XXXIV. TEMPUS FUGIT, AETERNITAS MANET[239]


Хоць размова з Марушэвічам адбывалася сам-насам, аднак вестка разышлася… Вакульскі расказаў усё Жэцкаму і загадаў выкрасліць з кнігі ўяўны доўг барона. А Марушэвіч расказаў барону і дадаў, што барон не павінен ўжо на яго гневацца, бо доўг скасаваны, і ён, Марушэвіч, мае намер выправіцца.

– Я адчуваю, – уздыхаў ён, – што мог быць іншым, каб у мяне было хоць тры тысячы рублёў у год… Ганьба свету, дзе такія, як я, людзі марнуюцца!..

– Ну, досыць ужо табе, Марушэвіч, – супакойваў яго барон. – Я люблю цябе, але ж усе мы ведаем, што ты махляр.

– А ты зазіраў, барон, у маё сэрца?.. Ведаеш, што я адчуваю?.. О, каб існаваў нейкі трыбунал, які ўмее чытаць у чалавечых душах, паглядзелі б мы, хто з нас лепшы: я ці тыя, хто мяне асуджае ды зневажае!..

У выніку і Жэцкі, і барон, і князь ды некалькі графаў, даведаўшыся пра “новы выбрык” Марушэвіча, прызналі, што Вакульскі паступіў шляхетна, але не па-мужчынску.

– Вельмі прыгожы чын, – казаў князь, – але… не ў стылі Вакульскага. Ён здаваўся мне адным з тых людзей, якія ўяўляюць у грамадстве сілу, што творыць дабро і карае нягоднікаў. Абысціся з Марушэвічам так, як Вакульскі, мог кожны ксёндз… Баюся, гэты чалавек траціць сваю энергію.

Насамрэч Вакульскі не страціў энергіі, але шмат у чым змяніўся. Напрыклад, крамаю ён не займаўся, нават адчуваў агіду да яе, бо тытул галантарэйнага купца шкодзіў яму ў вачах панны Ізабэлы. Але ён пачаў больш займацца суполкаю гандлю з імперыяй, бо яна прыносіла вялікі даход, і гэтым павялічвала маёнтак, які ён збіраўся ахвяраваць панне Ізабэле.

З тае хвіліны, калі ён папрасіў рукі і атрымаў згоду, апанавала яго дзіўнае замілаванне і спагадлівасць. Яму здавалася, што ён не толькі не мог зрабіць нікому прыкрасці, але нават сам не мог бараніцца ад крыўдаў, калі яны не тычыліся, вядома, панны Ізабэлы.

Затое ён адчуваў неадольную патрэбу рабіць дабро іншым. Апроч запісу ў тастаменце на карысць Жэцкага, ён прызначыў Лісецкаму і Клейну, сваім былым крамнікам, па чатыры тысячы рублёў у якасці кампенсацыі за тую шкоду, якую зрабіў ім, прадаўшы краму Шлянгбаўму. Прызначыў ён таксама каля дванаццаці тысяч рублёў інкасатарам, кур’ерам, парабкам і фурманам.

Венгельку ён не толькі справіў гучнае вяселле, але да сумы, раней паабяцанай маладым, дадаў яшчэ некалькі сотняў рублёў. Дачку фурмана Высоцкага, якая гэтым часам якраз нарадзілася, ён трымаў да хросту, а калі ўвішны бацька даў дзіцяці імя Ізабэла, Вакульскі паклаў ёй пяцьсот рублёў на пасаг.

Імя гэта было яму вельмі дарагое. Не раз, калі сядзеў у адзіноце, ён браў паперу і аловак ды без канца пісаў: Ізабэла… Іза… Бэла… а потым спальваў паперчыну, каб імя каханае не трапіла ў чужыя рукі. Быў у яго намер купіць пад Варшаваю невялікі фальварак, пабудаваць там вілу і назваць Ізабэліным. Ён прыгадаў, як падчас яго вандровак па гарах Уралу адзін навуковец знайшоў новы мінерал і раіўся з ім, як яго назваць. І ён дакараў сябе, што, не ведаючы тады панны Ізабэлы, не дадумаўся, аднак, назваць яго ізабелітам. Нарэшце, калі ён прачытаў у газетах пра адкрыццё новае планетоіды, вынаходнік якое таксама меў клопат з назваю, вырашыў прызначыць вялікую ўзнагароду таму з астраномаў, хто адкрые новае нябеснае цела і назаве яго Ізабэла.

Неадольная прывязанасць да аднае кабеты не вызваляла, аднак, ад думак пра іншую. Часам ён прыгадваў пані Стаўскую. Ён ведаў, што яна гатовая была ахвяраваць дзеля яго ўсім, і чуў нешта падобнае да папрокаў сумлення.

“Ну што ж тут зробіш?.. – казаў ён сабе. – Хіба я вінаваты, што кахаю гэту, а тая… Няхай бы яна забылася на мяне і была шчаслівая”.

Так ці іначай, але ён пастанавіў забяспечыць яе будучыню і атрымаць звесткі пра яе мужа.

“Няхай хоць не мае клопату пра заўтрашні дзень… І пасаг хай будзе дзіцяці…”

Амаль кожны дзень ён бачыў панну Ізабэлу ў атачэнні моладзі ды людзей сталых. Але яго не ўражвалі больш ані заляцанні мужчын, ані яе позіркі ды ўсмешкі.

“Гэткая ў яе натура, – думаў ён. – Яна не ўмее ані ўсміхацца, ані глядзець іначай. Яна, як кветка або сонца, якое міжвольна робіць шчаслівымі ўсіх, усіх зачароўвае прыгажосцю”.

Аднойчы ён атрымаў тэлеграму з Заслаўка з выклікам на пахаванне старшынёвай.

– Памерла?.. – прашаптаў ён. – Як шкада гэтае шляхетнае кабеты!.. Чаму я не наведаў яе перад смерцю?..

Ён засмуціўся, спахмурнеў, але – не паехаў на пахаванне старой, што гэтак зычліва да яго паставілася. Не меў адвагі расстацца з паннай Ізабэлай нават на некалькі дзён…

Ён ужо разумеў, што не належыць сам сабе, што ўсе яго думкі, пачуцці і прагненні, усе яго памкненні і надзеі прыкаваныя да гэтае адзінае кабеты. Каб яна памерла, яму не спатрэбілася б забіваць сябе, яго душа сама адляцела б за ёю, як птушка, што на хвіліну прысела адпачыць на галіне. Зрэшты, ён нават не гаварыў ёй пра каханне, як не гавораць пра вагу цела ці пра тое паветра, якое напаўняе чалавека і акружае з усіх бакоў. Калі цягам дня здаралася яму падумаць не пра яе, а пра нешта іншае, ён скаланаўся ад здзіўлення, як чалавек, што цудам апынуўся ў незнаёмай мясцовасці.

Гэта было не каханне, а экстаз.

Аднойчы, ужо ў маі, паклікаў яго пан Ленцкі.

– Уяві сабе, – сказаў ён Вакульскаму, – мы мусім ехаць у Кракаў. Гартэнзія хворая, хоча бачыць Бэлу (здаецца, справа аб спадчыне), ну і, вядома, яна рада была б пазнаёміцца з табою… Можаш ехаць з намі?..

– У любы момант, – адказаў Вакульскі. – Дык калі?

– Мусілі ехаць сёння, але адкладзецца, пэўна, да заўтра.

Вакульскі абяцаў быць заўтра гатовы. Калі ён развітаўся з панам Тамашам і зайшоў да панны Ізабэлы, дык даведаўся ад яе, што ў Варшаве знаходзіцца Старскі…

– Бедны хлапчына! – смяялася яна. – Атрымаў ад старшынёвай толькі дзве тысячы рублёў у год і дзесяць тысяч з цёплае рукі. Я раю яму з карысцю ажаніцца, але ён лічыць лепшым ехаць у Вену, а адтуль, відаць, у Монтэ-Карла… Я прапанавала, каб ён ехаў з намі. Будзе весялей, праўда?..

– Вядома, – адказаў Вакульскі, – пагатоў мы возьмем асобны вагон.

– Дык да заўтра!

Вакульскі ўпарадкаваў самыя пільныя справы, замовіў на чыгунцы салон-вагон да Кракава, і каля восьмае, адправіўшы свае рэчы, быў у панства Ленцкіх. Яны ўтраіх выпілі гарбаты і а дзясятай гадзіне накіраваліся на чыгунку.

– Дзе ж пан Старскі? – спытаў Вакульскі.

– Ці я ведаю? – адказала панна Ізабэла. – Можа, ён зусім не паедзе, гэткі бесклапотны!

Яны ўжо сядзелі ў вагоне, але Старскага ўсё яшчэ не было. Панна Ізабэла кусала вусны, кожную хвіліну выглядала ў акно. Нарэшце, пасля другога званка пан Старскі паказаўся на пероне.

– Мы тут, тут!.. – загукала панна Ізабэла.

Але малады чалавек не пачуў яе, дык Вакульскі выбег і прывёў яго ў вагон.

– Я ўжо думала, што пан не прыйдзе, – сказала панна Ізабэла.

– Яшчэ крыху, і было б гэтак, – адказаў Старскі, вітаючыся з панам Тамашам. – Я быў у Кшэшоўскага і, можа сабе кузіна ўявіць, ад другое дня да дзявятае вечара мы гулялі…

– І, вядома, пан прайграў.

– Вядома… Шчасце ўцякае ад такіх, як я… – скончыў ён, пазіраючы на яе.

Панна Ізабэла злёгку пачырванела.

Цягнік рушыў. Старскі сеў злева ад панны Ізабэлы і пачаў гутарку з ёю напалову па-польску, напалову па-англійску, усё часцей збіваючыся на англійскую. Вакульскі сядзеў справа ад панны Ізабэлы, але, не жадаючы перашкаджаць размове, устаў і перасеў да пана Тамаша.

Пан Ленцкі, крыху хвараваты, апрануў хавялок[240], захутаўся ў плед ды яшчэ ўкрыў коўдраю ногі. Ён загадаў пазачыняць усе вокны ў вагоне, прыцямніць лямпы, якія яму рэзалі вочы, і збіраўся ўжо спаць, нават адчуваў, што яго морыць сон, але загаварыў з Вакульскім і доўга апавядаў яму пра сваю сястру Гартэнзію, якая была ў маладосці вельмі прывязаная да яго, пра Напалеона ІІІ, які з ім некалькі разоў загаварыў, пра далікатнасць і амурныя справы Віктара Імануэля ды пра мноства іншых рэчаў.

Вакульскі ўважліва слухаў яго да Прушкава. За Прушкавам стомлены і манатонны голас пана Тамаша пачаў яго мучыць. Затое ўсё больш выразна чулася яму размова панны Ізабэлы са Старскім, якую яны вялі па-англійску. Ён разабраў некалькі слоў, якія яго зацікавілі, і задаўся пытаннем: ці не належала б перасцерагчы іх, што ён разумее па-англійску.

Ён хацеў ужо ўстаць, як выпадкова зірнуў у супрацьлеглую шыбу вагону і ўбачыў у ёй, як у люстэрку, слабы адбітак панны Ізабэлы і Старскага. Сядзелі яны вельмі блізка адзін да аднаго, абое расчырванелыя, хоць размаўлялі гэткім лёгкім тонам, нібы пра нешта неістотнае.

Вакульскі, аднак, заўважыў, што абыякавы тон не адпавядае зместу размовы. Ён нават адчуваў, што гэтай нязмушанасцю яны хочуць некага ўвесці ў зман. І ў гэты момант, першы раз, як ён зазнаў панну Ізабэлу, мільганулі яму ў думках страшныя словы: “Фальш!.. фальш!..”

Ён прыціснуўся да вагоннае канапы, глядзеў у шыбу і – слухаў. Яму здавалася, што кожнае слова Старскага і панны Ізабэлы падае яму на твар, на галаву, на грудзі, як кроплі алавянага дажджу…

Ён ужо не думаў пра тое, каб перасцерагчы іх, што разумее іх гутарку, а толькі слухаў і слухаў…

Цягнік ужо ад’ехаў ад Радзівілова, і першая фраза, якая прыцягнула ўвагу Вакульскага, была такая:

– Можаш папракнуць яго чым заўгодна, – казала панна Ізабэла па-англійску. – Ён не малады, не элегантны, затое ён сентыментальны, часамнават нудны, але каб хцівы… Досыць таго, што нават тата называе яго занадта шчодрым.

– А справа з панам К.? – заўважыў Старскі.

– Пра скакавую кабылу?.. Як адразу відаць, што ты вяртаешся з правінцыі. Нядаўна быў у нас барон і сказаў, што якраз у гэтай справе пан, пра якога мы гаворым, паступіў як джэнтльмен.

– Ніякі джэнтльмен не спусціў бы ашуканцу, каб не меў з ім нейкіх закулісных спраў, – усміхнуўся Старскі.

– А барон колькі разоў усё спускаў яму? – спытала панна Ізабэла.

– Барон якраз і мае розныя грашкі, пра якія ведае пан М. Кепска ты бароніш сваіх пратэже, кузіна, – здзекліва сказаў Старскі.

Вакульскі прыціснуўся да канапы вагона, каб не сарвацца з месца і не даць Старскаму поўху. Але стрымаўся.

“Кожны мае права асуджаць іншых, – думаў ён. – Зрэшты, пабачым, што будзе далей!..”

Некалькі хвілін ён чуў толькі туркатанне колаў і звярнуў увагу, што вагон гайдаецца.

“Ніколі я не заўважаў, каб вагон гэтак гайдаўся,” – сказаў ён сам сабе.

– І той медальён, – працягваў кпіць Старскі, – гэта прэзент перад шлюбам?.. Не надта шчодры нарачоны: кахае, як трубадур, а сам…

– Запэўніваю цябе, – перабіла яго панна Ізабэла, – ён аддаў бы мне ўвесь свой маёнтак…

– Бяры ж яго, кузіна, і мне пазыч тысяч сто… А што, знайшлася тая цудоўная бляшка?..

– Якраз не. І я вельмі баюся. Божа, калі ён раптам даведаецца…

– Пра тое, што мы згубілі яго бляшку, ці пра тое, як мы шукалі медальён? – прашаптаў Старскі, тулячыся да яе пляча.

Вакульскаму туман заслаў вочы.

“Трачу прытомнасць?..” – падумаў ён, хапаючыся за пас пры акне. Яму здавалася, што вагон пачынае падскокваць і ў любы момант можа перакуліцца.

– Але ты і нахабнік!.. – казала прыцішаным голасам панна Ізабэла.

– У гэтым, уласна, і ёсць мая сіла, – адказаў Старскі.

– Злітуйся… Але ж ён можа азірнуцца!.. Зненавіджу цябе…

– Будзеш шалець за мною, бо ніхто не наважыўся б на гэта… Кабеты любяць дэманаў…

Панна Ізабэла прысунулася бліжэй да бацькі. Вакульскі пазіраў у супрацьлеглую шыбу і слухаў.

– Папярэджваю цябе, ты не пераступіш парог нашага дому… А каб насмеліўся… я ўсё яму раскажу…

Старскі зарагатаў.

– Не пераступлю, кузіна, пакуль ты сама мяне не паклічаш. І я ўпэўнены, што здарыцца гэта вельмі хутка. Праз тыдзень знудзіць цябе твой муж, які глядзіць на цябе, як на боства, і захочацца табе больш вясёлае кампаніі. Прыгадаеш тады свайго вісуса кузіна, які аніводнае хвіліны ў жыцці не быў паважным, але заўсёды дасціпным, часам нахабна- смелым… і пашкадуеш таго, хто заўсёды гатовы кахаць цябе, ніколі цябе не раўнаваў, умеў саступаць іншым, шанаваў твае капрызы…

– Узнагароджваючы сябе ў іншых месцах, – заўважыла панна Ізабэла.

– Менавіта!.. Каб я так не рабіў, не было б чаго мне прабачаць, і страшныя былі б мае заганы.

Не змяняючы позы, ён праваю рукою абняў яе, а леваю сціскаў ёй ручку, схаваную пад плашчыкам.

– Так, кузіна, – працягваў ён. – Такой, як ты, кабеце мала паўсядзённага хлеба шацунку, нават пернікаў закаханасці… Табе часам трэба шампанскага, цябе мусіць нехта ап’яніць, няхай і цынізмам.

– Цынікам быць лёгка…

– Але не кожны насмеліцца ім быць. Спытай у таго пана, ці прыходзіла яму ў галаву, што яго любоўныя малітвы не вартыя майго блюзнерства?..

Вакульскі ўжо не чуў далейшае размовы, яго ўвагу захапіў іншы факт: перамена, якая імкліва пачала адбывацца ў ім самім. Каб яму ўчора сказалі, што ён будзе нямым сведкам падобнае размовы, не паверыў бы, бо думаў бы, што адно такое слова заб’е яго або выкліча шаленства. Аднак, калі гэта сталася, ён мусіў прызнаць, што ад здрады, расчаравання і прыніжэння ёсць нешта горшае.

Але што?.. Вось што – язда чыгункаю. Як гэты вагон дрыжыць… як ён імчыць!.. Дрыжанне цягніка перадаецца яго нагам, лёгкім, сэрцу, мозгу; у ім самім усё дрыжыць, кожная костачка, кожны нерв…

А гэтае імчанне па неабсяжнай роўнядзі пад велічным скляпеннем нябёсаў!.. І ён мусіць ехаць яшчэ невядома колькі… можа, пяць, можа, дзесяць хвілін!..

Што яму Старскі або нават і панна Ізабэла… Вартыя адзін аднаго!.. Але гэтая чыгунка, ах, гэтая чыгунка… гэтае дрыжанне…

Яму здавалася, што ён заплача, што пачне крычаць, што выб’е акно і выскачыць з вагона… Яшчэ горай! Яму здавалася, што ён будзе маліць Старскага, каб той яго ратаваў… Ад чаго?.. Быў момант, калі ён хацеў схавацца пад канапу, прасіць прысутных, каб тыя наваліліся на яго, прыціснулі, і гэтак даехаць да станцыі…

Ён заплюшчыў вочы, сціснуў зубы, ухапіўся рукамі за махры абіўкі, пот выступіў у яго на лбе і сплываў па твары, а цягнік дрыжаў ды імчаў… Нарэшце пачуўся свісток. Адзін. Другі. І цягнік затрымаўся на станцыі.

“Выратаваны,” – падумаў Вакульскі.

Адразу ж абудзіўся пан Ленцкі.

– Што за станцыя? – спытаў ён у Вакульскага.

– Скернавіцы, – адказала панна Ізабэла.

Кандуктар адчыніў дзверы. Вакульскі сарваўся з месца. Ён штурхануў пана Тамаша, ледзь не паваліўся на супрацьлеглую канапу, спатыкнуўся на прыступцы і ўбег у буфет.

– Гарэлкі! – выгукнуў ён.

Здзіўленая буфетчыца падала яму кілішак. Ён паднёс яго да вуснаў, але адчуў млоснасць і паставіў кілішак некрануты.

У вагоне Старскі казаў панне Ізабэле:

– Але даруй, кузіна, гэтак спешна не пакідаюць вагон пры дамах.

– Можа, ён хворы? – адказала панна Ізабэла, адчуваючы нейкі неспакой.

– У кожным разе, хвароба не так небяспечная, як неадкладная… Ці загадаеш прынесці што-небудзь, кузіна?

– Няхай мне дадуць содавай вады.

Старскі пайшоў у буфет, панна Ізабэла пазірала ў акно. Яе неакрэсленая трывога ўзрастала.

“Нешта тут не так… – думала яна. – Які дзіўны ў яго быў выгляд…”

Вакульскі з буфета пайшоў у канец перона. Ён некалькі разоў глыбока ўздыхнуў, папіў вады з бочкі, каля якое стаяла ўбогая кабета і пару жыдкоў. Паволі ён апрытомнеў, а калі заўважыў кандуктара, сказаў:

– Каханы пане, вазьмі ў рукі якую паперчыну…

– Што з панам?

– Нічога. Вазьмі ў бюро якую-небудзь паперчыну і перад нашым вагонам скажы, што Вакульскаму тэлеграма.

– Да пана?..

– Так…

Кандуктар моцна здзівіўся, але пайшоў да тэлеграфа. Праз пару хвілін ён выйшаў з бюро, падышоў да вагона, у якім сядзеў пан Ленцкі з дачкою, і закрычаў:

– Тэлеграма пану Вакульскаму!..

– Што?.. Пакажы мне, пан… – азваўся занепакоены пан Тамаш.

Але ў гэты момант побач з кандуктарам з’явіўся Вакульскі, ён узяў паперу, павольна разгарнуў яе і, хоць у тым месцы было зусім цёмна, зрабіў выгляд, што чытае.

– Што за тэлеграма?.. – спытаў яго пан Тамаш.

– З Варшавы, – адказаў Вакульскі. – Я мушу вяртацца.

– Вяртаецца пан?.. – выгукнула панна Ізабэла. – Здарылася нейкае няшчасце?..

– Не, пані. Мой супольнік кліча мяне.

– Зыск ці страта?.. – ціха спытаў пан Тамаш, высоўваючыся ў вакно.

– Вялізны зыск, – гэтак жа ціха адказаў Вакульскі.

– А… дык едзь… – параіў яму пан Тамаш.

– Але навошта пану тут заставацца? – занепакоілася панна Ізабэла. – Пану давядзецца чакаць цягніка, дык лепш пану ехаць з намі, пакуль мы не сустрэнем яго ў дарозе. Яшчэ пару гадзін пабудзем разам…

– Бэла цудоўна радзіць, – заўважыў пан Тамаш.

– Не, пане, – адказаў Вакульскі. – Лепш я паеду адсюль лакаматывам, чым губляць некалькі гадзін.

Панна Ізабэла глядзела на яго вялікімі вачыма. У гэты момант яна ўбачыла ў ім нешта зусім новае і зацікавілася ім.

“Якая багатая натура!” – падумала яна.

За некалькі імгненняў Вакульскі без бачнае прычыны набыў вагу, а Старскі здрабнеў і стаў смешны.

“Але чаму ён застаецца?.. Адкуль узялася гэтая тэлеграма?..” – пытала яна сама сябе, і неакрэслены неспакой перарастаў у трывогу.

Вакульскі вярнуўся ў буфет, каб знайсці насільшчыка і забраць рэчы, і сутыкнуўся там са Старскім.

– Што з панам?.. – выгукнуў Старскі, разглядаючы яго ў святле, якое падала з залы.

Вакульскі ўзяў яго пад руку і пацягнуў за сабою ўздоўж перона.

– Няхай пана не гнявіць, пане Старскі, тое, што я скажу, – пачаў ён глухім голасам. – Пан памыляецца наконт сябе… Пан мае ў сабе гэтулькі ж дэманічнага, колькі атруты ў запалцы… І пан зусім не валодае шаманскімі здольнасцямі… Пан мае, хутчэй, уласцівасці заляжалага сыру, які баламуціць хворыя страўнікі, але просты смак можа выклікаць ваніты… Перапрашаю пана…

Старскі аслупянела слухаў. Ён нічога не разумеў, аднак здавалася яму, што нешта разумее. Ён ужо падумаў быў, што перад ім вар’ят.

Пачуўся другі званок, падарожныя тлумна выбеглі з буфету да вагонаў.

– І яшчэ дам пану параду, пане Старскі. Карыстаючыся прыхільнасцю прыгожага полу, лепш прытрымлівацца традыцыйнае асцярожнасці, чым нейкае там дэманічнае адвагі. Адважнасць пана зрывае маскі з кабет. А кабеты не любяць здымаць маскі, дык пан можа страціць іх давер, што было б няшчасцем як для пана, гэтак і для панскіх лялечак.

Старскі па-ранейшаму нічога не разумеў.

– Калі я пана нечым абразіў, – сказаў ён, – гатовы даць сатысфакцыю.

Зазванілі трэці раз.

– Панове, прашу сядаць!.. – крычалі кандуктары.

– Не, пане, – адказаў Вакульскі, вяртаючыся з ім да вагону панства Ленцкіх. – Каб трэба мне была сатысфакцыя, дык забіў бы пана без лішніх фармальнасцяў. Хутчэй пан мае права ад мяне жадаць сатысфакцыі за тое, што я насмеліўся ўлезці ў агародчык, дзе пан песціць свае кветачкі… У любы момант гатовы… Пану вядома, дзе я жыву?..

Яны падышлі да вагона, пры якім ужо стаяў кандуктар. Вакульскі жывасілам падапхнуў Старскага на прыступку і далей – у вагон, а кандуктар зачыніў дзверы.

– Што ж не развітваешся, пане Станіславе? – спытаў здзіўлены пан Тамаш.

– Прыемнага падарожжа!.. – адказаў той з паклонам.

У акне стаяла панна Ізабэла. Кандуктар свіснуў, з лакаматыва адказалі.

Farewel, miss Iza, farewel![241] – закрычаў Вакульскі.

Цягнік рушыў. Панна Ізабэла ўпала на лаўку насупраць бацькі. Старскі сеў у другім кутку.

“Ну… ну… ну!.. – прамармытаў сабе пад нос Вакульскі. – Сыдзецеся яшчэ да Пётркава…”

Ён глядзеў на цягнік, як той ад’язджае, і рагатаў.

Ён застаўся на пероне адзін і прыслухоўваўся да шуму адыходзячага цягніка. Гэты шум то слабеў, то сціхаў, то зноў узмацняўся і, нарэшце, сціх зусім.

Потым ён чуў крокі работнікаў чыгункі, якія разыходзіліся, перасоўванне столікаў у буфеце, потым у буфеце пачалі гаснуць лямпы, і афіцыянт, пазяхаючы, замкнуў шкляныя дзверы, якія прарыпелі нейкае слова.

“Згубілі маю бляшку, шукаючы медальён!.. – думаў Вакульскі. – Я сентыментальны і нудны… Яна, апроч паўсядзённага хлеба шацунку ды пернікаў закаханасці мусіць мець шампанскае… Пернікі закаханасці – гэта вельмі дасціпна!.. Але што за шампанскае ёй падабаецца?.. Ага, цынізм!.. Шампанскае цынізму – таксама вельмі дасціпна… Ну, прынамсі, акупілася мне навука англійскае мовы…”

Бязмэтна перасоўваючы ногі, ён апынуўся сярод двух шэрагаў запасных вагонаў. Задумаўся: куды ісці? І раптам зазнаў галюцынацыі. Яму здавалася, што ён стаіць унутры вялізнае вежы, якая завальваецца без грукату. Яго не забіла, але з усіх бакоў зваліла друзам, з якога ён не мог вылезці. Не было выйсця!..

Ён страсянуўся, і ўява знікла.

“Відавочна, морыць мяне сон, – думаў ён. – Уласна кажучы, не здарылася са мною нічога неспадзяванага. Усё можна было раней прадбачыць, я нават усё гэта бачыў… Якія пустыя размовы яна вяла са мною!.. Што яе цікавіла?.. Балы, раўты, канцэрты, строі… Што яна любіла?.. Сябе. Здавалася ёй, што ўвесь свет – дзеля яе, а яна – дзеля таго, каб бавіцца. Какетнічала… але ж так, яна самым бессаромным чынам какетнічала з усімі мужчынамі, а з усімі кабетамі спаборнічала ў прыгажосці, ва ўборах, ва ўсеагульным пакланенні… Што яна рабіла? Нічога. Упрыгожвала салоны. Адзіная рэч, дзякуючы якой яна магла забяспечыць сабе дабрабыт, было яе каханне, фальшывы тавар!.. А гэты Старскі… Што Старскі?! Гэткі ж паразіт, як і яна… Ён, хіба, быў толькі эпізодам у яе поўным досведу жыцці. Да яго, прынамсі, прэтэнзій у мяне быць не павінна: знайшлі адно аднаго. Ані да яе… Так, гэта Месаліна, якая дражніць фантазію!.. Абдымаў яе ды шукаў медальён, хто хацеў, нават гэты Старскі. Небарака, няма чаго рабіць, дык стаў спакуснікам…

Колісь я верыў, што тут, на зямлі

Белыя з намі анёлы жылі...[242]

Добрыя анёлы!.. Светлыя крылы!.. Пан Малінары, пан Старскі і Бог ведае, колькі іх яшчэ… Вось вынік пазнання кабет праз паэзію!

Трэба было глядзець на кабет не праз акуляры Міцевічаў, Красінскіх або Славацкіх, а карыстацца статыстыкай, якая вучыць, што кожны дзясяты белы анёл блудніца, а каб давялося расчаравацца, дык не бяда…”

У гэты момант нешта зашумела: налівалі ваду ў кацёл ці ў рэзервуар. Вакульскі спыніўся. Яму здавалася, што ў гэтым працяглым і меланхалічным гуку ён чуе цэлы аркестр, які грае мелодыю з Роберта Д’ябла. “Вы, што спіце тут пад халодным смерці каменем…” Рогат, плач, жальба, віскат, бязладныя воклічы, – усё гэта гучала разам, і над усім узносіўся магутны голас, поўны безнадзейнага смутку.

Ён гатовы быў прысягнуць, што чуе аркестр, і зноў пачаліся галюцынацыі. Яму здавалася, што ён на могілках, сярод раскрытых магіл, з якіх лезуць жахлівыя цені. Праз момант кожны цень рабіўся прыгожаю кабетаю, а паміж імі плаўна рухалася панна Ізабэла і вабіла яго да сябе рукою ды позіркам…

Яго ахапіў такі жах, што ён перахрысціся, і здані зніклі.

“Баста! – падумаў ён. – Я тут звар’яцею…”

І ён пастанавіў забыць панну Ізабэлу.

Была ўжо другая гадзіна ночы. У бюро тэлеграфа гарэла лямпа з зялёным абажурам і чуўся стукат апарата. Каля вакзальнага будынка хадзіў нейкі чалавек, які зняў перад ім шапку.

– Калі будзе цягнік да Варшавы? – запытаўся Вакульскі.

– А пятай, вяльможны пане, – адказаў чалавек з такім рухам, нібы хацеў пацалаваць яго ў руку. – Я, вяльможны пане…

– Толькі а пятай!.. – паўтарыў Вакульскі. – Коні, хіба… А з Варшавы а якой?

– Праз тры чвэрці гадзіны. Я, вяльможны пане…

– Праз тры чвэрці гадзіны… – прашаптаў Вакульскі. – Чвэрці… чвэрці… – паўтараў ён, адчуваючы, што не вымаўляецца ў яго належным чынам літара “р”.

Ён адвярнуўся ад незнаёмага і ўздоўж перона пайшоў у бок Варшавы. Чалавек паглядзеў яму ўслед, паківаў галавою і знік у цемры.

“Чвэрці… чвэрці… – мармытаў Вакульскі. – Язык у мяне дзервянее?.. Які дзіўны збег акалічнасцяў: я вучыўся, каб здабыць панну Ізабэлу, а навучыўся, каб яе страціць… Або ўзяць Гейста. Ён зрабіў вялікае адкрыццё і даверыў мне святы заклад, каб пану Старскаму было што шукаць… Усяго яна мяне пазбавіла, нават апошняе надзеі… Каб зараз запыталіся ў мяне: ці я сапраўды ведаў Гейста, ці бачыў яго дзіўны метал, не змог бы адказаць, бо ўжо сам не ведаю, ці не было гэта ілюзіяй… Ах, каб я мог пра яе не думаць… Хоць некалькі хвілін…

Вось і не буду пра яе думаць…”

Ноч была зорная, абапал чарнелі палеткі, уздоўж чыгункі гарэлі рэдкія сігнальныя ліхтары. Вакульскі, ідучы ровам, спатыкнуўся аб вялікі камень, і адразу ж паўсталі ў яго перад вачыма руіны замка ў Заслаўлі, той камень, на якім сядзела панна Ізабэла, і яе слёзы. Але гэтым разам, апроч слёз, у позірку бліснуў фальш.

“Вось і не буду пра яе думаць… Паеду да Гейста, буду працаваць ад шостае раніцы да адзінаццатае ўвечары, буду вымушаны сачыць за ціскам, за тэмператураю, за электрычным напружаннем… Не застанецца мне аніводнае хвіліны…”

Яму здалося, што за ім нехта ідзе. Ён азірнуўся, але нікога не заўважыў. Пры гэтым ён прыкмеціў, што левым вокам бачыць горш, чым правым, і гэта яго пачало моцна непакоіць.

Ён хацеў вярнуцца да людзей, але адчуў, яму невыносна на іх глядзець. Нават думаць ужо стала пакутліва, амаль балюча.

“Я і не ведаў, што чалавеку можа быць цяжкаю ўласная душа…” – прамармытаў ён. – “Ах, каб я мог не думаць…”

Далёка на ўсходзе заблішчаў вузкі серп месяца, заліваючы краявід невымоўна смутным святлом. І раптам перад Вакульскім паўстала новая ўява. Быў ён у ціхім і бязлюдным лесе, хвоі раслі дзіўна пахіленыя, не чутно было аніводнага птаха, вецер не варушыў аніводнаю галінкаю. Не было нават святла, толькі смутны паўзмрок. Вакульскі адчуваў, што гэты паўзмрок, жаль і смутак выплываюць з ягонага сэрца, і ўсё скончыцца, хіба, разам з жыццём, калі ўвогуле скончыцца…

Паміж хвояў, куды ні паглядзі, віднеліся кавалкі шэрага неба, кожны з іх замяняўся ў дрыжачую шыбу вагона, у якой адбівалася невыразнае аблічча панны Ізабэлы ў абдымках Старскага.

Вакульскі ўжо не мог супраціўляцца ўявам, яны апанавалі яго, зжэрлі волю, скрывілі думкі, атруцілі сэрца. Дух яго страціў усялякую самастойнасць, кіравала ім кожнае ўражанне, паўтараючыся ў шматлікіх – усё больш змрочных, усё больш балесных – формах, як рэха ў пустым будынку.

Зноў ён спатыкнуўся аб камень, і гэта дробязь абудзіла ў ім страшныя медытацыі.

Здавалася яму, што некалі, некалі ён сам быў каменем – халодным, сляпым, бяздушным.

І калі ён так ляжаў, высакамерны ў сваёй мёртвасці, у якую не здолелі ўдыхнуць жыццё найвялікшыя зямныя катаклізмы, у ім самім ці над ім азваўся голас, які задаў пытанне:

“Хочаш стаць чалавекам?”

“Што такое чалавек?..” – адказаў камень.

“Хочаш бачыць, чуць, адчуваць?..”

“Што такое адчуваць?..”

“Дык ці хочаш адчуць нешта зусім новае? Ці хочаш такое існаванне, якое ў адзін момант дае больш адчуванняў, чым зведалі ўсе камяні цягам мільёна стагоддзяў?”

“Я не разумею, – адказаў камень, – але магу быць чым заўгодна”.

“А калі, – пытаў звышнатуральны голас, – пасля гэтага новага быцця застанецца табе вечны жаль?..”

“Што такое жаль?.. Я магу быць чым заўгодна”.

“Дык няхай станецца чалавек,” – было сказана.

І стаўся чалавек. Жыў ён некалькі дзясяткаў гадоў і цягам іх меў столькі жаданняў ды столькі пакутаў, што мёртваму свету не зазнаць таго цэлую вечнасць. Пакуль гнаўся за адною мэтаю, знаходзіў тысячы іншых, а ўцякаючы ад аднае пакуты, трапляў у цэлае мора пакут, і столькі ён адчуў, столькі перадумаў, столькі набраўся несвядомае сілы, што ўрэшце абурыў усю прыроду.

“Досыць!.. – пачалі крычаць з усіх бакоў. – Досыць!.. Пусці і іншых на гэта відовішча…”

“Досыць!.. Досыць!.. Ужо досыць, – крычалі камяні, дрэвы, паветра, зямля і неба… – Саступі іншым!.. Няхай і яны спазнаюць гэтае новае быццё…”

Досыць!.. Дык ён зноў павінен зрабіцца нічым і якраз у той момант, калі гэтае вышэйшае быццё ва ўспамінах пакідае яму толькі роспач па тым, што страціў, ды скруху па тым, чаго не дасягнуў!

“Ах, хутчэй бы ўзышло сонца! – прашаптаў Вакульскі. – Вяртаюся ў Варшаву… займуся нейкай працай і скончу з гэтым глупствам, якое толькі псуе мне нервы… Яна хоча Старскага? Няхай мае Старскага!.. Я прайграў у каханні?.. Добра!.. Затое выйграў у іншым… Усяго мець немагчыма…”

Ужо пару хвілін ён адчуваў на вусах нейкую густую вільгаць.

“Кроў?” – падумаў ён.

Выцер вусны і пры святле запалкі ўбачыў на насоўцы пену.

“Шалею, ці што гэта за ліха?”

Потым удалечыні ён убачыў два агні, якія паволі набліжаліся ў яго бок. За імі ўзвышалася цёмная маса, над якою ўздымаўся густы сноп іскраў.

“Цягнік?..” – спытаў ён сам у сябе, і яму здалося, што гэта той самы цягнік, якім едзе панна Ізабэла. Зноў ён убачыў вагон, асветлены ліхтаром, прыкрытым кавалкам блакітнага камлоту[243], а ў кутку заўважыў панну Ізабэлу ў абдымках Старскага…

“Так кахаю… так кахаю… – прашаптаў ён. – І не магу забыць!..”

У гэты момант зазнаў ён пакуту, якой няма назвы ў чалавечай мове. Раздзіралі яго горкія думкі, збалелыя пачуцці, раздушаная воля і ўсё яго існаванне… І раптам ён адчуў нават не прагу, а голад і пажадлівасць да смерці.

Цягнік павольна набліжаўся. Вакульскі, сам не разумеючы, што ён робіць, упаў на рэйкі. Яго трэсла, зубы стукалі, ён схапіўся аберуч за шпалы, у роце было поўна пяску… На дарогу ўпаў свет ліхтара, рэйкі пачалі ціха дрыжаць пад лакаматывам…

“Божа, будзь літасцівы…” – прашаптаў ён і заплюшчыў вочы.

Раптам ён адчуў цяпло і рэзкі штуршок, які скінуў яго з рэек… Цягнік праляцеў за некалькі цаляў ад галавы, абдаючы яго параю ды гарачым попелам. На момант ён страціў прытомнасць, а калі ачуняў, убачыў нейкага чалавека, што сядзеў у яго на грудзях і трымаў за рукі.

– Што гэта вяльможны пан вырабляе?.. – казаў чалавек. – Нечуваныя рэчы… Гэта ж Бог…

Ён не скончыў. Вакульскі сапхнуў яго з сябе, схапіў за каўнер і паваліў на зямлю.

– Чаго ты хочаш ад мяне, ты, паганец?! – закрычаў ён.

– Пане, вяльможны пане… я ж Высоцкі…

– Высоцкі?.. Высоцкі?.. – паўтарыў Вакульскі. – Маніш, Высоцкі ў Варшаве…

– Але я брат яго, чыгуначнік. Пан сам мне тут з месцам дапамог яшчэ летась, пасля Вялікадня… І хіба мог я глядзець на гэткае гора?.. Зрэшты, пане, на чыгунцы нельга кідацца пад лакаматывы…

Вакульскі сцішыўся і пусціў яго.

“Усё супраць мяне, нават тое, што я зрабіў добрага,” – прашаптаў ён.

Ад моцнае стомленасці ён сеў на зямлю каля дзічкі, што расла тут і была не вышэй за дзіця. Тым часам усчаўся вецер і варушыў лісткамі на дрэве, ад шамацення якіх, невядома чаму, прыгадаліся Вакульскаму даўнія гады.

“Дзе маё шчасце?..” – падумаў ён.

У грудзях пачало сціскаць і хутка дайшло да горла. Ён хацеў уздыхнуць, але не мог, здавалася, што зараз задушыцца, і ён абняў рукамі дрэўца, якое ўсё шамацела.

“Паміраю!” – білася ў галаве думка.

Яму здавалася, што кроў залівае мазгі, грудзі разрываюцца. Ён курчыўся ад болю і раптам зайшоўся ад плачу.

“Божа міласэрны… Божа міласэрны…” – паўтараў ён праз рыданні.

Чыгуначнік апусціўся побач з ім і асцярожна падклаў яму пад галаву сваю руку.

– Плач, вяльможны пане!.. – казаў ён, нахіляючыся над ім. – Плач, вяльможны пане, і памінай імя Божае… Не дарэмна будзеш памінаць яго…

Хто аддаецца шчыра Пану Богу,

І верыць яму цалкам ўсю дарогу,

Той смела скажа: Бог мяне бароніць,

Душу маю трымае на далоні.

І Ён цябе ад злога выратуе[244].

Што, вяльможны пане, з таго дастатку, што з тых найвялікшых скарбаў!.. Усё чалавека падмане, адзін толькі Бог не падмане…

Вакульскі прытуліўся тварам да зямлі. Яму здавалася, што з кожнаю слязою выліваецца з ягонага сэрца боль, расчараванне і роспач. Думкі паціху даходзілі да ладу. Ён ужо разумеў, што робіць, і разумеў таксама, што ў горы, калі ўсё здрадзіла, засталіся яшчэ вернымі яму зямля, просты чалавек і Бог…

Паволі ён супакойваўся, рыданні ўжо менш раздзіралі яму грудзі, ён адчуў слабасць ва ўсім целе і моцна заснуў.

Быў ужо світанак, калі ён абудзіўся. Ён сеў, працёр вочы, убачыў каля сябе Высоцкага і ўсё ўспомніў.

– Доўга я спаў? – спытаў ён.

– Можа, з чвэрць гадзіны… можа, паўгадзіны, – адказаў чыгуначнік.

Вакульскі выняў пулярэс, дастаў некалькі сторублёвак і, падаючы іх Высоцкаму, сказаў:

– Бачыш… Быў я ўчора п’яны… Не кажы нічога і нікому, што тут са мною было. А вось, гэта… дзецям…

Чыгуначнік пацалаваў яму ў ногі.

– Я падумаў, – сказаў ён, – што ясны пан усё страціў, таму…

– Маеш рацыю! – задумліва адказаў Вакульскі. – Страціў усё… апроч грошай. Не забуду пра цябе, хоць… Лепш бы мне не жыць.

– Я таксама казаў сабе, што такі пан не шукаў бы бяды, нават каб і страціў усе грошы. Злосць людская да гэтага давяла… Але і ёй канец прыйдзе. Бог марудзіць, але ён справядлівы, пераканаецца пан…

Вакульскі ўстаў з зямлі і пайшоў у бок станцыі. Раптам ён вярнуўся да Высоцкага.

– Як будзеш у Варшаве, – сказаў ён, – зайдзі да мяне… Але ні слова пра тое, што тут сталася…

– Бог мне сведка, не скажу, – адказаў Высоцкі і зняў шапку.

– А другім разам… – дадаў Вакульскі і паклаў яму руку на плячо, – другім разам… каб спаткаў такога чалавека… разумееш?.. каб спаткаў яго, не ратуй… Як хоча хто добраахвотна стаць са сваёю крыўдаю перад Божым судом, не затрымлівай яго…

Не затрымлівай!..


Загрузка...