АПОЎНАЧЫ


О, бацькавыя пілкі, малаткі,

Цвікі ў бляшанках, пляшкі на паліцах...

Апоўначы сівыя пацукі

У сенцах пачыналі варушыцца.

I пачыналі сенцы вар'яцець,

I пачыналі глухнуць аканіцы.

Згінацца пачыналі і сівець

Ад поўсці і ад вэрхалу паліцы.

Звінелі пілкі, малаткі гулі,

Цвікі дзяўблі гліняную падлогу —

I мы нікога з маці не маглі

Паклікаць да сябе на дапамогу.

Дзяўчынка-маці Васілю свайму

Паведаміць пра гэтыя трывогі

На цаліну,

I слёзнаму пісьму

Да Омска тры далёкія дарогі.

А мне да сенцаў рапіцой —

Адна:

Іду караць. Мяне сам бог баіцца.

Пацук апошні скокне да акна

У кош дзіравы і пачне маліцца.

Загрузка...