XXVI. ПАД АДНЫМ ДАХАМ


У той час, пакуль Вакульскі з пані Вансоўскаю сварыліся або на злом галавы гойсалі па лугавіне, з маёнтка графіні ў Заславак ехала панна Ізабэла. Учора яна атрымала ад старшынёвай ліст, адпраўлены са спецыяльным пасланцом, а сёння, падпарадкоўваючыся выразнаму жаданню сваёй цёткі, з неахвотаю выехала. Яна была ўпэўненая, што ў Заслаўку сустрэне Вакульскага, якому старшынёва рабіла пратэкцыю. Дык гэтакі раптоўны выезд падаваўся ёй недарэчным.

“Каб нават мне і давялося некалі выйсці за яго, – казала яна сабе, – дык няма чаго спяшацца на павітанне”.

Але рэчы былі спакаваныя, каляска пад’ехала, пакаёўка ўжо заняла сваё месца, дык панна Ізабэла наважылася на ад’езд.

Яе развітанне з сям’ёю было шматзначным. Пан Ленцкі, цяпер увесь час расчулены, цёр вочы, а графіня, усунуўшы ёй у руку аксамітны мяшэчак з грашыма, сказала:

– Не раю і не адгаворваю. Маеш свой розум, ведаеш, у якім вы становішчы, дык мусіш вырашыць і быць гатоваю да наступстваў.

Што вырашыць?.. Да якіх рыхтавацца наступстваў?.. Пра гэта графіня не сказала.

Сёлетняе вясковае жыццё моцна змянілі некаторыя погляды панны Ізабэлы. Вінаватае было, аднак, не свежае паветра, не прыгожыя краявіды, а некаторыя выпадкі ды магчымасць спакойна пра іх падумаць.

Яна, падпарадкоўваючыся выразнаму жаданню цёткі, прыехала сюды дзеля Старскага, пра якога ўсе казалі, што ён атрымае ў спадчыну маёнтак старшынёвай. Тым часам, старшынёва, прыгледзеўшыся да свайго пляменніка, паведаміла, што адпіша яму не больш за тысячу рублёў пажыццёвае рэнты, якая, пэўна, вельмі прыдасца таму на старасць. А ўвесь маёнтак яна пастанавіла запісаць на дзяцей бязбацькавічаў ды іх няшчасных матак.

З гэтага моманту Старскі ў вачах графіні страціў усялякую вартасць. Страціў ён і ў вачах панны Ізабэлы, калі прызнаўся аднойчы, што замест “голай панны” хутчэй узяў бы замуж кітаянку або японку, абы тая мела некалькі дзясяткаў тысяч рублёў у год.

– За менш не варта рызыкаваць будучыняй, – заявіў ён.

З-за гэтых слоў панна Ізабэла перастала лічыць яго сур’ёзным прэтэндэнтам. Але, кажучы гэта, ён ціха ўздыхнуў і кінуў на яе імклівы позірк, дык панна Ізабэла вырашыла, што прыгожы Казік мусіць мець нейкую сардэчную таямніцу і, шукаючы багатую жонку, нечым ахвяруе. Чым?.. Можа, ёю… Бедны хлапчына, але што рабіць? Некалі, можа, знойдзецца спосаб падсаладзіць ягоныя пакуты, але сёння належыць трымаць яго на адлегласці. І гэта было нескладана, бо Старскі раптам пачаў заляцацца да багатае пані Вансоўскае і круціцца вакол панны Эвеліны Яноцкае, відаць, каб зусім схаваць сляды закаханасці ў панну Ізабэлу.

“Бедны хлапец, але што зробіш. Жыццё накладае абавязкі, якія трэба выконваць, хоць яны і цяжкія”.

Гэткім чынам, Старскі, магчыма, самы адпаведны для панны Ізабэлы, быў выкраслены са спісу прэтэндэнтаў. Ён не мог ажаніцца з беднаю паннаю і мусіў шукаць багатую жонку. Былі аж дзве бяздонныя прорвы паміж імі.

Другі яе прэтэндэнт, барон, выкрасліў сябе сам, калі заручыўся з паннаю Эвелінай. Панна Ізабэла адчувала агіду да барона, пакуль той стараўся ёй спадабацца, а калі ён гэтак раптоўна яе пакінуў, ёй стала трывожна. Як? На свеце ёсць кабеты, дзеля якіх можна вырачыся яе?! Аказваецца, можа надысці момант, калі панну Ізабэлу пакінуць аж такія старыя кавалеры?..

Ёй здавалася, што зямля ходырам захадзіла ў яе пад нагамі, і пад уплывам няяснае трывогі, якая яе ахапіла тады, панна Ізабэла сказала старшынёвай нешта больш зычлівае пра Вакульскага. Хто ведае, ці не сказала яна гэтымі словамі: “Што там робіцца з панам Вакульскі? Мне вельмі шкада, бо ён, можа, пакрыўдзіўся на мяне. Я часта дакараю сябе, што ён заслугоўваў лепшага стаўлення да сябе з майго боку”.

Яна апусціла вочы і гэтак пачырванела, што старшынёвай здалося неабходным запрасіць Вакульскага ў вёску.

“Няхай прыгледзяцца адзін да аднаго на свежым паветры, – думала старая, – і будзе, што Бог дасць. Ён брыльянт сярод мужчын, яна таксама добрае дзіцятка, дык, можа, яны і паразумеюцца. Бо гатовая закласціся, ён мае да яе слабасць”.

А праз некалькі дзён непрыемныя ўражанні панны Ізабэлы развеяліся, і яна пашкадавала, што загаварыла са старшынёвай пра Вакульскага.

“Яшчэ падумае, што я б выйшла за яго…” – сказала яна сабе.

Тым часам старшынёва прызналася пані Вансоўскай, якая ў яе гасціла, што ў Заславак прыедзе Вакульскі, вельмі багаты ўдавец, чалавек вельмі неардынарны, якога яна хацела б ажаніць і які, хто ведае, ці не закаханы ў панну Ізабэлу…

Пані Вансоўская вельмі абыякава слухала пра багацце, пра ўдаўство і матрыманіяльныя памкненні Вакульскага. Але, калі старшынёва назвала яго чалавекам незвычайным, яна зацікавілася, а як толькі пачула, што ён, магчыма, закаханы ў панну Ізабэлу, дык уздыбілася, як чыстакроўны конь, якога кранулі шпорамі.

Пані Вансоўская была сапраўдная кабета, яна і ў думках не мела другі раз выходзіць замуж, а пагатоў адбіваць кавалераў у паннаў. Але, пакуль жыла на свеце, яна не магла дазволіць, каб гэткі мужчына мог кахаць нейкую іншую кабету, а не яе. Выгадна ажаніцца ён меў права, пані Вансоўская гатова была яму нават дапамагаць, але кахаць можна было толькі яе. Не таму нават, што яна лічыла сябе самай прыгожай, але з-за таго… гэткую ўжо яна мела натуру.

Пачуўшы, што панна Ізабэла прыязджае сёння, пані Вансоўская гвалтам забрала на прагулку Вакульскага. А калі на гасцінцы пад лесам угледзела воблачка пылу, паднятага каляскаю яе суперніцы, яна павярнула на лугавіну і там наладзіла грандыёзную сцэну з сядлом, якая ў яе не атрымалася.

Тым часам панна Ізабэла прыехала ў двор. Усё таварыства сустрэла яе на ганку, расказваючы на павітанне амаль тыя самыя навіны.

– Ведаеш, – ціха сказала ёй старшынёва, – прыехаў Вакульскі.

– Толькі пані нам не хапала, – выгукнуў барон, – каб Заславак стаў падобны на рай. Бо ўжо маем мы тут вельмі прыемнага таварыша і цудоўнага госця…

Панна Феліцыя Яноцкая адвяла панну Ізабэлу ў бок і са слязьмі ў голасе пачала ёй апавядаць:

– Ведаеш, прыехаў сюды пан Вакульскі… Ах, каб ты ведала, што гэта за чалавек!.. Але лепш я нічога табе не буду казаць, бо ты яшчэ падумаеш, што ён мяне цікавіць… Ну, і ўяві сабе, пані Вансоўская загадала яму ехаць з сабою на прагулку. Удваіх… Каб ты ведала, як ён, бедны, чырванеў… І я разам з ім. Бо і я хадзіла з ім на рыбалку, але тут паблізу, на сажалку, ды яшчэ быў з намі пан Юльян. Але каб я адна з ім паехала конна?.. Ніколі ў жыцці!.. Лепш памерці…

Панна Ізабэла вызвалілася ад іх і пайшла ў прызначаны ёй пакой. “Надакучыў мне гэты Вакульскі,” – падумала яна.

Насамрэч, гэта было не раздражненне, а нешта іншае. Дарогаю панна Ізабэла адчувала непрыязь да старшынёвай за яе неадкладнае запрашэнне, да цёткі – за тое, што тая загадала адразу ж ехаць, а больш за ўсё – да Вакульскага.

“Дык яны, і праўда, хочуць аддаць мяне гэтаму нуварышу? Пабачым, што з гэтага выйдзе!..”

Яна не сумнявалася, што першым чалавекам, які яе прывітае, будзе Вакульскі, і пастанавіла трактаваць яго ганарліва.

Тым часам, Вакульскі не толькі не выбег ёй насустрач, але быў на шпацыры з пані Вансоўскаю.

Гэта прыкра закранула панну Ізабэлу, і яна падумала:

“Якая была з яе какетка, такая і засталася, хоць гадоў трыццаць ужо мае!..”

Калі барон назваў Вакульскага цудоўным госцем, панна Ізабэла адчула нешта падобнае на гонар, але гэта доўжылася не не больш за імгненне. А калі панна Феліцыя адкрыта прызналася ёй у рэўнасці да Вакульскага, дык панна Ізабэла занепакоілася, праўда, толькі на момант.

“Наіўная гэта Феліцыя,” – сказала яна сама сабе.

Карацей, пагарду ў стаўленні да Вакульскага, якую яна планавала дарогаю, затапіла мешаніна такіх пачуццяў, як гнеў, лёгкае задавальненне і трывога. У гэты момант Вакульскі бачыўся панне Ізабэле ўжо іначай, чым раней. Гэта ўжо быў не нейкі там галантарэйны купец, а чалавек, што вярнуўся з Парыжу, быў вельмі багаты і меў сувязі, ім захапляўся барон, з ім какетнічала Вансоўская…

Ледзьве панна Ізабэла паспела пераапрануцца, як у яе пакой прыйшла старшынёва.

– Мая Бэля, – сказала старая, калі пацалавала яе яшчэ раз, – чаму ж Яанна не захацела прыехаць да мяне?

– Тата нездаровы, дык яна не хоча пакідаць яго.

– Прашу цябе… прашу цябе, не варта гэта казаць. Яна не прыедзе, бо не хоча спаткацца тут з Вакульскім, вось і ўвесь сакрэт… – крыху незадаволена адказала старшынёва. – Ён для яе тады добры, калі сыпле грошы на яе прытулак… Скажу табе, Бэля, твая цётка ніколі ўжо не нажыве розуму….

У панне Ізабэле азвалася даўняя горыч.

– Можа, цётка не лічыць адпаведным паказваць столькі спагады купцу, – адказала яна і пачырванела.

– Купец!.. Купец!.. – выбухнула старшынёва. – Вакульскі гэткая ж добрая шляхта, як і Старскія, і нават Заслаўскія… А што тычыцца купецтва… Мая Бэля, Вакульскі не прадаваў таго, што дзед твае цёткі… Можаш сказаць ёй гэта пры нагодзе. Мне лепш пачцівы купец, чым дзесяць аўстрыйскіх графоў. Добра мне вядомая вартасць тых тытулаў.

– Згодзіцца, пані, аднак, што нараджэнне…

Старшынёва іранічна засмяялася.

– Павер мне, Бэля, што нараджэнне – найменшая заслуга тых, хто нараджаецца. А што да чысціні крыві… Ах, Божа! Сапраўднае шчасце, што не надта клапоцімся мы, каб спраўджваць гэтыя рэчы. Кажу табе, пра нараджэнні не варта размаўляць з людзьмі такімі старымі, як я. Бо яны памятаюць і дзядоў, і бацькоў, дык часта толькі дзівяцца, чаму ўнук падобны не да бацькі, а да камердынера. Ну, але заўсёды можна выкарыстаць зручнае тлумачэнне, нібы той увесь час быў перад вачыма.

– Пані, аднак, вельмі падабаецца пан Вакульскі, – ціха прамовіла панна Ізабэла.

– Так, вельмі! – пацвердзіла старая. – Я кахала ягонага дзядзьку і ўсё жыццё была няшчасная, бо адарвалі мяне ад яго, якраз з тае самае прычыны, з-за якое твая цётка старанна пазбягае Вакульскага. Але ён не дасць сябе ў крыўду, не!.. – працягвала старшынёва. – Хто з гэткае галечы здолеў вылезці, хто без ценю заганы зарабіў маёнтак, вывучыўся, як ён, той можа не дбаць пра меркаванне ў салонах. Ты, хіба, ведаеш, якую ён іграе сёння ролю, чаго ён ездзіў у Парыж… Вось, запэўніваю цябе: не ён да салонаў, а салоны да яго прыйдуць, а першая будзе твая цётка, пры першай нагодзе. Я ведаю салоны лепш за цябе, дзіця, і павер мне, яны хутка будуць абіваць парогі ў Вакульскага. Гэта не такі лайдак, як Старскі, і не такі летуценнік, як князь, ані такі безгаловы, як Кшэшоўскі… Гэта чалавек дзеяння… Шчаслівая будзе кабета, якую ён абярэ ў жонкі… На бяду, у нашых паннаў больш запатрабаванняў, чым розуму ды сардэчнасці. Хоць, не ва ўсіх… Ну, але перапрашаю цябе, калі зляцела з языка ў мяне вострае слова. Зараз будзе абед.

З гэтым старшынёва выйшла і пакінула панну Ізабэлу ў глыбокім роздуме.

“Вядома, ён мог бы заняць месца барона, ды яшчэ як… – думала панна Ізабэла. – Той ужо нікуды не варты і дзівакаваты, а гэтага, прынамсі, шануюць людзі. Казя Вансоўская на гэтым знаецца, вось жа – узяла яго на шпацыр… Дык паглядзім, ці пан Вакульскі здолее быць верным… Добрая вернасць, ездзіць з іншаю кабетаю на прагулкі!.. Вельмі па-рыцарску…”

Якраз у гэты час Вакульскі вяртаўся з пані Вансоўскаю са шпацыру і на дзядзінцы фальварка ўбачыў каляску, з якое выпрагалі коней. Нарадзілася ў яго нясмелая здагадка, але ён баяўся запытацца, нават зрабіў выгляд, што не бачыць каляску.

Перад палацам ён аддаў каня хлопцу і загадаў прынесці вады ў свой пакой. І якраз тады, калі збіраўся ўжо спытаць, хто прыехаў, нешта сціснула яму горла, і ён не здолеў прамовіць ані слова.

“Глупства! – думаў ён. – Нават, каб і яна, дык што?.. Гэткая ж кабета, як панна Феліцыя, панна Эвеліна… Але я не такі, як барон…”

Думаючы гэта, ён адчуваў, аднак, што яна для яго не такая, як іншыя кабеты, і каб пажадала, ён паклаў бы ёй да ног увесь маёнтак і ўсё жыццё.

“Глупства! Глупства!.. – ціха паўтараў ён і хадзіў па пакоі. – Тут яе паклоннік, пан Старскі, з якім яна дамаўлялася весела прабавіць вакацыі… Я памятаю тыя позіркі, ах…”

Гнеў закіпаў у ім.

“Пабачым, панна Ізабэла, хто ты такая і чаго ты вартая. Цяпер я буду твой суддзя…” – вырашыў ён.

Пастукаліся ў дзверы, увайшоў стары лёкай. Ён агледзеўся і ціха сказаў:

– Ясная пані загадала паведаміць, што прыехала панна Ленцкая. Калі пан гатовы, дык просіць на абед…

– Скажы, што я ўжо іду, – адказаў Вакульскі.

Калі слуга выйшаў, ён хвіліну пастаяў ля акна, гледзячы ў парк, асветлены касымі промнямі сонца, і на бэзавы куст, на якім весела шчабяталі птушкі. Глядзеў, але на сэрцы ў яго было трывожна ад думкі, як ён сустрэнецца з паннай Ізабэлай…

“Што я ёй скажу, і які ў мяне будзе выгляд?”

Яму здавалася, што ўсе вочы будуць скіраваныя на іх, і што ён скампраметуе сябе нечым.

“Я ж сказаў ёй, што я верны слуга ім… як сабака!.. Але трэба ісці туды…”

Ён выйшаў, вярнуўся, зноў выйшаў на калідор. Да дзвярэй ён падыходзіў марудна, адчуваючы, што губляе сілы і ператвараецца ў прасцяка, які павінен стаць перад каралём.

Ён узяўся за клямку, але спыніўся… У сталовым пакоі гучаў смех кабет. У яго пацямнела ў вачах, ён хацеў уцячы і перадаць праз слугу, што захварэў. Раптам ён пачуў за сабою крокі і штурхануў дзверы.

У пакоі ён убачыў усё таварыства і, галоўнае, панну Ізабэлу, якая размаўляла са Старскім. Яна глядзела на яго тым самым позіркам, а ў яго была гэткая ж іранічная ўсмешка, як тады ў Варшаве…

Імгнення хапіла, каб Вакульскі адчуў, як вярнулася сіла, як яго накрывае хваляю гневу. Ён увайшоў з узнятаю галавою, павітаўся са старшынёвай і пакланіўся панне Ізабэле, якая пачырванела і працягнула яму руку.

– Вітаю пані. Як маецца пан Ленцкі?

– Тата крыху акрыяў. Загадаў кланяцца пану…

– Вельмі прыемна, што ён памятае пра мяне. А пані графіня?

– У цёткі ўсё добра.

Старшынёва села ў фатэль. Прысутныя пачалі займаць месцы пры стале.

– Пан Вакульскі, няхай пан садзіцца побач са мною, – паклікала пані Вансоўская.

– З найвялікшаю ахвотаю, калі жаўнер мае права сесці ў прысутнасці свайго камандзіра.

– Яна ўжо ўзяла над табою ўладу, пане Станіславе? – з усмешкаю спытала старшынёва.

– Але ж так! Рэдка здараецца падобная муштроўка…

– Ён мне помсціць, што заблудзіўся са мною, – заўважыла пані Вансоўская.

– Калі заблукаеш, дык шпацыр робіцца больш прыемным, – адказаў Вакульскі.

– Я быў упэўнены, што так і будзе, але не думаў, што гэтак хутка… – азваўся барон, паказваючы прыгожы набор сваіх штучных зубоў.

– Прашу кузіна перадаць мне соль, – звярнулася панна Ізабэла да Старскага.

– Калі ласка… Ах, рассыпаў!.. Пасварымся.

– Нам ужо, хіба, гэта не пагражае, – з камічнаю сур’ёзнасцю адказала панна Ізабэла.

– Вы дамовіліся ніколі больш не сварыцца? – спытала пані Вансоўская.

– Не маем намеру выбачаць, – адказала панна Ізабэла.

– Цудоўна! – прамовіла пані Вансоўская. – На месцы пана, пане Казіміру, я ўжо пакінула б усе надзеі.

– Хіба ж мне можна было некалі іх мець! – уздыхнуў Старскі.

– Сапраўднае шчасце для нас абаіх… – ціха сказала панна Ізабэла.

Вакульскі слухаў і глядзеў. Панна Ізабэла падтрымлівала гутарку нязмушана і спакойна, пасмейваючыся са Старскага, якога зусім гэта не хвалявала. Крадком, праўда, той кідаў позіркі на панну Эвеліну Яноцкую, якая, ціха размаўляючы з баронам, то румянілася, то бляднела.

Вакульскі адчуў, як з душы ў яго зваліўся камень.

“Відавочна, – думаў ён, – калі ў гэтым таварыстве Старскі і заняты некім, дык толькі паннаю Эвелінаю, а яна – ім…”

У гэты момант абудзілася ў ім радасць і вялікае спачуванне да ашуканага барона.

“Але я перасцерагаць яго не буду! – вырашыў ён. – Хоць радавацца чужой бядзе – нягоднае пачуццё”.

Абед скончыўся, панна Ізабэла падышла да Вакульскага.

– Ці ведае пан, што я адчула, калі ўбачыла пана? – спытала яна. – Засмучэнне. Я прыгадала, як мы ўтрох збіраліся ехаць у Парыж: я, бацька і пан. І з нашае тройцы лёс быў ласкавы толькі да пана. Пан добра бавіўся?.. За ўсіх нас?.. Павінен пан падзяліцца са мною трацінаю сваіх уражанняў.

– А калі яны не былі вясёлыя?

– Чаму?

– Хоць бы таму, што пані не было там, дзе планавалася быць разам.

– Наколькі мне вядома, пан умее добра бавіцца і там, дзе мяне няма, – адказала панна Ізабэла і адышла.

– Пане Вакульскі, – паклікала пані Вансоўская.

Але яна зірнула на яго, на панну Ізабэлу і неахвотна прамовіла:

– Альбо не… ужо не трэба… Даю пану на сёння адпачынак. Хадземце, панства, у парк. Пане Ахоцкі…

– Пан Ахоцкі будзе сёння вучыць мяне метэаралогіі, – азвалася панна Феліцыя.

– Метэаралогіі?.. – перапытала пані Вансоўская.

– Так… Мы якраз ідзем у абсерваторыю…

– Ці пан толькі метэаралогію мае намер выкладаць? – запыталася пані Вансоўская. – На ўсялякі выпадак я параіла б запытацца ў бабулі, што яна думае пра гэту метэаралогію…

– Пані заўсёды робіць мне нейкі скандал! – абурыўся Ахоцкі. – Пані можа ездзіць са мною па хмызняках, а панне Феліцыі нельга нават зазірнуць у абсерваторыю.

– Але ж зазірайце сабе, каханыя мае, а мы пайшлі ўжо ў парк. Барон… Бэла…

Яны выйшлі. У першай пары – пані Вансоўская з паннай Ізабэлай, за імі Вакульскі, далей – барон з нарачонаю, апошнімі – панна Феліцыя з Ахоцкім, які махаў рукамі і даводзіў:

– Нічога ніколі не даведаецца пані новага, адно што – пра чарговы дзівачны капялюш або сёмую ці восьмую фігуру кантрдансу, калі нейкі разумнік яе выдумае. Ніколі і нічога!.. – дадаў ён з драматычнай інтанацыяй у голасе. – Бо заўсёды знойдзецца нейкая баба…

– Фі! Пане Юльяне, хто ж гэтак гаворыць?..

– Так, нязносная баба, якая будзе лічыць непрыстойным, што пані пойдзе са мною ў лабараторыю…

– Бо, можа, гэта сапраўды нядобра…

– Так, нядобра!.. Дэкальтэ да пояса – добра, браць урокі спеваў у нейкага італьянца, які не чысціць пазногці…

– Але бачыць пан… Каб маладыя панны заставаліся сам-насам з маладымі людзьмі, дык нейкая з іх магла б і закахацца…

– І што? Няхай кахае. Ці лепш, каб не закахалася і засталася дурніцаю?.. Пані – дзікая кабета, пані Феліцыя…

– О, пане…

– І няхай пані не дурыць мне галавы сваімі воклічамі. Альбо пані хоча вучыцца метэаралогіі, у такім выпадку хадзем наверх…

– Але з Эвелінкаю або з пані Вансоўскаю.

– Добра, добра… Лепш забудземся на гэта, – скончыў Ахоцкі і, каб паказаць, як ён раззлаваўся, запхнуў рукі ў кішэні.

Маладая пара раскрычалася на ўвесь парк, што вельмі цешыла пані Вансоўскую, якая рагатала. Калі тыя сцішыліся, да вушэй Вакульскага данёсся шэпт барона і пані Эвеліны.

– Ці не праўда, – казаў барон, – колькі гэты Старскі страчвае?.. Кожны дзень, пані, адны страты. Пані Вансоўская насміхаецца з яго, панна Ізабэла зусім ігнаруе, нават не цікавіцца ім панна Феліцыя. Заўважыла пані?..

– Так, – ціха адказала нарачоная.

– Гэта адзін з тых маладых людзей, уся аздоба якіх – надзея на добрую спадчыну. Хіба я не маю рацыі?..

– Так.

– А калі знікла надзея на старшынёву, Старскі перастаў быць цікавы. Праўда?..

– Так, – адказала панна Эвеліна і цяжка ўздыхнула. – Я пасяджу тут, – дадала яна гучна, – а пан, можа, прынясе мне шаль з пакоя? Перапрашаю…

Вакульскі павярнуў галаву. Панна Эвеліна ўпала на лаўку бледная і знясіленая, а барон замітусіўся над ёю.

– Я ўжо іду, – сказаў ён. – Пане Вакульскі… можа, пан згодзіцца заступіць мяне… Я пабягу і праз хвіліну вярнуся…

Ён пацалаваў нарачоную ў руку і пайшоў да палаца.

Вакульскі заўважыў раптам, што ногі ў барона, як трэскі, і не надта яго слухаюцца.

– Пан даўно знаёмы з баронам? – спытала панна Эвеліна ў Вакульскага. – Пройдземся крыху да альтанкі…

– Гэтымі днямі якраз меў прыемнасць зблізіцца з ім.

– Ён вялікі прыхільнік пана… Ён кажа, што першы раз спаткаў чалавека, з якім гэтак прыемна пагутарыць.

Вакульскі ўсміхнуўся.

– Вядома, – прамовіў ён, – гэта толькі таму, што ўсе яго размовы толькі пра пані.

Панна Эвеліна моцна пачырванела.

– Так, гэта вельмі высакародны чалавек, ён мяне вельмі кахае… Праўда, паміж намі ёсць розніца ва ўзросце, але гэта не шкодзіць. Дасведчаныя пані сцвярджаюць, што чым муж старэйшы, тым ён больш верны, а для кабеты прывязанасць мужа гэта ўсё, праўда? Кожная з нас шукае ў жыцці кахання, а хто мне можа гарантаваць, што я спаткаю другое, падобнае да гэтага?.. Ёсць людзі і маладзейшыя за яго, і прыгажэйшыя, можа, нават больш здольныя, але ніводзін з іх не сказаў мне, аднак, з гэткаю сардэчнасцю, што шчасце ягонага жыцця – у маіх руках. Ці можна гэтаму супраціўляцца, каб нават гэта і вымагала пэўнае ахвяры? Няхай мне пан скажа.

Яна затрымалася ў алеі і з непакоем пазірала яму ў вочы, чакаючы адказу.

– Я не ведаю, пані. Гэта справа асабістых пачуццяў, – адказаў ён.

– Гэта нядобра, што пан мне гэтак адказвае. Бабуля кажа, што ў пана моцны характар. Я да гэтага ніколі не сустракала людзей з моцным характарам, а сама я маю вельмі слабы. Я не магу супраціўляцца, баюся адмовіць… Можа, я кепска раблю, прынамсі, некаторыя даюць мне зразумець, што я кепска раблю, бо выходжу за барона. І пан так думае? Ці здолеў бы пан унікаць некага, хто б сказаў, што кахае пана больш за ўласную душу, што без узаемнасці рэшта жыцця, якая яму засталася, міне ў самотнасці і роспачы? Каб нехта на вачах пана ляцеў у прорву і маліў аб паратунку, ці не падаў бы пан яму рукі і гэткім чынам не прывязаўся б да яго, пакуль не падышла б дапамога?

– Я не кабета, і ніколі ніхто не прасіў мяне, каб я ахвяраваў дзеля некага свабодаю, дык не ведаю, што б я зрабіў, – незадаволена адказаў Вакульскі. – Але як мужчына, я ведаю, што не стаў бы жабраваць, нават кахання.

– І яшчэ я скажу пані, – дадаў ён (яна глядзела на яго з адкрытым ротам), – я не толькі не прасіў бы, але і не прыняў бы нажабраваную ахвяру сэрца. Гэткія дары бываюць звычайна нясталыя…

Бакавою сцяжынаю да іх бег Старскі. Ён быў моцна заклапочаны і гукаў:

– Пане Вакульскі, дамы шукаюць пана ў ліпавай алеі… Там мая бабуля, пані Вансоўская…

Вакульскі завагаўся, не ведаючы, што яму рабіць.

– О, няхай пан не турбуецца за мяне, – прамовіла панна Эвеліна і пачырванела мацней, чым звычайна. – Зрэшты, зараз прыйдзе барон, і мы ўтраіх далучымся да панства…

Вакульскі развітаўся з імі і пайшоў.

“Нішто сабе! – думаў ён. – Панна Эвеліна з літасці выходзіць за барона і, пэўна, з літасці заводзіць раман са Старскім… Я разумею кабету, якая выходзіць замуж з-за грошай, хоць гэта неразумны спосаб заробку… Я разумею нават маладзіцу, якая пасля шчаслівага замужжа раптам закахаецца і падманвае мужа… Яна баіцца скандалу, у яе дзеці, мноства сувязяў… Але панна, якая падманвае нарачонага, гэта нешта новае…”

– Панна Эвеліна!.. Панна Эвеліна!.. – гукаў барон, які набліжаўся да месца, дзе быў Вакульскі.

Той хутка збочыў са сцяжыны і стаў за куст.

“Цікава, – падумаў ён, – што я скажу, калі ён мяне ўбачыць?.. Якога д’ябла было мне ўлазіць ў гэты бруд?..”

– Панна Эвеліна!.. Панна Эвеліна!.. – гукаў барон ужо далей.

“Салавейка вабіць самачку, – думаў Вакульскі. – Аднак, сапраўды, ці можна рашуча асуджаць гэту кабету?.. Яна прызнаецца ўголас, што не мае характару, а ціхенька – што ёй трэба грошы, якіх у яе няма і без якіх яна, як рыба без вады, жыць не можа. Дык што ёй рабіць?.. Выходзіць яна, бедачына, замуж за багатага. Але і сэрца ў яе азываецца, каханак угаворвае ісці замуж, і абое лічаць, што пяшчота старога мужа не сапсуе ім смаку, дык яны робяць вынаходніцтва: здрада перад шлюбам, і нават пра патэнт не стараюцца. Зрэшты, можа, яны гэткія цнатлівыя, што дамовіліся здрадзіць толькі пасля шлюбу… Цудоўная кампанія!.. Грамадства часам прадукуе цікавыя рэчы… І падумаць толькі: кожнаму з нас можа трапіцца падобны прысмак!.. Сапраўды, не варта гэтак давяраць паэтам, калі яны расхвальваюць каханне, як найвышэйшае шчасце…”

– Панна Эвеліна!.. Панна Эвеліна!.. – енчыў барон.

“Якая ж у яго паганая роля, – падумаў Вакульскі. – Я лепш у лоб стрэліў бы сабе, абы не зрабіцца падобным блазнам”.

У бакавой алеі ён спаткаў паняў разам са старшынёваю і яе пакаёўкаю з кошыкам.

– А вось і ты, – звярнулася старая да Вакульскага, – вельмі добра. Пачакай тут Эвелінку з баронам. Можа, ён ўжо знойдзе яе, нарэшце, – дадала яна і злёгку спахмурнела. – А мы з Казяю пойдзем да коней.

– Пан Вакульскі таксама мог бы пачаставаць цукрам свайго каня, які гэтак добра яго насіў сёння, – крыху капрызліва прамовіла пані Вансоўская.

– Не чапай яго, – спыніла яе старшынёва. – Мужчыны любяць толькі язду, а не пяшчоты.

– Няўдзячныя! – ціха сказала пані Вансоўская і падала руку старшынёвай.

Яны пайшлі і хутка зніклі за брамкаю. Пані Вансоўская азірнулася і, убачыўшы, што Вакульскі пазірае на яе, адвярнулася.

– Ці будзем мы шукаць нарачоных? – спытала панна Ізабэла.

– Як пані загадае, – адказаў Вакульскі.

– Дык, можа, лепш не будзем ім назаляць. Падобна, шчаслівыя не любяць сведак.

– Пані ніколі не была шчаслівая?..

– Ах, я?.. Чаму ж не?.. Але не так, як Эвелінка і барон.

Вакульскі ўважліва паглядзеў на яе.

Яна была задуменная і спакойная, як скульптура грэцкае багіні.

“Ну, ужо гэта не будзе ашукваць,” – падумаў Вакульскі.

Яны нейкі час ішлі моўчкі ў бок найбольш здзічэлае часткі парку. Часам між старымі дрэвамі блішчэла ў чырвані сонечнага заходу акно палаца.

– Пан першы раз быў у Парыжы? – спытала панна Ізабэла.

– Першы.

– Які цудоўны горад, праўда?!.. – выгукнула яна, зазіраючы яму ў вочы. – Няхай кажуць, што хочуць, але Парыж, нават пераможаны, не перастаў быць сталіцаю свету. І на пана ён зрабіў гэткае ўражанне?..

– Імпануючае. Мне здаецца, што за некалькі тыдняў знаходжання там дадалося мне сілы і адвагі. Сапраўды, толькі там я навучыўся адчуваць гонар за сваю працу.

– Няхай пан растлумачыць мне гэта.

– Вельмі лёгка. У нас чалавечая праца дае слабыя вынікі: мы ўбогія і занядбаныя. А там праца яснее, як сонца. Якія там гмахі, пакрытыя аздобамі ад дахаў да ходнікаў, нібы каштоўныя шкатулкі! А цэлыя гушчары скульптур ды карцін, цэлыя пушчы машын, а тая прорва фабрычных і рамесніцкіх вырабаў!.. У Парыжы я зразумеў, што чалавек толькі з выгляду істота дробная і слабая. У сапраўднасці гэта геніяльны і бессмяротны волат, які з аднолькавай лёгкасцю варочае скалы і выточвае з іх нешта больш тонкае за карункі.

– Так, – згадзілася панна Ізабэла. – Французская арыстакратыя мела магчымасць і час ствараць гэтыя творы мастацтва.

– Арыстакратыя?.. – перапытаў Вакульскі.

Панна Ізабэла спынілася.

– Пан, хіба, не будзе сцвярджаць, што галерэі Луўру стварыла Канвенцыя або прадстаўнікі Парыжскіх цэхаў?

– Вядома, не, але не стварылі іх і магнаты. Гэта агульная справа французскіх будаўнікоў, муляраў, цесляроў, нарэшце, мастакоў і скульптараў з усяго свету, якія нічога агульнага не маюць з арыстакратыяй. Хіба можна ўвянчаць лайдакоў за працу і заслугі іншых людзей – геніяльных, нават няхай толькі працавітых.

– Лайдакі і арыстакратыя! – выгукнула панна Ізабэла. – Мяркую, што гэта слова хутчэй моцнае, чым слушнае.

– Дазволіць мне пані задаць адно пытанне? – спытаў Вакульскі.

– Калі ласка.

– Спачатку бяру назад слова “лайдакі”, калі яно пані ўразіла, а потым… Няхай мне пані зробіць ласку паказаць чалавека з тае сферы, пра якую мы гаворым, які б нешта рабіў… Я ведаю каля двух дзясяткаў гэтых паноў, гэта таксама і знаёмыя пані. Дык што яны робяць усе, пачынаючы ад князя, самае шляхетнае ў свеце асобы, якога, зрэшты, апраўдвае яго век, а сканчаючы… хоць бы панам Старскім, які свае бясконцыя вакацыі не можа апраўдаць нават маёмасным становішчам…

– Ах, мой кузін!.. Ён, хіба, ніколі не меў намеру служыць прыкладам у чым бы там ні было. Зрэшты, мы гаворым не пра нашу арыстакратыю, а пра французскую.

– А тыя што робяць?

– О, пане Вакульскі, тыя шмат робяць. Перадусім яны стварылі Францыю, былі яе рыцарамі, правадырамі, міністрамі і святарамі. Нарэшце, сабралі тыя скарбы мастацтва, якія пан там сам бачыў.

– Няхай пані скажа, што яны аддавалі шмат загадаў і трацілі шмат грошай, а стварыў Францыю і мастацтва, аднак, нехта іншы. Стваралі яе жаўнеры і маракі, якім мала плацілі, ды прыдушаныя падаткамі рольнікі і рамеснікі, нарэшце, вучоныя ды мастакі. Я чалавек дасведчаны і запэўніваю пані, што лягчэй строіць планы, чым іх выконваць, і грошы лягчэй траціць, чым іх назапашваць.

– Пан – непрымірымы вораг арыстакратыі.

– Не, пані, я не магу быць ворагам тых, хто мне не шкодзіць. Мяркую толькі, што займаюць яны прывілеяванае месца незаслужана і, каб утрымацца, насаджаюць у грамадстве пагарду да працы і шацунак да лайдацтва і раскошы.

– Пан прадузяты, бо нават і тая, як пан кажа, лайдацкая арыстакратыя адыгрывае важную ролю на свеце. Тое, што пан называе раскошаю, насамрэч з’яўляецца выгодаю, прыемнасцю і далікатнасцю, якую пераймаюць ад арыстакратыі нават ніжэйшыя класы і гэткім чынам цывілізуюцца. Я чула ад вельмі ліберальных людзей, што ў грамадстве мусяць быць класы, якія клапоцяцца пра навуку, мастацтва і вытанчаныя манеры дзеля таго, каб, па-першае, іншыя мелі жывы ўзор перад сабою, а па-другое, каб мелі стымулы да высакародных учынкаў. Гэтак жа ў Англіі і Францыі шмат хто, нават з людзей простага паходжання, як толькі разбагацее, адразу набывае дом, каб мець магчымасць прымаць людзей з добрага таварыства, а потым стараецца, каб і яго прымалі.

Моцная чырвань выступіла на твары Вакульскага. Панна Ізабэла, нават не гледзячы на яго, заўважыла гэта і працягвала:

– Нарэшце, тое, што пан называе арыстакратыяй, а што я называю вышэйшым класам, гэта асаблівая парода. Можа, пэўная частка яе зашмат лайдачыць, але варта некаму за нешта ўзяцца, дык адразу вызначыцца: энергіяй, розумам, нават адною толькі высакароднасцю. Перапрашаю, але я хачу прыгадаць тут словы, якія князь часта паўтараў пра пана: “Каб Вакульскі не быў добрым шляхціцам, не быў бы ён тым, чым ёсць сёння…”

– Памыляецца князь, – суха адказаў Вакульскі. – Тое, што я маю і што ўмею, дало мне не шляхецтва, а цяжкая праца. Я больш рабіў, дык і маю больш, чым іншыя.

– Але ці мог бы пан рабіць больш, каб нарадзіўся некім іншым? – запыталася панна Ізабэла. – Мой кузін Ахоцкі натураліст і дэмакрат, як пан, а між тым, верыць у добрыя і кепскія пароды, гэтаксама, як і князь. Ён таксама прыводзіць у прыклад пана, як доказ спадчыннасці. “Вакульскаму, – кажа, – спрыяе лёс, але сіла духа ў яго ад паходжання”.

– Вельмі ўдзячны ўсім, хто робіць мне гонар залічэннем да нейкае прывілеяванай пароды, – сказаў Вакульскі. – Але я ніколі не паверу ў прывілеі без працы і заўсёды буду вышэй ставіць заслугі людзей нізкага паходжання за прэтэнзіі людзей добрага нараджэння.

– Дык, паводле пана, гэта не заслуга – клапаціцца пра больш далікатныя пачуцці і вытанчаныя манеры?

– Чаму не? Але гэткую ролю ў грамадстве адыгрываць кабеты. Іх прырода надзяліла больш чулымі сэрцамі, лепшаю фантазіяй, больш тонкімі адчуваннямі, і яны, а не арыстакратыя, у штодзённым жыцці падтрымліваюць вытанчанасць, у манерах – лагоднасць, і нават здольныя абуджаць у нас самыя высокія пачуцці. Тою лямпаю, бляскам якой асветленая дарога цывілізацыі, з’яўляецца кабета. Яна таксама бывае невідочнаю спружынаю ўчынкаў, якія патрабуюць поўнага напружання сілаў…

Цяпер пачырванела панна Ізабэла. Яны ішлі нейкі час моўчкі. Сонца ўжо схавалася за гарызонтам, а паміж дрэў парку на захадзе блішчаў серп месяца. Вакульскі глыбока задумаўся, параўноўваючы дзве сённяшнія размовы: адну з пані Вансоўскаю, другую – з паннаю Ізабэлаю.

“Якія розныя кабеты!.. І ці ж не меў я рацыі, калі выбраў гэту…”

– Магу я задаць пану нетактоўнае пытанне? – азвалася раптам панна Ізабэла мяккім тонам.

– Любое, самае нетактоўнае.

– Праўда, што паехаў пан у Парыж вельмі абражаны на мяне?..

Ён хацеў сказаць, што яшчэ горш за абразу было падазрэнне ў крывадушнасці, але маўчаў.

– Я вінаватая перад панам… Падазравала пана…

– Ці не ў крадзяжы з пасярэдніцтвам жыдоў падчас пакупкі дома? – запытаўся, усміхаючыся, Вакульскі.

– О, не! – жвава адгукнулася яна. – Наадварот, я падазравала пана ва ўчынку вельмі хрысціянскім, якога, аднак, нікому б не магла дараваць. Нават думала, што наш дом купіў пан… занадта дорага…

– Цяпер, хіба, пані ўжо супакоілася.

– Так. Я даведалася, што баранеса Кшэшоўская хоча даць за яго дзевяноста тысяч.

– Праўда? Яна нічога мне не казала, хоць я і чакаў гэтага.

– Я вельмі ўсцешаная, што гэтак сталася, што пан не страціць, бо… толькі цяпер я магу пану падзякаваць ад усяго сэрца, – казала панна Ізабэла, падаючы яму руку. – Я разумею высакароднасць панскае паслугі. Майго бацьку баранеса магла пакрыўдзіць, нават абабраць, а пан выратаваў яго ад банкруцтва, можа, ад смерці… Такія рэчы не забываюцца…

Вакульскі пацалаваў ёй руку.

– Ужо вечар, – прамовіла яна няўпэўнена. – Пойдзем дадому… Усё таварыства ўжо, напэўна, вярнулася з парку…

“Калі яна не анёл, дык я сабака!..” – падумаў Вакульскі.

Усе былі ўжо ў палацы, дзе неўзабаве падалі вячэру. Вечар мінуў весела. Аб адзінаццатай Ахоцкі пайшоў разам з Вакульскім да яго пакоя.

– Што ж? – запытаўся Ахоцкі. – Я чуў, што вы размаўлялі з кузінаю пра арыстакратыю?.. Пераканаў яе пан, што гэта зброд?..

– Не! Панна Ізабэла надта добра бароніць свае ідэі. Як яна хораша гаварыла!.. – адказаў Вакульскі, стараючыся схаваць сваё хваляванне.

– Яна, мусіць, казала пану, што арыстакратыя клапоціцца пра навуку і мастацтва, што без яе не было б добрых манер, а яе становішча – тая мэта, да якой імкнуцца дэмакраты і гэткім чынам робяцца шляхетнымі… Скрозь я чую гэтыя аргументы. Хоць вушы затыкай.

– Пан сам, аднак, верыць у чысціню крыві, – адказаў Вакульскі, якому зрабілася прыкра.

– Вядома… Але тую чыстую кроў трэба няспынна асвяжаць, бо іначай яна хутка псуецца, – адказаў Ахоцкі. – Ну, але дабранач пану. Пабачу, што там кажа анероід, бо ў барона ломіць косці, дык заўтра можа быць вільготнае надвор’е.

Ледзь выйшаў Ахоцкі, як у пакоі Вакульскага з’явіўся барон. Ён кашляў, быў узрушаны, але ўсміхаўся.

– А… цудоўна! – прамовіў ён, але павекі ў яго нервова задрыжалі. – А… цудоўна… здрадзіў мне пан… пакінуў пан маю нарачоную ў парку адну… Я жартую… жартую, – дадаў ён, паціскаючы Вакульскаму руку. – Але… Праўда, мог мець да пана прэтэнзіі, але вярнуўся я досыць хутка і… акурат сутыкнуўся з панам Старскім, які ішоў з іншага канца алеі…

Вакульскі ўжо другі раз за гэты вечар пачырванеў, як падлетак.

“Чаго я ўблытаўся ў гэтыя інтрыгі ды хлусню!” – падумаў ён, усё яшчэ раздражнёны словамі Ахоцкага.

Барон адкашляўся і правіў далей прыцішаным голасам:

– Няхай пан, аднак, не думае, што я раўную нарачоную… Было б гэта вельмі нізка з майго боку… Гэта не кабета, гэта анёл, якому ў любы момант даверыў бы я ўвесь маёнтак, жыццё… Што я кажу, жыццё?.. Склаў бы ў яе рукі жыццё вечнае, і быў бы спакойны ды ўпэўнены, як у тым, што заўтра сонца ўзыдзе… Сонца я магу і не ўбачыць, Божа мой, кожны з нас смяротны, але… Але ў ёй я не сумняюся. Няма ў мяне і ценю сумневу, даю пану слова, пане Вакульскі… Уласным вачам бы не верыў, а не толькі падазрэнням каго б там ні было або намёкам… – скончыў ён гучней.

– Але, бачыць пан, – пачаў ён зноў пасля паўзы, – гэты Старскі – мярзотная фігура. Нікому б я таго не сказаў, але… бачыць пан, як ён абыходзіцца з кабетамі?.. Думае пан, што ён усяго толькі ўздыхае, заляцаецца, моліць пра ласкавае слова і поціск рукі?.. Не, ён іх трактуе як самак самым брутальным чынам… Уздзейнічае ім на нервы сваімі размовамі, сваімі позіркамі…

Барон папярхнуўся, вочы яго наліліся крывёю. Вакульскі слухаў яго і раптам з’едлівым тонам сказаў:

– Хто ведае, бароне, можа, Старскі і мае рацыю. Нас вучылі бачыць у кабетах анёлаў, і мы гэтак да іх ставімся. А калі яны, у першую чаргу, самкі, дык мы ў іх вачах выглядаем большымі дурнямі і недарэкамі, чым ёсць, а Старскі мусіць трыумфаваць. Той з’яўляецца гаспадаром касы, хто мае патрэбны ключ да замка, бароне! – скончыў ён і зарагатаў.

– Пан гэта кажа, пане Вакульскі?..

– Я, пане. І не раз узнікала ў мяне пытанне: ці не занадта мы абагаўляем кабет, ці, наогул, не ставімся мы да іх занадта сур’ёзна. Больш сур’ёзна і ўрачыста, чым да саміх сябе…

– Панна Эвеліна выключэнне!.. – закрычаў барон.

– Што існуюць выключэнні, я пярэчыць не буду. Хто ведае, аднак, ці не адкрыў гэты Старскі агульнага правіла.

– Можа быць, – адказаў раззлаваны барон, – але гэта правіла не стасуецца да панны Эвеліны. І калі я аберагаю яе… а хутчэй не жадаю, каб яна мела стасункі са Старскім, бо яна сама не жадае, дык гэта толькі дзеля таго, каб падобны чалавек не скаламуціў яе чыстыя думкі нейкім словам… Ну, але пан стомлены… Перапрашаю за візіт у гэткі неадпаведны час.

Барон выйшаў і ціха зачыніў за сабою дзверы. Вакульскі застаўся адзін, паглыблены ў свае невясёлыя думы.

“Што той Ахоцкі казаў? Нібы ад аргументаў панны Ізабэлы ўжо хоць вушы затыкай? Дык тое, што я чуў, было ў яе не ад узрушанасці, а даўно вывучаным урокам?.. Дык яе довады, захапленне, нават хваляванне – гэта толькі спосаб, з дапамогаю якога добра выхаваныя панны зачароўваюць гэткіх прасцякоў, як я?..

А можа, ён проста закаханы і хоча дыскрэдытаваць яе ў маіх вачах?.. Ну, калі кахае, дык навошта яму дыскрэдытаваць, няхай скажа, а яна няхай абірае… Вядома, Ахоцкі мае болей шанцаў, чым я. Так, я не страціў яшчэ розуму і бачу гэта… Малады, прыгожы, геніяльны… Што ж, няхай абірае: слава ці панна Ізабэла.

Зрэшты, – снаваліся далей яго думкі, – ці мне гэтак важна, што панна Ізабэла ўжывае, часам, тыя самыя аргументы ў дыспутах. Яна не Дух Святы, каб кожны раз казаць нешта новае, і я не аж гэткая асоба, дзеля якой трэба высільвацца на арыгінальнасць. Няхай гаворыць, як хоча…

Галоўнае, што да яе, хіба, не стасуецца агульнае правіла пра кабет… Пані Вансоўская – гэта перадусім прыгожая самка, а яна – не…

Ці не тое самае казаў барон пра сваю панну Эвеліну?..”

Лямпа пачала куродыміць. Вакульскі задзьмуў яе і ўпаў на ложак.

Два наступныя дні ішоў дождж, і госці Заслаўка не выходзілі з дому. Ахоцкі абклаўся кніжкамі і амаль не паказваўся, панна Эвеліна хварэла на мігрэнь, панны Ізабэла і Феліцыя гарталі французскія ілюстраваныя часопісы, а рэшта таварыства на чале са старшынёвай засела за віст.

Пры гэтым Вакульскі заўважыў, што пані Вансоўская замест таго, каб какетнічаць з ім, хоць і былі ўсе ўмовы, паводзіць сябе вельмі абыякава. І яшчэ яго здзівіла, калі яна вырвала руку ў Старскага, які хацеў яе пацалаваць, абразілася ды запатрабавала, каб ён ніколі больш не наважваўся гэтага рабіць. Яе гнеў быў такі шчыры, што Старскі і сам здзівіўся ды збянтэжыўся, а барон, хоць яму і не ішла карта, быў потым у дасканалым гуморы.

– Ці мне таксама не дазволіць пані пацалаваць сваю руку?.. – запытаўся барон праз нейкі час.

– Пану можна, – адказала яна і падала руку.

Барон прыклаўся да яе, як да рэліквіі, з трыумфам пазіраючы на Вакульскага, які падумаў, што яго тытулаванаму прыяцелю, магчыма, рана яшчэ цешыцца.

Старскі гэтак засяроджана глядзеў у свае карты, што, здавалася, не заўважыў таго, што адбылося.

На трэці дзень распагодзілася, а на чацвёрты было ўжо гэтак цёпла і суха, што панна Феліцыя прапанавала пайсці ў грыбы.

Старшынёва загадала ў гэты дзень раней падаць другі сняданак, а абед – пазней. Каля паловы на першую перад палацам стаяла ўжо брычка, і пані Вансоўская дала сігнал сядаць.

– Варта паспяшацца, бо шкада часу… Дзе твой шаль, Эвелінка? Слугі няхай садзяцца ў воз і бяруць кошыкі. А цяпер, – дадала яна і слізганула позіркам па Вакульскім, – кожны з паноў няхай абірае сабе даму…

Панна Феліцыя хацела пратэставаць, але ў гэты момант барон падскочыў да панны Эвеліны, а Старскі – да панны Вансоўскае, якая прыкусіла вусны і прамовіла:

– Я ўжо думала, што пан ніколі мяне не абярэ.

І яна з гневам зірнула на Вакульскага.

– Дык мы, кузінка, будзем трымацца разам, – звярнуўся Ахоцкі да панны Ізабэлы. – Але ў такім разе пані павінна сесці паблізу козлаў, бо я буду правіць.

– Пані Вансоўская не дазваляе, бо пан нас выверне, – закрычала панна Феліцыя, якой лёс прызначыў Вакульскага.

– Чаму не? Няхай правіць, няхай выварочвае… – прамовіла пані Вансоўская. – Я сёння ў такім настроі, што згодная, каб паламалі нам ногі… Бедны той рыжык, што трапіцца мне ў рукі!..

– Я першы з іх, – азваўся Старскі, – калі гаворка пра тое, каб з’есці.

– Чаму не? Калі згодзіцца пан на адсячэнне спачатку галавы, – адказала пані Вансоўская.

– У мяне яе даўно ўжо няма…

– Не даўней, чым я гэта заўважыла… Але сядайма і паехалі.


Загрузка...