Ад песень колішніх і ад балад
Яно, чаканае —
I дзень прайшоў марудны.
Асыпаў лісце сакавіцкі сад
Калянае ў парожнія аруды.
Яно ад красак родных і ракі,
Пісьмо ад маці —
Там навіны, просьбы...
Я адшукаў раптоўныя радкі
I сум адчуў, які цяжэй за роспач.
«...вярнулася ад вас,
а ў хаце ўсё на месці,
бульбы наварыла,
каб з бацькам паесці».
Нібыта ў сад убегла навальніца,
Затрэсла плот і паваліла ніцма.
I я не чуў, зусім не разумеў,
З якіх часоў той векапомны спеў
Аб хаце, бульбе, зрушанай Гарыні,
Аб крыгах, па якіх кашы і скрыні...
Вада ля печы, лямант гаспадыні,
Вада праз вокны, крык гаспадара,
Па даху певень ходзіць на адрыне,
Прамоклы да апошняга пяра.
Адкуль яно,
Мо з гэтага пісьма?
I мне ніякай пэўнасці няма,
Што гэты спеў працягнецца далей,
Што будзе несці з лета і да лета
Радкі з пісьма —
Яны былі раней
За хараство і за вар'яцтвы свету.