III. ДЗЁННІК СТАРОГА КРАМНІКА


…Са смуткам назіраю я ў апошнія гады, што на свеце менш і менш робіцца добрых крамнікаў ды разважных палітыкаў, бо ўсе стараюцца адпавядаць модзе. Сціплы крамнік кожны квартал апранае порткі новага фасону, капялюш у яго ўсё больш дзівачны, а каўнерык штораз выкладзены іначай. Гэтак і цяперашнія палітыкі: кожны квартал мяняюць яны свае перакананні: некалі верылі ў Бісмарка, учора – у Гамбэту, а сёння – у Бікансфільда[23], які нядаўна яшчэ быў жыдком.

Ужо, відаць, забыліся, што ў краме трэба не прыбірацца ў модныя каўнерыкі, а прадаваць іх, бо іначай пакупнікам будзе не ставаць тавару, а краме – пакупнікоў. У палітыцы ж не варта разлічваць на шчасліўцаў, а толькі на вялікія дынастыі. Метэрніх[24] быў гэтакі ж славуты, як і Бісмарк, а Пальмерстон[25] яшчэ больш слаўны за Бікансфільда, і хто сёння пра іх памятае? Тым часам род Банапартаў трос Еўропу пры Напалеоне І, потым пры Напалеоне ІІІ, і сёння, хоць некаторыя называюць яго банкрутам, род гэты ўплывае на лёс Францыі праз сваіх верных слуг Мак-Магона і Дзюкро.

Пабачыце яшчэ, што зробіць Напалеонак ІV[26], які паціху вучыцца вайсковаму майстэрству ў англічан! Але ж годзе! Бо ў сваёй пісаніне не пра Банапарта, а пра сябе я хачу расказаць, каб ведалі, як гадаваліся добрыя крамнікі ды, хоць і невучоныя, але разумныя палітыкі. Для гэтага не трэба акадэмій, дастаткова прыкладу – дома і ў краме.

Бацька мой быў у маладосці жаўнерам, а пад старасць – кур’ерам у Камісіі ўнутраных спраў[27]. Трымаўся ён заўсёды роўна, як жэрдка, меў невялікія бакенбарды і вус угору, шыю абкручваў чорнаю хусткаю і ў вуху насіў срэбную завушніцу.

Жылі мы ў Старым Горадзе разам з цёткаю, якая мыла і цыравала чыноўнікам бялізну. Было ў нас на пятым паверсе два пакойчыкі, дзе няшмат было дастатку, але шмат было радасці, прынамсі, для мяне. На нашай палове ганаровае месца займаў стол, пры якім бацька, вяртаючыся з канторы, клеіў канверты, на цётчынай жа – галоўнае месца належала балеі. Памятаю, што ў пагодныя дні я пускаў у двары летаўца, а ў слоту выдзьмухваў у хаце мыльныя бурбалкі.

Сцены ў цёткі скрозь былі завешаныя абразамі, але як бы шмат іх там ні было, зраўняцца па ліку з партрэтамі Напалеона, якімі бацька аздобіў свой пакой, яны не маглі. Быў там адзін Напалеон у Егіпце, другі – пад Ваграмам, трэці – пад Аўстэрліцам, чацверты – пад Масквою, пяты – у дзень каранацыі, шосты – у бляску славы. Калі ж цётка, абураная гэткай колькасцю свецкіх карцін, павесіла на сцяну меднае распяцце, дык бацька – як ён казаў – каб не абразіць Напалеона, купіў сабе ягоны бронзавы бюст і таксама ўсталяваў над ложкам.

– Пабачыш, недаверак, – лямантавала цётка, – за гэткія фіглі кіпець табе ў смале!

– Гэ!.. Не дасць мяне імператар у крыўду, – адказваў бацька.

Часта прыходзілі да нас старыя бацькавы прыяцелі: пан Даманьскі, таксама кур’ер, але ў Камісіі скарбу[28], і пан Рачак, у якога на Дунаі[29] была ятка з гароднінай. Гэта былі людзі простыя (пан Даманьскі нават трохі любіў анісаўку), але разважныя палітыкі. Усе, не выключаючы цёткі, самым катэгарычным чынам сцвярджалі, што хоць Напалеон І памёр у няволі, але род Банапартаў яшчэ пакажа сябе. Пасля першага Напалеона з’явіцца другі, а каб нават і той пацярпеў паразу, прыйдзе наступны, пакуль адзін за адным не ўпарадкуюць яны свет.

– Трэба заўсёды быць гатовым на першы покліч! – казаў мой бацька.

– Бо не ведаеце ані дня, ані гадзіны, – дадаваў пан Даманьскі.

А пан Рачак з люлькаю ў зубах пацвярджаў сваю згоду пляўком ажно да цётчынага пакою.

– Наплюй мне, васан, у балею, дык я табе дам!.. – крычала цётка.

– Можа, вашамосць і дасі, але я не вазьму, – прамармытаў пан Рачак, цыркаючы слінаю ў бок каміна.

– У… што за хамы гэтыя грэнадзёры! – гневалася цётка.

– Вашамосці заўсёды ўланы былі даспадобы. Ведаю, ведаю…

Пазней пан Рачак ажаніўся з маёй цёткаю…

…Жадаючы, каб я цалкам быў гатовы, калі праб’е гадзіна справядлівасці, бацька сам займаўся маёй адукацыяй.

Ён навучыў мяне чытаць, пісаць, клеіць канверты, але на першым месцы была муштроўка. Муштраваў ён мяне з самага ранняга дзяцінства, калі ў мяне яшчэ ззаду кашуля вытыркалася. Я гэта добра памятаю, бо бацька, камандуючы: “Паўабароту направа!” альбо “Левае плячо наперад – руш!”, цягнуў мяне ў адпаведным кірунку за хвост гэтае адзежыны.

Навука была па ўсіх правілах.

Не аднойчы ён будзіў мяне сярод ночы воклічам: “Да зброі!” і муштраваў, не зважаючы на цётчыны слёзы і лаянку, а на завяршэнне казаў:

– Ігнась! Заўсёды будзь гатовы, вісус, бо не ведаем мы ані дня, ані гадзіны… Памятай, што Банапартаў Бог паслаў, каб яны зрабілі на свеце парадак, і да таго часу не будзе ані парадку, ані справядлівасці, пакуль не споўніцца запавет імператара.

Не скажу, каб гэткая ж непахісная вера ў Банапартаў ды ў справядлівасць была і ў абодвух сяброў майго бацькі. Не раз пан Рачак, калі яму дапякаў боль у назе, паміж лаянкаю ды войканнем казаў:

– Гэх, стары! Ведаеш, нешта занадта доўга чакаем мы новага Напалеона. Я ўжо амаль ссівеў і здароўем падупаў, а яго як не было, гэтак і няма. Хутка зробімся мы дзядамі касцельнымі, а Напалеон ужо прыйдзе хіба паспяваць з намі на цвінтары.

– Знойдзе маладых.

– Што з тых маладых! Лепшыя яшчэ да нас сышлі ў магілу, а малодшыя – ні халеры ні вартыя. Ужо ёсць сярод іх такія, што пра Напалеона і чуць не чулі.

– Мой і чуў, і памятаць будзе, – адказваў бацька, падміргваючы мне.

Пан Даманьскі яшчэ больш падаў духам.

– Свет горшае, – казаў ён і ківаў галавою. – Харч даражэе, за кватэру ўвесь заробак садраць гатовы, нават што да анісаўкі – дык і там круцельства. Даўней вып’еш кілішак і ўжо вясёлы, а цяпер і пасля шклянкі цвярозы, нібы вады напіўся. Сам Напалеон не дачакаўся б справядлівасці.

На гэта бацька адказаў так:

– Будзе справядлівасць, нават каб і Напалеона не стала. Але і Напалеон знойдзецца.

– Не веру, – прамармытаў пан Рачак.

– А як знойдзецца, тады што? – спытаў бацька.

– Не дачакаемся мы гэтага.

– Я дачакаюся, – адказаў бацька. – А Ігнась дык пэўна што дачакаецца.

Ужо тады бацькавы словы глыбока запалі мне ў душу, а пазнейшыя падзеі надалі ім цудоўны, амаль прарочы сэнс.

Блізка 1840 году бацька занядужаў. Здаралася, што па некалькі дзён не хадзіў ён на працу і нарэшце зусім злёг.

Пан Рачак адведваў яго кожны дзень і аднаго разу, пазіраючы на ягоныя ссохлыя рукі і пажоўклы твар, ціха прамовіў:

– Гэй, стары, ужо не дачакаемся мы, хіба, Напалеона.

На што бацька спакойна адказаў:

– Я не памру, пакуль пра яго не пачую.

Пан Рачак пахітаў галавою, а цётка заплакала, мяркуючы, што бацька трызніць. Як тут было думаць што іншае, калі смерць ужо стукалася ў дзверы, а бацька яшчэ выглядаў Напалеона.

Было яму ўжо зусім блага, нават прыняў ён апошні сакрамэнт, калі праз пару дзён пан Рачак прыбег да нас нязвыкла ўзбуджаны і закрычаў на ўсю хату:

– А ведаеш, стары, знайшоўся Напалеон?![30]

– Дзе? – выгукнула цётка.

– Ды ў Францыі ж.

Бацька падхапіўся быў, але зноў апаў на падушкі. Адно толькі працягнуў ён да мяне руку і з позіркам, якога мне век не забыць, прашаптаў:

– Помні!.. Усё помні…

І памёр.

Пазней у сваім жыцці я пераканаўся, якімі прарочымі былі бацькавы словы. Усе мы бачылі ўзыход другой напалеонаўскай зоркі, якая абудзіла Італію і Венгрыю[31], і хоць закацілася яна пад Седанам[32], я не веру, што згасла назаўсёды. Што мне той Бісмарк, Гамбэта ці Бікансфільд! Несправядлівасць да тае пары будзе ўладарыць на свеце, пакуль не выгадуецца новы Напалеон.

Праз пару месяцаў пасля смерці бацькі пан Рачак і пан Даманьскі разам з цёткаю Зузанаю сабраліся на нараду, што рабіць са мною. Пан Даманьскі хацеў забраць мяне ў сваю кантору і паволі вывесці ў чыноўнікі, цётка раіла рамяство, а пан Рачак – гандаль гароднінаю. Калі ж яны запыталіся ў мяне, куды б мне хацелася, дык я адказаў: “У краму”.

– Хто ведае, ці не будзе гэта лепш за ўсё, – заўважыў пан Рачак. – А да якога купца ты б хацеў?

– Да таго на Падвалю[33], у якога ў дзвярах– палаш, а ў акне – казак.

– Ведаю, – здагадалася цётка. – Ён хоча да Мінцля[34].

– Можна паспрабаваць, – згадзіўся пан Даманьскі. – Мінцля, прынамсі, усе мы ведаем.

А пан Рачак на знак згоды цыркнуў слінаю аж да печы.

– Божа міласэрны, – заенчыла цётка, – цяпер гэты драб на мяне ўжо, хіба, пачне пляваць, як брата не стала… Вой, горкая я сірата!..

– Тае бяды! – сказаў пан Рачак. – Выходзь, вашамосць, замуж, дык і не будзеш сіратою.

– Дзе ж я знайду гэтакага дурня, каб мяне ўзяў?

– Гэ! Можа, я і сам ажаніўся б з еймосцю, бо няма каму бакі мне шмараваць, – прамармытаў пан Рачак, цяжка нахіляючыся да самае падлогі, каб выбіць попел з люлькі.

Цётка заплакала, і тады азваўся пан Даманьскі:

– Нашто тут доўгія цырымоніі. Еймосць засталася без апекі, у яго няма гаспадыні… Пабярыцеся і прыгарніце Ігнася, будзе ў вас нават дзіця. Ды і таннае дзіця, бо жыць і харчавацца будзе ў Мінцля, а з вас – толькі апратка.

– Га?.. – запытаў пан Рачак, пазіраючы на цётку.

– Ну... аддайце спачатку хлопца ў навуку, а тады… можа, і наважуся, – адказала цётка. – Я заўсёды адчувала, што марна скончу...

– Дык да Мінцля! – гукнуў пан Рачак, падымаючыся з зэдліка. – Але глядзі, вашамосць, каб не падманула мяне! – дадаў ён і паказаў цётцы кулак.

Яны з панам Даманьскім пайшлі і дзесьці гадзіны праз паўтары вярнуліся, абодва моцна зачырванелыя. Пан Рачак засопся, а пан Даманьскі ледзь трымаўся на нагах, відаць таму, што сходы ў нас былі вельмі стромкія.

– Ну што?.. – запыталася цётка.

– Новага Напалеона пасадзілі ў Прахоўню[35], – адказаў пан Даманьскі.

– Не ў прахоўню, а ў крэпасць. А-у... А-у... – удакладніў пан Рачак і шпурнуў шапку на стол.

– Але ж з хлопцам як?

– Заўтра хай ідзе да Мінцля з адзеннем і бялізнаю, – адказаў пан Даманьскі. – Не ў тую крэпасць А-у... А-у... а ў… Гам-Гам… ці Хам… я нават не ведаю…

– Звар’яцелі, п’янюгі! – крыкнула цётка, хапаючы пана Рачка за плячо.

– Толькі без фамільярнасці! – абурыўся пан Рачэк. – Пасля шлюбу будзе і фамільярнасць, а цяпер… Мусіць заўтра прыйсці да Мінцля з вопраткай і бялізнаю… Няшчасны Напалеон!..

Цётка выпхнула за дзверы пана Рачка, потым – пана Даманьскага і выкінула следам шапку.

– Прэч пайшлі, п’яніцы!

– Віват, Напалеон! – загарлаў пан Рачак, а пан Даманьскі зацягнуў:

Вандроўнік, калі ў наш бок сваё звернеш вока,

Падыдзі і падумай пра надпіс глыбока…

Падыдзі і падумай пра надпіс глыбока…

Ягоны голас паступова цішэў на сходах, нібы ён спускаўся ў студню, потым замоўк, але зноўку даляцеў да нас ужо з вуліцы. Праз момант нарабілася там нейкага шуму, а калі я выглянуў у акно, дык убачыў, што паліцыянт вядзе пана Рачка ў ратушу[36].

Гэткія вось падзеі папярэднічалі майму ўступленню ў купецкі стан.

Краму Мінцля я ведаў даўно, бо бацька пасылаў мяне туды па паперу, а цётка – па мыла. Я заўсёды бег з радаснай цікаўнасцю, каб паглядзець на цацкі, што віселі за шыбамі. Памятаю, што быў там у акне дужы казак, які скакаў і махаў рукамі, а пры дзвярах – барабан, палаш і скураны конь з сапраўдным хвастом.

У сярэдзіне крама нагадвала доўгі склеп, канца якога мне ніколі не ўдавалася разгледзець у цемры. Але я ведаў, што па перац, каву і лаўровы ліст трэба ісці налева – да прылаўка, за якім стаялі вялізныя, ад падлогі да столі, шафы з шуфлядамі. Папера, атрамант, талеркі і шклянкі прадаваліся справа, дзе за прылаўкам былі шафы з шыбамі, а па мыла і крухмал трэба кіравацца проста ў глыб крамы, дзе былі відаць дзежкі і скрыні.

Нават скляпенне было занятае. Віселі там доўгімі шэрагамі капшукі з гарчыцай ды фарбамі, вялізная лямпа з дашкам, якая зімою гарэла цэлы дзень, сетка з коркамі да пляшак, нарэшце чучала кракадзілка, даўжынёю, можа, з паўтара локця[37].

Гаспадаром крамы быў Ян Мінцаль, ружовашчокі стары з сівым касмылём на падбароддзі. З раніцы да вечара ён сядзеў пры акне ў абабітым скураю фатэлі, апрануты ў блакітны мультановы каптан і такі самы каўпак ды белы хвартух. Перад ім на стале ляжала вялізная кніга, у якую ён запісваў прыбытак, а над галавою ў яго вісела вязка дысцыплін[38], прызначаных, у асноўным, на продаж. Стары прымаў грошы, даваў гасцям рэшту, рабіў запісы ў кнігу, часам драмаў, але, нягледзячы на такую колькасць заняткаў, з вартаю зайздрасці ўвагаю ён пільнаваў увесь гандаль у краме. А яшчэ на забаву вулічным мінакам ён час ад часу тузаў за шнурок казака, каб той скакаў у акне, і, нарэшце, што мне падабалася менш за ўсё, караў нас за розныя правіны дысцыплінаю з тае вязкі.

Я кажу нас, бо кандыдатаў на цялеснае пакаранне было трох: я і двое пляменнікаў старога – Франц і Ян Мінцлі.

Гаспадарскую пільнасць і спрыт, з якою ён ужываў нагу сарны[39], я спазнаў ужо на трэці дзень свайго бытавання ў краме.

Франц узважыў нейкай кабеціне на дзесяць грошаў разынак. Я ўбачыў, што адно каліва ўпала на прылавак (вочы ў старога якраз былі заплюшчаныя), ціхенька падняў яго і з’еў. І толькі пачаў быў выкорпваць костку, якая засела ў зубах, як адчуў на плячах нібы дотык гарачага жалеза.

– А, шэльма! – крыкнуў стары Мінцаль і, не паспеў я зразумець, што адбываецца, як ён яшчэ пару раз перацягнуў мяне дысцыплінаю з галавы да ног.

Ад болю я скруціўся ў клубок, але з таго часу ўжо ніколі не падымалася ў мяне рука ўзяць нешта ў краме і пакласці сабе ў рот. Міндаль, разынкі, нават рагалікі набылі для мяне смак перцу.

Управіўшыся са мною гэткім чынам, стары павесіў дысцыпліну назад у вязку, запісаў разынкі і з самаю спагадліваю мінаю пачаў торгаць за шнурок казака. Я глядзеў на ягоны лагодны твар з прыжмуранымі вачыма і не мог паверыць, што ў зычлівага старога настолькі цяжкая рука. І з таго часу я іначай пачаў глядзець на казака: з сярэдзіны крамы ён падаваўся не такім пацешным, як з вуліцы.

Крама наша была бакалейна-галантарэйна-мыльная. Бакалейныя тавары адпускаў гасцям Франц Мінцаль, дзяцюк гадоў трыццаці з рудою галавой і асалавелым тварам. Ён часцей за ўсіх атрымліваў ад дзядзькі дысцыплінаю, бо курыў люльку, позна станавіўся за прылавак, часцяком не начаваў дома, а горш за ўсё – нядбайна важыў тавар. І малодшы, Ян Мінцаль, які загадваў галантарэйным аддзелам ды быў, хоць і нязграбны, вельмі далікатным, таксама даставаў дысцыпліны, але ўжо за тое, што краў каляровую паперу і пісаў на ёй лісты паненкам.

Толькі Аўгусту Кацу, працоўнае месца якога было пры мыле, ніколі не патрабаваўся суровы напамін. Мізэрны гэты чалавечак вызначаўся надзвычайнай пунктуальнасцю. Ён раней за ўсіх прыходзіў на працу і, як аўтамат, кроіў мыла ды важыў крухмал, еў што дадуць у самым цёмным кутку крамы, нібы саромеючыся, што мае людскія патрэбы. Увечары а дзявятай ён некуды знікаў.

У гэтым атачэнні прайшлі восем гадоў майго жыцця, з якіх кожны дзень быў падобны да ўсіх іншых дзён, як кропля восеньскага дажджу – да іншых кропляў восеньскага дажджу. Уставаў я рана, а пятай, мыўся і падмятаў краму. А шостай адчыняў галоўныя дзверы, а таксама аканіцы. У гэты момант аднекуль з вуліцы з’яўляўся Аўгуст Кац. Ён здымаў сурдут, накладаў фартух і моўчкі станавіўся паміж бочкаю мыла шэрага і калонаю, выкладзенай з брускоў мыла жоўтага. Потым праз дзверы з падворка ўбягаў стары Мінцаль з мармытаннем: “Morgen!” Ён папраўляў каўпак, даставаў з шуфляды кнігу, уладкоўваўся ў фатэль і пару разоў шморгаў за шнурок казака. Толькі пасля яго прыходзіў Ян Мінцаль і, пацалаваўшы дзядзьку ў руку, станавіўся за свой прылавак, на якім улетку біў мух, а ўзімку круціў пальцам ці кулаком нейкія фігуры.

Франца ў краму звычайна даводзілася клікаць. Ён уваходзіў з заспанымі вачыма, пазяхаючы, абыякава цалаваў дзядзьку ў плячо і потым цэлы дзень чухаў патыліцу, што магло азначаць моцную санлівасць або вялікія клопаты. Амаль не было ранка, каб дзядзька не крывіўся, гледзячы на яго манеўры, і не пытаўся:

– Ну… дзе гэта ты, шэльма, лётаў?

Тым часам вуліца абуджалася, і за шыбамі крамы сноўдалася ўсё больш мінакоў. То служанка, то дрывасек, то еймосць у каптуры, то рассыльны ад шаўца, то ягамосць у канфедэратцы ішлі ў адзін і ў другі бок, як фігуры ў рухомай панараме. Пасярэдзіне вуліцы цягнуліся павозкі, бочкі, брычкі – туды і назад… Усё больш людзей, усё больш павозак, аж нарэшце ўтваралася суцэльная вулічная плынь, з якой кожную хвіліну нехта збочваў да нас па справунках.

– Перцу на тры грошы…

– Фунт[40] кавы, калі ласка…

– Папрашу ў пана рысу…

– Паўфунта мыла…

– На грош лаўровага лісту…

Паступова ў краме рабілася людна, у большасці ішла прыслуга ды бедна апранутыя гаспадыні. Тады Франц Мінцаль моршчыўся найболей. Ён адчыняў і зачыняў шуфляды, закручваў тавар у шэрую паперу, узбягаў па драбінцы, ізноў пакаваў – і ўсё гэта са скрушліваю мінай чалавека, якому не даюць прадыхнуць. Нарэшце збіралася такая колькасць пакупнікоў, што і Ян Мінцаль, і я мусілі дапамагаць Францу.

Стары рабіў запісы і даваў рэшту, раз-пораз прыстаўляючы палец да свайго белага каўпака, блакітны кутасік якога матляўся ў яго над вокам. Часам ён тузаў казака, а іншым разам з хуткасцю бліскавіцы хапаў дысцыпліну ды апярэзваў каго з пляменнікаў. Вельмі рэдка я мог зразумець, за што, а самі пляменнікі надта неахвотна тлумачылі мне выбухі ягонага гневу.

Блізу восьмае наплыў пакупнікоў змяншаўся. Тады з глыбіні крамы з’яўлялася тоўстая служанка з кошыкам булак і кубкамі (Франц паварочваўся да яе спінаю), а за ёю – маці нашага гаспадара, дробная бабуля ў жоўтай сукенцы, у вялізным каптуры на галаве і са збанком кавы ў руках. Яна ставіла на стол сваю пасудзіну, казала старэчым голасам: “Gut Morgen, meine Kinder! DerKaffe ist schon fertig…”[41] – і пачынала наліваць каву ў белыя фаянсавыя кубкі.

Да яе падыходзіў стары Мінцаль і цалаваў у руку са словамі: “Gut Morgen, meine Mutter!”[42]

Пасля гэтага ён атрымліваў кубак кавы і тры булкі.

Потым падыходзілі Франц Мінцаль, Ян Мінцаль, Аўгуст Кац і апошні – я. Кожны цалаваў старой сухую руку, пакрэсленую блакітнымі жылкамі, кожны казаў: “Gut Morgen, Grossmuter!”[43] – і атрымліваў свой кубак кавы ды тры булкі.

Калі мы спехам выпівалі каву, служанка забірала пусты кош і брудныя кубкі, а старая – свой збанок, і абедзве знікалі.

За акном па-ранейшаму цягнуліся павозкі і рухалася ў два бакі людская плынь, ад якой кожную хвіліну нехта адрываўся і заходзіў у нашую краму.

– Калі ласка, крухмалу…

– Папрашу міндалю на дзесяць грошаў…

– Лукрэцыі на грош…

– Шэрага мыла…

Бліжэй да поўдня запавольваўся рух ля бакалейнага прылаўка, затое ўсё часцей з’яўляліся пакупнікі на правым боку крамы, у Яна. Тут куплялі міскі, шклянкі, прасы, млынкі, лялькі, а часам вялікія парасоны, блакітныя або пунсовыя. Пакупнікі, кабеты і мужчыны, былі прыгожа апранутыя, яны рассаджваліся на крэслах, загадвалі паказваць ім шмат розных рэчаў, спрачаліся пра кошт і патрабавалі паказваць іншае.

Памятаю, што калі на левым боку крамы мне даводзілася папацець ад беганіны ды запакоўвання тавараў, дык на правым – найбольшым клопатам было даўмецца: чаго той ці іншы пакупнік сапраўды жадае і ці купіць ён гэта? Аднак і тут шмат прадавалася, дзённы даход ад галантарэі быў нават у некалькі разоў большы, чым ад бакалеі ды мыла.

Стары Мінцаль і ў нядзелю прыходзіў у краму. Раніцай ён маліўся, а апоўдні загадваў мне ісці да яго на своеасаблівы ўрок.

Sag mir – скажы мне: was ist das? – што гэта ёсць?[44]Das ist Schublade – гэта ёсць шуфляда. Паглядзі, што ляжыць у шуфлядзе. Es ist Zimmt – гэта цынамон. Для чаго патрабуецца цынамон? Для супу, для дэсерту патрабуецца цынамон. Чым ёсць цынамон? Гэта такі кара з аднаго дрэва. Дзе жыве такі дрэва – цынамон? У Індыі жыве такі дрэва. Глядзі на глобус – тут знаходзяцца Індыі. Дай мне на дзесяць грошаў цынамону… O, du Spitzbub!.. Я дам табе дзесяць разоў дысцыпліна, дык будзеш ведаць, колькі прадаць на дзесяць грошай цынамон…

Гэткім чынам праходзілі мы кожную шуфляду ў краме і гісторыю кожнага тавару. А калі Мінцаль не надта стамляўся, дык ён яшчэ загадваў мне рашаць арыфметычныя задачкі, вучыў бухгалтэрыі або пісаць лісты па справах крамы.

Мінцаль быў надзвычай акуратны, ён не мог трываць пылу, і сам выціраў яго з кожнае дробнае рэчы. Адных толькі дысцыплін ніколі не трэба было выціраць, дзякуючы нашым нядзельным урокам бухгалтэрыі, геаграфіі ды таваразнаўства.

Паступова за некалькі гадоў мы так з ім зжыліся, што стары Мінцаль не мог ужо без мяне абысціся, а я нават ягоныя дысцыпліны стаў лічыць нечым належным да сямейных стасункаў. Памятаю, як я не знаходзіў сабе месца ад роспачы, калі аднойчы сапсаваў дарагі самавар, а стары Мінцаль, замест таго, каб схапіцца за дысцыпліну, прамовіў толькі:

– Што ты зрабіла, Ігнац?.. Што ты зрабіла!..

Лепш бы я атрымаў лупцоўкі ўсімі ягонымі дысцыплінамі, абы не чуць мне таго дрыготкага голасу і не бачыць спалоханага позірку гаспадара.

Абедалі мы звычайна ў краме, спачатку абодва маладыя Мінцлі і Аўгуст Кац, а пазней – я і гаспадар. На святы ўсе мы збіраліся наверсе і сядалі пры адным стале. На кожныя Каляды Мінцаль даваў нам падарункі, а яго маці ў вялікай таямніцы ўпрыгожвала для нас (і для свайго сына) ялінку. Нарэшце ў першы дзень кожнага месяца ўсе мы атрымлівалі заробак (мне належала 10 злотых). З гэтае нагоды кожны з нас – я, Кац, абодва пляменнікі і прыслуга – павінен быў пахваліцца, колькі каму ўдалося зэканоміць. Тое, што нехта не ашчаджае, то бок не адкладае кожны дзень хоць адзін-два грошы, было ў вачах Мінцля гэткім жа злачынствам, як і крадзеж. Я памятаю, як у нашай краме без затрымкі прамільгнула некалькі крамнікаў і некалькі вучняў, якіх гаспадар вытурыў толькі за тое, што яны не ашчаджалі грошай. Дзень, калі гэта высвятлялася, быў апошнім днём іх знаходжання ў краме. Не дапамаглі ані абяцанкі, ані просьбы, ані цалаванне рук з паданнем яму ў ногі. Стары нерухома сядзеў у фатэлі, не слухаў іхныя жальбы, а толькі паказваў пальцам на дзверы і паўтараў адно слова: fort! fort!..[45] Прынцып гэты – ашчаджання грошай – ужо зрабіўся ў яго хваравітым дзівацтвам.

У гэтага добрага чалавека была адна загана і вось якая – ён ненавідзеў Напалеона. Сам яго ніколі не згадваў, але варта было яму пачуць прозвішча Банапарта, як ён рабіўся нібы шалёны – твар яго сінеў, ён пляваўся і крычаў: шэльма! szpitzbub! разбойнік!..

Калі я ўпершыню пачуў тую брыдкую лаянку, дык ледзь не самлеў. Хацеў ужо сказаць старому нейкую дзёрзкасць і ўцячы да пана Рачка, які ажаніўся з маёй цёткаю, ды раптам прыкмеціў, як Ян Мінцаль з-пад рукі шэпча штось Кацу і строіць яму міны. Я прыслухаўся і… вось што казаў Ян:

– Вярзе стары, вярзе! Напалеон быў хват, хоць бы таму, што гіцляў швабаў прагнаў. Ці не праўда, Кац?

Аўгуст Кац толькі прымружыў вочы і працягваў кроіць мыла.

Ад здзіўлення я аслупянеў, але з гэтае хвіліны моцна палюбіў Яна Мінцля і Аўгуста Каца. З часам я пераканаўся, што ў нашай малой краме існуюць ажно дзве вялікія групоўкі, з якіх адна, што складалася са старога Мінцля і ягонай маці, вельмі любіла немцаў, а другая – з маладых Мінцляў і Каца – ненавідзела іх. Наколькі памятаю, адзін я заставаўся нейтральны.

У 1846 годзе дайшлі да нас весткі пра тое, што Людовік Напалеон уцёк з вязніцы[46]. Гэта быў адметны для мяне год, бо я стаў крамнікам, а наш гаспадар, стары Ян Мінцаль, скончыў жыццё пры досыць дзіўных акалічнасцях.

У той год гандаль у нашай краме крыху аслаб, ці то з прычыны агульнага неспакою[47], ці таму, што наш гаспадар занадта часта і занадта гучна лаяў Людовіка Напалеона, але людзі пачалі нас абмінаць, і нават нехта (можа, Кац?) аднойчы разбіў нам шыбу.

Але гэты выпадак, замест таго, каб зусім адвярнуць ад нас публіку, наадварот, прывабіў яе ў краму, і цэлы тыдзень абароты ў нас былі вялікія як ніколі, аж нам зайздросцілі суседзі. Праз тыдзень, аднак, штучнае ажыўленне спала, і крама зноў амаль апусцела.

Раз увечары, калі гаспадара не было ў краме, што ўжо само па сабе было фактам незвычайным, уляцеў нам праз шыбу другі камень. Спалоханыя Мінцлі пабеглі наверх шукаць дзядзьку, Кац выскачыў на вуліцу лавіць злачынцу, а потым з’явіліся два паліцыянты, якія цягнулі за сабою… Каго б вы думалі?.. Не каго іншага як нашага гаспадара, з абвінавачваннем, што гэта ён разбіў шыбу зараз, ды, напэўна, і раней…

Дарэмна стары адмаўляўся, бо бачылі, як ён замахваўся, ды і яшчэ адзін камень знайшлі ў яго… Пайшоў небарак у ратушу.

Справу пасля доўгага тлумачэння і апраўданняў, вядома, спынілі, але стары з таго часу надта затужыў і пачаў занепадаць. І аднаго дня ён сеў у свой фатэль пад вакном, каб ужо не падняцца з яго. Так ён і памёр з барадою на гандлёвай кнізе ды са шнурком у руцэ, якім прыводзіў у рух казака.

Некалькі гадоў пасля смерці дзядзькі пляменнікі разам гаспадарылі ў краме на Падвалю, і толькі дзесьці ў 1850 годзе яны падзяліліся: Франц застаўся на месцы з бакалейнымі таварамі, а Ян – з галантарэяй ды мылам – перабраўся на Кракаўскае прадмесце, сюды, дзе мы зараз. Праз колькі гадоў Ян ажаніўся з прыгожаю Малгажатаю Пфайфер, а яна (няхай спачывае ў спакоі), калі аўдавела, аддала сваю руку Стасю Вакульскаму, які атрымаў такім чынам у спадчыну ўсё напрацаванае двума пакаленнямі Мінцляў.

Маці нашага гаспадара жыла яшчэ доўга. Калі ў 1853 годзе я вярнуўся з-за мяжы і пабачыў яе, дык пачувалася яна досыць добра. Як і раней, спускалася яна раніцаю ў краму, як і раней, казала: “Gut Morgen, meine Kinder! Der Kaffe ist schon fertig…” Толькі голас яе з году на год рабіўся ўсё больш ціхі, пакуль нарэшце не сціх навек.

У мой час гаспадар быў бацька і настаўнік сваім практыкантам і дбайны слуга краме, яго маці або жонка былі гаспадынямі, а ўсе сямейнікі – працаўнікамі. Цяпер гаспадар адно толькі хоча атрымліваць прыбытак з гандлю, рэдка калі ім цікавіцца і найбольш клапоціцца пра тое, каб ягоныя дзеці не парабіліся купцамі. Я тут не кажу пра Стася Вакульскага, у яго шчырыя намеры, а толькі ўвогуле разважаю, што купец мусіць сядзець у краме і сам гадаваць сабе працаўнікоў, калі хоча мець прыстойных.

Ходзяць чуткі, што Андрашы[48] запатрабавалі шэсцьдзесят мільёнаў гульдэнаў на непрадбачаныя выдаткі. Дык і Аўстрыя ўзбройваецца, а Стась тым часам піша мне, што вайны не будзе. Але ж ён ніколі не быў фанфаронам, дык, відаць, надта заангажваны ў палітыку, вось і сядзіць у Балгарыі, а не з любові да гандлю…

Цікава мне ведаць, што ён зробіць! Цікава!..


Загрузка...