ЗА РАКОЮ


Мамачка,

Давай мы пагаворым

I пра тое, як раней было,

I пра тое, як глядзелі зоры

На акуты куфар і вясло.

Я вяслую,

Ты глядзіш на бацьку...

Цемра адбягае ад вясла,

I тужлівай робіцца знянацку

Ноч вады, жыцця і хараства.

Ноч зайцоў і вучаных мядзведзяў,

Бубны хочуць з бору уцячы,

I цыганскі месячык угледзеў,

Што вязём мы куфар уначы.

Мамачка,

Дзе твой настрой вясёлы,

Вось і лодка ціха прыстае,

I скрыгочуць куфравыя колы

Па пяску, ламаччы і траве.

Вось і ён,

Начны і неабжыты,

За ракою,

Як за лёсам, дом,

Але ж нешта гэты дом набыты

Думкі твае студзіць скразняком.

А ў старой хаціне абымшэлай,

Да якой няма звароту нам,

На ўвесь свет

І на Сусвет весь белы

Весела жывецца цыганам.

Загрузка...