьку яго хочацца тыя грошы выкарыстаць на судовы працэс. Судзіцца ён за нейкі там дзедаў маёнтак… Ты ж чуў.
– А што ён думае пра навуку? – пытаю я.
– Кажа, што паедзе ў Кіеў ва ўніверсітэт. Во як! Хай едзе, – правіў Махальскі, – можа, хоць адзін крамнік у людзі выб’ецца. Я яму не перашкаджаю. Калі ён у склепе, дык не завальваю работай, хай хлопец пачытае. Але наверсе назаляюць яму крамнікі і госці.
– А што Гопфер?
– Нічога, – працягваў Махальскі, устаўляючы новую лоевую свечку ў жалезны ліхтар з ручкаю. – Гопфер баіцца адпудзіць Вакульскага, бо Кася Гопферава горнецца трохі да яго. Можа, хлопец і верне калі дзедаў маёнтак.
– І ён горнецца да Касі? – запытаўся я.
– Нават не зірне ў той бок, дзікая шэльма! – адказаў Махальскі.
Мне тады адразу падумалася, што хлопец з гэткаю галавой, які купляе кніжкі і не дбае пра дзяўчат, мог бы стаць добрым палітыкам. Дык я ў той самы дзень пазнаёміўся са Стахам, і з тае пары адносіны ў нас не найгоршыя…
Стах быў яшчэ гады тры ў Гопфера і за гэты час завёў шмат знаёмстваў сярод студэнтаў, маладых чыноўнікаў з розных установаў, якія навыперадкі неслі яму кнігі, каб ён здаў іспыты ва ўніверсітэт.
Сярод тае моладзі быў нейкі Леон[169], хлопец яшчэ малады (не было яму і дваццаці гадоў), прыгожы, а што ўжо разумны, а што задзірысты! Быў ён нібы маім памочнікам у палітычнай адукацыі Вакульскага, бо калі я расказваў таму пра Напалеона і пра вялікі запавет Банапартаў, дык пан Леон – пра Мадзіні[170], Гарыбальдзі ды ім падобных. А як умеў ён натхняць!
– Працуй, – не раз казаў ён Стаху, – і вер, бо моцная вера можа затрымаць рух Сонца, а не тое што палепшыць стасункі паміж людзьмі.
– Можа, мне даслаць дакументы ва ўніверсітэт? – спытаў Вакульскі.
– Я ўпэўнены, – адказаў Леон з бляскам у вачах, – каб хоць адну хвіліну была ў цябе гэткая ж вера, як у першых апосталаў, дык ужо сёння апынуўся б ты ва ўніверсітэце…
– Або ў вар’ятні, – прамармытаў Вакульскі.
Леон забегаў па пакоі і замахаў рукамі:
– Які лёд у гэтых сэрцах!.. Якая апатыя!.. Якая прыніжанасць!.. – крычаў ён. – Калі нават такі чалавек, як ты, не здольны верыць. Прыгадай, колькі ты ўжо паспеў зрабіць за гэткі кароткі час. Ты ўжо столькі ведаеш, што мог бы сёння паздаваць іспыты…
– Што я магу! – уздыхнуў Стах.
– Ты адзін – няшмат. Але некалькі дзясяткаў, некалькі сотняў такіх, як ты, як я… Ці ведаеш ты, што мы можам зрабіць?
Тут голас яму здрадзіў. У Леона пачаліся сутаргі. Ледзьве мы яго адхаялі.
Іншым разам пан Леон папікаў нас адсутнасцю ахвярных памкненняў.
– Хіба вы не ведаеце, – казаў ён, – што Хрыстос сілаю свае ахвярнасці адзін збавіў чалавецтва?.. Як палепшаў бы свет, каб у ім заўсёды былі асобы, гатовыя ахвяраваць жыццём!..
– Я мушу аддаваць жыццё за тых гасцей, што лаюцца на мяне, як на сабаку, ці за тых пасыльных і крамнікаў, што падымаюць мяне на смех? – запытаўся Вакульскі.
– Не шукай адгаворак! – закрычаў пан Леон. – Хрыстос загінуў нават за сваіх катаў… Але ў вас слабы дух… Дух ваш гнілы… А паслухай, што кажа Тыртэй[171]: “О, Спарта, загінь, пакуль тваю веліч – магілу прадзедаў – не зруйнаваў месінскі молат. І не выкінуў сабакам святыя косці. І прашчураў цень не прагнаў ад сцен… А ты, народ, пакуль яшчэ вораг не закаваў цябе, зламі мячы бацькоў на парозе дому і кінь у прорву. Няхай не ведае свет, што ў вас былі мячы, але не хапіла вам мужнага сэрца”[172]. Сэрца, – паўтарыў Леон.
Хоць і насцярожана слухаў Стах тэорыі Леона, але дзяцюк той, як Дэмасфен, здольны быў пераканаць кожнага.
Я памятаю, як аднаго вечара на шматлюдным сходзе плакалі мы ўсе, як адзін, і маладыя, і сталыя, калі Леон апавядаў нам пра той дасканалы свет, у якім не будзе месца дурноце, жабрацтву, несправядлівасці.
– З гэтае хвіліны, – казаў ён узнёсла, – не будзе ўжо розніцы паміж людзьмі. Шляхта і мяшчане, сяляне і жыды – усе будуць братамі…
– А крамнікі?.. – азваўся з кутка Вакульскі.
Але гэта заўвага не збянтэжыла пан Леона. Ён рэзка павярнуўся да Вакульскага, пералічыў усе прыкрасці, якія рабілі таму ў краме, усе перашкоды, якія паўставалі ў яго на шляху да навукі, і скончыў гэтак:
– А каб ты паверыў, што роўны з намі, што мы любім цябе, як брата, каб мог супакоіць сваё сэрца, поўнае гневу на нас, вось я… кленчу перад табою і ад імя чалавецтва малю прабачыць крыўды.
Сапраўды, ён укленчыў перад Стахам і пацалаваў яму руку. Усе на тым сходзе расчуліліся яшчэ больш, Стаха і Леона паднялі ўгору на руках і прысягнулі, што за такіх людзей, як яны, кожны аддаў бы жыццё.
Сёння, калі я прыгадваю тыя падзеі, здаецца мне часам, што быў гэта сон. Праўда, ніколі раней і ніколі пазней не сустракаў я гэткага энтузіяста, як пан Леон.
На пачатку 1861 года Стах адмовіўся ад месца ў Гопфера. Пасяліўся ён у мяне (у маім пакойчыку з закратаваным акном і зялёнымі фіранкамі), кінуў гандаль і пачаў хадзіць вольным слухачом на акадэмічныя лекцыі.
Дзіўным было яго развітанне з крамаю. Я памятаю, бо сам прыйшоў тады па яго. Ён пацалаваўся з Гопферам, а потым спусціўся ў склеп, каб абняць Махальскага, дзе затрымаўся на пару хвілін. Я сядзеў у сталовым пакоі і чуў нейкі шум, рогат крамнікаў ды гасцей, але не падазраваў фігляў. Раптам бачу (лаз у лёхі быў у тым самым пакоі), як са склепа высоўваецца пара чырвоных рук. Рукі тыя хапаюцца за падлогу, і за імі паказваецца ды зноў хаваецца галава Стаха – раз, другі. Госці і прыслуга рагочуць.
– Ага, – закрычаў адзін з гасцей, – бачыш, як цяжка без драбіны вылезці са склепа? А табе заманулася адразу з крамы ва ўніверсітэт скочыць!.. Вылазь, калі такі разумны…
Стах з глыбіні зноў высунуў рукі, зноў ухапіўся за край адтуліны і вылез напалову. Я думаў, што кроў пырсне ў яго з твару.
– Як ён стараецца… Цудоўна атрымліваецца!.. – закрычаў іншы госць.
Стах зачапіўся нагою за падлогу і праз момант быў ужо ў пакоі. Ён не злаваўся, але і рукі не падаў ніводнаму з калегаў, забраў сваю торбу ды пайшоў да дзвярэй.
– Чаго ж з намі не развітваешся, пане доктар!.. – крычалі яму ўслед госці Гопфера.
Мы ішлі вуліцаю моўчкі. Стах кусаў вусны, а мне тады падумалася: тое, як ён вылазіў са склепа – сімвал яго жыцця, мэтаю якога было выбрацца з крамы Гопфера на шырокі прастор.
Прарочы выпадак!.. Бо і да сённяшняга дня Стах няспынна выбіраецца наверх. І Бог ведае, што б мог зрабіць дзеля краю гэтакі чалавек, каб на кожным кроку не забіралі ў яго драбіну, каб не мусіў ён губляць сілы і час на адно толькі здабыванне новых пазіцый.
Калі ён перабраўся да мяне, працаваў дзень і ноч, аж зло мяне брала. Уставаў ён раней за шостую і чытаў, а дзясятай бег на лекцыі, потым зноў чытаў. Пасля чацвёртай было ў яго рэпетытарства ў некалькіх сям’ях (пераважна жыдоўскіх, з якімі звёў Шуман), калі ж вяртаўся дадому – зноў чытаў і чытаў, пакуль сон не зморыць ды не ляжа ён, нарэшце, спаць позна ўночы.
Меў бы ён з тых урокаў някепскі даход, каб раз-пораз не наведваўся да яго бацька, усіх зменаў у якога было толькі, што сурдут ён насіў ужо не светла-карычневы, а табачнага колеру, і паперы свае закручваў у блакітную хустку. А ў астатнім застаўся такі самы, як і тады, калі я першы раз яго ўбачыў. Ён сядаў да стала сына, клаў на калені паперы ды ціха і манатонна пачынаў:
– Кніжкі… усё кніжкі!.. Ты траціш грошы на навуку, а мне не стае на працэс. Нават як і два ўніверсітэты скончыш, не выграбешся з цяперашняе прыніжанасці, пакуль не вернем дзедавых маёнткаў. Тады людзі прызнаюць, што ты шляхціц, роўны іншым… Тады знойдзецца і радня…
Час, вольны ад навукі, Стах прысвячаў доследам з паветранымі балонамі. Ён узяў вялікі буталь, з дапамогаю купарвасу вытварыў там нейкі газ (ужо і не памятаю які) ды напоўніў ім балон, праўда, невялікі, але зроблены па-майстэрску. Была пад ім машынка з ветраком… Ну і лятаў ён пад столлю, пакуль не разбіваўся аб сцяну.
Тады Стах зноў штукаваў свой балон, рамантаваў машынку, напаўняў буталь розным паскудствам і зноў спрабаваў. І гэтак без канца. Раз буталь трэснуў, а купарвас ледзь не выпаліў яму вока. А яму хоць бы дзічкі! З дапамогаю, хіба, балона хацеў ён цяпер “вылезці” са свайго марнага становішча.
З таго часу, як Вакульскі пасяліўся ў мяне, з’явілася ў нашай краме новая пакупніца – Кася Гопфер. Не ведаю, што ёй так у нас прыпала да густу – маё шчацінне ці туша Яна Мінцля. Бо ў дзяўчыны было не менш за дваццаць крамак з рознаю драбязою паблізу дому, але хадзіла яна ў нашу. Некалькі разоў на тыдзень.
“А то воўны, а то ядвабу, а то іголак за дзевяць грошай…” Па такі справунак бегла яна вярсту дарогі і ў пагоду, і ў непагадзь ды, купляючы на грош шпілек, прастойвала ў краме па паўгадзіны, размаўляючы са мною.
– Чаму ж пан ніколі не прыходзіць да нас з… панам Станіславам? – пыталася яна і чырванела. – Бацька гэтак паноў любіць і… мы ўсе…
Спачатку я дзівіўся гэтай неспадзяванай любові старога Гопфера і даводзіў панне Касі, што не ў такім добрым мы знаёмстве з яе бацькам, каб рабіць яму візіты. А яна ўсё сваё:
– Пан Станіслаў, хіба, гневацца на нас, хоць і не ведаю за што, бо татка і… мы ўсе вельмі сумуем па ім. Пан Станіслаў, хіба, не можа скардзіцца, каб зазнаў з нашага боку нейкую прыкрасць… Пан Станіслаў…
І гэтак бясконца згадваючы пана Станіслава, купляла яна ядваб замест пражы або іголкі замест нажніц.
А горш за ўсё, што з дня на дзень бедачына марнела. Калі заходзіла яна да нас па свае дробныя пакупкі, здавалася мне, што выгляд у яе нішто сабе, але як знікаў румянец хвіліннае ўзрушанасці, бачыў я, які бяскроўны ў яе твар, а вочы сумныя ды западаюць усё глыбей і глыбей.
А як яна выпытвала: “Ці пан Станіслаў ніколі не заходзіць сюды, у краму?..” Як узіралася ў дзверы, дзе за некалькі крокаў Вакульскі, засяроджаны ў сваіх фантазіях ды кніжках, нават не здагадваўся, што яна гэтак тужыць па ім.
Шкада мне зрабілася гаротніцу, дык аднойчы ўвечары, калі мы з Вакульскім пілі гарбату, я сказаў:
– Не будзь жа ты гэтакім дурнем, зайдзі калі да Гопфера. У старога шмат грошай.
– Чаго мне хадзіць да яго? – адказаў ён. – Быў ужо, хопіць…
Аж скаланула яго.
– Таму схадзі, што Кася ў цябе закаханая, – сказаў я.
– Не чапіся ты да мяне з Касяю!.. – абарваў ён мяне. – Дзяўчына яна добрая, не раз крадком прышывала мне адарваны гузік да паліто або пакідала кветку на вакне, але яна не для мяне, а я не для яе.
– Галубка, а не дзіця, – уздыхнуў я.
– У тым і бяда, бо я не галубок. Мяне магла б прывабіць толькі такая кабета, як я сам. А такой я не спаткаў яшчэ.
(Спаткаў ён такую праз шаснаццаць гадоў і, далібог, няма чым цешыцца.)
Кася ўсё радзей і радзей заходзіла ў нашу краму, а замест яе прыйшоў раз з візітам да панства Мінцляў стары Гопфер. Відаць, сказаў ён ім нешта пра Стаха, бо ўжо на другі дзень збегла ўніз пані Малгажата Мінцаль ды кінулася да мяне з прэтэнзіямі:
– Што гэта за кватарант у пана Ігнацыя, за якім панны шалеюць?.. Што гэта за Вакульскі?.. Ясю, – звярнулася яна да мужа, – чаму гэты пан да нас не заходзіў? Мы павінны яго сасватаць, Ясю… Няхай ён прыйдзе наверх…
– Няхай сабе і наверх ідзе, – адказаў Ян Мінцаль, – але ўжо сватаць яго я не буду. Я пачцівы купец і займацца зводніцтвам не збіраюся.
Пані Малгажата пацалавала яго ў мокры ад поту твар, нібы гэта быў яшчэ мядовы месяц, а ён лагодна адсунуў яе і абцёрся хусткаю.
– Цырк з гэтымі бабамі! – сказаў ён. – Абавязкова ім зацягнуць чалавека ў бяду. Сватай сабе, сватай, нават Гопфера, а не толькі Вакульскага, але памятай, я за гэта плаціць не буду.
З тае пары, варта было Ясю Мінцлю пайсці на піва або ў рэстарацыю, як пані Малгажата звала нас з Вакульскім да сябе на вечар. Стах звычайна выпіваў гарбату і нават не глядзеў на пані Мінцлёву, а потым сядзеў з рукамі ў кішэнях, думаючы, напэўна, пра свае паветраныя балоны, ды маўчаў, як камень, а наша гаспадыня схіляла яго да кахання.
– Як можна, пане Вакульскі, каб пан не быў яшчэ закаханы? – казала яна. – Пану, наколькі мне вядома, дваццаць восем гадоў, амаль, як мне… Дык я даўно ўжо лічуся старою бабаю, а пан усё яшчэ сама нявіннасць…
Вакульскі закладаў нагу на нагу, але нічога не адказваў.
– О, пані Катажына – проста любата, – працягвала гаспадыня. – Вочы прыгожыя… Хоць, здаецца мне, левае трохі крывое… Ці правае?.. Фігурка ніштаватая, хоць адна лапатка крыху вышэй (але гэта дадае грацыі). Носік не ў маім гусце, праўда, а рот крыху велікаваты, але якая яна добрая дзяўчына!.. Каб яшчэ трохі розуму… Ну, але розум, пане Вакульскі, з’яўляецца ў кабет гадоў каля трыццаці… Я сама ў веку Касі была дурненькая, як канарэйка… Закахалася ў майго цяперашняга мужа!..
Ужо падчас трэцяга візіту прыняла нас пані Малгажата ў шлафроку (быў гэта вельмі прыгожы шлафрок, абшыты карункамі), а на чацвёрты раз я зусім не быў запрошаны, толькі адзін Стах. Не ведаю, далібог, пра што яны там гутарылі. Стах, праўда, вяртаўся дадому ўсё больш пахмурны, наракаючы, што баба час забірае. А пані Малгажата тлумачыла мужу, што Вакульскі надта няцямлівы, і ёй шмат яшчэ трэба папрацаваць, пакуль яна яго сасватае.
– Працуй, каханая, працуй над ім, – заахвочваў яе муж, – бо шкода дзяўчыну, ну і Вакульскага. Страшна падумаць, што гэтакі прыстойны хлопец, які столькі гадоў быў крамнікам, які можа атрымаць краму ў спадчыну па Гопферы, змарнуецца ва ўніверсітэце. Цьху!..
Падтрыманая ў сваіх добрых намерах пані Мінцлёва ўжо не толькі запрашала Вакульскага ўвечары на гарбату, на якую ён унікаў хадзіць, але сама стала прыбягаць у мой пакойчык, клапатліва распытваючы Стаха, ці ён не захварэў, і дзівілася, што той яшчэ не закахаўся. Ён, амаль старэйшы за яе! (Я думаю, што яна сама была крыху старэйшая.) Апроч таго, пачала кабета то плакаць, то смяяцца, то сварыцца на мужа, які на цэлыя дні ўцякаў з дому, то выказваць прэтэнзіі мне, што я недарэка, што не ведаю жыцця, што прымаю кватарантамі людзей падазроных…
Словам, пачаўся гэткі вэрхал у доме, што Ясь Мінцаль спаў з цела, хоць піў усё больш піва, а я ўжо думаў: адно з двух… або звольнюся ад Мінцля, або адмоўлю ў кватэры Вакульскаму.
Адкуль, ліха на яе, даведалася пра маю заклапочанасць пані Малгажата? Уявіць сабе не магу. Але зайшла яна раз увечары да мяне ў пакой, заявіла, што я яе вораг і, відаць, вельмі паганы чалавек, калі адмаўляю гэткаму добраму чалавеку, як Вакульскі… Потым яна заявіла, што яе муж паганы, што Вакульскі паганы, што ўсе мужчыны паганыя і, нарэшце, на маёй уласнай канапе пачаліся ў яе канвульсіі.
Сцэны гэткія паўтараліся ўжо ледзьве не кожны дзень, і не ведаю, да чаго б дайшло, каб не паклаў ім канец адзін з самых дзіўных выпадкаў, якія давялося мне бачыць.
Аднаго разу запрасіў мяне з Вакульскім да сябе на вечар Махальскі.
Мінула ўжо дзявятая, калі мы пайшлі, і куды ж, як не ў яго любімы склеп, дзе пры мігатлівым святле трох лоевых свечак убачыў я пару дзясяткаў чалавек, а між імі – пана Леона. Ніколі, пэўна, не забыць мне тых маладых, у большасці, твараў, якія высоўваліся з-за акаваных бочак або ледзь заўважныя былі ў цемры.
Мушу прызнаць, гасцінны Махальскі ўжо на прыступках прывітаў нас вялізным келіхам віна (і досыць добрага), а мяне яшчэ ўзяў пад сваю асаблівую апеку, дык адразу зашумела мне ў галаве, і праз некалькі хвілін быў я моцна захмялелы. Таму сеў я здаля ад бяседнікаў у глыбокай нішы і ў нейкім паўсне назіраў за імі.
Што там рабілася, я добра не ведаю, бо самыя дзікія фантазіі віравалі ў маёй галаве. Мроілася мне, што пан Леон зноў прамаўляе пра сілу веры, пра ўпадак духу і пра неабходнасць ахвярнасці, а яго гучна падтрымліваюць прысутныя. Згодны хор, аднак, пацішэў, калі пан Леон пачаў пераконваць, што час, нарэшце, выпрабаваць гатоўнасць да дзеяння. Я мусіў быць надта нецвярозым, бо мне падалося, што пан Леон прапануе, каб нехта з прысутных скочыў з Новага З’язду[173] на брук вуліцы, якая праходзіла пад ім. Тут усе, як адзін, змоўклі, а шмат хто схаваўся за бочкі.
– Дык ніхто не наважыцца на пробу?! – крычаў пан Леон.
Маўчанне было яму адказам. Склеп нібы апусцеў.
– Дык ніхто?.. Ніхто?..
– Я, – азваўся нейкі амаль незнаёмы мне голас.
Азірнуўся – у мігатлівым святле стаяў Вакульскі.
Віно Махальскага было гэткае моцнае, што ў гэты момант прытомнасць мяне пакінула.
Пасля тае бяседы ў склепе некалькі дзён Стах не паказваўся дома. Нарэшце, прыйшоў – у чужым адзенні, зблажэлы, але з высока задзёртаю галавою. Тады першы раз пачуў я ў ягоным голасе тую цвёрдасць, якая да сённяшняга дня робіць на мяне прыкрае ўражанне.
З гэтага часу зусім змянілася яго жыццё[174]. Свой паветраны балон з ветраком закінуў ён у кут, дзе зацягнула яго павуцінне, бутлі для вытворчасці газу аддаў вартаўніку пад ваду, у кніжкі нават не зазіраў. Так і ляжалі тыя скарбніцы чалавечае мудрасці: адны – на паліцы, другія – на стале, адны – закрытыя, іншыя – разгорнутыя, а ён тым часам…
Бывала, па некалькі дзён не стыкаўся ён дома, нават начаваць не прыходзіў, а потым з’явіцца ўвечары і проста ў адзёжы кінецца на ложак, які нават не рассцілае. Часам замест яго прыходзілі нейкія незнаёмыя мне паны, якія начавалі на канапе, на ложку Стаха, нават – на маім уласным, не толькі не падзякаваўшы мне, але нават не кажучы, як іх клічуць і дзе яны працуюць. Здаралася, што завітваў і сам Стах ды сядзеў у пакоі па некалькі дзён без ніякага занятку, сярдзіты, насцярожаны, як каханак, што прыйшоў на спатканне да маладзіцы, але баіцца сустрэчы з яе мужам.
Не думаю, каб Малгося Мінцлёва магла быць тою маладзіцаю, хоць і яна мела выгляд, нібы яе гусак ушчыкнуў.
З раніцы аббягала кабета не менш за тры касцёлы, несумненна, з намерам з усіх бакоў назаляць міласэрнаму Богу. Адразу па абедзе збіраліся ў яе на нейкую сходку дамы, якія ў чаканні важных падзеяў пакідалі мужоў і дзяцей, каб заняць час плёткамі. Пад вечар сыходзіліся панове, але тыя без лішніх слоў адразу выпраўлялі пані Малгажату на кухню.
Нічога дзіўнага, што пры такім бязладдзі дома і ў мяне пачалі думкі ў галаве мяшацца. Здавалася мне, што ў Варшаве стала неяк цясней, што ўсе кругом здурнелі. З гадзіны на гадзіну чакаў я нечага неакрэсленага, неспадзяванага, але ва ўсіх нас быў выдатны настрой і ў галовах вірылася безліч планаў.
Тым часам Ясь Мінцаль, якому жонка жыцця не давала, з самага ранку сыходзіў з дому на піва, а вяртаўся ўжо ўвечары. Нават прымаўку сабе знайшоў: “Чаго ўжо там! Адзін раз казе смерць…”, якую паўтараў да канца жыцця.
Нарэшце, пэўнага дня Стах Вакульскі зусім знік з вачэй. Толькі праз два гады напісаў ён мне з Іркуцка[175], а ў лісце прасіў даслаць ягоныя кніжкі.
Увосень 1870 года (якраз вярнуўся я ад Яся Мінцля, бо той ужо злёг), сяджу ў сваім пакойчыку пасля вячэрняе гарбаты, як раптам стукаецца нехта ў дзверы.
– Herrein![176]– кажу я.
Дзверы рып… гляджу, стаіць на парозе нейкая барадатая шэльма ў маржовым футры поўсцю наверх.
– Ну, – кажу я, – каб мяне д’яблы забралі, калі ты не Вакульскі…
– Ён, – адказвае ягамосць у маржовым футры.
– У імя Айца і Сына!.. – кажу я. – Жарцікі строіш ці дарогу пытаешся?.. Адкуль ты ўзяўся? Хіба, душа памерлага…
– Я жывы, – кажа ён, – нават есці хачу.
Зняў шапку, зняў футра, сеў пры свечцы. Праўда, Вакульскі. Барада, як у разбойніка, пыса, як у Лангіна таго, што Хрысту бок прапароў, але – праўда, Вакульскі…
– Вярнуўся, – пытаюся я, – ці толькі так прыехаў?
– Вярнуўся.
– Як той край?
– Нічога.
– Уга!.. А людзі? – пытаюся.
– Нішто сабе.
– Уга!.. А з чаго ж ты жыў?
– З урокаў, – кажа ён. – Нават рублёў шэсцьсот з сабою прывёз.
– Авой!.. А чым думаеш заняцца?
– Ну, да Гопфера ўжо я не вярнуся, – адказаў ён ды грукнуў кулаком па стале. – Але ж ты не ведаеш, што я цяпер вучоны. У мяне нават падзякі з розных пецярбургскіх навуковых таварыстваў ёсць…
“Крамнік Гопфера стаў вучоным!.. Стах Вакульскі мае падзякі з пецярбургскіх навуковых таварыстваў!.. Вось дык штука…” – падумаў я.
Што тут казаць. Атабарыўся хлапец недзе ў Старым Горадзе і паўгода жыў на свае грошы, купляючы шмат кніжак і мала харчу. Калі патраціў усё, што меў, пачаў ён шукаць працу, і тады здарылася дзіўная рэч: купцы не бралі яго, бо ён быў вучоны, і вучоныя таксама не бралі як былога крамніка. Завіс ён, нібы Твардоўскі[177], паміж небам і зямлёю. Можа, разбіў бы ён сабе галаву дзесьці пад Новым З’яздам, каб час ад часу я не дапамагаў яму, чым мог.
Страшна ўспомніць, якое цяжкае было ў яго жыццё. Змарнеў, спахмурнеў, здзічэў… Але не наракаў. Раз толькі, калі яму сказалі, што такім, як ён, няма тут месца, ён ціха прамовіў:
– Ашукалі мяне…
Тым часам памёр Ясь Мінцаль. Удава пахавала яго па-хрысціянску, тыдзень не выходзіла са сваіх пакояў, а праз тыдзень паклікала мяне на нараду.
Я думаў, мы з ёю пагаворым пра тое, што далей рабіць з крамаю, бо заўважыў бутэльку добрага венгерскага на стале, але пані Малгажата пра справы нават не заікнулася. Яна заплакала, як мяне ўбачыла, нібы я нагадаў ёй тыдзень таму пахаванага нябожчыка, наліла мне ладны келіх віна і пачала, хліпаючы:
– Калі згас мой анёл, я думала, што толькі адна я такая няшчасная…
– Які анёл, – не вытрымаў я. – Можа, Ясь Мінцаль?.. З дазволу пані, але, хоць і быў я шчырым прыяцелем нябожчыка, не збіраюся называць анёлам асобу, якая нават пасля смерці важыла больш за дзвесце фунтаў…
– Пры жыцці ён важыў пад трыста… чуў пан? – заўважыла несуцешная ўдава.
Потым яна зноў закрыла твар хусткаю і заенчыла:
– О! Пан ніколі не навучышся тактоўнасці, пане Жэцкі… О! Які ўдар!.. Праўда, нябожчык, калі ўжо казаць праўду, анёлам ніколі не быў, асабліва апошнім часам. Як жа даўно ўжо я такая няшчасная…
– Ну, апошнія паўгода…
– Што пан кажа – паўгода?! – закрычала яна. – Бедны мой Ясь не менш за тры гады хварэў, а гадоў з восем… Ах, пане Жэцкі! Колькі гора ў шлюбе бывае з-за гэтага жахлівага піва… Восем гадоў, пане, нібы і не было ў мяне мужа… Але што гэта быў за чалавек, пане Жэцкі!.. Не разумела я дагэтуль, якая бяда на мяне звалілася…
– Здараецца і горшае, – наважыўся я на заўвагу.
– О, так! – захліпала бедная ўдава. – Мае пан рацыю, бываюць і большыя няшчасці. Той Вакульскі, напрыклад. Падобна, ён вярнуўся… Ці праўда, што да гэтае пары не знайшоў ён сабе ніякага занятку?
– Ніякага.
– Дзе ж ён харчуецца? Дзе жыве?..
– Дзе харчуецца?.. Я не ведаю нават, ці харчуецца ён наогул. А дзе жыве?.. Нідзе.
– Які жах! – заплакала пані Малгажата. – Здаецца мне, што я выканаю апошнюю волю майго каханага нябожчыка, калі папрашу пана…
– Што, пані?
– Каб пан пусціў яго на кватэру да сябе, а я буду прысылаць вам па два абеды, па два сняданні…
– Вакульскі гэтага не прыме, – адказаў я.
Ад гэтых слоў пані Малгажата зноў залілася слязьмі. Разжаленая смерцю мужа, яна гэтак моцна загневалася, што аж тры разы назвала мяне недарэкам, які не ведае жыцця, пачвараю… Нарэшце, яна заявіла, каб я ішоў прэч, бо сама ўправіцца з крамаю. Потым перапрасіла мяне і заклінала ўсімі святымі, каб я не абражаўся на словы, прадыктаваныя скрухаю.
З таго дня вельмі рэдка бачыўся я з нашаю гаспадыняю. А праз паўгода Стах паведаміў мне, што… ён бярэ шлюб з пані Малгажатаю Мінцаль.
Зірнуў я на яго… Ён махнуў рукою:
– Сам ведаю, што свіння. Але… найменшая з тых, якія ў вас тут цешацца публічнаю пашанаю.
Пасля гучнага вяселля, на якое (не ведаю нават адкуль) сабралася мноства сяброў Вакульскага (а елі, шэльмы!.. а пілі за здароўе маладых – гарнцамі[178]), Стах перабраўся наверх, да жонкі. Наколькі я памятаю, з усяго гардэробу меў ён чатыры звязкі кніг ды навуковых прыладаў, а з мэблі – чубук, хіба, ды пудэлка з-пад капелюша.
Крамнікі пасмейваліся (вядома, па кутках) з новага гаспадара, а мне было прыкра, што Стах так лёгка адмовіўся і ад свайго гераічнага мінулага, і ад свае галечы. Бо дзіўная натура людская, чым меншую мы самі маем схільнасць да пакутніцтва, тым з большаю настойлівасцю прагнем гэтага ад бліжніх.
– Прадаўся старой бабе, – казалі знаёмыя, – нібы Брут!..[179] Вучыўся, бунтаваў і… плюх!..
А сярод самых суровых суддзяў былі два адпрэчаныя канкурэнты на руку пані Малгажаты.
Стах, аднак, вельмі хутка прымусіў усіх змоўкнуць, бо адразу ўзяўся за працу. Хіба ўжо праз тыдзень пасля вяселля прыйшоў ён а восьмай раніцы ў краму, заняў месца нябожчыка Мінцля і абслугоўваў гасцей, лічыў, даваў рэшту, нібы сам быў толькі нанятым крамнікам.
Больш за тое, ужо на другі год завёў ён сувязі з маскоўскімі купцамі, што вельмі паспрыяла справе. Скажу нават, што пад яго кіраўніцтвам патроілі мы абароты.
Я ўздыхнуў з палёгкаю, калі ўбачыў, што Вакульскі не збіраецца есці дарэмнага хлеба, ды і крамнікі перасталі ўсміхацца, калі пераканаліся, што Стах больш за іх працуе ў краме, а яшчэ ж мае немалыя абавязкі наверсе. Мы, прынамсі, у свята маглі адпачыць, а ён, небарака, якраз у святы мусіў браць жонку пад паху ды маршыраваць: раніцаю – у касцёл, удзень – з візітамі, а ўвечары – у тэатр.
Пры маладым мужы пані Малгажата акрыяла. Яна купіла сабе фартэп’яна і пачала вучыцца іграць у нейкага састарэлага прафесара, каб той, як сама казала, “не будзіў у Сташку рэўнасці”. А вольныя ад фартэп’яна гадзіны яна прысвячала нарадам з шаўцамі, мадысткамі, цырульнікамі і дантыстамі, на вачах прыгажэючы з іх дапамогаю.
А якая яна была пяшчотная да мужа! Па некалькі гадзін праседжвала ў краме, не спускаючы вачэй са Стасічка. А варта было ёй заўважыць, што сярод пакупніц трапляюцца ладныя, прыбрала яна Стаха з галоўнае залы за шафы ды яшчэ загадала зрабіць яму там будку, у якой сядзеў ён, як дзікі звер, і вёў крамныя кнігі.
Аднойчы чую: у той будцы – страшны грукат… Бягу я, бягуць крамнікі… Што робіцца! Пані Малгажата ляжыць на падлозе прываленая сталом і аблітая чарнілам. Крэсла зламанае, Стах злы і збянтэжаны… Паднялі мы еймосць, якая аж плакала ад болю, і з яе войканняў зразумелі, што яна сама ўчыніла ўвесь гэты гармідар, бо дадумалася сесці мужу на калені. Хісткае крэсла ад падвойнага цяжару зламалася, еймосць ухапілася за стол, каб утрымацца, ды перакуліла яго разам з усім дабром, якое там было.
Стах з непарушным спакоем прымаў гэтыя гучныя доказы сужэнскае чуласці, цалкам засяроджваючыся на рахунках ды купецкай карэспандэнцыі. А еймосць замест таго, каб крыху пацішэць, наадварот, шалела ўсё больш. Калі стомлены сужэнец па справе або проста таму, што заседзеўся на адным месцы, ішоў у горад, яна бегла за ім… высочвала, ці не пайшоў ён на спатканне!..
Бывала, звычайна зімою, Стах збягаў на тыдзень з дому да знаёмага лесніка, паляваў там і падоўгу блукаў па лесе. Тады пані ўжо на трэці дзень імчалася ў пагоню за сваім каханым уцекачом, сноўдалася следам за ім па гушчары і, нарэшце, прывозіла дзецюка ў Варшаву.
Першыя два гады гэткага рэжыму Вакульскі маўчаў. На трэці год пачаў штовечар прыходзіць да мяне – пагутарыць пра палітыку. Часам, пачнём мы гамонку пра былое, а ён азірнецца раптам, спыніцца на паўслове і толькі паспее сказаць: “Слухай, Ігнацы…”, як у той жа момант, нібы па камандзе, улятае ў пакой служанка з крыкам:
– Пані просіць!.. Пані занядужала!..
І ён, бядак, махне рукою ды ідзе да еймосці, не дагаворваючы таго, што хацеў сказаць.
Праз тры гады гэткага жыцця, зрэшты, беззаганнага, убачыў я, што сталёвы гэты чалавек пачынае гнуцца ў аксамітных абдымках еймосці. Ён зблажэў, згорбіўся, закінуў свае навуковыя кніжкі, а чытаць пачаў газеты ды кожную вольную хвіліну праводзіў у размовах са мною пра палітыку. Здаралася, што ён пакідаў краму раней за восьмую і разам з еймосцю ішоў у тэатр або з візітам. Нарэшце, пачалі яны ладзіць у сябе прыёмы па вечарах, на якія збіраліся дамы – старыя, як смяротны грэх, і паны, якія атрымлівалі ўжо пенсію ды гулялі ў віст.
Стах з імі яшчэ не гуляў, а толькі хадзіў вакол столікаў ды прыглядаўся.
– Стаху, – казаў я не раз, – сцеражыся!.. Табе сорак тры гады… У гэтым узросце Бісмарк толькі пачынаў кар’еру…
Гэтыя словы ці падобныя ім абуджалі яго на момант. Кідаўся ён тады ў фатэль і, абапёршы галаву на руку, думаў. Але бегла ўжо да яго пані Малгажата з крыкам:
– Стасічак, зноў ты задумаўся, гэта вельмі кепска… А там панове не маюць віна…
Стах падымаўся, даставаў з буфета новую бутэльку, наліваў віно ў восем кілішкаў і абыходзіў сталы, прыглядаючыся, як панове гуляюць у віст.
Гэткім чынам, паволі і паступова, леў ператвараўся ў вала. Каб убачыў я цяпер яго ў турэцкім халаце, у расшытых пацеркамі пантофлях ды ў каўпаку з ядвабным кутасом, дык і не пазнаў бы таго Вакульскага, які чатырнаццаць гадоў таму ў склепе Махальскага выгукнуў: “Я!”
Калі Каханоўскі пісаў: “На ільва жахлівага без страху сядзеш і на вялізным цмоку ездзіць будзеш”[180], дакладна ён меў на ўвазе кабету... Гэта яны асядлалі і захамуталі мужчынскі род!
Тым часам на пяты год сумеснага жыцця пані Малгажата раптам пачала фарбавацца… Адразу нязначна, потым усё больш энергічна і штораз – то новымі сродкамі… Раз пачула яна пра нейкі ліквор, які дамам ва ўзросце вяртаў свежасць і прывабнасць маладосці, дык нацерлася ім аднойчы ўвечары з галавы да пят гэтак старанна, што выкліканыя на дапамогу лекары ў тую ж самую ноч ужо не маглі яе выратаваць. І сканала, гаротніца, менш, чым за двое сутак, ад заражэння крыві. Толькі і паспела, пакуль была ў прытомнасці, выклікаць натарыуса ды перапісаць увесь маёнтак на свайго Стасічка.
І пасля гэтага няшчасця Стах маўчаў, але асалавеў яшчэ больш. Маючы некалькі тысяч рублёў даходу, перастаў ён займацца гандлем, стаў цурацца знаёмых і занурыўся ў навуковыя кніжкі.
Я не раз казаў яму, каб ён выйшаў на людзі, каб бавіўся, бо яшчэ ён малады і можа другі раз ажаніцца…
Без толку…
Аднойчы (праз паўгода пасля смерці пані Малгажаты), гледзячы, як хлопец на вачах ператвараецца ў старога дзеда, я параіў яму:
– Схадзі, Стаху, у тэатр… Даюць сёння якраз “Віялету”, вы былі з нябожчыцаю апошні раз…
Ускочыў ён з канапы, дзе чытаў кніжку, і сказаў:
– Ведаеш… твая праўда…. Пагляджу, на што цяпер гэта падобна…
Пайшоў ён у тэатр і… на другі дзень не пазнаў я яго. У старцы абудзіўся мой Стах Вакульскі. Выпрастаўся ён, вочы заблішчалі, голас набраў сілы…
З тае пары стаў ён хадзіць на ўсе паказы, на ўсе канцэрты і лекцыі.
Хутка ён паехаў у Балгарыю, дзе здабыў свой вялізны капітал, а праз пару месяцаў пасля ягонага вяртання адна старая пляткарка (пані Мэлітан) намякнула мне, што Стах закаханы…
Зарагатаў я з гэткае лухты, бо хто кахае, той, прынамсі, не едзе на вайну. Але цяпер, на жаль, я пачынаю дапускаць, што баба не памылілася…
Хоць з тым адроджаным Стахам Вакульскім чалавеку няма ніякае пэўнасці. А раптам?.. О, пасмяяўся б я тады з доктара Шумана, які з палітыкі кепікі строіць!..