XXXV. ДЗЁННІК СТАРОГА КРАМНІКА


Палітычная сітуацыя вымалёўваецца ўсё выразней. Маем ужо дзве кааліцыі. З аднаго боку – Расія і Турцыя, з другога – Германія, Аўстрыя і Англія. А калі так, значыць, у любы момант можа грымнуць вайна, у якой вырашацца вельмі і вельмі важныя пытанні.

Але ж ці будзе вайна? Бо нас звычайна цешаць пустыя надзеі. Дык вось, будзе! Гэтым разам абавязкова. Лісецкі казаў, што я кожны год прадказваю вайну і ніколі гэта не спраўдзілася. Даўбешка ён, мякка кажучы. У мінулыя гады было адно, а цяпер – зусім іншае.

Напрыклад, чытаю ў газетах, што Гарыбальдзі ў Італіі пачаў агітацыю супраць Аўстрыі. Чаму ж ён пачаў агітацыю?.. Бо спадзяецца на вялікую вайну. Мала таго, праз пару дзён чую, што генерал Тур усімі святымі заклінае Гарыбальдзі, каб той не ўцягваў італьянцаў у клопаты…

Што гэта значыць?.. А гэта, у перакладзе на чалавечую мову, значыць: “Сядзіце, італьянцы, ціха, бо і так Аўстрыя аддасць вам Трыест, калі выйграе. А калі па вашай віне прайграе, дык не атрымаеце нічога…”

Гэта важныя весткі, і агітацыя Джузэпэ Гарыбальдзі, і супакойванні Тура. Джузэпэ агітуе, бо бачыць, што вайна на носе, а Тур супакойвае, бо глядзіць далей.

Калі ж грымне вайна? У канцы чэрвеня або ў ліпені?.. Гэтак бы думаў недасведчаны палітык, але не я. Бо немцы не пачнуць вайну, пакуль не прымуць меры бяспекі адносна Францыі.

А якія ж яны прымуць меры?.. Шпрот кажа, што няма рады, але я бачу, што ёсць спосаб, і вельмі просты. О, Бісмарк – птушка высокага палёту, я пачынаю ў гэтым пераконвацца!..

Бо навошта было немцам і Аўстрыі ўцягваць у свой саюз Англію? Вядома, каб мець прыпарку на Францыю і ўгаварыць яе на аб’яднанне з імі. Зробіцца гэта наступным чынам.

У англійскім войску служыць малады Напалеонак – Люлю, і б’ецца з зулусамі ў Афрыцы, як яго дзед, Напалеон Вялікі. А калі англічане скончаць вайну, яны дадуць Напалеонку генеральскі чын і скажуць французам: “Даражэнькія! Вось, маеце Банапарта, які ваяваў у Афрыцы і праславіўся, як ягоны дзед. Дык зрабіце яго вашым імператарам, як дзеда, а мы вам за гэта дыпламатычна вытаргуем у немцаў Эльзас і Латарынгію. Заплаціце ім некалькі мільярдаў, ну але гэта лепш, чым весці новую вайну, якая будзе каштаваць мільярдаў дзесяць і невядома яшчэ чым скончыцца для вас…”

Французы, вядома, зробяць Люлю імператарам, вернуць свае зямлі, заплацяць, уступяць у хаўрус з немцамі, і тады Бісмарк, у якога столькі грошай, пакажа ім сваё майстэрства!

О, Бісмарк – мудры шчупак, і калі ўжо хто, дык толькі ён можа такі план здзейсніць. Я даўно зразумеў, які гэта спрытнюга, і маю да яго слабасць, хоць і таіўся… Гэта, пане, яшчэ кветачкі!.. Ён жанаты з дачкою Путкамера, а вядома, што Путкамеры – радня Міцкевічам. Дык вось, падобна, у яго вялікая любасць да палякаў, і нават сына наступніка нямецкага трону ён раіў вучыць па-польску…

Ну, а калі сёлета вайны не будзе… Тады застанецца толькі нагадаць Лісецкаму байку пра прасцячка! Ён, бедачына, думае, што палітычная мудрасць у тым, каб ні ў што не верыць. Абы-што!.. Палітыка палягае на камбінацыях, якія вынікаюць з натуральнага парадку рэчаў.

Дык няхай жыве Напалеон IV!.. Хоць ніхто сёння пра яго і думаць не думае, але я, прынамсі, упэўнены, што ў гэтым раскідачы ён адыграе галоўную ролю. А як возьмецца за справу, дык не толькі задарма здабудзе Эльзас і Латарынгію, але яшчэ і межы Францыі можа пасунуць да Рэйну. Абы Бісмарк не спахапіўся раней часу і не скеміў, што выкарыстоўваць Банапарта – гэта тое самае, што льва запрагаць у павозку. Мне здаецца нават, што ў адным гэтым Бісмарк пралічыцца. І, праўду кажучы, я не буду шкадаваць, бо ніколі не меў да яго даверу.


- - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - --


Нешта здароўе маё не надта. Не скажу, каб балела мне нешта, але вось так… Хадзіць шмат не магу, апетыт страціў, нават не вельмі хочацца мне пісаць.

У краме ўжо амаль няма чаго мне рабіць, бо там распараджаецца Шлянгбаўм, а я, нібы пятае кола ў возе, заканчваю справы Стаха. Да кастрычніка Шлянгбаўм мусіць канчаткова разлічыцца з намі. Без кавалка хлеба я не застануся, бо пачцівы Стах забяспечыў мяне пажыццёвай пенсіяй у паўтары тысячы рублёў. Але як падумаеш, што хутка застанешся пустым месцам у краме, ніякага права не будзеш мець… Не варта і жыць… Каб не Стах ды Напалеонак… часам, гэтакі гнятлівы настрой, зрабіў бы сабе што… Хто ведае, стары мой сябра Кац, ці не зрабіў ты разумней за ўсіх? Не маеш, праўда, ужо ніякіх надзей, але не баішся ўжо і падману… Я не сцвярджаю, што сам яго баюся, бо, прынамсі, ані Вакульскі, ані Банапарт… Але заўсёды… так нешта…

Які я стомлены, цяжка мне ўжо нават пісаць. Так бы некуды і паехаў… Божа мой, дваццаць гадоў не вытыркаў я носа за варшаўскія рагаткі!.. А гэтак мяне часам цягне хоць раз яшчэ перад смерцю зірнуць на Венгрыю… На даўнія палі бітваў, дзе засталіся косці камрадаў… Гэй, Кац, гэй, Кац!.. памятаеш той дым, той свіст, тыя сігналы?.. Якая трава была тады зялёная і як свяціла нам сонца!..

Няма рады, мушу выбрацца ў падарожжа, паглядзець на горы і лясы, пагрэцца на сонцы, падыхаць паветрам шырокіх раўнін ды пачаць новае жыццё. Можа, нават перабрацца некуды ў правінцыю, бліжэй да пані Стаўскае, бо што яшчэ застаецца пенсіянеру?..

Гэты Шлянгбаўм – дзіўны чалавек. Ніколі б не падумаў, ведаючы яго ўбогім, што ён здольны гэтак задзіраць нос. Як бачу, праз Марушэвіча ён ужо завёў знаёмства з баронамі, праз баронаў – з графамі, і не можа даступіцца яшчэ толькі да князя, які з жыдамі надта ветлівы, але і дужа непрыступны.

І пакуль Шлянгбаўм лычык задзірае, у горадзе на жыдоў – крык. Варта мне зайсці на піва, заўсёды нехта нападае на мяне і сварыцца, што Стах прадаў краму жыдам. Радца наракае, што жыды забіраюць трэцюю частку яго пенсіі. Паслухаць Шпрота, дык справы ў яго не ідуць з-за жыдоў. Лісецкі плача, бо Шлянгбаўм звальняе яго з працы пасля Святога Яна, а Клейн маўчыць.

Ужо і ў газетах пачынаюць пісаць супраць жыдоў, а што яшчэ больш дзіўна, сам доктар Шуман, хоць і старазаконны, завёў раз са мною такую гутарку:

– Пабачыш, пан, праз некалькі гадоў дачакаюцца жыды авантуры.

– Прашу прабачэння, – кажу я, – але ж доктар іх нядаўна хваліў?..

– Хваліў, бо гэта геніяльная раса, але натура ў іх подлая. Уяві сабе, Шлянгбаўмы – стары і малады – хацелі ашукаць мяне… Мяне!

“Ага, – думаю я сабе, – зноў уверыў, як цябе за кішэню памацалі…”

І, праўду кажучы, знелюбіў я Шумана канчаткова.

А што яны плятуць пра Вакульскага!.. Фантазёр, ідэаліст, рамантык… Можа, таму, што ніколі не зрабіў ён свінства.

Калі я пераказаў Клейну тую размову з Шуманам, наш сухарэбры калега адказаў:

– Ён кажа, што праз некалькі гадоў пачнецца авантура з жыдамі?.. Супакой яго, пан, будзе раней…

– Раны Хрыстовы! – кажу я. – Чаму ж яна мае быць?..

– Бо мы добра іх ведаем, хоць яны да нас і падлабуньваюцца… – адказаў Клейн. – Іх голымі рукамі не возьмеш! Але яны пралічыліся. Мы ведаем, на што яны здольныя, каб мелі сілу.

Я лічыў Клейна чалавекам вельмі прагрэсіўным, можа, нават залішне прагрэсіўным, але цяпер думаю: ён сапраўдны цемрашал. Зрэшты, што гэта за “мы”, “нас”?..

І гэта ў стагоддзі, якое надышло пасля XVIII, пасля таго XVIII стагоддзя, якое на сваіх штандарах напісала: вольнасць, роўнасць, братэрства?.. За што тады я біўся з аўстрыякамі, ліха яго бяры?.. За што гінулі мае камрады?..

Смеху варта! Бязглуздзіца нейкая! Усё паправіць імператар Напалеон ІV.

Тады і Шлянгбаўм не будзе гэткім нахабным, і Шуман перастане фанабэрыцца сваім жыдоўствам, і Клейн устрымаецца ад пагрозаў.

І недалёкія гэта часы, бо нават Стах Вакульскі…

Ах, які я стомлены… Мушу некуды паехаць.


- - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - --


Я ж не такі стары, каб думаць пра смерць, але, Божа мой, калі выцягнуць з вады рыбіну, няхай самую маладую ды здаровую, дык здохне яна без уласцівага асяроддзя…

Бадай, і я стаў гэтакай рыбінай, выцягнутай з вады. У краме ўжо пануе Шлянгбаўм і, каб заявіць пра сваю ўладу, выгнаў швейцара ды інкасатара толькі за тое, што яны не выказвалі яму досыць пашаны.

Калі я заступіўся за небаракаў, ён з гневам сказаў мне:

– А паглядзі, пан, як яны мяне трактуюць і як Вакульскага!.. Яны не кланяліся яму гэтак нізка, але кожным рухам, кожным позіркам паказвалі, што пайшлі б за ім у агонь…

– Дык і пан таксама хоча, каб за ім у агонь ішлі? – спытаў я.

– Вядома. Яны ж ядуць мой хлеб, у мяне заробак атрымліваюць! Я ім плачу…

Я думаў, што Лісецкі, які аж пасінеў, слухаючы, што той вярзе, дасць яму поўху. Аднак ён стрымаўся і толькі спытаў:

– А ведаеш, пан, чаму за Вакульскага мы ў агонь пайшлі б?..

– Бо ён мае болей грошай, – адказаў Шлянгбаўм.

– Не, пане. Бо ён мае тое, чаго пан не мае і мець не будзеш, – сказаў Лісецкі і стукнуў сябе ў грудзі.

Шлянгбаўм пачырванеў, як вампір.

– Што?! – закрычаў ён. – Чаго я не маю?.. Мы не можам разам працаваць, пане Лісецкі. Пан абражае мае рэлігійныя абрады…

Я схапіў Лісецкага за руку і пацягнуў за шафу. Усе рагаталі з абразы Шлянгбаўма… Адзін Зэмба (толькі ён застаецца ў краме) натапырыўся і закрычаў:

– Гаспадар мае рацыю… няможна здзекавацца з веравызнання, бо веравызнанне – гэта святая рэч!.. Дзе вольнасць сумлення?.. Дзе прагрэс?.. Цывілізацыя?.. Эмансіпацыя?..

– Лізаблюд паганы, – прамармытаў Клейн і зашаптаў мне на вуха: – Шуман, хіба, мае рацыю, што дачакаюцца яны авантуры… Памятае пан, які ён да нас прыйшоў, а якім стаў?..

Вядома, я прабраў Клейна, бо якое ён мае права страшыць сваіх суграмадзян авантурамі? Не магу, аднак, укрываць перад сабою, што не бачу, як Шлянгбаўм за год змяніўся.

Даўней ён быў рахманы, а сёння – нахабны і пагардлівы. Даўней маўчаў, калі яго крыўдзілі, а сёння сам пачынае бушаваць без дай прычыны. Даўней называўся палякам, а сёння фанабэрыцца сваім жыдоўствам. Даўней ён нават верыў у шляхетнасць ды бескарыслівасць, а цяпер толькі грошы ды сувязі ў яго на языку… Не чакай дабра!..

Калі з пакупнікамі ён прыніжаны, дык графам і нават баронам гатовы пяты лізаць. А ўжо са сваімі падуладнымі ён сапраўдны бегемот. Толькі пырхае ды адтоптвае людзям ногі. Гэта нават непрыгожа… У сваю чаргу, радца, Шпрот, Клейн і Лісецкі не маюць рацыі, калі пагражаюць яму нейкімі авантурамі.

Дык што я значу сёння ў краме пры гэтакім цмоку? Вазьмуся за рахункі, ён мне праз плячо зазірае, аддам нейкае распараджэнне, ён зараз жа яго гучна паўторыць. Выціскае мяне з крамы. Пры знаёмых пакупніках ён любіць казаць: “Мой сябра Вакульскі… мой знаёмы барон Кшэшоўскі… мой крамнік Жэцкі…” А калі мы з ім сам-насам, называе мяне “каханым Жэсем”…

Пару разоў я ў самай далікатнай форме даў яму зразумець, што гэтыя пяшчотныя мянушкі не робяць мне прыемнасці. Але ён, небарака, нават не зразумеў, а я маю звычку доўга чакаць, пакуль пачну лаяцца. Лісецкі спрытны на язык, дык Шлянгбаўм яго шануе.

Але ж меў рацыю Шуман, калі казаў, што мы ад дзядоў і прадзедаў толькі і думаем, як раскідаць грошы, а яны – як іх назапашваць. З гэтага пункту гледжання былі б ужо першымі на свеце, каб людская вартасць вызначалася толькі грашыма. Але якая мне да гэтага справа!..

З-за таго, што ў краме амаль няма ўжо мне працы, усё часцей я задумваюся пра падарожжа ў Венгрыю. Дваццаць гадоў не бачыць ані поля, ані лесу… Страшна падумаць!..

Я ўжо пачаў быў рабіць захады наконт пашпарта, думаў, зойме гэта не менш за месяц. Ды тут узяўся за справу Вірскі – шах-мах! – зрабілі мне пашпарт за чатыры дні. Аж я спалохаўся…

Нічога не зробіш, трэба ехаць. Хоць на некалькі тыдняў. Здавалася мне, што яшчэ зборы зоймуць трохі часу… Дзе там!.. Зноў умяшаўся Вірскі і ў адзін дзень купіў мне падарожны куфар, у другі дзень спакаваў рэчы ды кажа: “Едзь!..”

Я аж зазлаваў. Чаго ім, да д’ябла, так карціць мяне пазбыцца?.. Загадаў, на злосць ім, распакаваць рэчы і куфар накрыць дыванам, бо прыкра было глядзець на яго. Але ж, як бы я некуды паехаў! Гэтак бы ехаў…

Мушу, аднак, спачатку акрыяць трохі. Па-ранейшаму няма ў мяне апетыту, марнею, кепска сплю, хоць цэлы дзень і хаджу сонны, часам кружыцца ў мяне галава і калоціцца сэрца… Ат! Усё мінецца…


- - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - --


Клейн таксама ператвараецца ў нядбальца. Спазняецца ў краму, прыносіць нейкія кніжачкі, ходзіць на сустрэчы невядома з кім… Але горш за ўсё, што з грошай, прызначаных яму Вакульскім, узяў ужо тысячу рублёў і патраціў за адзін дзень. На што?..

Тым не менш, ён добры хлопец! А доказам яго пачцівасці ёсць тое, што нават баранеса Кшэшоўская не выгнала яго з дому, дзе ён па-ранейшаму жыве на чацвёртым паверсе: ціхуткі, вады не замуціць.

Каб яшчэ адмовіўся ад тых непатрэбных сувязяў, бо з жыдамі можа і не быць авантуры, але з ім!..

Няхай пан Бог прасвятліць яму розум і беражэ яго.


- - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - --


Смешную і павучальную гісторыю расказаў мне Клейн. Рагатаў я да слёз, а разам з тым атрымаў яшчэ адзін доказ Божае справядлівасці, якая праяўляецца нават у дробных рэчах.

“Нядоўгі трыумф бязбожнікаў,” – вучыць, здаецца, Святое пісанне, а можа, які айцец касцёла. Чые б гэта словы не былі, а яны спраўдзіліся і ў адносінах да баранесы, і да Марушэвіча.

Як усім вядома, баранеса, пазбыўшыся Малескага і Паткевіча, загадала вартаўніку, каб той ні за што на свеце не пускаў у кватэру на чацвёртым паверсе студэнтаў, лепш хай пустая стаіць. Сапраўды, студэнцкі пакой некалькі месяцаў быў незаняты, але хоць пані была задаволеная.

Тым часам вярнуўся да яе муж, барон і, вядома, сам заняўся камяніцаю. А з-за таго, што барону заўсёды не стае грошай, дык не даваў яму спакою і той пусты пакой, і загад баранесы, які змяншаў даход на сто дваццаць рублёў у год.

А яшчэ падбухторыў яго Марушэвіч (яны ўжо памірыліся!..), які зноў пазычае грошы ў Кшэшоўскага.

– Што, барон, – пытаўся ён, – мусіш спраўджваць: кандыдат на кватаранта студэнт або не студэнт? Навошта ўскладняць? Калі прыйшоў не ў мундуры, дык і не студэнт, а калі гатовы за месяц наперад плаціць, дык браць і квіта.

Барона гэтыя парады ўзялі за душу. Загадаў ён тады вартаўніку, каб той, калі трапіцца кватарант, не распытваючы, адпраўляў яго наверх. Вартаўнік, вядома, сказаў гэта сваёй жонцы, а жонка – Клейну, якому хацелася зноў замець прыемных суседзяў.

Дык праз пару дзён пасля гэтага распараджэння з’яўляецца ў барона нейкі прыгажун з дзіўнай фізіяноміяй ды ў яшчэ больш дзіўным убранні: яго сподні не пасавалі да камізэлькі, камізэлька – да сурдута, а гальштук – ні да чаго.

– У доме ёсць кавалерскі пакой, які пан барон здае за дзесяць рублёў у месяц? – пытае прыгажун.

– Так, – кажа барон. – Пан можа паглядзець.

– О, гэта залішне! Я ўпэўнены, што пан барон не будзе здаваць кепскае памяшканне. Ці магу я пакінуць задатак?

– Калі ласка, – адказвае барон. – А паколькі пан давярае майму слову, дык і я не буду патрабаваць больш ніякае інфармацыі ад пана…

– О, калі пан барон жадае…

– Людзям добра выхаваным дастаткова ўзаемнага даверу, – адказаў барон. – Дык спадзяюся, што ані я, ані мая жонка – галоўнае, мая жонка – не будзем мець нагодаў скардзіцца на паноў…

Малады чалавек горача паціснуў яму руку.

– Даю пану слова, – сказаў ён, – мы ніколі не зробім прыкрасці жонцы пана, у якой няслушная прадузятасць…

– Досыць! Досыць, пане… – спыніў яго барон.

Ён узяў задатак і даў распіску.

Калі маладзён пайшоў, ён паклікаў да сябе Марушэвіча.

– Не ведаю, – няўцямна сказаў барон, – ці не зрабіў я глупства… бо ўжо маю кватаранта, але баюся, мяркуючы па апісанні, што гэта можа быць адзін з тых дзецюкоў, якіх выгнала мая жонка…

– Якая розніца! – адказаў Марушэвіч. – Абы плацілі наперад.

На другі дзень зранку перабраліся ў пакой трое маладых людзей, але гэтак паціху, што ніхто іх не бачыў. Нікому і ў галаву не прыходзіла, што па вечарах яны сустракаюцца з Клейнам. А праз некалькі дзён прыбягае да барона моцна раззлаваны Марушэвіч і крычыць:

– А ці ведае барон, што гэта, сапраўды, тыя гультаі, якіх выгнала баранеса? Малескі, Паткевіч…

– Якая розніца! – адказаў барон. – Жонцы маёй яны не назаляюць, дык абы плацілі…

– Але мне яны назаляюць! – працягвае крычаць Марушэвіч. – Варта адчыніць акно, як нехта з іх пачынае абстрэльваць мяне з трубкі гарохам, што вельмі непрыемна. А калі збярэцца ў мяне пару асобаў альбо прыйдзе якая дама, – (дадаў ён цішэй), – яны барабаняць гарохам па акне так, што выседзець немагчыма… Гэта мне перашкаджае… гэта псуе маю рэпутацыю. Я пайду ў паліцыю са скаргаю!..

Барон, вядома, расказаў усё сваім кватарантам і папрасіў іх, каб яны не стралялі гарохам у вокны Марушэвіча. Тыя перасталі страляць, затое калі Марушэвіч прымаў у сябе нейкую даму, што здаралася досыць часта, зараз жа адзін з хлопцаў высоўваўся ў акно і пачынаў крычаць:

– Вартаўнік, вартаўнік!.. Не ведаеце, якая гэта пані пайшла да Марушэвіча?

А той вартаўнік не ведае нават, што ўвогуле нейкая пайшла, але пасля падобнага пытання ведае пра гэта ўвесь дом.

Марушэвіч кіпіць ад злосці, а барон на яго скаргі адказвае:

– Сам мне раіў, каб я не трымаў пакой пустым…

І баранеса скарылася, бо, з аднаго боку, баіцца мужа, а з другога – студэнтаў.

Гэткім чынам, баранеса за сваю зласлівасць ды помслівасць, а Марушэвіч за інтрыгі – пакараныя адною рукою. А пачцівы Клейн мае кампанію, якую і хацеў.

О, ёсць справядлівасць на свеце!..

Марушэвіч, далібог, не мае сораму!

Прыляцеў сёння да Шлянгбаўма са скаргаю на Клейна.

– Пане, – кажа ён, – адзін з панскіх працаўнікоў, які жыве ў доме баранесы Кшэшоўскае, проста кампраметуе мяне…

– Як ён пана кампраметуе? – вырачыў вочы Шлянгбаўм.

– Ён ходзіць да тых студэнтаў, у якіх акно на падворак. А яны, пане, цікуюць за мною і абстрэльваюць гарохам, а калі збярэцца некалькі асоб, крычаць, што ў мяне шулерскі прытон!..

– Пан Клейн ужо не будзе працаваць у мяне з ліпеня, – адказаў Шлянгбаўм. – Таму пану лепш пагутарыць з панам Жэцкім, яны даўней знаёмыя.

Марушэвіч зайшоў да мяне і чарговы раз апавёў гісторыю пра студэнтаў, якія абзываюць яго шулерам або кампраметуюць дам, што бываюць у яго.

“Добрыя дамы!” – падумаў я, а ўголас сказаў:

– Пан Клейн цэлы дзень сядзіць у краме, дык ён не можа адказваць за сваіх суседзяў.

– Так, але ў пана Клейна з імі нейкі шахер-махер, ён зладзіў, каб тыя зноў пасяліліся ў доме, ён ходзіць да іх, запрашае да сябе.

– Маладому хлопцу, – адказаў я, – лепш разам з маладымі.

– Але чаму я мушу з-за гэтага пакутаваць?! Або ён іх супакоіць або я… падам на ўсіх у суд.

Дзікія прэтэнзіі! Каб Клейн супакойваў студэнтаў, а можа, яшчэ стараўся выклікаць у іх сімпатыю да Марушэвіча!

Але ж я не прамінуў перасцерагчы Клейна і дадаў, што было б вельмі прыкра, каб ён, крамнік Вакульскага, быў выкліканы ў суд з-за нейкіх студэнцкіх беспарадкаў.

Клейн выслухаў мяне і паціснуў плячыма:

– А пры чым тут я? – адказаў ён. – Можа, я нават павесіў бы гэткага нягодніка, але гарохам у вокны я яму не страляю і шулерам яго не абзываю. Якая мне справа да яго шулерства?..

Мае рацыю! Дык я і слова больш не сказаў.

Трэба ехаць… трэба ехаць!.. Абы Клейн не ўблытаўся ў нейкую дурату. Страшна падумаць! Нібы дзеці: збіраюцца свет перайначыць, а самі забаўляюцца гэткімі недарэчнымі жартамі.


- - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - --


Альбо я моцна памыляюся, альбо знаходзімся мы напярэдадні надзвычайных падзеяў.

Аднойчы ў маі паехаў Вакульскі з паннай Ленцкай ды з панам Ленцкім у Кракаў і папярэдзіў мяне, што не ведае, калі вернецца, магчыма нават, не раней, чым праз месяц.

А сам вярнуўся не праз месяц, а на другі дзень, і гэтакі заняпалы – шкада было глядзець на яго. Жах, што зрабілася з чалавекам за адны толькі суткі!

Калі я пачаў распытваць, што здарылася, чаму вярнуўся, ён спачатку вагаўся, а потым сказаў, нібы атрымаў тэлеграму ад Сузіна і паедзе ў Маскву. А праз суткі зноў перадумаў і заявіў, што ў Маскву не паедзе.

– А калі справа важная?.. – спытаў я.

– Хай іх д’яблы забяруць, гэтыя справы! – прамармытаў ён і махнуў рукою.

Цяпер ён днямі не выходзіць з дому і найчасцей ляжыць. Я быў у яго, але натрапіў на нядобразычлівасць, а ад лёкая даведаўся, што ён загадаў нікога не пускаць.

Я паслаў да яго Шумана, але Стах і з Шуманам не захацеў размаўляць, сказаў толькі, што дактары яму не патрэбныя. Шуман, аднак, гэтым не задаволіўся, і будучы крыху цікаўным, пачаў самастойнае следства, дык даведаўся дзіўныя рэчы.

Ён расказваў, што Вакульскі выйшаў з цягніка амаль апоўначы ў Скерневіцах і зрабіў выгляд, што атрымаў тэлеграму, а потым знік са станцыі і вярнуўся толькі пад ранак, выкачаны ў зямлі і нібы п’яны. На станцыі думалі, што ён сапраўды ўзяў чарку ды заснуў дзесьці ў полі.

Гэтае тлумачэнне не здолела пераканаць ані мяне, ані Шумана. Доктар сцвярджае, што Стах мусіў парваць з паннаю Ленцкай і, можа, нават спрабаваў зрабіць нейкую недарэчнасць… Але я думаю, што ён насамрэч меў тэлеграму ад Сузіна.

Як бы там ні было, а трэба ехаць дзеля здароўя. Я не інвалід яшчэ, і з-за часовай нядужасці не мушу выракацца будучыні.


- - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - --


Тут Марчэўскі. Пасяліўся ён у мяне. Выглядае дзяцюк, як бернардынскі правінцыял, пасталеў, загарэў, раздаўся ўшыркі. Паўсвету абляцеў за пару апошніх месяцаў…

Быў у Парыжы, потым у Ліёне. З Ліёна заехаў аж пад Чанстахову да пані Стаўскае і з ёю прыехаў у Варшаву. Потым завёз яе назад у Чанстахову, сядзеў там з тыдзень і, падобна, дапамог з уладкаваннем крамы. Потым паляцеў аж у Маскву, адтуль зноў вярнуўся ў Чанстахову, да пані Стаўскае, зноў у яе трохі пасядзеў і цяпер – у мяне.

Мрачэўскі сцвярджае, што Сузін ніякае тэлеграмы Вакульскаму не дасылаў, і ён таксама ўпэўнены, што Вакульскі парваў з паннаю Ленцкаю. Відаць, сказаў нешта нават пані Стаўскай, бо яна – анёл, а не кабета – калі была некалькі тыдняў у Варшаве, зрабіла ласку мяне наведаць і ўсё распытвала пра Стаха.

“А ці здаровы?.. А ці смутны?.. А ці адолее сваю роспач?..”

Якую роспач? Нават каб і парваў з паннаю Ленцкай, дык, дзякуй Богу, нямала яшчэ кабет, і калі Стах захоча, можа ажаніцца – хоць бы нават з пані Стаўскаю.

Залатая, дыяментавая кабетка, як яна кахала яго і, хто ведае, ці не кахае яшчэ цяпер?.. Далібог, душа б спявала, каб Стах вярнуўся да яе. Гэткая прыгожая, гэткая шляхетная, гэткая ахвярная… Калі ёсць нейкі лад на свеце (у чым я, часам, сумняюся), дык Вакульскі павінен ажаніцца са Стаўскаю.

Але ён мусіць паспяшацца, бо, калі не памыляюся, у Мрачэўскага сур’ёзныя намеры.

– Пане! – часам кажа ён мне і заломвае рукі. – Пане, што за кабета, што за кабета… Каб не яе прапалы муж, дык я даўно ўжо прапанаваў бы руку і сэрца.

– А згадзілася б яна?

– Вось якраз і не ведаю, – уздыхнуў ён.

Ён кінуўся на крэсла, якое аж затрашчала пад ім, і працягваў:

– Калі я ўбачыў яе першы раз пасля таго, як яна з’ехала з Варшавы, нібы пярун мяне ўдарыў, гэтак яна мне спадабалася.

– Ну, яна і даўней рабіла ўражанне…

– Але не такое. Пасля прыезду з Парыжа ў Чанстахову я быў у рамантычным настроі, а яна гэткая бледнатварая, з гэткімі маркотнымі вачыма, што я адразу падумаў: ну а раптам атрымаецца?.. І давай круціцца вакол яе. Але яна не давала мне і слова сказаць, а калі я ўпаў перад ёю на калені ды пакляўся, што кахаю… яна разраўлася!.. Ах, пане Ігнацы, гэтыя слёзы… Зусім я страціў галаву, зусім… Каб таго яе мужа д’яблы ўзялі або каб былі ў мяне грошы на развод… Пане Ігнацы, пасля тыдня жыцця з гэтаю кабетай або памёр бы, або вазілі б мяне ў вазку… Так, пане… Цяпер ужо ясна мне, як я кахаю яе.

– А каб яна кахала іншага? – пытаю я.

– Каго?.. Можа, Вакульскага?.. Ха-ха! Хто ў такога ваўкаватага закахаецца?.. Кабеце патрэбныя пачуцці, каб палаць жарсцю, казаць ёй пра каханне, паціскаць руку, а калі можна, дык і… А той каменны хіба здольны на нешта падобнае?.. Ён высочваў панну Ізабэлу, як ганчак качку, бо яму здавалася, што злучыцца з арыстакратыяй, што панна мае пасаг. А як даведаўся пра стан рэчаў, дык даў лататы са Скернавіц. О, пане, з кабетамі гэтак няможна…

Прызнаюся, не падабаецца мне палкасць Мрачэўскага. Як пачне ён гэтак падаць да ног, скавытаць ды жаліцца, дык урэшце і закружыць галаву пані Стаўскай. А Вакульскі пашкадуе, бо, клянуся сваім афіцэрскім гонарам, гэта адзіная для яго кабета.

Але пачакайма, а тым часам едзьма… едзьма…


- - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - --


Брр!.. Вось і паехаў… Купіў білет да Кракава, на вакзале Варшаўска-Венскае чыгункі сеў у вагон і, калі ўжо далі трэці званок, выскачыў…

Не магу я ні на хвіліну расстацца з Варшаваю ды з крамай… Жыцця мне без іх няма…

Рэчы з чыгункі забраў толькі на другі дзень, заехалі яны аж да Пётркова.

Калі ўсе мае планы напаткае гэтакі ж лёс, дык віншую…


Загрузка...