Так пасвятлее на душы,
Што ўсё благое, незямное
Пакіне дом,
А сад насупраць
Засне глыбока па-дзіцячы.
Ён ранкам з ветрам барукаўся,
Удзень з агнямі светафора,
Пад вечар з хваляй атлантычнай,
Убачанай ў апошнім промні.
А мы спрачаліся, спявалі,
Успаміпалі анекдоты,
Сок выціскалі з апельсінаў
У чыста вымытыя сподкі.
Глядзелі ў сад.
А дзеці цукру
У сок занадта насыпалі,
Яшчэ зрабіць прасілі соку
З кубінскіх спелых апельсінаў.
Спакой і радасць прыхавана,
Пачуўшы спеўны лад гаворкі,
Да хмар туліліся празрыстых
У глыбіні акна змяркальнай.
Ні тэлеграмы і ні крыку,
I тэлевізар быў спагадны —
Там фільм круціўся пра каханне,
Раптоўнае і назаўсёды.
Вярталіся жанчыны з саду,
Пад пахай несучы пасцілкі,
А па сабе пяшчоту сонца
I цень купальнікаў нядрэмны.
Былі хвіліны, і маўчанне
Нас разлучала ненадоўга,
Мы зноў гаворку пачыналі,
Нібы прасілі прабачэння.