Мінула ўжо дзявятая вечара, калі Вакульскі вяртаўся дадому. Сонца зайшло яшчэ нядаўна, але моцны зрок мог разгледзець буйныя зоркі, якія мігцелі на сінім небе з залатым водбліскам. Вуліца поўнілася вясёлаю гаманою мінакоў, у сэрцы Вакульскага панаваў радасны спакой.
Ён прыгадваў сабе кожны рух, кожную ўсмешку, кожны позірк і кожнае слова панны Ізабэлы, шукаючы з падазронай клапатлівасцю хоць след непрыязі альбо пыхі. Дарэмна. Яна ставілася да яго, як да роўнага, як да прыяцеля, яна запрашала, каб ён часцей іх наведваў, ах!.. яна нават пажадала, каб ён нечага прасіў у яе…
“А каб я папрасіў яе рукі ў той момант, – з’явілася ў яго думка, – што тады?..”
І ён пільна ўзіраўся ў здань з яе рысамі твару, што жыла ў ягонай душы, але зноў не бачыў ані следу непрыязі. Наадварот – гуллівую ўсмешку.
“Яна б адказала, – думаў ён, – што мы яшчэ мала знаёмыя, што я мушу заслужыць яе… Так… яна абавязкова гэтак адказала б,” – паўтараў ён, зноў і зноў прыгадваючы несумненныя адзнакі прыхільнасці.
“Наогул, – дакараў ён сябе, – я быў несправядлівы да велікасвецкіх паноў. А яны ж – гэткія, як і мы, людзі, можа, нават адчуванні ў іх больш тонкія. Яны ведаюць нас як сквапных хамаў, таму і ўнікаюць. Але варта ім пазнаць нашыя шчырыя сэрцы, і яны прыгорнуць нас да сябе… Што за цудоўная жонка можа быць з гэткае кабеты! Вядома, я павінен яшчэ заслужыць яе!”
І пад уплывам гэтых думак ён адчуваў, як абуджаецца ў ім нейкая ўсёабдымная спагада, якая ахоплівае спачатку дом Ленцкіх, потым далёкую іх радню, потым яго краму і ўсіх, хто там працуе, потым усіх купцоў, з якімі ён мае дачыненні, і, нарэшце, увесь край і ўсё чалавецтва. Вакульскаму здавалася, што кожны мінак на вуліцы– гэта яго крэўны, блізкі або далёкі, вясёлы або сумны. І ён гатовы быў ужо спыніцца ды пачаць, як жабрак, чапляцца да людзей з пытаннем: “Можа, некаму з вас нешта трэба?.. Жадайце, загадвайце, прашу вас… у імя яе…”
“Ганебна жыў я да гэтае пары, – дакараў ён сябе. – Я быў эгаістам. Ахоцкі – вось высакародная душа, ён хоча прыпнуць крылы чалавецтву і дзеля гэтае ідэі ахвяруе ўласным шчасцем. Слава, вядома, глупства, але праца на карысць грамадства – падмурак… Гэтая кабета (ён усміхнуўся) ужо зрабіла з мяне багатыра і чалавека з рэпутацыяй, а калі яна заўпарціцца, дык зробіць з мяне – ужо нават і не ведаю што… Хіба святога пакутніка, які сваю працу, нават жыццё аддасць дзеля дабра іншых… Вядома, аддам, калі яна таго пажадае!”
Крама яго была ўжо зачыненая, але праз шчыліны аканіц відаць было святло.
“Што яны там робяць?” – падумаў Вакульскі.
Ён павярнуў у браму і праз тыльныя дзверы ўвайшоў у краму. На парозе ён сутыкнуўся з Зэмбам, які нізка яму пакланіўся і выйшаў, а ў сярэдзіне заставалася яшчэ некалькі чалавек. Клейн стаяў на драбінцы і нешта парадкаваў на паліцах, Лісецкі апранаў паліто, Жэцкі сядзеў за прылаўкам над кнігаю, а перад ім стаяў нейкі чалавек і плакаў.
– Стары едзе! – гукнуў Лісецкі.
Жэцкі, закрываючыся рукою ад святла, зірнуў на Вакульскага. Клейн некалькі разоў пакланіўся яму з верху драбінкі, а чалавек, што плакаў, павярнуўся і з гучным енкам нечакана ўпаў яму ў ногі.
– Што тут такое?.. – здзіўлена запытаўся Вакульскі, які пазнаў у заплаканым чалавеку старога інкасатара Абермана.
– Ён згубіў больш за чатырыста рублёў, – сурова адказаў Жэцкі. – Вядома, гэта не крадзеж, я галавою паручуся, але фірма траціць не можа, пагатоў пан Аберман трымае ў нас свае ашчаднасці – некалькі соцень рублёў. Дык адно з двух: або пан Аберман верне грошы, або пан Аберман страціць месца… Нагандлявалі б мы, каб усе інкасатары былі такія, як пан Аберман…
– Я вярну грошы, пане, – сказаў інкасатар і зашморгаў носам, – вярну, але няхай мне пан раскладзе гэтую суму хоць на пару гадоў. Бо тыя пяцьсот рублёў, што я трымаю ў паноў, гэта ж увесь мой набытак. Хлопец скончыў школу і хоча вучыцца на доктара, а тут ужо старасць насядае… Бог адзін ды пан, хіба, ведае, колькі чалавеку трэба пагараваць, каб сабраць гэтулькі грошай… Мусіў бы я другі раз на свет нарадзіцца, каб зноў іх сабраць…
Клейн і Лісецкі, абодва ўжо апранутыя, чакалі прысуду гаспадара.
– Так, – пацвердзіў Вакульскі, – фірма не можа траціць. Аберман верне грошы.
– Слухаюся, пане, – прашаптаў няшчасны інкасатар.
Паны Клейн і Лісецкі развіталіся і выйшлі. Намерыўся ўжо і Аберман выходзіць з крамы, але тут Вакульскі, калі яны засталіся ўтрох, паспешліва звярнуўся да яго:
– Аберман, ты спачатку вернеш, а потым я табе аддам…
Інкасатар кінуўся яму ў ногі.
– Хвілінку, хвілінку… – спыніў яго Вакульскі. – Калі пан хоць слова скажа некаму пра нашу дамову, я грошай не дарую, разумееш, Аберман?.. Іначай усе захочуць губляць. Ідзі дадому і маўчы…
– Я ўсё разумею. Няхай Бог пану спрыяе, – адказаў інкасатар і выйшаў, не ў стане схаваць сваёй радасці.
– Ужо паспрыяў, – прамовіў Вакульскі, думаючы пра панну Ізабэлу.
Жэцкі быў незадаволены.
– Ведаеш, мой Стаху, – азваўся ён, калі яны засталіся адны, – лепш бы ты не ўмешваўся ў такія справы. Я адразу ведаў, што ты не будзеш патрабаваць, каб ён вяртаў усю суму, я і сам гэтага не хацеў. Але хоць сотню рублёў у якасці пакарання мусіў галган заплаціць… Зрэшты, халера яго бяры, можна было і ўсё яму дараваць, але хоць пару тыдняў патрымаць у няпэўнасці… Іначай лепш адразу замыкаць лаўку.
Вакульскі зарагатаў.
– Пакараў бы мяне Бог, – адказаў ён, – каб у такі дзень я пакрыўдзіў чалавека.
– У які дзень?.. – вырачыў вочы Жэцкі.
– Няважна. Сёння я пераканаўся, што трэба быць літасцівым.
– Ты заўсёды такі быў, нават занадта, – абурыўся пан Ігнацы. – І пабачыш, да цябе людзі гэтакімі не будуць.
– Ужо такія, – сказаў Вакульскі і падаў руку на развітанне.
– Ужо такія? – перапытаў, перадражніўшы яго, пан Ігнацы. – Ужо такія! Хай Бог мілуе выпрабоўваць табе іх спагадлівасць…
– Маю яе і без выпрабавання. Дабранач.
– Маеш… Маеш!.. Пабачым, што ты будзеш мець, як прыцісне. Дабранач, дабранач… – мармытаў стары крамнік, з шумам складаючы кнігі.
Вакульскі ішоў дадому і думаў:
“Трэба, нарэшце, зрабіць візіт Кшэшоўскаму. Заўтра пайду… Насамрэч, прыстойны ён чалавек… Перапрасіў панну Ізабэлу. Заўтра падзякую яму і, да ліха, пастараюся дапамагчы. Хоць з гэткім гулякам… Але няважна, паспрабую… Ён перапрасіў панну Ізабэлу, я выцягну яго з даўгоў”.
Пачуццё спакою і ўпэўненасці гэтак авалодалі душою Вакульскага, што дома ён, замест таго, каб сядзець ды марыць (што з ім часта здаралася), узяўся за працу. Выцягнуў тоўсты сшытак, ужо напалову спісаны, кніжку з англійскімі практыкаваннямі ды пачаў складаць сказы, прамаўляючы іх напаўголасу і стараючыся дакладна капіяваць вымаўленне свайго настаўніка – пана Вільяма Колінса.
А ў кароткіх перапынках ён думаў то пра заўтрашні візіт да барона Кшэшоўскага, і як выбавіць таго з даўгоў, то пра ўжо выратаванага Абермана.
“Калі дабраславенства мае нейкую вартасць, – казаў ён сабе, – дык увесь капітал дабраславенства Абермана разам з працэнтамі я ахвярую ёй…”
Потым падумалася яму, што гэта не такі ўжо і каштоўны падарунак панне Ізабэле – ашчаслівіць толькі аднаго чалавека. Цэлы свет, хіба, не… Але збліжэнне з паннаю Ізабэлаю вартае было дапамогі хоць бы некалькім асобам.
“Другім будзе Кшэшоўскі, – разважаў ён, – але выратаванне гэтакіх зухаў – малая заслуга… Ага!..”
Ён стукнуў сябе па лбе, адсунуў англійскія практыкаванні і дастаў архіў прыватнае карэспандэнцыі. Была гэта саф’янавая папка, куды складаліся лісты ў адпаведнасці з датамі, а спіс знаходзіўся на пачатку.
“Ага! – паўтарыў Вакульскі. – Ліст ад маёй магдаленкі і яе апякунак, старонка шэсцьдзясят тры…”
Ён знайшоў патрэбную старонку і ўважліва прачытаў два лісты: адзін – напісаны каліграфічна, а другі – быццам накрэмзаны дзіцячаю рукою. У першым яму паведамлялася, што такая і такая Марыя, некалі дзяўчына кепскіх паводзінаў, цяпер навучылася шыць бялізну, стала краўчыхаю і вызначаецца набожнасцю, паслухмянасцю, лагоднасцю і добрымі манерамі. А ў другім лісце сама гэтая Марыя… дзякавала яму за дапамогу і прасіла толькі пра адно – знайсці ёй нейкі занятак.
“Няхай ужо вяльможны і добры пан, – пісала яна, – калі з ласкі Божае мае гэтак шмат грошай, на мяне грэшную іх не траціць. Бо я сама зараз дам сабе рады, абы мела за што рукі зачапіць, а людзей, якім дапамога трэба больш, чым мне – няшчаснай ды зганьбаванай – у Варшаве хапае…”
Вакульскаму зрабілася прыкра, што гэтая просьба некалькі дзён чакала адказу. Ён зараз жа адпісаў і паклікаў слугу.
– Гэты ліст занясеш раніцаю да магдаленак…
– Зробіцца, – адказаў той, стрымліваючы пазяханне.
– Паклічаш мне таксама фурмана Высоцкага, таго, з Тамкі, ведаеш?..
– О! Як не ведаць... Але пан чуў…
– І каб ён прыйшоў мне сюды раніцаю…
– О! Чаму ж не. Але пан чуў, што Аберман згубіў кучу грошай? Быў ён тут увечары і бажыўся, што застрэліцца або яшчэ што сабе зробіць, калі пан над ім не злітуецца. Я кажу яму: “Не рабіце дурное, не забівайцеся, пачакайце… У нашага старога мяккае сэрца…” А ён кажа: “Я на гэта і разлічваю, але і так няўпраўка, бо яны ж хоць трохі, але спагоняць, а тут і сын ідзе на медыка, а тут і старасць ужо чалавека за карак хапае…”
– Зрабі ласку, ідзі спаць, – спыніў яго Вакульскі.
– Пайду, пайду, – прабурчэў слуга, – але ў пана такая служба, што горш, як у турме: нават не паспіш, колькі хочацца…
Ён забраў ліст і пайшоў.
На другі дзень а дзявятай раніцы слуга пабудзіў Вакульскага і паведаміў, што Высоцкі ўжо чакае.
– Ну дык няхай зойдзе.
Праз хвіліну ўвайшоў фурман. Быў ён чыста апрануты, меў свежы выгляд і пазіраў весела. Ён наблізіўся да ложка Вакульскага і пацалаваў яму ў руку.
– Мой Высоцкі, здаецца, у цябе ёсць вольны пакой?
– Так, вяльможны пане, бо дзядзька памёр, а паскуднікі кватаранты не жадалі плаціць, дык я іх выгнаў. На гарэлку ў круцяля заўсёды хапае, а за кватэру заплаціць няма…
– Я арандую ў цябе гэты пакой, – сказаў Вакульскі, – толькі трэба яго прыбраць…
Фурман глядзеў на Вакульскага здзіўлена.
– Там будзе жыць маладая швачка, – працягваў Вакульскі. – Няхай сталуецца ў вас, няхай твая жонка мые ёй бялізну… Няхай паглядзіць, чаго ёй не стае. На мэблю і на бялізну я дам грошай… Але будзеце сачыць, каб не вадзіла нікога дадому…
– Ні-ні! – ажывіўся фурман. – Як толькі яна вяльможнаму пану спатрэбіцца, я сам яе прывяду, але каб хто з горада – то ні-ні!.. Каб з-за гэтага ў вяльможнага пана бяды не было…
– Дурань ты, Высоцкі. Мне бачыцца з ёю няма патрэбы. Абы яна сціпла сябе паводзіла, была акуратная ды працавітая, і няхай ходзіць, дзе хоча. Толькі каб да яе ніхто не хадзіў. Дык ты зразумеў? Трэба ў пакоі асвяжыць сцены, памыць падлогу, купіць мэблю танную, але новую і добрую. Абазнаны ты ў гэтым?..
– Уга! Колькі я за жыццё мэблі перавазіў…
– Добра. А твая жонка няхай паглядзіць, што ёй трэба з бялізны ды з адзежы, і паведаміць мне.
– Я ўсё разумею, вяльможны пане, – адказаў Высоцкі, зноў цалуючы яго ў руку.
– Але… А як твой брат?..
– Ніштавата, вяльможны пане. Сядзіць, дзякуй Богу і вяльможнаму пану, у Скернавіцах, на сваёй зямлі, наняў парабка, дык цяпер з яго вялікі пан. Праз пару гадоў яшчэ зямлі дакупіць, бо сталуецца ў яго адзін чыгуначнік, вартаўнік ды два змазчыкі. Чыгунка яму нават заробак падвысіла…
Вакульскі развітаўся з фурманам і пачаў апранацца.
“Хацеў бы я праспаць увесь той час, пакуль зноў яе не ўбачу,” – думаў Вакульскі.
Ісці ў краму яму не хацелася. Ён узяў нейкую кніжку і пачаў чытаць, бо пастанавіў, што да барона Кшэшоўскага пойдзе паміж першаю і другою.
Аб адзінаццатай у вітальні празвінеў званок, і бразнулі дзверы. Увайшоў слуга.
– Нейкая панна чакае…
– Прасі яе ў залу… – прамовіў Вакульскі.
У зале зашамацела сукенка кабеты. Вакульскі ўбачыў на парозе сваю магдаленку.
Здзівіла яго незвычайная ў ёй перамена. Дзяўчына была апранутая ў чорнае, твар у яе быў белы, але свежы, і сарамлівы позірк. Яна ўбачыла Вакульскага, пачырванела і захвалявалася.
– Прашу сядаць, панна Марыя, – запрасіў ён і паказаў на крэсла.
Яна прысела на краёк аксамітнага сядзення і яшчэ больш засаромелася. Вейкі ў яе дрыжалі, на іх бліснулі слязінкі, яна не падымала вачэй ад падлогі. Зусім іншы выгляд быў у яе два месяцы таму.
– Дык пані навучылася кравецтву, панна Марыя?
– Так.
– І куды ж пані мае намер уладкавацца?
– Можа, каб у які магазін або на паслугі… у Расію…
– Чаму ж туды?
– Там, падобна, мне лягчэй будзе знайсці працу, а тут… хто ж мяне прыме? – ціха прамовіла яна.
– А каб тут нейкі склад браў ад пані бялізну, ці не лепш тут застацца?
– О, так… Але трэба мець сваю машынку швейную ды кватэру, і ўсё… У каго няма гэтага, мусіць ісці на паслугі.
Нават голас у яе змяніўся. Вакульскі пільна ўзіраўся ў яе і, нарэшце, сказаў:
– Застанецца пані пакуль у Варшаве. Жыць пані будзе на Тамцы, у сям’і фурмана Высоцкага. Гэта вельмі добрыя людзі. Пакой у пані будзе асобны, сталавацца пані будзе ў іх, а машынка ды ўсё патрэбнае для шыцця бялізны таксама знойдзецца. Я дам пані рэкамендацыю на склад бялізны і праз пару месяцаў пабачым, ці здолее пані зарабляць сабе на жыццё. Вось адрас Высоцкіх. Прашу пані ісці адразу туды, купіць разам з Высоцкаю мэблю, дапільнаваць, каб прыбралі пакой. Машынку я прышлю пані заўтра… А вось грошы на выдаткі. Я іх пазычаю, верне іх пані ў растэрміноўку, калі пачне ўжо працаваць.
Ён падаў ёй пару дзясяткаў рублёў разам з цыдулкаю да Высоцкага. А калі яна завагалася, ці можа іх узяць, ён уціснуў скрутак ёй у руку і прамовіў:
– Я вельмі прашу зараз жа ісці да Высоцкіх. Праз пару дзён ён прынясе пані ліст на склад бялізны. Калі што, прашу звяртацца да мяне. Развітваюся з пані…
Ён пакланіўся ёй і вярнуўся ў свой кабінет.
Дзяўчына крыху яшчэ пастаяла сярод залы, потым выцерла слёзы і выйшла, ахопленая нейкім урачыстым здзіўленнем.
“Пабачым, як яна дасць рады ў новых умовах,” – сказаў сабе Вакульскі ды зноў пачаў чытаць.
А першай Вакульскі пайшоў да барона Кшэшоўскага, дарогаю дакараючы сябе, што раней не выбраўся зрабіць візіт свайму экс-праціўніку.
“Нічога, – апраўдваўся ён. – Раней я не мог яго наведаць, бо ён быў хворы. А візітоўку я даслаў”.
Набліжаючыся да дому, у якім кватараваў барон, Вакульскі мімаходзь заўважыў, што сцены камяніцы маюць гэткае ж нездаровае адценне зялёнага колеру, як Марушэвіч – жоўтага, і што жалюзі ў вокнах Кшэшоўскага паднятыя.
“Відаць, паздаравеў ужо, – падумаў ён. – Не варта, аднак, адразу пачынаць распытваць яго пра даўгі. Я зраблю гэта падчас другога або трэцяга візіту, потым заплачу ліхвярам, і бедны барон уздыхне з палёгкаю. Я не магу быць абыякавым да чалавека, які перапрасіў панну Ізабэлу…”
Ён падняўся па лесвіцы і пазваніў. У памяшканні чуліся крокі, але адчыняць не спяшаліся. Ён пазваніў другі раз. Тупат і нават перасоўванне мэблі чуваць было за дзвярыма па-ранейшаму, але не адчынялі. Ён нецярпліва шморгнуў званок, які ледзь не абарваўся ад рэзкага руху. Толькі тады нехта падышоў да дзвярэй і пачаў флегматычна здымаць ланцужок, паварочваць ключ ды адсоўваць засаўку з мармытаннем:
– Відаць, свой… Жыд бы гэтак не званіў…
Дзверы, нарэшце, адчыніліся, на парозе паўстаў слуга Канстанты. Калі ён убачыў Вакульскага, дык прыжмурыўся, адтапырыў ніжнюю губу ды запытаўся:
– А што такое?..
Вакульскі здагадаўся, што не цешыцца ласкаю ў вернага слугі, які быў сведкам двубою.
– Пан барон дома?
– Пан барон ляжыць хворы і нікога не прымае, бо прыйшоў доктар.
Вакульскі дастаў сваю візітоўку і два рублі.
– Калі можна адведаць пана?
– Вельмі, вельмі не зараз… – крыху лагодней адказаў Канстанты. – Пан захварэў, бо быў падстрэлены, і доктар згадаў яму не сёння, дык заўтра ехаць у цёплыя краі або на вёску.
– Перад ад’ездам, хіба, няможна будзе нам пабачыцца?..
– О, зусім няможна… Дактары строга забаранілі прымаць каго-небудзь. У пана трымаецца гарачка…
Два картачныя столікі, адзін з якіх меў зламаную ножку, а другі – спрэс спісанае сукно, а таксама кандэлябры з недапаленымі васковымі свечкамі, бачныя з вітальні, прымушалі ўсумніцца ў дакладнасці паталагічных ацэнак, якія даваў слуга. Але Вакульскі даў яму яшчэ рубель і пайшоў, моцна незадаволены прыёмам.
“Можа, барон, – думаў ён, – не жадае майго візіту? Ну, у такім разе, няхай сам разлічваецца з ліхвярамі і зачыняецца ад іх аж на чатыры замкі…”
Ён вярнуўся да сябе.
Барон, сапраўды, меў намер ехаць у вёску і быў нездаровы, але не аж так моцна. Праўда, рана на твары гаілася вельмі павольна, але не з-за таго, што была цяжкая, а з прычыны агульнае хваравітасці пацыента. Хоць у момант візіту Вакульскага барон і быў абвязаны, як старая баба на марозе, але ён не ляжаў у ложку, а сядзеў у фатэлі і пры сабе меў не доктара, а графа Ліціньскага.
Ён якраз скардзіўся графу на сваё вартае жалю здароўе.
– Хай яго д’ябал возьме, – казаў ён, – якое нягоднае жыццё! Бацька, праўда, пакінуў мне ў дзяцінстве паўмільёна рублёў, але разам з гэтым – чатыры хваробы, кожная з якіх вартая мільёну… Як нязручна без пенснэ!.. Ну, і можаш сабе ўявіць, граф, грошы разышліся, а немачы засталіся. Ды я сам яшчэ пару хвароб зарабіў, залез у даўгі, дык сітуацыя ясная – мушу паклапаціцца пра труну ды натарыуса.
– Тэк! – азваўся граф. – Не думаю, каб пан у падобнай сітуацыі траціў грошы на натарыусаў.
– Сапраўды, каморнікі мяне нішчаць…
Барон гаварыў, а сам уважліва прыслухоўваўся да галасоў у вітальні, але не мог здагадацца, хто там. Калі ж грукнулі дзверы ды забразгалі засаўкі і ланцужок, ён раптам гукнуў:
– Канстанты!..
Праз хвіліну без асаблівае паспешлівасці ўвайшоў слуга.
– Хто быў?.. Пэўна, Гольдцыгер… Я ж табе казаў, каб ніякіх размоў з тым лотрам, каб хапаў яго за карак і спіхаў з лесвіцы. Няхай пан сабе толькі ўявіць, – звярнуўся ён да Ліціньскага, – гэты паганы жыд ходзіць да мяне з фальшывым вэксалем на чатырыста рублёў і мае нахабства жадаць заплаты!..
– Трэба падаваць у суд. Тэк!..
– Я не падам… Я не пракурор, які абавязаны лавіць махляроў. Зрэшты, я не жадаю, каб з маёй ініцыятывы пацярпеў нейкі бедачына, што мучыцца, падрабляючы чужыя подпісы… Дык я чакаю, каб Гольдцыгер першы пачаў справу ў судзе, а тады, нікога не вінавацячы, я заяўлю, што гэта не мой подпіс.
– А гэта і не Гольдцыгер быў, – азваўся Канстанты.
– Дык хто?.. Распарадчык, можа… Кравец?..
– Не… Гэты вось пан… – прамовіў слуга і падаў Кшэшоўскаму візітоўку. – Прыстойны чалавек, але я выгнаў яго, бо пан барон гэтак загадаў…
– Што?! – выгукнуў здзіўлены граф, які ўбачыў візітоўку. – Загадаў пан не прымаць Вакульскага?..
– Так, – пацвердзіў барон. – Цёмная фігура. Прынамсі, не для таварыства…
Граф Ліціньскі нецярпліва пакруціўся на крэсле.
– Не спадзяваўся я пачуць гэткае меркаванне пра таго пана… ад пана… Тэк…
– Не варта пану думаць, што я кажу гэта ў ганебным значэнні, – паспяшаўся з тлумачэннем барон. – Пан Вакульскі не зрабіў нічога дрэннага, толькі… адну невялікую брыдоту, на якую не зважаецца ў гандлі, але ў таварыстве…
Граф з фатэля, а Канстанты з парога ўважліва глядзелі на Кшэшоўскага.
– Мяркуй сам, граф, – працягваў барон, – сваю кабылу я саступіў пані Кшэшоўскай (перад Богам і людзьмі маёй законнай жонцы) за восемсот рублёў. Пані Кшэшоўская мне на зло (сам не ведаю за што!) пастанавіла яе прадаць. Ну і знайшоўся пакупнік, пан Вакульскі, які, карыстаючыся неўраўнаважанасцю кабеты, вырашыў зарабіць на кабыле… дзвесце рублёў!.. Бо даў за яе толькі шэсцьсот.
– Меў права, тэк, – заўважыў барон.
– Э! Божа… Я ведаю, што ён меў права… Але, калі чалавек напаказ шпурляе тысячы, а дзесьці ў цёмным кутку зарабляе на істэрычках па дваццаць пяць працэнтаў, гэта чалавек з кепскім густам… Не джэнтльмен… Злачынства ён не зрабіў, але… ён гэткі ж падазроны тып, як і той, хто адорваў бы знаёмых дыванамі ды шалямі, а сам у незнаёмых выцягваў бы насоўкі з кішэні. Хіба пан запярэчыць?
Граф маўчаў і азваўся толькі праз нейкі час:
– Тэк!.. Ці гэта пэўна, аднак?
– Дакладна вядома. Паміж пані Кшэшоўскаю ды тым панам пасярэднікам быў мой Марушэвіч, дык я ўсё ведаю ад яго.
– Тэк. У любым выпадку пан Вакульскі – добры купец і прывядзе нашу суполку…
– Калі не ашукае вас…
Тым часам Канстанты, які ўсё яшчэ стаяў у парозе, літасціва паківаў галавою і не стрываў:
– Гэ! Што пан вярзе… цьху… Як дзіця…
Граф зірнуў на яго з цікаўнасцю, а барон закрычаў:
– А ты, блазан, чаго лезеш, калі цябе не пытаюць?..
– Вядома, лезу, бо пан і гаворыць, і паводзіцца, як дзіця… Я хоць і лёкай, але ж хутчэй паверыў бы таму, хто дае мне два рублі, чым таму, хто ў мяне па тры рублі пазычае і аддаваць не збіраецца. От пан Вакульскі даў мне сёння два рублі, а пан Марушэвіч…
– Прэч!.. – закрычаў барон і схапіў графін, убачыўшы які, Канстанты палічыў за лепшае загарадзіцца ад свайго пана дзвярыма. – Сапраўдны лотр з гэтага лёкая, – дадаў барон, моцна раззлаваны.
– Пан сімпатызуе таму Марушэвічу? – спытаў граф.
– Але. Бо гэта пачцівы хлапчына… З якіх толькі здарэнняў ён мяне не выручаў!.. Колькі раз даказаў амаль сабачую адданасць!
– Тэк, – задуменна прамармытаў граф.
Ён яшчэ крыху пасядзеў моўчкі і, нарэшце, развітаўся з баронам.
Па дарозе дадому ў графа Ліціньскага не выходзіў з галавы Вакульскі. Ён лічыў слушным, калі купец зарабляе нават на кані для скачак, але адчуваў і нейкую прыкрасць ад гэткіх аперацый ды моцна незадаволены быў Вакульскім, што той мае справы з Марушэвічам – асобай, у лепшым выпадку, падазронай.
“Вядома, разбагацелы нуварыш! – прамармытаў граф. – Раней часу пачалі мы ім захапляцца, хоць… суполкаю ён можа кіраваць… Вядома, пры пільным кантролі з нашага боку”.
Праз пару дзён а дзясятай раніцы Вакульскі атрымаў два лісты: адзін быў ад пані Мэлітан, другі – ад адваката князя.
Ён паспешліва адкрыў першы, у якім пані Мэлітан напісала ўсяго некалькі слоў: “Сёння ў Лазенках у звычайны час”. Гэты ліст ён перачытаў некалькі разоў, пасля чаго неахвотна ўзяўся за ліст адваката, які запрашаў яго таксама сёння пасля адзінаццатай раніцы да сябе, каб вырашыць пытанне з пакупкаю дома Ленцкіх. Вакульскі ўздыхнуў з палёгкаю, часу хапала.
Дакладна аб адзінаццатай ён быў у кабінеце мецэната, дзе застаў і старога Шлянгбаўма. Яму кінулася ў вочы, як сівы жыд паважна глядзіцца на фоне карычневае мэблі ды шпалераў, і што мецэнату вельмі пасуюць пантофлі з карычневага саф’яну.
– Пану пашчасціла, пане Вакульскі, – азваўся Шлянгбаўм. – Ледзьве пажадаў пан купіць дом, як дамы пачалі даражэць. Я слова даю, што пан за паўгода верне свае выдаткі ды яшчэ і заробіць на гэтай камяніцы! І я разам з панам…
– Мяркуеш, пан? – абыякава запытаўся Вакульскі.
– Я не мяркую, – сказаў жыд, – я ўжо зарабляю. Учора адвакат пані баранесы Кшэшоўскае пазычыў у мяне дзесяць тысяч рублёў да Новага году і даў восемсот рублёў працэнтаў.
– Чаму? У яе скончыліся грошы? – спытаў Вакульскі ў адваката.
– У банку ў яе дзевяноста тысяч рублёў, але барон наклаў на іх арышт. Добрую напісалі інтэрцызу[152], га?.. – зарагатаў адвакат. – Муж накладае арышт на грошы, якія з’яўляюцца несумненнаю ўласнасцю жонкі, і з якою ў яго працэс аб сепарацыі… Я, праўда, такія інтэрцызы не пішу, га-га-га!.. – рагатаў адвакат, пасмоктваючы дым з вялікага бурштыну.
– Навошта ж баранеса пазычыла ў пана тыя дзесяць тысяч, пане Шлянгбаўм? – запытаўся Вакульскі.
– Пан не ведае? – здзівіўся жыд. – Дамы даражэюць, і адвакат растлумачыў пані баранесе, што камяніцу пана Ленцкага яна не купіць танней, чым за семдзясят тысяч рублёў. Яна б хацела купіць за шэсцьдзясят тысяч, ну але што тут зробіш?..
Меценат сеў да стала і пачаў гаварыць:
– Такім чынам, шаноўны пане Вакульскі, камяніцу панства Ленцкіх, – ён злёгку схіліў галаву, – купляю ад імя пана не я, а прысутны тут, – ён пакланіўся, – пан С. Шлянгбаўм.
– Магу купіць, чаму не, – ціха пагадзіўся жыд.
– Але за дзевяноста тысяч рублёў, не танней, – заўважыў Вакульскі, – і каб быў аўкцыён, – дадаў ён са значэннем.
– Чаму не. Грошы ж не мае! Жадае пан плаціць, дык будзе пан мець канкурэнтаў на аўкцыёне… Каб мне столькі тысяч, колькі тут у Варшаве можна наняць прыстойных асоб і нават католікаў на любую справу. Быў бы я багацей за Ротшыльда.
– Значыць, будуць добрыя канкурэнты, – падвёў вынік мецэнат. – Цудоўна. Зараз я аддам пану Шлянгбаўму грошы…
– Гэта не патрэбна, – адмовіўся жыд.
– А потым напішам акцік, што пан С. Шлянгбаўм бярэ ў вяльможнага пана С. Вакульскага доўг у суме дзевяноста тысяч рублёў і забяспечвае яго нованабытаю камяніцаю. А каб пан С. Шлянгбаўм да дня 1 студзеня 1879 года вышэйпамянёнае сумы не вярнуў…
– І не вярну…
– У такім разе купленая ім камяніца, былая яснавяльможных Ленцкіх, пераходзіць ва ўласнасць вяльможнага С. Вакульскага.
– У гэты ж момант нават можа перайсці… Я на яе і не зірну, – адказаў жыд і махнуў рукою.
– Цудоўна! – выгукнуў мецэнат. – Заўтра будзе ў нас акцік, а праз тыдзень… дзён дзесяць – камяніца. Абы толькі пан не страціў на ёй колькі тысяч рублёў, шаноўны пане Станіславе.
– Толькі набуду, – адказаў Вакульскі і пачаў развітвацца з мецэнатам ды Шлянгбаўмам.
– Але, але… – падняўся мецэнат, каб правесці Вакульскага ў салон, дзе працягваў. – Нашы графы ўваходзяць у суполку, праўда, крыху змяншаюць свае ўклады і жадаюць надзвычай пільнага кантролю.
– Маюць рацыю.
– Асабліва асцярожны стаў граф Ліціньскі. Не разумею, што з ім сталася…
– Дае грошы, дык і асцярожны. Пакуль даваў толькі слова, быў смялейшы!..
– Не, не, не!.. – перапыніў яго адвакат. – Тут нешта ёсць, і я пра гэта даведаюся… Нехта абуў нас у лапці…
– Не вас, а мяне, – усміхнуўся Вакульскі. – Зрэшты, мне ўсё роўна. Не меў бы я зла на тых паноў, нават каб яны і зусім не ўступалі ў суполку…
Ён яшчэ раз пакланіўся адвакату ды паспяшаўся ў краму. Там было некалькі важных спраў, якія затрымалі яго неспадзявана доўга. Толькі а палове на другую трапіў ён у Лазенкі.
Прахалода і змрок парку, замест каб супакоіць, узмацнілі ягонае хваляванне. Ён бег шпарка, нават пачаў пабойвацца, ці не звяртае на сябе ўвагу мінакоў. Тады ён запавольваў крокі і адчуваў, як нецярпенне рве яму грудзі.
“Напэўна, ужо не іх спаткаю!” – паўтараў ён у роспачы.
Але паблізу сажалкі на фоне зеляніны кустоў ён заўважыў папялісты плашчык панны Ізабэлы. Яна стаяла на беразе разам з графіняю ды бацькам і крышыла пернікі лебедзям, адзін з якіх нават выйшаў з вады на сваіх брыдкіх лапах і стаяў ля самых ног панны Ізабэлы.
Першым убачыў яго пан Тамаш.
– Якая сустрэча! – гучна звярнуўся ён да Вакульскага. – Пан гэтаю парою ў Лазенках?..
Вакульскі пакланіўся паням і з прыемным здзіўленнем заўважыў, як запунсавеў твар панны Ізабэлы.
– Я прыходжу сюды, калі стамлюся… Гэта значыць, досыць часта…
– Беражы сілы, пане Вакульскі!.. – перасцярог яго пан Тамаш, урачыста ківаючы пальцам… – Дарэчы, – дадаў ён цішэй, – уяві сабе, пан, што за маю камяніцу баранеса Кшэшоўская хоча даць ужо семдзясят тысяч рублёў… Дакладна, атрымаю за яе сто тысяч, а можа, і сто дзесяць… Сапраўднае дабраславенне – гэтыя аўкцыёны!..
– Я гэтак рэдка бачу пана, пане Вакульскі, – перабіла яго графіня, – дык мушу неадкладна вырашыць адну справу…
– Да паслуг пані…
– Пане! – пачала тая, з камічнаю пакорай складаючы рукі. – Прашу штуку паркалю маім сіроткам… Бачыць пан, як я навучылася жабраваць?
– Пані графіня будзе мець ласку прыняць дзве штукі?..
– Толькі ў тым выпадку, калі другая – будзе штукаю суровага палатна…
– Вой, цётачка, гэта ўжо занадта! – са смехам спыніла яе панна Ізабэла. – Калі пан не хоча застацца без грошай, – звярнулася яна да Вакульскага, – дык няхай пан уцякае адсюль. Я забіраю пана, мы пройдземся ў бок аранжарэі, а панства няхай тут адпачывае…
– Ты не баішся, Бэла?.. – азвалася цётка.
– Цётачка, можа не сумнявацца, хіба, што ў таварыстве пана Вакульскага са мною не здарыцца нічога кепскага…
Вакульскаму кроў стукнула ў галаву. На вуснах графіні мільганула двухсэнсоўная ўсмешка.
Гэта была адна з тых хвілін, калі прырода стрымлівае свае магутныя сілы і на момант прыпыняе спрадвечную дзейнасць, каб шчасце істот дробных і нязначных стала больш прыкметным.
Ветрык дыхаў ледзь-ледзь і толькі для таго, каб авеяць птушанят, што спалі ў гнёздах, а таксама каб дапамагчы авадням, што спяшаліся на вясельнае спароўванне. Лістота на дрэвах гайдалася гэтак лёгка, нібы кранала іх не матэрыяльная хваля паветра, а ціхае слізганне прамянёў святла. Тут і там у вільготным гушчары пераліваліся ўсімі колерамі кроплі расы, як пырскі вясёлкі, што ўпала на зямлю.
Зрэшты, усё замерла: сонца і дрэвы, святло і цені, лебедзі ў сажалцы, раі камароў над лебедзямі, нават бліскучая хваля на лазурнай вадзе. Вакульскаму здавалася, што ў гэты момант ад’ехаў з зямлі хуткі ток часу, пакідаючы белыя палосы на небе – і з гэтае пары не зменіцца ўжо нічога, усё застанецца гэтак навек. Што ён з паннаю Ізабэлаю вечна будзе хадзіць па яснай паляне сярод зялёных воблакаў дрэў, у якіх дзе-нідзе, як пара чорных брыльянтаў, пабліскваюць цікаўныя вочы птахаў. Што ён ужо заўсёды будзе напоўнены нязмернай цішаю, яна будзе заўсёды гэткая ж задуменная і запунсавелая, што перад імі заўсёды, як зараз, будуць ляцець, цалуючыся ў паветры, вось гэтыя два матылі.
Яны ўжо амаль дайшлі да аранжарэі, калі панна Ізабэла, заклапочаная, відаць, гэтаю цішынёю ў прыродзе ды між імі, пачала казаць:
– Які цудоўны дзень, праўда? У горадзе спёка, а тут прыемная прахалода. Я вельмі люблю Лазенкі ў гэты час: мала людзей, кожны можа знайсці куточак сабе. Пан любіць адзіноту?
– Я прызвычаіўся да яе.
– Быў пан на Росі?.. – працягвала яна, чырванеючы яшчэ больш. – Дык пан не бачыў Росі?.. – паўтарыла яна, здзіўлена зазіраючы яму ў вочы.
– Не быў, але… буду…
– Мы з цёткаю былі ўжо на двух спектаклях.
– Я буду хадзіць на ўсе...
– Ах, як добра! Пан пераканаецца, што гэта вялікі артыст. Асабліва цудоўна ён іграе Рамэа, хоць… сам ужо і не першае маладосці… Мы з цёткаю знаёмыя з ім асабіста яшчэ з Парыжа… Вельмі мілы чалавек, але, галоўнае, геніяльны трагік… Спалучае самы праўдзівы рэалізм з самым паэтычным ідэалізмам…
– Ён сапраўды мусіць быць вялікім, – заўважыў Вакульскі, – калі выклікае ў пані гэткае захапленне і сімпатыю.
– Слушна. Я ведаю, што сама не зраблю нічога незвычайнага ў жыцці, але ўмею, прынамсі, цаніць людзей незвычайных… Паўсюдна… нават… на сцэне… Але, ці можа сабе пан гэта ўявіць? Варшава не ацаніла яго належным чынам…
– Вось як?.. Ён жа, прынамсі, чужаземец…
– А пан зласлівы, – усміхнулася яна, – але я залічу гэта на кошт Варшавы, а не Росі… Сапраўды, мне сорамна за наш горад!.. Каб я была публічнасцю (але публічнасцю мужчынскага роду!), я б засыпала яго вянкамі, і рукі б у мяне апухлі ад апладысментаў… А тут – апладысменты досыць скупыя, пра вянкі ніхто і не дбае… Мы, насамрэч, яшчэ варвары…
– Апладысменты і вянкі – гэта такая дробязь, што… на наступным спектаклі Росі можа мець іх, хутчэй, зашмат, чым замала, – прамовіў Вакульскі.
– Пан упэўнены? – спытала яна, красамоўна пазіраючы на яго.
– Але ж… Я гарантую, што так і будзе…
– Я буду вельмі рада, калі споўніцца прароцтва пана. Можа, вернемся ўжо да нашага панства?..
– Той, хто спраўляе пані прыемнасць, заслугоўвае вялікае пашаны…
– Прашу прабачэння! – засмяялася яна. – Зараз пан сказаў камплімент самому сабе…
Яны павярнулі ад аранжарэі назад.
– Я ўяўляю, як здзівіцца Росі, – працягвала панна Ізабэла, – калі пачуе авацыі. Ён ужо зняверыўся і ледзь не шкадуе, што прыехаў у Варшаву… Артысты, усе без выключэння, нават вялікія, гэта асаблівыя людзі. Без славы ды пашаны яны не могуць жыць, як мы без ежы ды паветра. Праца, нават самая паспяховая, але ціхая, альбо ахвярнасць – гэта не для іх. Ім абавязкова трэба быць навідавоку, звяртаць на сябе ўвагу ўсіх, панаваць над сэрцамі тысяч… Росі сам казаў, што лепш бы памёр на год раней, але на сцэне поўнага і ўзрушанага тэатра, чым на год пазней сярод нешматлікага атачэння. Як гэта дзіўна!..
– Ён мае рацыю, калі поўны тэатр для яго найбольшае шчасце.
– Пан лічыць, што ёсць такое шчасце, за якое варта плаціць карацейшым жыццём? – спытала панна Ізабэла.
– І няшчасці, якіх варта ўнікаць гэткім жа спосабам, – адказаў Вакульскі.
Панна Ізабэла задумалася, і яны ішлі ўжо моўчкі.
Тым часам, седзячы ля сажалкі і працягваючы карміць лебедзяў, графіня гутарыла з панам Тамашам.
– Табе не здаецца, – казала яна, – што Вакульскі нібыта цікавіцца Бэлаю?..
– Я не думаю.
– І нават моцна. Цяперашнія купцы здольныя на самыя смелыя праекты.
– Ад праектаў да выканання вельмі далёка, – незадаволена адказаў пан Тамаш. – А нават, каб і так, гэта мяне не хвалюе. Над думкамі пана Вакульскага ў мяне няма ўлады, а за Бэльцю я спакойны.
– Зрэшты, я не маю нічога супраць, – дадала графіня. – Як бы там ні было, я, вядома, пагаджаюся з воляю Божаю, калі гэта на карысць убогім… Заўсёды на карысць… Мой прытулак хутка будзе лепшым у горадзе, і толькі таму, што гэты пан мае слабасць да Бэльці.
– Перастань. Яны вяртаюцца! – спыніў яе пан Тамаш.
Сапраўды, панна Ізабэла з Вакульскім паказаліся на сцежцы.
Пан Тамаш прыгледзеўся да іх уважліва і раптам заўважыў, як гарманічна гэтыя двое глядзяцца разам. Ён – на галаву вышэйшы і добра складзены – крочыў, як былы вайсковец, а яна – крыху драбнейшая, але зграбная – рухалася, нібы плыла. Нават белы цыліндр і светлае паліто Вакульскага гарманіравалі з папялістым плашчыкам панны Ізабэлы.
“Адкуль у яго гэты белы цыліндр?” – падумаў пан Тамаш з горыччу. Потым прыйшла яму ў галаву цікавая ідэя, што Вакульскі як нуварыш за права насіць белы цыліндр павінен яму плаціць, прынамсі, працэнтаў пяцьдзясят ад пазычанага капіталу. Ён аж паціснуў плячыма.
– Там гэтак прыгожа, цётачка, у тых алеях! – загаварыла, набліжаючыся, панна Ізабэла. – Мы з цёткаю ніколі не бывалі ў тым баку. У Лазенках прыемна толькі тады, калі можна хадзіць шпарка і далёка.
– У такім выпадку прасі пана Вакульскага, каб часцей цябе суправаджаў, – адказала графіня неяк асабліва саладжава.
Вакульскі пакланіўся, панна Ізабэла крыху зморшчыла бровы, а пан Тамаш сказаў:
– Можа, час ужо вяртацца дадому...
– Мяркую, час, – згадзілася графіня. – Пан застаецца, пане Вакульскі?
– Так. Ці магу я правесці паняў да каляскі?
– Просім. Дай мне руку, Бэла.
Графіня з паннай Ізабэлай пайшлі наперад, а за імі – пан Тамаш і Вакульскі. Пан Тамаш адчуваў столькі едкай горычы, яму было так невыносна бачыць белы цыліндр Вакульскага, што, не жадаючы выглядаць няветлівым, ён прымушаў сябе ўсміхацца. І, каб пра нешта гаварыць, ён зноў пачаў апавядаць Вакульскаму пра сваю камяніцу, за якую меў надзею атрымаць сорак альбо пяцьдзясят тысяч чыстага прыбытку.
Тым часам гэтыя лічбы кепска ўплывалі на настрой Вакульскага, які ведаў, што выдаткаваць больш за трыццаць тысяч рублёў ён не можа.
Толькі ўжо калі пад’ехала каляска, а пан Тамаш усадзіў дам і сеў сам ды гукнуў: “Едзь!”, у Вакульскага пачуццё прыкрасці змянілася шкадаваннем ад развітання з паннай Ізабэлай.
“Так мала!” – прашаптаў ён і ўздыхнуў, пазіраючы на шашу ўздоўж Лазенак, на якую якраз выехала зялёная бочка паліваць дарогу.
Ён яшчэ раз прайшоў у бок аранжарэі тою самаю сцежкаю, што і раней, выглядаючы на пяску сляды чаравічкаў панны Ізабэлы. Нешта тут змянілася. Вецер дзьмуў мацней, ён скаламуціў ваду ў сажалцы, паразганяў матылёў і птахаў, затое нагнаў больш хмарак, якія раз за разам засланялі бляск сонца.
“Як тут нудна!” – прашаптаў ён і вярнуўся на дарогу.
Ён сеў у сваю каляску і прыкрыў вочы, з прыемнасцю прыслухоўваючыся да лёгкага калыхання. Яму здавалася, што ён, як птушка, сядзіць на галіне, якую вецер гайдае ўправа і ўлева, угору і ўніз, а потым раптам зарагатаў, бо прыгадаў сабе, што гэтае лёгкае пагойдванне каштуе яму каля тысячы рублёў у год.
“Дурань я, дурань! – паўтараў ён. – Навошта мне пнуцца туды, дзе людзі або не разумеюць маёй ахвярнасці, або смяюцца з маіх нязграбных высілкаў. Навошта мне гэта каляска?.. Хіба не мог я ездзіць брычкаю або трэсціся вось на гэтым омнібусе з палатнянымі фіранкамі?..”
Пад’ехаўшы да дому, ён прыгадаў абяцанне, якое даў панне Ізабэле наконт авацый Росі.
“Што ж, будуць яму авацыі. Ды яшчэ якія… Заўтра спектакль…”
Пад вечар ён паслаў слугу ў краму па Абермана. Сівы інкасатар прыбег устрывожаны: ці не перадумаў Вакульскі і ці не загадае вярнуць згубленыя грошы...
Але Вакульскі прывітаў яго вельмі ласкава, нават павёў у свой кабінет, дзе размаўляў з ім прыблізна паўгадзіны. Пра што?..
Пытанне, пра што Вакульскі мог размаўляць з Аберманам, вельмі цікавіла лёкая. Хіба пра згубленыя грошы… Клапатлівы слуга прыкладаў па чарзе то вока, то вуха да дзіркі ад ключа, але нічога не мог зразумець. Ён бачыў, як Вакульскі дае Аберману цэлы пачак пяцірублёвак, чуў гэткія словы: “У Вялікім тэатры… на балконе і галерэі… білецёру – вянок, букет – праз аркестр…”
Калі з кабінета пачулася, што пачалі развітвацца, слуга ўцёк у вітальню, каб перахапіць там Абермана, і варта было інкасатару выйсці, як ён запытаўся:
– Што? Вырашылася з грашыма?.. Я тут язык адбіў упрошваючы, каб стары дараваў трохі пану Аберману, і нарэшце дамогся, што ён мне сказаў: “Пабачым, зраблю, што змагу!..” Ну, і бачу – пан Аберман вытаргаваў сёння нешта… Што, стары ў добрым гуморы?...
– Як звычайна, – адказаў інкасатар.
– Але ж вы гэтак гаманілі з ім. Відаць, не толькі пра грошы… Можа, пра тэатр? Бо стары любіць тэатр…
Але Аберман ваўкавата зіркнуў на яго і моўчкі выйшаў. Слуга аж разявіў рот ад здзіўлення, а потым раззлаваўся і замахаў услед кулаком:
– Пачакай!.. – мармытаў ён. – Паквітаемся мы з табою… Вялікі пан, бач ты… Скраў чатырыста рублёў і размаўляць не хоча з чалавекам!..