Вакульскі то ляжаў, то сядзеў у сваім пакоі, і паступова яму прыгадалася, якім чынам ён дабраўся са Скернавіц да Варшавы.
А пятай раніцы купіў на вакзале квіток першага класа, аднак не быў пэўны: ён прасіў менавіта такі, ці яго далі без просьбы. Потым сеў у купэ другога класа, дзе ўжо быў ксёндз, які ўсю дарогу глядзеў у акно, і руды немец, які зняў гамашы, паставіў ногі ў брудных шкарпэтках на супрацьлеглую лаўку і спаў як забіты. Нарэшце, насупраць сядзела нейкая старая дама, якой гэтак балелі зубы, што яна нават не абражалася на свайго суседа ў шкарпэтках.
Вакульскі хацеў палічыць, колькі чалавек едзе ў купэ, і пасля вялікага намагання сцяміў: без яго – тры, а з ім – чатыры. Потым ён пачаў разважаць, чаму тры чалавекі ды адзін чалавек складаюць разам чатыры чалавекі – і заснуў.
У Варшаве ён ачуўся толькі ў Алеях Ерусалімскіх, калі ўжо ехаў брычкаю. Аднак хто вынес яму валізу, як ён апынуўся ў брычцы, – гэтага не ведаў, і нават яно не цікавіла.
Каб трапіць у сваю кватэру, яму давялося паўгадзіны званіць у дзверы, хоць і была ўжо амаль восьмая раніцы. Адчыніў яму слуга – заспаны, не апрануты, спалоханы нечаканым вяртаннем. А калі Вакульскі ўвайшоў у спальню, дык пераканаўся, што надзейны слуга спаў на ягоным уласным ложку, але выгаворваць яму не стаў, а загадаў падаць самавар.
Слуга, які, нарэшце, ачомаўся, але быў збянтэжаны, хутка памяняў прасціны ды навалкі, а Вакульскі, як толькі ўбачыў свежую пасцель, не стаў піць гарбаты, а распрануўся і лёг спаць.
Спаў ён да пятае гадзіны дня, а потым памыўся і апрануўся, як на выхад, але неяк машынальна сеў у фатэль у салоне і драмаў там да вечара. А калі на вуліцы запаліліся ліхтары, ён загадаў падаць святло і прынесці біфштэкс з рэстарана. З’еў яго з апетытам, запіў віном і апоўначы зноў пайшоў спаць.
На другі дзень наведаў яго Жэцкі, але як доўга сядзеў і пра што яны гаварылі, у памяці не засталося. Толькі на наступную ноч, калі на момант прачнуўся, яму здалося, што ён бачыць устрывожаны твар Жэцкага.
Потым ён зусім страціў уяўленне пра час: не было ўжо розніцы паміж днём і ноччу і не было адчування, што гадзіны мінаюць занадта хутка або цягнуцца надта марудна. Яго наогул не займаў час, які нібы перастаў існаваць. Адчуваў ён толькі пустэчу ў сабе і вакол сябе і не быў пэўны, што ягоная кватэра не павялічыліся ў памерах.
Раз прымроілася яму, што ляжыць ён на высокім катафалку, і прыйшлі думкі пра смерць. Яму здавалася, што ён мусіць памерці абавязкова ад паралічу сэрца, але гэта ані страшыла, ані цешыла. Часам ад нерухомага сядзення ў фатэлі дзервянелі яму ногі, і тады ён думаў, што набліжаецца смерць, ды з чужацкаю цікаўнасцю сачыў, як хутка гэта здзервяненне дабярэцца да сэрца. Назіранні гэтыя мелі нейкае адценне прыемнасці, але ўсё расплывалася ў апатыі.
Ён загадаў, каб слуга не прымаў нікога, але ўсё ж некалькі разоў наведаў яго доктар Шуман. Падчас першага візіту ён узяў яго за руку, каб палічыць пульс, і загадаў паказаць язык.
– Можа, англійскі?.. – спытаў Вакульскі, але схамянуўся і вырваў руку.
Шуман уважліва зірнуў яму ў вочы.
– Ты нездаровы, – сказаў ён. – Што табе баліць?
– Нічога. А ты зноў займаешся практыкай?
– Дзіва што! – выгукнуў Шуман. – І перш за ўсё вылечыў сам сябе – ад фантазёрства.
– Цудоўна, – азваўся Вакульскі. – Жэцкі нешта казаў мне пра тваё выздараўленне.
– Жэцкі недарэка… стары рамантык… Гэтая парода ўжо вымірае! Хто хоча жыць, мусіць цвяроза глядзець на свет… А зараз засяродзься і па чарзе заплюшчвай вочы, паводле майго загаду: левае… правае… правае… Закладзі нагу за нагу…
– Што гэта ты робіш, даражэнькі?.. – спытаў яго Вакульскі.
– Агляд.
– О!.. І маеш надзею нешта ўгледзець?
– Спадзяюся.
– А потым?
– Буду лячыць.
– Ад фантазёрства?
– Не. Ад неўрастэніі.
Вакульскі ўсміхнуўся, крыху памаўчаў і спытаў:
– Ці здолееш ты выняць у чалавека мазгі, а на іх месца ўкласці новыя?
– Пакуль не…
– Ну, дык адчапіся ад мяне са сваім лячэннем.
– Магу падштурхнуць цябе да новых жаданняў…
– Я ўжо іх маю. Хацеў бы запасці пад зямлю, глыбока… як студня ў заслаўскім замку… І яшчэ хацеў бы, каб мяне засыпала друзам, і мяне, і мой маёнтак, і нават сляды майго існавання. Вось маё жаданне – вынік усіх папярэдніх.
– Рамантызм!.. – выгукнуў Шуман і пахлопаў яго па плячы. – Але і гэта мінецца.
Вакульскі нічога ўжо не адказваў. Ён злаваўся за свае апошнія словы і дзівіўся: адкуль узялася гэта шчырасць? Недарэчная шчырасць!.. Якая каму справа да яго жаданняў?.. Навошта ён гэта сказаў?.. Навошта, як бессаромны жабрак, агаліў свае раны?
Пасля таго, як доктар пайшоў, ён заўважыў, што нешта ў ім змянілася, а менавіта: сярод бясконцае апатыі з’явілася нейкае адчуванне. Быў гэта няўцямны боль, спачатку вельмі кволы, які хутка ўбіраўся ў сілу. Напачатку можна было параўнаць яго з лёгкім уколам шпількаю, а пазней – з нечым чужародным у сэрцы, не большым за лясны арэх. Ён ужо шкадаваў апатыі, але прыгадаліся яму словы Фейхтэрслебэна[245]: “Радаваўся я сваёй пакуце, бо здавалася мне, што заўважыў у сабе тую творчую барацьбу, якая нараджала і нараджае ўсё на гэтым свеце, дзе няспынна змагаюцца бясконцыя сілы”.
“Але што гэта?” – спытаў ён сам сябе, адчуваючы, як глухі боль выціскае з душы апатыю. І адразу адказаў:
“Ага, гэта абуджэнне розуму…”
Паволі ў яго свядомасці, да гэтага часу нібы зацягнутай туманам, пачала праступаць карціна. Вакульскі з цікавасцю пачаў сачыць і разгледзеў – сілуэт кабеты ў абдымках мужчыны… Карціна спачатку засвяцілася слабым фасфарычным бляскам, потым паружавела… пажаўцела… пазелянела… стала блакітнаю… нарэшце, зусім чорнаю, як аксаміт. Потым яна знікла на пару хвілін і зноў пачала паўставаць – па чарзе ва ўсіх колерах, пачынаючы ад фасфарычнага і сканчаючы чорным.
Адначасова ўзмацняўся боль.
“Пакутую, значыць існую!..”[246] – падумаў Вакульскі, і яму стала смешна.
Гэтак мінула некалькі дзён: на сузіранні то карціны, што змяняла колеры, то болю, што змяняў сілу. Часам ён знікаў зусім, потым з’яўляўся дробным атамам, рос, запаўняў сэрца, усю істоту, цэлы свет… І ў той момант, калі магчымасць вытрываць яго была амаль вычарпаная, зноў пачынаў нікнуць, саступаючы месца поўнаму спакою і здзіўленню.
Паволі пачало нараджацца ў душы нешта новае: прага пазбыцца і тых боляў, і тых карцін. Было гэта падобна да іскры ў цемрадзі ночы. Нейкі пробліск надзеі з’явіўся ў Вакульскага.
“Ці здольны я, праўда, яшчэ мысліць?..” – спытаў ён сам сябе.
Каб спраўдзіць гэта, ён пачаў прыгадваць табліцу множання, потым множыць двухзначныя лічбы на адназначныя і двухзначныя на двухзначныя. Не давяраючы сабе, ён запісваў вынікі падлікаў, а потым правяраў… Вынікі множання на паперы адпавядалі вусным падлікам, і Вакульскі ўздыхнуў з палёгкаю.
“Яшчэ розуму не страціў!” – падумаў ён з радасцю.
Ён пачаў маляваць ва ўяўленні план уласнае кватэры, вуліц Варшавы, Парыжа… Надзея расла, бо ён заўважыў, што не толькі дакладна ўсё памятае, але гэтыя практыкаванні прыносяць яму пэўную палёгку. Чым больш ён думаў пра Парыж, тым ясней уяўляўся яму тамтэйшы вулічны рух, будынкі, гандаль, музеі, і тым хутчэй развейваўся сілуэт кабеты, якая замерла ў абдымках мужчыны…
Ён ужо пачаў патроху праходжвацца па кватэры, і вочы яго выпадкова затрымаліся на стосе рэпрадукцый. Былі там копіі з галерэй Дрэздэна ды Мюнхена – “Дон Кіхот” Дарэ, Хогарт…
Яму прыгадалася, што прысуджаныя да гільяціны лягчэй зносяць чаканне, разглядаючы малюнкі… І цэлыя дні сталі мінаць у яго ў разгляданні малюнкаў. Калі сканчаў адну кнігу, браўся за другую, трэцюю… і зноў вяртаўся да першае.
Боль глушэў, здані наведваліся ўсё радзей, надзея расла…
Часцей за ўсё праглядаў ён, аднак, “Дон Кіхота”, які рабіў на яго моцнае ўражанне.
Ён прыгадаў дзіўную гісторыю чалавека, які гадамі жыў у паэтычнай атмасферы – гэтак, як і ён сам; які кідаўся на ветракі, – як і ён, які зазнаў пераслед з усіх бакоў, – як і ён, які змарнаваў жыццё ў пошуках ідэалу кабеты, – як і ён, а замест каралеўны знайшоў брудную дзеўку з кароўніка – усё, як ён!..
“Аднак гэтаму Дон Кіхоту пашчасціла больш, чым мне! – думаў ён. – Толькі ўжо перад смерцю пачаў ён абуджацца ад сваіх ілюзій… А я?..”
Чым больш разглядаў ён малюнкі, чым больш прызвычайваліся да іх вочы, тым менш прыцягвалі яны ўвагі. За вобразамі Дон Кіхота, Санча Пансы ды паганятых мулаў Дарэ, за “Бойкаю пеўняў” ды “Вуліцаю піва” Хогарта, усё часцей паўставаў вагон, дрыжачая шыба, а ў ёй – невыразны сілуэт Старскага ды панны Ізабелы…
Тады ён закінуў рэпрадукцыі ды пачаў чытаць кніжкі, вядомыя яшчэ з дзяцінства або з тае пары, калі ён працаваў у Гопфера. З невымоўнаю ўзрушанасцю асвяжаў ён у памяці: “Жыццё Св. Жэнеўевы”, “Ружу з Таненберга”, “Ранальда”, “Рабінзона Круза”, нарэшце, “Тысячу і адну ноч”. Зноў яму здавалася, што час і рэчаіснасць перасталі існаваць, што яго зраненая душа ўцякла з зямлі і блукае па нейкіх чароўных краінах, дзе б’юцца сэрцы, поўныя высакародства, дзе подласць не прыкрываецца аблуднаю маскаю, дзе ўладарыць вечная справядлівасць, якая суцішае боль і ўзнагароджвае за крыўды…
І тут заўважыў ён дзіўную рэч. Калі з айчыннае літаратуры ён вынес ілюзіі, якія прывялі душу да краху, дык гаючае супакаенне ён знаходзіў у літаратуры замежнай.
“Ці праўда, – думаў ён з трывогаю, – што мы – народ рамантыкаў, і ніколі ўжо не сыдзе анёл, які ўзбурліў бы Віфездскую сажалку[247], абкладзеную з усіх бакоў хворымі?..”
Пэўнага дня прынеслі яму з пошты тоўсты пакет.
“З Парыжа?.. – мільганула ў яго здагадка. – Так, з Парыжу. Цікава, што гэта?..”
Але цікаўнасць не была аж такою моцнаю, каб заахвоціла распячатаць ды прачытаць ліст.
“Які тоўсты ліст!.. Каму, на ліха, хочацца сёння столькі пісаць?”
Ён кінуў пакет на стол і вярнуўся да чытання “Тысячы і аднае ночы”.
Якая асалода для спакутаванага розуму тыя белакаменныя палацы, тыя дрэвы, на якіх растуць каштоўныя камяні, тыя кабалістычныя словы, ад якіх расступаюцца сцены, тыя цудоўныя лямпы, з дапамогаю якіх можна перамагаць ворагаў, пераносіцца ў імгненне вока на сотні міль… А тыя магутныя чарадзеі!.. Як шкада, што такая ўлада даставалася людзям злым і нікчэмным!..
Ён адкладаў кніжку і, пасмейваючыся з сябе, марыў, што ён сам такі чарадзей, што валодае двума дробязямі: уладаю над сіламі прыроды ды здольнасцю рабіцца нябачным…
“Трэба прызнаць, – сказаў ён сабе, – што праз некалькі гадоў майго гаспадарання свет выглядаў бы іначай… Непапраўныя гультаі сталі б Сакратамі ды Платонамі”.
Потым ён зірнуў на парыжскі ліст і прыгадаў Гейста ды ягоныя словы: “Чалавецтва складаецца з гадаў і тыграў, сярод якіх ледзьве адзін на ўсю грамаду знойдзецца чалавек… Усе сённяшнія нядолі з-за таго, што вялікія адкрыцці траплялі без разбору і да людзей, і да пачвар… Я не зраблю такую памылку, і калі, нарэшце, вынайду метал, лягчэйшы за паветра, аддам яго толькі праўдзівым людзям. Няхай хоць раз яны займеюць зброю выключна для сябе, няхай іх раса множыцца і расце яе магутнасць…”
“Несумненна, – прамармытаў ён, – лепш, каб Ахоцкія ды Жэцкія мелі сілу, чым Старскія ды Марушэвічы…”
“Вось мэта! – думаў ён далей. – Каб я быў маладзейшы… Хоць… Ну, але і тут трапляюцца людзі, і тут нямала можна зрабіць…”
Ён зноў пачаў чытаць гісторыі з “Тысячы і аднае ночы”, але заўважыў, што і яны ўжо не прыцягваюць больш увагі. Даўні боль зноў пачаў тузаць сэрца, а перад вачыма штораз ясней паўставаў сілуэт панны Ізабэлы ды Старскага.
Ён прыгадаў Гейста ў драўляных сандалях, пазней – ягоны дзівачны дом, абнесены мурам… І раптам здалося яму, што гэты дом – першая прыступка даўжэзнае лесвіцы, наверсе якое стаіць статуя, вышынёй аж да аблокаў. Гэта была выява кабеты, ні галавы, ні грудзей якое не было відаць, а толькі бронзавыя фалды сукенкі. Здавалася яму, што на пастаменце, на які абапіраліся яе ногі, чарнее надпіс: “Нязменная і чыстая”. Ён не разумеў, што гэта, але адчуваў, як ад ног статуі наплывае ў сэрца нейкая непарушная веліч. І толькі дзівіўся сабе, што ён, здольны адчуваць нешта падобнае, мог кахаць панну Ізабэлу, гневацца на яе, раўнаваць да Старскага!..
Яго твар загарэўся ад сораму, хоць у пакоі нікога больш не было.
Здань знікла, Вакульскі апрытомнеў. Ён зноў быў толькі чалавекам – збалелым і слабым. Але ў яго душы гучаў нейкі магутны голас, нібы рэха красавіцкае буры, якая навальніцаю абвяшчае пачатак вясны і ўваскрашэнне.
Першага чэрвеня наведаў яго Шлянгбаўм. Увайшоў ён нясмела, але ўбачыў Вакульскага і падбадзёрыўся.
– Я не прыходзіў, – пачаў ён, – бо ведаў, што табе нядужылася і ты не хацеў нікога бачыць. Ну, але дзякуй Богу, усё ўжо мінула…
Ён круціўся на крэсле і крадком разглядаў пакой. Спадзяваўся, хіба, убачыць большы беспарадак.
– Маеш нейкую справу? – спытаў яго Вакульскі.
– Не так справу, як прапанову… Калі я даведаўся, што ты захварэў, дык падумалася мне… Бачыш… табе неабходны доўгі адпачынак, мусіш адыйсці ад спраў, дык прыйшло мне ў галаву, ці не пакінуў бы ты ў мяне тыя сто дваццаць тысяч рублёў… Спакойна меў бы дзесяць працэнтаў.
– Ага! – спыніў яго Вакульскі. – Я сваім супольнікам спакойна плаціў пятнаццаць.
– Але час цяпер іншы, цяжка… Зрэшты, ахвотна дам пятнаццаць працэнтаў, калі пакінеш мне сваю фірму…
– Ані фірмы, ані грошай, – незадаволена адказаў Вакульскі. – Хай яна гарам гарыць гэта фірма, а грошы… У мяне іх столькі, што хопіць і працэнтаў, якія даюць паперы. А!.. І таго зашмат.
– Дык хочаш забраць свой капітал на Святога Яна? – спытаў Шлянгбаўм.
– Магу пакінуць табе да кастрычніка нават без працэнтаў, але з умоваю, што ты не звольніш з крамы тых людзей, якія пажадаюць застацца.
– Цяжкая ўмова, але…
– Як хочаш.
Настала хвіліннае маўчанне.
– Што ты збіраешся рабіць з суполкаю гандлю з імперыяй? – спытаў Шлянгбаўм. – Бо гаворыш так, нібы і з яе хацеў бы выйсці…
– Вельмі падобна да таго.
Шлянгбаўм пачырванеў, хацеў нешта сказаць, але перадумаў. Яны пагаманілі яшчэ пра тое-сёе, і Шлянгбаўм пайшоў, вельмі цёпла развітаўшыся.
“Ён, як бачу, мае намер усё да рук прыбраць, – думаў Вакульскі. – Уга! Хай прыбірае… свет належыць заваёўнікам”.
Але Шлянгбаўм, які менавіта цяпер прыйшоў пагутарыць з ім пра свае справы, падаўся яму забаўным.
“Усе ў краме скардзяцца на яго, – думаў ён. – Кажуць, што ён занадта задаецца, чэпіцца… Праўда, і пра мяне казалі тое ж самае…”
Яго позірк слізгануў па стале, дзе ўжо некалькі дзён ляжаў ліст з Парыжа. Ён узяў яго ў рукі, пазяхнуў, але, нарэшце, распячатаў.
Гэта было паведамленне ад тае баранесы, што мела сувязі ў дыпламатычным свеце. Да ліста было дададзена некалькі афіцыйных актаў. Ён праглядзеў іх і ўпэўніўся, што смерць Эрнэста Вальтэра, іначай Людвіка Стаўскага, даказаная, што памёр ён у Алжыры.
Вакульскі задумаўся.
“Каб тры месяцы таму атрымаў я гэтыя паперы, хто ведае, што было б сёння?.. Стаўская – прыгожая, а перадусім гэткая шляхетная… гэткая шляхетная!.. Можа, яна і праўда мяне кахала?.. Стаўская – мяне, а я тую… Якая іронія лёсу!..”
Ён кінуў паперы на стол і прыгадаў малы, утульны салон, дзе гэтулькі вечароў правёў з пані Стаўскаю, дзе адчуваў сябе гэтак спакойна.
“Ну, – думаў ён, – вось і выракся я шчасця, якое само ішло ў рукі… Але ці можа быць шчасцем тое, чаго мы не прагнем?.. А калі яна хоць адзін дзень пакутавала гэтак, як я?.. Жахліва ўладкаваны свет, дзе двое людзей, аднолькава няшчасных, не могуць дапамагчы адно аднаму…”
Дакументы пра смерць Стаўскага ляжалі некалькі дзён, а Вакульскі не мог вырашыць, што з імі рабіць.
Спачатку ён забыўся на іх, а потым, калі яны траплялі на вочы або пад руку, адчуваў дакоры сумлення.
“Урэшце, – думаў ён, – я здабыў іх дзеля пані Стаўскае, дык трэба аддаць іх пані Стаўскай. Але дзе яна?.. Не ведаю… Цікавая атрымалася б гісторыя, каб я з ёю ажаніўся… Пазбавіўся б адзіноты… Гэлюня – мілае дзіця… Была б і мэта ў жыцці. Ну, але сама яна страціла б на гэтым… Што я мог сказаць ёй? Што хворы і мне трэба дагляд, таму ахвярую пані некалькі тысяч рублёў на год… Нават дазволю кахаць сябе, хоць сам… Досыць ужо мне кахання…”
Дзень мінаў за днём, а Вакульскі не мог прыдумаць, як даслаць паперы пані Стаўскай. Трэба было даведацца, дзе яна жыве, напісаць заказны ліст, аддаць яго на пошту… Нарэшце, яму прыйшло ў галаву, што прасцей паклікаць Жэцкага (якога ён не бачыў некалькі тыдняў), і дакументы аддаць яму. Але, каб паклікаць Жэцкага, трэба было пазваніць, загадаць лёкаю пайсці ў краму…
“А! Адчапіцеся ад мяне!” – прамармытаў ён.
І зноў засеў за чытанне, гэтым разам – пра падарожжы.
Наведаў Злучаныя Штаты, Кітай, але паперы пані Стаўскае не давалі яму спакою. Ён разумеў, што трэба нешта зрабіць з імі, і адчуваў, што нічога ён не зробіць.
Гэтакі душэўны стан пачаў дзівіць яго самога.
“Разважаю я правільна, – размаўляў ён сам з сабою. – Ну калі не псуюць усё ўспаміны… Адчуваю правільна… Нават занадта правільна! Толькі… не хочацца мне зрабіць гэту справу, зрэшты, ніякую… Дык гэта модная сёння хвароба волі… Цудоўнае адкрыццё! Але ж, да д’ябла, ніколі я не ганяўся за модаю… Зрэшты, мода гэта ці не мода, а мне гэтак добра, і таму…”
Ён якраз скончыў падарожжа ў Кітай, калі з’явілася ў яго думка, што пры наяўнасці волі ён мог бы раней ці пазней забыць і некаторыя выпадкі, і некаторых асобаў.
“А яно мяне гэтак мучыць, гэтак мучыць…” – прашаптаў ён.
Арыентацыя ў часе была згубленая канчаткова.
Аднойчы гвалтам прарваўся да яго Шуман.
– Ну што? – спытаў ён. – Чытаем, бачу… Раманы… Добра. Падарожжы… Яшчэ лепш. Не маеш ахвоты выйсці на шпацыр? Пагодны дзень, а за пяць тыдняў нацешыўся ўжо, хіба, сваімі пакоямі…
– Ты ўжо гадоў з дзесяць сваімі цешышся, – адказаў Вакульскі.
– Слушна! Але я меў занятак, даследаваў чалавечыя валасы і спадзяваўся на славу. Апроч таго, не было ў мяне на карку клопатаў – ані сваіх, ані чужых. Праз пару тыдняў сход суполкі гандлю з імперыяй…
– Я выходжу з яе…
– Бач ты… Добрая ідэя, – іранічна працягваў Шуман. – І да таго ж, каб яны лепш ацанілі цябе, дай ім магчымасць узяць дырэктарам Шлянгбаўма. Ён ім пакажа!.. Як мне… Геніяльная раса тыя жыды, але ж і мярзотнікі!..
– Ну, ну, ну…
– Толькі ж ты не кідайся іх бараніць, – злосна закрычаў Шуман. – Бо я іх не толькі ведаю, а наскрозь бачу… Горла пад нож падставіў бы, што Шлянгбаўм ужо капае табе яму, і ўпэўнены, што ён уплішчыцца ў суполку, бо як жа польскай шляхце абысціся без жыда…
– Як бачу, не любіш ты Шлянгбаўма?
– Наадварот, я ім нават захапляюся і хацеў бы стаць такім, як ён, але не здолею! А пачынае якраз абуджацца ў мяне інстынкт продкаў: схільнасць да гешэфтаў… Натура! Хацеў бы я мець з мільён рублёў, каб ператварыць яго ў два мільёны, тры… і стаць малодшым братам Ротшыльда. Тым часам нават Шлянгбаўм з мяне дурня робіць… Гэтак доўга я круціўся сярод вас, аж урэшце страціў усё тое каштоўнае, чым вызначаецца мая раса. А гэта вялікая раса. Яны свет здабудуць, і нават не розумам, а шахрайствам і падманам…
– Дык парві з імі. Ахрысціся…
– І не падумаю. Па-першае, не парву з імі, хоць бы нават і ахрысціўся, а я гэтакі фенаменальны жыдзяра, што не люблю прыкідвацца. Па-другое, не парваў я з імі, калі яны былі слабыя, дык не парву і сёння, калі яны моцныя.
– Здаецца мне, што ўласна цяпер яны найбольш слабыя, – заўважыў Вакульскі.
– Ці не таму, што іх пачынаюць ненавідзець?..
– Ну, нянавісць – гэта занадта моцнае слова…
– Павер, я не сляпы і не дурны… Я ведаю, што кажуць пра жыдоў у майстэрнях, шынках, крамах, нават у газетах… І ўпэўнены, што праз год-другі зноў пачнецца цкаванне, з якога мае ізраільскія браты выйдуць яшчэ больш мудрыя, яшчэ больш моцныя, яшчэ больш салідарныя… А як яны некалі расквітаюцца з вамі!.. Шэльмы з-пад цёмнае зоркі, але мушу прызнаць іх геніяльнасць і не адмаўляюся, што сімпатызую… Брудны жыдок, як падумаю, мілей мне за вылізанага паночка, а калі праз дваццаць гадоў першы раз завітаў я ў сінагогу ды пачуў спевы, дык, слова гонару, слёзы мне ў вачах закруціліся… Што тут казаць… Цудоўны Ізраіль у сваім трыумфе, і мне прыемна думаць, што да трыумфу прыніжаных і я маю дачыненне!..
– Шуман, мне здаецца, у цябе гарачка…
– Вакульскі, я ўпэўнены, што ў цябе бяльмо, але не на воку, а на мазгах…
– Як ты можаш казаць мне такое?..
– Магу, бо, па-першае, не хачу быць гадам, які кусае падступна, а па-другое… ты, Стах, ужо не будзеш з намі змагацца… Ты зламаны. І зламаны сваімі… Краму ты прадаў, суполку кідаеш… Кар’ера твая скончаная.
Вакульскі апусціў галаву на грудзі.
– Зрэшты, падумай, – працягваў Шуман, – хто сёння застаўся пры табе?.. Я, жыд, гэткі ж усімі пагарджаны і гэткі ж пакрыўджаны, як і ты… І тымі ж самымі людзьмі… вялікімі панамі…
– Сентыментальны робішся, – заўважыў Вакульскі.
– Гэта не сентыментальнасць!.. Яны пышыліся перад намі сваёй веліччу, узносілі свае вартасці, навязвалі нам свае ідэалы… А сёння скажы ты мне: дзе падзеліся тыя ідэалы ды вартасці, дзе іх веліч, якая была вымушаная лезці табе ў кішэню?.. Толькі год пражыў ты з імі, нібы роўня, і што яны з табой зрабілі?.. Дык падумай толькі, што яны зрабілі з намі, каго прыгняталі і тапталі стагоддзямі?.. І таму я раю табе: аб’яднайся з жыдамі. Падвоіш маёнтак і, як кажа “Стары Запавет”, убачыш ворагаў сваіх ля ног сваіх… За фірму і добрае слова аддамо табе Ленцкіх, Старскага і каго яшчэ захочаш у дадатак… Шлянгбаўм не для цябе супольнік, гэта блазан.
– А як пазагрызаеце вялікіх паноў, што тады?..
– Нічога не застанецца, як аб’яднацца з вашым людам. Будзем яго інтэлігенцыяй, якой вы сёння не маеце… Навучым нашай філасофіі, нашай палітыцы, нашай эканоміцы, і дакладна, лепш будзе з намі, чым з ранейшымі правадырамі… Правадыры!.. – дадаў ён і зарагатаў.
Вакульскі махнуў рукою.
– Мне здаецца, – сказаў ён, – што ты, які хоча ўсіх вылечыць ад фантазёрства, сам фантазёр.
– Чаму гэта?.. – спытаў Шуман.
– Так… Самі не маеце грунту пад нагамі, а хочаце іншых за аброць весці… Вы лепш падумайце пра сумленную роўнасць, а не пра тое, як заваяваць свет, і не бярыцеся выпраўляць чужыя заганы да таго, як выправіце свае, якія памнажаюць вам ворагаў. Зрэшты, ты сам не ведаеш, чаго трымацца: раз пагарджаеш жыдамі, другі раз занадта іх узносіш…
– Пагарджаю адзінкамі, а шаную сілу грамады.
– А я якраз наадварот, пагарджаю грамадою, але часам шаную адзінкі.
Шуман задумаўся.
– Як хочаш, так і рабі, – сказаў ён і ўзяўся за капялюш. – Але факт: як толькі выйдзеш з суполкі, трапіць яна ў рукі Шлянгбаўма і цэлай зграі пархатых жыдзяраў. А каб застаўся, мог бы прывесці туды людзей пачцівых ды прыстойных, якія маюць заганаў няшмат, а сувязі вялікія.
– Так ці гэтак, а суполку апануюць жыды.
– Але без тваёй дапамогі зробяць гэта жыды з хедару[248], а з табою – з універсітэту.
– Ці не ўсё адно! – адказаў Вакульскі, паціскаючы плячыма.
– Не ўсё. Нас аб’ядноўвае з імі паходжанне і становішча, а раздзяляюць – погляды. Мы маем адукацыю, а яны – Талмуд, мы – розум, а яны – хітрасць, мы крыху касмапаліты, а яны хацелі б адмежавацца ад усяго свету і не бачаць далей за сінагогу ды кагал. Што тычыцца агульных ворагаў, дык яны цудоўныя хаўруснікі, але што тычыцца прагрэсу іўдаізму… яны для нас нязносны цяжар! Таму ў інтарэсах цывілізацыі мы мусім трымаць усё ў сваіх руках. Тыя здольныя толькі спаскудзіць свет сваімі лапсардакамі ды цыбуляй, але не спрыяць яго развіццю… Падумай пра гэта, Стах!..
Ён абняў Вакульскага і пайшоў, насвістваючы арыю “Рахіль, паводле Боскай волі дадзена ты мне…”[249]
“Відавочна, – думаў Вакульскі, – рыхтуецца бойка паміж жыдамі прагрэсіўнымі і цемрашаламі за нашу скуру, і ад мяне чакаюць, што я стану на адзін з бакоў… Цудоўная роля!.. Ах, мне млосна ад гэтага…”
Ён прыдрамаў і зноў убачыў патрэсканы мур дома Гейста і бясконцую колькасць прыступак, наверсе якіх сядзела бронзавая багіня, з галавою ў хмарах і загадкавым надпісам у нагах: “Нязменная і чыстая…”
У той момант, калі ён глядзеў на фалды яе сукенкі, хацелася яму смяяцца і з панны Ізабэлы, і з яе спрытнага каханка, і з уласных пакутаў.
“Ці магчыма?.. ці магчыма?.. – шаптаў ён. – Каб я…”
Але статуя знікла, а боль вярнуўся і запанаваў у яго сэрцы, як гаспадар, якому ніхто не страшны.
Праз некалькі дзён пасля візіту Шумана з’явіўся ў Вакульскага Жэцкі.
Быў ён высахлы, абапіраўся на кіёк і так стаміўся, пакуль падняўся на другі паверх, што ўпаў задыханы на крэсла і не мог размаўляць.
Вакульскі спалохаўся.
– Што з табою, Ігнацы?
– Ат, нічога!.. Трохі старасць, трохі… Ат, нічога!..
– Але ж трэба лячыцца, дарагі мой. Паедзь куды…
– Скажу табе, я ўжо і спрабаваў быў паехаць… Нават на чыгунцы ўжо быў. Але ахапіла мяне гэткая туга па Варшаве і… па нашай краме, – дадаў ён цішэй, – што… Ат!… Чаго там!.. Перапрашаю, што прыйшоў сюды…
– І табе перапрашаць мяне, стары! Я думаў, што ты гневаешся на мяне.
– Я – на цябе?.. – перапытаў Жэцкі і аддана зірнуў на яго. – Я – на цябе?.. Але вось што!.. Прывялі мяне сюды справы і вялікі клопат…
– Клопат?
– Уяві сабе, Клейн арыштаваны…
Вакульскі аж адсунуўся разам з крэслам.
– Клейн і тыя два, памятаеш?.. Той Малескі і Паткевіч…
– За што?
– Яны жылі ў доме баранесы Кшэшоўскае, ну і крыху дапякалі, праўду кажучы, таму… таму Марушэвічу… Ён ім пагражаў, а тыя яшчэ мудрэй… Нарэшце, паляцеў ён са скаргаю ў паліцыю… Прыйшла паліцыя, падняўся там нейкі вэрхал, і ўсіх траіх арыштавалі.
– Дзеці… дзеці!.. – прашаптаў Вакульскі.
– І я тое кажу, – працягваў Жэцкі. – Вядома, нічога ім не будзе, але паганая гісторыя. Той асёл Марушэвіч сам спалохаўся… Прыбег да мяне, кляўся, што не вінаваты… Я не мог стрываць, дык сказаў яму: “Што пан не вінаваты, я веру, але ж і тое праўда, што ў наш час пан Бог апякуецца махлярамі… Бо, па справядлівасці, гэта пан павінны сядзець сёння за кратамі за падробку подпісаў, а не тыя легкадумныя…” Аж ён заплакаў. Прысягаў, што стане ўжо на добры шлях, а калі да гэтага часу яшчэ не стаў, дык толькі па тваёй віне.
“Я быў поўны самых высакародных памкненняў, – кажа, – але пан Вакульскі замест таго, каб падаць мне руку, замест таго, каб падтрымаць у добрых намерах, праігнараваў мяне…”
– Шчырая душа! – зарагатаў Вакульскі. – Што ж яшчэ?
– У горадзе кажуць, – працягваў Жэцкі, – ты выходзіш з суполкі…
– Так…
– І што аддаеш яе жыдам…
– Ну, але мае супольнікі не стары гардэроб, каб я мог іх некаму аддаваць, – зазлаваў Вакульскі. – Яны маюць грошы, маюць галовы на карках… Няхай шукаюць людзей і даюць сабе рады.
– Каго яны знойдуць! А каб і знайшлі, каму яны даверацца, як не жыдам!.. А жыды сур’ёзна зацікавіліся гэтаю справаю. Няма дня, каб не наведаў мяне Шуман або Шлянгбаўм, і кожны падгаворвае, каб я ўзяўся кіраваць суполкаю пасля цябе…
– Ты і кіруеш ёю цяпер.
Жэцкі махнуў рукою.
– Дзякуючы тваімі ідэям ды грашам, – адказаў ён. – Але няважна… Як я бачу, Шуман належыць да аднае партыі, а Шлянгбаўм – да другое, і яны шукаюць падстаўных асоб… Перада мною яны адзін аднаго брудам паліваюць, але ўчора я пачуў, што абедзве партыі хутка паразумеюцца.
– Мудрыя! – ціха прамовіў Вакульскі.
– Але знелюбіў я іх, – адказаў Жэцкі. – Я ж стары купец і скажу табе: усё ў іх трымаецца на ляманце, на шахер-махеры ды на тандэце.
– Не надта сварыся, – заўважыў Вакульскі, – бо гэта ж мы іх выгадавалі…
– Не мы!.. – загневаўся Жэцкі. – Яны паўсюдна такія… Дзе я іх ні спатыкаў – у Пешце, у Канстанцінопалі, у Парыжы і ў Лондане – вакол бачыў адзін прынцып: даць як мага менш, а ўзяць як мага больш, як з матэрыяльнага, гэтак і з маральнага боку… Паказуха… адна паказуха!..
Вакульскі захадзіў па пакоі.
– Шуман меў рацыю, – сказаў ён. – Расце да іх непрыязь, калі нават ты…
– У мяне няма непрыязі… Я ўжо саступаю месца… Але паглядзі, што робіцца?.. Куды толькі яны ні лезуць, дзе ні паадчынялі свае крамы, да чаго толькі ні цягнуцца іх рукі?.. А кожны яшчэ, варта яму заняць нейкае становішча, валачэ за сабою легіён сваіх, і не лепшых за нас, а горшых. Пабачыш, у што яны ператвораць нашу краму, якія там будуць крамнікі, які тавар… І не паспелі яны прыўлашчыць краму, як ужо плішчацца да арыстакратыі, ужо падбіраюцца да тваёй суполкі…
– Наша віна… наша віна!.. – паўтараў Вакульскі. – Мы не можам забараняць людзям займаць лепшыя пасады, але можам бараніць уласныя.
– Ты сам пакідаеш пасаду.
– Не з-за іх. Яны са мною сумленна абыходзіліся.
– Бо ты ім быў патрэбны. З цябе ды тваіх сувязяў яны зладзілі прыступку…
– Ну, досыць ужо, – спыніў яго Вакульскі, – мы не пераканаем адзін аднаго… Але… але… У мяне тут афіцыйныя паперы пра смерць Людвіка Стаўскага.
Жэцкі падхапіўся з фатэля.
– Мужа пані Гэлены?.. Дзе?.. – захваляваўся ён. – Але ж гэта выратаванне нам усім!..
Вакульскі падаў дакументы, якія Жэцкі схапіў дрыжачымі рукамі.
– Вечны адпачынак і… дзякуй Богу!.. – казаў ён, чытаючы. – Ну, каханы Стах, нічога ўжо не перашкаджае… Ажаніся з ёю… Ах, каб ты ведаў, як яна кахае цябе… Зараз жа паведамлю гаротніцы, а паперы ты сам завязі і… адразу прасі рукі… Я ўжо бачу, што і суполка будзе выратаваная, а можа, і крама… Сотні людзей, якім не будзе ўжо пагражаць галеча, дабраславяць вас… Што за кабета!.. З ёю толькі і знойдзеш ты спакой ды шчасце…
Вакульскі спыніўся перад ім і пахітаў галавою.
– А яна са мною знойдзе шчасце? – спытаў ён.
– Яна шалёна кахае цябе… Ты нават не здагадваешся…
– А ведае яна, каго кахае?.. Ці ты не бачыш, што я ўжо руіна, і найгоршая з руін, бо духоўная… Атруціць некаму шчасце я здолею, але даць… І каб мог я даць яшчэ нешта свету, дык, хіба, грошы ды сваю працу, але… не цяперашнім людзям, зусім іншым.
– Э, суніміся! – выгукнуў Жэцкі. – Ажаніся з ёю і адразу на ўсё іначай паглядзіш…
Вакульскі смутна ўсміхаўся.
– Так… ажаніцца!.. Прывязаць да сябе добрую і нявінную істоту, насмяяцца над высакароднымі пачуццямі, а думкамі быць дзесьці ў іншым месцы… І праз год або два, можа, яшчэ і заявіць, што з-за яе не ажыццявіў вялікія намеры…
– Палітыка? – таямніча прашаптаў Жэцкі.
– Што тая палітыка!.. Ужо меў я час і магчымасці, каб расчаравацца ў ёй… Ёсць нешта больш важнае за палітыку…
– Можа, вынаходніцтва таго Гейста?.. – спытаў Жэцкі.
– А ты адкуль ведаеш?
– Ад Шумана.
– А, праўда!.. Я і забыўся, што Шуман мусіць пра ўсё ведаць. Гэта таксама талент.
– І вельмі прыдатны. А табе вельмі раю: падумай пра пані Стаўскую, бо…
– Ты звядзеш яе?.. – усміхнуўся Вакульскі. – Зводзь, зводзь!.. Гарантую, што бедаваць вам не давядзецца.
– Цьху! Адчапіся!.. Свет бы перакуліўся з ног на галаву, каб гэтакі зносак, як я, думаў пра падобную кабету. Але ёсць нехта больш небяспечны… Мрачэўскі… Шалее за ёю, кажу я табе, і ўжо паехаў да яе трэці ці чацвёрты раз… Сэрца кабеты не камень…
– О, Мрачэўскі! Ён ужо не бавіцца ў сацыялізм?
– Дзе там! Кажа, што варта чалавеку адкласці першую тысячу рублёў ды яшчэ спазнацца з гэткаю прыгожаю кабетаю, як Стаўская, адразу палітыка выветрываецца з галавы.
– Небарака Клейн меў іншае меркаванне, – сказаў Вакульскі.
– Што той Клейн, калі ён такі малахольны!.. Добры хлапец, але які з яго крамнік… Мрачэўскі – вось перліна!.. Прыгажун, па-французску балбатаў, а як на кліентак пазіраў, як вусы падкручваў!.. Гэты не будзе спаць у шапку і выхапіць паню Стаўскую ў цябе з-пад носа… Пабачыш!..
Ён ужо сабраўся ісці, але з парога паўтарыў:
– Ажаніся з ёю, Стах, ажаніся… Ашчаслівіш кабету, выратуеш суполку, можа, і крама не прападзе. Што тыя вынаходніцтвы… Тыя лятальныя машыны… Хоць і яны, можа, прыдаліся б? – дадаў ён задумліва. – Ат! Рабі, як хочаш, але хутчэй вырашай са Стаўскаю, бо я адчуваю, што Мрачэўскі не ўпусціць свайго. Гэта хват! Машыны лятальныя… Уга! Адкуль мне ведаць?.. Можа, і гэта… можа, і гэта на нешта прыдасца.
Вакульскі застаўся адзін.
“Парыж ці Варшава?.. – думаў ён. – Там вялікая мэта, але няпэўная, а тут сотні людзей… На якіх я не магу глядзець…” – дадаў ён праз момант.
Ён падышоў да акна і нейкі час пазіраў на вуліцу, проста каб супакоіцца. Але ўсё яму не падабалася: рух калясак, мітусня пешых, іх заклапочаныя або ўсмешлівыя твары. А найбольш раздражнялі кабеты. Яму здавалася, што кожная – увасабленне недарэчнасці ды фальшу.
“Кожная знойдзе свайго Старскага, раней ці пазней, – думаў ён. – Кожная яго шукае”.
Неўзабаве зноў наведаў Вакульскага Шуман.
– Дарагі мой, – з рогатам закрычаў ён з парога, – нават каб ты выкінуў мяне за дзверы, буду назаляць табе сваімі візітамі…
– Чаму ж, заходзь часцей, – адказаў Вакульскі.
– Дык згодны? Цудоўна!.. Напалову вылечаны… Што значыць моцны мозг, аднак!.. Не мінула і сямі тыдняў цяжкае мізантропіі, а ўжо пачынаеш паблажліва ставіцца да роду людскога ды яшчэ ў маёй асобе… Ха-ха-ха!.. А каб яшчэ ўпусціць у тваю клетку нейкую шыкоўную кабеціну…
Вакульскі збялеў.
– Ну, ну… я ведаю, яшчэ рана… Хоць час ужо выходзіць на людзі. Гэта вылечыла б цябе канчаткова. Бо вазьмі, напрыклад, мяне, – правіў далей Шуман. – Пакуль я сядзеў у чатырох сценах, дык нудзіўся, як д’ябал у званіцы, а ледзьве паказаўся ў таварыстве, як маю ўжо безліч забаваў. Шлянгбаўм стараецца мяне адурыць і толькі дзівуецца, бо кожны дзень пераконваецца, што хоць міна ў мяне гэткая наіўная, але я навылёт бачу ўсе яго намеры. Ажно шанаваць мяне пачаў…
– Досыць сціплая забаўка, – заўважыў Вакульскі.
– Пачакай! Другую ўцеху спраўляюць мне аднаверцы фінансісты, бо ім здаецца, што я надзвычай спрытны дзялок, але яны, нягледзячы на гэта, здолеюць кіраваць мною, як ім захочацца… Уяўляю сабе іх балеснае расчараванне, калі яны пераканаюцца, што я ані надта пранырлівы, ані досыць прастакаваты, каб стаць пешкаю ў іх руках…
– А мяне ж угаворваў увайсці ў хаўрус з імі...
– Гэта іншае. Я і сёння ўгаворваю. На абачлівым хаўрусе з разумнымі жыдамі ніхто ніколі не страціў, прынамсі, у фінансах. Але адна справа быць хаўруснікам, а іншая – пешкаю, якою мяне хочуць зрабіць… Ах, жыдзяры! Вечныя шэльмы, хоць у лапсардаках, хоць у фраках…
– Табе, аднак, не перашкаджае гэта выхваляць іх, нават замірыцца са Шлянгбаўмам?..
– Гэта таксама іншае, – адказаў Шуман. – Жыды, паводле майго меркавання, самая геніяльная раса на свеце, і пры гэтым – мая раса, дык я імі захапляюся і, збольшага, люблю. А што да паразумення са Шлянгбаўмам… Пабойся Бога, Стах! Ці разумна нам грызціся паміж сабою, калі трэба ратаваць гэткую цудоўную справу, як суполка гандлю з імперыяй?.. Ты яе пакідаеш, дык альбо яна прападзе, альбо перахопяць яе немцы, і ў кожным выпадку край страціць. А так і краю нешта перападзе, і нам…
– Усё менш я цябе разумею, – заўважыў Вакульскі. – То жыды вялікія, то жыды шэльмы… Шлянгбаўма трэба не падпускаць да суполкі і, зноў жа, трэба яго туды прыняць… Калі жыды нешта займеюць, дык і край нешта атрымае… Поўны хаос!..
– Мазгі ў цябе, Стах, набакір… Ніякі гэта не хаос, тут усё ясна, як божы дзень… У гэтым краі толькі жыды ствараюць нейкі прамысловы ды гандлёвы рух, дык кожная іх эканамічная перамога – гэта чысты даход для краю… Хіба я не маю рацыі?..
– Мне трэба падумаць пра гэта, – адказаў Вакульскі. – Ну, а якую яшчэ маеш уцеху?
– Найбольшую. Уяві сабе, што пры першых жа чутках пра мае будучыя фінансавыя дасягненні адразу захацелі мяне ажаніць!.. Мяне! З маёю жыдоўскаю пысаю ды лысінаю…
– Хто?.. З кім?..
– Вядома, нашы знаёмыя. А з кім?.. А з кім я захачу. Нават з хрысціянкаю, і з добрае сям’і, абы я пахрысціўся…
– А ты?
– Ведаеш, я гатовы зрабіць гэта з цікаўнасці. Проста каб даведацца, якім чынам будзе пераконваць мяне ў сваім каханні хрысціянка – прыгожая, маладая, добра выхаваная, а перадусім з добрае сям’і?.. Тут ужо бавіцца можна бясконца. Бавіўся б я, гледзячы, як яна завіхаецца, каб займець маю руку і сэрца. Бавіўся б, слухаючы, як яна гаворыць пра сваю ахвярнасць дзеля сям’і, а можа, нават і айчыны. Бавіўся б, нарэшце, назіраючы, як яна будзе ўзнагароджваць сябе за ахвярнасць – ашукае мяне старым спосабам, гэта значыць, патаемна, або новым, гэта значыць, яўна. Можа, нават жадаючы, каб я не звяртаў увагі?..
Вакульскі схапіўся за галаву.
– Жах… – прашаптаў ён.
Шуман скоса пазіраў на яго.
– Стары рамантык!.. Стары рамантык!.. – казаў ён. – Хапаешся за галаву, бо ў тваім хворым уяўленні ўсё яшчэ няволіцца хімера ідэальнага кахання, кабета з анёльскаю душою… Такіх – адна на дзесяць, дык шанцаў дзевяць супраць аднаго, што не знойдзеш такую. А хочаш знаць норму? Дык паглядзі, як жывуць людзі. Або мужчына, нібы певень, улягае за дзясяткамі кабет, або кабета, як ваўчыца ў лютым, вабіць за сабою цэлую зграю ачмурэлых ваўкоў ці сабак… І скажу я табе, няма нічога больш ганебнага, чым бегчы ў такой зграі навыперадкі, чым трапіць у залежнасць ад ваўчыцы… Тады і маёнтак страціш, і здароўе, і сэрца, і энергію, а ўрэшце, і розум… Ганьба таму, хто не здолее выкараскацца з гэткага бруду!
Вакульскі сядзеў моўчкі з застылым позіркам. Нарэшце ён ціха прамовіў:
– Маеш рацыю…
Доктар схапіў яго за руку і рэзка патрос са словамі:
– Я маю рацыю?.. Ты гэта кажаш?.. А! Дык ты выратаваны!.. Так, будуць яшчэ з цябе людзі… Плюнь на ўсё, што мінула: і на ўласны боль, і на чужую нікчэмнасць… Знайдзі сабе мэту, хоць якую, і пачні новае жыццё. Памнажай капіталы або рабі цудоўныя адкрыцці, ажаніся са Стаўскаю ці закладзі іншую суполку, абы нечага жадаў і нешта рабіў. Разумееш? І ніколі не дазваляй сабе чапляцца за спадніцу… разумееш? Людзі з тваёй энергіяй загадваюць, а не падпарадкоўваюцца, вядуць, а не ідуць следам… Калі яна, маючы выбар паміж табою ды Старскім, абірае Старскага – гэта доказ, што не вартая яна і Старскага… Вось мой рэцэпт, разумееш?.. А цяпер заставайся здаровы і добра падумай.
Вакульскі не затрымліваў яго.
– Гневаешся, – спытаў Шуман. – Нічога дзіўнага, ускрыў я табе даўні нарыў. Астатняе само загоіцца. Бывай здаровы.
Пасля таго, як доктар пайшоў, Вакульскі адчыніў акно і расшпіліў кашулю. Было яму душна, горача, кроў пульсавала ў скронях. Ён прыгадаў Заславак і падманутага барона, пры якім ён іграў гэткую ж ролю, як сёння Шуман пры ім…
Ён пачаў мроіць, і побач з выявай панны Ізабэлы ў абдымках Старскага ўбачылася яму зграя ваўкоў, якія з высалапленымі языкамі гналіся па снезе за ваўчыцаю… А ён быў адным з іх!..
Зноў ахапіў яго боль, а разам з ім – нянавісць і агіда да самога сябе.
– Які я нікчэмны і дурны!.. – выгукнуў ён і стукнуў сябе па лбе. – Каб усё бачыць, усё чуць і гэтак прыніжацца… Я… я… навыперадкі са Старскім ды яшчэ Бог ведае з кім.
На гэты раз ён смела выклікаў у памяці вобраз панны Ізабэлы і смела пачаў разглядаць яе скульптурныя рысы, попельныя валасы, вочы, якія змянялі колер ад блакітнага да чорнага. І яму здавалася, што на твары, шыі, плячах і грудзях у яе, падобныя на кляймо сляды ад пацалункаў Старскага…
“Меў рацыю Шуман, – падумаў ён. – Сапраўды, я вылечыўся…”
Паволі, аднак, гнеў астыў, а яго месца зноў заняў жаль і смутак.
Некалькі наступных дзён Вакульскі ўжо нічога не чытаў. Ён вёў актыўную перапіску з Сузіным і шмат разважаў.
Ён думаў, што ў цяперашнім сваім становішчы, седзячы амаль два месяцы ў кабінеце, ён ужо перастаў быць чалавекам і пачынае ператварацца ў нейкае падабенства слімака, які прыляпіўся да аднаго месца і без разбору спажывае тое, што трапіцца па волі выпадку.
А што яму трапілася выпадкам?
Спачатку выпадак падсунуў кніжкі. Адны з іх адкрылі яму вочы, што ён Дон Кіхот, а другія абудзілі імкненне да цудоўнага свету, у якім людзі маюць уладу над сіламі прыроды.
Дык ён не хацеў ужо заставацца Дон Кіхотам, а пажадаў мець уладу над сіламі прыроды.
Потым адзін за адным прыходзілі да яго Шлянгбаўм і Шуман, ад якіх ён даведаўся, што дзве жыдоўскія партыі змагаюцца паміж сабою за кіраўніцтва яго суполкаю, калі ён з яе сыдзе… Ва ўсім краі не знайшлося нікога, хто мог бы ажыццяўляць яго ідэі, нікога, апроч жыдоў, якія выступалі, узброеныя каставай нахабнасцю, хітрасцю і жорсткасцю ды яшчэ пераконвалі яго, што ягоны ўпадак, а іхні трыумф будуць карыснымі краю…
Тут ён адчуў гэткую агіду да гандлю, да ўсіх суполак і да ўсіх зыскаў, што аж здзівіўся сам сабе: як ён мог амаль два гады займацца падобнымі рэчамі.
“Здабываў маёнтак дзеля яе!.. – падумаў ён. – Гандаль… Я і гандаль!.. І гэта я назапасіў амаль два мільёны рублёў за два гады, я звязваўся з эканамічнымі шулерамі, я не шкадаваў ні высілкаў, ні жыцця, ну… і выйграў… Я ідэаліст, я вучоны, я той, прынамсі, хто разумее, што і паўмільёна рублёў чалавеку за ўсё жыццё не зарабіць, нават за тры жыцці… Адзінае суцяшэнне, якое засталося мне пасля ўсіх гэтых махінацый, гэта пэўнасць, што я не краў і не падманваў… Бог, відавочна, апякуецца дурнямі…”
Потым, зноў жа выпадак прынёс яму вестку пра смерць Стаўскага ў лісце з Парыжу, і з тае хвіліны ён папераменна згадваў паню Стаўскую і Гейста.
“Праўду кажучы, – думаў ён, – гэты шулерскі выйгрыш варта было б вярнуць грамадзе. Голых і цёмных у нас тут безліч, а людзі бедныя і цёмныя – гэта асаблівы матэрыял… Дзеля гэтага трэба ажаніцца са Стаўскаю. Яна дакладна не толькі не спаралізавала б маіх намераў, але была б вернаю памочніцай. Яна добра ведае, што такое праца ды галеча, і яна такая шляхетная!..”
Гэтак ён разважаў, але адчуваў зусім іншае: пагарду да тых людзей, якіх збіраўся ашчаслівіць. Ён адчуваў, што песімізм Шумана не толькі знішчыў у ім жарсць да панны Ізабэлы, але яшчэ і атруціў яго самога. Не выходзілі з галавы словы, што род людскі складаецца або з курэй, якія круцяцца перад пеўнем, або ваўкоў, якія гоняцца за ваўчыцаю. І куды ні зірні, у дзевяць разоў болей шанцаў, што трапіш на звера, чым на чалавека!..
– Хай яго д’ябал возьме з яго лячэннем, – прашаптаў ён і стаў думаць пра самога Шумана.
Тры чалавекі бачылі ў людзях звярыныя рысы: ён сам, Гейст і Шуман. Але ён думаў, што звяры ў чалавечым выглядзе – гэта выключэнне, а чалавецтва складаецца з добрых адзінак. Гейст, наадварот, сцвярджаў, што ўвесь люд – быдла, а добрыя адзінкі – выключэнне. Але Гейст верыў, што з часам добрых людзей стане больш, што запануюць яны на ўсёй зямлі, і доўгія гады прысвяціў працы над адкрыццём, якое зрабіла б магчымым тую перамогу.
Шуман таксама сцвярджаў, што ў асноўнай большасці людзі – звяры, але не верыў у лепшую будучыню і нікога не абнадзейваў. Паводле яго, людскі род быў прысуджаны на вечнае быдлячае існаванне, і вылучаў ён толькі жыдоў, як шчупакоў сярод карасёў.
“Добрая філасофія!” – думаў Вакульскі.
Аднак ён адчуваў, што ў ягонай зраненай душы, як на свежаўзараным полі, песімізм Шумана хутка дае ўсходы. Ён адчуваў, што гасне ў ім не толькі каханне, але нават крыўда на панну Ізабэлу. Калі на ўсім свеце адно быдла, дык няма чаго ані шалець за некім, ані злавацца, што якраз гэтая жывёліна не лепшая і, пэўна, не горшая за іншых.
“Пякельныя лекі! – паўтараў ён у думках. – Але хто ведае, ці не эфектыўныя?.. Я фатальна збанкрутаваў у сваіх поглядах, хто мне паручыцца, што Гейст не памыляецца, або што не мае рацыі Шуман?.. Жэцкі – быдла, Стаўская – быдла, Гейст – быдла, я сам – быдла… Ідэалы – гэта расфарбаваныя яслі, намаляваная трава ў якіх не здольная нікога насыціць!.. Дык чаго ахвяраваць сабою дзеля адных або ўганяцца за іншымі?.. Проста трэба выздаравець, а потым спажываць то паляндвіцу, то прыгажунь, запіваючы ўсё добрым віном… Часам пачытаць нешта, часам некуды паехаць, паслухаць канцэрт і гэтак датрываць да старасці!”
За тыдзень перад сесіяй, на якой мусіў вырашыцца лёс суполкі, візіты да яго пачасціліся. Да Вакульскага прыходзілі купцы, арыстакраты, адвакаты і закліналі, каб ён не пакідаў пасады і не ставіў пад удар арганізацыю, якую сам жа і стварыў. Вакульскі прымаў наведнікаў з гэткаю ледзяною абыякавасцю, што ў іх прападала ўсялякая ахвота выкладаць свае аргументы. А ён казаў ім толькі, што знудзіўся і захварэў, дык мусіць адыйсці.
Наведнікі гублялі апошнюю надзею. Аднак кожны пагаджаўся, што Вакульскі, відавочна, моцна хворы. Ён зблажэў, адказы яго былі кароткія і шорсткія, а вочы ліхаманкава гарэлі.
– Сквапнасць даканала! – казалі купцы.
За пару дзён да апошняга тэрміну Вакульскі паклікаў свайго адваката і папрасіў яго паведаміць супольнікам, што ён, у адпаведнасці з дамовай, якую заключыў з імі, забірае свой капітал і выходзіць з суполкі. Іншыя могуць зрабіць тое самае.
– А грошы? – спытаў адвакат.
– Гатоўка для іх ужо ў банку, а ў мяне свае разлікі з Сузіным.
Адвакат развітаўся прыгнечаны. У гэты ж дзень прыехаў да Вакульскага князь.
– Я чую непраўдападобныя рэчы! – пачаў князь, паціскаючы яму руку. – Мяркуючы па тым, што робіць панскі адвакат, пан сапраўды мае намер нас пакінуць…
– Князь думаў, што я жартую?..
– Ну, не… Я думаю, што пан заўважыў нейкія недакладнасці ў нашай дамове і…
– …і пачаў таргавацца, каб прымусіць вас падпісаць іншую, якая зменшыць вашы працэнты і павялічыць мае даходы… – скончыў за яго Вакульскі. – Не, князь, я выходжу, і гэта сур’ёзна.
– Дык пан падмане надзеі сваіх супольнікаў…
– Якія? Панове самі вырашылі стварыць суполку толькі на адзін год, і самі жадалі, каб справа вялася такім чынам, што не пазней за месяц пасля сканчэння дамовы кожны супольнік зможа забраць сваю долю. Гэта было ваша выразнае жаданне. А я не толькі выканаў, але і перавыканаў яго, бо вярну грошы не праз месяц, а праз гадзіну пасля роспуску суполкі.
Князь упаў у фатэль.
– Суполка застанецца, – сказаў ён ціха, – але на месца пана прыйдуць старазаконныя.
– Гэта ўжо выбар паноў.
– Жыдоўства ў нашай суполцы!.. – уздыхнуў князь. – Яны нават на пасяджэннях гатовыя размаўляць па-жыдоўску… Няшчасны край! Няшчасная мова!..
– Нічога страшнага, – заўважыў Вакульскі. – Большасць нашых супольнікаў мае звычку размаўляць на сесіях па-французску, і нашай мове нічога не сталася, дык не зашкодзіць ёй, хіба, і пару слоў на жаргоне.
Князь пачырванеў.
– Але ж старазаконныя, пане… чужынцы… Цяпер яшчэ супраць іх нейкая непрыязь расце…
– Непрыязнасць натоўпу не вартая ўвагі. Але хто, зрэшты, не дае панам сабраць адпаведны капітал, як гэта зрабілі жыды, і даверыць яго не Шлянгбаўму, а некаму з хрысціянскіх купцоў?
– Мы не ведаем такога, каму можна давяраць.
– А Шлянгбаўма ведаеце?..
– Да таго ж няма ў нас людзей дастаткова здольных, – працягваў князь. – Крамнікі, а не фінансісты…
– А я кім быў?.. Таксама крамнікам, нават прыслужваў у рэстаране, але ж суполка прыносіла абяцаны даход.
– Пан выключэнне.
– Адкуль жа ў паноў гэткая ўпэўненасць, што не знойдуцца яшчэ такія выключэнні ў шынках ды за прылаўкамі? Пашукайце.
– Старазаконныя самі да нас прыходзяць…
– Менавіта!.. – выгукнуў Вакульскі. – Жыды прыходзяць да вас або вы да іх, але хрысціянскі нуварыш нават прыйсці да вас не можа, бо занадта парогі высокія… Я гэта ведаю. Вашы дзверы гэтак шчыльна зачыненыя перад купцом і рамеснікам, што трэба або разбамбіць іх сотнямі тысяч рублёў, каб яны адчыніліся, або плішчыцца, як клапу… Адчыніце крыху шырэй тыя дзверы і, можа, здолееце абыходзіцца без жыдоў.
Князь закрыў твар рукамі.
– О, пане Вакульскі, гэта… Вельмі слушна тое, што пан кажа, але і вельмі горка… Вельмі страшна… Аднак нічога… Я разумею панскую крыўду на нас, але… ёсць нейкія абавязкі ў адносінах да грамады…
– Ну, але я не лічу выкананнем гэтых абавязкаў тое, што атрымліваю ад свайго капіталу пятнаццаць працэнтаў гадавых. І не думаю, што быў бы горшым абывацелем, каб задаволіўся пяццю…
– Але ж мы трацім грошы, – адказаў абражаны князь. – Шмат людзей жыве з гэтага…
– І я буду траціць. Паеду на лета ў Астэндэ, на восень – у Парыж, на зіму – у Ніцу…
– Прашу прабачэння!.. Не толькі за мяжою жывуць людзі… Колькі ж тутэйшых рамеснікаў…
– …чакае свайго заробку ледзьве не год, а то і даўжэй, – падхапіў Вакульскі. – Мы абодва, мосці княжа, ведаем гэткіх абаронцаў мясцовага рамесніцтва. Мелі іх нават у нашай суполцы…
Князь ускочыў з фатэля.
– А!.. Нядобра так, пане Вакульскі, – казаў ён, задыхаючыся. – Гэта праўда, у нас шмат заганаў, нават грахоў, але пану няма чаго скардзіцца… Пан меў да сябе нашу зычлівасць… пашану…
– Пашану!.. – выгукнуў Вакульскі і зарагатаў. – Князь лічыць, што я не разумеў, на чым яна грунтавалася і якое месца забяспечвала мне сярод вас?.. Пан Шастальскі, пан Нівіньскі, нават… пан Старскі, які ніколі пальцам аб палец не ўдарыў і невядома адкуль браў грошы, стаялі на дзесяць прыступак вышэй за мяне ў вашай пашане. Што я кажу?.. Любы замежны прыблуда лёгка трапляў у вашы салоны, якія я мусіў штурмаваць, нават з дапамогаю… пятнаццаці працэнтаў з давераных мне капіталаў!.. Гэта яны, гэта тыя людзі, а не я, мелі вашу пашану. Уга! Непараўнальна большыя прывілеі… Хоць кожны з тых шаноўных не варты і швейцара ў маёй краме, які нешта робіць і, прынамсі, не гноіць грамадства…
– Пане Вакульскі, абражаеш нас. Я разумею, што пан кажа, і, даю слова гонару, мне сорамна… Але ж мы не адказваем за правіны адзінак.
– Якраз усе вы і адказваеце, бо гэтыя адзінкі выраслі сярод вас, а тое, што князь называе правінамі, вынікае з вашых поглядаў, з вашае пагарды да працы і абавязкаў.
– Гэта ў пана крыўда гаворыць… – адказаў князь, збіраючыся выходзіць. – Крыўда слушная, але не па адрасе скіраваная… Развітваюся з панам. Дык пакідаеш нас на з’ядзенне старазаконным?
– Маю надзею, што вы паразумеецеся з імі лепш, чым з намі, – сказаў Вакульскі з іроніяй.
У князя ў вачах стаялі слёзы.
– Я думаў, – сказаў ён узрушана, – што пан будзе залатым мостам паміж намі і тымі, якія… усё больш аддаляюцца ад нас…
– Я хацеў быць мостам, але падпілавалі яго, і ён абрынуўся… – адказаў Вакульскі кланяючыся.
– Дык вяртаемся да Акопаў Святое Тройцы!..[250]
– Гэта яшчэ не акопы… гэта пакуль усяго толькі суполка з жыдамі.
– Пан гэтак кажа?.. – перапытаў князь і пабляднеў. – Дык я… не застануся ў гэтай суполцы… Няшчасны край!..
Ён кіўнуў галавою і выйшаў.
Нарэшце адбылася сесія, дзе вырашыўся лёс суполкі гандлю з імперыяй.
Напачатку кіраўніцтва, якое падпарадкоўвалася Вакульскаму, зрабіла справаздачу за мінулы год. Аказалася, што абарот больш чым у дзесяць раз перавысіў капітал, і зыску было не пятнаццаць, а васямнаццаць працэнтаў. Супольнікі выслухалі гэта з узрушанасцю і, па прапанове князя, выказалі падзяку кіраўніцтву і адсутнаму Вакульскаму ўставаннем.
Потым падняўся адвакат Вакульскага і абвясціў, што яго кліент з-за хваробы выходзіць не толькі з кіраўніцтва, але нават з суполкі. Усе даўно былі гатовыя да гэтае навіны, але ўсё ж яна зрабіла прыкрае ўражанне.
Карыстаючыся паўзаю, князь папрасіў слова і паведаміў прысутным, што разам з Вакульскім і ён выходзіць з суполкі. Пасля гэтага ён адразу пайшоў з залы паседжання, а па дарозе затрымаўся каля аднаго са сваіх прыяцеляў і сказаў яму:
– Ніколі не было ў мяне здольнасці да гандлёвых аперацый, а Вакульскі – адзіны чалавек, якому я мог даверыць гонар свайго прозвішча. Калі няма яго, дык і мне няма чаго тут рабіць.
– Але дывідэнды?.. – шапнуў прыяцель.
Князь змераў яго позіркам.
– Тое, што я рабіў, я рабіў не дзеля дывідэндаў, а дзеля няшчаснага краю, – адказаў ён. – Я хацеў уліць у наша асяроддзе крыху свежае крыві і свежых поглядаў. Мушу, аднак, прызнаць, што прайграў, і не па віне Вакульскага… Бедны край!..
Выхад князя, хоць і нечаканы, не зрабіў вялікага ўражання, бо прысутныя былі ўжо папярэджаныя, што суполка застанецца.
Цяпер выступіў адзін з адвакатаў і дрыготкім голасам зачытаў вельмі прыгожую прамову, сэнс якое зводзіўся да таго, што з выхадам Вакульскага суполка траціць не толькі кіраўніка, але і пяць шостых капіталу. “Дык можна было чакаць, што яна рухне, – працягваў прамоўца, – і сваім друзам засыпле ўвесь край, тысячы працаўнікоў, сотні сем’яў…”
Тут ён спыніўся, разлічваючы на эфект. Але прысутныя ніяк не адрэагавалі, ведаючы, што будзе далей.
Адвакат зноў пачаў гаварыць і заклікаў прысутных, каб тыя не трацілі мужнасці. “Бо знайшоўся абывацель, чалавек з прафесійным досведам, нават прыяцель і супольнік Вакульскага, які гэтак жа рашуча, як Атлант неба, гатовы падперці плячом суполку. Мужам гэтым, які хоча абцерці слёзы тысячам, выратаваць край ад зруйнавання, адкрыць новыя шляхі для гандлю…”
У гэтым месцы галовы ўсіх прысутных павярнуліся да крэсла, на якім сядзеў спатнелы і чырвоны Шлянгбаўм.
– Мужам тым, – выгукнуў адвакат, – з’яўляецца пан…
– Мой сын, Генрычак… – пачуўся голас з кутка.
У выніку нечаканага эфекту зала затрэслася ад рогату. У сваю чаргу кіраўніцтва суполкі прадэманстравала радаснае здзіўленне і запыталася ў прысутных: ці хочуць тыя прыняць пана Шлянгбаўма супольнікам ды кіраўніком, а калі атрымала аднагалосную згоду, заклікала новага кіраўніка ў прэзідэнцкі фатэль.
Тут зноў зрабілася невялікае хваляванне. У гэты момант пажадаў узяць слова Шлянгбаўм-бацька і пасля некалькіх ухвальных слоў на адрас сына ды кіраўніцтва ўнёс прапанову: суполка не можа гарантаваць больш за дзесяць працэнтаў гадавога даходу.
Усчаўся крык, выступіла чалавек пятнаццаць і пасля вельмі ажыўленай дыскусіі была прынятая пастанова, што суполка прымае новых чальцоў, рэкамендаваных панам Шлянгбаўмам, а весці ўсе справы даручае таму ж пану Шлянгбаўму.
Апошнім эпізодам стала прамова доктара Шумана, якога спачатку вылучылі ў кіраўніцтва, але які, адмаўляючыся ад гэтага гонару, дазволіў сабе паіранізаваць з суполкі арыстакратыі з жыдамі: “Гэта нібы пазашлюбная сувязь, – казаў ён. – Але часам дзякуючы такім сувязям нараджаюцца геніяльныя дзеці, дык і мы будзем спадзявацца, што наша аб’яднанне дасць нейкія незвычайныя плады”.
Кіраўніцтва занепакоілася, жменька прысутных абразілася, але большасць гучна заапладзіравала.
Вакульскі ведаў усе падрабязнасці паседжання, бо цэлы тыдзень яго наведвалі і закідалі ананімнымі лістамі.
У гэтых акалічнасцях яму адкрыўся новы і дзіўны душэўны стан. Яму здавалася, што парваліся ўсе сувязі, якія злучалі яго з людзьмі, людзі сталі яму абыякавымі, і яго ўжо не цікавіць тое, што цікавіць іх. Словам, што ён падобны да акцёра, які сыграў сваю ролю на сцэне, дзе яшчэ хвіліну таму рагатаў, злаваўся або плакаў, і цяпер сядзіць сярод гледачоў ды назірае за ігрой сваіх калегаў, нібы за дзіцячаю забаваю. “Чаго яны тут сноўдаюцца?.. Што за бязглуздзіца!..” – думалася яму.
Яму здавалася, што ён аднекуль з-за свету глядзіць на гэты свет і бачыць яго з нейкага новага, нязнанага раней, боку.
Некалькі першых дзён адзін за адным ішлі да яго чальцы, супрацоўнікі або кліенты суполкі, незадаволеныя ўваходжаннем Шлянгбаўма, а хутчэй, устрывожаныя сваім лёсам. Тыя, у асноўным, угаворвалі яго, каб ён вярнуўся на пакінутую пасаду, якую яшчэ можа заняць, бо кантракт са Шлянгбаўмам не падпісаны.
Некаторыя ў гэткіх смутных колерах апісвалі сваё становішча і нават плакалі, што Вакульскі на момант адчуваў узрушанасць.
Але разам з тым ён адкрыў у сабе гэткую абыякавасць, гэткую няздольнасць да спачування чужой нядолі, што ажно сам здзівіўся.
“Нешта ўва мне памерла!..” – думаў ён і выпраўляў просьбітаў з нічым.
Потым пайшла другая хваля наведнікаў, якія, нібы жадаючы падзякаваць за аказаныя ім паслугі, хацелі заспакоіць сваю цікаўнасць і на ўласныя вочы пабачыць, як цяпер выглядае колішні мацак, пра якога ўжо казалі, што ён зрабіўся зусім недалужны.
Тыя ўжо не прасілі, каб ён вярнуўся ў суполку, а толькі хвалілі яго за зробленае і казалі, што не хутка знойдзецца падобны дзеяч.
Трэцяя хваля гасцей наведала Вакульскага невядома навошта. Бо замест кампліментаў яму яны расхвальвалі Шлянгбаўма, яго энергічнасць ды здольнасці.
З натоўпу наведнікаў вылучыўся фурман Высоцкі. Ён прыйшоў развітацца са сваім колішнім кармільцам, хацеў нешта сказаць, але раптам заплакаў, пацалаваў яго ў абедзве рукі ды выбег з пакоя.
Амаль тое ж было і ў лістах… У адных знаёмыя і незнаёмыя закліналі яго, каб ён не адыходзіў ад спраў, бо яго сыход будзе катастрофаю для краю. У іншых дзякавалі за мінулую дзейнасць або шкадавалі яго, а былі такія, дзе раілі аб’яднацца са Шлянгбаўмам як з чалавекам, здатным шмат на што ды заклапочаным грамадскімі інтарэсамі. Затое ў ананімных лістах лаяліся неміласэрна, што ён, хто год таму навёз чужога тавару і загубіў краёвае рамесніцтва, загубіў цяпер і гандаль, бо прадаў яго жыдам. Нават называлася сума.
Вакульскі з поўным спакоем разважаў пра ўсё гэта. Яму здавалася, што ён ужо памёр і глядзіць на ўласнае пахаванне. Ён бачыў тых, хто шкадаваў яго, хто хваліў, хто праклінаў; бачыў свайго наступніка, якога грамада ўжо пачала адорваць сваёй прыхільнасцю. І, нарэшце, ён зразумеў, што ўсімі забыты і нікому не патрэбны. Ён быў падобны да кінутага ў ваду каменя, над якім у першы момант утвараецца вір, а пазней – толькі разыходзяцца хвалі, усё меншыя, усё меншыя… Нарэшце, люстэрка вады там, дзе ён упаў, супакойваецца, і зноў па ім бягуць хвалі, але народжаныя ў іншых ужо месцах і выкліканыя зусім іншым.
“Ну і што далей?.. – пытаўся ён сам у сябе. – Адзінота… бяздзеянне… што ж далей?..”
Ён прыгадаў, як Шуман раіў яму знайсці нейкую мэту ў жыцці. Парада добрая, але… як яе выканаць, калі сам ён не адчуваў ніякіх жаданняў, не меў ні на што ані сілы, ані ахвоты?.. Быў ён, як сухі ліст, які ляціць туды, куды гоніць яго вецер.
“Я прадчуваў нешта падобнае, – думаў ён, – але цяпер бачу, што не меў нават уяўлення пра гэты стан…”
Аднойчы ён пачуў гучную спрэчку ў вітальні, вызірнуў і ўбачыў Венгелька, якога лёкай не хацеў пускаць у пакоі.
– А, гэта ты! – сказаў Вакульскі. – Хадзі ж, ну… Што ў вас чуваць?
Венгелек спачатку глядзеў на яго ўстрывожана, аднак пакрысе пасмялеў і ажывіўся.
– Казалі, – усміхнуўся ён, – што пан ужо не жылец на гэтым свеце, але бачу, што манілі. Памірае не той, хто худ, а той, каму суд…
– Што чуваць? – паўтарыў Вакульскі.
Венгелек завёў працяглы аповед пра свой новы дом, яшчэ лепшы за той, што згарэў, пра работу, якой мае шмат. Таму ён і прыехаў у Варшаву, каб купіць матэрыялы ды наняць сабе хоць двух памочнікаў.
– Фабрыку, вяльможны пане, мог бы я ўжо закласці. Праўда!.. – скончыў Венгелек.
Вакульскі слухаў моўчкі. Раптам ён запытаўся:
– А з жонкаю ты шчаслівы?
Па твары Венгелька прабег цень.
– Добрая кабета, вяльможны пане, але… Зрэшты, перад панам, як перад Богам… Трохі нам ужо не так… Праўду кажуць: вочы не бачаць, сэрца не баліць, а як раз убачыш…
Ён выцер рукавом слязу.
– Што здарылася? – зацікавіўся Вакульскі.
– Ат! Нічога. Бо ведаў я, каго браў, але быў спакойны, бо кабета яна добрая, ціхмяная, працавітая і прывязаная да мяне, як сабака. Ну, але што ж.. Быў спакойны, пакуль не ўбачыў яе колішняга залётніка, ці як яго там…
– Дзе?..
– У Заслаўлі, пане, – працягваў Венгелек. – Неяк у нядзелю пайшлі мы з Марысяю да замка, я хацеў паказаць ёй тую ручаіну, дзе згінуў каваль, ды той камень, на якім вяльможны пан загадаў мне выбіць надпіс. Раптам гляджу: стаіць каляска барона Дальскага, што ажаніўся з унучкаю нябожчыцы пані Заслаўскае… Добрая была пані, дай Бог ёй вечны спачын!..
– Ты ведаеш барона? – спытаў Вакульскі.
– Авой! – адказаў Венгелек. – Гэта ж пан барон цяпер распараджаецца гаспадаркаю нябожчыцы, пакуль нешта там яны ўладжваюць. Ужо пры ім я аклейваў пакоі ды рамантаваў вокны. Ведаю яго!.. Сумленны пан і шчодры…
– Што ж далей?
– Вось я і кажу, вяльможны пане, стаім мы каля замка з Марысяй і глядзім на ручай, аж бачым: ходзяць па руінах двое – пані баранеса, гэта значыць, унучка нябожчыцы, ды той сабачы вырадак Старшчак…
Вакульскі ўпаў на крэсла.
– Хто? – ціха перапытаў ён.
– Той пан Старскі, таксама ўнук нябожчыцы Заслаўскае, які падлабуньваўся да яе, пакуль была жывая, а цяпер хоча зняпраўдзіць тастамэнт, бо кажа, што бабка перад смерцю з глузду з’ехала… Бач ты яго!
Ён перадыхнуў і працягваў:
– Ну, вось, стаяць яны з пані баранесай пад ручку, глядзяць на наш камень, а самі балбочуць безупынку ды выскаляюцца. Тут Старскі раптам азіраецца. Убачыў ён маю жонку і непрыкметна так усміхнуўся ёй, а яна збялела, як хустка.
“Што з табою, Марыся?..” – пытаю я. А яна: “Нічога…”
Тым часам пані баранеса і гэты басурман збеглі з замкавае гары ды пашыліся ў арэшнік. “Што з табою? – зноў пытаюся ў Марысі. – Ану кажы праўду, бо я заўважыў, што ты з тою халераю знаешся…” А яна села на зямлю і ў плач: “Каб яго Бог пакараў! – кажа. – Гэта ж ён першы мяне згубіў…”
Вакульскі прыкрыў вочы. Венгелек, хвалюючыся, апавядаў:
– Як пачуў я гэта, вяльможны пане, дык думаў, зараз жа палячу за імі ды на месцы, нават пры пані баранесе, затаўку нагамі. Гэтак мяне ўзяло за жывое. Але абдумаўся: “Чаго ж ты, дурань, з ёю ажаніўся? Ведаў жа, што за яна…” Тут сэрца ў мяне зайшлося, аж баяўся спускацца з гары, а на жонку глядзець не мог. Яна кажа: “Злуешся?..” А я ёй: “Пэўна, вы і тут ужо злыгаліся?..” “Богам клянуся, – адказвае яна, – я пасля таго яго не бачыла…” “Але ж добра вы адзін на аднаго наглядзеліся! – кажу я. – Лепш бы ён аслеп, чым глядзець на цябе, хай бы ён здох раней, чым цябе ўбачыў…” А яна плача ды пытае: “За што ты на мяне гневаешся?..” Я тады першы і апошні раз сказаў на яе: “Поскудзь ты і ўсё тут… ” Бо не мог ужо стрываць.
Потым гляджу, ляціць пан барон, а сам душыцца ад кашлю, аж пасінеў, ды пытаецца ў мяне: “Ты, Венгелек, не бачыў маёй жонкі?..” А мне нешта стрэліла адказаць: “Бачыў, ясны пане. Яна ў кусты пайшла з панам Старскім. Яму не стае ўжо грошай на дзевак, дык ён за маладзіц узяўся…” А той як зіркне на мяне, дарма што барон!..
Венгелек крадком выцер вочы.
– Вось такое стала маё жыццё, вяльможны пане. Быў я спакойны, пакуль не ўбачыў палюбоўніка. А цяпер на каго ні зірну, здаецца, кожны мне швагер… Ад жонкі, хоць я і не кажу ёй, адвярнула мяне… гэтак адвярнула… нібы сцяна паміж намі… Нават пацалаваць яе не магу, як колісь, і каб не святая прысяга, дык, прызнаюся пану, плюнуў бы на ўсё ды сышоў у белы свет… А ўсё з-за таго, што прыкіпеў я да яе. Каб не любіў, дык і ні ў галаве было б!.. Гаспадыня яна ўвішная, добра кухарыць, прыгожа шые, сама ціхмяная, як павуцінка, не чуваць яе. Няхай бы нават і залётнікаў мела.
Але ж любіў я яе, дык гэткая крыўда, гэткая злосць, што гары яно ўсё гарам…
Венгелька трэсла ад гневу.
– Спачатку, вяльможны пане, як толькі мы пабраліся, дык спадзяваўся я дзяцей. А цяпер страх бярэ, каб замест свайго не ўбачыць дзіцяці яе залётніка. Бо вядома ж, калі лягавая сука хоць раз знюхаецца з дварняком, дык потым, хоць з найлепшымі ганчакамі яе вяжы, заўсёды ў шчанюках азавецца кроў беспароднага, відаць, надта заглядалася на яго…
– Мне трэба ўжо ісці, – сказаў раптам Вакульскі. – Будзь здаровы… А перад ад’ездам яшчэ зайдзі да мяне.
Венгелек развітаўся з ім вельмі сардэчна, а ў вітальні сказаў лёкаю:
– Нешта пану няможацца… Я ўжо падумаў быў, што ён здаровы, хоць і благі з выгляду, а ён, відаць, слабы… Няхай вамі пан Бог апякуецца!..
– Я ж казаў табе, каб не лез туды і не назаляў размовамі, – пахмурна адказаў лёкай, выпіхваючы яго за парог.
Пасля таго, як Венгелек пайшоў, Вакульскі ўпаў у глыбокую задуменнасць.
“Стаялі насупраць майго каменя і смяяліся!.. – прашаптаў ён. – Нават камень апаганіць! Нявінны камень”.
Нейкую хвіліну яму здавалася, што знайшоў ён сабе мэту, заставалася толькі выбраць: застрэліць Старскага, але спачатку пералічыць яму паіменна ўсіх, каму ён зруйнаваў шчасце, або пакінуць яму жыццё, але давесці да поўнага жабрацтва і ганьбы.
Але ён хутка абдумаўся, нават непрыстойным дзяцінствам здалося яму непакоіцца ды траціць сілы і грошы, каб адпомсціць чалавеку гэткага гатунку.
“Лепш падумаць, як пазбавіцца палявых мышэй або прусакоў, бо яны сапраўдная навала, а Старскі… ліха яго ведае, што ён такое… Зрэшты, не можа чалавек гэтакі абмежаваны прыносіць столькі гора. Ён усяго іскрынка, якая падпальвае гатовы ўжо матэрыял…”
Ён лёг на шэзлонг і думаў:
“Напаскудзіў ён мне, а чаму?.. Меў памагатую, якая вельмі яму пасавала, ну і другую памагатую – маю дурасць. Як можна было не расшалопаць, што яна за кабета, і маліцца на яе толькі з-за таго, што прыкідвалася істотаю вышэйшага парадку?.. Напаскудзіў ён і Дальскаму, але хто вінаваты, што Дальскі на старасці гадоў страціў розум ад асобы, маральныя вартасці якое былі, як на далоні… Прычынаю катастроф на свеце з’яўляюцца не Старскія ці да іх падобныя, а бязмозгасць іхніх ахвяр. І зноў жа, ані Старскі, ані панна Ізабэла, ані пані Эвеліна не зваліліся з месяца, а выхаваліся ў пэўным асяроддзі, у пэўны час і на пэўных уяўленнях. Яны, як высыпка, што сама па сабе не з’яўляецца хваробаю, але гэта прыкмета заражэння крыві грамадства. Чаго ім помсціць, чаго іх нішчыць?..”
У той вечар Вакульскі першы раз выйшаў на вуліцу і пераканаўся, як ён знясілеў. У яго круцілася галава ад туркатання калясак ды вулічнага руху, ён баяўся адыйсці крыху далей ад дома. Яму здавалася, што ён не дойдзе да Новага Святу, не здолее вярнуцца назад або нейкім чынам аскандаліцца. Але больш за ўсё ён баяўся спаткаць кагосьці са знаёмых.
Вярнуўся ён моцна стомлены і знерваваны, але ў тую ноч спаў добра.
Праз тыдзень пасля адведзінаў Венгелька зайшоў Ахоцкі. Ён памужнеў, абветрыўся і выглядаў маладым шляхцюком.
– Адкуль пан? – спытаў яго Вакульскі.
– Проста з Заслаўка, дзе сяджу ўжо амаль два месяцы, – адказаў Ахоцкі. – Д’ябал, у якую авантуру я ўграз!..
– Пан?..
– Я, я, пане! Хоць маёй віны ў тым няма. Валасы ў пана дыбарам на галаве ўстануць!..
Ён запаліў папяросу і працягваў:
– Я не ведаю, ці чуў пан, што нябожчыца старшынёва ўвесь свой маёнтак, апроч невялікае часткі, адпісала на дабрачынныя мэты. На шпіталі, сіроцкія дамы, школы, вясковыя крамы і гэтак далей… А князь, барон Дальскі ды я належым да выканаўцаў яе волі… Цудоўна!.. Пачынаем дзейнічаць, гэта значыць, робім першыя захады, каб зацвердзіць тастамент, як тут (прыблізна з месяц таму) вяртаецца з Кракава Старскі і заяўляе нам, што ад імя пакрыўджанае радні ён падасць у суд, каб зняпраўдзіць тастамент. Вядома, ані князь, ані я і чуць пра гэта не жадаем, але барон… а яго пад’юджвае жонка, якую, у сваю чаргу, падбухторвае Старскі… дык вось барон пачынае саступаць. Мы з ім ледзьве не пасварыліся, а князь зусім перастаў размаўляць…
– Тым часам што робіцца! – сцішыў голас Ахоцкі. – Аднойчы ў нядзелю барон з жонкаю і са Старскім паехалі ў Заслаўле на шпацыр. Што там здарылася, я не ведаю, але вынік такі: барон самым рашучым чынам заявіў, што зняпраўдзіць тастамэнт ён не дазволіць. Але гэта яшчэ не ўсё… Бо яшчэ барон сур’ёзна наважыўся развесціся з жонкаю, якую так абагаўляў (чуеш, пан?..). Але і гэта не ўсё, бо дзесяць дзён таму барон страляўся са Старскім і атрымаў па рэбрах – куля плазам прайшла… Во як! Нібы скуру яму на грудзях крукам раздзерлі – ад правага боку да левага… Стары злосны – крычыць у гарачцы, сварыцца – але жонцы загадаў неадкладна выбірацца, ехаць да сваіх і, я ўпэўнены, назад яе ўжо не прыме… Не на таго натрапіла! Гэтак ён, халера, зацяўся, што, пакуль ляжаў хворы, загадаў фельчару, каб той на зло жонцы пафарбаваў яму галаву і вусы, і выглядае цяпер, нібы дваццацігадовы нябожчык.
Вакульскі ўсміхнуўся:
– З пані так і трэба, але фарбавацца было залішнім.
– І па рэбрах дарэмна атрымаў, – заўважыў Ахоцкі. – Яшчэ крыху, і прасвідраваў бы мазгаўню Старскаму!.. Куля сляпая. Хай пан не сумняваецца, адхварэў ён за тое.
– І дзе ж цяпер наш герой? – запытаўся Вакульскі.
– Старскі?.. Рвануў за мяжу, і не так з-за насмешак, як ад крэдытораў. Пане! Які хват! У яго ж блізу ста тысяч рублёў даўгоў.
Настала працяглае маўчанне. Вакульскі сядзеў спінаю да акна, галава яго была апушчаная. Ахоцкі ціха пасвістваў і пра нешта раздумваў.
Раптам ён страпянуўся і загаварыў нібы сам з сабою:
– Якая дзіўная блытаніна – чалавечае жыццё! Хто б падумаў, што гэткае боўдзіла, як Старскі, можа зрабіць людзям нешта добрае… Якраз праз тое, што ён боўдзіла…
Вакульскі падняў галаву і запытальна паглядзеў на Ахоцкага.
– Дзіўна, праўда?.. – працягваў Ахоцкі. – А так і ёсць. Каб Старскі быў чалавекам прыстойным і не кідаўся ў амуры з маладою баранесай, Дальскі, несумненна, падтрымаў бы яго прэтэнзіі на спадчыну. Уга! Нават грошай пазычыў бы на працэс, бо перапала б нешта і яго жонцы. Але ж, як Старскі боўдзіла, дык ён выклікаў да сябе непрыязь барона і… уратаваў тастамент. Вось і атрымліваецца, што ненароджаныя нават яшчэ пакаленні заслаўскіх сялян мусяць дабраслаўляць Старскага за тое, што ён спакусіў баранесу…
– Парадокс!.. – заўважыў Вакульскі.
– Парадокс!.. Фактычна. А пан не мяркуе, што варта залічыць у заслугі Старскаму і тое, што ён вызваліў барона ад гэткае жонкі?.. Між намі кажучы, рапуха гэта, а не кабета. Цікавілі яе толькі строі, забавы ды какецтва, нават не ведаю, ці чытала яна што-небудзь, ці звяртала на што-небудзь увагу… Цела чалавечае, а галава авечая... прыкідваецца, што мае душу, а мае ўсяго толькі страўнік… Пан быў мала з ёю знаёмы, дык нават не ўяўляе, што гэта за аўтамат, хоць і падобны да чалавека, але нічога людскага ў ім няма… А тое, што барон нарэшце сцяміў, што да чаго, дык нібы ў латарэю выйграў…
– Божа міласэрны! – прашаптаў Вакульскі.
– Пан нешта сказаў? – спытаў Ахоцкі.
– Нічога.
– Але захаванне апошняй волі нябожчыцы старшынёвай і вызваленне барона ад гэткае жонкі – гэта яшчэ не ўсе заслугі Старскага…
Вакульскі паварушыўся на крэсле.
– Цяжка сабе ўявіць, але ў выніку донжуанства гэтага боўдзілы можа атрымацца вельмі карысная справа, – працягваў Ахоцкі. – Вось якая. Я ўводзіў Дальскаму ў вушы (і, зрэшты, усім, хто мае грошы), што добра было б закласці ў Варшаве лабараторыю для хімічных і механічных доследаў. Бо, як пан разумее, у нас няма адкрыццяў перадусім з-за таго, што няма дзе іх рабіць… Вядома, барон слухаў пятае праз дзясятае, але нешта засела яму ў памяці, бо варта было Старскаму паказытаць яго па сэрцы ды па рэбрах, як мой барон, шукаючы спосабу пазбавіць жонку спадчыны, пачаў заводзіць са мною гутаркі пра тэхналагічную лабараторыю. А якая ад яе карысць?.. А ці людзі сапраўды паразумнеюць ды палепшаюць, калі не пашкадаваць грошай на лабараторыю?.. А колькі б гэта каштавала? А ці ўзяўся б я сам за гэту справу?.. Калі ад’язджаў, дык дайшло ўжо да таго, што барон выклікаў натарыуса і склаў акт, датычны, наколькі я магу меркаваць, менавіта лабараторыі. Зрэшты, Дальскі прасіў мяне падказаць, да каго звярнуцца, хто здольны кіраваць у гэтай справе. Ну, бачыш, пан, ці ж гэта не іронія лёсу, каб гэтакі пустагаловы Старскі, гэтакі публічны мужчына для пацяшэння незадаволеных замужніх кабет, каб гэтакі фанфарон спрычыніўся да ўзнікнення тэхналагічнае лабараторыі!.. І няхай мне цяпер даводзяць, што ёсць на свеце нешта непатрэбнае.
Вакульскі абцёр спатнелы твар, які побач з белаю насоўкаю здаўся попельным.
– Але, можа, я стаміў пана?.. – запытаўся Ахоцкі.
– Нічога, я слухаю… Хоць… мне здаецца, што пан крыху перабольшвае заслугі гэтага… пана, і зусім ужо забываецца пан…
– Пра што?
– Пра тое, што тэхналагічная лабараторыя паўстане на пакутах, на зруйнаваным чалавечым шчасці. І пан нават не задае сабе пытання, як барон ад кахання да свае жонкі дайшоў да… тэхналагічнае лабараторыі!..
– А якая мне справа! – махнуў рукою Ахоцкі. – Заплаціць пакутамі адзінкі, няхай нават самымі жахлівымі, за грамадскі прагрэс – гэта, далібог, танна…
– А пан хоць ведае, якія бываюць у гэтых адзінак пакуты? – спытаў Вакульскі.
– Ведаю, ведаю!.. Мне ж без хлараформу выдзіралі пазногаць на назе, ды яшчэ на вялікім пальцы…
– Пазногаць? – задуменна паўтарыў Вакульскі. – А ці вядомы пану стары афарызм: “Часам дух людскі разрываецца і змагаецца сам з сабою”? Хто ведае, ці не горш гэта ад выдзірання пазногця, а можа, і ад здзірання ўсяе скуры?
– Ат… Гэта нейкі не мужчынскі боль! – скрывіўся Ахоцкі. – Можа, кабеты адчуваюць нешта падобнае падчас родаў… Але мужчына…
Вакульскі гучна зарагатаў.
– Пан смяецца з мяне, – задзірліва спытаў Ахоцкі.
– Не. З барона… А чаму пан сам не ўзяўся за арганізацыю тэхналагічнае лабараторыі?
– Не ставала! Я лепш паеду ў гатовую лабараторыю, а пачынаць са стварэння новае – прападзеш, пакуль дачакаешся вынікаў. Тут трэба мець здольнасці адміністрацыйныя і педагагічныя. Не думаць, прынамсі, пра лятальныя машыны.
– Такім чынам?.. – спытаў Вакульскі.
– Што тут думаць?.. Як толькі забяру свае грошыкі, якія ў мяне на іпатэцы, і якіх тры гады ўжо не магу дапрасіцца, зараз жа ўцякаю за мяжу ды ўсур’ёз бяруся за працу. Тут не толькі разбэсціцца, але здзяцінець і цвіллю зарасці можна…
– Працаваць паўсюль можна.
– Байкі!.. – адказаў Ахоцкі. – Не кажучы ўжо пра адсутнасць лабараторыі, тут перадусім няма навуковага клімату. Гэта горад кар’ерыстаў, дзе да сапраўднага даследчыка ставяцца як да нахабніка або вар’ята. Людзі вучацца не дзеля ведаў, а дзеля пасады. А пасады і рэпутацыю здабываюць дзякуючы сувязям, бабам, раўтам і хто ведае як яшчэ!.. Хопіць мне ўжо боўтацца ў гэтай сажалцы. Я ведаю сапраўдных навукоўцаў, нават геніяльных, развіццё якіх было гвалтам затрыманае, дык яны пачалі зарабляць урокамі або пісаць папулярныя артыкулы, якіх ніхто не чытае, а хоць бы і чыталі, дык не разумеюць. Я гутарыў з буйнымі прамыслоўцамі ў спадзяванні схіліць іх да падтрымкі навукі, хоць бы дзеля практычных мэтаў. І ведаеш, пан, што я адкрыў?.. Вось што: у іх гэткае ж уяўленне пра навуку, як у гусі пра лагарыфмы. А ведаеш, пан, якія вынаходніцтвы іх зацікавілі?.. Толькі два. Адзін – як павялічыць дывідэнды, а другі – як пісаць кантракты, каб можна было ашукаць заказчыка на цане ці на якасці. Пакуль яны думалі, што пан будзе махляваць у гэтай суполцы гандлю з імперыяй, яны называлі пана геніем, а цяпер кажуць, што ў пана размякчэнне мазгоў, бо сваім супольнікам даў на тры працэнты больш, чым абяцаў.
– Я ведаю, – адказаў Вакульскі.
– Ну і паспрабуй ты з гэткімі людзьмі працаваць дзеля навукі. Здохнеш з голаду або станеш ідыётам!.. Затое як будзеш умець танцаваць, іграць на нейкім інструменце, выступаць у аматарскім тэатры, а лепш за ўсё – забаўляць дам, дык зробіш кар’еру. Адразу абвесцяць знакамітасцю і зоймеш пасаду, дзе даходы ў дзесяць разоў перавышаюць вартасць самае працы. Раўты і дамы, дамы і раўты!.. А паколькі я не лёкай, каб на раўтах прападаць, а карысць ад дам бачу толькі ў тым, што яны здольныя нараджаць дзяцей, дык уцякаю адгэтуль, хоць у Цюрых.
– А да Гейста не паехаў бы пан? – спытаў Вакульскі.
Ахоцкі задумаўся.
– Там трэба сотні тысяч рублёў, якіх я не маю, – адказаў ён. – Зрэшты, хоць бы і меў, мусіў бы спачатку пераканацца, што гэта такое насамрэч… Бо змяншэнне ўдзельнае вагі падобна да казкі.
– Але ж я паказваў пану бляшку, – сказаў Вакульскі.
– А, праўда… Няхай пан яшчэ раз пакажа!.. – выгукнуў Ахоцкі.
У Вакульскага на твары выступілі чырвоныя плямы і хутка зніклі.
– Я ўжо не маю яе! – прыглушана адказаў ён.
– Што ж з ёю сталася? – здзівіўся Ахоцкі.
– Няважна!.. Скажам, упала недзе ў канаву… Але ці паехаў бы пан да Гейста, маючы грошы?..
– Хіба, паехаў бы. Але ў першую чаргу, каб спраўдзіць факты. Бо тое, што я ведаю пра хімічныя элементы, няхай мне пан прабачыць, не адпавядае тэорыі зменнасці ўдзельнае вагі па-за пэўнымі межамі.
Яны замаўчалі, і неўзабаве Ахоцкі пакінуў Вакульскага. Візіт Ахоцкага скіраваў думкі Вакульскага ў іншым напрамку.
Ён адчуў нават не жаданне, а прагу прыгадаць хімічныя доследы і ў той жа дзень пабег у горад, каб купіць рэторты, трубкі, прабіркі, а таксама разнастайныя прэпараты.
Засяроджаны на гэтай ідэі, ён смела выйшаў на вуліцу, нават сеў у брычку. На людзей ён глядзеў абыякава і не адчуваў прыкрасці, калі заўважаў, як адны з цікавасцю пазіраюць на яго, іншыя не пазнаюць, а нехта нават зласліва пасміхаецца.
Але ўжо ў краме шкляных вырабаў, а яшчэ больш на аптэчным складзе ён задумаўся пра тое, у якой ступені ён страціў не толькі сілу волі, але звычайную самастойнасць, калі размова з Ахоцкім навяла яго на думкі пра хімію, якою ён не займаўся ўжо столькі гадоў!..
“Усё адно, – прамармытаў ён, – абы занятак”.
Назаўтра ён купіў дакладныя вагі і некалькі больш складаных прыладаў ды ўзяўся за працу, як вучань-пачатковец.
Спачатку ён атрымаў вадарод, што нагадала яму студэнцкія часы, калі вадарод выраблялі ў пляшках, абгорнутых ручнікамі, выкарыстоўваючы слоікі ад гуталіну. Які гэта быў шчаслівы час!.. Потым прыгадаліся яму балоны ўласнае канструкцыі, а потым Гейст, які даводзіў, што хімія вадародных злучэнняў зменіць гісторыю чалавецтва…
“Ну а каб гадоў гэтак за пару натрапіў я на гэты метал, які шукае Гейст? – спытаў ён сам сябе. – Гейст сцвярджае, што адкрыццё магчыма пры выпрабаванні некалькіх тысяч камбінацый, дык гэта латарэя, а мне шанцуе… А каб я адкрыў гэтакі метал, што б тады сказала панна Ізабэла?..”
Гнеў закіпеў у ім ад гэтага ўспаміну.
– Ах, – прашаптаў ён, – хацеў бы я стаць праслаўленым і магутным, каб даказаць, як я пагарджаю ёю…
Але ён абдумаўся – пагарда не выяўляецца ні праз гнеў, ні праз жаданне прынізіць некага – і зноў узяўся за працу.
Элементарныя доследы з вадародам былі яму найбольш прыемныя, і ён паўтараў іх часцей за іншыя.
Аднойчы ён зрабіў сабе гармонік фізічны[251] і гэтак гучна на ім граў, што назаўтра наведаўся да яго гаспадар дому, пытаючыся з усёю ветлівасцю, ці не згадзіўся б ён вызваліць кватэру па заканчэнні квартала.
– А пан мае ўжо нейкага кандыдата? – спытаў Вакульскі.
– Гэта значыць… так… нібы… амаль маю, – адказаў заклапочаны гаспадар.
– У такім разе вызвалю.
Гаспадар крыху здзівіўся згодлівасці Вакульскага, але развітаўся з ім вельмі задаволены. Вакульскага разабраў смех:
“Вядома, ён палічыў мяне вар’ятам або банкрутам… Тым лепш!.. Бо, праўду кажучы, я цудоўна магу жыць і ў двух пакоях замест васьмі.”
Потым, момантамі, невядома чаму ён шкадаваў, што паспяшаўся адмовіцца ад кватэры.
“Барон, – казаў ён сабе, – разводзіцца з жонкаю, якая звязалася з іншым. Венгелек знелюбіў сваю толькі таму, што на ўласныя вочы пабачыў аднаго з яе залётнікаў… А што ж я мушу зрабіць?..”
І зноў ён вяртаўся да доследаў, задаволена заўважаючы, што не зусім страціў умельства ў гэтай справе.
Гэта цалкам паглынала яго ўвагу. Часам па некалькі гадзін запар ён не ўспамінаў панну Ізабэлу і тады адчуваў, як яго спакутаваная свядомасць сапраўды адпачывае. Ён нават амаль перастаў баяцца людзей ды вулічнага шуму і пачаў часцей выходзіць у горад.
Аднойчы ён паехаў ажно ў Лазенкі. Больш за тое, нават зазірнуў у алею, якою некалі шпацыраваў з паннаю Ізабэлай. Але тут прывабленыя некім лебедзі расправілі крылы і з шумам рынуліся па вадзе да берага. Гэта звычайная карціна зрабіла страшнае ўражанне на Вакульскага, ён прыгадаў ад’езд панны Ізабэлы з Заслаўка… Як шалёны кінуўся ён уцякаць з парку, ускочыў у брычку і з заплюшчанымі вачыма вярнуўся дадому.
У гэты дзень ён нічым не займаўся, а ўночы меў дзіўны сон.
Сніў ён, што стаіць перад ім панна Ізабэла і са слязьмі на вачах пытаецца: чаму ён яе пакінуў… Бо падарожжа да Скернавіц, яе размова са Старскім ды заляцанні таго былі толькі сном. Бо ўсё гэта ён толькі сніў…
Вакульскі ўскочыў з пасцелі і запаліў святло.
“Што тут сон?.. – пытаў ён. – Падарожжа да Скернавіц ці яе крыўда і дакоры?..”
Да раніцы ён не мог заснуць, мучылі яго пытанні і сумневы надзвычай цяжкія.
“Ці маглі людзі, што сядзяць у кепска асветленым вагоне, адлюстроўвацца ў шыбе, – думаў ён. – І ці бачанае мною тады не было галюцынацыяй?.. Ці я ведаю англійскую мову дастаткова добра, каб не памыліцца ў значэнні некаторых слоў?.. Як я выглядаў у яе вачах, калі зрабіў ёй гэткі страшны афронт без прычыны?.. Бо кузіны, ды яшчэ сябры з маленства, могуць весці нават досыць бессаромныя размовы, не выклікаючы да сябе падазрэнняў...
Што я нарабіў, няшчасны, калі памыліўся пад уплывам неапраўданае рэўнасці!.. Старскі ж быў закаханы ў баранесу, і панна Ізабэла ведала пра гэта, дык мусіла б згубіць апошні сорам, каб зводзіць чужога каханка…”
Потым ён згадаў сваё цяперашняе жыццё: гэткае пустое, гэткае жахліва пустое!.. Ён пакінуў усё, чым займаўся раней, адвярнуўся ад людзей і ўжо не меў наперадзе нічога, абсалютна нічога. Што рабіць?.. Чытаць фантастычныя кніжкі? Ставіць бессэнсоўныя доследы? Паехаць куды? Ажаніцца са Стаўскаю?.. Але на чым бы ён ні спыніўся, куды б ні паехаў, нідзе не пазбудзецца ані тугі, ані адзіноты!
“Ну а барон?.. – спытаў ён сабе. – Ажаніўся са сваёю паннай Эвелінай, і што?.. Сёння думае пра тэхналагічную лабараторыю. Ён, які нават не ведае, хутчэй за ўсё, што значыць тэхналогія…”
Надыход дня і душ асвяжылі думкі Вакульскага.
“У мяне не менш за трыццаць ці сорак тысяч рублёў гадавога даходу. Трачу я на сябе ад двух да трох тысяч. Што рабіць з рэштаю, з маёнткам, які мяне прыгнятае дый годзе?.. Гэтай сумы хапіла б палепшыць побыт тысячам сем’яў, але навошта мне гэта, калі адны будуць няшчаснымі, як Венгелек, а іншыя аддзячаць мне так, як дарожнік Высоцкі?..”
Зноў прыгадаў ён Гейста і яго таямнічую майстэрню, у якой пралупіўся зародак новае цывілізацыі. Укладзеныя туды грошы і праца акупіліся б мільён разоў. Там і каласальная мэта, і занятак на ўсё жыццё, а ў перспектыве – слава ды магутнасць, якіх свет не бачыў. Браняносцы, што падымаюцца ў паветра!.. Ці магло быць нешта больш грандыёзнае?..
“А калі гэты метал знайду не я, а нехта іншы, што вельмі магчыма?..” – пытаў ён сам сябе.
“Ну і што? – адказваў ён сабе. – У найгоршым выпадку я апынуся сярод тых нешматлікіх, хто садзейнічаў адкрыццю. Справа вартая, каб ахвяраваць непатрэбны маёнтак і бессэнсоўнае жыццё. Дык што лепш: змарнавацца тут у чатырох сценах, здзяцінець, гуляючы ў прэферанс, або здабываць нечуваную славу?..”
Паступова ў душы Вакульскага ўсё выразней пачаў вымалёўвацца нейкі план, але чым дакладней ён абдумваў яго, чым больш бачыў у ім вартасцей, тым выразней адчуваў, што для выканання не стае яму ані энергіі, ані стымулу.
Воля яго была спаралізаваная, ажывіць яе магло толькі ўзрушэнне. Тым часам узрушэння не было, а штодзённасць усё глыбей зацягвала Вакульскага ў апатыю.
“Я ўжо не гіну, я проста гнію,” – казаў ён сам сабе.
Жэцкі, які наведваў яго ўсё радзей, глядзеў на яго са страхам.
– Кепска робіш, Стаху, – казаў ён не раз. – Кепска, кепска, кепска!.. Лепш зусім не жыць, чым так жыць…
Аднойчы слуга падаў Вакульскаму канверт, падпісаны жаночаю рукою.
Ён разгарнуў ліст і прачытаў:
“Мушу з панам пабачыцца. Чакаю сёння а трэцяй. Вансоўская”.
“Чаго яна хоча ад мяне?..” – здзівіўся ён.
Але а трэцяй паехаў.
Роўна ў прызначаны час Вакульскі быў у вітальні Вансоўскае. Лёкай, нават не пытаючыся, хто ён такі, адчыніў дзверы ў салон, па якім шыбкім крокам праходжвалася прыгожая ўдава.
Была яна ў цёмнай сукенцы, якая дасканала абмалёўвала яе скульптурную фігуру. Рудыя валасы, як звычайна, былі сабраныя ў пышны вузел, але замест шпількі тырчаў у ім вузкі штылецік з залатым дзяржаннем.
Як толькі Вакульскі яе ўбачыў, яго ахапіла надзіва сентыментальнае пачуццё радасці. Ён падбег і горача пацалаваў ёй у руку.
– Я не павінна была нават размаўляць з панам!.. – сказала пані Вансоўская, вырываючы ў яго руку.
– У такім разе навошта пані мяне паклікала? – здзівіўся ён.
Яго нібы аблілі халоднаю вадою.
– Прашу пана сядаць.
Вакульскі сеў і маўчаў. Пані Вансоўская працягвала хадзіць па салоне.
– Зрабіў пан уражанне на ўсіх, нічога не скажаш!.. – пачала яна праз хвіліну ўзрушаным голасам. – З-за пана пра свецкую асобу пляткараць, яе бацька захварэў, усёй сям’і прыкра… Пан на некалькі месяцаў зачыняецца дома, падводзіць сотні людзей, якія яму бязмежна давяралі, а потым пачцівы князь называе ўсе панскія дзівацтвы “вынікам паводзін кабет…” Віншую пана… Каб яшчэ нейкі студэнт так сябе паводзіў…
Раптам яна змоўкла… У Вакульскага страшэнна змяніўся твар.
– Ах, што ж гэта робіцца? Пан, хіба, не самлее тут?.. – пыталася яна спалохана. – Дам пану вады або віна…
– Дзякую пані, – адказаў ён. Яго твар вельмі хутка набыў натуральны колер і спакойны выраз. – Бачыць пані, сапраўды, я нездаровы.
Пані Вансоўская пачала пільна ўзірацца ў яго.
– Так, – казала яна, – крыху пан зблажэў, але з гэтаю бародкаю пану вельмі някепска. Не павінен пан яе галіць… Выглядае пан цікава…
Вакульскі чырванеў, як дзіця. Ён слухаў пані Вансоўскую і дзівіўся, адчуваючы, які ён нясмелы перад ёю, амаль засаромлены.
“Што са мною?” – падумаў ён.
– Як бы там ні было, а павінен пан зараз жа ехаць у вёску, – працягвала яна. – Ці чуў хто, каб сядзець у горадзе на пачатку жніўня?.. О, баста, мой пане!.. Паслязаўтра забіраю пана да сябе, бо іначай цень нябожчыцы старшынёвай не дала б мне спакою… А з сённяшняга дня будзе пан прыходзіць на абеды і вячэры. Пасля абеду едзем на прагулку, а паслязаўтра… бывай, Варшава!.. Досыць…
Вакульскі быў гэткі прыгаломшаны, што не мог нічога адказаць. Ён не ведаў, куды падзець рукі, і адчуваў, як гарыць у яго твар.
Яна пазваніла. Увайшоў лёкай.
– Прашу падаць віна, – сказала пані Вансоўская. – Ведаеш, таго венгерскага… Пан можа курыць.
Вакульскі адразу ж закурыў папяросу, молячыся ў душы, каб удалося апанаваць дрыжанне рук. Лёкай прынёс віно і два кілішкі. Пані Вансоўская наліла ў абодва.
– Пі, пане, – сказала яна.
Вакульскі выпіў да дна.
– О, гэта мне падабаецца!.. Здароўе пана! – сказала яна і таксама выпіла. – А цяпер пан мусіць выпіць за маё…
Вакульскі выпіў другі кілішак.
– А цяпер вып’е пан за тое, каб спраўдзіліся мае намеры… Калі ласка… калі ласка… толькі адразу…
– Прашу прабачэння, пані, – адказаў ён, – але я не хачу ўпіцца.
– Дык пан не жадае, каб здзейсніліся мае намеры?
– Чаму не. Але спачатку я мушу іх ведаць.
– Насамрэч?.. – выгукнула пані Вансоўская. – А гэта нешта новае… Добра, няхай пан не п’е.
Яна пачала глядзець у вакно, пастукваючы нагою па падлозе.
Вакульскі задумаўся. Маўчанне працягвалася некалькі хвілін, нарэшце, перапыніла яго пані.
– Чуў пан, што зрабіў барон?.. Як гэта пану падабаецца?..
– Добра зрабіў, – адказаў Вакульскі ўжо зусім спакойным тонам.
Пані Вансоўская ўскочыла з фатэля.
– Што?! – закрычала яна. – Пан бароніць чалавека, які зганьбаваў кабету?.. Грубіян, эгаіст, які дзеля помсты не пагрэбаваў самымі нізкімі сродкамі…
– Што ж ён зрабіў?
– А, дык пан нічога не ведае… Няхай пан уявіць сабе, ён пажадаў разводу з жонкаю і, каб зрабіць скандал яшчэ больш гучным, страляўся са Старскім…
– Сапраўды, – азваўся Вакульскі пасля паўзы. – Ён жа, нічога не кажучы, мог стрэліць сабе ў лоб, але спачатку адпісаць жонцы ўсю маёмасць.
Пані Вансоўская выбухнула гневам.
– Несумненна, – сказала яна, – гэтак і зрабіў бы кожны мужчына, у якога заставалася б кропля шляхетнасці ды гонару… Лепш сябе забіць, чым цягнуць пад ганебны слуп бедную кабету, слабую істоту, якой гэтак лёгка помсціць, маючы грошы, высокае становішча і ўхваленне публікі!.. Але ад пана я гэтага не чакала… Ха-ха-ха!.. І гэта той новы чалавек, той герой, які пакутуе без нараканняў… О, усе вы аднолькавыя…
– Перапрашаю, але… якія, уласна, у пані прэтэнзіі да барона?
З вачэй пані Вансоўскае паляцелі маланкі.
– Кахаў барон Эвеліну ці не?.. – спытала яна.
– Вар’яцеў ад яе!
– Вось і няпраўда, ён удаваў, што кахае, маніў, што абагаўляе… Але пры першым зручным выпадку даказаў, што нават не ставіўся да яе як да роўнага сабе чалавека, а як да нявольніцы, якую за хвіліну слабасці можна пакараць – накінуць вяроўку на шыю, зацягнуць на рынак, зняславіць… О, вы – гаспадары свету, падманшчыкі!.. Пакуль вас засляпляе жывёльны інстынкт, вы поўзаеце ў нагах, гатовыя прыніжацца, гатовыя ілгаць: “Ты найдаражэйшая… ты богападобная… за цябе я аддаў бы жыццё”… А калі бедная ахвяра паверыць вашым падступным клятвам, вы пачынаеце ўжо нудзіцца, а калі ў ёй азавецца чалавечая, слабая натура, дык затопчаце яе нагамі… Ах, як гэта абуральна, як гэта нізка… Ці адкажа мне пан нарэшце што-небудзь?..
– Хіба пані баранеса не завяла раман са Старскім? – спытаў Вакульскі.
– О, адразу ўжо і раман. Яна фліртавала з ім, зрэшты, мела пункцік наконт яго…
– Пункцік?.. Я не ведаў гэтага слова. Дык калі ў яе быў пункцік наконт Старскага, навошта выйшла за барона?
– Бо той упрошваў яе на каленях… пагражаў, што заб’е сябе…
– Прашу прабачэння, але… Ці ён упрошваў толькі пра тое, каб яна мела ласку прыняць ягонае прозвішча і маёнтак, ці таксама і пра тое, каб пазбылася пункцікаў да іншых мужчын?..
– А вы?.. А мужчыны?.. Што вы дазваляеце сабе перад шлюбам і пасля шлюбу?.. Дык кабета…
– Прашу прабачэння, пані, нам з дзяцінства ўбіваюць у галаву, што мы жывёліны, і адзіная для нас магчымасць ачалавечыцца – гэта пакахаць кабету, шляхетнасць якое, нявіннасць і вернасць утрымліваць крыху свет ад поўнага здзічэння. Ну, мы і верым у гэту шляхетнасць, нявіннасць ды іншае, абагаўляем яе, падаем перад ёю на калені…
– І правільна, бо вы нашмат горшыя за кабет.
– Мы раз за разам прызнаём гэта і сцвярджаем, што мужчына сапраўды стварае цывілізацыю, але толькі кабета ўзвышае яе і акультурвае… Аднак калі кабеты пачнуць, як і мы, саступаць жывёльным інстынктам, дык чым яны будуць лепшымі за нас, а перадусім, за што нам тады абагаўляць іх?..
– За каханне.
– Цудоўна! Але калі пан Старскі атрымлівае каханне за свае вусікі ды позіркі, дык чаму іншы пан мусіць даваць за гэта сваё прозвішча, маёнтак і свабоду?
– Я ўсё менш разумею пана, – сказала пані Вансоўская. – Прызнае пан, што кабеты роўныя з мужчынамі, ці не?..
– Па сутнасці – роўныя, а ў прыватнасці – не! У розуме і сіле звычайная кабета саступае мужчыне, але ў сваіх звычках ды ў пачуццях яна павінна пераўзыходзіць яго настолькі, каб кампенсаваць тую няроўнасць. Прынамсі, гэта нам унушаюць, мы ў гэта верым і, нягледзячы на шматлікія праявы слабасці кабет, ставім іх вышэй за сябе… А калі пані баранеса выраклася сваіх перавагаў, і даўно ўжо выраклася, што ўсе мы бачылі, дык чаго дзівіцца, што страціла яна і прывілеі. Муж пазбыўся яе, як несумленнага хаўрусніка.
– Але ж барон недалужны стары!..
– Чаго ж яна ішла за яго?! Навошта нават слухала яго любоўнае буркаванне?
– Хіба пан не разумее, што кабета можа быць вымушаная прадаваць сябе?.. – спытала пані Вансоўская, мяняючыся з твару.
– Разумею, пані, бо… я і сам некалі прадаўся, але не дзеля багацця, а за кавалак хлеба…
– І што ж?
– Але мая жонка не цешыла сябе ілюзіямі пра маю нявіннасць, і я сам, праўда, не абяцаў ёй кахання. Я быў вельмі кепскім мужам, затое, як чалавек куплены, быў найлепшым крамнікам у краме і самым надзейным слугою для яе. Хадзіў з ёю па касцёлах, канцэртах, тэатрах, бавіў яе гасцей і, фактычна, патроіў даходы крамы.
– І не меў пан каханак?
– Не, пані. Гэтак горка перажываў я сваю няволю, што не насмельваўся і глядзець на іншых кабет. Дык няхай пані прызнае, што я маю права быць суровым суддзёй пані баранесе, якая ведала, калі прадавалася, што не купляюць у яе… працоўную сілу.
– Брыдота! – прашаптала пані Вансоўская, не падымаючы вачэй.
– Так, пані. Гандаль людзьмі – брыдкая рэч, а яшчэ больш брыдкі гандаль самім сабою. Але найвялікшая ганьба, калі пры гэткіх здзелках яшчэ і стараюцца адурыць. Калі гэткія рэчы выкрываюцца, наступствы вельмі прыкрыя для ашуканца.
Нейкі час абое сядзелі моўчкі. Пані Вансоўская была злосная, Вакульскі пахмурны.
– Не!.. – выгукнула яна раптам. – Я мушу выцягнуць з пана канкрэтны адказ…
– Наконт чаго?
– Пытанні ёсць, і пан мне адкажа на іх ясна і дакладна.
– Гэта іспыт?
– Нешта падобнае.
– Слухаю пані.
Здавалася, што яна вагаецца, але перамагла сябе і запыталася:
– Дык пан перакананы, што барон меў права адпрэчыць і зняславіць кабету?..
– Якая яго падманула?.. Меў.
– Што пан называе падманам?
– Тое, што яна прымала каханне барона, нягледзячы на той пункцік, як пані кажа, да пана Старскага.
Пані Вансоўская прыкусіла вусны.
– А колькі ў барона было такіх пункцікаў?..
– Пэўна, столькі, колькі надаралася зручных момантаў і ахвоты, – адказаў Вакульскі. – Але барон не прыкідваўся нявінным, не лічыўся ўзорам маральнае чысціні і не прэтэндаваў на агульную пашану за гэта… Каб барон скарыў нечае сэрца, сцвярджаючы, што ён ніколі не меў каханак, у той час, як меў іх, дык ён быў бы гэткім жа ашуканцам. Праўда, гэта было няважна, цікавасць да яго выклікала нешта іншае.
Пані Вансоўская ўсміхнулася.
– Пан проста цудоўны!.. Якая ж кабета сцвярджае ці пераконвае вас, што не мела каханкаў?..
– Ах, дык і пані іх мела?..
– Мой пане!.. – выбухнула ўдоўка і ўскочыла.
Але ў той жа міг схамянулася і холадна прамовіла:
– Хацелася б крыху большае ветлівасці з боку пана ў выбары аргументаў.
– Навошта?.. Правы ў нас роўныя, а я зусім не абражуся, калі пані спытае мяне пра колькасць маіх каханак.
– Мне гэта не цікава.
Яна пачала хадзіць па салоне. Вакульскі пачаў было злавацца, але авалодаў сабою.
– Так, прызнаюся пану, – загаварыла яна, – я не свабодная ад прымхлівасці. Ну, але я ўсяго толькі кабета, маю лягчэйшы мозг, як сцвярджаюць вашы антраполагі, зрэшты, мяне няволяць свецкія сувязі, кепскія звычкі і Бог ведае што яшчэ!.. Аднак, каб я была разумным мужчынам, як пан, і верыла ў прагрэс, як пан, я змагла б атрэсціся ад гэтага пылу. Дастаткова было б прызнаць, што раней ці пазней кабеты павінны зрабіцца раўнапраўнымі з мужчынамі.
– Нібы ў тым, што тычыцца памянёных пункцікаў?..
– Нібы… нібы… – перадражніла яна яго. – Якраз і кажу пра тыя пункцікі…
– О!.. Дык нашто доўга чакаць сумнеўных вынікаў прагрэсу? Ужо і сёння вельмі шмат ёсць кабет, раўнапраўных у гэтым сэнсе. Яны нават ствараюць магутную партыю, называючыся какоткамі… Але дзіўная рэч, карыстаючыся прыхільнасцю мужчын, гэтыя пані не цешацца зычлівасцю кабет…
– З панам немагчыма размаўляць, пане Вакульскі, – не стрывала ўдоўка.
– Немагчыма размаўляць са мною пра раўнапраўе кабет?
У пані Вансоўскае заблішчалі вочы і кроў ударыла ў твар. Яна раптам села ў фатэль, пляснула рукою па стале і выбухнула:
– Добра!.. Не пабаюся панскага цынізму і буду гаварыць нават пра какотак… Няхай жа пан ведае, што трэба мець вельмі нізкую душу, каб параўноўваць тых дам, якія прадаюцца за грошы, з кабетамі пачцівымі і шляхетнымі, якія аддаюцца кахаючы…
– Кожны раз выглядаючы нявінніцамі…
– Нават і так.
– І па чарзе падманваючы тых прасцячкоў, якія ў гэта вераць.
– А якая ім ад гэтага шкода?.. – спытала яна, задзірліва пазіраючы яму ў вочы.
Вакульскі сціснуў зубы, але авалодаў сабой і працягваў спакойна:
– Калі ласка, пані, а што сказалі б пра мяне мае супольнікі, каб я, замест маёнтка за шэсцьсот тысяч рублёў, як было абвешчана, меў толькі шэсць тысяч і не пратэставаў супраць чутак?.. Усяго два нулі розніцы…
– Не будзем тут пра грошы, – перапыніла яго пані Вансоўская.
– Ага!.. Тады што сама пані сказала б пра мяне, каб я, напрыклад, зваўся не Вакульскі, а Валкускі, і з дапамогаю гэткае дробнае перастаноўкі літар скарыстаўся зычлівасцю нябожчыцы старшынёвай, убіўся да яе ў дом і меў гонар пазнаёміцца там з пані?.. Як бы пані назвала гэтакі спосаб знаёмства з людзьмі ды выкарыстання прыхільнасці да сябе?
На выразным твары пані Вансоўскае з’явілася агіда.
– Але ж якую гэта мае сувязь з баронам ды ягонай жонкаю?.. – адказала яна.
– Мае, пані, тую сувязь, што нікому на свеце нельга прыўлашчваць чужыя тытулы. Какотка, зрэшты, можа быць патрэбнаю асобаю, і ніхто не мае права папракаць яе за выбраную прафесію. Але какотка, якая прыкрываецца бязгрэшнасцю, падманшчыца. А за гэта ўжо можна папракаць.
– Брыдота!.. – выбухнула пані Вансоўская. – Але добра… Што, аднак, траціць свет ад падобнае містыфікацыі, можа мне пан сказаць?..
У Вакульскага зашумела ў вушах.
– Свет часам набывае, калі нейкі наіўны прасцяк упадае ў шаленства, званае ідэальным каханнем, і, не зважаючы на небяспеку, здабывае маёнтак, каб пакласці яго да ног свайго ідэалу… Але свет часам губляе, калі гэты шаленец выкрывае містыфікацыю і падае зламаны, ні да чаго ўжо не здольны… Альбо… не распарадзіўшыся маёнткам, кідаецца… Гэта значыць, страляецца з панам Старскім і атрымлівае куляю па рэбрах… Свет губляе, пані, адно забітае шчасце, адзін звіхнуты розум, а можа, і чалавека, які мог нешта зрабіць…
– Гэты чалавек сам вінаваты…
– Мае пані рацыю: была б яго віна, каб ён не спахапіўся і не зрабіў таго, што барон, каб скончыць са сваім ачмурэннем ды ганьбаю…
– Карацей кажучы, – сказала пані Вансоўская, – мужчыны добраахвотна не адмовяцца ад сваіх дзікунскіх прывілеяў…
– Гэта значыць, не прызнаюць прывілею прытворства…
– А хто адмаўляецца ад пагаднення, – працягвала яна запальчыва, – той пачынае вайну…
– Вайну?.. – зарагатаў Вакульскі.
– Так, вайну, у якой пераможа мацнейшы… А хто мацнейшы, гэта мы яшчэ пабачым!.. – выгукнула яна і ўзмахнула рукою.
У гэты момант здарылася нечаканае. Вакульскі раптоўна схапіў пані Вансоўскую за абедзве рукі і трымаў іх, сціскаючы трыма пальцамі.
– Што гэта?.. – спытала яна і збляднела.
– Выпрабоўваем, хто мацнейшы, – адказаў ён.
– Ну… досыць жартаў…
– Не, пані, гэта не жарты… Гэта толькі сціплы доказ, што я з пані, як з прадстаўніком ваяўнічага боку, магу зрабіць, што захачу. Так ці не?
– Пусці мяне, пан, – закрычала яна, вырываючыся, – бо я паклічу слуг…
Вакульскі пусціў яе рукі.
– Ах, дык пані будзе змагацца з намі з дапамогаю слуг?.. Цікава, якую ўзнагароду пажадалі б тыя саюзнікі, і ці дазволілі б яны не выканаць абяцання?
Пані Вансоўская глядзела на яго спачатку з лёгкаю трывогаю, потым з абурэннем, нарэшце, паціснула плячыма.
– Ведае, пан, што я падумала?
– Што я ашалеў.
– Нешта падобнае.
– У прысутнасці гэткае прыгожае кабеты і падчас гэткае дыскусіі было б гэта вельмі натуральна.
– Авой, які плоскі камплімент!.. – скрывілася яна. – У кожным разе, я мушу прызнаць, што пан стаў крыху больш мне імпанаваць. Крыху… Але не вытрымаў пан сваёй ролі, пусціў мае рукі, і гэта мяне расчаравала…
– О, я здолеў бы і не пусціць рук.
– А я здолела б паклікаць слуг…
– А я, перапрашаю пані, здолеў бы заціснуць пані вусны…
– Што?.. Што?..
– Тое, што я сказаў.
Пані Вансоўская зноў здзівілася, склала рукі па-напалеонаўску і прамовіла:
– Але ж пан або надта арыгінальны, або… вельмі кепска выхаваны…
– Я зусім не выхаваны.
– Дык, насамрэч, арыгінальны, – ціха сказала яна. – Шкада, што не паказаў сябе пан Бэлі з гэтага боку…
Вакульскі аслупянеў. Не ад гуку гэтага імя, а з-за тае перамены, якую ён адчуў. Панна Ізабэла была яму зусім абыякавая, затое цікавіла яго пані Вансоўская.
– Трэба было, – працягвала яна, – адразу выкласці ёй свае тэорыі так, як мне, і не здарылася б паміж вамі ніякага непаразумення.
– Непаразумення?.. – вырачыў вочы Вакульскі.
– Так, бо наколькі я ведаю, яна гатовая пану прабачыць.
– Прабачыць?..
– Пан, як я заўважаю, яшчэ не зусім… ачуняў, – працягвала яна абыякавым тонам, – калі не разумее, што ўчынак быў брутальны… У параўнанні з эксцэнтрычнасцю пана нават барон выглядае элегантна.
Вакульскі зарагатаў гэтак шчыра, што ажно сам спалохаўся. Пані Вансоўская працягвала:
– Смяешся, пан?.. Я не злуюся, бо разумею гэткі смех… Гэта найвышэйшая ступень пакутаў…
– Клянуся пані, што я першы раз за дзесяць тыдняў адчуваю сябе свабодным… Божа мой!.. За некалькі гадоў… Здаецца, што ўвесь гэты час свідравала мне мозг нейкае страшнае насланнё, і хвіліну таму яно знікла… Цяпер я адчуў, што выратаваны, і гэта дзякуючы пані…
Голас у яго дрыжаў. Ён узяў яе за абедзве рукі і цалаваў амаль з жарсцю. Пані Вансоўскай падалося, што яна заўважыла ў яго вачах слёзы.
– Выратаваны!.. Вызвалены!.. – паўтараў ён.
– Паслухай мяне, пан, – сказала яна холадна, забіраючы рукі. – Мне вядома ўсё, што паміж вамі адбылося… Нядобра было пану падслухоўваць размову, якую я ведаю ва ўсіх дробязях і нават больш… Гэта быў самы звычайны флірт…
– Ах, дык гэта флірт?.. – перапытаў ён. – Калі кабета прыпадабняецца рэстараннай сурвэтцы і кожны можа выцерці ёю вусны ды пальцы?.. Гэта флірт, вельмі добра!..
– Маўчы, пан! – закрычала пані Вансоўская. – Я не спрачаюся, Бэла нядобра зрабіла, але… Няхай пан сам сябе асудзіць, калі я скажу, што яна пана…
– Кахае, так? – спытаў Вакульскі і пагладзіў сваю бараду.
– О, кахае!.. Пакуль толькі шкадуе пана… Я не хачу ўваходзіць у падрабязнасці, але дастаткова сказаць, што я бачылася з ёю гэтыя два месяцы амаль кожны дзень… Яна ўвесь час гаварыла толькі пра пана, і самым улюбёным месцам яе шпацыраў з’яўляецца… заслаўскі замак!.. Колькі раз здаралася ёй прысесці на тым вялікім камені з надпісам, столькі раз я бачыла слёзы ў яе на вачах… І аднойчы яна разрыдалася, паўтараючы выбітыя там радкі:
Буду заўжды неразлучным з табою,
Бо ўсюды частку душы я пакінуў[252].
Што цяпер пан скажа?..
– Што я скажу?.. – паўтарыў Вакульскі. – Прысягаю, што адзінае маё жаданне ў гэты момант – каб знік нават самы нязначны след майго знаёмства з паннаю Ленцкаю… А перадусім той няшчасны камень, які яе так расчульвае.
– Каб была гэта праўда, у мяне быў бы цудоўны доказ мужчынскага пастаянства…
– Не. Мела б пані толькі доказ цудоўнага выздараўлення, – казаў ён узрушана. – О, Божа!.. Мне здаецца, што мяне загіпнатызавалі на некалькі гадоў, а два месяцы таму нехта няўмела абудзіў, і толькі цяпер я апрытомнеў насамрэч…
– Пан кажа гэта ўсур’ёз?
– Ці пані не бачыць, які я шчаслівы?.. Стаў сабою і зноў буду належаць сам сабе… Няхай пані паверыць, гэта цуд, якога я абсалютна не разумею, але які можна параўнаць толькі з абуджэннем з летаргічнага сну чалавека, які ўжо быў пакладзены ў труну.
– І чаму пан гэта прыпісвае?.. – спытала яна, апускаючы вочы.
– Перадусім пані… А яшчэ таму, што я наважыўся, нарэшце, ясна сказаць некаму тое, што разумеў даўно, але баяўся прызнаць. Панна Ізабэла – гэта кабета іншага гатунку, чым я, і толькі нейкае замарачэнне вінаватае, што прыкіпеў я да яе.
– І што пан будзе рабіць пасля гэтага цікавага адкрыцця?
– Не ведаю.
– Не знайшоў пан, часам, кабету свайго гатунку?..
– Магчыма.
– Пэўна, гэта тая пані… пані Ста… Ста…
– Стаўская?.. Не. Хутчэй, гэта сама пані.
Пані Вансоўская паднялася з фатэля з вельмі ўрачыстым выразам на твары.
– Разумею, – сказаў Вакульскі. – Мне ўжо час ісці?
– Як пан лічыць патрэбным.
– І ў вёску мы разам не паедзем?
– О, гэта дакладна… Хоць… я не забараняю пану прыехаць туды… Будзе ў мяне, відаць, Бэла…
– У такім разе я не прыеду.
– Я не сцвярджаю, што яна абавязкова будзе.
– І заспеў бы я адну пані?
– Магчыма.
– І мы гутарылі б, як сёння?.. Ездзілі б на прагулкі, як некалі?..
– І сапраўды пачалася б паміж намі вайна, – адказала пані Вансоўская.
– Папярэджваю, я б яе выйграў.
– Праўда?.. І, можа, зрабіў бы мяне пан сваёй нявольніцаю?..
– Так. Пераканаў бы, што здольны ўладарыць, а пазней у нагах пані маліў, каб узяла мяне да сябе ў няволю…
Пані Вансоўская павярнулася і выйшла з салона. На парозе яна на момант затрымалася і з лёгкім паваротам галавы сказала:
– Да пабачэння… у вёсцы…
Вакульскі выйшаў ад яе, як п’яны. Ужо на вуліцы ён прашаптаў: “Несумненна, з’ехаў з глузду”.
Ён азірнуўся і ўбачыў у акне пані Вансоўскую, якая стаяла за фіранкаю.
“Да ліха! – падумаў ён. – Ці не шукаю я зноў нейкіх прыгодаў на сваю галаву?..”
Ідучы вуліцаю, Вакульскі працягваў разважаць пра тую змену, якая ў ім адбылася.
Яму здавалася, што з бездані, дзе вечная ноч і вар’яцтва, ён выбраўся на белы свет. Сэрца білася мацней, дыхалася вальней, думалася надзвычай лёгка. Ён адчуваў бадзёрасць ва ўсім целе і неапісальную цішыню ў сэрцы.
Яго ўжо не раздражняў вулічны рух, а тлум цешыў. Неба мела больш насычаны колер, дамы стаялі раўней, і нават пыл у струменях святла быў прыгожы.
Аднак найбольшае задавальненне выклікаў у яго выгляд маладых кабет, іх грацыёзныя рухі, усмешлівыя вусны ды вабныя позіркі. Пара з іх зазірнула яму ў вочы – ласкава і какетліва. Сэрца ў Вакульскага забілася хутчэй, яго нібы токам працяла з галавы да пят.
“Прыгожыя!..” – падумаў ён.
Але зараз жа ён прыгадаў пані Вансоўскую і мусіў прызнаць, што сярод гэтых прыгожых яна самая прыгожая, а што яшчэ лепей – самая спакуслівая. Якая фігура, якая цудоўная лінія нагі, якая жаноцкасць! А вочы то аксамітныя, то блішчаць, як брыльянты… Ён гатовы быў прысягнуць, што адчувае пах яе цела, чуе нярвовы смех, і ў галаве яму зашумела ад аднае думкі пра збліжэнне з ёю.
“Якая мусіць быць гарачая кабета!.. – прашаптаў ён. – Аж на зуб просіцца…”
Уява пані Вансоўскае гэтак непакоіла і не адпускала яго, што раптам прыйшла яму ідэя наведаць яе яшчэ раз сёння ўвечары.
“Сама ж запрасіла мяне на абеды і вячэры, – думаў ён, адчуваючы, як закіпае кроў. – Прагоніць?.. Навошта тады какетнічала са мною? Тое, што я ёй не агідны, вядома даўно, ну а ў мяне, далібог, жаданне, якое таксама нечага вартае…”
Потым прайшла побач нейкая шатэнка з вачыма, як фіялкі, ды з дзіцячым тварыкам, і Вакульскі са здзіўленнем заўважыў, што і гэта яму падабаецца.
За некалькі крокаў ад свайго дома ён пачуў, як яго клічуць:
– Гэй! Гэй! Стах!
Вакульскі павярнуў галаву і на верандзе цукерні ўбачыў Шумана. Доктар пакінуў няскончаную порцыю марозіва, кінуў на стол срэбраную саракоўку[253] і падбег да яго.
– А я ішоў да цябе, – сказаў Шуман, беручы яго пад руку. – Ведаеш, даўно ўжо не бачыў я гэткае юрлівае міны ў цябе… Гатовы паспрачацца, вернешся ты ў суполку і паразганяеш гэтых пархатых… Што за фізіяномія… Што за позірк… Пазнаю колішняга Стаха!..
Яны мінулі браму, падняліся сходамі і ўвайшлі ў кватэру.
– А я думаў якраз, што пагражае мне нейкая новая хвароба… – сказаў Вакульскі са смехам. – Хочаш цыгару?
– Чаму пагражае?
– Уяві сабе, ужо амаль гадзіну маю ўвагу прыцягваюць кабеты… Я здзіўлены…
Шуман гучна зарагатаў.
– Дзівак!.. Замест таго, каб банкет арганізаваць ад радасці, гэты зноў баіцца… А што ж ты думаў, тады ты быў здаровы, калі вар’яцеў за адною кабетаю? Сёння ты здаровы, калі ўсе яны табе падабаюцца, а галоўнае, каб спадабацца той, якая найбольш табе да густу.
– Уга! А каб была гэта велікасвецкая дама?..
– Тым лепш… тым лепш… Велікасвецкія дамы больш прывабныя за пакаёвак. Жаноцкасць моцна выйграе ад шыку ды інтэлігентнасці, а перадусім ад непрыступнага выгляду. Якія чакаюць цябе ўзвышаныя размовы, якія поўныя годнасці позы… Ах, скажу я табе, гэта ўтрая цікавей…
Па твары Вакульскага прабег цень.
– Ого! – закрычаў Шуман. – Ужо бачу, як вытыркаецца доўгае вуха таго патрона, на якім Хрыстос уязджаў у Ерусалім[254]. Чаго ты касавурышся? Якраз да велікасвецкіх дам і варта заляцацца, бо яны маюць цікаўнасць да паспалітых…
У вітальні празвінеў званок і ўвайшоў Ахоцкі. Ён зірнуў на захопленага, нібы цецярук, сваёй прамоваю доктара і спытаў:
– Я не перашкодзіў панам?
– Не, – адказаў Шуман, – нават дарэчы. Якраз раю Стаху лячыцца новым раманам, але… не ідэальным. Досыць ужо ідэалаў...
– А ведае пан, такую лекцыю і я гатовы паслухаць, – сказаў Ахоцкі, запальваючы прапанаваную цыгару.
– Лухта! – прамармытаў Вакульскі.
– Не лухта, – працягваў Шуман. – Чалавек з тваім капіталам можа быць цалкам шчаслівы, бо для разумнага шчасця трэба: кожны дзень есці розныя стравы, мець чыстую бялізну і кожны квартал змяняць месца жыхарства ды каханак.
– Кабет не хопіць, – заўважыў Ахоцкі.
– Пакінь, пан, гэта кабетам, а яны ўжо самі парупяцца, каб недахопу не было, – іранічна адказаў доктар. – Тая ж самая дыета, прынамсі, стасуецца і да кабет.
– Квартальная дыета?.. – удакладніў Ахоцкі.
– Вядома. Чым яны горшыя за нас?
– А што добрага ў тым дзясятым або дваццатым квартале!
– Забабоны!.. Забабоны… – казаў Шуман. – Пан і не заўважыць, і не здагадаецца, асабліва калі запэўняць, што ты ўсяго толькі другі або чацвёрты і сапраўды каханы, менавіта той, даўно чаканы…
– Ты не быў у Жэцкага? – спытаў Вакульскі ў Шумана.
– Ну, гэтаму ўжо рэцэпт на каханне я не выпішу, – адказаў доктар. – Стары пантофель…
– Сапраўды, ён кепска выглядае, – дадаў Ахоцкі.
Размова перайшла на здароўе Жэцкага, потым на палітыку, нарэшце, Шуман развітаўся.
– Цынік!.. – прамармытаў Ахоцкі.
– Не любіць кабет, – патлумачыў Вакульскі, – а ў дадатак бывае не ў гуморы, дык нясе лухту.
– Часам слушную, – сказаў Ахоцкі. – Але ж як своечасова прагучалі яго высновы… Бо акурат гадзіну таму была ў мяне ўрачыстая размова з цёткаю, якая стараецца ўгаварыць мяне ажаніцца і даводзіць, што нічога гэтак не ўзносіць чалавека, чым каханне высакароднае кабеты…
– Шуман не пану даваў парады, а мне.
– Якраз пра пана я і думаў, пакуль слухаў яго. Уяўляю сабе, якое ўражанне зрабіў бы пан, мяняючы кожны квартал каханак. Каб сталі перад панам усе тыя людзі, што сёння працуюць дзеля павелічэння панскіх даходаў, і спыталі: “Чым аддзячыш нам за нашу працу, нэндзу ды кароткае жыццё, частку якога мы ахвяруем табе?.. Працаю, парадаю, прыкладам?..”
– Якія гэта людзі працуюць сёння дзеля маіх даходаў? – запытаўся Вакульскі. – Я адышоў ад спраў і ўклаў капітал у паперы.
– Калі ў каштоўныя паперы, што выдаюць земскія крэдытныя ўстановы ды іпатэчныя банкі, дык працэнты ад іх плацяць парабкі, а калі ў нейкія акцыі, дык зноў жа, на дывідэнды працуюць чыгунка, цукровыя заводы, ткацкія фабрыкі, нават і не ведаю, хто там яшчэ…
Вакульскі яшчэ больш спахмурнеў.
– Прашу прабачэння, пане, – сказаў ён, – навошта мне думаць пра гэта?.. Тысячы людзей жывуць з працэнтаў і не заклапочаныя падобнымі пытаннямі.
– Анягож, – прамармытаў Ахоцкі. – Іншыя, а не пан. У мяне ўсяго паўтары тысячы рублёў у год, аднак часцяком прыходзіць мне ў галаву, што за гэтыя грошы можа пражыць тры або чатыры чалавекі, што нейкія людцы саступаюць мне месца на свеце або мусяць абмяжоўваць свае і так абмежаваная патрэбы…
Вакульскі прайшоўся па пакоі.
– Калі пан едзе за мяжу? – раптам спытаў ён.
– Гэтага я не ведаю, – змрочна адказаў Ахоцкі. – Мой даўжнік не верне мне грошы раней, чым праз год. Ён аддасць мне толькі з новае пазыкі, а сёння гэта нялёгка.
– Вялікі дае працэнт?
– Сем.
– А пэўны гэты ўклад?
– Першы нумар пасля Крэдытнага Таварыства.
– А каб я даў пану гатоўку і пераняў правы пана, паехаў бы пан за мяжу?
– У той жа момант! – закрычаў Ахоцкі, зрываючыся з месца. – Што я тут выседжу?.. Хіба з гора ажанюся па разліку, а пазней буду рабіць так, як раіў Шуман.
Вакульскі задумаўся.
– Што ж кепскага ў тым, каб ажаніцца? – сказаў ён ціха.
– Не дуры галавы, пане!.. Бедную жонку я не пракармлю, а багатая ўцягнула б мяне ў сібарыцтва, і кожная была б магілаю для маіх планаў. Мне трэба нейкая незвычайная кабета, якая б разам са мною працавала ў лабараторыі. А дзе я такую знайду?..
Ахоцкі, падобна, дарэшты страціў гумор і сабраўся ісці.
– Дык, каханы пане, – сказаў на развітанне Вакульскі, – справу панскага капіталу мы абгаворым. Я гатовы фінансаваць пана.
– Як пан хоча… Я не прашу, але быў бы вельмі ўдзячны.
– Калі пан едзе ў Заславак?
– Заўтра. Якраз заходзіў развітацца.
– Дык справа вырашаная, – скончыў, паціскаючы яму руку, Вакульскі. – У кастрычніку будзе пан мець грошы.
Пасля таго, як Ахоцкі пайшоў, Вакульскі лёг спаць. Меў ён сёння гэтулькі моцных і супярэчлівых уражанняў, што цяжка было іх упарадкаваць. Яму здавалася, што з моманту разрыву з паннай Ізабэлай падымаўся ён на нейкую страшную вышыню над прорваю і толькі сёння дасягнуў вяршыні, нават перайшоў на другі схіл, адкуль праглядаліся яшчэ невыразныя, але зусім новыя далягляды.
Нейкі час аж раілася ў яго перад вачыма ад кабет, між якімі ён раз за разам вылучаў пані Вансоўскую. То зноў бачыў ён грамады парабкаў і работнікаў, якія пыталіся: што ён даў ім узамен за сваё багацце.
Нарэшце ён моцна заснуў.
Прачнуўся а шостай рана, і першым яго ўражаннем было адчуванне свабоды і бадзёрасці.
Праўду кажучы, уставаць яму не хацелася, але ён не адчуваў ніякіх пакутаў і не думаў пра панну Ізабэлу. Дакладней, думаў, але мог і не думаць. Як бы там ні было, успаміны пра яе не выклікалі гэткага, як раней, болю.
Але ўжо сама адсутнасць пакутаў устрывожыла яго.
“Можа, мне гэта здаецца?” – падумаў ён.
Ён прыгадаў учорашні дзень. Памяць і логіка служылі яму.
“Можа, і воля вернецца,” – прашаптаў ён.
Каб спраўдзіць гэта, ён пастанавіў праз пяць хвілін устаць, памыцца, апрануцца і адразу ж пайсці на шпацыр у Лазенкі. Ён назіраў за рухам стрэлак гадзінніка і думаў: “Можа, нават і на гэта я ўжо не здольны?..”
Стрэлка адмерала вызначаныя пяць хвілін, і Вакульскі нетаропка, але без затрымкі, устаў. Сам наліў вады ў ванну, памыўся, выцерся, апрануўся і праз паўгадзіны ўжо ішоў у Лазенкі.
Здзівіла яго, што ўвесь гэты час ён думаў не пра панну Ізабэлу, а пра пані Вансоўскую. Вядома, учора адбылася ў ім нейкая перамена. Можа, пачалі дзейнічаць нейкія спаралізаваныя клеткі мозгу?.. Думкі пра панну Ізабэлу страцілі над ім уладу.
“Што за дзіўная блытаніна? – казаў ён. Тую выпхнула пані Вансоўская, а саму паню Вансоўскую можа замяніць любая іншая кабета. Дык я сапраўды вылечыўся ад вар’яцтва…”
Ён абышоў сажалку і абыякава пазіраў на чаўны і лебедзяў. Потым збочыў у прысады да аранжарэі, у якой яны былі тады разам, і сказаў сабе, што… з’есць сняданак з апетытам. Але калі вяртаўся тою самаю дарогаю, дык апанаваў яго гнеў, і з дзікай радасцю зласлівага дзіцяці ён пачаў заціраць нагою свае ранейшыя сляды.
“Каб мог я ўсё гэтак сцерці… І той камень, і руіны… Усё!”
У гэты момант ён адчуў, як абуджаецца ў ім неадольны інстынкт разбурэння, і ўсвядоміў, што гэта нездаровы сімптом. Тым часам вельмі прыемна было, што ён не толькі можа спакойна думаць пра панну Ізабэлу, але нават ставіцца да яе справядліва.
“Чаго я злаваўся? – казаў ён сам сабе. – Каб не яна, не здабыць бы мне капіталу… Каб не яна са Старскім, не паехаў бы я ўпершыню ў Парыж і не пазнаёміўся б з Гейстам, а пад Скернавіцамі не вылечыўся б ад свае дураты… Яны ж мае дабрадзеі, гэтае панства… Я мусіў бы нават сасватаць гэтую дабраную пару, прынамсі, паспрыяць ім у спатканнях… І падумаць толькі, што на гэткім угнаенні ўзрасце некалі метал Гейста!..”
У Батанічным садзе было ціха і амаль пуста. Вакульскі мінуў студню і павольна пачаў падымацца на цяністы пагорак, дзе год таму размаўляў з Ахоцкім. Яму здавалася, што пагорак з’яўляецца фундаментам доўгае лесвіцы, наверсе якое бачылася яму скульптура таямнічае багіні. Убачыў ён яе і зараз ды з хваляваннем прыкмеціў, як хмары над яе галавою на момант разышліся. Ён угледзеў суровы твар, развеяныя валасы, а пад медным чалом – жывыя ільвіныя вочы, які пазіралі на яго з выразам неадольнае сілы. Ён вытрымаў гэты позірк і раптам адчуў, што расце… расце… што ўжо ўздымаецца галавою над дрэвамі парку і дасягае амаль босых ног багіні.
Тады ён зразумеў, што гэтая чыстая і вечная прыгажосць – гэта слава, і на яе вышынях няма іншае ўцехі, апроч працы ды небяспекі.
Дадому ён вярнуўся сумны, але па-ранейшаму спакойны. Яму здавалася, што гэты шпацыр звязаў вузлом ягоную будучыню і тыя даўнія часы, калі ён быў яшчэ толькі крамнікам і студэнтам ды майстраваў вечны рухавік або балоны, якімі можна кіраваць. А больш за дзесяць апошніх гадоў былі нейкім перапынкам ды стратаю часу.
“Мушу некуды паехаць, – сказаў ён сам сабе, – мушу адпачыць, а потым… пабачым…”
Пасля абеду ён паслаў доўгую дэпешу Сузіну ў Маскву.
На другі дзень а першай, калі Вакульскі снедаў, увайшоў лёкай пані Вансоўскае і паведаміў, што пані чакае ў калясцы.
Ён выбег на вуліцу, пані Вансоўская загадала яму сядаць.
– Забіраю пана з сабою, – сказала яна.
– На абед?
– О не. Толькі ў Лазенкі. Бяспечней мне будзе размаўляць з панам пры сведках і на свежым паветры.
Але Вакульскі быў пахмурны і маўчаў.
У Лазенках яны вылезлі з каляскі, мінулі палац і пачалі шпацыраваць прысадамі, што вялі да амфітэатра.
– Пан мусіць вяртацца да людзей, пане Вакульскі, – пачала пані Вансоўская. – Пан мусіць пазбыцца апатыі, бо іначай не атрымае пан салодкае ўзнагароды…
– О! Ажно так…
– Несумненна. Усе дамы заінтрыгаваныя панскімі пакутамі, і я гатова паспрачацца, не адна пажадала б узяць на сябе ролю суцяшальніцы.
– Або пабавіцца маімі гэтак званымі пакутамі, як кот зраненай мышшу?.. Не, пані, не трэба мне гэткія суцяшальніцы, бо я зусім не пакутую, а ўжо менш за ўсё – па віне дам…
– Вось як! – выгукнула пані Вансоўская. – Нехта падумаў бы, што не зваліў пана ўдар дробнага кулачка…
– І слушна падумаў бы, – адказаў Вакульскі. – Калі і збіваў мяне хто з ног, дык, прынамсі, не чароўны пол, а… Ці я ведаю што?.. Можа, лёс.
– Але, як заўсёды, з дапамогаю кабеты…
– Галоўнае, маёй уласнай наіўнасці. Ужо з дзяцінства шукаў я нечага вялікага і нязнанага, а з-за таго, што на кабет глядзеў толькі праз акуляры паэтаў, якія іх залішне ўсхвалялі, дык я і думаў, што кабета – гэта тое вялікае і нязнанае. Я памыліўся, і ў гэтым сакрэт майго часовага замарачэння, якое, зрэшты, дапамагло мне ўзбагаціцца.
Пані Вансоўская спынілася сярод прысадаў.
– Ну, каб пан ведаў, я ўражаная!.. Нядаўна мы бачыліся, а сёння пан ужо паўстае перада мною зусім іншым чалавекам – падобным да старога дзеда, які ігнаруе кабет…
– Гэта не ігнараванне, гэта вынік назіранняў.
– Якіх менавіта?.. – спытала пані Вансоўская.
– Што ёсць гатунак кабет, якія жывуць на свеце толькі дзеля таго, каб хваляваць мужчын і выклікаць у іх жарсць. Гэткім чынам яны з разумных людзей робяць ідыётаў, з сумленных – подлых, а ёлупаў пакідаюць ёлупамі. Вакол іх рой залётнікаў, і дзякуючы гэтаму яны ўздзейнічаюць на нас, нібы гарэмы – на туркаў. Як бачыць пані, дамам няма чаго спачуваць маім пакутам і няма ў іх права бавіцца мною. Гэта да іх кампетэнцыі не належыць.
– І нават адмаўляешся, пан, ад кахання?.. – іранічна спытала Вансоўская.
Вакульскі закіпеў ад гневу.
– Не, пані, – адказаў ён. – Але я маю прыяцеля песіміста, дзякуючы якому ўсвядоміў, што значна выгодней купляць каханне за чатыры тысячы рублёў у год, а вернасць – за пяць тысяч, чым за тое, што мы называем пачуццямі.
– Добрая вернасць! – прашаптала пані Вансоўская.
– Прынамсі, адразу вядома, чаго яна вартая.
Пані Вансоўская падціснула вусны і пайшла да каляскі.
– Пан мусіў бы пачаць прапаведаваць свае новыя погляды.
– Мне, пані, шкада на гэта часу, бо адны іх ніколі не зразумеюць, а іншыя не павераць, пакуль самі не пераканаюцца.
– Дзякуй пану за лекцыю, – азвалася пані Вансоўская праз хвіліну. – Яна зрабіла на мяне гэткае моцнае ўражанне, што я нават не прашу, каб пан завёз мяне дадому… У пана сёння надзвычай кепскі настрой, мяркую, аднак, што гэта міне… Але… але… Вось ліст, – дадала яна, усоўваючы яму ў руку канверт, – няхай пан яго прачытае. Гэта недалікатна з майго боку, але я ведаю, што пан мяне не выдасць, і пастанавіла канчаткова вырашыць непаразуменне паміж панам і Бэлаю. Калі мой намер удасца, дык няхай пан ліст спаліць, а калі не… няхай пан прывязе яго ў вёску… Adieu!
Яна села ў каляску і пакінула Вакульскага сярод дарогі.
“Да ліха! Няўжо я абразіў яе? – спытаў ён сабе. – А шкада, бо вартая граху!..”
Ён павольна ішоў у бок алеі Уяздоўскае і думаў пра паню Вансоўскую.
“Лухта!.. Я ж не збіраюся прызнавацца, што мяне цягне да яе… А зрэшты, хоць бы і трапіў у добры момант, што я мог бы ёй даць?.. Нават не мог бы сказаць, што кахаю яе”.
Ужо дома Вакульскі разгарнуў ліст панны Ізабэлы.
Варта было зірнуць на дарагі некалі почырк, як бліскавіцаю мільганула крыўда, а пах паперы нагадаў тыя даўнія, вельмі даўнія часы, калі яна яшчэ падахвочвала яго арганізоўваць авацыі Росі.
“Гэта была адна з пацерак таго ружанца, на якім панна Ізабэла адпраўляе набажэнства!..” – падумаў ён з усмешкаю.
Пачаў чытаць.
“Мая дарагая Казя! Мяне ўсё так знудзіла, і гэтак разбягаюцца ў мяне думкі, што толькі сёння наважылася я расказаць табе пра падзеі, якія здарыліся пасля твайго ад’езду.
Я ўжо ведаю, колькі мне адпісала цётка Гартэнзія. Шэсцьдзесят тысяч рублёў. Дык разам маем дзевяноста тысяч, якія пачцівы барон абяцае пакласці пад сем працэнтаў, што дасць каля шасці тысяч гадавых. Нічога не зробіш, трэба навучыцца ашчаднасці.
Не магу апісаць, як мне тужліва, а можа, проста сумна… Але і гэта мінецца. Той малады інжынер ходзіць да нас амаль праз дзень. Спачатку ён забаўляў мяне размовамі пра жалезныя масты, а цяпер апавядае, як быў закаханы ў асобу, што выйшла за іншага, і ў якой быў роспачы, як страціў надзею закахацца другі раз, як чакае выздараўлення ў новым, лепшым каханні. Яшчэ ён прызнаўся мне, што папісвае вершыкі, у якіх, аднак, апявае прыгажосць прыроды… Часам аж плакаць мне хочацца ад нуды, але без кампаніі памерла б, вось і раблю выгляд, што слухаю і часам дазваляю яму пацалаваць мне ручку…”
У Вакульскага жылы набрынялі на лбу… Ён перадыхнуў і чытаў далей:
“Тата вельмі нездаровы. Плача па некалькі разоў на дзень, і варта мне на пяць хвілін застацца з ім сам-насам, як ён пачынае дакараць мяне сама ведаеш за каго!.. Не паверыш, як гэта мяне засмучае.
У заслаўскіх руінах я бываю амаль праз дзень. Нешта мяне туды цягне, не ведаю – прыгожая прырода ці адзінота. Калі мне вельмі горка, пішу розныя рэчы алоўкам на шурпатых сценах і з радасцю думаю: як добра, што першы дождж гэта змые.
Але… але… Я забылася пра галоўнае! Ведаеш, маршалак напісаў бацьку ліст, у якім фармальным чынам просіць маёй рукі. Я ўсю ноч плакала, не таму, што магу стаць маршалковай, але… што гэтак лёгка ўсё можа стацца!..
Пяро выпадае ў мяне з рук. Бывай здаровая і ўспамінай часам сваю няшчасную Бэлу”.
Вакульскі скамечыў ліст.
“Гэтак пагарджаю і… яшчэ кахаю яе!” – прашаптаў ён.
Галава ў яго палала. Ён хадзіў па пакоі з кутка ў куток з заціснутымі кулакамі і ўсміхаўся сваім марам.
Надвячоркам ён атрымаў тэлеграму з Масквы, пасля чаго адразу ж паслаў дэпешу ў Парыж. А ўвесь наступны дзень з ранку да вечара ён праседзеў з адвакатам ды натарыусам.
Кладучыся спаць, ён падумаў:
“Ці не раблю я недарэчнасць?.. Ну, на месцы, прынамсі, будзе ясна… Ніхто не ведае, ці можа існаваць метал, лягчэйшы за паветра, але няма сумневаў, што ў гэтым нешта ёсць… Зрэшты, пошукі філасофскага каменю прывялі да з’яўлення хіміі, дык невядома, што будзе цяпер... Але мне ўсё адно, абы вылезці з гэтага балота…”
На трэці дзень апоўдні прыйшоў адказ з Парыжа. Вакульскі перачытаў яго некалькі разоў. А неўзабаве прынеслі ліст ад пані Вансоўскае. На канверце, на месцы пячаткі, была выява сфінкса.
– Так, – з усмешкаю прамармытаў Вакульскі. – Твар чалавечы, а тулава звера. Наша фантазія дадае нам крылаў.
“Няхай пан зойдзе да мяне на пару хвілін, – пісала пані Вансоўская, – бо я маю да пана пільную справу, а сёння хацела ўжо ехаць.”
“Пабачым, што за пільная справа!” – сказаў сабе ён.
Праз паўгадзіны ён быў у пані Вансоўскае. У вітальні стаялі гатовыя ў дарогу куфры. Пані прыняла яго ў сваім працоўным кабінеце, у якім аніводная дробязь не сведчыла на карысць працы.
– А! Вось які пан ветлівы! – абражаным тонам пачала пані Вансоўская. – Учора я цэлы дзень чакала пана, а пан і не паказаўся…
– Але ж пані забараніла мне прыходзіць, – адказаў здзіўлены Вакульскі.
– Як?.. Хіба я не запрасіла пана ў вёску?.. Але добра, буду лічыць гэта праяваю эксцэнтрычнасці… Дарагі пане, маю вельмі пільную справу. Я збіраюся ненадоўга паехаць за мяжу і хачу параіцца з панам, калі лепш купіць франкі – цяпер ці перад выездам?..
– Калі пані едзе?
– Так… у лістападзе… у снежні… – адказала яна і пачырванела.
– Лепш перад самым ад’ездам.
– Пан так мяркуе?
– Прынамсі, усе так робяць.
– Вось я і не хачу рабіць, як усе! – выгукнула пані Вансоўская.
– Дык няхай пані купіць цяпер.
– А калі да снежня франкі патаннеюць?
– Дык няхай пані да снежня не купляе.
– Ну, пане, – сказала яна, раздзіраючы нейкую паперчыну, – добрыя парады! Чорнае – гэта чорнае, а белае – гэта белае… Які з пана мужчына?! Мужчына ва ўсім мусіць быць рашучы, прынамсі, ведаць, чаго ён хоча. Што ж, прынёс мне пан ліст Бэлы?
Вакульскі моўчкі аддаў ліст.
– Насамрэч? – ажывілася яна. – Дык пан яе не кахае?.. У такім выпадку размова пра яе не павінна быць пану прыкраю. Бо я мушу… або памірыць вас, або… Няхай ужо бедная дзяўчына не пакутуе… Пан быў несправядлівы да яе, пакрыўдзіў яе… Гэта несумленна… чалавек з гонарам не можа збаламуціць некага і кінуць, як звялы букет…
– Несумленна! – паўтарыў Вакульскі. – Няхай пані зробіць ласку сказаць, якой сумленнасці можна чакаць ад чалавека, якога кармілі пакутамі ды прыніжэннем або прыніжэннем ды пакутамі?
– Але, разам з тым, меў пан і іншыя хвіліны.
– О так! Пару спагадлівых позіркаў і некалькі зычлівых слоў, якія маюць цяпер у маіх вачах тую загану, што былі… містыфікацыяй.
– Але яна шкадуе, і каб пан вярнуўся…
– Навошта?
– Па яе сэрца і руку.
– Пакідаючы другую для таемных і яўных каханкаў?.. Не, пані, хопіць ужо з мяне гэтых спаборніцтваў, у якіх біты я панамі Старскімі, Шастальскімі ды ліха яго ведае, кім яшчэ… Я не магу граць ролю еўнуха пры сваім ідэале і ў кожным мужчыне бачыць шчаслівага саперніка ці нязванага кузіна…
– Як гэта нізка! – закрычала пані Вансоўская. – Дык за адну памылку, зрэшты, нявінную, пагарджае пан каханаю кабетаю?..
– Што да лічбы гэтых памылак, я, з дазволу пані, маю ўласнае меркаванне, а што да нявіннасці… Божа міласэрны! У якім жа вартым жалю становішчы я апынуўся, што не ведаю нават, як далёка сягала іх нявіннасць.
– Пан дапускае?.. – сурова спытала яго пані Вансоўская.
– Я ўжо нічога не дапускаю, – холадна адказаў Вакульскі. – Толькі ведаю, што на маіх вачах пад выглядам ні да чаго не абавязваючай добразычлівасці займаліся звычайнымі амурнымі справамі, і гэтага мне досыць. Я разумею жонку, якая ашуквае мужа, бо яна можа спасылацца на путы, накладзеныя на яе замужжам. Але каб кабета вольная ашуквала чужога сабе чалавека… Ха-ха-ха! Гэта ўжо, далібог, спартыўны інтарэс… Яна ж мела права выбраць і Старскага, і ўсіх іх… Але не! Ёй трэба было мець у сваёй свіце яшчэ блазна, які сапраўды яе кахаў, які гатовы быў дзеля яе ўсім ахвяраваць… І дзеля апошняга ўжо зганьбавання чалавечае натуры менавіта з маіх грудзей хацела яна зрабіць шырму сабе разам са сваімі каханкамі… Спадзяюся, пані разумее, як мусілі насміхацца з мяне гэтыя людзі, якім гэтак танна абыходзілася яе прыхільнасць?.. І ці адчувае пані, што за пекла быць гэткім пасмешышчам, як я, і быць гэткім няшчасным? Так добра бачыць сваё падзенне і разумець, якое яно незаслужанае?..
У пані Вансоўскае дрыжалі вусны. Яна з цяжкасцю стрымлівалася ад слёз.
– Можа, усё гэта толькі ўяўленні? – заўважыла яна.
– Ну не, пані… Пакрыўджаная годнасць – гэта не ўяўленне.
– І што далей?..
– Што ж далей? – паўтарыў Вакульскі. – Я спахапіўся, авалодаў сабою, і цяпер задаволены хіба тым, што трыумф маіх сапернікаў у адносінах да мяне, прынамсі, не быў поўны.
– І гэта рашэнне нязменнае?..
– Пані, я разумею кабету, якая аддаецца кахаючы або прадаецца з беднасці, але каб зразумець гэту духоўную прастытуцыю, якою займаюцца без патрэбы, холадна, захоўваючы цнатлівы выгляд, на гэта мне ўжо не стае розуму.
– Дык ёсць рэчы, якіх няможна прабачыць? – спытала яна ціха.
– Хто і каму мусіць прабачыць?.. Пана Старскага, хіба, ніколі гэта не абразіць, ён, можа, нават будзе рэкамендаваць сваіх прыяцеляў. А пра рэшту можна і не дбаць, маючы гэткае шматлікае і дабранае таварыства.
– Яшчэ слоўца, – сказала пані Вансоўская, прыўздымаючыся. – Хацелася б ведаць, якія ў пана намеры…
– Каб жа я сам іх ведаў!..
Яна падала яму руку.
– Развітваюся з панам.
– Зычу пані шчасця.
– О!.. – уздыхнула яна і хутка выйшла ў другі пакой.
“Здаецца мне, – думаў Вакульскі, спускаючыся па лесвіцы, – што за раз зрабіў я дзве справы… Хто ведае, ці не мае рацыі Шуман…”
Ад пані Вансоўскае ён паехаў да Жэцкага. Стары крамнік быў вельмі зблажэлы і ледзь падняўся з фатэля. Вакульскага глыбока ўзрушыў яго выгляд.
– Гневаешся, стары, што гэтак даўно я не быў у цябе? – сказаў ён, паціскаючы яму руку.
Жэцкі смутна паківаў галавою.
– Хіба я не бачу, што з табою робіцца… – адказаў ён. – Бяда… бяда на свеце!.. Усё горш ды горш…
Вакульскі сеў і задумаўся, Жэцкі працягваў:
– Бачыш, Стах, я ўжо мяркую, што час мне ісці да Каца ды маіх аднапалчанаў, бо шчэраць недзе на мяне зубы, што я гэтакі маруда… Я ведаю: што б ты ні вырашыў, усё будзе добра ды разумна, але… можа, больш практычна было б табе ажаніцца са Стаўскаю?.. Яна ж нібы твая ахвяра…
Вакульскі схапіўся за галаву.
– Божа міласэрны! – закрычаў ён. – Калі ж я вызвалюся ад гэтых баб?.. Адна ганарылася, што я стаў яе ахвяраю, другая – сама мая ахвяра, трэцяя жадае стаць маёй ахвяраю ды яшчэ знайшоўся б добры дзясятак, кожная з якіх прыняла б мяне і мой маёнтак у ахвяру… Дзіўны край, дзе бабы граюць першую скрыпку і дзе няма іншых клопатаў, а толькі – шчаслівае або няшчаснае каханне!
– Ну, ну, ну, – спыніў яго Жэцкі, – я ж цябе за карак не цягну!.. Толькі, бачыш, казаў мне Шуман, што табе абавязкова трэба завесці раман…
– І-і-і… не!.. Мне, хутчэй, трэба змяніць клімат, і гэтыя лекі я ўжо сабе выпісаў.
– З’язджаеш?
– Не пазней чым заўтра – у Маскву, а потым… куды Бог дасць…
– Маеш нейкія планы? – таямніча спытаў Жэцкі.
Вакульскі задумаўся.
– Яшчэ нічога не ведаю, вагаюся, нібы сяджу на дзесяціпрацэнтнай гушкалцы. Часам, здаецца мне, што зраблю яшчэ нешта дзеля свету…
– Авой, гэта… гэта…
– Але часам агортвае мяне такая дэпрэсія, што хацеў бы, каб зямля праглынула мяне і ўсё, чаго я датыкаўся…
– Гэта неразумна… неразумна… – заўважыў Жэцкі.
– Я ведаю… Дык я б на тваім месцы не дзівіўся ані таму, што імя маё яшчэ прагучыць, ані таму, што скончыў я ўсе рахункі са светам…
Яны сядзелі разам да позняга вечара.
Праз некалькі дзён разышлася чутка, што Вакульскі некуды раптоўна з’ехаў і, можа, назаўсёды.
Усю яго маёмасць, ад мэблі да каляскі з коньмі, набыў Шлянгбаўм за досыць нізкі кошт.