Вярнуўшыся з Парыжу, Вакульскі знайшоў у Варшаве другі ліст ад старшынёвай.
Старая настойліва запрашала яго як мага хутчэй прыехаць і пабыць у яе пару тыдняў.
“Не думай, пане Станіславе, – заканчвала яна свой ліст, – што я запрашаю цябе з-за тваіх поспехаў, каб пахваліцца знаёмствам з табою. Гэта здараецца, але не са мною. Я хачу толькі, каб ты адпачыў ад свае цяжкае працы, а можа, і пабавіўся ў маім доме, дзе, апроч гаспадыні, старое і нуднае, знойдзеш яшчэ таварыства маладых і прыгожых кабет”.
“Што мне да тых маладых і прыгожых кабет!” – прамармытаў Вакульскі. Але ў наступны момант яму стала цікава, пра якія гэта поспехі піша старшынёва? Няўжо нават у правінцыі ўжо ведалі пра ягоны заробак, хоць сам ён нікому пра гэта не казаў?
Словы старшынёвай, аднак, перасталі яго дзівіць, калі ён похапкам прагледзеў рахункі. З дня яго ад’езду ў Парыж гандлёвыя абароты крамы выраслі і раслі з тыдня на тыдзень. У справу з ім увайшло мноства новых купцоў, а адмовіўся толькі адзін, які напісаў пры гэтым рэзкі ліст, што ў яго не арсенал, а звычайная крама з тканінамі, дык ён не бачыць сэнсу падтрымліваць стасункі з фірмаю ягамосця Вакульскага, з якім да Новага года цалкам разлічыцца. Таваразварот быў такі вялікі, што пан Ігнацы пад уласную адказнасць арандаваў новы склад, наняў восьмага крамніка і двух экспедытараў.
Калі Вакульскі скончыў праглядаць кнігі (ён узяўся за іх адразу, прыехаўшы з вакзала, бо Жэцкі пра гэта дужа прасіў), пан Ігнацы адчыніў жалезную касу і з урачыстаю мінаю дастаў адтуль ліст Сузіна.
– Навошта такія цырымоніі? – зарагатаў Вакульскі.
– Карэспандэнцыю ад Сузіна неабходна захоўваць асабліва пільна, – са значэннем адказаў Жэцкі.
Вакульскі паціснуў плячыма і прачытаў ліст. Сузін прапаноўваў яму на зіму новую справу, амаль гэткую ж прыбытковую, як і парыжская.
– Што скажаш? – запытаўся ён у пана Ігнацы пасля таго, як пераказаў яму змест ліста.
– Мой Стаху, – адказаў крамнік, хаваючы вочы, – я гэтак табе давяраю, што каб ты нават горад спаліў, я не сумняваўся б, што зрабіў ты гэта з высакароднаю мэтаю.
– Ты невылечны рамантык, стары! – уздыхнуў Вакульскі і спыніў размову, бо зразумеў, што Ігнацы зноў падазрае яго ў нейкіх палітычных хітрыках.
Не адзін Жэцкі гэтак думаў. Як толькі Вакульскі прыйшоў дадому, ён знайшоў цэлы стос візітовак і лістоў. За час адсутнасці наведала яго не менш за сотню асоб уплывовых, тытулаваных, заможных, паловы якіх ён да гэтага не ведаў… Яшчэ цікавейшымі былі лісты. Гэта былі просьбы пра дапамогу або пратэкцыю да ўладаў цывільных і вайсковых, а таксама ананімкі, дзе пераважна лаяліся на яго… Адзін называў яго здраднікам, іншы – лёкаем, які гэтак прызвычаіўся прыслужваць у Гопфера, што цяпер добраахвотна апранае на сябе ліўрэю арыстакратыі, і нават больш, чым арыстакратыі. Іншы ананім папікаў яго апекаю над распуснаю кабетаю, іншы даносіў, што пані Стаўская – какетка і авантурыстка, а Жэцкі – ашуканец, які абкрадае яго з кватэрнаю платаю ў нованабытым доме і дзеліцца з адміністратарам, нейкім Вірскім.
“Відаць, нямала плётак кружыць пра мяне!..” – падумаў ён, пазіраючы на стос паперы.
На вуліцы таксама, наколькі паспеў заўважыць, ён быў аб’ектам агульнае зацікаўленасці. Шмат хто кланяўся яму, часам зусім незнаёмыя паказвалі на яго, былі, аднак, і такія, хто з відавочнай пагардаю адварочваўся ад яго. Сярод іх прыкмеціў ён двух знаёмых яшчэ з Іркуцка, і гэта яго прыкра закранула.
“Што гэта? – падумаў ён. – З глузду яны паз’язджалі, ці што?..”
На другі дзень свайго знаходжання ў Варшаве ён адпісаў Сузіну, што прымае прапанову і ў палове кастрычніка прыедзе ў Маскву. А познім вечарам ён паехаў да старшынёвай, маёнтак якой знаходзіўся за некалькі міль ад новапабудаванае чыгункі.
На вакзале ён заўважыў, што і тут ягоная асоба робіць уражанне. Сам начальнік станцыі прадставіўся яму і загадаў даць асобнае купэ. А кандуктар, які праводзіў яго да вагона, сказаў, што гэта менавіта ён збіраўся даць яму выгоднае месца, дзе можна спаць, працаваць або размаўляць без перашкод.
Пасля доўгага стаяння цягнік павольна рушыў. Была ўжо глыбокая ноч, на небе не было ні месяца, ні хмар, а зорак было больш, чым звычайна. Вакульскі адчыніў акно і разглядаў сузор’і. Прыгадаліся яму сібірскія ночы, там неба часам бывае амаль чорнае, зорак – процьма, Малая Мядзведзіца вісіць над галавою, а Геркулес, Пегас, Блізняты – ніжэй над гарызонтам, чым у нас.
“Ці ведаў бы я цяпер астраномію, я – крамнік Гопфера, каб не трапіў туды? – падумаў ён з горыччу. – А ці даведаўся б я пра адкрыцці Гейста, каб Сузін гвалтам не зацягнуў мяне ў Парыж?”
І перад унутраным зрокам Вакульскага паўставала ягонае незвычайнае і доўгае жыццё, нібы расцягнутае паміж далёкім Усходам і далёкім Захадам. “Усё, што я ўмею, усё, што маю, усё, што яшчэ магу зрабіць, не паходзіць адсюль. Тут я знаходзіў толькі прыніжэнне, зайздрасць або сумнеўнай вартасці апладысменты, калі мне шанцавала, але каб не пашанцавала, дык тапталі б мяне тыя самыя ногі, якія сёння згінаюцца перада мною ў паклоне…”
“З’еду адсюль, – шаптаў ён, – з’еду!.. Хіба, яна мяне затрымае… Бо навошта мне грошы, калі я не магу іх патраціць, як мне хочацца? Чаго вартае жыццё, якое плеснее паміж Рэсурсаю, крамаю і прыватнымі салонамі, дзе трэба гуляць у прэферанс, каб не пляткарыць, або пляткарыць, каб не гуляць у прэферанс?..”
“Цікава, – спытаў ён у сябе праз момант, – з якою мэтаю гэтак настойліва запрашае мяне старшынёва? А можа, гэта панна Ізабэла?..”
Яму зрабілася горача, і ён адчуў, як павольна адбываецца нейкая перамена ў душы. Прыгадаў бацьку і дзядзьку, Касю Гопфер, якая гэтак яго кахала, Жэцкага, Леона, Шумана, князя і шмат-шмат іншых людзей, якія далі яму доказы несумненнае зычлівасці. Чаго б вартая была ўся ягоная навука і ўвесь маёнтак, каб не было вакол яго сяброўскіх сэрцаў, навошта трэба былі б самыя важныя адкрыцці Гейста, каб не быў ён прыладаю, якая запэўніць апошнюю перамогу расе людзей самых лепшых і высакародных?..
“І ў нас шмат працы, – прашаптаў ён. – І ў нас ёсць людзі, вартыя падтрымкі або дапамогі… Стары я ўжо рабіць эпахальныя адкрыцці, няхай займаюцца гэтым ахоцкія… Я лепш дапамагу іншым быць шчаслівымі, і сам буду шчаслівы…”
Вакульскі прыкрыў вочы, і яму здавалася, нібыта бачыць панну Ізабэлу, якая глядзіць на яго дзіўным, толькі ёй уласцівым позіркам, і лагоднаю ўсмешкай падтрымлівае ягоныя намеры.
Пастукаліся ў дзверы купэ, і з’явіўся кандуктар, які сказаў:
– Пан барон Дальскі пытаецца, ці можа ён прыйсці. Ён едзе ў гэтым жа вагоне…
– Пан барон? – здзіўлена перапытаў Вакульскі. – Вядома, няхай зробіць ласку…
Кандуктар адступіў і зачыніў дзверы, а Вакульскі прыгадаў, што барон – сябра суполкі гандлю з Усходам і адзін з нешматлікіх ужо канкурэнтаў на руку паны Ізабэлы.
“Чаго ён хоча ад мяне? – думаў Вакульскі. – Ён, можа, едзе да старшынёвай, каб на свежым паветры, нарэшце, пасватацца да панны Ізабэлы?.. Калі не апярэдзіў яго Старскі…”
У калідоры вагона пачуліся крокі і галасы. Дзверы купэ зноў адсунуліся, з’явіўся кандуктар, а побач з ім надта сухарлявы пан – з рэдкімі вусікамі, яшчэ больш рэдкаю ды амаль сівою бародкаю, і моцна ўжо ссівелаю галавою.
“Бадай, не ён… – думаў Вакульскі. – Той быў чарнявы…”
– Прашу ў пана прабачэння, што патурбаваў! – сказаў барон, хістаючыся ад руху цягніка. – Перапрашаю… Я б не насмеліўся, але хацеў запытацца: ці не едзе пан да нашае шаноўнае старшынёвай, якая чакае пана ўжо тыдзень?
– Менавіта да яе. Добры вечар, барон. Прашу сядаць.
– Цудоўна! – узрадаваўся барон. – Бо і я туды еду. Амаль два месяцы ўжо жыву там. Значыць… пане… не так жыву, як няспынна езджу. То ад сябе, дзе мне дом рамантуюць, то з Варшавы… Цяпер вяртаюся з Вены, дзе купляў мэблю, але пабуду ў старшынёвай усяго некалькі дзён, бо мушу, пане, замяніць усе шпалеры ў палацы, яшчэ зусім свежыя, не мінула і двух тыдняў… Але што рабіць?.. Не спадабаліся, дык паабдзіраем, нічога не зробіш!
Ён пасмейваўся і міргаў вачыма, а Вакульскага мароз па скуры прабраў.
“Для каго тая мэбля?.. Каму не спадабаліся шпалеры?..” – трывожна пытаўся ён сам у сябе.
– Шаноўны пан ужо скончыў сваю місію. Віншую! – працягваў барон, паціскаючы яму руку. – З першага позірку я адчуў да пана давер і сімпатыю, якая перарасла ў сапраўдную пашану… Так, пане… Тое, што мы ўхіляемся ад палітычнага жыцця, нарабіла нам шмат шкоды. Пан першы зламаў неразумны прынцып абстыненцыі, за гэта пану пашана… Мы мусім, прынамсі, цікавіцца справамі дзяржавы, у якой знаходзяцца нашы маёнткі, дзе наша будучыня…
– Я не разумею пана, пане бароне, – спыніў яго раптам Вакульскі.
Барон гэтак збянтэжыўся, што хвіліну сядзеў нерухома і маўчаў. Нарэшце ён прамармытаў:
– Перапрашаю!.. Насамрэч я не меў намеру… Але мяркую, што маё сяброўства з шаноўнай старшынёвай, якая, пане, гэтак…
– Пакінем, пане, тлумачэнні, – зарагатаў Вакульскі, паціскаючы яму руку. – Задаволены пан венскімі пакупкамі?
– Вельмі, пане… вельмі… Хаця, ці паверыць пан, быў момант, калі я збіраўся паводле парады шаноўнай старшынёвай патурбаваць пана ў Парыжы…
– Ахвотна дапамог бы… А што ж было патрэбна?
– Хацеў мець тамтэйшы брыльянтавы гарнітур, – адказаў барон. – Але ў Вене трапіліся мне цудоўныя сапфіры… Яны ў мяне якраз з сабою і, калі пан дазволіць… Пан знаўца каштоўнасцяў?..
“Для каго гэтыя сапфіры?” – думаў Вакульскі.
Ён хацеў быў сесці зручней, але адчуў, што не можа ні паварушыць рукою, ані выпрастаць ногі.
Барон тым часам дастаў з розных кішэняў чатыры саф’янавыя скрыначкі, паставіў іх на лаўцы і па чарзе пачаў адчыняць.
– Вось бранзалетка, – казаў ён. – Сціплая, праўда? Адзін камень… Брошка і завушніцы ўжо больш аздобленыя, я нават загадаў змяніць аправу… А гэта калье… Проста, але з густам і, можа, таму прыгожа… І агонь ёсць, праўда?
Кажучы гэта, ён круціў сапфіры ў мігатлівым бляску свечкі перад вачыма Вакульскага.
– Не падабаюцца пану? – раптам запытаўся барон, бо заўважыў, што яго таварыш не кажа ні слова.
– Вядома, вельмі прыгожыя. Каму ж барон вязе гэты падарунак?
– Маёй нарачонай, – адказаў барон здзіўлена. – Я думаў, што старшынёва казала пану пра нашу сямейную радасць…
– Не.
– А сёння якраз пяць тыдняў, як я прасіў рукі і атрымаў згоду.
– Да каго пан пасватаўся?.. Да старшынёвай?.. – не сваім голасам спытаў Вакульскі.
– Але ж не!.. – закрычаў барон і аж адхіснуўся. – Я прасіў рукі панны Эвеліны Яноцкай, унучкі старшынёвай… Не памятае яе пан? Яна была ў графіні сёлета на свянцоным, не заўважыў яе пан?..
Не менш за хвіліну мінула, пакуль Вакульскі сцяміў, што панна Эвеліна Яноцкая – гэта не панна Ізабэла Ленцкая, што барон не бярэ замуж панну Ізабэлу і не ёй вязе сапфіры.
– Перапрашаю пана, – звярнуўся ён да занепакоенага барона, – але я гэткі знерваваны, што сам не разумею, што кажу…
Барон ускочыў з лаўкі і хутка пачаў хаваць свае скрыначкі.
– Якая няўважлівасць з майго боку! – захваляваўся ён. – Я прыкмячаў у вачах пана стомленасць і, нягледзячы на гэта, насмеліўся перабіць пану сон…
– Не, пане, спаць я не збіраюся, і мне прыемна будзе рэшту дарогі прабавіць ў таварыстве пана. Гэта хвілінная слабасць, якая ўжо мінула.
Барон спачатку цырымоніўся і хацеў ісці, але, убачыўшы, што Вакульскі сапраўды павесялеў, дык сеў з абяцаннем, што ўсяго на пару хвілін. Ён адчуваў патрэбу пагаварыць з некім пра сваё шчасце.
– Якая кабета! – казаў барон і не мог стрымаць ажыўленай жэстыкуляцыі. – Калі, пане, я пазнаёміўся з ёю, яна здалася мне халоднай, як статуя, і думаў, што яна цікавіцца аднымі ўборамі. А зараз я бачу, якія там скарбы пачуццяў… Прыбірацца яна любіць, як кожная кабета, але які розум!.. Нікому б гэтага не сказаў, што зараз скажу пану, пане Вакульскі. Я змоладу пачаў сівець, і не без таго, каб час ад часу не напамадзіў вусы фіксатуратам. Ну і хто б, пане, падумаў? Варта ёй было заўважыць гэта, як яна раз і назаўжды забараніла мне фарбавацца. Сказала, што ёй надта падабаюцца сівыя валасы, што для яе сапраўды прыгожым можа быць толькі сівы мужчына. “А пра тых, якія толькі пачалі сівець, што пані думае?” – запытаўся я. “Што яны ўсяго толькі цікавыя,” – адказала яна. І як яна гэта гаворыць!.. Я не знудзіў пана, пане Вакульскі?
– Але ж, пане, мне вельмі прыемна спаткаць шчаслівага чалавека.
– Сапраўды, я шчаслівы. Гэта для мяне самога нечаканасць, – працягваў барон. – Я даўно думаў ажаніцца, і ўжо некалькі гадоў раяць мне гэта дактары. Ну і строіў планы, што вазьму, пане, прыгожую кабету, добра выхаваную, з добрага заможнага роду, не вымагаючы ад яе ніякага рамантычнага кахання. І вось маеш: каханне само становіцца на дарозе і адным позіркам раздзімае пажар у сэрцы… Сапраўды, пане Вакульскі, я закаханы… Не! Я шалею… Нікому б гэтага не сказаў, але пану, да якога з першае хвіліны я адчуў ледзь не братэрскую сімпатыю… Я ашалеў!.. Думаю толькі пра яе, яна мне сніцца, калі сплю, а калі яе не бачу, пане, я раблюся хворы, фармальна хворы. Няма апетыту, думкі смутныя, трывожна неяк…
Таго, што я пану зараз скажу, пане Вакульскі, прашу не паўтараць нават самому сабе. Хацеў я яе выпрабаваць. Гэта нізасць, праўда, пане? Але што зробіш, чалавеку цяжка паверыць у шчасце. Дык я хацеў яе выпрабаваць (але нікому ані слоўца пра гэта, пане!), загадаў я напісаць праект інтэрцызы, паводле якое, каб шлюб не адбыўся з віны некага з нас (разумее пан?), я заплачу панне пяцьдзясят тысяч рублёў за расчараванне. Сэрца ў мяне ледзянела ад страху… а раптам яна пакіне мяне?.. Але што пан на гэта скажа? Калі ёй старшынёва сказала пра гэты план, дык панна – у плач: “Што ж, – кажа, – ён думае, што я адмоўлюся ад яго з-за нейкіх пяцідзесяці тысяч рублёў? Калі ён падазрае мяне ў карыслівасці і не прызнае ніякіх больш высокіх матываў у сэрцы кабеты, дык мусіць жа разумець, што за пяцьдзясят тысяч не аддам мільёну…”
Калі старшынёва мне гэта пераказала, я пабег у пакой да панны Эвеліны і без слоў упаў ёй у ногі… Цяпер у Варшаве я напісаў тастамент, а ў ім назваў яе адзінаю і выключнаю спадчынніцаю, нават каб памёр перад шлюбам. Уся мая сям’я за ўсё жыццё не дала мне столькі шчасця, колькі дало гэта дзіця цягам некалькіх тыдняў. А што будзе пазней!.. Што будзе пазней, пане Вакульскі?.. Нікому не задаў я бы падобнага пытання, – скончыў барон, торгаючы яго за руку. – Ну, дабранач…
“Цікавая гісторыя! – прамармытаў Вакульскі пасля таго, як барон пайшоў. – Гэты стары сапраўды па вушы ўхлюндрыўся…”
І барон не знікаў з вачэй, як цень, які паўставаў на малінавым фоне сядзення. Дык нічога не заставалася, як разглядаць яго худы твар, што гарэў цаглянай чырванню, валасы, нібы прысыпаныя мукою, вочы, вялікія, але запалыя, у якіх тлеў нездаровы бляск. Камічнае і сумнае ўражанне рабілі выбухі жарсці ў чалавека, які няспынна хутаў шыю, правяраў, ці добра зачынена акно, і перасаджваўся з месца на месца, хаваючыся ад скразняку.
“Распусціў пер’е! – думаў Вакульскі. – Ці магчыма, каб маладая панна здольная была закахацца ў гэткую мумію? Ён гадоў на дзесяць, не меней, старэйшы за мяне, а гэткі недарэчны, гэткі наіўны!..
Добра, але раптам тая панна сапраўды яго кахае?.. Бо цяжка дапусціць, каб яна яго ашуквала. Наогул, кабеты больш высакародныя за мужчын, яны не толькі робяць менш злачынстваў, але і ахвяруюць сабою значна часцей за нас. Дык, калі цяжка знайсці гэткага подлага мужчыну, які б з ранку да вечара маніў з-за грошай, дык ці можна падазраваць у нечым падобным кабету, маладую панну, выхаваную ў прыстойнай сям’і?
Вядома, нешта стрэліла ёй у галаву, і яна, мусіць, гэткая ж ачмурэлая, калі не ад ягонай знешнасці, дык ад становішча. Іначай бы яе выкрылі, што яна грае камедыю, і барон мусіў бы заўважыць, бо каханне бачыць усё праз мікраскоп.
А калі маладая дзяўчына можа пакахаць гэткага дзеда, дык чаму мяне не можа пакахаць тая?..”
– Вечна вяртаюся да таго ж самага! – ціха прамовіў ён. – Гэта думка ператварылася ўжо ў нейкую манію…
Ён адчыніў акно, зачыненае баронам, і, каб адагнаць надакучлівыя думкі, пачаў зноў разглядаць неба. Квадрат Пегаса апускаўся ўжо на захад, а на ўсходзе падымаўся Бык, Арыён, Малы Сабака і Блізняты. Ён глядзеў на буйныя зоркі, густа рассыпаныя ў гэтай частцы неба, і прыгадалася яму тая дзіўная, нябачная сіла прыцягнення, якая далёкія сусветы звязвае ў адно цэлае мацней, чым гэта маглі б зрабіць нейкія матэрыяльныя ланцугі.
“Прыцягненне, прывязанасць, гэта ж, у прынцыпе, тое самае. Сіла гэткая моцная, што захоплівае ўсё, і гэткая плодная, што пырскае жыццём. Каб пазбавілі мы зямлю прывязанасці да сонца, каб адляцела яна некуды ў прастору, за некалькі гадоў сталася б яна глыбаю лёду. Уцягні мы нейкую беспрытульную зорку ў сферу сонечнае сістэмы, і хто ведае, ці не абудзіцца і на ёй жыццё. Дык чаму ж барону не падпарадкоўвацца закону прывязанасці, які ўласцівы ўсёй прыродзе? І хіба паміж ім і ягонай паннай Эвелінай большая прорва, чым паміж зямлёю і сонцам? Чаго дзівіцца шаленству людзей, калі гэткім чынам шалее сусвет…”
Тым часам цягнік паволі рухаўся і падоўгу затрымліваўся на станцыях. Пахаладала, на ўсходзе пабляклі зоркі. Вакульскі зачыніў акно і лёг на канапу, якая пагойдвалася.
“Калі маладая кабета магла закахацца ў барона, – думаў ён, – дык чаму ж бы я… Бо яна ж яго не ашуквае… Кабеты, наогул, больш высакародныя за нас… менш падманваюць…”
– Калі ласка, пане, тут панове выходзяць… Пан барон ужо п’е гарбату.
Вакульскі прахапіўся. Над ім стаяў кандуктар і будзіў яго самым далікатным манерам.
– Што гэта, ужо дзень? – запытаўся ён здзіўлена.
– О, ужо дзявятая. І ўжо з гадзіну мы стаім на станцыі. Я не будзіў пана, бо пан барон не дазволіў. Але цягнік зараз рушыць далей…
Вакульскі хутка выйшаў. Станцыя была новая, яшчэ не зусім дабудаваная. Нягледзячы на гэта, яму далі вады памыцца і пачысцілі вопратку. Ён канчаткова прачнуўся і зайшоў у маленькі буфет, дзе барон з радасным выглядам піў ужо трэцюю шклянку гарбаты.
– Дзень добры! – выгукнуў барон, паціскаючы Вакульскаму руку зусім па-прыяцельску. – Пане гаспадар, гарбату для пана… Добрае надвор’е, праўда? Якраз праехацца на конях. А тут жартачкі!
– Што здарылася?
– Мусім чакаць коней, – пачаў тлумачыць барон. – Добра, што а другой ночы я паслаў дэпешу пра прыезд пана. Раней я пасылаў дэпешу з Варшавы, але начальнік кажа, што ён памыліўся і замовіў коней на заўтра. На шчасце, я тэлеграфаваў яшчэ і сёння з дарогі. А трэцяй паслалі адсюль эстафету, а шостай старшынёва атрымала тэлеграму, а восьмай, самае позняе, выслалі коней. Пачакаем яшчэ з гадзінку, пан можа агледзець наваколле. Вельмі прыгожая, пане, мясцовасць.
Пасля снядання яны выйшлі на перон. Наваколле адсюль выглядала плоскім і амаль бязлесым. Там-сям відаць былі купы дрэваў, а сярод іх – мураваныя будынкі.
– Гэта двары? – запытаўся Вакульскі.
– Так… Шмат шляхты жыве ў гэтым баку. Зямля выдатная. Расце лубін, канюшына.
– Не бачу вёскі, – заўважыў Вакульскі.
– Бо гэта дваровая зямля, а пан ведае прыслоўе: на дваровым полі шмат стагоў, а на сялянскім – шмат людзей.
– Я чуў, – раптам сказаў Вакульскі, – што ў старшынёвай збіраецца многа гасцей.
– Ах, пане! – выгукнуў барон. – Калі ўдалая нядзеля, дык нібы на балі ў Рэсурсе. З’язджаецца некалькі дзясяткаў чалавек. І сёння павінны мы заспець кампанію сталых гасцей. Ну, перадусім бавіцца там мая нарачоная. Далей – пані Вансоўская, прыгожанькая ўдоўка гадоў трыццаці, вельмі заможная. Здаецца мне, што круціцца вакол яе Старскі. Ведае пан Старскага?.. Непрыемная фігура, нахабнік… Мне дзіўна, як кабеце з гэткім розумам і густам, як пані Вансоўская, можа падабацца таварыства падобнай легкадумнай асобы.
– Хто ж яшчэ? – запытаўся Вакульскі.
– Яшчэ Фэля Яноцкая, стрыечная сястра маёй пані, вельмі мілае дзіця, мае гадоў васямнаццаць. Ну, яшчэ Ахоцкі…
– Ахоцкі там?.. Што ж ён робіць?
– Калі я ад’язджаў, дык ён цэлымі днямі вудзіў рыбу. Але густ у яго пераменлівы, дык я не ўпэўнены, ці не ўбачу цяпер яго ў якасці паляўнічага… Але які гэта шляхетны малады чалавек, які адукаваны!.. Ну і заслугі ўжо мае, зрабіў некалькі вынаходніцтваў.
– Так, гэта незвычайны чалавек, – згадзіўся Вакульскі. – Хто ж яшчэ бавіцца ў старшынёвай?..
– З пастаянных гасцей – гэта ўсе, але вельмі часта прыязджае на колькі дзён, а то і на тыдзень, пан Ленцкі з дачкою. У яе надзвычай далікатная натура, – працягваў барон. – Мае шмат рэдкіх якасцяў. Пан ведае? Шчаслівы той, каму яна аддасць руку і сэрца! Якая, пане, прыгажосць, які розум! Насамрэч, вартая пашаны, як сапраўдная багіня… Не знаходзіць пан?
Вакульскі разглядаў наваколле і не здольны быў нічога адказаць. На шчасце, у гэты момант выбег са станцыі слуга і паведаміў барону, што прыехала каляска.
– Цудоўна! – выгукнуў барон і даў яму некалькі злотых. – Занясі, каханы, нашы рэчы. Едзем, пане… Праз дзве гадзіны пабачыць пан маю нарачоную…