XXIII. ЗДАНЬ


Аднойчы, як звычайна, ён прымаў наведнікаў у салоне. Ужо адправіў ягамосця, які прапаноўваў біцца замест яго на двубоях, і другога, што ў якасці нутрамоўцы хацеў адыграць ролю ў дыпламатыі, і трэцяга, які абяцаў паказаць, дзе менавіта пад Беразіною Напалеон І закапаў скарбы, калі лакей у блакітным фраку паведаміў:

– Прафесар Гейст.

– Гейст?.. – паўтарыў Вакульскі і адчуў нешта дзіўнае. Яму падумалася, што жалеза пры набліжэнні магніта павінна мець падобныя пачуцці.

– Прасі…

Праз момант увайшоў чалавек маларослы і сухарлявы, з тварам жоўтым, як воск. На галаве ў яго не было ніводнае сівое валасіны.

“Колькі яму можа быць гадоў?..” – падумаў Вакульскі.

Госць тым часам уважліва глядзеў на яго. Гэтак сядзелі яны хвіліну, можа, дзве, узаемна ацэньваючы адзін аднаго. Вакульскі хацеў вызначыць век прышлага. Гейст, падобна, вывучаў яго.

– Што пан загадае? – азваўся нарэшце Вакульскі.

Госць паварушыўся на крэсле.

– Што я магу загадваць! – адказаў ён, паціскаючы плячыма. – Я прыйшоў жабраваць, а не загадваць…

– Чым магу служыць? – спытаў Вакульскі, бо твар госця падаўся яму надзіва прывабным.

Гейст правёў рукою па галаве.

– Я прыйшоў сюды з адным, – сказаў ён, – але гаварыць буду пра іншае. Хацеў прадаць пану новы выбуховы матэрыял…

– Я не куплю яго, – не даў яму скончыць Вакульскі.

– Не?.. – перапытаў Гейст. – Аднак казалі мне, што панове шукаюць нечага падобнага для флоту. Зрэшты, неістотна… Для пана ў мяне ёсць тое-сёе іншае…

– Для мяне? – запытаўся Вакульскі, уражаны не так словамі, як позіркам Гейста.

– Днямі пан лятаў на прывязаным паветраным балоне, – працягваў госць.

– Так.

– Пан чалавек заможны і абазнаны ў навуках прыродазнаўчых.

– Так, – пацвердзіў Вакульскі.

– І была хвіліна, калі пан хацеў выскачыць з галеры?.. – запытаў Гейст.

Вакульскі адсунуўся разам з крэслам.

– Няхай пан не дзівіцца, – працягваў госць. – Я бачыў за сваё жыццё не менш за тысячу прыродазнаўцаў, а ў лабараторыі ў мяне было чатыры самазабойцы, дык я добра ведаю гэты гатунак людзей… Занадта часта пазіраў пан на барометр, каб не распазнаць прыродазнаўцу, ну а чалавека, які думае пра самазабойства, пазнаюць нават пансіянеркі.

– Чым магу служыць? – яшчэ раз запытаўся Вакульскі, абціраючы пот з твару.

– Каб не казаць шмат, – працягваў Гейст, – пан ведае, што такое арганічная хімія?..

– Гэта хімія вугляродных злучэнняў…

– А што пан думае пра хімію вадародных злучэнняў?..

– Што яе няма.

– Хіба, ёсць, – адказаў Гейст. – Толькі замест эфіраў, тлушчаў, араматычных субстанцый яна дае новыя хімічныя злучэнні… Новыя злучэнні, пане Сюзэн! З вельмі цікавымі ўласцівасцямі.

– Што мне да таго, – глуха прамовіў Вакульскі. – Я купец.

– Пан не купец, а чалавек адчайны, – адказаў Гейст. – Купцы не думаюць пра тое, каб скочыць з паветранага балона… Як толькі я гэта ўбачыў, адразу падумаў: “Гэта мой чалавек…” Але знік пан з маіх вачэй, не паспеў я спусціцца з ганка… Сёння выпадак звёў нас паўторна… Пане Сюзэн, мы мусім пагутарыць пра злучэнні вадароду, калі пан багаты…

– Перадусім я не Сюзэн…

– Якая мне розніца, я толькі шукаю багатага і адчайнага, – адказаў Гейст.

Вакульскі пазіраў на Гейста амаль з трывогаю. У галаве ўспыхвалі пытанні: спрытнюга ці тайны агент? Вар’ят? Можа, і праўда, нейкі дух?..[215] Хто ведае, ці шатан – гэта толькі легенда? Ці не з’яўляецца ён у пэўныя моманты людзям?.. Аднак варта прызнаць, што гэты стары няпэўнага веку высачыў самую таемную думку Вакульскага, які думаў пра самазабойства, але яшчэ так нясмела, што і сам перад сабою не меў адвагі сфармуляваць гэту ідэю.

Госць не спускаў з яго вачэй і ўсміхаўся з лагоднаю іроніяй, а калі Вакульскі адкрыў рот, каб спытацца, той апярэдзіў яго:

– Не хвалюйся, пан… Я ўжо з такой колькасцю людзей гутарыў і пра іх характар, і пра свае адкрыцці, што адразу магу адказаць на ўсе пытанні. Я прафесар Гейст, стары вар’ят, як кажуць ва ўсіх кавярнях паблізу ўніверсітэта і політэхнічнае школы. Колісь называлі мяне вялікім хімікам, пакуль… не выйшаў я за межы прынятага на сённяшні дзень погляду на хімію. Пісаў я даклады, рабіў адкрыцці – сам або разам з маімі супрацоўнікамі, якія нават сумленна дзяліліся са мною прыбыткам. Але з таго часу, як я адкрыў з’явы, якім не знайшлося месца ў гадавіках Акадэміі, прызналі мяне не толькі вар’ятам, але ерэтыкам і здраднікам…

– Тут, у Парыжы? – ціха спытаў Вакульскі.

– Анягож! – зарагатаў Гейст. – Тут, у Парыжы. У нейкім Альтдорфе або Неўстадзе ерэтыкам і здраднікам лічыцца той, хто не верыць пастарам і Бісмарку, а таксама – у дзесяць запаветаў і прускую канстытуцыю. Тут можна кпіць і з Бісмарка, і з канстытуцыі, затое пад пагрозаю адступніцтва трэба верыць у табліцу множання, тэорыю хвалістага руху, у пастаянства ўдзельнае вагі і г. д. Пакажы мне, пан, горад, дзе не заціскалі б розум нейкімі догмамі, і я зраблю яго сталіцаю свету і калыскаю будучага чалавецтва…

Вакульскі ачомаўся, ён быў упэўнены, што мае справу з маньякам.

Гейст глядзеў на яго і ўсміхаўся.

– Я скончу, пане Сюзэн, – працягваў ён. – Я зрабіў вялікія адкрыцці ў хіміі, стварыў новую навуку, вынайшаў невядомыя прамысловыя матэрыялы, пра якія не маглі і марыць да мяне. Але… не хапае мне яшчэ некалькіх надзвычай важных фактаў, а ўжо скончыліся грошы. Чатыры капіталы ўтапіў я ў свае доследы, выкарыстаў дзясяткі чалавек, а сёння трэба мне новы капітал і новыя людзі…

– Адкуль у пана гэткі давер да мяне? – пытаў Вакульскі ўжо спакойна.

– Гэта проста, – адказаў Гейст. – Пра тое, каб забіцца, думае вар’ят, банкрут або чалавек варты, які не знаходзіць сабе месца на свеце.

– Адкуль пан ведае, што я не латруга?

– А пан адкуль ведае, што конь не карова? – адказаў Гейст. – Падчас маіх вымушаных вакацый, якія, на жаль, цягнуцца па некалькі гадоў, я займаюся заалогіяй і спецыяльна вывучаю чалавечы від. У адной толькі той форме, што з дзвюма рукамі, я адкрыў больш за дзесяць жывёльных тыпаў, пачынаючы з вустрыцы ды гліста і сканчаючы савою ды тыграм. Скажу табе нават больш. Я адкрыў, што існуюць гібрыды гэтых тыпаў: крылатыя тыгры, змеі з сабачымі галовамі, сокалы ў чарапашых панцырах, зрэшты, гэта ўжо прадчувала фантазія геніяльных паэтаў. І ва ўсім гэтым звярынцы, сярод быдла альбо монстраў сям-там можна знайсці сапраўднага чалавека, істоту з розумам, сэрцам і энергіяй. Пан Сюзэн, несумненна, мае рысы чалавечыя, таму я гэтак адкрыта размаўляю з панам. Ты адзін – на дзесяць, можа, на сто тысяч….

Вакульскі зморшчыўся. Гейст выбухнуў:

– Што? Можа, ты думаеш, пан, што я ліслівасцю хачу выдурыць пару франкаў?.. Заўтра я зноў прыйду да пана, і тады сам пераканаешся ў сваёй цяперашняй недальнабачнасці і несправядлівасці…

Ён ускочыў з крэсла, але Вакульскі стрымаў яго.

– Не гневайся, прафесар, – сказаў ён, – я не хацеў пана абразіць. Але ў мяне тут амаль штодня візіты розных блазнаў…

– Заўтра я пераканаю пана, што я ані блазан, ані вар’ят, – адказаў Гейст. – Я пакажу табе нешта такое, што бачыла не больш за шэсць ці сем чалавек, якія… ужо памерлі… О, каб яны былі жывыя!.. – уздыхнуў ён.

– Чаму ж толькі заўтра?

– Таму што я жыву далёка адсюль, і ў мяне няма на фіякр.

Вакульскі працягнуў яму руку.

– Не абразішся, пан прафесар, – запытаўся ён, – калі…

– Калі дасі мне на фіякр?.. Не. Я ж адразу сказаў, што жабрак, і хто ведае, ці не самы ўбогі ў Парыжы.

Вакульскі працягнуў яму сто франкаў.

– Не варта, – усміхнуўся Гейст. – Хопіць і дзесяць… Пабачым, можа, ты мне заўтра дасі сто тысяч… Шмат у цябе грошай?

– Каля мільёна франкаў.

– Мільён! – паўтарыў Гейст, хапаючыся за галаву. – Праз дзве гадзіны я вярнуся. Раптам я стану табе гэткім жа патрэбным, як ты мне…

– У такім выпадку, можа, прафесар зробіць ласку – адразу ў мой нумар, на трэці паверх… Гэта памяшканне афіцыйнае…

– Добра, добра, на трэці паверх… Праз дзве гадзіны я буду, – адказаў Гейст і шпарка выбег з пакоя.

Праз момант паказаўся Жумар.

– Знудзіў, пэўна, пана стары? – спытаў ён у Вакульскага.

– Што ён за чалавек? – абыякава пацікавіўся Вакульскі.

Жумар скрывіў губы.

– Вар’ят ён, але яшчэ ў пару майго студэнцтва быў вялікім хімікам. Нешта там адкрыў. Падобна, мае нават некалькі незвычайных экземпляраў, але…

Ён пастукаў пальцам сабе па лбу.

– Чаму называюць яго вар’ятам?

– Нельга іначай назваць чалавека, – адказаў Жумар, – які лічыць, што ўдасца яму зменшыць удзельную вагу целаў. Або толькі металаў, я забыўся…

Вакульскі развітаўся з ім і пайшоў у свой нумар.

“Што ж гэта за дзіўны горад, – думаў ён, – дзе можна сустрэць шукальнікаў скарбаў, наёмных абаронцаў гонару, элегантных дам, якія самі гандлююць таямніцамі, кельнераў, якія разважаюць пра хімію, і хімікаў, якія хочуць зменшыць удзельную вагу целаў…”

А пятай у нумары з’явіўся Гейст. Быў ён усхваляваны і замкнуў за сабою дзверы на ключ.

– Пане Сюзэн, – пачаў ён, – мне вельмі важна, каб мы зразумелі адзін аднаго… Скажы мне, ці ёсць у цябе нейкія абавязкі: жонка, дзеці?.. Што праўда, не падобна на тое…

– Я не маю нікога.

– А грошы маеш? Мільён…

– Амаль.

– Скажы мне яшчэ, – працягваў Гейст, – чаму ты думаеш пра самазабойства?..

Вакульскі страпянуўся.

– Гэта быў момант, – адказаў ён. – Закружылася ў мяне галава на паветраным балоне…

Гейст паківаў галавою.

– Грошы маеш, – мармытаў ён. – Славы, прынамсі, да гэтага часу не шукаў… Тут мусіць быць кабета!.. – выгукнуў ён.

– Магчыма, – адказаў Вакульскі, вельмі збянтэжаны.

– Так, кабета! – сказаў Гейст. – Гэта кепска. Ніколі нельга ведаць, што яна зробіць і куды завядзе… У кожным разе, слухай… – ён пільна глядзеў у вочы Вакульскаму. – Калі наступны раз прыйдзе табе ахвота паспрабаваць… Разумееш?.. Не забівайся, а прыйдзі лепш да мяне…

– Можа, я і зараз ужо прыйду… – адказаў Вакульскі, не падымаючы вачэй.

– Не зараз! – хутка адказаў Гейст. – Кабеты ніколі не даводзяць людзей да пагібелі адразу. Ці ты ўжо цалкам разлічыўся з тою асобаю?..

– Мне так здаецца.

– Ага! Толькі здаецца. Гэта кепска. На ўсялякі выпадак запомні параду. У маёй лабараторыі вельмі лёгка можна загінуць. Ды яшчэ як!..

– Прынёс нешта пан прафесар? – спытаў у яго Вакульскі.

– Кепска, кепска, – мармытаў Гейст. – Мушу шукаць купца на мой выбуховы матэрыял. А я думаў, што мы паразумеемся…

– Спачатку пакажы, пан, што прынёс? – спыніў яго Вакульскі.

– Сапраўды… – адказаў Гейст і дастаў з кішэні сярэдняга памеру скрыначку. – Зірні, – прапанаваў ён, – за што тут людзей называюць вар’ятамі!..

Скрыначка была бляшаная, замкнёная вельмі старанна. Гейст па чарзе раскручваў штыфты, якія знаходзіліся ў розных месцах, кідаючы на Вакульскага быстрыя і недаверлівыя позіркі. Раз ён нават завагаўся і зрабіў такі рух, нібы хацеў схаваць скрыначку, але перадумаў, раскруціў яшчэ пару штыфтаў, і вечка адскочыла.

У гэты момант ён зазнаў чарговую атаку падазронасці. Стары кінуўся на канапу, схаваў скрыначку за спіну і трывожна забегаў вачыма па пакоі.

– Недарэчнасць я раблю!.. – мармытаў ён. – Што за нонсенс – рызыкаваць усім дзеля першага сустрэчнага з вуліцы…

– Не давярае мне пан?.. – запытаўся не менш за яго ўзрушаны Вакульскі.

– Я нікому не давяраю, – рэзка адказаў стары. – Бо якую мне хто дасць гарантыю?.. Клятву ці слова гонару?.. Я занадта стары, каб верыць у клятвы… Толькі агульная справа неяк засцерагае ад самай подлай здрады, і тое не заўсёды…

Вакульскі паціснуў плячыма і сеў на крэсла.

– Я не прымушаю пана, – сказаў ён, – дзяліцца сваімі клопатамі. У мяне і сваіх досыць.

Гейст не зводзіў з яго вачэй, але паступова супакойваўся. Нарэшце азваўся:

– Падсунься да стала… Зірні. Што гэта?

Ён паказаў металічны шарык цёмнага колеру.

– Здаецца, гэта друкарскі сплаў[216].

– Вазьмі ў руку…

Вакульскі ўзяў шарык і здзівіўся, які той быў цяжкі.

– Гэта плаціна, – сказаў ён.

– Плаціна? – перапытаў Гейст з іранічнаю ўсмешкаю. – Вось плаціна…

І падаў яму гэткага ж памеру плацінавы шарык.

Вакульскі перакладаў абодва з рукі ў руку. Здзіўленне яго расло.

– Гэты, хіба, удвая цяжэйшы за плаціну?.. – ціха сказаў ён.

– Так, так!.. – рагатаў Гейст. – Адзін з маіх акадэмічных прыяцеляў нават назваў гэта “кампрэсаванай плацінай”… Добры выраз, праўда? На азначэнне металу, удзельная вага якога складае 30,7… Яны так заўсёды. Як толькі атрымаецца ў іх знайсці назву нечаму новаму, адразу кажуць, што растлумачылі гэта згодна з прынцыпамі ўжо вядомых законаў прыроды. Найцудоўнейшыя аслы… самыя мудрыя з усіх, што раяцца ў гэтак званым чалавецтве… А гэта пазнаеш?

– Ну, гэта шкляны брусочак, – адказаў Вакульскі.

– Ха-ха-ха!.. – рагатаў Гейст. – Вазьмі ў руку, прыгледзься… Цікавае шкло, праўда?.. Цяжэйшае за жалеза, з зярністым сколам, цудоўны праваднік цяпла і электрычнасці, яго можна стругаць… Як праўдзіва гэтае шкло ўдае метал, праўда?.. Можа, хочаш яго награваць або каваць молатам?..

Вакульскі працёр вочы. Не было сумневу, што такога шкла яшчэ ніхто на свеце не бачыў.

– А гэта?.. – спытаў Гейст, паказваючы яму іншы кавалак металу.

– Гэта, хіба, сталь.

– Не натрый і не калій?.. – пытаў Гейст.

– Не.

– Вазьмі ж у рукі гэтую сталь…

Тут ужо здзіўленне Вакульскага перарасло ледзь не ў страх: гэтая так званая сталь была лёгкая, як шматок тонкае паперы.

– У сярэдзіне, хіба, пуста?..

– Дык разрэж гэты брусочак, а калі няма чым, прыязджай да мяне. Пабачыш нашмат больш дзівосаў і зможаш рабіць з імі доследы, якія захочаш.

Вакульскі па чарзе разглядаў метал, што быў цяжэйшы за плаціну, другі – празрысты, трэці – лягчэйшы за пух… Пакуль ён трымаў іх у руках, яны здаваліся яму рэчамі самымі звычайнымі на свеце, бо ці ёсць нешта больш звычайнае, чым прадмет, які ўздзейнічае на органы пачуццяў? Але варта было аддаць узоры Гейсту, брала верх здзіўленне і недавер, здзіўленне і страх. Дык ён зноў аглядаў іх, круціў галавою, верыў і сумняваўся.

– Ну што? – спытаў Гейст.

– Ці паказваў пан гэта хімікам?

– Паказваў.

– І што яны?

– Агледзелі, пахіталі галовамі і сказалі, што гэта ашуканства і махінацыі, якімі сур’ёзная навука займацца не будзе.

– Як? Нават не рабілі доследаў? – спытаў Вакульскі.

– Не. Некаторыя з іх наўпрост казалі, што, маючы выбар паміж гвалтам над “законамі прыроды” і недаверам ўласным органам пачуццяў, лічаць за лепшае не давяраць адчуванням. Да таго ж, казалі яны, ад доследаў з падобнымі махлярствамі можна з’ехаць з глузду, і рашуча адмовіліся ад даследаванняў.

– Пан нідзе не паведамляе пра гэта?

– І не думаю. Наадварот, гэтая бяссільнасць мазгоў дае мне найлепшую гарантыю ў забеспячэнні таямніцы маім адкрыццям. Іначай бы іх перахапілі, раней ці пазней дадумаліся б, што з гэтым рабіць, і вынайшлі б тое, чаго я не хацеў ім даць…

– А менавіта?.. – удакладніў Вакульскі.

– Знайшлі б метал, лягчэйшы за паветра, – спакойна адказаў Гейст.

Вакульскі ўпаў на крэсла, хвіліну абодва маўчалі.

– Чаму ж пан хавае ад людзей той трансцэндэнтальны метал? – азваўся, нарэшце, Вакульскі.

– З розных прычын, – адказаў Гейст. – Найперш, я хачу, каб гэты прадукт выйшаў толькі з маёй лабараторыі, хоць бы нават і не я сам яго атрымаў. А па-другое, падобны матэрыял, які зменіць свет, не можа стаць уласнасцю гэтак званага цяперашняга чалавецтва. Зашмат няшчасцяў нарабілася на зямлі з-за неабачлівых адкрыццяў.

– Я не разумею пана.

– Дык паслухай, – працягваў Гейст. – У гэтак званым чалавецтве прыблізна на дзесяць тысяч валоў, бараноў, тыграў і гадаў, якія маюць чалавечую постаць, прыходзіцца ледзьве адзін чалавек. Так было заўсёды, нават у крэмніевую эпоху. І на гэткае чалавецтва цягам стагоддзяў спадалі розныя вынаходніцтвы. Бронза, жалеза, порах, магніт, друк, паравыя машыны і электрычныя тэлеграфы траплялі без разбору ў рукі геніяў і ідыётаў, людзей высакародных і бандытаў… Які вынік?.. А такі, што бязмозгасць і злачыннасць, атрымліваючы ўсё больш магутныя прылады, памнажаліся і ўзмацняліся, замест таго, каб паступова знікаць. Я, – працягваў Гейст, – не хачу паўтараць гэту памылку і, калі ўжо вынайду метал, лягчэйшы за паветра, дык аддам яго толькі сапраўдным людзям. Няхай яны хоць раз атрымаюць зброю выключна для сябе, няхай іх раса памнажаецца і ўзмацняецца, а звяры і монстры ў чалавечым абліччы няхай паступова выміраюць. Калі англічане мелі права пазбавіцца ад ваўкоў на сваёй выспе, дык і сапраўдны чалавек мае права пазбавіць зямлю хаця б ад тыграў, якія выдаюць сябе за людзей…

“Аднак і бзік жа ў яго,” – падумаў Вакульскі.

А ўголас ён сказаў:

– Дык што пану перашкаджае выканаць гэты намер?

– Няма грошай і памочнікаў. Для завяршэння адкрыцця трэба зрабіць яшчэ каля васьмі тысяч доследаў. Лёгка можна падлічыць, што аднаму давялося б працаваць дваццаць гадоў. А чатыры чалавекі зрабілі б гэта цягам пяці або шасці гадоў…

Вакульскі падняўся з крэсла і задумліва пачаў хадзіць па нумары. Гейст не спускаў з яго вачэй.

– Дапусцім, – азваўся Вакульскі, – што я мог бы даць пану грошы і аднаго, нават… двух памочнікаў… Але дзе доказ, што металы пана не з’яўляюцца нейкаю хітраю містыфікацыяй, а надзеі пана – не ілюзіі?

– Прыходзь да мяне, паглядзі, што там ёсць, зрабі сам некалькі доследаў і пераканаешся. Іншага спосабу я не бачу, – адказаў Гейст.

– І калі можна прыйсці?..

– Калі хочаш. Дай мне толькі франкаў пятнаццаць, бо няма за што купіць патрэбных прэпаратаў. А вось мой адрас, – працягнуў Гейст брудную паперчыну.

Вакульскі ўручыў яму трыста франкаў. Стары спакаваў свае экзэмпляры, замкнуў скрыначку і сказаў на развітанне:

– Напішы мне ліст за дзень да таго, як захочаш прыйсці. Я амаль увесь час сяджу дома, выціраючы пыл з маіх рэтортаў!..

Калі Гейст пайшоў, Вакульскі быў нібы ачмурэлы. Ён пазіраў то на дзверы, за якімі знік хімік, то на стол, дзе хвіліну таму ляжалі тыя звышнатуральныя рэчы, то зноў хапаў сябе за галаву, сціскаў рукі, моцна стукаў абцасамі, ходзячы па пакоі, каб пераканацца, што яму гэта не прымроілася, што ён не спіць.

“Але ж факт, – думаў ён, – гэты чалавек паказаў мне нейкія два матэрыялы: адзін цяжэйшы за плаціну, а другі значна больш лёгкі за натрый. Нават заявіў, што шукае метал, лягчэйшы за паветра!..”

– Каб у гэтым не было прыкмет нейкага незразумелага ашуканства, – прамовіў ён уголас, – ужо меў бы я ідэю, дзеля якое варта прыгаварыць сябе на гады няволі. Не толькі знайшоў бы самазабыццё ў працы і здзяйсненне самых смелых мараў маладосці, але яшчэ бачыў бы перад сабою мэту, вышэйшую за ўсе тыя, да якіх імкнуўся калі-небудзь чалавечы дух. Пытанне паветранага флоту было б вырашана, чалавек атрымаў бы крылы.

І зноў ён паціскаў плячыма, разводзіў рукі і мармытаў:

– Не, гэта немагчыма!..

Цяжар новае праўды або новых ілюзій гэтак яго прыгнятаў, што ён адчуў неабходнасць расказаць камусьці пра гэта, хоць бы і не ўсё. Дык ён збег на другі паверх у парадную залу прыёмаў і паклікаў Жумара.

Якраз у той момант, калі ён разважаў, як пачаць незвычайную размову, Жумар сам яму дапамог, бо як толькі з’явіўся ў зале, адразу з далікатнаю ўсмешкаю прамовіў:

– Стары Гейст вельмі жвава выбег ад пана. Пераканаў ён пана або наадварот?..

– Ну, размовамі ніхто нікога не пераканае, толькі фактамі, – адказаў Вакульскі.

– Дык былі і факты?..

– Пакуль толькі заяўлена пра іх… Скажы мне, аднак, – працягваў Вакульскі, – што б ты думаў, каб Гейст паказаў табе метал, па ўсіх прыкметах падобны да сталі, але ў два або ў тры разы лягчэйшы за ваду?.. Каб падобны матэрыял ты бачыў на ўласныя вочы і трымаў ва ўласных руках?..

Усмешка Жумара ператварылася ў нейкую іранічную грымасу.

– Што ж мне сказаць, Божа мілы, апроч таго, што прафесар Пальмеры яшчэ лепшыя цуды паказвае за пяць франкаў з чалавека…

– Што гэта за Пальмеры? – няўцямна запытаўся Вакульскі.

– Прафесар магнетызму, – адказаў Жумар, – знакаміты чалавек… Жыве ён у нашым гатэлі і тры разы на дзень праводзіць гіпнатычныя сеансы ў зале, дзе можа змясціцца не менш за шэсцьдзясят чалавек… Зараз восьмая, якраз пачынаецца вечаровы паказ. Калі пан жадае, мы можам пайсці, у мяне ўваход дармовы…

Моцная чырвань заліла не толькі твар Вакульскага, але і лоб, і шыю.

– Хадзем, – сказаў ён, – да таго прафесара Пальмеры.

А сам падумаў:

“Дык той вялікі мысляр Гейст – ашуканец, а я – дурань, які плаціць трыста франкаў за відовішча, вартае пяці франкаў… Як жа ён мяне падлавіў!..”

Яны падняліся на трэці паверх у салон гэтак жа багата ўпрыгожаны, як і ўсе іншыя ў гэтым гатэлі. Большая яго частка была ўжо запоўнена гледачамі – старыя і маладыя, кабеты і мужчыны – усе былі элегантна апранутыя і вельмі зацікаўленыя прафесарам Пальмеры, які скончыў якраз кароткую ўступную лекцыю пра магнетызм. Быў гэта мужчына сярэдняга веку, маршчыністы брунет з кудлатаю барадою і выразнымі вачыма. Ён быў у атачэнні двух прыгожых кабет і некалькіх маладых мужчын са зняможанымі ды апатычнымі тварамі.

– Гэта медыумы, – прашаптаў Жумар. – На іх Пальмеры дэманструе свае штукі.

Відовішча, якое працягвалася каля дзвюх гадзін, заключалася ў тым, што Пальмеры з дапамогаю зроку пагружаў у сон сваіх медыумаў, але такім чынам, што тыя маглі хадзіць, адказваць на пытанні і выконваць розныя загады. Апроч таго, асобы ў гіпнатычным сне, згодна з яго загадамі, выяўлялі або нязвыклую сілу мускулаў, або яшчэ больш нязвыклую нячуласць ці, наадварот, звышадчувальнасць.

З-за таго, што Вакульскі, які першы раз бачыў падобную з’яву, не хаваў сваёй недаверлівасці, Пальмеры запрасіў яго ў першы рад крэслаў. Тут Вакульскаму хапіла некалькіх доследаў, каб пераканацца, што з’явы, якія ён бачыць, не з’яўляюцца ашуканствам, але палягаюць на нейкіх невядомых уласцівасцях нервовае сістэмы.

Але найбольш зацікавілі і нават уразілі яго два доследы, якія мелі пэўную сувязь з яго ўласным жыццём. Яны заключаліся ва ўнушэнні медыумам таго, што не існавала.

Аднаму з загіпнатызаваных Пальмеры падаў корак ад графіна, кажучы, што дае яму ружу. У гэты момант медыум пачаў нюхаць корак, паказваючы вялікае задавальненне.

– Што, пан, робіш? Гэта ж асафетыда[217].

І медыум адразу ж з гідлівасцю адкінуў корак, выціраючы рукі ды наракаючы, што яны смярдзяць.

Іншаму ён падаў насоўку і як толькі сказаў, што насоўка важыць сто фунтаў, загіпнатызаваны сагнуўся, задрыжаў і пачаў патнець пад яе цяжарам.

Вакульскага таксама кінула ў пот ад гэтага.

“Цяпер мне зразумелая, – падумаў ён, – таямніца Гейста. Ён мяне загіпнатызаваў…”

Але сапраўдны боль ён адчуў, калі Пальмеры загіпнатызаваў нейкага маладзёна, а потым абматаў ручніком шуфлік на вугаль і ўнушыў медыуму, што гэта маладая і прыгожая кабета, якую той кахае. Загіпнатызаваны абдымаў і цалаваў шуфлік, кленчыў перад ім і пазіраў на яго вельмі чулліва. Калі шуфлік засунулі пад канапу, ён палез за ім на карачках, як сабака, і адапхнуў ажно чатырох дужых мужчын, якія хацелі яго затрымаць. А калі, нарэшце, Пальмеры схаваў шуфлік, кажучы, што яна памерла, малады чалавек зазнаў гэткае роспачы, што качаўся па падлозе і біўся галавою аб сцяну.

У гэты момант Пальмеры падзьмуў яму на вочы, і малады чалавек абудзіўся са слязьмі на вачох сярод апладысментаў ды рогату прысутных.

Вакульскі ўцёк з залы моцна ўсхваляваны.

“Дык усё падман!.. Гэтак званыя адкрыцці Гейста і яго розум, маё шалёнае каханне і нават яна… Яна – толькі ілюзія зачараваных пачуццяў… Адзіная рэчаіснасць, якая не здраджвае і не падманвае, – гэта, напэўна, смерць…”

Ён выскачыў з гатэля на вуліцу, забег у кавярню і загадаў падаць каньяку. Тым разам ён выпіў паўтара графінчыкі, а пакуль піў, думаў, што гэты Парыж, у якім ён знайшоў столькі мудрасці, ілюзій ды расчаравання, стане, хіба, яго магілаю.

“Чаго яшчэ мне чакаць?.. Чаго я не ведаю?.. Калі Гейст – звычайны ашуканец, а шуфлік на вугаль можна кахаць так, як я яе, дык што мне застаецца?..”

Ён вярнуўся ў гатэль размораны каньяком і заснуў не распранаючыся. А калі прачнуўся а восьмай раніцы, першая яго думка была:

“Несумненна, Гейст з дапамогаю магнетызму ашукаў мяне з тымі металамі. Але… хто загіпнатызаваў мяне, калі я згубіў галаву ад тае кабеты?..”

Раптам яму цюкнула ў галаву, што можна тое-сёе даведацца ў Пальмеры. Ён хутка пераапрануўся і спусціўся на трэці паверх.

Майстар таямнічага мастацтва ўжо чакаў гасцей. Але гасцей яшчэ не было, і таму ён ахвотна прыняў Вакульскага, аднак спачатку ўзяў дваццаць франкаў за нараду.

– Ці кожнаму пан можа ўнушыць, – спытаў Вакульскі, – што шуфлік на вугаль – гэта кабета, а хустка важыць сто фунтаў?

– Кожнаму, каго я здолею загіпнатызаваць.

– Дык прашу загіпнатызаваць мяне і паўтарыць са мною штуку з хусткаю.

Пальмеры пачаў сваю практыку. Ён узіраўся Вакульскаму ў вочы, датыкаўся яму да ілба, расціраў рукі ад ключыц да далоняў… Нарэшце, ён з непамыснасцю адступіў.

– Пан не медыум, – сцвердзіў ён.

– А каб у маім жыцці быў выпадак, такі самы, як у таго ягамосця з хусткаю? – спытаў Вакульскі.

– Гэта немагчыма, пана нельга загіпнатызаваць. Зрэшты, каб пан быў загіпнатызаваны і меў ілюзію, што хустка важыць сто фунтаў, дык пасля абуджэння не памятаў бы пра гэта.

– Пан упэўнены, што ніхто іншы не здольны загіпнатызаваць мяне больш спраўна?

Пальмеры абразіўся.

– Няма лепшага гіпнатызёра за мяне! – закрычаў ён. – Зрэшты, і я пана загіпнатызую, але давядзецца працаваць некалькі месяцаў… Гэта будзе каштаваць дзве тысячы франкаў. Я не збіраюся дарма траціць свае флюіды…

Вакульскі выйшаў ад гіпнатызёра вельмі незадаволены. Ён не сумняваўся, што панна Ізабэла магла зачараваць яго, прынамсі, у яе было досыць часу, але Гейст загіпнатызаваць яго цягам некалькіх хвілін не мог. Да таго ж, Пальмеры сцвярджаў, што загіпнатызаваны не памятае сваіх уяваў, а ён памятаў кожную драбніцу візіту старога хіміка.

Значыць, калі Гейст яго не загіпнатызаваў, ён не ашуканец. Дык яго металы існуюць і… адкрыццё металу, лягчэйшага за паветра, магчымае.

“Які горад! – думаў ён. – Цягам аднае гадзіны я атрымаў тут больш уражанняў, чым у Варшаве за ўсё жыццё… Які горад!”

Некалькі дзён Вакульскі быў вельмі заняты.

Перадусім ад’язджаў Сузін, які купіў каля двух дзясяткаў караблёў. Абсалютна легальны прыбытак з гэтае аперацыі быў вялікі, такі вялікі, што частка, якая належала Вакульскаму, пакрыла выдаткі, зробленыя цягам апошніх месяцаў у Варшаве.

За некалькі гадзін да развітання Сузін з Вакульскім снедалі ў парадным нумары і, вядома, у іх зайшла гаворка пра прыбыткі.

– Шанцуе табе, як у казцы, – заўважыў Вакульскі.

Сузін глынуў шампанскага, сашчапіў на жываце рукі, аздобленыя пярсцёнкамі, і сказаў:

– Гэта не шанцаванне, Станіславе Пятровічу, гэта мільёны. Ножыкам рэжаш лазу, а сякераю валіш дубы. Хто мае капейкі – і справы робіць на капейкі, і даход мае капеечны. Але хто мае мільёны, будзе мець даходы на мільёны. Рубель, Станіславе Пятровічу, як заезджаная каняка, некалькі гадоў мусіш чакаць, пакуль яна ажарэбіцца новым рублём. А мільён дае прыплод, як свінаматка, кожны год прыносіць яшчэ некалькі. За два, за тры гады, Станіславе Пятровічу, і ты збярэш круглы мільёнчык, тады сам пераканаешся, як ганяюцца за ім грошы. Хоць з табою…

Сузін уздыхнуў, зморшчыў бровы і зноў глынуў шампанскага.

– Што ж са мною? – запытаўся Вакульскі.

– А вось што з табою, – адказаў Сузін, – замест таго, каб у такім горадзе займацца сваімі інтарэсамі і сваім гандлем, ты нічога… Швэндаешся з паніклаю або задранаю галавою, свету не бачыш, нават (сорамна сказаць, хрысціянін!) лятаеш на паветраным балоне… Што ж ты, балаганным акрабатам збіраешся стаць, га?.. Ну і нарэшце, скажу я табе, Станіславе Пятровічу, абразіў ты адну вельмі элегантную даму, тую баранесу… А ў яе можна было і ў карты пагуляць, і прыгожых кабет сустрэць, і даведацца шмат чаго. Раю табе, дай ты ёй зарабіць перад сваім ад’ездам, бо як не дасі адвакату рубля, ён у цябе сто выцягне. Гэх, бацюхна ты мой…

Вакульскі слухаў уважліва, Сузін зноў уздыхнуў і працягваў:

– І з чараўнікамі ты радзішся (цьху, нячыстая сіла…), на чым, кажу я табе, не заробіш і гроша, а можаш абразіць Бога.

Нядобра!.. А горш за ўсё, што ты думаеш, нібы ніхто не ведае, чым ты заклапочаны. Тым часам, усе ведаюць, што ты ад нечага маральна пакутуеш, толькі адзін думае, што ты хацеў бы купляць тут фальшывыя банкноты, а іншы дагаворваецца да таго, што хутка збанкрутуеш, калі ўжо не банкрут.

– І ты ў гэта верыш? – спытаў Вакульскі.

– Ай, Станіславе Пятровічу, ужо каму-каму, а табе не варта лічыць мяне дурнем. Ты думаеш, я не ведаю, што тут спрычынілася кабета?.. Ну, кабета – спакуса, і нават іншаму саліднаму чалавеку можа закруціць мазгі. Дык цешся ж і ты, як маеш грошы. А я табе, Станіславе Пятровіч, скажу адно слоўца, хочаш?

– Калі ласка.

– Хто просіць, каб пагалілі яму бараду, не злуецца на драпіны. Вось, галубок, раскажу я табе прыпавесць. Ёсць тут, у Францыі, нейкая цудоўная вада на ўсе хваробы (не памятаю, як завецца). Дык слухай мяне, ёсць такія, што паўзуць туды на каленях, не падымаючы вачэй, а ёсць іншыя – яны тую ваду п’юць без усялякай цырымоніі, нават рот ёю палошчуць… Ах, Станіславе Пятровічу, каб ты ведаў, як той, хто п’е, насміхаецца з таго, хто моліцца… Дык падумай, ці ты не з такіх, а калі з такіх, плюнь на ўсё… Але што з табою?.. Баліць? Праўда… Ну, пакаштуй віна…

– Ты нешта чуў пра яе? – глуха спытаў Вакульскі.

– Клянуся, нічога надзвычайнага я не чуў, – адказаў Сузін і стукнуў сябе ў грудзі. – Купцу трэба крамнікі, а кабеце той, хто будзе перад ёю чалом біць, хоць бы дзеля таго, каб загарадзіць кавалера, які не б’е паклонаў. Гэта натуральна. Толькі ты, Станіславе Пятровічу, не ідзі ў чарадзе, а калі ўжо трапіў у самую яе сярэдзіну, дык падымі галаву. Паўмільёна рублёў капіталу – гэта не лушпінне, з такога купца людзі не павінны насміхацца.

Вакульскі падняўся і сцепануўся, як чалавек, якому зрабілі прыпальванне гарачым жалезам.

“Можа, усё не так, а можа… так!.. – падумаў ён. – А калі так… частку маёнтку аддам шчасліваму каханку, што мяне вылечыў!..”

Ён вярнуўся да сябе і першы раз зусім спакойна пачаў перабіраць у думках усіх, хто ўлягаў за паннаю Ізабэлаю і якіх сам бачыў каля яе, і пра якіх толькі чуў. Прыгадаў ён сабе шматзначныя размовы, пяшчотныя позіркі, шматзначныя намёкі, усе даклады пані Мелітан, усе плёткі, якія круціліся пра панну Ізабэлу сярод захопленай ёю публікі. Нарэшце, ён уздыхнуў свабодна. Здавалася яму, што знайшоў ён тую нітку, якая можа вывесці з лабірынту.

“Выйду з яго, хіба, проста ў майстэрню Гейста”, – падумаў ён, адчуваючы, што запала ў душу першае зерне пагарды.

“Яна мае права, мае поўнае права!.. – мармытаў ён з усмешкаю. – І права выбару таксама, ці нават выбараў… Гэх, якая ж з мяне нягодная жывёліна, а Гейст лічыць мяне чалавекам…”

Пасля ад’езду Сузіна Вакульскі другі раз перачытаў ліст Жэцкага, які атрымаў учора ўвечары. Стары крамнік пра справы пісаў няшмат, затое шмат – пра пані Стаўскую, няшчасную і прыгожую кабету, муж якой недзе прапаў.

“Да смерці абавяжаш ты мяне, – пісаў Жэцкі, – калі нейкім чынам паспрабуеш, нарэшце, высветліць: Людвік Стаўскі жывы ці памёр?”

Потым ішоў пералік дат і мясцовасцяў, дзе зніклы бываў пасля таго, як пакінуў Варшаву.

“Стаўская?.. Стаўская?.. – прыгадваў Вакульскі. – Ведаю! Гэта тая прыгожая пані з дачушкаю, якая жыве ў маім доме… Які дзіўны збег акалічнасцяў, можа, таму і купіў я дом Ленцкіх, каб пазнаёміцца з тою другою?.. Яна мяне не цікавіць, калі я застаюся тут, але чаму ж не дапамагчы, калі Жэцкі просіць… Цудоўна! Маю нагоду зрабіць прэзент баранесе, якую мне гэтак рэкамендаваў Сузін…”

Ён узяў адрас баранесы і паехаў у ваколіцу Сен-Жэрмен.

На падворку дома, дзе яна жыла, была антыкварная крамка. Размаўляючы са швейцарам, Вакульскі кінуў вокам на кніжкі і з радасным здзіўленнем заўважыў экземпляр паэзіі Міцкевіча, якраз таго выдання, якое ён чытаў, калі быў яшчэ крамнікам у Гопфера. Старая вокладка і выцвілая папера абудзілі ўспаміны маладосці.

Ён зараз жа купіў кніжку і гатовы быў цалаваць яе, як рэліквію.

Швейцар, якому гэты франк растапіў сэрца, правёў Вакульскага аж да дзвярэй баранесы, з усмешкаю жадаючы прыемнага баўлення часу.

Вакульскі пазваніў, і на парозе адразу з’явіўся лёкай у пунсовым фраку.

“Ага!” – прамармытаў ён.

У салоне, вядома, была мэбля з пазалотаю, карціны, дываны і кветкі. Праз момант увайшла баранеса з выглядам абражанае асобы, якая гатова, аднак, прабачыць.

І праўда, яна прабачыла. Вакульскі адразу паведаміў мэту свайго візіту, напісаў прозвішча Стаўскага і месцы, дзе той бываў, ды вельмі прасіў, каб баранеса з дапамогаю свах шматлікіх сувязяў знайшла прапалага.

– Гэта магчыма, – адказала велікасвецкая дама, – але… ці не адаб’е ў пана ахвоту кошт?.. Мы мусім звярнуцца да нямецкае паліцыі, англійскае, амерыканскае…

– Дык?..

– Ці гатовы пан выдаткаваць прыклада тры тысячы франкаў?

– Вось чатыры тысячы, – адказаў Вакульскі і падаў чэк, на якім напісаў адпаведную суму. – А калі можна спадзявацца на адказ?..

– Я гэтага не магу ведаць, – адказала баранеса, – можа, праз месяц, можа, праз год. Спадзяюся, аднак, – дадала яна сурова, – у сапраўднасці пошукаў пан не сумняваецца?

– Ніякага сумневу. Таму і пакідаю ў Ротшыльда квіток яшчэ на дзве тысячы франкаў, якія будуць выплачаныя, калі з’явіцца вестка пра гэтага чалавека.

– Пан хутка паедзе?

– О, не. На нейкі час я затрымаюся.

– Ах, захапіўся пан Парыжам!.. – прамовіла баранеса з усмешкаю. – Ён спадабаецца пану яшчэ больш з вокнаў майго салона. Я прымаю кожны вечар.

Яны развіталіся вельмі задаволеныя: баранеса грашыма свайго кліента, а Вакульскі тым, што адным махам выканаў і параду Сузіна, і просьбу Жэцкага.

Цяпер Вакульскі застаўся ў Парыжы зусім адзін, не маючы ніякіх спраў. Зноў ён наведваў выставу, тэатры, хадзіў незнаёмымі вуліцамі, аглядаў прапушчаныя раней музейныя залы… Зноў дзівіўся магутнай сіле Францыі, гармоніі ў пабудове і жыцці мільённага горада, уплыву лагоднага клімату на прыспешанае развіццё цывілізацыі… Зноў піў каньяк, еў дарагія стравы або гуляў у карты ў салоне баранесы, дзе заўсёды прайграваў.

Гэткае баўленне часу выдатна стамляла, але не прыносіла ані кроплі радасці. Гадзіны цягнуліся суткамі, дні не мелі канца, а ночы – спакойнага сну. Хоць і спаў ён моцна, хоць не меў ані прыкрых, ані прыемных сноў, наогул, нібы траціў свядомасць, не мог ён, аднак, пазбыцца пачуцця бясконцае горычы, у якой танула ягоная душа, дарэмна шукаючы дна або берагоў.

“Дайце мне нейкую мэту… або смерць!..” – казаў ён, пазіраючы на неба, а праз момант ужо рагатаў з сябе:

“З кім я размаўляю?.. Хто мяне пачуе ў тым механізме сляпых сіл, цацкаю якога я стаў? Якая страшная доля: не быць ні да чаго прывязаным, нічога не жадаць і гэтак шмат разумець…”

Яму здавалася, што ён бачыць нейкую невымерную фабрыку, адкуль выбягаюць новыя сонцы, новыя планеты, новыя віды істот, новыя народы, а там – людзі і сэрцы, якія рвуць фурыі: надзея, каханне і боль. Якая ж з іх самая горшая? Гэта не боль, бо ён, прынамсі, не падманвае. Але тая надзея, што здольная кінуць тым глыбей, чым вышэй падняла… Але каханне, той матыль, адно крыло якога называецца няпэўнасцю, а другое – падманам…

“Усё адно, – мармытаў ён. – Калі ўжо мусім мы адурманьвацца нечым, дык няма розніцы, чым адурманьвацца. Але чым?”

Тады ў глыбіні змроку, які завецца прыродаю, загараліся перад ім дзве зоркі. Адна свяціла слаба, але пастаянна – гэта быў Гейст ды яго металы, а другая была яскравая, як сонца, і мігатлівая, гэта была яна

“Што выбраць? – думаў ён. – Калі адно сумнеўнае, а другая недаступная і няпэўная. Бо, каб я нават і дасягнуў яе, ці паверу ёй калі-небудзь?.. Ці змог бы паверыць?..”

Ён адчуваў, што набліжаецца хвіліна рашучага змагання паміж яго розумам і сэрцам. Розум цягнуў да Гейста, сэрца – у Варшаву. Ён адчуваў, што хутка мусіць на нечым спыніць свой выбар: або на цяжкай працы, якая вяла да вялікае славы, або – на жарсці, якая абяцала спаліць яго дазвання.

“А калі і адно, і другое – ілюзіі, як той шуфлік або хустка вагою ў сто фунтаў?..”

Ён зноў пайшоў да гіпнатызёра Пальмеры, заплаціў належныя дваццаць франкаў за нараду і пачаў задаваць яму пытанні:

– Дык сцвярджае пан, што мяне немагчыма загіпнатызаваць?

– Як гэта немагчыма? – абурыўся Пальмеры. – Немагчыма адразу, бо пан не з’яўляецца медыумам. Але можна з пана зрабіць медыума, калі не за пару месяцаў, дык за пару гадоў.

“Таму Гейст, дакладна, не атуманіў мяне”, – падумаў Вакульскі.

А ўголас ён запытаўся:

– А кабета, пане Пальмеры, можа магнетызаваць чалавека?

– Не толькі кабета, а нават дрэва, клямка, вада, ну, словам, усё, чаму гіпнатызёр надасць уладу. Я магу сваіх медыумаў магнетызаваць, бадай, шпількаю. Кажу ім, я ў гэту шпільку пераліваю свой флюід, і заснеш, пан, як толькі на яе зірнеш. Дык яшчэ лягчэй мог бы я пераказаць сваю ўладу нейкай кабеце. Абы, вядома, гіпнатызаваная асоба была медыумам.

– І тады я прывязаўся б да тае кабеты, як медыум пана да шуфліка на вугаль?.. – спытаў Вакульскі.

– Самым звычайным чынам, – адказаў Пальмеры, пазіраючы на гадзіннік. Вакульскі пайшоў ад яго і, бадзяючыся па вуліцах, думаў:

“Што да Гейста, дык я амаль упэўнены, што ён не выклікаў у мяне ілюзій з дапамогаю магнетызму. На гэта не хапіла б яму часу. Але што да яе, няма пэўнасці, ці не зачаравала яна мяне гэткім чынам. Часу было дастаткова, але… хто ж зрабіў мяне медыумам?”

Чым больш ён параўноўваў сваё каханне да панны Ізабэлы з пачуццямі большасці мужчын да большасці кабет, тым больш ненатуральным яно здавалася. Бо як можна закахацца ў некага з першага позірку? Альбо як можна шалець за кабетаю, якую бачыш раз на некалькі месяцаў і толькі дзеля таго, каб пераканацца: яна і думаць не думае пра цябе?

“Ну вось, – прамармытаў ён, – рэдкія сустрэчы якраз і зрабілі з яе ідэал. Хто ведае, ці не расчараваўся б я канчаткова, каб пазнаёміўся з ёю бліжэй?”

Дзіўна было, што ад Гейста няма ніякіх вестак.

“Няўжо вучоны хімік узяў трыста франкаў, каб і на вочы мне не паказвацца…” – падумаў ён.

Але яму стала сорамна ад сваіх падазрэнняў.

“Можа, ён хворы?”

Ён узяў фіякр і паехаў па адрасе далёка за гарадскія валы, у ваколіцу Шарантон.

На названай вуліцы фіякр спыніўся перад каменным парканам, за якім віднелася верхняя частка вокнаў і дах.

Вакульскі выйшаў з каляскі і наблізіўся да жалезнае брамкі, пры якой вісеў малаток. Пасля некалькіх удараў брамка нечакана адчынілася, і Вакульскі ўвайшоў на дзядзінец.

Дом быў двухпавярховы і вельмі занядбаны, пра гэта сведчыла цвіль на сценах і павыбіваныя там-сям шыбы ў вокнах. Пасярэдзіне знаходзіліся дзверы, да якіх трэба было падымацца па досыць зруйнаваных прыступках.

Веснічкі глуха стукнулі і замкнуліся, але швейцара, які яе адчыняў, не было відаць, дык Вакульскі спыніўся пасярод дзядзінца. Ён быў здзіўлены і заклапочаны. У гэты момант у акне другога паверха з’явілася нейкая галава ў чырвонай шапцы, і знаёмы голас паклікаў:

– Гэта вы, пане Сюзэн? Добры дзень!

Галава знікла, але адчыненая фортка даводзіла, што гэта была не ілюзія. Нарэшце, праз некалькі хвілін з рыпеннем адчыніліся дзверы, у іх стаяў Гейст. На ім былі падраныя блакітныя порткі, на нагах – драўляныя сандалі, а на плячах – брудны фланелевы каптан.

– Можаш мяне павіншаваць, пане Сюзэн! – сказаў Гейст. – Я прадаў свой выбуховы матэрыял англа-амерыканскай кампаніі ды, здаецца, някепска. Сто пяцьдзясят тысяч франкаў гатоўкі, апроч таго, дваццаць пяць сантымаў з кожнага прададзенага кілаграма.

– Ну, калі так, закіне пан, хіба, свае металы, – з усмешкаю прамовіў Вакульскі.

Гейст зірнуў на яго з паблажліваю пагардаю.

– Гэта, – адказаў ён, – змяніла маё становішча настолькі, што некалькі гадоў мне не трэба ўжо шукаць заможнага супольніка. А што да металаў, якраз я працую над імі, зірні…

Ён адчыніў дзверы налева ад увахода. Перад Вакульскім была вялікая квадратная зала, вельмі халодная. Пасярэдзіне стаяў аграмадны цыліндр, падобны да кадкі, яе стальныя сценкі мелі з локаць таўшчыні і былі ў чатырох месцах сцягнутыя тоўстымі абручамі. Да вечка былі прымацаваныя нейкія апараты. Адзін быў падобны да клапана бяспекі, з-пад якога час ад часу вырывалася воблачка пары і хутка разыходзілася ў паветры, а другі нагадваў манометр, стрэлка якога вагалася.

– Паравы кацёл?.. – спытаў Вакульскі. – Навошта такія тоўстыя сценкі?

– Дакраніся, – прапанаваў Гейст.

Вакульскі дакрануўся і сыкнуў ад болю. На пальцах выскачылі пухіры, але не ад гарачыні, а ад холаду… Кадка была страшэнна халодная, што адчувалася, зрэшты, нават у зале.

– Шэсцьсот атмасфер унутранага ціску, – дадаў Гейст, не зважаючы на апёк Вакульскага, які аж здрыгануўся, калі пачуў гэту лічбу.

– Вулкан, – ціха прамовіў ён.

– Таму я і падгаворваў цябе працаваць у мяне, – адказаў Гейст. – Як бачыш, тут лёгка можа здарыцца аварыя… Хадзем наверх…

– Пан пакіне кацёл без нагляду? – спытаў Вакульскі.

– О, падчас гэтай рабоы не патрэбная нянька, усё робіцца само і нечаканасцяў не будзе.

Наверсе яны апынуліся ў вялікім пакоі з чатырма вокнамі. З мэблі там былі пераважна сталы, застаўленыя рэтортамі, рознымі ёмістасцямі з трубкамі са шкла, парцаляны і нават з волава ды медзі. На падлозе пад сталамі і ў кутках ляжала некалькі артылерыйскіх снарадаў, некаторыя з іх былі з трэшчынамі. Пад вокнамі стаялі невялікія каменныя або медзяныя ночвы, напоўненыя каляровымі вадкасцямі. Уздоўж аднае сцяны цягнулася лава або тапчан, а на ім – вялізная электрычная батарэя.

Вакульскі агледзеўся і каля самых дзвярэй заўважыў жалезную шафу, умураваную ў сцяну, ложак, накрыты дзіраваю коўдраю, з якой вылазіла брудная вата, а пад акном – столік з паперамі і фатэль перад ім, абабіты скураю – парэпанаю і выцертаю.

Вакульскі паглядзеў на старога, абутага ў драўляныя сандалі, як самы ўбогі падзёншчык, потым на яго абстаноўку, якая сведчыла пра ўбоства, і падумаў, што гэты чалавек за свае вынаходніцтвы мог мець мільёны. Але ён выракся іх у імя нейкага будучага дасканала чалавецтва… Яму падалося ў гэты момант, што Гейст падобны на Майсея, які вядзе да абяцанае зямлі яшчэ ненароджаныя пакаленні.

Але стары хімік гэтым разам не адгадаў думак Вакульскага. Ён зірнуў на яго пахмурна і сказаў:

– Што ж, пане Сюзэне, невясёлае тут месца, невясёлая праца?.. Сорак гадоў я так жыву. Гэтыя апараты паглынулі ўжо некалькі мільёнаў, і, можа, таму іх уласнік не мае вольнага часу, не ходзіць на службу і часам не мае чаго есці… Гэта не для пана занятак, – махнуў ён рукою.

– Памыляешся, прафесар, – адказаў Вакульскі. – Зрэшты, у магіле, хіба, не лепш….

– Што тая магіла… бяссэнсіца… сентыментальнасць!.. – прамармытаў Гейст. – У прыродзе няма ані магіл, ані смерці. Ёсць розныя формы існавання. Адны дазваляюць нам быць хімікамі, а іншыя – толькі хімічнымі прэпаратамі. А ўся мудрасць у тым, каб скарыстацца выпадкам, не траціць часу на блазнаванне і нешта зрабіць.

– Вядома, – згадзіўся Вакульскі, – але… Прабач, пан, адкрыцці пана гэткія новыя…

– Я разумею, – перабіў яго Гейст. – Мае адкрыцці гэткія новыя, што… лічыш іх, пан, ашуканствам!.. Не разумнейшымі за цябе выглядаюць і акадэмікі, дык ты ў добрай кампаніі… Ага! Яшчэ раз хочацца табе паглядзець на мае металы, выпрабаваць іх?.. Добра, вельмі добра…

Ён падбег да жалезнае шафы, адамкнуць якую было вельмі няпроста, і па чарзе пачаў даставаць брусочкі металу – цяжэйшага за плаціну, лягчэйшага за ваду, таго празрыстага… Вакульскі разглядаў іх, важыў, падаграваў, каваў, прапускаў праз іх электрычнасць, рэзаў нажніцамі. Гэтыя выпрабаванні занялі некалькі гадзін. У выніку ён, аднак, пераканаўся, што з фізічнага, прынамсі, боку мае дачыненне з сапраўднымі металамі.

Пасля доследаў Вакульскі стомлена ўпаў у фатэль. Гейст схаваў свае экземпляры, замкнуў шафу і з усмешкаю запытаўся:

– Ну, што: факт ці ілюзія?

– Я нічога не разумею, – ціха адказаў Вакульскі, сціскаючы рукамі скроні. – Галава ў мяне трашчыць!.. Метал, у тры разы лягчэйшы за ваду… Неверагодна!..

– Або метал, працэнтаў на дзесяць лягчэйшы за паветра, га?.. – рагатаў Гейст. – Удзельная вага абрынутая… падкоп пад законы прыроды, га?.. Ха-ха-ха!.. Нічога. Законам прыроды, наколькі яны нам вядомыя, нават мае металы нічым не пагражаюць. Пашырыцца толькі наша разуменне ўласцівасцей матэрыялаў ды іх унутранае будовы, ну і пабольшае тэхнічных магчымасцей для людзей.

– А ўдзельная вага? – спытаў Вакульскі.

– Паслухай мяне, – спыніў яго Гейст, – і ты зразумееш, на чым заснавана сутнасць маіх адкрыццяў, хоць і не здолееш іх паўтарыць. Тут няма ані цудаў, ані ашуканства. Тут усё так проста, што зразумець гэта мог бы вучань пачатковае школы.

Ён узяў са стала стальны куб, падаў яго Вакульскаму і запытаўся:

– Вось кубічны дэцыметр, суцэльны, адліты са сталі. Вазьмі яго ў руку. Колькі ён важыць?

– Каля васьмі кілаграм…

Ён падаў яму другі куб, гэткага ж памеру, таксама сталёвы, і запытаўся:

– А гэты колькі важыць?

– Ну, гэты важыць паўкіло… Але ён пусты… – адказаў Вакульскі.

– Дасканала! А гэтая кубічная рашотка са сталёвага дроту колькі важыць? – запытаўся Гейст і падаў яе Вакульскаму.

– Гэтая важыць менш за сто грам…

– Вось бачыш, – выгукнуў Гейст. – Маем мы тры кубы аднолькавага памеру, аднак, рознае вагі. А чаму? Бо ў суцэльным кубе знаходзіцца найбольш малекул сталі, у пустым – іх менш, а ў драцяным – зусім мала. Уяві сабе, што мне ўдалося замест суцэльных малекул пабудаваць рашэцістыя малекулы цел, і ты зразумееш таямніцу адкрыцця. Яна заключаецца ў змене ўнутранае будовы матэрыялаў, што для сучаснае навукі не з’яўляецца навіною. Ну, як?

– Калі бачу ўзоры, я веру, – адказаў Вакульскі, – калі пана слухаю, усё разумею. Але варта мне выйсці адгэтуль…

Ён развёў рукі ў адчаі.

Гейст зноў адамкнуў шафу, пашукаў там і дастаў кавалачак металу, які колерам нагадваў бронзу, падаў яго Вакульскаму і сказаў:

– Вазьмі гэта сабе як амулет супраць сумневаў у маім розуме або цвярозасці майго мыслення. Гэты метал у пяць разоў лягчэйшы за ваду, дык ён будзе нагадваць табе пра наша знаёмства. Пры тым, – дадаў ён з усмешкаю, – ёсць у яго адна цудоўная якасць: ён не баіцца ніякіх хімічных рэчываў… Ён хутчэй знікне, чым здрадзіць мне і выдасць сакрэт… А цяпер ідзі ўжо, пане Сюзэне, адпачні і падумай, што табе рабіць.

– Я прыйду сюды, – ціха сказаў Вакульскі.

– О, не! Не цяпер!.. – адказаў Гейст. – Ты яшчэ маеш рахункі са светам. І ў мяне ёсць грошы на некалькі гадоў, дык я не прыспешваю. Прыйдзеш сюды, калі ў цябе не застанецца ўжо ілюзій…

Ён паспешліва паціскаў яму руку ды папіхаў да дзвярэй. На ганку ён развітаўся з ім яшчэ раз і вярнуўся ў лабараторыю. Калі Вакульскі выйшаў на дзядзінец, брамка ўжо была адчыненая, а як толькі ён прайшоў праз яе да свайго фіакра, яна зачынілася.

Вярнуўшыся ў горад, Вакульскі адразу ж купіў залаты медальён, паклаў туды кавалачак новага металу і павесіў на шыю, як амулет. Ён хацеў прайсціся, але адчуў, што вулічны рух яму непрыемны, таму пайшоў да сябе.

“Чаму мне не вярнуцца? – думаў ён. – Чаму не пайсці працаваць да Гейста?..”

Ён сеў у фатэль і заглыбіўся ва ўспаміны. Бачылася яму крама Гопфера, госці ў залах, якія кпілі з яго, бачыўся ягоны вечны рухавік і мадэль паветранага балона, якім ён намагаўся кіраваць. Бачылася Кася Гопфер, якая высахла ад кахання…

“За працу!.. Чаму ж я не іду працаваць?..”

Яго позірк упаў на стол, дзе ляжаў нядаўна куплены Міцкевіч.

“Колькі разоў ужо чытаў я гэта!..” – уздыхнуў ён і ўзяў кніжку ў рукі. Кніга разгарнулася, і Вакульскі прачытаў:

“Я зрываюся з ложка, бягу стрымгалоў

Куды вочы глядзяць, я ў агні палымнею,

Тваю жорсткасць кляну цэлай лаваю слоў,

Ды цябе толькі ўбачу – раптоўна нямею,

Астываю, раблюся спакойным ізноў,

А пасля зноў гару я і... зноў камянею”[218].

“Цяпер ужо я ведаю, хто мяне гэтак зачараваў…”

Ён адчуў, як набягаюць слёзы, але стрымаўся, і твар застаўся сухі.

“Змарнавалі жыццё маё… Атруцілі два пакаленні! – прашаптаў ён. – Вось вынік вашага сентыментальнага стаўлення да кахання”.

Ён закрыў кнігу і шпурнуў яе ў куток, аж зашамацелі старонкі.

Кніга стукнулася аб сцяну, зачапілася за ўмывальнік і з сумным шамаценнем спаўзла на падлогу.

“Так табе і трэба! Там табе месца… – думаў Вакульскі. – Бо хто ж паказаў мне каханне як святую таямніцу? Хто навучыў мяне пагарджаць звычайнымі кабетамі, а шукаць недасяжны ідэал?.. Каханне – гэта радасць свету, сонца жыцця, вясёлая мелодыя ў пустыні, а ты што з яе зрабіў?.. Жалобны алтар, перад якім галосяць над растаптаным чалавечым сэрцам, як на хаўтурах!”

Потым узнікла ў яго пытанне.

“Калі паэзія атруціла тваё жыццё, дык хто ж атруціў яе самую? І чаму Міцкевіч замест таго, каб весяліцца ды сваволіць, як французскія песняры, умеў толькі тужыць ды адчайвацца?

Бо ён, як і ты, кахаў панну высокага роду[219], якая мусіла стаць узнагародаю не розуму, не працавітасці, не ахвярнасці, нават не геніяльнасці, але… грашам і тытулу…”

“Бедны пакутнік, – шаптаў Вакульскі. – Ты аддаў народу лепшае, што меў, але хіба вінаваты, што, аддаючы яму ўласную душу, разам з ёю пераліў ты і тую пакуту, якою быў прасякнуты сам? Гэта яны вінаватыя ў тваіх, маіх і нашых няшчасцях…”

Ён падняўся з фатэля і з пашанаю сабраў раскіданыя старонкі.

“Мала таго, што яны цябе мучылі, дык мусіш яшчэ адказваць і за іх правіны?.. Гэта яны вінаватыя, што тваё сэрца замест таго, каб спяваць, енчыла, як разбіты звон”.

Ён лёг на канапу і працягваў свае думы:

“Незвычайны край, у якім ужо гэтак даўно жывуць два зусім розныя народы: арыстакратыя і грамадства. Адзін кажа, што ён высакародная расліна, якая мае права высмоктваць усё і з гліны, і з глебы, а той другі – або згаджаецца з дзікімі прэтэнзіямі, або, пакрыўджаны, не мае сілы пратэставаць.

І як усё спрыяла манаполіі аднаго класа і задушэнню ў зародку іншых! Гэткая моцная была вера ў шанаванне роду, што нават сыны рамеснікаў і гандляроў або куплялі гербы, або падшываліся пад нейкія збяднелыя шляхецкія роды.

Ніхто не меў адвагі прызнаць свае ўласныя заслугі. І нават я, дурань, змарнаваў некалькі сотняў рублёў, каб купіць шляхецкі патэнт.

І мне вяртацца?... Навошта? Тут, прынамсі, бачу народ, што выкарыстоўвае ўсе здольнасці, якімі адораны род людскі. Тут кіроўныя пасады не абсела цвіль падазронае старажытнасці, а наперад выходзіць сапраўдная сіла: працавітасць, розум, воля, творчасць, веды і нават – прыгажосць ды спрыт, нават – шчырае пачуцце. Там жа працу ставяць да ганебнага слупа, а трыумфуе распуста! Той, хто зарабіў шмат грошай, носіць найменне скнары, жмінды, выскачкі. Той, хто мантачыць грошы, называецца шчодрым, бескарыслівым, высакародным… Там прастата лічыцца дзівацтвам, ашчаднасці трэба саромецца, вучонасць раўназначная вар’яцтву, сімвал артыстызму – дзіркі на локцях. Там, калі хочаш, каб цябе называлі чалавекам, трэба мець або тытул і маёнтак, або талент уплішчвацца ў вітальні. І мне туды вяртацца?..”

Ён захадзіў па пакоі і пачаў лічыць: “Гейст адзін, я другі, Ахоцкі трэці… Яшчэ дваіх знойдзем. І за чатыры або пяць гадоў зрабілі б мы тыя восем тысяч вопытаў, неабходныя для адкрыцця металу, лягчэйшага за паветра. Ну а тады?.. Што станецца з цяперашнім светам, калі з’явіцца першая лятальная машына без крылаў, без складаных механізмаў, а трывалая, як жалезны карабель?”

Яму здавалася, што вулічны шум за яго вокнамі ўзмацняецца і ахоплівае ўвесь Парыж, усю Францыю і Еўропу. І што галасы людзей зліваюцца ў адзін моцны вокліч: “Слава… Слава… Слава!..”

“З глузду з’ехаў?” – прамармытаў ён.

Ён хутка расшпіліў камізэльку, выцягнуў з-пад кашулі залаты медальён і адчыніў яго. Кавалачак металу, падобны да бронзы і лёгкі, як пух, быў на месцы. Гейст не падманваў яго, дарога да вялікага адкрыцця была разнасцежаная.

“Застаюся! – ціха прамовіў ён. – Ні Бог, ні людзі не прабачаць мне, калі я занядбаю падобны шанец”.

Ужо апусціўся змрок. Вакульскі запаліў газавую лямпу над сталом, дастаў паперу, пяро і пачаў пісаць:

“Мой Ігнацы! Хачу пагаварыць з табою пра вельмі важныя справы, а як у Варшаву я ўжо не вярнуся, дык прашу цябе, каб ты тэрмінова…”

Раптам ён кінуў пяро, нейкая трывога ахапіла яго ад тых слоў, якія ён напісаў: “у Варшаву я ўжо не вярнуся…”

“Чаму ж мне не вярнуцца?..” – ціха запытаўся ён.

“А навошта?.. Можа, каб ізноў спаткаць панну Ізабэлу, зноў страціць энергію?..”

“Мусіш, нарэшце, скончыць з гэтаю дуратою…”

Ён хадзіў і думаў:

“Вось дзве дарогі: адна вядзе да неверагодных рэформаў чалавецтва, а другая – да таго, каб выклікаць сімпатыю ў кабеты і нават, дапусцім, дамагчыся яе. Што выбраць?”

Бо гэта ж факт, што кожны новы і важны матэрыял, кожная новая сіла – гэта чарговы паверх цывілізацыі. Бронза стварыла цывілізацыю класічную, жалеза – сярэднявечча, порах скончыў сярэднявечча, а каменны вугаль пачаў дзевятнаццатае стагоддзе. Чаго тут вагацца? Металы Гейста дадуць пачатак гэткай цывілізацыі, пра якую нельга было і марыць. І хто ведае, ці яны наўпрост не палепшаць чалавечую пароду…

А з другога боку, што ж я маю?.. Кабету, якая ў прысутнасці гэткіх, як я, нуварышаў не пасаромелася б мыцца. Хто я ў яе вачах побач з тымі фарсунамі, якім пустыя размовы, пахвальбы, кампліменты – галоўны сэнс жыцця? Што гэты натоўп, уключна з ёю самою, сказаў бы, каб убачыў Гейста ў рыззі ды ягоныя вялікія адкрыцці? Яны гэткія цёмныя, што нават не здзівіліся б.

Дапусцім, я з ёю ажаніўся б, нарэшце, і што тады?.. Адразу ж у салон нуварыша ўбіліся б усе яўныя і таемныя ахвотнікі да амурных спраў, розныя кузіны, ды немаведама хто яшчэ! І зноў мусіў бы я рабіць выгляд, што не заўважаю іх позіркаў, мусіў бы прыкідвацца глухім, каб не чуць іх кампліментаў, далікатна ўхіляцца ад даверлівых размоў з імі. Пра што?.. Пра маю ганьбу і бязмозгасць?..

Праз год гэткага жыцця я, можа, прынізіўся б да таго, што стаў бы раўнаваць да падобных індывідаў…

Ах, ці не лепш кінуць сэрца галоднаму сабаку, чым аддаць яго кабеце, якая нават не здагадваецца, якая розніца паміж імі і мною.

Баста!..”

Ён ізноў сеў да стала і пачаў пісаць ліст Гейсту. Раптам спыніўся:

– Што ж я раблю? – прамовіў ён уголас. – Збіраюся даць абяцанне, а не ўладкаваў свае справы…

“Як змяніўся час! – думаў ён. – Даўней гэткі Гейст быў бы сімвалам шатана, з якім змагаецца за чалавечую душу анёл у выглядзе кабеты. А цяпер… як разабрацца: хто шатан, а хто анёл?..”

У гэты момант пастукаліся ў дзверы. Увайшоў гарсон і падаў Вакульскаму вялікі канверт.

“З Варшавы, – прашаптаў ён. – Ад Жэцкага?.. Шле мне ўсяго толькі другі ліст… Ах, ад старшынёвай!.. Можа, яна паведамляе мне пра шлюб панны Ізабэлы?..”

Ён разарваў канверт, але на момант затрымаўся з чытаннем. Сэрца ў яго калацілася.

“Усё адно!” – прамармытаў ён і пачаў чытаць:

“Мой каханы пане Станіславе! Добра ты бавішся, відаць, а падобна, нават у Парыжы, калі забыўся на сваіх сяброў. Магіла нябожчыка дзядзькі твайго па-ранейшаму чакае абяцанага каменя, і я хацела б параіцца з табою пра цукроўню, пабудаваць якую ўгаворваюць мяне на старасці гадоў. Пасаромейся, пане Станіславе, а перадусім пашкадуй, што не бачыш, як румянее твар панны Бэлы, якая цяпер у мяне і загарэлася, нібы кветка маку, пачуўшы, што я пішу табе. Каханае дзіцятка! Яна жыве ў цёткі па суседстве і часта мяне наведвае. Я здагадваюся, што ты ўчыніў ёй нейкую вялікую прыкрасць, дык не цягні з прабачэннямі і як мага хутчэй прыязджай да мяне. Бэла пабудзе тут яшчэ некалькі дзён, і ў мяне, можа, атрымаецца ўгаварыць яе прабачыць табе…”

Вакульскі рэзка падняўся ад стала, адчыніў акно і, стоячы пры ім, другі раз прачытаў ліст старшынёвай. Вочы ў яго гарэлі, на твары з’явіліся чырвоныя плямы.

Ён пазваніў раз, другі, трэці… Нарэшце, сам выбег на калідор, гукаючы:

– Гарсон! Гэй, гарсон!..

– Служу пану…

– Рахунак.

– Які?..

– Поўны разлік за апошнія пяць дзён… Поўны! Не разумееш?..

– Зараз? – здзівіўся гарсон.

– Неадкладна і… каляску на Паўночны вакзал… Неадкладна!


Загрузка...