XVI. “ЯНА” – “ЁН” – І ТЫЯ ІНШЫЯ


У той дзень, калі Вакульскі меўся прыйсці на абед, панна Ізабэла вярнулася ад графіні а пятай. Яна была крыху разгневаная і крыху задуменная, разам – прыўкрасная.

Сёння яна зазнала шчасце і расчараванне. Вялікі італьянскі трагік Росі[147], знаёмы ім з цёткаю яшчэ з Парыжу, прыехаў на гастролі ў Варшаву. Ён адразу наведаў графіню і зацікаўлена распытваў пра панну Ізабэлу. Сёння ён зноў меўся прыйсці, і графіня адмыслова дзеля яго запрасіла пляменніцу. Але Росі не прыйшоў, толькі даслаў ліст, у якім прабачаўся і апраўдваўся неспадзяваным візітам нейкае высокапастаўленае асобы.

Некалькі гадоў таму, якраз у Парыжы, Росі быў ідэалам панны Ізабэлы. Яна закахалася ў яго і нават, не выходзячы, вядома, за межы прыстойнасці паненкі з яе становішчам, не хавала сваіх пачуццяў. Знакаміты артыст ведаў гэта, штодня бываў у доме графіні, прадстаўляў і дэкламаваў усё, што загадвала яму панна Ізабэла, а калі ад’язджаў у Амерыку, падараваў ёй італьянскі асобнік “Рамэа і Джульеты” з прысвячэннем: “У мухі болей шчасця і свабоды, чым у Рамэа…”

Навіна, што Росі прыехаў у Варшаву і памятае яе, узрушыла панну Ізабэлу. Ужо а першай гадзіне дня яна была ў цёткі. Ёй не сядзелася на месцы, раз за разам яна падыходзіла да вакна, тарахценне кожнае каляскі прыспешвала біццё яе сэрца, на кожны званок яна ўздрыгвала, не магла засяродзіцца на размове, твар яе гарэў… Ну, і Росі не прыйшоў!..

А яна сёння была такая прыгожая. Спецыяльна дзеля яго прыбралася ў атласную сукенку крэмавага колеру (здалёк падобную да пакамечанага палатна), у вушах мела завушніцы з брыльянтамі (не большымі за гарошыны) і пунсовую ружу на плячы. І ўсё. Няхай Росі цяпер шкадуе, што не пабачыў яе!

Пасля чатырохгадзіннага чакання яна вярнулася дадому абураная. Але, нягледзячы на гнеў, узяла ў рукі томік “Рамэа і Джульеты” ды, гартаючы яго, думала: “А што, каб раптам увайшоў сюды Росі?..”

Тут было нават лепш, чым у графіні. Без сведак ён мог шапнуць ёй нейкае крыху гарачэйшае слоўца, і сам бы пераканаўся, што яна шануе яго памяткі, а галоўнае, пераканаўся б (як сцвярджае вялікае люстра), што ў гэтай сукенцы, з гэтаю ружаю і ў гэтым блакітным фатэлі яна выглядае, як багіня.

Яна ўспомніла, што на абедзе мусіць быць Вакульскі і міжвольна паціснула плячыма. Галантарэйны купец пасля Росі, якім захапляецца цэлы свет, падаўся ёй гэткім смешным, што аж выклікаў літасць. Каб Вакульскі ў гэты момант апынуўся каля яе ног, яна б, магчыма, усадзіла пальцы яму ў валасы і, забаўляючыся, як з вялікім сабакам, чытала б яму вось гэтыя скаргі Рамэа да Ларэнца:

“Там неба толькі, дзе жыве Джульета.

Сабака, кот і мыш няшчасная,

І кожнае нікчэмнае стварэнне

Жыве пад гэты небам, бачыць рай.

У мухі болей шчасця і свабоды,

Чым у Рамэо. Дадзена ёй права

Па ўласнай волі сесці і ўзляцець

З Джульецінай рукі, дзівоснай, белай,

Ці красці асалоду з вуснаў мілых…

Муха можа,

Адзін Рамэо гэтага не можа.

Яна свабодная, а я выгнаннік…

І ты мне кажаш, што выгнанне – міласць?..

Як у цябе, мой ойча, служка боскі,

Духоўнік мой і друг, хапіла духу

Забіць мяне страшэнным словам “выгнан”?[148]

Яна ўздыхнула. Хто ведае, колькі разоў паўтараў гэтыя словы беспрытульны вандроўнік, думаючы пра яе?.. Можа, яму нават няма каму даверыцца!.. Вакульскаму якраз можна было б даверыцца. Яму, хіба, знаёмае пачуццё адчаю, бо ён жа рызыкаваў жыццём за яе.

Яна адгарнула некалькі старонак назад і зноў пачала чытаць:

“Рамэо! Ах, чаму Рамэо ты?

Ад бацькі адрачыся, ад імя,

А не – дык пакляніся мне, што любіш,

І я дачкой не буду Капулеці…

Не ты, адно імя тваё – мой вораг,

Ты ж сам сабой, зусім не Мантэкі…

Як ружу ні заві, а пах той самы.

Рамэо, каб і не Рамэо быў,

І без імя застаўся б ён цудоўным.

О кінь імя, Рамэо, бо яно ж

Не частачка цябе, і за імя

Ты ўсю мяне вазьмі…”

Якое ж дзіўнае між імі падабенства: ён – Росі, актор, а яна – панна Ленцкая. Адмоўся ад свайго прозвішча, пакінь свой лад жыцця… Так, але што тады застанецца? Зрэшты, нават прынцэса магла выйсці за Росі, і свет адно толькі захапляўся б яе ахвярнасцю.

Выйсці за Росі?.. Дбаць пра ягоны тэатральны гардэроб, а можа, прышываць яму гузікі да начных кашуляў?..

Панна Ізабэла здрыганулася. Кахаць яго безнадзейна, і досыць… Кахаць і часам пагаварыць з кімсьці пра гэтае безнадзейнае каханне… Можа, з паннай Фларэнтынай? Не, яна занадта халодная. Значна лепш прыдаўся б на гэта Вакульскі. Ён глядзеў бы ёй у вочы, пакутаваў бы і за яе, і за сябе, а яна апавядала б яму пра пакутлівы боль і свой, і ягоны, і такім чынам вельмі прыемна міналі б ім гадзіны. Галантарэйны купец у ролі набліжанае асобы!.. Зрэшты, можна ўжо і забыцца на тое купецтва…

У той самы час пан Тамаш, падкручваючы вус, расхаджваў па сваім кабінеце і думаў:

“Вакульскі – чалавек вельмі здатны ды энергічны! Каб быў у мяне такі ўпаўнаважаны (тут ён уздыхнуў), дык не страціў бы я маёнтка… Ну але ўжо так сталася. Затое сёння я яго маю… З прададзенае камяніцы застанецца мне сорак… не, пяцьдзясят, можа, нават і шэсцьдзясят тысяч рублёў… Ну, не варта перабольшваць, няхай пяцьдзясят тысяч, няхай усяго сорак тысяч… Аддам іх яму, ён будзе плаціць мне прыкладна восем тысяч рублёў у год, а рэшту (калі ў яго справы пойдуць, як я спадзяюся), рэшту працэнтаў загадаю капіталізаваць… За пяць-шэсць гадоў сума падвоіцца, а ўжо за дзесяць – можа вырасці ў чатыры разы… Бо на гандлёвых аперацыях грошы шалёна памнажаюцца… Але што я кажу!.. Вакульскі, калі ён сапраўды геніяльны купец, павінен мець і, дакладна, мае сто за сто. І ў такім разе я зірну яму ў вочы і скажу наўпрост: “Давай ты каму іншаму, мой дабрадзей, пятнаццаць ці дваццаць працэнтаў гадавых, але не мне, бо я на гэтым знаюся”. І ён, вядома, калі ўбачыць, з кім мае справу, адразу ж палагаднее і, можа, нават прапануе мне такі даход, якога я не сніў…”

З вітальні пачуўся падвойны званок. Пан Тамаш адышоў у глыб кабінета, сеў у фатэль і ўзяў у рукі якраз на гэты выпадак падрыхтаваны том эканомікі Супіньскага[149]. Мікалай адчыніў дзверы, і праз хвіліну з’явіўся Вакульскі.

– А… вітаю!.. – выгукнуў пан Тамаш, працягваючы яму руку.

Вакульскі нізка пакланіўся сівізне чалавека, якога рады быў назваць бацькам.

– Сядай жа, пане Станіславе… Можа, папяросу?.. Калі ласка… Што чуваць?.. Я чытаў якраз Супіньскага – вось галава! Так, народы, якія не ўмеюць працаваць і ашчаджаць, мусяць знікнуць з твару зямлі… Толькі ашчаднасць і праца!.. Але нашы супольнікі нешта пачынаюць касавурыцца, га?..

– Няхай робяць, як ім лепш, – адказаў Вакульскі. – Я на іх не зараблю ні рубля.

– Але я не пакіну цябе, пане Станіславе, – прамовіў пан Тамаш пераканаўчым тонам, і працягваў: – Днямі я прадаю, гэта значыць, дазваляю, каб прадалі, мой дом. Было мне з ім шмат клопату, кватаранты не плацяць, адміністратары – злодзеі, а іпатэчным крэдыторам даводзілася плаціць з уласнае кішэні. Дык не дзіва, што мне гэта нарэшце абрыдла…

– Вядома, – заўважыў Вакульскі.

– Я спадзяюся, – працягваў пан Тамаш, – што застанецца мне з продажу пяцьдзясят, ці, хаця, сорак тысяч рублёў…

– Колькі пан спадзяецца ўзяць за той дом?..

– Сто… да ста дзесяці тысяч рублёў… Але ўсё, што атрымаю, я аддам табе, пане Станіславе.

Вакульскі схіліў галаву на знак згоды і падумаў, што за камяніцу пан Тамаш, аднак, не атрымае больш за дзевяноста тысяч рублёў. Бо столькі было ў яго на сённяшні дзень наяўных грошай, а даўгоў рабіць ён не мог, каб не рызыкаваць сваім крэдытам.

– Аддам табе, пане Станіславе, – казаў далей пан Ленцкі. – І якраз хацеў запытацца, ці прымеш?

– Але ж, вядома…

– А які ты мне дасі працэнт?

– Гарантую дваццаць, а як справы пойдуць, дык і больш, – адказаў Вакульскі, адзначаючы ў душы, што больш за пятнаццаць працэнтаў нікому б іншаму ён не даў.

“Штукар!.. – падумаў пан Тамаш. – Сам мае пад сто працэнтаў, а мне дае дваццаць…”

Але ўголас, аднак, ён прамовіў:

– Добра, каханы пане Станіславе. Згаджаюся на дваццаць працэнтаў, абы ты мне плаціў іх наперад.

– Буду плаціць наперад… кожныя паўгода, – адказаў Вакульскі, бо забаяўся, што пан Тамаш можа патраціць грошы занадта хутка.

– І на гэта згода, – прамовіў пан Тамаш тонам вельмі сардэчным. – А ўсе прыбыткі, – дадаў ён з лёгкім націскам, – усе прыбыткі, большыя за дваццаць працэнтаў, прашу, каб ты не даваў мне ў рукі, хоць бы я нават… упрошваў цябе, разумееш?.. А каб далучаў да капіталу. Няхай расце, праўда?..

У гэты момант дзверы кабінету адчыніліся і Мікалай прамовіў:

– Пані просяць.

Пан Тамаш урачыста падняўся з фатэля і цырымонным крокам увёў госця ў салон.

Пазней Вакульскі не раз намагаўся прыгадаць гэты салон, і як ён туды ўвайшоў, але так і не змог. Памятаў ён толькі, што перад дзвярыма некалькі разоў пакланіўся пану Тамашу, што потым абвінуў яго нейкі прыемны пах, у выніку чаго ён пакланіўся даме ў крэмавай сукенцы з пунсоваю ружаю на плячы, а потым – іншай даме: высокай, апранутай у чорнае, якая спалохана пазірала на яго. Прынамсі, гэтак яму здавалася.

Не адразу ён зразумеў, што дамаю ў крэмавай сукенцы была панна Ізабэла. Яна сядзела ў фатэлі, схіленая да яго з непараўнальнай грацыяй, лагодна пазірала яму ў вочы і казала:

– Мой бацька як супольнік пана павінен адбыць доўгую практыку, пакуль пан зможа быць ім задаволены. Я прашу аб паблажлівасці да яго.

Яна працягнула руку, да якой Вакульскі ледзь насмеліўся дакрануцца.

– Пану Ленцкаму, – адказаў ён, – як супольніку трэба толькі мець адваката, якому ён давярае, і бухгалтара, які рэгулярна будзе кантраляваць рахункі. Астатняе – гэта наш клопат.

Ён пачырванеў, бо яму здалося, што сказаў нешта вельмі недарэчнае.

– Пан, відаць, моцна загружаны справамі пры гэтакім магазіне… – заўважыла апранутая ў чорнае панна Фларэнтына і яшчэ больш спалохалася.

– Не так і моцна. Я займаюся абаротным капіталам ды сувязямі з пастаўшчыкамі. А ўжо ўласна таварам ды ацэнкаю яго кошту займаецца адміністрацыя крамы.

– Ці ж магчыма перадаверыць усё чужым? – уздыхнула панна Фларэнтына.

– Я маю бездакорнага намесніка, ён таксама і добры мой прыяцель, які дае ўсяму рады лепш за мяне.

– Шанцуе табе, пане Станіславе… – падхапіў Ленцкі. – Не едзеш сёлета за мяжу?

– Хацелася б паехаць на выставу ў Парыж.

– Я зайздрошчу пану, – азвалася панна Ізабэла. – Два месяцы ўжо я мару пра Парыжскую выставу, але тата чамусьці не надта схільны ехаць…

– Наша паездка цалкам залежыць ад пана Вакульскага, – адказаў бацька. – Дык раю табе часцей запрашаць яго на абед і падаваць смачны, каб у яго быў добры настрой.

– Магу запэўніць, што кожны раз, як пан будзе мець ласку да нас завітаць, я сама зазірну на кухню. Аднак ці дастаткова добрага намеру ў гэтым выпадку…

– З удзячнасцю прымаю гэта абяцанне, – адказаў Вакульскі. – Але яно не можа ўплываць на паездку панства ў Парыж, бо ўсё залежыць толькі ад вашае волі.

Merci… – ціха прамовіла панна Ізабэла.

Вакульскі схіліў галаву. “Ведаю я гэтае merci! – падумаў ён. – Разлічвацца за яго даводзіцца кулямі…”

– Дазволіць панства – да стала?.. – запрасіла панна Фларэнтына.

Яны перайшлі ў сталовы пакой, дзе пасярэдзіне стаяў круглы стол, накрыты на чатыры асобы. Вакульскі апынуўся паміж паннаю Ізабэлаю і яе бацькам, насупраць панны Фларэнтыны. Ён быў ужо зусім спакойны, аж дзівіла яго гэта. Ліхаманка прайшла, і ён нават пытаў сябе: ці яна – тая кабета, якую ён кахаў?.. Бо ці можна кахаць гэтак, як ён? Сядзець за крок ад аб’екта сваёй апантанасці і адчуваць гэткую цішу ў душы, гэткую нязмерную цішу?.. Розум быў такі ясны, што ён не толькі заўважаў кожны рух на тварах сваіх суседзяў пры стале, але нават (што было аж смешна), пазіраючы на панну Ізабэлу, рабіў наступныя падлікі:

“Сукенка. Пятнаццаць локцяў цяжкага шоўку па рублю – гэта пятнаццаць рублёў… Карункі – каля дзесяці рублёў, а з работаю – дык і пятнаццаць… Разам – пад сорак рублёў сукенка, каля ста пяцідзесяці рублёў завушніцы і за дзесяць грошай – ружа…”

Мікалай пачаў падаваць стравы. Вакульскі без апетыту з’еў некалькі лыжак халадніку і выпіў партвейну, потым паспытаў паляндвіцу і выпіў піва. Ён пасміхаўся, сам не ведаючы чаго, і ў прыступе нейкага студэнцкага свавольства пастанавіў рабіць памылкі за сталом. Спачатку, пасля таго, як пакаштаваў паляндвіцы, ён паклаў нож і відэлец на падстаўку побач з талеркаю. Панна Фларэнтына ажно здрыганулася, а пан Тамаш пачаў вельмі гучна апавядаць пра вечар у Цюільры[150], падчас якога на жаданне каралевы Яўгеніі[151] ён танцаваў з нейкай маршалковай менуэт.

Падалі рыбу, гэта быў судак, і Вакульскі атакаваў яго нажом і відэльцам. Панна Фларэнтына ледзь не самлела, панна Ізабэла зірнула на суседа з паблажлівай літасцю, а пан Тамаш… таксама пачаў есці судака нажом і відэльцам.

“Якія ж вы прастакаватыя!” – падумаў Вакульскі, адчуваючы, як абуджаецца ў ім нешта падобнае на пагарду да гэтага таварыства. У дадатак яшчэ азвалася панна Ізабэла, зрэшты, без ценю зласлівасці:

– Тата мусіць некалі навучыць і мяне есці рыбу нажом.

Вакульскаму падалося гэта нетактоўным.

“Бачу ўжо, што тут і скончыцца маё каханне, яшчэ хутчэй за абед,” – сказаў ён сам сабе.

– Дарагая мая, – адказаў пан Тамаш дачцэ, – тое, што рыбу не ядуць нажом, гэта, насамрэч, нічым не апраўданыя забабоны… Ці не так, пане Вакульскі?

– Нічым не апраўданыя?.. Я б так не сказаў, – запярэчыў Вакульскі. – Гэта ўсяго толькі перанос звычаю з тых умоў, дзе ён адпаведны, у тыя ўмовы, дзе не адпаведны.

Пан Тамаш аж заварушыўся на крэсле.

– Англічане лічаць гэта амаль абразаю… – прадэкламавала панна Фларэнтына.

– У англічан – марская рыба, якую можна есці адным відэльцам, а нашу касцістую рыбу яны, можа, елі б іншым чынам.

– О, англічане ніколі не парушаюць нормы паводзінаў, – баранілася панна Фларэнтына.

– Так, – згадзіўся Вакульскі. – Яны не парушаюць нормы паводзінаў ва ўмовах звыклых, а ў нязвыклых – прыстасоўваюцца да правіла: рабі, як выгодней. Я сам, зрэшты, бачыў рафінаваных лордаў, якія рукамі елі бараніну з рысам, а булён пілі проста з кацялка.

Урок быў суровы. Пан Тамаш, аднак, слухаў яго з задавальненнем, а панна Ізабэла – амаль з захапленнем. Гэты купец, што еў бараніну з лордамі і гэтак адважна выкладаў тэорыю выкарыстання нажа пры спажыванні рыбы, вырас у яе вачах. Хто ведае, ці не падалася ёй гэтая тэорыя больш важнаю, чым двубой з Кшэшоўскім.

– Дык пан – непрыяцель этыкету? – спытала яна.

– Гэта не так. Я толькі не жадаю быць яго нявольнікам.

– Але ёсць таварыствы, дзе ўсе мусяць яму падпарадкоўвацца.

– Мне гэта невядома. Але я бачыў, як самыя высокія таварыствы забываліся на яго ў пэўных варунках.

Пан Тамаш лёгка схіліў галаву, панна Фларэнтына пасінела, панна Ізабэла пазірала на Вакульскага амаль зычліва. Нават больш, чым амаль… Хвілінамі ёй мроілася, што Вакульскі – гэта нейкі Гарун аль Рашыд, арабскі каліф, аматар мастацтва, персанаж шматлікіх арабскіх казак, які пераапрануўся ў купца. У сэрцы яе абуджалася захапленне, нават сімпатыя. Пэўна, гэты чалавек можа быць яе набліжанаю асобаю, з ім яна зможа пагаварыць пра Росі.

Пасля марозіва панна Фларэнтына, якая ўжо зусім зніякавела, засталася ў сталовым пакоі, а рэшта таварыства перайшла на каву ў кабінет гаспадара. Вакульскі ўжо дапіў сваю філіжанку, як Мікалай прынёс пану Тамашу ліст на падносе і паведаміў:

– Чакаюць адказу, ясны пане.

– Ах, ад графіні… – зірнуў пан Тамаш на адрас. – З дазволу панства…

– Калі пан не мае нічога супраць, – не дала яму скончыць панна Ізабэла і ўсміхнулася Вакульскаму, – дык мы пяройдзем у салон, а бацька тым часам адпіша…

Яна ведала, што гэты ліст пан Тамаш напісаў сабе сам, бо яму неабходна было хоць паўгадзінкі падрамаць пасля абеду.

– Не абразіцца пан? – спытаў пан Тамаш, паціскаючы Вакульскаму руку.

Яны з паннаю Ізабэлаю пакінулі кабінет і перайшлі ў салон.

З уласціваю ёй выключнай грацыяй яна села ў фатэль, паказваючы яму на другі, які стаяў усяго за пару крокаў.

Вакульскаму, калі ён апынуўся з ёю сам-насам, кроў стукнула ў галаву. Яго ўзбуджанасць узрасла, калі ён заўважыў, што панна Ізабэла глядзіць на яго нейкім дзіўным позіркам, нібы жадаючы дасягнуць ажно дна ягонай душы і прываражыць да сябе. Гэта ўжо не была панна Ізабэла з велікоднае квесты, нават не тая, са скачак, гэта была ўжо асоба, якая ўсё разумее і ўсё адчувае, якая мае да яго важнае пытанне і сама хоча нешта асаблівае яму паведаміць.

Вакульскаму гэтак важна было, што яна скажа, і ён гэтак страціў панаванне над сабою, дык, здаецца, забіў бы кожнага, хто ў гэты момант перашкодзіў бы ім. Ён глядзеў на панну Ізабэлу моўчкі ды чакаў.

Панна Ізабэла была збянтэжаная, яна даўно ўжо не адчувала гэткае блытаніны пачуццяў, як у тую хвіліну. У галаве яе круцілася: “купіў сервіз”, “спецыяльна прайграваў бацьку ў карты”, “зняважыў мяне”, а потым: “кахае мяне”, “купіў скакавога каня”, “біўся на двубоі”, “еў бараніну з лордамі”… Пагарда, гнеў, захапленне, сімпатыя спорым дажджом па чарзе абмывалі яе душу, а ў глыбіні гэтае буры жыла патрэба падзяліцца з кімсьці і сваімі штодзённымі клопатамі, і сваімі сумневамі, і прызнацца ў сваім трагічным каханні да вялікага акцёра.

“Так, ён можа быць… ён будзе маім набліжаным!..” – думала панна Ізабэла і тапіла свой салодкі позірк у здзіўленых вачах Вакульскага, а сама лёгка хілілася наперад, нібы хацела пацалаваць яго ў лоб. Потым ахопліваў яе беспрычынны сорам: яна адхіналася, чырванела і павольна апускала доўгія вейкі, нібы хіліла яе на сон. Гледзячы на гульню яе твару, Вакульскі прыгадаў цудоўныя хваляванні паўночнага ззяння і тыя дзіўныя мелодыі без гукаў і без слоў, якія часам азываюцца ў чалавечай душы, нібы рэха лепшага свету. У гэтым паэтычным настроі ён слухаў, як спешна цікае сталовы гадзіннік ды як стукае яго ўласнае сэрца, і дзівіўся, што абедзве гэтыя хуткія з’явы гэтак марудзяць у параўнанні з лётам яго думак.

“Калі і ёсць нейкае неба, – казаў ён сабе, – дык дабраславёныя не адчуюць там большага шчасця, чым я ў гэтую хвіліну”.

Маўчанне працягвалася гэтак доўга, што рабілася ўжо няёмкім. Панна Ізабэла загаварыла першая:

– Пан меў, – сказала яна, – непаразуменні з панам Кшэшоўскім…

– З нагоды скачак… – паспешліва ўдакладніў Вакульскі. – Барон не мог мне дараваць, што я купіў ягоную кабылу.

Яна паглядзела на яго з лагоднаю ўсмешкай.

– Потым пан меў двубой, які… вельмі нас занепакоіў… – дадала яна цішэй. – А потым… барон перапрасіў мяне, – скончыла яна і хутка апусціла вочы. – У лісце, які барон напісаў мне з гэтае нагоды, ён гаворыць пра пана з вялікаю пашанаю і прыязню…

– Я вельмі… вельмі шчаслівы… – выціснуў з сябе Вакульскі.

– Чаму, пане?

– Што гэтак склаліся акалічнасці… Барон – чалавек высакародны…

Панна Ізабэла працягнула руку, затрымала яе на момант у гарачай далоні Вакульскага і прамовіла:

– Нягледзячы на несумненнае высакародства барона, я, аднак, толькі пану дзякую. Дзякую… Ёсць паслугі, якія не хутка забываюцца, і сапраўды… – яна сцішыла і запаволіла голас, – сапраўды, лягчэй бы мне стала на душы, каб пан пажадаў нечага, што магло б ураўнаважыць панскую… ветлівасць…

Вакульскі адпусціў яе руку і выпрастаўся на крэсле. Ён быў гэтакі ачмурэлы, што не звярнуў увагі на гэта малазначнае слоўца “ветлівасць”.

– Добра, – адказаў ён. – Калі пані загадвае, я прызнаюся нават да… заслугі. Ці магу і я наўзамен мець просьбу да пані?..

– Так.

– Дык прашу аднаго, – мовіў ён горача, – каб я мог служыць пані, колькі ў мяне будзе сілы. Заўсёды і ва ўсім.

– Пане!.. – усміхнулася панна Ізабэла. – Але ж гэта ашуканства. Я хачу аддаць адзін доўг, а пан хоча прымусіць мяне нарабіць новых. Ці ж гэта справядліва?..

– Што ж у гэтым несправядлівага?.. Хіба не прымае пані паслуг нават ад пасланцоў?..

– Але я плачу ім за гэта, – адказала яна, гулліва пазіраючы яму ў вочы.

– І толькі ў гэтым розніца, што ім трэба плаціць, а мне не выпадае. Нават нельга.

Панна Ізабэла паківала галавою.

– Тое, пра што я прашу, – працягваў Вакульскі, – укладаецца ў межы самых звычайных чалавечых стасункаў. Пані заўсёды загадваюць, мы заўсёды выконваем, вось і ўсё. Людзям, якія належаць да аднае з пані сферы, зусім не трэба прасіць падобнае ласкі, для іх яна – штодзённы абавязак, нават закон. А я дамагаўся, а сёння прашу, бо спаўненне загадаў пані было б для мяне ў пэўным сэнсе прызнаннем. Божа міласэрны! Калі фурманы і лёкаі могуць насіць колеры пані, чаму ж я не мог бы заслужыць гэтага гонару?

– Ах, і гэта пан гаворыць?! Даваць пану мой тальмах няма патрэбы, пан сам узяў гвалтам. Адбіраць?.. Ужо позна, хоць бы з увагі на ліст барона.

Яна зноў падала яму руку, якую Вакульскі з пашанаю пацалаваў. У бакавым пакоі пачуліся крокі, і ўвайшоў пан Тамаш, ён падрамаў і ззяў ад задавальнення. Яго прыгожы твар меў выраз гэткае сардэчнасці, што Вакульскі падумаў:

“Нягоднікам я буду, калі твае трыццаць тысяч рублёў, пачцівы, не прынясуць табе дзесяці тысяч штогод”.

Яшчэ з чвэрць гадзіны яны пасядзелі ўтраіх, размаўляючы пра нядаўнюю дабрачынную імпрэзу ў Швейцарскай далінцы, пра Росі ды пра паездку ў Парыж. І Вакульскі, нарэшце, са шкадаваннем пакінуў мілае таварыства, абяцаючы прыходзіць часцей ды разам з імі ехаць у Парыж.

– Пабачыць пан, як там будзе весела, – прамовіла панна Ізабэла на развітанне.


Загрузка...