…Маем мы, такім чынам, новую краму: пяць вокнаў на вуліцу, два склады, сем крамнікаў і швейцар у дзвярах. Маем яшчэ каляску, блішчастую, як толькі што наваксаваныя боты, пару гнядых коней, фурмана і лёкая ў ліўрэі. І ўсё гэта звалілася на нас на пачатку мая, калі Англія, Аўстрыя і нават разбітая ўшчэнт Турцыя ўзбройваліся на скрут галавы[92].
– Каханы Стасю, – казаў я Вакульскаму, – усе купцы з нас смяюцца, што мы гэтак шмат выдаткоўваем у няпэўны час.
– Каханы Ігнасю, – адказаў мне Вакульскі, – а мы будзем смяяцца з усіх купцоў, калі надыдзе больш пэўны час. Цяпер якраз самая пара на інтарэсы.
– Але ж еўрапейская вайна, – кажу я, – на валаску ліпіць. У такім выпадку пэўна чакае нас банкруцтва.
– Смеху варта, – адказвае Стась. – Увесь гэты шум сціхне праз пару месяцаў, а мы тым часам далёка ззаду пакінем усіх нашых канкурэнтаў.
Ну – і няма вайны. У нашай краме рух, як падчас фэсту, на нашы склады тавары вязуць, як на млын, а грошы плывуць у касу не горш за мякіну. Нехта, не ведаючы Стася, сказаў бы, што гэта геніяльны купец, але ж я яго ведаю, дык усё часцей пытаю сябе: навошта ўсё гэта?.. Warum hast du denn das getan?..[93]
Праўда, і ў мяне гэтак пыталіся. Але хіба гэткі я ўжо стары, як нябожчыца Grossmutter, каб не разумець ані духу часу, ані памкненняў людзей, маладзейшых за сябе?.. Гэ! Усё не аж так кепска…
Памятаю, калі Людвік Напалеон (пазнейшы імператар Напалеон ІІІ) уцёк з вязніцы ў 1846 годзе, дык ускалыхнулася ўся Еўропа. Ніхто не ведаў, што будзе. Але ўсе разважлівыя людзі да нечага рыхтаваліся, а дзядзька Рачак (пан Рачак ажаніўся з маёю цёткаю) увесь час паўтараў:
– Я казаў, што Банапарт вынырне і дасць ім прыкурыць! Адна бяда – занядужаў я нешта на ногі.
Год 1846 і 1847 прайшлі ў вялікай сумятні. Раз-пораз з’яўляліся нейкія лісты і знікалі людзі. Часта я думаў: ці не пара ўжо і мне вытыркнуць нос на шырэйшы свет? А калі сумневы і трывога моцна даймалі, пасля закрыцця крамы ішоў я да дзядзькі Рачка, расказваў яму пра набалелае і прасіў, каб ён даў мне бацькоўскую параду.
– Ведаеш што, – казаў дзядзька і біў кулаком па хворым калене, – дам я табе бацькоўскую параду. Хочаш, кажу я табе… дык ідзі, а не хочаш, кажу я табе… дык застанься…
Толькі ў лютым 1848 года, калі Людвік Напалеон быў ужо ў Парыжы, прысніўся мне аднае ночы сам нябожчык бацька, такі, якім я запомніў яго ў труне. Сурдут зашпілены пад самую шыю, завушніца ў вуху, вус падчэрнены (гэта пан Даманьскі пастараўся, каб бацька абы-як з’явіўся на Божым Судзе). Стаў ён у дзвярах маёй каморкі і сказаў толькі такія словы:
– Памятай, вісус, чаму я цябе вучыў!..
“Куды ноч – туды і сон”, – думаў я некалькі дзён. Але крама ўжо мне абрыдла. Нават да святое памяці Малгосі Пфайфер страціў я цікавасць, і так цесна зрабілася мне на Падвалю, што не мог я больш вытрываць. Ізноў пайшоў я да дзядзькі Рачка па параду.
Памятаю, ён ляжаў у ложку, накрыты цётчынаю пярынаю, і піў узвар з зёлак, каб прапацець. А калі я распавёў яму пра свае турботы, ён сказаў:
– Ведаеш што, дам я табе бацькоўскую параду. Хочаш – ідзі, не хочаш – застанься. Але я, каб не калечаныя мае ногі, даўно б ужо быў за мяжою. Бо і цётка твая, кажу я табе, – тут ён сцішыў голас, – так жахліва менціць языком, што лепш, кажу я табе, слухаць батарэю аўстрыйскіх гармат, чым гэтую пустую малатарню. Колькі помачы ад яе шмаравання, гэтулькі і шкоды ад звягі… А маеш грошы? – запытаўся ён праз момант.
– Знойдзецца колькі сотняў злотых.
Дзядзька Рачак загадаў мне замкнуць дзверы (цёткі дома не было), засунуў руку пад падушку і выцягнуў адтуль ключ.
– На вось, – сказаў ён, – адамкні той куфар, абабіты скураю. Там з правага боку будзе скрыначка, а ў ёй – гаманец. Падай мне яго…
Я дастаў гаманец, тоўсты і цяжкі. Дзядзька Рачак узяў яго ў рукі і, уздыхаючы, адлічыў пятнаццаць паўімперыялаў.
– Вазьмі гэтыя грошы на дарогу, – сказаў ён, – і як едзеш, дык едзь… Даў бы я табе больш, але і мне не два вякі векаваць… Трэба ж пакінуць нешта бабе, каб у выпадку чаго знайшла сабе іншага мужа…
Развіталіся мы плачучы. Дзядзька трохі прыўзняўся на ложку і, павярнуўшы мяне тварам да свечкі, ціха праказаў:
– Дай яшчэ раз я на цябе пагляджу… Бо, кажу я табе, з таго балю не кожны вяртаецца… Урэшце, я і сам ужо не жылец на гэтым свеце, а паганы настрой, кажу я табе, забівае не горш за кулю…
Вярнуўшыся ў краму, я, нягледзячы на позні час, пагаварыў з Янам Мінцлем і падзякаваў яму за апеку ды пасаду. Мне здавалася, што мой намер будзе яму даспадобы, бо ўжо каля году мы абмяркоўвалі гэта, і ён заўсёды заахвочваў мяне ісці біць немцаў. Але Мінцаль неяк спахмурнеў. На другі дзень ён заплаціў мне заробленыя ў яго грошы, даў нават і дадатковую ўзнагароду, абяцаў паклапаціцца пра пасцель і куфар на той выпадак, калі давялося б мне вярнуцца. Але звычайная ваяўнічасць пакінула яго, і ані разу не паўтарыў ён сваёй любімае прымаўкі:
– Эгэ!.. Паказаў бы я швабам, каб не крама…
Калі, аднак, увечары блізу дзясятае я, апрануты ў паўкажушок і цяжкія боты, абняў яго на развітанне ды ўзяўся ўжо за клямку, каб пакінуць дом, дзе столькі гадоў пражылі мы разам, нешта дзіўнае сталася з Янам. Нечакана сарваўся ён з крэсла і, раскінуўшы крыжам рукі, закрычаў:
– Свіння!.. Куды ж ты ідзеш?..
А потым ён кінуўся на мой ложак, хліпаючы, як дзіця.
Я ўцёк. У сенцах, слаба асветленых каганцом, нехта заступіў мне дарогу. Я ажно здрыгануўся. Гэта быў Аўгуст Кац, апрануты як належыць на сакавіцкае надвор’е.
– Што ты тут робіш, Аўгусце? – запытаўся я.
– Цябе чакаю.
Я думаў, што ён хоча мяне правесці, дык пайшлі мы на пляц Гжыбоўскі[94] моўчкі, бо Кац быў негаваркі. Жыдоўская фура, на якой я мусіў ехаць, была ўжо гатовая. Я пацалаваў Каца, ён мяне таксама. Я сеў на воз… ён за мною…
– Едзем разам, – сказаў ён.
А потым, калі мы былі ўжо за Мілоснаю[95], ён дадаў:
– Мулка і трасе, не заснеш.
Супольнае падарожжа зацягнулася неспадзявана доўга, ажно да кастрычніка 1849 года[96], памятаеш, Кац, незабыўны сябра? Памятаеш тыя доўгія маршы ў спякоту, калі не раз даводзілася нам піць ваду з калюжыны, або той пераход праз багну, калі замок увесь наш порах, або як начавалі ў лесе ды ў полі, і, уладкоўваючыся галовамі на адным ранцы, спіхвалі мы адзін аднаго, або паціху сцягвалі на сябе плашч, што служыў нам агульнаю коўдраю?.. А памятаеш тую бабку з салам, якую згатавалі мы ўчатырох употай ад усяго аддзела? Колькі раз еў я пасля гэтага бульбу, але ніколі не смакавала яна мне так, як тая. Нават сёння чую я пах гарачае пары, што падымаецца з кацялка, і бачу цябе, Кац, як ты, каб не марнаваць часу, і адмаўляеш пацеры, і ясі бульбу, і распальваеш люльку ад вогнішча.
Гэй! Кац, калі няма на небе венгерскае пяхоты і таркаванае бульбы, дык дарэмна ты туды паспяшаўся.
А памятаеш генеральную бітву, якую заўсёды згадвалі мы, уздыхаючы, на адпачынках пасля партызанскай страляніны? Я да магілы яе не забуду, а калі запытаецца ў свой час Пан Бог, дзеля чаго я жыў на гэтым свеце… дзеля таго, – адкажу я, – каб быў у мяне адзін такі дзень. Толькі ты разумееш мяне, Кац, бо ўсё адбывалася на нашых вачах. А тады здавалася, што нібыта нічога асаблівага…
За суткі з паловаю да гэтага сабраная была ўся наша брыгада паблізу нейкай венгерскай вёскі, назвы якой я не памятаю. Частавалі нас, аж міла ўспомніць. У віне, не найлепшым, праўда, можна было мыцца, а свежына з папрыкаю ўжо так нам абрыдлі, што і ў рот бы не ўзяў гэтага паскудства, каб, вядома, было што іншае. А якая музыка, а якія дзявухі!.. Цыганы дасканала граюць, а кожная венгерка – сапраўдны порах. Круцілася іх, шэльмаў, усіх разам дзясяткі з два, але зрабілася так горача, што нашы зарэзалі і засеклі трох сялян, а сяляне каламі забілі нашага гусара.
І Бог ведае, чым бы скончылася гэтая так добра пачатая гулянка, каб у самы вэрхал не прымчаў у штаб шляхціц на чацвёрцы ўзмыленых коней. Праз некалькі хвілін па войску разышлася чутка, што паблізу знаходзяцца вялікія масы аўстрыйцаў. Затрубілі збор, вэрхал суняўся, венгеркі зніклі, а ў шэрагах разышлася пагалоска пра генеральную бітву.
– Нарэшце!.. – сказаў ты мне.
У тую ж ноч пасунуліся мы на мілю наперад, цягам наступнага дня – ізноў на мілю. Праз кожныя некалькі гадзін, а пазней нават ужо праз гадзіну, праляталі эстафеты. Гэта было доказам, што паблізу знаходзіцца штаб нашага корпуса і што рыхтуецца нешта сур’ёзнае.
У тую ноч спалі мы ў голым полі, не ставячы нават зброю ў козлы. Як толькі развіднела, рушылі мы наперад: эскадрон кавалерыі з дзвюма лёгкімі гарматамі, потым наш батальён, а потым – уся брыгада з артылерыяй і фургонамі, маючы ўзмоцнены патруль па баках. Эстафеты праляталі ўжо праз паўгадзіны.
Калі ўзышло сонца, мы ўбачылі пры гасцінцы першыя сляды непрыяцеля: параскіданую салому, згаслыя вогнішчы, рэшткі будынін, разабраных на дровы. Потым штораз часцей пачалі мы сустракаць уцекачоў: шляхту цэлымі сем’ямі, святароў розных канфесій, а потым – сялян і цыганоў. На кожным твары была трывога, амаль кожны нешта крычаў нам па-венгерску, махаючы рукамі назад.
Было ўжо амаль сёмая, калі на паўднёва-заходнім баку прагучаў гарматны стрэл. Па шэрагах прабегла:
– Ого! Пачынаецца…
– Не, гэта сігнал…
Грымнулі зноў два стрэлы і зноў два. Эскадрон, які ехаў перад намі, затрымаўся, дзве гарматы і дзве двухколкі са скрынямі амуніцыі галопам паімчалі наперад, некалькі вершнікаў паскакала рыссю на бліжэйшыя пагоркі. Мы спыніліся, і на хвіліну запанавала такая цішыня, што чуваць было тупат шэрае кабылы, на якой імчаў да нас ад’ютант. Яна праляцела паўз нас да гусараў, бакі яе хадзілі, а брухам ледзь не слалася па зямлі.
Тым часам азвалася бліжэй і далей з дзясятак гармат, кожны стрэл можна было адрозніць.
– Намацваюць дыстанцыю! – сказаў стары наш маёр.
– Гармат з пятнаццаць, – прамармытаў Кац, які ў падобныя хвіліны рабіўся больш гаваркі. – А як і мы яшчэ цягнем дванаццаць, дык будзе баль!..
Маёр павярнуўся на кані да нас і ўсміхнуўся ў сівы вус. Я зразумеў, што гэта значыць, калі пачуў цэлую гаму стрэлаў, нібы нехта зайграў на аргане.
– Больш за дваццаць, – сказаў я Кацу.
– Аслы!.. – засмяяўся капітан і прышпорыў каня.
Спыніліся мы на высокім месцы, адкуль было відаць брыгаду, што ішла за намі. Пазначала яе хмара рудога пылу, ён курыўся ўздоўж гасцінца на дзве або нават на тры вярсты.
– Страшная маса войска! – ціха сказаў я. – Дзе ўсё гэта змесціцца!..
Азваліся трубы, і наш батальён падзяліўся на чатыры кампаніі, якія пашыхтаваліся калонамі адна за адной. Першыя плутоны выступілі наперад, мы засталіся ў тыле. Я павярнуў галаву і ўбачыў, што ад галоўнага корпуса аддзяліліся яшчэ два батальёны, якія сышлі з гасцінца і хутка беглі праз поле, адзін справа ад нас, другі злева. За нейкія чвэрць гадзіны яны зраўняліся з намі, яшчэ чвэрць гадзіны адпачывалі і – рушылі мы трыма батальёнамі наперад, нага ў нагу.
Тым часам кананада ўзмацнілася так, што чулася ўжо і па два, і па тры стрэлы адначасова. Горш за тое, разлягалася нейкае глухое рэха, быццам няспынна грымела.
– Колькі гармат, камрадзе? – запытаўся я па-нямецку ў падафіцэра, што ішоў за мною.
– Хіба, сотня будзе, – адказаў ён, ківаючы галавою. – Бач ты, – дадаў ён, калі яны яны грымнулі ўсе разам, – не жартуюць.
Сапхнулі нас з гасцінца, якім праз некалькі хвілін праскакалі рыссю два эскадроны гусараў і праехалі чатыры гарматы з прыналежнымі да іх скрынямі. Тыя, што ішлі ў адным са мною шэрагу, пачалі жагнацца: “У імя Айца і Сына…”. То адзін, то другі прыкладаўся да манеркі.
Злева ад нас грукат узмацняўся: адзіночных стрэлаў няможна было ўжо адрозніць. Раптам у першых шэрагах закрычалі:
– Пяхота!.. Пяхота!..
Несвядома я схапіў карабін “напагатоў”, мяркуючы, што паказаліся аўстрыйцы. Але перад намі, апроч узгорка і рэдкіх кустоў, нічога не было. Тым часам на фоне гарматнага грукату, на які мы амаль перасталі зважаць, я пачуў нейкі трэск, быццам пайшоў спорны дождж, толькі гук быў нашмат мацнейшы.
– Бітва!.. – працяжна зароў нехта наперадзе.
Я адчуў, як на імгненне замерла ў мяне сэрца, не ад страху, але нібы ў адказ на гэты вокліч, які з дзяцінства рабіў на мяне асаблівае ўражанне.
У шэрагах, якія няспынна маршыравалі, заварушыліся. Частаваліся віном, аглядалі зброю, казалі, што не пазней як праз паўгадзіны трапім у бой, а перадусім бессаромна жартавалі з аўстрыйцаў, якім тады не шанцавала. Нехта пачаў пасвістваць, іншы ціха напяваць нешта сабе пад нос, нават халодная важнасць афіцэраў растала і замянілася на сяброўскую даверлівасць. Ажно спатрэбілася каманда “Зважай!”, каб нас супакоіць.
Мы змоўклі і выраўнялі крыху пагнутыя шэрагі. Неба было чыстае, толькі дзе-нідзе нерухома бялелі аблачынкі, на кустах, якія мы міналі, не варушыўся аніводзін лісток, над полем, парослым маладою травою, не звінеў спалоханы жаўрук. Чуваць было толькі цяжкі крок батальёну, частае дыханне людзей, часам стук карабінаў адзін аб адзін або гучны голас маёра, які, едучы наперадзе, падаваў каманды афіцэрам. А там, злева, бушавала зграя гарматаў і ліў дождж карабінавых стрэлаў. Хто такой буры пры ясным небе не чуў, браце Кац, той нічога не разумее ў музыцы!.. Памятаеш, якое дзіўнае адчуванне ў душы мелі мы тады?.. Не страх, а нешта накшталт смутку і цікаўнасці…
Батальёны, якія былі на флангах, усё больш аддаляліся ад нас, нарэшце правы знік за ўзгоркам, а левы схаваўся ў шырокай лагчыне за нейкую сотню сажняў ад нас, і толькі раз-пораз паблісквала там хваля багнетаў. Некуды падзеліся гусары, гарматы і рэзерв, які цягнуўся ззаду, і застаўся адзін наш батальён, які спускаўся з аднаго пагорка, каб падняцца на другі, яшчэ больш высокі. Толькі час ад часу спераду, ззаду або збоку прылятаў вершнік з лістом або з загадам на словах ад маёра. Дзіва дзіўнае, як гэтулькі загадаў не затлуміла яму галавы!
Нарэшце ўжо была амаль дзявятая, падняліся мы на апошнюю вышыню, парослую хмызняком. Новая каманда – і плутоны, што ішлі следам адзін за адным, пачалі шыхтавацца ў адну лінію. Калі ж дабраліся мы да вяршыні ўзгорка, загадана было нам прыгнуцца і нахіліць зброю, а потым укленчыць.
Тады (памятаеш, Кац?) Кратахвіль, які кленчыў перад намі, вытыркнуў галаву між дзвюх маладых хвоек і прашаптаў:
– Зірніце, га!..
Ад падножжа ўзгорка на поўдзень, ажно некуды за край далягляду, цягнулася раўніна, а на ёй – нібы рака белага дыму, шырокая, на некалькі сотняў крокаў, і доўгая – ці я ведаю? – можа, на мілю.
– Стралковыя ланцугі!.. – ціха сказаў стары падафіцэр.
З абодвух бакоў тае дзіўнае ракі відаць было некалькі чорных і сотні белых хмар, што клубіліся пры самай зямлі.
– Гэта батарэі, а там гараць вёскі… – растлумачыў падафіцэр.
А калі паўзірацца лепей, дык можна было ўбачыць дзе-нідзе, таксама з абодвух бакоў доўгае стужкі дыму, прастакутныя плямы: цёмныя – з левага, белыя – з правага боку. Падобныя яны былі да вялізных вожыкаў з бліскучымі іголкамі.
– Гэта нашыя палкі, а там – аўстрыйскія… – паказаў падафіцэр. – Ну, ну!.. – дадаў ён. – І сам штаб лепей не бачыць…
З тае доўгае ракі дыму далятаў да нас няспынны трэск карабінавых стрэлаў, а ў тых белых хмарах шалела бура гарматаў.
– Гэ!.. – азваўся тады ты, Кац, – і гэта бітва?.. Было тут чаго баяцца…
– Пачакай, – прамармытаў падафіцэр.
– Рыхтуй зброю!.. – разлеглася па шэрагах.
Укленчаныя, пачалі мы даставаць і адкусваць патроны[97]. Зашчоўкалі сталёвыя шомпалы і куркі, якія ўжо пачалі ўзводзіць… Насыпалі мы пораху на панеўкі – і зноў цішыня.
Насупраць нас, можа, за вярсту, былі два пагоркі, а між імі гасцінец. Я заўважыў, што на ягоным жоўтым тле з’яўляюцца нейкія белыя кропкі, якія хутка ўтварылі белую лінію, а потым – белую пляму. Адначасова з лагчыны за некалькі сотняў крокаў ад нас выйшлі сінія жаўнеры, якія хутка сфармавалі сінюю калону. У тую ж хвіліну справа грымнуў гарматны стрэл, і над белым аўстрыйскім аддзелам з’явілася сівая хмарка дыму. Пару хвілін паўзы – і зноў стрэл, і зноў над аўстрыйцамі – хмарка. Паўхвіліны – зноў стрэл і зноў хмарка…
– Herr Gott! – закрычаў стары падафіцэр. – Як нашы б’юць! Бэм[98] камандуе ці сам д’ябал…
З тае хвіліны стралялі з нашага боку няспынна, аж зямля дрыжала, але белая пляма там, на гасцінцы, расла. У той жа час на супрацьлеглым узгорку бліснуў дым і ў бок нашае батарэі паляцела з шыпеннем граната. Другі дым… трэці дым… чацвёрты…
– Разумныя д’яблы! – прамармытаў падафіцэр.
– Батальён!.. Наперад марш!.. – з усяе моцы крыкнуў наш маёр.
– Кампанія!.. Наперад марш!.. Плутон!.. Наперад марш!.. – паўтарылі рознымі галасамі афіцэры.
Ізноў нас перастроілі. Чатыры сярэднія плутоны засталіся на месцы, чатыры пайшлі наперад, направа і налева. Падцягнулі мы ранцы і ўзялі зброю, як каму зручней.
– Кацілася торба з высокага горба!.. – крыкнуў тады ты, Кац.
І ў тую ж хвіліну высока над намі праляцела граната і гучна выбухнула дзесьці ў тыле.
Тады бліснула мне ў галаве дзіўная думка. Ці не з’яўляюцца бітвы шумнымі камедыямі, якія войскі ладзяць для народаў, без вялікае сабе, зрэшты, шкоды?.. Бо тое, што я бачыў, выглядала велічна, але не так, каб страшна.
Мы спусціліся на раўніну. З нашае батарэі прыляцеў гусар з данясеннем, што адна з гарматаў пашкоджаная. Адначасова злева ад нас упала граната, зарылася ў зямлю, але не разарвалася.
– Пачынаюць нас лізаць, – сказаў стары падафіцэр.
Другая граната выбухнула над нашымі галовамі, і адзін з аскепкаў упаў Кратахвілю пад ногі. Ён збялеў, але зарагатаў.
– Охо-хо! – пачулася ў шэрагах.
У плутонах, якія ішлі перад намі злева за нейкую сотню крокаў, зрабілася замяшанне; калі ж калона рушыла далей, мы ўбачылі двух чалавек – адзін ляжаў тварам да зямлі, выструніўшыся, а другі сядзеў, прыціскаючы рукамі жывот. Я адчуў пах парахавога дыму, Кац нешта сказаў мне, але я не пачуў, затое зашумела мне ў правым вуху, нібы туды трапіла кропля вады.
Падафіцэр рушыў направа, мы – за ім. Нашая калона расцягнулася ў дзве доўгія лініі. За якую сотню крокаў перад намі закурэў дым. Нешта трубілі, але я не зразумеў сігналу, тым часам чуў рэзкі посвіст над галавою і каля левага вуха. За пару крокаў перада мною нешта стукнула ў зямлю, сыпануўшы мне пяском у твар і на грудзі. Мой сусед стрэліў, двое, што стаялі за мною, ледзь не на мае плечы ўсперлі свае карабіны і выпалілі адзін за адным. Зусім аглушаны, пальнуў і я… Набіў і зноў стрэліў. Наперадзе звалілася нечыя каска і карабін, але атачылі нас такія хмары дыму, што нічога больш я не мог разгледзець. Бачыў толькі, што Кац, які страляў раз за разам, падобны быў на шаленца, і ў кутках вуснаў у яго выступіла пена. Шум у вушах гэтак узмацніўся, што я нічога ўжо не чуў – ані карабінаў, ані гармат.
Нарэшце дым стаў такі густы і даўкі, што больш за ўсё на свеце я хацеў з яго вырвацца. Я пачаў адступаць, спачатку павольна, потым пабег, са здзіўленнем убачыўшы, што і іншыя робяць тое ж самае. Замест двух выцягнутых шэрагаў я ўбачыў кучку ўцекачоў. “Куды іх нясе нячыстая сіла?” – думаў я, прыспешваючы крок. І ўжо не подбегам, а конскім галопам. Спыніліся мы на сярэдзіне ўзгорка і адсюль убачылі, што нашае месца на пляцы заняў нейкі іншы батальён, а з вяршыні ўзгорка б’юць гарматы.
– Рэзерв на лінію агню!.. Наперад, паганцы!.. Свіней вам пасвіць, шчанюкі! – крычалі чорныя ад дыму раз’юшаныя афіцэры, шыхтуючы нас ізноў у шэрагі, ды пляжылі шабляю кожнага, хто трапляў ім пад руку.
Маёра паміж імі не было.
Паступова жаўнеры, змяшаныя ў кучу падчас уцёкаў, пазаймалі свае месцы ў плутонах, прыспешылі марудаў, і батальён зноў быў у парадку. Не хапала, аднак, блізу чатырох дзясяткаў чалавек.
– Куды яны паразбягаліся? – спытаў я ў падафіцэра.
– Ага, паразбягаліся! – адказаў ён панура.
Я баяўся нават падумаць, што яны загінулі.
З вяршыні ўзгорка спусціліся два фурманы, кожны вёў каня, абвешанага пакункамі. Да іх падбеглі нашыя падафіцэры і хутка вярнуліся з пакетамі набояў. Я ўзяў восем, бо гэтулькі бракавала мне ў падсумку, і здзівіўся, калі гэта я мог іх пагубіць.
– Ці ведаеш ты, – сказаў мне Кац, – што ўжо мінула адзінаццатая?..
– А ці ведаеш ты, што я нічога не чую? – адказаў я.
– Дурыла. Ты ж пачуў, што я кажу...
– Так, але гармат я не чую… Зрэшты, чую, – дадаў я, калі прыслухаўся.
Гром гармат і трэск карабінаў зліліся ў адзін магутны гул, які ўжо не аглушаў, а проста атупляў. Мяне ахапіла апатыя.
Перад намі, можа, за паўвярсты, круцілася шырокая паласа дыму, якую раз-пораз разрываў вецер, які тым часам узняўся.Тады на хвіліну паказваўся доўгі шэраг ног або касак з багнетамі, што паблісквалі побач з імі. Над тою калонаю і над нашаю разрываліся гранаты, якімі абменьваліся між сабою венгерская батарэя, што страляла з-за нашае спіны, і аўстрыйская – з супрацьлеглых узгоркаў.
Рака дыму, якая цягнулася праз раўніну на поўдзень, клубілася яшчэ мацней і была вельмі пакручастая. Дзе аўстрыйцы бралі верх, там яна выгіналася налева, дзе венгры – направа. Наогул, стужка дыму выгіналася больш направа, нібыта нашы ўжо адапхнулі аўстрыйцаў. Па ўсёй раўніне слаўся лёгкі блакітны туман.
Дзіўная рэч! Гром, хоць быў цяпер і мацней, чым напачатку, ужо не рабіў на мяне ўражання; каб чуць яго, я мусіў прыслухоўвацца. Тым часам вельмі выразна я чуў, як набіваюць карабіны або ўзводзяць куркі.
Прыляцеў ад’ютант. Затрубілі. Афіцэры пачалі прамаўляць.
– Хлопцы! – гарлаў наш паручнік, які нядаўна ўцёк з семінарыі. – Мы адступілі, бо швабаў было больш, але цяпер нападзём збоку вунь на тую калону, бачыце?.. Зараз падтрымае нас трэці батальён і рэзерв… Няхай жыве Венгрыя!..
– І я хацеў бы пажыць… – прамармытаў Кратахвіль.
– Паўабарота направа, марш!..
Ішлі мы гэтак некалькі хвілін, потым – паўабарота налева – і пачалі спускацца на раўніну, стараючыся падабрацца з правага боку да калоны, якая білася перад намі. Абшар быў няроўны, як і раней, спераду праз туман праглядала поле, парослае бадыллем, за ім – лясок.
Нечакана сярод таго бадылля я заўважыў некалькі, а потым і з дзясятак дымкоў, нібыта ў розных месцах закурылі люлькі, у той жа момант пачалі над намі свістаць кулі. Я падумаў, што гэтак апеты паэтамі свіст куляў не такі ўжо і паэтычны, а, хутчэй, ардынарны. Чуваць шал нежывога прадмета.
Ад нашае калоны адарваўся ланцуг стралкоў і пабег да бадылля. Мы памаршыравалі далей, нібы кулі, што ляцелі наўскос, не нам былі адрасаваныя.
У гэтую хвіліну стары падафіцэр, што ішоў на правым крыле, насвістваючы марш Ракочы, выпусціў карабін, расставіў рукі і захістаўся, як п’яны. На імгненне я ўбачыў ягоны твар і тое, што каска з левага боку была прабітая, а на лбе была чырвоная плямка. Мы працягвалі ісці, і на правым крыле з’явіўся новы падафіцэр – белабрысы маладзён.
Мы ўжо параўняліся з калонаю, якая вяла бой, і бачылі пустую прастору паміж дымам нашае і аўстрыйскае пяхоты, калі з-за яе вынырнуў доўгі шэраг белых мундзіраў. Шэраг уздымаўся і знікаў кожнае імгненне, а ногі мігцелі як на парадзе.
Ён спыніўся. Над ім бліснула стужка сталі, нахілілася, і я ўбачыў з сотню нацэленых на нас карабінаў, што блішчалі, як іголкі, паўтыканыя ў паперчыну. Потым задымілася, грымнула, як ланцугом па жалезнай завале, а над намі і каля нас праляцела віхура куляў.
– Стой!.. Плі!..
Я стрэліў як хутчэй, стараючыся засланіцца хоць дымам. Апроч гуку я пачуў ззаду – нібы стукнулі палкаю па чалавеку. Нехта за маёй спінаю ўпаў, чапляючыся за мой ранец. Мяне апанаваў гнеў і адчай, я разумеў, што загіну, калі не заб’ю нябачнага ворага. Я набіваў карабін і страляў без памяці, браў трохі ніжэй і спадзяваўся з дзікаю асалодаю, што мае кулі не праляцяць міма. Баяўся я зірнуць у бок ці пад ногі, каб не ўбачыць на зямлі чалавека.
Потым здарылася нечаканае. Паблізу ад нас забілі барабаны і пранізліва зайгралі пішчалкі. Гэтак жа і за намі. Нехта закрычаў: “Наперад!”, і я не ведаю, з колькіх грудзей выбухнуў крык, падобны на енк або на выццё. Калона рушыла з месца павольна… хутчэй… бягом… Стрэлы амаль сціхлі і чуліся ўжо толькі адзінкавыя. З сілаю наляцеў я на нешта грудзямі, мяне пхалі з усіх бакоў, пхаўся і я…
– Бі шваба!.. – крычаў нялюдскім голасам Кац і рваўся наперад. З-за немагчымасці вырвацца з тлуму ён падняў карабін ды з усяе сілы малаціў прыкладам у ранцы калегаў, што былі наперадзе.
Нарэшце стала так цесна, што здушыла мне грудзі, і адчуў я, што не хапае паветра. Падняло мяне наверх, апусціла, і я зразумеў, што стаю не на зямлі, а на чалавеку, які яшчэ і за нагу маю ўхапіўся. Тут натоўп з крыкам пасунуўся наперад, а я ўпаў. Левая рука слізганула па крыві.
Побач са мною ляжаў на баку аўстрыйскі афіцэр, чалавек малады, з вельмі шляхетнымі рысамі твару. Ён паглядзеў на мяне цёмнымі вачыма і з невымоўным смуткам хрыпла прашаптаў:
– Не трэба таптаць… Немцы таксама людзі…
Ён падсунуў сабе руку пад бок і жаласна енчыў.
Я пабег за калонаю. Нашы былі ўжо на ўзгорках, дзе стаялі аўстрыйскія батарэі. Узбіўшыся туды следам за іншымі, я ўбачыў адну гармату перавернутую, а другую і акружаную нашымі.
Заспеў я адметную сцэну. Нехта з нашых чапляўся за колы гарматы, нехта сцягваў фурмана з сядла, Кац парнуў багнетам каня з першае пары, а аўстрыйскі кананір замахнуўся на яго шомпалам. Я схапіў кананіра за каршэнь і раптоўным рухам зваліў на зямлю. Кац і яго хацеў запароць.
– Што ты робіш, вар’ят?! – закрычаў я, адбіваючы ўбок яго карабін.
Раз’юшаны, ён тады кінуўся на мяне, але афіцэр, што аказаўся побач, палашам адбіў яго багнет.
– Чаго лезеш? – крыкнуў быў Кац на афіцэра і – апрытомнеў.
Дзве гарматы былі захопленыя, за астатнімі пагналіся гусары. Далёка наперадзе стаялі нашы па адным і групамі, страляючы па аўстрыйцах, якія адступалі. Калі-нікалі заблукалая непрыяцельская куля прасвіствала над намі або зарывалася ў зямлю, уздымаючы хмарку пылу. Трубачы склікалі ў шэрагі.
Дзесьці а чацвёртай гадзіне дня наш полк быў сабраны. Бітва скончылася. Толькі на захадзе чуліся яшчэ адзінкавыя стрэлы лёгкай артылерыі, як водгулле мінулае ўжо буры.
Праз гадзіну на шырокім полі бітвы ў розных месцах зайгралі палкавыя аркестры. Прыляцеў да нас ад’ютант з віншаваннем. Трубачы і барабаншчыкі далі сігнал да малітвы. Паздымалі мы каскі, харунжыя паднялі штандары, і ўсё войска са зброяй ля нагі дзякавала венгерскаму Богу за перамогу.
Паступова дым разышоўся. Дакуль сягала вока, бачылі мы ў розных месцах нібы кавалкі белай і сіняй паперы, бязладна параскіданыя па вытаптанай траве. Па полі сноўдалася з дзясятак фурманак, і нейкія людзі складалі на іх некаторыя з тых кавалкаў. Рэшта засталася.
– І чаго на свет было нараджацца!.. – уздыхнуў, абапіраючыся на карабін, Кац, якога зноў апанавала меланхолія.
Была гэта ці не апошняя нашая перамога. З таго часу штандары з трыма рэкамі[99] часцей хадзілі перад непрыяцелем, чым за непрыяцелям, пакуль нарэшце пад Вілагас[100] не паападалі з дзідаў, як восеньскае лісце.
Калі даведаўся пра гэта Кац, дык шпурнуў на зямлю шпагу (былі мы з ім ужо афіцэрамі) і сказаў, што засталося толькі стрэліць сабе ў лоб. Я, аднак, памятаючы, што ў Францыі ўжо сядзіць Напалеон, падбадзёрыў яго, і пракраліся мы да Каморна[101].
Прагледзелі мы вочы, чакаючы цэлы месяц дапамогі: з Венгрыі, з Францыі, нават з неба. Нарэшце крэпасць капітулявала.
Памятаю, у той дзень Кац круціўся нешта каля парахавога складу і меў гэткі ж твар, як тады, калі хацеў забіць ляжачага кананіра. Гвалтам падхапілі мы яго пад рукі і вывелі з фартэцыі следам за нашымі.
– Што ж гэта ты, – ціха сказаў яму адзін з калегаў, – замест ісці з намі на чужыну, хацеў на неба ўцячы?.. Гэй! Кац, венгерскую пяхоту не спалохаеш, і трымае яна слова, якое дала нават… швабам…
Упяцёх аддзяліліся мы ад рэшты войска, паламалі шпагі, пераапрануліся як сяляне і, схаваўшы пад адзеннем пісталеты, павандравалі ў бок Турцыі. Па нашых слядах ішла зграя Гайнава!..[102]
Наша вандроўка па лясах і бездарожжы доўжылася каля трох тыдняў. Пад нагамі гразь, галаву палівае восеньскі дождж, ззаду патрулі, а перад намі вечнае выгнанне – вось такія былі нашы спадарожнікі. Але, нягледзячы на гэта, не гублялі мы добрага гумору.
Шапары безупынку малоў языком пра тое, што Кошут[103] яшчэ нешта прыдумае, Штэйн быў упэўнены, што заступіцца за нас Турцыя, Ліптак марыў пра начлег ды гарачую страву, а я казаў, што ўжо хто-хто, а Напалеон нас не пакіне. Ад дажджу наша вопратка набрыняла, валакліся мы ў гразі па калена, падэшвы паадставалі, у ботах плюхала, мясцовыя баяліся прадаць нам збанок малака, а сяляне ў адной вёсцы пагналіся за намі з віламі ды косамі. Але настрою нам гэта не сапсавала, і Ліптак, што бег поруч са мною, аж гразь пырскала ва ўсе бакі, казаў засопшыся:
– Eljen Magyar!..[104] Але ж добра спаць будзем… Каб яшчэ кілішак слівовіцы ў ложак!..
У гэтым вясёлым таварыстве абадранцаў, якіх нават вароны баяліся, толькі Кац быў пахмурны. Ён часцей за іншых адпачываў і неяк хутчэй за ўсіх марнеў: вусны ў яго спякліся, а вочы блішчалі.
– Баюся, каб не пачалася ў яго гнілая гарачка, – сказаў мне аднаго разу Шапары.
Непадалёк ад ракі Савы, не ведаю ўжо на які дзень нашае вандроўкі, натрапілі мы ў бязлюднай мясцовасці на некалькі хат, дзе нас вельмі гасцінна прынялі. Ужо сцямнела, былі мы страшэнна стомленыя, але пры печы ды з бутэлькаю слівовіцы ўсе павесялелі.
– Прысягаю, – крычаў Шапары, – што не пазней, чым у сакавіку Кошут пакліча нас у шэрагі. Бязглуздзіцаю было ламаць нам шпагі…
– Можа, яшчэ ў снежні турэцкае войска рушыць, – дадаў Штэйн. – Хоць бы акрыяць да таго часу…
– Мае вы каханыя!.. – енчыў Ліптак, які зашыўся ў гарохавінне, – кладзіцеся, ліха вас вазьмі, спаць, бо іначай ані Кошут, ані турак нас не дабудзіцца.
– Пэўна, не дабудзіцца! – прамармытаў Кац.
Ён сядзеў на лаве насупраць печы і маркотна глядзеў на агонь.
– Ты, Кац, хутка і ў справядлівасць Божую перастанеш верыць, – азваўся спахмурнелы Шапары.
– Няма справядлівасці для тых, хто не здолеў загінуць са зброяй у руках! – крыкнуў Кац. – Дурні вы і я разам з вамі… Турак ці француз падставіць за вас свой карак?.. Чаму ж вы самі не здолелі яго падставіць?..
– У яго гарачка, – прашаптаў Штэйн. – Наробіць нам клопату ў дарозе…
– Венгрыя!.. Няма ўжо Венгрыі! – мармытаў Кац. – Роўнасць… ніколі не было роўнасці!.. Справядлівасць… ніколі яе не будзе… Свіння гразі знойдзе, а тут чалавек!.. Не, пане Мінцаль, не буду я ўжо ў цябе кроіць мыла…
Я вырашыў, што Кац цяжка хворы. Падышоў да яго і, цягнучы на гарохавінне, угаворваў:
– Хадзі, Аўгусце, хадзі…
– Куды ж мне ісці?.. – адказаў ён і на хвіліну нібы апрытомнеў.
А потым дадаў:
– З Венгрыі мяне выгналі, а да швабаў не зацягнеш…
Але ён паклаўся ў наш бярлог. Агонь у печы згасаў. Мы дапілі гарэлку і палеглі ўсе ў шэраг з пісталетамі ў руках. У шчылінах хаты енчыў вецер, нібы ўся Венгрыя плакала, а нас змарыў сон. Сніў я сябе малым хлапчуком, і што надышлі Каляды… На стале стаіць ялінка з запаленымі свечкамі, убраная гэтак жа ўбога, якімі мы самі былі ўбогімі, а побач – мой бацька, цётка, пан Рачак і пан Даманьскі, усе спяваюць фальшывымі галасамі калядкі.
Бог нараджаецца, зло адступае…
Прачнуўся я са слязьмі аб сваім дзяцінстве. Нехта торгаў мяне за плячо.
Быў гэта селянін, гаспадар хаты. Ён цягнуў мяне з гарохавіння, паказваў на Каца ды спалохана казаў:
– Зірніце, а? Пане ваяк… Нешта з ім кепскае здарылася…
Я схапіў з прыпечка лучыну і пасвяціў. Зірнуў. Кац ляжаў у нашым берлагу скурчаны, з выстраленым пісталетам у руцэ. Замігацела ў мяне перад вачыма, і, відаць, я самлеў.
Апрытомнеў я на возе, якім якраз пад’язджалі мы да Савы. Ужо днела, неба выпагадзілася, ад ракі цягнула вільгаццю. Я працёр вочы, палічыў… Было нас на возе чацвёра і пяты фурман. Але ж мусіла быць пяцёра. Не! Мусіла быць шасцёра!.. Шукаў я Каца і не бачыў яго. Не пытаўся нічога, роспач так сціснула мне горла, што думаў, задушыць. Ліптак драмаў, Штэйн выціраў вочы, а Шапары глядзеў у бок і насвістваў Ракочы, хоць амаль і не трапляў у лад.
Гэй, браце Кац, што ж ты нарабіў?.. Часам мне здаецца, што знайшоў ты там, на небе, і венгерскую пяхоту, і свой выбіты плутон… Бывае, што чую я бой барабанаў, хуткі рытм маршу і каманду: “Зброю на плячо!..” І думаю я тады, што гэта ты, Кац, ідзеш на змену варты перад Божым тронам… Бо кепскім быў бы той Пан Бог венгерскі, каб не зразумеў ён цябе!
…Але ж і разбалбатаўся я, даруй Божа!.. Думаў пра Вакульскага, а пішу пра сябе ды пра Каца. Дык вяртаюся да тэмы.
Праз некалькі дзён пасля смерці Каца дабраліся мы да Турцыі, а два наступныя гады я ўжо адзін туляўся па Еўропе. Быў у Італіі, Францыі, Нямеччыне, нават у Англіі і паўсюль прыгнятала мяне нэндза і зводзіла са свету туга па радзіме. Не раз здавалася мне, што звар’яцею, слухаючы чужую мову і бачачы не нашы твары, не нашы ўборы, не нашу зямлю. Не раз здавалася – аддаў бы я жыццё, каб хоць зірнуць на хвойны лес і на хаты пад саламянымі стрэхамі. Не раз крычаў у сне, як дзіця: я хачу ў сваю старонку!.. А калі прачынаўся, плачучы, дык апранаўся і хутчэй бег на вуліцу, бо здавалася мне, што гэта вуліца абавязкова выведзе да Старога Мяста або Падваля.
Можа б, я і забіў сябе з адчаю, каб не рэгулярныя навіны пра Людвіка Напалеона, які ўжо стаў прэзідэнтам, а мерыўся стаць імператарам. Было мне лягчэй вытрываць галечу і апаноўваць выбухі роспачы, калі я слухаў пра трыумфы чалавека, што мусіў выканаць запавет Напалеона І ды ўпарадкаваць свет.
Не ўдалося яму, праўда, але ж ён пакінуў па сабе сына. Не адразу Кракаў пабудавалі!..
Нарэшце я не мог больш трываць, і ў снежні 1851 года праехаў уздоўж усю Галіцыю ды з’явіўся на мытні ў Тамашове[105]. Адна толькі думка не давала мне пакою: “А калі і адсюль выганяць?..”
Ніколі не забуду я тае радасці, якую адчуў, калі сказалі мне, што магу ехаць у Замосце. Праўду сказаць, нават не надта я і ехаў, а больш ішоў, але які быў усцешаны!
У Замосці прабавіўся я трохі больш за год[106]. А з тае прычыны, што добра сек дровы, кожны дзень выходзіў на свежае паветра. Напісаў я адтуль ліст да Мінцля і, здаецца, атрымаў ад яго адказ, нават грошы, але, за выключэннем квітанцыі пра атрыманне, ніякіх падрабязнасцяў не памятаю.
Падобна, аднак, Ясь Мінцаль зрабіў іншую рэч, хоць да самае смерці ён не згадваў пра гэта і нават не любіў размоў на гэту тэму. Дык вось, хадзіў ён да тых генералаў, якія ўдзельнічалі ў венгерскай кампаніі, і пераконваў іх, што мусяць яны ратаваць калегу з бяды. Ну і выратавалі мяне, так што ўжо ў лютым 1853 года я мог ехаць у Варшаву. Вярнулі мне нават афіцэрскі дыплом, адзіную памятку, якую я вынес з Венгрыі, не лічыўшы двух ранаў: у грудзі і ў нагу. Лепш за тое, афіцэры зладзілі ў мой гонар абед, на якім мы добра выпілі за здароўе венгерскае пяхоты. З тае пары я і кажу, што самыя моцныя сувязі завязваюцца на полі бою.
Як толькі пакінуў я свае апартаменты, голы, як біч, дык пераняў мяне на дарозе невядомы жыдок і аддаў грошы ды ліст. Я адкрыў яго і прачытаў:
“Мой каханы Ігнацы! Пасылаю табе дзвесце злотых на дарогу, пазней разлічымся. Едзь проста ў маю краму на Кракаўскім Прадмесці, а не на Падвалю, барані Божа! Бо там жыве гэты злодзей Франц, нібыта мой брат, якому нават прыстойны сабака не павінен падаваць руку. Цалую цябе, Ян Мінцаль. Варшава, 16 лютага 1853 г.
Але, але!.. Стары Рачак, што ажаніўся з тваёй цёткаю, дык, ведаеш, памёр ён, і яна таксама, але раней. Пакінулі яны табе нейкія свае транты і пару тысяч злотых. Усё гэта ў мяне захавана, толькі салопу цётчыну трохі моль пабіла, бо шэльма Каська забылася пакласці тытуню. Франц загадаў цябе пацалаваць. Варшава, 18 лютага 1853 г.”
Той самы жыдок забраў мяне да сябе дадому, дзе ўручыў клуначак з бялізнаю, адзеннем і абуткам. Ён накарміў мяне булёнам з гусі, потым гусяцінай варанай, потым -- печанай, якую я да Любліна не мог ператравіць. Нарэшце даў ён мне пляшку цудоўнага мёду, завёў да гатовае ўжо фурманкі, але нават слухаць не хацеў пра плату.
– Сорамна мне браць у такой асобы, што з эміграцыі вяртаецца, – адказваў ён на ўсе мае ўгаворы.
Толькі як хацеў я ўжо садзіцца на воз, ён адвёў мяне ўбок і, агледзеўшыся, ці не падслухоўвае хто, ціха сказаў:
– Калі пан дабрадзей мае венгерскія дукаты, дык я куплю. Я добра заплачу, бо мне трэба для дачкі, яна пасля панскага Новага году выходзіць замуж…
– Няма ў мяне дукатаў, – адказаў я.
– Пан дабрадзей быў на венгерскай вайне і пан не мае дукатаў?.. – здзівіўся ён.
Ужо паставіў я нагу на падножку фуры, як той самы жыдок пацягнуў мяне другі раз убок.
– Можа пан дабрадзей мае якія каштоўнасці?.. Пярсцёнкі, гадзіннікі, бранзалеткі?.. Здароўем клянуся, я добра заплачу, бо гэта для маёй дачкі…
– Не маю, браце, даю табе слова…
– Не мае пан? – паўтарыў ён і вытрашчыў вочы. – Дык навошта пан хадзіў у Венгрыю?..
Мы рушылі, а ён яшчэ стаяў, трымаючыся рукою за бараду, і са скрухаю хітаў галавою.
Фура была нанятая толькі для мяне. Аднак ужо ў наступнай вулачцы фурман спаткаў свайго брата, які меў надта пільную справу ў Красным Ставе.
– Няхай вяльможны пан дазволіць яго ўзяць, – прасіў ён, зняўшы шапку. – Дзе дарога будзе горшая, ён пешкі пойдзе.
Пасажыр сеў. Не паспелі даехаць мы да гарадское брамы, як стала перад намі на дарозе нейкая жыдоўка з клункам ды ўсчала лямант з фурманам. Аказалася, што гэта ягоная цётка, у якой у Файславіцах хворае дзіця.
– Можа вяльможны пан дазволіць ёй падсесці… Гэта вельмі лёгкая асоба… – прасіў фурман.
Нарэшце ў розных месцах за брамаю знайшлося яшчэ трое кузінаў майго фурмана, якіх ён забраў, кажучы, што мне ў дарозе будзе весялей. Паволі сапхнулі яны мяне на самы тыл возу, таўкліся мне па нагах, курылі паскудны тытунь, а, горш за ўсё, лямантавалі, як шалёныя. Нягледзячы на гэта, не памяняў бы я свой цесны куточак на самае выгоднае месца ў французскіх дыліжансах або англійскіх вагонах. Быў я ўжо ў краі.
Цягам чатырох дзён здавалася мне, што сяджу я ў нейкай пераноснай бажніцы. На кожным папасе на аднаго пасажыра менела, а яго месца займаў іншы. Пад Люблінам ссунулася мне на плечы цяжкая скрыня, і цудам не развітаўся я з жыццём. Пад Куравам прастаялі мы некалькі гадзін на тракце, бо згубіўся нейкі куфар, і фурман конна папёрся па яго да карчмы. Усю дарогу, нарэшце, адчуваў я, што пярына, якою накрытыя былі мае ногі, заселена больш шчыльна, чым Бельгія.
На пяты дзень перад узыходам сонца былі мы на Празе. Але фураў было шмат, а пантонны мост быў вузкі, дык толькі ледзьве а дзясятай заехалі мы ў Варшаву. Мушу дадаць, што ўсе мае пасажыры выпарыліся на Беднарскай вуліцы, як эфір, пакінуўшы па сабе моцны пах. Калі ж я пачаў разлічвацца з фурманам і нагадаў пра іх, дык ён вытрашчыў вочы.
– Якія пасажыры?.. – закрычаў ён здзіўлена. – Вяльможны пан – пасажыр, а тыя – пархі, дый годзе. Як мы спыніліся на рагатцы, дык нават стражнік два такія галганы палічыў па злотаму на адзін пашпарт. А вяльможны пан думае, што яны былі пасажырамі!..
– Дык не было нікога?.. – спытаў я. – Адкуль жа, ліха на іх, тыя блохі, якіх я набраўся?
– Можа ад вільгаці. Ці я ведаю?! – адказаў фурман.
Пераканаўшыся гэткім чынам, што на возе не было нікога, апроч мяне, я, вядома, адзін і разлічыўся цалкам за ўсю дарогу, чым так расчуліў фурмана, што той, распытаўшы, дзе я буду жыць, абяцаў мне прывозіць кожныя два тыдні кантрабандны тытунь.
– Яно і цяпер, – сказаў ён ціха, – маю на фуры з пяцьдзясят кіло. Можа, прынесці вяльможнаму пану якіх пару фунтаў?..
– Каб цябе д’яблы насілі! – прабубніў я, хапаючы свой клунак. – Не хапала яшчэ, каб арыштавалі мяне за кантрабанду.
Шпарка ідучы вуліцаю, разглядаў я горад, які пасля Парыжа здаваўся мне брудным і цесным, а людзі пахмурнымі. Краму Я. Мінцля на Кракаўскі прадмесці я знайшоў лёгка, але, калі ўгледзеў знаёмыя мясціны і шыльды, дык мусіў перачакаць, гэтак закалацілася ў мяне сэрца.
Я паглядзеў на краму, была яна амаль такая ж, як на Падвалю: на дзвярах – бляшаны палаш і барабан (можа, той самы, які я бачыў у дзяцінстве), у вітрыне – талеркі, конь і казак скача… Нехта адчыніў дзверы, і ў глыбіні я разгледзеў падвешаныя пад столь фарбы ў капшуках, коркі ў сетцы, нават чучала кракадзіла.
За прылаўкам пры акне сядзеў у старым фатэлі Ян Мінцаль ды шморгаў за шнурок казака…
Я ўвайшоў – а сам дрыжаў, як кісель – і стаў насупраць Яся. Убачыўшы мяне (ужо пачаў таўсцець дзяцюк), ён цяжка падняўся з фатэля і прыжмурыўся. Раптам ён крыкнуў аднаму з крамных хлопцаў:
– Віцек!.. Бягом да панны Малгажаты і скажы ёй, што вяселле адразу пасля Вялікадня…
Потым ён працягнуў мне над прылаўкам абедзве рукі, і мы моўчкі абняліся.
– Але ж і біў ты швабаў! Ведаю, ведаю, – прашаптаў ён мне на вуха. – Сядай, – дадаў ён, паказваючы на крэсла, – Казік! Мігам да Grossmutter… Пан Жэцкі прыехаў!..
Я сеў, і зноў мы маўчалі. Ён маркотна ківаў галавою, я апусціў вочы. Абодва мы думалі пра беднага Каца і пра нашыя падманутыя надзеі. Нарэшце Мінцаль гучна высмаркаўся і, павярнуўшыся да акна, прамармытаў:
– Ну, чаго ўжо там…
Засопшыся, прыбег Віцек. Я заўважыў, што сурдут гэтага маладзёна аж блішчыць ад тлустых плямаў.
– Быў? – запытаўся ў яго Мінцаль.
– Быў. Панна Малгажата сказала, што добра.
– Жэнішся? – запытаўся я ў Яся.
– Э!.. Што ж тут зробіш! – адказаў ён.
– А як Grossmutter пачуваецца?
– Як заўсёды. Хварэе, калі паб’ецца яе збанок на каву.
– А Франц?
– Не ўспамінай мне пра таго нягодніка, – аж падскочыў Ян Мінцаль. – Учора я пакляўся, што нагі маёй у яго не будзе…
– Што ж ён табе зрабіў? – спытаў я.
– Гэты нягодны швабіска няспынна кпіць з Напалеона!.. Кажа, што той парушыў прысягу рэспубліцы, што ён – певень, якому прыручаны арол плюнуў у капялюш… Не, – казаў Ян Мінцаль, – з гэтым чалавекам я жыць не магу…
Пакуль мы гутарылі, двое хлопцаў і крамнік займаліся пакупнікамі, на якіх я нават не звярнуў увагі. Потым рыпнулі тыльныя дзверы і з-за шафаў паказалася старая ў жоўтай сукенцы са збаночкам у руцэ.
– Gut Morgen, meine Kinder!.. Der Kaffee ist schon…
Я падбег і пацалаваў ёй сухія рукі моўчкі, бо мне аж мову заняло.
– Ignaz!.. Herr Jesäs… Ignaz! – гукала яна, абдымаючы мяне. – Wo bist du so lange gewesen, lieber Ignaz?..[107]
– Ну, але ж Grossmutter ведае, што ён быў на вайне. Чаго ўжо тут пытацца, дзе быў? – не вытрываў Ян.
– Herr Jesäs!.. Aber du hast noch keinen Kaffee getrunken?[108]
– Вядома, не піў, – адказаў за мяне Ян.
– Du lieber Gott! Es ist ja schon zehn Uhr…[109]
Яна наліла мне кубак кавы, уручыла тры свежыя булкі і знікла, як звычайна. Тут моцна бразнулі парадныя дзверы, і ўбег Франц Мінцаль, яшчэ больш тоўсты і чырвоны, чым брат.
– Як маешся, Ігнацы!.. – закрычаў ён, хапаючы мяне ў абдымкі.
– Не цалуйся з гэтым ёлупам, які ганьбіць род Мінцляў!.. – загадаў мне Ян.
– Вой, вой! Што мне за род!.. – рагатаў Франц. – Наш бацька прыехаў на сабачай запрэжцы…
– Я не размаўляю з панам! – зароў Ян.
– І я не пану гэта кажу, а Ігнацыю, – адказаў Франц. – А наш дзядзька, – працягваў ён, – быў аж такім зацятым швабіскам, што з магілы вылез па свой начны каўпак, які яму забыліся пакласці.
– Абражаеш мяне, пан, ва ўласным доме! – выбухнуў Ян.
– Я прыйшоў не дадому да пана, а ў краму сёе-тое купіць… Віцек! – звярнуўся Франц да хлопца, – дай мне корак за грош. Толькі ў добрую паперу загарні… Да пабачэння, каханы Ігнацы, зазірні да мяне сёння ўвечары, дык пагаворым за чаркаю. А можа, і гэты пан з табою прыйдзе, – дадаў ён ужо з вуліцы, паказваючы рукою на пасінелага ад злосці Яна.
– Нагі маёй не будзе ў нягоднага шваба! – закрычаў Ян.
Гэта, аднак, не перашкодзіла нам разам пайсці ўвечары да Франца.
Дарэчы будзе прыгадаць, што не было і тыдня, каб браты Мінцлі не пасварыліся ды не памірыліся, прынамсі, раз ці два. Але, што цікава, прычыны сварак ніколі не тычыліся матэрыяльных спраў. Наадварот, нягледзячы на самыя вялікія непаразуменні, браты заўсёды былі адзін у аднаго паручыцелямі, пазычалі адзін аднаму грошы і плацілі адзін за аднаго даўгі. Прычыны палягалі ў іх характарах.
Ян Мінцаль быў рамантык і энтузіяст, а Франц – спакойны і бурклівы, Ян быў гарачы банапартыст, а Франц – рэспубліканец ды вораг Напалеона ІІІ. Нарэшце Франц Мінцаль прызнаваўся да нямецкага паходжання, у той час як Ян урачыста сцвярджаў, што Мінцлі паходзяць са старажытнага польскага роду Мянтусаў, які, можа, за Ягелонамі, а можа, за выбарнымі каралямі асеў паміж немцамі.
Досыць было келіха віна, каб Ян Мінцаль пачынаў грукаць кулаком па стале або і ў плечы сваіх суседзяў ды крычаць:
– Я адчуваю ў сабе старажытную польскую кроў!.. Мяне не магла нарадзіць немка!.. Маю, зрэшты, дакументы…
І асобам, якім ён найбольш давяраў, паказваў два старыя дыпломы, з якіх адзін меў дачыненне да нейкага Мадзялеўскага, варшаўскага купца за шведскім часам, а другі – да Мілера, касцюшкаўскага паручніка. Якая сувязь была паміж гэтымі асобамі і сям’ёю Мінцляў, я не ведаю да сённяшняга дня, хоць і не раз чуў тлумачэнні.
Нават з нагоды вяселля Яна паміж братамі ўсчалася сварка, бо Ян на гэтую ўрачыстасць падрыхтаваў кунтуш малінавага колеру, жоўтыя боты і шаблю, а Франц заявіў, што не дазволіць гэткага маскараду на шлюбе, нават каб давялося звярнуцца са скаргаю ў паліцыю. Пачуўшы гэта, Ян прысягнуў, што заб’е даносчыка, калі яго ўбачыць, ды прыбраўся ў строі сваіх продкаў Мянтусаў на вясельную вячэру. А Франц быў і на шлюбе, і на вяселлі, але хоць і не размаўляў з братам, але да знямогі скакаў з яго жонкаю, і да зморы напіваўся яго віном.
Нават смерць Франца, які ў 1856 годзе памёр ад карбункула, не абышлася без скандалу. За апошнія тры дні браты па два разы праклялі адзін аднаго і вельмі ўрачыста пазбавілі адзін аднаго спадчыны. Нягледзячы на гэта, Франц увесь свой маёнтак адпісаў Яну, а Ян некалькі тыдняў хварэў з гора і палову атрыманых у спадчыну грошай (каля дваццаці тысяч злотых) пераказаў нейкім тром сіроткам, якімі надта ж апекаваўся да канца жыцця.
Дзіўная была гэта сям’я!
Вось ізноў адхіліўся я ад тэмы: меўся пісаць пра Вакульскага, а пішу пра Мінцляў. Каб не адчуваў я сябе гэтак бадзёра, як пачуваюся зараз, дык падумаў бы, што такая балбатлівасць – сведчанне блізкае старасці.
Я хацеў сказаць, што ў паводзінах Стася Вакульскага шмат чаго не разумею, і кожны раз мне хочацца запытацца: навошта ўсё гэта?..
Дык вось, калі я вярнуўся ў краму, амаль кожны вечар збіраліся мы наверсе ў Grosmutter: Ян і Франц Мінцлі, а часам і Малгося Пфайфер. Малгося з Янам садзіліся ля вакна і, трымаючыся за рукі, пазіралі на неба, Франц піў піва з вялікага куфля (з цынкавым вечкам), старая вязала панчохі, а я апавядаў дзеі тых гадоў, праведзеных за мяжою.
Часцей за ўсё, вядома, згадвалася туга выгнання, цяжкасці жаўнерскага жыцця альбо бітвы. У такія хвіліны Франц выпіваў падвойныя порцыі піва, Малгося тулілася да Яна (да мяне ніхто так не туліўся), а Grosmutter губляла ў сваім вязанні вочка. Калі ж я заканчваў свой аповед, Франц уздыхаў, шырока рассеўшыся на канапе, Малгося цалавала Яна, Ян – Малгосю, а старая, хітаючы галавою, казала:
– Jeasäs! Jeasäs!.. wie ist das schrecklich… Aber sag mir, lieber Ignaz, wozu also bist du denn nach Ungarn geganden?[110]
– Ну, хіба ж Grosmutter не разумее, што ён хадзіў у Венгрыю на вайну, – перабіваў яе, трацячы цярплівасць, Ян.
Але старая працягвала хітаць галавою і здзіўлена мармытала сабе пад нос:
– Der Kaffee war ja immer gut und zu Mittag hat er sich doch immer vollgegessen… Warum hat er denn das getan?[111]
– О! Бо ў Grosmutter толькі кава ды абед у галаве, – абураўся Ян.
Нават калі я расказаў пра апошнія хвіліны жыцця і страшную смерць Каца, і старая горка заплакала першы раз за ўвесь час, колькі я яе ведаў, яна, выцершы вочы і ўзяўшыся зноў за сваё вязанне, шаптала:
– Merkwürdig![112]Der Kaffee war ja immer gut und zu Mittag hat er sich doch immer vollgegessen… Warum hat er denn das getan?
Тое самае цяпер ледзь не штодня я кажу пра Стася Вакульскага. Пасля смерці жонкі ён меў спакойны кавалак хлеба, дык навошта было ехаць у Балгарыю? Зарабіў ён там столькі грошай, што мог пазбавіцца крамы, дык навошта пашырыў яе? Новая крама дае добры прыбытак, дык навошта ён стварае яшчэ нейкую суполку?..
Навошта ён зняў сабе вялізную кватэру? Навошта купіў каляску і коней? Навошта пнецца ў арыстакратыю і ўнікае купцоў, якія не могуць яму гэтага дараваць?..
А навошта яму клапаціцца пра фурмана Высоцкага або ягонага брата, пуцявога абходчыка? Навошта некалькім бедным чаляднікам заклаў ён майстэрні? Навошта ўзяў пад апеку нават распусніцу, якая хоць і жыве ў магдаленак, але моцна псуе яму рэпутацыю?..
А які спрытны… Даведаўся я на біржы пра замах Гёдля, вяртаюся ў краму і, гледзячы яму ў вочы, кажу:
– Ведаеш, Стасю, нейкі Гёдаль[113] стрэліў у імператара Вільгельма…
А ён, нібы нічога ніякага, адказвае:
– Вар’ят.
– Але гэтаму вар’яту, – кажу я, – адсякуць галаву.
– І добра, – адказвае ён, – не будзе памнажаць род вар’яцкі.
І каб у яго хоць жылка на твары здрыганулася, дык не. Заняло мне мову ад яго абыякавасці.
Каханы Стасю, спрытнюга ты, але і ў мяне клёпкі ў галаве на месцы: я ведаю больш, чым тым ты думаеш, і засмучае мяне толькі тое, што не маеш ты да мяне даверу. Бо парада сябра і старога жаўнера магла б абараніць цябе шмат ад якіх глупстваў, калі не ад ганьбы…
Але што я тут буду выказваць уласныя меркаванні, няхай гавораць за мяне факты.
Напачатку мая перабраліся мы ў новую краму, у якой пяць прасторных залаў. У першым пакоі, злева, размяшчаюцца адны расійскія тканіны: паркаль, крэтон, ядваб і аксаміт. Другі пакой заняты напалову тымі ж тканінамі, а напалову – моднымі дадаткамі да ўбораў: капелюшамі, каўнерыкамі, гальштукамі, парасонамі. У цэнтральнай зале – элегантная галантарэя: бронза, маёліка, крышталь, слановая костка. У наступным пакоі, справа, знаходзяцца цацкі, таксама тут – драўляныя і металічныя вырабы, а ў апошнім пакоі – тавары з гумы і скуры.
Гэтак я ўсё ўпарадкаваў, не ведаю, ці добра, але Бог мне сведка, хацеў як лепей. Зрэшты, я пытаўся ў Стася Вакульскага, што ён мяркуе на гэты конт, але замест таго, каб нешта параіць, ён толькі паціснуў плячыма і ўсміхнуўся, нібыта кажучы: “Што мне да гэтага…”
Дзіўны чалавек! Прыйдзе яму ў галаву геніяльны план, ён выканае яго ў агульных рысах, але зусім не дбае пра дэталі. Ён загадаў перанесці краму, ён зрабіў яе цэнтрам гандлю расійскімі тканінамі і замежнаю галантарэяй, ён арганізаваў усё кіраванне. Але пасля гэтага не ўмешваецца ў справы крамы, а робіць візіты вялікім панам або ездзіць на сваёй калясцы ў Лазенкі[114], або недзе знікае без следу, а ў краме паказваецца на нейкіх пару гадзін у дзень. Пры гэтым ён няўважлівы, знерваваны, нібыта чакае чаго або непакоіцца.
Але якое гэта залатое сэрца!
З сорамам прызнаюся, што мне крыху непрыемна было перабірацца ў новае памяшканне. З крамаю не бяда, бо мне нават больш падабаецца служыць у вялікім магазіне на ўзор парыжскіх, чым у такой крамцы, якою была наша папярэдняя. Шкада мне, аднак, было майго пакойчыка, у якім пражыў я дваццаць пяць гадоў. Кантракт меў я да ліпеня, дык да паловы мая сядзеў я ў сваім пакойчыку ды глядзеў на сцены, на краты, якія нагадвалі мне наймілейшыя хвіліны ў Замосці, на старыя рэчы.
“Як гэта ўсё зрушыць з месца, як мне з усім гэтым перабрацца, Божа мілы!..” – думаў я.
Аж аднаго дня, дзесьці ў сярэдзіне мая мая (з’яўлялася тады ўсё больш навінаў пра мір), Стась перад самым закрыццём крамы прыходзіць да мяне і кажа:
– Што ж, стары, самы час перабрацца ў новае памяшканне[115].
Я адчуў, нібы ў мяне кроў застыла ў жылах. А ён правіць сваё:
– Пайшлі, пакажу табе новую кватэру, якую я зняў для цябе ў гэтым жа доме.
– Як гэта зняў? – пытаюся я. – Мне ж трэба яшчэ дамовіцца пра кошт з гаспадаром.
– Ужо заплачана! – адказвае ён.
Узяў мяне пад руку і вядзе праз тыльныя дзверы крамы ў сенцы.
– Але ж, – кажу я, – тут памяшканне занятае…
Замест адказу ён адчыніў дзверы з другога боку сенцаў… Уваходжу… Слова гонару – салон!.. Мэбля абцягнутая аксамітам, на сталах альбомы, на акне маёлікі… Пры сцяне бібліятэка…
– Маеш тут, – кажа Стась, паказваючы кніжкі ў прыгожых вокладках, – тры гісторыі Напалеона І, жыццё Гарыбальдзі і Кошыца, гісторыю Венгрыі…
Кніжкі мне вельмі спадабаліся, але гэты салон, мушу прызнацца, зрабіў на мяне прыкрае ўражанне. Стась заўважыў гэта і, усміхнуўшыся, адчыніў раптам іншыя дзверы.
Божа міласэрны! Але ж той другі пакой – гэта ж мой пакой, у якім пражыў я дваццаць пяць гадоў. Закратаваныя вокны, зялёная фіранка, мой чорны стол… А каля сцяны насупраць – мой жалезны ложак, дубальтоўка і футарал з гітараю…
– Што гэта, – пытаюся я, – дык мяне ўжо перасялілі?..
– Так, – адказвае Стась, – перанеслі ўсё да апошняга цвічка, нават падсцілку для Іра.
Можа, некаму гэта падаецца і смешным, але мне слёзы навярнуліся на вочы… Бачыў я ягоны суровы твар, смутныя вочы і не да канца ўяўляў сабе, які гэты чалавек здагадлівы і які далікатны. Бо каб жа я калі хоць заікнуўся пра гэта… Ён сам здагадаўся, што будзе мне тужліва без маёй сядзібы, і сам паклапаціўся, каб перанеслі ўсе мае транты.
Шчаслівая была б тая кабета, з якой бы ён ажаніўся (я нават маю яму партыю…), але ён хіба не жэніцца. Нейкія дзікія думкі блукаюць у ягонай галаве, але не пра жаніцьбу, на жаль!.. Колькі ўжо шаноўных асобаў прыходзіла ў нашу краму нібыта купіць нешта, але, насамрэч, у сваты да Стася – і ўсё марна.
Гэткая пані Шперлінгова, мае яна каля ста тысяч рублёў гатоўкаю і бровар. Чаго яна толькі не накупляла ў нас, і ўсё, каб спытаць мяне:
– Што ж, не жэніцца пан Вакульскі?
– Не, пані дабрадзейка…
– Шкада! – кажа пані Шперлінгова ўздыхаючы. – Ладная крама, вялікі маёнтак, але ўсё змарнуецца… без гаспадыні. А каб пан Вакульскі абраў сабе якую-небудзь паважную і заможную кабету, гэта паспрыяла б нават ягонаму крэдыту.
– Залатыя словы, пані дабрадзейка… – адказваю я.
– Adieu! Пане Жэцкі, – кажа яна (пакідаючы ў касе дваццаць, а то і пяцьдзясят рублёў). – Але каб жа пан не прыгадаў выпадкам у размове з панам Вакульскім, што я казала пра жаніцьбу. Бо яшчэ падумае, што старая баба палюе на яго… Adieu, пане Жэцкі…
“Акурат! Якраз і не забудуся расказаць яму пра гэта…”
А сам думаю, што на месцы Вакульскага я б не марудзячы ажаніўся з гэтаю заможнаю ўдавіцаю. Якія формы, Herr Jesäs!..
Альбо такі Шметэрлінг, рымар. Кожны раз, калі з ім разлічваемся, ён кажа:
– Чаму б гэта, пане, пану Вакульскаму, гэта, не ажаніцца?.. Дзяцюк, пане, гарачы, карак, як у быка… Няхай, гэта, пярун, пане, заб’е мяне, я і сам, гэта, аддаў бы за яго дачку, а ў пасаг даў бы ім, пане, на тысяч дзесяць рублёў, гэта, тавару ў год… Ну?
Або такі радца Уроньскі. Небагаты, ціхмяны, але купляе ў нас хоць пару пальчатак кожны тыдзень і кожны раз кажа:
– І як тут Польшчы не гінуць, мой ты Божа, калі такія, як Вакульскі, не жэняцца. Бо гэта ж нават, мой ты Божа! не патрабуе чалавек пасагу, дык мог бы знайсці паненку, якая, мой ты Божа! і на фартэп’яне, і дом дагледзіць, і мовы ведае…
Такія сваты дзясяткамі круцяцца ў нашай краме. Некаторыя маткі, цёткі або бацькі проста прыводзяць да нас паннаў на выданні. Матка, цётка або бацька купляе нешта за рубель, а панна тым часам расхаджвае па краме: то прысядзе, то рукі ў бокі возьмецца, каб звярнуць увагу на сваю фігуру, то выставіць правую ножку, то левую ножку, потым ручкі… Усё для таго, каб злавіць Стася, а яго або няма ў краме, або, калі ёсць, дык нават не глядзіць на тавар, нібы хоча сказаць: “Ацэнкаю займаецца пан Жэцкі…”
За выключэннем бацькоў дарослых дачок, а таксама ўдоваў і паненак на выданні -- больш адважных, падобна, за венгерскую пяхоту -- бедны мой Стах не цешыцца прыхільнасцю іншых. Нічога дзіўнага, настроіў ён супраць сябе ўсіх баваўняных і ядвабных фабрыкантаў, а таксама купцоў, што гандлююць іх таварам.
Аднаго разу ў нядзеляю (рэдка са мною гэта здараецца), зайшоў я ў карчму паснедаць. Кілішак анісаўкі і кавалак селядца ў буфеце, а на стол – порцыя флякаў і куфаль портэру – сапраўдны баль! Заплаціў я амаль рубель, а што ўжо наглытаўся дыму, а што ўжо наслухаўся!.. На гады таго хопіць.
У задушлівым і цёмным, як вяндлярня, пакоі, дзе мне падалі флякі, сядзела пры адным стале шасцёра ягамосцяў. Былі гэта людзі гладкія і добра апранутыя, напэўна, мясцовыя купцы, а, можа, і фабрыканты. Кожны, мяркуючы па выглядзе, меў гэтак ад трох да пяці тысяч рублёў гадавога прыбытку.
Я гэтых паноў не ведаў. Пэўна, і яны мяне таксама, дык падазраваць іх у наўмысным пляткарстве я не магу. Але вось жа! Які збег акалічнасцяў, хто б падумаў! Яшчэ да майго прыходу яны пачалі размаўляць пра Вакульскага. Хто гаварыў, я не бачыў, бо было дымна, зрэшты, я баяўся вочы падняць ад талеркі.
– Кар’еру зрабіў! – казаў нехта басам. – У маладосці прыслужваў такім, як мы, а пад старасць захацеў выслужыцца перад вялікімі панамі.
– Гэтыя цяперашнія паны, – уставіў ягамосць з дыхавіцаю, – гэтулькі ж вартыя, колькі і ён сам. Гэта каб даўней у графскім доме прымалі купчыка, які праз жаніцьбу займеў маёнтак… Смех дый годзе!..
– Жаніцьба – дробязь, – адказаў басавіты голас і крыху папярхнуўся. – Жаніцьба з багатай не ганьбіць. Але гэтыя мільёны, заробленыя на дастаўках падчас вайны, здалёк смярдзяць крыміналам.
– Падобна, што ён не краў, – напаўголаса азваўся нехта трэці.
– У такім выпадку няма мільёнаў, – буркнуў бас. – А ў такім выпадку навошта нос задзіраць!.. Чаго ён пнецца ў арыстакратыю?
– Кажуць, – заўважыў іншы голас, – ён хоча закласці суполку з адных толькі шляхціцаў…
– Ага!.. І паабскубаць іх, а потым даць драпака, – уставіў той, што з дыхавіцаю.
– Не, – казаў бас, – яму ад тых даставак і гаспадарчым мылам не адмыцца. Галантарэйны купец робіць дастаўкі! Варшавяк едзе ў Балгарыю!..
– Пана брат, інжынер, ездзіў на заробкі яшчэ далей, – азваўся ціхі голас.
– Дзіва што! – выбухнуў бас. – Можа, ён і паркалікі вазіў сюды з Масквы? Тут іншае, ён нашу прамысловасць нішчыць!..
– Эге-ге! – зарагатаў нехта, хто дагэтуль маўчаў. – А гэта ўжо купца не тычыцца. Справа купца прывозіць танны тавар з прыбыткам сабе. Хіба не?.. Анягож!..
– Так ці гэтак, але і тры грошы не даў бы я за яго патрыятызм, – адказаў бас.
– Падобна, аднак, – заўважыў ціхі голас, – гэты Вакульскі давёў свой патрыятызм не толькі языком…
– Тым горш, – перапыніў яго бас. – Давёў, калі быў голы, і астыў, калі адчуў рубель у кішэні.
– О! Ці мы заўсёды мусім падазраваць кожнага, што ён альбо здраднік, альбо злодзей! Нядобра!.. – абураўся ціхі голас.
– Чаго гэта пан аж так яго бароніць?.. – спытаў бас і пасунуўся разам з крэслам.
– Бараню, бо я крыху чуў пра яго, – адказаў ціхі голас. –Фурманам у мяне нехта Высоцкі, дык паміраў ён з голаду, пакуль Вакульскі не паставіў яго на ногі…
– За грошы з балгарскіх даставак!.. Дабрачынца!..
– Іншыя, пане, забагацелі на нацыянальных фондах[116] і – нічога. Эге!..
– У кожным разе цёмны гэта чалавек, – зрабіў выснову ягамосць, цяжка дыхаючы. – Кідаецца і направа, і налева, крамаю не займаецца, паркаль завозіць, шляхту нібы хоча абдурыць…
Тут кельнер прынёс ім новыя бутэлькі, а я паціху вышмыгнуў за дзверы. Я не ўмяшаўся ў гэтую гаману, бо, ведаючы Стаха з дзяцінства, мог сказаць ім толькі два словы: “Нягоднікі вы…”
І пра ўсё гэта яны мелюць языкамі ў той час, калі мяне дрыжыкі праймаюць ад страху за ягоную будучыню, калі, устаючы з ложка і кладучыся спаць, пытаю я сам сябе: “Што ён робіць? Навошта ён гэта робіць? І што з гэтага атрымаецца?..” І ўсё гэта яны сёння плявузгаюць пра яго пры мне, які ўчора сам бачыў, як чыгуначнік Высоцкі ўпаў яму ў ногі, дзякуючы за перавод у Скернявіцы і за дапамогу…
Просты чалавек, а якая сумленнасць! Ён прывёз з сабою дзесяцігадовага сына і, паказваючы на Вакульскага, казаў:
– Паглядзі, Пётрак, на пана, бо гэта наш сапраўдны дабрадзей… Калі б ён пажадаў, каб ты сабе руку адсек дзеля яго, адсячы! І гэтага мала, каб яму аддзячыць.
Альбо тая дзяўчына, што пісала яму ад магдаленак: “Прыгадала я адну малітву з дзяцінства, каб маліцца за пана…”
Вось людзі простыя, вось распусныя дзяўчыны, ці ж іх пачуцці не больш высакародныя, чым нашыя – паноў у сурдутах, якія па ўсім горадзе выхваляюцца сваёй прыстойнасцю, і ў якую, зрэшты, аніводзін з нас не верыць. Мае Стась рацыю, што заняўся лёсам гэтых гаротнікаў, хоць… мог бы займацца імі трохі спакайней…
Ах, трывожаць мяне ягоныя новыя знаёмствы…
Памятаю, напачатку мая ўваходзіць у краму нейкі вельмі сумнеўны ягамосць (рудыя бакенбарды, непрыемны позірк), кладзе на прылавак сваю візітную картку і кажа на ламанай мове:
– Прашу паведаміць пан Вакульскі, я буду сёння сёмая…
І ўсё. Паглядзеў я на візітоўку, чытаю: “Вільям Колінс, настаўнік англійскае мовы”. Што за фарс?.. Вакульскі ж, хіба, не будзе вучаць англійскую мову?..
Усё, аднак, стала мне зразумела, калі на другі дзень прыйшлі тэлеграмы пра… замах Гёдля…
Альбо іншае знаёмства, нейкая пані Мэлітан, якая робіць нам гонар сваімі візітамі пасля вяртання Стася з Балгарыі. Сухарэбрая, малая ростам, языком меле, як млын, але адчуваецца, што кажа баба не больш, чым хоча сказаць. Заскочыла яна аднойчы ў канцы мая:
– Ці ёсць пан Вакульскі? Пэўна, няма, так я і думала… Дык я размаўляю з панам Жэцкім? Адразу здагадалася… Які прыгожы нэсэсэр!.. Аліўкавае дрэва, я ў гэтым добра абазнаная. Няхай пан скажа пану Вакульскаму, каб ён прыслаў мне гэта, адрас мой ён ведае, і – каб заўтра а першай гадзіне быў у Лазенках…
– У якіх, перапрашаю? – запытаўся я, абураны яе нахабствам.
– Пан блазнуе… У каралеўскіх! – адказвае мне гэтая дама.
Ну і што?.. Вакульскі паслаў ёй нэсэсэр, а сам паехаў у Лазенкі. А калі вярнуўся адтуль, дык сказаў мне, што… у Берліне збярэцца кангрэс для заканчэння ўсходняе вайны. І маем кангрэс!..
Гэтая самая еймосць заскочыла да нас другі раз, здаецца мне, першага чэрвеня.
– Ах! – крычыць, – які прыгожы вазон!.. Несумненна, французская маёліка, я ў гэтым добра абазнаная… Скажы, пан, пану Вакульскаму, каб ён прыслаў мне яго і… (далей яна пачала шаптаць) скажы яму яшчэ, пан, што паслязаўтра каля першае…
Калі яна выйшла, я сказаў Лісецкаму:
– Іду ў заклад з панам, што паслязаўтра пачуем мы важную палітычную навіну.
– Нібы трэцяга чэрвеня?.. – адказаў той і зарагатаў.
Прашу, аднак, уявіць сабе нашы твары, калі прыйшла тэлеграма, у якой паведамлялася… пра замах Нобілінга[117] ў Берліне!.. Я думаў – утрупянею. Лісецкі з таго часу перастаў з мяне бессаромна кпіць і, горш за тое, ён цяпер выпытвае ў мяне палітычныя навіны…
Анягож! Страшным няшчасцем ёсць слава. Бо з таго часу, як Лісецкі пачаў звяртацца да мяне як да “паінфармаванага”, я страціў сон і рэшту апетыту… А што ж тады мусіць дзеяцца з маім бедным Стасем, які падтрымлівае пастаянныя стасункі з гэтым панам Колінсам і з гэтаю пані Мэлітан…
Божа міласэрны, барані нас!..
Калі ўжо я гэтак разбалбатаўся (далібог, ператвараюся ў пляткара), дык мушу дадаць, што ў нашай краме пануе нейкае нездаровае браджэнне. Апроч мяне маем мы яшчэ семярых крамнікаў (ці марыў пра нешта падобнае стары Мінцаль!), але не маем адзінства. Клейн і Лісецкі, як больш даўнія, трымаюцца адасоблена, а да рэшты калегаў ставяцца, не скажу пагардліва, але крыху фанабэрыста. Трое ж новых крамнікаў: галантарэйны, металічны і гумовы – таксама трымаюцца сваім хаўрусам, надзьмутыя і пахмурныя. Праўда, пачцівы Зэмба, жадаючы іх зблізіць, бегае ад старых да новых і ўвесь час іх угаворвае, але ў небаракі такая нешчаслівая рука, што пасля кожнае спробы пагадзіць іх між сабою антаганісты зіркаюць адзін на аднаго яшчэ больш коса.
Можа, каб наш магазін (а гэта дакладна магазін, ды яшчэ першакласны магазін!), дык вось, каб ён развіваўся паступова, каб мы кожны год бралі па адным крамніку, дык старыя прымалі б у сваё кола новага, і была б гармонія. Але як адразу прыбыло пяцёра новых, як адзін у аднаго блытаецца пад нагамі (бо за такі кароткі час немагчыма ані тавар раскласці належным чынам, ані акрэсліць кожнаму сферу яго абавязкаў), натуральна, здараюцца звады. Ну, але навошта мне крытыкаваць дзеянні гаспадара ды яшчэ такога чалавека, які мае больш розуму, чым усе мы разам…
У адным толькі салідарныя старыя ды новыя панове і нават дапамагае ім Зэмба, а менавіта ў тым, каб дапякаць сёмаму нашаму крамніку – Шлянгбаўму. Гэты Шлянгбаўм (я даўно яго ведаю) майсеевай веры, але чалавек прыстойны. Малы, чорны, згорблены, зарослы шчаціннем, словам, ні гроша не варты, калі сядзіць за прылаўкам. А ледзь пакажацца пакупнік (Шлянгбаўм працуе ў аддзеле рускіх тканін), Chrysteelejson!..[118] Круціцца ён як круцёлка – толькі што быў на верхняй паліцы справа, а ўжо пры ніжняй пасярэдзіне і праз момант зноў недзе пад столлю злева. Як пачне кідаць рулоны, здаецца, гэта не чалавек, а паравая машына, як пачне раскручваць іх ды мераць, мне думаецца, што шэльма мае тры пары рук. Пры гэтым рахункавод ён ад Бога, а як пачне расхвальваць тавар, падказваць розныя ідэі, дагаджаць густу, усё гэта нязменна паважным тонам, дык, слова гонару, Мрачэўскі – у кут!.. Шкада толькі, што ён такі малы і брыдкі, мусім якога-небудзь прыгожага дурня даць яму ў дапамогу дзеля дам. Хоць каля прыгожага крамніка дамы і затрымліваюцца даўжэй, але менш тады капрызяць і не так гандлююцца.
(Да слова кажучы, няхай нас Бог мілуе ад дамскае кліентуры. Я, можа, таму і не наважваюся ажаніцца, што няспынна назіраю за дамамі ў краме. Пан Бог, ствараючы цуд прыроды, які завецца кабетаю, пэўна, не падумаў, якую прыкрасць ён робіць купцам.)
Дык вось, Шлянгбаўм, сапраўды, добры абывацель, а, нягледзячы на гэта, яго не любяць, бо ён мае няшчасце быць старазаконным…
Наогул, можа, з год ужо я заўважаю, што да старазаконных расце непрыязь[119], нават тыя, хто некалькі гадоў таму называлі іх палякамі майсеевай веры, цяпер называюць іх жыдамі. А тыя, хто нядаўна захапляўся іх працавітасцю, упартасцю і здольнасцямі, цяпер бачаць толькі эксплуатацыю ды круцельства.
Слухаючы гэта, я часам думаю, што на чалавецтва апускаецца нейкі духоўны змрок, падобны да ночы. Удзень усё было прыгожае, вясёлае і добрае, уночы ўсё бруднае і небяспечнае. Так я сабе думаю, але маўчу, бо што значыць меркаванне старога крамніка супраць голасу знакамітых публіцыстаў, якія даводзяць, што жыды хрысціянскую кроў ужываюць на мацу[120], і што яны павінны быць абмежаваныя ў правах. Нам кулі над галавою іншыя высвіствалі лозунгі, памятаеш, Кац?..
Гэткі стан рэчаў асаблівым чынам уплывае на Шлянгбаўма. Яшчэ летась гэты чалавек зваўся Шлянгоўскім, святкаваў Вялікдзень і Божае нараджэнне, і, пэўна, самы шчыры католік не з’еў столькі каўбасы, колькі ён. Памятаю, аднойчы ў цукерні ў яго запыталіся:
– Не любіш марозіва, пане Шлянгоўскі?
Ён адказаў:
– Я люблю толькі каўбасу, але без часныку. Часныку не выношу на дух.
Вярнуўся ён з Сібіры разам са Стасем і доктарам Шуманам ды адразу пайшоў працаваць у хрысціянскую краму, хоць жыды прапаноўвалі яму лепшыя варункі. З тае пары ён увесь час працаваў у хрысціян і толькі сёлета пазбавілі яго пасады.
Напачатку мая ён упершыню прыйшоў да Стася з просьбаю. Быў яшчэ больш скурчаны, і вочы ў яго былі яшчэ чырванейшыя, чым звычайна.
– Стаху, – сказаў ён пакорлівым голасам, – прападу я на Налеўках, калі ты мяне не прыгорнеш.
– Чаму ж ты адразу да мяне не прыйшоў? – запытаўся Стась.
– Не насмельваўся… Баяўся, каб не казалі пра мяне, што жыд кругом улезе. І сёння б не прыйшоў, каб не клопат пра дзяцей.
Стах паціснуў плячыма і адразу прыняў Шлянгбаўма з заробкам паўтары тысячы рублёў у год.
Новы крамнік адразу прыступіў да працы, а праз паўгадзіны Лісецкі прамармытаў, звяртаючыся да Клейна:
– Адкуль гэта, да д’ябла, так часныком нясе, пане Клейн?..
А праз чвэрць гадзіны, зусім ужо не ведаю чаму, ён раптам дадаў:
– Як гэтыя шэльмы жыды ціснуцца на Кракаўскае прадмесце! Не могуць пархатыя пільнавацца адзін аднаго на Налеўках або на Свентакшыскай?[121]
Шлянгбаўм маўчаў, толькі дрыжалі ў яго чырвоныя павекі.
На шчасце, абедзве гэтыя зачэпкі чуў Вакульскі. Ён падняўся ад стала і сказаў тонам, які я, праўду кажучы, не люблю:
– Пане… пане Лісецкі! Пан Генрык Шлянгбаўм быў маім сябрам тады, калі было мне вельмі цяжка. Дык пан мае нешта супраць, каб ён заставаўся маім сябрам цяпер, калі мае справы палепшалі?..
Лісецкі зніякавеў, адчуваючы, што ягоная пасада ліпіць на валаску. Ён пакланіўся, нешта прамармытаў, і тады Вакульскі падышоў да Шлянгбаўма і, абняўшы яго, сказаў:
– Каханы Генрык, не бяры да галавы дробныя зачэпкі, бо мы тут па-сяброўску часам кпім адзін з аднаго. Запэўніваю цябе таксама, што калі табе і давядзецца пакінуць гэтую краму, дык, хіба, разам са мною.
Становішча Шлянгбаўма адразу было выразна акрэсленае, і цяпер хутчэй мне нешта скажуць (уга! нават абразяць), чым яму. Але ці вынайшаў хто спосаб, каб перажыць намёкі і крывыя позіркі?.. А гэта ўсё труціць жыццё бедачыне, які не раз казаў мне ўздыхаючы:
– Ах, каб не баяўся я, што дзеці зжыдзеюць, хвіліны не чакаючы ўцёк бы адсюль на Налеўкі…
– Чаму ж, пане Генрык, – спытаў я, – не возьмеш, да ліха, ды не ахрысцішся?..
– Я б зрабіў гэта даўней, але не цяпер. Цяпер я зразумеў, што як жыд я ненавісны толькі хрысціянам, а як мэхэс быў бы агідны і хрысціянам, і жыдам. Трэба ж з некім жыць. Зрэшты, – дадаў ён цішэй, – у мяне пяцёра дзяцей і багаты бацька, пасля якога застанецца спадчына…
Цікава. Бацька Шлянгбаўма ліхвяр, а сын, каб не браць у яго ні гроша, гаруе крамнікам.
Не раз сам-насам размаўляў я пра яго з Лісецкім.
– За што, – пытаюся я, – нападаеце вы на яго? Ён жа гаспадарыць па-хрысціянску, нават упрыгожвае елачку дзецям…
– Бо ён лічыць, – кажа Лісецкі, – што больш карысна есці мацу з каўбасою, чым нішчымную.
– Ён быў у Сібіры, рызыкаваў…
– Дзеля гешэфту… Дзеля гешэфту зваўся таксама Шлянгоўскім, а цяпер ізноў Шлянгбаўмам, бо ў ягонага старога астма.
– Вы кпілі з яго, – кажу я, – што ён прыбіраецца ў чужое пер’е, дык ён і вярнуўся да старога прозвішча.
– За якое атрымае тысяч сто рублёў па бацьку, – адказаў Лісецкі.
Цяпер і я паціснуў плячыма ды змоўк. Кепска называцца Шлянгбаўмам, кепска – Шлянгоўскім, кепска быць жыдам, кепска – мэхэсам… Ноч апускаецца, ноч, падчас якое ўсё робіцца шэрым ды падазроным!
А між тым Стась мае з-за гэтага непрыемнасці. Бо ён не толькі прыняў у краму Шлянгбаўма, але яшчэ дае тавар жыдоўскім купцам і пару жыдкоў пусціў у суполку. Нашы крычаць і пагражаюць, але яго не напалохаеш, зацяўся і не саступае, хоць агнём яго прыпалі.
Чым усё гэта скончыцца, Божа мілы…
Але, але!.. Увесь час адступаючы ад тэмы, я забыўся на некалькі вельмі важных рэчаў. Маю на ўвазе Мрачэўскага, які з пэўнага часу альбо псуе ўсе мае планы, альбо свядома ўводзіць у зман.
Дзяцюк гэты быў звольнены за тое, што ў прысутнасці Вакульскага зганьбіў крыху сацыялістаў. Пазней, аднак жа, Стась, паддаўся на ўгаворы і адразу пасля Вялікадня выслаў Мрачэўскага ў Маскву, нават павялічыў яму заробак.
Не адзін вечар думаў я пра значэнне гэтага падарожжа ці высылкі.
Але калі праз тры тыдні Мрачэўскі прыехаў адтуль да нас выбіраць тавар, я адразу зразумеў план Стаха.
У фізічным плане гэты маладзён не надта змяніўся: як і раней, гаманкі і прыгожы, хіба крышачку схуднеў. Кажа, што Масква яму спадабалася, а перадусім кабеты, якія там больш дасведчаныя і гарачыя, але маюць затое менш забабонаў, чым нашы. Я таксама ў маладосці думаў, што ў кабетаў менш забабонаў, чым цяпер.
Усё гэта толькі ўступ. Бо Мрачэўскі прывёз з сабою трох вельмі падазроных індывідаў, называючы іх “прыказчыкамі”, і цэлы пачак нейкіх брашур. Гэтыя “прыказчыкі” меліся нібыта нешта аглядаць у нашай краме, але рабілі гэта такім чынам, што ніхто іх у нас не бачыў. Цягаліся недзе цэлымі днямі, і я прысягнуў бы, што рыхтавалі ў нас глебу для нейкае рэвалюцыі. Заўважыўшы, аднак, што я цікаўлюся імі, яны некалькі раз зазірнулі ў краму, заўсёды ўдаючы п’яных, і са мною размаўлялі выключна пра кабет, сцвярджаючы, насуперак Мрачэўскаму, што полькі – гэта “сама прелест”, толькі вельмі падобныя да жыдовак.
Я ўдаваў, што веру ўсяму, што яны кажуць, але спрытна іх распытаў і пераканаўся, што найлепш вядомыя ім ваколіцы знаходзяцца паблізу Цытадэлі[122]. Дык там яны маюць справы! А пра тое, што мае домыслы не былі беспадстаўнымі, сведчыць факт, што гэтыя “прыказчыкі” нават звярнулі на сябе ўвагу паліцыі. За дзесяць дзён, ні больш, ні менш, а тры разы забіралі іх у цыркулы[123]. Відавочна, аднак, што яны мусяць мець добрыя сувязі, бо іх выпускалі.
Калі я выклаў Вакульскаму свае падазрэнні адносна “прыказчыкаў”, Стах толькі ўсміхнуўся і адказаў:
– Гэта яшчэ нічога…
З чаго я раблю выснову, што Стах мусіць быць моцна заангажаваным у стасункі з нігілістамі.
Але прашу сабе ўявіць маё здзіўленне, калі, запрасіўшы аднойчы Клейна і Мрачэўскага да сябе на гарбату, я пераканаўся, што Мрачэўскі яшчэ горшы сацыяліст за Клейна… Той Мрачэўскі, які за тое, што зганьбіў сацыялістаў, страціў у нас пасаду... Ад здзіўлення я цэлы вечар не мог і слова сказаць, толькі Клейн употайкі цешыўся, а Мрачэўскага было не суняць.
Колькі жыву, нічога падобнага я не чуў. Маладзён гэты даводзіў мне, спасылаючыся на прозвішчы людзей, відаць, вельмі мудрых, што ўсе капіталісты – гэта злодзеі, што зямля павінна належаць тым, хто на ёй працуе, што фабрыкі, шахты і машыны павінны быць уласнасцю грамады, што зусім няма ані Бога, ані душы, якую прыдумалі ксяндзы, каб выдурваць у людзей дзесяціну. Далей ён казаў, што як зробяць рэвалюцыю (ён з трыма “прыказчыкамі”), дык з таго часу будзем мы ўсе працаваць толькі па восем гадзін, а рэшту часу будзем бавіцца, і ўсё роўна кожны будзе мець пенсію на старасць і пахаванне задарам. Нарэшце скончыў ён тым, што толькі тады настане рай на зямлі, калі ўсё будзе агульнае: зямля, будынкі, машыны і нават жонкі.
З прычыны свайго кавалерства (называюць мяне нават старым кавалерам) і таму, што ў гэтым дзённіку я не крыўлю душою, мушу прызнацца, што мне гэтае абагульненне жонак нават спадабалася. Больш нават скажу, у мяне з’явілася нейкая спагада да сацыялізму і сацыялістаў. Навошта, аднак, яны абавязкова хочуць рабіць рэвалюцыю, калі і без яе, бывала, людзі мелі агульных жонак?
Так я разважаў, але той самы Мрачэўскі вылечыў мяне ад сваіх тэорый, а разам перакрэсліў і мае планы.
Да слова, я ад усяго сэрца жадаю, каб Стах ажаніўся. Каб ён меў жонку, дык не мог бы так часта радзіцца з Колінсам ды пані Мэлітан, а каб яшчэ з’явіліся дзеці, дык, можа, ён тады не падтрымліваў бы гэтыя падазроныя стасункі. Бо куды гэта варта, каб такі чалавек, як ён, такі жаўнерскі характар, ды меў нешта агульнае з людзьмі, якія, як бы там не было, але не выйдуць на поле бою са зброяй у руках. Венгерская пяхота і, зрэшты, ніякая пяхота не будзе страляць у раззброенага праціўніка. Але часы мяняюцца.
Дык вось, я ўсёй душою прагну, каб Стах ажаніўся, і нават, здаецца, прыгледзеў яму партыю. Заходзіць часам у наш магазін (заходзіла таксама і ў тую нашу краму) асоба чароўнае прыгажосці. Шатэнка, вочы шэрыя, рысы твару прывабныя, рост даволі высокі, а ручкі і ножкі – смаката!.. Я раз глядзеў, як яна вылазіла з каляскі, і скажу, што мне аж горача зрабілася ад таго, што я ўбачыў… Ах, як бы пачціваму Стасіку яна прыдалася, бо і цела сама тое, і вусны, як ягадкі… А які бюст!.. Калі яна ўваходзіць, дык мне здаецца, што ўвайшоў анёл, які зляцеў з неба і склаў на спіне крылцы!..
Мне здаецца, яна ўдава, бо я ніколі не бачыў яе з мужам, а толькі з малою дачушкаю Гэленкаю, міленькай, як цукерачка. Стах, каб з ёю ажаніўся, адразу парваў бы з нігілістамі, бо час, які заставаўся б яму ад слугавання жонцы, прысвячаў бы на тое, каб песціць яе дзіця. Але такая жоначка няшмат бы пакінула яму вольных хвілін.
Я ўжо склаў цэлы план і разважаў, як гэта пазнаёміцца з тою дамаю, а пазней прадставіць ёй Стаха, як тут нечакана д’яблы прынеслі з Масквы Мрачэўскага. Уявіце сабе мой гнеў, калі ўжо на другі дзень пасля прыезду гэты франт уваходзіць да нас у краму з маёю ўдавой!.. А як ён скакаў перад ёю, як заводзіў пад неба вочы, як стараўся дагадзіць… Шчасце, што я не тоўсты, бо гэтыя нахабныя залёты давялі б мяне да апаплексічнага ўдару.
Калі ён праз некалькі гадзін вярнуўся да нас, я спытаў у яго з абыякаваю мінай, хто такая гэтая дама.
– А што, – кажа ён, бессаромна падміргваючы, – спадабалася пану?.. Шампанскае, а не кабета. Але дарэмна пан разахвоціўся, бо яна за мною шалее… Ах, пане, што за тэмперамент, што за цела… А каб пан пабачыў, як яна выглядае ў начной кофтачцы!..
– Спадзяюся, пан Мрачэўскі… – спыніў я яго сурова.
– Я ж нічога не кажу! – адказвае ён і пацірае рукі, як мне падалося, юрліва. – Я нічога не кажу!.. Найбольшая цнота мужчыны, пане Жэцкі, гэта далікатнасць, пане Жэцкі, асабліва што тычыцца таемных сувязяў…
Я спыніў яго, бо адчуваў, што калі ён яшчэ хоць слова скажа, дык мне давядзецца прагнаць гэтага маладзёна. Што за час, што за людзі!.. Бо каб я меў шчасце звярнуць на сябе ўвагу якой-небудзь дамы, дык баяўся б нават сваіх думак пра гэта, а не тое, каб крычаць на ўвесь голас ды яшчэ ў такім вялікім, як наш, магазіне.
А калі ж у дадатак выклаў мне Мрачэўскі сваю тэорыю пра абагульненне жонак, дык адразу цюкнула мне ў галаву:
“Стах нігіліст і Мрачэўскі нігіліст… Няхай толькі першы ажэніцца, дык другі зараз жа зоймецца абагульненнем… Але ж шкада такое кабеты для гэткага Мрачэўскага”.
У канцы мая Вакульскі пастанавіў асвяціць наш магазін. Пры нагодзе я заўважыў, як змяніўся час… У маёй маладосці купцы таксама асвячалі крамы, клапоцячыся пра тое, каб запрасіць на цырымонію пачцівага і пабожнага ксяндза, каб пад рукою была аўтэнтычная святая вада, новае крапідла і арганіст, добра абазнаны ў лаціне. А пасля сканчэння абраду, падчас якога пакропленая і замоленая была амаль кожная шафа і кожная штука тавару, над парогам крамы прыбівалі падкову, каб яна прываблівала пакупнікоў, і ўжо тады толькі ўспаміналі пра пачастунак, які звычайна складаўся з кілішка гарэлкі, каўбасы ды піва.
А цяпер (як бы паглядзела на гэта пакаленне старога Мінцля!) галоўнае пытанне: колькі трэба кухараў і лёкаяў, а потым – колькі бутэлек шампанскага, колькі венгерскага і які абед? Бо абед цяпер самае важнае ў гэтай урачыстасці, і запрошаныя гэтым найбольш цікавяцца: не хто будзе свяціць, а што пададуць на стол…
Напярэдадні цырымоніі зайшоў у нашу краму нейкі ягамосць – прысадзісты, потны, пра якога я не мог бы сказаць, ці каўнерык брудзіць яму шыю, ці – наадварот. З кішэні выцертага сурдуту выцягнуў ён тоўсты нататнік, пасадзіў на нос заплямленае пенснэ і пачаў расхаджваць па залах з такім выглядам, што я ўстрывожыўся.
“Што за д’ябал, – думаю я сабе, – ці гэта з паліцыі, ці, можа, нейкі сакратар каморніка перапісвае нашу маёмасць?..”
Два разы я заступаў яму дарогу, бо хацеў самым ветлівым чынам запытацца: чаго ён жадае? Але першы раз ён прамармытаў: “Прашу не перашкаджаць!”, а другі раз бесцырымонна адсунуў мяне ўбок.
Непакой мой павялічыўся, калі я заўважыў, што некаторыя з нашых паноў кланяліся яму надта ветліва, нібы дырэктару банка, ды ахвотна яму ўсё тлумачылі.
“Ну, – кажу я сабе, – гэты небарака, хіба, не з таварыства страхавога. Такіх абадранцаў там не трымаюць…”
Нарэшце Лісецкі шапнуў мне, што гэты пан надта знакаміты рэпарцёр, і што ён будзе пісаць пра нас у газетах. Палагаднела мне на сэрцы ад думкі, што магу ўбачыць у друку сваё прозвішча, якое толькі раз фігуравала ў “Паліцэйскай газеце”, калі я згубіў сваю кніжачку[124]. Адразу я заўважыў, што ўсё ў гэтага чалавека было вялікае: вялікая галава, вялікі нататнік і нават вельмі вялікая латка на левым чаравіку.
А ён усё хадзіў з залы ў залу, надзьмуты як індык, і ўсё пісаў ды пісаў… Нарэшце ён азваўся:
– Ці не было нядаўна ў паноў якога-небудзь выпадку?.. Невялікага пажару, крадзяжу, ашуканства, скандалу?..
– Барані Божа! – насмеліўся я перапыніць яго.
– Шкада, – адказаў ён. – Найлепшаю рэкламаю краме было б, каб у ёй нехта павесіўся…
Абамлеў я, калі пачуў гэткае пажаданне.
– Можа, пан дабрадзей пажадаў бы выбраць сабе нейкі прадмецік, які мы дашлем без прэтэнзіі… – наважыўся я прапанаваць з паклонам.
– Хабар?.. – запытаўся ён, пазіраючы на мяне, як статуя Каперніка. – Маем звычку, – дадаў ён, – купляць тое, што нам падабаецца, прэзентаў ні ад каго не прымаем.
Ён сярод магазіна надзеў на галаву свой заплямлены капялюш і з рукамі ў кішэнях, як міністр, выйшаў. Нават на другім баку вуліцы бачыў я ягоную латку.
Вяртаюся да цырымоніі асвячэння. Галоўная ўрачыстасць – абед – адбылася ў вялікай зале гатэля Еўрапейскага. Залу ўпрыгожылі кветкамі, вялізныя сталы паставілі паўколам, замовілі музыку, і а шостай увечары сабралася больш за сто пяцьдзясят асобаў. Каго там толькі не было! Пераважна купцы ды фабрыканты з Варшавы, з правінцыі, з Масквы… Уга! Нават з Вены ды Парыжу. Знайшлося таксама двое графоў, адзін князь і шмат шляхты. Пра трункі і не ўспамінаю, бо нават не ведаю, чаго там было больш: лістоты на раслінах, якія аздаблялі залю, ці бутэлек.
Каштавала нам гэта бяседа больш за тры тысячы рублёў, але від гэткае колькасці адначасова працуючых сківіц выклікаў захапленне. А калі падняўся князь і выпіў за здароў’е Стаха, калі зайграла музыка – не скажу, якую мелодыю, але вельмі прыгожую – і сто пяцьдзясят чалавек разам выгукнула “Жыве!”, я не мог стрымацца ад слёз. Падбег да Вакульскага і, абдымаючы яго, ціха прамовіў:
– Бачыш, як яны цябе любяць…
– Шампанскае яны любяць, – сказаў ён.
Я заўважыў, што да віватаў ён зусім абыякавы. Твар яго заставаўся пахмурны, нават тады, калі адзін з прамоўцаў (мусіць, гэта быў літаратар, бо прамаўляў ён доўга і без сэнсу) сказаў – не ведаю ўжо, ад свайго імя ці ад імя Вакульскага – што гэта самы лепшы дзень у ягоным жыцці.
Я заўважыў, што Стах найбольш завіхаецца каля пана Ленцкага, які перад сваім банкруцтвам аціраўся, падобна, пры еўрапейскіх дварах… Заўсёды гэта няшчасная палітыка!..
Напачатку банкет быў вельмі ўрачысты, раз-пораз нехта з бяседнікаў падымаўся і гаварыў так, нібы словамі хацеў разлічыцца за выпітае віно і з’едзеныя стравы. Але чым больш выносілі пустых бутэлек, тым далей ад гэтае грамады ўцякаў рэспект, а пад канец зрабілася гэтак тлумна, што не чутно ўжо стала музыкі.
Я быў злосны, як д’ябал, і хацеў вылаяць хоць таго ж Мрачэўскага. Калі ж адцягнуў яго ад стала, здолеў, аднак, сказаць толькі:
– Ну і навошта ўсё гэта?..
– Навошта? – перапытаў ён, пазіраючы на мяне нецвярозымі вачыма. – Гэта дзеля панны Ленцкае…
– З глузду з’ехаў пан!.. Што дзеля панны Ленцкае?..
– Ну… гэтыя суполкі… гэтая крама… гэты абед… Усё дзеля яе… І я з-за яе вылецеў з крамы… – казаў Мрачэўскі, абапіраючыся на маё плячо, бо не трымаўся ўжо на нагах.
– Дык што, – пытаю я, хоць бачу, што ён зусім п’яны, – з-за яе з крамы вылецеў і з-за яе, можа, у Маскву трапіў?..
– Вяд… вядома… Шапнула слоўца, маленькае такое слоўца і… маю я на трыста рублёў больш… Робіць круцёлка са старым, што хоча…
– Ну, ідзі ўжо пан спаць, – сказаў я.
– Якраз спаць я і не пайду… Пайду да сваіх прыяцеляў… Дзе яны?.. Яны б з круцёлкаю хутчэй парадзілі… Не круціла б хвастом... як перад старым… Дзе мае прыяцелі?.. – загукаў ён.
Вядома, загадаў я завесці яго ў нумар наверсе. Аднак нешта мне падказвае, што ён толькі ўдаваў п’янага, каб увесці мяне ў зман.
Каля поўначы зала нагадвала трупярню або шпіталь: то аднаго, то другога трэба было цягнуць у нумар ці ў брычку. Нарэшце я знайшоў доктара Шумана, амаль цвярозага, і забраў яго да сябе на гарбату.
Доктар Шуман таксама старазаконны, але незвычайны гэта чалавек. Ён збіраўся нават ахрысціцца, бо закахаўся ў хрысціянку, але яна памерла, дык ён выкінуў з галавы гэты намер. Кажуць нават, што ён труціўся з гора, але яго выратавалі. Цяпер ён цалкам спыніў лекарскую практыку, мае шмат грошай і займаецца толькі доследамі ці то людзей, ці то іх валасоў. Малы, жоўты, позірк праніклівы, ад якога нічога не схаваеш. А з-за таго, што знаецца ён са Стахам здавён, дык павінен ведаць усе яго таямніцы.
Пасля шумнага абеду я быў неспадзявана ўстрывожаны і хацеў выцягнуць сёе-тое з Шумана. Калі ён нічога не распавядзе мне пра Стаха, дык ужо, хіба, ніколі і нічога я не даведаюся.
Калі мы прыйшлі да мяне дадому і падалі нам самавар, я запытаўся:
– Скажы мне, доктар, але шчыра, што ты думаеш пра Стаха?.. Бо ён мяне турбуе. Я бачу, што ўжо цэлы год ён кідаецца ў нейкія сапраўдныя авантуры… Гэта паездка ў Балгарыю, а цяпер гэты магазін… суполка… каляска… Дзіўна змяніўся яго характар…
– Я не бачу зменаў, – адказаў Шуман. – Ён заўсёды быў чалавекам чыну. Калі нешта прыходзіла яму ў галаву або ў сэрца, дык выконваў гэта адразу. Пастанавіў трапіць ва ўніверсітэт і трапіў, пастанавіў зарабіць маёнтак і зарабіў. Дык калі ён выдумаў нейкую недарэчнасць, таксама не адступіць і зробіць недарэчнасць капітальную. Такі ўжо характар.
– Пры гэтым, – не стрываў я, – шмат у яго паводзінах супярэчнасцяў…
– Нічога дзіўнага, – перапыніў мяне доктар. – Сплавілася ў ім два чалавекі: рамантык да году шасцідзясятага і пазітывіст з сямідзясятага. Тое, што ўсім здаецца супярэчлівым, для яго самога абсалютна лагічна.
– А ці не ўблытаўся ён у нейкую новую гісторыю?.. – запытаўся я.
– Не ведаю, – суха адказаў Шуман.
Я змоўк і толькі праз нейкі час зноў запытаўся:
– Што ж з ім, урэшце, будзе?..
Шуман узняў бровы і склаў на грудзях рукі.
– Будзе кепска, – адказаў ён. – Такія людзі або ўсё падпарадкоўваюць сабе, або, калі напаткаюць вялікую перашкоду, разбіваюць аб яе лоб. Дагэтуль яму шанцавала, але ж… няма чалавека, які б адно толькі выйграваў у жыцці…
– Дык?..— запытаўся я.
– Дык можам быць сведкамі трагедыі, – скончыў Шуман.
Ён выпіў шклянку гарбаты з лімонам і пайшоў да сябе.
Цэлую ноч я не мог заснуць. Такія страшныя прароцтвы ў дзень трыумфу…
Гэх! Стары Пан Бог больш ведае за Шумана, а Ён хіба не дазволіць, каб Стах прапаў…