XXVIII. ДЗЁННІК СТАРОГА КРАМНІКА


Маем, гэткім чынам, год 1879.

Каб я быў прымхлівы, а галоўнае, каб не разумеў, што пасля найгоршых часоў надыходзяць лепшыя, баяўся б я гэтага году 1879. Бо калі ягоны папярэднік скончыўся пагана, дык гэты пачаўся яшчэ горш.

Англія, напрыклад, у канцы мінулага года ўблыталася ў вайну з Афганістанам, і ў снежні было нават кепска. Аўстрыя мела шмат клопатаў у Босніі, а ў Македоніі выбухнула паўстанне. У кастрычніку і лістападзе былі замахі на іспанскага караля Альфонса ды італьянскага караля Гумберта. Абодва ацалелі. Таксама ў кастрычніку памёр граф Юзаф Замойскі[225], добры сябра Вакульскага. Я нават думаю, што ягоная смерць перакрэсліла шмат якія планы Стаха.

Год 1879 толькі пачаўся, але хай ён згарыць!.. Англічане не паспелі выкараскацца з Афганістану, а ўжо ваююць у Афрыцы, дзесьці на Мысе Добрае Надзеі, з нейкімі зулусамі. А тут, у Еўропе, ні больш ні менш успышка чумы паблізу Астрахані, дык з дня на дзень можам чакаць і ў нас.

Што ў нас тут з-за гэтае чумы робіцца!.. Ад кожнага, каго ні спаткаю, толькі і чую: “А што, добра вазіць паркалік з Масквы?! Пабачыш, пан, прывезяце разам з ім яшчэ і маравую пошасць”. А колькі я атрымліваю ананімак з лаянкаю на чым свет стаіць! Здаецца мне, аднак, што пішуць іх, хутчэй за ўсё, купцы, нашы канкурэнты, або фабрыканты паркалю з Лодзі.

Гэтыя б нас у лыжцы вады ўтапілі, каб нават і ніякае чумы не было. Вядома, нават сотае часткі тае лаянкі не пераказваю я Вакульскаму, але, мяркую, ён і сам чуе ды чытае гэтага яшчэ больш, чым я.

Праўду кажучы, хацеў я вось тут, у гэтым месцы, апісаць гісторыю аднае нечуванае справы, справы крымінальнае, якую пані баранеса Кшэшоўская распачала супраць каго?.. Ніхто б не здагадаўся!.. Тае прыгожае, тае пачцівае, тае каханае пані Гэлены Стаўскае. Але з-за лютасці, якую я не ў стане ўтаймаваць, не магу сабрацца з думкамі. Дык дзеля супакаення, хіба, напішу пра штось іншае.

Пачала супраць пані Стаўскае крымінальны працэс, абвінаваціла яе ў крадзяжы... Яе ў крадзяжы! Вядома, атрэсліся мы ад гэтага бруду з трыумфам. Але чаго нам гэта каштавала… Я, напрыклад, далібог, не мог спаць начамі ледзь не два месяцы. А калі палюбіў хадзіць на піва па вечарах, чаго ніколі раней са мною не здаралася, і цяпер аж да паўночы заседжваюся ў шынку, дык гэта з гора і ўсё тут. На яе, на гэту святую кабету, падаць у суд за крадзеж!.. Бог мне сведка, трэба быць гэткаю напаўвар’яткаю, як пані баранеса.

Але заплаціла нам за гэта дурная баба дзесяць тысяч рублёў… Гэх, каб ад мяне тое залежала, я б і сто тысяч з яе выціснуў. Хай бы скуголіла, хай бы раўла, хай бы нават памерла… Гадаўка!

Але зоймемся чым іншым, а не людскімі заганамі.

Праўду кажучы, хто ведае, ці пачцівы Стах, сам таго не жадаючы, не наклікаў бяды на пані Стаўскую, нават, можа, не так ён, як я… Я яго зацягнуў да яе, я раіў Стаху не наведваць тае пачвары пані баранесы, я, нарэшце, пісаў Вакульскаму, калі той быў у Парыжы, каб ён пашукаў там звестак пра Людвіка Стаўскага. Адным словам, не хто іншы, а я сам раз’юшыў гэту ведзьму Кшэшоўскую. Дык і адпакутаваў два месяцы!.. Гора, дый годзе. Пане Божа, калі ты ёсць, усё ж збаў душу маю, калі яна ў мяне ёсць, – як казаў адзін жаўнер з часоў французскае рэвалюцыі.

(Ах, як я старэю, як старэю!.. Замест таго, каб адразу ўзяцца за справу, шукаю боб у гароху, наракаю… Хоць, далібог, удар бы мяне хапіў, каб мусіў адразу пісаць пра той пачварны, пра той ганебны працэс…)

Зараз, толькі збяруся з думкамі.

Стах цэлы верасень быў у вёсцы ў старшынёвай Заслаўскае. Чаго ён туды ездзіў, што там рабіў?.. Не магу даўмецца. Але па той пары лістоў, што ён згораўся мне напісаць, бачу: было яму там не надта. Які д’ябал прынёс туды панну Ізабэлу Ленцкую?.. Гэх! Ён жа, хіба, ужо не цікавіцца ёю. Смаркач з мяне, калі не здолею сасватаць яго з паняй Стаўскаю. Сасватаю, правяду да алтара, дапільную, каб прысягнуў, як належыць, а потым… Можа, у лоб сабе стрэлю, ці я знаю?..

(Дурань стары!.. І табе думаць пра гэткага анёла?.. Зрэшты, я пра яе зусім не думаю, асабліва з таго часу, як пераканаўся, што яна кахае Вакульскага. І няхай сабе кахае, абы шчаслівыя былі абое. А я?.. Эй, Кац, стары мой сябра, няўжо ты быў больш адважны за мяне?..)

У лістападзе, якраз у той дзень, калі абваліўся дом на вуліцы Успульнай, Вакульскі вярнуўся з Масквы. І гэтым разам не ведаю я, што ён там рабіў, дастаткова, што зарабіў каля сямідзесяці тысяч рублёў… Гэткія даходы не месцяцца мне ў галаве, але гатовы прысягнуць: справа, да якой Стах меў дачыненне, мусіла быць бездакорная.

Праз пару дзён пасля ягонага вяртання прыходзіць да мяне адзін самавіты купец і кажа:

– Каханы пане Жэцкі, не маю звычкі лезці ў чужыя справы, але – папярэдзь пана Вакульскага (не ад майго імя, а ад свайго), што той ягоны супольнік Сузін – сапраўдная шэльма і, несумненна, хутка збанкрутуе… Папярэдзь яго, пан, бо шкада чалавека… Усё ж Вакульскі, хоць і абраў крывую сцежку, заслугоўвае спачування…

– Што пан называе крывою сцежкаю?

– Анягож, пане Жэцкі, – кажа ён, – хто ездзіць у Парыж, купляе там караблі ў час непаразуменняў з Англіяй і гэтак далей, той, пане Жэцкі, не вызначаецца грамадзянскаю цнотаю.

– Пане даражэнькі, – кажу я, – а чым жа куплянне караблёў розніцца ад купляння хмелю? Хіба, большым заробкам…

– Ну, – зноў кажа ён, – не будзем, пане Жэцкі, заглыбляцца ў гэтую матэрыю. Каб зрабіў так хто іншы, нічога б я не меў супраць, але Вакульскі!.. Мы ж абодва ведаем яго мінулае, а я, можа, лепш за пана, бо не раз светлае памяці Гопфер рабіў у мяне праз яго замовы.

– Пан, – звяртаюся я да таго купца, – кідаеш цень падазрэння на Вакульскага?

– Не, пане, – зноў кажа ён, – я толькі паўтараю тое, пра што гудзе ўвесь горад. Не маю найменшага жадання ачарніць Вакульскага, асабліва ў вачах пана, які з ім сябруе (і слушна, бо пан ведаў гэтага чалавека, калі той быў не такі, як цяпер), але… Згадзіся, пан, што гэты чалавек шкодзіць нашай прамысловасці… Не буду нічога казаць пра яго патрыятызм, пане Жэцкі, але… шчыра пану скажу (бо не хачу крывіць душою перад панам), гэты маскоўскі паркалік… Разумее пан?..

Я быў раз’юшаны. Як-ніяк, а я – экс-паручнік венгерскае пяхоты, аднак не магу зразумець: чым нямецкі паркалік лепшы за маскоўскі? Але з маім купцом гаворкі не было. Ён, злыдзень, гэтак варушыў брывамі, гэтак паціскаў плячыма і раскладаў рукі, што я ўжо падумаў быў, нібы ён – вялікі патрыёт, а сам я – лайдак, хоць у той час, калі ён набіваў кішэні рублямі ды імперыяламі, безліч куляў ляцела ў мяне над галавою.

Вядома, я распавёў пра гэта Стаху, які паслухаў і сказаў:

– Супакойся, мой каханы. Тыя самыя людзі, якія мяне папярэджваюць, што Сузін – шэльма, месяц таму пісалі Сузіну, што я банкрут, махляр, былы бунтаўнік.

Пасля размовы з тым пачцівым купцом, прозвішча якога нават называць не хочацца, і пасля ўсіх атрыманых ананімак, пастанавіў я запісваць, што кажуць добрыя людзі пра Вакульскага.

Вось першая порцыя: Стах – кепскі патрыёт, бо танным паркалем зашкодзіў крыху лодзьскім фабрыкантам. Bene!.. Пабачым, што будзе далей.

У кастрычніку, дзесьці ў той час, калі Матэйка скончыў маляваць Грунвальдскую бітву (вялізная гэта карціна і велічная, толькі не трэба яе паказваць жаўнерам, якія бралі ўдзел у бітвах), забягае ў склеп Марушэвіч, той сябра пані баранесы Кшэшоўскае. Гляджу на яго – магнат з магнатаў! На пузе, а хутчэй на тым месцы, дзе ў людзей пуза, залаты ланцуг, тоўсты – на паўпальца, а доўгі, хоць ты сабак на ім вадзі. На гальштуку – брыльянтавая шпілька, на руках – новыя пальчаткі, на нагах – новыя чаравікі, а на ўсім целе (лядашчае гэта цела, змілуйся, Божа!) – новы гарнітур. І твар пры гэтым, нібы аніводнае ніткі на ім у крэдыт, а ўсё – за гатоўку. (Пазней Клейн, які жыве з ім у адным доме, прасвяціў мяне, што Марушэвіч гуляе ў карты і апошнім часам яму шанцуе.)

Дык залятае гэты франт у краму ў капелюшы на галаве ды з эбенавым кійком у руцэ, неспакойна азіраецца навокал (у яго звычайна бегаюць вочы) і пытаецца:

– Пан Вакульскі тут?.. А, пан Жэцкі!.. На пару слоў…

Вышлі мы з ім за шафы.

– Я з цудоўнаю навіною, – пачаў ён, пяшчотна паціскаючы мне руку. – Можаце, панове, прадаць сваю камяніцу, тую, былую Ленцкага… Баранеса Кшэшоўская яе купіць. Яна ўжо адсудзіла ў мужа свае капіталы і, калі здолееце дамовіцца, дасць дзевяноста тысяч рублёў, можа, нават і адступнога…

Ён мусіў заўважыць задавальненне на маім твары (мне гэта пакупка камяніцы ніколі не падабалася), бо сціснуў мне руку мацней, наколькі гэткі здыхляк здольны моцна нешта рабіць, і, соладка ўсміхаючыся (ванітавала мяне ад гэтай саладжавасці), зашаптаў:

– Магу аказаць панам паслугу… важную паслугу… Пані баранеса вельмі лічыцца з маім меркаваннем і… калі я…

Тут ён кашлянуў.

– Разумею, – азваўся я, здагадваючыся, з кім маю справу. – Пану Вакульскаму, вядома, нескладана будзе ацаніць клопаты пасярэдніка.

– Але ж, пане, прашу прабачэння, – абурыўся ён, – што такое?! З прапановаю да паноў прыйдзе адвакат баранесы. Зрэшты, я не пра сябе клапачуся… Мне цалкам стае таго, што ў мяне ёсць… Але я ведаю адну бедную сям’ю, якой, па маёй рэкамендацыі, калі захочаце, панове…

– Калі ласка, пане, – спыніў я яго, – нам было б лепш уручыць нейкую суму наўпрост пану, калі, вядома, справа дойдзе да выніку.

– О, за тое, што дойдзе, я магу паручыцца гонарам! – запэўніў пан Марушэвіч.

Аднак я не даў яму слова, што ён атрымае за пасярэдніцтва, дык той пару хвілін яшчэ пакруціўся ў краме і пайшоў, пасвістваючы.

Пад вечар я расказаў усё Стаху, але той у адказ прамаўчаў, што мяне збянтэжыла. Дык на другі дзень я паспяшаўся да нашага адваката (які адначасова і адвакат князя) ды пераказаў яму навіну Марушэвіча.

– Дае дзевяноста тысяч рублёў!.. – здзівіўся адвакат (гэта вельмі вядомы чалавек). – Але ж, дарагі пане Жэцкі, цяпер камяніцы даражэюць, у наступным годзе нават збіраюцца пабудаваць сотні дзве новых… Такім чынам, дарагі пане Жэцкі, калі прададзім наш дом нават за сто тысяч рублёў, дык яшчэ зробім ім ласку… У пані баранесы надта загарэліся вочы на гэту камяніцу (калі падобны выраз уласцівы ў дачыненні да гэтакіх высакародных дам), і мы можам вытаргаваць значна большую суму, дарагі пане Жэцкі.

Я развітаўся са знакамітым адвакатам і вярнуўся ў краму, абяцаючы сабе ні за што больш не ўмешвацца ў продаж камяніцы. Апроч таго, падумалася мне, зрэшты, не першы ўжо раз, што Марушэвіч – спрытнюга, якіх пашукаць.

Зараз, калі я супакоіўся ўжо настолькі, што магу ўпарадкаваць свае думкі, апішу ненавісны суд пані баранесы з тым анёлам, з тою дасканалаю кабетаю, пані Стаўскаю. Каб я не апісаў яго, дык праз год ці два засумняваўся б ва ўласнай памяці, што магло здарыцца гэткае вычварэнства.

Дык не забывай жа, дарагі Ігнацы, што, па-першае, пані баранеса Кшэшоўская даўно ўжо незалюбіла пані Стаўскую, бо думае, што ўсе, як адзін, у тую закаханыя, а па-другое, пані баранеса хоча як мага танней купіць у Вакульскага камяніцу. Абодва гэтыя факты істотныя, а важнасць іх я спасціг толькі цяпер. (Як я старэю, Божа міласэрны, як я старэю!..)

Пасля знаёмства з пані Стаўскай я бываў у яе досыць часта. Не скажу, каб кожны дзень. Часам раз на некалькі дзён, а часам і два разы на дзень. Я ж мусіў апекавацца тою камяніцаю, гэта адно. А потым, трэба было паведаміць пані Стаўскай, што напісаў Вакульскаму ў справе пошукаў яе мужа. Потым давялося ехаць з весткаю, што Вакульскі не дазнаўся нічога пэўнага. Потым наведаў, каб з вокнаў яе кватэры паназіраць за Марушэвічам, які жыў у афіцыне насупраць. Іншым разам трэба было прыгледзецца да пані Кшэшоўскае і да яе дачыненняў са студэнтамі, што жылі паверхам вышэй і на якіх яна няспынна скардзілася.

Нехта з боку мог бы падумаць, што я бываю ў пані Стаўскае занадта часта. Але сам я, добра разважыўшы, прыйшоў да высновы, што бываў у яе занадта рэдка. Бо з яе вокнаў быў дасканалы пункт назірання за ўсёю камяніцаю, ну і да таго ж прымалі мяне там вельмі гасцінна. Пані Місевічова (шаноўная матка пані Гэлены) кожны раз вітала мяне ледзь не з абдымкамі, малая Гэлюня залазіла мне на калені, а сама пані Стаўская рабілася больш вясёлаю, як мяне бачыла, і казала, што ў той час, калі я ў іх, яна забывае пра свае клопаты!..

Ці мог я, калі мяне так прымалі, не бываць там часта? Далібог, мяркую, што бываў я там рэдка, і каб меў больш рыцарскіх якасцяў, мусіў бы праседжваць там з раніцы да вечара. Няхай бы нават пані Стаўская і апраналася пры мне. Чым бы гэта мне зашкодзіла?

Падчас тых візітаў зрабіў я некалькі важных назіранняў.

Спачатку тыя студэнты з чацвёртага паверху; яны і праўда былі людзьмі неспакойнага нораву. Да другое гадзіны ночы спявалі, галёкалі, часам нават раўлі і наогул стараліся выдаваць як найбольш нялюдскіх гукаў. Цягам дня, калі хоць адзін з іх быў дома, – а нехта звычайна заўсёды заставаўся, – яны пільнавалі, ці не вытыркне пані баранеса галаву ў фортку (а рабіла яна гэта не менш за дзесяць разоў на дзень), і заўсёды паспявалі лінуць на яе зверху вады.

Скажу нават, што паміж ёю і студэнтамі, якія жылі наверсе, утварылася нешта падобнае да спартовага спаборніцтва, сутнасць якога была ў тым, што яна, высоўваючыся ў фортку, старалася як мага хутчэй схаваць галаву назад, а яны намагаліся абліваць яе як мага часцей і не шкадуючы вады.

А вечарамі гэтыя маладыя людзі, над якімі ніхто не жыў і якіх ніхто не мог абліць вадою, склікалі да сябе прачак і служанак з усяе камяніцы. Тады з кватэры пані баранесы чуліся крыкі ды істэрычныя рыданні.

Другое маё назіранне тычылася пана Марушэвіча, які жыў амаль vis-a-vis з пані Стаўскаю. Лад жыцця гэтага чалавека даволі своеасаблівы і адметны рэдкім пастаянствам. Ён рэгулярна не плаціць за кватэру. Рэгулярна, кожныя некалькі месяцаў, выносяць з яго кватэры нешта з рэчаў: нейкія статуэткі, люстры, дываны, гадзіннікі… Але што цікава, з гэткаю ж рэгулярнасцю прыносяць яму ў кватэру новыя люстры, новыя дываны, новыя гадзіннікі і статуэткі…

Пасля кожнага такога вынасу рэчаў некалькі дзён пан Марушэвіч праводзіць перад адным са сваіх вокнаў. Там ён і голіцца, і чэшацца, і мажа валасы фіксатуарам, і нават апранаецца, кідаючы надта красамоўныя позіркі ў кірунку вокнаў пані Стаўскае. Але, як толькі яго памяшканне напоўніцца новымі выгоднымі ды прыгожымі рэчамі, пан Марушэвіч на некалькі дзён закрывае свае вокны шторамі.

Тады (аж не верыцца!), гарыць у яго дзень і ноч святло, а з пакояў чуюцца шматлікія галасы мужчын, а часам і кабет…

Але што мне да чужых спраў!

Аднойчы ў пачатку лістапада кажа мне Стах:

– Падобна, ты бываеш у тае пані Стаўскае?

Аж горача мне зрабілася.

– Перапрашаю, – выгукнуў я, – як гэта разумець?..

– Звычайным чынам, – адказаў ён. – Не робіш жа ты ёй візітаў праз акно, а ходзіш праз дзверы. Зрэшты, хадзі, як хочаш, але пры першай магчымасці скажы тым паням, што я атрымаў ліст з Парыжа…

– Пра Людвіка Стаўскага? – спытаў я.

– Так.

– Знайшлі яго, нарэшце?

– Яшчэ не, але ўжо натрапілі на след, і ёсць надзея хутка даведацца, дзе ён.

– Можа, бядак памёр! – закрычаў я і кінуўся абдымаць Вакульскага. – Прашу цябе, Стаху, – дадаў я, калі крыху супакоіўся, – зрабі мне ласку, наведай тых паняў і сам паведамі ім навіну…

– Хіба я трунар які, каб спраўляць людзям гэткую прыемнасць? – абурыўся Вакульскі.

Але, калі я пачаў расказваць яму, якія гэта шляхетныя кабеты, як яны выпытвалі, ці не наведае ён іх калі, ды яшчэ намякнуў, што варта б яму і самому хоць вокам кінуць на ўласную камяніцу, дык ён памякчэў.

– Не ў галаве мяне тая камяніца, – сказаў ён, паціскаючы плячыма, – прадам яе з дня на дзень…

Але ўсё ж ён паддаўся на ўгаворы, і паехалі мы туды а першай гадзіне. На падворку я заўважыў: шторы ў кватэры Марушэвіча старанна зашмаргнутыя. Відавочна, ён ужо меў новы мэблевы гарнітур.

Стах абыякава разглядаў вокны дома і безуважна слухаў маю справаздачу пра зробленыя тут паляпшэнні. Паклалі мы новы насціл у браме, адрамантавалі дах, пафарбавалі сцены, кожны тыдзень цяпер сталі мыць лесвіцу. Словам, занядбаную камяніцу ператварылі ў даволі відную. Усё рабілася як мае быць, уключна з падворкам і водаправодам, усё, апроч кватэрнае платы.

– Зрэшты, – скончыў я, – больш дакладную інфармацыю пра кватэрную плату дасць табе твой радца, пан Вірскі, па якога я зараз пашлю стоража.

– Адчапіся ты ад мяне і з платаю, і з радцам, – прамармытаў Стах. – Хадзем ужо да тае пані Стаўскае ды вернемся ў краму.

Падняліся мы на другі паверх левае афіцыны, дзе патыхала варанаю квяцістаю капустай; Стах скрывіўся, а я пастукаў у дзверы кухні.

– Пані дома? – запытаўся я ў таўстухі кухаркі.

– Анягож, калі пан прыйшоў, – адказала яна і прыжмурылася.

– Бачыш, як нас прымаюць!.. – па-нямецку шапнуў я Стаху.

У адказ ён кіўнуў галавою і выпнуў губу.

У салоне маці пані Стаўскае, як заўсёды, вязала панчоху; убачыўшы нас, яна крыху прыўзнялася ў фатэлі і здзіўлена пазірала на Вакульскага.

З другога пакоя вызірнула Гэлюня.

– Мама, – прашаптала яна гэтак гучна, што чуваць яе пэўна было аж на дзядзінцы, – прыйшоў пан Жэцкі і яшчэ нейкі пан.

І адразу да нас выйшла пані Стаўская.

Я звярнуўся да абедзвюх дам:

– Наш гаспадар, пан Вакульскі, прыйшоў ушанаваць паняў і паведаміць навіны…

– Пра Людвічка? – падхапіла пані Місевічова. – Ці жывы ён?..

Пані Стаўская збялела, але праз момант пачырванела. Была яна ў гэтую хвіліну такая прыгожая, што нават Вакульскі глядзеў на яе калі не з захапленнем, дык, прынамсі, прыхільна. Я ўпэўнены, што ён зараз жа закахаўся б у яе, каб не той паганы пах квяцістае капусты з кухні.

Мы селі. Вакульскі запытаўся, ці задаволеныя пані кватэраю, а пасля гэтага расказаў ім, што Людвік Стаўскі два гады таму быў у Нью-Ёрку, а потым перабраўся ў Лондан пад чужым прозвішчам. З яго слоў вынікала, што Стаўскі быў хворы, і ёсць надзея праз некалькі дзён атрымаць дакладныя звесткі.

Слухаючы яго, пані Місевічова некалькі раз скарысталася насоўкаю… Пані Стаўская слухала спакайней, толькі пару слязінак прабегла ў яе па твары. Каб схаваць узрушанасць, яна з усмешкаю павярнулася да дачкі і ціха прамовіла:

– Падзякуй, Гэлюня, пану, які прынёс нам вестку пра тату.

Зноў бліснулі ў яе слёзы, але яна стрымала сябе. Тым часам Гэлюня зрабіла рэверанс перад Вакульскім, а потым паглядзела на яго вялікімі вачыма і нечакана абхапіла за шыю ды пацалавала проста ў вусны.

Доўга не забыць мне, як змяніўся з твару Вакульскі ад гэтае неспадзяванае пяшчоты, бо, наколькі я ведаю, ніколі яшчэ не цалавала яго аніводнае дзіця. Дык у першы момант ён, уражаны, адхіснуўся, а потым абняў Гэлюню за плечы, усхвалявана паглядзеў на яе і пацалаваў у галаву. Я быў гатовы прысягнуць, што ён адразу ж устане з крэсла і скажа пані Стаўскай:

“Дазволь, пані, каб я замяніў бацьку гэтаму каханаму дзіцяці…”

Але… ён не сказаў нічога, апусціў галаву і ўпаў у звычайны свой роздум. Я не пашкадаваў бы свайго заробку аж за паўгода, каб даведацца, пра што ён тады думаў. Можа, пра панну Ленцкую?.. Гэх, зноў старасць нагадвае пра сябе… Што тая панна Ленцкая?! І блізка яна не стаяла да Стаўскае!

Пасля хвіліннага маўчання Вакульскі спытаў:

– Задаволеныя пані суседзямі?..

– Па-рознаму, – азвалася пані Місевічова.

– А як жа, вельмі, – перабіла яе пані Стаўская.

Яна зірнула на Вакульскага і пачырванела.

– І пані Кшэшоўская таксама прыемная суседка? – запытаўся Вакульскі.

– О, пане!.. – выгукнула пані Місевічова, падымаючы ўгору палец.

– Няшчасная кабета, – зноў перабіла яе пані Стаўская. – Яна страціла дачку.

Кажучы гэта, яна перабірала пальцамі беражок хустачкі і з-пад сваіх цудоўных веек паглядала… ды ўжо ж не на мяне. Але, відаць, павекі яе важылі столькі, нібы былі з волава, дык яна чырванела ўсё мацней і рабілася ўсё больш паважнаю, нібы нехта з нас яе абразіў.

– А хто такі гэты пан Марушэвіч? – працягваў Вакульскі, нібы забыўшыся, што размаўляе з дамамі.

– Ветрагон, шалапут… – паспяшалася адказаць пані Місевічова.

– Але ж, мамачка, ён арыгінал, хіба, ды і ўсё… – паправіла яе дачка.

У гэты момант вочы ў яе былі вялізныя, а зрэнкі пашыраныя, як ніколі.

– А тыя студэнты, падобна, вялікія свавольнікі, – прамовіў Вакульскі, утаропіўшыся ў фартэп’яна.

– Вядома, маладыя, – адказала пані Місевічова і гучна высмаркалася.

– Бачыш, Гэлюня, зноў адшпіліўся ў цябе банцік, – нахілілася пані Стаўская да дачушкі, можа, каб схаваць сваю збянтэжанасць ад згадкі пра свавольства студэнтаў.

Знудзіў ужо мяне Вакульскі сваімі размовамі. Трэба быць або недарэкам, або чалавекам кепска выхаваным, каб гэткую прыгожую кабету распытваць пра суседзяў! Дык я перастаў яго слухаць і машынальна пачаў разглядаць падворак.

І што ж я там убачыў… У адным з вокнаў Марушэвіча адхілілася крыху ралета, і праз шчыліну можна было заўважыць, як нехта назірае за намі.

“Шпегуе дабрадзей!” – падумаў я і падняў вочы на трэці паверх фасада. Дзіва дзіўнае!.. У дальнім пакоі пані баранесы Кшэшоўскае абедзве форткі адчыненыя, а ў глыбіні відаць… яе самую, як яна скіравала на вокны пані Стаўскае тэатральную ларнетку.

“І не пакарае пан Бог гэтую ведзьму…” – сказаў я сабе, упэўнены, што гэтае назіранне праз ларнетку скончыцца скандалам.

Маліўся я не дарма. Кара Божая ўжо вісела над галавою інтрыганкі ў выглядзе селядца, што вытыркаўся з форткі на чацвёртым паверсе. Гэтага селядца трымала нейкая таямнічая рука ў сінім рукаве з сярэбраным галуном, а побач з рукою мільгаў твар са зласліваю ўсмешкаю.

І без маёй празорлівасці можна было здагадацца, што гэта быў адзін з тых студэнтаў, якія не плацілі за кватэру, і ён пільнаваў, калі баранеса высунецца ў фортку, каб скінуць на яе селядзец.

Але баранеса была асцярожная, дык мізэрны студыёзус нудзіўся. Ён перакладаў гэту прыладу гневу божага – селядзец – з аднае рукі ў другую і, ад няма чаго рабіць, строіў непрыстойныя міны дзявухам з парыжскае пральні.

Я ўжо падумаў было, што з падрыхтаванага на баранесу замаху нічога не атрымаецца, але тут Вакульскі падняўся з крэсла і пачаў развітвацца з дамамі.

– Так хутка панове сыходзяць! – ціха прамовіла пані Стаўская і адразу моцна збянтэжылася.

– Можа, панове будуць ласкавыя часцей… – пачала пані Місевічова.

Але боўдзіла Стах, замест таго, каб прасіць у паняў дазволу бываць у іх штодня або нават сталавацца ў іх (што я абавязкова зрабіў бы на яго месцы), гэты… гэты дзівак спытаў толькі, ці не патрэбны нейкі рамонт у памяшканні.

– О, усё, што трэба, ужо зрабіў пачцівы пан Жэцкі, – адказала пані Місевічова і зірнула на мяне з мілаю ўсмешкаю. (Шчыра кажучы, не падабаюцца мне такія ўсмешкі ў асоб пэўнага веку.)

У кухні Стах затрымаўся на момант, і з-за таго, што раздражняў яго, відаць, пах квяцістае капусты, сказаў мне:

– Трэба тут нейкі вентылятар усталяваць, ці што…

Калі мы былі ўжо на лесвіцы, я не стрываў і выбухнуў:

– Каб ты часцей сюды заходзіў, дык ведаў бы сам, што ў гэтым доме трэба паправіць. Але што табе гэты дом або нават гэткая прыгожая кабета!

Вакульскі спыніўся на ганку і, пазіраючы на вадасцёкавы жолаб, прамармытаў:

– Хм… каб я раней з ёю пазнаёміўся, можа, нават і ажаніўся б.

Ад гэтых слоў адчуў я нешта дзіўнае: быў задаволены і адначасова – нібы ў сэрца мне кальнулі.

– А цяпер што, не ажэнішся? – спытаў я.

– Хто ведае?.. – адказаў ён. – Можа, і ажанюся… Але не з ёю.

Гэта прызнанне выклікала ў мяне яшчэ больш дзіўнае адчуванне: шкада мне было, што пані Стаўская не будзе мець Стаха сваім мужам, але разам з тым – нібы нехта зняў мне цяжар з грудзей.

Ледзьве ступілі мы на падворак, як бачу: пані баранеса высунулася з форткі ды крычыць, вядома ж, нам:

– Панове!.. Калі ласка!..

Раптам яна прарэзліва завішчала: “Ах, нігілісты…” – і адхіснулася назад у пакой.

І адразу за некалькі крокаў ад нас упаў на зямлю селядзец, на якога стораж накінуўся гэтак драпежна, што ледзь мяне не штурхануў.

– Не зойдзеш да пані баранесы? – спытаў я ў Стаха. – Здаецца, яна нешта хацела.

– А Бог з ёю! – адказаў ён і махнуў рукою.

На вуліцы ён спыніў брычку, і моўчкі мы вярнуліся ў краму. Я, аднак, мяркую, што ён думаў пра пані Стаўскую, і каб не тая паганая квяцістая капуста…

Гэтак было мне ніякавата, гэтак я расхваляваўся, што зачыніў краму і пайшоў на піва. Спаткаў там радцу Вянгровіча, які ўсё яшчэ брэша на Вакульскага, але часам вельмі трапна выказваецца пра палітыку… і спрачаліся мы з ім да поўначы. Вянгровіч мае рацыю. Сапраўды, з газет вынікае, што ў Еўропе нешта мае адбыцца. Хто ведае, ці малы Напалеонак (называюць яго Люлю, але пакажа ён вам люлю!) не перабярэцца пасля Новага году з Англіі ў Францыю… Прэзідэнт Мак-Магон – за яго, князь Броджыа – за яго, большасць народу – за яго… Можна паспрачацца, што стане ён імператарам, як Напалеон IV, а ўвесну немцам давядзецца паскакаць з ім. Не пойдуць жа цяпер немцы на Парыж, не ўдаецца два разы адна штука.

Вось тады… Што гэта я хацеў сказаць?.. Ага!

Праз тры, можа, праз чатыры дні пасля нашага візіту да пані Стаўскае прыходзіць Стах у краму і падае мне ліст, адрасаваны яму.

– Пачытай, хіба, – кажа ён і рагоча.

Я разгарнуў і чытаю:

“Пане Вакульскі! Прабач, што не называю цябе шаноўным, але цяжка гэтак звяртацца да чалавека, ад якога ўсе адварочваюцца ўжо з агідаю. Няшчасны чалавеча! Яшчэ не забылі твае ранейшыя злачынствы, а ты ўжо ганьбіш сябе новымі. Сёння ўвесь горад ні пра што іншае не гаворыць, як пра твае адведзіны кабеты гэткіх амаральных паводзінаў, як Стаўская. Ты ўжо не толькі маеш з ёю спатканні ў горадзе, не толькі пракрадаешся да яе па начах, што магло б яшчэ сведчыць, нібы не страціў дарэшты сораму, але нават наведваеш яе ўжо ў белы дзень, на вачах у слуг, у моладзі ды пачцівых жыхароў камяніцы з гэткаю нядобраю славаю.

Але не падманвай сябе, няшчасны, не толькі ты з ёю ў сувязі. Дапамагае табе яшчэ твой радца, той нягоднік Вірскі, ды ссівелы ад распусты твой намеснік Жэцкі.

Мушу дадаць, што Жэцкі не толькі зводзіць тваю палюбоўніцу, але яшчэ і абкрадае цябе з даходаў ад дому, бо зменшыў плату за кватэру некаторым жыхарам, а перадусім той Стаўскай. У выніку дом твой нічога ўжо не варты, сам ты стаіш на краю пагібелі і, сапраўды! вялікую ласку зрабіў бы табе шляхетны дабрачынца, які б пажадаў купіць гэтую развалюху, што належала колісь Ленцкаму, з невялікаю для цябе стратаю.

Дык, калі б знайшоўся гэтакі дабрадзей, пазбудзься цяжару, вазьмі з удзячнасцю тое, што табе даюць, ды ўцякай за мяжу, пакуль чалавечая справядлівасць не закавала цябе ў кайданы ды не кінула ў вязніцу. Паклапаціся пра сябе!.. Сцеражыся!.. І паслухайся рады зычлівага прыяцеля”.

– Зух-баба, не?.. – спытаў Вакульскі, калі заўважыў, што я ўжо закончыў чытаць.

– Няхай яе д’яблы забяруць! – выбухнуў я, разумеючы, што ён гаворыць пра аўтарку ліста. – Паслухаць яе, дык я ссівеў з распусты!.. Я краду!.. Я ўступаю ў сувязі!.. Ведзьма праклятая.

– Ну-ну, супакойся, бо вунь ідзе ўжо яе адвакат, – сказаў Стах.

Сапраўды, у гэты момант увайшоў у краму нейкі чалавечына ў аблезлым футры, лінялым цыліндры і вялізных галёшах. Увайшоў, азірнуўся навокал, нібы следчы, потым спытаў у Клейна, калі будзе пан Вакульскі, і толькі тады зрабіў выгляд, што раптам заўважыў нас. Ён падышоў да Стаха і ціха прамовіў:

– Пан Вакульскі?.. Ці магу я мець з панам кароценькую нараду сам-насам?

Стах падміргнуў мне, і пайшлі мы ўтрох да мяне. Госць распрануўся, пры гэтым я заўважыў, што яго порткі выцертыя, ледзь не свіцяцца, а барада з’едзеная моллю яшчэ больш, чым футра.

– Прадстаўляюся панам, – сказаў ён, працягваючы Вакульскаму правую, а мне левую руку. – Я адвакат…

Тут ён назваў прозвішча ды – гэтак і застаўся стаяць з рукамі ў паветры. Дзіўным чынам ні Стах, ні я не адчувалі ахвоты да поціску.

Ён зразумеў гэта, але не збянтэжыўся. Наадварот, з найлепшаю мінаю пацёр рукі і прамовіў са смехам:

– Панове нават не пытаюцца, якая справа прывяла мяне сюды.

– Думаю, пан сам скажа, – адказаў Вакульскі.

– Рацыя! – выгукнуў госць. – Дык вось, скажу сцісла. Ёсць тут вельмі багаты, але вельмі скупы ліцвін (ліцвіны ўсе вельмі скупыя!), які прасіў мяне, каб я парэкамендаваў яму якую-небудзь камяніцу. Маю іх з пятнаццаць, але з пашаны да пана, пане Вакульскі, бо мне вядома, што пан робіць дзеля краю, парэкамендаваў яму панскую, былую Ленцкага, і пасля двухтыднёвае апрацоўкі той ужо гатовы даць за яе… Адгадайце, панове, колькі… Восемдзесят тысяч рублёў!.. Як вам? Жалезны інтарэс. Праўда?

Вакульскі пачырванеў ад злосці, і я ўжо падумаў быў, што ён пагоніць госця ў каршэнь. Але ён стрымаўся і адказаў, але тым асаблівым сваім тонам, злосна-насмешлівым:

– Ведаю я таго ліцвіна, завецца ён баранеса Кшэшоўская.

– Што?.. – здзівіўся адвакат.

– Той скупы ліцвін дае не восемдзесят, а дзевяноста тысяч за мой дом, а пан прапануе мне менш, каб самому зарабіць.

– Га-га-га! – зарагатаў адвакат. – Хто б зрабіў іначай, шаноўны пан Вакульскі?

– Дык скажы, пан, свайму ліцвіну, – перабіў яго Стах, – што я прадам камяніцу, але за сто тысяч рублёў. І гэта толькі да Новага года. А пасля Новага года кошт падыму.

– Але ж не па-людску тое, што пан кажа!.. – закрычаў госць. – Пан хоча ў тае няшчаснае кабеты вытрасці апошні грош… Што людзі скажуць, падумай, пане!..

– Што скажуць людзі, мяне не турбуе, – заявіў Вакульскі. – А калі хто пажадае чытаць мне мараль, як пан, я пакажу таму на дзверы. Вунь там дзверы, бачыш, пане адвакаце?

– Даю пану дзевяноста дзве тысячы рублёў і ні на грош болей, – адказаў адвакат.

– Няхай пан апране сваё футра, бо змерзне на падворку…

– Дзевяноста пяць… – гукнуў адвакат і спехам пачаў апранацца.

– Ну, я развітваюся з панам… – сказаў Вакульскі і адчыніў дзверы.

Адвакат нізка пакланіўся і выйшаў, а з парога саладжавым тонам дадаў:

– Дык я зайду праз пару дзён. Можа, шаноўны пан будзе ў лепшым гуморы.

Стах зачыніў дзверы ў яго перад носам.

Пасля візіту абрыдлага адваката мае думкі праясніліся. Пані баранеса, дакладна, купіць камяніцу Стаха, але спачатку з дапамогаю ўсіх сродкаў будзе збіваць цану. Ведаю я гэтыя сродкі! Адным з іх быў той ананімны ліст, у якім яна бэсціць пані Стаўскую, а пра мяне кажа, што я ссівеў з распусты.

А як толькі яна купіць камяніцу, адразу выганіць з яе студэнтаў, ды, пэўна, і пані Гэлену. Каб жа толькі гэтым абмежавалася яе нянавісць…

Цяпер галопам магу расказаць пра іншыя выпадкі, якія здарыліся пазней.

Дык вось, пасля візіту таго адваката торкнула мяне кепскае прадчуванне. Пастанавіў я ў той жа дзень наведаць пані Стаўскую і перасцерагчы яе наконт баранесы. А перадусім каб яна менш сядзела пры акне.

Бо тыя пані, нягледзячы на ўсе іх цудоўныя якасці, маюць фатальную звычку падоўгу сядзець пры вокнах. Пані Місевічова – сабе, пані Стаўская – сабе, Гэлюня – сабе, і нават кухарка Мар’яна – таксама. І не досыць, што сядзяць яны гэтак удзень, дык яшчэ і вечарамі, пры лямпе, нават не апускаючы ралеты, хіба толькі калі ўжо кладуцца спаць. Дык і відаць усё, што робіцца ў іх кватэры, як у ліхтары.

Для пачцівых суседзяў гэткі спосаб баўлення часу мог быць найлепшым довадам іх шляхетнасці: сядзяць навідавоку цэлы дзень, бо не маюць чаго ўкрываць. Але варта было мне прыгадаць, як тых кабет шпегуе Марушэвіч ды пані баранеса, і падумаць, як баранеса ненавідзіць паню Стаўскую, дык ахапілі мяне найгоршыя прадчуванні.

У той самы вечар хацеў я бегчы да маіх шляхетных прыяцелек ды прасіць напрамілы Бог, каб не сядзелі яны цэлымі днямі пры вокнах ды ўнікалі вачэй баранесы. Тым часам, акурат а палове на дзявятую адчуў я смагу і замест таго, каб ісці да паняў, пайшоў на куфель піва.

Быў ужо там радца Вянгровіч і Шпрот, гандлёвы агент. Яны якраз гутарылі пра той дом, што абрынуўся на вуліцы Успульнай, а тут раптам Вянгровіч стукае сваім куфлем у мой ды кажа:

– Не адзін яшчэ дом абрынецца да Новага года!

А Шпрот падміргвае.

Не спадабалася мне яго падміргванне, бо ніколі не падабалася мне пераміргвацца з рознымі блазнамі, дык я і пытаюся:

– Што гэта? Што азначае панская пантаміма?

Той дурасліва рагоча і кажа:

– Але ж пану лепш ведаць, што гэта значыць. Вакульскі прадае краму.

Раны Хрыстовы!.. Ледзьве я не ўлупіў яму куфлем у лоб, аж сам сабе дзіўлюся. На шчасце, удалося мне стрымаць першы імпэт, выжлукціў я адзін за адным два куфлі піва ды пытаюся ў яго нібы спакойна:

– Навошта ж Вакульскаму прадаваць краму, ды і каму?

– Каму?.. – перапытвае Вянгровіч. – Ці мала жыдоў у Варшаве? Складуцца ўтрох або і ўдзесяцёх ды запаршывяць Кракаўскае Прадмесце з ласкі яснавяльможнага пана Вакульскага, які завёў уласную каляску і ездзіць да арыстакратыі ў летнія апартаменты. Божа мілы!.. Я памятаю яшчэ, як мне гэты гарапашнік падаваў ростбіф у Гопфера… Няма як ужо ездзіць на вайну ды лезці ў турэцкія кішэні.

– Але навошта яму прадаваць краму? – пытаю я, а сам шчыкаю сябе за нагу, каб не накрычаць на гэтага дзеда.

– Добра і робіць, што прадае! – адказаў Вянгровіч ды ўзяў чарговы, не ведаю ўжо які, куфель піва. – Чаго яму з купцамі важдацца, гэткаму пану, гэткаму… дыпламату, гэткаму… наватару, які нам сюды новыя тавары дастаўляе?..

– Здаецца мне, ёсць іншая прычына, – уставіў Шпрот. – Вакульскі дамагаецца панны Ленцкае, і хоць адразу яму не пашанцавала, аднак ён зноў туды ходзіць, мусіць, мае спадзяванні… А панна Ленцкая не выйшла б за галантарэйнага купца, нават каб ён быў дыпламатам і наватарам…

У вачах у мяне ўсё паплыло. Грукнуў я куфлем па стале і закрычаў:

– Хлусня, пан, усё гэта хлусня, пане Шпрот!.. І вось мой адрас… – дадаў я ды шпурнуў візітку на стол.

– Нашто мне, пан, твой адрас? – адказаў Шпрот. – Прыслаць пану партыю корту, ці што?..

– Жадаю сатысфакцыі ад пана, – закрычаў я і зноў загрукаў па стале.

– Абы-што! – кажа Шпрот ды ўздымае палец угару. – Лёгка пану жадаць сатысфакцыі, калі пан венгерскі афіцэр. Забіць чалавека або нават двух ці самому загінуць пад шаблямі – гэта пану хлеб з маслам… А я, пане, гандлёвы агент, у мяне жонка, дзеці і тэрміновыя справы…

– Прымушу пана да двубою!

– Як гэта, прымушу?.. Пад вартаю мяне пан павядзе, ці што? Каб пан сказаў нешта падобнае на цвярозую галаву, дык пайшоў бы ў пастарунак, паказалі б там пану двубой.

– Пан не мае гонару! – закрычаў я.

Цяпер ён загрукаў па стале.

– Хто не мае гонару?.. Каму гэта пан кажа?.. Я не плачу па вэксалях ці даю кепскі тавар, або я збанкрутаваў?.. У судзе пабачым, хто мае гонар!..

– Супакойцеся! – прасіў радца Вянгровіч. – Двубоі былі ў модзе даўней, не цяпер… Падайце адзін аднаму рукі…

Падняўся я ад залітага півам стала, заплаціў у буфеце і выйшаў. Нагі маёй больш не будзе ў гэтай мярзотнай карчме…

Вядома, гэткі ўзрушаны не мог ужо ісці я да пані Стаўскае. Спачатку думаў, што не засну ўсю ноч. Але неяк заснуў. А калі Стах прыйшоў на другі дзень у краму, я спытаў у яго:

– Ведаеш, што кажуць?.. Што ты прадаеш краму…

– А хоць бы і прадаў, што тут кепскага?..

(І праўда! Што тут кепскага?.. Нешта не прыйшла мне ў галаву гэткая простая думка.)

– Але, бачыш, – ціха сказаў я, – кажуць яшчэ, што ты ажэнішся з паннаю Ленцкай…

– Каб і так, дык што? – адказаў ён.

(Дык жа мае рацыю! Хіба не можа ён ажаніцца з кім хоча, нават з пані Стаўскаю?.. А я вось не падумаў ды немаведама чаго ўчыніў скандал таму Шпраціне.)

Вядома, у той вечар мусіў я зноў пайсці не так на піва, як мірыцца з дарма абражаным Шпротам, дык зноў не быў у пані Стаўскае і не перасцярог яе, каб не сядзела пры акне.

Такім чынам, не без прыкрасці даведаўся я, што сярод купцоў расце непрыязь да Вакульскага, што крама наша прадаецца, і што Стах ажэніцца з паннаю Ленцкаю. Я кажу ажэніцца, бо ён, каб не меў пэўнасці ў гэтым пытанні, не выказаўся б гэтак станоўча нават у размове са мною.

Цяпер ужо я добра ведаю, па кім ён тужыў у Балгарыі, дзеля каго зубамі ды кіпцюрамі здабываў маёнтак… Гэх, воля Божая!..

Ну, але зірніце, як я аддаліўся ад тэмы. Але зараз ужо дакладна займуся тою авантураю, у якую была ўцягнутая пані Стаўская, і распавяду ўсё з маланкавай хуткасцю.


Загрузка...