БАЛЕЯ


У балеі блакітнай іржа —

У балею выкідвалі рыбу.

На страсе конь бляшаны іржаў

I аб комін вычэсваў грыву.

I цякла па Давыд-Гарадку

Бруку польскага палатніна.

Стрэльба гойдалася на суку

I здавалася хворай галінай.

Маці выбера шчупака

I аддасць невядомай жанчыне,

А ў балеі луску пакіне,

Бо з іржою ужо луска.

Вытра нож і пакіне ляжаць

На услоне пад хворай галінай.

На лязу каля тронак іржа

Спелай свеціцца журавінай.

Загрузка...