ГАЛУБОК


Я сніў,

Што ў Давыд-Гарадок,

Як вечнасці позірк ласкавы,

Цукровы ляцеў галубок,

Прапахлы аерам і кавай.

Не проста паштовы які

Або фанабэрлівы дутыш —

Цукровыя хвост і бакі,

Як пеўнік на палачцы:

Купіш?

Счакаўшы начны зарапад

Пад стрэшкай гароху ці кропу,

Ён зранку імкнуўся

Па-над

Зялёнай, без пылу, Еўропай.

На беразе Рэйна пра Буг,

На Бузе аб роднай Гарыні

Ён марыў,

I воблакі пух

Яму на кубельца дарылі.

Расу выпіваў ля платоў,

Ля брамак трапляў яму пернік,

I з лапаў баварскіх катоў

Выдзёўбваў кафейнае зерне.

...Ах, сон! На вятрах-скразняках

Нясеш ты праяву якую?

Паволі ў наступных радках

Цябе разгадаць паспрабую.

Даруйце за даўні ўспамін —

Быў дзень веснавы, незабыўны.

Я ў хаце — адзіны сын,

I ўзрост у мяне прызыўны.

Назаўтра мне ў войска ісці,

Вядома ж, далёка ад дому,

А тут у праменні-трысці

Зляцеў галубок на салому.

Сусед-галубятнік:

«Пабач?! —

З веранды сваёй закрычаў нам.—

Чырвонае з белым...

Махнач!

Для вас проста голуб звычайны».

I бацька сказаў:

«Забяры,

Бо клопат мой зараз аб сыне».

Забраў...

I прыбег без пары,

Бо зноў галубок на адрыне.

Суседа няволіў здагад:

Чаму праз якую хвіліну

З ягонай веранды назад

Ляціць галубок на адрыну.

I нават да ранку трымаў.

Дарэмна паіў сырадоем,

Пад дзюбу падсоўваў дарма

I жыта, і проса рудое.

I крупы,

I ў сподачку джэм,

I сала...

Якое ж там трасцы

Яшчэ?

Галубок анідгем

Не даўся суседавай ласцы.

Ляці!

I шчаслівы махнач

Над нашым дваром закружыўся...

I плакала мама.

«Не плач! —

Сусед каля мамы спыніўся.—

Ты сына праводзь у жальбе,

А з блізкіх вышынь і здалёку

Дасць голуб раптоўны табе

На час развітання палёгку.

Упарты,

Ён, пэўна, адно

Нам сцвердзіць,

Што ведае волю

I неба

Бязмежнае поле,

Якога не ўмесціць акно.

Ад сына бяду адвядзе

I пусціць па свеце вадою.

Убачыш сябе ў той вадзе

Шчасліваю і маладою».

Не простае слова казаў,

Меў рацыю галубятнік,

Нібыта ў прарочы казан

Зірнуў, да дзівосаў прыдатны.

I той галубок малады

Спускаўся да мамы ў далоні.

Самаахвярны палоннік

Бацькам адслужыў два гады...

I з імі у снах лекацеў,

I разам да сонца гарнуўся,

Пасля паляцеў, паляцеў

I болей да нас не вярнуўся.

Праз далечы і туманы

Сачу галубоў я новых,

Ці ў ранішнім небе яны,

Ці ў небе яны вечаровым.

На шыльдзе шукаю любой,

На кожнай шукаю вітрыне,

Ці ўбачу цябе, галубок,

Як некалі на адрыне?

Гандлярка прыпыніць мяне,

Папросіць купіць каляровы,

Астатні, на самым дне

У кошыку, пеўнік цукровы.

А ўвечары дома Васіль

Папросіць пра пеўніка казку:

Ці пеўнік катаўся ў таксі,

Ці любіць салодкую кашку?..

Пад небам Давыд-Гарадка

Ляціць незабыўна вясновы...

«Пра што гэта?»

«Пра галубка».

«А што, ён таксама цукровы?»

(Няхай жа твой лёс, галубок,

Шчаслівую мае разгадку),

Цукровы...

Я згодзен, сынок,

Таму пачынаю спачатку:

«Здалёку ў Давыд-Гарадок,

Як вечнасці позірк ласкавы,

Цукровы ляцеў галубок,

Прапахлы аерам і кавай...»

Загрузка...