Неспадзяванае спатканне
Каля заснежанай чыгункі.
Неспадзяванае змярканне
I пацалункі, пацалункі.
Неспадзяваны, выпадковы
У два бакі нясе агні
Рух апантаны, цягніковы,
Шалёны, божа барані!
Чыгунцы ў цемрадзі завейнай
Нястрымна хочацца, дальбог,
Злізаці кропелькі глінтвейна
Са снегу каля нашых ног.
I хто ні едзе, хто ні едзе
У тых імгненных цягніках,
Твае сябры, мае суседзі
Ці так, ці з дзецьмі на руках,—
Усе б, напэўна, захацелі
Сысці вось тут, спыніцца тут,
Дзе будзень робіцца нядзеляй
I ні клапотаў, ні пакут.