БОНДАР


Амерычкі, еўропкі —

Адзінства не стае.

Вы згубленыя клёпкі

Бочкі аднае.

Вы на шляхах шаленства —

Шляхоў тых не злічыць! —

З ляшчыны і жалеза

Згубілі абручы.

Як не сваё згубілі,

А чортава майно.

Абкамянелі ў пыле

I накрыўка, і дно.

Не выспеліць арэшкі

На абручах кара.

На згубленыя рэшткі

Няма гаспадара.

Вам трэба у спажытку

Быць схоўняй назаўжды

На мёд, віно і жыта,

I на алей руды.

Або жытлом часовым —

Дзвярэй не зачыняць!

Для юнакоў вясёлых,

Што з Дыягена кпяць.

Сабраць вас трэба...

Зрэшты,

Усё пакуль дарма,

На згубленыя рэшткі

I бондара няма...

А бондар быў і хвацка

Рабіў работы ўсе —

Максімавіч па бацьку,

Па імю Аляксей.

Усё цаніў, не грэбваў

I спевам вераб'я.

Даёнкі, бойкі, цэбры

I жлукты вырабляў.

Ахвочую на моду

Да пеўневых галоў,

Дубовую калоду

На клёпкі ён калоў.

У працы ведаў меру

I для танчэйшых спраў,

Адсунуўшы сякеру,

Шаршэтку-гэблік браў.

У рухах нетаропкі,

У стружкі пот зганяў,

Да аднае — ўсе клёпкі

На спусту падганяў.

I клёпкі ў крузе шчыльным

Адна адну плячом

Сціналі пад ляшчынным,

Надзейным абручом.

Пусціўшы пры даробку

У бочку струк які,

Хапаўся ён за склобку

І вычышчаў струкі.

Каб не цякла, не лішне

Набоічам наўскос

У шчыліну на днішчы

Утрамбаваць рагоз.

У шчыліну-разору...

I днішча наўскасы

Прыладжваў у атору

На доўгія часы.

Сцякала стома з цягляў

На тванныя карчы.

Нацягічам нацягваў

Тугія абручы.

Па абручах, па новых,

Як глухаваты гром,—

Набоічам кляновым,

Драўляным малатком!

Усё рабіў, як цацку

На продаж ці ў музей,—

Максімавіч па бацьку,

Па імю Аляксей.

Праз чэрвеньскія травы

Салдацкаю ступой

Дайшоў да пераправы

На чорны бераг той...

I жалю цень пярэсты

Паслаўся ў дол яму:

«Каму сваё майстэрства

Ты перадаў, каму?»

I чулася: «Нікому...

Вайна так неўспадзеў...

Ні хлопчыку малому,

Ні дзеду не паспеў».

Амерычкі, еўропкі...

Вайна так неўспадзеў...

На згубленыя клёпкі

Цень атаму асеў.

Ужо выразным край стаў

Бяды, таму крычы,

Каб нейкі новы майстар

Сцяў клёпкі ў абручы.

Крычы, каб паяднацца

У шчыльныя рады

З бунтоўнасцю юнацкай

Супроць тае бяды.

Такому верны бунту

I ўсёй зямной красе

Мой дзед, палескі бондар

I воін — Аляксей.

Загрузка...