З чвэрць гадзіны спатрэбілася, каб скласці рэчы ў каляску. Вакульскі з баронам, нарэшце, селі, фурман у пясочнага колеру ліўрэі стрэліў бізуном у паветры, і пара сытых шэрых коней рушыла размеранай рыссю.
– О, рэкамендую пану пані Вансоўскую, – казаў барон. – Брыльянт, а не кабета, і якая арыгінальная!.. І не думае другі раз выходзіць замуж, хоць і падабаецца ёй, каб вакол яе было шмат кавалераў. Цяжка, пане, не захапляцца ёю, а захапленне – справа небяспечная. Вось і расквітваецца са Старскім за яго баламуцтва. Пан ведае Старскага?
– Бачыў яго раз…
– Свецкі чалавек, але непрыемны, – казаў барон, – антыпатыя маёй нарачонай. Ён гэтак дзейнічае ёй на нервы, што ў бядачкі псуецца настрой у ягоным таварыстве. Нічога дзіўнага, бо гэта абсалютна супрацьлеглыя натуры: яна сур’ёзная, а ён легкадумны, яна пачцівая, нават сентыментальная, а ён цынік.
Вакульскі, слухаючы гаворку барона, разглядаў наваколле, якое паволі змянялася. Праз паўгадзіны дарогі ад станцыі на даляглядзе паказаліся лясы, бліжэй – узгоркі, дарога вілася паміж імі, узбягала на вяршыні або спадала ў дол.
На адным з гэткіх узвышшаў фурман павярнуўся, паказаў бізуном наперад і сказаў:
– О, панства едзе брычкаю…
– Дзе? Хто? – загукаў барон ледзь не на козлы ўзбіваючыся. – А так! Гэта яны… Жоўтая брычка і гняды чацвярык… Цікава, хто там едзе? Няхай бы пан зірнуў…
– Здаецца, бачу нешта пунсовае, – адказаў Вакульскі.
– А, гэта пані Вансоўская. Цікава, ці там мая нарачоная?.. – дадаў барон цішэй.
– Там некалькі пань, – сказаў Вакульскі, думаючы ў гэты момант пра панну Ізабэлу.
“Калі яна едзе з імі, гэта добры знак,” – падумаў ён.
Экіпажы хутка збліжаліся. З брычкі чулася шчоўканне бізуна, воклічы, там махалі хусткамі, а з каляскі ўсё мацней высоўваўся барон і ажно дрыжаў ад узрушанасці.
Каляска спынілася, але брычка з разгону праляцела далей, як бура рогату і воклічаў, ды затрымалася праз некалькі крокаў.
Відавочна, там пра нешта шумна радзіліся і нешта прыдумлялі. Кампанія вылезла, а брычка праехала крыху далей.
– Добры дзень, пане Вакульскі! – закрычаў нехта з козлаў, махаючы доўгім бізуном.
Вакульскі пазнаў Ахоцкага.
Барон подбегам кінуўся да кампаніі. Насустрач яму выйшла дама ў белай накідцы з белам карункавым парасонам і павольна накіравалася да яго, выставіўшы наперад руку, з якой ападаў шырокі рукаў. Барон здалёк зняў капялюш і, калі падышоў да нарачонае, амаль схаваўся тварам у яе рукаў. Пасля выбуху чуласці – якім кароткім ён быў для яго, такім доўгім здаўся для іншых – барон раптам апрытомнеў і прамовіў:
– Дазволь, пані, я прадстаўлю пана Вакульскага, майго найлепшага прыяцеля… Ён нейкі час пабудзе тут, дык я адразу ж абавязваю яго ў маю адсутнасць займаць маё месца пры пані…
Ён зноў некалькі раз пацалаваў руку ў глыбіні рукава, адкуль і да Вакульскага працягнулася прыгожанькая ручка. Вакульскі паціснуў яе і адчуў стрыманы адказ. Ён зірнуў на даму ў белай накідцы і ўбачыў бяскроўны твар з вялікімі вачыма, у якіх заўважны быў сум і страх.
“Цікавая нарачоная!” – падумаў ён.
– Пан Вакульскі!.. – прадставіў яго барон двум паням і мужчыне, якія набліжаліся да іх. – Пан Старскі, – дадаў ён.
– Ужо меў прыемнасць… – азваўся Старскі, прыпадымаючы капялюш.
– І я, – адказаў Вакульскі.
– Як жа мы цяпер пасядзем? – запытаўся барон, бо пад’язджала брычка.
– Паехалі ўсе разам, – закрычала маладая бландзінка, якая была, як здагадаўся Вакульскі, паннаю Феліцыяй Яноцкаю.
– Бо ў нашай калясцы ўсяго два месцы… – соладка заўважыў барон.
– Я разумею, але нічога не атрымаецца, – азвалася прыгожым кантральта дама ў пунсовай сукенцы. – Нарачоныя паедуць з намі, а ў каляску няхай сядаюць, калі хочуць, пан Ахоцкі з панам Старскім.
– Чаму я? – закрычаў з козлаў Ахоцкі.
– Або я? – дадаў Старскі.
– Бо пан Ахоцкі кепскі фурман, а пан Старскі нязносны, – адказала рашучая ўдоўка.
Вакульскі заўважыў, што гэтая дама мае пышныя каштанавыя валасы і чорныя вочы, а твар яе вясёлы і энергічны.
– Ужо пані дае мне адстаўку! – камічна ўздыхнуў Старскі.
– Пан ведае, што я заўсёды даю адстаўку кавалерам, якія мяне нудзяць. Ну, але сядайма, панства. Нарачоныя наперад. Фэля – побач з Эвелінкаю.
– О, не, – запратэставала бландзінка. – Я сяду апошняя, бо бабуля не дазваляе мне сядаць разам з нарачонымі.
Барон хутчэй галантна, чым спраўна, падсадзіў нарачоную і сам сеў насупраць яе. Потым удоўка заняла месца побач з баронам, Старскі – побач з нарачонаю, а панна Феліцыя – побач са Старскім.
– Просім, – паклікала ўдоўка Вакульскага, падбіраючы фалды свае пунсовае сукенкі, якая заняла палову лаўкі.
Вакульскі сеў насупраць панны Феліцыі і заўважыў, што дзяўчо пазірае на яго з захапленнем і чырванее.
– Ці не маглі б мы прасіць пана Ахоцкага, каб ён лейцы аддаў фурману? – запыталася ўдоўка.
– Мая пані! Чаму ж пані вечна ганьбіць мяне! – абурыўся Ахоцкі. – Менавіта я буду правіць.
– Дык даю слова гонару, што адлупцую пана, калі пан нас выверне.
– Гэта мы яшчэ пабачым, – адказаў Ахоцкі.
– Чулі, панства, гэты чалавек мне пагражае! – закрычала ўдоўка. – Ці няма тут каго, хто б за мяне заступіўся?
– Я за пані адпомшчу, – паабяцаў Старскі на досыць паганай пальшчызне. – Перасядзем удваіх у каляску.
Прыгожая ўдоўка паціснула плячыма, барон зноў цалаваў ручкі сваёй нарачонай, якая ціха размаўляла з ім і ўсміхалася, але выраз смутку і страху не пакідаў яе твару.
У той час, калі Старскі перакідваўся жартамі з удоўкаю, а панна Феліцыя чырванела, Вакульскі разглядаў нарачоную. Яна заўважыла гэта, адказала яму ганарлівым позіркам і раптам ад бязмежнага смутку перайшла да дзіцячае весялосці. Сама паднесла барону руку для новага пацалунку і нават выпадкова кранула яго ножкаю. Яе закаханы быў гэткі ўзрушаны, што аж збялеў, а вусны яго пасінелі.
– Але ж пан нават уяўлення не мае, як трэба правіць! – крыкнула ўдава, якая працягнула раптам свой парасон, каб выцяць ім Ахоцкага.
У гэты момант Вакульскі выскачыў. Коні лейцавыя з’ехалі на сярэдзіну дарогі, дышлавыя пайшлі за імі, і брычка моцна нахілілася налева. Вакульскі падпёр яе, і коні, ужо схопленыя фурманам, спыніліся.
– Я ж казала, што гэтая пачвара нас выверне! – закрычала ўдава. – Што гэта такое, пане Старскі?!
Вакульскі азірнуўся на брычку, і на момант перад ім паўстала такая карціна: панна Феліцыя клалася ад рогату, Старскі ўпаў тварам на калені прыгожае ўдоўкі, барон трос за карак фурмана, а яго нарачоная, збялелая ад страху, адною рукою ўхапілася за козлы, а другою – упілася ў плячо Старскаму.
У імгненне вока брычка выраўнялася, і ўсё прыйшло ў норму. Толькі панна Феліцыя не магла супакоіцца ад рогату.
– Я не разумею, Фэля, як можна смяяцца ў гэткую хвіліну, – азвалася нарачоная.
– Чаму ж мне не смяяцца?.. Што кепскага магло зрабіцца?.. З намі ж едзе пан Вакульскі… – казала паненка.
Але яна схамянулася і пачырванела яшчэ больш. Спачатку яна схавала твар у далоні, а потым кінула на Вакульскага позірк, які мусіў азначаць, што яна моцна абражаная.
– Што да мяне, дык я гатовы замовіць некалькі падобных выпадкаў, – азваўся Старскі, выразна пазіраючы на ўдоўку.
– З умоваю, што мне не будуць пагражаць доказы панскае чуласці. Фэля, перасядзь на маё месца, – прамовіла ўдава і паморшчылася, усаджваючыся насупраць Вакульскага.
– Але ж пані сама сёння сказала, што ўдовам усё можна.
– Але ўдовы не ўсё дазваляюць. Не, пане Старскі, пан мусіць адвыкнуць ад сваіх японскіх звычак.
– Гэткія норавы па ўсім свеце, – адказаў Старскі.
– У кожным разе, не ў той палове свету, дзе мне ўсё звыкла, – з грымасаю адрэзала ўдоўка, пазіраючы на дарогу.
У брычцы стала ціха. Задаволены барон варушыў сваімі сіваватымі вусікамі, а яго нарачоная яшчэ больш пасмутнела. Панна Феліцыя, якая заняла месца побач з Вакульскім, амаль адвярнулася ад свайго суседа, час ад часу кідаючы на яго праз плячо фанабэрыстыя і пакрыўджаныя позіркі. Але за што? Гэта яму было невядома.
– Пан добра ездзіць конна? – спытала ў Вакульскага пані Вансоўская.
– Чаму пані так вырашыла?
– Ах, Божа, адразу “чаму”? Спачатку няхай пан адкажа на маё пытанне.
– Не асабліва добра, але езджу.
– Пан якраз мусіць добра ездзіць, бо адразу здагадаўся, куды завернуць коні ў руках гэткага майстра, як пан Юльян. Будзем ездзіць разам… Пане Ахоцкі, з сённяшняга дня я даю пану адпачынак ад прагулак.
– Я гэтым вельмі ўсцешаны, – адказаў Ахоцкі.
– Які прыгожы адказ дамам! – закрычала панна Феліцыя.
– Лепш я адкажу, чым буду адбываць з імі прагулкі. Калі мы апошні раз ездзілі з пані Вансоўскай, за дзве гадзіны я шэсць разоў злазіў з каня, а спакою не меў і пяці хвілін. Няхай зараз пан Вакульскі паспрабуе.
– Фэля, скажы гэтаму чалавеку, што я з ім не размаўляю, – азвалася ўдоўка, паказваючы на Ахоцкага.
– Чалавек, чалавек!.. – загукала Феліцыя. – Гэтая пані з вамі не размаўляе… Гэтая пані кажа, што пан няветлівы.
– А што, ужо засумавала пані па людзях з добрымі манерамі, – азваўся Старскі. – Няхай пані паспрабуе, можа, я і згаджуся прабачыць.
– Даўно пан прыехаў з Парыжа? – запыталася ўдоўка ў Вакульскага.
– Заўтра будзе тыдзень.
– А я ўжо не бачыла яго чатыры месяцы. Любімы горад.
– Заславак!.. – гукнуў Ахоцкі і махнуў бізуном, каб гучна стрэліць, аднак яму гэта не ўдалося, бо не надта ўдала пушчаны назад бізун зачапіўся за парасоны дам і капелюшы паноў.
– Не, панства, – закрычала ўдоўка, – калі хочаце, каб я ездзіла з вамі, дык звяжыце гэтага чалавека. Ён проста небяспечны.
На брычцы зноў стала шумна, бо Ахоцкі меў абаронцу ў асобе панны Феліцыі, якая сцвярджала, што як на пачаткоўца, ён добра правіць, што ў самых спраўных фурманаў здараюцца хібы.
– Мая Фельця, – адказала ўдоўка, – ты ў тым узросце, што ў цябе фурман добры, абы меў прыгожыя вочы.
– Сёння, нарэшце, у мяне будзе апетыт… – казаў барон сваёй нарачонай, але заўважыў, што гаворыць гучна, дык пачаў зноў шаптацца з ёю.
Яны ўжо знаходзіліся на тэрыторыі, якая належала старшынёвай, і Вакульскі разглядаў паселішча. На досыць высокім, хоць і пакатым узгорку стаяў двухпавярховы палац, які меў два, таксама двухпавярховыя, крылы. За ім зелянелі старыя дрэвы парку, перад ім рассцілалася нібы лугавіна з пратаптанымі сцежкамі, сям-там аздобленая клумбаю, статуяй або альтанкай. Пад узгоркам блішчала шырокае люстэрка вады, відавочна, сажалкі, на якой гайдаліся лодкі і лебедзі.
Светла-жоўты палац з белымі калонамі на тле зеляніны выглядаў прыгожа і весела. Справа і злева ад яго відаць былі мураваныя гаспадарскія пабудовы.
Пад стрэлы бізуна, якія гэтым разам удаліся Ахоцкаму, брычка па мармуровым мосце пад’ехала да палаца, толькі адным колам зачапіўшы траўнік. Падарожныя вылезлі. Ахоцкі, аднак, не аддаў лейцы, а яшчэ павёў экіпаж у стайню.
– Каб пан не забыўся, што а першай сняданне! – крыкнула яму ўслед панна Феліцыя.
Да барона падышоў стары слуга ў чорным сурдуце.
– Ясна пані зараз у спіжарні, – сказаў ён. – Можа, панове будуць мець ласку – да сябе.
І ён правёў іх да правае афіцыны, дзе паказаў Вакульскаму вялікі пакой, адчыненыя вокны якога выходзілі ў парк. Праз момант убег хлопец у ліўрэйнай куртцы, прынёс вады і пачаў распакоўваць валізкі.
Вакульскі вызірнуў у акно. Перад ім быў траўнік, аздоблены групкамі старых ядлоўцаў і ліп, за якімі віднеліся далёкія лясістыя пагоркі. Пад акном рос куст бэзу, а ў ім было гняздо, у якое заляталі вараб’і. Цёплы вераснёўскі вецер трапляў у пакой і прыносіў з сабою няўлоўны водар.
Госць глядзеў на аблокі, якія нібы чапляліся за верхавіны дрэваў, на струмені святла, якое прабіваліся скрозь цёмныя ядлоўцы, і было яму добра. Ён не думаў пра панну Ізабэлу. Яе вобраз, які спапяляў яму душу, развеяўся на тле простых чараў прыроды, боль сэрца суняўся і першы раз з даўняга часу пасяліўся там спакой ды цішыня.
Аднак ён прыгадаў, што ў адведзінах, дык хутка пачаў апранацца, і ледзьве паспеў скончыць, як далікатна пастукаліся ў дзверы. Увайшоў стары слуга.
– Ясная пані просіць да стала.
Вакульскі пайшоў за ім… Мінуў калідор і праз момант апынуўся ў вялікім сталовым пакоі, сцены якога да паловы былі абабітыя панэлямі з цёмнага дрэва. Панна Феліцыя размаўляла каля акна з Ахоцкім, а пры стале паміж пані Вансоўскаю і баронам у фатэлі з высокаю спінкаю сядзела старшынёва.
Убачыўшы свайго госця, яна паднялася і зрабіла некалькі крокаў да яго.
– Вітаю цябе, пане Станіславе, – сказала яна, – і дзякую, што ты прыслухаўся да мае просьбы.
А калі Вакульскі нахіліўся да яе рукі, яна пацалавала яго ў лоб, што зрабіла ўражанне на прысутных.
– Сядай жа вось тут, каля Казі. А ты, прашу цябе, не забывайся на яго.
– Пан Вакульскі заслужыў, – адказала ўдоўка. – Каб не яго пільнасць, пан Ахоцкі пераламаў бы нам косці.
– Што, зноў?..
– Ён не ўмее правіць нават параю коней, а рвецца – чацверыком. Па мне, дык лепш бы ён цэлымі днямі рыбу вудзіў.
– Божа, якое шчасце, што я не збіраюся ажаніцца з гэтаю кабеткаю, – уздыхнуў Ахоцкі, сардэчна вітаючы Вакульскага.
– О, пане, пане!.. Як ужо прапаноўвацца ў якасці мужа, дык заставайся лепш фурманам, – закрычала Вансоўская.
– Гэтыя вечна сварацца! – са смехам прамовіла старшынёва.
Увайшла панна Эвеліна Яноцкая, а праз пару хвілін пасля яе – з другіх дзвярэй – Старскі.
Яны павіталіся са старшынёвай, якая адказала ім зычліва, але паважна.
Падалі сняданне.
– У нас, пане Станіславе, – казала старшынёва, – гэтакі звычай, што збіраемся мы ўсе разам толькі да стала. А так кожны робіць, што хоча. Раю табе, калі баішся засумаваць, трымацца Казі Вансоўскае.
– Я адразу бяру ў няволю пана Вакульскага, – адказала ўдоўка.
– Вох, – уздыхнула старшынёва і кінула позірк на госця.
Панна Феліцыя пачырванела, невядома ўжо які раз за сёння, і загадала Ахоцкаму, каб той наліў ёй віна.
– Не, не… прашу вады, – паправілася яна.
Ахоцкі выканаў яе просьбу, ківаючы галавою і разводзячы рукі.
Пасля снядання, цягам якога панна Эвеліна размаўляла толькі з баронам, а Старскі заляцаўся да чарнавокае ўдавы, госці развіталіся з гаспадыняю і разышліся. Ахоцкі пайшоў на гарышча палаца, дзе ў адмысловым пакойчыку наладзіў метэаралагічную абсерваторыю. Барон з нарачонаю выбраліся ў парк, а старшынёва затрымала Вакульскага.
– Скажы мне, – спытала яна, – бо першае ўражанне бывае самае дакладнае, як табе падабаецца пані Вансоўская?
– Выглядае на разумную і вясёлую кабетку.
– Маеш рацыю. А барон?
– Я мала яго ведаю. Ён стары чалавек.
– О, стары, вельмі стары, – уздыхнула старшынёва, – але хочацца яму ажаніцца. А што скажаш пра яго нарачоную?
– Я зусім яе не ведаю, хоць мне і дзіўна, што яна ўпадабала барона, які, зрэшты, можа быць вельмі вартым чалавекам.
– Так, гэта дзіўная дзяўчына, – казала старшынёва. – І скажу табе, што я пачынаю губляць прыхільнасць да яе. У яе замужжа я не ўмешваюся, паколькі усе панны ёй зайздросцяць, а вакол сцвярджаюць, што яна робіць цудоўную партыю. Але тое, што яна мела атрымаць пасля мае смерці, пяройдзе да іншых. Таму, хто мае сотні тысяч барона, не трэба маіх дваццаці тысяч.
У голасе старой чулася раздражненне.
Неўзабаве яна развіталася з Вакульскім і параіла яму прайсціся па парку.
Вакульскі выйшаў на дзядзінец і каля левае афіцыны, дзе была кухня, збочыў у парк.
Пазней яму вельмі часта прыгадваліся два першыя ўражанні, якія спаткалі яго ў Заслаўку.
Перадусім непадалёк ад кухні ён убачыў будку і сабаку на ланцугу перад ёю, які заўважыў чужога і пачаў гэтак брахаць, выць і кідацца, нібы ён быў шалёны. Але было відаць, што ў сабакі вясёлыя вочы, і ён матляе хвастом. Вакульскі пагладзіў яго, і жахлівага звера гэта так улагодзіла, што ён не пускаў госця адысці ад сябе. Ён гыркаў, хапаў за вопратку, клаўся на зямлю, нібы дамагаючыся пяшчоты, а прынамсі, хоць бачыць чалавечы твар.
“Дзіўны сабака на ланцугу,” – падумаў Вакульскі.
У гэты момант з кухні выйшла новае дзіва – стары тоўсты парабак. Вакульскі, які ніколі раней не бачыў тоўстага селяніна, пачаў з ім размову.
– Навошта вы трымаеце гэтага сабаку на ланцугу?
– Каб ён быў злы і не пускаў у дом злодзеяў, – з усмешкаю адказаў парабак.
– Дык чаму адразу не ўзяць злога шчанюка?
– Калі ж гаспадыня не хоча трымаць злога сабаку. У нас нават сабака мусіць быць ласкавы.
– А вы, ойча, што тут робіце?
– Я – пчаляр, а спачатку быў ратаем. Але як вол зламаў мне рабрыну, дык ясная пані загадала да пчальніка.
– І добра вам?
– Спачатку то нудна мне было без работы, але пазней прывык і ўсё.
Развітаўшыся з селянінам, Вакульскі павярнуў у парк і доўга праходжваўся па ліпавай алеі, не думаючы ні пра што. Яму здавалася, што ён прыехаў сюды прасякнуты, нават атручаны мітуснёю Парыжа, шумам Варшавы, грукатам чыгунак, і што ўсе гэтыя клопаты, усе болесці, якія ён перажыў, у гэты момант выветрываюцца. Каб у яго запыталіся, што такое вёска, ён адказаў бы, што гэта – цішыня.
Потым ён пачуў хуткія крокі за сабою. Даганяў яго Ахоцкі, які нёс на плячы дзве вуды.
– Не было тут панны Феліцыі? – спытаў ён. – Яна мусіла прыйсці а палове на трэцюю ды ісці са мною на рыбу… Але гэткая бабская пунктуальнасць. Можа, пан пойдзе з намі? Хіба, не мае пан ахвоты. Дык, можа, пан хоча пагуляць са Старскім у пікету?.. Той заўсёды гатовы, калі знойдзе кампанію ў прэферанс.
– Што тут робіць гэты пан Старскі?
– Як што? Жыве ў сваёй стрыечнае бабкі, а разам і сваёй хроснай, старшынёвай Заслаўскае. І цяпер баіцца, што не атрымае, відаць, ад яе вялікую спадчыну. Добрая капейчына, больш за трыста тысяч рублёў!.. Але старшынёва лічыць за лепшае дапамагчы сіротам, чым казіно ў Манака. Бедны хлапчына!
– Якая ж у яго бяда?
– Але!.. З бабкаю не атрымалася, з Казяю сарвалася і хоць у лоб сабе страляй. Ведай жа, пане, – працягваў Ахоцкі, майструючы нешта на сваіх вудах, – некалі прысутная тут пані Вансоўская, яшчэ як панна, мела слабасць да Старскага. Казік і Казя – дабраная пара, га?.. Нават, здаецца, пад уплывам гэтае ідэі пані Казя і прыехала да нас тры тыдні таму (а мае таксама капейчыну па нябожчыку мужу, бадай ці не столькі ж, колькі і старшынёва!). Яны нават некалькі дзён былі ў згодзе між сабою, і нават Казік у лік пасагу падпісаў новы вэксаль у арандатара, але ў іх… нешта не зладзілася… Пані Вансоўская кпіць з Казіка, а ён толькі добрую міну робіць. Словам, абы-што! Давядзецца адмовіцца ад падарожжаў і асесці на пясчаным фальварку, пакуль не памрэ дзядзька, даўно ўжо, праўда, хворы на камень.
– Але чым да гэтае пары займаўся пан Старскі?
– Ну, перадусім рабіў даўгі. Трохі гуляў у карты, трохі падарожнічаў (здаецца мне, што пераважна па парыжскіх і лонданскіх шынках, бо ў той ягоны Кітай нешта мне не верыцца), але найбольш шчыраваў сярод маладзіц. Баламут, якіх пашукаць. І ўжо за ім усталявалася такая рэпутацыя, што маладзіцы зусім яму не супраціўляюцца, а панны вераць, што тая, да якой пачне заляцацца Старскі, адразу знойдзе мужа. Гэткі ж добры занятак, як і кожны іншы!..
“Вядома, – ужо спакайней падумаў пра суперніка Вакульскі, – не збаламуціць яму панны Ізабэлы”.
Яны дайшлі да канца парку, за штыкетнікам якога відаць быў шэраг мураваных будынкаў.
– О, пабач, пан, якая арыгінальная кабета гэта старшынёва! – прамовіў Ахоцкі, паказваючы на штыкетнік. – Бачыць пан гэтыя палацы?.. Гэта ўсё жытло парабкаў. А вось той дом – гэта прытулак для парабчанят, бавіцца іх там каля трыццаці, усе памытыя і дагледжаныя, як прынцы… А вось тая віла – прыстанішча для старцаў, якіх цяпер там чацвёра. Яны развейваюць нуду, падрыхтоўваючы набіўку ў матрацы для гасцінных пакояў. Туляючыся па розных ваколіцах у краі, я бачыў скрозь, што парабкі жывуць, як свінні, а іх дзеці сядзяць па вушы ў брудзе, як парасяты… Але, калі першы раз прыехаў сюды, вырачыў вочы. Здавалася мне, што я на выспе Утопія або на старонках нуднага, але цнатлівага рамана, дзе аўтар апісвае, якім шляхціц быць павінны, але якім ніколі не будзе. Імпануе мне гэтая старая… А каб пан яшчэ ведаў, якую яна мае бібліятэку, што яна чытае… Я аслупянеў, калі яна аднойчы папрасіла, каб я растлумачыў ёй пэўныя пытанні трансфармізму, якім яна грэбуе толькі таму, што там барацьба за выжыванне прызнаецца фундаментальным правам прыроды.
У канцы алеі паказалася панна Феліцыя.
– Што ж, хадзем, пане Юльяне? – звярнулася яна да Ахоцкага.
– Хадзем. І пан Вакульскі з намі.
– А! – здзівілася паненка.
– Пані супраць? – запытаўся Вакульскі.
– Наадварот, але… я думала, што пану будзе больш прыемна ў таварыстве пані Вансоўскае.
– Панна Феліцыя! – закрычаў Ахоцкі. – Толькі прашу не практыкавацца ў з’едлівасці, пані на гэта не здольная.
Абражаная панна пайшла наперад у бок сажалкі, панове – за ёю. Яны вудзілі да пятай вечара, хоць і прыпякала, бо дзень быў гарачы. Ахоцкі злавіў двухдзюймовага печкура, а панна Феліцыя падрала карункі на рукаве. У выніку гэтага ўсчалася паміж імі спрэчка пра тое, што маладыя панны не маюць уяўлення, як трэба трымаць вуду, а паны не могуць і хвіліны пасядзець моўчкі.
Памірыў іх толькі званок, які клікаў на абед.
Пасля абеду барон пайшоў у свой пакой (у гэты час ён заўсёды хварэў на мігрэнь), а рэшта таварыства мела намер сабрацца ў паркавай альтанцы, дзе звычайна частаваліся садавінаю.
Вакульскі прыйшоў туды праз паўгадзіны. Ён думаў, што будзе першы, але заспеў там ужо ўсіх паняў, якім Старскі нешта даводзіў. Ён усеўся на бярозавым фатэлі і з нуднаю мінай, пастукваючы дубчыкам па наску чаравіка, прамаўляў:
– Калі ў гісторыі адыгралі нейкую ролю шлюбы, дык не тыя, што заключаліся па ўпадабанні, але тыя, што па разліку. Ці ведалі б мы сёння пра Ядвігу ці пра Марыю Ляшчынскую, каб тыя пані не наважыліся на разумны выбар? Якая доля чакала Стэфана Баторы або Напалеона І, каб яны не ажаніліся з уплывовымі кабетамі? Шлюб занадта важны акт, каб, уступаючы ў яго, можна было кіравацца толькі сэрцам. Гэта не паэтычны саюз дзвюх душ, гэта важная падзея для мноства асоб і ўплыў на шматлікія справы. Калі сёння я ажанюся з пакаёўкаю, нават з гувернанткаю, дык заўтра я буду страчаны для свае сферы. Ніхто не будзе пытацца, якой тэмпературы былі мае пачуцці. Але – якія я маю даходы на ўтрыманне дому, і каго я прывёў у сям’ю.
– Адна справа палітычныя шлюбы, а іншая – шлюб дзеля грошай з чалавекам, якога не кахаеш, – адказала старшынёва і пачала барабаніць пальцамі па стале. – Гэта гвалт над святымі пачуццямі.
– Ах, каханая бабуля, – уздыхнуў Старскі, – добра казаць пра свабоду пачуццяў, калі маеш дваццаць тысяч рублёў у год. “Подлыя грошы, брыдкія грошы!” – крычаць усе. Але чаму ж усе, пачынаючы ад парабка і сканчаючы міністрам, знявольваюць сябе абавязкам працы? За што шахцёр і марак рызыкуюць жыццём? Вядома, за гэтыя подлыя грошы, бо подлыя грошы даюць свабоду, хоць пару гадзін у дзень, хоць пару месяцаў у год, хоць некалькі гадоў у жыцці. Усе мы крывадушна пагарджаем грашыма, але кожны з нас ведае, што гэта грунт, на якім вырастае асабістая свабода, навука, мастацтва, нават – ідэальнае каханне. Дзе ж, зрэшты, нарадзілася каханне рыцараў і трубадураў? Дакладна не паміж шаўцамі ды кавалямі, і нават не паміж дактарамі ды адвакатамі. Узгадавалі яго класы заможныя, якія стварылі кабету з далікатнаю скураю і белаю ручкаю, якія далі мужчыну, у якога было досыць часу на абагаўленне кабеты.
Сярод нас тут, зрэшты, ёсць прадстаўнік людзей дзеяння, пан Вакульскі, ён, як кажа сама бабуля, не аднойчы прадэманстраваў свой гераізм. Што цягнула яго ў небяспеку?.. Вядома, грошы, якія ў ягоных руках сталі сёння сілаю…
Стала ціха, усе пані скіравалі позіркі на Вакульскага. А той пасля невялікае паўзы адказаў:
– Так, мае пан рацыю, я здабыў свой капітал падчас цяжкіх выпрабаванняў, але ці ведае пан, навошта я яго здабываў?..
– Прашу прабачэння, – перапыніў яго Старскі, – я не раблю пану закідаў, я лічу гэта пахвальным прыкладам усім. Адкуль жа пан ведае, ці чалавек, які жэніцца або выходзіць замуж з-за грошай, не мае адначасова і высакародных мэтаў? Мае бацькі, падобна, пабраліся ад чыстага кахання, аднак жыццё іх не было шчаслівым, а пра мяне – плод іх пачуццяў – дык няма чаго і казаць… Тым часам, мая шаноўная бабуля, прысутная тут, выйшла замуж не па схільнасці, і сёння яна дабраславенне для ўсяго наваколля. Нават больш, – дадаў ён, цалуючы старшынёвай руку, – бо яна выпраўляе памылкі маіх бацькоў, якія гэтак былі занятыя каханнем, што забыліся і на маёнтак, і на мяне…
Зрэшты, маем мы і другі доказ у асобе прыгажуні пані Вансоўскае…
– О, мой пане, – перапыніла яго ўдава, у якой паружавеў твар, – ты гаворыш, як пракурор вярхоўнага суду. Я адкажу гэтак жа, як пан Вакульскі: ці ведаеш ты, чаму я гэта зрабіла?..
– Але пані гэта зрабіла, і бабуля гэта зрабіла, і мы ўсе тое самае зробім, – з іранічнай халоднасцю казаў Старскі. – За выключэннем, вядома, пана Вакульскага, які мае якраз такі капітал, які трэба, каб задаволіць пачуцці…
– І я зрабіў тое самае, – глуха прамовіў Вакульскі.
– Ажаніўся пан з-за грошай? – запыталася ўдава і шырока расплюшчыла вочы.
– Не з-за грошай, а каб мець працу і не памерці з голаду. Я добра ведаю той закон, пра які гаворыць пан Старскі.
– Ну, што? – зірнуў Старскі на бабку.
– І таму, што яго ведаю, я шкадую ўсіх, хто мусіць яму падпарадкоўвацца, – скончыў Вакульскі. – Гэта, хіба, найбольшае няшчасце ў жыцці.
– Маеш рацыю, – сказала старшынёва.
– Зацікавіў мяне пан, пан Вакульскі, – дадала пані Вансоўская і працягнула яму руку.
Панна Эвеліна падчас усяе размовы сядзела, схіліўшыся над гафтам. У гэты момант яна падняла галаву і зірнула на Старскага з выразам такое роспачы, што Вакульскі ўразіўся… Але Старскі па-ранейшаму пастукваў дубчыкам па наску свайго чаравіка, грыз цыгару і ўсміхаўся напалову здзекліва, напалову сумна.
За альтанкаю пачуўся голас Ахоцкага:
– Бачыш, я ж казаў табе, што пані тут…
– Ну дык у альтанцы, а не ў хмызняку, – адказала маладая дзяўчына з кошыкам у руках.
– Ах, дурніца! – прамармытаў, уваходзячы, Ахоцкі і трывожна зіркнуў на дам.
– Ого! Пан Юльян зноў уваходзіць да нас, як трыумфатар, – прамовіла ўдава.
– Але ж, слова гонару, толькі дзеля таго, каб скараціць дарогу, я пайшоў праз клумбы, – апраўдваўся Ахоцкі.
– І пан гэтак жа з’ехаў з дарогі, як сёння, калі вазіў нас…
– Ну, даю слова гонару…
– Лепш ужо дапамажы мне, чым апраўдвацца, – спыніла яго старшынёва.
Ахоцкі падаў ёй руку, маючы пры гэтым такую заклапочаную міну і капялюш набакір, што пані Вансоўская не змагла ўстрымацца ад смеху. Гэта зноў выклікала чырвань на твары панны Феліцыі, а Ахоцкага змусіла кінуць на ўдоўку некалькі гнеўных позіркаў.
Усё таварыства збочыла налева і прысадамі рушыла да фальваркавых будынкаў. Наперадзе ішла старшынёва з Ахоцкім, за імі – дзяўчына з кошыкам, потым – удоўка з паннай Феліцыяй, Вакульскі, а за ім – панна Эвеліна і Старскі. Пры брамцы тыя, што ішлі спераду, загаманілі гучней, і ў гэты момант Вакульскаму здалося, што ён пачуў за сабою ціхую размову.
– Часам, здаецца, што лепш у труну легчы… – ціха сказала панна Эвеліна.
– Адвагі… Адвагі… – падбадзёрваў яе пан Старскі.
Вакульскі толькі тады зразумеў мэту выправы на фальварак, калі выбегла на дзядзінец насустрач старшынёвай цэлая чарада курэй, якім яна кідала зерне з кошыка. За курамі паказалася іхняя дазорца, старая Матэвушова, з рапартам, што ўсё ў парадку, толькі з раніцы кружляў над дзядзінцам ястраб, а пасля полудня адна кура ледзь не ўдавілася каменьчыкам, але абышлося.
Пасля агляду птаства старшынёва абышла аборы і стайні, дзе парабкі, у большасці людзі сталага веку, таксама складалі ёй рапарты. Тут ледзьве не нарабілася бяды. Бо са стайні раптам выбегла падгадаванае жарабя і хацела кінуцца старшынёвай на грудзі, як сабака, які падымаецца на дзве лапы. На шчасце, Ахоцкі стрымаў свавольніка, якога старшынёва пачаставала цукрам.
– Яно бабулю некалі скалечыць, – азваўся незадаволена Старскі. – Ці бачыў хто, каб гэтак распешчваць жывёлін, з якіх вырастаюць коні!
– Ты заўсёды разумна гаворыш, – адказала яму старшынёва, а сама гладзіла жарабя, якое паклала галаву ёй на плячо, а потым пабегла за ёю, так што парабкам давялося заварочваць яго ў стайню.
Нават некаторыя каровы пазнавалі сваю гаспадыню і віталі яе глухім рыкам, падобным да мармытання.
“Дзіўная кабета,” – падумаў Вакульскі, пазіраючы на старую, якая здольная была абуджаць любоў да сябе не толькі ў сэрцах жывёлы, але нават людзей.
Пасля вячэры старшынёва пайшла спаць, а пані Вансоўская прапанавала шпацыр па парку.
Барон, хоць і неахвотна, згадзіўся з прапановаю. Ён апрануў цёплае паліто, закруціў шыю хусткаю і пад руку з нарачонай пайшоў наперад. Пра што яны размаўлялі? Ніхто не ведае, бачылі толькі, што яна была бледная, а ў яго выступілі чырвоныя плямы на твары.
Аб адзінаццатай усе разышліся, а барон, пакашліваючы, правёў Вакульскага да яго пакоя.
– Што ж, пабачыў пан маю нарачоную?.. Якая яна прыгожая!.. Вобраз вясталкі, пане. Праўда? А калі яшчэ на яе тварыку з’яўляецца выраз гэтае дзіўнае меланхоліі… Заўважаў, пан? Яна тады гэткая чароўная, што… аддаў бы за яе жыццё. Нікому б гэтага не сказаў, за выключэннем пана, але яна робіць на мяне гэткае ўражанне, што нават не ведаю, ці насмелюся я некалі песціць яе… я жадаю толькі маліцца на яе… Проста, пане, кленчыў бы каля яе ног і глядзеў бы ў вочы. Мне хапіла б шчасця, каб яна дазволіла пацалаваць край сваёй сукенкі… Але ці не надакучыў я пану?
Раптам ён закашляўся так моцна, што ў яго пачырванелі вочы, а калі супакоіўся, працягваў:
– Я кашляю не часта, але сёння крыху прастыў… і нават не такі ўжо я і схільны да прастуды, толькі ўвосень ды маладзіком. Ну, але і гэта мінецца, бо некалі я запрасіў на кансіліум Халубінскага і Бараноўскага, дык тыя мне сказалі, што калі буду берагчы сябе, буду здаровы… Я пытаўся ў іх таксама (кажу гэта толькі пану), што яны думаюць пра маю жаніцьбу. Але яны сказалі, што жаніцьба – гэта рэч такая асабістая… Я звярнуў іх увагу, што берлінскія лекары ўжо даўно загадвалі мне ажаніцца. Яны гэта абдумалі і тады нехта з іх кажа: “Шкода, вельмі шкода, што пан адразу ж не выканаў тую параду…” І вось, скажу я пану, цяпер цвёрда вырашыў перад адвентам…
Зноў напаў на яго кашаль. Ён адкашляўся і раптам змененым голасам спытаў у Вакульскага:
– Ці верыць пан у будучае жыццё?
– Што так?..
– Бо, бачыць пан, гэта вера ахоўвае чалавека ад роспачы. Я, напрыклад, разумею, што ані сам не буду ўжо такі шчаслівы, як мог быць некалі, ані ёй не дам поўнага шчасця. Адзіным пацяшэннем мне тое, што спаткаемся мы на іншым, лепшым свеце, дзе абое будзем маладыя. Бо яна ж і там, – дадаў ён у задуменні, – будзе належаць мне. Святое Пісанне ж вучыць: “Што завяжаце на зямлі, будзе звязанае і на небе…” Пан, можа, не верыць у гэта, як і Ахоцкі. Няхай пан прызнае, аднак, што… часам… верыць і пан, і зусім бы не паручыўся, што гэтак не будзе?..
Гадзіннік за сцяною прабіў поўнач, барон спалохана падхапіўся і развітаўся з Вакульскім. Праз некалькі хвілін кашаль разлягаўся ўжо з другое афіцыны.
Вакульскі адчыніў акно. З боку кухні гарлалі калькуцкія пеўні, у парку вухкала сава, на небе сарвалася зорка і ўпала кудысьці за дрэвы. Барон усё кашляў.
“Ці ўсе закаханыя гэткія сляпыя, як ён? – разважаў Вакульскі. – Бо мне, і кожнаму тут, хіба, ясна, што панна зусім яго не кахае. Можа, яна нават Старскага кахае…
Я яшчэ не зусім добра разумею сітуацыю, але, падобна, панна ідзе замуж з-за грошай, а Старскі сваімі тэорыямі падтрымлівае яе ў гэтым намеры. Мо і ён крыху закаханы?.. Не можа быць. Хутчэй, яна ўжо яму абрыдла, і ён сілаю змушае яе да шлюбу. Хоць… Не, гэта была б жахлівая камбінацыя. Толькі публічныя кабеты маюць каханкаў, якія гандлююць імі. Якое бязглуздае дапушчэнне!.. Старскі, сапраўды, можа быць яе прыяцелем і раіць ёй тое, у што сам верыць. Ён жа адкрыта сказаў, што ажэніцца толькі з багатаю кабетаю. Прынцып гэткі ж добры, як і кожны іншы, паводле Ахоцкага. Слушна старшынёва казала некалі, што цяперашняе пакаленне мае моцныя галовы і халодныя сэрцы. Гледзячы на нас, яны зняверыліся ў сентыменталізме, а паверылі ў сілу грошай, што, зрэшты, даводзіць іх розум. Не, гэты Старскі – спрытнюга, можа, нават гуляка, лайдак, але знаходлівасці яму не бракуе. Цікава мне толькі, чаму забаўляецца з ім пані Вансоўская?.. Відаць, яна да яго неабыякавая, а ў яе ж яшчэ і грошы ёсць, дык у выніку яны пабяруцца. Зрэшты, што мне да таго?..
Цікава, чаму старшынёва нічога ні сказала сёння пра панну Ізабэлу? Ну, ужо сам я пытацца не буду… Адразу б падхапілі нас на языкі…”
Ён заснуў, і мроілася яму, што ён – барон, закаханы і хворы, а Старскі выконвае пры ім ролю прыяцеля дому.
Ён прачнуўся і зарагатаў.
“Гэта ўжо вылечыла б мяне адразу!” – падумаў ён.
Усю раніцу ён ізноў прабавіў разам з паннай Феліцыяй і Ахоцкім на рыбалцы. А калі а першай усе сабраліся на сняданне, пані Вансоўская запыталася:
– Бабуля дазволіць нам засядлаць двух коней, мне і пану Вакульскаму, праўда?
Яна павярнулася да Вакульскага і дадала:
– Праз паўгадзіны едзем. З гэтае хвіліны пачынае пан службу пры мне.
– Панства толькі ўдваіх едуць? – спытала ўся чырвоная панна Феліцыя.
– Можа, і ты хацела б ехаць з панам Юльянам?
– Толькі прашу… не распараджацца маёю асобаю, – запратэставаў Ахоцкі.
– Феліцыя застанецца са мною, – загадала старшынёва.
Панне Феліцыі слёзы набеглі на вочы. Яна паглядзела на Вакульскага спачатку з гневам, потым – ганарліва і, нарэшце, выбегла з пакою, нібы шукаць хустку. Калі яна вярнулася, дык была падобная да Марыі Сцюарт, якая прабачае сваім катам, і носік у яе быў чырвоны.
Роўна а другой прывялі двух ладных коней для верхавое язды. Вакульскі стаў ля свайго, а праз некалькі хвілін з’явілася пані Вансоўская. У аблеглай амазонцы яна мела формы Юноны, а свае каштанавыя валасы сабрала ў вузел. Наском чаравіка яна абаперлася на руку конюха і, як спружына, ускочыла ў сядло. Яе рука з бізуном трымцела.
Вакульскі тым часам спакойна падцягваў страмёны.
– Хутчэй, пане, хутчэй! – гукала яна, стрымліваючы каня, які круціўся на месцы і прысядаў на заднія ногі. – За брамаю мы рушым галопам… Avanti, Savoya!..[220]
Нарэшце, Вакульскі сеў на каня, пані Вансоўская нецярпліва выцяла свайго бізуном, і яны выехалі з фальварку.
Дарога з вярсту ішла ліпавымі прысадамі. Паабапал ляжала ўбранае поле, а на ім – тут і там відаць былі сцірты пшаніцы, вялікія, як хаты. Неба было чыстае, сонца вясёлае, дзесьці далёка енчыла малатарня.
Некалькі хвілін яны ехалі рыссю. Потым пані Вансоўская прыклала дзяржак бізуна да вуснаў і паляцела галопам. Вэлюм на капелюшы развяваўся за ёю, як шэрае крыло.
– Avanti! Avanti!..
Яны ехалі так некалькі хвілін. Раптам пані асадзіла каня, яна расчырванелася і цяжка дыхала.
– Досыць, – прамовіла яна, – цяпер паедзем павольна.
Падняўшыся на сядле, яна ўважліва глядзела ў бок блакітнага лесу, які віднеўся далёка ва ўсходнім баку. Прысады скончылася, яны ехалі полем, на якім зелянелі ігрушы і стаялі шэрыя сцірты.
– Скажы мне, пан, – спытала яна, – гэта вельмі прыемна – зарабіць шмат грошай?
– Не, – адказаў Вакульскі пасля невялікай паўзы.
– А траціць прыемна?
– Не ведаю.
– Не ведае пан? Аднак цуды расказваюць пра панскі капітал. Кажуць, што маеш, пан, каля шасцідзесяці тысяч гадавых…
– На сённяшні дзень я маю значна больш, але трачу вельмі мала.
– Колькі ж?
– Тысяч дзесяць.
– Шкада. Я летась пастанавіла патраціць масу грошай. Давераны і касір запэўніваюць мяне, што я патраціла дваццаць сем тысяч… Шалела, але нуды не прагнала… Сёння, думаю я сабе, спытаюся ў пана, якое ўражанне пакідаюць шэсцьдзясят тысяч, патрачаныя за год. А пан гэтулькі не траціць. Шкада. Ведаеш, пан? А патраць, пан, шэсцьдзясят або сто тысяч за год і скажы мне, гэта ўразіць ці не. Добра?..
– Адразу магу пані сказаць, што не ўразіць.
– Не?.. Дык навошта ж тады грошы?.. Калі і сто тысяч гадавых не даюць шчасця, дык што дае?..
– Можна яго мець за тры тысячы рублёў. Шчасце кожны носіць у сабе.
– Але ж аднекуль бярэ яго?
– Не, пані.
– І гэта кажа пан, гэткі незвычайны чалавек?
– Каб я нават быў і незвычайны, дык толькі з-за пакутаў, а не ад шчасця. І зусім не з-за таго, што я трачу.
Пад лесам паказалася воблачка пылу. Пані Вансоўская хвіліну паназірала, а потым раптоўна стрымала каня і павярнула яго направа – у поле, у бездараж.
– Avanti! Avanti!..
Яны ехалі так хвілін з дзесяць, і цяпер Вакульскі затрымаў каня. Ён спыніўся над лугавінаю, прыгожаю, як мара. Што ў ёй было прыгожага: ці зялёная трава, ці звівы рачулкі, ці схіленыя дрэвы, ці яснае неба? Вакульскі не ведаў.
Але пані Вансоўская гэтым не захаплялася. Яна ляцела з узгорка на злом галавы, нібы жадаючы пахваліцца адвагаю.
Калі Вакульскі павольна з’ехаў уніз, яна павярнула да яго каня і нецярпліва загукала:
– Ах, пане, ці пан заўсёды гэткі нудны? Зрэшты, я не дзеля таго ўзяла пана на прагулку, каб пазяхаць. Прашу мяне забаўляць, зараз жа…
– Зараз?.. Добра. Пан Старскі вельмі цікавы чалавек.
Яна нахілілася на сядле, нібы падаючы ў тыл, і доўгім позіркам зазірнула Вакульскаму ў вочы.
– Ах, – зарагатала яна, – я і не спадзявалася пачуць гэтую банальную фразу ад пана… Пан Старскі цікавы… Каму?.. Хіба такім… такім… лябедзюхнам, як панна Эвеліна, бо ў мяне, напрыклад, ужо няма цікавасці да яго…
– Аднак жа…
– Ніякага “аднак жа”. Была ў свой час, калі я ледзьве не зрабілася пакутніцаю шлюбу. На шчасце, мой муж праявіў такую ветлівасць, што хутка памёр, а пан Старскі гэткі просты, што запасу маёй вопытнасці хапіла, каб раскусіць яго праз тыдзень. У яго заўсёды такая самая бародка а ля каралевіч Рудольф, і такі самы спосаб падлашчвацца да кабет. Яго позіркі, намёкі, яго таямнічасць мне зразумелыя гэтак жа добра, як пакрой ягонага жакета. Заўсёды ўнікае паненак без пасагу, заўсёды цынічны з замужнімі і ўздыхае пры паннах, якія збіраюцца замуж. Божа мой, колькі такіх я бачыла ў жыцці!.. Цяпер мне трэба нешта новае…
– У такім выпадку пан Ахоцкі…
– О, так, Ахоцкі цікавы і мог бы нават быць небяспечны, але для гэтага я мусіла б другі раз нарадзіцца. Ён чалавек не таго свету, да якога я належу ўсім сэрцам і душою… Ах, які ён наіўны, які высакародны! Верыць у ідэальнае каханне, з якім мог бы зачыніцца ў сваёй лабараторыі, перакананы ў немагчымасці здрады… Не, ён не для мяне… Што ж такое з гэтым сядлом? – раптам выгукнула яна. – Пане, пас у мяне аслаб… Можа, каб пан зірнуў…
Вакульскі саскочыў з каня.
– Злезе пані?
– І не падумаю. Няхай пан так паглядзіць.
Ён зайшоў з правага боку, пас моцна трымаўся.
– Але ж не там… Вось тут… Тут нешта сапсавалася, каля стрэмя.
Ён завагаўся, але адсунуў яе амазонку і запхнуў руку пад сядло. Раптам кроў ударыла яму ў галаву: удоўка гэтак варухнула нагою, што яе калена даткнулася твару Вакульскага.
– Ну што… ну што?.. – пыталася яна нецярпліва.
– Нічога, – адказаў ён. – Пас моцна трымаецца…
– Пацалаваў мяне пан у нагу! – крыкнула яна.
– Не.
Тады яна сцёбнула каня бізуном і паляцела галопам з шэптам: “Дурань ці каменны…”
Вакульскі павольна сеў на каня. Туга, якую не перадаць словамі, сціснула яму сэрца, калі ён падумаў: “Ці панна Ізабэла таксама ездзіць конна?.. І хто ёй папраўляе сядло?..”
Калі ён пад’ехаў да пані Вансоўскае, тая зарагатала:
– Ха-ха-ха!.. Няма пану цаны!..
А потым яна загаварыла нізкім голасам з металічнымі ноткамі:
– На старонках маёй гісторыі запісаўся цудоўны дзень. Я сыграла ролю жонкі Пентэфрыя і сустрэла Язэпа…[221] Ха-ха-ха!.. Адна толькі рэч палохае мяне, што пан нават не здолее ацаніць мае здольнасці закруціць галаву. У такі момант сотні іншых на панскім месцы сказалі б, што жыць без мяне не могуць, што я пазбавіла іх спакою і гэтак далей… А гэты коратка адказвае: “Не!”.. За адно гэта “не” павінны пан атрымаць крэсла ў нябесным каралеўстве паміж бязгрэшнымі дзецьмі. Гэткае высокае крэселка з парэнчам спераду… Ха-ха-ха!..
Яна гайдалася ў сядле ад рогату.
– І які пані набытак, каб я адказаў, як іншыя?
– Было б у мяне адным трыумфам больш.
– А з гэтага пані які набытак?
– Крыху запоўніла б сабе пустку жыцця. З дзесяці тых, хто прызнаецца мне, я выбіраю аднаго, які здаецца мне самым цікавым, баўлюся ім, мару пра яго…
– А потым?
– Раблю агляд наступнай дзясяткі і выбіраю новага.
– І як часта?
– Хоць кожны месяц. А як пан хацеў? – дадала яна, паціскаючы плячыма. – Гэта каханне веку пары і электрычнасці.
– А так! Нават нагадвае чыгунку.
– Ляціць, як бура, і сыпле іскрамі.
– Не. Едзе хутка і бярэ пасажыраў, колькі зможа.
– О, пане Вакульскі!..
– Я не хацеў абразіць пані, а сфармуляваў толькі тое, што пачуў.
Пані Вансоўская прыкусіла вусны.
Яны нейкі час ехалі моўчкі.
Потым зноў азвалася пані Вансоўская:
– Я ўжо склала сваё ўражанне пра пана: пан педант. Кожны вечар, не ведаю а якой, але, пэўна, не пазней за дзясятую робіш, пан, падлікі, потым ідзеш спаць, а перад сняданнем адмаўляеш пацеры, паўтараючы ўголас: “Не пажадай жонкі бліжняга свайго”. Так?
– Няхай пані працягвае.
– Не буду, бо мне ўжо размова з панам надакучыла. Ах, гэты свет адно толькі падманвае нас!.. Калі апранаем першую сукенку са шлейфам, калі ідзем на першы баль, калі першы раз кахаем, здаецца нам, што вось нешта новае… Але праз момант мы ўпэўніваемся, што гэта ўжо было або зусім нічога няма…
Я памятаю, як летась у Крыме ехалі мы кампаніяй па дзікай сцежцы, на якой некалі сустракаліся разбойнікі. І якраз, калі мы гутарылі пра гэта, выходзяць з-за скалы два татарыны… Дзякуй Богу, думаю, гэтыя ўжо захочуць нас забіць, бо твары іх былі жахлівыя. А яны аказаліся сумленнымі людзьмі. Ці паверыць пан, што яны прапанавалі?.. Каб мы купілі ў іх вінаграду!.. Божа! Яны хацелі прадаць нам вінаграду, а я падумала, што яны галаварэзы. Мне ад злосці хацелася іх адлупцаваць, ну праўда. Вось і пан сёння нагадаў мне тых татараў. Старшынёва некалькі тыдняў распавядала мне, што пан арыгінальны чалавек, абсалютна не такі, як іншыя, а тут бачу, што пан самы звычайны педант. Так?
– Так.
– Бачыць пан, як я разбіраюся ў людзях. Можа, нам яшчэ праехацца галопам? Альбо не, ужо не хочацца, я стамілася. Ах… каб хоць раз у жыцці спаткаць сапраўды новага чалавека…
– Чаго пані чакае ад гэтага?
– Ён бы неяк іначай паводзіў сябе, казаў бы мне нешта новае, часам раззлаваў бы мяне да слёз, потым сам бы да смерці на мяне абразіўся, а потым, вядома, мусіў бы перапрашаць. О, ён закахаўся б у мяне да шаленства! Я б гэтак упілася яму ў сэрца і памяць, што нават у магіле не забыўся б ён на мяне… Вось гэткае каханне я разумею.
– А што пані дала б яму наўзамен? – спытаў Вакульскі, якому рабілася ўсё больш цяжка і сумна.
– Адкуль я ведаю? Можа, і я наважылася б на нешта адчайнае…
– Цяпер я скажу, што той новы чалавек атрымаў бы ад пані, – сказаў Вакульскі, адчуваючы, як падымаецца ў ім горыч. – Спачатку атрымаў бы ён доўгі спіс ранейшых каханкаў, потым – доўгі спіс каханкаў, якія будуць пасля яго, а ў час антракту меў бы магчымасць спраўджваць… ці добра ляжыць сядло на кані…
– Тое, што пан кажа, ганьба! – крыкнула пані Вансоўская, сціскаючы бізун.
– Толькі паўтарэнне таго, што я пачуў ад пані. Калі я, аднак, дазволіў сабе залішнюю смеласць для гэткае нядоўгай знаёмасці…
– Наадварот, я слухаю… Можа, панская недалікатнасць будзе цікавейшай за тую бяздушную ветлівасць, якую я ўжо даўно вывучыла на памяць. Вядома, гэткі чалавек, як пан, пагарджае гэткімі кабетамі, як я… Ну, смялей…
– Калі ласка. Перадусім не будзем ужываць занадта моцных слоў, якія не адпавядаюць настрою шпацыру. Мы не размаўляем пра пачуцці, а толькі пра погляды. Дык вось, паводле майго меркавання, у поглядах пані на каханне існуюць несумяшчальныя кантрасты.
– Як жа гэта? – здзівілася ўдоўка. – Тое, што пан называе кантрастамі, я вельмі добра спалучаю ў жыцці.
– Кажа пані пра частую змену каханкаў…
– Калі ласка, назавём іх кавалерамі.
– А потым, хоча пані знайсці нейкага новага і незвычайнага чалавека, які б нават у магіле не забыў пані. Дык вось, наколькі я разумею чалавечую прыроду, гэта недасягальная мэта. Ані пані, якая раздае сваю прыхільнасць направа і налева, не зробіцца больш ашчадная, ані чалавек незвычайны не пажадае заняць месца сярод некалькіх тузінаў…
– Ён можа не ведаць гэтага, – спыніла яго ўдоўка.
– Ах, дык тут у нас яшчэ і містыфікацыя. А дзеля яе паспяховасці неабходна, каб герой пані быў сляпым ёлупнем. Але каб знайшоўся такі выбранец, ці наважылася б пані падманваць чалавека, які аж так пані кахае?..
– Добра, я расказала б яму ўсё і скончыла б так: памятай: Хрыстос прабачыў Магдалене, а я ўсё ж менш грэшная, ну і, прынамсі, маю гэткія ж прыгожыя валасы…
– І ён бы задаволіўся гэтым?
– Думаю, што так.
– А каб не задаволіўся?
– Пакінула б яго ў спакоі і пайшла.
– Але адразу ўпілася яму пані ў сэрца і памяць гэтак, каб нават у магіле ён не забыўся на яе! – выбухнуў Вакульскі. – Цудоўны свет, гэты ваш свет… І мілыя гэтыя кабеты, якім чалавек даверліва аддае ўласную душу, але мусіць пазіраць на гадзіннік, каб не спаткаць свайго папярэдніка ды не перашкодзіць наступніку. Нават цеста, каб падняцца, патрабуе часу, дык ці можна вялікія пачуцці выгадаваць спехам і на гэткім кірмашы?..
Няхай пані не спадзяецца на вялікія пачуцці, гэта пазбаўляе сну і апетыту. Навошта труціць жыццё нейкаму чалавеку, якога пані яшчэ не ведае сёння? Навошта псаваць настрой сабе? Лепш працягваць выконваць праграму хуткіх і частых перамог, якія нікому не шкодзяць, а пані неяк запаўняюць жыццё.
– Пан ужо скончыў, пане Вакульскі?
– Хіба, так.
– Дык цяпер я пану скажу. Усе вы нягоднікі…
– Зноў моцнае слова.
– Пан ужыў больш моцныя. Усе вы нікчэмнасці. Калі кабета ў пэўны перыяд свайго жыцця марыць пра ідэальнае каханне, дык высмейваеце яе ілюзіі, дамагаецеся какецтва, без якога панна для вас нудная, а маладзіца неразумная. І калі, дзякуючы агульным намаганням, яна пачне слухаць банальныя прызнанні, якія суправаджаюцца салодкімі позіркамі ды поціскамі рукі, тады з нейкага цёмнага кута вылазіць нейкі арыгінальны экзэмпляр у каптуры Пятра з Аміну[222] і ўрачыста праклінае тую кабету, створаную на вобраз і падабенства сыноў Адама. “Табе ўжо нельга кахаць, ты ўжо не будзеш ніколі па-сапраўднаму каханая, бо мела няшчасце трапіць на кірмаш, бо страціла ілюзіі!” А хто іх у яе ўкраў, калі не родныя браты пана?.. І што гэта за свет, які спачатку рабуе ідэалы, а потым выносіць прысуд абрабаванаму?..
Пані Вансоўская выцягнула з кішэні насоўку і прыкусіла ражок… На вейках у яе бліснула сляза і скацілася на конскую грыву.
– Едзь ужо сабе, пан, – выгукнула яна. – Пан нязносна банальны. Едзь, пан… едзь і дашлі мне Старскага, яго нахабства цікавейшае за панскую ветлівасць прынца…
Вакульскі пакланіўся і паехаў наперад. Ён быў закрануты за жывое і ўстурбаваны.
– Куды пан паехаў?.. Не туды… Ах, праўда, гатовы пан заблукаць, а потым казаць усім падчас абеду, што я збіла цябе з тропу. Прашу за мною…
Едучы за некалькі крокаў ад пані Вансоўскае, Вакульскі думаў: “Дык гэтакі свет? Адны прадаюцца людзям амаль спарахнелым, іншыя лічаць чалавечыя сэрцы ледзьве не паляндвіцаю. Дзіўная, аднак, кабета – гэтая пані!.. Бо яна не кепская, мае нават высакародныя парывы…”
Праз паўгадзіны яны зноў апынуліся на ўзгорку, з якога відаць было двор старшынёвай. Пані Вансоўская нечакана павярнула каня і, пільна гледзячы на Вакульскага, спытала:
– Паміж намі мір ці вайна?..
– Ці магу я быць шчыры?
– Калі ласка.
– Я вельмі ўдзячны пані. За адну гадзіну я даведаўся ад пані больш, чым за ўсё жыццё.
– Ад мяне?.. Падалося пану. Я маю кроплю венгерскае крыві, дык, калі сяду на каня, шалею і вярзу недарэчнасці. Хоць я і не адмаўляюся ад сказанага, але, пан, памыляешся, калі думаеш, што ўжо мяне ведаеш. А цяпер пацалуй мне, пан, руку. Пан сапраўды цікавы.
Яна працягнула руку, якую Вакульскі пацалаваў з вялікімі ад здзіўлення вачыма.