Я ведаю, чаму гэтак разгаварыўся пра справу пані Стаўскае. Вось чаму…
На свеце шмат недавяркаў, і сам я часам бываю недавяркам ды сумняюся ў Божым наканаванні. Не раз, калі палітычныя справы ідуць кепска або я бачу нэндзу людскую і трыумф лайдакоў (калі дазволена ўжываць гэтае слова), дык не раз я думаю: “Дурань стары, што завецца Ігнацы Жэцкі! Ты думаеш, Напалеоны вернуцца на трон, Вакульскі зробіць нешта надзвычайнае, бо ён здольны, і будзе шчаслівы, бо заслужыў?.. Ты думаеш, варона ты загуменная, што хоць у нягоднікаў і добра ўсё спачатку, а ў пачцівых людзей – кепска, але, урэшце, кепскія будуць зганьбаваныя, а добрыя праслаўленыя?.. Гэтага ты чакаеш?.. Дык дурнота твае чаканні!.. На свеце няма ніякага парадку, ніякае справядлівасці, а толькі барацьба. Калі ў гэтай барацьбе верх бяруць добрыя, тады добра, а калі кепскія – кепска. Але, каб існавала нейкая сіла, што спрыяе толькі добрым, пра гэта і марыць забудзь… Людзі як лісце, якое вецер ганяе. Закіне на траўнік, дык ляжаць на траўніку, а ўкіне ў бруд, дык ляжаць у брудзе…”
Гэтак я не раз думаў у хвіліны паняверкі. Але працэс над паняю Стаўскаю меў вынікам тое, што я ўвераваў: добрыя людзі раней ці пазней дачакаюцца справядлівасці.
Бо, калі падумаць… Пані Стаўская – шляхетная кабета, дык павінна быць шчаслівая, Стах – чалавек надзвычайнае вартасці, дык і ён павінен быць шчаслівы. Тым часам Стах скрозь незадаволены і маркотны (аж мне плакаць часам хочацца, калі гляджу яго!), а пані Стаўскую судзілі за крадзеж…
Дык дзе тая справядлівасць, якая ўзнагароджвае добрых?
Зараз убачыш яе, чалавеча малаверны! А каб канчаткова пераканацца, што ёсць на гэтым свеце парадак, запісвай наступныя прароцтвы:
Па-першае, пані Стаўская выйдзе замуж за Вакульскага і будзе з ім шчаслівая.
Па-другое, Вакульскі адрачэцца ад свае панны Ленцкае, а шлюб возьме з пані Стаўскаю ды будзе з ёю шчаслівы.
Па-трэцяе, малы Люлю яшчэ сёлета стане французскім імператарам, назавецца Напалеонам IV, паб’е немцаў на горкі яблык і забяспечыць справядлівасць на ўсім свеце, што прадказваў яшчэ мой светлай памяці бацька.
У тым, што Вакульскі возьме шлюб з пані Стаўскаю, і што ён учыніць нешта надзвычайнае, я ўжо не маю на сённяшні дзень ніякага сумневу. Ён, праўда, яшчэ з ёю не заручыўся, нават не сватаўся, зрэшты… сам гэта яшчэ не ўсвядоміў. Але я ўжо бачу… Добра бачу, што будзе далей, і галавою гатовы паручыцца, што будзе гэтак… Ёсць у мяне палітычны нюх!
Бо пабач, што робіцца.
На другі дзень пасля працэсу Вакульскі быў увечары ў пані Стаўскае і сядзеў да адзінаццатае гадзіны. На трэці дзень ён быў у краме ў пані Мілер, прагледзеў кнігі і вельмі хваліў пані Стаўскую, аж Мілерыху гэта крыху ўзяло за жывое. А на чацвёрты дзень…
Ну, праўду кажучы, не быў ён ані ў пані Мілер, ані ў пані Стаўскае, затое са мною здарылася нешта незвычайнае.
Апоўдні (не было чамусьці пакупнікоў у краме) без дай прычыны падыходзіць да мяне хто?.. Малады Шлянгбаўм, той старазаконны, які працуе ў аддзеле рускіх тканін.
Гляджу, мой Шлянгбаўм пацірае рукі, вус у яго дагары, галава – пад столь… Думаю сабе: “З глузду ён з’ехаў, ці што?..” А той кланяецца мне, але гэтак напышліва, і кажа – ні больш, ні менш – гэтакія словы:
– Спадзяюся, пане Жэцкі, як бы там ні было, а застанемся мы добрымі прыяцелямі…
Думаю сабе: “Але ж, да д’ябла, ці не звольніў яго Стах?..” Дык адказваю:
– У маёй зычлівасці можаш быць упэўнены, пане Шлянгбаўм, што б там ні здарылася, абы не ўчыніў ты якога злачынства, пане Шлянгбаўм…
На апошніх словах зрабіў я націск, бо мой пан Шлянгбаўм выглядаў так, нібы меў намер або нашу краму купіць (што здаецца мне немагчымым), або абакрасці… што, хоць ён і пачцівы старазаконны, не здаецца мне немагчымым.
Ён, відаць, зразумеў, бо ўсміхнуўся крайком вуснаў ды пайшоў у свой аддзел. Праз чвэрць гадзіны я нібы выпадкова зазірнуў туды, але заспеў яго, як звычайна, за работаю. Нават сказаў бы, што працаваў ён яшчэ больш заўзята, чым звычайна: узбягаў на драбінку, даставаў штукі рэпсу[228] і аксаміту, раскладаў іх па шафах, словам, круціўся ваўчком.
“Не, – думаю, – гэты ўжо, хіба, не абкрадзе нас…”
Заўважыў я яшчэ, і гэта таксама мяне здзівіла, што пан Зэмба стаў прыніжана-ветлівы са Шлянгбаўмам, а на мяне пазірае крыху зверху ўніз, хоць і апасліва.
“Уга! – думаю. – Ён хоча залагодзіць Шлянгбаўму даўнія крыўды, а ў адносінах да мяне, старшага крамніка, стараецца захаваць асабістую годнасць. І добра робіць! Бо заўсёды трэба крыху задзіраць нос у адносінах да тых, хто вышэй, і быць паслужліва-ветлівым да тых, хто ніжэй…”
Адвячоркам зазірнуў я ў рэстаран на піўка. Гляджу, пан Шпрот і радца Вянгровіч ужо там. Са Шпротам пасля тае сваркі, пра якую я расказваў, мы і бачыць адзін аднаго не хочам, але з радцам я вітаюся сардэчна. А той да мяне:
– Ну што? Ужо?..
– Прашу прабачэння, – кажу я, – але не разумею. – (Думаў, што ён намякае на працэс пані Стаўскае.) – Не разумею, – кажу, – пане радца.
– Чаго ты не разумееш? – кажа ён. – Што крама прададзеная?
– Перахрысціся, пане радца, – кажу я, – якая крама?
Пачцівы радца быў ужо па шостым куфлі, дык ён зарагатаў і кажа:
– Уга! Я перахрышчуся, але пану і перахрысціцца ўжо не дадуць, як з хрысціянскага хлеба пяройдзеш на жыдоўскую халу. Усе гэтак кажуць. Жыды вашу краму купілі…
Я думаў, што мяне хопіць апаплексічны ўдар.
– Пане радца, – кажу я, – пан занадта паважны чалавек, каб не сказаць мне, адкуль гэтыя звесткі?
– Увесь горад гаворыць, – адказаў радца, – зрэшты, няхай прысутны тут пан Шрот пану ўсё растлумачыць.
– Пане Шпрот, – кажу я з паклонам, – не хачу абразіць пана, пагатоў жадаў ад пана сатысфакцыі, а пан мне адмовіў, як круцель… Як круцель, пане Шпрот!.. Аднак заяўляю, што пан або паўтарае за іншымі, або сам фабрыкуе плёткі…
– Што такое?! – завішчаў Шпрот і зноў, як некалі, грукнуў кулаком па стале. – Я адмовіў, бо не збіраюся даваць сатысфакцыю ані пану, ані каму іншаму. Але паўтараю, краму вашу купляюць жыды…
– Якія жыды?
– Д’ябал іх ведае: Шлянгбаўмы, Гундбаўмы, адкуль мне ведаць!..
Я гэтак раз’юшыўся, што загадаў прынесці піва, а радца Вянгровіч кажа:
– Гэтыя жыды дачакаюцца, будзе нейкая бязглуздая авантура. Гэтак яны нас душаць, гэтак адусюль выціскаюць, гэтак скупляюць усё, няма рады. Нам іх не перахітрыць, марныя спадзяванні, але як пойдуць у ход кулакі, дык пабачым, хто каго…
– Пан радца мае рацыю! – дадаў Шпрот. – Гэтак усё тыя жыды грабуць пад сябе, што, урэшце, давядзецца сілаю адбіраць. Дзеля парадку. Бо зірніце, панове, што робіцца, хоць бы з тым кортам…
– Ну, – кажу я, – калі нашу краму купляюць жыды, дык і я з вамі, бо мой кулак яшчэ нешта важыць… Але пакуль, на міласць Боскую, не разносьце вы плётак пра Вакульскага ды не падбухторвайце людзей супраць жыдоў, бо і без таго ліха хапае…
Вярнуўся я дадому з хвораю галавою, шалёны ад злосці на ўвесь свет. За ноч некалькі раз прачынаўся, а калі засынаў, дык сніў, што жыды і праўда купілі нашу краму, а я, каб не памерці з голаду, хаджу па дварах з катрынкаю, на якой напісана: “Злітуйцеся над бедным старым венгерскім афіцэрам!”
Толькі пад раніцу прыйшла мне ў галаву простая і слушная думка: сур’ёзна пагаварыць са Стахам і, калі ён краму, сапраўды, прадае, пашукаць сабе новае месца.
Добрая кар’ера за гэтулькі гадоў службы! Каб чалавек быў сабакам, яго хоць прыстрэлілі б… А так – туляйся чалавеку па чужых кутках, зрэшты, без усялякае пэўнасці, ці не ў канаве давядзецца сканаць…
Мінуў поўдзень, а Вакульскі яшчэ не прыходзіў у краму, дык а другой гадзіне я сам выбраўся да яго. Можа, захварэў?..
Іду я і ў браме таго дому, дзе ён жыве, сустракаю доктара Шумана. Калі я сказаў, што хачу наведаць Стаха, той параіў мне:
– Не ідзі туды, пан. Ён засмучаны, і лепш не чапаць яго. Хадзем лепш да мяне на гарбату… Дарэчы, а ці ёсць у мяне валасы пана?
– Здаецца, – адказаў я, – хутка аддам я пану валасы разам са скураю.
– Пан хоча з сябе чучала?
– Варта. Свет не бачыў гэткага дурня.
– Суцешся, пан, – адказаў Шуман, – ёсць яшчэ дурнейшыя. Але што здарылася?
– Няважна. Але я чуў, нібы Стах прадае краму жыдам… А ўжо да іх на службу я не пайду.
– Што ж, і пан антысемітызмам заразіўся?
– Не. Але не быць антысемітам і служыць жыдам – розныя рэчы.
– А хто ж ім будзе служыць?.. Бо я, хоць і жыд, таксама ў лёкаі да пархатых не пайду. Зрэшты, адкуль у пана такія думкі? Калі крама будзе прададзеная, дык пана чакае цудоўная пасада ў суполцы гандлю з імперыяй…
– Няпэўная гэта суполка, – заўважыў я.
– Вельмі няпэўная, – згадзіўся Шуман. – Занадта мала ў ёй жыдоў і зашмат магнатаў. Але пана гэта не тычыцца, бо… Толькі не выдай мяне, пан, бо гэта сакрэт. Дык вось, пану ні ў галаве павінен быць лёс крамы ды суполкі, бо Вакульскі адпісаў пану дваццаць тысяч рублёў…
– Мне?.. Адпісаў?.. Што гэта значыць?! – крыкнуў я ад здзіўлення.
Мы якраз увайшлі ў кватэру Шумана, і доктар загадаў падаць самавар.
– Што значыць гэты запіс? – пытаў я занепакоена.
– Запіс… запіс!.. – мармытаў Шуман, расхаджваючы па пакоі і расціраючы сабе патыліцу. – Што значыць? Не ведаю. Досыць таго, што Вакульскі яго зрабіў. Відавочна, хоча быць гатовы да ўсяго, як кожны разважлівы купец!..
– Няўжо зноў двубой?..
– Гэ! Не ставала… Вакульскі занадта разумны, каб два разы рабіць адно глупства. Адно пэўна, каханы пане Жэцкі, хто з такою бабаю звяжацца, той мусіць быць гатовы…
– З якою бабаю?.. З пані Стаўскаю?.. – спытаў я.
– Якая пані Стаўская! – кажа доктар. – Тут іншая акула – панна Ленцкая, за якою гэты вар’ят упадае да скону. Ужо і зразумеў ён, што за кветачка, ужо і пакутуе, і грызе сам сябе, але выкараскацца не можа. Горш за ўсё гэтыя запозненыя амуры, асабліва калі здарацца з гэтакім д’яблам, як Вакульскі.
– Зноў нечага нарабілася? Ён жа ўчора быў у ратушы на бале.
– Таму і быў, што яна там была, і я таму быў, што яны абое там былі. Цікавая гісторыя! – прамармытаў доктар.
– Ці не мог бы пан ясней выказацца? – страціў я цярплівасць.
– Чаму не! Да таго ж, усе гэта бачаць, – кажа доктар. – Вакульскі шалее за паннаю, яна з ім вельмі разважліва какетнічае, а кавалеры… чакаюць. Скандал, – працягваў Шуман, пахаджаючы па пакоі ды паціраючы сабе галаву. – Пакуль панна Ізабэла была без гроша ды без прэтэндэнтаў на руку, аніводзін сабака да іх не хадзіў. А як знайшоўся Вакульскі, багаты, з добраю рэпутацыяй ды сувязямі, чуткі пра якія нават перабольшаныя, вакол панны Ленцкае сапраўдны рой утварыўся – і недарэкі розныя, і лядашчыя, і ніштаватыя кавалеры – аж не праціснуцца, гэтак яе абступілі. І кожны ўздыхае, кожны – вочы пад лоб, пяшчоты шэпча, ручку песціць, танцуючы…
– А яна што?
– Пустая кабета! – прамовіў доктар і махнуў рукою. – Замест грэбаваць галотаю, якая да таго ж некалькі разоў ад яе адварочвалася, яна цешыцца іх таварыствам. Усе гэта бачаць, а горш за ўсё, бачыць гэта і Вакульскі.
– Да д’ябла! Чаго ж ён не кіне яе?.. Ужо хто-хто, а ён, хіба, кпіць з сябе не дазволіць.
Падалі самавар. Шуман адправіў слугу, наліў гарбаты і адказаў:
– Бачыш, пан, ён бы яе абавязкова кінуў, каб мог разумна ацэньваць тое, што ў яго перад вачыма. Быў такі момант учора на балі, што ў нашым Стаху абудзіўся леў і, калі ён накіраваўся да панны Ленцкае, каб сказаць ёй пару слоў, я гатовы быў паклясціся, што ён скажа: “Дабранач, пані. Ужо я бачу, якія карты ў пані, дык абгуляць сябе не дазволю!” Гэткі твар у яго быў, пакуль ён ішоў да яе. Але што ж? Панна зірнула, шапнула, кранула за руку, і Стах мой гэткі шчаслівы быў цэлую ноч, гэткі шчаслівы, што… сёння ў лоб стрэліў бы сабе, каб не чакаў яшчэ такога позірку, шэпту, дотыку… Не бачыць, даўбешка, што яна дакладна гэткімі ж позіркамі надзяляе яшчэ з дзясятак іншых, ды яшчэ ў большых дозах.
– Што ж гэта за кабета?
– Як сотні ды тысячы іншых! Прыгожая, распешчаная, але бяздушная. Для яе Вакульскі варты столькі, колькі ў яго грошай ды сувязяў. Вядома, і на мужа надаецца, калі нічога лепшага не патрапіцца. Але ўжо каханкаў яна абярэ паводле свайго густу.
– А той, – правіў далей Шуман, – ці ў склепе Гопфера, ці ў тайзе гэтак задурыў сабе галаву Альдонамі, Гражынамі, Марылямі ды ім падобнымі хімерамі, што і ў панне Ленцкай бачыць боства. Ён ужо не проста кахае, ён абагаўляе яе, моліцца на яе, упаў бы ніцма перад ёю… Прыкрае чакае яго абуджэнне!.. Бо хоць і рамантык да апошняе кроплі крыві, але ён не пойдзе следам за Міцкевічам, які не толькі прабачыў той, што яму здрадзіла, але яшчэ і тужыў па ёй пасля здрады. Уга! Ён нават абяссмерціў яе… Добрая навука нашым паненкам: як хочаш праславіцца, дык здраджвай тым, хто цябе мацней кахае!.. Мы, палякі, асуджаныя быць дурнямі нават у такой простай справе, як каханне…
– Мяркуеш, доктар, што і Вакульскі будзе гэтакім блазнам?.. – спытаў я, адчуваючы, як закіпае ўва мне кроў, нібы пад Вілагас.
Шуман аж падскочыў на крэсле.
– Ой, не, да ліха! – закрычаў ён. – Ён шалее, пакуль кажа сабе: “А раптам яна мяне кахае, а раптам яна такая, як я думаю?..” Але каб ён не працверазеў, калі заўважыць, што стаў пасмешышчам, я… я першы – не будзь я жыдам – гатовы плюнуць яму ў вочы… Гэтакі чалавек можа быць няшчасным, але нельга яму прыніжацца…
Даўно ўжо не бачыў я, каб Шуман гэтак усхадзіўся. Жыд-то ён жыд, з галавы да пят, але верны сябра і чалавек з пачуццём гонару.
– Ну, – сказаў я, – супакойся, доктар. Ёсць у мяне для Стаха лекі.
І расказаў яму пра пані Стаўскую, а напрыканцы дадаў:
– Не дажыць мне веку, доктар, не дажыць мне веку, калі не ажаню я Стаха з пані Стаўскаю. Гэта кабета, у якой ёсць і розум, і сэрца, якая на любоў адкажа любоўю, а яму такая і трэба.
Шуман хітаў галавою і варушыў брывамі.
– Уга! Паспрабуй, пан… На жаль, лекамі на адну кабету можа быць толькі другая кабета. Хоць баюся, ці не спозненая ўжо дапамога…
– Гэта жалезны чалавек, – заўважыў я.
– У тым і небяспека, – адказаў доктар. – Цяжка будзе сцерці тое, што выразана, і цяжка склеіць тое, што трэснула.
– Пані Стаўская зробіць гэта.
– Дай Бог.
– І Стах будзе шчаслівы.
– Ого!..
Развітаўся я з доктарам усцешаны. Кахаю я пані Гэлену, але дзеля яго… выракуся яе.
Абы не позна яшчэ было!
Але не…
Назаўтра апоўдні зайшоў у краму Шуман. Яго крывая ўсмешка падказала мне, што ён занепакоены і настроены іранічна.
– Быў доктар у Стаха? – спытаў я. – Як ён сёння?
Той пацягнуў мяне за шафы і з’едлівым тонам пачаў:
– Бачыш, пан, да чаго бабы даводзяць нават такіх людзей, як Вакульскі! Ведаеш, пан, чаго ён гэтакі засмучаны?..
– Пераканаўся, што панна Ленцкая мае каханка…
– Хаця б ён пераканаўся!.. Можа і вылечыўся б тады радыкальна. Але яна надта спрытная, каб гэткі наіўны закаханы разгледзеў, што робіцца за кулісамі. Зрэшты, я пра іншае. Смех сказаць, сорам прызнацца! – бушаваў доктар.
Ён ляснуў сябе па лысіне і працягваў цішэй:
– Заўтра баль у князя, дзе, ясная рэч, будзе панна Ленцкая. Ці вядома пану, што князь да гэтае пары не запрасіў Вакульскага, хоць іншым разаслаў запрашэнні ўжо два тыдні таму?! А ці паверыць пан, што Стах захварэў з-за гэтага?..
Доктар захіхікаў, вышчэрваючы гнілыя зубы, а я, далібог, пачырванеў ад сораму.
– Цяпер разумееш, пан, на якім адхоне можа апынуцца чалавек? – спытаў Шуман. – Ужо другі дзень ходзіць ён, нібы атручаны, што нейкі князь не запрасіў яго на баль!.. Ён, той наш каханы, той наш слаўны Стах…
– Ён сам гэта пану сказаў?
– Дзе там! – прамармытаў доктар. – У тым і бяда, што не сказаў. Каб хапіла яму духу сказаць, дык і плюнуць бы здолеў на гэта спозненае запрашэнне.
– Мяркуеш, пан, што яго запросяць?
– Авой! Не запрасіць яго каштавала б князю пятнаццаць працэнтаў гадавых з капіталу, укладзенага ў суполку. Запросіць ён яго, запросіць. Дзякуй Богу, Вакульскі яшчэ рэальная сіла. Але спачатку, ведаючы яго слабасць да панны Ленцкае, падражніць яго, пабавіцца ім, як сабакам, якому здалёк паказваюць кавалак мяса, каб навучыць хадзіць на задніх лапах. Не бойся, пане, яны яго не выпусцяць, на гэта ім розуму хопіць. Але яны хочуць выдрэсіраваць яго, каб добра служыў, прыносіў у зубах, нават кусаў тых, хто ім нямілы.
Ён узяў сваю бабровую шапку, кіўнуў мне і выйшаў. Дзівак быў, дзіваком і застаўся.
Рэшту дня я змарнаваў, нават некалькі раз памыліўся ў разліках. А калі ўжо збіраўся зачыняць краму, з’явіўся Стах. Здалося мне, што за апошнія дні ён зблажэў. Ён нядбала павітаўся з нашымі панамі і пачаў корпацца ў шуфлядзе стала.
– Шукаеш нешта? – спытаў я.
– Ці не было тут ліста ад князя?.. – адказаў ён, унікаючы майго позірку.
– Я адсылаў усе лісты табе на кватэру…
– Я ведаю, але мог нейкі заваляцца сярод папер…
Лепш бы мне зубы дзерлі, чым чуць такое. Дык меў Шуман рацыю: Стах пакутуе, што князь не запрасіў яго на баль!
Калі краму зачынілі і ўсе пайшлі, Вакульскі спытаў:
– Што ты сёння будзеш рабіць? Можа, запрасіў бы мяне на гарбату?
Вядома, я запрасіў яго з радасцю і прыгадаў старыя часы, калі Стах бавіў у мяне амаль кожны вечар. Як даўно гэта было! Цяпер ён быў пахмурны, я заклапочаны, і хоць нам шмат пра што было паразмаўляць, мы хавалі адзін ад аднаго вочы. Нават завялі гутарку пра мароз, і толькі шклянка гарбаты, напалову разбаўленая аракам, развязала мне трохі язык.
– Усе кажуць, – азваўся я, – што ты прадаеш краму.
– Ужо амаль прадаў, – адказаў Вакульскі.
– Жыдам?..
Ён рэзка ўстаў з фатэля, запхнуў рукі ў кішэні і захадзіў па пакоі.
– А каму яе прадаць?.. – спытаў ён. – Тым, хто не купіць краму, бо маюць грошы, ці тым, хто купіў бы яе толькі таму, што няма грошай? Крама вартая амаль сто дваццаць тысяч рублёў, дык што, выкінуць іх на сметнік?
– Аж страшна, як гэтыя жыды выціскаюць нас…
– Адкуль?.. З тых пазіцый, якія мы не хочам займаць, а прымушаем займаць іх – папіхаем іх, молім, каб занялі. Маю краму не купіць аніводзін з нашых паноў, але кожны дасць грошай жыдам, каб тыя купілі і… плацілі ім добрыя працэнты з пазычанага капіталу.
– Гэтак?
– Вядома. Я ж ведаю, хто пазычае Шлянгбаўму…
– Дык Шлянгбаўм купляе?
– А хто ж яшчэ? Клейн, Лісецкі ці Зэмба?.. Яны не знайшлі б крэдыту, а каб і знайшлі, дык змарнавалі б яго.
– Будзе некалі авантура з гэтымі жыдамі, – прамармытаў я.
– Былі ўжо, працягваліся васямнаццаць стагоддзяў, і які вынік?.. Падчас жыдоўскага пераследу загінулі лепшыя, а засталіся толькі такія, што здолелі схавацца ад згубы. Вось такіх і маем мы сёння жыдоў: загартаваных, цярплівых, хітрых, салідарных, прадпрымальных, якія па-майстэрску валодаюць адзінаю зброяй, якая ў іх засталася – грашыма. Знішчаючы лепшае, наладзілі мы штучны адбор і выгадавалі найгоршых.
– А ці падумаў ты, што ў выпадку, калі твая крама пяройдзе ў іх рукі, дзясяткі жыдоў займеюць добрую працу, а дзясяткі нашых яе страціць.
– Я не вінаваты, – злосна адказаў Вакульскі. – Я не вінаваты, што тыя, з кім я падтрымліваю дачыненні, дамагаюцца, каб я прадаў краму. Гэта праўда, што грамадства страціць, але ж грамадства само хоча гэтага.
– А абавязкі?..
– Якія абавязкі?! – закрычаў ён. – Ці ў адносінах да тых, хто называе мяне эксплуататарам, ці да тых, якія мяне абкрадаюць? Выкананы абавязак мусіць нешта даваць чалавеку, бо іначай гэта ахвяра, якое ніхто ні ад каго не мае права вымагаць. А што я маю? Нянавісць і нагаворы з аднаго боку, пагарду – з другога. Скажы мне, ці ёсць злачынства, у якім мяне яшчэ не абвінавачвалі? І за што? За тое, што я зарабіў капітал і даў заробак сотням людзей.
– Паклёпнікі ёсць усюды.
– Але нідзе столькі, як у нас. Дзесьці пачцівы нуварыш, як я, меў бы ворагаў, але меў бы і прызнанне, якое лагодзіць крыўды… А тут…
Ён махнуў рукою.
Я зноў каўтануў дзеля адвагі паўшклянкі араку з гарбатай. Тым часам Стах, які пачуў крокі ў сенцах, падышоў да дзвярэй. Я здагадаўся, што гэтак ён чакае запрашэнне ад князя!..
Зашумела ўжо мне ў галаве, дык я спытаў:
– А ці ж тыя, дзеля якіх ты прадаеш краму, ацэняць цябе?
– А калі ацэняць? – спытаў ён у задуменні.
– І будуць любіць цябе болей за тых, каго ты пакідаеш?
Ён хутка падышоў да мяне і зірнуў у вочы:
– А калі будуць любіць?
– Ты ўпэўнены?
Ён кінуўся на фатэль.
– Адкуль я ведаю? – ціха прамовіў ён. – Адкуль я ведаю?.. Што пэўнае на гэтым свеце?
– І ты ніколі не думаў, – працягваў я ўсё смялей, – што на цябе могуць не толькі лаяцца ды ашукваць, але яшчэ і смяяцца з цябе ды пагарджаць табою?.. Скажы мне, ты ніколі пра гэта не думаў?.. Усё магчыма на свеце, а таму належыць асцерагацца, калі не падману, дык, прынамсі, асмяяння. Да д’ябла, – скончыў я і грукнуў шклянкаю па стале, – можна ісці на ахвяры, бо маеш, з чаго іх рабіць, але нельга дазваляць здзекавацца з сябе…
– Хто з мяне здзекуецца? – крыкнуў ён і ўскочыў.
– Усе тыя, хто не шануе цябе, як ты заслужыў.
Спалохаўся я ўласнае смеласці, але Вакульскі нічога не адказаў. Ён лёг на казетку з падкладзенымі пад галаву рукамі, што было прыкметаю моцнае ўзрушанасці. Потым загаварыў пра справы, якія датычыліся крамы, вельмі спакойным тонам.
А дзявятай адчыніліся дзверы і ўвайшоў лёкай Вакульскага.
– Ліст ад князя! – абвясціў ён.
Стах прыкусіў вусны і, не падымаючыся, працягнуў руку.
– Дай, – сказаў ён, – і можаш ісці спаць.
Слуга выйшаў. Стах павольна адкрыў канверт, прачытаў ліст, падраў яго на шматкі ды кінуў пад печ.
– Што гэта? – спытаў я.
– Запрашэнне на заўтрашні баль, – адказаў ён суха.
– Не пойдзеш?
– І не падумаю.
Я аслупянеў… І раптам у гэтым аслупяненні ўзнікла геніяльная думка, лепшая на свеце.
– Ведаеш што? – сказаў я. – А можа, пайшлі б мы заўтра ўвечары да пані Стаўскае?..
Ён сеў на казетцы і з усмешкаю адказаў:
– А ведаеш, будзе някепска!.. Даволі мілая кабета, і даўно ўжо я там не быў. Трэба пры нагодзе даслаць цацак малой.
Лёд, які ўтварыўся быў між намі, пачаў раставаць.
Да нас абодвух вярнулася колішняя шчырасць, і да паўночы гутарылі мы пра былое. На дабранач Стах сказаў мне:
– Чалавек часам губляе галаву, але часам вяртаецца да розуму… Бог табе заплаціць, стары!
Залаты, каханы Стах!..
Хоць трэсні, ажаню яго з пані Стаўскаю!..
У дзень балю ў князя ані Стах, ані Шлянгбаўм у краму не паказваліся.
Я здагадаўся, што яны мусілі дамаўляцца пра продаж нашае крамы.
Іншым разам гэта атруціла б мне настрой на цэлы дзень. Але сёння не ў галаве мне было ані закрыццё нашае фірмы, ані змена шыльды на жыдоўскую. Што мне тая крама! Абы Стах быў шчаслівы, прынамсі, каб скончыліся яго згрызоты. Мушу яго ажаніць, няхай хоць перуны б’юць.
Раніцаю я даслаў пані Стаўскай ліст, у якім папярэдзіў, што сёння мы прыйдзем на гарбату разам з Вакульскім. Да ліста я насмеліўся дадаць скрыначку цацак для Гэлюні. Быў там цэлы лес са звярамі, мэбля для лялькі, мініяцюрны сервіз ды медны самавар. Усяго на 13 руб. 60 кап. тавару разам з упакоўкаю.
Мушу нешта прыдумаць яшчэ для пані Місевічовай. Зраблю гэткія абцужкі з бабулі ды ўнучкі ды гэтак сцісну імі прыгажуню маму за сэрца, што будзе яна вымушаная капітуляваць яшчэ да Святога Яна…
(А, ліха на яго! А муж за мяжою?.. Ну, што муж? Няхай бы пільнаваў… Зрэшты, за колькі тысяч рублёў атрымаем развод са зніклым, а хутчэй, ужо нежывым.)
Пасля закрыцця крамы іду я да Стаха. Лёкай адчыняе мне дзверы з накрухмаленаю кашуляй у руках. Іду далей, і ў спальні бачу на крэсле фрак, камізэльку… Уга! Ці не атрымаецца з нашага візіту пшык?..
Стах сядзеў у кабінеце і чытаў англійскую кніжку. (Чорт ведае, на што яму тая ангельшчына? Ажаніцца можна нават і глуханямому…) Прывітаў ён мяне сардэчна, хоць і крыху разгублена.
“Трэба браць быка за рогі!” – падумаў я. Лахі пад пахі ды кажу яму:
– Ну, хіба, чакаць няма чаго. Пайшлі, бо пані спаць палягуць.
Вакульскі закрыў кніжку і задумаўся:
– Брыдкі вечар, – сказаў ён, – завея.
– Іншым завея на баль не перашкаджае ехаць, дык чаму яна нам мусіць вечар псаваць, – адказаў я, удаючы прасцячка.
Нібы ўкалоў я Стаха. Ён ускочыў з крэсла і загадаў падаць футра. Слуга, апранаючы яго, казаў:
– Але няхай пан зараз жа вяртаецца, бо ўжо час апранацца і цырульнік прыйдзе.
– Не трэба, – адказаў Стах.
– Але ж нерасчасаны не пойдзе пан танцаваць…
– Я не іду на баль.
Слуга ад здзіўлення разявіў рот.
– Што пан вырабляе? – закрычаў ён. – Пан, хіба, трызніць… Пан Ленцкі гэтак прасіў…
Вакульскі хутка выйшаў з пакоя і бразнуў дзвярыма перад носам у нахабнага лёкая.
“Ага, – думаю я сабе, – дык князь здагадаўся, што Стах можа не прыйсці і, каб перапрасіць, паслаў гэтага, нібы цесця!.. Шуман мае рацыю, яны будуць трымаць яго, ну але мы ў вас яго адбяром!”
Праз чвэрць гадзіны былі мы ў пані Стаўскае.
Цуд, як нас прынялі!.. Марыяна пасыпала кухню пясочкам, пані Місевічова прыбралася ў ядвабную сукенку табачнага колеру, а расчырванелая пані Стаўская мела сёння гэткія прывабныя вочы ды вусны, што памерці можна было, цалуючы гэту прыгожую кабету.
Баюся сурочыць, але, далібог, Стах цэлы вечар пазіраў на яе з вялікаю цікавасцю. Нават не было калі пахваліць новую стужку Гэлюні.
Які быў вечар!.. Як пані Стаўская дзякавала нам за цацкі, як яна саладзіла Вакульскаму гарбату, як яна зачапіла яго некалькі разоў беражком свайго рукава… У мяне з’явілася ўпэўненасць, што Стах будзе прыходзіць як мага часцей, спачатку са мною, потым – без мяне.
Падчас вячэры нейкі злы ці добры дух скіраваў вочы пані Місевічовай на “Кур’ер”.
– Бачыш, Гэленка, – звярнулася яна да дачкі, – сёння баль у князя.
Вакульскі спахмурнеў і замест вачэй пані Стаўскае пачаў узірацца ў сваю талерку. Я сабраў усю адвагу і не без іроніі азваўся:
– Пекнае мусіць быць таварыства ў князя! Строі, галантнасць…
– Не так яно ўсё пекна, як здаецца, – адказала старая. – За строі часта не заплачана, а галантнасць… Напэўна, адна галантнасць у салонах з графінямі ды князямі, а іншая – у гардэробнай з беднымі швачкамі.
(О, як своечасова падтрымала мяне старая сваёй крытыкай.)
“Слухай жа, Стасю,” – падумаў я і пытаюся далей:
– Дык тыя велікасвецкія дамы не надта галантныя са швачкамі?..
– Пане! – махнула рукою пані Місевічова. – Ведаем мы адну краўчыху, якой тыя пані даюць работу, бо яна вельмі ўвішная і бярэ танна. Слязьмі яна ўмываецца, як вяртаецца, бывае, ад іх. Колькі нараканняў і на прымерку сукенкі, і на папраўкі, і на рахункі… А які ў іх тон, якія яны звадлівыя, якія сквапныя… Тая краўчыха кажа (каб мне так добра было!), што лепш мець справу з чатырма жыдоўкамі, чым з адною велікасвецкаю дамаю. Хоць цяпер і жыдоўкі псуюцца, варта якой разбагацець, адразу пачынае гаварыць толькі па-французску, таргавацца ды касавурыцца.
Я хацеў запытацца, ці не апранаецца ў тае краўчыхі панна Ленцкая, але пашкадаваў Стаха. Гэтак ён мяняўся з твару, бедачына!..
Пасля гарбаты Гэлюня з радаснымі воклічамі пачала расстаўляць на канапе свае новыя цацкі, пані Місевічова і я селі пры акне (старую так і цягне да тых вокнаў!), а Вакульскі і пані Стаўская размясціліся на канапе: яна пляла нейкую сетку, а ён з папяросаю.
З-за таго, што старая пачала заўзята апавядаць мне, якім дасканалым кіраўніком павета быў яе муж, я не надта чуў гутарку пані Стаўскае з Вакульскім. А мусіла быць гэта цікавая гутарка, бо вялася напаўголасу.
“Я бачыў пані летась у кармелітаў на Вялікдзень”.
“А я пана заўважыла, калі пан летам быў у той камяніцы, дзе мы жылі. Не ведаю нават чаму, але мне здавалася…”
– А колькі клопату было з тымі пашпартамі!.. Бог ведае, хто браў, каму аддаваў, чыё ўпісваў прозвішча… – распавядала пані Місевічова.
“…Чаму не! Калі толькі пан пажадае…” – казала, чырванеючы, пані Стаўская.
“… І не буду надакучлівы?..”
– Прыгожая пара! – ціха сказаў я пані Місевічовай.
Яна зірнула на іх і ўздыхнула:
– Але што ж, нават каб ужо няшчасны Людвічак і нежывы быў…
– Будзем спадзявацца на Бога.
– Што жывы?.. – спытала старая, але не падобна было, каб яе гэта цешыла.
– Не, я не пра тое… Але…
– Мама, я ўжо спаць хачу, – азвалася Гэлюня.
Вакульскі падняўся з канапы, і мы развіталіся з дамамі.
“Хто ведае, – падумаў я, – ці не праглынуў ужо кручка гэты асяцёр?..”
На двары па-ранейшаму сыпаў снег, Стах завёз мяне дадому і, невядома чаго, чакаў у санках, пакуль я зайду ў браму.
Я зайшоў, але затрымаўся ў сенцах. А калі вартаўнік замкнуў браму, пачуў, як зазвінелі на вуліцы, ад’язджаючы, санкі.
“Гэтакі ты? – падумаў я. – Пабачым, куды паедзеш…”
Зайшоў я да сябе, апрануў стары плашч, цыліндр, і, гэтак пераапрануты, праз паўгадзіны выйшаў на вуліцу.
У кватэры Стаха было цёмна, значыць, ён не дома. Дык дзе ён?..
Спыніў я санкі, што праязджалі побач, і праз некалькі хвілін выйшаў непадалёк ад дома, дзе жыў князь.
На вуліцы стаяла некалькі карэт, іншыя пад’язджалі, але другі паверх быў ужо асветлены, музыка грала, а ў вокнах час ад часу мільгалі цені танцораў.
“Там панна Ленцкая,” – падумаў я, і сэрца ў мяне сціснулася.
Паглядзеў я ўздоўж вуліцы. У! Якая завея… Ледзь відно мігценне газовак. Трэба ісці спаць.
Каб злавіць санкі, перайшоў я на другі бок і… ледзь не наляцеў на Вакульскага… Ён стаяў пад дрэвам, засыпаны снегам, узіраючыся ў вокны.
“Дык вось як?! О, хоць здохні, мой каханы, а мусіш ты ажаніцца з пані Стаўскаю”.
У такой небяспечнай сітуацыі пастанавіў я дзейнічаць энергічна. Назаўтра ж выбраўся да Шумана і кажу яму:
– А ведаеш, доктар, што здарылася са Стахам?
– Што? Нагу зламаў?
– Горш. Хоць ён, нягледзячы на падвойнае запрашэнне, і не быў на балі ў князя, але апоўначы падкраўся да яго дома і стаяў там у завеі ды глядзеў на вокны. Разумееш, пан?
– Разумею. Тут не трэба быць псіхіятрам.
– Таму я пастанавіў абавязкова ажаніць Стаха яшчэ сёлета, нават яшчэ да Святога Яна.
– З паннаю Ленцкаю? – падхапіў доктар. – Я раю не лезці ў гэта.
– Не з паннаю Ленцкаю, а з пані Стаўскаю.
Шуман пастукаў сабе па ілбу.
– Шпіталь вар’ятаў! – прамармытаў ён. – Усе як адзін… У пана, відавочна, мазгі радчэюць, пане Жэцкі.
– Пан мяне абражае! – выгукнуў я раззлавана.
Ён стаў перада мною і, схапіўшы мяне за адвароты сурдута, казаў сярдзітым голасам:
– Слухай, пан… Я выкарыстаю параўнанне, якое пану мусіць быць зразумелае. Калі шуфляда поўная, напрыклад, партманетак, дык ці можаш у тую самую шуфляду напхаць яшчэ і гальштукаў?.. Не можаш. Вось і Вакульскі, калі сэрца яму запоўніла панна Ленцкая, ці можа яшчэ ўціснуць туды паню Стаўскую?..
Я адчапіў яго рукі ад свайго сурдута і адказаў:
– Я дастану партманеты і пакладу гальштукі, разумееш, пане вучоны?..
І зараз жа выйшаў, бо мяне яго бесцырымоннасць пачала ўжо раздражняць.
Ад доктара я паехаў да пані Місевічовае. Стаўская была ў краме. Гэлюню я выправіў у другі пакой гуляць з цацкамі, а сам падсеў да старое і проста з моста пытаюся:
– Пані дабрадзейка!.. Ці лічыш Вакульскага годным чалавекам?..
– Ах, дарагі пане Жэцкі, як ты можаш пытаць?.. Ён зменшыў нам кватэрную плату ў сваім доме, выратаваў Гэленку ад ганьбы, даў ёй пасаду на семдзесят пяць рублёў, Гэлюні прыслаў столькі цацак…
– Прашу прабачэння, – перапыніў я яе, – дык згаджаецца пані, што чалавек ён высакародны, і таму пад вялікім сакрэтам мушу паведаміць пані, што чалавек ён вельмі няшчасны…
– У імя Айца і Сына!.. – перахрысцілася старая. – Ён няшчасны?! Ён, які мае гэткую краму, суполку, прорву грошай?.. Ён, які нядаўна прадаў камяніцу?.. Хіба, даўгі, а я і не ведала.
– Даўгоў ані гроша, – кажу я, – а пасля продажу крамы ў яго шэсцьсот тысяч рублёў, хоць два гады таму меў ён трыццаць тысяч ды краму, вядома… Але, пані дабрадзейка!.. Грошы яшчэ не ўсё, бо чалавек, апроч кішэні, мае і сэрца…
– Але ж я чула, што ён жэніцца. І нават з пекнай асобай, з паннаю Ленцкай.
– Гэта і бяда. Вакульскі не можа, не павінен жаніцца…
– Няўжо мае дэфект?.. Гэтакі здаровы мужчына…
– Не павінен жаніцца з паннаю Ленцкай. Гэта не для яго партыя. Яму трэба жонка такая…
– Такая, як мая Гэленка… – спешна закончыла пані Місевічова.
– Вось!.. – выгукнуў я. – Не толькі такая, але менавіта яна… Яе самую, Гэлену Стаўскую, трэба нам за жонку.
Старая заплакала.
– Ведаеш, каханы пане Жэцкі, – казала яна, усхліпваючы, – гэта мая запаветная мара… Бо галаву даю: пачцівы Людвічак ужо памёр… Гэтак часта сніцца ён мне і заўсёды або голы, або нейкі не падобны да сябе…
– Зрэшты, – кажу я, – нават каб і не памёр, дык атрымаем развод.
– Вядома. За грошы ўсё можна зрабіць.
– Менавіта! Абы пані Стаўская не была супраць.
– Высакародны пане Жэцкі, – выгукнула старая. – Я гатова прысягнуць, што яна, небарака, ужо закахалася ў Вакульскага… Настрою няма, начэй не спіць, а ўсё ўздыхае ды марнее кабетка. А як вы ўчора тут былі, дык што з ёю рабілася… Я, маці, пазнаць яе не магла…
– Дык баста! – спыніў я яе. – Мой клопат, каб Вакульскі бываў у вас часцей, а пані… няхай падрыхтуе пані Гэлену. Вырвем Стаха з рук тае панны Ленцкае і… хіба, перад Святым Янам вяселле…
– Пабойся Бога, а Людвічак?..
– Памёр, памёр… – кажу я. – Галаву даю, што нежывы…
– Дык у такім разе – воля Божая…
– Толькі прашу пані трымаць усё ў сакрэце. Занадта вялікія стаўкі.
– За каго пан мяне лічыць, пане Жэцкі? – абурылася старая. – Тут… тут… – пастукала яна сябе ў грудзі, – тут кожная таямніца ляжыць, як у магіле. А пагатоў таямніца майго дзіцяці і таго шляхетнага чалавека.
Мы былі моцна ўзрушаныя.
– Што ж, – прамовіў я праз хвіліну, збіраючыся ўжо ісці, – што ж, ці мог хто думаць, каб гэткая драбяза, як лялька, магла спрычыніцца да шчасця дваіх людзей?
– Лялька?
– Ну а як жа?! Каб пані Стаўская не купіла ў нас ляльку, дык не было б і суду, Стаха не ўзрушыў бы лёс пані Гэлены, а пані Гэлена не пакахала б яго, вось і не пабраліся б яны… Бо, праўду кажучы, калі ў душы Стаха абудзілася нейкае пачуццё да пані Стаўскае, дык толькі пасля таго суду.
– Абудзілася, кажаш, пан?..
– Уга! Ці ж пані не бачыла, як яны ўчора шапталіся на той канапе?.. Вакульскі даўно ўжо не быў гэтакі вясёлы, нават узрушаны, як учора…
– Бог цябе паслаў, каханы пане Жэцкі! – выгукнула старая і на развітанне пацалавала мяне ў галаву.
Сёння я задаволены сабою і без залішняе сціпласці мушу прызнаць, што маю метэрніхаўскую галаву[229]. Якая добрая ідэя прыйшла мне закахаць Стаха ў пані Гэлену, і як добра я справіў, каб ім не заміналі!..
На сённяшні дзень няма ўжо ў мяне сумневаў, што і пані Стаўская, і Вакульскі трапілі ў пастаўленую на іх пастку. Яна за некалькі тыдняў схуднела (але выглядае яшчэ лепей, чартоўка!), а ён фармальна губляе галаву. Калі ўвечары ён не ў Ленцкіх, – а трапляе ён туды, зрэшты, не часта, бо панна ўсё балюе, – дык зараз жа выбіраецца дзяцюк да пані Стаўскае і сядзіць там аж да паўночы. А як тады ён ажыўляецца, як расказвае ёй розныя гісторыі пра Сібір, пра Маскву, пра Парыж!.. Я ведаю, бо хоць і не бываю там вечарамі, каб не перашкаджаць ім, але апавядае мне ўсё пані Місевічова назаўтра. Вядома, пад вялікім сакрэтам.
Адно мне толькі не падабалася.
Я даведаўся, што Вірскі часам наведваецца да нашых паняў і, вядома, палохае буркаванне маладое пары, дык я сабраўся да яго, каб перасцерагчы.
І вось, ужо апрануты, выходжу я з дому, аж спатыкаю ў сенцах Вірскага. Дык мы вяртаемся, запальваем святло і пачынаем гутарыць пра палітыку… Неўзабаве змяняю я тэму і кажу абыякавым тонам:
– Я хацеў пану канфідэнцыяльна паведаміць…
– Я ўжо ведаю, ведаю!.. – кажа ён і рагоча.
– Што пан ведае?
– А што Вакульскі закахаўся ў пані Стаўскую.
– Раны Боскія! – крычу я. – Хто пану сказаў?..
– Ну, перадусім не бойся, пан, за сакрэтнасць, – кажа ён паважна. – У нашым доме сакрэт, як у калодзежы…
– Але хто пану сказаў?
– Бачыш, пан, мне сказала жонка, а сама яна даведалася пра гэта ад пані Каляровае…
– А яна адкуль?
– Пані Каляровай сказала пані Радзіньская, а пані Радзіньскай у найвялікшай таямніцы сказала гэта пані Дэнова, ведаеш, пан, тая прыяцелька пані Місевічовае.
– Якая ж неабачлівая пані Місевічова!..
– Але! – кажа Вірскі. – А што ёй было рабіць, нябозе, калі Дэнова напала на яе, што Вакульскі праседжвае ў іх ледзь не да раніцы, і справа тут нячыстая… Вядома, узрушаная старая заявіла ёй, што гэта не фіглі-міглі, а справа ідзе да сакраманту, можа, пабяруцца яны яшчэ да Святога Яна.
Аж мне галава забалела, але што рабіць? Вой, бабы, бабы!..
– Што ж чуваць у горадзе? – пытаюся я ў Вірскага, каб скончыць непрыемную размову.
– Скандалы, – кажа ён. – Скандалы з баранесаю! Але дай мне, пан, цыгару, бо гэта дзве доўгія гісторыі.
Падаў я цыгару, а ён расказаў рэчы, якія канчаткова пераканалі мяне, што злыдні раней ці пазней мусяць быць пакараныя, а добрыя – узнагароджаныя, і што ў самым закамянелым сэрцы цьмее іскра сумлення.
– Даўно пан быў у нашых дам? – пачынае Вірскі.
– Дні чатыры ўжо, пяць… – адказваю я. – Разумее пан, я не хачу перашкаджаць Вакульскаму… і пану гэта раю. Маладыя хутчэй паразумеюцца між сабою без нас, старых.
– Прашу прабачэння! – перабівае Вірскі. – Мужчына пяцідзесяцігадовы не стары, а толькі даспелы…
– Як яблык, якому час упасці.
– Маеш, пан, рацыю. Мужчына пяцідзесяцігадовы вельмі схільны да таго, каб упасці. І каб не жонка ды дзеці… Пане Ігнацы!.. Пане Жэцкі!.. Няхай мяне д’яблы возьмуць, каб не паспаборнічаў я з маладымі. Але, пане, жанаты чалавек – гэта калека. Кабеты на яго не глядзяць, хаця ж… пане Ігнацы…
Тут вочы ў яго загарэліся, і ён наладзіў гэткую пантаміму, што калі ён сапраўды набожны, дык мусіць заўтра ж ісці да споведзі.
Наогул, я ўжо пераканаўся, што са шляхтаю гэтак: ані да навукі, ані да гандлю не маюць яны розуму, да працы іх не прымусіш, а да бутэлькі, бойкі ды юрлівасці яны заўжды гатовыя, хоць бы магілаю ўжо смярдзелі. Паскуднікі!
– Добра, добра, – кажу я, – пане Вірскі, але што мне пан хацеў расказаць?
– А! Якраз збіраўся, – кажа ён і дыміць цыгараю, як кацёл з асфальтам. – Памятае пан тых студэнтаў з нашае камяніцы, што жылі над баранесаю?..
– Малескі, Паткевіч і яшчэ трэці. Хіба можна забыць тых д’яблаў? Гарэзнікі!
– Яшчэ якія! – пацвердзіў Вірскі. – Хай мяне Бог пакарае, калі пры тых вісусах можна было трымаць маладую кухарку больш за восем месяцаў. Пане Жэцкі! Кажу табе, яны ўтрох забяспечвалі дзецьмі ўсе прытулкі… Іх, відаць, ва ўніверсітэце гэтаму вучаць. Бо ў мой час на вёсцы, калі бацька, маючы маладога сына, аддаваў тры або чатыры каровы за год… фью! фью! нават ксёндз пробашч абражаўся, каб не псавалі яму авечак. А гэтыя, пане…
– Меўся пан расказаць пра баранесу, – заўважыў я, бо не люблю, калі сівагаловыя мелюць лухту.
– Менавіта… Вось жа… Найгоршы з іх, халера, той Паткевіч, які нябожчыка ўдае. Як вылезе поцемку той вычварэнец на лесвіцу, дык кажу табе, гэткі ўсчынаецца піск, нібы чароды пацукоў там бегаюць…
– Меўся ж пан пра баранесу…
– Менавіта… Вось жа, мосці дабрадзею… Ну, і Малескаму нічога не бракуе!.. Вось жа, як пану вядома, баранеса дамаглася выроку, каб хлопцы восьмага выбраліся. А ім ані ў галаве… Восьмага, дзявятага, дзясятага… яны сядзяць, а ў пані Кшэшоўскае ад злосці пячонка псуецца. Нарэшце, парадзілася яна з тым сваім няўдаліцам адвакатам ды з Марушэвічам і 15 лютага прыперла каморніка з паліцыяй.
Уздзіраюцца каморнік з паліцыянтамі на чацвёрты паверх, стук-стук! – дзверы ў хлопцаў замкнёныя, а адтуль пытаюцца: “Хто там?” – “Імем закона адчыніце!” – кажа каморнік. “Закон законам, – кажуць з сярэдзіны, – але ў нас ключа няма. Нехта нас замкнуў, напэўна, пані баранеса”.
“Панове, кпіны з улады строіце, – кажа каморнік. – А ведаеце, панове, што мусіце выбрацца” – “Яно так, – кажуць з сярэдзіны, – але ж праз дзірку для ключа мы не выйдзем. Хіба што…”
Вядома, каморнік пасылае вартаўніка па слесара, і чакаюць яны з паліцыяй на сходах. Праз нейкія паўгадзіны прыходзіць слесар. Адчыніў ён звычайны замок адмычкаю, а англійскаму замку не можа даць рады. Круціць, верціць – усё дарэмна… Цягнецца ён зноў уніз па інструмент, зноў мінае з паўгадзіны, а тым часам на падворку – натоўп, крык, а на трэцім паверсе пані баранеса б’ецца ў жахлівым прыпадку.
Каморнік па-ранейшаму чакае на сходах, аж тут бяжыць да яго Марушэвіч. “Пане, – крычыць ён, – зірні, што яны вырабляюць…” Каморнік выбягае на дзядзінец і бачыць гэткую сцэну.
Акно на чацвёртым паверсе адчыненае (падумай, пан, у лютым!), і з таго акна ляцяць на падворак сеннікі, коўдры, кніжкі, чарапы і гэтак далей. Праз нейкі час з’язджае на шнуры куфар, а пасля яго – ложак.
“Ну, што пан на гэта скажа?” – крычыць Марушэвіч.
“Трэба напісаць пратакол, – кажа каморнік. – Зрэшты, яны выбіраюцца, дык, можа, не варта ім перашкаджаць”.
Потым новая з’ява. У адчыненым акне на чацвёртым паверсе паказваецца крэсла, на крэсле сядзіць Паткевіч, двое калег пхаюць яго і… мой Паткевіч едзе па шнуры долу на крэсле!.. Тут ужо і каморнік ледзь не самлеў, а адзін з паліцыянтаў перахрысціўся.
“Скруціць ён сабе карак! – перамаўляюцца бабы. – Езус, Марыя! Ратуйце душу яго…” Марушэвіч, як чалавек нервовы, уцёк да пані Кшэшоўскае, а крэселка з Паткевічам тым часам затрымліваецца на вышыні трэцяга паверха пры акне баранесы.
“Годзе ўжо, панове, жартаў!” – крычыць каморнік двум калегам Паткевіча, якія яго апускалі.
“Але! У нас шнура не хапае…” – кажуць тыя.
“Ратуйся, Паткевіч!” – крычыць зверху Малескі.
На дзядзінцы гвалт. Бабы, усе як адна, моцна ўстрывожаныя, каб не скалечыўся Паткевіч, пачынаюць вішчаць, паліцыянты стаяць слупам, а каморнік зусім разгубіўся.
“Станавіся, пан, на парапет!.. Разбівай акно!..” – крычыць ён Паткевічу.
Майму Паткевічу двойчы паўтараць не трэба. Як пачаў ён барабаніць у акно баранесы, дык Марушэвіч не толькі сам адчыніў яму, але яшчэ і ўласнаручна ўцягнуў хлопца ў пакой.
Нават баранеса прыбегла занепакоеная ды кажа Паткевічу:
“Божа міласэрны! І трэба пану гэткае фіглярства?”
“Іначай я не меў бы прыемнасці развітацца з шаноўнай пані,” – адказвае Паткевіч, і, як я разумею, паказаў ёй гэткага нябожчыка, што звалілася баба на падлогу з лямантам:
“Няма каму мяне бараніць!.. Няма ўжо мужчын!.. Мужчыны!.. Мужчыны!..”
Галасіла яна так, што чуваць было на ўвесь двор, а каморнік зразумеў яе крык не так, як трэба, ды кажа паліцыянтам:
“Але ж і хваробу займела бедная кабета!.. Дзіва што, ужо гады два жыве без мужа”.
Паткевіч, будучы медыкам, памацаў баранесе пульс, загадаў даць ёй валяр’янкі ды спакойна пайшоў. А тым часам у іх кватэры слесар пачаў ламаць англійскую засаўку. Калі ён скончыў і добра папсаваў дзверы, Малескі раптам успомніў, што абодва ключы – ад замка і ад засаўкі – у яго ў кішэні.
Ледзьве баранеса апрытомнела, як адвакат пачаў намаўляць яе, каб яна падала ў суд і на Паткевіча, і на Малескага. Але баба ўжо так баіцца працэсаў, што толькі зганіла свайго дарадцу і прысягнула, што з гэтае пары аніводнаму студэнту не здасць кватэру, хай лепш пустая стаіць.
Потым, як мне казалі, яна плакала і прасіла Марушэвіча, каб той угаварыў барона перапрасіць яе ды вярнуцца.
“Я ведаю, – галасіла яна, – што ў яго не засталося ўжо ані гроша, за кватэру плаціць няма чым і нават харчуюцца яны са сваім лёкаем у крэдыт. Але я гатовая ўсё забыць і заплаціць яго даўгі, абы ён абдумаўся ды вярнуўся дадому. Без мужчыны не дам рады з гэтакім домам… сканаю я тут за год…”
– У гэтым я бачу кару Божую, – скончыў Вірскі, здзьмуваючы попел з цыгары. – А прыладаю тае кары будзе барон…
– А другая гісторыя? – спытаў я.
– Другая карацейшая, але яшчэ больш цікавая. Уяві сабе, пан, баранеса Кшэшоўская была ўчора з візітам у пані Стаўскае…
– Авой, ліха… – прамармытаў я. – Не чакай дабра…
– Ды не, – прамовіў Вірскі. – Баранеса прыйшла да пані Стаўскае, плакала аж заходзілася і ледзь не на каленях прасіла абедзвюх дам, каб даравалі ёй той працэс наконт лялькі, бо іначай не будзе ёй спакою да канца жыцця.
– І яны абяцалі ўсё забыць?
– Не толькі абяцалі, але пацалавалі яе і нават згадзіліся папрасіць, каб прабачыў ёй Вакульскі, якога баранеса вельмі хваліла…
– Ат жа д’ябал!.. – закрычаў я. – Нашто ж яны размаўлялі з ёю пра Вакульскага?.. Бяды не ставала…
– Дарэмна, пан, – супакойваў мяне Вірскі. – Кабета ў скрусе, каецца за грахі свае і абавязкова выправіцца.
Была ўжо поўнач, калі ён пайшоў. Я не затрымліваў яго, бо ён мяне сваёю верай у скруху баранесы раззлаваў. Уга! Зрэшты, хто яе ведае, можа, і праўда абдумалася?..
POSTSCRIPTUM. Я быў упэўнены, што ў Мак-Магона атрымаецца замах на карысць малога Напалеонка. Тым часам сёння даведваюся, што Мак-Магон зрынуты, прэзідэнтам рэспублікі стаў мешчанін Грэў, а малы Напалеонак паехаў на вайну ў нейкі Непал у Афрыцы.
Што зробіш, няхай хлапчына вучыцца ваяваць. Праз якіх паўгода вернецца праслаўлены, ажно французы гвалтам будуць цягнуць яго да сябе, а мы тым часам – ажэнім Стаха з паняю Гэленай.
О, бо я, калі вазьмуся за нешта, дык карыстаюся метэрніхаўскімі прыёмамі ды разумею натуральны ход рэчаў.
Няхай жыве Францыя з Напалеонамі, а Вакульскі з паняю Стаўскаю!..