ДВА ВЕРШЫ


1

Згорнутыя пялёсткі шольсіі

Нагадваюць жоўты сцяжок чыгуначніка.

Гэта з маіх назіранняў,

З таго часу, калі,

Прыехаўшы з Масквы,

Я ішоў да маці ў гарод

Паглядзець на краскі,

На спелыя струкі белага бобу,

Які маці абрывала ў запінку.

Мне патрэбны былі параўнанні,

Бо так нас вучылі

Ў Літаратурным інстытуце.

I я параўноўваў краскі з тымі рэчамі,

Што былі ў двары

Або за нашым плотам.

I параўнанняў было багата,

Столькі ж —

Колькі красак у давыд-гарадоцкіх

Гародах.

А засталося з пары вучнёўства

Толькі тое,

Што ў братак —

Злыя пыскі кацянят,

А жоўтыя пялёсткі шольсіі —

Згорнуты сцяжок чыгуначніка.

I параўнанне гэтае

Мяне заўсёды супакойвае

Перад кожнай дарогай.


2

За хатай шольсія цвіце,

I кружыцца пяро ля долу.

У правай матчынай руцэ

Хвост надзімае дзікі голуб.

А ў левай коршак малады

Пагрозна шыю выгінае...

Пяро зляцела да грады —

Чыё яно?

Ніхто не знае.

Дурненькі коршак малады

I дзікі голуб дурнаваты,

Два ворагі і два браты,

Якой чакаеце вы раты?

Вас маці выпусціць.

Пасля —

Па тым, чыё пяро,

Спазнае,

Што у сыну больш:

Дабра ці зла?

I слёзы ў шольсію схавае.

Загрузка...