ВАСІЛЬ I ЛЮБА


Васіль, ідзі да Любы,

У Любы клопат спорны —

Дзярэ ў адрыне крупы

У берастовых жорнах.

Ідзі, і сыдуць крыўды

Усе, і клопат сыдзе,

I жорны, што зрабіў ты,

Абчохрацца за тыдзень.

Спачатку прагнуць крупаў

Няўробленыя жорны,

I млёну, пэўна, рупіць

Кружыць да ночы зорнай.

Спачатку прагнуць жыта

На вобмешку худобе,

Са скрыні ды ў карыта —

Памол яшчэ не добры.

За тыдзень у адрыне

Абчохрацца імкліва,

I набярэцца ў скрыні

Чысцей за вока — мліва.

За сонца, што ў зеніце,

Ярчэй...

I вось нарэшце

Прасеецца на сіце,

Каб рашчыніцца ў дзежцы.

На высеўках замесяць

Той хлеб, адвеку чорны...

I не здзічэе месца,

Дзе працавалі жорны.

Васіль, табе раўнёю

Той клопат незамглёны,

Краніся даланёю

Бярозавага млёну.

Наждачнаю паперай

Яго ты ўкручваў шчыльна

I непакорны бераст

На камяні распільваў.

Хваліў ты на паўсвета

Той бераст непакорны,

Таму, што дрэва гэта

Прыдатнае на жорны.

I чорту рогі зверне...

Ты падбіваў клінкамі

Адзін абруч на верхні

I два — па сподні камень.

Чыгун з чарэнным духам

На дробную палову

Ты разбіваў абухам

На рэйцы каляёвай.

Адкідваў чуба стрэшку,

Паплёўваў па далоні

I чыгуновы рэшткі

У камяні загоньваў.

Прыжмурваўся жартоўна —

Маўляў, тае няўгоды,

Што ў берастовых жорнах

Памол буйны заўсёды.

Што ў жорнах у каменных

Памол драбнейшы значна,

I выраб найадменны

I грэцкіх круп, і ячных.

Але ж вялася звычка,

Спавітая вякамі,

Для зручнасці практычнай

Мяняць на дрэва камень.

Дзеля цябе, нястомнасць,

Што працай апавіта

Пад небам векапомным

У Гарадку Давыда.

Патрэбу тую, мусіць,

Не вызнаеш дарэшты,

Хоць роднай Беларусі

Усе абыдзеш сцежкі?

Яна, як сон нядрэмны

Паэзіі, кахання —

Таму адказ дарэмны

На гэтае пытанне.

Памроіш, паварожыш

I з паэтычным шалам

Згадаеш падарожжа

Да слыннага Байкала.

Згадай у мроі чыстай

I жорны, што ў музеі,

З лістоўніцы сібірскай

З папрысыханым зернем.

Хоць камянёў як лёду

На беразе байкальскім,

Ды з дрэвам мелі згоду

I тут па-гаспадарску.

Ты з думкай гэтай любай

Хадзіў, спакою поўны...

I Васіля, і Любу —

Бацькоў сваіх успомніў.

Васіль, ідзі да Любы,

У Любы клопат спорны -

Дзярэ ў адрыне крупы

У берастовых жорнах.

Ад неспазнанай волі

Сляза схавае вочы.

«Лявон, ідзі да Вольгі»,-

Хай сын гукне аднойчы.

Загрузка...