(УСПАМІН БЫЛОГА РАБФАКАЎЦА)
Спаткацца ў цукерні прыдумалі Вы,
Там шыльда з імбрычкам у місе,
Там крылы і мяккія лапы савы
З рагамі каровы спляліся.
А тут пра завод, пра плугі трактарам...
І дождж, нібы цемра на шыбы.
Аловак зламаны паперу араў,
Пасля забываўся на сшытак —
Абломленым краем пісаў па сталу,
Тупым па бліжэйшай шыбе.
I шкрэбат за мной без галёш у слату
На ганак рабфакаўскі выбег.
I вось я ў цукерні...
I змрок павуком
Снуе па забруджанай столі,
I шклянкі цукернік таўчэ кулаком,
Не адчуваючы болю...
На капялюшыку Вашым святло
I золь вераснёвай вуліцы.
Праз пальцы цукерніка крышыцца шкло
I корак, як дробная груца.
Здаецца, і пальцы, як груца ў віне,
З абруса сцякуць на масніцы.
Цукернік няўцямна глядзіць праз мяне
На дзверы, сталы і паліцы.
Па ценю яго, па высозным гарбе,
Ці муха паўзе, ці хвароба.
Ён шкло на сваім расцірае ілбе,
Да столі ускінуўшы бровы.
Не толькі мяне, нават муху трасе
I кідае ўніз ліхаманка.
Чакаю, а колы дажджу пакрысе
Штурхае ў рышток брукаванка.
Халоднае лісце сплывае туды,
Размоклы, абгрызены пернік.
Каштаны там нейкія ці жалуды
I словы, што кажа цукернік:
«Зусім не шкадую — хай бурыцца нэп,
Хай шыльдаў губляюцца крылы,
Хоць зараз аддам табе гэты мой склеп
З цукеркамі, дружа мой мілы.
А сам да людзей, як усе жабракі,
Ці дворнікам, спрыту ж даволі,
Хоць заўтра павешу на дзверы замкі —
Пайду падмятаць пляц Волі!
Шкадую дачку, праз яе гэты боль...
Дзіця — а яно ж адзінае,
На што спадзяецца жабрак і кароль,
Страчаючы дні дамавінныя.
Дзіця ў капялюшыку з дому сышло
На вуліцу красагуліцца.
На капялюшыку гэтым святло
I золь вераснёвай вуліцы».
Цукернік за пляшку бярэцца ізноў,
I кварта віном набракае,
I ланцужок яго болесных слоў
У жмені рыштка заціхае.
А там, дзе дажджу ацяжэла крыло,
Ваш тварык уедліва хмуліцца.
На капялюшыку спее святло
I золь вераснёвай вуліцы.
I ў гэту цукерню не зойдзеце Вы,
Дзе шыльда з імбрычкам у місе,
Дзе крылы і мяккія лапы савы
З рагамі каровы спляліся.
Дзе з Вашай гульні калыхаюся я
На моцнай падманнай вудзе.
Шкадую цукерніка, але ўдвая
Шкадую, што Вас тут не будзе.
Пра Ваша імя, можа, ў бацькі спытаць,
Прызнацца... ў каго закаханы,
Я гэты падман Вам хачу дараваць
I тыя, што будуць, падманы.
Пазнаўшы хлуслівую душу здаля,
Да Вас, абнадзеены, рушу —
Скажу пра каханне сваё, а пасля
Да бацькі вярнуцца прымушу.
Калі ж у цукерні маркотна зусім —
Да нас, на рабфак запрашаю,
Па-над Беларуссю заводскі дым
Паплыве,
Над сялянскім краем!
Нам трэба вучыцца і працаваць
I новае бачыць наўкола —
Хутка, хутка па вуліцах празвіняць
Цяжкія трамвайныя колы.
I абломіцца дажджавое крыло,
I пагодным цяплом атуліцца
На капялюшыку Вашым святло
I золь вераснёвай вуліцы.
I конаўка сонечнай сінявы
Напоўніць імбрычак у місе,
Каб з промнямі крылы і лапы савы,
I рогі каровы спляліся.