Праз чвэрць гадзіны пасля ад’езду з Варшавы па варшаўска-быдгошчскай чыгунцы Вакульскім завалодалі два абсалютна розныя адчуванні: паветра яго асвяжала, але пачала навальвацца і нейкая дзіўная летаргія.
Рухаўся ён свабодна, розум быў цвярозы і ясны, але была поўная абыякавасць: з кім едзе, якою дарогаю едзе, куды едзе. Апатыя гэтая расла па меры аддалення ад Варшавы. За Прушкавым амаль усцешылі яго кроплі дажджу, якія праз адчыненае акно траплялі ў вагон, потым крыху дадала бадзёрасці нечаканая бура пад Градзіскам, ён нават прагнуў, каб яго пярун забіў. Потым бура скончылася, і ён зноў трапіў ва ўладу абыякавасці, не зважаючы ўжо ні на што, нават калі сусед з правага боку заснуў у яго на плячы, а сусед, які сядзеў насупраць, зняў калошы, і ногі паклаў яму на калені, зрэшты, у чыстых шкарпэтках.
Бліжэй да паўночы ён пачаў правальвацца нібы ў сон, а можа, толькі ў яшчэ большую абыякавасць. Ён захінуў фіранкаю вагонны ліхтар, прыкрыў вочы і думаў, што гэтая дзіўная апатыя скончыцца з узыходам сонца. Але яна не скончылася, наадварот, працягвалася і ўзмацнялася. Не было яму ад гэтага ані добра, ані кепска, так сабе.
Потым узялі ў яго пашпарт, потым з’еў ён сняданак, купіў новы білет, загадаў перанесці рэчы ў іншы цягнік і рушыў далей. Новая станцыя, новая змена цягнікоў, новая язда… Вагон трэсла, колы грукаталі, лакаматыў пасвістваў, затрымліваўся… Пачалі сядаць людзі, якія размаўлялі па-нямецку: двое, трое… Потым зусім зніклі людзі, якія размаўлялі па-польску, і вагон напоўніўся ўжо аднымі немцамі.
Мяняўся таксама і краявід. За насыпамі пайшлі лясы, дзе дрэвы стаялі роўнымі шэрагамі, як жаўнеры. Зніклі драўляныя хаты з саламянымі стрэхамі, і ўсё часцей пачалі з’яўляцца двухпавярховыя дамкі з чарапічнымі дахамі ў атачэнні садоў. Зноў прыпынак, зноў язда. Нейкі вялізны горад… А! Гэта, хіба, Берлін… Зноў язда… У вагон сядаюць людзі, якія размаўляюць яшчэ па-нямецку, але ўжо нібы з акцэнтам. Потым ноч і сон… Не, гэта не сон, а толькі апатыя.
З’яўляюцца два французы ў купэ. Краявід зусім іншы: шырокі далягляд, узгоркі, вінаграднікі. Там-сям – вялікія двухпавярховыя дамы, старыя, але трывалыя, у засені дрэў і апавітыя плюшчам. Зноў рэвізія валізак. Змена цягнікоў, і ў вагон уваходзяць два французы ды адна францужанка. Яны шумяць, нібы іх дзясяцера. Відно, што гэта людзі добра выхаваныя, але яны рагочуць, перасаджваюцца з месца на месца і просяць прабачэння ў Вакульскага, але за што – ён не разумее.
На адной са станцый ён піша Сузіну: “Парыж. Гранд Гатэль”[190] і аддае картку кандуктару вагона разам з нейкім банкнотам, не клапоцячыся, ані колькі ён даў, ані тым, ці дойдзе гэта тэлеграма. На наступнай станцыі нехта ўсоўвае яму ў руку скрутак банкнотаў, і – едуць далей. Вакульскі заўважае, што зноў ноч, і зноў трапляе ён у стан, які можа быць сном, а можа – толькі стратаю прытомнасці.
Вочы ў яго заплюшчаныя, ён думае, што спіць, што гэты дзіўны стан абыякавасці скончыцца ў Парыжы.
“Парыж!.. Парыж!.. (кажа ён сабе, працягваючы спаць). Я ж столькі гадоў марыў пра яго. Гэта пройдзе. Усё пройдзе!..”
Дзясятая гадзіна раніцы, новая станцыя. Цягнік спыняецца пад дахам: шум, крык, беганіна. На Вакульскага нападае адразу трое французаў, якія прапаноўваюць свае паслугі. Раптам нехта хапае яго за плячо.
– Ну, Станіслаў Пятровіч, тваё шчасце, што прыехаў…
Вакульскі глядзіць на нейкага велікана з чырвоным тварам ды канаплянаю барадою і, нарэшце, кажа:
– А, Сузін!
Яны абдымаюцца. Разам з Сузіным яшчэ два французы, адзін з якіх забірае ў Вакульскага квіток на рэчы.
– Тваё шчасце, што прыехаў, – кажа Сузін, цалуючы яго яшчэ раз. – Я ўжо думаў, што звар’яцею ў гэтым Парыжы без цябе…
“Парыж,” – думае Вакульскі.
– Але што я, – працягвае Сузін. – Ты ўжо гэтак заганарыўся сярод вашае паршывае шляхты, што пра мяне і думаць забыў, а шкода грошай… Страціў бы не менш за пяцьдзясят тысяч рублёў…
Два французы, спадарожнікі Сузіна, вяртаюцца і кажуць, што можна ехаць. Сузін бярэ пад руку Вакульскага і вядзе яго на пляц, дзе стаіць мноства амнібусаў і калясак адна- і двуконных з фурманамі ззаду або спераду. Яны робяць некалькі крокаў і знаходзяць двуконную каляску з лёкаем. Садзяцца і едуць.
– Зірні, – кажа Сузін, – гэта вуліца Лафаета[191], а вось бульвар Маджэнта. Мы паедзем па Лафаета ажно да гатэля каля Оперы. Я табе кажу, гэта цуд, а не горад! А як убачыш яшчэ Елісейскія палі, а потым Рывалі побач з Сенай… Гэх! Я табе кажу, цуд, а не горад… Кабеты толькі занадта выпіхаюцца[192]. Але тут іншыя густы… Гэтак я рады, што ты прыехаў, пяцьдзясят тысяч рублёў, ці нават больш, нешта сабой уяўляюць… Вось, бачыш, Опера, а вось бульвар Капуцынаў, а вось і наша хата.
Вакульскі бачыць вялізны шасціпавярховы гмах у форме кліна, абкружаны жалезнаю балюстрадаю на вышыні трэцяга паверха, які стаіць на шырокай вуліцы, абсаджанай не вельмі старымі дрэвамі, поўнай омнібусаў, калясак, людзей конных і пешых. Рух такі, нібы палова Варшавы раптам пабегла паглядзець на нейкі выпадак, а вуліца гладкая, як падлога. Ён бачыць, што знаходзіцца ў самым цэнтры Парыжа, але не адчувае ані ўзрушанасці, ані цікаўнасці. Усё яму абыякава.
Каляска заязджае ў прыгожую браму, лёкай адчыняе дзверцы, яны выходзяць. Сузін бярэ Вакульскага пад руку і заводзіць у малы пакойчык, які праз момант пачынае падымаць іх угару.
– Гэта ліфт, – кажа Сузін. – У мяне тут два нумары. Адзін на другім паверсе за сто франкаў у дзень, а другі – на чацвёртым за дзесяць франкаў. І табе я ўзяў за дзесяць франкаў. Што зробіш, выстава!..
Яны выходзяць з ліфта ў калідор і праз момант трапляюць у элегантны пакой з мэбляю чырвонага дрэва, шырокім ложкам пад балдахінам і шафаю з вялікім люстрам замест дзвярэй.
– Сядай, Станіслаў Пятровіч. Хочаш есці, піць? Тут ці ў зале? Ну, пяцьдзясят тысяч твае… Я вельмі рады.
– Скажы мне, – азваўся, нарэшце, Вакульскі, – за што ж я маю атрымаць пяцьдзясят тысяч?..
– Можа, і больш.
– Добра, але за што?
Сузін кідаецца ў фатэль, счэплівае рукі на жываце і пачынае рагатаць.
– Якраз за тое, што пытаешся! Іншы не пытае, за што ён возьме грошы, толькі давай… А ты адзін хочаш ведаць, за што заробіш гэткія грошы. Ах ты, галубок!..
– Гэта не адказ.
– Зараз я табе адкажу, – працягвае Сузін. – Галоўнае, за тое, што ты мяне яшчэ ў Іркуцку чатыры гады розуму вучыў. Каб не ты, не быў бы я тым Сузіным, што цяпер. Ну, а я, Станіславе Пятровіч, я не ваш чалавек, за дабро плачу дабром…
– І гэта не адказ, – заўважыў Вакульскі.
Сузін паціснуў плячыма.
– У гэтым пакоі ўжо не чакай ты ад мяне іншага тлумачэння, а там, унізе, сам усё зразумееш. Можа, куплю крыху галантарэі парыжскае, а можа, з дзясятак купецкіх караблёў. Я па-французску ані ў зуб, і па-нямецку таксама, дык трэба мне такі чалавек, як ты…
– Я нічога не цямлю ў караблях.
– Будзь спакойны. Знойдуцца тут інжынеры і чыгуначныя, і марскія, і вайсковыя… Мне цяпер не яны важныя, а чалавек, які б гаварыў за мяне і для мяне. Зрэшты, кажу я табе, калі спусцімся ўніз, няхай будзе ў цябе па дзве пары вачэй і вушэй, але як выйдзем адтуль, няхай не застанецца ў цябе нават памяці. Ты гэта можаш, Станіславе Пятровіч, а пра іншае не пытайся. Я зараблю дзесяць працэнтаў, табе дам дзесяць працэнтаў свайго заробку, і справа скончаная. А на што, каму і супраць каго – не пытайся.
Вакульскі маўчаў.
– А чацвёртай прыйдуць да мяне амерыканскія і французскія фабрыканты. Можаш спусціцца? – запытаўся Сузін.
– Добра.
– А цяпер пройдзешся па горадзе?
– Не. Цяпер пайду пасплю.
– Ну і добра. Хадзем у твой нумар.
Яны выйшлі з нумара Сузіна і крыху далей зайшлі ў такі самы пакой. Вакульскі кінуўся на ложак, Сузін выйшаў на дыбачках і зачыніў дзверы.
Калі Сузін выйшаў, Вакульскі прыкрыў вочы і стараўся заснуць. Можа, не так заснуць, як адагнаць ад сябе нейкую надакучлівую думку, ад якой ён уцёк з Варшавы. Нейкі час яму здавалася, што яе няма, што яна засталася там, што шукае яго, заклапочаная, туляючыся паміж Кракаўскім прадмесцем і алеяй Уяздоўскаю.
“Дзе ён?.. Дзе ён?..” – шаптала здань.
“А калі яна пагоніцца за мною?.. – задаўся пытаннем Вакульскі. – Ну ўжо тут, хіба, не знойдзе мяне. У такім вялікім горадзе, у такім аграмадным гатэлі…”
“А можа, яна ўжо шукае мяне?..” – падумаў ён.
Ён заплюшчыў вочы мацней і пачаў гайдацца на ложку, які здаўся яму надзвычай шырокім, а матрац вельмі спружыністым. Вакол было два шумы. За дзвярыма, на калідоры гатэля, людзі гаманілі і бегалі, нібы там нешта здарылася, а за акном, на вуліцы, не змаўкаў невыразны шум, які складаўся з туркатання шматлікіх калясак, званкоў, людскіх галасоў, гучання труб, стрэлаў і Бог ведае чаго яшчэ – усё прыглушана і здалёк.
Потым здалося яму, што нейкі цень зазірае ў вакно, а потым – што па доўгім калідоры нехта ходзіць ад дзвярэй да дзвярэй, стукаецца і пытае:
“Ці няма яго тут?..”
Сапраўды, нехта хадзіў і стукаў, нават пастукаўся яму ў дзверы, але не пачуў адказу і пайшоў далей.
“Не знойдзе мяне!.. Не знойдзе…” – думаў Вакульскі.
Потым ён расплюшчыў вочы, і валасы ў яго на галаве сталі дыбарам.
Насупраць ён убачыў гэткі ж самы пакой, як і той, у якім ён быў, гэткі ж самы ложак з балдахінам, а на ложку – сябе!.. Было гэта адно з самых моцных уражанняў, якія ён зведаў у жыцці, калі ўбачыў, што тут, дзе адчуваў сябе ў поўнай адзіноце, таварышуе яму неадступны сведка… ён сам!..
“Што за арыгінальны шпіянаж?.. – прамармытаў ён. – Недарэчныя люстраныя шафы”.
Ён ускочыў з ложка, ягоны двайнік ускочыў гэтак жа хутка. Ён пабег да акна – той таксама. Ліхаманкава ён адчыніў валізку, каб пераапрануцца, і той таксама пачаў пераапранацца, відавочна, з намерам выйсці ў горад.
Вакульскі адчуваў: трэба бегчы з гэтага пакоя. Здань, ад якой ён уцёк з Варшавы, была ўжо тут і стаяла за рагом. Ён памыўся, надзеў чыстую бялізну, апрануўся. Была яшчэ толькі палова на першую.
“Тры з паловаю гадзіны! – падумаў ён. – Нечым трэба заняцца…”
Не паспеў адчыніць дзверы, як адразу з’явіўся слуга:
– Monsieur?
Вакульскі загадаў правесці яго да лесвіцы, даў яму франк і збег з чацвёртага паверху ўніз, як чалавек, за якім гоняцца.
Ён выйшаў праз браму і затрымаўся на ходніку. Вуліца была шырокая, абсаджаная дрэвамі. За адну хвіліну пралятае паўз яго не менш за шэсць калясак і жоўты омнібус, поўны пасажыраў, якія – і ў сярэдзіне, і на даху. Направа, дзесьці вельмі далёка, відно пляц, налева, уздоўж сцяны гатэля, вузкая маркіза[193], а пад ёю – грамадка мужчын і кабет, якія сядзяць за круглымі столікамі проста на ходніку і п’юць каву. Паны ў нізка выразаных камізэльках, з кветкамі або стужкамі ў пятліцах для гузікаў, яны закладаюць нага за нагу акурат на гэткую вышыню, як гэта прыстойна ў атачэнні шасціпавярховых дамоў. Кабеты шчуплыя, малыя, белатварыя з гарачымі позіркамі, але сціпла апранутыя.
Вакульскі ідзе налева і за рагом таго самага гатэля бачыць другую маркізу і другую грамадку людзей, якія нешта п’юць проста на ходніку. Тут сядзіць чалавек сто, калі не болей. У паноў круцельскія міны, а дамы ажыўленыя, дружалюбныя і простыя. Каляскі адна- і двуконныя едуць і едуць, безліч пешых спяшаецца ў адзін і другі бок, праязджаюць жоўты і зялёны омнібусы, а дарогай папярочнай – омнібусы карычневыя. Пасажыраў поўна – і ў сярэдзіне, і наверсе.
Вакульскі стаіць сярод пляца, з якога разыходзіцца сем вуліц. Ён лічыць раз і другі – сем вуліц… Куды ісці?.. Хіба, у той бок, дзе дрэвы… Якраз дзве папярочныя вуліцы абсаджаныя дрэвамі.
“Пайду ўздоўж сцяны гатэля,” – думае Вакульскі.
Ён робіць паўабарота налева і спыняецца ўражаны.
Крыху далей відаць нейкі вялізны гмах.
На партэры – шэраг аркад і скульптур, на другім паверсе – высокія каменныя калоны і крыху меншыя – мармуровыя, з пазалочанымі капітэлямі. На вышыні даху ў кутках – арлы і пазалочаныя скульптуры, якія ўздымаюцца над пазалочанымі фігурамі ўздыбленых коней. Дах, спачатку пакаты, далей – купал, завершаны каронаю, а яшчэ далей – дах трохкутны, наверсе якога таксама група фігур. Кругом – мармур, бронза, золата… Кругом – калоны, скульптуры і барэльефы.
“Опера?.. – думае Вакульскі. – Але ж тут больш мармуру і бронзы, чым ва ўсёй Варшаве!”
Ён прыгадвае сваю краму – упрыгожанне горада, чырванее ды ідзе далей. Ён адчувае, што Парыж з першага кроку агаломшыў яго, і рады гэтаму.
Рух калясак, омнібусаў і пешых узмацняецца, што страх глядзець. На кожным кроку – веранды, круглыя столікі на ходніках, людзі, якія сядзяць пры іх. Следам за каляскаю з лёкаем на запятках едзе павозка, запрэжаная сабакам. Мінае яго омнібус, потым – два насільшчыкі, потым – вялікая двухколка, потым – дама і мужчына конна. І бясконцы шэраг калясак. На ходніку – вазок з букетамі, другі – з садавінаю, насупраць – паштэтнік, разносчык газет, гандляр старызнаю, шліфавальшчык, кніганоша…
– M’rchand d’habits… [194]
– “Figaro!..”[195]
– Exposition!..[196]
– “Guide Parisen”!.. trios francs!.. trios francs!..[197]
Нехта ўпіхвае Вакульскаму ў руку кніжку, ён плаціць тры франкі і пераходзіць на другі бок вуліцы. Ідзе ён хутка, але бачыць, што ўсе яго апярэджваюць: і ў калясках, і пешкі. Відавочна, гэта нейкае грандыёзнае спаборніцтва, дык ён прыспешвае крок і, хоць яшчэ нікога не перагнаў, ужо звяртае на сябе ўвагу. Атакуюць яго разносчыкі газет і кніжак, на яго пазіраюць кабеты, з яго іранічна пасміхаюцца мужчыны. Адчуванне такое, што ён, Вакульскі, пра якога гаварыла ўся Варшава, тут – нясмелы, як дзіця, і… добра яму так… Ах, як бы яму хацелася зноў стаць дзіцём з таго часу, калі бацька раіўся з прыяцелямі: аддаць яго да купца ці ў школу.
У гэтым месцы вуліца крыху збочвае направа. Вакульскі сустракае першы чатырохпавярховы дом і адчувае нейкую расчуленасць. Чатырохпавярховы дом сярод шасціпавярховых!.. Якая мілая неспадзяванка…
Раптам мінае яго каляска з грумам[198] на козлах, у якой едуць дзве кабеты. Адна зусім яму незнаёмая, а другая…
“Яна?.. – шэпча Вакульскі. – Не можа быць!..”
Але ён адчувае, што сілы пакідаюць яго. На шчасце, побач кавярня. Ён падае на крэсла, што стаіць на ходніку, адразу з’яўляецца гарсон, нешта пытае, а потым прыносіць мазагран[199]. Кветачніца ў той жа момант прыпінае яму да тужуркі ружу, а разносчык газет кладзе перад ім “Фігаро”.
Вакульскі кідае адной дзесяць франкаў, другому – франк, п’е мазагран і пачынае чытаць: “Яе К. М. каралева Ізабэла…”[200]
Ён скамечвае газету і хавае яе ў кішэню, плаціць за недапіты мазарган і ўстае з-за століка.
Гарсон скоса пазірае на яго, два госці, якія круцяць у руках кійкі, закладаюць ногі яшчэ вышэй, а адзін з іх нахабна пачынае разглядаць яго праз манокль.
“Каб даць таму франту поўху? – думае Вакульскі. – Заўтра двубой і, можа, забілі б мяне… А каб я забіў яго?..”
Ён прайшоў побач з франтам і паглядзеў яму ў вочы. У франта манокль упаў на камізэльку і прапала ахвота пасміхацца.
Вакульскі ідзе далей і засяроджана разглядае камяніцы. Якія тут крамы!.. Найгоршая з іх выглядае лепш, чым ягоная, якая лічыцца самай прыгожай у Варшаве. Дамы абліцаваныя пясчанікам, амаль на кожным паверсе – вялікія балконы або балюстрады, што цягнуцца ўздоўж усяго паверха.
“У гэтым Парыжы, падобна, усе жыхары маюць патрэбу ў няспынных размовах, калі не ў кавярнях, дык на ганках,” – думае Вакульскі.
І дахі нейкія незвычайна высокія, а на іх скрозь тырчаць коміны, бляшаныя трубы ды шпілі. І на вуліцах на кожным кроку то дрэва, то ліхтарня, то кіёск, то калона, завершаная купалам. Жыццё кіпіць тут так, што, не маючы магчымасці выкіпець бясконцым рухам калясак, хуткаю беганінаю людзей, узвядзеннем шасціпавярховых дамоў з каменю, яно яшчэ пырскае са сцен у форме скульптур або барэльефаў, з дахаў – у форме шпіляў і з вуліц – у форме незлічоных кіёскаў.
Вакульскаму здаецца, што яго выцягнулі з мёртвае вады і ўкінулі раптам у кіпень, які “бурліць і шуміць, і пырскае…”[201] Ён, чалавек сталы і ў сваім асяроддзі дзейсны, адчувае сябе тут, як рахманае дзіця, якому падабаецца ўсё і ўсе.
Тым часам, навокал яго ўсё працягвае “бурліць і шумець, і пырскаць…”, не відаць канца ані тлуму, ані каляскам, ані дрэвам, ані прыгожым вітрынам, ані нават самой вуліцы. Вакульскі пачынае п’янець. Ён перастае чуць шумную гаману мінакоў, потым глухне на крыкі вулічных гандляроў, нарэшце, на туркатанне колаў. Потым яму здаецца, што ён ужо недзе бачыў гэткія дамы, гэткі рух, гэткія кавярні, пазней ён думае, што нічога асабліва ў гэтым няма і, нарэшце, абуджаюцца ў ім здольнасці крытычныя, дык ён кажа сабе, што, хоць у Парыжы і часцей можна пачуць французскую мову, чым у Варшаве, аднак тутэйшы акцэнт горшы і вымаўленне не такое выразнае.
Гэтак разважаючы, ён запавольвае крок ды перастае саступаць дарогу. І калі ўжо думае, што зараз французы пачнуць паказваць на яго пальцам, са здзіўленнем заўважае, што яны ўсё менш звяртаюць на яго ўвагі. За гадзіну, праведзеную на вуліцы, ён зрабіўся звычайнаю кропляю парыжскага акіяна.
“Тым лепей!” – мармыча ён сабе пад нос.
Раней праз кожную сотню крокаў дамы расступаліся, і – то справа, то злева – з’яўлялася нейкая бакавая вулічка. Цяпер аднастайная сцяна дамоў цягнецца ўжо няспынна. Занепакоены, ён ідзе хутчэй, дабіраецца, нарэшце, да бакавое вуліцы, якую рады бачыць, збочвае направа і чытае: Rue St. Fiacre[202].
Ён усміхаецца, бо яму прыгадваецца нейкі раман Поля дэ Кока. Зноў бакавая вуліца, і зноў ён чытае: Rue du Sentier[203].
“Не ведаю,” – кажа ён сам сабе.
Праз дзясятак крокаў далей бачыць: Rue Poissonniere[204], што выклікае згадку пра нейкую крымінальную справу, а потым – цэлы шэраг кароткіх вулічак, якія выводзяць да тэатра “Gymnase”[205].
“А гэта што?..” – думае ён, бо заўважае з левага боку вялізную пабудову, не падобную ні на што бачанае раней. Гэта вялізарны каменны прастакутнік, а ў ім – брама з паўкруглым скляпеннем. Вядома, гэта брама, якая стаіць на перакрыжаванні вуліц[206]. Побач з ёю – будка, дзе затрымліваюцца омнібусы, амаль насупраць – кавярня і ходнік, аддзелены ад вуліцы нізкаю жалезнаю балюстрадаю.
За сотню-другую крокаў далей – другая падобная брама[207], пасярэдзіне якое – шырокая вуліца. Рух нечакана ўзмацняецца, бо тут праязджаюць ажно тры віды омнібусаў і трамваі.
Вакульскі глядзіць направа і зноў бачыць два шэрагі ліхтарняў, два шэрагі кіёскаў, два шэрагі дрэў і два шэрагі шасціпавярховых дамоў, якія расцягнуліся на даўжыню Кракаўскага Прадмесця і Новага Святу. Канца ім не відаць, толькі недзе далёка-далёка вуліца падымаецца ўгару аж да неба, дахі зніжаюцца да зямлі і ўсё знікае.
“Калі нават я заблукаю і спазнюся на сесію, пайду ў той бок!..” – думае ён.
А на павароце яго мінае маладая кабета, рост і рухі якой робяць на Вакульскага моцнае ўражанне.
“Яна?.. Не… Па-першае, яна засталася ў Варшаве, а па-другое, я сустракаю ўжо другую такую… Ілюзіі…”
Але сілы пакідаюць яго. На момант ён нават траціць памяць: стаіць на перакрыжаванні вуліц, абсаджаных дрэвамі, і не ведае, адкуль прыйшоў. Ахоплівае яго панічны страх, вядомы людзям, якія заблукалі ў лесе. На шчасце, пад’язджае каляска, і фурман усміхаецца яму вельмі прыязна.
– Гранд Гатэль, – кажа Вакульскі і садзіцца.
Фурман датыкаецца рукою да капелюша і гукае:
– Наперад, Лізетка!.. Гэты шляхетны чужаземец паставіць табе за турботы кварту піва.
Потым ён крыху паварочваецца да Вакульскага і кажа:
– Адно з двух, абывацелю, або вы толькі сёння прыехалі, або вы пасля добрага сняданку...
– Я сёння прыехаў, – адказвае Вакульскі, супакоены выглядам яго чырвонага паголенага твару.
– І крыху выпілі, гэта адразу відаць, – заўважае фурман. – А таксу ведаеце?..
– Не мае значэння.
– Наперад, Лізетка!.. Вельмі спадабаўся мне гэты чужаземец, і я думаю, што толькі такія павінны наведваць нашу выставу. Ці вы ўпэўнены, абывацелю, што мы мусім ехаць да Гранд Гатэля?.. – звяртаецца ён да Вакульскага.
– Ніякіх сумневаў.
– Наперад, Лізетка! Гэты чужаземец пачынае мне імпанаваць. Ці вы, абывацелю, не з Берліна?..
– Не.
Фурман глядзіць на яго і, нарэшце, кажа:
– Тым лепей для вас. Няма ў мяне, праўда, прэтэнзій да прусакоў, хоць яны забралі ў нас Эльзас і добры кавалак Латарынгіі, але не люблю, калі ў мяне немец за спінаю. Адкуль жа вы, абывацелю?
– З Варшавы.
– Во як!.. Прыгожы край… багаты край… Наперад, Лізетка!.. Дык пан паляк? Я ведаю палякаў!.. Вось пляц Оперы, абывацелю, а вось Гранд Гатэль…
Вакульскі кінуў тры франкі фурману, хутка ўбег у браму і падняўся на чацвёрты паверх. Не паспеў ён увайсці ў свой нумар, як з’явіўся слуга і аддаў яму цыдулку ад Сузіна ды стос лістоў.
– Шмат наведнікаў… шмат наведніц! – сказаў слуга, весела пазіраючы на яго.
– Дзе ж яны?
– Яны ў прыёмным салоне, яны ў чытальні, яны ў сталовым пакоі… Пан Жумар непакоіцца…
– А хто гэта – пан Жумар? – запытаўся Вакульскі.
– Маршалак двара пана і пана Сюзэна… Вельмі спрытны чалавек і шмат мог бы зрабіць пану паслуг, каб быў пэўны гэтак… з тысячу франкаў у якасці падзякі… – працягваў тым самым вясёлым тонам слуга.
– Дзе ён?
– Ён на другім паверсе ў панскім салоне для прыёмаў. Пан Жумар вельмі знаходлівы чалавек, але і я, можа, прыдаўся б вашай вялікасці, бо завуся я – Мілер. Насамрэч, я з Эльзаса і даю слова, замест таго, каб браць з пана, яшчэ прыплаціў бы франкаў па дзесяць у дзень, абы скончылі, нарэшце, з прусакамі.
Вакульскі ўвайшоў у нумар.
– Галоўнае, няхай панове асцерагаюцца тае баранесы… якая ўжо чакае ў чытальні, а сама мае прыйсці, нібы, толькі а трэцяй… Клянуся, гэта немка… Я ж з Эльзаса!
Апошнія словы Мілер прамовіў прыцішаным голасам і вярнуўся ў калідор.
Вакульскі разгарнуў цыдулку Сузіна і чытаў: “Сесія будзе не раней за восьмую, у цябе досыць часу, дык вырашы справы з тымі наведнікамі, а галоўнае, з бабамі. Я ўжо, далібог, надта стары, каб усім дагадзіць”.
Вакульскі пачаў праглядаць лісты. Гэта былі пераважна абвесткі купцоў, цырульнікаў, дантыстаў, просьбы пра дапамогу, прапановы адкрыць нейкія таямніцы, адна адозва Арміі Збавення[208].
З усяго мноства гэтае карэспандэнцыі ўразіў Вакульскага наступны ліст: “Маладая асоба з добрым густам і манерамі прагне агледзець з панам Парыж на агульны кошт. Адказ пакінуць у швейцара гатэля”.
“Арыгінальны горад!” – прамармытаў Вакульскі.
Другі, яшчэ больш цікавы, ліст быў ад тае баранесы… якая мелася чакаць спаткання а трэцяй гадзіне.
“Яшчэ праз паўгадзіны…”
Ён пазваніў і загадаў прынесці ў нумар сняданак. Праз некалькі хвілін падалі яму шынку, яйкі, біфштэкс, нейкую невядомую рыбу, некалькі бутэлек з рознымі трункамі і машынку чорнае кавы. Ён еў з воўчым апетытам, піў не горш, нарэшце, загадаў Мілеру правесці яго ў тую залу прыёмаў.
Слуга выйшаў з ім у калідор, націснуў званок, нешта сказаў праз тубу і правёў Вакульскага да ліфту. Праз хвіліну Вакульскі быў ужо на другім паверсе, а калі выходзіў з ліфта, заступіў яму дарогу нейкі рафінаваны пан з невялікім вусікамі, у фраку і белым гальштуку.
– Жумар… – прадставіўся той пан з паклонам.
Яны прайшлі некалькі крокаў па калідоры, і Жумар адчыніў дзверы ў цудоўны салон. Вакульскі ледзь не адступіў, калі ўбачыў мэблю з пазалотаю, вялізныя люстэркі і сцены, аздобленыя барэльефамі. Пасярэдзіне стаяў вялікі стол, накрыты каштоўным абрусам і завалены паперамі.
– Магу я запрасіць наведнікаў? – спытаў Жумар. – Гэтыя, здаецца, не ўяўляюць небяспекі. Толькі на баранесу… насмелюся звярнуць увагу… Яна ўжо чакае ў чытальні.
Ён пакланіўся з пашанаю і выйшаў у другі салон, дзе была, падобна, пачакальня.
“Ці я, ліха на яго, не ўвязваюся ў нейкую авантуру?” – падумаў Вакульскі.
Не паспеў ён сесці ў фатэль і пачаць праглядаць паперы, як увайшоў лёкай у блакітным фраку, аздобленым залатым гафтам, і падаў яму візітоўку на падносе. На візітоўцы было напісана: “Палкоўнік” і нейкае невядомае прозвішча.
– Прасі.
Праз момант з’явіўся высокі мужчына з сівою іспанскаю бародкаю, гэткімі ж вусікамі і чырвонаю стужкаю на лацкане сурдута.
– Я ведаю, што ў пана мала часу, – азваўся госць, лёгка кланяючыся. – Мая справа нядоўгая. Парыж – горад цудоўны з кожнага пункту гледжання: і дзеля забавы, і дзеля асветы, але патрабуе добрага правадніка. А я ведаю ўсе музеі, галерэі, тэатры, клубы, манументы, установы дзяржаўныя і прыватныя, словам усё… дык, калі пан жадае…
– Няхай пан мае ласку пакінуць мне свой адрас, – адказаў Вакульскі.
– Я валодаю чатырма мовамі, маю знаёмствы ў арыстакратычным свеце, літаратурным, навуковым і прамысловым…
– Пакуль што я не магу пану нічога адказаць, – спыніў яго Вакульскі.
– Мне нагадаць пра сябе або чакаць выкліку? – запытаўся госць.
– Так, я адкажу пану пісьмова.
– Прашу не забываць пра мяне, – адказаў госць. Ён падняўся з крэсла, пакланіўся і выйшаў.
Лёкай прынёс другую візітоўку, і зараз жа з’явіўся другі госць. Гэта быў чалавек пульхны і чырванатвары, выглядаў ён, як гаспадар крамы з шоўкам ды аксамітам, і кланяўся ўвесь час, пакуль ішоў ад дзвярэй да стала.
– Што пан загадае? – спытаў Вакульскі.
– Як? Пан не здагадаўся, калі прачытаў прозвішча Эскабо?.. Ганібал Эскабо… – здзівіўся госць. – Карабін Эскабо робіць сямнаццаць стрэлаў у хвіліну, а той, які я маю гонар прадэманстраваць пану, выкідае трыццаць куль…
На твары ў Вакульскага выраз быў такі агаломшаны, што Ганібал Эскабо і сам разгубіўся.
– Мяркую, я не памыліўся? – спытаў ён.
– Памыліўся пан, – адказаў Вакульскі. – Я галантарэйны купец, і карабіны мяне не цікавяць.
– Казалі мне, аднак… канфідэнцыяльна… – прамовіў са значэннем Эскабо, – што панове…
– Кепска пана паінфармавалі.
– Ах, у такім разе перапрашаю… Можа быць, у іншым нумары… – казаў госць і адступаў з паклонамі.
Новае выступленне блакітнага фрака ды белых нагавіц і – новы госць. Гэтым разам – малы, худы, чорны, з неспакойным позіркам. Гэты подбегам наблізіўся да стала, упаў на крэсла, азірнуўся на дзверы ды прысунуўся бліжэй да Вакульскага, і толькі потым пачаў прыцішаным голасам:
– Пэўна, дзівіць гэта пана, але… справа такая важная… надта важная… Днямі я зрабіў грандыёзнае адкрыццё адносна рулеткі… Трэба толькі ад шасці да васьмі разоў прадубляваць стаўку…
– З дазволу пана, я гэтым не займаюся, – спыніў яго Вакульскі.
– Не давярае мне пан?.. Гэта цалкам зразумела… Але ў мяне якраз пры сабе малая рулетка… Можам паспрабаваць…
– Перапрашаю пана, але мне няма калі зараз.
– Тры хвілінкі, пане, хвілінку…
– Ані паловы хвілінкі.
– Дык калі мне прыйсці? – пытаўся госць безнадзейным тонам.
– У кожным разе, не хутка.
– Няхай жа пан, прынамсі, пазычыць мне сто франкаў на афіцыйную пробу…
– Магу прапанаваць пяць, – адказаў Вакульскі і палез у кішэню.
– О не, пане, дзякуй… Я не авантурыст… Зрэшты… няхай пан дасць… заўтра вярну… Пан, можа, надумае тым часам…
Наступны госць – чалавек відны, з ордэнскаю калодкаю на лацкане сурдута – прапанаваў Вакульскаму: дыплом доктара філасофіі, ордэн, тытул… І ў яго быў вельмі здзіўлены выгляд, калі прапанова не была прынятая. Ён пайшоў нават не развітваючыся.
Пасля яго настаў перапынак на некалькі хвілін. Вакульскаму здалося, што ў пачакальні чуваць шамаценне жаночае сукенкі. Ён прыслухаўся… У гэты момант лёкай абвясціў баранесу…
Зноў доўгая паўза, і ў салоне з’явілася кабета гэткая прыгожая і элегантная, што Вакульскі міжволі прыўстаў з крэсла. Ёй магло быць каля сарака гадоў, рост высокі, рысы твару правільныя, пастава велікасвецкае дамы.
Моўчкі ён паказаў ёй на фатэль. А калі тая села, ён заўважыў, што яна нервуецца і камячыць у руках карункавую хустачку. Раптам яна азвалася, з гонарам пазіраючы яму ў вочы:
– Пан мяне ведае?
– Не, пані.
– Не бачыў пан нават маіх партрэтаў?
– Не.
– Дык, хіба, ніколі пан не быў ані ў Берліне, ані ў Вене.
– Не быў.
Дама глыбока ўздыхнула.
– Тым лепш, – сказала яна, – я буду смялейшая. Я не баранеса… я нехта зусім іншы. Але гэта няважна. Часова я знаходжуся ў цяжкай сітуацыі… мне трэба дваццаць тысяч франкаў… А з-за таго, што я не жадаю пакідаць свае каштоўнасці ў тутэйшых ламбардах, дык… Разумее пан?
– Не, пані.
– Дык… маю на продаж важную таямніцу…
– Я не маю права набываць таямніцы, – адказаў збянтэжаны ўжо Вакульскі.
Дама паварушылася ў фатэлі.
– Пан не мае права?.. Дык навошта пан сюды прыехаў? – прамовіла яна з лёгкаю ўсмешкаю.
– Аднак не маю…
Дама паднялася.
– Тут, – сказала яна ўзрушана, – адрас, дзе можна шукаць мяне цягам дваццаці чатырох гадзін, а тут… нататка, якая пану, можа, будзе нечым карысная… Я развітваюся.
Яна з шамаценнем выйшла. Вакульскі зірнуў на нататку і ўбачыў тыя падрабязнасці пра сябе і Сузіна, якія звычайна запісваюцца ў пашпартах.
“Ну так! – думаў ён. – Мілер прачытаў мой пашпарт і зрабіў выпіску, нават не без памылак… Ваклюскі!.. Д’ябал! Яны што, за дзіця мяне лічаць?..”
А як ніхто з гасцей ужо не заходзіў, Вакульскі паклікаў Жумара.
– Што пан загадае? – запытаўся элегантны маршалак двара.
– Я хацеў з панам пагутарыць.
– Прыватна?.. У такім разе з дазволу пана я сяду. Прадстаўленне скончанае, касцюмы ідуць на склад, акцёры становяцца самі сабою.
Ён гаварыў крыху іранічным тонам і паводзіўся як належыць чалавеку з добрым выхаваннем. Вакульскі дзівіўся ўсё больш.
– Скажы мне, пан, – спытаў ён, – што гэта за людзі?
– Тыя, што былі ў пана? – перапытаў Жумар. – Людзі як людзі: праваднікі па горадзе, вынаходнікі, пасярэднікі… Кожны робіць, што ўмее, і стараецца прадаць сваю працу з карысцю. А тое, што яны хочуць зарабіць болей, чым яно таго вартае, дык гэта ўжо рыса французаў.
– Пан не француз?
– Я?.. Нарадзіўся ў Вене, вучыўся ў Швейцарыі ды ў Германіі, доўгі час жыў у Італіі, Англіі, Нарвегіі, Злучаных Штатах… А ў маім прозвішчы – мая нацыянальнасць. Я той, у чыім абозе апынуўся: вол – сярод валоў, конь – сярод коней. А як і мне, і ўсім іншым вядома, адкуль у мяне грошы і на што я іх трачу, дык рэшта мяне не цікавіць.
Вакульскі глядзеў на яго ўважліва.
– Бачыць пан, – працягваў Жумар, які барабаніў пры гэтым пальцамі па стале, – я шмат паездзіў па свеце, каб браць пад увагу чыюсьці нацыянальнасць. Па мне, дык існуюць толькі чатыры нацыянальнасці, не зважаючы на мовы. Нумар першы – гэта тыя, пра якіх я ведаю, адкуль яны бяруць грошы і на што іх трацяць. Нумар другі – тыя, пра якіх я ведаю, адкуль бяруць, але не ведаю, на што трацяць. У нумара трэцяга вядомыя выдаткі, хоць невядомыя даходы. А нумар чацвёрты належыць тым, пра якіх я не ведаю ані крыніц даходаў, ані іх выдаткаў. Пра пана Эскабо я ведаю, што ён мае даход з фабрыкі трыкатажу, а траціць грошы на стварэнне нейкай пякельнай зброі, дык я шаную яго… А пра пані баранесу… не ведаю, ані адкуль яна бярэ грошы, ані на што траціць, таму я ёй не давяраю.
– Я купец, пане Жумар, – адказаў Вакульскі, якога непрыемна зачапіла выкладзеная тэорыя.
– Мне гэта вядома. І яшчэ пан – прыяцель пана С’юза, што таксама дае пэўны працэнт. Не да пана, зрэшты, адрасаваныя мае назіранні. Я выклаў іх у якасці лекцыі, якая, маю надзею, мне акупіцца.
– Пан філосаф, – прамармытаў Вакульскі.
– Нават доктар філасофіі двух універсітэтаў, – адказаў Жумар.
– І выконваеш, пан, ролю…
– Слугі?.. Гэта хацеў пан сказаць, – зарагатаў Жумар. – Я працую, пане, каб жыць і забяспечыць сабе рэнту на старасць. А пра тытулы не дбаю: столькі ўжо я іх меў!.. Свет падобны да аматарскага тэатра, дык непрыстойна пхацца ў ім на першыя ролі і адмаўляцца ад тых, якія трапляюцца пад руку. Зрэшты, кожная роля добрая, абы іграць яе з артыстызмам і не ставіцца да яе занадта сур’ёзна.
Вакульскі заварушыўся. Жумар падняўся з крэсла і з галантным паклонам сказаў:
– Гатовы служыць пану.
Потым ён выйшаў з салона.
“Гарачка ў мяне, ці што?.. – ціха прамовіў Вакульскі, сціскаючы рукамі галаву. – Я ведаў, што Парыж дзіўны, але каб аж такі дзіўны…”
Калі Вакульскі зірнуў на гадзіннік, была толькі палова на чацвёртую.
“Больш за чатыры гадзіны да сесіі,” – прамармытаў ён, адчуваючы, як ахоплівае яго трывога ад думкі: што рабіць з часам. Ён ужо ўбачыў столькі новага, паразмаўляў з такою колькасцю людзей, а зараз толькі палова на чацвёртую!..
Нешта незразумелае турбавала яго, яму здавалася, што нечага не стае… “Можа, яшчэ пад’есці? Не. Можа, чытаць? Не. Можа, размаўляць? Хопіць ужо з мяне тых размоў…”
Людзі абрыдлі яму, найменш пачварнымі былі хворыя на манію вынаходніцтва і той Жумар са сваёй класіфікацыяй людскога роду.
Яму не хапала адвагі вярнуцца ў свой нумар з вялікім люстэркам, дык што ж заставалася, як не агляд парыжскіх адметнасцяў. Ён загадаў правесці сябе ў рэстаран Гранд Гатэля. Усё тут было пышнае і вялікае, пачынаючы ад сцен, столі ды вокнаў і сканчаючы колькасцю і даўжынёю сталоў. Але Вакульскі не азіраўся па баках, ён утаропіўся ў адну з вялізных пазалочаных жырандоляў і думаў:
“Калі яна дасягне веку баранесы… яна, прызвычаеная траціць дзясяткі тысяч рублёў штогод… хто ведае, ці не пойдзе і яна шляхам баранесы?.. Тая кабета таксама была маладою, і за ёю мог шалець гэткі ж вар’ят, як я, і яна не пыталася, адкуль бяруцца грошы… Сёння яна ўжо ведае адкуль: з гандлю таямніцамі! Праклятая сфера, што гадуе кабет гэткіх прыгожых і гэткіх…”
У зале яму было цесна, дык ён выбег з гатэля, каб занурыцца ў глыбіню вулічнага шуму.
“Першы раз я пайшоў налева, – думаў ён, – а цяпер пайду направа…”
Вандроўка куды вочы вядуць, па незнаёмым горадзе была адзіным заняткам, які меў для яго нейкую горкую прывабнасць.
“Каб у гэтым тлуме можна было самому згубіцца…” – прашаптаў ён.
Ён павярнуў направа. Мінуў невялікі пляц і выйшаў на другі – вельмі прасторны, абсаджаны дрэвамі. Пасярэдзіне стаяў прастакутны гмах з калонамі навакол, накшталт грэцкае святыні. Вялізныя бронзавыя дзверы былі пакрытыя барэльефамі, на франтоне – таксама барэльефы са сцэнамі, здаецца, апошняга суду.
Ён абышоў гмах, думаючы пра Варшаву. З якой цяжкасцю ўзводзяцца там невялікія будынкі, нетрывалыя, з гладкімі сценамі, а тут чалавечая сіла, нібы на забаву, будуе аграмадзіны і, не задавольваючыся гэтым, яшчэ і аздабляе іх шчодра.
Насупраць ён убачыў кароткую вуліцу, а за ёю – вялізны пляц, на якім віднелася стромкая калона. Ён пайшоў у той бок. Чым бліжэй ён падыходзіў, тым вышэй расла калона, а пляц пашыраўся. Перад калонаю і за ёю білі высокія фантаны, направа і налева цягнуліся ўжо крыху пажоўклыя купы паркавых дрэваў, далей віднелася рака, над якою разыходзіўся дым ад шпаркага парахода.
Па пляцы праязджала няшмат калясак, затое было шмат дзяцей з маткамі ды бонамі. Праходжваліся вайскоўцы ў разнастайнай форме, і дзесьці граў аркестр.
Вакульскі падышоў да абеліска і спыніўся ўражаны. Ён знаходзіўся на абшары, які меў каля двух вёрстаў у даўжыню і з палову – у шырыню. За ім быў сад, а перад ім – вельмі доўгая алея, абапал якой цягнуліся скверы і палацы, а далёка ўперадзе, на ўзгорку, узносілася вялізная брама. Вакульскаму здавалася, што ў гэтым месцы яму не хопіць прыметнікаў і найвышэйшых ступеняў параўнання.
– Гэта пляц Згоды, гэта абеліск з Люксора (сапраўдны, пане!), за намі – сад Цюільры, перад намі – Елісейскія палі, а там, у канцы… Арка Зоркі…
Вакульскі азірнуўся: каля яго круціўся нейкі пан у цёмных акулярах і падраных пальчатках.
– Можам крыху прайсціся… Боскі шпацыр!.. Звярні ўвагу, пан, на гэты рух… – казаў незнаёмы.
Раптам ён змоўк, хутка адышоў і знік сярод калясак, якія якраз праязджалі побач. Замест яго наблізіўся нейкі вайсковец у кароткай накідцы з каптуром на плячах. Вайсковец з хвіліну паназіраў за Вакульскім і з усмешкаю сказаў:
– Пан чужаземец?.. Няхай пан будзе асцярожны са знаёмствамі ў Парыжы…
Вакульскі машынальна правёў рукою па бакавой кішэні сурдута і ўжо не знайшоў там срэбнага партсігара. Ён сумеўся, ветліва падзякаваў вайскоўцу ў накідцы, але не прызнаўся ў прапажы. Прыгадаліся яму дэфініцыі Жумара, і ён вырашыў, што ўжо ведае крыніцу даходаў пана ў падраных пальчатках, хоць не ведае яшчэ яго выдаткаў.
“Жумар мае рацыю, – падумаў ён. – Злодзеі менш падазроныя за людзей, якія невядома адкуль маюць даходы…”
І ён прыгадаў, што ў Варшаве вельмі шмат такіх.
“Можа, таму і няма там гмахаў ды трыумфальных арак…”
Ён ішоў па Елісейскіх палях і п’янеў ад бясконцага руху карэт і калясак, між якімі трапляліся коннікі ды амазонкі. Ён ішоў, адганяючы змрочныя думкі, якія кружлялі над ім, як чарада кажаноў. Ён ішоў і баяўся зірнуць на сябе. Яму здавалася, што на гэтай дарозе, якая кіпіць раскошаю і весялосцю, сам ён, як растаптаны чарвяк, што цягне за сабою ўласныя вантробы.
Ён дайшоў да Аркі Зоркі і паволі пачаў вяртацца назад. Калі ён зноў апынуўся на пляцы Згоды, дык убачыў за Садам Цюільры вялізны чорны шар, які хутка падымаўся ўгору, затрымліваўся на нейкі час і павольна апускаўся ўніз.
“Ага, гэта тут балон Жыфарда?[209]– падумаў ён. – Шкада, што няма ў мяне сёння часу!..”
З пляца ён збочыў на нейкую вуліцу, дзе справа цягнуўся парк, аддзелены жалезным штыкетнікам са слупамі, упрыгожанымі вазонамі, а злева – шэраг камяніц з паўкруглымі дахамі, з лесам малых і вялікіх комінаў, з бясконцымі балюстрадамі… Ён ішоў няспешна і з трывогаю думаў, што мінула нейкіх восем гадзін, а Парыж пачынае яму надакучваць…
“Ужо? – прашаптаў ён. – А выстава, а музеі, а балон?..”
Ідучы вуліцай Рывалі, а сёмай ён дабраўся да пляца, на якім самотна, як палец, уздымалася гатычная вежа ў атачэнні дрэў за нізкім плотам з жалезных прэнтаў. Адгэтуль зноў разбягалася некалькі вуліц. Вакульскі адчуў стомленасць, кіўнуў фіякру і праз паўгадзіны быў у гатэлі, спаткаўшы дарогаю ўжо знаёмую браму Сен-Дэні.
Нарада з карабельнымі фабрыкантамі ды адпаведнымі інжынерамі пры ўдзеле шматлікіх бутэлек шампанскага зацягнулася да паўночы. Вакульскі, які мусіў выручаць у размове Сузіна і рабіць шмат нататак, толькі падчас гэтае працы цалкам супакоіўся. Потым ён жвава пабег да сябе ў нумар і, замест таго, каб злавацца на люстра, узяў у ложак план Парыжа, змешчаны ў “Даведніку”.
– Нішто сабе! – прамармытаў ён. – Каля ста квадратных вёрстаў плошчы, два мільёны жыхароў, некалькі тысяч вуліц і некалькі тысяч адзінак публічнага транспарту…
Потым ён прагледзеў доўгі спіс найбольш вядомых парыжскіх пабудоў і з сорамам падумаў, што ніколі, хіба, не здолее арыентавацца ў гэтым горадзе.
“Выстава… Нотр-Дам… Цэнтральны рынак… Пляц Бастыліі… Магдалена… Каналы… Няма рады!” – казаў ён сабе.
Ён патушыў свечку. На вуліцы было ціха, праз акно наплывала матавае святло ліхтароў, якое адбівалася, мабыць, ад аблокаў. Але Вакульскаму шумела і звінела ў вушах, а перад вачыма паўставалі то вуліцы, гладкія, як падлога, то дрэвы ў жалезных кошыках, то гмахі, пабудаваныя з часанага каменю, то зноў – сціжмы люду і калясак, якія бясконца цягнуліся невядома адкуль і куды. Маючы перад вачыма гэтыя расплывістыя прывіды, ён засынаў з думкаю, што першы дзень у Парыжы запомніцца яму, аднак, на ўсё жыццё.
Потым мроілася яму мора дамоў і лес скульптур, і бясконцыя шэрагі дрэў, якія падалі на яго, а сам ён ужо нібы спіць у бяздоннай магіле – самотны, ціхі, амаль шчаслівы. Спіць, ні пра што не думае, нікога не памятае і гэтак бы праспаў стагоддзі, каб, ах! не тая кропля жалю, якая ляжыць у ім або побач з ім, гэткая малая, што не заўважыць яе чалавечае вока, і гэткая горкая, што магла б атруціць увесь свет.
З дня, калі ён першы раз заглыбіўся ў Парыж, пачалося для Вакульскага жыццё амаль містычнае. За выключэннем некалькіх гадзін, прысвечаных нарадам Сузіна з будаўнікамі караблёў, Вакульскі быў абсалютна свабодны і выкарыстоўваў гэты час на бязладны агляд славутых мясцін горада. Ён абіраў нейкае месца паводле алфавіту ў “Даведніку” і, нават не зазіраючы ў план, ехаў туды ў адкрытай калясцы. Узбіраўся па сходах, абыходзіў гмахі, прабягаўся па залах, затрымліваўся перад найбольш цікавымі экспанатамі і тым самым фіякрам, нанятым на цэлы дзень, перабіраўся ў іншае месца, зноў паводле алфавіту. А з-за таго, што найбольш страшнаю небяспекаю для яго была адсутнасць занятку, дык вечарамі ён разглядаў план горада, выкрэсліваў пункты, якія ўжо агледзеў, і рабіў нататкі.
Часам таварышаваў яму ў гэтых экскурсіях Жумар і заводзіў у месцы, што не згадваюцца ў даведніках: на купецкія склады, на фабрычныя варштаты, у майстэрні рамеснікаў, у студэнцкае жытло, у кавярні і рэстарацыі на вуліцах чацвёртага разраду. І тут Вакульскі знаёміўся з сапраўдным жыццём Парыжа.
Цягам тых вандровак ён падымаўся на вежы Сен-Жак, Нотр-Дам і Пантэона, ехаў ліфтам на Тракадэра, спускаўся ў Парыжскія каналы і аздобленыя чарапамі катакомбы, наведваў выставу, Луўр, музей Клюні, Булонскі лес і могілкі, кавярні дэ ля Ратонда і дэ Гранд-Балькон, фантаны, школы, шпіталі, Сарбону і фехтавальныя залы, галерэі і кансерваторыі, бойні і тэатры, біржу, Ліпеньскую калону і святыні. Усё гэта пагружала яго ў хаос, якому адпавядаў той хаос, што панаваў у яго ўласнай душы.
Не раз, перабіраючы ў думках тое, што ён бачыў – ад выставы памерам дзве вярсты, да жамчужыны ў кароне Бурбонаў, не большай за гарошыну – ён пытаў сам у сябе: чаго ён хоча?.. І аказвалася, што не хацеў ён нічога. Нішто не прыцягвала ягоную ўвагу, не прыспешвала біццё сэрца, не падштурхоўвала да дзеяння. Каб за падарожжа пешкі ад могілак Манмартр да могілак Манпарнас прапанавалі б яму ўвесь Парыж, але з умоваю, каб яго гэта заняло і ўзрушыла, не прайшоў бы ён тых пяці вёрст. А праходзіў жа ён іх дзясяткі за дзень і толькі дзеля таго, каб заглушыць успаміны.
Яму не аднойчы здавалася, што ён істота, якая дзіўным збегам абставінаў некалькі дзён таму нарадзілася тут, на парыжскім бруку, а ўсё, што ён памятаў, – гэта ілюзіі, нейкі сон яшчэ да нараджэння, тое, чаго ніколі не існавала ў сапраўднасці. Тады ён казаў сабе, што ён шчаслівы, раз’язджаў па Парыжы з канца ў канец і, як шалёны, жменямі раскідваў луідоры.
– Так ці іначай! – мармытаў ён.
Ах, каб не тая кропля жалю, гэткая малая, а гэткая горкая!
Часам на тле шэрых дзён, калі яму здавалася, што ўвесь гэты свет палацаў, фантанаў, скульптур, карцін і махін валіцца яму на галаву, здараўся выпадак, які нагадваў, што ён не ілюзія, а сапраўдны чалавек, хворы на рак душы.
Быў ён раз у тэатры “Вар’етэ” на вуліцы Манмартр, паблізу свайго гатэля. Мусілі іграць тры камічныя п’есы, у тым ліку – адну аперэтку. Ён пайшоў туды, каб упіцца блазнаваннем, і амаль адразу, як паднялі заслону, пачуў словы, прамоўленыя плаксівым голасам:
“Каханак усё прабачыць каханцы, апроч іншага каханка…”
– Часам трэба прабачыць трох або нават чатырох!.. – зарагатаў француз, які сядзеў побач.
Вакульскі адчуў недахоп паветра, яму здавалася, што зямля разыходзіцца пад нагамі, а столь валіцца на яго. Ён не мог больш трываць, устаў з крэсла, якое, на няшчасце, знаходзілася дзесьці пасярэдзіне тэатра і, увесь у халодным поце, наступаючы на ногі гледачам, уцёк з прадстаўлення.
Па дарозе да гатэля ён забег у першую ж кавярню на рагу вуліцы. Пра што яго пыталі, што ён адказваў – не памятае. Ведае толькі, што падалі яму каву і графінчык з каньяком, пазначаны рыскамі, якія адпавядалі ёмістасці кілішка.
Вакульскі піў і думаў:
“Старскі – гэта той другі каханак, Ахоцкі – трэці… А Росі?.. Росі, якому я арганізаваў апладысменты і насіў у тэатр прэзенты… Кім ён быў?.. Дурны ты, чалавеча! Гэта ж Месаліна[210], калі не целам, дык душою… І я мушу шалець за ёю?.. Я!..”
Ён адчуваў, як абурэнне супакойвае яго, а калі ўжо трэба было разлічвацца, пераканаўся… графінчык пусты…
“Аднак гэты каньяк супакойвае…” – падумаў ён.
З таго часу, варта было яму прыгадаць Варшаву або сустрэць кабету, якая мела нешта асаблівае ў рухах, ва ўборы або ў твары, ён заходзіў у кавярню і выпіваў графінчык каньяку. Тады ўжо смела прыгадваў сабе панну Ізабэлу і дзівіўся, што такі чалавек, яе ён, мог кахаць такую кабету, як яна.
“Зрэшты, я заслугоўваю, хіба, каб быць першым і апошнім…” – думаў ён.
Графінчык каньяку спаражняўся, а ён клаў галаву на рукі і драмаў, што надта цешыла гарсонаў і гасцей.
І зноў цэлымі днямі аглядаў ён выставы, музеі, артэзіянскія студні, школы і тэатры не з мэтаю нешта даведацца, а каб заглушыць успаміны.
Паволі, на тле глухой і неакрэсленай тугі, пачало ў яго нараджацца пытанне: ці існуе нейкі парадак у забудове Парыжа. Ці ёсць прадмет, з якім яго можна параўнаць, і ці можна дайсці тут да ладу?
Парыж з боку Пантэона і Тракадэра бачыўся аднастайна: мора дамоў, падзеленых сотнямі вуліц. Няроўныя лініі дахаў былі падобныя да хваль, коміны – да трэсак, а вежы і калоны – да вялікіх хваль.
“Хаос! – казаў сабе Вакульскі. – Зрэшты, не можа быць іначай там, дзе канцэнтруецца мільён высілкаў. Вялікі горад, як воблака пылу, мае выпадковыя контуры і не можа мець логікі. Каб яна была, гэты факт не прамінулі б аўтары даведнікаў, бо навошта ж яны?”
І ён разглядаў план горада, пасмейваючыся з уласных намаганняў.
“Толькі адзін чалавек, у дадатак – геніяльны чалавек, можа выпрацаваць нейкі стыль і нейкі план, – думаў ён. – Але каб мільёны людзей, працуючы некалькі стагоддзяў і не ведаючы адзін пра аднаго, стварылі нейкую лагічную цэласнасць, – гэта абсалютна немагчыма”.
Аднак паволі, да свайго вялікага здзіўлення, ён заўважыў: той Парыж, будаваны некалькі стагоддзяў мільёнамі людзей, якія не ведалі адзін пра аднаго і не мелі ў галовах ніякага плану, усё ж мае гэты план, мае цэласнасць – і нават вельмі лагічную.
Спачатку ён адзначыў, што Парыж падобны да вялізнае місы – дзевяць вёрстаў шырыні з поўначы на поўдзень і адзінаццаць вёрстаў даўжыні з усходу на захад. Міса тая з паўднёвага боку трэснутая – падзеленая Сенай, якая перацінае яе ў выглядзе аркі, перакінутай з кутка паўднёва-ўсходняга праз цэнтр горада да кутка паўднёва-заходняга. Васьмігадовае дзіця магло б намаляваць гэтакі план.
“Ну добра, – думаў Вакульскі, – але дзе ж тут нейкі лад у размяшчэнні асобных будынкаў… Нотр-Дам – з аднаго боку, Тракадэра – з другога, а Луўр, а біржа, а Сарбона!.. Хаос дый годзе…”
Але варта было яму пільней прыгледзецца да плана Парыжа, як ён заўважыў тое, чаго не ўбачылі ні самі парыжане (што менш дзіўна), ні нават К. Бэдэкер[211], які прэтэндаваў, каб па ім арыентавалася ўся Еўропа.
Парыж, нягледзячы на ўяўны хаос, мае план, мае логіку, хоць і будавалі яго мільёны людзей некалькі стагоддзяў, не ведаючы адзін пра аднаго і не дбаючы пра логіку ды стыль.
Парыж мае тое, што можна назваць хрыбтом, стрыжнем, вакол якога крышталізуецца горад.
Венсенскі лес ляжыць у паўднёва-ўсходняй частцы горада, а ўзлесак Булонскага пачынаецца ў паўночна-заходняй частцы Парыжа. Той стрыжань, вакол якога крышталізуецца горад, падобны да вялізнага вусеня (што мае, праўда, шэсць вёрст даўжыні), які знудзіўся ў Венсенскім лесе і папоўз на шпацыр у лес Булонскі.
Хвост яго абапіраецца на пляц Бастыліі, галава – на Арку Зоркі, тулава амаль прылягае да Сены. Шыя – гэта Елісейскія Палі, гарсэт – Цюільры ды Луўр, хвост – Ратуша, Нотр-Дам і, нарэшце, Ліпеньская калона на пляцы Бастыліі.
Вусень той мае шмат ножак, адны – карацейшыя, іншыя – даўжэйшыя. Першая ад галавы пара ножак абапіраецца злева на Марсава поле[212], пляц Тракадэра і выставу, а справа – сягае ажно могілак Манмартр. Другая пара ножак (ножкі кароткія) злева дацягваецца да Вайсковае школы, Палаца інвалідаў[213] і Палаты дэпутатаў, а справа – касцёла Магдалены і Оперы. Потым ідзе (у бок хваста): злева – Школа Мастацтва, справа – Пале-Раяль, банк і біржа, злева – Французскі інстытут і Манетны двор, справа – Цэнтральны рынак, злева – Люксембургскі палац, музей Клюні ды Медыцынская школа, справа – пляц Рэспублікі з кашарамі прынца Яўгена.
Апроч цэнтральнага стрыжня і сіметрычнасці агульнага абрысу горада, Вакульскі заўважыў яшчэ (пра што, зрэшты, кажуць і даведнікі), што ў Парыжы існуюць дзядзінцы, якія аб’ядноўваюць людзей аднаго занятку. Паміж пляцам Бастыліі ды пляцам Рэспублікі размясцілася прамысловасць і рамесніцтва, насупраць, на другім беразе Сены, знаходзіцца “лацінскі квартал”, гняздо студэнтаў і навукоўцаў. Паміж Операй, палацам Рэспублікі ды Сенай сканцэнтраваўся экспартны гандаль і фінансы, паміж Нотр-Дам, Французскім інстытутам і могілкамі Манпарнас рассяліліся рэшткі радавітае арыстакратыі. Ад Оперы да Аркі Зоркі цягнецца раён нуварышаў, а насупраць, на левым беразе Сены, побач з Палацам інвалідаў і Вайсковаю школаю – сядзіба мілітарызму ды сусветных выстаў.
Гэтыя назіранні абудзілі ў душы Вакульскага новыя ідэі, якіх ён раней не ўсведамляў, або ўсведамляў няясна. Значыць, вялікі горад, як расліна і звер, мае ўласную анатомію і фізіялогію. Таму праца мільёнаў людзей, якія гэтак гучна крычаць пра сваю вольную волю, мае той самы вынік, што і праца пчол, якія будуюць дакладнай формы соты, і мурашак, якія ўзводзяць конусы мурашнікаў, і хімічных злучэнняў, якія складаюць правільныя крышталі.
Дык няма ў грамадстве нічога выпадковага, а ёсць непарушны закон, які, нібы насміхаючыся з чалавечае пыхі, гэтак выразна праяўляецца ў жыцці самага капрызлівага народа – французаў! Правілі імі Меравінгі і Каралінгі, Бурбоны і Банапарты; былі тры рэспублікі і некалькі анархій, была інквізіцыя і атэізм… Правадыры і міністры змяняліся, як крой сукенак ці воблакі на небе… Але, нягледзячы на столькі перамен, якія здаваліся гэткімі важнымі, Парыж усё больш яўна прымаў форму місы, рассечанай Сенаю, штораз выразней вымалёўваўся стрыжань крышталізацыі, які бег ад пляца Бастыліі да Аркі Зоркі, штораз ясней размяжоўваліся кварталы: навуковы і прамысловы, арыстакратычны і гандлёвы, вайсковы і буржуазны.
Той самы фаталізм заўважыў Вакульскі ў гісторыі некалькіх соцень найбольш уплывовых Парыжскіх сем’яў. Дзед яшчэ быў сціплым рамеснікам і працаваў на вуліцы Тэмпель па шаснаццаць гадзін у суткі, яго сын, які зачарпнуў ведаў у лацінскім квартале, заклаў ужо большы варштат на вуліцы Святога Антонія. Унук, які яшчэ глыбей акунуўся ў навуку, перабраўся ўжо, як буйны гандляр, на бульвар Пуасаньер, а праўнук пасяліўся мільянерам паблізу Елісейскіх Палёў, каб… яго дочкі маглі хварэць на нервы паблізу бульвара Сэн-Жэрмэн. І гэткім чынам род, які працаваў і багацеў каля Бастыліі, які вычарпаў свае сілы каля Цюільры, дагараў ужо паблізу Нотр-Дам. Тапаграфія горада адпавядала гісторыі жыхароў.
Вакульскі, разважаючы пра дзіўную заканамернасць фактаў, якія лічацца выпадковымі, адчуваў: калі што і магло вылечыць яго ад апатыі, дык, хіба, падобныя даследаванні.
“Дзікі я чалавек, – казаў ён сам сабе, – вось і ўпадаю ў шаленства, але дапаможа мне выбавіцца з гэтага цывілізацыя”.
І кожны дзень у Парыжы даваў яму новыя ідэі або праясняў таямніцы яго ўласнае душы.
Аднаго разу, калі ён сядзеў пад навесам кавярні і піў мазарган, да веранды падышоў нейкі вулічны тэнар і пад акампанемент арфы заспяваў:
У вясновы час, калі
Пачынае луг квітнець
І галіны ў гаі
Пачынаюць зелянець,
Пабяжым, краса мая,
У травы-дываны палёў,
Станем там падобныя
Да вясёлых матылёў.
Бачыш, мілая мая,
Як на ружу ён ляціць?
Так да вуснаў тваіх я
Мару вусны прытуліць[214].
І ў той жа момант некалькі гасцей падхапіла апошнюю страфу:
Бачыш, мілая мая,
Як на ружу ён ляціць?
Так да вуснаў тваіх я
Мару вусны прытуліць.
“Дурні! – прамармытаў Вакульскі. – Знайшлі што падпяваць, гэткая лухта”.
Ён устаў і, спахмурнелы, з болем у сэрцы, цягнуўся сярод людзей – рухлівых, крыклівых, балбатлівых ды вясёлых, як дзеці, выпушчаныя са школы.
“Дурні! Дурні!..” – паўтараў ён.
Раптам яму падумалася: а ці не дурань ён сам?..
“Каб усе гэтыя людзі, – казаў ён сабе, – былі падобнымі да мяне, Парыж выглядаў бы, як шпіталь смутных вар’ятаў. Кожны труціўся б нейкім уласным трызненнем, на вуліцах быў бы непралазны бруд, а дамы ператварыліся б у руіны. Тым часам, яны прымаюць жыццё такім, якім яно ёсць, ставяць перад сабою практычныя мэты, яны шчаслівыя і ствараюць шэдэўры.
А я за чым гнаўся? Спачатку – за Perpetuum Mobile і кіраваннем паветранымі балонамі, потым хацеў заняць становішча, да якога не дапускалі мяне ўласныя саюзнікі, нарэшце, за кабетаю, да якое і набліжацца мне забаронена. І заўсёды я або ахвяраваў сабою, або падпарадкоўваўся ідэям таго класу, які хацеў зрабіць мяне сваім слугою і рабом”.
І ён уяўляў сабе, як бы ўсё павярнулася, каб нарадзіўся ён не ў Варшаве, а ў Парыжы. Перадусім, дзякуючы мноству інстытуцый, змог бы атрымаць лепшую адукацыю ў дзяцінстве. Потым, нават калі трапіў бы да купца, не зазнаў бы столькі прыкрасці, а, наадварот, яму дапамаглі б стаць студэнтам. Далей, не працаваў бы ён над Perpetuum Mobile, калі б пераканаўся, што ў тутэйшых музеях існуе мноства падобных махін, якія ніколі не функцыянавалі. А каб узяўся за кіраванне паветранымі балонамі, дык знайшоў бы гатовыя мадэлі, мноства падобных да сябе аматараў, нават і дапамогу ў выпадку, калі задуму можна было ажыццявіць.
А каб, нарэшце, маючы маёнтак, ён закахаўся ў панну-арыстакратку, не спаткаў бы такіх перашкодаў, каб зблізіцца з ёю. Мог бы з ёю пазнаёміцца і – альбо сам абдумаўся б, альбо здабыў яе ўзаемнасць. І ў кожным разе, не ставіліся б да яго, як да мурына ў Амерыцы.
Зрэшты, хіба ў гэтым Парыжы можна закахацца, як ён, да шаленства?
Тут закаханыя не адчайваюцца, а танцуюць, спяваюць і наогул жывуць надзвычай весела. Калі яны не могуць уступіць у афіцыйны шлюб, дык ствараюць вольныя саюзы, а калі не могуць выхоўваць дзяцей, аддаюць іх мамкам. Тут каханне, напэўна, ніколі не даводзіла разумнага чалавека да вар’яцтва.
“Два апошнія гады майго існавання, – казаў сабе ў думках Вакульскі, – прамінулі ў пагоні за кабетаю, якой я, можа, і сам бы выракся, каб пазнаёміўся з ёю бліжэй. Уся мая энергія, усе веды, здольнасці і гэткі вялікі маёнтак паглынае жарсць толькі таму, што я купец, а яна нейкая там арыстакратка. Хіба ж грамадства не крыўдзіць гэтым само сябе?..”
Тут Вакульскі дасягнуў найвышэйшае кропкі самакрытычнасці, ён зразумеў недарэчнасць свайго становішча і вырашыў скончыць з гэтым.
“Што рабіць, што рабіць?.. – думаў ён. – Няўжо тое самае, што робяць іншыя?”
А што ж яны робяць?... Перадусім звычайным чынам працуюць па шаснаццаць гадзін у суткі, не зважаючы на святы і нядзелі. Гэтым пацвярджаецца закон натуральнага адбору, паводле якога толькі самыя моцныя маюць права на жыццё. Нягеглы загіне тут менш чым за год, няздара – за некалькі гадоў, а застануцца толькі самыя цягавітыя ды здатныя. І яны, дзякуючы працы цэлых пакаленняў такіх самых барацьбітоў, маюць магчымасць задавальняць усе свае патрэбы.
Добрая каналізацыя засцерагае іх ад хваробаў, шырокія вуліцы добра праветрываюцца, Галоўны рынак пастаўляе харч, тысячы фабрык – вопратку і мэблю. Калі парыжанін хоча ўбачыць прыроду, ён едзе за горад або ў “лясок”, калі хоча цешыцца мастацтвам, ідзе ў галерэю Луўр, а калі мае прагу да ведаў, да паслугаў яму музеі ды розныя галерэі.
Праца дзеля дасягнення шчасця – вось сэнс парыжскага жыцця. Супраць стомы тут – тысячы калясак, супраць нуды – сотні тэатраў і відовішчаў, супраць цемрашальства – сотні музеяў, бібліятэк і лекцый. Тут клапоцяцца не толькі пра чалавека, але нават пра каня, каб дарогі былі гладкія. Тут дбаюць нават пра дрэвы, калі перавозяць іх на адмысловых вазах у новыя месцы, калі агароджваюць іх жалезнымі кошыкамі ад шкоднікаў, калі забяспечваюць даплыў вады і лечаць у выпадку хваробы.
Дзякуючы гэткай клапатлівасці ўсё, што ёсць у Парыжы, прыносіць разнастайную карысць. Дом, мэбля, посуд тут не толькі практычныя, але і прыгожыя, яны дагаджаюць не толькі мускулам, але і пачуццям. І наадварот, творы мастацтва не толькі прыгожыя, але і карысныя. Пры трыумфальных арках і касцельных вежах ёсць прыступкі, якія дазваляюць падняцца і агледзяць горад з вышыні. Скульптуры і карціны даступныя не толькі аматарам мастацтва, але і мастакам ды ўмельцам, якія могуць рабіць у галерэях копіі.
Француз, калі стварае нешта, дбае спачатку, каб ягоны твор адпавядаў мэце, а потым – каб быў прыгожы. Апроч таго, яшчэ клапоціцца пра яго трываласць і чысціню. Гэта ісціна для Вакульскага пацвярджалася на кожным кроку і ў кожнай рэчы, пачынаючы ад вазкоў, што вывозілі смецце, да агароджанай бар’ерам Венеры Мілоскае. Бачыў ён і вынікі гэтае гаспадарлівасці: не марнуецца тут праца, кожнае пакаленне аддае наступнікам найлепшыя творы папярэднікаў, дапаўняючы іх уласным даробкам.
Гэткім чынам, Парыж – гэта каўчэг, у якім змяшчаецца здабыча некалькі соцень, калі не некалькіх тысяч, стагоддзяў цывілізацыі… Усё тут ёсць, ад жахлівых асірыйскіх скульптур і егіпецкіх мумій, да апошніх дасягненняў механікі ды электратэхнікі; ад збанкоў, у якіх сорак стагоддзяў таму егіпцянкі насілі ваду, да вялізных гідраўлічных колаў Сен-Мор.
“Тыя, хто стварыў гэтыя цуды, – думаў Вакульскі, – альбо сабраў іх разам, не былі, як я, адчайнымі абібокамі…”
Кажучы гэта, ён чуў, як ахоплівае яго сорам.
І зноў, за пару гадзін скончыўшы справы Сузіна, ён бадзяўся па Парыжы. Блукаў незнаёмымі вуліцамі, тануў у людскім тлуме, заглыбляўся ў хаос рэчаў ды выпадкаў і на дне іх знаходзіў парадак ды заканамернасць. То ізноў дзеля разнастайнасці ён піў каньяк, гуляў у карты і рулетку або аддаваўся распусце.
Яму здавалася, што ў гэтым вулканічным пажары цывілізацыі напаткае яго нешта надзвычайнае, што тут пачнецца новы перыяд яго жыцця. Разам з тым, ён адчуваў, што разрозненыя да гэтага часу веды і ўяўленні збіраюцца ў пэўную цэласнасць, у нейкую філасофскую сістэму, якая дазваляла яму зразумець шмат якія таямніцы свету і свайго ўласнага жыцця.
“Хто я?” – пытаўся ён у сябе не раз. І паступова фармуляваўся адказ:
“Я – чалавек страчаны. Меў вялікія здольнасці і энергію, але – нічога не зрабіў дзеля цывілізацыі. Тыя знакамітыя людзі, якіх я тут спатыкаю, не маюць і паловы маёй сілы ды, нягледзячы на гэта, пакідаюць пасля сябе махіны, гмахі, творы мастацтва, новыя ідэі. А я што пакіну?.. Хіба сваю краму, якая даўно б ужо збанкрутавала, каб не пільнаваў яе Жэцкі… А я ж не быў гультаём, высільваўся за траіх і, каб не дапамог мне выпадак, не меў бы нават таго маёнтку, што маю…”
Пазней задаўся ён пытаннем: на што размантачыў свае сілы і жыццё?..
На барацьбу з атачэннем, з якім не мог зжыцца. Калі хацеў ён вучыцца – не мог, бо ягонаму краю патрэбныя былі не вучоныя, а хлопцы на пабягушках ды крамнікі ў крамах. Калі хацеў паслужыць грамадству, нават ахвяруючы ўласным жыццём, падсунулі яму фантастычныя мары замест праграмы, а потым – забыліся на яго. Калі шукаў працу, яе не далі, а паказалі шырокі гасцінец – жаніцьбу з-за грошай са старой кабетай. Калі, нарэшце, ён закахаўся і хацеў стаць сапраўдным бацькам сямейства, капланам дамашняга агменю, святасць якога ўсе навокал услаўлялі, паставілі яго ў безвыходнае становішча. Ён нават не ведаў, ці кабета, за якою шалеў, звычайная какетка з мешанінаю ў галаве, ці, можа, гэткая, як і ён, заблуканая істота, якая не знайшла ўласнае дарогі. Мяркуючы па яе ўчынках, – гэта панна на выданні, якая шукае лепшае партыі, а калі глядзіш ёй у вочы, думаецца, што гэта анёльская душа, якой чалавечыя ўмоўнасці звязалі крылы.
“Каб мне дастаткова было некалькі соцень тысяч рублёў гадавога даходу ды гульні ў віст, дык быў бы я самы шчаслівы чалавек у Варшаве, – казаў ён сабе. – Але з-за таго, што апроч страўніка, маю яшчэ і душу, якая жадае ведаў і кахання, дык не выжыць мне там. На гэтай шыраце не выспяваюць ані пэўнага гатунку расліны, ані пэўнага гатунку людзі…”
Шырата!.. Аднойчы ў абсерваторыі ён кінуў вокам на кліматычную карту Еўропы і адзначыў у памяці, што сярэдняя тэмпература ў Парыжы на пяць градусаў вышэй, чым у Варшаве. Значыць, гэты Парыж кожны год мае цяпла на дзве тысячы градусаў больш, чым Варшава. А як цяпло ёсць сіла, і сіла магутная, калі не адзіная творчая, дык… загадка разгаданая…
“На поўначы халадней, – думаў ён. – Раслінны і жывёльны свет там бяднейшы, дык і харчавання для чалавека там менш. Мала таго, гэты ж самы чалавек мусіць яшчэ добра папрацаваць, каб пабудаваць цёплыя дамы і пашыць сабе цёплую вопратку. Француз, у параўнанні з жыхаром поўначы, мае больш вольных дзён і часу на задавальненне матэрыяльных патрэб і выкарыстоўвае іх на духоўную творчасць.
Калі да цяжкіх кліматычных умоў дадаць яшчэ арыстакратыю, якая завалодала ўсімі народнымі багаццямі і змарнавала іх у бессэнсоўнай распусце, дык ясна, чаму людзі незвычайна здольныя не толькі не могуць развівацца там, але проста гінуць.
– Ну, але я не загіну! – буркнуў ён злосна.
І ў гэты момант першы раз склаўся ў яго ясны план – не вяртацца ў край.
“Прадам краму, – думаў ён, – забяру свае капіталы і асяду ў Парыжы. Не буду назаляць тым, хто мяне не хоча… Буду хадзіць тут па музеях, можа, займуся навукаю, і жыццё пражыву калі не шчасліва, дык прынамсі, без болю…”
Вярнуць у край і затрымаць яго там магла толькі адна падзея, толькі адна асоба… Але тая падзея не здаралася, а наадварот, здараліся іншыя, якія ўсё больш аддалялі яго ад Варшавы і ўсё мацней прывязвалі да Парыжа.