ГЛІНА


Маці сустрэў па гары,

Збіраючыся да лагчыны,

Дзе стомленыя ганчары

Дакопваліся да гліны.

На кожны вымах рукі

Уздрыгвалі дамавіны,

I цень крумкача цяжкі

На голыя клаўся спіны,—

I палымнелі яны

Пад сонцам, як хвалі патопу.

I весляроў ганчары

Нагадвалі і далакопаў.

З могілкавай гары,

Гледзячы прыцьма на гліну,

Маці прамовіла: «Сыну,

У кошык яе набяры».

Загрузка...